Часы пасля захопу беларускіх зямель Расеяй


1772 - Першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Прусіяй, Аўстрыяй. Прылучэнне ўсходняй часткі Беларусі да Расейскай імперыі. На далучаных абшарах жыло тады 1.227 тысяч чалавек. Пачатак рэкруцкіх набораў беларусаў у расейскае войска (пажыццёвая служба). Першы набор даў у войска Расеі 3 тысячы беларускіх салдат.

1772 - разрабаванне расейскімі войскамі скарбніцы Нясвіжскага замка. Вырабы з золота, серабра, каштоўных камянёў, бібліятэка ў 20 тысяч тамоў адпраўлены ў Пецярбург. У тым ліку 11 інкунабулаў, якія пазней перададзеныя Расейскай Дзяржаўнай бібліятэцы. Найбольшай стратай стаў вываз Літоўскай метрыкі - збора дзяржаўных актаў ВКЛ, напісаных на беларускай мове. Па сёння застаюцца ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў.

1772 - на захопленых Расеяй па Першым падзеле землях Беларусі скасаваныя Віцебскае, Інфлянцкае, Мсціслаўскае і Полацкае ваяводствы. Ператвораны ў Магілеўскую і Пскоўскую губерні.

1773 - скасаванне булай папы рымкага Клімента XIV ордэна езуітаў. У ВКЛ маёмасць ордэна па прапанове канцлера І.Храптовіча перададзена Адукацыйнай камісіі. На землях, што захапіла Расея па Першым падзеле, ордэн рашэннем імператрыцы Кацярыны захаваны.

1773 - наваградскі дэпутат Тадэвуш Рэйтан заклікаў сойм у Варшаве не прызнаваць Першы падзел краіны, здзейснены драпежнымі суседзямі. Падкупленая магнатэрыя не ўхваліла супраціўлення захопнікам. Узрушаны здрадай і бедствамі забранага краю Рэйтан неўзабаве ў сваём маёнтку Грушаўка пад Ляхавічамі скончыў жыццё, пусціўшы сабе кулю ў скронь.

1775 - утварэнне ў расейскім войску Беларускага палка, камплектаванага з беларусаў забранай Расеяй тэрыторыі.

1776 - пазбаўленне на загад расейскай імператрыцы магдэбургскага права (самакіравання) гарадоў і мястэчак на далучанай да Расеі беларускай тэрыторыі.

1776 - 18 кастрычніка, капітан Тадэвуш Касцюшка пачынае службу ў амерыканскай рэспубліканскай арміі. Удзельнічаў у абароне ад ангельцаў Філадэльфіі, у пераможнай бітве каля Саратогі, праектаваў і будаваў самую моцную крэпасць тагачаснай Амерыкі - Вест-Пойнт на Гудзоне (тут Касцюшку пастаўлены помнік), у арміі генерала Грына забяспечваў сапёрныя работы пад час 1500-кіламетровага рэйду па поўдні. Скончыў вайну ўдзелам у апошняй яе бітве за Чарльстон. 13 кастрычніка 1783 года Кангрэс надаў Касцюшку чын брыгаднага генерала.

1778 - на захопленых Расеяй землях Магілеўшчыны Кацярына II падаравала свайму адстаўному фаварыту С.Зорычу мястэчка Шклоў з наваколлямі і прыгоннымі сялянамі для эксплуатацыі.

1780 - жнівень, паноўныя захопы расейскімі войскамі старавераў на Гомельшчыне. Усіх выводзілі ў Забайкалье на Нерчынскія ды Калывана-Васкрасенскія заводы.

1788 - 18 снежня, удзел беларускіх салдат, узятых у расейскае войска, у штурме і ўзяцці турэцкай крэпасці Ачакаў.

1789 - ліпень, удзел Беларускага егерскага корпуса (3.000 чалавек) ў аблозе Бендэраў (корпус камплектаваўся рэкрутамі з новадалучаных да Расеі Полацкай і Магілеўскай губерняў).

1789 - 22 верасня, удзел беларускіх салдат у пераможнай бітве злучанага расейска-аўстрыйскага войска з туркамі пад Факшанамі каля Рымнікаў.

1790 - 23 снежня, удзел беларускіх салдат (Беларускі егерскі корпус, Полацкі полк) ва ўзяцці штурмам турэцкай крэпасці Ізмаіл (пры штурме загінула 2 тысячы і было паранена 9 тысяч салдат; туркі страцілі 26 тысяч забітымі).

1791 - 3 траўня, прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, якая мусіла вывесці дзяржаву з палітычнай занядбаласці і залежнасці ад суседзяў. Менавіта гэта выклікала новую агрэсію Расеі.

1792 - стварэнне Таргавіцкай канфедэрацыі магнатаў і шляхты, арыентаванай на падпарадкаванне Расеі. Імператрыца Кацярына II прыслала на дапамогу здраднікам дзве расейскія арміі, якія сілай прывялі таргавічанаў да ўлады.

1792 - расейскія войскі занялі Бабруйск, Нясвіж, Наваградак, Слонім, Браслаў, Ушачы, Горадню.

1792 - 19 траўня, бітва беларускіх харугваў з расейскімі захопнікамі каля Міра.

1792 - ліпень, бітвы шляхецкіх харугваў з расейцамі пад Зэльвай, Мсцібавым, Берасцем.

1793 - 17 чэрвеня - 23 лістапада, апошні сойм Рэчы Паспалітай. Адбываўся ў Гарадзенскім каралеўскім замку. Каб дабіцца згоды на Падзел, расейскія грэнадзёрскія часткі і артылерыя атачылі замак, дэпутатаў з яго не выпускалі. Ніхто з дэпутатаў не сказаў умовам падзелу «Так». Тады маршалак сойма Бялінскі патлумачыў маўчанне як знак згоды. Неўзабаве за «нямым» паседжаннем пачаўся чарговы падзел Рэчы Паспалітай.

1793 - студзень, Другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Расейскай імперыі далучаныя цэнтральныя паветы Беларусі. Пашырэнне рэкруцкай павіннасці на гэтыя землі.

1793 - для гістарычных заняткаў расейскай імператрыцы Кацярыны II з беларускіх манастырскіх і царкоўных бібліятэк забіраюць летапісы. Разам з імі высланы рукапісныя кронікі Стрыйкоўскага, Бельскага, Кромэра, Нарушэвіча.

1794 - 24 сакавіка, пачатак антырасейскага вызваленчага паўстання ў Польшчы на чале з генералам Тадэвушам Касцюшкам.

1794 - 22 красавіка, пачатак вызваленчага паўстання ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яго ачоліў палкоўнік Якуб Ясінскі. Артылерыйскае бамбаванне вуліц Вільні расейскай батарэяй.

1794 - 25 красавіка, пакаранне ў Вільне смерцю на шыбеніцы (на фанарным слупе) польнага гетмана ВКЛ Шымона Касакоўскага за здраду і падтрымку інтэрвенцыі Расеі. Яго родны брат, біскуп інфлянцкі, Юзаф Касакоўскі, па гэтакім жа абвінавачванні быў павешаны паўстанцамі ў Варшаве.

1794 - 7 траўня, бітва паўстанцаў атрада Стэфана Грабоўскага з расейскімі войскамі каля вёскі Паляны на Ашмяншчыне.

1794 - 20 чэрвеня, бой паўстанцаў з расейскімі аддзеламі каля Міра.

1794 - 26 чэрвеня, бітва паўстанцкіх аддзелаў Ясінскага і Грабоўскага з расейскімі войскамі пад мястэчкам Солы.

1794 - 2 жніўня, бітва корпуса Караля Серакоўскага з расейскім войскам пад Слонімам.

1794 - 4 верасня, няўдалы бой атрада Стэфана Грабоўскага з расейскім войскам каля Любані. Капітуляцыя атрада. Грабоўскі сасланы ў Кастрамскую губерню. Быў амніставаны імператарам Паўлам I.

1794 - 17 верасня, бітва аддзелаў Караля Серакоўскага з войскам А.Суворава каля вёскі Крупчыцы на Берасцейшчыне. Серакоўскага падтрымалі 3 тысячы сялян-касінераў. У бітве з абодвух бакоў удзельнічалі болей за 20 тысяч чалавек.

1794 - 10 кастрычніка, няўдалая бітва паўстанцкага войска генерала Касцюшкі з расейскім войскам пад Мацяёвіцамі. Раненне і захоп у палон Тадэвуша Касцюшкі. Быў вывезены ў Санкт-Пецярбург. (Пазней амніставаны Паўлам I на абяцанне не браць удзел у войнах з Расеяй. Умовай згоды Касцюшкі былі амністыя і вяртанне з ссылкі 5 тысяч паўстанцаў, сасланых Кацярынай II у Сібір.)

1794 - 3-4 лістапада, удзел беларускіх паўстанцаў у абароне Прагі (прадмесце Варшавы) ад расейскага войска, узначаленага А.Суворавым. Паўстанцы страцілі 10 тысяч забітымі, каля 13 тысяч паранена.

1795 - Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Далучэнне да Расеі заходняй часткі Беларусі і Летувы. Эміграцыя паўстанцаў і нязгодных прысягаць на вернасць імператрыцы Кацярыне II. Набор беларускіх рэкрутаў выключна ў расейскае войска. За 1796-1799 гады ўзята ў войска 49 тысяч беларусаў, а ўсяго з 1772 года - 109 тысяч.

1795 - «пожалование» ўказам імператрыцы Кацярыны II беларускіх сялянаў у якасьці ўзнагароды расейскім генералам, афіцэрам і чыноўнікам. Усяго раздадзена пад прыгнёт новым панам каля 1 мільёна чалавек. Генерал-фельдмаршал Румянцаў разам з Гомелем атрымаў 69 тысяч чалавек, генерал-фельдмаршал Сувораў разам з Кобрыным - 53 тысячы сялянскіх душ.

1795 - увядзенне на далучаных да Расейскай імперыі беларускіх ваяводствах абавязковай платы падаткаў срэбранай ці залатой манетай, а не асігнацыямі, як у расейскіх губернях. Гэта па тагачасным «чорным» курсу абмена папяровых грошаў на «звонкія» павялічвала падаткі ў 5 разоў. Расейскі ўрад мэтанакіравана выбіраў з далучаных зямель золата і срэбра. Гэтакая няроўнасць была адмененая толькі перад вайной 1812 года.

1796 - здзеклівае ўвядзенне ў тытыл расейскіх імператараў дапаўнення «вялікі князь літоўскі». Тытулам карысталіся ўсе наступныя імператарары па люты 1917 года.

1796 - стварэнне ў Францыі легіёнаў з польскіх і беларускіх эмігрантаў (легіёны Дамброўскага). Легіянеры спадзяваліся на пераможную вайну Францыі з Расеяй, якая прынясе незалежнасць Радзіме. За дзесяць наступных гадоў у легіёнах перабыло болей за 25 тысяч эмігрантаў.

1797 - студзень-сакавік, сялянскія паўстанні на Віцебшчыне і Полаччыне супроць перадачы сялян у прыватнае ўладанне расейскім памешчыкам. Каля 14 тысяч сялянаў, узброеных віламі, косамі, каламі, аказалі супраціўленне вайскам. Пасля задушэння сялянскага паўстання 80 чалавек пакаралі бізунамі, астатніх расейскія салдаты секлі розгамі.

1797 - восень, арышты ў Беларусі сяброў Віленскай асацыяцыі - тайнай арганізацыі, якая рыхтавала паўстанне супроць расейскай акупацыі. На Меншчыне, у Лідзе, Кобрыне, Ашмянах арыштавана болей за 70 асобаў. Прыгавор да пакарання смерцю быў заменены ссылкай на катаргу.

1797 - выкарыстанне Напалеонам легіёнаў Дамброўскага ў бітвах з аўстрыйцамі ў Італіі.

1798 - у Пецярбурзе сканаў пад арыштам апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Там жа і быў пахаваны ў касцёле св. Кацярыны.

1799 - удзел беларускіх салдат у італьянскім і швейцарскім паходах расейскага экспедыцыйнага корпуса, ачоленага А.Суворавым.

1799 - удзел беларускіх салдат у складзе сувораўскага корпуса ў бітве з французамі генерала Маро на рацэ Аддзе (Італія).

1799 - 7-8 чэрвеня, ўдзел беларускіх салдат у складзе сувораўскага корпуса ў бітве з французскай арміяй на рацэ Трэбіі.

1799 - верасень, разгром французскім маршалам Массенам каля Цюрыха корпуса Рымскага-Корсакава, у якім былі беларускія рэкруты.


XIX стагоддзе

1800 - 14 чэрвеня, ўдзел беларусаў-легіянераў Дамброўскага ў складзе напалеонаўскага войска ў бітве пры Марэнга (Італія) з аўстрыйскімі войскамі.

1800 - верасень, гвалтам адняты ў каталікоў і перададзены праваслаўнай царкве касцёл Панны Марыі ў Пінску.

1802 - прымусовая экспедыцыя легіянераў Дамброўскага на востраў Сан-Дамінга (Гаіці) для змагання з неграмі-паўстанцам, якіх ачольваў Тусен-Луверцюр. Легіёны былі названы 113 і 114 французскімі паўбрыгадамі. Замест барацьбы за незалежнасць на радзіме легіянеры апынуліся ў ролі душыцеляў паўстання за вольнасць. У ваенных дзеяннях супраць неграў з 6 тысяч легіянераў засталося ў жывых 500 чалавек.

1804 - старажытны Гарадзенскі касцёл Прачыстай Маці Боскай (вядомы як фара Вітаўта) гвалтам адняты ў каталікоў і пераасвячоны ў праваслаўны храм.

1804 - удзел беларускіх салдат у вайне Расеі з Іранам (вайна цягнулася па 1813 год). Пачатак выкарыстання рэкрутаў з Беларусі ў серыі імперскіх войнаў Расеі.

1805 - 2 снежня, няўдалая бітва расейскай і аўстрыйскай армій на чале з М.Кутузавым з французскімі войскамі на чале з Напалеонам пад Аўстэрліцам. (так званая «Бітва трох імператараў», бо прысутнічалі імператар Расеі, імператар Францыі, імператар Святой Рымскай імперыі Франц ІІ).

1805 - удзел рэкрутаваных беларусаў у складзе расейскай арміі ў далучэнні да Расеі Бакінскага ханства.

1807 - пачатак будаўніцтва Бабруйскай крэпасці на месцы старажытнага Бабруйскага замка ў сутоку рэк Бярэзіна і Бабруйка. Гістарычная забудова была знішчаная, часткова перабудаваная. Так, мураваны езуіцкі кляштар ператварыўся ў арсенал. Ваеннаму прызначэнню першыя бастыёны крэпасці паслужылі ў 1812 годзе. Пасля - абарончага значэння не мела. У 1941 -1944 гадах тут быў створаны лагер смерці для чырвонаармейцаў.

1807 - 27 студзеня, ўдзел беларускіх салдат у бітве з французскімі войскамі пад Прэйсіш-Эйлаў.

1807 - удзел беларускіх салдат у бітве пад Фрыдландам расейска-аўстрыйскай арміі з французскім войскам (страты з расейскага боку 25 тысяч).

1808 - удзел беларускіх салдат у вайне Расеі з Швецыяй. Далучэнне Фінляндыі да Расеі ў 1809 годзе.

1810 - удзел рэкрутаваных беларусаў ва ўзяцці расейскімі войскамі абхазскага горада і крэпасці Сухумі пад час пакарэння Расеяй Каўказа.

1812 - 24 чэрвеня, нашэсце 600-тысячнай напалеонаўскай Вялікай Арміі на Расейскую імперыю. Галоўны тэатр ваенных дзеянняў прыпаў на Беларусь. На гэты час у расейскай арміі неслі службу каля 200.000 рэкрутаў з Беларусі. Большая частка іх была ў дывізіях арміяў Барклая-дэ-Толі і Баграціёна, якія супрацьстаялі французам.

1812 - 13-4 ліпеня, ўдзел беларускіх салдат, што служылі ў 3, 11 і 23 расейскіх дывізіях, у знішчальных баях з французамі каля вёскі Астроўня пад Віцебскам (страты расейскага боку 4 тысячы забітымі).

1812 - 11 ліпеня, ўдзел беларускіх салдат 12 і 26 дывізій корпуса Раеўскага ў бітве з французамі пад Салтанаўкай, Дашкоўкай і Навасёлкамі на Магілеўшчыне (французы страцілі 3,5 тысячы, корпус Раеўскага 2,5 тысячы садат).

1812 - 12-13 ліпеня, ўдзел беларускіх салдат у складзе ўланскай дывізіі Ражнецкага (польскі корпус конніцы Напалеона) ў бітве з казакамі генерала Платава каля Міра.

1812 - 15 ліпеня, удзел беларускіх салдат у бітве з аўстрыйскім і саксонскім карпусамі пад Кобрынам.

1812 - 30 ліпеня - 1 жніўня, пераможная бітва з французамі каля вёсак Клясціцы і Якубава на Полаччыне. З абодвух бакоў супрацьстаялі 60 тысяч салдат. Асабліва вызначыліся ў бітве гусары Гарадзенскага палка (у складзе расейскай арміі). Страты французаў 10 тысяч забітымі і параненымі, болей за 3 тысячы патрапілі ў палон.

1812 - 31 ліпеня, удзел беларускіх салдат у бітве з аўстрыйскім і саксонскім карпусамі каля вёскак Гарадзечна і Паддубна на Пружаншчыне.

1812 - 6 жніўня, загад Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага з дазволу Напалеона на стварэнне ўласнага войска. Пачалі стварацца 4 ўланскія палкі, татарскі эскадрон, гвардзейскі лёгкаконны полк, 3 егерскія батальёны, конна-егерскі полк Ігната Манюшкі, уланскія палкі Людвіга Паца і Дамініка Радзівіла, конна-артылерыйская рота Рыгора Тызенгаўза ды іншыя.

1812 - 17 жніўня, удзел беларускіх рэкрутаў з Меншчыны, Віцебшчыны, Гарадзеншчыны ў бітве з французамі пад Смаленскам (страты французаў 20 тысяч забітых і параненых).

1812 - 17-18 жніўня, ўдзел беларускіх салдат у бітве з французамі каля Полацка.

1812 - 3 верасня, удзел беларускіх салдат (расейскі бок) у бітве з корпусам Дамброўскага, у якім было шмат беларусаў, што падтрымлівалі Напалеона, каля вёскі Гарбацэвічы блізка Бабруйска.

1812 - жнівень, французы на загад Напалеона рэквізавалі на акупаванай тэрыторыі Беларусі 53 тысячы галоў быдла, 528 тысяч тон зерня, 100 тысяч тон аўса, 4,5 тысячы тон сена і забралі 539 тысяч рублёў серабром падаткаў. Апроч гэтага па ўсёй краіне шайкі дэзерціраў з Вялікай арміі (пакінулі войска Напалеона 60.000 салдат) рабавалі двары і мардавалі людзей. Рэквізіцыі сялянскай маёмасці праводзіла і расейскае войска, бо цэнтралізаванага снабжэння не было.

1812 - 7 верасня, удзел беларускіх салдат у Барадзінскай бітве, дзе супрацьстаялі з абодвух бакоў 255 тысяч чалавек. З іх напрыканцы бітвы 100.000 былі забітыя ці параненыя. Беларускімі рэкрутамі былі ўкамплектаваныя 3, 4, 11, 12, 17, 23, 27-я расейскія дывізіі, якія абаранялі Сямёнаўскія флешы і батарэю Раеўскага. Лейб-гвардыі пяхотны Літоўскі полк атрымаў за гераізм у бітве георгіеўскі сцяг.

1812 - 17-23 кастрычніка, удзел партызанскага атрада з вёскі Жарцы ў бітве з французамі за вызваленне Полацка.

1812 - лістапад, рабаванне расейскімі войскамі скарбаў Нясвіжскага замка за ўдзел князя Дамініка Радзівіла (камандаваў уласным уланскім палком) у вайне на баку Напалеона. Найперш генерал Кнорынг і яго афіцэры пазабіралі сабе зборы гадзіннікаў, музычных інстументаў, каштоўную вопратку, творы мастацтва. Потым генерал Тучкоў дабраўся да патаемнай скарбніцы, адкуль узяў залатыя і срэбраныя вырабы, каштоўныя камяні, фамільныя рэліквіі. Усяго расейскія вайскоўцы нарабавалі на 10 тысяч залатых рублёў. Усё не надта значнае было разрабавана ніжнімі чынамі ці прададзена з аўкцыёна. Усе царкоўныя рэчы і кнігі перадалі ў Маскоўскі сабор.

1812 - 15 лістапада, удзел беларускіх салдат у бітве з французамі каля мястэчка Койданава.

1812 - 16 лістапада, удзел беларускіх салдат у бітве з французамі пад горадам Красным.

1812 - 17 лістапада, няўдалая бітва 18 і 22 уланскіх палкоў арміі Напалеона, укамплектаваных беларусамі, з расейскім войскам Тармасава пад Менскам.

1812 - 14-17 лістапада, бітва з французамі на рацэ Бярэзіне пад Барысавам. Вызначыўся гераізмам Беларускі гусарскі полк, узнагароджаны пасля вайны 22 срэбранымі трубамі.

1812 - 24 снежня, заканчэнне вайны на тэрыторыі Беларусі. За паўгады ваенных дзеянняў Беларусь страціла кожнага чацвертага жыхара, палову пасяўных плошчаў, дзве трэці пагалоўя коней і жывёлы. Кожныя дзевяць з дзесяці касцёлаў і цэркваў былі разрабаваныя.

1813 - удзел 18, 20, 21 уланскіх беларускіх палкоў, што былі на баку Напалеона, у абароне ад расейскай арміі крэпасці Модлін (пры абароне загінулі болей за 1300 чалавек).

1813 - 13 лютага, удзел беларускіх салдат у складзе расейскага войска ў бітве з саксонцамі пад Калішам.

1813 - 2 траўня, удзел беларускіх салдат у складзе расейска-прускага войска ў бітве з французамі каля вёскі Грос-Гершэн.

1813 - 20-21 траўня, удзел беларускіх салдат у бітве з войскамі Напалеона каля горада Баўцэн.

1813 - 29-30 траўня, удзел беларускіх салдат у бітве з французамі каля Кульма.

1813 - 16-19 кастрычніка, удзел беларускіх салдат у бітве пад Ляйпцыгам («Бітва народаў») (у складзе расейскіх палкоў і ў складзе «маладой гвардыі» напалеонаўскага войска - полк генерала Канопкі). Страты склалі: саюзных войскаў - 80 тысяч, французаў - 60 тысяч.

1813 - 11 лістапада, памёр ад цяжкай раны Дамінік Радзівіл. На ім перарваўся ланцуг спадчынных нясвіжскіх уладароў. Рашэннем расейскага імператара Нясвіж перайшоў Радзівілам так званай «бярлінскай» лініі, з якіх ніхто не вылучыўся айчынным патрыятызмам і ўдзелам у айчынным палітычным жыцці. Наогул магутныя магнацкія фаміліі Беларусі не вылучылі ў новым стагоддзі ніводнага знанага дзеяча. Іхны час прамінуў.

1814 - 29 студзеня, удзел беларускіх салдат у складзе расейскага войска ў бітве з французамі пад Брыенам.

1814 - 25 сакавіка, удзел беларускіх салдат у бітве з французамі пад Фер-Шампенузам.

1814 - 20 сакавіка, удзел беларускіх салдат ва ўзяцці штурмам саюзнымі войскамі Парыжа.

1815 - 18 чэрвеня, ўдзел беларускіх салдат у бітве пад Ватэрлоа (уланскія палкі, што былі ў складзе войска Напалеона).

1820 - 13 сакавіка, выданне імператарам Аляксандрам I Указа аб высылцы з Расейскай імперыі чальцоў ордэна езуітаў і аб закрыцці іхных калегіюмаў і школ, касцёлаў і кляштараў (Віцебскі, Полацкі, Менскі калегіюмы і г.д.)

1821 - верасень, падаўленне сялянскага мяцежу ў мястэчку Мальча Пружанскага павета. На загад намесніка ў Польшчы, брата цара, Канстанціна Паўлавіча 7 чалавек сасланыя на катаргу, астатнія пакараны бізунамі.

1823 - указам расейскага цара забаронена жыхарам Беларусі адпраўляць дзяцей на вучобу ў замежныя ўніверсітэты.

1823 - разгром царскай адміністрацыяй у Вільні студэнцкага Таварыства філаматаў. Было арыштавана і дапытана 135 чалавек. Сярод найбольш вядомых - Адам Міцкевіч, Томаш Зан, Ян Чачот, Восіп Кавалеўскі, Ігнат Дамейка.

1825 - спроба Літоўскага піянернага батальёна, які кватэраваў на Гарадзеншчыне, узняць узброенае паўстанне.

1827 - рэпрэсіі супраць Таварыства ваенных сяброў, якое было створана ў Літоўскім асобным корпусе на Беласточчыне (актыўныя сябры Таварыства сасланыя на катаргу з далейшым пасяленнем у Сібіры).

1828 - верасень, удзел беларускіх салдат у аблозе і ўзяцці расейскімі войскамі крэпасці Варны.

1828 - удзел беларускіх салдат ва ўзяцці расейскімі войскамі крэпасцей Анапы і Поці пад час пакарэння Расеяй Каўказа.

1830 - зруйнаванне па рашэнню расейскага імператара Мікалая I гістарычнага цэнтра Берасця на выспах, дзе Мухавец ўпадае ў Буг, перанос горада за 3 вярсты на ўсход, пабудова на месцы старажытнага Берасцейскага дзядзінца крэпасці для расейскага гарнізона. У ваенных мэтах паслужыла толькі ў 1941 годзе.

1831 - сакавік, пачатак шляхецкага паўстання ў Беларусі і Летуве ў працяг паўстання ў Польшчы за адраджэнне Рэчы Паспалітай ў межах 1772 года. У Беларусь для задушэння паўстання было сцягнута 125 тысяч расейскага войска. Аддзелы паўстанцаў па ўсіх паветах мелі ў шыхтах 10 тысяч шабель. Маламаштабныя баявыя дзеянні адбываліся ў Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губернях.

1831 - 31 сакавіка, паражэнне карнага корпуса ў бітве з польскімі паўстанцамі каля вёскі Вялікія Дубы. Здача ў палон палякам Літоўскага пяхотнага палка. У баі загінулі 1500 карнікаў.

1831 - красавік, пачатак дзейнасці на Гарадзеншчыне трох паўстанцкіх атрадаў агульнай колькасцю 1000 чалавек.

1831 - красавік, перамога расейскіх палкоў над ашмянскім паўстанцкім атрадам, які налічваў 2500 чалавек.

1831 - красавік, бой паміж паўстанцамі і царскімі карнікамі каля мястэчка Глыбокае.

1831 - 14 траўня, бой гарадзенскіх паўстанцаў з казацкімі сотнямі і ўланамі каля вёскі Ялаўка.

1831 - 23 траўня, бой атрада Д.Хлапкоўскага з расейскім атрадам генерала Ліндэна каля вёскі Гайнаўка. У палон патрапілі 400 расейскіх салдатаў.

1831 - 29 траўня, бой паўстанцкага корпуса генерала Гелгуда з расейскім корпусам генерала Сакена паблізу Друскенікаў. Перамогу ўзялі паўстанцы.

1831 - 19 чэрвеня, бой злучаных паўстанцкіх атрадаў з расейскімі карнымі войскамі на Панарскіх вышынях каля Вільні. Паражэнне паўстанцкіх аддзелаў.

1831 - 23 ліпеня, удзел у бітве з паўстанцамі каля Раціёнежа Гарадзенскага лейб-гвардыі гусарскага палка (яго шэраговы склад набіраўся з беларусаў). Некалькі атакаў гусараў на паўстанцкія шыхты прынеслі перамогу лейб-гвардзейцам.

1831 - 24 ліпеня, адыход аддзелаў наваградскіх і слонімскіх паўстанцаў на чале з Юзэфам Кашыцам у Польшчу. У сваіх паветах аддзелы мелі баявыя сутычкі з расейскімі войскамі каля вёсак Радзюкі, Каменны Брод, Гарадзішча, Кошалева, здзейснілі напады на Дзятлава і Беліцу, у Наваградку вызвалілі з астрогу арыштаваных паўстанцаў.

1831 - 19 кастрычніка, пазбаўленне ўказам Мікалая I шляхецкіх правоў і перавод у аднадворцы (падатнае саслоўе) каля 10 тысяч шляхецкіх сем'яў (ваколічнай шляхты) у Беларусі ў пакаранне за антырасейскія настроі і падтрымку паўстання. Гвалтоўнае перасяленне часткі іх у Херсонскую і Таўрычаскую губерні, на Паўночны Каўказ.

1832 - за ўдзел студэнтаў у паўстанні ўказам імператара Мікалая I зачынены Віленскі ўніверсітэт (не дзейнічаў па 1919 год).

1832 - у мэтах русіфікацыі Беларусі зачыненыя 202 каталіцкіх і вуніяцкіх касцёла і манастыры (з 322, што тут існавалі). Бальшыня з іх перароблена пад праваслаўныя цэрквы, астатнія ці бязлітасна разбураны, ці аддадзены пад казармы. Прыкладам, у Воршы пераасвячоны ў праваслаўны храм старажытны Траецкі касцёл і кляштар трынітарыяў, а будынак езуіцкага касцёла зруйнаваны, кляштар, які быў пры касцёле, прыстасавалі пад турму для крымінальнікаў.

1832 - канфіскацыя расейскімі ўладамі маёмасці Сапегаў у Беларусі, у першую чаргу ружанска-дзярэчынскіх збораў каштоўнасцяў. Мастацкія зборы з Дзярэчынскага палаца перавезлі ў Беласток, у палац Браніцкіх, прызначаны пад царскую рэзідэнцыю. Праз 4 гады адсюль каштоўнасці вывезлі ў Пецярбург і Царскае Сяло, а паркавую скульптуру - у пецярбургскі Летні сад.

1833 - 2 жніўня, у Горадні выкананы прысуд пакараннем смерцю на шыбеніцы ўдзельніку паўстання Міхалу Валовічу.

1834 - вываз дзярэчынскай бібліятэкі і архіва Сапегаў у Санкт-Пецярбург. Большая частка кнігазбора захоўваецца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы.

1836 - указам імператара Мікалая I у Беларусі ва ўсіх навучальных установах уводзіцца выкладанне на расейскай мове.

1836 - закрыццё ў Пінску на загад уладаў дома ордэна камуністаў і належачага яму касцёла св. Карла Барамея (існаваў з 1695 года).

1838 - жнівень, за адмову перайсці ў праваслаўе падвергліся здзекам і катаванням 54 манашкі-базыльянкі (34 - з Менска, 10 - з Віцебска, 10 - з Полацка).

1839 - скасаванне Полацкім царкоўным саборам вуніяцкай царквы ў Беларусі. Пачатак гвалтоўнага пераводу беларусаў-вуніятаў у праваслаўе. Уся маёмасць вуніяцкіх цэркваў і манастыроў перадаецца Расейскай праваслаўнай царкве. Ніводзін вуніяцкі храм не быў перададзены каталікам.

1839 - удзел беларускіх салдат у расейскім наступленні на Дагестан. Захоп сталіцы імама Шаміля - аула Ахульга.

1840 - 18 чэрвеня, загадам Мікалая I забаронена выкарыстоўваць найменне «беларускія» і «літоўскія» губерні. Замест іх уведзена назва «Паўночна-Заходні край», адмененая толькі пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

1840 - 25 жніўня, скасаванне царскім урадам дзеяння ў Беларусі Статута ВКЛ 1588 года. Увядзенне ва ўжытак законаў Расейскай імперыі.

1841 - жнівень, уцёкі з-пад панскага прыгнёту 1200 сялян Беліцкага павета (Магілеўшчына) у Херсонскую губерню і Бесарабію, дзе на прылучаных землях не было прыгнёту.

1842 - біскуп Язэп Сямашка распачаў у Жыровіцкім манастыры паленне вуніяцкіх старадрукаў. Напачатку кнігамі тапілі печы, потым пачалі паліць іх у вогнішчы на пляцы. Па 1857 год на загад Сямашкі было спалена некалькі тысячаў беларускіх вуніяцкіх старадрукаў.

1843 - Гарадзенскі базыльянскі жаночы манастыр пераасвячоны ў праваслаўны і перададзены Расейскай праваслаўнай царкве.

1846 - 1100 сем'яў аднадворцаў гвалтам пераселеныя з Беларусі на Каўказ, у Таўрычаскую і Херсонскую губерні па распараджэнні міністра ўнутраных справаў Расеі.

1847 - уцёкі з-пад прыгону 10 тысяч сялянаў Віцебскай губерні ў Пецярбург для працы на будаўніцтве Мікалаеўскай чугункі.

1848 - удзел добрахвотнікаў з Беларусі ў аддзелах вугорскай рэвалюцыйнай арміі пад час нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі ў Вугоршчыне.

1848 - удзел беларускіх салдат у паходзе 200-тысячнай расейскай арміі ў Вугоршчыну для задушэння рэвалюцыі.

1849 - арышты і зняволенне 200 удзельнікаў «Саюза свабодных братоў», які дзейнічаў у Беларусі і ў некаторых гарадах Летувы. У Бараўлянах пад Менскам «Саюз» меў збройную майстэрню. Ставіў мэтай нацыянальнае вызваленне і ўсталяванне дэмакратычнага ладу. Планаваў узняць антыўрадавае паўстанне 5 красавіка 1849 года.

1849 - 16 жніўня, пакаранне смерцю праз расстрэл у Менску сямі вайскоўцаў за адмову ісці на расправу з паўстанцамі ў Вугоршчыну.

1852 - пачатак перабудовы і пераасвячэння ў Магілеўскай губерні касцёлаў і цэркваў, перададзеных Расейскай праваслаўнай царкве. За 11 гадоў перабудавана ў расейскім стылі і пераасвячона 308 мураваных і драўляных храмаў.

1853 - 18 лістапада, удзел беларусаў-маракоў у Сінопскай марской бітве з турэцкай эскадрай.

1854 - пачатак Крымскай вайны. Удзел рэкрутаваных беларусаў у ваенных дзеяннях Расеі супроць саюзнага войска Турцыі, Ангельшчыны і Францыі.

1854 - 20 жніўня, удзел беларускіх салдат у бітве з ангельскімі і французскімі войскамі на рацэ Альма.

1854 - 25 кастрычніка, удзел беларускіх салдат у бітве расейскіх палкоў з ангельцамі і французамі каля Балаклавы.

1854 - удзел беларускіх салдат у абароне Севастопаля (цягнулася 349 дзён, скончылася 8 верасня 1855 года сдачай горада).

1854 - 5 лістапада, удзел беларускіх салдат у няўдалай бітве з французамі і ангельцамі каля Інкермана.

1855 - 16 жніўня, удзел беларускіх салдат у бітве з ангельцамі і французамі пры Чорнай рэчцы.

1855 - у Стамбуле пры загадкавых абставінах хуткацечна памёр Адам Міцкевіч (а 6-й гадзіне ранкам адчуў сябе блага, а 9-й увечары - сканаў). Аб'ектыўныя даследчыкі лічаць, што Міцкевіч быў атруты, бо рыхтаваў легіёны для ўдзелу ў Крымскай вайне.

1857 - 1 жніўня, царскім указам аднадворцы (бедная шляхта) у Беларусі, што жылі на ўласнай ці дзяржаўнай зямлі, рэпрэсіўна аднесены да дзяржаўных сялянаў (44.800 сем'яў).

1861 - красавік, паўстанне іўеўскіх сялянаў супраць драпежніцкіх умоваў зямельнай рэформы. Па ўсёй Беларусі на 1861 год засведчаны 379 сялянскіх выступленняў.

1863 - 1 лютага, пачатак паўстання ў Беларусі і Летуве пад кіраўніцтвам Канстанціна Каліноўскага. (За час паўстання адбылося 237 баёў і сутычак з царскімі войскамі.) Нябесным патронам паўстання абвешчаны святы Язафат.

1863 - 13 лютага, захоп паўстанцамі Пружанаў.

1863 - 11 красавіка, бітва паўстанцкага аддзела Людвіга Нарбута з карнікамі каля вёскі Новы Двор.

1863 - 21 красавіка, бітва паўстанцкага атрада Ўладзіміра Машэўскага з карнікамі каля вёскі Азярцы на Случчыне.

1863 - 24 красавіка, захоп паўстанцкімі аддзеламі Горак-Горыцкіх.

1863 - 26 красавіка, бой паўстанцаў з царскімі карнікамі каля вёскі Пагосцішчы аршанскага павета. Загінулі 6 паўстанцаў.

1863 - 28 красавіка, параза атрада менскіх паўстанцаў у баі з карнікамі каля вёскі Пятровічы.

1863 - 22 траўня, пераможны бой паўстанцкіх аддзелаў з царскімі карнікамі каля вёскі Кадыш на Гарадзеншчыне.

1863 - 24 траўня, у Вільні расстраляныя за ўдзел у паўстанні вікары Жалудоцкага касцёла Станіслаў Ішора і ксёндз Ваверскага касцёла Раймунд Зямацкі (абодва - з Лідскага павета).

1863 - 26 траўня, смерць у баі з царскімі карнікамі каля вёскі Парэчча паўстанцкага камісара Дзісенскага павета Генрыха Дмахоўскага, вядомага скульптара.

1863 - 28 траўня, бітва атрада Вінцэнта Козела з карнікамі каля вёскі Ўладыкі на Вілейшчыне (загінулі 100 паўстанцаў).

1863 - 3 чэрвеня, бітва аддзела паўстанцаў з царскімі карнікамі пад Мілавідамі. У 1927 годзе ў гонар палеглых паўстанцаў тут збудаваная капліца.

1863 - 10 чэрвеня, расстрэл у Лідзе ксяндза Ішчалінскага касцёла Адама Фалькоўскага за чытанне вернікам паўстанцкага маніфеста.

1863 - 13 чэрвеня, бітва паўстанскіх аддзелаў Ф.Уладака і Яна Ваньковіча з царскімі карнікамі каля вёскі Новыя Пяскі.

1863 - 15 чэрвеня, бітва паўстанцкіх аддзелаў Валерыя Ўрублеўскага з царскімі карнікамі на Пружаншчыне.

1863 - за ўдзел студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў паўстанні ўказам цара інстытут пераведзены ў Пецярбург. З гэтага моманта ў Беларусі адсутнічаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы.

1863 - 27 ліпеня, пакаранне смерцю праз павешанне на Лукішскім пляцы ў Вільне кіраўніка паўстання Зыгмунта Серакоўскага.

1863 - 5 жніўня, расстрэл у двары менскай турмы паўстанца Янкі Жмачынскага. Гэта да ягоных ног кінула кветкі праз закратаванае акно камеры Каміла Дуніна-Марцінкевіч, арыштаваная за ўдзел у паўстанні, дачка знанага драматурга. Выкарыстанне пад турму для паўстанцаў кляштара і касцёла бернандзінцаў у Менску (цяпер заняты гарнізоннай гаўптвахтай).

1863 - 28 жніўня, расстрэл карнікамі ў Воршы начальніка аршанскага атрада паўстанцаў Ігната Будзіловіча.

1863 - 1 верасня, бітва паўстанцаў з царскімі карнікамі каля вёскі Баруны Ашмянскага павета.

1863 - 20 снежня, расстрэл на Лукішскім пляцы Цітуса Далеўскага, памочніка Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем.

1864 - 27 лютага, пакаранне смерцю на шыбеніцы камандзіра паўстанцкіх атрадаў Магілеўшчыны Людвіка Звяждоўскага.

1864 - 22 сакавіка, пакаранне смерцю на шыбеніцы на Лукішскай плошчы ў Вільні кіраўніка паўстання Канстанціна Каліноўскага. Усяго па афіцыйных дадзеных 128 удзельнікаў паўстання былі пакараныя смерцю. У баях загінула болей за 6.000 паўстанцаў. На катаргу саслана болей за 1000 чалавек, выслана ў Сібір 13.000 паўстанцаў.

1864 - красавік, канфіскацыя паліцыяй бібліятэкі Віктара і Канстанціна Каліноўскіх у Пецярбурзе. Значная частка кнігазбору братоў выяўлена ў публічнай бібліятэцы Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу. Рукапісы Каліноўскіх былі прададзены ў 1872 годзе і бясследна зніклі.

1864 - 5 жніўня, пакаранне смерцю ў Варшаве камандзіра Кобрынскага паўстанцкага атрада Рамуальда Траўгута.

1864 - пачатак 1,5-гадовага зняволення ў менскім турэмным замку Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, абвінавачанага ва ўдзеле ў паўстанні. У турэмнай камеры ён напісаў сваю знакамітую «Пінскую шляхту».

1865 - разгромная рэвізія Віленскага музея старажытнасцяў, заснаванага ў 1855 годзе гісторыкам і пачынальнікам беларускай археалогіі графам Я.Тышкевічам. Вываз у Маскву на загад генерал-губернатара Мураўёва найлепшых экспанатаў (3.818 археалагічных помнікаў, 3.948 партрэтаў, гравюр, бюстаў, 487 пячатак, 2.097 прывілеяў і аўтографаў, 541 экзэмпляр рукапісаў, 11.014 экспанатаў чучалаў птушак, 8.110 нумізматычных помнікаў, 19.700 тамоў кніг). З экспазіцыі было вынута ўсё, што нагадвала пра былую самастойнасць Вялікага Княства.

1866 - канчатковае закрыццё касцёла Бярозаўскага кляштара картэзіанцаў (кляштар зачынены ў 1832 годзе пасля паўстання). Разабраны расейскімі салдатамі для будаўніцтва казармаў.

1867 - 29 чэрвеня, цырымонія ў Рыме кананізацыі як паўсюднага каталіцкага святога Язафата Кунцэвіча. Занесены ў спіс святых ў Базіліцы св. Пятра з памінальным днём 12 лістапада.

1868 - 19 лютага, спецыяльным законам аднадворцы Менскай, Гарадзенскай, Віленскай, Магілеўскай губерняў пераведзены ў сельскія абшчыны, што рэпрэсіўна зраўнівала гэтую даразборавую шляхту ў правах з сялянствам (110.000 чалавек).

1868 - гвалтоўны перавод з каталіцтва ў праваслаўе на працягу папярэдніх пяці гадоў болей за 60 тысяч сялянаў. Духоўнае насілле здзяйснялася ў мэтах умацавання Расейскай праваслаўнай царквы і русіфікацыі. Гэтым годам закрыты касцёл святой Марыі ў Заслаўі, касцёлы ў Віцебску, Полацку, Глыбокім, Магілеве, Мазыры, Слуцку.

1868 - скасаванне на загад царскай адміністрацыі мальтыйскага камандорства ў Беларусі. Апошні камандор - Людвіг Радзівіл. Касцёл беларускіх мальтыйцаў перароблены ў расейскую праваслаўную царкву.

1871 - удзел эмігрантаў-беларусаў у баявых атрадах Парыжскай камуны. Абарона Парыжа.

1871 - 23 траўня, смерць у баі з версальцамі начальніка ўзброеных сілаў Парыжскай камуны, аднаго з кіраўнікоў паўстання ў Беларусі ў 1863 годзе Яраслава Дамброўскага.

1873 - 23 траўня, дзеля вынішчэння вуніяцага культу св. Язафата на загад расейскіх уладаў у царкве ў Белай Падляскай саркафаг з машчамі святога перанесены жандарамі з алтара ў склеп і там замураваны. У 1914 годзе перавезены ў Вену, а потым у Рым.

1874 - увядзенне ў Расеі ўсеагульнай вайсковай павіннасці з 21-гадовага ўзросту. Тэрмін службы - 6 гадоў у войску, 7 гадоў - на флоце. Моцны механізм русіфікацыі мужчынскай паловы беларускага насельніцтва, змушанага засвойваць на службе расейскую мову і культуру.

1874 - лістапад, карная экспедыцыя (400 салдат, 200 казакоў) на жыхароў мястэчка Лагішын Пінскага павета. Аднятая ў іх зямля была прададзена менскаму генерал-губернатару. Усіх лагішынцаў збілі бізунамі, з іх гвалтам узялі грошы за «самавольнае выкарыстанне зямлі». Дамагліся вяртання сваёй зямлі праз два гады змагання.

1876 - 11 красавіка, абразлівае пераасвячэнне значнага каталіцкага асяродка - Бялыніцкага касцёла Ўспення, які меў цудатворны абраз Маці Боскай, у праваслаўную царкву. У 1930 годзе будынак быў прыстасаваны бальшавікамі пад клуб, потым - пад склад, а ў 1961 годзе наогул знішчаны тагачаснымі ўладарнымі дзікунамі.

1877 - 24 красавіка, абвяшчэнне Расеяй вайны Турцыі. Удзел беларусаў у вайне ў складзе рэгулярных частак расейскага войска і ў якасці дабраахвотнікаў.

1877 - 17 ліпеня, удзел у баявых дзеяннях Перадавога атрада на чале з генерал-лейтэнантам, беларусам па паходжанню, І.Рамейка-Гурко. Узяцце города Казанлык і Шыпкі.

1877 - 20 ліпеня, удзел беларускіх салдатаў у штурме Плеўны.

1877 - 30 ліпеня, удзел беларускіх салдат у няўдалым штурме горада Плеўны (страты расейскага боку 9 тысяч чалавек).

1877 - 3 верасня, удзел беларускіх салдатаў у бітве з турэцкімі войскамі пад городам Лоўча.

1877 - 11 верасня, удзел беларускіх салдатаў у няўдалым штурме Плеўны (страты расейскага боку склалі 12 тысяч салдат).

1877 - 24 кастрычніка, удзел беларускіх салдатаў у бітве з туркамі за крэпасць Горны Дубняк.

1877 - 10 снежня, удзел беларускіх салдатаў у пераможнай бітве пад Плеўнай. Капітуляцыя 40-тысячнага турэцкага гарнізона.

1878 - 9 студзеня, удзел беларускіх салдатаў у бітве з туркамі каля Шыпкі. Капітуляцыя 40-тысячнай арміі Сулейман-пашы.

1881 - 24 студзеня, удзел беларускіх салдатаў ва ўзяцці расейскім войскам пад камандаваннем М.Скобелева галоўнай крэпасці цекінцаў Дзенгіль-Тэпе.

1881 - 13 сакавіка, Ігнат Грынявіцкі (ураджэнец Клічаўскага павета), выконваючы рашэнне выканкама «Народнай волі», у Пецярбурзе кінутай бомбай забіў Аляксандра II і смяротна паранены загінуў сам.

1883 - вяртанне на радзіму з сібірскай 20-гадовай ссылкі па амністыі з прычыны каранацыі Аляксандра III часткі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Мноства ўдзельнікаў паўстання, пазбаўленыя ў Беларусі маёмасці, засталіся ў месцах ссылкі і пасялення. З іх асяродку выйшлі такія вядомыя асобы, як пісьменнік Аляксандар Грын (Грынявіцкі), кампазітар Дзмітрый Шастаковіч (дзед паходзіў з-пад Маладэчна).

1885 - пачатак масавага перасялення беларускіх сялян у сувязі з малазямеллем за Ўрал. За 15 гадоў Беларусь пакінула каля 100 тысяч сялянскага насельніцтва.

1887 - старажытная беларуская святыня дахрысціянскага і хрысціянскага часу - Барысаў камень, што адвечна ляжаў у Дзвіне паблізу г. Дзісны - падняты і вывезены ў Маскву, дзе аздабляе цяпер музей-запаведнік «Каломенскае».

1889 - 11 лютага, адпраўка ў Гістарычны музей у Маскву 59 арабскіх і 120 нямецкіх манет IX-XI стст. са скарба, знойдзенага ў фальварку Новы Двор Менскага павета. З яго ж раней 77 найбольш каштоўных манет забраныя ў Пецярбург для калекцыі Эрмітажа. (З 1,5 тысячы зафіксаваных знаходак скарбаў у Беларусі, усё ўнікальнае і найбольш каштоўнае перадавалася ў калекцыі Масквы і Пецярбурга, срэбраныя манеты адпраўляліся на пераплаўку ў звычайныя грошы на Манетны двор.)

1894 - уладальнік маёнтка Станькава пад Менскам Эмерык Гутэн-Чапскі вывез у шасці вагонах большую частку сваёй мастацкай калекцыі ў Кракаў. Цяпер яна знаходзіцца ў Нацыянальным музеі Польшчы. Рэшткі калекцыі ў 1916 годзе былі вывезены ў Маскву. У 1921 годзе ў Польшчу патрапіла і большая частка лагойскага мастацкага збора Тышкевічаў (болей за 200 карцін Яна Рустэма, Яна Дамеля, 1060 старажытных грамат, рэчы з раскопак у Пампеях, Егіпце, фамільныя партрэты 12 пакаленняў Тышкевічаў і да т.п.

1896 - узброеная сутычка паўсталых сялянаў Рагачоўскага павета з паліцэйскім аддзелам.


XX стагоддзе

1901 - чэрвень, паўстанне сялянаў у мястэчку Вішнеў.

1903 - 1 верасня, арганізаваны чорнасоценцамі габрэйскі пагром у Гомелі.

1904 - пачатак няўдалай для Расейскай імперыі вайны з Японіяй.

1904 - 10 студзеня, бой крэйсера «Вараг» і кананеркі «Карэец» з японцамі на рэйдзе порта Чэмульпа (сярод матросаў было шмат беларусаў).

1904 - красавік, гібель беларускіх салдат у няўдалай для расейскага боку бітве з японцамі каля Цюрэнчэна.

1904 - чэрвень, гібель беларускіх салдат у няўдалай для расейскай арміі бітве з японцамі каля станцыі Вафанчоў.

1905 - ліпень, гібель беларускіх салдат у няўдалай для расейскай арміі бітве з японцамі каля Ляоляна.

1905 - люты, удзел беларускіх салдат у 2-тыднёвай крывапралітнай і няўдалай бітве з японскімі арміямі пад Мукдэнам. Страты з расейскага боку 89 тысяч забітымі і параненымі.

1905 - травень, удзел маракоў-беларусаў у Цусімскай бітве. Разгром японскімі караблямі расейскай эскадры.

1905 - 17 чэрвеня, расстрэл царскімі карнікамі сялянаў у вёсцы Кішчыцы пад Шкловам. Сяляне не хацелі страціць пасьбішча, якое каморнікі адрэзалі на карысць памешчыка. Рота салдат адкрыла агонь па натоіўпу. Забіта 8 чалавек, паранена 15.

1905 - 18 кастрычніка, расстрэл царскімі войскамі і паліцыяй арганізаванага эсэрамі мітынгу працоўных у Менску на Прывакзальнай плошчы на загад менскага губернатара Курлова (80 чалавек забітыя, некалькі соцен параненыя).

1905 - 18 кастрычніка, расстрэл царскімі карнікамі рабочай дэманстрацыі ў Віцебску.

1905 - 23 кастрычніка, арганізаваны чорнасоценцамі і праваслаўным духавенствам габрэйскі пагром у Полацку. У абарону габрэяў выступілі рабочыя дружыны. На падаўленне рабочых улада кінула паліцыю і дзве роты салдат. Бальшыня дружыннікаў загінула ў баі.

1905 - 25 кастрычніка, арганізаваны «чорнай сотняй» габрэйскі пагром у Воршы. Абарону габрэяў арганізавалі эсэраўскія баявікі. У сутычках з пагромшчыкамі загінулі 22 дружыннікі.

1905 - 26 кастрычніка, сутычка баявой дружыны Мазырскай арганізацыі РСДРП з войскамі. 4 дружыннікі забітыя, 6 паранена.

1905 - 30 снежня, расстрэл царскімі карнікамі паўсталых сялян вёсак Лядавічы і Опаль на Палессі.

1906 - 9 лютага, расстрэл у Севастопалі Кацярыны Ізмайловіч за замах на жыццё адмірала Чухніна. Паходзіла з сям'і генерала Ізмайловіча, што жыла ў Менску. Была куратарам Менскай арганізацыі эсэраў, утрымлівалася ў менскай жаночай турме, адкуль ёй арганізаваў ўцёкі ў Севастопаль Барыс Савінкаў, які спецыяльна прыязджаў у Менск. Яе родная сястра Аляксандра - вядомая дзеячка ПС.-Р.

1906 - 11 сакавіка, пакаранне смерцю праз павешанне на браме менскай турмы эсэра Івана Пуліхава за замах на жыццё менскага губернатара П.Курлова. Яго памочніца па замаху Аляксандра Ізмайловіч прыгаворана да пажыццёвай катаргі. Пры савецкай ўладзе Аляксандра пераследавалася як эсэрка. Была расстраляна 11 верасня 1941 года разам з 170 іншымі палітвязнямі ў Арлоўскай турме.

1906 - лета, забастовачны рух сялянаў у Наваградскім павеце, якія спынілі працу на памешчыкаў. Сяляне патрабавалі павысіць заробкі парабкам і паменшыць арэндную плату за зямлю. Сялянскія выступленні падаўлены вайсковай сілай, 137 чалавек былі арыштаваныя.

1907 - 17 сакавіка, у Менску ў падпольнай друкарні арыштаваны сябра партыі эсэраў, вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Алесь Гарун (Пружынскі). Праз год засуджаны да ссылкі ў Сібір з пажыццёвым там пасяленнем. Вярнуўся на радзіму пасля Лютаўскай рэвалюцыі.

1908 - 15 верасня, асуджаны на 3 гады зняволення за нацыянальна-вызваленчую дзейнасць паэт Якуб Колас. Адбываў пакаранне ў менскім турэмным замку. Менавіта тут, у турэмнай камеры, пачаў пісаць знакамітую эпапею «Новая зямля».

1914 - 1 жніўня, пачатак Першай сусветнай вайны. Мабілізацыя вайсковаабавязаных беларусаў на вайну.

1914 - жнівень - верасень, удзел беларускіх салдат ва Ўсходне-Прускай аперацыі расейскай арміі.

1915 - люты - кастрычнік, наступ і акупацыя германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі да лініі Дзвіна - Паставы - Баранавічы - Пінск. Гэтая тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй 4 гады.

1915 - жнівень, наступ германскіх армій. Гераічная абарона фортаў Гарадзенскай крэпасці. Страты палеглымі склалі болей за 3 тысячы салдат і афіцэраў.

1915 - у сувязі з нямецкім наступам і захопам паловы тэрыторыі Беларусі царскі ўрад на прыклад з Паўночнай вайны вырашыў абязлюдзіць тэрыторыю, якую маглі заняць немцы, і арганізаваў прымусовае бежанства: з Гарадзенскай губерні 751.000 чалавек, з Віцебскай - 52.000, з Віленскай - 164.000, з Менскай -162.000. Найбольш апусцелі Гарадзенскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Пружанскі, Кобрынскі, Ашмянскі, Слонімскі, Лідскі, Наваградскі паветы. Агулам з-за ваенных дзеянняў бежанцамі сталі 2 мільёны 292 тысячы чалавек. З іх у 1919-1924 гадах вярнулася на радзіму толькі каля 700.000. Адначасова аказалася зруйнаваная гаспадарка рэгіёнаў, адкуль вывелі ў Расею беларускае насельніцтва. Прымусовае бежанства 1915 года моцна паўплывала на далейшы лёс Беларусі.

1916 - 18-28 сакавіка, удзел беларускіх салдат у беспаспяховай наступальнай аперацыі расейскіх армій у раёне возера Нарач.

1916 - расстрэл салдатамі на загад ваенных уладаў рабочых маёнтка Прылукі блізка Менска за забастоўку.

1916 - зруйнаванне пад час ваенных дзеянняў гістарычнай сядзібы Верашчакаў у Тугановічах блізка возера Свіцязь, злучанай з імем Адама Міцкевіча. Зруйнаванне старажытнага Лаўрышаўскага манастыра на Нёмане, заснаванага князем Войшалкам.

1917 - 27 лютага, удзел беларусаў у Лютаўскай дэмакратычнай рэвалюцыі ў Петраградзе. Арганізацыя беларускіх суполак у войску. Усталяванне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцягу.

1917 - 25 кастрычніка, удзел беларусаў-камуністаў у Кастрычніцкім бальшавіцкім перавароце ў Пецярбурзе.

1917 - 31 снежня, разгон узброенай сілай Усебеларускага з'езда ў Менску на загад бальшавіцкага Аблвыканкамзаха. Рада з'езду абвясціла пра свае ўладныя паўнамоцтвы ў межах Беларусі.

1918 - пачатак грамадзянскай вайны. Удзел беларусаў ва ўсіх ваенных аперацыях Чырвонай Арміі і Белага Руху.

1918 - 12 студзеня, ўдзел спаланізаваных беларусаў у мяцежы польскага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. Аб'яўленне вайны Савецкай Расеі, заняцце корпусам Меншчыны і Магілеўшчыны дзеля далучэння да Польшчы.

1918 - 24 студзеня, бой паміж легіёнамі Доўбар-Мусніцкага і атрадамі Беларускай Чырвонай Гвардыі каля станцыі Ялень.

1918 - 31 студзеня, вызваленне чырвонагвардзейцамі ад польскіх легіянераў гарадоў Жлобіна і Рагачова.

1918 - 18 лютага, германскія войскі, скарыстаўшыся з адмовы Троцкага падпісаць на Берасцейскіх перамовах сепаратны мір паміж Германіяй і Савецкай Расеяй, пачалі наступленне па ўсяму фронту. Акупацыя немцамі цэнтральнай і ўсходняй часткі Беларусі.

1918 - 20 лютага, атрады Вялікай беларускай рады і корпус Доўбар-Мусніцкага ўзялі пад свой кантроль Менск. Камендант горада Канстанцін Езавітаў увёў у Менску ваеннае становішча.

1918 - 3 сакавіка, ленінскі ўрад падпісаў сепаратны Берасцейскі мір з Германіяй. Заходняя частка Беларусі юрыдычна і фактычна аддадзена на рабаванне нямецкім войскам, Усходняя частка Беларусі аддадзена Расеяй германцам ў якасці заклада да выплаты кантрыбуцыі, але фактычна пад рабунак. Савецкая Расея выкупілася ад германскай акупацыі коштам Беларусі.


Загрузка...