Часы пасля Крэўскай вуніі


1385 - 15 жніўня, у Крэўскім замку адбылася цырымонія заключэння дынастычнай вуніі Вялікага Княства з Польскім каралеўствам. Князь Ягайла, атрымоўваючы польскую карону і каралеву Ядвігу, аддаваў Вялікае Княства Польшчы на жорсткіх умовах поўнай страты дзяржаўнасці ВКЛ. Гэта адразу забяспечыла яму польскія посілкі ў вайне з Вітаўтам. Вітаўт мусіў паверыць абяцанкам Ягайлы стаць яго намеснікам у ВКЛ і пайсці на замірэнне. Таму з боку Ягайлы вунія засведчана яго родным братам князем Сямёнам-Лунгвенам Мсціслаўскім і варожым да яго князем Вітаўтам. Неўзабаве Вітаўт аднавіў ваенныя дзеянні. Па сутнасці, з дня Крэўскай вуніі пачынаецца заняпад дзяржаўнай моцы ВКЛ. Дзяржаўная здрада Ягайлы (аддаў дзяржаву ў пасаг) заклала падмурак гістарычнай драмы, не разыгранай да канца па сёння.

1386 - хрышчэнне Літвы і Чорнай Русі (Гарадзеншчына), якія трымаліся язычніцтва, ў каталіцтва. Пачатак супрацьстаяння дзвюх хрысціянскіх канфесіяў у Беларусі.

1386 - выступленне полацкага князя Андрэя супраць свайго малодшага брата, польскага караля Ягайлы, і Крэўскай вуніі.

1386 - абарона палачанамі горада ад палкоў князя Івана-Скіргайлы, роднага брата Ягайлы.

1386 - бітва войска Вялікага Княства са смалянамі на рацэ Віхры.

1388 - пачатак 4-гадовай барацьбы князя Вітаўта супраць Крэўскай вуніі і за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім.

1389 - асада Мсціслаўя смаленскім войскам князя Святаслава.

1390 - паход польскага войска на чале з каралём Ягайлам на Гарадзенскае княства (вернае Вітаўту). 50-дзённая аблога палякамі Гарадзенскага замка.

1390 - аблога Віленскіх замкаў крыжакамі і палкамі князя Вітаўта. Разбурэнне Ніжняга замка і горада Вільні. Пры аблозе быў забіты малодшы брат Ягайлы князь Васіль-Казімір Віганд. Яму адсеклі галаву і насілі на дзідзе перад сценамі замкаў, запужваючы абаронцаў.

1391 - паход палкоў князя Вітаўта разам з крыжацкімі посілкамі на Вільню. Спаленне Крывога горада пры аблозе.

1391 - захоп войскамі князя Вітаўта з дапамогай крыжацкіх аддзелаў Гарадзенскага замка.

1391 - асада Наваградка войскам вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Конрада Валенрода.

1392 - разбурэнне князем Вітаўтам крыжацкага замка Рытэрсвердэр (каля Коўна) напярэдадні вяртання ў Вільню і каранацыі.

1392 - захоп крыжацкімі аддзеламі горада Суража.

1392 - 5 жніўня, заключэнне ў Востраве каля Ліды Востраўскага пагаднення паміж польскім каралём Ягайлам і князем Вітаўтам, якое паклала канец шматгадовай міжусобіцы і ўмацавала незалежнасць ВКЛ.

1392 - задушэнне вялікім князем Вітаўтам мяцежу князя Свідрыгайлы, малодшага брата Ягайлы, у Віцебску.

1393 - захоп і спаленне крыжакамі Гарадзенскага замка.

1393 - захоп крыжакамі з дапамогай палкоў, верных князю Вітаўту, Ліды і Лідскага замка.

1394 - безпаспяховая аблога Наваградка крыжацкім войскам вялікага магістра ордэна Конрада фон Юнінгена.

1394 - паход палкоў князя Свідрыгайлы разам з крыжакамі на Віцебск. Спаленне прадмесцяў горада. Узяць віцебскі замак крыжакі і прыхільнікі Свідрыгайла не здолелі.

1396 - паўторны захоп князем Свідрыгайлам Віцебска і адваёва горада палкамі вялікага князя Вітаўта.

1397 - паход войска Вялікага Княства на чале з князем Вітаўтам на крымскіх татараў.

1397 - аблога Воршы смаленскім войскам князя Святаслава.

1398 - дазвол князя Вітаўта татарам, што адыйшлі ад Арды, на сталае пасяленне на землях ВКЛ (Іўе, Слонім, Трокі, Менск) з абавязкам нясення вайсковай службы.

1399 - 12 жніўня, бітва войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Вітаўтам (сумесна с польскімі, крыжацкімі посілкамі) з ардынскімі татарамі хана Эдыгея на рацэ Ворскле (Украіна). Самая няўдалая для Вялікага Княства бітва сярэднявечча. У сечы палегла дзве траціны войска Вялікага Княства, загінулі 60 беларускіх, летувіскіх, украінскіх князёў, сярод іх героі Кулікоўскай бітвы - Андрэй Полацкі, Дзмітрый Бранскі, Дзмітрый Баброк Валынскі. Параза ўзмацніла залежнасць ВКЛ ад Польшчы.


XV стагоддзе

1401 - спроба смаленскіх князёў адыйсці ад Вялікага Княства Літоўскага. Аблога Смаленска войскамі князя Вітаўта.

1401 - узяцце войскамі Вялікага Княства горада Дынабурга пасля працяглай аблогі і штурма.

1401 - аблога аршанскага замка войскам мяцежнага Свідрыгайлы.

1402 - паход крыжакоў сумесна з аддзеламі Свідрыгайлы на Вільню і Гарадзеншчыну. Беспаспяховая аблога крыжакамі Гарадзенскага замка.

1402 - бітва войска ВКЛ на чале з князем Сямёнам Мсціслаўскім з разанскім войскам каля горада Любуцка.

1403 - захоп палкамі князя Сямёна Мсціслаўскага Вязьмы.

1404 - 3-месячная аблога Смаленска войскам князя Вітаўта. Канчатковае далучэнне Смаленскага княства да ВКЛ.

1405 - паход войска Вялікага Княства на Пскоўшчыну. Беспаспяховая аблога Пскова. Вынішчэнне горада Каложы. Гвалтоўны вывад 10 тысяч калажанаў дзеля засялення Горадні.

1406 - паход пскоўскага палка на Полацак. Трохдзённая аблога горада.

1406 - безпаспяховыя асады і штурмы Лідскага замка смаленскім войскам князя Юрыя Святаславіча.

1407 - захоп войскам Вялікага Княства горада Адоева.

1409 - пачатак «Вялікай вайны» Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы супроць Тэўтонскага ордэна.

1409 - кастрычнік, князь Свідрыгайла, малодшы брат караля Ягайлы, за здраду ў часе вайны з Ордэнам (спрабаваў перайсці на бок крыжакоў для барацьбы за віленскі трон) асуджаны вялікім князем Вітаўтам да зняволення ў вязніцы Краменецкага замка. Прабыў за кратамі 9 гадоў. Быў вызвалены сваім прыхільнікам князем Астрожскім, харугвы якога ўзялі замак штурмам.

1410 - 15 сакавіка, напад крыжацкіх палкоў на Ваўкавыск у Вербную нядзелю (па законах таго часу - святатацтва, бо царква забараняла ваенныя дзеянні на пасхальныя святы). Таямніча падрыхтаваны паход некалькіх штандараў крыжакоў, ачоленых вялікім маршалам Ордэна Фрыдрыхам Валенродам, ставіў мэтай забойства князя Вітаўта, які меўся быць у Ваўкавыску на свята, каб разбурыць ваенны саюз Польшчы і ВКЛ.

1410 - 7 красавіка, чарговая спроба Тэўтонскага ордэна здзейсніць забойства вялікага князя Вітаўта. У Кежмарку (горад на поўначы Славакіі) пад час сустрэчы князя з каралём Сігізмундам, які падтрымліваў крыжакоў, тую частку горада, дзе размясціўся са сваім почтам Вітаўт, падпалілі з усіх бакоў, і ў пажары аддзел наёмнікаў напаў на двор князя. Ахова здолела іх разбіць, і князь вырваўся з вогненнага кола.

1410 - 15 ліпеня, пераможная бітва злучаных войскаў Вялікага Княства і Польшчы з Тэўтонскім ордэнам каля Грунвальда. У бітве ўдзельнічалі 40 палкоў Вялікага Княства і аддзелы беларускіх татараў. На поле сечы палегла траціна войска ВКЛ, а мсціслаўскі, аршанскі, смаленскі палкі палеглі амаль цалкам, прыняўшы галоўны ўдар крыжакоў. Бітва паклала канец двухсотгадому націску крыжакоў на беларускія і летувіскія землі. Камандаваў злучанымі войскамі вялікі князь Вітаўт. Пад Грунвальдам біліся наступныя беларускія харугвы: берасцейская, віленская, віцебская, ваўкавыская, гарадзенская, друцкая, крэўская, лідская, медніцкая, менская, магілеўская, мсціслаўская, наваградская, аршанская, пінская, полацкая, слонімская, слуцкая.

1410 - жнівень-верасень, з-за стратэгічнай памылкі Ягайлы, які змарнаваў два тыдні часу на ўрачыстасці з прычыны перамогі, аблога войскамі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага крыжацкай сталіцы Мальбарка не прынесла поспеху. Комтур Генрых фон Плаўэн адстояў замак і захаваў тэўтонскую дзяржаву.

1411 - пераможны паход войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам на Залатую Арду дзеля стаўлення ханам свайго саюзніка па Грунвальдскай бітве хана Джэлаладзіна.

1413 - 2 кастрычніка, заключэнне Гарадзельскай вуніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. Афармленне шляхецкага гербавага брацтва і прывілеяванага становішча каталікоў перад праваслаўнымі, што неўзабаве адгукнулася хатнімі (міжусобнымі) войнамі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

1420 - прыбыццё ў Чэхію на дапамогу войскам Яна Гуса 5-тысячнага беларускага і ўкраінскага праваслаўнага войска на чале з князем Жыгімонтам-Карыбутам ад імя вялікага князя Вітаўта, які прыняў каралеўскую карону Чэхіі.

1421 - адмова Вітаўта ад чэшскай кароны і ягоны загад праваслаўным палкам вярнуцца ў ВКЛ. Дзве тысячы беларускіх і ўкраінскіх ваяроў засталіся ў Чэхіі пад началам Жыгімонта-Карыбута. Папа рымскі абвясціў Жыгімонта ерэтыком, у шляхты, што засталася з ім, былі аднятыя маёнткі.

1424 - выправа войска ВКЛ супраць ардынскіх татараў.

1425 - перамога войска ВКЛ над татарамі каля Разані.

1426 - рабаўнічы паход войска Вялікага Княства на пскоўскія землі.

1426 - удзел беларускіх рыцараў Жыгімонта-Карыбута ў пераможнай бітве гусітаў з крыжацкімі штандарамі каля горада Усці на Лабе.

1427 - рабаўнічы паход войска ВКЛ на паселішчы Ноўгарадскай зямлі.

1430 - 23 жніўня, падрыхтаваная каралеўская каранацыя князя Вітаўта не адбылася, бо асвячоная папам рымскім карона была гвалтам забраная палякамі на загад Ягайлы ў паслоў Вітаўта на польскай мяжы. У наступным гэтая карона, надсечаная мечам, выкарыстоўвалася як карона кракаўскага біскупа.

1430 - кастрычнік, смерць вялікага князя Вітаўта. Сыноў не пакінуў, дачка Соф'я стала жонкай маскоўскага князя Васіля, сына Дзмітрыя Данскога.

1430 - лістапад, абранне баярствам ВКЛ на вялікага князя Свідрыгайлы насуперак умовам Гарадзельскай вуніі і жаданню палякаў, якія хацелі, каб тытул вялікага князя перайшоў да Ягайлы, а ВКЛ засталося без уласнага валадара. Зняволенне Ягайлы ў віленскім замку на загад Свідрыгайлы.

1432 - пачатак 4-гадовай хатняй вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім паміж вялікімі князямі Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Разбурэнне варагуючымі бакамі Крэва, Ліды, Заслаўя, Менска, Барысава, Маладэчна, Трокаў.

1432 - жнівень, напад палкоў Жыгімонта Кейстутавіча на Свідрыгайлу ў Ашмянах. Асада Мсціслаўскага замка.

1432 - 8 снежня, бітва пад пад Ашмянамі паміж вялікімі князямі Свідрыгайлам і Жыгімонтам. Загінула ў гэтай сечы болей за 10.000 чалавек.

1433 - аблога палкамі Свідрыгайлы Лідскага і Крэўскага замкаў.

1434 - разбурэнне войскам Свідрыгайлы пасадаў Менска. Безвыніковая асада менскага замка.

1435 - аблога войскамі князя Жыгімонта Віцебска і Полацка, верных князю Свідрыгайлу.

1435 - спаленне ў Віцебску на загад князя Свідрыгайлы мітрапаліта кіеўскага Герасіма. Гэты варварскі акт пазбавіў Свідрыгайлу мноства прыхільнікаў сярод праваслаўнай шляхты і блага паўплываў на лёс самастойнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ.

1435 - верасень, бітва на рацэ Святой паміж войскамі князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта. Пераможцам выйшаў Жыгімонт Кейстутавіч.

1440 - захоп змоўшчыкамі (праваслаўныя князі Іван і Аляксандар Чартарыйскія, віленскі ваявода Доўгірд, трокскі ваявода Лялюша) трокскага замка і забойства вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў замкавай капліцы. На вялікага князя абраны малодшы сын Ягайлы - 14-гадовы Казімір Андрэй (Імя Андрэй было нададзена пры нараджэнні ў гонар дзеда - Андрэя Гальшанскага). Дынастыя Кейстутавічаў сыйшла ў небыццё.

1446 - захоп князем Мазоўшы Баляславам часткі Падляшша.

1443 - вайна Вялікага Княства Літоўскага з Мазовіяй за Падляшша.

1444 - 10 лістапада, удзел беларускіх палкоў у бітве пад Варнай з туркамі. Смерць у бітве караля Польшчы Ўладзіслава Ягайлавіча. Гэта наноў аднавіла вунію ВКЛ з Польшчай, бо вялікі князь Казімір быў абраны палякамі на караля.

1449 - паход войска Вялікага Княства Літоўскага на Калугу.

1454 - удзел войска ВКЛ у 13-гадовай вайне Польшчы з Прускім (Тэўтонскім) ордэном за Памор'е.

1474 - першы напад крымскіх татараў на паўднёвыя землі Беларусі. Усяго з гэтага года па 1569 год крымчакі зрабілі 75 рабаўнічых паходаў і наездаў на Беларусь.

1481 - красавік, няўдалая змова праваслаўных князёў Вялікага Княства (Міхаіла Слуцкага, Фёдара Бельскага, Івана Гальшанскага) супраць вялікага князя Казіміра. Пакаранне схопленых М.Слуцкага і І.Гальшанскага смерцю праз адсячэнне галавы ў Вільні.

1490 - перамога войска Вялікага Княства Літоўскага над татарскім войскам каля горада Зацлава.

1492 - ліпень, пасля смерці вялікага князя ВКЛ і польскага караля Казіміра пачатак першай буйной вайны Маскоўскага княства з Вялікім Княствам Літоўскім за ўсходнія тэрыторыі ВКЛ. Ваенныя дзеянні цягнуліся 3 гады.

1492 - жнівень, маскоўскія ваяводы папалілі Мцэнск і Любуцк, людзей вывелі ў палон.

1492 - верасень, маскоўскае войска захапіла Рагачоў і Хлепень.

1494 - не маючы сілаў перамагчы маскоўцаў у вайне, рада ВКЛ вырашыла замірыцца праз шлюб вялікага князя Аляксандра з дачкой маскоўскага князя Івана III Аленай. Па ўмовах шлюбу ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў вярхоўях Акі.

1497 - паход войскаў Польшчы і Вялікага Княства на Малдавію.

1497 - рабаўнічы наезд татараў на Мазыршчыну, аблога Мазыра.

1499 - рабаўнічы наезд татараў на Берасцейшчыну. Спаленне горада і крэпасці Берасця.


XVI стагоддзе

1500 - спусташэнне крымскімі татарамі Тураўскай зямлі. Безпаспяховая аблога імі Камянецкага замка.

1500 - травень, пачатак 3-гадовай спусташальнай вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам (другая вайна).

1500 - чэрвень, захоп маскоўскімі войскамі Бранска, Пуціўля, Сярпейска, Старадуба, Гомеля, Любеча, Ноўгарад-Северскага.

1500 - 14 ліпеня, няўдалая для беларусаў бітва 5-тысячнага войска на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім з 20-тысячным маскоўскім войскам на Вядрошы (каля Дарагабужа). Загінула болей за 4,5 тысячы чалавек з харугваў гетмана. Сам Канстанцін Астрожскі і мноства ваяроў патрапілі ў маскоўскі палон.

1501 - 4 лістапада, няўдалая бітва войска Вялікага Княства з маскоўскім войскам пад Мсціславам. Разбурэнне маскоўскім войскам Воршы, вёсак і мястэчак на Віцебшчыне і Полаччыне.

1502 - ліпень, аблога маскоўскім войскам Смаленска і Мсціслаўя.

1502 - спусташэнне крымскімі татарамі Бабруйска і Койданава. Бітва шляхецкіх харугваў з татарскімі загонамі на Ушы.

1502 - аблога татарамі горада і замка Слуцка. Перамога над татарамі войска, узначаленага князем Сямёнам Слуцкім, і гусарскіх харугваў у бітве на Ушы.

1503 - красавік, 6-гадовае замірэнне з Масквой, да якой адыходзілі вялікія тэрыторыі з гарадамі Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Любеч, Невель, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль, Радагошч, Старадуб, Хоцім, Чарнігаў.

1503 - паноўны рабаўнічы наезд крымскіх татараў на беларускія землі, спусташэнне Бабруйска, Нясвіжа, Клецка, Койданава, Наваградка. Асобныя загоны крымчакоў хадзілі на Менск і Лагойск, дасягалі Віцебска, Полацка Вільні. У тую вайну слуцкая княгіня Анастасія сама выводзіла ў поле супраць татараў слуцкі полк. У жніўні разграміла крымчакоў каля Давыд-Гарадка войска князя Сямёна Слуцкага.

1505 - паноўны наезд крымскіх татараў на Беларусь, аблога горада Слуцка, разбурэнне Лоева.

1505 - безпаспяховая аблога войскам крымскага хана Біці-Гірэя і турэцкімі янычарамі Наваградскага замка.

1506 - рабаўнічыя наезды крымчакоў на гарады Мазыр, Брагін, Ашмяны, Ваўкавыск, Клецак.

1506 - асада Менскага замка перакопскімі татарамі Махмуд-Гірэя.

1506 - безпаспяховая аблога маскоўскім войскам Полацка.

1506 - 5 жніўня, пераможная бітва 7-тысячнага войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Міхалам Глінскім з 12-тысячным войскам татараў пад Клецкам. Амаль усё татарскае войска было вынішчана. Вызвалена 40 тысяч палону, які гналі ў Крым. У гонар гэтай перамогі Мікалай Радзівіл заснаваў у Вільні касцёл кармелітаў Маці Божай Снежнай і св. Юр'я.

1507 - красавік, пачатак 2-гадовай вайны Вялікага Княства Маскоўскага з Вялікім Княствам Літоўскім за ўсходнія землі ВКЛ (трэцяя вайна).

1507 - красавік, напад маскоўскіх палкоў на Смаленск і Полаччыну.

1507 - кастрычнік, аблога маскоўскім войскам Крычава і Мсціслаўя. Гарады, былі выратаваныя ад захопу паспалітым рушэннем шляхты.

1508 - рабаўнічы наезд на Беларусь крымскіх татараў. Разгром татарскіх загонаў каля Слуцка.

1508 - 2 лютага, напад аддзела дворнага маршалка князя Міхала Глінскага пад Горадняй на сядзібу ваяводы Яна Забярэзінскага. Пасля сутычкі сядзіба была захоплена, і Глінскі загадаў забіць Забярэзінскага.

1508 - мяцеж магнацкай групоўкі на чале з маршалкам дворным ВКЛ Міхалам Глінскім і яго братамі, якія выступалі за незалежнасць ВКЛ (аддзяленне ад Польшчы). Міжусобная вайна ў ВКЛ. Захоп палкамі Глінскага Турава, Мазыра, безвыніковая аблога Слуцкага замка. Уцёкі братоў Глінскіх і іхных аддзелаў у Маскву.

1508 - травень, аблога палкамі Глінскага і маскоўскага ваяводы Шамячыча Менска, спусташэнне менскага пасада і прыгарадаў.

1508 - жнівень, паход войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім на Северскую зямлю.

1511 - перамога войска Вялікага Княства Літоўскага над войскам крымскіх татараў у бітве каля Вішняўца.

1512 - пачатак 10-гадовай вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім за ўсходнія землі ВКЛ (чацвертая вайна).

1512 - лістапад - снежань, 6-тыднёвая няўдалая аблога маскоўскімі войскамі Смаленска, спаленне пасадаў Полацка.

1512 - бітва беларускіх харугваў з татарскімі загонамі каля мястэчка Ляпушна.

1513 - паноўная 3-месячная аблога Смаленскага замка маскоўскім войскам.

1513 - ліпень, аблога маскоўскімі палкамі горада Воршы.

1514 - травень - жнівень, аблога і ўзяцце Смаленска маскоўскім войскам пасля абстрэлу з 300 гарматаў. Захоп маскоўцамі Мсціслаўя, Крычава, Дуброўны.

1514 - 8 верасня, перамога 30-тысячнага войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім разам з польскімі посілкамі над 80-тысячным маскоўскім войскам на рацэ Крапіўна каля Оршы. Самая няўдалая для Масквы бітва таго стагоддзя.

1515 - разбуральны паход пскавічоў на Браслаў і Друю, маскоўскіх палкоў - на Мсціслаў, Віцебск, Полацак.

1515 - паход войска Вялікага Княства Літоўскага на Вялікія Лукі.

1517 - напад маскоўскіх войскаў на землі Вялікага Княства. Баі пад Менскам і Вільняй. Параза маскоўцаў пад Полацкам.

1518 - паход ноўгарадскіх і пскоўскіх палкоў на Полацак.

1519 - бітва конных харугваў гетмана Канстанціна Астрожскага з крымчакамі пад Сокалам.

1519 - паноўны рабаўнічы паход маскоўскіх палкоў на Беларусь, разбурэнне Маладэчна, Крэва і Ашмянаў.

1520 - паход маскоўскага ваяводы Гадунова пад Полацак і Віцебск.

1521 - няўдалая аблога загонамі крымскіх татараў Мазыра, Слуцка і Слуцкага замка.

1523 - аблога маскоўскім войскам разам з крымчакамі Чачэрска.

1525 - няўдалая спроба Францішка Скарыны прадаваць свае кнігі ў Маскве. Яго выданні Бібліі былі спаленыя ў агні як ерэтычныя (пераклад на зразумелую народу мову).

1527 - беспаспяховая аблога крымчакамі горада Пінска.

1527 - пераможная бітва войска Вялікага Княства на чале з гетманам К.Астрожскім з крымскімі татарамі пад Кіевам на рацэ Альшаніца. Канец буйных крымскіх наездаў на Беларусь.

1529 - 18 кастрычніка, у віленскім Дольнім замку насуперак традыцыі меч і шапка вялікага князя літоўскага былі ўручаныя 9-гадоваму Жыгімонту Аўгусту. Пры гэтым быў яшчэ жывы яго бацька - Жыгімонт Стары, польскі кароль і вялікі князь літоўскі. Сведчанне таго, што ўлада ў ВКЛ за паўстагоддзя да Люблінскай вуніі ўжо мела тытулярны характар.

1530 - Францішак Скарына з-за немагчымасці працягваць друкарскую працу пасля смерці сваіх фундатараў пакінуў радзіму і эміграваў у больш прыхільную да яго Прагу. Праз 400 гадоў Прага будзе галоўным асяродкам беларускай нацыянальнай эміграцыі, якая не прыняла бальшавіцкі рэжым.

1532 - Францішак Скарына па сыску крэдытораў свайго брата Івана апынуўся ў гарадской турме Познані і правёў за кратамі 10 тыдняў. Толькі ўмяшальніцтва пляменніка вызваліла першадрукара з вязніцы.

1534 - пачатак 3-гадовай вайны Вялікага Княства з Маскоўскай дзяржавай за вяртанне ўсходніх зямель ВКЛ (пятая вайна).

1534 - жнівень, няўдалыя паходы войскаў, якія ачольвалі Вішнявецкі і Неміровіч, на Смаленск і Северскую зямлю.

1534 - снежань, спусташальны паход на ўсходнюю Беларусь маскоўскага войска, спаленне мястэчак і вёсак.

1535 - чэрвень, напад маскоўскіх палкоў на Мсціслаўшчыну і Полаччыну. Спусташэнні Воршы, Копысі, Рагачова. Спаленне Турава, Мазыра, Брагіна.

1535 - ліпень, вызваленне Гомеля і Старадуба войскам ВКЛ на чале з гетманам Юр'ем Радзівілам.

1536 - заняцце горада Старадуба маскоўскім войскам.

1551 - 8 траўня, сканала Барбара Радзівіл, каралева польская, вялікая княгіня літоўская, жонка караля Жыгімонта Аўгуста. Была яго каханкай 4 гады, у 1547 годзе яны патаемна ўступілі ў касцёльны шлюб. Пасля каранацыі 7 снежня 1550 года Барбара насіла карону 150 дзён. Загадкавыя абставіны смерці ад хуткацечнай хваробы далі падставы сучаснікам Барбары падазраваць у заўчаснай смерці маладой каралевы яе свякруху - каралеву Бону - і польскую магнатэрыю, якая не жадала ўзвышэння роду Радзівілаў.

1558 - пачатак 25-гадовай Лівонскай вайны, у якой удзельнічала Вялікае Княства Літоўскае, Лівонія, Маскоўская дзяржава, Польшча. Знясіленне ў гэтай вайне прывяло ВКЛ да Люблінскай вуніі з Польшчай.

1559 - пераход Лівонскага ордэна пад патранат Вялікага Княства Літоўскага ў сувязі з маскоўскай пагрозай Лівоніі.

1562 - люты-сакавік, аблога маскоўскімі войскамі Мсціслаўя, Воршы, Віцебска, Копысі, Прапойска, Магілева. Разбурэнне Рагачова.

1563 - маскоўскае войска, ачоленае Андрэем Курбскім, папаліла наваколле Шклова.

1563 - 1 лютага, пачатак 2-тыднёвай аблогі горада і замкаў Полацка 60-тысячным маскоўскім войскам на чале з царом Іванам Грозным. Абстрэл горада вялі 200 гарматаў.Узяцце замкаў штурмам 15 лютага. Тысячы палонных і ўсю шляхту вывелі ў Масковію, манахаў-каталікоў забілі, а ўсіх габрэяў патапілі ў Дзвіне.

1564 - 26 студзеня, пераможная бітва 10-тысячнага войска Вялікага Княства на чале з гетманамі Мікалаем Радзівілам і Рыгорам Хадкевічам з 30-тысячным маскоўскім войскам ваяводы Шуйскага пад Улай.

1564 - люты, пераможныя бітвы харугваў Філона Кміты-Чарнабыльскага і Юр'я Осціковіча з маскоўскім войскам (50.000 тысяч) пад началам князя Сярэбранага каля Воршы.

1564 - вынішчэнне маскоўскім войскам вёсак у наваколлях Мсціслаўя, Крычава, Магілева.

1565 - паход войска ВКЛ на Смаленск і Вялікія Лукі, выпаленне наваколляў.

1567 - перамога войска Вялікага Княства, ачоленага гетманам польным Рыгорам Сангушкам, над маскоўскім войскам у бітве каля мястэчка Чашнікі.

1568 - жнівень, аршанскі стараста Ф.Кміта-Чарнабыльскі з 4.000 аддзелам ваяваў на Смаленшчыне з маскоўскімі войскамі і даходзіў да Вязьмы.


Загрузка...