З пісьма А. П.: "У нашай Лідзе з 30 снежня бастуе 720 рабочых "Ардаля". Некаторыя даўно ўжо не маюць што есці… Трэба дапамагчы бастуючым…". Бастуюць вазакі ў Дзятлаве… Прайшлі мітынгі ў Засецці і Ахонаве.

Ад Н. прынёс цэлы жмут часопісаў і газет: "Левы тор", "Тыдзень работніка", "Пшэкруй тыгодня", "Левар", "Нова весь", "Ютро хлопске".

Аж сэрца радуецца, чытаючы гэту баявую народна-франтавую прэсу. Агулам, за апошнія дні прыдбаў шмат цікавай літаратуры. А калі да ўсяго дадаць яшчэ і два тамы У. Леніна на польскай мове, якія падарыў мне Паўлік, дык я, у нашых умовах, магу лічыцца сапраўдным багачом.


25/II


Прачытаў Паўліку некалькі сваіх новых твораў. больш за ўсё яму спадабаўся верш "Спатканне", хоць гэты верш, заўважыў, яшчэ не закончаны. Я доўга з ім спрачаўся, не згаджаўся з яго крытыкай, і агулам – з крытыкай, без якой у старажытныя часы жылі і тварылі нашы папярэднікі. Усё ж, вяртаючыся на сваю Сняговую вуліцу, я больш спакойна прадумаў свой верш і мусіў прызнаць рацыю апанента. Сашка ўжо спаў. А я ўзяўся дапрацоўваць "Спатканне". Заўтра пры сустрэчы мне хацелася б прачытаць Паўліку гэты верш у новай рэдакцыі.

Апошнія дні, як галодны на хлеб, накінуўся на прэсу. Чытаю "Вядомосці літэрацке" – газету з такім невыразным палітычным абліччам, што хіба другой такой зараз і не знойдзеш. Але рэдагуецца яна на вельмі высокім мастацкім узроўні. Амаль у кожным нумары можна знайсці нешта цікавае. Удалося ў маіх польскіх сяброў дастаць "Левар" № 7, у якім прачытаў надзвычай актуальны і цікавы артыкул "Аб выразнай платформе паразумення". Адразу ўзяўся перакладаць для "Нашай волі".

"…Незалежна ад тых разыходжанняў, якія нас раздзяляюць у палітыцы, філасофіі, мастацтве, незалежна ад мовы, на якой творым, – мы выступаем разам у адзіным фронце з масамі. Выступаем супроць пазбаўлення народа яго палітычных правоў. Змагаемся супроць нацыянальнага прыгнёту, супроць усякіх спроб распаліць пажар вайны. Салідарызуемся з пастановаю Парыжскага Кангрэса пісьменнікаў у абарону культуры. Змагаемся супроць рэакцыі на фронце культуры, супроць ліквідацыі асветы, супроць недапушчэння шырокіх мас да навукі. Змагаемся за свабоду слова, за незалежнасць пісьменніка ў яго працы. Заклікаем усіх незалежных пісьменнікаў і работнікаў мастацтва да салідарнасці з намі ў абароне прагрэсу, міру і культуры…".

Пад гэтым дакументам падпісаліся рэдакцыі польскіх газет: "Левар", "Новы тор", "Нова весь" і "Папросту".

На стале – незакончаны пераклад верша Віктара Гамуліцкага (1851–1919) "На Белай Русі". Пачатак мне не вельмі падабаецца, але канец гэтага верша прыгожы і прарочы. А быў ён, здаецца, надрукаваны ў 1908 годзе – за шмат год да рэвалюцыі.


…О беларускі люд! Калі міне ўсё гора,

Шчасліваю парой

Пачуецца у злучаным славянскім хоры

Свабодны голас твой.

I будзе твой сардэчны голас,

Як птушак ранні спеў, вясёлы

I звонкі, як жытнёвы колас

На ніве залатой…


26/II


Месяц люты пад канец апраўдаў свае імя. Апошнія дні мароз падскочыў амаль да 30°. Днём глядзеў юбілейную выстаўку фотаздымкаў прафесара Яна Булгака, а вечарам у тэатры "Рэдута" несмяротнага "Рэвізора" М. В. Гогаля. У фае тэатра сустрэў К., у якой заўсёды пазычаў усе навінкі ўкраінскай літаратуры. Абяцала дастаць для мяне "Успаміны палітзака" А. Гаўрылюка.

Чуваць, на маёй Мядзелынчыне некалькі сялян паліцыя арыштавала, а некаторых аштрафавала за слуханне радыёперадач з Мінска. Сваткаўскі камендант гразіў: калі сяляне і далей будуць слухаць гэтыя перадачы, ён загадае "пассякаць усе атручаныя камуністычнай прапагандай антэны…".


9/III


У студэнцкім інтэрнаце на Бакшце сустрэўся з Е. Путрамантам. Ён падарыў мне свой зборнік вершаў. Справакавалі мяне, каб я прачытаў некалькі сваіх твораў. Пачаліся спрэчкі. У Путраманта было шмат слушных заўваг і па маіх вершах, і па вершах паэтаў – Машары, Александровіча, Васілька, Дубоўкі, Пушчы, Лужаніна. Мне здаецца, Путрамант больш цвяроза глядзіць на нашу паэзію, як яго апаненты. Ён, як чалавек свежы, бачыў тое, чаго мы самі не заўважылі. Праўда, польскім сябрам наша паэзія, звязаная з вызваленчай барацьбой народа, здаецца крыху архаічнай. Для іх гэта – пройдзены этап. У нас жа і любоўная лірыка не існуе ў чыстым выглядзе. Дзівіць многіх яшчэ і тое: адкуль у нас столькі паэтаў? Амаль кожны дзесяты – піша вершы. А з часам, я ўпэўнены, толькі адзін з дзесяці не будзе іх пісаць. Што да модных плыняў, яны, будучы моднымі, нівеліруюць таленты. Пасля сённяшніх спрэчак радаваўся, што я не захапіў з сабой сваіх ранейшых вершаў – вельмі слабых. А галоўнае – што я іх не паспеў нідзе надрукаваць. Трэба будзе ачысціць і мой пількаўскі архіў ад гэтых вершаў ды розных малюнкаў, якімі адзін час займаўся больш, як паэзіяй. Сёння доўга сядзелі з Гарасімам над газетнымі матэрыяламі. Дастаў для яго Траццякова і Бабеля. Да Пагулянкі ішлі з ім разам. Потым рассталіся. У яго надзвычайная здольнасць апранацца і выглядаць "як усе". Я ішоў па другой старане вуліцы і не мог яго адрозніць ад іншых прахожых.

Вечарам са сваім таварышам гімназістам зайшоў да мяне М. Мінкевіч. Шкада, што для іх у мяне не было ніякай цікавай літаратуры, акрамя некалькіх народнафрантавых польскіх газет. Была пара кніг Я. Віктара: "Арба на цаліне" і "Вербы над Сенай", але я іх яшчэ і сам не чытаў.

Перапісваю расказ Стаха, які хачу ўставіць у сваю "Нарач".

"Не знаю, колькі часу, уцёкшы з-пад канвою, ляжаў я ў Гатаўскім бары, паранены і знясілены. Лес, які нада мной шумеў, здаваўся мне чорным. У сухім ападзе ігліцы капашыліся мураўі. Некалькі іх успаўзло на маю руку. I вось тут упершыню мяне ахапіў страх: я іх бачыў, але не чуў іх дотыку".


12/III


Дзядзька Рыгор, Міхась, Васілёк і я былі ў Зданоўскіх. Яны прынялі нас надзвычай сардэчна. Дзядзька Рыгор – іх стары знаёмы. Жонка Эдмунда Зданоўскага, пані Боля – невялічкая, чарнявая, з прыгожымі і разумнымі вачамі – пачала завіхацца каля фотаапарата, каб нас зняць. У іх мастацкай майстэрні ўсе сцены завешаны партрэтамі пісьменнікаў, артыстаў, кампазітараў, цудоўнымі пейзажамі Віленшчыны і асабліва майго наднарачанскага краю. Некалькі пейзажаў гаспадары падарылі нам для нашых часопісаў.

Зданоўскія спадабаліся і Міхасю Васільку.

– Відаць, харошыя і культурныя людзі,– казаў ён, калі мы потым ішлі на сустрэчу з Паўлікам. – Сярод шматлікіх партрэтаў – ты заўважыў? – ніводнага не бачыў дзяржыморды.


14/III


Атрымаў запрашальны білет на "Вечар беларускай паэзіі і песні", які адбудзецца 15 сакавіка ў зале Снядэцкіх.

Учора, відаць, прастыў, покуль прачытаў у вітрыне ўвесь нумар газеты "Ілюстраваны кур’ер цодзенны". Галава аж трашчыць. Каб толькі перад вечарам не зваліла якая хвароба.

Пералістаў новы зборнік вершаў Н. Даўно ўжо ён нічога ў паэзіі не адкрывае. У лепшым выпадку працягвае рабіць тое, што рабілі некалі, толькі значна лепш, яго папярэднікі. У яго столькі старога рэквізіту, пачынаючы ад рыфмаў, рытмаў і вобразаў, што не трэба быць правідцам, каб прадказаць падобнай паэзіі не вельмі доўгі век жыцця. Агулам, трэба прызнаць, што надзеі нашай літаратуры – не ў тых, каму сёння спраўляюць гучныя юбілеі, а ў тых, пра каго яшчэ нельга гаварыць на ўвесь голас.

У ацэнцы літаратурных твораў у нас існуюць дзве меры: адна – беларуская, другая – еўрапейская. Паводле першай – усе выдатныя, усе класікі. Паводле другой… Другой пакуль што няма каго і мераць. Можна было б напісаць на зборнік Н. кароткую рэцэнзію: чытаць раім толькі таму, у каго ёсць у жыцці некалькі лішніх гадзін…

Гаспадыня ўзялася мяне лячыць наварам ліпавага цвету. Цэлы чайнік выпілі мы з Сашкам гэтага досыць прыемнага і духмянага зелля.


15/III


Наведалі знаёмыя хлопцы са Сватак. Расказвалі, што іх выклікаў камендант паліцыі, угаворваў, каб яны не выпісвалі "Нашай волі", бо гэта – газета камуністычная. I яшчэ дзве навіны з маёй Мядзелынчыны: першая – нехта павыварочваў усе крыжы на Кальварыі; другая – аб неспадзяваным банкруцтве сваткаўскага Янкеля, у карчме якога, як гаварыла старая пагудка, калісьці Юда прапіў свае трыццаць срэбранікаў. I калі выходзіў – абапёрся на стол, на якім потым застаўся чорны, як выпалены, след яго пальцаў.

Трэба было б напісаць нешта пра гэту карчму, у якфі мы з бацькам часта затрымліваліся, калі ехалі ў Княгініна, ці ў Вілейку, або на фэст.

Змораны, позна вярнуўся з літаратурнага вечара дамоў. Чытаў "Спатканне", "Да дня", "У маршы", а на "біс" – "Акт першы". Калі падхапілі мяне студэнты і пачалі падкідаць, я больш за ўсё баяўся, каб хаця на маім азадку не распаўзліся старыя, яшчэ на Лукішках працёртыя штаны.

На вечары была амаль уся віленская беларуская калонія, шмат прадстаўнікоў польскай, яўрэйскай, літоўскай інтэлігенцыі і асабліва шмат моладзі – студэнтаў, гімназістаў.


17/III


Прынёс Паўліку пяты нумар "Спраў наўчыцельскіх" з артыкулам нейкага чарнасоценца А. Аўчынніка "Школьнае пытанне на Віленшчыне", у якім аўтар выступаў супроць літоўскіх і беларускіх культурна-асветных арганізацый і школ. Відаць, трэба будзе даць адказ на гэты опус. Сёння ў дзядзькі Рыгора пазнаёміўся з апошняй рэдакцыяй "Адозвы да беларускага народа", заклікаючай змагацца за родную школу. Не знаю, ці праскочыць гэта адозва праз ігольнае вушка цэнзуры, хоць у ёй, здаецца, зараз нічога няма "выўратовага". Паўлік дужа рад, што ўдала прайшоў літаратурны вечар і што мы з Міхасём Васільком надалі яму наша, рэвалюцыйнае гучанне. Відаць, ад Міхася, чорт, даведаўся пра мае клопаты са штанамі і тут жа вынес рашэнне – купіць новыя. Помню, недзе чытаў, што ў магната Каўнацкага было сто пар панталонаў. Вось гэта магнат! Заўтра пайду на Нямецкую вуліцу і падбяру сабе што людскае, у чым можна было б выйсці і да танцу, і да ружанцу. Бо сёння закрыты амаль усе магазіны ў горадзе ў знак пратэсту супроць антысеміцкіх выступленняў эндэкаў.

Праўда, нейкі лорд самым важным лічыў не штаны, а ўменне надзяваць капялюш: "Прашу вас помніць перад усім аб прыемным схілянні плячэй, бо гэта, разам з умелым надзяваннем капелюша і падаваннем рукі, ёсць усё, што павінен ведаць чалавек далікатны".

Трэба будзе набыць і капялюш!

Вечарам на двары разбрахаліся сабакі. Думаў – зноў да мяне ідуць паўночныя госці.


20/III


Раніцай з Міхасём Васільком сустрэліся ў рэдакцыі "Нашай волі". У сённяшнім нумары газеты надрукавана наша пісьмо, у якім мы адмаўляемся ад супрацоўніцтва ў "Маладой Беларусі", бо не згаджаемся з палітычнай лініяй гэтага часопіса. Згодна з дамоўленасцю, "Маладая Беларусь" павінна была быць часопісам прагрэсіўным, больш перадавым, як "Калоссе", дзе вельмі адчуваўся ўплыў клерыкальных колаў хадэцыі. Але людзі, з якімі ў свой час вёў Трахім перагаворы, замоцна былі прывязаны сваёй пупавінай да рэакцыі, каб пайсці на нейкае супрацоўніцтва з намі.

Відаць, наша пісьмо паставіць крыж на ўсёй гэтай гісторыі, бо з нашым выхадам часопіс не зможа існаваць. А такі, якім ён з’яўляецца зараз, нікому не патрэбны.

Перад паездкай у Варшаву, каб не адрознівацца ад сталічных франтаў, па парадзе Паўліка, я купіў сабе за 5 злотых капялюш. Толькі не такі, які трэба. Заўтра пойдзем з Міхасём Васільком яго абменьваць. Выбіраў я яго вечарам, таму цяжка было падабраць патрэбны колер да майго, з саматканай шэрсці, паліто. Я, здаецца, буду другім чалавекам з Пількаўшчыны, які надзеў капялюш. Першым быў мой сусед Мікалай, якога празвалі Ксяндзом, бо жыў халасцяком. Аднойчы ў Мядзеле – відаць, пад п’яную руку – прыдбаў ён сабе капялюш і пайшоў касіць. Горача было. Закурыў. Толькі забыў пагасіць губу, якую разам з капелюшом паклаў на пакосе. Пакуль агледзеўся – выгарала ўсё днішча. Не ведаю, які будзе лёс майго капелюша.

Вечарам з Міхасём Васільком былі ў кінатэатры "Пан", дзе ішоў цікавы фільм "Давід Каперфільд". Перад сном прачытаў зборнік вершаў Е. Путраманта "Учора вяртанне". Узяўся за Конрада. Не падабаецца. Ніяк не магу ў яго ўчытацца.


21/III


У нас вельмі цяжка стаць пісьменнікам, вядомым замежнаму чытачу, хоць ёсць такія таленты, якімі мог бы ганарыцца любы народ – малы ці вялікі. Справа ў тым, што кожны з нас мусіць біцца над рознымі пакінутымі праклятай спадчынай пытаннямі – пытаннямі, якімі ўжо даўно перасталі цікавіцца на Захадзе. 3 рэдакцыі прывалок з дзесятак лістоў. Трэба было б на іх адказаць, а тут не толькі на маркі, але і на хлеб няма грошай. Хай паляжаць да лепшых дзён. Дый не люблю я займацца эпісталярнай літаратурай – гаварыць з чалавекам, якога не бачыш. А горш за ўсё – як я ўжо не раз пераканаўся, – амаль уся мая карэспандэнцыя праходзіць праз рукі розных цэнзараў, а часта і зусім "губляецца".


22/III


Вечарам з Гарасімам заглянулі на Завальную, у рэдакцыю хадэцкага "Шляху моладзі", каб дамовіцца аб надрукаванні на старонках гэтага часопіса "Дэкларацыі правоў маладога пакалення". Супрацоўнікі "Шляху моладзі" ўпіраюцца, адмаўляюцца друкаваць, нібы па той прычыне, што ў гэтым дакуменце нічога не гаворыцца аб правах нацыянальных меншасцяў.

– Заўвага слушная, – згадзіўся Гарасім. – Але трэба ўлічыць і тое, што, закрануўшы яшчэ і нацыянальнае пытанне, мы пахаваем Дэкларацыю – яна не пройдзе праз цэнзурныя рагаткі. Вы гэта самі добра знаеце і не выпадкова ў сваім друку яго дыпламатычна абыходзіце.

Відаць, хадэкам не асабліва хочацца ўвязвацца ў палітычную кампанію з левымі. I сённяшняя сустрэча не ўнесла ніякай яснасці ў нашы перагаворы. Да таго, яшчэ перашкодзіла і паліцыя, якая прыйшла па тыраж нейкай канфіскаванай брашуры. Мы з Гарасімам хутчэй пастараліся выбрацца з небяспечнай пасткі, у якую выпадкова трапілі. На радасцях забеглі ў нейкую сталовую каля Рыбнага рынку ды выпілі па куфлю піва, хоць я і не люблю гэтага піва. Помню, калісьці мяне ўпершыню пачаставаў ім крывіцкі лясны купец Гавэнда, якога я вазіў у Мядзел. I мне яно здавалася такім нясмачным, што я ледзь дапіў сваю шклянку. А пачаставаў ён мяне за тое, што я старым мядзельскім яўрэям, якія распытвалі ў мяне пра купца, не сказаў, што ён есць свініну і, калі бывае ў нас, сталуецца разам з усімі. Гавэнда тады пахваліў мяне, абазваўшы сваіх адзінаверцаў талмудыстамі і хасідскімі дурнямі.

Нешта не хацелася вяртацца дамоў. I я пайшоў, пятляючы, па апусцелых завулках. Уночы горад выглядае іншым – нейкі таямнічы, незнаемы. Замест прахожых сустракаеш толькі цені, цені і цені – велізарныя, фантастычныя, дзівосныя. Адны з іх маўкліва сочаць за табой, другія стараюцца цябе затрымаць, трэція – самі палахліва туляцца ў шчыльна зачыненых пад’ездах і брамах…


24/III


Трагедыя ў Кракаве: паліцыя расстраляла дэманстрацыю рабочых "Сэмперыта". Сёння павінен сустрэцца з Паўлікам. Ён, напэўна, больш ведае аб гэтай крывавай падзеі, якая разыгралася не на нейкіх "скамунізаваных крэсах", а пад сценамі старога Вавеля, Сукеніц, Барбакана – у старой сталіцы карэннай Польшчы, у адной з цытадэляў сучаснай рэакцыі. Выступленне кракаўскіх рабочых мацней за гейнал з Марыяцкай вежы прагучыць ва ўсіх кутках краіны, заклікаючы народныя масы да барацьбы супроць санацыйнага фашызму.

У адной з урадавых газет сустрэў цікавы curicsum: з’явіліся "палякі іўдзейскага і праваслаўнага веравызнання"… Якое новае і геніяльнае вырашэнне нацыянальнага пытання!

Е. Путрамант падарыў мне сваю цікавую кнігу "Структура навел Пруса", якая толькі што выйшла з друку. Трэба будзе ў П. Сергіевіча даведацца, хто такая А. Рамярова. Бачыў я некалькі рэпрадукцый з яе карцін, якія пакінулі незабыўнае ўражанне. Усе яны напісаны на нашы, беларускія тэмы. У Парыжы, у Лондане, Бруселі вялікім поспехам карысталіся выстаўкі яе карцін.


25/III


Пачаўся працэс т. зв. "Малой грамады". Не знаю, ці ўдасца мне на яго пайсці, бо ў залу пасяджэння суда пускаюць толькі па пропусках. Ды і Паўлік не раіць мне паказвацца на вочы пракурору Пятроўскаму і яго зграі памагатых. Лю выклікана на працэс сведкай. Добра, што ў час паспела прыехаць з Варшавы.

Нейкі каменны спакой на вуліцах. На другой старане Віллі – сосны, зацягнутыя густой імглой. Вечарам узяўся за верш, які каторы дзень ніяк не магу закончыць. Трэба будзе не забыць, калі буду дома, запісаць ад маёй бабкі легенду пра Мікасецкую Чорную гару. Занатоўваю рыфмы: няпрошаны – гарошыны, у саду мы – думы, асака – звысака, белае – беглае, пасланцом быў – бомбы, зялёнага шартрэза – марсельеза – жалеза, сам у рай – самурай… Некалі, можа, гэтыя рыфманарыхтоўкі прыдадуцца мне ці маім нашчадкам, калі апошнія не адмовяцца ад рыфмаванай паэзіі.

Усе гэтыя дні жыву па праграме Плутарха, які раіў душу трэніраваць горам, а страўнік – голадам. Прызнацца, праграма не дужа прывабная…


5/ІV


Апошнія дні па ўсёй Вільні прайшла хваля арыштаў і рэвізій. Еду ў Варшаву. Узяў з сабою ў дарогу цікавую аповесць I. Рота. Ён, здаецца, да канца свайго жыцця быў заядлым католікам і манархістам. Сусед мой па купэ – нейкі пажылы карпарант, відаць, адзін з тых вечных студэнтаў, – убачыўшы ў мяне кнігу знаёмага і, можа, блізкага яму па духу аўтара, пачаў расказваць, як ён пазнаёміўся ў Аўстрыі са сваячкай Рота… На першым прыпынку падсуседзіўся да нас цыган – загарэлы, плячысты. Чамусьці прыйшлі на памяць радкі Рэмбо: "Хлопец не любіў бога, а толькі людзей чорных…". Варшава прывітала мяне такой непагодай, што мусіў забегчы ў першую лепшую чайную, каб крыху пагрэцца. Потым доўга блукаў па горадзе, шукаючы начлегу. Да таго яшчэ забаставалі трамвайшчыкі. Толькі дзякуючы сваім трывалым і натрэніраваным нагам я змог некалькі разоў абысці Прагу, Стары горад, Жалібож. Можа, таму мне і не спадабалася Варшава. Дождж, вецер, гразь. Ды і я, не знаючы горада і асцерагаючыся непажаданых сустрэч, больш блукаў па завулках прадмесцяў і не бачыў самых прыгожых кварталаў. Вечарам, калі сустрэўся з С. на Чарняхоўскай вуліцы, ногі мае нылі так, як пасля пераходу з Лукішак у Пількаўшчыну. Шкада, што не змог пабачыцца з Лю, хоць некалькі разоў праходзіў міма яе дома. Начаваў у шаўца К. Пакой стары, непрытульны. Яшчэ горшы за маю кануру на Сняговай вуліцы. Каб хутчэй заснуць, пачаў складаць у памяці верш: "У Вальпарайза – даліне райскай…". А што далей? Далей – трэба было б пабачыць Вальпарайза… Няспынна за акном грымяць машыны.


6/ІV


Дэлегацыя наша складаецца з трох чалавек. Ад імя моладзі Гродзеншчыны мы перадалі ў рэдакцыю "Работніка" мемарыял аб зверствах паліцыі, аб катаваннях людзей, якія дамагаліся адкрыцця беларускіх школ. Наведалі пасла Дзюбуа. Ён паабяцаў нам дапамагчы апублікаваць нашы матэрыялы ў газеце. Дзюбуа я калісьці бачыў на адным з першамайскіх мітынгаў у Вільні, чуў яго палымянае выступленне ў Малой гарадской зале. Зараз, можа таму, што ён сядзеў за сваім рабочым сталом, здаўся мне меншым, не такім волатам, якім запомніў я яго на трыбуне. Ён, відаць, быў задаволены, калі я, развітваючыся, напомніў яму аб мітынгу ў Вільні і аб тым, якое незабыўнае ўражанне на ўсіх прысутных пакінула яго выступленне. Ад Дзюбуа мы накіраваліся ў Лігу абароны правоў чалавека і грамадзяніна, да Андрэя Струга. Але Струг быў хворы, і мы не змаглі з ім сустрэцца. А шкада. Струг мог нам шмат памагчы ў нашай місіі. Ды мне хацелася пабачыць яго як аднаго з выдатнейшых сучасных польскіх пісьменнікаў, як чалавека, які заўсёды мужна выступаў супроць расізму і антысемітызму, супроць сацыяльнай несправядлівасці і Картуз-Бярозы, смела дамагаючыся амністыі для палітвязняў і скасавання цэнзуры. Ён нават сваю грашовую прэмію г. Лодзі аддаў на развіццё рабочай прэсы…

Перад паездкай я прачытаў яго эпапею "Жоўты крыж". А. Струг – надзвычай цікавая і каларытная постаць на сучасным польскім Парнасе. Расстаўшыся са сваімі сябрамі, я адзін пайшоў блукаць па Варшаве. Дзе я толькі сёння не пабываў! Нават ля панурых муроў Павіяка, ля цытадэлі, ля помніка Шапэну…

Вечарам на Чарняхоўскай вуліцы ў фотаатэлье я сустрэўся з Д. Расказаў яму аб нашых сённяшніх справах. Потым разгаварыліся. Ён, аказваецца, добра знаў Сяргея Прытыцкага.


7/ІV


Купіў білет на цягнік Варшава – Вільня. Да адыходу цягніка часу шмат. Зноў пайшоў знаёміцца з горадам. Маршалкоўская вывела мяне да Саскага парку.

Неспадзявана апынуўся каля помніка Панятоўскаму, у якога ў правай руцэ – як пісаў Маякоўскі – меч, накіраваны на Усход. Абышоў яго разы тры. Неба было зацягнута хмарамі, таму не мог упэўніцца, дзе той Усход, якому грозіць гэты напалеонаўскі маршал. Помню, калісьці вучыў у школе, як адважна ён змагаўся і трагічна загінуў, паспеўшы перад смерцю, як усе героі, сказаць крылатыя словы, спецыяльна для ўсіх хрэстаматый і падручнікаў па гісторыі: "Бог мне даверыў гонар палякаў, яму я толькі яго і аддам!..". Можа, і я нешта ў падобным высокім стылі адказаў бы маршалу, але дождж змусіў мяне ратавацца пад дахам Захэнты, дзе ўпершыню на выстаўцы "Чорнае і белае" пабачыў Матэйку, Халмінскага, Косака і нейкі сімвалічны вобраз: "Падаючая зорка". Праз цемень космасу ляціць жанчына, а ў развеяных яе валасах – зорка.

У купэ ехаў адзін. Пакуль перагарнуў шматлікія старонкі святочнага нумара "Ілюстраванага кур’ера цодзеннага", наблізілася і поўнач. Відаць, я крыху прыдрамаў, бо нават не пачуў, калі селі ў суседняе купэ два паліцыянты і арыштаваны… Убачыў іх толькі, калі кантралёр пачаў правяраць білеты. Многія пасажыры цікавіліся: каго вязуць, куды? Але ўваход у купэ шчыльна засланяла шыракаплечая постаць паліцыянта з нумарам на шапцы 1545, і я, праходзячы міма, змог убачыць толькі цяжкія сялянскія боты і вузлаватыя скутыя рукі арыштаванага, што, быццам два паўшар’і зямлі, ляжалі на яго каленях.

Успомніў сваё падобнае "падарожжа пад эскортам" з Глыбокага ў Вільню вясной 1933 года. Толькі ехаў я тады ў перапоўненым пасажырскім вагоне, і, як паліцзйскія ні стараліся мяне ізаляваць, многія, даведаўшыся, што я – палітычны арыштаваны, прапанавалі мне свае папяросы і хлеб…

А ноч марудна цягнецца, золкая, цёмная.

Цягнік, відаць, ідзе з гары, бо перастук колаў усё часцейшы і часцейшы. Тэмп зліваецца з рытмам сэрца.


8/IV


Вярнуўшыся з рэдакцыі "Нашай волі", застаў пісьмо ад бацькоў. Нешта пачалі часта сніцца ўсе мае дамашнія, хата, дзедава пасека са стаяком, падобным да лесавіка, нават камяні ў Жукове. Шмат каму наш куток здаецца глухім. I сапраўды да нас са спазненнем даходзяць весткі з шырокага свету, а некаторыя – і зусім не даходзяць. Ды, працуючы на зямлі, і сам пачынаеш думаць, што няма больш важных вестак, як весткі аб пагодзе і ўраджаі, і імі пачынаеш даражыць найбольш. Нават чалавечае жыццё – не такое вечнае, як яны. Толькі праз некалькі месяцаў даведваюцца пількаўшчане аб зменах ва ўрадзе, баталіях у сейме, аб розных законах… Адны весткі аб новых падатках, хоць і дрэнныя дарогі, хоць паводкі часта размываюць грэблі і зносяць масты ды кладкі, прыходзяць у час. Што ні кажы – глухі куток. За лета нават куры да таго падзічэюць, што часта начуюць і нясуцца ў лесе ў кустах. Але нідзе я сябе так добра не адчуваў, як дома, са сваімі думамі, падобнымі да шумнага, гаманлівага кірмашнага натоўпу. Яны ніколі мяне і нідзе не пакідаюць. 3 імі нават у адзіночнай камеры на Лукішках я не быў самотны.

Вечарам дамовіліся з Е. Путрамантам сустрэцца ў студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Бакшта. Я яму прачытаў некалькі сваіх апошніх вершаў. Адзін з гэтых вершаў – "На шляху дзікіх гусей" – ён узяў, каб перакласці на польскую мову. Вяртаючыся дамоў, зайшлі з ім у малачарню Гайбэра, што размясцілася ў падвале на вуліцы Міцкевіча, і з’елі па місцы кіслага малака з гарачай рассыпчатай бульбай. У "Гэліосе" ідзе новы фільм Ч. Чапліна "Новы час". Народу – не прабіцца.


9/IV


Зараз у віленскім літаратурным асяроддзі ідуць спрэчкі: як пісаць і пра што пісаць? Апошняе пытанне для мяне яснае, а вось як пісаць – аб гэтым трэба сур’ёзна падумаць. Міхась Васілёк, начытаўшыся маладнякоўцаў, прабуе на новы лад: "Шчэрыць сонца зубы над вёскаю, пакаціўшыся жоўтым смехам…". Я яму аднойчы сказаў пра гэта наследаванне няпэўным узорам, але адзін з крытыкаў узяў яго пад абарону. Праўда, і мне некалі падабаліся такія вершы. Я быў у захапленні ад радкоў Александровіча, у якіх паэт гаварыў сонцу: "Лепш не сунься са мной на нажы". 3 зайздрасцю думаў: "Вось чорт! Трэба ж так сказаць!"

Чытаю Э. Кіша. Падабаецца мне яго вострае і баявое пяро. Кіш вывеў рэпартаж з газетных задворкаў і падвальных сутарэнняў на шырокую вуліцу літаратуры. Старонкі яго кніг запоўнены не толькі цікавымі фактычнымі матэрыяламі – гэта ёсць і ў іншых, – але і кіпучай энергіяй, якая парывае цябе, як нястрымная плынь ракі. Заўтра абяцалі мне таварышы дастаць новыя рэчы У. Сінклера – пісьменніка "надзвычай уражлівага на кроў, пот і слёзы" (Д. Лондан). "Хігінса Джыма" мы ўсе чыталі як рэвалюцыйную адозву. За гэтай кнігай заўсёды ў бібліятэцы Таварыства беларускай школы на Новым свеце была

чарга.


10/IV


Думаў, што сустрэну П., але ён чамусьці не прыйшоў. Чакаючы яго, прачытаў невялічкі зборнік П. Труса "Вершы" (1925). Многія ў нас захапляюцца яго творамі, а мне яны здаюцца шматслоўнымі і таму – неглыбокімі. Некаторыя яго вершы так затканы арнаментам, як не затканы нават ручнікі, якімі накрываюць абразы.


…У блакітнай высі, цёмна-сінім моры,

Пагаслі зоры,

Зоры ды міганні.

А ў ружовых далях, ой, з-за лесу-бору

Растапіла сонца мклівасць сочна-раннем…


Хоць я і сам яшчэ не магу выбрацца з цянётаў падобнай "прыгажосці", але пачынаю ўжо яе ўспрымаць як пародыю на сапраўдную паэзію. Для "Беларускага летапісу" абяцаў напісаць артыкул пра П. Труса, але, відаць, адмоўлюся, бо хто захоча друкаваць мае ерэтычныя думкі і пачынаць баталію з усімі прысяжнымі крытыкамі.

Паэзія наша ўсё яшчэ развіваецца ў нейкай самаізаляцыі ад усіх сучасных авангардысцкіх напрамкаў, якія адмовіліся ад старых рыфмаў, дакучнай меладыйнасці, кананічнай логікі развіцця вобразаў. Трэба будзе пазнаёміцца з творчасцю Пайпера, з якім многія віленскія польскія паэты носяцца як з пісанай торбай. Мяне цікавіць не перайманне, а тое, што яны адкрываюць новага. Бо ўрэшце ад гэтага будзе залежаць жыццяздольнасць таго ці іншага напрамку ў літаратуры, мастацтве, музыцы. Адно мне здаецца, што прадстаўнікі авангарда замала ўдзяляюць увагі ідэйнай старане. Можа, наша гісторыя выхавала нас такімі "абмежаванымі", але для нас сапраўдная авангардная літаратура перад усім мусіць быць рэвалюцыйнай.

У Зосі пазычыў "Сцежкі-дарожкі" М. Зарэцкага. Дамоў вярнуўся позна. Доўга, пад брэх сабак, грукаў у дзверы, пакуль не адчыніў іх, прачнуўшыся, Сашка. На стале ляжала запіска ад Л., які, толькі што вызваліўшыся з астрога, заходзіў мяне наведаць. Шкадаваў, што не дачакаўся мяне – мусіў спяшацца на цягнік. Перадаў прывітанні ад таварышаў, якія засталіся яшчэ сядзець у цытадэлі Святога Крыжа. Хто ж там з маіх сяброў застаўся? I трэба ж мне было спазніцца прыйсці! Столькі часу не бачыліся і сёння размінуліся. На вакзал ісці яго шукаць – позна. Ужо другая гадзіна ночы. I цягнік яго – на Гродна – даўно адышоў.


19/ІV


Вуліцы Львова зноў афарбавала кроў рабочых, у якіх страляла паліцыя: 8 чалавек забітых, каля сотні раненых… Накідаў для "Нашай волі" верш "Вянок", прысвечаны гэтай трагічнай падзеі. Бачыўся з літоўскімі таварышамі. Расказвалі, што польскі ўрад прыступіў да ліквідацыі ўсіх культурна-асветных арганізацый. Тое самае і ў нас.


Ой, каб я была сівая зязюля,

То б умела кукаваці,

Паляцела б я па цэлым свеце

Бацьку, маці шукаці…


Трэба будзе запісаць гэту песню ад сваёй маці, а ад бабкі даведацца, як яна без ніякіх лагарыфмічных табліц можа на некалькі год наперад вылічыць, калі і ў які дзень будзе любое свята. Яшчэ і мой бацька нешта падобнае патрафіць. Часамі за сталом як пачнуць яны вылічаць, я толькі дзіву даюся. Бывае, дзед у іх пытае: "Дык у які дзень Пятро? А Ілья?"

Сёння крукам сядзеў і выпраўляў раней напісаныя вершы, скарачаў іх, дапрацоўваў. Хоць, можа, на старыя вершы і шкада марнаваць час. Столькі яшчэ чакае новых тэм, столькі ў алфавіце паэзіі прапушчаных мною літар. Трэба працаваць і працаваць, каб хутчэй стаць незалежным і самастойным. Чытаю У. Бранеўскага "Ветракі", "Тры залпы". Падабаюцца мне гэтыя бунтарныя і суровыя вершы. Агулам, у паэзіі мне падабаецца ўсё, што я яшчэ не ў сілах стварыць сам.

Вечарэе. Прыйшла з працы дачка гаспадыні – Оля, якая працуе ў цырульні, а следам – яе сяброўка, прадаўшчыца з магазіна Фэрлічкі. Дзяўчаты збіраюцца ў кіно, на нейкі стары фільм з іх любімым артыстам – Рудольфам Валянцінам. Разам з імі ідзе і іх госця – прыгожая шляхцянка з ваколіц Смаргонаў. Мы з Сашкам аж збаранелі ад здзіўлення, пабачыўшы такую засцянковую красуню. Яна, здаецца, збіраецца выходзіць замуж. У Вільню прыехала, каб сёе-тое купіць на вяселле.


25/IV


Занёс у "Нашу волю" пераклад з польскай мовы на беларускую пісьма Рамэна Ралана аб антысемітызме.

"…О ты, Польшча Міцкевіча, якая так шмат цярпела, не маеш права прычыняць боль…". Баюся, што гэту Польшчу, у руках у якой кастэт і палка, а ў мазгах – бацылы фашысцкай свастыкі, такія лірычныя пасланні не пераканаюць і не стрымаюць ні перад якім злачынствам.

Па дарозе купіў апошні нумар "Аблічча дня" і заглянуў у Галоўную ўправу Таварыства беларускай школы. Стары Паўловіч пазнаёміў мяне з надзвычай Цікавым і інтэлігентным селянінам з-пад Клецка Язэпам К. Яго паслалі аднавяскоўцы, каб даведаўся, што трэба рабіць, каб у іх вёсцы замест польскай пачатковай школы адкрылі беларускую, і каб ён прывёз сотні дзве дэкларацый, неабходных для гэтага.

– За падаткі секвестратары і паліцыя забралі ў нас усё, што ацалела з вайны, – казаў ён, упакоўваючы атрыманыя ад Паўловіча бланкі, кнігі. – Зараз паны адбіраюць ад нас мову, а з мовай і нашу будучыню – нашых дзяцей.

Словы яго – трагічныя і праўдзівыя – здаліся мне крыху кніжнымі. Я пацікавіўся яго біяграфіяй, і мне стала зразумела: удзельнік грамадзянскай вайны, потым быў у "Грамадзе"…

– А грамаце вучыўся там, дзе ўсіх нас вучаць паны, на Лукішках, – закончыў ён, развітваючыся з намі.

Чуваць, кожны дзень паліцыя экспартуе палітвязняў у канцлагер Бярозу. Сёння Сашка Мажуц абяцаў мяне пазнаёміць з рабочымі, якія працуюць на ўмацаванні берагоў Віллі.


27/IV


Толькі што вярнуўся з "Дыскусійнага клуба", дзе з дакладам "Аб становішчы людзей працы ў Польшчы" выступіў Л. Грабоўскі, а ў спрэчках – Ендрыхоўскі, Путрамант, Скуз… Д. абяцаў мне даць апошнія нумары "Rundzau" і на польскай мове парыжскія "Ведамасці".

У санацыйных і хадэцкіх кругах носяцца з артыкулам А. Кучара, які абвініў Дарожнага ў тым, што той напісаў верш, выкарыстаўшы памер "Нацдэмаўскай лявоніхі". Я яшчэ не чытаў гэтага артыкула. Калі ж усё – праўда, дык крытыку, відаць, не хапіла ні пачуцця гумару, ні элементарнай логікі, бо аднолькавы рытм – і ў "лявонісе", і ў "камарынскім", які так цудоўна выкарыстаў А. Безыменскі ў сваёй "Трагедыйнай ночы".

Сёння, ідучы на Зарэчча, вывучаў вітрыны кніжных магазінаў. На адной побач са славутым "Швейкам" высіцца цэлая гара ўрапатрыятычных апавяданняў, аповесцяў. Я ўжо думаў, што як пасля Сервантэса перасталі пісаць рыцарскія раманы, так і пасля Гашака спыніцца паток гэтай нізкапробнай і фалыпывай літаратуры. Але ёй і канца не відаць. Не могуць без яе абысціся ні ў школах, ні ў казармах, ні ў касцёлах.

У кнігарні "Святога Войцеха" запытаўся Пруста. На польскай мове яшчэ няма.

Нешта не прыйшоў М. на сустрэчу. Гаспадыня ў яго – старая, хворая. Неяк не зручна з ёю гаварыць пра здаровых людзей. Аж ёй, здаецца, лягчэй, калі гаворыш, што кожнаму нешта дакучае.

Некалькі дзён гасціў у Вільні былы рэдактар "Нашай нівы" А. Власаў. Апошнія гады ён зусім адышоў ад палітыкі. Надзвычай цікавы чалавек. Я яго помню яшчэ, калі ў часе забастоўкі ў Радашковічах мы да яго прыходзілі (ён тады быў санатарам і канцэсіянерам гімназіі) і прасілі, каб ён выступіў у абарону нашых выключаных, арыштаваных за палітычную дзейнасць таварышаў. Ён абяцаў памагчы. Але цяжка і яму было нешта зрабіць. Школьныя ўлады разагналі нас, некаторых настаўнікаў, а праз нейкі час прыкрылі і нашу крамольную гімназію.


2/V


Ніколі мне не прыходзілася ўдзельнічаць у такой велізарнай і баявой першамайскай дэманстрацыі, якая ўскалыхнула ўчора ўвесь горад. Пад сотнямі чырвоных сцягоў, пад палымянымі лозунгамі Народнага фронту прайшлі дзесяткі і дзесяткі тысяч рабочых, моладзі – людзей розных нацыянальнасцей, партый, прафсаюзных арганізацый, патрабуючы працы і хлеба, міру і амністыі палітвязням, узмацнення барацьбы супроць рэакцыі, антысемітызму і фашызму…

Падчас майго выступлення на мітынгу ў зале Снядэцкіх уварваліся эндэкі, з якімі пачалася бойка. Але рабочыя і студэнты хутка іх разагналі. Толькі засталіся ад іх у фае і на лесвіцы паламаныя палкі ды бітае шкло.

Мне здаецца, яшчэ і сёння брук не астыў ад учарашняга магутнага поступу дэманстрацыі, а муры камяніц усё яшчэ звіняць ад рэвалюцыйных лозунгаў і "Інтэрнацыянала", які спявалі мы кожны на сваёй мове. 3 газетных звестак відаць, што вайна ў Абісініі набліжаецца да канца. Толькі ці задаволіцца гэтым фашысцкая ваўчыха?


12/V


Усю вясну прыхарошвалі горад. Ад Вострай Брамы на магільнік Роса праклалі новую трасу, уздоўж якой пафарбавалі ўсе дамы і платы. Апошнімі днямі тут вырас цэлы лес мачтаў, упрыгожаных сцягамі і палотнішчамі, пафарбаванымі ў колер ордэнскай стужкі "Virtuti Military". Вуліцы запоўнены натоўпамі школьнікаў, гарцараў, стральцоў, рознымі дэлегацыямі, якія прыехалі на пахаванне сэрца Пілсудскага. У сувязі з гэтай урачыстасцю, чуваць, у горадзе прайшла хваля арыштаў "выўратовых" элементаў.

У газеце "Слова" надрукавана Казіміры Ілаковіч велізарная "Літанія за маршалка Пілсудскага да Маткі Боскай Вастрабрамскай", у якой паэтэса гаворыць:


Маліся за яго, бо мы тут пры зямлі,

Маліся за яго, бо мы забруджаныя і пустыя

I зла ад дабра, а хлусні ад праўды не ўмеем адрозніць…


Хацела Казіміра Ілаковіч ці не, але ў гэтых словах яна сказала горкую ісціну аб людзях свайго пакалення, якое вырасла ў цяні "Мацарствовай" легенды, на якую сёння ўсклалі магільную пліту, аб людзях, якія "зла ад дабра, а хлусні ад праўды" даўно ўжо не ўмеюць адрозніць.

Раніцай на вакзале няспынна грымела музыка. Прыбывалі цягнікі з гасцямі, з прадстаўнікамі ўрада, з пасламі, сенатарамі, міністрамі. Я выйшаў на Вялікую вуліцу. Да Замкавай гары цягнуўся бясконцы паток людзей. Раптам каля ратушы пачуліся галасы:

– Віват! Нех жые Рыдз-Сміглы! Віват!

Міма пранесліся легкавыя машыны. На адной з іх убачыў Рыдза-Сміглага. Ледзь я змог выбрацца з натоўпу ды вакольнымі вуліцамі дабрацца на Буковую, дзе застаў Паўліка. Дома былі толькі Любіны бацькі, нават кватарант – надзвычай сімпатычны студэнт Л. Блятан – паехаў на некалькі дзён да сваякоў. Мы, адны, заселі ў яго пакойчыку і наставілі радыёпрыёмнік на Мінск. Перадаваліся выступленні на мітынгу над магілай дукорскіх партызан, закатаваных легіянерамі. Перадаваліся ў той час, як тут, у Вільні, разыгрывалася нейкая паганская містэрыя, ці, хутчэй, камедыя, з пахаваннем сэрца Пілсудскага. Палітычны сэнс яе быў ясны кожнаму. Пры дапамозе мёртвых рэліквій свайго былога правадыра намагаліся мацней знітаваць неспакойныя ўскраіны Рэчы Паспалітай, заселеныя нейкімі там украінцамі, беларусамі, літоўцамі. Хацелі зрабіць тое, што нават не атрымалася ў самога Шлсудскага. Урад, з нагоды пахавання сэрца Шлсудскага, пастанавіў пабудаваць на "Усходніх крэсах" сто школ імя маршалка – сто новых гнёзд паланізацыі… Аб асвеце тут гаварыць не прыходзіцца.


13/V


Пасля доўгіх і нудных перагавораў, паведаміў Паўлік, хадэкі згадзіліся спыніць антысавецкую прапаганду ў сваім літаратурным часопісе "Калоссе". З другога нумара пачнём і мы друкаваць у ім свае творы.

Вечарам накідаў чарнавік верша, прысвечанага Якубу Коласу. Абяцаў гэты верш напісаць да юбілейнай даты.


Вецер трывожны самотна гучыць

Між польных дарог і прысадаў.

Слухай, з асенняга лісця ўначы

Якую складае баладу.


Быццам ля шэрых гранічных слупоў

Пясняр наш спыняецца сумны,

Ловіць далёкую скаргу братоў,

Вецер заходні – на струны.


Бачыць этапныя нашы шляхі:

Ідуць грамадою па грудзе,

Глушачы звон пут напевам глухім,

Катамі скутыя людзі.


Паліць гарачае волава слёз.

Пэўна, пясняр прыгадаў сваю хату,

Можа, пабачыў у слоту, мароз

Знаёмых, таварыша, брата.


Шмат прамінула суровых часін,

Палае зарою Кастрычнік.

Мы чулі, вітаў цябе радасны Мінск,

Савецкі народ гераічны.


I ты мусіў чуць прывітанне ад нас,

Хоць стражнікі зорка глядзелі,

Хоць вецер асенні ўрываўся не раз

За краты, ў астрожныя цэлі…


14/V


Амаль цэлы дзень прасядзеў над артыкулам Панфёрава "Аб сацыялістычным рэалізме" і Гопенштата "У справе пралетарскага рэалізму", на якія надыбаў у часопісе "Левар". Трэба крыху падкавацца тэарэтычна перад абмеркаваннем ідэйнай платформы Саюза пісьменнікаў Заходняй Беларусі, аб якім ужо колькі год вядзём перагаворы. Мяне даўно перасталі цікавіць паэты "з божай ласкі", якія не арыентуюцца ў палітыцы, як і калектыўныя і аўтарытэтныя ацэнкі твораў нашымі крытыкамі. Да ўсяго – нават да разумення табліцы множання – трэба даходзіць самому. Горш, што я, устанавіўшы для сябе гэтыя "ісціны", не заўсёды іх прытрымліваюся.

На падпункце сустрэўся з Г. Акрамя народнафрантавых газет даў мне Рэмарка, перасцярогшы, каб я не заразіўся яго "абяззбройваючым пацыфізмам". Дома дачытаў зборнік трагічных вершаў Вацлава Мразоўскага.

Я знаю, што няма адзінага хараства на ўсе часы і на ўсіх, але яшчэ і не магу згадзіцца з думкай Апалінэра, што некалі ўсе галіны сучаснага мастацтва страцяць ранейшае сваё значэнне, бо на змену ім прыйдуць новыя. Гэта выказванне прывёў у сваім дакладзе нехта з выступаючых у Дыскусійным клубе, куды зацягнуў мяне У. Барысевіч. Я часцей наведваў бы гэты клуб віленскай інтэлігенцыі, але не хочацца лішні раз трапляць там на нядрэмнае вока розных анёлаў-ахоўнікаў, якія апошнімі часамі пачалі тут сачыць за ўсімі – і ў самім клубе, і на подступах да яго.

Пад вечар быў ля Нова-Вілейкі. Горы, шумлівая рака, меланхалічныя палі, абрамленыя ельнікам, крутая сцяжына, невядома кім пратаптаная, дрымучыя гушчары ляшчэўніку. На волі рэдка калі ўсё гэта заўважаеш. Толькі хоць раз перажыўшы расстанне з прыродай, пачынаеш даражыць ёю, як маці, якая цябе нарадзіла.

Паштальён прынёс пісьмо ад Лю. Мушу прызнацца, што хоць я і лічуся паэтам, але яе лісты куды цікавейшыя за мае. Відаць, я станаўлюся тыповым прадстаўніком таго пакалення людзей, якое, жывучы ў век цягнікоў, самалётаў, тэлефонаў, радыё, не пакіне вартай увагі эпісталярнай спадчыны.

Эпіграф для верша: "Твае, гэтыя доўгія вейкі" (Г. Гесін). Мы абсалютна не ўмеем пісаць пра каханне. Хворы зуб сапсуў мой рамантычны настрой. Мусіў шукаць ратунку ў знаёмага стаматолага Грабінскага. Добра, што той адмовіўся ад ганарару, хоць я і палез быў у кішэню, быццам там у мяне былі нейкія грошы.

– Ну што ж, пане доктар, каб не парушыць законаў святога пісання: "Зуб – за зуб", я спадзяюся, што вы не адмовіцеся за сваю дапамогу прыняць ад мяне некалі хоць зборнік вершаў.

Было позна, а неба распагаджвалася ад зораў, быццам набліжалася світанне.


15/V


У Паставах адбыўся суд над 28 рыбакамі – удзельнікамі нарачанскага бунту. Чакаю С, які спецыяльна паехаў, каб прысутнічаць на гэтай расправе, а потым пра ўсё напісаць у нашу газету. Трэба будзе дома даведацца, хто такі арандатар Бештарт, якому падчас гарачай стычкі на возеры рыбакі параўнялі бакі…

Прыйшоў да ўлады Славой-Складоўскі – аўтар салдафонскіх і панегірычных, канфіскаваных цэнзурай "Абрыўкаў рапарта". Рэдкі выпадак, калі на індэксе забароненых кніг – кніга самога прэм’ера.

Ад Паўліка атрымаў напісаны ім для чарговага нумара "Нашай волі" цікавы і востры артыкул пра апошнія падзеі ў Польшчы і пра нашы задачы. Баюся толькі, што і цэнзар яго не прапусціць, ды і рэдактары не адважацца яго друкаваць.

Каб не вяртацца дамоў дарогай, якой прыйшоў на сустрэчу, я падаўся сцяжынкай, што вілася па правым беразе ракі і вяла да парома. Вечар быў ціхі, ясны. У лесе пераклікаліся салаўі, і чуваць было, як звінелі крыніцы, збягаючы з абрывістага берага Віліі.


28/V


Сёння не хацелася ісці дамоў, пакідаць азораныя расцвіўшымі каштанамі вуліцы і паркі. Толькі раптоўна навальніца загнала мяне пад змрочныя парталы кафедральнага сабора. Даўно ўжо я не бачыў такога ліўня і не чуў такіх грымот.

У рэдакцыі "Калосся" Я. Шутовіч паказаў мне некалькі вершаў А. Бярозкі. Мне здаецца, з яго вырас бы цікавы і сур’ёзны паэт, калі б ён мог вызваліцца з-пад апекі сваіх духоўных айцоў. Вечарам перапісаў для Паўла расклад цягнікоў.


30/V


А Вільня пасля шумнай каранацыі Маткі Боскай усё яшчэ не можа супакоіцца. На вуліцах шмат багамольцаў, турыстаў. Колькі грошай каштавала ўся гэта буфанада! Пачаў складацца нейкі верш:


Маці боская, што ў Вастрабрамскай капліцы,

Як магла ты не пратэставаць і згадзіцца,

Каб табе ўсклалі каты карону на скроні,

алі ўсе нашы маткі ў жалобе сягоння,

Калі звон пут і шыбеніц скрып не сціхае,

Беспрасветная ноч – над зняволеным краем…


Ад Т. пазычыў некалькі нумароў "Лефу". Ён іх атрымаў ад былога пасла клуба "Змаганне" I. Дварчаніна. Калі апошняга арыштавалі, а клуб паліцыя апячатала, часопіс застаўся ў Т. Здзіўляючая ва ўсіх нас цяга да новага. Якому чорту можа прыйсці ў галаву, што ў глухіх і цёмных кутках Заходняй Беларусі нашы паэты пільна сочаць за ўсім тым, што адбываецца на свеце, хоць многія з іх яшчэ не авалодалі нават элементарнай тэхнікай верша.

На рынку, калі купляў абрэзкі кілбасы, сустрэў знаёмага мядзельскага гандляра. Скардзіўся, што сяляне амаль нічога не купляюць. Безграшоўе страшнае. Ашчаджаюць на солі, на газе, на запалках.

– Вы тут – у Вільні – не чулі, чым гэта ўсё можа кончыцца?

У Г. Дэмбінскага пазнаёміўся з рэзалюцыяй Львоўскага з’езда работнікаў культуры (16–17 мая), на якім ён выступаў ад імя працоўных Заходняй Беларусі. З’езд гэты выклікаў магутнае рэха ва ўсёй Польшы. Ён быў баявой дэманстрацыяй адзінства інтэлігенцыі і рабочых мас, патрабуючых стварэння Народнага фронту. На гэты з’езд меўся паехаць і я. Яшчэ ў Пількаўшчыну Зося Асаевіч прывозіла мне некаторыя матэрыялы для выступлення, але мяне затрымалі розныя неадкладныя справы, звязаныя з газетай "Наша воля", з маім зборнікам "На этапах" і асабліва – узмоцненая слежка.

Вечарэе. Калі быў малым, вельмі баяўся цемені. Нават лежачы з дзедам у запечку на нарах, стараўся з галавой схавацца пад коўдру. А зараз – падружыў з начною цеменню, якая ўжо не раз мяне ратавала.


6/V


На адкрыцці помніка на магіле Казіміра Сваяка сустрэў некалькі знаёмых гімназістаў. Яны расказалі мне, што іх выклікаў дырэктар Р. Астроўскі і забараніў ім сустракацца са мною, як чалавекам, які сядзеў за камуну, а зараз знаходзіцца пад наглядам паліцыі і г. д.; таксама забараніў ім заходзіць у рэдакцыю газеты "Наша воля" і ў Таварыства беларускай школы…

Нешта зноў актывізуецца пан дырэктар у старой сваёй ролі памагатага кірціклісаў, бацянскіх, ясінскіх, пятроўскіх… Трэба прызнаць, што нялёгкая справа – служыць столькім гаспадарам. Праўда, сяк-так дагэтуль спраўляўся.


17/VI


Рэклама: "Цукар дае сілу", "Насіце каўнерыкі толькі вядомай фірмы "Штраус"… Гэта вельмі прамаўляе да свядомасці беспрацоўных, якіх, падае Бюро пасрэдніцтва працы, на 15 красавіка ўжо было 458 064 чалавекі.

Каля кінатэатра "Люкс" нейкія п’яныя пачалі бойку. Сабраўся натоўп, наляцела паліцыя.

Занёс у "Нашу волю" артыкул Паўліка "Прачытайце… і будзе ясна". Артыкул напісаны ў адказ на выступленне рэдактара "Беларускай крыніцы" супроць лініі нашай газеты. У гранках пазнаёміўся з артыкулам Якуба Коласа "Аб беларускай паэзіі". Сярод імён паэтаў, якіх ён называе, – Хадыка і Куляшоў. Я, здаецца, яшчэ нічога іх не чытаў. Пайду заўтра шукаць іх вершаў па бібліятэках. А зараз сяджу за прысланымі ў рэдакцыю творамі Я. Сумнага, В. Бурстальгама, А. Чаромхіна, А. Дзіка, Я. Каліны, В. Кісяля, М. Ліста, М. Дубровіча, А. Іверса… Вершы апошніх двух – найбольш цікавыя і арыгінальныя. Трэба будзе іх паказаць Паўліку і дзядзьку Рыгору.

На браме, што вядзе на магільнік Роса, нехта наклеіў абвестку: "Здаецца пакой з асобным уваходам, з дамашнімі абедамі і маладой гаспадыняй". З матрыманіяльнага аддзела адной газеты: "Панна з вадзяным млынам шукае кавалера з ветраком…". Ужо каля месяца не было дажджоў. Шмат дзе, чуваць, не абышла нават ярына. А з зімы вельмі слабае выйшла і жыта. Няўжо і гэты год будзе такі неўраджайны і галодны, як 1928 ці 1933?


18/VI


Прыехаў С. са сваімі вершамі, прэтэнзіямі і рапаўскімі замашкамі. Прыехаў шукаць кантакту з Народным фронтам і каб я яму ў гэтым дапамог. Вечарам бачыўся з Паўлікам. Ён чамусьці вельмі насцярожана аднёсся да прыезду С, прасіў мяне неадкладна папярэдзіць таварышаў з "Папросту" і "Нашай волі", каб яны не ўступалі з ім ні ў якія перагаворы. Нават грошы, якія даў для яго на зваротны білет, раіў, каб я не сам уручаў С, а хто-небудзь з работнікаў рэдакцыі. Не знаю, у чым справа. Распытваць не выпадала.

Сёння атрымаў ад Паўліка цудоўны падарак – два тамы У. I. Леніна, выдадзеныя ў Варшаве "Домам кнігі польскай". Зараз можна будзе, не хвалюючыся, чытаць гэтыя творы.

Заглянуў на Буковую. Думаў, ёсць якія звесткі ад Лю. Але дома застаў толькі яе старога бацьку. Ён сядзеў на кухні і займаўся майстэркай – выразаў драўляныя чарапкі, лыжкі, вілкі. Гэта – адзіны яго заробак, за які купляе сабе папяросы і хлеб. У хаце неяк сумна і ціха. Раней, калі тут жыла цэлая наша грамада, хоць было бедна і голадна, але – весела і шумна. Вечарамі да позняй ночы спрачаліся, спявалі песні, чыталі Горкага, які тады быў неадлучным і найбольш аўтарытэтным нашым настаўнікам і другам.

Хутка прыйшла з базару і старая. Даўно ўжо і яна, казала, не мела ад Лю ніякіх звестак. А можа, не хоча казаць, як некалі не хацела перадаваць ёй маіх астрожных пісем, баючыся, каб я і на дачку яе не наклікаў якой бяды. Хоць сама, старая, надзвычайная жанчына. Колькі раз у цяжкія хвіліны яна памагала нашым таварышам і мне!

Ад студні прынёс я ёй два вядры вады. На вуліцы спыніла мяне жонка крамніка Янкеля. Відаць, пра нешта хацела запытаць, але прыйшлі пакупнікі і яна пабегла іх абслугоўваць.

Каля галоўнай управы Таварыства беларускай школы чагосьці круціліся паліцыя і шпікі. Я накіраваўся ў бок Вастрабрамскай, да знаёмага гандляра кнігамі, які абяцаў мне дастаць у букіністаў "Песні" Чачота. Каля ратушы ледзь прабраўся праз натоўп гімназістаў. Чым жыве гэта моладзь? Няўжо ёй не надакучыла гэта рамантыка – шавіністычная жвачка, якой яе штодзень кормяць настаўнікі, ксяндзы, кіно, радыё, друк?.. А самае страшнае – гэта моладзь не знае не толькі ўсёй, але і паловы і нават чвэрці праўды – цяжкай, суровай, трывожнай праўды жыцця.


19/VI


Абышоў добры дзесятак газетных кіёскаў, пакуль на Пагулянцы не знайшоў апошні нумар "Аблічча дня" з вершамі Уладзіміра Слабодніка. Адзін з іх мне найбольш спадабаўся, і я, зайшоўшы ў Бернардынскі парк, пераклаў яго:


Не час спяваць калыханкі,

I я табе заспяваю

Аб тым, што не кожны сёння

Мае і вугаль, і хлеб,

Бо вугаль ляжыць пад зямлёю

I глыбока ў сэрцы нашым

Чорнае, чорнае зло.

Цяпер за акном марозна,

Крычыць вараннё галоднае.

Галосяць адны, а другія

Сціскаюць свае кулакі,

Бо на зямлі здзек і голад,

Бо на зямлі снег і подласць,

I глыбока ў сэрцы нашым

Чорны, чорны гнеў!


На Завальнай сустрэў Я. Шутовіча, ад якога даведаўся аб смерці М. Горкага. Не стала аднаго з самых любімых пісьменнікаў і настаўнікаў.


20/VI


Рыльке лічыў бяздарным таго аўтара, чый твор напісаны мовай, цяжкай для чытання. Тады як жа быць з Дастаеўскім? Сёння I., адстайваючы сваю апалітычнасць, спаслаўся на верш нейкага Ю. Эйсланда пра птушку, якая на пытанне: ці яна на левай, ці на правай старане? – адказала, што яна – па-над партыямі, угары.

Тройчы быў у Д. і не застаў яго дома. На адзін з маіх званкоў з суседніх дзвярэй выйшаў малы хлапчук, паглядзеў на мяне і заявіў: "Мамы няма. Я толькі з Тубікам дома".

Узяўся за газеты, але мусіў іх адкласці. Неяк не мог сабрацца з думкамі. Відаць, грып дабраўся і да мяне. Трэба было б купіць пару парашкоў "Пеўнікаў" ад галаўной болі. У мінулую вайну ў сям’і майго задубенскага дзеда за адзін тыдзень гэты пракляты грып, які тады называлі "іспанкай", сем чалавек адправіў на магільнік. Застаўся толькі дзядзька Ігнась, хоць і таму ўжо былі падрыхтавалі месца спачынку.

Нідзе не магу знайсці (для Гарасіма), які працэнт паноў быў на нашых землях. Пытаўся ў гісторыкаў, але і яны падаюць прыблізную лічбу – 10–15 %. Няўжо столькі было гэтай саранчы? Аж страх падумаць, колькі над мужыцкім каркам стаяла прыганятых!

На стале – пісьмо М. Васілька. Скардзіцца Міхась на бясхлебіцу, нішчымніцу, нястачу…

З захаду, асвятляючы свой шлях бліскавіцай, напаўзае хмара.

Прыйшла гаспадыня. Расказвае, як ля Галяў пабіліся п’яныя рамізнікі. Потым пайшоў блукаць па лабірынце прывакзальных вуліц. Агулам, у Вільні столькі цудоўных закуткаў, дзе можна без дэкарацый лепш, як на тэатральных падмостках, паказваць розныя жанравыя сцэны, ставіць містэрыі, драмы. Толькі на Лукішскай плошчы колькі разыгрывалася трагедый! Пры цару – вешалі паўстанцаў 1863 г., а зараз – разганяюць дэманстрацыі беспрацоўных, пад канвоем пераганяюць асуджаных. На Казюка – некалькі дзён шуміць і грыміць мнагалюдны фэст.


24/VI


Ратуючыся ад дажджу, забег у касцёл Святога Якуба якраз у той час, калі ксёндз гаварыў пропаведзь. Спачатку, разглядаючы алтар і абразы святых, я не прыслухоўваўся да голасу, што ўсё мацней і мацней грымеў з амбону, але потым – а дождж не пераставаў – і я быў змушаны выслухаць яго да канца. Прызнацца, яшчэ ніколі мне не даводзілася чуць такой дзікай пропаведзі тыповага цемрашала ў сутане. Гаворачы аб упадку маралі, веры ў Бога і ў сваю каталіцкую дзяржаву, якой апякуецца сама Матка Боская, ён заклікаў усімі сіламі і сродкамі змагацца супроць вальнадумцаў, масонаў і камуністаў. Бічаваў вялебны і талерантаў, якія стаяць у старане ад барацьбы за святую справу. "Такія неразумныя людзі, – гаварыў з абурэннем, – часцей за ўсё становяцца кладкамі, па якіх найлягчэй у душы іх і другіх веруючых прыходзяць перш грэшныя думкі, потым – розныя спакусы і нарэшце – сам д’ябал…".

Разам з натоўпам я выйшаў з касцёла і падаўся берагам Віллі. Навальніца змыла пыл, асвяжыла паветра і зеляніну дрэў. Лягчэй стала дыхаць. У бібліятэцы імя Урублеўскіх П. даў мне перагледзець апошнія навіны савецкай беларускай літаратуры. д яго ж даведаўся, што ў Вільню прыязджаў Я. Івашкевіч, выступаў з чытаннем сваіх вершаў. Шкада, што я не змог яго паслухаць, хоць паэзія яго мне здаецца нейкай мармуровай, стылізаванай і бязлітасна дасканалай па форме.


6/VII


На Нобелеўскую прэмію міру вылучаны Карл Асецкі. Толькі ніхто не знае, у якім лагеры трымаюць яго фашысты і нават ці жывы ён. Пра Асецкага надрукаваны ў 19 нумары "Сігналаў" цікавы артыкул аўстрыйскай паэтэсы Віндобаненсіс. I скандальны факт падаецца ў зносцы: што Саюз польскіх пісьменнікаў адмовіўся падтрымаць гэту кандыдатуру. Многаму маглі б мы навучыцца ў Дантэ, як пісаць пра сучаснае пекла, а ў Міцкевіча – як змагацца з творцамі гэтага пекла. Цікава, што ў нас да гэтага часу папулярызавалася і перакладалася творчасць пасрэдных паэтаў, а не гэтых волатаў.


10/VII


На 7–10 дзён з Вільні выязджае ў турысцкі паход па Навагрудчыне група беларускіх студэнтаў. Група складаецца з людзей з рознымі палітычнымі перакананнямі; яны, напэўна, едуць не толькі з краязнаўчымі, але і з прапагандысцкімі мэтамі. Паўлік раіў і мне адправіцца ў гэты паход. "З нашых, – казаў, – будзе там яшчэ адзін дужа сімпатычны таварыш К. – студэнт праваслаўнай духоўнай акадэміі. Удвух вам будзе весялей…". Я ахвотна згадзіўся на гэта падарожжа, бо хацелася пабываць на радзіме двух Міцкевічаў і яшчэ раз наведаць знаёмыя мясціны, дзе шмат было ў мяне харошых і сардэчных сяброў па школе, па супольнай працы, па цяжкіх этапных шляхах.


12/VII


У Валеўцы – зборны пункт усіх удзельнікаў нашага турысцкага паходу. Дарога, якой мы вандравалі з Навагрудка, цягнулася паміж узгоркаў і ўзлескаў. Яны доўга хавалі ад нашага зроку і гэта маляўнічае сяло, якое неспадзявана з’явілася перад намі толькі тады, калі мы амаль упрытык наблізіліся да яго агародаў, садоў і хат. Дзень быў святочны, пагожы, гарачы. На вуліцы – натоўп, коні, вазы. А над усім – густы і цяжкі гул царкоўных званоў, які, не маючы сіл узняцца вышэй абступаючых Валеўку пагоркаў і разліцца ў далечыні палёў, кружыў і вірыў на месцы.

Адгэтуль да Свіцязі – падаць рукой. Але мы тут змушаны былі крыху спыніцца, бо толькі паспела сабрацца каля царквы наша турысцкая група, як з’явілася паліцыя. Пачалася праверка дакументаў. Думаў, што затрымаюць, але ўсё абышлося мірна. Запісалі толькі маё і яшчэ двух-трох чалавек прозвішчы ды распыталі, куды накіроўваемся. Быццам невядома ім было раней з беларускіх газет, якія пісалі аб нашым турысцкім паходзе. Не прадбачыў пясняр гэтай зямлі, калі пісаў:


Хто ў навагрудскія трапіць мясціны,

У нетры Плужанскага бору,

Помні: спыніцца тут хоць на хвіліну,

Глянуць на хваляў прасторы… –


што сёння, каб і не хацеў, кожнага, нават самога яго, затрымала б паліцыя і праверыла б дакументы.


13/VII


Дарога, спускаючыся ў нізіну, ледзь не збегла ў хвалі Свіцязі. Толькі ў апошнюю хвіліну, убачыўшы глыб возера з ценямі дубоў, вольх і бяроз, ускрыкнуўшы ад страху і захаплення, крута павярнула ўбок. Але і ўцякаючы, яна ўсё аглядалася на возера, да таго яно было прывабнае ў ззянні сонца, у сваей ціхай ранняй задуме. Я прылёг на беразе. Пачаў нешта грымзоліць, у неадлучным нататніку. Нічога ў мяне не атрымлівалася. I я, адчуўшы ўсю недарэчнасць падобных заняткаў, кінуў пісаць і пачаў проста глядзець на хвалі і трыснягі, на неба і аблокі, быццам на гэта можна было наглядзецца на ўсё жыццё.


14/VII


Ідзём на Варончу, на Цырын. Усе ідзём змораныя, нявыспаныя. Учора ў Плужанах, дзе начавалі, сустрэліся з мясцовымі хлопцамі і дзяўчатамі, з якімі прагаварылі амаль да самага світання. Яны далі мне з дзесятак адрасоў. Вярнуўшыся ў Вільню, трэба будзе па іх паслаць нашы газеты, кнігі. Запісаў некалькі народных песень, частушак. Моладзь шкадавала, што толькі на адну ноч мы спыніліся ў Плужанах і яны не змаглі з намі пагаварыць аб усім, што цікавіць, хвалюе. Асабліва наракалі на беспрасветнасць свайго жыцця. Пасля ліквідацыі "Грамады", закрыцця гурткоў Таварыства беларускай школы – усё пад забаронай. Каб паставіць у нейкай адрыне той самы "Мікітаў лапаць", што ўжо надакучыў усім, трэба разоў дваццаць схадзіць у гміну ці аж у староства па дазвол.

Па ўсёй дарозе сустрэлі толькі тры фурманкі. На адной – нейкі вусаты дзядзька ў сіняй маціёўцы з маленькім бліскучым брыльком вёз збітую з аполкаў клетку, у якой звычайна возяць на кірмаш прадаваць свіней; на другой ехаў, хістаючыся на калдобінах, цэлы стог духмянага мурагу; на трэцяй – сям’я цыганоў. Цыганы доўга аглядаліся на нас. Відаць, былі здзіўлены і нашым незвычайным выглядам і стракатым складам усёй нашай кампаніі, якая, расцягнуўшыся на кіламетр, брыла абочынамі дарогі.


15/VII


З кароткімі перапынкамі прайшлі Далматоўшчыну, Турэц, Ярэмічы і выйшлі на маляўнічы бераг Нёмана.

У дарозе разгарэліся спрэчкі на тэму Народнага фронту ў Польшчы і ўдзелу ў ім нацыянальных меншасцей, аб ролі мастацтва і літаратуры ў жыцці… Больш за ўсё здзівіла нашых ідэйных праціўнікаў, што студэнт духоўнай акадэміі К. стаяў на старане левых і ў спрэчках паказваў сябе глыбокім знаўцам марксісцкай філасофіі і літаратуры, чым не маглі пахваліцца апаненты. Як Паўлік знайшоў гэтага даўгалыгага, як тычка, і надзвычай цікавага чалавека? На адным з прывалаў ён прызнаўся мне, што ў духоўную акадэмію падаўся таму, што ва універсітэце не было за што вучыцца, а там далі стыпендыю ды памаглі крыху падлячыць сухоты – хваробу, якая ўжо некалькі год яго мучыць.

Сапраўды, выгляд у яго быў неважнецкі. Кожную ноч кашаль доўга не даваў яму заснуць. К. нават не пайшоў з намі купацца, хоць было горача і ўсе мы яго ўгаворвалі акунуцца ў свежай бруі Нёмана.

Дык вось ён, наш прыгажун Нёман, апеты ў столькіх песнях, легендах, паданнях! I я яго часта ўспамінаў, хоць толькі сёння змог з ім легальна і па-сапраўднаму пазнаёміцца. Добра, што аж да Шчорсаў будзем ісці яго берагам, бо так хацелася б на яго палюбавацца і пры сонцы, і пры зорах, і на золку, і на змярканні…


17/VII


Толькі пад самы поўдзень мы дабраліся да першых пералескаў, якімі пачынаецца Налібоцкая пушча. Яна непрыкметна ўцягвала нас у сваю ўсё большую і большую засень, зялёную глыбіню і цішыню. I мы не агледзеліся, калі знікла неба і над намі ўзняліся дрымотныя кроны мачтавых сосен. Праўда, нетра хутка скончылася, і неспадзявана пачаліся прасекі – адна, другая, трэцяя. I так да самай Кромані. Мы ўсе, уражаныя, моўчкі ішлі праз гэтыя высечаныя дзялянкі, як праз магільнік. I балюча і крыўдна было глядзець на гэта варварскае знішчэнне велічнай пушчы: толькі навокал возера – каб не абмялела – было пакінута крыху некранутага лесу. Пад вечар мы спыніліся каля сядзібы лесніка і папрасіліся на начлег. Ён досыць гасцінна прыняў нас, нават дазволіў пакарыстацца яго лодкай. Пакуль некаторыя з удзельнікаў пайшлі ўладкоўвацца ў пуні, рыхтаваць вячэру, мы выехалі на возера. Каля трыснягоў заўважылі некалькі дзікіх качак. Яны нават не ўзняліся, калі мы зусім блізка падплылі да іх, а нырнулі і выйшлі з другога боку нашай лодкі. I так паўтаралася, пакуль нам не надакучыла ганяцца за імі.

На другім баку возера, быццам гуляючы ў хованкі, то ўспыхваў, то пагасаў агонь кастра. Хто яго там распаліў? 3 трысця пачала выпаўзаць густая імгла. Яна нізка слалася па вадзе, па карэннях дрэў, абдымаючы іх камлі. Пакуль дайшла да нас, нам здавалася, што пушча ўзнялася і вісіць паміж цёмнай, роснай зямлёй і яшчэ не астылым ад вячэрняй зары небам.


19/VII


Учора пабывалі ў Любчы і Нягневічах. Думаў, можа, каго сустрэну са сваіх старых сяброў. Але, відаць, бурны вецер падзей, які тут бушаваў усе гэтыя гады, паразганяў іх па астрогах і па розных дарогах таго і гэтага свету.

У Навагрудку наведаў на гары Міндоўга руіны замка, з якіх адкрываецца рамантычная мінуўшчына і невясёлая, непрыветная сучаснасць. Да цягніка ў мяне было шмат часу, і я пайшоў блукаць па крутых і гарбатых завулках Навагрудка. Відаць, калісьці гэта быў ціхі і ўтульны гарадок. Амаль такі ён і цяпер застаўся, хоць лёс даў яму як засцянковаму шляхціцу неспадзявана павышэнне – зрабіў яго ваяводскім цэнтрам. I зараз ён – цераз сілу – стараецца быць не горшым ад іншых. Пакуль што яму ўдалося пабудаваць не горшую, як у іншых, турму, даць прыстанішча не горшай, як у іншых, а нават больш азвярэлай плойме паліцыі і шпікоў і незлічонай ардзе чыноўнікаў.

Бывай, Навагрудак! Я знаю, што, не зважаючы на часы пагарды, тут жыве шмат і харошых людзей, якія заўсёды гатовы падзяліцца з кожным, як дзяліліся і са мною, сваім цяплом і хлебам, сваімі думкамі і надзеямі на лепшую будучыню.


20/VII


Вярнуўшыся са сваёй турысцкай вандроўкі, ад дзядзькі Рыгора даведаўся, што цэнзура канфіскавала мой зборнік "На этапах".

Забег у бібліятэку Беларускага музея, дзе пазычаў некалькі фальклорных зборнікаў. М. паказала мне цікавы сшытак Дубяйкоўскага: "Пагаворкі". Я, захапіўшыся, так і не змог адарвацца ад гэтага рукапісу, пакуль не прачытаў і не перапісаў у свой блакнот з паўсотні яго пагаворак. Шкада, што ў нас няма ніякіх сродкаў, ніякіх магчымасцей выдаваць такія

рэчы.

Сустрэўся з Гарасімам. Нейкі ён сёння быў сумны і задумны.

Я яму расказаў пра падарожжа па Навагрудчыне, пагаварыў пра розныя іншыя справы. Неспадзявана ён запытаўся, што я ведаю пра Кастуся Каліноўскага.

– Пацікаўся больш гэтым героем, – параіў мне. – Трэба адбіць яго ў хадэкаў. Каліноўскі – не іх святы, і дарма яны лезуць да яго ў сваякі.

Калі развітваліся, ён падарыў мне сваю ручку-самапіску фірмы "Пелікан". Пажадаў мне напісаць шмат харошых твораў, у тым ліку – і пра Кастуся Каліноўскага. Мы разам з ім выйшлі на вуліцу. Я некалькі хвілін пачакаў пад брамай, пакуль сціхлі ўначы яго крокі, а потым і сам паплёўся на сваё далёкае прадмесце Новы Свет. Цікава, чаму яго так назвалі? Хутчэй яго можна было назваць "Тым светам", бо нідзе не было столькі магільнікаў, як на гэтым прадмесці.

Заўтра трэба будзе зноў пайсці ў музей ды распытацца ў нашых кніжнікаў і фарысеяў, дзе знайсці матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага. Чуў, што ў Віленскім архіве захаваліся ўсе судовыя акты, паказанні сведак і прыгавор з рэзалюцыяй Мураўёва: "Согласен, повесить". Трэба будзе неяк да гэтых матэрыялаў дабрацца. Тут прыйдзецца звярнуцца па дапамогу да польскіх сяброў. Але чаму ўсім гэтым зацікавіўся Гарасім? Няўжо ён не чытаў разгромных артыкулаў пра паўстанне 1863 года, пра Каліноўскага, якія друкаваліся ў Мінску? Не чытаць ён іх не мог. Асабліва я рады быў, што ў нас пачынаюць такія людзі, як Паўлік, Гарасім, больш удумліва ставіцца да мінуўшчыны. Ранейшы нігілізм да гісторыі народа шкадліва адбіўся на нашай літаратуры, якая – як ніводная літаратура на свеце – стала агістарычнай. Тыя ж творы пра розных князёў і князёўнаў, магнатаў і мужыкоў настолькі лубачныя і схематычныя, што пра іх можа быць гаворка толькі як пра нейкі тэатральны рэквізіт.


26/VII


Друкар Багаткевіч пад палой прынёс мне некалькі экземпляраў майго зборніка "На этапах", якія ўдалося яму прыхаваць. Перагортваю старонкі сваёй першай кнігі. Яны яшчэ пахнуць свежай друкарскай фарбай. Ды і вершы, надрукаваныя, мне здаюцца лепшымі. Цэнзура, чуваць, канфіскавала і вокладку мастака Сеўрука. I так, мае "На этапах" зноў пайшлі па этапах.

Два экземпляры "На этапах" паслаў у Мінск на адрас Акадэміі навук. Адзін – Я. Купалу, другі – Я. Коласу.

Вечарам засеў за сваю паэму "Нарач". Апошнія дні шмат пішу, перакрэсліваю, перарабляю напісанае раней. Але ў вачах стаяць радкі вершаў. Я іх нават бачу на чыстым лісце паперы. Кажуць, другая кніга паэта часта бывае горшая. Трэба будзе пастарацца даказаць, што гэта не так.


30/VII


Каля ратушы сустрэў старога Самойлу. Ён чуў пра лёс майго зборніка. Думае чамусьці, што яго канфіскавалі за прадмову дзядзькі Рыгора.

Пасля першага захаплення сваёй кнігай пачынаю крытычна перагортваць яе старонкі. Відаць, трэба было больш строга падысці да выбару вершаў і працэнтаў трыццаць слабейшых выкінуць. Зборнік ад гэтага толькі выйграў бы.

Закончыў трэцюю частку паэмы "Нарач". Трэба было б узяцца за апавяданне. Некаторыя ўгаворваюць спрабаваць напісаць п’есу. Толькі баюся, што нічога талковага пакуль што ў мяне не выйдзе. Пісаць жа такія бездапаможныя п’есы, як некаторыя з нашых драмаклёпаў, не варта. Заўтра трэба будзе напісаць для "Нашай волі" нарыс пра падарожжа па Навагрудчыне.


31/VII


Поўнач. Нехта доўга звоніць да дворнічыхі. Напэўна – паліцыя. За акном – мігатлівае святло электрычных ліхтарыкаў. Бачу: ідуць два паліцыянты, нехта ў цывільнай вопратцы і дворнічыха. Пэўна, ідуць шукаць мой канфіскаваны зборнік. Здаецца, нічога недазволенага ў мяне і ў Сашкі няма.

Чуваць, як падымаюцца па лесвіцы на наш паверх. Грукаюць у дзверы. Усёй гурбою ўваліліся ў пакой. Ператрэслі мае кнігі, паперы. Нічога не знайшлі. Шпіцаль, апрануты па-цывільнаму, спытаў толькі, калі пісалі пратакол рэвізіі, якія народнафрантавыя газеты я выпісваю і як даўно працую ў рэдакцыі "Нашай волі". Пасля рэвізіі чуюся нейкі разбіты, хоць, здаецца, пара было б прызвычаіцца да падобных візітаў. Цікава, у каго яшчэ былі рэвізіі?

Узяўся за верш пра Іспанію. Толькі што я знаю пра гэту краіну? Каб напісаць добры твор – мала газетных звестак. Калісьці Н. і К. абяцалі з Мадрыда напісаць, але, можа, ці лісты, ці яны самі недзе загінулі.

Іспанія! Нават калі іду па вуліцы, прыслухоўваюся да крыку газетчыкаў. Кожная вестка з іспанскага фронту ўсіх нас хвалюе.


1/VIII


У газеце "Наша воля" цэнзура канфіскавала мой верш. Дзіўная рэч! Мацнейшыя вершы праходзілі, а тут – прычапіліся. Быў у старостве, куды выклікалі па справе майго канфіскаванага зборніка "На этапах". Сказалі, каб яшчэ прыйшоў да іх у аўторак.


7/VIII


Атрымаў на рэцэнзію вершы Я. Каліны, М. Званара і нейкага безнадзейнага графамана М. Тулейкі. А. Мікулка пытаўся, ці чытаў я апублікаваныя ім у "Папросту" лісты Б. Ясенскага, прысланыя з Парыжа. Як я прапусціў гэты нумар газеты? У лістах ёсць цікавыя звесткі пра яго выдатную паэму "Якуб Шэля", якую я калісьці недаацэньваў і пераацэньваў "Палю Парыж". 3 апошняга нумара "Сігналаў" пераклаў дзве вострыя палітычныя эпіграмы: першая – Т. Галендара, другая – С. Е. Леца.


Фронтам да Лоппа*, фронтам да хлопа,

Фронтам і фронтам. Няма як дыхнуць.

Паны, даруйце, – што ж рабіць з попай,

У які бок попу нам павярнуць.


* ЛОПП - Ліга обороны поветшнэй паньства (Ліга супраць паветранай дзяржаўнай абароны).


***


Цяжка з галоў вашых выкрасіць мыслі,

Калі яны, мохам пакрытыя, звіслі.


Мне ўжо даўно карціць узяцца за тэму Парыжскай камуны, хоць пасля У. Бранеўскага справа гэта – не з лёгкіх. Цікава, чаму аўтар "Парыжскай Камуны" мала ўдзяліў увагі яе герою – генералу Дамброўскаму, яго трагічнаму лёсу (некаторыя падазравалі, што ён здраднік, а калі загінуў, версальцы знішчылі яго магілу, а група Чартарыцкіх нават выраклася яго). Шкада, што сярод камуністаў ніхто з нас не ведае прозвішчаў нашых землякоў, хоць іх у той час нямала было ў Заходняй Еўропе і ў Парыжы.


10/VIII


Зноў "Наша воля" выйшла з белымі плямамі. Больш палавіны матэрыялаў на першай і другой старонках у № 11(12) зняў цэнзар. Канфіскаваны перадавая Паўліка "Супольнымі сіламі да супольнай мэты", артыкул Р. "Мы за абарону міру", інфармацыя П. "Як ідзе школьная справа" і мой верш.

На першай старонцы засталася толькі, перадрукаваная з "Работніка", "Адозва Сусветнага кангрэсу міру".

А ў Іспаніі ўсё шырэй разгараецца полымя грамадзянскай вайны.

Надрукаваў у гэтым жа нумары сваю заметку аб патрэбе арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў.


* ЛОПП - Ліга обороны поветшнэй паньства (Ліга супраць паветранай дзяржаўнай абароны).


14/VIII


Збіраючы адрасы для нашай прэсы, сёння з Макарам Хацяновічам абышлі Задубенне, Каранішачы, Пузыры. Наведалі многіх былых членаў гурткоў Таварыства беларускай школы. Макар расказваў пра аднаго знаёмага солтыса, які звяраўся яму, што зноў камуністы пачалі арганізоўваць свае ячэйкі, выпісваюць і чытаюць свае газеты. А сяляне гоняць самагонку, сеюць, хоць і забаронена, мультан, ужываюць, хоць таксама забаронена, замест сярнічак самаробныя запальнічкі і зусім перасталі хадзіць у царкву і ў касцёл. "Не ведаю, пане Хацяновіч, пры такіх парадках ці дажывём мы з нашай дзяржавай і да каляд". Не ведаў, ёлупень, што яго субяседнік усё робіць, каб толькі наблізіць тэрмін гэтых каляд.

Блукалі мы па нейкіх імшарах, пераходзілі па кладках з паваленых бяроз, праз свежыя вырубы, дзе толькі зрэдку стаялі старыя сяменнікі.

Развітваючыся з Макарам, я пакінуў яму матэрыялы, звязаныя з падрыхтоўкай Сусветнага кангрэса міру ў Парыжы, і свой канфіскаваны цэнзурай зборнік "На этапах". Са мной была яшчэ прывезеная з Вільні цэлая пачка кніг (Жэромскі, Крагельская, Кадэн). У самы поўдзень вярнуўся дамоў. Федзя прынёс пісьмо ад Л. Піша, што збіраецца пра мяне даць артыкул у "Славянскі прагляд". Прыслаў дзве цікавыя народныя македонскія песні, але без слоўніка баюся нават брацца за іх пераклад.

Заехаў каня напаіць андрэйкаўскі ляснік Бойка. Я з ім пазнаёміўся, яшчэ калі высякалі Барсукі і ён служыў у крывіцкага ляснога купца Гавэнды. Я тады часта з ім хадзіў у лес, памагаў вымяраць, а ён мне паказваў па розных сваіх прыкметах, дзе хто блукаў. Я глядзеў і нічога не заўважаў, і дзівіўся, як ён знаходзіў украдзеныя нашымі хутаранамі круглякі папяроўкі, шпалы ці калоды для пілоўкі. Ён расказваў пра няўмелае гаспадарнічанне вузлянскіх асаднікаў. Некаторыя збіраюцца прадаваць свае надзелы, бо і самі абяднелі, і дзеці іх ахамелі, здружыліся з вясковай галотай і ўжо гавораць не на сваёй, а на мужыцкай мове.

Вечарам наведаў Уладзіміра Скурку. У жонкі яго пазычыў альбом рэпрадукцый рамантычна-ўзнёслых карцін А. Гротгера і перакладзеную К. Пяткевічам кнігу Данелайціса "Поры года".


Ужо сонейка штодзень вышэй падымаецца ў неба,

Праменныя ўсмешкі свае пасылае застылай зямлі…


Паток гекзаметра неяк адразу ўцягнуў мяне ў сваю магутную эпічную плынь.


16/VIII


Сёння вярнуўся з Шлькаўшчыны, куды ездзіў на пару дзён. Шкада, што Паўлік даў мне водпуск, калі прыехала Лю з Варшавы. Зразумела, што, вярнуўшыся ў Вільню, я ўжо яе не застаў. Пайшоў у Закрэт. Апошні раз я ёй чытаў тут першыя лісты карэктуры "На этапах". Зараз у парку амаль нікога не было. Можа, таму, што збіралася на навальніцу. Я выйшаў на высокі бераг Віллі. Хмара пайшла стараной – на Звярынец, на Антокаль. У Закрэце гулка шумелі сосны. I мне здавалася, што шум іх – гэта гоман пількаўскіх лясоў, з якімі я толькі ўчора расстаўся. Дома ўзяўся за пераклад верша Путраманта "Ваенны парад".


Ішлі, закутыя ў сталь, за палкамі палкі,

Сцены вуліц апрануты былі ў гэбан,

I трохгранныя гузікі, быццам клыкі,

З гулам танулі ў гразь, бы ў адкрытае неба.


Ішлі наперад. Дрыжалі камяніц заломы,

У шыбы мокрыя біў бесперапынна гімн,

I, як п’яныя, званіцы ападалі з громам,

Разрываліся з громам набоі і дым.


Аж раптам змоўклі з гэтай віхурай шалёнай

I запалі ў зямлю разам з громам і стукам,

А на трыбуне дзесь паршывая варона

Скакала ды пела і ўздымала рукі.


20/VIII


Запар два дні пісаў і пісаў. Разлічыўся са сваімі даўгамі – лістамі, артыкуламі, рэцэнзіямі. Паспеў нават накідаць верш "Восень" і перакласці цудоўную "Іспанскую баладу" Э. Шыманскага.

Як і можна было прадбачыць, разгарэлася палеміка з хадэкамі ў сувязі з надрукаваннем у "Нашай волі" маіх двух крытычных артыкулаў на машараўскае "Падарожжа". "Шлях моладзі" адклікнуўся досыць правакацыйным адказам Я. Найдзюка, які ўзяў пад абарону М. Машару і "Не-старога" – Краўцова Макара, чый непрывабны партрэт я калісьці намаляваў у сваім вершы "Крытык".

Пачынаем рабіць сякія-такія захады, варушым справу арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Справа гэта складаная. Калі нават атрымаем дазвол, дык трэба будзе яшчэ распрацаваць ідэйную платформу, якая магла б аб’яднаць людзей з рознымі палітычнымі поглядамі.


26/VIII


Дождж перакрэсліў усе мае сённяшнія сустрэчы на лоне прыроды. Дачытаў Раманава. Напісаў паштоўку М. Машару пра нашы літаратурныя справы і пра тое, што яго сапраўдныя сябры – не на той старане, дзе арудуюць званары з "Беларускай крыніцы", "Хрысціянскіх думак" і "Шляху моладзі".


27/VIII


У "Нашай волі" надрукаваны артыкул Віча (Р. Р. Шырмы). У ім аўтар здорава высцебаў Я. Найдзюка, які, здаецца, зноў збіраецца супроць мяне друкаваць новую сваю піліпіку. Ну і ёлупень!

Напісаў пісьмо дамоў. У Іспаніі – неразбярыха.

Праз гэту вайну сяджу без хлеба – усе грошы пайшлі на газеты.


29/VIII


Працую над вершам, прысвечаным Я. Коласу, і яшчэ над адным лірычным вершам:


Прайдуць гады разорамі, шляхамі,

Сатруць няволі чорныя сляды…


30/VIII


Працаваў над чацвёртай часткай паэмы "Нарач". Вечарам быў у дзядзькі Рыгора, які расказаў пра закулісныя хадэцкія гутаркі аб маім зборніку. Распускаюць чуткі, што яго выдалі камуністы, што В. Труцка – не выдавец, а падстаўная асоба, і г. д. Відаць, яшчэ трэба будзе выгарбаваць ім скуру – выступіць у "Нашай волі" і параіць, каб не адбіралі яны хлеб ад пракурора і следчага аддзялення.


2/ІХ


Усе гэтыя дні працую над паэмай "Нарач". Прачытаў М. Васілька. Шмат лозунгаўшчыны і палітэканоміі. Найбольш удалыя вершы – лірычныя. На паэзіі яго адчуваецца ўплыў Някрасава. Ад "Шуму баравога" да паловы трыццатых гадоў у яго творчасці быў нейкі застой. Зараз ён зноў выйшаў на сваю дарогу. Апошнія яго вершы вылучаюцца новай вобразнасцю, ідэйнасцю.


4/ІХ


Атрымаў пісьмо ад М. Машары. Адчуваецца, што крытыка "Падарожжа" вельмі глыбока яго закранула. Звар’яцеў чалавек на пункце "вольнага паэта". 3 гэтай даўно абанкручанай пазіцыі і далей адстойвае сваю паэму.

Гаварыў з Паўлікам. Пазнаёміў яго з пісьмом М. Машары. Паўлік крыху пажурыў мяне за востры тон маёй рэцэнзіі. Дамовіліся, каб я ў сваім пісьме запрапанаваў М. Машару прыехаць у Вільню і дагаварыцца з ім аб супрацоўніцтве ў нашых друкаваных органах.

– Калі сустрэнемся, – гаварыў Паўлік, – мы яго ўгаворым пераехаць жыць з яго глухіх Таболаў у Вільню. Тут лепшыя будуць умовы для яго творчага росту.

Паўлік ужо гутарыў на гэту тэму з некаторымі хадэкамі, прапанаваў ім нават пакрыць кошты пераезду, кватэры. Але апошнія нешта ўпіраюцца. Відаць, баяцца, каб паэт, які і так часта бунтуецца супраць іх і Бога, зусім не вызваліўся з-пад іх апекі.

Да позняй ночы засядзеўся ў дзядзькі Рыгора. Да яго зайшоў нейкі валацуга-музыка з-пад Ашмян і іграў на цымбалах. Асабліва прыгожа іграў народныя вясельныя песні.


6/ІХ


Працую над чацвёртай часткай "Нарачы", над новымі вершамі для "Беларускага летапісу", "Руні", "Калосся". Апошнія дні чуюся нейкі змораны. А яшчэ трэба адказаць на шмат лістоў. Добра, што маю два вольныя дні ад розных сустрэч – панядзелак і аўторак (7–8/ІХ), – два вольныя дні ад розных перагавораў і паездак. Прызнацца, надакучыла мне мае цыганскае жыццё. Цягне на вёску. Часамі на вуліцы чую пах свежай раллі, шум лазнякоў на нашых балотах – у Нявераўскім, у Шыпаўцы. Я ўпэўнены, што дома хутка свежы вецер змыў бы з мяне і стому, і пыл, і бруд, які плыве тут з падваротняў "Роднага краю", шавіністычных, фашысцкіх і клерыкальных рэдакцый і задворкаў і асядае на сэрцы.

А тут яшчэ не так лёгка наладзіць працу, завязаць кантакты з некаторымі старэйшымі прагрэсіўнымі дзеячамі, якіх калісьці з лявацкіх пазіцый наш друк абвінаваціў ва ўсіх смяротных грахах.


9/ІХ


Пазнаёміўся з цікавымі хлопцамі, якія прыехалі вучыцца ў Вільню. Атрымаў пісьмо ад Міколы Засіма і жмут яго новых вершаў. Некалькі яго сатырычных вершаў трэба будзе, выправіўшы, даць у газету, а рэшту занесці дзядзьку Рыгору на перахаванне. Канчаю пісаць чацвёртую частку паэмы "Нарач". Яна, здаецца, лепш удалася, як папярэднія. Калі б так пайшло далей, не баяўся б за канец паэмы. Агулам, калі пачынаў пісаць сваю "Нарач", у мяне не было ніякага плана. Перш думаў напісаць верш, але гэты верш разросся пад пяром, як нейкі лазовы куст, ва ўсе бакі даючы атожылкі. Аж дзіўлюся цяпер, як я, без ніякай папярэдняй падрыхтоўкі і параўнаўча без сур’ёзнага творчага багажу, адважыўся ўзяцца за такую рэч. Праўда, усё гэта адчуваецца на фрагментарнай кампазіцыі паэмы, на схематычных вобразах яе герояў. Можа, потым, калі ўсё давяду да канца, выпраўлю. А зараз – за працу!

Калі канчаў пісаць пісьмо Машару, зайшоў М. Бурсевіч. Прачытаў я яму новую частку "Нарачы" і перакладзеную "Іспанскую баладу" Э. Шыманскага. Пагаварыць нам з ім не ўдалося, бо да гаспадыні ўваліліся госці. Вечарэла. Я яго крыху правёў, а сам з матэрыяламі пайшоў у рэдакцыю. Каля будынка галоўнай пошты сустрэў Манцэвіча, ад якога даведаўся, што загадам віленскага староства закрыта газета "Наша воля". Я з паўдарогі завярнуў на старую сваю кватэру, думаў, можа, застану Паўліка. Але там яго ўжо не было некалькі дзён. Што за прычына? Чакаць яго – позна. Час і самому вяртацца дамоў. На некаторых вуліцах, за чыгункай, ліхтары былі пагашаны. Цемень – як у тунелі. Толькі недзе ўначы пераклікаліся паравозныя гудкі. Дома ў нас чамусьці гарэла святло. Няўжо яшчэ не разышліся госці? А можа, зноў прыйшлі з рэвізіяй? Памалу, прыслухоўваючыся, падымаюся па лесвіцы. Пазнаю голас знаёмага гаспадыні, афіцэра Рагозіна:

– Олечка, я вам яшчэ прачытаю адзін свой верш, на які ўжо напісана музыка…

Можа, не вяртацца дамоў, а яшчэ паблукаць па апусцелых вуліцах Новага Свету?


21/ІХ


Хадзіў да адваката З. Сукеніцкай. Жыве яна ў цэнтры Вільні, у сваім утульным і зацішным асабняку, акружаным цяністай зелянінай дрэў і дэкаратыўных кустоў. Раіўся з ёю па сваёй справе, звязанай з канфіскацыяй майго зборніка "На этапах". Зборнік мой яна атрымала ад некага з рэдакцыі "Папросту" і ўжо чула пра мой канфлікт з цэнзурай. Абяцала пацікавіцца маёй справай і, калі трэба будзе, выступіць у судзе. Я помню яшчэ па першаму нашаму групавому працэсу яе крыху жаночую, абаяльную, хвалюючую прамову, сказаную ў абарону маіх таварышаў. Мне тады як неабстрэленаму вераб’ю здавалася, што пасля яе слоў суд, расчуліўшыся, павінен даць зусім малое пакаранне, а тады маім таварышам усыпалі па чатыры гады, а мне з С. Лаворам і С. Скурко – па 6 год.

На стале ў яе ляжаў нейкі мастацкі часопіс з рэпрадукцыяй вядомай "Евы" Дунікоўскага, якая выглядала на толькі што вылепленую з гліны біблейным Богам першую жанчыну і патрабавала, як мне здавалася, яшчэ грунтоўнай дапрацоўкі, каб стаць падобнай да гаспадыні дома, што з мілай усмешкай распытвала мяне: як выдаваўся мой зборнік, хто такі выдавец В. Труцка, хто аўтар прадмовы і хто рабіў вокладку.

Гутарыў сёння з некаторымі нашымі старэйшымі дзеячамі аб школьных і іншых справах. Самая страшная рэч – абыякавасць. Калі з ёй не змагацца, яна, як дрыгва, можа загубіць любога чалавека. Відаць, кожная маладая генерацыя ў літаратуры пачынае з атакі сваіх папярэднікаў. I тут няма чаму асабліва дзівіцца. Ніхто яшчэ не стварыў універсальных узораў прыгожага для ўсіх часоў, пакаленняў і народаў. У рэдакцыі "Калосся" Я. Шутовіч паказаў мне некалькі новых вершаў Н. Апошні ўжо даўно нічога не адкрывае. Генезіс яго трагедыі ў тым, што ён паверыў сваім алілуйшчыкам, абвясціўшым яго выдатным, і пачаў пісаць рэчы, якія могуць часамі сабе дазволіць толькі сапраўды выдатныя. Але нам пакуль што гэтага рабіць нельга.

Знаёмячыся з сучаснай авангардысцкай паэзіяй, я ўсё часцей сабе задаю пытанне: чаму авангардысцкай паэзіяй называюць нейкі адзін напрамак, быццам другія нічога новага не адкрываюць? I чамусьці вельмі ахвотна прысвайваецца гэта званне паэзіі, якая ўсё больш і больш адыходзіць ад жыцця шырокіх мас, абмяжоўваючы, звужаючы круг свайго ўздзеяння? Мне цяжка быць прыхільнікам хараства, ключ ад якога я павінен верыць на слова – знаходзіцца у няпэўных руках аўтара. Называлі ж некаторыя авангардысты мастацтва "масавым", калі акрамя іх яго разумела яшчэ некалькі чалавек.


25/ІХ


Пісьмо ад Д. Піша, што зборніка майго не атрымала, што начальнік пошты і солтыс правяраюць усю карэспандэнцыю і хто якія выпісвае газеты. Прыйдзецца паслаць праз некага са знаёмых.

Раніцай на некалькі хвілін забег да мяне Янка Патаповіч. Белы, худы. Вопратка пранізана сырасцю астрожных муроў. Казаў, нажыў на Лукішках катар страўніка, язву. I ўсё ж турма яго не зламала. Які быў, такі і астаўся – бадзёры, няўрымслівы, гатовы зноў прыступіць да працы. Успомнілі нашу першую сустрэчу на Лукішках. Прачытаў ён мне па памяці некалькі астрожных вершаў. Вершы былі значна лепшыя за тыя, што некалі друкаваліся ў "Літаратурнай старонцы". Абяцаў прыслаць іх у "Беларускі летапіс". Я яго правёў на вакзал. Дамовіліся трымаць сувязь, перапісвацца.

Вярнуўшыся дамоў, узяўся трэці раз нанова пісаць пятую частку сваёй паэмы, з якой ніяк не магу справіцца. Усе папярэднія варыянты – нудныя і банальныя.


26/ІХ


Паганы настрой. Не пішацца, паўтараюся. Сяджу над галашэннямі Шэйна. Столькі ў іх цяжкага і жудаснага, што аж страх чытаць. Прыпомнілася наша пількаўская плакалынчыца Тэкля Калбун, якая не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх аплаквала нябожчыкаў. Колькі ад яе можна было запісаць галашэнняў і па старых і па малых, па дзяўчатах і хлопцах! Колькі ў яе імправізацыях было паэзіі і трагізму, навеянага жыццём нябожчыка, падказанага абставінамі яго асірацелай сям’і! Усё яна ўмела ўлічыць, нічога не забыць, пра ўсё ўспомніць. На пахаванні пастара Данілкі, пералічваючы яго заслугі, успомніла, як ён прыгожа іграў на трубе, якія цудоўныя плёў лапці, вязаў венікі, майстраваў кошыкі і спускаў жалейкі, не забылася ўспомніць, што ён пакінуў недагледжаную на зіму сваю хату і батрачую спадчыну, якую будуць дзяліць яго дзеці:


…А хто ж, мой Данілачка,

Нацягае кастры на шаламя,

Ацепліць у хаце прызбачку,

Пазатыкае ўсе дзірачкі

Каля шулы і на покуці?

А хто ж памірыць дзетачак,

Як паспрачаюцца, дзелячы

Тваю торбу пастырскую.

Пужку-дратаваначку,

Дзесяць пар лапцей пакінутых,

Песню трубы-берасцяначкі,

Скарынку хлеба чэрствага,

Долечку незайздросную…


Шкада, што, як быў там, я не змог запісаць яе галашэння па нашым суседзе – Езупавым Мацеі, галашэнне, якое цягнулася ўсю ноч, або яе галашэнне па майму дзядзьку Ціхану, пра якое і сёння ўспамінаюць пількаўшчане.


27/ІХ


Ад гаспадыні даведаўся, што заходзіў Міхась Машара. Шкада, што мы размінуліся. Хоць бы сказаў, дзе яго шукаць ці ў каго ён спыніўся.

Пасля закрыцця "Нашай волі" ўсе мы сябе адчуваем як без рук. Цэлы вечар утрох – Паўлік, М. Бурсевіч і я – думалі над тым, як бы зноў пачаць выдаваць сваю газету, як бы не растраціць сувязей і адрасоў падпісчыкаў "Нашай волі" і яе супрацоўнікаў. Паўлік рэдактарам новай газеты прапануе таварыша К., з якім я пазнаёміўся падчас турысцкай вандроўкі па Навагрудчыне. Яго як выхадца з духоўнай акадэміі, ёсць надзея, староства зацвердзіць рэдактарам. Толькі б хутчэй зноў узяцца за работу!


30/ІХ


Адзначылі нейкі юбілей М. Машары. Я не быў на гэтай урачыстасці, якая, здаецца, адбывалася ў цесным хадэцкім асяроддзі. Чуў толькі, што М. Машара здорава перасварыўся з арганізатарамі гэтага вечара, а ў рэдактара "Калосся" запусціў пустой бутэлькай. Беларус поўнай бутэлькай не кінецца. Яшчэ не ведаю, што выклікала гэтую бурную сварку. Трэба будзе пры сустрэчы запытацца ў самога юбіляра. Толькі ўсё ніяк не магу яго злавіць.


20/Х


Настрой з кожным днём пагаршаецца. Сёння чытаў у Студэнцкім саюзе свае вершы, а ў мінулую нядзелю ў Беларусаведзе чытаў фрагменты з VI і V частак паэмы "Нарач".


23/Х


Учора ў 10 гадзін вечара прыйшоў паліцыянт і ўручыў мне павестку з’явіцца ў следчы аддзел як западозранаму… Ужо маю дзве павесткі: адна – на сённяшні дзень, другая – на 24 кастрычніка. Усё цягаюць за мой канфіскаваны зборнік. Узяўся чытаць Д. Лондана. Перапісаў вершы, з якімі абяцаў выступіць на студэнцкім вечары. А можа, яшчэ і не давядзецца выступаць, бо чорт ведае чым могуць кончыцца гэтыя няспынныя выклікі на допыты.


24/Х


Болыд за тры гадзіны пратрымалі ў следчым аддзеле на Святаянскай вуліцы. Запрошвалі па справе майго зборніка і канфіскаванага верша ў газеце "Наша воля". Прызнацца, тлумачэнні мае наконт верша былі смехатворныя. Верш заклікаў да рэвалюцыйнага змагання за лепшую будучыню, а я тлумачыў, што гаворка ідзе аб змаганні за родную школу, паколькі гэта пытанне было адным з тых, якія не сыходзілі са старонак газеты "Наша воля".

На літаратурных сустрэчах у рэдакцыі "Калосся" пачалі абмяркоўваць статут будучага Саюза пісьменнікаў. Баюся толькі, што нам не дадуць дазволу залегалізаваць арганізацыю, у якой 90 % членаў – то былыя вязні, то людзі, якія і зараз за кратамі турмы, за дратамі Бярозы. Можа, трэба было б падумаць – на ўсякі выпадак – аб арганізацыі аддзялення нацыянальных меншасцей пры Саюзе польскіх пісьменнікаў у Вільні. Тут маглі б заручыцца дапамогай многіх вядомых польскіх пісьменнікаў і людзей, блізкіх нам сярод літоўцаў, яўрэяў.

Вечарам быў на абмеркаванні "Першых зернетак" Паўловіча. Па-хамску вялі сябе дзеячы з "Роднага краю", "спадар" Янка Станкевіч, Станіслаў Станкевіч і кампанія, якія пад выглядам "зычлівай" крытыкі стараліся скампраметаваць і аўтара гэтага, так неабходнага для беларускіх дзяцей падручніка, і агулам усё, што робіцца зараз супольнымі сіламі на ніве асветы і культуры.

Заўтра з былым рэдактарам "Нашай волі" В. Склубкоўскім пойдзем на нараду да адваката Галіны Заштоўт-Сукеніцкай, якая згадзілася бараніць у судзе "Нашу волю".


25/Х


Быў пад Нова-Вілейкай з Паўлікам, які пазнаёміў мяне з Шурай. Цікавая і досыць прыгожая дзяўчына. Добра знае рускую мову. Напэўна, з нейкай сям’і старавераў, якіх у Вільні і ў ваколіцы жыве шмат. Паўлік казаў, што бацькі выдаюць яе замуж за мясцовага гміннага пісара ці сакратара, хоць яна яго не любіць. Вось яшчэ адзін з апошніх варыянтаў старой, як свет, гісторыі.

Доўга мы блукалі разам па густых верасах, па ўзгорках, засланых золатам лістападу, па маляўнічых берагах Віленкі.

Паўлік прачытаў нам цэлую лекцыю аб міжнародным становішчы. Збіраецца, казаў, на нейкі час выехаць з Вільні. Развітваючыся, раіў мне аж да яго прыезду трымаць сувязь з Шурай, хоць з бацькамі яе знаёміцца чамусьці не раіў.

У Паўліка нейкая надзвычайная здольнасць у любым асяроддзі акліматызоўвацца і знаходзіць патрэбных людзей. Я хоць лепш знаю горад і даўжэй у ім жыву, але, напэўна, не маю столькі, як ён, знаёмых.


26/Х


На стале – два незакончаныя вершы: "А ў бары, у бары" і "Рана за парканам". 3 дзядзькам Рыгорам заходзілі да кампазітара К. Галкоўскага. Трэба будзе напісаць словы для кантаты. Не ўпэўнены, што ўдасца мне гэта зрабіць, бо ні ў маіх заказчыкаў, ні ў мяне самога яшчэ няма выразнай ідэі гэтага твора. Гаспадар пачаставаў нас чаем. Цікавы чалавек і выдатны выкладчык. Помню яго яшчэ з часоў сваёй вучобы ў гімназіі імя А. С. Пушкіна. Чытаў ён нам лекцыі па дыкцыі, якія мне вельмі потым прыдаліся, калі я пачаў авалодваць музыкай верша і выступаць на вечарах з чытаннем сваіх твораў. Палову пакоя, у якім працуе К. Галкоўскі, займае раяль, другую палову – рабочы стол і лавы, заваленыя кнігамі, нотамі; на сценах – партрэты кампазітараў, з якіх вылучаецца велізарны партрэт яго любімага настаўніка – Чайкоўскага.


31/Х


Гэты тыдзень жыву без грошай. Кажуць, цыган прывучаў сваю кабылу не есці. Калі тая на сёмы дзень здохла, ён усім казаў: "Каб яна, баця, гэты дзень перажыла – прывыкла б і магла б працаваць не еўшы…". Трэба будзе напісаць дамоў, каб прыслалі якую падмогу. Хацелася б да Новага года закончыць сваю "Нарач" ды ўзяцца за новы зборнік вершаў.


10/ХІ


На хвіліну забег да мяне Макар, каб забраць свае паліто, якое тыдзень таму пакінуў у мяне. Нешта ён вельмі дрэнна выглядае. Можа, хварэў? Прасіў скантактаваць яго з Паўлікам. Чамусьці ён цікавіўся лесам Багданчука, якога ўратавалі рыбакі, а потым нашы хлопцы пераправілі за мяжу. Я хацеў яго пачаставаць чаем, але ён адмовіўся. Пайшоў нейкі ўстрывожаны, сумны. Калі я расказваў пра ўсё гэта Паўліку, той дужа быў незадаволены, што Макар днём бадзяецца па горадзе і заходзіць на нашы легальныя кватэры. Я не распытваўся, у чым справа. Але, відаць, з Макарам здарылася нешта сур’ёзнае.

Вечарам быў на Зарэччы ў Ніны Тарас і Зіны Еўтухоўскай. Думаў, сустрэну ў іх Мікалая Бурсевіча ці Ксеню Федасюк, з якімі неабходна мне было пабачыцца. Але абое чамусьці ўжо больш за тыдзень сюды не паказваліся. 3 гадзіну, відаць, забавіўся ў дзяўчат. Становішча ў іх, хоць яны і не прызнаюцца, проста трагічнае: ні працы, ні грошай, ні хлеба. Паўлік і М. Бурсевіч стараюцца ім памагчы. Ніна, відаць, апошнімі часамі шмат працуе над сваімі вершамі. Піша ўсё лепш і лепш. Не хапае ёй веры ў свае сілы і здольнасці. Але ў такіх умовах можна зусім зняверыцца ва ўсім, а яна яшчэ піша, і ў вершах яе жыве вера ў лепшую будучыню.

На Замкавай у вітрыне перагледзеў газету "Слова", асабліва - звесткі з іспанскага фронту.

Іспанія стала ў кожнага з нас крывавай ранай у сэрцы.


11/ХІ


Дзень – без асаблівых падзей, калі не лічыць маіх самотных вандровак у нявырашаныя тэмы. Ды і тыя, што вырашаны – вырашаны павярхоўна, скараспела. Таму так часта мяняем свае пагляды на шмат якія падзеі – як мінулыя, так і сучасныя. Галоўнае, што ўсё гэта кожны раз пераканаўча і лагічна навучыліся абасноўваць. Неяк сёння хутка пачынае змяркацца. Два радкі з Булата Ішымгулева, якія думаю ўзяць эпіграфам для свайго верша:


Імя яго, нібы сонца ўначы,

Імя яго, як паўстанне, гучыць…


Ад бойні і ад фанернай фабрыкі цэлы дзень дзьме горка-саладкавы ўдушлівы вецер, ад якога задыхаецца ўсё прадмесце Воўча Лапа.

У галаву лезуць нейкія несамавітыя вобразы:

"Узяў змяю, што грэлася на дарозе, і пайшоў, апіраючыся на яе…".

"Толькі літаўры вачэй нашых білі трывогу…".

Апошняе магло б быць заключным радком нейкага лірычна-рамантычнага верша.


11/ХІІ


Калісьці Ф. Дастаеўскі скардзіўся, што Еўропа не знае Пушкіна. Мяне непакоіць другое: мы знаем многіх пасрэдных – я ўжо не гавару пра класікаў – заходнееўрапейскіх пісьменнікаў, а там – амаль нічога не знаюць і, можа, ніколі не будуць знаць пра нашых самых выдатных.

Спазненне – нацыянальная наша хвароба. А праз сутнасць сваіх школ яна стала хранічнай. Псіхіка маладога пакалення па-за фальклорам і некаторымі жывучымі яшчэ традыцыямі фарміруецца пад уплывам чужой літаратуры, чужога мастацтва.

Ідучы праз універсітэцкі двор, затрымаўся каля дзвюх мемарыяльных дошак, умураваных у сцены касцёла Святога Яна. На адной напісана:

"Ксёндз Пётр Скарга Т. Т. Нар. 1536 - Пам. 1612. Касцёла святога апостал палымяны, народа сумленне і святло вечна жывое, непрыкметных слуга сардэчны, прапаведніцтва ўзор несмяротны, прозы польскай апякун незраўнаны, культуры на рубяжах прапагандыст нястомны, акадэміі Віленскай рэктар першы".

А на другой: "Ксёндз Якуб Вуек Г. I. Нар. 1540. Пам. 1594. Муж вялікай навукі і цноты, святога пісання перакладчык векапомны, веры святой фехтавальшчык трывалы, слова і пяра магістр выдатны, мовы польскай багацця і хараства знаток вялікі, акадэміі Віленскай рэктар другі".

Вось дзе можна павучыцца, як трэба ўслаўляць людзей, заслужаных перад сваім народам, і як пісаць оды! Хоць на землях, дзе гэтыя славутыя мужы дзейнічалі, місія іх не была такая хвалебная.

У старым сшытку з 1932 года знайшоў некалькі вельмі слабых сваіх вершаў, якімі трэба будзе падпаліць печ, і цудоўную народную песню. Шкада, што не прыпомню зараз. – дзе, калі і ад каго яе запісаў:


Ах, хіліцеся, зялёныя лозы,

Адкуль вецер вее,

Ды глядзіце, мае сінія вочы,

Адкуль мілы едзе.

Ды хіліліся зялёныя лозы,

Ды на зямлю палі.

Наглядзеліся мае сінія вочы

Ды плакаці сталі.


12/ХІІ


Сёння святкую, хоць без хлеба і без грошай. Атрымаў ад Лю куплены ёю ў варшаўскай кнігарні Гебетнера і Вольфа (аб чым гаворыць пячатка на вокладцы) цудоўны падарунак – аднатомнік вершаў Ул. Маякоўскага. Зараз не трэба будзе хадзіць у чытальню Т. Зана і па перакладах знаёміцца з гэтым палымяным трыбунам рэвалюцыі. Як шкада, што кніга не трапіла да мяне на некалькі год раней. Чытаю і многія рэчы пачынаю бачыць у іншым святле. Справа – не ў перайманні, не ў паўтарэнні Маякоўскага. Адчуваючы яго дужае плячо, мне цяпер будзе лягчэй падняцца на ногі, вызваліцца з палону многіх аджыўшых свой час аўтарытэтаў і манапалістаў хараства і праўды.


15/ХІІ


Ужо другі тыдзень ляжу дома хворы. Страшэнная слабасць. Няма грошай ні на яду, ні на лякарствы, ні на дактароў. Лячуся паэзіяй, якую раней лічыў нейкім ілюстраваным дадаткам да свайго жыцця, да сваёй працы, а зараз – сам у яе на пабягушках. Хочацца хутчэй закончыць "Нарач", а паэма ўсё больш і больш разрастаецца. Каб не згубіліся яе фрагменты ў нейкіх судовых актах, перапісваю і аддаю на перахаванне дзядзьку Рыгору і іншым сваім знаёмым.

У пакоі сцюдзёна. Сёння зайшоў да нас кавалер гаспадынінай дачкі – пан Пётр і аж жахнуўся, убачыўшы ў нас на стале кнігу Панфёрава "Камуна беднякоў", перакладзеную на польскую мову. Відаць, думаў, што гэта нейкая нелегалыпчына, але, перагарнуўшы старонкі і пераканаўшыся, што гэта не падпольная літаратура, паклаў яе, збянтэжаны, на

стол. Потым мы з Сашкам Хадзінскім смяяліся з яго. Мы дагадваліся, што пан Пётр сочыць за намі. Сам ён – беспрацоўны, але досыць прызваіта апранаецца, і мы яго часта бачым на розных патрыятычныхурачыстасцях, дэманстрацыях, дзе ён, разам з падобнымі тыпамі, крычыць, у залежнасці ад палітычных абставін: "Віват!", "Нех жые!", "Прэч!". Відаць, здагадваецца і яго Оленька, чым ён займаецца, бо часта адцягвае яго ад нашых кніг і сшыткаў. Гаспадыня ж наша – руская, прыветная і добразычлівая кабеціна. Жыве з дачкой, якая працуе недалёка ад вакзала ў цырульні. Учора зноў да іх заходзіў Рагозін. Чалавек ён – у гадах, толькі ўсё маладзіцца, хоць і нялёгка даецца яму гэта роля сівога жарэбчыка. Паколькі я быў хворы і не мог нікуды ўцячы, пачаставаў ён мяне неміласэрна вялікай порцыяй сваіх гладкіх, але бездапаможных вершаў, запраўленых сумам Вярцінскага, цыганшчынай, кабарэтным чадам.


17/ХІІ


Пераглядаю і ператрасаю свае старыя сшыткі і чарнавікі. Колькі ў іх – асабліва ў ранейшых – розных касмічных вершаў! I сам не ведаю, адкуль яны ўзяліся ў маёй глухой Шлькаўшчыне, дзе нават не было ніякай там, апроч берасцяной, трубы, каб сачыць за з’явамі ў Сусвеце.

Цікавую думку сустрэў у Каляроса: што жыццё людское павялічваецца на суму зашчаджанага часу. Я вось толькі не ведаю, куды дзяваць мне час, зашчаджаны апошнімі галадоўкамі. Жывём з Сашкам без грошай і без хлеба. У яго толькі – хімія з біялогіяй, а ў мяне – паэзія.


18/ХІІ


Калісьці чытаў, што ў завяшчанні Калумба ёсць два пункты: каб у яго труну не клалі ніякіх адзнакаў і медалёў, а толькі кайданы, у якіх ён быў закуты пад канец свайго жыцця, і каб яго пахавалі ў Сан-Дамінга – на востраве, калісьці ім адкрытым. Цікавы сюжэт для паэмы ці для верша.

Як сцюдзёна сёння ў пакоі! Каб знаў, у каго з маіх знаёмых цёпла ў хаце, пабег бы пагрэцца. А то зноў, як на Лукішках, пачалі набракаць і балець суставы пальцаў.


26/ХІІ


Зноў – у Варшаве. Лю дала мне адрас нейкай знаёмай гандляркі, дзе я за досыць сходную цану займеў начлег. Следам за мной на гэту кватэру яшчэ нехта прывалокся начаваць. Перад сном я пачаў чытаць пазычаны ў Зосі (а яна, здаецца, пазычыла ва універсітэцкай бібліятэцы) часопіс "Полымя". Амаль увесь гэты нумар прысвечаны А. М. Горкаму. Сярод усіх матэрыялаў знайшоў два сапраўдныя высокамастацкія творы: "Люба Лук’янская" К. Чорнага і "Людзі прагнуць" А. Куляшова. Паэма А. Куляшова напісана энергічным, празрыстым і нейкім пругкім вершам, у якім ёсць шмат цікавых знаходак. Што да К. Чорнага, дык я яго пачынаю ўсё больш і больш любіць. У яго многія з нас могуць павучыцца не толькі пісаць, але і думаць па-беларуску.

У суседнім пакоі гадзіннік прабіў поўнач. Добра, што ў гэтую зімовую золь можна ў цяпле адпачыць. Святло з акон суседняй камяніцы падае на рэпрадукцыю карціны Кольвіц "Голад" і на этажэрку з кнігамі, сярод якіх бачу Горкага, Барбюса, Сінклера… I ад таго, што гэтыя кнігі побач са мною, мой часовы прытулак здаецца мне больш надзейным і больш утульным.


27/ХІІ


На бруднай, шумнай вуліцы Заменгофа купіў у кіёску "Ілюстраваны кур’ер цодзенны" – газету, заўсёды поўную розных сенсацыйных навін з усяго свету.

Збіраўся зайсці ў нейкую тайную чайную паснедаць. Выйшаўшы на Кармеліцкую, неспадзявана сустрэў Лю. За час нашага расстання яна яшчэ больш пахарашэла. Стала сапраўднай варшавянкай, а не той золушкай, якой нават не было ў што прыбрацца. I хоць гэта сустрэча ў нашых умовах была недазволеная, мы зайшлі ў бліжэйшы рэстаранчык, каб крыху пасядзець, пагутарыць, падзяліцца навінамі. Абое былі невымоўна рады гэтай сустрэчы – хай сабе і кароткай, як міг. Бо і яна мусіла бегчы на сваю працу, і я, з накіраваннем доктара Кона, мусіў ісці на прыём у яўрэйскае процітуберкулёзнае таварыства "Брыюс". Нават не змог яе правесці, ніхто з нас не меў права дагаворвацца на наступную сустрэчу. I так не знаю, ці прызнавацца Паўліку, што выпадкова бачыўся з Лю. Калі сам не спытаецца, буду маўчаць.

Вечарам, прайшоўшы праз усе аналізы, рэнтгены і кансультацыі, атрымаўшы накіраванне ў адзін з санаторыяў у Атвоцку, доўга блукаў па залітых святлом вітрын і неонаў вуліцах Варшавы. Каб даць крыху адпачыць нагам, зайшоў у кіно "Апалон". Дарма толькі выкінуў 50 грошаў на білет, бо фільм быў такі нудны, што я не змог прагледзець яго да канца.

Перад сном спрабаваў накідаць план апошніх частак "Нарачы". Сёння ў гаспадыні сабралася яшчэ больш начлежнікаў. Мяне яна перавяла ў нейкую бакоўку, дзе ні стала, ні крэсла. Рыльке, здаецца, пісаў стоячы. Конрад часта пісаў у ванне… Я ўсіх класікаў перасягнуў – пішу лежачы і пры зусім цьмяным святле.


30/ХІІ


Мокры снег, змяшаны з паравозным дымам, хрыплымі гудкамі і паганым настроем, праводзіў мяне аж да новага майго прыстанішча. Дачытаўшы "Полымя", узяўся за стары нумар "Вядомосцей літэрацкіх", дзе надрукаваны надзвычай цікавы рэпартаж з Іспаніі К. Прушынскага. Шкада, што мала захапіў з сабою ў дарогу літаратуры. Не спадзяваўся, што мяне тут затрымаюць аж на пару тыдняў. I чаго я згадзіўся паехаць у гэты нудны пасёлак сухотнікаў – Атвоцк! Здаецца, дома і хварэць і паміраць весялей. А тут, нават за сталом, такая гнятучая цішыня, што і есці не хочацца. У пакоі, абклееным жоўтымі шпалерамі, пах нейкіх лякарстваў, гнілога надвор’я, бяссонніцы. Калі ж тут яшчэ мне не будзе пісацца, не зважаючы на катэгарычны загад Паўліка – лячыцца, збягу дамоў у Вільню.

Вечар. На цёмных шыбах, якія быццам аб нечым думаюць – буйныя кроплі поту, – зіхатлівыя кроплі дажджу.


1937


1/I


Яшчэ ніводнага Новага года я не сустрэў так, як хацеў бы. Кожны раз Дзед Мароз кладзе пад маю ёлку непрыемныя падарункі – розныя павесткі, акты абвінавачванняў, сумныя лісты і весткі ад сяброў… А сёлета прынёс мне некалькі рэцэптаў. Узяў я іх і паплёўся па пустых вуліцах Атвоцка ў пошуках аптэкі. Па дарозе зайшоў на станцыю, дзе купіў святочны нумар "Кур’ера", пазнаёміўся з раскладам цягнікоў, прачытаў і агледзеў з дзесятак рэкламных плакатаў "Ведэля", "Сухарда", "Радыёна", "Орбіса"… Усё гэта для мяне – толькі рыфмы. На апошнім плакаце – пальмы, мора, блакіт неба і снег. Я калісьці любіў геаграфію. А сёння ўсумніўся, што ўсё гэта сапраўды недзе існуе. Калі вярнуўся ў санаторый, усе ўжо спалі. Я пачаў перакладаць запісаную ад К. песню вязняў канцлагера Картуз-Бярозы, якую ён спяваў на матыў "Варага". Песня даўжэзная. Я меў толькі некалькі яе строф.


Праз багны Палесся этапам ідзём.

Навокал штыкі толькі свецяць.

Гараць нашы сэрцы бунтарным агнём,

Галосяць дзесь маткі і дзеці.

Гаворыць зямля ў крывавых слязах,

Якая чакае нас доля:

Пабоі і мукі і карцэраў жах,

Калючага дроту няволя.

Пра тое, як мучаць нас голад і кат,

Раскажуць канцлагера сцены.

Трымайся, таварыш, мужайся, мой брат!

Не змусяць нас стаць на калені!


3/I


Разам са мною ў пакоі жыве нейкі варшаўскі крамнік. Калі да яго прыязджаюць кампаньёны ці родзічы, пачынаецца шум-гам. Гэтыя гандляры нават не зважаюць на тое, што нехта іншы ёсць у пакоі, садзяцца на маім ложку, бесцырымонна перабіраюць на стале мае кнігі, часопісы. Цікавы народ. Я нейкі час сачу за імі, стараюся зразумець змест іх гарачых спрэчак, якія рэдка калі выходзяць за рамкі іх спецыяльнасці, фаху. Сёння адзін з іх, пазнаёміўшыся са мной, запрашаў наведаць яго чайную на Марыенштаце. Я запісаў яго адрас. Можа, калі прыдасца. Захапіўшы свой неадлучны блакнот, пайшоў у лес. Апошні раз, калі прыязджала Л., расказала мне пра Брусельскі сусветны кангрэс прыхільнікаў міру і пра расстрэл сялянскай дэманстрацыі ў Остраве Тулікоўскім і ў Кшэсавіцах, дзе загінула каля 20 чалавек і некалькі сот было ранена. А з газет цяжка даведацца, што зараз адбываецца ў Польшчы і за яе межамі. Амаль ні слова няма пра тое, што набліжаецца небяспека новай сусветнай вайны. Запісваю тэмы для вершаў: пра сялянскія забастоўкі, пра смерць паэтаў А. Германіскага і Я. Мазырка, закатаваных у Картуз-Бярозе, пра т. зв. "бядашахты", пра канфіскаванне ў "Абліччы дня" перадрукаванага з "Трыбуны народаў" (1849) артыкула А. Міцкевіча…

У блакноце запісаў пачатак народнай песні.


Вочы мае чорныя, чорныя, чорныя,

Цяжка мне жыць з вамі,

Цяжка жыць.


7/I


Сёння прыехала Лю. Прызнацца, не спадзяваўся, што ёй дазволяць наведаць мяне. Тым большая была мая радасць, калі раптам пабачыў яе ў расчыненых дзвярах свайго пакоя, у якім, здаецца, аж пасвятлела ад яе ўсмешкі. Прывезла прывітанне ад Паўліка, прывезла шмат харошых навін. Пасля абеду мы пайшлі з ёю блукаць па атвоцкіх лясных завулках, якія крыху нагадваюць віленскі Антокаль, толькі там дрэвы больш высокія і расахатыя, а гэтыя – нейкія хваравітыя, быццам сюды забрылі не расці, а лячыцца. На адной з палянак – гара смецця, бітай цэглы, на другой – рознае ламачча. Ад чыгункі вецер нёс ахапкі гаркаватага дыму. На рагу вуліцы, захінуўшыся ад дажджу, драмалі асалавелы рамізнік і яго зацяганая кляча. Дождж і нас змусіў вярнуцца ў санаторый. Лю нават удалося дастаць сабе асобны пакойчык. Я ўжо тут жыву другі тыдзень, а не змог так, як яна, уладкавацца. I да гэтага часу мне перашкаджае мой сусед, а я яму, бо позна не кладуся спаць – чытаю, пішу. I так, сёння мы бадай што самыя шчаслівыя людзі ў Атвоцку, хоць заўтра зноў вернуцца штодзённыя клопаты, будуць трывожыць нас розныя нявырашаныя пытанні, і адно з іх – невялічкае, асабістае – калі мы сустрэнемся зноў?


8/I


Пшыбышэўскі піша, што мастацтва не мае ніякае мэты, з’яўляецца мэтай само ў сабе, з’яўляецца адбіццём абсалюту душы… Вельмі цьмянае і метафізічнае акрэсленне ролі мастацтва. У ім – не зародак жыцця, а зародак смерці мастацтва.

Зрабіў я недаравальнае глупства, калі ў пісьме бацькам напісаў, дзе лячуся. Тыя занепакоіліся. Папрасілі нашу вясковую настаўніцу Ф. Скурко, якая ехала ў Варшаву, наведаць мяне. Ні бацькі, ні яна, зразумела, не здагадваюцца, што сваёй мітуснёй, звязанай з наведваннем мяне, маглі толькі памагчы розным маім няпрошаным апекунам і тут мяне непакоіць. I ніяк ім гэтага не вытлумачыш. I так наша настаўніца, відаць, пакрыўдзілася, што я не зусім ветліва яе сустрэў.

За апошнія дні амаль апусцеў наш санаторый "Брыюс". Засталося толькі з дзесятак чалавек хворых. Здароўем чуюся крыху лепш. Пачаў пісаць заключную – сёмую – частку "Нарачы". Чарнавікі, каб не згубіліся, перасылаю ў Вільню. У сувязі з набліжэннем сотай гадавіны з дня смерці А. С. Пушкіна пачаў перакладаць для "Беларускага летапісу" яго вершы, якія помніў: "Анчар", "Вязень", "Я помнік збудаваў…".

Чамусьці нядзеля здаецца мне самым доўгім днём…


9/I


Мае суседзі збіраюцца на Касцельную да вядомага тут фатографа Абрамава. Запрашаюць і мяне. Дзе гэта Касцельная вуліца? Сустрэлі групу гімназістак. Пэўна, прыехалі некага наведаць. З кветкамі. Гоману ад іх – на ўсю вуліцу. Успомніў, што трэба купіць шкарпэткі, а то пачынаю ўжо свяціць голымі пятамі. На Лукішках навучыўся цыраваць, але гэта – дужа марудная работа. Куды прасцей, як рабіў калісьці, замазаць чарнілам пяту. Толькі зараз ужо не выпадае, не салідна, хоць і цяпер нічога ў маім жыцці не змянілася. Жыву бабылём. Няма калі займацца асабістым жыццём. Ды яго няма ні ў кога з маіх блізкіх сяброў.

Абапал дарогі пайшлі падгалістыя сосны, праз якія дзьмуў золкі вецер.

Аб чым жа гэта гавораць мае суседзі? А, пра Лёдзю Галяму. Хоць бы раз паглядзець на яе. Але цяжка дастаць на яе выступленні білет, і білеты – дарагія. Што ж, неяк абыдземся і без гэтай кабарэтнай зоркі.

У фае санаторыя – акварыум. У ім няспынна снуюць залацістыя рыбкі, быццам шукаюць выхаду са свайго мікраскапічнага мора. Пакуль што і наш свет, у якім жывём, мала чым адрозніваецца ад акварыума. Толькі гэты – лягчэй разбіць. У пакоі дзьме праз неацепленыя вокны. Узяўся за верш:


Здраджаю часта рыфме-богу.

За гэта, знаю, чорт мяне

Падхопіць некалі на рогі

Або павесіць на сасне…


Потым узяўся перакладаць верш К. Уейскага, якога ў нас, здаецца, акрамя Я. Купалы, мала хто і ведае. Верш гэты называецца "Віірег Лшпіпе ВаЬііопіз", да якога я ўсё не магу падабраць ключа. У ім ёсць страшныя словы, здаецца, са 136-га псалма: "Блажен, кто возьмет н разобьет твонх младенцев о камень". I гэта называецца "Свяшчэнным пісаннем"! Самае дзіўнае, што некаторыя пракляцці, якія сустракаем там, можна яшчэ і сёння сустрэць у нашым фальклоры і нават – пачуць.

На калідоры нехта галёкае па тэлефоне:

– Гэля! Гэлюня!.. Ты чуеш? Буду заўтра чакаць цябе на вакзале… Ты чуеш?

I на тым свеце можна пачуць.


10/I


Мой сусед па стале заўсёды падчас абеду настаўляе радыёпрыёмнік на Берлін і слухае перадачы на нямецкай мове. Цяжка адгадаць, якіх поглядаў гэты чалавек. Побач з самымі рэакцыйнымі газетамі і часопісамі я ў яго бачыў і творы Горкага, Шльняка, Эрэнбурга. Ён на год дзесяць старэйшы за мяне. Часамі, як і ўсе старэйшыя, любіць павучаць. Сёння за абедам:

– Трэба больш за ўсё асцерагацца залежнасці ад чалавека, якая можа атруціць жыццё… Вы яшчэ, пане, мала ведаеце свет… Раю пачытаць Дастаеўскага…

Чаму Дастаеўскага?..

Пад вечар прыехала нейкая рыжавалосая высокая студэнтка варшаўскай кансерваторыі. Відаць, яна разбудзіла ў салоне старога "Шрэдэра", які грымеў аж да позняй ночы. Аж дзіва, што ў ім столькі яшчэ таілася гукаў.


19/I


Чытаю апошнія вершы нашых піітаў. Вершы вельмі слабыя. Папулярнасць некаторых з іх магла зарадзіцца, разрасціся і разлапушыцца толькі ў нашым бедным і прымітыўным літаратурным асяроддзі.

Сярод лістоў, якія прыйшлі ў маю адсутнасць у Вільні, мяне асабліва парадавала паштоўка з Лукішак ад майго старога друга Серафіма Давора. Адзін час хадзілі чуткі, што ён недзе каля сваіх Радашковічаў загінуў, напароўшыся на засаду польскіх пагранічнікаў. Але, дзякуй богу, жыў Курылка. Просіць толькі прыслаць яму сякую-такую вопратку, абутак. Некалькі сказаў астрожная цэнзура закрэсліла. Пра што там было напісана? больш трох месяцаў ішла яго паштоўка да мяне, хоць адлегласць ад яго камеры да маёй кануры ўсяго пару кіламетраў. За гэты час маглі яго перавесці ў іншую цытадэль. Хутчэй трэба будзе ўдакладніць яго адрас. Таварышы К. і Л. выйшлі ўчора на волю; яны павінны былі чуць і знаць пра гэтага лукішскага старажыла, якому ў 1932 годзе ледзь удалося вырвацца з пятлі пана Маціеўскага.


20/I


Сёння ўдалося раздабыць апошні нумар "Дзённіка папулярнага" і ад Н. атрымаць адзін экземпляр "Дамброўшчыка", прысланага яму таварышамі з Іспаніі. Якой вялікай нянавісцю да фашызму і верай у перамогу народа дыхаюць старонкі газеты батальёна Дамброўскага! У радах змагароў за свабоду Іспаніі зараз змагаецца шмат беларусаў. У спіску забітых – некалькі знаёмых. Чытаю – і здаецца: у маім пакоі чуецца гром далёкіх баёў.


21/I


На пасяджэнні Беларускага навуковага таварыства, якое сабралася ў інжынера Трэпкі, я ўпершыню сустрэўся з Н. Арсеньевай. Агулам, я – не прыхільнік яе паэзіі, хоць некаторыя яе вершы, прачытаныя на гэтым вечары, мне спадабаліся сваім лірызмам, вобразнасцю. Трэба прызнаць, што са сваіх інтымных пачуццяў яна ўмее вязаць прыгожыя карункі. Зараз пасля доўгага маўчання яна перажывае нейкі стан прабуджэння. Апошнімі часамі пачала актыўна выступаць у друку. Увесь вечар мы сядзелі побач. Гаспадар нават нас сфатаграфаваў. Пасля Н. Арсеньевай папрасілі і мяне прачытаць свае вершы. Я прачытаў прывезеныя з Атвоцка заключныяфрагменты "Нарачы". Нехта, калі разыходзіліся, выказаў думку, каб я напісаў пра Арсеньеву. Ды я і сам збіраўся адклікнуцца вершам аб нашай сустрэчы. Я заўважыў, што сярод прысутных шмат было сватоў, якім хацелася, каб паміж намі завязалася нейкая творчая дружба. Няўжо яны не бачаць, што мы – людзі рознага складу, розных поглядаў? Выпадкова сустрэліся, і не ведаю, ці сустрэнемся больш калі. Дарогі нашы разыходзяцца ў процілеглых напрамках. Відаць, калі буду нешта пісаць, і выкажу гэту сваю думку.


3/ІІ


Сёння закончыў паэму "Нарач", больш дакладна – дапісаў "Эпілог". Пад вечар панёс апошнюю – сёмую – частку дзядзьку Рыгору і іншым сваім знаёмым, а вечарам прачытаў Сашку Хадзінскаму, якому я, відаць, ужо дакучыў сваімі вершамі. Хай выбачае.

Мне неабходна знаць думку сяброў пра тое, што я пішу. "Эпілог" усім спадабаўся. Прызнацца, пісаў я яго пад уражаннем і радасных і сумных падзей апошніх дзён. Мне хацелася, каб ён быў маім палітычным і паэтычным маніфестам. А потым прыйшлі сумненні: ці ўдасца мне ўсё гэта надрукаваць? Праз імглу, як праз сон, пачаў падаць камкамі снег.


4/ІІ


З захапленнем прачытаў у "Сігналах" бліскуча напісаныя Г. Дамбінскім фрагменты яго вялікага артыкула пра Шылера. Потым пайшоў да дзядзькі Рыгора, занёс яму матэрыялы для "Беларускага летапісу". Застаў у яго некалькіх гімназістаў, відаць, яго землякоў, бо ва ўсіх адчуваўся ў мове пружанскі акцэнт.

Дзень творчых няўдач. Усё, што напісаў, прыйшлося забракаваць. Мне здаецца, што беззваротна мінулі часы сельскай-анельскай паэзіі, якой у нас усё яшчэ шмат хто займаецца. Нават фальклор – непаўторная з’ява мінулай эпохі. Трэба шукаць і шукаць новых форм. Мы забываем, што без адкрыцця новага не можа быць сучаснай паэзіі. А пакуль што ходзім, трымаючыся за мыліцы старых традыцый, уяўленняў, густаў, глухія на крык новых дзён у кожным наступным тыдні, новых месяцаў – у годзе. У музейнай бібліятэцы напазычаў розных слоўнікаў і зараз цэлымі днямі і начамі чытаю. Некаторыя словы, якія да гэтага часу не ўжываў, выпісваю. Некалі прыдадуцца. Аж страх узяў – з якім абмежаваным і бедным слоўным багажом выправіўся я на Парнас!


11/II


Сёння ў Саюзе польскіх пісьменнікаў адбыўся вечар, прысвечаны 100-годдзю са дня смерці А. С. Пушкіна. Выступалі К. Гурскі, Т. Буйніцкі,М. Здзяхоўскі…

У літаратуры больш за ўсё шанцавала героям трагічнага лёсу, якія выклікалі ў чытачоў спачуванне і захапленне, жаль і абурэнне на несправядлівасцьу адносінах да іх. Ці так будзе заўсёды? Чытаю нашых ксяндзоў-Бакаў. Столькі ў іх ачмурэлага калтунства, што аж цёмна робіцца ў вачах. У іх зусім адсутнічае ўяўленне, у якія часы яны жывуць, у якія часы яны пішуць. Раздабыў некалькі нумароў "Аколіцы паэтаў", а з гарышча касцёла, дзе перахоўваецца частка тыража "На этапах", прывалок стары гадавік "Ргге§1^с1ц іу^осіпіо’Л’ецо". Пэўна, занёс яго туды нейкі бес, каб спакушаць клеркаў бязбожнай пісанінай А. Свентахоўскага.

Чамусьці ва ўсіх сабак і катоў на нашай вуліцы Канарскага замежныя клічкі: Джэк, Мардук, Зігфрыд, Блэк, Рэкс…

Пачынаю думаць аб новым зборніку вершаў – перапісваю з чарнавіка прывезеныя з дому сентэнцыі свайго дзеда:

Дай божа да смерці дайсці на сваіх нагах.

Ганаровы, як шкляр: што упала – не падыме.

Лапці ды аборы, вось і ўсе ўборы.

Чаго б то плакаў слеп, каб відзеў след.

Касіць бы касіў, каб чорт касу насіў.

Хапіў з дзежкі, што не відаць сцежкі.

Нагнаў аскому сваёй балбатнёй.

Усе чзрці адной шэрсці.

Свежы пень – пень салодкі.

Жыві так, каб і па смерці жыў.

Найгоршы той, хто нічога не робіць.

Паміраць трэба толькі тады, калі зямля пакліча.

Апошняя ноч у Пількаўшчыне была такая ветраная, што аж мох у пазах нашай хаты дыхаў, як разварушаны мурашнік. Я доўга не мог заснуць. Усё слухаў, як шуміць у Жукове ельнік, як праз Вялікі Бор праносяцца ашалелыя табуны хмар.


12/II


Напісаў некалькі кароткіх сатырычных вершаў, якія хачу прачытаць на вечары ў Студэнцкім саюзе.


Без "свядэцтва маральносці"

Ён пакінуў гэты свет.

На магіле напісалі:

"Беларус… паэт…"

Толькі змоўкнуў звон хаўтурны,

Як паліцыя прыйшла

I нябожчыку паэту

Жмут павестак прынясла,

На якіх чорным па белым

Піша пракурор, каб Эм

Неадкладна ў суд з’явіўся,

Загрузка...