Часы пасля адраджэння дзяржаўнасці


1918 - 25 сакавіка, абвяшчэнне 3-й Устаўной Граматай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Вяртанне сталіцы яе гістарычнай назвы - Менск.

1918 - кастрычнік, пачатак Палескага паўстання супраць нямецкіх акупантаў (ахоплівала Пінскі і Ровенскі паветы).

1918 - 11 лістапада, пачатак сялянскага антыбальшавіцкага паўстання ў Вяліскім павеце Віцебскай губерні, якое ахапіла і суседнія паветы. Агульная колькасць паўсталых сялянаў сягала 50 тысяч. Жорстка задушана 15-й Чырвонай арміяй. На Пакроўскім полі на ўскраіне Вяліжа паводле прысудаў Віцебскага Губчэка расстраляныя болей за 1000 сялян-паўстанцаў.

1919 - 16 студзеня, праз два тыдні пасля абвяшчэння БССР на ўсіх этнічных беларускіх тэрыторыях ленінскі ўрад паспяшаўся забраць Віцебскую, Магілеўскую і Смаленскую губерні ў склад РСФСР. З Менскай, Гарадзенскай і кавалка Віленскай губерняў стваралася Літоўска-Беларуская ССР са сталіцай у Вільні (большая частка Летувы ўваходзіла тады ў дзяржаўнае летувіскае ўтварэнне са сталіцай у Коўна).

1919 - студзень, рабаванне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка атрадам чэкістаў 8-га ўчастка Смаленскай акругі.

1919 - акупацыя Беларусі польскімі войскамі. Узброены адпор польскім акупантам аказвала 100-тысячнае Беларускае войска.

1919 - люты, польскія легіёны захапілі Ваўкавыск, Бярозу, Драгічын, Берасце, у сакавіку - Пінск.

1919 - 13 сакавіка, стварэнне ўрадам РСФСР Беларуска-літоўскай арміі з войскаў Заходняй арміі.

1919 - сакавік, вываз у Маскву з Гомельскага палаца Паскевічаў каля 100 пудоў золата і серабра ў каштоўнасцях, вырабах прыкладнога мастацтва, фамільных сервізаў, унікальных мастацкіх твораў. Адзін з самых значных рабункаў на беларускай тэрыторыі.

1919 - 14-17 сакавіка, арганізавае паўстанне ў Нясвіжы супраць бальшавіцкага ладу. Задушана атрадам менскіх чырвонаармейцаў. Ачольнікі паўстання Палікарп Каляда, Мячыслаў Валністы, Станіслаў Іваноўскі, Нічыпар Янушкевіч, Аляксандар Шыдлоўскі расстраляныя бальшавікамі каля Альбы.

1919 - 24-29 сакавіка, узняты эсэрамі антыбальшавіцкі мяцеж у Гомелі. Задушаны Чырвонымі часткамі.

1919 - 1-4 красавіка, паўстанне жыхароў Міра супраць бальшавіцкай улады. Падаўлена 3-м Менскім палком ГубЧК. У баях загінулі 25 паўстанцаў, 30 чэкістаў.

1919 - 26 красавіка, утварэнне ў Расейскай Федэрацыі Гомельскай губерні на аднятых у студзені беларускіх тэрыторыях Аршанскага, Быхаўскага, Гомельскага, Горацкага, Клімавіцкага, Магілеўскага, Рагачоўскага, Чавускага, Чэрыкаўскага паветаў Магілеўскай губерні, Рэчыцкага павета Менскай губерні. Толькі часткова вернутыя БССР у 1924 годзе.

1919 - травень, баі пад Петраградам з войскамі Юдзеніча брыгады 8-й стралковай дывізіі Беларуска-літоўскага войска, пасланай туды з Беларусі.

1919 - 1 ліпеня - 8 жніўня, абарона Менска ад польскіх легіёнаў.

1919 - 8 жніўня, пачатак акупацыі Менска польскімі войскамі.

1920 - 5 сакавіка, захоп польскімі легіянерамі гарадоў Рэчыца, Мазыр, Калінкавічы.

1919 - 21 красавіка, польскія легіёны захапілі Вільню - сталіцу Літоўска-Беларускай рэспублікі.

1919 - 2 жніўня, у Вільні створана Беларуская вайсковая Камісія для фармавання беларускіх вайсковых аддзелаў. 22 кастрычніка, Юзаф Пілсудскі дэкрэтам дазволіў фармаванне беларускіх падраздзяленняў у складзе польскага войска.

1919 - пачатак барацьбы супраць польскай акупацыі партызанаў ў Ігуменскім і Менскім паветах (мелі склад каля 600 чалавек). Большая частка партызанаў арыштаваная ў красавіку 1920 года. 11 чалавек расстраляныя ў лесе каля вёскі Дукора.

1920 - 20 студзеня, конны полк генерала С.Булак-Балаховіча прыняты ў склад войска БНР. Атрымаў назву Беларуская Нацыянальная армія (каля 2000 шабель).

1920 - 9 траўня, у Менску расстраляны чэкістамі Фабіян Шантыр, удзельнік Першага Ўсебеларускага з'езда, лідэр левай плыні сярод яго дэлегатаў.

1920 - 18 чэрвеня, вызваленне беларуска-літоўскім Чырвоным войскам ад палякаў Мазыра і Рэчыцы.

1920 - ліпень, вызваленне беларуска-літоўскім Чырвоным войскам ад палякаў Менска, Горадні, Баранавічаў, Пінска.

1920 - 12 ліпеня, цынічны гандаль беларускімі тэрыторыямі з боку ленінскага ўрада РСФСР на карысць Летувы. Падпісаная Масквой дамова мела правесці мяжу паміж Летувой і РСФСР амаль пасярэдзіне Беларусі, аддаючы гарады Горадню, Слонім, Ліду, Маладэчна, Смаргонь, Ашмяны ды інш. БССР у гэтай дамове наогул не ўзгадвалася. Яе зямля лічыліся расейскай уласнасцю.

1920 - 20 ліпеня, пачатак наступлення арміяў Тухачэўскага на Варшаву, узяць якую запланавалі 12 жніўня.

1920 - 27 ліпеня, захоп 3-м конным корпусам Г.Гая горада Ломжы.

1920 - 1 жніўня, у Менску пачаў функцыянаваць канцэнтрацыйны лагер «для прадстаўнікоў варожых класаў», якімі лічыліся былая шляхта, землеўладальнікі, чынавенства, святары. У лагеры было не меней 300 чалавек.

1920 - 13 жніўня, чырвоныя войскі Тухачэўскага выйшлі на рубеж за 20 вёрст ад Варшавы. Сам Тухачэўскі абачліва сядзеў у Менску. У абозе Ф.Дзяржынскі ставіў задачы чэкістам наконт «варожых класаў» у Варшаве.

1920 - 14 жніўня, контрудар польскіх армій. Чырвоныя 4-ая армія, 3-ці конны корпус, палова 15-й арміі мусілі адступаць у Прусію, дзе былі інтэрнаваныя. Напрыканцы жніўня польскія легіёны адкінулі войска Тухачэўскага за Берасце.

1920 - 25 верасня, захоп Горадні польскімі легіёнамі, уваход у Пінск атрадаў генерала С.Булак-Балаховіча.

1920 - 28 верасня, вызваленне Ліды ад палякаў 37-ым палком 3-й Чырвонай Арміі.

1920 - 30 верасня, пасля знішчэння 37-га палка ў Ліду ўвайшлі польскія войскі генерала Э.Рыдз-Сміглага.

1920 - кастрычнік, на папярэдніх мірных перамовах у Рызе паміж палякамі і Савецкай дэлегацыяй польскі бок прапанаваў вывесці польскія і чырвоныя войскі з тэрыторыі Беларусі (уключна са Смаленшчынай) і правесці там плебісцыт для самавызначэння Беларусі. Маскоўская дэлегацыя катэгарычна адмовілася і прыняла варыянт падзелу Беларусі паміж Польшчай і РСФСР.

1920 - 8 кастрычніка, паўстанне 1-й беларуска-літоўскай дывізіі супраць перадачы бальшавікамі Віленскага края Летуве. Дывізія на чале з генералам Л.Жалігоўскім заняла Вільню і абвясціла пра ўтварэнне Сярэдняй Літвы.

1920 - 15 кастрычніка, заняцце арміяй Булак-Балаховіча Мазыра (выбіты з горада Чырвонымі войскамі 20 лістапада).

1920 - 15-18 кастрычніка, паўторны захоп Менска палякамі.

1920 - 7 лістапада, ўдзел беларускіх салдат у пераходзе палкоў Чырвонай Арміі цераз Сіваш пры ўзяцці Крыма.

1920 - 8 лістапада, армія С.Булак-Балаховіча (15 тысяч) заняла Петрыкаў.

1920 - 8 лістапада, ўдзел беларусаў-чырвонаармейцаў у штурме Турэцкага вала (Перакопа) пры ўзяцці Крыма.

1920 - 10 лістапада, паўторнае заняцце арміяй генерала С.Булак-Балаховіча Мазыра.

1920 - 14 лістапада, выдадзены загад генерала Булак-Балаховіча аб фармаванні Дабраахвотнай беларускай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі.

1920 - 14 лістапада, пачатак Слуцкага ўзброенага паўстання супраць бальшавікоў. Ахапіла 15 воласцяў Случчыны. Была ўтворана 1-я Слуцкая брыгада стральцоў войска БНР. У яе склад уваходзілі Першы Слуцкі і Другі Грозаўскі стралковыя палкі, а таксама беларускі батальён з Беласточчыны. Брыгада налічвала 4 тысячы штыкоў і змагалася пад сцягам БНР. Камандзір брыгады А.Сокал-Кутылоўскі. Слуцкая брыгада правяла баі з Чырвонай Арміяй пад Капылём, Ёдчыцамі, Вялікай Балванню, Цімкавічамі, скрозь па рацэ Лані.

1920 - 26 лістапада, прарыў войска Булак Балаховіча праз заслоны Чырвонай Арміі ў нейтральную зону. Раззбраенне часткі беларускіх аддзелаў палякамі. Атрад палкоўніка Яна Балаховіча адмовіўся скласці зброю і два дні вёў баі супраць 18-й польскай пяхотнай дывізіі каля вёскі Якімовічы недалёка ад Турава. Палякі інтэрнавалі 2 тысячы беларускай кавалерыі і пяхоты.

1920 - 28 снежня, канчатковае задушэнне аддзеламі Чырвонай Арміі Слуцкага ўзброенага паўстання. Атрады паўстанцаў, якія перайшлі на тэрыторыю Польшчы, былі раззброеныя і інтэрнаваныя ў лагеры ў Беластоку, а пасля - ў лагеры ў Дарагуску, дзе іх пратрымалі паўгады. Усе тыя ўдзельнікі паўстання, што засталіся на тэрыторыі савецкай Беларусі, былі знішчаныя органамі НКУС у 30-я гады.

1920 - восень, утварэнне палітычнай арганізацыі «Зялёны дуб», скіраванай на супраціў бальшавікам у Савецкай Беларусі і польскім уладам у Заходняй Беларусі. Складалася з баявых «пяцёрак», вакол якіх гуртаваліся ў аддзелы сяляне. «Зялёны дуб» змагаўся і з савецкімі партызанамі, якіх засылала ў Польшчу ДПУ. Дзейнічаў па 1930 год. У 1921 годзе ў межах БССР дзейнічалі 43 паўстанцкіх атрада колькасцю каля 5000 чалавек.

1921 - 16 студзеня, падпісанне ў Маскве так званага Дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Згодна ўмовам дагавора наркаматы ваенных справаў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, пошты і тэлеграфу аб'ядноўваліся і ўваходзілі ў склад СНК РСФСР. Дагавор пакончыў з рэшткамі суверэнітэту БССР, бо зніклі галоўныя інстытуты, якія забяспечваюць самастойнасць дзяржаўнага існавання.

1921 - люты, рэпрэсіі бальшавіцкага ўрада БССР і расейскага Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення супраць «антысавецкіх беларусаў», найперш эсэраў. БПС.-Р налічвала ў сваіх шэрагах 20.000 сяброў. Пад кіраўніцтвам эсэраў дзейнічала паўстанцая «Сувязь беларускага працоўнага сялянства» (яшчэ 20 тысяч чалавек), якую планавалася пераўтварцыь ў беларускае войска. Гэта была сіла, небяспечная для бальшавікоў у Беларусі. Таму на БПС.-Р былі абрынутыя масавыя рэпрэсіі. У турмы было кінута 860 самых актыўных дзеячаў БПС.-Р, а разам з працаўнікамі розных беларускіх культурных установаў - 1500 чалавек.

1921 - люты, арыштаваны ДПУ ўплывовы грамадскі дзеяч, вядомы навуковец, аўтар «Беларускай граматыкі» Язэп Лёсік. Прабыў за кратамі да 6 студзеня 1923 года. Вызвалены пасля падпіскі аб адмаўленні ўсялякай палітычнай дзейнасці.

1921 - люты, арыштаваны ДПУ і вывезены ў Маскву сябра прэзідыума Рады БНР, арганізатар БПС.-Р Язэп Мамонька. Праз год зняволення сасланы ў Казань. Уцёк з ссылкі ў Коўна, потым пераехаў у Прагу. У 1928 годзе атрымаў дазвол ад савецкай улады на вяртанне ў БССР, але на мяжы быў арыштаваны АГПУ і асуджаны на 10 год канцлагеру. Расстраляны савецкімі карнікамі 10 верасня 1937 года.

1921 - 18 сакавіка, падпісанне ў Рызе мірнага дагавора паміж Савецкай Расеяй і Польшчай пра падзел Беларусі. Згодна ўмовам дамовы да Польшчы адыходзілі 113 тысяч кв. кіламетраў тэрыторыі Беларусі з насельнітвам 4,6 млн чалавек. Амаль такая ж частка Ўсходняй Беларусі (110 тысяч кв. кіламетраў з насельніцтвам болей за 3 млн чалавек) была раней далучаная да Расеі. Для Беларускай ССР пакінулі 52,3 тысячы кв. кіламетраў і 1,353 млн чалавек насельніцтва (паводле перапісу 1920 года). Тры паветы - Люцынскі, Рэжыцкі, Дзвінскі, населеныя беларусамі, - РСФСР самавольна перадала Латвіі за пасярэдніцтва ў заключэнні Рыжскага міру. Ленінскі ўрад назаўжды далучыў да Пскоўскай губерні РСФСР спрадвечныя беларускія паветы Вяліжскі, Невельскі, Себежскі (паводле перапісу 1897 года там адпаведна было 48,3%, 89,5 і 91% беларускага жыхарства).

1921 - сакавік, удзел маракоў-беларусаў у Кранштацкім паўстанні супраць бальшавіцкага рэжыму. Падаўленнем паўстання камандаваў Тухачэўскі. Усе паўстанцы былі расстраляныя з кулямётаў, іх целы кінулі ў мора пад лёд. У гэты ж год Тухачэўскі ўзначаліў у БССР часткі ЧОН (агулам 6000 чалавек), прызначаныя для сумеснай з арміяй вайны з антыбальшавіцкімі паўстанцамі.

1921 - восень, пачатак арганізаваных Расейскім АДПУ дыверсійных дзеянняў беларускіх партызанаў у падуладных Польшчы Лідскім, Гарадзенскім, Бельскім і Ваўкавыскім паветах. Штаб месціўся ў Белавежскай пушчы. Партызанка працягвалася па 1925 год. Сярод вядомых удзельнікаў - Кірыла Арлоўскі.

1921 - 19 кастрычніка, расстрэл у Менску арыштаваных чэкістамі сяброў партыі «Зялёны дуб» Ганны Доўгерт, Ганны Бруевіч, Георгія Крывашэіна, Уладзіміра Кубара.

1921 - лістапад, высяленне на расейскую Поўнач жыхароў вёсак Зафранцузская грэбля, Рэпішча, Ганутава, Уборкі, Сёмкава Слабада на Ігуменшчыне за ўдзел сялянаў у аддзелах «Зялёнага Дуба». Першае масавае прымусовае высяленне беларускага жыхарства савецкай ўладай з радзімы на чужыну. У Балоцкім сельсавеце пасля высялення людзей засталося 20 адсоткаў ад ранейшай колькасці насельніцтва.

1922 - зіма, па прыгаворах савецкіх карных органаў расстраляныя 1691 святар, 1962 манахі, 3447 манахіняў і паслушніц. Без суда расстраляныя каля 15.000 служыцеляў культа розных канфессіяў (гэта ў межах абкарнанай Рыжскім мірам Беларусі).

1922 - 1 сакавіка, утварэнне Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР замест скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. Выконвалі ўсе ранейшыя задачы ЧК. Менавіта яго супрацоўнікі здзейснялі сталінскі тэрор і рэпрэсіі. У 1934 годзе ДПУ ператворана ва ўп�аўленне дзяржбяспекі НКУС БССР.

1922 - 1 сакавіка, Прэзідыум ЦВК БССР прыняў рашэнне аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў дзеля «дапамогі галадаючым Паволжа». Толькі ў Менскай праваслаўнай епархіі было канфіскавана болей за 73 кг срэбра. Адняцце ў вернікаў органамі Савецкай улады рэлігійнай святыні - крыжа Ефрасінні Полацкай. Змешчаны ў музейную экспазіцыю.

1922 - 24 траўня, расстрэл польскімі карнымі органамі захопленых у палон беларускіх партызанаў злучэння Германа Шыманюка, які дзейнічаў у ваколіцах Белавежскай пушчы.

1922 - пачатак асадніцтва ваенных і цывільных каланістаў польскім урадам з раёнаў карэннай Польшчы ў Заходнюю Беларусь. Усяго ў 20-30-я гады было пераселена каля 5 тысяч былых легіянераў і болей за 5 тысяч цывільных асобаў. Пасля 1939 года сем'і асаднікаў былі выселеныя ў Сібір. Вярнуліся ў Польшчу пасля вайны.

1923 - утварэнне Другой Беларускай стралковай дывізіі. Камплектавалася з прызыўнікоў БССР. У 1924 годзе асабовы склад салдат і сяржантаў: беларусаў 5.760, габрэяў 577, расейцаў 375. Ваенная і палітычная падрыхтоўка вялася на беларускай мове. Дывізія скасаваная 7 сакавіка 1938 года на загад Варашылава і Пастановы ЦК ВКП(б).

1923 - травень, суд у Беластоку над 45 партызанамі злучэння Германа Шыманюка. Засуджаны на 10 гадоў зняволення. Праз 2 гады Гарадзенскі акруговы суд пакараў 10-гадовым зняволеннем 72 партызанаў з атрадаў Германа Шыманюка.

1924 - 4 лютага, пасля шмаразовавых зваротаў беларускага ўрада, арганізаваных А.Чарвяковым, саюзны ўрад вяртае Беларусі некаторыя паветы Віцебскай і Магілеўскай губерняў, аднятыя ў студзені 1919 года.

1925 - у Менску па прыгавору Менскага ГПУ расстраляны Павел Жаўрыд, сябра Рады Случчыны ў часе Слуцкага збройнага чыну.

1925 - 17 жніўня, у Менску Найвышэйшы суд БССР прыгаварыў да трох гадоў пазбаўлення волі мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісэдэка. Адбываў пакаранне ў Сібіры на Марыінскіх пасяленнях.

1926 - 6 снежня, Беларусі, абскубанай Рыжскім мірам, саюзны ўрад вяртае Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Папярэдне з іх было вывезена ў Расею лепшае абсталяванне.

1927 - 17 студзеня, польскі суд у Берасці асудзіў на тэрмін ад 6 да 10 гадоў зняволення 31 сябра КПЗБ.

1927 - арышт і прыгавор да 10-гадовай высылкі на Салаўкі драматурга Францішка Аляхновіча, які даверыўся абяцанкам бальшавікоў і вярнуўся ў Савецкую Беларусь з Вільні ў 1926 годзе.

1927 - 3 лютага, расстрэл на загад польскіх ўладаў шматлікай сялянскай дэманстрацыі (1500 чалавек) ў мястэчку Косава. Забіта 6 сялян, некалькі дзесяткаў паранена.

1927 - 21 сакавіка, забарона польскімі ўладамі дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (аб ядноўвала 120 тысяч чалавек). 400 кіраўнікоў Грамады рэпрэсаваныя.

1927 - 7 чэрвеня, віленскі беларус, прыхільнік антысавецкай апазіцыі Барыс Карэнда здзейсніў на варшаўскім вакзале тэрарыстычнае забойства прадстаўніка СССР Пятра Войкава. Асуджаны польскім судом да 15 гадоў зняволення. Адабраў сабе жыццё пасля чатырох гадоў камернай адзіноты.

1927 - 10 жніўня, у Менску з'езд праваслаўных святароў і вернікаў Беларусі пад старшынствам біскупа Бабруйскага Філарэта абвясціў Беларускую Аўтакефальную (самастойную) Царкву. Да аўтакефальнай царквы належалі святары 407 праваслаўных прыходаў у епархіях Беларусі. Усе яны былі арыштаваныя карнымі органамі НКУС у ліпені 1937 года за ўдзел у «контррэвалюцыйнай арганізацыі», бальшыня загінула ў канцлагерах.

1928 - пачатак масавага тэрора ва Ўсходняй Беларусі (БССР).

1928 - травень, арганізаваныя польскімі ўладамі судовыя працэсы ў Вільні і Беластоку над дзеячамі нацыяльна-вызваленчага руху, лідэрамі БСРГ, сябрамі КПЗБ, штучна абвінавачаных у падрыхтоўцы ўзброенага паўстання і шпіянажы. Бальшыня асуджана да зняволення.

1928 - увядзенне ў гарадах БССР карткавай сістэмы атрымання харчовых прадуктаў па катэгорыях: партыйныя і савецкія работнікі, рабочыя цяжкай працы - 1кг хлеба на дзень, работнікі працы сярэдняй цяжкасці - 500 грамаў, работнікі на лёгкай працы - 300 грамаў, службоўцы - 150 грамаў, дзеці - 100 грамаў. Гэтыя нормы дзейнічалі па 1933 год.

1929 - закрыццё і зруйнаванне ў Менску царквы пры вучэльне сляпых. Настаяцель царквы арыштаваны і рэпрэсаваны.

1929 - чэрвень, польскі суд у Горадні над 75 дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Бальшыня асуджана да вялікіх тэрмінаў зняволення. Два месяцы раней да зняволення ад 4 да 15 гадоў прыгавораны 33 члены КПЗБ ў Беластоку.

1930 - студзень-травень, раскулачванне ў Беларусі каля 19.000 сялянскіх гаспадарак - палова ад іх агульнай колькасці. Усяго пазбаўлена правоў і падпала пад высяленне ў Сібір каля 700 тысяч сялянаў, абвешчаных «кулакамі» і «міраедамі».

1930 - забарона на тэрыторыі БССР царкве і касцёлу карыстацца званамі. Духоўны гвалту з боку бальшавіцкай улады.

1930 - чэрвень, арышт святара Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Цімкавічы Копыльскага раёна іерэя Пятра Груздзінскага, былога дэпутата Дзяржаўнай Думы ад сялянаў. Расстраляны напрыканцы года. Адначасна з ім расстраляны святар Свята-Траецкай царквы вёскі Целядавічы таго ж раёна Валерыян Навіцкі.

1930 - 18 ліпеня, арышт пісьменніка, акадэміка, неадменнага сакратара Акадэміі Навук Беларусі, былога прэм'ера БНР Вацлава Ластоўскага па абвінавачанню ў кіраўніцтве неіснуючй (створанай НКУС) «нацдэмаўскай», антысавецкай арганізацыяй «Саюз вызвалення Беларусі». Расстраляны ў 1938 годзе ў Саратаве.

1930 - 19 ліпеня, арышты па справакаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» 108 чалавек буйнейшай беларускай інтэлегенцыі, у тым ліку акадэмікаў Язэпа Лёсіка і Сцяпана Некрашэвіча, прафессара Аркадзя Смоліча.

1930 - 13 верасня, кінуты ў турму вядомы гісторык акадэмік АН Беларусі Ў.Пічэта. 6 снежня пазбаўлены звання акадэміка.

1930 - 20 лістапада, замах на самагубства пасля выкліка на допыт народнага паэта Янкі Купалы, якога органы ДПУ планавалі абвінаваціць у кіраўніцтве неіснуючай антысавецкай арганізацыяй «Саюз вызвалення Беларусі».

1931 - у Менску ўладамі арганізаваны збор подпісаў за закрыццё касцёла св. Алены і Сымона (Чырвонага касцёла).

1931 - 4 лютага, скончыў жыццё стрэлам у скронь прэзідэнт АН БССР, дырэктар інстытута гісторыі Ўсевалад Ігнатоўскі, абвінавачаны ў прыналежнасці да «СВБ», зняты з пасадаў і выключаны з партыі, г. зн. падрыхтаваны да арышту і зняволення.

1932 - 22 лютага, у Гайнаўцы (Заходняя Беларусь) адбыўся «Марш галодных», які правялі болей за 1000 рабочых. Паліцыя прымяніла зброю, 1 чалавек забіты, 8 параненыя. У пратэстах прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек з Гайнаўкі, Белавежы, Чэрлядзі.

1932 - 15 сакавіка, наданне на загад бальшавіцкай улады старажытнаму Койданаву імя першага начальніка ЧК, аўтара стварэння канцлагераў і заложніцтва Ф.Дзяржынскага. У Беларусі не засталося горада без вуліцы, названай прозвішчам галоўнага душыцеля «ворагаў рэвалюцыі».

1932 - 20 сакавіка, Асташынскае сялянскае паўстанне на Наваградчыне супраць эканамічнага і нацыянальнага ўціску з боку польскай дзяржавы. Жорстка задушанае польскімі ўладамі. 7 чалавек павешаны ў Наваградку, 49 асуджаны.

1932 - вясна, голад на поўдні Беларусі ў Ельскім, Нараўлянскім, Гомельскім раёнах у сувязі з адняццем сельгаспрадукцыі. Вясной таго года не мелі збожжа 12 раёнаў Беларусі. Смерць ад голаду прынялі, па афіцыйных звестках, 140 чалавек, на справе - болей за 3 тысячы. У Гомельскім раёне кожны другі з 93 калгасаў не меў прадуктаў харчавання.

1932 - 15 кастрычніка, пачатак 4-месячнай забастоўкі 7.000 лесарубаў і сялян-возчыкаў, што працавалі ў Белавежскай пушчы (Заходняя Беларусь). Было арыштавана польскімі ўладамі болей за 100 чалавек. Адзін закатаваны на шыбеніцы ў паліцэскім пастарунку.

1933 - 3 траўня, галодны бунт насельніцтва ў Барысаве. Удзельнічала болей за 2 тысячы чалавек. Уначы прыбылы атрад менскіх энкэвэдыстаў арыштаваў 1400 чалавек. Праз два дні выяздная сесія Рэўтрыбунала БССР саслала 1200 барысаўцаў на зняволенне ў канцлагерах на тэрмін 8-10 гадоў. 200 чалавек былі асуджаныя да расстрэлу. Іх расстралялі на ўскрайку Барысава, на так званых Чычагаўскіх батарэях.

1933 - жнівень, русіфікацыйная рэформа правапісу беларускай мовы ў БССР, скіраваная на зліццё з расейскай мовай. Акт моўнага генацыду супраць народа Беларусі і беларускай культуры.

1933 - 3 жніўня, Кобрынскае ўзброенае сялянскае паўстанне супраць польскага эканамічнага і нацыянальнага ўціску. Задушана паліцыяй і войскамі. 30 актыўных удзельнікаў прыгавораны да турэмнага зняволення.

1933 - жнівень, арышт і расстрэл карнікамі НКУС БССР святара з вёскі Крываносы Старадарожскага раёна Івана Вячоркі і святара з вескі Таль Любанскага раёна Сяргея Радакоўскага.

1933 - верасень, савецкая ўлада абменьвае Францішка Аляхновіча (адбываў пакаранне ў Салаўках) на палітвязня Браніслава Тарашкевіча (расстраляны карнікамі НКУС ў 1937).

1933 - масавая высылка карнымі органамі НКУС заможных беларускіх сялянаў у Сібір (за тры гады выслалі болей за 35 тысяч сем'яў).

1934 - 17 чэрвеня, прыняў беларускіх вязняў створаны польскімі ўладамі канцэнтрацыйны лагер у Бярозе Картузскай.

1934 - сталінскімі судамі засуджана болей за 10 тысяч беларускіх сялянаў за крадзяж з голаду калгаснай уласнасці (на падставе Пастановы СНК СССР аб ахове сацыялістычнай маёмасці, так званага «закона пяці каласкоў»).

1936 - 27 студзеня, на судовым працэсе ў Горадні Сяргей Прытыцкі застрэліў правакатара. Быў цяжка паранены паліцыяй, арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю, якое замянілі пажыццёвым зняволеннем. Вызвалены з турмы ў 1939 годзе. З 1968 года Старшыня Вярхоўнага Савета БССР.

1936 - неафіцыйны ўдзел беларусаў-вайскоўцаў у грамадзянскай вайне ў Гішпаніі на баку рэспубліканцаў (вайна цягнулася да 1939 г.).

1936 - травень, варварскае зруйнаванне ў Менску на плошчы Свабоды помніка архітэктуры 17 ст. былой вуніяцкай царквы Святога Духа (у царскі час забраная і пераробленая пад праваслаўны храм). На атрыманай пляцоўцы на загад уладаў усталявалі звярынец, пасля вайны, па 1985 год, тут трымалі піўную.

1936 - 10 чэрвеня, варварскае знішчэнне на загад савецкіх уладаў Рагвалодава (Барысаўскага) каменю з дапамогай дынаміту. Чым ён зашкодзіў бальшавікам на 10-тысячны год свайго існавання, ніхто не ведае.

1936 - 15 лістапада, арышт органамі НКУС Зміцера Жылуновіча, (пісьменніцкі псеўданім Цішка Гартны), першага кіраўніка савецкага ўрада Беларусі ў 1919 годзе. Пасля катаванняў у менскай турме змешчаны ў Магілеўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе быў жорстка забіты 11 красавіка 1937 года.

1936 - снежань, польскія ўлады, здзейсняючы паланізацыю беларусаў, забаранілі дзейнасць у Заходняй Беларусі Таварыства беларускай школы.

1937 - сакавік, наркомам унутраных справаў у Беларусь Масква прызначыла Бермана. За год ягонага камісарства ў БССР было знішчана болей за 100 тысяч чалавек, ўведзены ў практыку масавыя забойствы і захаванні. У лютым 1939 года, калі Сталін пазбаўляўся ад найбольш крывавых выканаўцаў тэрора (каманда карнікаў саюзнага наркома Яжова), Берман быў расстраляны.

1937 - сакавік, прыбыццё генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў Гішпанію, у штаб Франко, у якасці «назіральніка», на справе - як кіроўца дыверсійнага аддзела. Прабыў у Гішпаніі да вясны 1939 года. Ягоным праціўнікам па дыверсіях на баку рэспубліканцаў быў Кірыла Арлоўскі, у будучыні - вядомы старшыня калгаса «Рассвет» на Магілеўшчыне.

1937 - 6 траўня, арышт органамі НКУС выдатнага грамадскага дзеяча, заснавальніка Таварыства беларускай школы, старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, перакладчыка на беларускую мову «Іліады» і «Пана Тадэвуша» Браніслава Тарашкевіча. Расстраляны ў лістападзе ў Курапатах.

1937 - 16 чэрвеня, пазбягаючы арышту і катаванняў, скончыў жыццё самагубствам Аляксандар Чарвякоў, старшыня ЦВК БССР, адзін са стваральнікаў савецкай беларускай дзяржавы.

1937 - 21 чэрвеня, М.Галадзед, старшыня СНК БССР, раней арыштаваны ў Маскве і прывезены ў Менск, па афіцыйнай версіі скончыў жыццё самагубствам, кінуўшыся з акна кабінета следчага ў будынку НКУС. Па перакананні даследчыкаў - выкінуты праз вакно камандай следчых.

1937 - 2 жніўня, пачатак масавага арышту і вынішчэння так званых «польскіх шпіёнаў» - грамадзянаў польскай нацыянальнасці. За год было арыштавана 15.740 чалавек, з іх расстралялі 14.034.

1937 - жнівень, масавыя арышты кіруючых работнікаў і творчай інтэлегенцыі ў БССР (купна рэпрэсавана 2.570 чалавек, сярод іх 40 наркомаў і іхных намеснікаў, 25 акадэмікаў, 16 членаў ЦВК і СНК, 54 літаратара).

1937 - 29-31 кастрычніка, масавыя расстрэлы органамі НКУС беларускай інтэлігенцыі ва ўрочышчы Курапаты.

1937 - 1 лістапада, расстрэл у Курапатах 11 біскупаў, святароў, дыяканаў Беларускай Аўтакефальнай царквы. Каля 200 святароў сасланыя ў сталінскія канцлагеры, дзе бальшыня загінула.

1938 - 10 лютага, расстрэл у Менску 46 сялян-латышоў з вёскі Гайсма Быхаўскага раёна па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Латвіі. Усяго па гэтым абвінавачванні было арыштавана 1459 латышоў - грамадзянаў Беларусі.

1938 - паноўная замена гістарычнай назвы сталіцы Беларусі Менск на спаланізаваную і прынятую ў расейскім ужытку форму - Мінск. Усе спробы вяртання гістарычнай назвы гораду па сённяшні дзень сустракаюць люты супраціў прыхільнікаў русіфікацыі Беларусі.

1938 - забарона царкоўнай службы ў менскіх цэрквах Марыі Магдалены і Аляксандра Неўскага, што былі на Старажоўскіх і Ваенных могілках. Святары гэтых цэркваў былі арыштаваны і расстраляныя ў Курапатах.

1938 - 7 сакавіка, пастановай ЦК ВКП(б) рэарганізаваныя ў звычайныя вайсковыя падраздзяленні Беларускіх стралковых дывізіяў, якія фармаваліся на нацыянальна-тэрытарыяльнай аснове з 1923 года.

1938 - 10 красавіка, растрэл карнікамі НКУС усіх мужчынаў ва ўзросце ад 17 да 70 гадоў (разам 90 чалавек) у беларускай каталіцкай вёсцы Беласток, якая была закладзена беларускімі малазямельнымі перасяленцамі ў Томскую губерню Сібіры.

1938 - 25 траўня, расстрэл у Курапатах Палуты Бадуновай, дзеячкі беларускага нацыянальнага руху, былога сакратар ЦК БПС.-Р. Перад тым была асуджана да 10 гадоў зняволення.

1938 - высяленне з Друі на загад польскіх уладаў айцоў-марыянаў, якія праводзілі беларускую культурніцкую палітыку.

1938 - ліпень, арышты духавенства ў Менску органамі НКУС. Усяго за папярэдні год арыштавана і рэпрэсавана 3.250 святароў і актыўных вернікаў, у тым ліку мітрапаліт.

1938 - 9 ліпеня, на Берасцейшчыне ў касцёле св. Тройцы ў Воўчыне (родавы маёнтак Панятоўскіх) перазахаваная труна з астанкамі апошняга вялікага князя літоўскага і караля польскага Ст.Панятоўскага. Труна была перададзеная Рэчы Паспалітай на загад Сталіна.

1938 - 1 верасня, у Менскай турме расстраляны Андрэй Бараноўскі - былы сакратар слуцкай арганізацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, удзельнік слуцкага паўстання.

1939 - 23 жніўня, дакументальнае афармленне змовы паміж сталінскім і гітлераўскім рэжымамі пра падзел узброенай сілай Польшчы і перадзел сфераў уплыву ў Эўропе (так званы «Пакт Молатава - Рыбентропа»).

1939 - 1 верасня, пачатак Другой сусветнай вайны. Напад Германіі на Польшчу. У склад Польскага войска мабілізавана каля 100 тысяч беларускіх салдат і афіцэраў. Удзел беларусаў у гераічнай абароне Вэстэплятэ (там патрапіў у палон закліканы ў войска пісьменнік Янка Брыль). Усяго патрапіла ў нямецкі палон 300 тысяч салдат і афіцэраў Войска Польскага. Загінула более 200 тысяч мірных грамадзянаў.

1939 - верасень, удзел беларускіх салдат у шэрагах польскага войска ў абароне Варшавы, у баях з немцамі над Бугам, у баях з Чырвонай Арміяй.

1939 - верасень, удзел беларускіх дабраахвотнікаў на чале з генералам Ст. Булак-Балаховічам у абароне Варшавы ад немцаў.

1939 - 17 верасня, уступленне СССР у Другую сусветную вайну. На двух франтах - Беларускім і Ўкраінскім - было задзейнічана для наступу на Польшчу каля 1 мільёна салдат, 4 тысячы танкаў, 2 тысячы самалётаў. Беларусы ў складзе Чырвонай Арміі ўдзельнічалі ва ўз'яднанні Заходняй Беларусі з Савецкай Беларуссю. Баявыя дзеянні паміж чырвонымі і польскімі часткамі адбываліся пад Нясвіжам, Валожыным, Слонімам, Шчучыным, Маладэчна, буйныя баі былі за Горадню, Вільню, Наваградак, Скідаль, у Аўгустоўскіх лясах на Падляшшы, у ваколіцах Сапоцкіна, Далістова, Кадзяўцоў. У складзе польскіх аддзелаў беларусы абаранялі Берасцейскую крэпасць ад нямецкай арміі Гудэрыана. У савецкі палон патрапіла болей за 200 тысяч вайскоўцаў, на тэрыторыі Заходняй Беларусі - каля 70 тысяч салдат і афіцэраў. З іх бальшыня - беларускія ўраджэнцы. Каля 40 тысяч мясцовых шэрагоўцаў з палону выпусцілі. З боку Чырвонай Арміі, па афіцыйных звестках, страты склалі 740 чалавек забітымі, 1860 параненымі. З першай хвалі палонных 4500 афіцэраў змясцілі ў лагер у Казельску, 4000 - у лагер у Старабельску і 6500 вязняў апынуліся ў лагеры ў Асташкаве.

1939 - 22 верасня, Чырвоная Армія заняла Беласток.

1939 - 23 верасня, ў ваколіцах Скідаля сяляне самасудам расправіліся з палякамі-асаднікамі. Былі забітыя 42 чалавекі.

1939 - 25 верасня, сумесны ўрачысты вайсковы парад «перамогі» ў Берасці частак гітлераўскай і сталінскай арміяў. Абмен савецкім і нацысцкім сцягамі на памяць пра «перамогу».

1939 - 26 верасня, у Пружанах органамі НКУС арыштаваны ксёндз Казімір Сьвёнтак па абвінавачванні ў «шпіянажы». Знаходзіўся ў Берасцейскай турме да захопу горада немцамі летам 1941 года, пасля чаго вярнуўся ў Пружаны.

1939 - 29 верасня, у Будслаўскім касцёле Ўзнясення Маці Божай аддзел чырвонаармейцаў расстраляў з вінтовак унутранае скульптурнае аздабленне (апосталаў), вітражы, абразы і цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. Адрэстаўраваны толькі ў 1991 годзе.

1939 - кастрычнік, арышт у Маладэчне органамі НКУС першага рэдактара газеты «Наша ніва», вядомага дзеяча нацыянальнага адраджэння Аляксандра Ўласава. Яму было 65 гадоў, і яго асудзілі на 5 год зняволення ў сталінскім канцлагеры. Згодна афіцыйным звесткам, памёр па дарозе ў Сібір недзе ў Марыйскай акрузе. Як было на справе і дзе магіла гэтага шаноўнага чалавека - невядома.

1939 - 10 лістапада, у сваім былым маёнтку, нацыяналізаваным савецкай уладай пасля злучэння Заходняй Беларусі з Савецкай, зверскі забіты мясцовымі «актывістамі» вядомы беларускі дзеяч часоў БНР Раман Скірмунт. Яму было 75 гадоў.

1939 - 30 лістапада, пачатак захопніцкай вайны Савецкага Саюза супраць Фінляндыі з мэтай яе далучэння да СССР, удзел у вайне беларускіх салдат, мабілізаваных у Чырвоную Армію.

1939 - восень, паноўнае рабаванне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка на карысць маскоўскіх музеяў і высокапастаўленых прыватных асобаў (прыкладам, «нясвіжскія сувеніры» займеў пісьменнік Аляксей Талстой). А ў снежні таго года бюро ЦК КП(б)Б вырашыла аддаць старажытны нясвіжскі замак пад Дом адпачынку работнікаў НКУС БССР.

1939 - 4 снежня, утварэнне ў Заходняй Беларусі Беластоцкай вобласці БССР з цэнтрам у Беластоку. Абшар вобласці - 20,9 тысяч кв. км, насельніцтва - 1млн. 368 тысяч чалавек. Адміністрацыйна мела падзел на 24 раёны. З іх Парэцкі раён ў лістападзе 1940 года перададзены Летувіскай ССР.

1940 - 10 лютага, пачатак рэпрэсіўнага масавага высялення органамі НКУС на Поўнач «чуждага элементу» («кулакі», «фабрыканты») з Заходняй Беларусі. За адзін дзень у вагоны пагрузілі і вывезлі ў Сібір і Казахстан 50.000 чалавек.

1940 - масавыя расстрэлы савецкіх грамадзянаў карнікамі НКУС у Курапатах. Усяго ва ўрочышчы Курапаты за 1937-1941 год было расстраляна болей за 100 тысяч чалавек (па іншых падліках - да 250 тысяч грамадзян).

1940 - 12 сакавіка, заканчэнне вайны Савецкага Саюза з Фінляндыяй, буйное тэрытарыяльнае прырашчэнне СССР на першым перыядзе Другой сусветнай вайны. У Беларусь вайна прынесла толькі шмат «пахаронак».

1940 - 3 красавіка, пачатак масавых расстрэлаў аддзеламі НКУС СССР палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым, Курапатах. Агульны лік ахвяраў 16 тысяч. Сярод расстраляных шмат беларусаў-вайскоўцаў. У Курапатах было замардавана каля 5 тысячаў ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі. Катыньскія ахвяры прывозілі з лагера ў Казельску (4500 чалавек). Пазнаўшы палон і канцлагер пісьменнік Юзэф Чапскі, які паходзіў з Меншчыны, назваў сталінскую Расею «бесчалавечнай зямлёй».

1940 - 12 красавіка, масавы вываз органамі НКУС жонак і дзяцей тых заходнебеларускіх ваеннапалонных, хто напісаў дамоў лісты з лагераў у Казельску, Асташкаве, Старабельску. Разам у 51 траспартах вывезена на поўнач Казахстана болей за 60.000 жанчын, дзяцей і старых. Сярод іх вывезлі разам з двума сынамі паэтку Натальлю Арсеньневу як жонку ваеннапалоннага афіцэра. Толькі хадайніцтва Максіма Танка перад сакратаром ЦК КПБ Панамарэнкам дазволіла вярнуць паэтку ў Беларусь.

1940 - канец красавіка, пасля ліквідацыі першага складу Казельскага лагера для палонных з Заходняй Беларусі сюды зноў прывезлі 2500 інтэрнаваных ў Беларусі. Палякі і беларусы-каталікі ў гэтым лагеры зрабілі абраз Маці Божай Казельскай, у якім свядома спалучаны рысы дзвюх найгалоўных святыняў Беларусі - Вострабрамскай Панны Марыі і Жыровіцкай Маці Божай. Вязням, што маліліся на абраз Маці Божай Казельскай, пашанцавала ўвайсці ў склад Арміі генерала Андэрса і прайсці з гэтым абразам па дарогах вайны. Цяпер абраз захоўваецца ў Лондане ў касцёле святога Андрэя Баболі.

1940 - 13 красавіка, паноўнае масавае высяленне з Заходняй Беларусі органамі НКУС сем'яў «чуждага элементу». За адзін дзень саслана ў Сібір 24.000 чалавек ні ў чым невінаватых.

1940 - 29 чэрвеня, высяленне ў Сібір і Казахстан з Беларусі людзей, якія ратаваліся ў БССР з нямецкай акупацыйнай зоны Польшчы. Выселена 23.000 чалавек.

1940 - жнівень, удзел беларусаў у складзе Чырвонай Арміі ў акупацыі Савецкім Саюзам прыбалтыйскіх рэспублік - Летувы, Латвіі, Эстоніі - і далучэння іх да СССР.

1941 - 19 чэрвеня, за два дня да пачатку вайны карныя органы НКУС правялі паноўнае масавае высяленне людзей з Беларусі, гэтым разам - дзеячаў некамуністычных палітычных і грамадскіх арганізацыяў. У адзін дзень было вывезена ў таварных вагонах 22.000 чалавек. Шмат з гэтых людзей загінулі ў дарозе ад недахопу вады і ежы, частка эшалонаў была атакаваная і разбітая нямецкімі бамбавікамі.

1941 - 22 чэрвеня, пачатак вайны Германіі з СССР. Удзел у змаганні на франтах у складзе рэгулярнага савецкага войска 1 мільёна 500 тысяч беларусаў.

1941 - 22-30 чэрвеня, акружэнне нямецкімі войскамі ў Беластоцкім выступе трох савецкіх арміяў, разгром аэрадромаў, захоп ваеннай тэхнікі. У палон патрапіла болей за 500 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі.

1941 - 25-28 чэрвеня, беспаспяховая абарона ад немцаў Менска. Расстрэл нямецкімі лётчыкамі бежанцаў на Магілеўскай шашы, бамбаванне эшалонаў, якія везлі бежанцаў на ўсход.

1941 - 26 чэрвеня, расстрэл нкусаўцамі ва ўрошчы Цагельня каля Ігумена каля 5.000 палітвязняў, прыгнаных з менскай ды іншых суседніх турмаў.

1941 - 22 чэрвеня - 16 ліпеня, абарона Берасцейскай крэпасці.

1941 - 27-29 чэрвеня, у Віцебску ў падвалах будынка НКУС (дом губернатара) знішчаны каля 2.000 палітвязняў. Былі тайна закапаныя энкэвэдыстамі ў сутарэннях былой Успенскай царквы, разбуранай на загад партыйнага кіраўніцтва ў 1937 годзе.

1941 - чэрвень, першыя карныя аперацыі нямецкіх акупантаў ў раёне Белавежскай пушчы. Спалена 34 вёскі.

1941 - 1 ліпеня, стварэнне гітлераўскімі захопнікамі лагера смерці ў Драздах для палонных байцоў і афіцэраў Чырвонай Арміі. Толькі за першыя два месяцы функцыянавання тут былі знішчаныя больш за 10 тысяч чырвонаармейцаў.

1941 - 1 ліпеня, фармаванне народнага апалчэння для абароны Магілева (стала пад ружжо 12 тысяч магілеўцаў).

1941 - 1 ліпеня, адступаючы з мястэчка Будслаў часткі Чырвонай Арміі хацелі ўзарваць старажытны Будслаўскі касцёл. Але вернікі атачылі яго жывой сцяной і вырашылі загінуць разам са святыняй. Іхняя мужнасць ўратавала касцёл і цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.

1941 - ліпень, утварэнне на Піншчыне першага партызанскага атрада пад началам В.Каржа.

1941 - 4-11 ліпеня, абарона ад немцаў войскамі і гарадскім апалчэннем Віцебска.

1941 - 6 ліпеня, расстрэл вязняў Бярэзвіцкай турмы НКУС ахоўнікамі перад надыходам немцаў (большую частку вязняў складалі сяляне, асуджаныя за дробны крадзеж у калгасе).

1941 - ліпень-жнівень, мабілізацыя ў Беларусі ў Чырвоную Армію болей за 500 тысяч мужчын з неакупаваных немцамі раёнаў.

1941 - 3-26 ліпеня, абарона войскамі і народным апалчэннем Магілева. Вынішчальная бітва на Буйніцкім полі.

1941 - ліпень, знікненне са сховішча магілеўскага банка нацыянальнай рэліквіі Беларусі - крыжа Ефрасінні Полацкай (быў змешчаны ў сховішча, каб вернікі не маглі на яго маліцца).

1941 - 19 ліпеня - 31 жніўня, карная аперацыя нямецкіх акупантаў «Прыпяцкія балоты» супраць партызан і мірнага насельніцтва Берасцейскай, Пінскай і Палескай абласцей. Масавае вынішчэнне людзей (забілі каля 14 тысяч чалавек), спаленне мноства беларускіх вёсак разам з людзьмі.

1941 - 12-19 жніўня, абарона ад нямецкіх войскаў Гомеля.

1941 - жнівень, пачатак у Беларусі шырокай партызанскай вайны з гітлераўскімі захопнікамі (агульны асабісты склад атрадаў савецкіх партызан - 374 тысячы, 70 тысяч падпольшчыкаў).

1941 - верасень, адміністрацыйнае расчляненне Беларусі як дзяржаўнай адзінкі нямецкімі захопнікамі. Паўднёва-заходнія раёны Берасцейскай вобласці і Беластоцкая вобласць з гарадамі Горадня і Ваўкавыск былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі. Паўднёвыя раёны Берасцейскай, Пінскай, Палескай, Гомельскай абласцей - да рэйхскамісарыята «Украіна». У склад генеральнай акругі («Генеральбецырк Беларутэнія») ўвайшлі Баранавіцкая, Вілейская, часткова Менская, асобныя раёны Пінскай, Берасцейскай, Палескай абласцей. Гэтая «Беларутэнія» складала трэцюю частку ад тэрыторыі даваеннай БССР, і каланізацыйны план «Ост» ніякай нацыянальнай будучыні для яе не прадугледжваў.

1941 - восень, утварэнне нямецкімі акупантамі гета для габрэяў у Менску, Берасці, Горадні, Віцебску, Бабруйску, Ваўкавыску, Барысаве, Гомелі ды іншых гарадах. Усіх разам болей за 100 гета.

1941 - 26 кастрычніка, публічнае пакаранне гітлераўскімі катамі на шыбеніцы 12 менскіх падпольшчыкаў.

1941 - 22 кастрычніка, утварэнне на акупаванай тэрыторыі з дазволу нямецкіх уладаў Беларускай народнай самапомачы.

1941 - з верасня 1941 па красавік 1942, удзел беларускіх салдатаў у бітве пад Масквой.

1941 - восень, стварэнне акупантамі лагера смерці Трасцянец пад Менскам. Тутбыло знішчана болей за 200 тысяч чалавек. Трэці па колькасці знішчаных людзей лагер пасля Асвенціма і Майданека. Усяго ў Беларусі дзейнічалі 260 лагераў смерці.

1941 - 9 лістапада, расстрэл нямецкімі жандарамі ў лесе каля Барысава ксяндза Генрыка Глябовіча за пастырскую дзейнасць у вёсках Хатаевічы, Корань, Аколава. Прылічаны каталіцкай царквой да пакутнікаў.

1941 - 19 снежня, смерць у баі з немцамі ўраджэнца Бешанкоўшчыны, камандзіра кавалерыйскага корпуса Льва Даватара.

1941 - снежань, напрыканцы года ў паліцэйскіх атрадах у Беларусі налічвалася 16 тысяч чалавек. Удзельнічалі ў рэпрэсіях, вынішчэнні габрэяў і цыганоў, сутычках з савецкімі партызанамі. Праз год асабісты склад паліцыі налічваў 28 тысяч.

1942 - акупантамі ўтвораны дзіцячы лагер смерці ў вёсцы Скарбаўка Пухавіцкага раёна. Дзяцей выкарыстоўвалі ў якасьці донараў для параненых немцаў. Загінула 1500 дзяцей. У падобным лагеры смерці, утвораным у Парычах, было закатавана 1700 дзяцей-донараў.

1942 - 2 сакавіка, масавае забойства фашысцкімі карнікамі вязняў менскага гета (Яма). Тут было знішчана 100.000 чалавек.

1942 - 4 сакавіка, расстрэл карнікамі ў лесе Барок каля Бярэзвіча ксяндзоў парафіі Іказнь Уладзіслава Мацковяка, Мечыслава Багаткевіча, Станіслава Пыртка і дваццаці парафіянаў.

1942 - 7 сакавіка, партызаны выканалі ў Менску смяротны прысуд кіраўніку Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі Фабіяну Акінчыцу.

1942 - 7 траўня, пакаранне акупантамі на шыбеніцы на плошчах і ў Цэнтральным скверы Менска 28 кіраўнікоў менскага падполля, 250 падпольшчыкаў былі расстраляныя.

1942 - другая палова года, шырокае ўтварэнне ў заходнебеларускіх раёнах батальёнаў Арміі Краёвай. Існавалі Наваградская, Палеская, Валынская і Віленская акругі. На Наваградчыне мелі ў складзе 8 тысяч партызанаў, 15 тысяч у канспірацыі, з іх болей за палову былі беларусы. З 1 студзеня 1943 года па ліпень 1944 правялі 102 баі з немцамі і паліцэйскімі аддзеламі, 83 баі з атрадамі савецкіх партызанаў.

1942 - 28 чэрвеня, драматычная смерць Янкі Купалы пры загадкавых абставінах у маскоўскім гатэлі «Масква» напярэдадні свайго 60-гадовага юбілею. На думку шэрагу даследчыкаў Купала стаў ахвярай забойства, арганізаванага НКВД. Юбілей паэта збіраліся святкаваць і ў акупаваным Менску. Каб савецкі ўрад не віншаваў народнага паэта Беларусі паралельна з калабарацыйнымі менскімі ўладамі, маскоўскі НКВД палічыў за лепшае вырашыць справу кардынальна. Тым больш, што «савецкасць» Купалы была пад падазрэннем.

1942 - 17 ліпеня, пачатак Сталінградскай бітвы. Удзел беларускіх салдат ва ўсіх баях за горад, якія цягнуліся па 2 лютага 1943.

1942 - 31 ліпеня, расстрэл нямецкімі карнікамі каля Наваградка 60 мірных жыхароў і двух каталіцкіх святароў - Міхала Далецкага і Юзэфа Кучынскага.

1942 - жнівень, фармаванне ў СССР 75-тысячнага корпуса генерала Ўладзіслава Андэрса з ваеннапалонных палякаў і беларусаў з Заходняй Беларусі. Палову Пятай Крэсавай дывізіі пяхоты корпуса складалі беларусы. А ўсяго ў складзе корпуса трэцяя частка былі беларускія салдаты. Накіравана была гэтая Армія ў Ірак, Іран, Палесціну на дапамогу ангельцам. Потым змагалася з немцамі ў Эўропе. Расфармаваная ў 1947 годзе.

1942 - карныя аперацыі нямецкіх акупантаў у Беларусі: «Хрушч», «Балотная ліхаманка», «Трохкутнік», «Нюрнберг» ды іншыя.

1942 - верасень, вынішчэнне нямецкімі карнікамі вёскі Вяда Івацэвіцкага раёна. Усе 87 двароў спалены, 217 жыхароў забіты. Пасля вайны вёска не адрадзілася.

1942 - лістапад, карная аперацыя акупантаў у Віцебскай вобласці пад кодавай назвай «Клетка для малпаў». У ходзе акцыі вынішчэння насельніцтва часткі нямецкай 12-й танкавай дывізіі зруйнавалі гусеніцамі 50 вёсак Гарадоцкага раёна.

1942 - 19 снежня, расстрэл гестапаўцамі ў Слоніме каталіцкіх манахіняў Багумілы Найшэўскай, Марты Валоўскай і ксяндза Адама Старка.

1942 - 24 снежня, арыштаваны і закатаваны фашыстамі ў менскай турме каталіцкі і грамадскі дзеяч ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

1942 - закрыццё немцамі Альбертынскага грэка-каталіцкага кляштара. Экзарх грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі Антон Неманцэвіч закатаваны немцамі ў турме.

1943 - студзень, вынішчэнне карнікамі вёскі Літавец Дзяржынскага раёна. Усе 42 двары спаленыя, 196 жыхароў забітыя. Пасля вайны вёска не адрадзілася.

1943 - 15 лютага, подзвіг 70-гадовых братоў Цубаў з вёскі Навіны на Случчыне. Міхаіл Цуба адмовіўся весці немцаў да лагера партызанаў і быў расстраляны. Іван Цуба завёў карнікаў у балоты. Яго забілі, але і бальшыня карнікаў засталася ў дрыгве.

1943 - 20 лютага, спаленне карнікамі жыўцом 30 жыхароў вёскі Росіца Браслаўскага раёна. Ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшкевіч не пакінулі вернікаў і прынялі разам са сваімі парафіянамі пакутніцкую смерць.

1943 - 22 сакавіка, знішчэнне разам з 142 жыхарамі вёскі Хатынь. Усяго за гады вайны было спалена 9.200 беларускіх вёсак. У тым ліку разам з жыхарамі карнікі спалілі 628 вёсак.

1943 - 19 чэрвеня, расстрэл нямецкімі карнікамі ў вёсцы Баравікоўшчына ксяндзоў з касцёла ў Першаях Караля Стэнпня і Ахіла Пухалы. Мелі магчымасць ўцячы, але не пакінулі вернікаў сваёй парафіі, якіх вялі на расстрэл. Гэтая ахвяра ксяндзоў выратавала жыцці астатнім, якіх замест расстрэла забралі на працу ў Германію. Абодва ксяндзы прылічаныя да ліку каталіцкіх святых у Беларусі.

1943 - карныя аперацыі акупантаў у Беларусі: «Заяц бяляк», «Котбус», «Фрыц», «Барбара», «Баклан», «Веснавое свята» ды інш. Усяго акупанты правялі 140 буйных карных аперацыяў у сельскай мясцовасці.

1943 - ліпень, вынішчэнне карнікамі вёскі Княжаводцы Мастоўскага раёна. Усе 260 двароў спаленыя, 900 жыхароў забітыя.

1943 - 13 ліпеня, рэпрэсіўны расстрэл нямецкімі карнікамі каля вёскі Наўмовічы блізка Горадні 50 жыхароў Ліпска за смерць аднаго немца, забітага каля Ліпска партызанамі. Сярод расстраляных - Марыя Бернацкая, якая дабраахвотна пайшла на смерць замест цяжарнай жонкі сына. Прылічана да ліку каталіцкіх святых у Беларусі.

1943 - 5 ліпеня - 23 жніўня, ўдзел беларускіх салдатаў у бітве на Курскай дузе.

1943 - 1 жніўня, расстрэл нямецкімі карнікамі ва ўрочышчы Батароўка каля Наваградка 11 манахіняў ордэна сясцёр Святой сям'і з Назарэта. В 1945 годзе перазахаваныя наваградскімі вернікамі каля фарнага касцёла. Беатыфікаваныя (абвешчаныя святымі) 5 сакавіка 2000 года.

1943 - 3 жніўня, пачалася «рэйкавая вайна» супраць нямецкіх акупантаў у Беларусі.

1943 - 22 верасня, падпольшчыкі знішчылі ў Менске Генеральнага камісара ў Беларусі гаўляйтэра В.Кубэ. Расстрэл 3.000 мірных грамадзянаў Менска немцамі ў якасьці карнай акцыі.

1943 - 12-13 кастрычніка, бой каля вёскі Леніна з немцамі - беларусы ў складзе створанай з ваеннапалонных 1939 года польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі.

1943 - за другую палову года аддзелы Арміі Краёвай наваградскай акругі забілі болей за 300 беларусаў па нацыянальтнай прыкмеце, з іх бальшыня - звычайныя сялянскія сем'і.

1944 - студзень, вынішчэнне карнікамі вёскі Ола (Светлагорскі раён). Усе 34 двары спаленыя, усе 168 жыхароў забітыя. Пасля вайны вёска не адрадзілася.

1944 - сакавік, у Вільні ў сваёй кватэры застрэлены невядомымі драматург Францішак Аляхновіч (у Вільні рэдагаваў газету «Беларускі час»).

1944 - 6 сакавіка, пачатак фармавання з дазволу немцаў баявых адзінак Беларускай Краёвай Абароны на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Было мабілізана ў БКА 25 тысяч чалавек. Створаны 36 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. У баявых дзеяннях супроць партызан БКА брала ўдзел з траўня 1944 года. Праіснавала да вызвалення Беларусі Чырвонай Арміяй. Часткова падраздзяленні БКА апынуліся ў Германіі.

1944 - 11 красавіка - 5 траўня, Полацка-Лепельская бітва партызанаў з нямецкімі карнікамі пад час блакады партызанскай зоны (мела абшар 3.200 кв.км., 1220 населеных пунктаў) Удзельнічалі 17.500 партызанаў супраць 60.000 немцаў і паліцаяў (12 палкоў СС, карны батальён, 5 дывізіяў пры 137 танках, 70 самалётах, 235 гармат). Пры прарыве акружэння разам з партызанамі выйшлі 15 тысяч мірных жыхароў. Карнікі страцілі забітымі і параненымі каля 21 тысячы салдат.

1944 - удзел беларускіх салдат (ў складзе арміі Андэрса, другі корпус) у баях з немцамі ў Паўночнай Афрыцы.

1944 - травень, удзел беларускіх салдат (у складзе арміі Андэрса) у бітве з немцамі каля горнага манастыра Монтэ-Касіна на подступах да Рыма. Тут палегла ў баях 923 салдата з 2-га корпусу, сярод іх 259 беларусаў з 5-й Крэсавай пяхотнай дывізіі.

1944 - люты-красавік, тэрарыстычныя акцыі аддзелаў Арміі Краёвай супроць вясковага беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі (загінула некалькі тысяч чалавек).

1944 - 11 траўня, у баі з гітлераўцамі 14-гадовы разведчык Марат Казей адстрэльваўся да апошняга патрона, а потым падарваў гранатай сябе і кола карнікаў.

1944 - 19 чэрвеня, вынішчэнне нямецкімі карнікамі вёскі Дальва Лагойскага раёна. Усе 10 двароў спаленыя, усе 44 жыхары забітыя. Пасля вайны вёска не адрадзілася.

1944 - 23 чэрвеня - 29 жніўня, вызваленне Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Удзел у аперацыі партызанскіх брыгад і атрадаў. Мабілізацыя партызанаў для змагання на франтах.

1944 - 3 ліпеня, вызваленне ад нямецкіх захопнікаў сталіцы Беларусі Менска. З 200.000 даваенных у горадзе засталося 20.000 менчукоў. Па ступені разбурэнняў стаіць у першай пяцёрцы побач з Варшавай, Дрэздэнам, Кіевам, Берлінам.

1944 - у вызваленых раёнах Беларусі мабілізавана ў Чырвоную Армію болей за 800.000 чалавек (усяго за вайну - 1.500.000 чалавек).

1944 - ліпень, удзел беларускіх салдат у вызваленні ад немцаў Паўночна-заходняй Беларусі і Летувы (Віленская аперацыя).

1944 - ліпень, фармаванне ў Германіі 30-й дывізіі СС з нямецкай жандармерыі, беларусаў з Беларускай Краёвай абароны і расейскіх дабраахвотнікаў з ліку палонных. Склад дывізіі - 11 тысяч чалавек, у тым ліку 7 тысяч беларусаў. Ваявала разам з немцамі на французскім фронце.

1944 - 27 ліпеня, вызваленне ад нямецкай акупацыі Беластоцкай вобласці БССР.

1944 - 28 ліпеня, немцы пры адступленні ўзарвалі Дабравешчанскі сабор у Супраслі - славуты помнік беларускага дойлідства.

1944 - 31 ліпеня, пачатак аперацыі НКУС Беларусі па ачыстцы заходніх раёнаў ад узброенага падполля. За год арыштавана і затрымана болей за 97 тысяч чалавек. Забіта пры супраціўленні болей за 3.200 чалавек.

1944 - жнівень, арышт органамі НКУС у Вільні Адама Станкевіча, вядомага рэлігійнага і палітычнага дзеяча Беларусі, навукоўца, публіцыста, дырэктара Беларускага цэнтра ў Летуве. У 1945 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення, вывезены ў «Азёрлаг», дзе таго ж года ўвосень, па афіцыйных звестках, памёр. Станкевіч - адзін з першых святароў, якіх арыштоўвалі на вызваленых землях і наогул пасля вайны. З 1944 па 1956 гады ў савецкіх канцлагерах адбывалі зняволенне болей за 700 каталіцкіх святароў.

1944 - жнівень, пачатак партызанкі беларускага і польскага падполля ў Заходняй Беларусі супраць савецкага ладу. Працягвалася па 1953 год. На Гарадзеншчыне «зялёныя» забілі 744 чалавека.

1944 - верасень, удзел беларусаў у бітве з немцамі пад Аргаймам у Галандыі ў складзе 1-й парашутнай брыгады 1-й паветрана-дэсантнай арміі саюзнікаў.

1944 - 20 верасня, страта Беларуссю Беластоцкай вобласці, бо сталінскі ўрад заключыў пагадненне з Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення пра маючую быць перадачу Беласточчыны Польшчы і абмен насельніцтвам на перададзеных землях. З Беласточчыны выселяліся беларусы, з Беларусі туды ехалі беларускія палякі. За наступныя гады ў савецкую Беларусь выехалі з Беласточчыны 36 тысяч чалавек.

1944 - верасень, арышт органамі НКУС архімандрыта Серафіма ў Жыровіцкім манастыры. Прыняў пакутніцкую смерць у турме.

1944 - снежань, у Пружанах органамі НКУС арыштаваны ксёндз Казімір Сьвёнтак. Асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі «за антысавецкую дзейнасць». Адбыў поўны тэрмін пакарання. 30 кастрычніка 1994 года пасвячоны папам рымскім Янам Паўлам II у кардыналы.

1945 - 25 студзеня, утварэнне ў Германіі 1-й беларускай грэнадзёрскай брыгады «Беларусь» з уцекачоў Беларускай Краёвай Абароны і вайсковапалонных беларусаў. Удзел дывізіі ў баях на Заходням фронце супроць ангельцаў і амерыканцаў.

1945 - люты, утварэнне на Берасцейшчыне падпольнай тэрарыстычнай арганізацыі «Чорны кот». Узначальваў яе маёр БКА Міхась Вітушка. Арганізацыя вяла антысавецкую партызанку да 1950 года ў раёнах Заходняй Беларусі. Праз яе чальцоў забітыя болей за 700 партыйных і савецкіх работнікаў сельсаветнага і раённага ўзроўню, членаў іхных сем'яў, міліцыянераў, энкэвэдыстаў і вайскоўцаў.

1945 - 30 красавіка, дывізія СС «Беларусь» па ўзгадненні з амерыканскім камандаваннем прабіла нямецкія заслоны і здалася ў палон амерыканцам (была інтэрнавана).

1945 - красавік - 8 траўня, Берлінская аперацыя Чырвонай Арміі. Удзел беларусаў ва ўзяцці рэйхстагу. За гады вайны страты беларускага насельніцтва (ў межах 1941 года) склалі каля 4 мільёнаў чалавек.

1945 - 9 жніўня - 2 верасня, удзел беларускіх салдат у Маньчжурскай і Курыльскай аперацыях пад час вайны з Японіяй.

1945 - дамова сталінскага ўрада з польскім часовым урадам аб перадачы беларускай тэрыторыі палякам і змене дзяржаўнай мяжы. Было перададзена Польскай рэспубліцы 17 раёнаў Беластоцкай вобласці і 3 раёны Берасцейскай вобласці. Беларусь - адзіная краіна сярод пераможцаў у вайне, якая страціла значную частку сваёй гістарычнай тэрыторыі.

1945 - перасяленне рэштак насельніцтва знішчаных гітлераўцамі вёсак Віцебшчыны і Полаччыны ў Ленінград.

1945 - закрыццё савецкімі ўладамі ў Вільні Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея, заснаванага Іванам Луцкевічам. Большая частка назапашаных багаццяў была перададзена гісторыка-этнаграфічнавму музею Летувы і бібліятэцы АН Летувы, невялічкая частка патрапіла ў цэнтральныя музеі Беларусі.

1946 - смерць ў сібірскім лагеры Антона Луцкевіча, грамадскага дзеяча, былога Старшыні Рады народных міністраў БНР, дырэктара Беларускага музея ў Вільні. Быў рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі 30 верасня 1939 года.

1946 - закрыццё на загад сталінскіх уладаў касцёлаў у Радашковічах, Старым Мядзелі, у Стоўбцах, у Міры, Ашмянах, Відзах.

1947 - люты, арышты органамі НКУС навучэнцаў Глыбоцкага і Пастаўскага педагагічных вучылішчаў - членаў падпольнай арганізацыі «Саюз беларускіх патрыётаў». 43 юнакі і дзяўчыны прысуджаны да пазбаўлення волі на тэрміны ад 5 да 25 гадоў.

1947 - кастрычнік, арышты органамі НКУС у Менску, Маладэчанскай і Пінскай абласцях чальцоў моладзевай падпольнай суполкі «Свабодная Беларусь».

1948 - рэпрэсіі савецкіх карных органаў супраць паслякастрычніцкай беларускай эмірацыі ў Чэхаславакіі. Гвалтоўная дэпартацыя эмігрантаў у СССР і пакаранне зняволеннем у канцлагерах.

1948 - 12 жніўня, савецкімі карнымі органамі ў Чэхаславакіі арыштаваныя выдатная беларуская паэтка Ларыса Геніюш і яе муж Янка Геніюш. З канца 1948 года былі ў турме ў Менску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў ачольнік беларускага НКУС Цанава. Ад яе дамагаліся здачы архіваў БНР. Асуджаная да 25 гадоў зняволення. Часткова рэабілітаваная ў 1956 годзе.

1949 - люты, у рэчышчы кампаніі «барацьбы з космапалітызмам» ЦК КПБ зачыніў Дзяржаўны габрэйскі тэатр БССР.

1949 - паноўныя арышты савецкім НКУС беларускіх літаратараў. За гады рэпрэсіяў было зняволена 238 пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Выйшлі са сталінскіх канцлагераў жывымі толькі 20 чалавек. Загінула за дротам беларускай творчай інтэлегенцыі ў 7 разоў болей, чым за 4 гады вайны на франтах і ў партызанах (30 пісьменнікаў і паэтаў).

1950 - красавік, арышт органамі НКУС настаяцеля царквы ў вёсцы Вялікая Лысіца Нясвіжскага раёна Мацвея Грыцука за трыманне ў хаце рэлігійнай літаратуры. Памёр пасля допытаў.

1950 - 22 чэрвеня, у Маладэчне адбыўся суд над чальцамі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага антысталінскага падполля. Бальшыня атрымала тэрмін зняволення ў 25 гадоў, невінаватыя - па 10 гадоў за «недоносительство». Кіраўнік групоўкі, 22-гадовы Расціслаў Лапіцкі, быў асуджаны да расстрэлу.

1950 - урад БССР перадаў з фондаў Дзяржаўнай карціннай галерэі ўраду Польскай Народнай Рэспублікі найкаштоўную калекцыю з 87 фамільных партрэтаў Радзівілаў, якія раней знаходзіліся ў Нясвіжскім замку. Акт недасведчанасці і глупства.

1951 - лета, пачатак масавай высылкі сем'яў так званых «кулакоў» і пратэстантаў з Заходняй Беларусі. Да сакавіка 1952 г. ў сібірскія вобласці было гвалтам выслана 2.100 сем'яў.

1952 - 18 красавіка, за адну ноч на ўсход СССР вывезлі з Заходняй Беларусі 1683 сям'і, абвінавачаных у «варожай дзейнасці супраць калгасаў».

1955 - варварскі зруйнаваны старажытны рэлігійны асяродак - касцёл Панны Марыі былога калегіюма ў Пінску.

1955 - за пасляваеннае дзесяцігоддзе з Беларусі выселена і вывезена ў Сібір, Казахстан, на Поўнач каля 1 мільёна чалавек («кулаччо», «нацыяналісты», «бандпамагатыя»).

1956 - удзел беларускіх салдат у складзе Савецкай Арміі ў задушэнні вугорскай рэвалюцыі.

1956 - маштабная кампанія ўрада СССР па выманьванні беларускай моладзі для засваення цалінных зямель і пабольшання славянскага складу насельніцтва Казахстана.

1957 - 16 лютага, арышт у Горадні органамі КДБ Браніслава Ржэўскага, літаратуразнаўцы, выкладчыка Гарадзенскага педінстытута. Праз месяц асуджаны Гарадзенскім судом да 7 гадоў пазбаўлення волі «за клевету на советский общественный строй и национальную полититку КПСС». Вызвалены ў 1961 годзе, да скону быў пад пільным даглядам КДБ.

1957 - люты, ЦК КПБ і Савет міністраў БССР прынялі пастанову «Аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР», згодна з якой ў мэтах поўнай русіфікацыі беларуская мова ў Беларусі стала прадметам неабавязковага вывучэння ў школе. Неўзабаве пачалося масавае закрыццё беларускіх школ, змяншэнне накладаў беларускай кнігі, выцясненне беларускай мовы з ужытку («працэс стварэння новай чалавечай агульнасці - расейскамоўнага савецкага народа»).

1958 - са сталінскага канцлагера пасля 13 гадоў зняволення выпушчаны паэт Сяргей Новік-Пяюн - чалавек надта драматычнага лёсу. У 1926 годзе польскія ўлады выслалі яго за стварэнне беларускага хору і тэатру ў роднай вёсцы на Нясвіжчыне ўглыб Польшчы. У 1939 годзе польскія жандары кінулі паэта ў Баранавіцкую турму. У часе вайны Новік-Пяюн дапамагаў партызанам, у 1943 годзе яго арыштавала нямецкае СД і кінула ў лагер смерці ў Калдычаве. 4 ліпеня Новіка-Пяюна разам з 600 іншымі вязнямі павялі на расстрэл. Яго паранілі, і ён выратаваўся, выдаючы сябе за мярцвяка. А праз чатыры месяца ўжо савецкі НКУС беспадстаўна асудзіў Новіка-Пяюна да 10 гадоў зняволення. Гэта ён - аўтар знакамітай песні «Зорачкі».

1960 - паезуіцкі фарны касцёл у Горадні застаўся без святара. На працягу наступных 28 гадоў штонядзелі вернікі праводзілі тут набажэнствы без святара і не адступілі вд веры. (Гэтак жа маліліся самі, не маючы святара, і ў Дзятлаўскім касцёле ды іншых.) У 1988 годзе ксяндзом-пробашчам гарадзенскага фарнага касцёла стаў Тадэвуш Кандрусевіч. А 15 снежня 1990 года Папа Ян Павел II надаў касцёлу тытул Малое базылікі.

1961 - варварскае зруйнаванне сапёрамі Савецкай Арміі па рашэнню партыйнага кіраўніцтва БССР выдатных помнікаў беларускай архітэктуры - «фары Вітаўта» ў Горадні, будынка езуіцкага калегіюма ў Полацку, Койданаўскага кальвінскага збора.

1962 - варварскае зруйнаванне сапёрамі Савецкай Арміі па рашэнню партыйнага кіраўніцтва БССР выключнага па значнасці помніка архітэктуры XII ст. - Дабравешчанскай царквы ў Віцебску.

1963 - зруйнаванне ў Менску па рашэнню кіраўніцтва БССР будынка былой мячэці менскіх татараў, а таксама татарскіх могілак.

1963 - 30 студзеня, арышт у Пінску Мікалая Лагодзіча за дзейнасць супраць парушэння правоў чалавека і СССР. Асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў Мардоўскі спецлагер.

1964 - 19 чэрвеня, забойства ў Пастаўскім раёне невядомымі (даследнікі лічаць, што супрацоўнікамі спецслужбаў) мастака Вітольда Дзіско, які адкрыта выказваўся супроць камуністычнага ладу і быў шчыры каталік. Да гібелі зведаў кантроль КДБ, ізаляцыю і спецпсіхушку.

1965 - удзел беларускіх афіцэраў на працягу 7 гадоў у вайне ў В'етнаме супраць амерыканскай інтэрвенцыі.

1966 - далейшы працяг буйнамаштабнай меліярацыі ў Беларусі. Асушаныя балоты на Палессі неўзабаве пераўтварыліся ў пясчаныя пусткі, было знішчана болей за 600 рэчак, узровень грунтовай вады панізіўся нагэтулькі, што Беларусь упершыню за сваю гісторыю сутыкнулася з праблемай пітной вады.

1968 - жнівень, удзел беларускіх салдат у складзе Савецкай. Арміі ў задушэнні «Пражскай вясны» і акупацыі Чэхаславакіі. Узначальваў аперацыю былы сакратар ЦК КПБ Кірыл Мазураў пад псеўданімам «генерал Трафімаў».

1970 - красавік, асуджаны на 3 гады зняволення за «антысавецкую дзейнасць» Міхась Кукабака. Пасля турмы быў на 3 гады смешчаны ў спецпсіхушку. Вызвалены ў 1976 годзе.

1972 - 15 жніўня, забойства пры невысветленых абставінах мастака, лідэра нацыянал-адраджэнскага руху Лявона Баразны. Непасрэдна перад забойствам рыхтаваў акцыю пратэста супраць разбурэння гістарычнага цэнтра Менска - Нямігі.

1975 - рэалізацыя рашэнняў ЦК КПБ аб ліквідацыі ў Беларусі гэтак званых «неперспектыўных вёсак» дзеля «сацыялістычнага ўмацавання сельскай гаспадаркі». Быў зламаны лад жыцця тысячаў людзей, страчана неацэнная культурная спадчына.

1978 - наступнае зняволенне дысідэнта Міхася Кукабакі за нарыс «Скрадзеная Бацькаўшчына», які зачытала радыёстанцыя «Нямецкая хваля». Выйшаў на волю ў 1988 годзе.

1979 - пачатак вайны, развязанай камуністычным урадам СССР супраць Афганістана. Удзел у вайне беларусаў, прызваных на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Вайна цягнулася 10 гадоў і прынесла вечны смутак мноству беларускіх сем'яў.

1980 - 1 чэрвеня, гібель пры загадкавых абставінах у аўтакатастрофе першага сакратара ЦК КПБ П.Машэрава. Мноства даследчыкаў насуперак афіцыйнай версіі лічыць гібель Машэрава забойствам, падрыхтаваным варожай яму маскоўскай групоўкай.

1984 - жнівень, наўмыснае разбурэнне ў Менску помніка гісторыі і культуры - будынка, ў якім быў першы гарадскі тэатр. З ім связаны імёны Станіслава Манюшкі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. На пустцы ўсталявалі кавярню.

1985 - злачыннае канчатковае знішчэнне гістарычнага менскага замчышча па рашэнні партыйных уладаў з дапамогай маскоўскіх «спецыялістаў», прыкрытае «патрэбамі» будаўніцтва метрапалітэна. Менск стаў адзінай сталіцай у Эўропе, дзе бясследна зруйнаваны гістарычны цэнтр.

1986 - 20 красавіка, збіццё атрадам ветэранаў Афганскай вайны падлеткаў-беларусаў у Траецкім прадмесці Менска на свята Гукання вясны. Напад быў арганізаваны партыйнымі ўладамі супраць нацыянальна свядомай моладзі.

1986 - 26 красавіка, Чарнобыльская катастрофа. ЦК КПБ здзрадзіў беларускаму народу, тыдзень трымаючы ў таямніцы маштабы ядзернага выбуху і не прымаючы мераў па неабходным ратаванні людзей.

1986 - удзел беларусаў-вайскоўцаў у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі і ў раёнах, забруджаных радыеактыўнымі рэчывамі.

1988 - 30 кастрычніка, святкаванне Дзядоў у Менску. Выкарыстанне камуністычным урадам рэспублікі супраць народу міліцыі і ўнутраных войскаў, слезацечных газаў, дубінак. Збіццё і затрыманні людзей. Заяўляльніку акцыі старшыні моладзевага згуртавання «Тутэйшыя» Алесю Бяляцкаму прысуджаны штраф у 200 рублёў - першае палітычнае штрафаванне ў Беларусі.

1989 - 13 жніўня, з Воўчынскага касцёла ў Польшчу вывезены рэшткі труны, у якой быў захаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Аднак старанныя археалагічныя вышукі не выявілі астанкаў караля. Дзе перахавалі яго, ратуючы ад магчымых здзекаў у часе павальнага руйнавання капліцаў і касцёлаў у пасляваенныя гады, застаецца таямніцай.

1989 - штодзень каля касцёла св. Сымона і Алены побач з Домам урада ў Менску, пераробленым пад Дом кіно, менскія вернікі-каталікі разам з ксяндзом-пробашчам Уладзіславам Завальнюком моляцца, просячы ў Бога дапамогі вярнуць ім святыню.

1990 - люты, 100-тысячны мітынг менскіх дэмакратаў супроць пагрозы габрэйскіх пагромаў напярэдадні выбарчай кампаніі.

1990 - 21 лістапада, менскі касцёл св. Сымона і Алены нарэшце вернуты каталікам. Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў урачыстую імшу пасля 46 гадоў выкарыстання ўладамі касцёла як свецкага будынка. Пачатак рэстаўрацыі касцёла сіламі парафіянаў.

1991 - красавік, масавая дэманстрацыя менскіх рабочых супроць інфляцыі і малых заробкаў. Марш 40 тысячаў рабочых («марш касак») па пр. Скарыны да Дому ўрада, дзе адбыўся мітынг пратэсту. Першая праява арганізаванай сілы рабочых пасля 20-х гадоў. Патрабавалі адстаўкі саюзнага і рэспубліканскага ўрадаў. Забастовачны рух распаўсюдзіўся на ўсе буйныя гарады. У Воршы забастоўшчыкі заблакавалі чыгуначны рух. Блакаду ўдалося зняць 24 красавіка з удзелам міліцэйскіх аддзелаў.

1991 - 19 жніўня, утварэнне дэмакратычна арыентаванымі афіцэрамі ў сувязі з мяцежом гэкачэпістаў Беларускага Згуртавання вайскоўцаў. Яго ўзначаліў падпалкоўнік Мікола Станкевіч. Назаўтра праз дэмакратычны друк і па радыё ён зачытаў Зварот БЗВ да салдат і афіцэраў не выконваць загады мяцежнікаў і іхных хаўруснікаў у Беларусі. З цягам часу ўзнікла моладзевае крыло БЗВ - «Чорныя драбы», якія ахоўвалі мітынгі і шэсці ад нападу правакатараў. Існаванне БЗВ перашкодзіла савецкаму афіцэрскаму путчу.

1991 - 17 лістапада, кананізацыя святога Рафала - Юзафа Каліноўскага, бліжэйшага памочніка К.Каліноўскага ў часе паўстання 1863-1864 гадоў. Пасля адбыцця катаргі і ссылкі Юзаф Каліноўскі эміграваў, уступіў у ордэн кармелітаў і стаў вядомым рэлігійным дзеячам.

1992 - 8 верасня, у сувязі з прошукамі прасавецкага і прарасейскага афіцэрства супроць прысягі на вернасць Беларусі ў Менску на плошчы Незалежнасці на свята Багародзіцы БЗВ арганізавала прынясенне прысягі беларусамі-вайскоўцамі запаса і мноствам дзеючых афіцэраў на вернасць Бацькаўшчыне, аб чым яны подпісаліся ў прысяжных лістах.

1994 - красавік, закрыццё ўладамі ўплывовай і папулярнай нацыянальнай праграмы радыё «Беларуская маладзёжная» напярэдадні маючых быць прэзідэнцкіх выбараў.

1995 - 12 красавіка, парушэнне дэпутацкай недатыкальнасці 50 дэпутаў ад апазіцыі ў Авальнай зале Вярхоўнага Савета. Былі збітыя спецаддзелам у масках на загад выканаўчай улады.

1995 - 18 верасня, на загад вышэйшай улады самалёт-знішчальнік беларускіх ВПС збіў паветраны шар, які пралятаў над Беларуссю па ўзгаднёным маршруце міжнароднага мірнага мерапрыемства. Экіпаж шара - 2 чалавекі - загінуў пры падзенні. Адным з падарожнікаў быў амерыканскі ўдзельнік вайны з Германіяй.

1995 - 19 жніўня, забастоўка работнікаў менскага метрапалітэна супраць парушэнняў кіраўніцтвам працоўнага заканадаўства, памяншэння і затрымкі заробкаў. Улада жорстка расправілася з рабочымі. 68 чалавек былі звольненыя і на працягу гадоў не маглі ўладкавацца на працу. На цягніках метро яны былі замененыя запрошанымі з Масквы штрэйбрэхерамі і малавопытнымі машыністамі з беларускай чугункі.

1996 - 24 сакавіка, масавыя акцыі святкавання ўгодкаў БНР. У Менску ў шэсьці ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Супраць удзельнікаў свята быў кінуты спецназ, было арыштавана болей за 30 чалавек. На пр. Скарыны міліцыя, амап, спецназ ўчынілі пабоішча, збівалі жанчын, білі людзей дубінкамі па галаве, без суда трымалі людзей у зняволенні.

1996 - 2 красавіка, масавыя акцыі пратэсту супроць падпісання Лукашэнкам дамовы з Масквой пра ўтварэнне так званай «Супольнасці Расеі і Беларусі». У шэсьці пратэсту ўдзельнічалі 30 тысяч чалавек.

1996 - 5 красавіка, арышт органамі КДБ паэта Славаміра Адамовіча за апублікаваны ў газеце «Выбар» верш «Убей президента», які ўлада прачытала як заклік да тэракту. Правёў у вязніцы КДБ 9 месяцаў, трымаў сухую галадоўку.

1996 - 26 красавіка, болей за 50 тысяч чалавек адзначылі шэсьцем у Менску 10-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы. Улады кінулі на падаўленне «Чарнобыльскага шляху» спецназ, армейскія падраздзяленні, запрошаныя расейскія аддзелы амапу. Адбыліся жорсткія сутычкі, шмат людзей параненыя. Арыштавана болей за 200 чалавек.

1996 - 28 красавіка, арыштаваныя дзеячы апазіцыі, лідэры БНФ Ю.Хадыка і Ў.Сіўчык пачалі ў турме галадоўку пратэсту супраць беззаконня. Галадоўка працягвалася 20 дзён.

1996 - 30 траўня, у Менску на пр. Скарыны ў пікеты салідарнасці з палітвязнямі выйшла каля 5 тысяч чалавек. На пікетчыкаў абрынулі міліцэйскі спецназ. Схоплена болей за 100 чалавек. Мноства людзей жорстка збітыя і асуджаныя. Намеснік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч асуджаны на 10 сутак зняволення. У турэмнай камеры трымаў галадоўку пратэсту.

1996 - 14 чэрвеня, ноччу міліцыянты з аховы прэзідэнта абстралялі машыну дэпутата ВС Віктара Ганчара. Была цяжка параненая сакратарка дэпутата.

1996 - верасень, закрыццё ўладамі ўплывовай і папулярнай сярод моладзі апазіцыйнай радыёстанцыі «101,2» напярэдадні ініцыянаванага А.Лукашэнкам рэферэндума аб змене Канстытуцыі.

1996 - 21 лістапада, 90 дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь паставілі подпісы пад Зваротам аб імпічменце прэзідэнту Лукашэнку. Зварот перададзены ў Канстытуцыйны Суд. Лёс прэзідэнцтва А.Лукашэнкі завіс на валаску. У Менск ратаваць Лукашэнку прыбылі самалётам з Масквы прэм'ер Чарнамырдзін і старшыні абедзьвух палатаў расейскага парламента Строеў і Селязнёў. Перамовы з імі вёў старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі. Ранкам 22 лістапада ён здаўся і падпісаў такое пагадненне, якое развязала рукі Лукашэнку. Усе намаганні пра імпічмент пайшлі дымам. Здрада Шарэцкага адгукнулася імклівым станаўленнем дыктатуры А.Лукашэнкі.

1996 - 24 лістапада, прыняцце на рэферэндуме паправак да Канстытуцыі Беларусі. Абапіраючыся на змены ў Канстытуцыі, прэзідэнт А.Лукашэнка без правядзення выбараў ці спецыяльнага пытання на рэферэндуме ўзурпаваў прэзідэнцкія паўнамоцтвы на 2 гады ў дадатак да 5-гадовага афіцыйнага тэрміну.

1996 - 24 снежня, пасля 12 сутак галадоўкі ў камеры турмы быў вызвалены старшыня Сацыял-Дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч, асуджаны за арганізацыю шэсьця.

1997 - 14 студзеня, арышт і 10-месячнае зняволенне ва ўнутраным следчым ізалятары КДБ старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Тамары Віннікавай. 7 лістапада па стану здароўя пераведзена пад дамашні арышт пры знаходжанні ў кватэры супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай аховы. Знаходзілася пад няспынным даглядам спецслужбы да 8 красавіка 1999 года, калі здолела таямніча знікнуць з тэрыторыі Беларусі. Атрымала статус палітычнага ўцекача ў Ангельшчыне.

1997 - 4 жніўня, дэпутат Вярхоўнага Савета Ўладзімір Кудзінаў асуджаны Барысаўскім судом на 7 гадоў пазбаўлення волі па крымінальным абвінавачванні. На справе - за тое, што паставіў подпіс пад Зваротам аб імпічменце прэзідэнту Лукашэнку.

1997 - 24 верасня, дэпутат ВС, праваабаронца Валеры Шчукін пакараны штрафам за праабарончую дзейнасць на 1092 долара. За тры гады ўлады наклалі на праваабаронцу 3725 долараў штрафу, плануючы зламаць волю галечай. Шчукін адбыў за кратамі 135 сутак, а летам 2001 года быў кінуты ў Жодзінскі СІЗА на тры месяцы.

1997 - 11 лістапада, арышт паважанай ў Беларусі асобы, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, кіраўніка гаспадаркі «Расвет» 75-гадовага Васіля Старавойтава. 28 траўня 1999 года быў асуджаны па надуманых абвінавачаннях да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

1997 - 24 лістапада, забарона ўладамі ўплывовай і шматтыражнай апазіцыйнай газеты «Свабода».

1998 - 11 лютага, арышт дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі А.Клімава па абвінавачванні ў эканамічных парушэннях, на справе - за адкрыты ліст пра адказнасць А.Лукашэнкі за дзяржаўны пераварот, здзейснены ў лістападзе 1996 года. У снежні 1999 года пад час судовага працэсу быў жорстка збіты ў следчым ізалятары. Асуджаны да 5 гадоў зняволення.

1998 - 24 лютага, 18-гадовы Аляксей Шыдлоўскі асуджаны на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за антылукашэнкаўскае графіці на сцяне будынка ў Стаўбцах. Жорсткасць пакарання займела водгукам пашырэнне моладзевага супраціву рэжыму.

1998 - 2 красавіка, за ўдзел у мітынгу супраць злучэння з Расеяй арыштаваныя болей за 40 чалавек. Лідэр Маладога Фронту Павел Севярынец утрымліваўся ў турме да 3 чэрвеня.

1998 - 2 верасня, арыштаваны міліцыяй старшыня Віцебскай Рады БНФ Уладзімір Плешчанка ў сувязі са знікненнем вулічнага бюста душыцеля паўстання 1794 года ў Беларусі А.Суворава. Бюст быў пастаўлены пры жыцці Сталіна. Праз дзень прапажу знайшлі, але Плешчанку пратрымалі за кратамі каля года.

1998 - 7 снежня, у Менску адбыліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі мітынга, прысвечанага 50-ым угодкам прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Заяўляльнікі акцыі старшыня Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Алесь Бяляцкі і намеснік старшыні БНФ «Адраджэнне» Юры Хадыка атрымалі па 10 сутак пазбаўлення волі.

1999 - 5 лютага, у цэнтры Менска, бліз плошчы Перамогі, баявікі фашыстоўскай арганізацыі «Русское национальное единство» збілі актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97». Ніводзін з фашыстаў не быў пакараны. Міліцыя не прыняла захадаў дзеля іх разгону і затрымання вінаватых.

1999 - 27 лютага, антыфашысцкія мітынг і шэсце ў Менску пад дэвізам «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў сувязі з падтрымкай уладамі дзейнасці ў Беларусі фашыстоўскіх груповак РНЕ («Русское национальное единство»). Заяўляльнікі мітынга і шэсця былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі.

1999 - 30 сакавіка, арышт кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Міхаіла Чыгіра на выбарах, абвешчаных Вярхоўным Саветам у сувязі з заканчэннем 5-гадовага тэрміну прэзідэнцтва А.Лукашэнкі. Пракуратура дала санкцыю на ўтрыманне М.Чыгіра пад вартай, каб сарваць выбарчы працэс.

1999 - 5 красавіка, у Магілеве таямніча забіты Славамір Амбружэвіч - сябра БСДП «Народная грамада», назіральнік на выбарах. Цела знойдзена ў будаўнічым кар'еры на ўскрайку горада. Міліцыя адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу.

1999 - 6 красавіка, заўчасная смерць пры загадкавых абставінах намесніка старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання, старшыні Нацыянальнага выканаўчага камітэта Генадзя Карпенкі.На думку незалежных даследнікаў Карпенка стаў ахвярай замаху на жыццё, замакуфляванага пад раптоўную смерць.

1999 - 8 траўня, бясследнае знікненне экс-міністра ўнутраных справаў РБ, дзеяча апазіцыі Юрыя Захаранкі пасля заявы пра намер стварыць апазіцыйны «Беларускі саюз афіцэраў».

1999 - 24 траўня, у рэчышчы выкаранення беларускай мовы і гвалтоўнай русіфікацыі праз установы выхавання дзяцей у Гомельскім дзіцячым садку № 99 Францішка Яўсеенку, якога бацькі выхоўвалі ў беларускай мове, «педагогі» прызналі непаўнавартасным і прызначылі ў групу псіхічна недаразвітых дзяцей. Шчырая праява расізму.

1999 - 30 траўня, трагічная смерць 53 дзяўчат і юнакоў у падземным пераходзе станцыі «Няміга» менскага метро.

1999 - 3 ліпеня, глумленне 130 «байцоў» ваенна-патрыятычнага расейскага атрада «Беркут» над жыхарамі вёскі Мікалаеўка Светлагорскага раёна пад час 55-й гадавіны вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх акупантаў. (Імітацыя захопу вёскі карнікамі СС, дзе ролю эсэсаўцаў выконвалі «беркутаўцы».)

1999 - 21 ліпеня, масавыя дзеянні апазіцыі з нагоды заканчэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў А.Лукашэнкі, супраць узурпацыі ім улады. Перфоманс мастака Алеся Пушкіна перад рэзідэнцыяй Лукашэнкі. Масавыя затрыманні ўвечары ўдзельнікаў святочных гулянняў.

1999 - 16 верасня, увечары па дарозе дамоў бясследна зніклі віцэ-спікер адзінага легітымнага органа ўлады - Вярхоўнага Савета 13-га склікання, дзеяч апазіцыі Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

1999 - 24 верасня, закрылася газета «Навіны» пасля суда па сыску сакратара Савета бяспекі В.Шэймана.

1999 - 17 кастрычніка, у Менску на «Марш свабоды» сабраліся каля 20 тысяч чалавек. Пры руху па вул. Першамайскай шлях калоне перакрылі амапаўцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з міліцыяй і салдатамі ўнутраных войскаў. Агрэсіўнасць амапаўцаў вымусіла людзей да самаабароны. У сутычцы пацярпела больш за 50 міліцыянераў, арыштаваныя былі 100 удзельнікаў «Маршу». Асуджана 65 чалавек.

1999 - 3 снежня, жорстка збіты «людзьмі ў цывільным» тэлерыжысёр Леанід Міндлін, які зняў фільм пра лукашэнкаўскую дыктатуру ў Беларусі.

1999 - 19 снежня, у Віцебску група «людзей у цывільным» люта збіла Барыса Хамайду - галоўнага рэдактара незалежнай газеты «Выбар», лаўрэата прэміі Алеся Адамовіча.


XXI стагоддзе

2000 - 6 студзеня, канчатковае знішчэнне помніка архітэктуры XVIII стагоддзя Малога Гасцінага двара на пл. Свабоды ў Менску. Вызваленае месца аддалі пад аўтастаянку.

2000 - 25 сакавіка, «Марш Свабоды» прысвечаны 82-й гадавіне Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнічалі каля 30 тысяч чалавек. Міліцыя і амапаўцы затрымалі болей 500 чалавек, у тым ліку 37 журналістаў. Пры затрыманні быў збіты міліцыяй в. а. старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі. У ізалятары па вул. Акрэсціна віцэ-спікера Вярхоўнага Савета, намемніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку міліцыянты збівалі нагамі.

2000 - 13 траўня, Малады Фронт правёў у гарадах Беларусі акцыю «Горад наш!». У ноч на 14 траўня ў Менску, Магілеве, Віцебску, Берасці, Барысаве, Заслаўі былі ўзнятыя нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

2000 - 7 ліпеня, бясследнае знікненне ў Нацыянальным аэропорце «Менск-2» аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага.

2000 - ліпень, кампанія жорсткага ціску ўладаў на лідэра прафсаюзаў АПК Аляксандра Ярашука за публічную крытыку аграрнай палітыкі Лукашэнкі, якая вядзе да дэградацыі вёскі.

2000 - 2 жніўня, у Берастовіцы Гарадзенскай вобласці асуджаны да 5 сутак зняволення святар Беларускай аўтакефальнай царквы Іван Спасюк. Айцец Іван імкнуўся зарэгістраваць прыход Беларускай Аўтакефальнай царквы, а не Расейскай праваслаўнай маскоіўскага патрыярхата, якая прэтэндуе на ролю дзяржаўнай царквы Беларусі. Міліцыянты скавалі святара кайданкамі.

2000 - кастрычнік, пазасудовая незаконная канфіскацыя маёмасці экс-старшыні Нацбанка Беларусі Тамары Віннікавай, якая ў Ангельшчыне мае статус палітычнага ўцекача.

2000 - 8 кастрычніка, ва ўсіх буйнейшых гарадах Беларусі прайшлі акцыі пратэсту «Байкот-2000» супраць недэмакратычных выбараў у парламент. У іх узялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці болей за 200 чалавек.

2000 - 1 лістапада, у Горадні на святкаванні Дзядоў каля помніка Янку Купалу міліцыя безпадстаўна затрымала 23 чалавека, пры гэтым была збітая Святлана Нех, а трое актывістаў БНФ «Адраджэнне» Аляксанд Міхальчык, Мікола Воран, Пётр Анісімовіч паваленыя на зямлю і закаваныя ў кайданкі.

2000 - 12 лістапада, буйная акцыя беларускай моладзі пад лозунгам «Пераменаў!», якая адбылася ў Менску і яшчэ ў 25 гарадах Беларусі. Міліцыя затрымала 130 чалавек.

2000 - снежань, падпісанне ганебнай дамовы паміж Беларуссю і Расейскай Федэрацыяй аб аб'яднанні грашовых сістэмаў і пераходзе Беларусі на расейскія грошы з 2005 года.

2000 - засведчанае статыстыкай змяншэнне насельніцтва Беларусі ніжэй 10-мільённай адзнакі. Вынік пагоршання ўмоваў жыцця.

2000 - засведчанае бясследнае знікненне людзей у Беларусі - па афіцыйных прызнаннях налічваецца да 1000 зніклых без вестак на год. Гэта болей за колькасць беларускіх салдат, палеглых у Афганістане.

2001 - 25 сакавіка, за арганізацыю святкавання 83-й гадавіны БНР насуперак забароне ўладаў лідэр БНФ «Адраджэньне» Вінцук Вячорка пасаджаны ў турму на 15 сутак. Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі пакараны зняволеннем на 10 сутак. Лідэр КХП-БНФ Юрась Беленькі асуджаны на 15 сутак.

2001 - 18 траўня, міліцыя разганяла ў Менску арганізаваны АГП «ланцуг неабыякавых людзей», якія трымалі партрэты бясследна зніклых. Шмат удзельнікаў акцыі было збіта пераапранутымі ў цывільнае міліцыянтамі. Летам і ў верасні акцыя «ланцуг неабыякавых людзей» прайшла па ўсіх гарадах Беларусі. Улады замест неабходнага расследавання і пакарання вінаватых адказвалі рэпрэсіямі.

2001 - 11 чэрвеня, два следчых са складу пракурорскай групы, якая займалася расследаваннем таямніцы знікнення аператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага, паведамілі праз СМІ, што ў Беларусі дзейнічала група, створаная з супрацоўнікаў спецслужбаў, для таямнічага забойства палітычных апанентаў улады.

2001 - 12 ліпеня, неўрадавыя СМІ абнародвалі копіі ўнутраных дакументаў МУС Беларусі, якія неаспрэчна сведчаць пра датычнасць шэрагу вышэйшых чыноўнікаў краіны да таямніцы знікнення людзей. Згодна дакументам, іх знішчаў «эскадрон смерці». У рапартах міліцэйскіх службоўцаў названы Віктар Ганчар, Юрый Захаранка, Анатоль Красоўскі як выкрадзеныя, знішчаныя і таямніча пахаваныя на ўчастку лагерных магілаў менскіх Паўночных могілак.

2001 - ліпень - 9 верасня, для захавання рэжыму пасля выбараў новага прэзідэнта ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя парушэнні грамадзянскіх правоў, выбарчага заканадаўства і простыя фальсіфікацыі (толькі прынцыповых і істотных зафіксавана болей за тысячу). Назіральнікі ад эўрапейскіх інтстытуцыяў палічылі выбары несапраўднымі. Цэнтрвыбаркам, не зважаючы на парушэнні і фальсіфікацыі, абвясціў пераможцай А.Лукашэнку. У краіне яшчэ на пяць гадоў застаўся панаваць аўтарытарны рэжым.

2001 - 20 верасня, з нагоды пашырэння менскай кальцавой шашы ўлада распачала вынішчэнне ўрочышча Курапаты - мясціны, дзе ў 1937-1941 гадах праводзіліся масавыя расстрэлы савецкіх грамадзян сталінскімі карнымі органамі. Тут было забіта 200 тысяч чалавек - святароў, калгаснікаў, рабочых, інтэлегенцыі, афіцэраў. Улады, адбельваючы бальшавіцкую дыктатуру, свядома нічога не рабілі для ўшанавання памяці ахвяраў генацыду. Шаша на брацкіх магілах людзей, знішчаных сталіністамі, - варварскі здзек над памяццю ахвяраў, прыхаванае ўхваленне ўладай здзейсненых у Курапатах злачынстваў.


Загрузка...