Артыкул – 97.
***
Гляджу на некаторых жыхароў Парнаса,
Што выюць пра красу ды веснаход,
I хочацца мне ім параіць часам:
Замкніце, братцы, вы свайго Пегаса,
Каб не падумаў хто: "Які ад вас смурод!"
19/II
Заканчваю для "Беларускага летапісу" пачатую яшчэ ў Атвоцку работу над перакладам вершаў А. С. Пушкіна. Мне давядзецца чытаць іх на вечары, прысвечаным стагоддзю з дня смерці гэтага аднаго з самых любімых усімі паэтаў. Пераклады не атрымліваюцца такімі, якімі я хацеў бы іх зрабіць. Прастата геніяльнага пушкінскага верша – вяршыня, за якой, як за кожнай неабсяжнай вяршыняй, пачынаецца бездань. I каб яе пераадолець, перакладчык мусіць быць або нейкім гігантам, або мець крылы арла.
З дакладам на гэтым вечары мае выступіць прафесар рускай літаратуры і мой былы настаўнік у гімназіі В. Багдановіч, а раней – досыць вядомы дзеяч манархісцкага складу, былы пасол ці нават сенатар, былы… былы…
Некаторыя з нашых дамарослых цемрашалаў распаўсюджваюць чуткі, што і рэдакцыя "Беларускага летапісу", і ўсе мы, хто будзе браць удзел у юбілейным пушкінскім вечары, робім гэта "па загаду з Масквы". Гэтыя іхтыязаўры не разумеюць, што адна з характэрных уласцівасцей сапраўднай паэзіі – пераадоленне ёю ўсіх моўных, натуральных і палітычных граніц.
3/ІІІ
Сустрэўся з літоўскім мастаком-скульптарам Рафалам Яхімовічам. Калісьці Пётр Сергіевіч мяне зацягнуў у яго майстэрню. Мне тады вельмі спадабаліся многія яго работы. Дужа таленавіты чалавек! Не выпадкова на конкурсе пабудовы помніка Ю. Шлсудскаму яго работа была адзначана як адна з лепшых. Праўда, я не ўцерпеў і сказаў яму, што мяне здзівіў яго ўдзел у гэтым спаборніцтве, у якім нават перамогу цяжка назваць перамогай. Я знаю, што ні Дрэма, ні наш Сергіевіч не ўзяліся б за ўвекавечанне памяці чалавека, след чыйго бізуна астаўся на плячах народа. Ён пачаў быў тады гаварыць, што падзяляе думкі, але цяжкае матэрыяльнае становішча і яшчэ некалькі падобных "але"…
Сёння ён сам мяне хацеў зацягнуць у сваю майстэрню і паказаць некалькі новых цікавых літоўскіх партрэтаў. На жаль, мне трэба было спяшацца на сустрэчу з Міколам Бурсевічам, і мы дамовіліся, што я ў бліжэйшую нядзелю зайду да яго.
Пасля абеду заглянуў у кнігарню "Пагоня", дзе раздабыў некалькі зборнікаў паэзіі. Я заўважыў, што вершы, якія не змушаюць думаць чытача, карыстаюцца большай папулярнасцю, як вершы з глыбокай думкай, падтэкстам. I гэта – не толькі ў нас.
4/III
Перапісаў з "Сігналаў" цікавы сатырычны верш Юзэфа Вітліна "Літанія". Трэба было б яго перакласці на беларускую мову. Хай бы ў нас павучыліся, як трэба пісаць на актуальныя палітычныя тэмы і ўмець не толькі абыходзіць цэнзуру, але яшчэ і высцебаць яе.
Ледзь не спазніўся ў залу Снядэцкіх на канцэрт дзядзькі Рыгора, на якім сёння выступала маладая, але вельмі здольная беларуская спявачка А. Чарняўская.
27/IIІ
Раніцай даведаўся аб смерці З. Нагродскага. Памёр надзвычай цікавы чалавек, адзін з апошніх прадстаўнікоў таго пакалення, пра якое мы сёння знаем толькі з літаратуры. Апошні раз, калі я быў у яго з Путрамантам, ён расказваў аб сваёй дружбе з Ф. Багушэвічам, вершы якога часта ён, апрануўшыся ў мужыцкі ўбор, дэкламаваў на вечарынках. Паказваў нам здымкі Багушэвіча, лісты і рукапісы нікому не вядомых твораў паэта, якія захаваліся ў яго архіве. Нагродскі, здаецца, і сам калісьці пісаў вершы па-беларуску. Успамінаў, як ён памагаў выдаць у Кракаве "Дудку" Ф. Багушэвіча, як ён перапраўляў яго кнігі цераз граніцу ў Вільню, потым – пра "Нашу долю" і "Нашу ніву"… пра многіх пісьменнікаў і палітычных дзеячаў, з якімі сустракаўся і працаваў разам. Я зараз не магу сабе дараваць, што адразу, прыйшоўшы дамоў, не запісаў яго гутаркі. Мне тады здавалася, што ён не так цяжкахворы, што мне яшчэ ўдасца яго пабачыць, пачуць працяг яго цікавых успамінаў, якія раптам назаўсёды абарваліся. Няўжо ніхто з беларусаў ніколі не пацікавіўся яго перапіскай, альбомамі, рукапісамі? Адышоў з гэтага свету З. Нагродскі, забраўшы з сабою шмат старонак з біяграфій многіх выдатных людзей і з гісторыі польска-беларускіх узаемасувязей, якія, не знаю, ці ўдасца калі хоць часткова запоўніць нават самым удумлівым і працавітым нашым даследчыкам літаратуры.
29/III
Выпадкова гэтымі днямі трапіў на даклад "Спадара" – Янкі Станкевіча. Чалавек гэты з немалымі ведамі, зайздроснай энергіяй і напорыстасцю, але сляпы ад нянавісці да ўсяго савецкага і як філолаг да таго глухі, што зусім не адчувае жывой беларускай мовы. Калі б дазволілі яму яе зрэфарміраваць па яго рэцэпту, пачалося б сапраўднае стаўпатварэнне і мы перасталі б адзін другога разумець.
Шукаў слядоў свайго старога аднакашніка А. Бародзіча. Быў у яго знаёмых на Літарацкім завулку. Трэба будзе распытаць іншых маіх радашкоўскіх сяброў, можа, яны што знаюць пра яго.
Пасля спрэчак у Студэнцкім саюзе я зразумеў, колькім розным трагладытам з "Беларускага фронту" ды з іншых фашысцкіх падваротняў мы перашкаджаем мірна пераварваць ежу і спакойна жыць. Чамусьці ў студэнцкім асяроддзі адчуваецца нейкая апатыя. Некаторыя ў нас, як пісаў А. Жыд у сваіх "Картках дзённіка", асмельваюцца думаць толькі ціха…
Пазычыў у бібліятэцы "Літаратурны Львоў", "Скамандр", "Мархолту" і "Аколіцу паэтаў", "Запіскі" Б. Ліманоўскага. Нідзе не магу знайсці "Лютні Пушкіна", каб пазнаёміцца з тувімаўскім майстэрствам перакладу. Ёсць творы – да іх належыць і "Новая зямля" Я. Коласа, – якія ў самых найлепшых перакладах ніколі не будуць гучаць так, як у арыгінале. Відаць, ёсць нейкая няўлоўная таямніца, што крыецца ў самым сэрцы мовы кожнага народа.
Прыйшло пісьмо ад М. Васілька, напісанае чоткім почыркам, якім калісьці пісалі валасныя ды губернскія пісары. Абяцае прыслаць новыя вершы для "Беларускага летапісу". Шмат у яго творах чуллівасці, у пісьмах – сентыментальнасці, у гутарцы – чорных і белых фарб, быццам не існуе іншых адценняў у адлюстраванні жыцця. Просіць прыслаць яму адрас С. Шэмплоўскай. Відаць, нейкая судовая ці турэмная справа. Сёння ж пасылаю (Варшава, вул. Смольная, 7). Не помню толькі нумара яе кватэры.
3/IV
З дому прыйшла звестка аб смерці маёй бабкі Ульяны. Памерла на саракі. Ёй, здаецца, было ўжо каля 80 год. Відаць, і сама яна дакладна не знала, калі нарадзілася, бо ніякіх метрык ці дакументаў ніколі ў яе не было. Вось і не стала чалавека на зямлі – простага, сціплага, працавітага і цягавітага. Вечна яна за ўсіх непакоілася. Шкада, што пра такіх людзей не паведамляюць ні газеты, ні радыё, быццам нічога вартага ўвагі не здарылася на свеце. Калі я прыязджаў дамоў, яна заўсёды мяне прасіла то зрабіць ёй мёнту і крук мяшаць кісель у печы, то звязаць памяло, то звіць шнурок для яе калаўрота… Колькі яна за свой век наткала палоцен, нажала снапоў, намалола хлеба ў жорнах, назбірала розных гаючых зёлак, грыбоў, ягад… I, як магла, лагодзіла ўсе сваркі, берагла цяпло сям’і, пачуццё сям’і, каб, як вугалле ў пяколку, яно ніколі не згасла.
Недзе на дрывотні зараз распускаецца пасаджаная ёю вярба.
Хацеў перагледзець "Жагары" (1931–1934) з творамі Загурскага, Мілаша, Буйніцкага, Путраманта, Рымкевіча, Маслінскага… Але нічога ў галаву не лезла. Можа, пайсці паблукаць па вуліцах, акунуцца каля Галяў у шумлівы рыначны натоўп ці пайсці на ўзбярэжжа Віллі, паслухаць, як шумяць яе веснія воды. Учора быў у Закрэце. Якая там цяпер прыгажосць! Відаць, вечна будуць людзі захапляцца прыродай, адкрываючы ў ёй усё новае і новае хараство.
Сярод нашых снобаў бытуе тэорыя двух гатункаў мастацтва: адно – для іх, другое, "ніжэйшае", – для іншых. Толькі гэта "для іншых" заўсёды аказвалася чартоўскі жывучым і найбольш даўгавечным.
Так і не выбраўся ў горад. Прыйшоў Хвёдар Д., які адседзеў два гады ў Каранове, як казаў, "за сваю шапку". Падчас сходу гуртка ТБШ наляцела паліцыя. Каб даць магчымасць уратавацца некаторым таварышам ад арышту, ён запусціў сваей шапкай у лямпу.
Вечарэе. Перад сном прачытаў артыкул у "Калоссі" пра аднаго нашага "класіка" і здзівіўся: які паэт! А потым пачытаў вершы і яшчэ больш здзівіўся: які крытык! У літаратуры і мастацтве няспынна адбываюцца змены, рэвалюцыі, нават тады, калі яшчэ пяюць пануючым манархам і дынастыям "Доўгія леты" ці "Сто год…".
13/IV
Каля рабочага магазіна на вуліцы Трэцяга мая абмінуў старых жанчын, якія скардзіліся адна другой:
– Рыба, панечка, падаражэла… два злотых – кіло.
– Чуваць, сёлета слаба ловіцца…
– Нешта зусім няма сялявы…
I раптам так захацелася паехаць на Мядзельшчыну, дзе, напэўна, ужо Нарач пачала ламаць і крышыць свае ледзяныя аковы.
З "Тыгодніка рольнічаго" даведаўся, што "няма лепшых, як косы Бруна". Трэба будзе параіць дома, каб купілі, а то ў нас не кожная каса возьме на Стралковай сухую свінарку.
16/IV
Быў на старой сваей кватэры. Пакуль прыйшоў М. Бурсевіч, слухаў па радыё канцэрт з Мінска. Перадавалі новую песню "Арлёнак", якую мне нават удалося запісаць. Чуваць, у горадзе пачаліся перадсвяточныя арышты. Прыйшоўшы дамоў, зрабіў чарговую генеральную чыстку ў сваіх паперах: спаліў розныя непатрэбныя нататкі, чарнавікі, сярод якіх былі і дзве мае юнацкія паэмы. Адна паўстала пад уплывам арыентальнай паэзіі Лермантава і была напісана ў рытме яго "Трох пальмаў", другая – больш самастойная – пра Жанну д’Арк. Адну з іх, помню, чытаў свайму дзядзьку Лявону Банькоўскаму, калі той гасціў у Шлькаўшчыне. Дзядзька еў яечню і слухаў. Усе дамашнія глядзелі на яго, што ён скажа, які вынесе прысуд. Калі я кончыў, ён адклаў відэлец, устаў і паціснуў мне руку. Учынак дзядзькі быў нечаканы і шматзначны для ўсіх і асабліва для мяне. Я ад хвалявання забыўся пра ўсе святочныя прысмакі на стале. I зараз, калі я ўжо лічуся аўтарам многіх вершаў і паэмы "Нарач" і знаю, што дзядзька Лявон у паэзіі зусім не разбіраўся, учынак яго мне здаецца надзвычайным. Адным словам, відаць, тады і адбылося афіцыйнае мае пасвячэнне ў паэты. Дакладная дата: Каляды, 1927 год.
18/IV
Дамовіўшыся з П. і іншымі таварышамі, сёння я быў на літаратурным вечары ў адваката Б. Кржыжаноўскага, на якім прысутнічала шмат яго сяброў з судовых і адвакацкіх колаў. Некаторых я ведаў па іх выступленнях на розных палітычных працэсах. У досыць прасторным, утульным гасціным пакоі, завешаным рознымі фатаграфіямі, карцінамі, застаўленым крыху старамоднай мэбляй і асветленым нейкім мяккім вячэрнім святлом, гаспадар пазнаёміў мяне з прысутнымі. Неспадзяванкай была для мяне сустрэча з генералам Л. Жалігоўскім, які пасля майго выступлення – я чытаў не толькі свае вершы, але і М. Машары, М. Васілька, Н. Тарас і іншых, – потым, здзіўлены, пытаў: "Чаму заходнебеларуская літаратура мае такі радыкальны напрамак?.."
1/V
Цэнзура канфіскавала зборнік М. Васілька "Шум баравы", выдадзены яшчэ ў 1929 годзе. I за што? Вершы там болыы памяркоўныя, як тыя, што сёння друкуюцца ў розных газетах і часопісах. Цяжка зразумець, чым выклікана гэта бязглуздая пастанова віленскага староства. Ды не толькі гэта. Пару тыдняў таму быў канфіскаваны буквар С. Паўловіча "Засеўкі". З белымі плямамі пачалі выходзіць нават хадэцкія газеты і часопісы "Крыніца", "Шлях моладзі", "Хрысціянская думка"… і нават тыя органы, якія выдаюцца за грошы самога ваяводства і фінансуюцца ўрадавымі коламі і ўстановамі. Ідзе наступ не толькі на прагрэсіўны друк, але на ўсё, што выдаецца на беларускай мове і на мовах усіх нацыянальных меншасцяў. Апошнія дні, чуваць, праведзены рэвізіі амаль ва ўсіх літоўскіх культурна-асветных арганізацыях.
10/V
Толькі што вярнуўся з Пількаўшчыны. За час маіх вандровак, аказваецца, папа рымскі паспеў кананізаваць езуіта Андрэя Баболю, абвясціўшы яго патронам Польшчы (колькі іх ужо мае Польшча!) і вялікім апосталам Палесся. Уся гэта гісторыя з кананізацыяй – тэма для несмяротнай камедыі. А ў гарадской зале сёння выступае Ф. Шаляпін! Адкуль узяць два злотых на білет? Усяго – два злотых!
Адзіная радасць – дастаў апошнія, зачытаныя да дзірак нумары забароненага цэнзурай "Данброўшчыка".
13/V
Над горадам прайшла навальнічная хмара, быццам нябеснай маннай, пакрыўшы зямлю градам.
У Студэнцкім саюзе сустрэў К., які толькі што прыехаў з Друскенікаў. Запісаў ад яго эпітафію з пліты, што стаіць на магіле Яна Чачота ў Котніцы. Каб больш верна перадаць змест, пераклад зрабіў белым вершам, захаваўшы рытм арыгінала:
Сваю маладосць прысвяціў ён навукам і цноце,
Век сталы ён мужна пражыў у няспынных цярпеннях.
Любоў да сяброў і да бога –
істоты яго была зместам,
Цяжкое жыццё яго ўсё – да збавення дарогай.
Імя яго злучана будзе навекі ў айчыне
З Адамам Міцкевічам і Тамашам Занам.
Хто ведае іх, перад каменем гэтым схіліся,
Падумай, ўздыхні і за ўсіх іх, траіх, памаліся.
22/V
У бібліятэцы імя Урублеўскіх дастаў 69, 70 нумары "Звязды" з артыкуламі Александровіча і Кучара аб выкрыцці ворагаў народа ў літаратуры. Трэба будзе пагаварыць з Паўлікам, даведацца больш пра ўсю гэту справу. Відаць, зноў пачнецца ва ўсім варожым друку антысавецкая шуміха. Вечарам слухаў у былой кансерваторыі цудоўны хор Я. Герштэйна, які выканаў на яўрэйскай мове некалькі нашых народных песень: "Вярба", "Зялёны гай", "Бяда". У натоўпе сустрэў свайго старога знаёмага з Докшыц тав. К. Няўжо ён пасля Лукішак спыніўся ў Вільні? Шкада, што ў фае нельга было з ім пагаварыць, мы толькі, размінаючыся, моўчкі паціснулі адзін другому рукі.
27/V
Відаць, дзядзька Рыгор вырашыў хоць крыху пазнаёміць мяне, варвара, са сваёй цудоўнай краінай – краінай музыкі і песні. Гэта ён мне параіў паслухаць Беноні, Пракапеню, Герштэйна. Найбольш спадабаліся песні В. Свянціцкага, М. Карловіча, П. Чайкоўскага, ну і беларускія народныя, праспяваныя нашым артыстам беспадобна. Зараз часцей пачынаю чытаць на платах і рэкламных слупах праграмы канцэртных афіш. Толькі білеты дарагаватыя на маю кішэнь. Я люблю музыку і песні, толькі жыццё мяне прывучыла часта абыходзіцца без іх, як і без хлеба. Што да хору дзядзькі Рыгора, дык я ўжо даўно стаў яго гарачым прыхільнікам. Часта прыходжу нават на спеўкі.
Каб крыху меў лепшы слых, папрасіўся б у яго студэнцкі калектыў. Адно бяда – усе песні спяваю на матыў "Інтэрнацыянала".
30/V
На хвіліну зайшоў да С. Паўловіча, каб дамовіцца аб сустрэчы яго з Паўлікам. Жыве ён недалёка ад Тэхнічнай школы, па вуліцы Папоўская, 9, кв. 4. Вуліца, сціснутая з усіх бакоў пагоркамі, выглядае закінутай, забытай нават рамізнікамі, паліцыяй. Мо таму магістрацкія чыноўнікі і не перахрысцілі яе на Ксяндзоўскую ці на нейкую яшчэ больш патрыятычную. Калі я вучыўся на меліярацыйных курсах, часта любіў па гэтай вуліцы вяртацца дамоў. Яна ўся тоне ў садах. I ёсць мясціны, адкуль адкрываецца прыгожы від на Віленку і на Бернардынскі парк.
Паабяцаў я Сяргею Канстанцінавічу напісаць некалькі казак для дзіцячага часопіса "Снапка", які мае выходзіць пад яго рэдакцыяй як дадатак да рускай газеты. Жонка яго не выпусціла мяне, пакуль не пачаставала чаем і смачным дамашнім пячэннем. Калі я адыходзіў, гаспадар, не зважаючы на позні час, правёў мяне некалькі кварталаў, расказваючы аб сваёй працы ў Таварыстве беларускай школы, аб невясёлых справах у беларускай гімназіі, якую школьныя ўлады збіраюцца закрыць, і аб тым, што ён хоча напісаць брашуру супроць паланізацыі царквы ў Польшчы. Тэму гэтай брашуры ён ужо абмеркаваў з таварышам Паўлікам, і той абяцаў памагчы яму яе выдаць. Аб гэтым я сёе-тое чуў ад самога Паўліка. Я толькі да гэтага часу не ўяўляў, што працэс паланізацыі, як нейкі рак, так глыбока і шырока запусціў свае атрутныя карані ва ўсе поры жыцця нашага народа. Мы да гэтага часу, занятыя іншымі справамі, не звярталі ўвагі, што робіцца на рэлігійнай ніве. А там – разгараюцца сапраўдныя баталіі паміж праваслаўным духавенствам і каталіцкім, паміж папамі, якія згадзіліся гаварыць пропаведзі па-польску, і веруючымі, якія арганізоўваюць у цэрквах дэманстрацыі пратэсту. На Заходняй Украіне, расказваў Сяргей Канстанцінавіч, эндэцкія банды паляць праваслаўныя цэрквы, знішчаюць магільнікі, капліцы. Нешта падобнае пачынае тварыцца і ў нас. Як у сярэднія вякі. Відаць, давядзецца нам, бязбожнікам, умяшацца і ў гэтыя справы.
На сустрэчу з К. не змог паехаць. Далёка. А аўтобусы не ходзяць ужо цэлы тыдзень – бастуюць рабочыя.
20/VI
Я часта адкрываю даўно вядомыя ісціны. Але паколькі я сам даходзіў да іх, яны мне не здаюцца такімі вядомымі і простымі. У нас апошнімі часамі любяць гаварыць аб "паэтычнасці", "прыгажосці". Ва ўгоду гэтым літаратурным і модным фетышам колькі пішацца фалыпывых і бяздарных твораў! "Мастацтва – гэта соты раз бачыць па-новаму тое, што да цябе бачылі другія" (А. Франс). А ў нас вельмі насцярожана адносяцца да ўсяго новага, хоць мы намнога адсталі ад нашых суседзяў. Бадай, ніхто гэтага так не разумеў, як М. Багдановіч, пасля смерці якога ўсё яшчэ не знайшлося ў нас прадаўжальніка яго цікавага і надзвычай плённага напрамку.
За апошнія грошы купіў газету "Піён" (15/VI). Там змешчаны велізарнейшы артыкул Е. Путраманта пра беларускую літаратуру, у якім аўтар шмат увагі ўдзяліў і маёй грэшнай асобе. Мне здаецца, недахопам гэтага і іншых артыкулаў Е. Путраманта з’яўляецца пераацэнка заходнебеларускай літаратуры і слабае веданне савецкай, аб якой ён у большасці выпадкаў мяркуе па неаб’ектыўных і тэндэнцыйных аглядах і рэцэнзіях заходнебеларускай прэсы, не маючы магчымасці пазнаёміцца з самімі творамі. Але, нягледзячы на гэта, Е. Путрамант – адзін з першых з усяпольскай трыбуны на ўвесь голас сказаў добрае сяброўскае слова пра нас, адзін з першых звярнуў увагу на змены і працэсы, якія адбываюцца ў нашай літаратуры, звярнуў увагу на яе новыя мастацкія вартасці і дасягненні, на яе грамадскі рэзананс.
3/VII
Дзень сёння выдаўся надзвычай цёплы і ясны. Вечарам пачалася ўрачыстасць "вянкоў на Віллі" – нейкі вінегрэт з паганскіх і сучасных абрадаў. Па рацэ плылі лодкі, плыты, байдаркі, упрыгожаныя кветкамі, стужкамі, агнямі. Дзяўчаты пускалі вянкі з запаленымі свечкамі. У небе ўспыхвалі разнаколерныя ракеты.
Народу было столькі, што нельга нават было прабіцца да берага.
З лёгкай рукі Цата-Мацкевіча – пасля яго артыкула "Пан прэзідэнт Рэчы Паспалітай, ратуй чалавека" – пачалася кампанія за вызваленне з турмы С. Пясэцкага – аўтара кнігі "Каханак Вялікай Мядзведзіцы". Думаю, што гэтага былога агента двойкі, марфініста і бандыта вызваляць. Цяпер пайшла мода на такіх. Тым больш што С. Пясэцкі быў асуджаны на катаргу толькі за бандытызм, а не за палітыку. Тут ва ўсіх касцёлах хутка пачнуць за яго маліцца.
Чуваць, Гітлер у Мюнхене ў сваім чарговым выступленні абрушыўся на футурызм, кубізм, дадаізм. Аж Марынеці не вытрымаў, выступіў у абарону свайго дзецішча, заявіўшы, што футурызм быў заўсёды антыкамуністычнай плынню…
У каго б сёння пазычыць на кілаграм хлеба 28 грошаў?..
Відаць, гэтымі днямі паеду па розных справах у Буду, дзе зараз пачаўся велізарны фэст, на які з усёй Віленшчыны з’ехалася больш за дзесяць тысяч сялян, гандляроў, багамольцаў, жабракоў, цыганоў…
15/VII
Бацька піша пра небывалую навальніцу, якая прайшла над нашай Мядзельшчынай. У Скарадах і ў Мохавічах разбураны дзесяткі дамоў. У Пількаўшчыне – шкоды меншыя, толькі лес выкаціла цэлымі дзялянкамі.
20/VII
Разам з дзядзькам Рыгорам наведалі Паўла Пракапеню, які прыехаў з Італіі на гастролі. Спыніўся ён у даўжэзным, як стадола, і досыць непрытульным нумары гасцініцы "Еўропа", з вокнамі на Нямецкую вуліцу – вуліцу розных крамнікаў, гандляроў, шумную і мітуслівую.
Не паспелі мы прывітацца, як ён пачаў лаяць Ф. Шаляпіна, што выступаў перад гэтым у Гарадской зале.
– Чаго яго чорт ганяе па свеце! Голасу няма, а бярэцца спяваць. Хай бы лепш сядзеў ды вучыў нас, маладзейшых.
Потым пачаў расказваць пра сябе. Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Быў пастухом, рассыльным пры паліцэйскім пастарунку, беспрацоўным. Пехатой дабраўся да Варшавы. Начаваў у розных начлежках, пад мастамі. Аднойчы ўдалося яму дабрацца да Я. Кепуры. Той зацікавіўся ім і забраў з сабой у Вену.Там на нейкім конкурсе за выкананне "беларускай" песні "Ванька парень был прелестный…" атрымаў дыплом і залаты медаль. З Вены паехаў вучыцца ў Італію, дзе потым некалькі год выступаў у Мілане, па радыё – у Рыме.
Падараваў мне сваю фатаграфію. Стаіць, увешаны аж да пупа ордэнамі, атрыманымі ад караля Эмануіла ("Кавалерскі Крыж Італьянскай Кароны"), ад папы ("Ордэн Святога Юрыя"), ад польскага ўрада… Цяжка нават яму самому пералічыць усе свае крыжы і медалі і ўспомніць, ад каго і за што атрымаў. А некаторыя, можа, і сам прыкупіў, каб яшчэ больш упрыгожыць свой парадны фрак, пашыты, як сам зазначыў, у лепшага парыжскага краўца.
"Учора, – казаў, – сустрэў мяне на Замкавай гары нейкі гімназіст і пытае, ці не баксёр я. "Баксёр". – "А з кім вы змагаліся?" – "З самім Янам Кепурам!" – рагоча.
Здаравенны, як бык. Хваліўся, што можа, дзьмухнуўшы, пагасіць свечку на другім канцы свайго пакоя. З зайздрасцю адносіцца да славы іншых вядомых спевакоў, у тым ліку і да свайго суседа.
– Што вы мне гаворыце пра яго высокую культуру! Калі я заспяваю ў сваёй вёсцы, дык суседа ніхто і ў яго роднай вёсцы не пачуе.
I сапраўды: голас яго – як іерыхонская труба. Нізкі, сакавіты. Даў Бог яму талент, ды на розум, відаць, паскупіўся. Яму б вучыцца і вучыцца, а ён панюхаў грошай і пайшоў цяпер калясіць па свеце ў пагоні за імі. Гаварыць з ім дужа цяжка. Такое ўражанне, што ён не сочыць за тым, што гаворыць яго субяседнік, і таму часта пераскаквае з адной тэмы на другую. Раптам пачаў хваліць віленскіх прастытутак:
– Ну і бабы тут!
Я глянуў на дзядзьку Рыгора. Той разгубіўся і не ведаў, куды дзявацца. Спрабаваў быў перавесці гаворку на іншыя тэмы, а той – усё пра баб, пра апошнія папойкі з розным начальствам.
Дзядзька Рыгор прынёс яму некалькі беларускіх песень, але гэты ардэнаносны жарабец адказаў, што ён іх будзе пець толькі тады, калі беларусы заплацяць яму за канцэрт… Потым пачаў звінець тэлефон, прынеслі яму пошту, газеты. На развітанне, відаць, здагадаўшыся, што з патрабаваннем аплаты ад нас ён сказаў лішняе, пачаў апраўдвацца:
– Вы не думайце, што я ад усяго свайго адрокся. У маім пашпарце напісана, што – беларус… Зараз вам пакажу, і вы пераканаецеся…
Па калідоры гасцініцы, хістаючыся, ішоў нейкі п’яны, напяваючы сабе пад нос:
Сёння панну Маню
Напаткала гора:
Хацела – пад машыну,
А легла пад шафёра…
На сон разгарнуў Аскара Уайльда: "Няма кніг маральных або немаральных. Ёсць кнігі, напісаныя добра ці дрэнна".
Можа, ён і мае слушнасць. Калі б я камплектаваў сваю бібліятэку, дык я ў ёй трымаў бы толькі тыя кнігі, да якіх мне заўсёды хочацца вяртацца.
26/VII
Занёс Лю свой новы зборнік "Журавінавы цвет". Вокладка мне не вельмі падабаецца, хоць і рабіў яе наш выдатны мастак – Горыд. Думаю ўзяцца за новую паэму. Можа, пачну яе з дзённіка салдата. Паэма будзе ў нейкай меры біяграфічнай. Дома я знайшоў цікавыя франтавыя запіскі свайго дзядзькі Ціхана, якія адносяцца да першых дзён Лютаўскай рэвалюцыі.
…Ізноў бяруся я за хроніку.
Калыша вецер дні сухія ў жыце,
I несціхана востраць косы конікі,
I плачуць кнігаўкі ў ракіце.
А ноччу фронт пажарам вызарыць
Край неба,
спаленых загонаў,
I дым снапоў, балотных выгараў
Паўзе на нашы палігоны.
Баліць рука, бінтом абвязана,
Сціскаеш толькі з болю зубы.
Пяе на возе хтось пра Разіна,
Калыша вецер сіні лубін.
Дзе тут пісаць…
Сюжэт паэмы мяне непакоіць менш. Ён можа быць просты. Асноўныя этапы, праз якія хачу правесці свайго героя, будуць: вайна, бежанства, Масква, рэвалюцыя, вяртанне на акупіраваную радзіму, граніца, барацьба, любоў, турма, Іспанія, зноў граніца (як трагедыя ў жыцці народа), пры пераходзе якой герой мой гіне…
Самае цяжкае для мяне будзе знайсці новую эпічную форму і такую мову – для апісання і дыялогаў, – якая б несла ў сабе груз думак, вобразаў, пачуццяў…
4/VIII
Ледзь знайшоў у густых, нагрэтых сонцам сасняках Валакумніі дачу, на якой спыніўся Кастусь (Мірон Крыштафовіч). Дачу гэту яму падшукала Люба. Месца – лепшага не трэба і для адпачынку, і для работы. Пад канец нашай бяседы прачытаў я яму "Казку пра мядзведзя". Спадабалася. Хадзілі на Віллю купацца. Плынь ракі тут такая быстрая, што проста збівае з ног.
Вяртаючыся ад Кастуся, на хвіліну спыніўся на Віленскай ля вітрыны "Ілюстраванага кур’ера цодзеннага" і не заўважыў, калі падышоў ззаду сышчык, які ў маі 1932 года арыштоўваў мяне ў Глыбокім.
– Нешта пан часта ездзіць на Валакумнію. Нявеста ў пана там, ці што?
Гэта было так неспадзявана, што я, відаць, не адразу мог бы яму адказаць, каб не яго апошнія словы.
– I нявеста, і пляж, – адказаў я і зноў уставіўся ў газету. I толькі пачуўшы, як аддаляюцца яго крокі, я памалу накіраваўся ў бок Пагулянкі да Любы. Пакуль дайшоў, у горадзе загарэліся вячэрнія агні. Дзьмуў лёгкі вецер, але і ён не асвяжаў. Стаяла цяжкая пераднавальнічная духата.
9/VIII
Здаецца, Гётэ сказаў, што пісьменнік заўсёды знае, што хацеў напісаць, але ніколі не знае, што напісаў. Хто ж тады можа знаць? Былі ж выпадкі, калі і чытачы і цэлыя эпохі памыляліся ў ацэнцы многіх твораў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў. Як зуб, пачынае прарэзвацца пачатак верша:
Перш у вачах было месца зашмат
Для слова малога і сцёртага – "міласць",
А сёння яму нават цесен плакат,
I мора яго ў берагах не змясціла б…
А далей – нічога арыгінальнага, цікавага не атрымалася. Відаць, трэба адкласці гэты верш і пачакаць, пакуль прыйдзе т. зв. натхненне. Узяўся за зборнік М. Гарэцкага "Рунь", выдадзены яшчэ ў 1914 годзе ў славутай "друкарні пана Марціна Кухты". Днём загрукалі ў дзверы мае землякі, якія судзяцца ўжо каторы год з панам Бушам за сервітут. Грошай на цягнік не было, аж з дому прывалакліся пехатой. Крыху адпачылі ў мяне, перакусілі, ды павёў я іх да нашага бясплатнага кансультанта – дзядзькі Ф. Стацкевіча. Можа, ён – стары і вопытны адвакат – нешта ім параіць. Землякі мае першы раз былі ў Вільні. I яны з усяго дзівіліся, і на іх прахожыя звярталі ўвагу, калі ішлі яны, грукаючы па бруку цяжкімі, падкутымі ботамі, апранутыя па-вясковаму, з неадлучнымі сваімі торбачкамі на плячах, у якіх быў іх правіянт і розныя судовыя паперы, павесткі, штрафы.
15/VIII
Прыйшла звестка аб сялянскіх забастоўках у цэнтральнай Польшы. Прадстаўнікі ўлады разгубіліся і не знаюць, як і чым тлумачыць гэта надзвычайнае здарэнне. Каб гэта пачалося на крэсах, можна было б абвініць камуністаў, беларусаў, украінцаў, літоўцаў…
Сустрэў Я. Шутовіча. Агітуе, каб я ўзяўся напісаць нешта для сцэны. Я адказаў яму жартам, што, не авалодаўшы адным жанрам, баюся брацца за другі. Хоць, прызнацца, я і сам не раз думаў аб гэтым.
На шляху маіх задум і мар стаяць горы перашкод, праз якія цяжка прабіцца. А што, калі ўзяцца за тэму сялянскіх забастовак, якія, напэўна, адгукнуцца і ў нас? А пакуль што трэба дачытаць А. Струга, якога на пару дзён пазычыў у Беларускім музеі, каб папоўніць свае веды аб літаратурнай лявіцы ў Польшчы.
16/VIII
Газеты і радыё прынеслі сумную вестку аб тым, што пры пералёце цераз Паўночны полюс загінуў выдатны савецкі палярны лётчык Леванеўскі.
…Час ужо сцягам разгорнутым шумець
Над гарадамі, над бязмежным полем,
Зрабіць жыццём – агонь,
а ззяннем – нават смерць,
Маланкай азарыўшы полюс…
Даўно мяне непакоіла тэма пра беспрацоўных, якія гінуць у т. зв. "бядашахтах". Толькі, каб падняць гэту цяжкую тэму, неабходна самому пабываць у гэтых небяспечных шахтах, дзе на кожным кроку чакае смерць. I, не зважаючы на гэта, людзі ідуць, каб здабыць крыху вугалю і купіць за яго кавалак хлеба.
26/VIII
У мінулую нядзелю зайшоў на магільнік Роса. Гэта – адзін з самых маляўнічых закуткаў, поўны зелені і цішыні. Праўда, цесната тут несусветная: магіла – на магіле, крыж – на крыжы. У святочныя дні тут шмат прыходзіць наведвальнікаў, якія аглядаюць магілкі, упрыгожваюць кветкамі. Самыя самотныя на магільніку – магілы славутых. Ад іх велічных помнікаў вее забыццём і адзіноцтвам. Аб іх успамінаюць толькі ў юбілейныя дні.
Каля універсітэта сустрэў У. Барысевіча. Я збіраўся, але так і не ўдалося наведаць Путраманта. Барысевіч правёў мяне аж да вуліцы Добрай, а сам пайшоў да некага са сваіх сяброў, якія жылі побач.
У бібліятэцы на пару дзён пазычыў "Запіскі беспрацоўных", узнагароджаныя прэміяй газеты "Вядомосці літэрацке". Ад Казіка Петрусевіча даведаўся, што ў канцлагер "Бяроза" сасланы А. Гаўрылюк і Л. Пастарнак.
Сёння вёў перагаворы з друкарамі аб выданні зборнікаў нашых маладых паэтаў. Толькі дорага ўсе яны заломваюць, асабліва – у "Друкарні краёвай". Праўда, выданні апошняй – адны з лепшых у Вільні. Агулам, адчуваецца, што ніхто не хоча звязвацца з нашымі беларускімі выданнямі – клапатлівымі і палітычна небяспечнымі.
На Вастрабрамскай, каля гасцініцы "Шляхецкая", сустрэў прафесара М. Крыдля. Прывіталіся. Ішоў ён з нейкім цыбатым карпарантам, які, забягаючы наперад, нешта горача яму тлумачыў. Студэнт падобны быў да метадыста Віта, які, помню, часта прыязджаў у Радашковічы і, пасля нудных пропаведзяў, спяваў нам, гімназістам, свае цудоўныя народныя шведскія песні. На супрацьлеглай старане, на другім паверсе белай камяніцы, дзе жыве настаўніца беларускай гімназіі Алёна Сакалова, у расчыненым акне гарэлі нейкія яркія кветкі. Вецер хістаў фіранкі. Чуўся касцельны звон. Потым доўга грукацелі па бруку калёсы ламавікоў, цягнучы ў бок вуліцы Субач цэглу і чарапіцу.
Заглянуў у Беларускі музей. Калісьці М. мне абяцала паказаць вершы паэтаў "Грамады" (Крыгі, Леўчыка, Каранеўскага, Сідаркевіча, Ліхтара…), але ў музеі было шмат наведвальнікаў, і я, яшчэ раз падзівіўшыся на слуцкія паясы, на багацейшую калекцыю старажытных манет і на іншыя экспанаты, пайшоў дамоў. Дома мяне чакала работа: на гэтым тыдні абяцаў К. закончыць пераклад на беларускую мову дзвюх польскіх рэвалюцыйных песень "Народ сярмяжны, народ рабочы" і "Хоць нас усе праклінаюць амбоны" (песня "віціўцаў").
Аж дзіва, як некаторыя, толькі нядаўна запісаныя падзеі становяцца "гістарычнымі". Шкада, што не маю фотаапарата, а час сцірае з памяці такія непаўторныя вобразы, што, напэўна, хутка буду ўсумняцца, што я іх некалі бачыў.
27/VIII
Вясёлая ў нас дзяржава. Ноччу толькі чуваць: "Рэж, лаві, бі!", а днём усе злачынцы ідуць пад Вострую Браму маліцца. У натоўпе, які кленчыў пад вобразам Маткі Боскай, сёння бачыў старога лукішскага дазорцу – аднаго з найгоршых катаў, які, чуу, заўсёды любіць прысутнічаць пры выкананні смяротных прыгавораў. З магазіна дэвацыяналій, што прысуседзіліся да святога месца, каб лепш гандляваць, нейкая бабка вынесла цэлы жмут ружанцаў. Нашто ёй столькі? На вітрыне камісійнага, паміж розных аленевых рагоў і дапатопных гадзіннікаў, выстаўлен дзівосна вытканы з шоўку кітайскі пейзаж. Цана – 120 злотых! Шмат хто затрымліваецца, каб палюбавацца на залітую сонцам даліну, абрамленую снежнымі вяршынямі гор. Гэты мірны пейзаж, падобны да райскага кутка, ніяк не вяжацца з маім уяўленнем аб гэтай далёкай і гаротнай краіне, уяўленнем, якое склалася з розных кінафільмаў і газетных паведамленняў аб няспынных войнах, злачынствах імперыялістычных захопнікаў, аб голадзе, засухах, тайфунах.
Прыгадаліся радкі з верша Эмі Сяо:
…Ты чуў, як памёр Фу Элін,
Як загінулі Ін Фу, маладая Фын Кэн,
Як не дрогнуў з іх ні адзін…
Гэты верш быў надрукаваны ў газеце "Правда" і прысвечаны М. Горкаму. Я яго вывучыў на памяць, бо газету мусіў пакінуць у сяброў у адну з памятных для мяне кастрычніцкіх начэй 1932 года на Даўгінаўскім гасцінцы.
Тым, што я, галодны і хворы, не змёрз тады і дабрыў дадому, абавязан я – гаворачы высокім стылем – паэзіі. Усю дарогу дэкламаваў вершы сваіх любімых паэтаў. I гэтых вершаў хапіла мне да самай Пількаўшчыны.
Нешта ў мяне, як у Швейка, кожная дробязь выклікае ўспаміны, а апошнія выклікаюць розныя асацыяцыі, і я, непрыкметна аддаляючыся ад галоўнай тэмы, забываю аб падзеях дня.
А дзень закончыўся досыць празаічна: атрымаў павестку, якой зноў выклікаў мяне следчы на чарговае дазнанне.
Па шыбах барабаняць шэрыя кроплі дажджу.
28/VIII
Не складваючы паходнага ложка, падсунуў свой стол-табурэтку ды ўзяўся за вершы. Перакладаю "Спеў машыністаў" Б. Ясенскага.
…Прыгожыя, дужыя, чулыя, не нам пад нягодамі
гнуцца.
Месца! Ідзе грамада наша, пралетарыяцкі самум!
Дарогу шапкамі вымасціў узвіхраны крок
рэвалюцыі…
Да чорта цяжка перакладаць, не маючы пад рукамі харошага беларускага слоўніка. А праз адсутнасць слоўнікаў дыялектных проста немагчыма зрабіць нейкі выбар самых лепшых, мілагучных і трапных слоў. Усе мы пішам, карыстаючыся вельмі абмежаванай тэрыторыяй сваёй мовы, і таму, пэўна, так зацягнуўся ў нас працэс стварэння беларускай літаратурнай мовы. Праўда, гэта працэс няспынны…
Учора на базары чуў, як гаварылі дзве сялянкі, раскладаючы прынесеныя на продаж сыры, масла, грыбы.
– Ці быў у вас на гэтым тыдні дождж?
– Прайшоў, дзякаваць богу. Ды такі шчыры, такі жывы, што аж зямелька павесялела.
На пліце, чуваць, ускіпае чайнік. Трэба схадзіць па селядзец і хлеб. А што, калі сёння пан Ётка адмовіцца мнедаць у крэдыт?
29/VIII
На Завальнай, каля магазіна "Зінгер", мяне спыніў Д. Ужо даўно я яго не бачыў. Ад яго даведаўся, што ён быў у Каўнасе, сустракаўся з літоўскімі пісьменнікамі. Ён з захапленнем гаварыў пра карціны Чурлёніса, пра яго славутыя цыклы "Задыяк", "Стварэнне свету" і іншыя… Чурлёніс для мяне – адзін з найбольш загадкавых мастакоў. У якія закануркі сваёй душы заглыбляўся гэты чалавек, каб вывесці людзям, паказаць свету вобразы-сімвалы, вобразы-ключы ад нейкай таямніцы? Да сустрэчы з Кастусём у мяне яшчэ было добрых пару гадзін. За гэты час я паспеў абысці амаль усе газетныя вітрыны, не знаю толькі, ці гэта самы танны спосаб чытання прэсы, бо за пару месяцаў я зношваю самыя моцныя падноскі. У дарогу на Валакумнію ўзяў з сабою Гётэ, якога не асабліва люблю, хоць знаю, што ён належыць да самых выдатных паэтаў свету, што на Алімпе ён засядае разам з багамі і г. д. Відаць, у гімназіі мне адбілі ахвоту да яго вершаў, бо вельмі часта трэба было завучваць на памяць, разбіраць іх, а з нямецкай мовай жыў я ў поўнай нязгодзе, ды і свае вершы ўсё больш пачыналі брадзіць у галаве і ўсё менш пакідалі часу на зубрэнне.
Сёння ў тэатры "Лютня" – надзвычай цікавы балет Ф. Парнэля. Шкада, што гэтыя дні не будзе калі пайсці на яго.
30/VIII
Вычытаў апошнія лісты карэктуры свайго "Журавінага цвету". У зборнік уключыў некалькі фрагментаў з паэмы "Нарач", бо малая надзея, што ёй асобным выданнем удасца пралезці праз ігольнае вуха цэнзуры. Занёсшы карэктуру дзядзьку Рыгору, які шэфствуе і над гэтым другім маім зборнікам, пайшоў у Нова-Вілейку, дзе меўся сустрэцца з П. За горадам дагнаў грамаду вясковых маладзіц. Яны ішлі босыя. У хустачках і ў кошыках разам з абаранкамі і рознымі гасцінцамі неслі свой абутак.
Нехта, едучы на рамізніку, абмінаў мяне. Быццам знаёмы твар. Дзе я гэтага чалавека бачыў? Рамізнік то аддаляўся ад мяне, то памалу плёўся, даючы мне яго абмінуць. Цікавы яздок. Можа, лепш мне вярнуцца назад, хоць пры мне, здаецца, нічога кампраметуючага няма. Толькі ў запісной кніжцы некалькі выпісаных з кніг і газет цытат ды сваіх нататак:
"Паслухай, божа, сваіх сыноў.
Пашлі нам ноч Доўгіх нажоў" – гэта з эндэцкай малітвы.
"Інтэрнацыяналіст", які прызнае толькі сваю мову.
"Я глядзеў на яе, як на першую карэктуру свайго зборніка". Маё.
"Я толькі цяпер усведаміў, што, будучы бяздомным бадзягам і сустрэўшыся з ёю, стаў самым шчаслівым чалавекам на свеце". I гэта – маё.
"Перад вялікім паэтам станем на калені, як перад з’явай рэдкай, светлай і цудоўнай, але не дазволім яму застацца сярод нас". Выпісаў з Платона.
"Паны дарэмна будуюць астрогі, ставяць шыбеніцы. Дзе адны пануюць, а другія служаць, адны раскашуюцца, а другія церпяць, дзе адны карыстаюцца з асветы, а другія знаходзяцца ў цемры – там нэндза, помста, роспач пададуць чалавеку галавешку, сякеру, меч" – словы Канарскага, 27/П 1839 г., расстралянага царскімі жандарамі.
"Сейм прастытутак" – словы самога Ю. Пілсудскага, сказаныя ў 1928 г.
"У народаў, у якіх няма дзяржавы, часта паэты былі неафіцыйнымі прэзідэнтамі" – зноў я нешта згарадзіў.
"Жыжка завяшчаў сваю скуру на барабан, які клікаў бы ў бой яго прыхільнікаў". Не помню, адкуль узяў гэту цытату, вартую цэлай паэмы.
Адным словам, нічога, здаецца, крамольнага няма ў кішэнях.
Зноў чую за сабой цокат падкоў. Ага, ёсць яшчэ тры фатаграфіі: на адной – дзядзька Рыгор са сваім сынам Славікам і я – у вышытай беларускай кашулі, пазычанай у Янкі Хвораста; на другой – мы з М. Мінкевічам і яго другам (сфатаграфаваліся ў Бернардынскім парку 3/VII, перад іх ад’ездам з гімназіі дамоў); на апошняй – выдатны артыст, сусветна вядомы бас і г. д. і г. д. – Павел Пракапеня. Пад датай 19/VI 1937 г.: "Нзвестному нашему белорусскому поэту" і г. д., і размашысты ўласнаручны подпіс. Ну, апошняя фатаграфія – лепш усіх маіх дакументаў. Вяртаюся назад. Следам за мной, чуваць, клыпае падковамі каняга таго самага рамізніка, з тым самым пасажырам, якога я ўжо нават не стараюся і ўспомніць, дзе я яго бачыў. Пачынае марасіць дождж. Рамізнік абмінае мяне. Бачу ззаду на брычцы № 172. Дождж не перастае, а ўсё мацней пад грукат грому, як п’яны, пачынае танцаваць па пыльнай дарозе.
31/VIII
Чуваць, апошнімі начамі зноў былі ў горадзе рэвізіі і арышты. Падзеі з кожным днём нарастаюць. Сялянскія забастоўкі ў цэнтральнай Польшчы перараслі ў рэвалюцыйныя выступленні. Падчас сутычак з паліцыяй загінула шмат сялян. Якая страшная рэч – цішыня на палявых дарогах!
…Толькі песню весялейшую цяпер бы!
Можа, гэту нават – пра апошні бой…
7/ІХ
З гадамі больш пераконваешся, што ўсе, хто апявае залатую мінуўшчыну, – самыя заядлыя рэакцыянеры. Сёння паспрачаўся з адным з такіх, хоць, можа, і не трэба было задзірацца. Але мяне заўсёды чорт штурхае пярэчыць, калі ўсе згодна ківаюць бародамі.
Амаль цэлы дзень пасціў. Добра, што наскроб у кішэні пяцьдзесят грошаў. Забег у "Бар акацімскі", дзе падалі, як гліняны раствор, бігас. Брудна, шумна. З нейкімі непрытомнымі вачамі скрыпач нудна пілуе смыком. I яго ніхто не слухае, і ён, здаецца, сам не знае, што іграе.
Потым на змену яму прыйшла спявачка.
Танга Мілонга,
Танга маіх мар і сноў
Хай закалыша мае сэрца!
Калі вяртаўся дамоў, перада мной па тратуары вецер доўга гнаў пашматаную старонку "Вольных жартаў". На слупе для афіш чамусьці вісіць абвяшчэнне аб смерці нейкага інжынера П. Руткоўскага… кавалера "Віртуці мілітары"… Звычайна такія лісткі вывешваюць у парталах касцёлаў, на брамах магільнікаў. Побач з гэтым жалобным абвяшчэннем – велізарны партрэт кіназоркі Я. Смасарскай, рэкламныя плакаты мыла "Пальмаліва" і нейкай "Лігі марской і каланіяльнай". Хоць, як вядома, паны спазніліся ў Азіі ці Афрыцы захапіць калоніі, але сваю каланіяльную лігу стварылі з думкай, што, можа, пры чарговым перадзеле чужой зямлі і ім удасца нешта прыдбаць сабе. Трэба будзе ў вольны час больш пацікавіцца гэтымі рэкламнымі слупамі. Тут столькі тэм і для лірыкі, і для сатыры!
На Вастрабрамскай, каля будынка рускай гімназіі імя А. С. Пушкіна, сустрэў сляпога Хведара – сына свае гаспадыні. Ён часта наведвае сваю маці. Калі застае нас з Сашкам дома, любіць пагаварыць з намі. Вочы яму выпаліла воцатам яго былая жонка, з якой ён развёўся. Цяпер страшна глядзець на калеку. Ідзе па тратуары, пастукваючы кіёчкам. Ужо я яго даўно мінуў, а мне ўсё яшчэ доўга чуўся ў вушах стук кійка, які бачыць больш за чалавека.
9/ІХ
Пасля суда над маім зборнікам "На этапах" В. Труцька запрасіў нас з дзядзькам Рыгорам і Я. Караленкам перакусіць у рэстаран "Зацішша", аформлены ў сецэсійскім стылі, дзе я сустрэў нашага мядзельскага фатографа Сідаровіча. Ён сядзеў у кутку за невялічкім столікам і, відаць, некага чакаў, бо ўсё назіраў на ўваходзячых.
– Што чуваць на нашай Мядзельшчыне? Можа, былі ў маёй Пількаўшчыне?
Навіны тыя самыя, пра якія я чуў даўно. Да чаго ж марудна ў нас праходзіць жыццё, быццам час застыў на месцы. Нават падзеі, якія адбыліся некалькі год таму назад, лічацца свежымі. Сідаровіч – арыгінал. Любіць прадказваць, што павінна здарыцца ў нас, а потым тлумачыць, чаму не адбылося так, як ён гаварыў.
Вечарам хадзіў на Замкавую гару. Цішыня. А мне здаецца, што бура галасоў шалее ў гэтых руінах. Раздабыў апошні нумар "Літаратурных ведамасцяў" – часопіс, для якога, здаецца, не існуе класавых супярэчнасцяў і які нагадвае вестыбюль гасцініцы, дзе сустракаюцца толькі "таленавітыя", "славутыя".
За сцяной круцяць патэфон. Спявае хор "Дана". Сёння трэба дачытаць Л. Каніньскага "Кан’юнктура пафасу" і "Згашэнне краябразу", бо заўтра мушу гэтыя кнігі вярнуць Мілянцэвічу.
Мне здаецца, што сучасная лірыка неяк аддзяляецца ад сюжэтнай кампазіцыі. Самы верны шлях, каб пазнаёміцца з паэтам – прачытаць яго лірычныя вершы.
Адпісаў на некалькі лістоў. Кожны графаман пагражае, што я буду адказваць перад гісторыяй, калі не памагу надрукаваць яго творы. Становішча складанае. Трэба нам узбіцца на прозу, каб яе плуг пераараў дзірваны нашага жыцця.
Сонца памалу садзіцца за чырвоныя чарапічныя дахі. На іх рыбіную луску кладуцца вячэрнія цені, і дахі гэтыя здаюцца нейкімі фантастычнымі рыбамі, што адплываюць у ноч.
18/ІХ
Асірацела сям’я віленскіх друкароў – памёр стары Б. Клецкін, які за свой век выдаў столькі кніг беларускіх пісьменнікаў і рознай іншай літаратуры, што можна было б з іх скласці другую Замкавую гару. Цікава, у якія рукі трапіць цяпер яго друкарня? Трэба даведацца, калі будуць яго хаваць, ды схадзіць з ім развітацца, бо ён не раз нам памагаў выблытвацца з розных канфліктаў з цэнзурай.
На Аранжарэйным завулку сустрэў шумную грамаду студэнтаў, сярод якіх быў Данэк Скаржыньскі. Казаў, у нядзелю збіраецца з сябрамі паехаць на Зялёныя азёры. Запрапанаваў і мне далучыцца да іх трупы. Трэба параіцца з К. Даўно ўжо я не быў у гэтай маляўнічай караімскай аколіцы.
Вяртаючыся дамоў, спыніўся падзівіцца на крыкліва і ярка, клерыкальна і шавіністычна размаляваную кнігарню "Святога Вайцеха". На вітрыне – кніга М. Здзехоўскага "Шатабрыян і Напалеон" – кніга паслядоўніка У. Салаўёва, для якога ўсе камуністы з’яўляюцца пасланцамі антыхрыста. Самае дзіўнае: сёлета аўтару прысудзілі прэмію імя Філаматаў. Што ў гэтага філосафа-рэакцыянера супольнага з філаматамі?
Узяўся за пераклад Я. Гушчы.
"Гэтым валасам ніякія рукі не казалі: залатыя…"
Далей дзесятага радка не пайшоў. Нешта заела. Адклаў. Трэба пазнаёміцца з новымі зборнікамі А. Рымкевіча, А. Нелавіцкай, Т. Лапалеўскага. Мяне цікавяць польскія паэты з Віленшчыны таму, што мы працуем над адным і тым жа матэрыялам, толькі іх болыл вабіць зялёны колер гэтай зямлі, а нас – яшчэ і чырвоны. Хіба на сучасную польскую паэзію найбольшы ўплыў аказалі імажынізм і акмеізм, а футурызм – як яго ні прапагандавалі і ў італьянскім і ў рускім варыянце – чамусьці не прывіўся. Відаць, недаўгавечнасць многіх літаратурных напрамкаў у тым, што яны зараджаюцца не на зямлі, не на вуліцы, а ў рэстаранах, у асяроддзі мяшчан. Зараз мне здаецца найбольш аўтарытэтным і перспектыўным у паэзіі – напрамак, які рэпрэзентуюць Чухноўскі, Пентак, Скуза…
19/ІХ
Ад рэдактара "Калосся" Я. Шутовіча даведаўся, што цэнзура канфіскавала зборнік вершаў Міхася Машары "З-пад стрэх саламяных" – адзін з лепшых яго зборнікаў. Апошнія крокі адміністрацыі не пакідаюць ніякай надзеі на тое, што ў нашы часы можна будзе выдаць нешта вартае ўвагі.
3/Х
У Бернардынскім парку адкрылася выстаўка садавіны. Шкада, што не мог быць на адкрыцці яе і паглядзець на ваяводу ды міністраў. Можа, калі давядзецца пісаць іх партрэты. Адзін віленскі ваявода – пан Бацянскі – чаго варт! А колькі там было іншых "фруктаў"!
Агулам, выстаўка досыць цікавая. Нагледзеўся на цэлыя горы антонавак, ранетаў, папяровак, графштынаў, цітавак, пепінак літоўскіх, монтвілаў, каштэляў, ананасаўбаржанецкіх, чарнагузаў, арабаў, цыганоў… Каб не бачыў на свае вочы, не паверыў бы, што столькі сонечных, духмяных пладоў расце на нашай зямлі. Сярод прозвішчаў садаводаў сустрэў некалькі ўжо мне знаёмых: Сікору, Багдановіча, Алешака, Рушчыца і нейкай Ягоравай з Крывічоў.
А дзень сонечны, прыгожы. Залатой ліствой апрануліся горы, якія дугой атуляюць парк, дзе несціхана шуміць крутая і празрыстая Віленка.
10/Х
Т. Буйніцкі падарыў мне свае зборнікі: "Вошчупам" і "У палове дарогі". Е. Путрамант калісьці хваліў яго вершы. Вечарам засяду за іх. На Буковай застаў Міхася Васілька. Ён на некалькі дзён прыехаў у Вільню, каб пабачыцца з Кастусём. Дамовіліся, што заўтра сустрэнемся ў рэдакцыі "Беларускага летапісу". Там, напэўна, будуць і дзядзька Рыгор, і С. Паўловіч. Гэты раз Міхась быў досыць агрэсіўна настроены ў адносінах да некаторых нашых сучасных паэтаў. Надакучылі і яму ўсе гэтыя вершы санацыйных ды хадэцкіх бардаў, якія невядома для каго друкуюцца. Потым зноў найшоў на яго мінорны настрой:
– Як, брацятка, думаеш: ці нам удасца стварыць нешта вартае добрага слова?
Пытанне было неспадзяванае, і яно мяне насцярожыла. За словамі "ці нам удасца?" я адчуў яго трывогу – "ці нам дадуць?", бо тут ён пачаў расказваць пра невясёлыя справы ў яго Баброўні, пра тое, што, калі апошні раз рабілі ў яго вобыск, паліцыя гразіла яму высылкай. Да ўсяго гэтага – пачала прыхворваць жонка, дома няма ні хлеба, ні ў што апрануцца.
Рассталіся мы з Міхасём каля ратушы. Я яму прапанаваў пераначаваць у мяне, але ён хацеў наведаць нейкага сваяка. Можа, Макара Краўцова, якога Міхась называе "ржавым". I сапраўды, нешта ёсць іржавае ў гэтым чалавеку – скептыку і лёкаі, што прадаў і свае здольнасці і душу чорту – Астроўскаму ды розным банкротам на чале з Ф. Аляхновічам.
25/Х
На дварэ – дождж, золь, вецер. Застаецца толькі сядзець ды пісаць карэспандэнтам "Беларускага летапісу" адказы. У такую непагоду яшчэ больш непрытульна выглядае наш двор. На ганку старажыхі сядзіць, скурчыўшыся, сабака. На вяроўцы, працягнутай ад вугла дома да плота, гайдаецца нейкае шмаццё. У рыштку мокне газета і пусты карабок ад мыльнага парашку "Радыён", упрыгожаны жоўтым дыскам сонца. Пад рознакаляровымі парасонамі стаяць дзве жанчыны. Відаць, дзеляцца толькі што прынесенымі з рынку навінамі. У адной у кошыку – памідоры, у другой – нейкая зеляніна. Жанчыны так загаварыліся, што не зважаюць і на дождж. Парасоны іх здаюцца велізарнымі грыбамі, якія раптам выраслі на бруку. Дождж. I, відаць, зацяглы, бо ўсе лужыны ўкрыты воспай дажджавых бурбалак. Прыгадаліся радкі Стафа:
У шыбы дождж звоніць,
дождж звоніць асенні…
Па памяці пачаў перакладаць гэты верш. Трэба будзе падумаць над вершам "Начная сяўба". Сюжэт – ад майго дзеда, які мне калісьці расказваў, як ён вайной сеяў жыта. Толькі не знаю, ці ўдасца мне пра гэта напісаць так, як хацелася б. Часамі гісторыя нараджэння таго ці іншага твора бывае цікавейшая за сам твор.
27/Х
Во имя нашего завтра – сожжем Рафаэля.
Разрушим музеи, растопчем искусства цветы…
За апошнія дні столькі прачытаў розных літаратурных маніфестаў і праграм, што аж на зубах, як ад кіслых яблык, адчуваю аскому. Цяпер за дзесяткі вёрст буду іх абыходзіць.
У зборніку Путраманта "Лясная дарога" знайшоў і свой верш "На шляху дзікіх гусей". Гэта – першы мой верш, перакладзены на польскую мову. Перад гэтым ён быў надрукаваны ў "Кур’еры віленскім", і я атрымаў за яго ад свайго перакладчыка першы ў сваім жыцці ганарар – тры злотых. Я не хацеў іх браць, хоць быў без хлеба. Прызнацца, да гэтага я ніколі не задумваўся, што вершы могуць мець нейкую грашовую вартасць. Я знаў, што за іх могуць судзіць, садзіць у астрог, але каб за іх плацілі…
28/Х
Кажуць, калі ў Аскара Уайльда спыталі, чаму ён жыве такім нерабом, ён адказаў:
– Сёння працаваў цэлы дзень.
– Што вы рабілі?
– Да абеду папраўляў артыкул: выкрасліў адну коску.
– А пасля абеду?
– Зноў паставіў коску на ранейшае месца…
З падобным вынікам і я сёння працаваў. Усё больш задумваюся над граніцай, якая аддзяляе паэзію ад прозы. Мо яе і зусім няма? У тым разуменні, у якім яна існавала, ужо ніхто яе не прызнае. Кожны пераносіць гранічныя слупы ў глыб то адной, то другой дзяржавы.
Мы часта гаворым аб вялікім значэнні літаратуры ў жыцці народа. Але калі параўнаць нашы мізэрныя тыражы з тыражамі кніг і газет Савецкай Беларусі, пераканаешся, што кола чытачоў у нас вельмі абмежаванае. А калі ўлічыць яшчэ і ўсе перашкоды (а іх нельга не ўлічваць), якія стаяць паміж нашымі кнігамі і чытачамі,– няшмат месца астаецца для аптымізму. На сваёй Мядзельшчыне я магу на пальцах палічыць людзей, якія чытаюць нашы газеты і кнігі. Праўда, гэтыя людзі ў нейкай меры, як кажуць, робяць пагоду. Але іх – вельмі мала.
29/Х
А гэта запісаў ад А. У апошнія хвіліны свайго жыцця тав. Н. Ботвін сказаў, звяртаючыся да салдат: "Вучыцеся страляць па мне, каб умець страляць у сваіх ворагаў, бо я не з’яўляюся вашым ворагам…". А тав. К., калі яму далі 15 гадоў, кінуў у твар суддзям: "Вы распараджаецеся, паны, не сваім часам!"
Перагортваючы ў бібліятэцы імя Тамаша Зана старыя часопісы, знайшоў дзве цікавыя польскія народныя песні, якія там жа спрабаваў перакласці. Пачатак першай:
П’ю гарэлку два дні,
Тры дні п’ю, балюю,
Грошыкі ніколі
Мяне не турбуюць…
Другая, відаць, з карпацкага разбойніцкага фальклору:
Гаварылі, гаварылі,
Што разбойніка забілі,
А пасеклі ў лесе вецце,
Разбойніка ж нясе вецер…
Сярод кніжных навінак знайшоў надзвычай цікавы "Праваднік па Польшчы". У першым томе – уся Заходняя Беларусь, 16 карт і некалькі планаў гарадоў. Шкада, што няма грошай, каб купіць гэты бэдэкер. Трэба будзе параіць Кастусю пацікавіцца ім.
30/Х
Тыцыян, кажуць, пад канец свайго жыцця хацеў перапісаць, перарабіць усе свае карціны. А ў нас я яшчэ не сустрэў чалавека, які не пакрыўдзіўся б, калі яму раяць дапрацаваць апавяданне ці верш. А матэрыялы, якія атрымліваюць рэдакцыі, за рэдкім выняткам – вельмі слабыя. Вершы – зарыфмаваныя адозвы, набор гучных слоў, якія ад марнатраўнага абыходжання з імі губляюць сваю баяздольнасць. Метал і той ад частага ўжывання стамляецца.
Бачыўся з В. Надзвычай цікавы і адукаваны чалавек. Шмат гадоў вучыўся і жыў у Чэхаславакіі, дзе і цяпер ёсць вялікая калонія беларусаў. Сустракаўся ён з многімі левымі чэшскімі і славацкімі пісьменнікамі. Быў знаёмы з Купалам, Чаротам, Гартным… Цэлы вечар дэкламаваў мне С. Неймана, які мне здаўся вельмі рытарычным. Можа, я не ўсё зразумеў, а можа, В. спецыяльна падбіраў такія сугучныя заходнебеларускім настроям вершы. Я толькі па свежай памяці дома запісаў адзін верш С. Неймана, які мне дужа спадабаўся:
Мне бога трэба б мець, каб праклінаць,
Ці д’ябла нейкага, каб чараваць,
Але ў мяне – мозг неспакойны толькі
I жаласнае сэрца.
Мне б сілы для нянавісці маёй,
Мне б гордасці больш да любві маёй,
Але ў мяне – бяссільная любоў
I сум, што глуха стогне.
10/ХІ
Пасля дзён галодных насталі дні, поўныя адчаю. Што за імі? Няўжо толькі мужыцкая ўпартасць і цікавасць мяне звязваюць з маім сучасным жыццём? А паэзія? I з ёю апошнія дні рвуцца кантакты, бо за кожным з нас неадступна ходзіць то ў шэрым паліто і капелюшы, то ў чорным – анёл-хавальнік. Два вечары запар прыходзіць правяраць, што я раблю.
Літоўскія сябры пазкаёмілі мяне з цікавай і блізкай мне па духу паэзіяй К. Боруты. Прасіў зрабіць для мяне падрадкоўнікі. Хацелася б перакласці некалькі яго вершаў.
18/ХІІ
Быў пад Нова-Вілейкай, у Р. Ён толькі што прыехаў з Варшавы. Расказваў аб пахаванні А. Струга, аб апошніх навінах на літаратурным фронце. Даў некалькі адрасоў і папрасіў, каб я на іх выслаў зборнікі вершаў Васілька, Машары, свае і паасобныя цікавейшыя творы іншых паэтаў. Перапісаў у яго верш У. Бранеўскага, прысвечаны памяці А. Струга. Вечарам пачаў яго перакладаць. Перакладаць узяўся з апошняй страфы, да якой лягчэй удалося падабраць ключ.
…Ён быў з тых, што сваёю працай
Мацавалі нашу сябрыну;
Ён байцом быў і рэспубліканцам,
Жыхаром свабоднай краіны…
Потым усё адклаў і ўзяўся за свой незакончаны верш. Але пасля цяжкай дарогі нічога арыгінальнага не прыходзіла ў галаву. Памаліўшыся Апалону: "Божа, ратуй мяне ад самай большай спакусы і граху – паўтарэння і пераймання", выключыў у сваім пакоі святло.
22/ХІІ
Закончыўся працэс над групай Г. Дэмбінскага. Дэмбінскі з С. Ендрыхоўскім, мы з М. пайшлі да нашых польскіх сяброў, каб ад імя беларускай грамадскасці выказаць ім сваё спачуванне. На кватэры ў Г. засталі мы Путраманта, Барысевіча, Урбановіча і некалькі не знаёмых мне студэнтаў. Настрой ва ўсіх быў прыгнечаны. Бо людзі, якіх санацыйныя суддзі кінулі на доўгія гады за турэмныя краты, карысталіся пашанай і любоўю ў шырокіх кругах інтэлігенцыі і ў рабочым асяроддзі ва ўсёй Польшчы.
Спачатку цяжка было ўзбіцца на сцяжыну нейкай агульнай бяседы. Кожны, відаць, думаў над адным і тым жа пытаннем: што рабіць? Потым пачалі гаварыць аб далейшай працы і барацьбе супроць карычневай небяспекі, бо лёс усіх – асуджаных і яшчэ не асуджаных – будзе залежаць толькі ад вынікаў гэтай барацьбы.
Як нам пасля закрыцця "Папросту", "Карты", "Нашай волі" не хапае зараз свае трыбуны, з якой гаварылася б, што трэба рабіць, як зноў гуртаваць свае сілы.
30/ХІІ
Здзіўлены, прачытаў у кракаўскім месячніку "Наш выраз" сапраўдную оду Т. Пайпера аб "Цэнтральнай прамысловай акрузе" (ЦОП). Нешта не верыцца мне, што гэтаму ўраду пры яго сучаснай палітыцы ўдасца ажыццявіць гэты план індустрыялізацыі Польшчы. Хутчэй за ўсё, што яму суджана застацца непаравым дзіцем, якое нарадзілася і кончыць свой век у газетных і плакатных пялёнках прапаганды.
Пад снегапад пачаў перакладаць цудоўны верш I. Галчынскага "Прывет, Мадонна". Некаторыя строфы яго пераклікаюцца з нашым Янкам Купалам:
Хай там другія пішуць кнігі. Нават
Хай слова гучыць ім званіцай стазвоннай,
Пісаць я не умею, не дбаю аб славе, –
Прывет, Мадонна!
Не для мяне полкі кніг аж да столі,
Не для мяне вясна, рунь на загонах,
Толькі ноч цёмная, дождж з алкаголем, –
Прывет, Мадонна!
Былі да мяне людзі, будуць і потым,
Бо жыццё вечнае, не знае скону,
Усё, як у вар’ята сон мімалётны, –
Прывет, Мадонна!
Ты ўся прыбраная маем, вясною,
Кветкамі, што назбіраў на загонах,
Бруд з рук сваіх я змываю расою, –
Прывет, Мадонна!
Не пагарджай ты вянком хулігана,
Знаёмага з прэсай, з паліцыяй коннай,
Ты ж мая маці, муза, кахана, –
Прывет, Мадонна!
Недзе яшчэ ў мяне ляжыць перапісаная два-тры гады таму назад паэма I. Галчынскага "Інга Бортш".Усё ніяк не магу сабрацца і перакласці яе. А паэма гэта калісьці была для мяне цэлым адкрыццём. Знайшоў яе выпадкова ў нейкім жаночым часопісе, пазычаным у нашай вясковай настаўніцы.
Заўтра еду дамоў. Новы год сустрэну ў дарозе, недзе паміж Маладзечнам і Вілейкай, пад сонны перастук колаў цягніка. Потым, калі не знайду спадарожнай фурманкі ці знаёмых вазакоў, буду гадзіны 3-4 брысці па замеценых палазінах дадому. I ўсё ж люблю я гэту дарогу, асабліва тыя кіламетры, што пралеглі праз Гарадзішчанскі лес. Я кожны раз успамінаю, як мы вярталіся гэтай дарогай з бежанства і я збіраў са сваёй сястрою Верачкай грыбы. А дзень быў такі ясны ад сонца, ад бронзавых нагрэтых ствалоў сосен, ад ягад і мухамораў і ад радаснага пачуцця вяртання на радзіму, хоць гэта слова для мяне тады было яшчэ неразгаданай загадкай, – што я, здаецца, больш такіх дзён і не бачыў.
А можа, калі пагода не паправіцца, адкласці на пару дзён маю паездку дамоў?
Былі да мяне людзі, будуць і потым,
Бо жыццё вечнае, не знае скону,
Усё, як вар’ята сон мімалётны, –
Прывет, Мадонна!
Хутка поўнач. Мароз прыбраў шыбы ў белае лісце папараці. Ледзь праз іх прабіваюцца агні вулічных ліхтароў.
1938
14/I
Такое адчуванне, што ва мне памерла штосьці, чаму шмат хто яшчэ адбівае паклоны, моліцца. Пачаў перачытваць свае ранейшыя творы. Некаторыя выправіў, а некаторыя – такія бездапаможныя, што шкада і часу, каб іх выпраўляць. Наша беларуская літаратура – адна з самых маладых, але ў ёй ужо столькі "класікаў", што хапіла б імі абдзяліць і суседзяў. Творы гэтых "класікаў" усё болыд і больш абрастаюць каментарыямі, і скалыіель часу ці дабярэцца калі да іх. Мне смешна, калі нашы крытыкі радаслоўную таго ці іншага паэта пачынаюць, як у святым пісанні: А нарадзіў Б, Б нарадзіў В і г. д. і г. д. Ці трэба мне было вучыцца ў Чарота ці ў Труса, калі я мог вучыцца непасрэдна ў Блока, Ясеніна, Маякоўскага?
Наш засцянковы патрыятызм узвёў у сан святых і геніяў вельмі шмат пасрэдных вершаплётаў, даўшы іх творам завышаныя ацэнкі, гучна спраўляючы 5–10–20-годдзі іх "плённай" літаратурнай дзейнасці. Мо таму "не разумеюць" нас і мала цікавяцца намі на шырокім свеце. Amicus Plato…
15/I
Пад вечар хадзілі на паляванне. Хмарна. Імгла. Каля Краснаўкі забіў дзед беляка і ўдарыў па лісіцы, якая пацягнула на Дубаўскі бор, сям-там пакідаючы крывавы след. Вяртаючыся дамоў, на незамерзлых пратоках слабадской рэчкі ўзагналі некалькі дзікіх качак. Вада сярод аснежаных берагоў здаецца чорнай, таямнічай.
Ад грэблі набліжаўся звон шарахавак. Мы сышлі ў кусты, каб не нарвацца на каго непажаданага. Гэта некуды ехаў нанач наш сусед – каваль Васіль Бабровіч. Мы перачакалі, калі ён схаваецца за гушчаром ельніку, і памалу пабрылі дамоў. На гумне сустрэлі Веру, Федзю і Людмілу. Яны чулі стрэлы і выйшлі пацікавіцца, з якой мы ўдачай вяртаемся. Праз паляванне спазніліся нават паіць і даглядаць кароў. Апошнія рэзгіны трасянкі бацька ўжо нёс у хлявы разам з вячэрнімі зорамі.
16/I
Зайшоў да нашых суседзяў Глінскіх. Як заўсёды, у іх поўная хата народу. Расказвалі і смяяліся, як Базыль, хаваючы свайго сына, таргаваўся з папом. Духоўны айцец за два злотых не хацеў ісці на магільнік маліцца, патрабаваў, каб яшчэ летам Базыль тры дні яму пакасіў сена. I толькі тады згадзіўся, калі той напалохаў яго, што пойдзе да ксяндза ці да рабіна. Бо мёртваму – усё роўна, хто яго будзе хаваць.
У сасновай дамавіне
аспадар ляжыць, а ў хаце
Дзеці-сіраты і жонка
Горкімі слязамі плачуць.
– Супакойся, маладзіца! –
Суцяшае поп жанчыну, –
Бог забраў на неба мужа,
Мне давай яго скаціну.
20/I
Заўтра еду ў Вільню. Разам са мною едзе і сястра Вера, якая выходзіць замуж за Браніслава Лётку ў Сэрвачы, дзе бацька яго, вярнуўшыся з Амерыкі, купіў сабе хутар. Цікавы чалавек гэты стары Лётка. У маладосці парабкаваў. Білет у Амерыку, казалі, купіў за грыбы, якіх назбіраў, ганяючы на пашу. Больш за дваццаць гадоў працаваў на дзве змены грузчыкам у доках Нью-Йорка. Быў надзвычай дужы. Насіў мяшкі, якіх ніхто не мог падняць. Ён і цяпер сваіх сыноў – Паўла і Броньку – заткне за пояс. У самы люты мароз ходзіць расхрыстаны і без рукавіц.
А сёння цэлы дзень пракірмашавалі мы з бацькам у Мядзеле. Сёе-тое купілі на вяселле. Каля Носькавай крамы прывязаўся быў да мяне нейкі п’яны ці, можа, падасланы тып. Усё цягнуў мяне ў чайную Здановіча, каб пачаставаць гарэлкай, а калі я адмовіўся, пачаў гразіць: "Пачакай! Яшчэ ты не ўсё адседзеў у турме…". Ледзь я ад яго адкараскаўся. Як вярталіся дамоў, разы два нашы развалы перавярнуліся. Змёрз я ў сваім ватнім паліто. Шкадаваў, што не ўзяў кажуха. Дамоў вярнуліся позна. Бацька застаўся распрагаць каня, а я, забраўшы ўсе пакупкі і бутлю з газай, пабег у хату.
Пасля вячэры, калі збіраліся класціся спаць, нечага ўсшануліся сабакі. Дзед паднёс лучыну да замёрзлага акна, але праз адталую лунку толькі відаць было, як вецер хістае асвер ды на дрывотні гнецца расахатая бабіна вярба.
– Можа, ваўкі падышлі да прынады?
Дзед апранаецца ў кажух і, узяўшы сваю жвіроўку, ідзе ў разведку.
Я доўга сяджу, чакаю, калі ён вернецца. Перагледзеў усю пошту, напісаў некалькі лістоў. Зрабіў чарговую генеральную чыстку ў сваіх паперах. Апошнімі часамі з-пад пяра нічога талковага не выходзіць.
На кірмашы бачыўся са слабадскімі хлопцамі – Мішам Ралёнкавым і Кірылам Карабейнікам, Сашкам Асаевічам. Міша расказаў пра свае цікавыя прыгоды, калі ён пераводзіў праз граніцу раненага Багданчука – героя маёй паэмы "Нарач". Калі яны доўга блукалі ў прыгранічным лесе, Багданчук на хвіліну ўсумніўся ў сваім правадніку:
– Слухай, дружа, калі ты мяне выведзеш на засаду, знай: адна куля – табе, другая – мне.
Шкада, што я не закончыў сваей паэмы гэтай сцэнай. Праўда, што, напісаўшы так, як усё гэта адбылося, я меў бы справу не толькі з цэнзурай. Гашу святло, не дачакаўшыся старога, які, пільнуючы прынады, напэўна, заснуў у лазні.
23/I
Пасля вяселля сястры правёў маладых на вакзал, а сам паплёўся на сваю, ацененую ашаранелымі соснамі Закрэта, вуліцу Канарскага, да сваіх кніг і вершаў. Ці не варта было б напісаць сцэну "У музеі"? Ідэя яе зарадзілася ў мяне, калі перад Новым годам перагортваў старонкі гісторыі паўстання 1863 года і дзейнасці К. Каліноўскага, судовыя акты "Грамады". Трэба ажывіць усіх павешаных, забітых, расстраляных, і хай гэты рэвалюцыйны трыбунал судзіць катаў.
– Ці не помніце нас, паны Радзівіл, Хадкевіч, Пац, Тышкевіч?
– Не, не помнім…
– Нічога дзіўнага. У нас усіх тады было адно імя: бунтаўшчык.
Заўтра збіраюся наведаць В. Дрэму, паглядзець яго новыя гравюры. Яго работы – пранізаныя глыбокай любоўю да людзей працы, да сваёй зямлі – выдзяляюцца з усяго таго, што мне даводзілася бачыць на розных выстаўках не толькі ў Вільні. Мастацтва яго вырасла на літоўска-беларускім паграніччы, і сам ён з’яўляецца жывым звяном нашай дружбы. Ён не толькі лепшы знаўца літоўскага народнага мастацтва, але – і нашага, беларускага, аб чым гавораць яго шматлікія артыкулы ў розных часопісах.
Чамусьці не прыходзіць Н., які абяцаў мне прынесці Бажана "Лічбы", Галана "99 %" і "Агонь" Казланюка.
Відаць, прастыў. Гаспадыня напарыла ліпавага цвету. П’ю, а ў вушах – звон, быццам пчаліны рой злятаецца на маю галаву.
Нешта і гадзіннік мой спыніўся, і Сашка з Мікалаем недзе затрымаліся. Ці не пайшлі яны ў тэатр?
24/I
Ля кіно "Геліос" мяне спыніў К. Я яго ледзь пазнаў, так ён змяніўся за апошнія тры гады. Калісьці, ідучы на ўмоўленую сустрэчу, ён не мог трапіць на наш хутар. Чую, нехта пяе песню, якую мы часта спявалі на Лукішках. I я адклікнуўся. Так і памагла нам песня сустрэцца ў асенняй ночы. Зараз ён жыве ў Вільні. Зарабляе, чытаючы лекцыі матурыстам. Дома паказаў мне цікавыя лісты свайго старэйшага брата, які падчас атакі загінуў на Каса дэ Кампа. Апошні ліст закончаны народнай іспанскай прыказкай: "Мёртвыя жывым адкрываюць вочы". Колькі горкай праўды ў гэтых словах!
У дапісцы аўтар успамінае пра нейкія вершы, якія ён паслаў брату, і пытае, ці ён іх атрымаў. Чые і якія гэта былі вершы? Відаць, перахапіла іх цэнзура. Няўжо ён не знаў, што такія рэчы нельга пасылаць поштай, а калі поштай – дык не іспанскай, бо адна пячатка "Мадрыд" на канверце можа прывесці ў шал усіх быкоў дэфензівы.
Лісты надзвычай цікавыя. Пісаліся яны ў акопах, паміж баямі. I сёння яны здаюцца гарачымі ад крыві і агню. Шкада, што зараз няма як іх апублікаваць у друку.
Д. Буйніцкі і Е. Загурскі цікавіліся, што чуваць на беларускім Парнасе. Яны, аказваецца, досыць пільна сочаць за нашай літаратурай. Чыталі і знаюць амаль усе апошнія навінкі. Буйніцкі неспадзявана запытаўся, ці падабаецца мне паэзія В. Скузы. Праўда, я не ўсе яго творы чытаў. Але тое, што знаю, асабліва яго паэмы, перагружана вобразамі, метафарамі. Нават на мастах ставяць знакі, які цяжар дазваляецца перавозіць.
Ад К. Н. дастаў новыя вершы В. Гаўрылюка пра Бярозу. Вершы надзвычай моцныя. Іх трэба распаўсюджваць як адозвы, пісаць на сценах. Іх трэба ведаць кожнаму.
2/ІІ
Праз тыдзень зноў мяне пацягнуць у суд за мой зборнік вершаў "На этапах". Апошнія дні шмат пішу і шмат бракую. Пачынаю цаніць і няўдачы, якія часта бываюць болыы вернай меркай росту, як некаторыя ўдачы. Праўда, гэта вельмі слабая для мяне ўцеха, але іншай няма.
Дачытаў біблію, пазычаную ў знаёмага клерыка Д., які калісьці на гарышчы бернардынскага касцёла перахоўваў мой канфіскаваны зборнік. Хоць Кандрат Крапіва ўжо выкарыстаў гэту кнігу, але і я вывудзіў з яе мора легенд і паданняў, шмат не толькі антырэлігійных, але і лірычных тэм, метафар, параўнанняў, вобразаў. Гэту цікавую кнігу трэба было б вывучаць у школах разам з міфамі Егіпта, Грэцыі, Рыма…
На вуліцы Шапэна напароўся на аблаву. Нехта раскідаў пракламацыі. Паліцыя і шпікі затрымлівалі прахожых, правяралі дакументы, і ў некаторых, завёўшы ў пад’езд дома, у якім калісьці мне даводзілася працаваць, ператрасалі кішэні. Пры мне не было нічога, што магло б скампраметаваць, але, каб не затрымалі, я заскочыў у цырульню, дзе і перачакаў усю гэту мітусню.
3/ІІ
3 акна нашай новай кватэры (Канарскага, д. 38) відаць аснежаныя сосны Закрэта. Здаецца, першую зіму мы з Сашкам не мерзнем, бо наш гаспадар – пан Шаф’янскі – працуе ў чыгуначнай адміністрацыі і апалу мае ўдосталь. Кватэру гэту знайсці нам памагла Лю, бо самі мы, відаць, і да гэтага часу не крануліся б са старога месца. Праўда, гаспадар – досыць антыпатычны чалавек. Па перакананнях – эндэк, прытым лавелас несусветны, хоць ужо стары і выглядае як аблезлы пацук. Не дае праходу сваёй служанцы, ды часта яго бачым на вуліцы з нейкімі размаляванымі, расфуфыранымі бабамі. Жонка яго – руская, ленінградка. Ажаніўся ён з ёю, яшчэ калі служыў да рэвалюцыі ў Расіі, на чыгунцы. Вельмі рада была, даведаўшыся, што мы беларусы. Старэйшая іх дачка – Галя – студэнтка медыцыны, сярэдняя – Ганка – памагае маці каля гаспадаркі, а малодшая – Ірка – гімназістка. Дзяўчаты інтэлігентныя і досыць прыгожыя, толькі ў жыццёвых і ў палітычных справах зусім не арыентуюцца. Яны яшчэ не паспелі атруціцца атмасферай свайго акружэння – антысемітызмам, шавінізмам, клерыкалізмам, але і да нас адносяцца насцярожана, хоць мастацкую літаратуру, якую мы ім даём, чытаюць з цікавасцю. Учора пазычыў у Галі лыжы ды, няўмела спускаючыся з крутога берага Віллі, зламаў адну лыжыну. Чорт бы яе пабраў! Апошнія дзве залатоўкі мусіў аддаць за рамонт.
Зноў узяўся за фальклор. Колькі тут нявыкарыстаных скарбаў! I ўсё ж, мне здаецца, што фальклор будзе ўсё больш і больш адыходзіць у мінулае разам з лучынай і цемрай, непісьменнасцю і забабонамі.3 дому прывёз некалькі цікавых прыказак:
Бусел зямлю чысціць;
Як заб’еш бабра, не будзе дабра;
Частавалі, чым вароты падпіралі;
Герб у яго: гусь пад пахай і рука ў чужой кішэні;
Быў ранен на полі бубновым;
Баба ўцякае ад сівой галавы, як сабака ад вожыка;
Корд б’е, як чорт, а шабля – як граблі;
У іх воля, у іх і поле;
Гаспадар пачынае будавацца з гумна.
4/ІІ
Узяўся за творы С. Бржазоўскага – філосафа і пісьменніка, поўнага супярэчнасцей, чалавека трагічнай біяграфіі, у якой шмат неразгаданых загадак. У музеі пазычыў некалькі замежкых беларускіх эмігранцкіх газет, якія прыйшлі туды апошнімі днямі з Парыжа. Хоць цэлы дзень мы з Кастусём праседзелі над імі, так і не змаглі сарыентавацца: якога яны напрамку і хто іх выдае. Артыкулы падпісаны нейкімі незнаёмымі прозвішчамі. Кастусь вырашыў пачакаць на наступныя нумары, каб знаць: ці нам гэту прэсу папулярызаваць у сваім друку, ці пачынаць супроць яе кампанію. Насцярожвае тое, што газеты прыйшлі на адрасы людзей варожых нам поглядаў, і тыя сустрэлі іх не толькі прыхільна, але стараюцца іх распаўсюджваць сярод моладзі і студэнтаў.
10/II
Вецер, вецер, вецер. Шумяць у Закрэце векавыя сосны. А над імі – дзівосныя аблокі. Вось адно з іх – як з разгорнутымі ветразямі карабель разбіваецца на чорных скалах. Можа, нехта крычыць там, змагаючыся з хвалямі, а я гляджу і нічым не магу памагчы. Якое сцюдзёнае і непрытульнае неба! Можа, пад такім небам памёр і Алесь Гурло, аб смерці якога я сёння даведаўся ў Студэнцкім саюзе. Трэба будзе заўтра ў каго пазычыць яго "Сузор’і" і "Межы". Аж сорамна прызнацца, што я яшчэ не чытаў гэтых кніг.
Прынёс Кастусю ад С. Паўловіча копію мемарыялаў аб школьным пытанні ў Заходняй Беларусі. Першы варыянт быў значна мацнейшы. Выпалі многія жахлівыя факты, звязаныя з ліквідацыяй беларускіх школ, бібліятэк, гурткоў, культурна-асветных арганізацый, газет, часопісаў. Адным словам – адрэдагавалі… Трэба будзе падумаць над вершам "Родная мова".
Калі б мы цябе, мова, не збераглі
Для нашых дзяцей на пакутнай зямлі,
Хай выкрасляць нас з пажыццёвага спіску,
Імёны з магільных сатруць абеліскаў…
Пакідаю гэта як запеў, да якога некалі вярнуся, як тэму, якую трэба будзе развіць. А можа, гэту страфу зрабіць заключнай? Ці лепш пачаць у купалаўскай інтанацыі?
Вы нашу мову топчаце, панове,
Пад звон кайдан, уланскіх шпор.
Але час прыйдзе – і на гэтай мове
Народ вам прачытае прыгавор.
17/II
Аж да ванітаў начытаўся розных авангардыстаў і іншых мадэрністаў. Часамі здаецца, што ў мычанні каровы – больш паэзіі і зместу. А наша крытыка ад гэтых вершаў у захапленні. Пішуць розныя даследаванні, разборы, даказваюць, хто на каго ўплываў, як атрымаўся ў галаве паэта той ці іншы вобраз. Адна з самых страшных хвароб нашай крытыкі – уплывалогія. Яна выступае ў двух відах: універсальным і нацыянальным. Першы даказвае, што ўсе нашы творы паўсталі пад уплывам узораў сусветнай літаратуры і ў нас амаль нічога няма самастойнага; другі сцвярджае ўплыў беларускай народнай творчасці на сусветную.
Каторы дзень хаджу пад уражаннем ад смерці Трахіма (Буткевіча), які пасля катаванняў у дэфензіве павесіўся ў сваёй камеры на Павіяку. Усе асуджаюць яго, хоць ніхто не знае, што яго змусіла так зрабіць. У тое, што самагубствам канчаюць толькі слабыя людзі, я не веру. Не веру і ў тое, што ён зламаўся, бо ніхто, каго ён знаў – а знаў ён многіх людзей,– не быў арыштаваны. А можа, яго павесілі?
Зараз я ўспамінаю той доўгі зімовы вечар, калі ён меўся прыйсці на явачную кватэру на Легіяновай вуліцы і не прыйшоў. Устрывожаная гаспадыня казала: "Такі пунктуальны таварыш. Гэта першы выпадак, каб ён дамовіўся з кім сустрэцца і не стрымаў свайго слова. Відаць, нешта здарылася. Можа, зойдзеце да нас заўтра?"
Але і на другі, і на дзесяты дзень ён не з’явіўся. У мяне толькі засталася пасля яго нявыкураная пачка папярос. Я аддаў іх Любінаму бацьку, які пажурыў мяне, што я расходуюся на такія дарагія папяросы. Сам ён заўсёды курыў "Ценке" – папяросы беспрацоўных, ды і тых часцей не меў за што набыць.
Вечарэе. Пайшоў да вакзала, хоць знаў, што ніводзін з цягнікоў не прывязе мне ніякай радасці і не забярэ з сабою маіх цяжкіх дум. Здаецца, Гётэ гаварыў, што творчасць яго – гэта кавалкі адной вялікай споведзі. А наша творчасць – не толькі наша споведзь, але і маўчанне.
Чуваць, з Італіі вярнуўся П. Сергіевіч. Трэба схадзіць да яго і даведацца, што ён там бачыў цікавага.
20/II
Сустрэчы. Сустрэчы. Нават няма калі, каб нейкім матузом паслядоўнасці звязаць свае думкі. Пісьмо з дому. Нешта дзед прыхварэў. Ён, як чалавек з ранняга сярэднявечча, не разумеў ціхага чытання і не лічыў яго ніякай работай, хоць чамусьці з пашанай адносіўся да пісання. Можа, таму, што радкі пісьма нагадвалі барозны раллі. Часамі мог доўга сядзець і глядзець, як нехта піша. Аб чым ён у гэты час думаў? Можа, шкадаваў, што сам не мог пакінуць на паперы перажытага, сваіх ведаў, цяжка здабытай сялянскай мудрасці. Заўсёды, калі я адрываўся ад сваёй пісаніны, ён уключаўся ў гутарку і пачынаў мне расказваць бясконцыя гісторыі са свайго жыцця. А расказчык з яго – адменны. I самае цікавае, што калі я потым спрабаваў запісваць яго гавэнды, яны ў мяне атрымліваліся нейкімі расцягнутымі. У расказах яго не было ніякага штукарства, якім часцей за ўсё грашаць іншыя, не было ніякіх паўтораў і лішніх слоў. Тое, што ён расказваў, нагадвала прытчы пра звяроў, пра хлеб, пра зло і дабро. Апошні раз, помню, ён уразіў мяне сваёй увагай аб снах: "Які чалавек, такія і сны". Гэта акрэсленне залежнасці сноў ад жыцця і паводзін чалавека мне здаецца. Больш трапным, як фрэйдаўскае….
Трэба будзе дамовіцца з Кастусём, каб я змог на некалькі дзён пад’ехаць дамоў.
Скардзіўся М. Васілёк на свае жыццё – голае і галоднае.
– Ёсць, – казаў, – людзі, якія заўсёды знаходзяцца на віду, і ёсць такія, якіх заўважаюць толькі ў часы юбілеяў ці пахавання.
Зайшлі мы з ім у Студэнцкі саюз. Уключыліся ў спрэчкі аб паэзіі. Чамусьці ўсе бяздарныя лічаць сябе несмяротнымі. А можа, яны і маюць рацыю, бо, як вядома, чалавечая глупасць – вечная. Калі пра пісьменніка гавораць, што ён – "тыповы прадстаўнік", мне ўжо не цікава і знаёміцца з ім. У кожным выпадку, будучыня будзе больш суровай у ацэнцы нашых твораў, і ў першую чаргу – твораў, кананізаваных нашай адсталай крытыкай. 3 кожным днём становіцца ўсё больш складана разабрацца ў людзях. Раней на кожным была свая бірка: партыйная, класавая, нацыянальная. Ідзеш па вуліцы і здалёк бачыш, з кім размінаешся. А зараз, перад абліччам небяспекі вайны і фашызму, шукаем людзей сумленных, гатовых стаць з намі поплеч. I трэба прызнацца, што іх удаецца знаходзіць нават там, дзе раней і не спадзяваліся іх знайсці.
Сёння М. расказала, што ёй удалося арганізаваць гурток па вывучэнню сацыяльных праблем і сучаснай палітыкі ў асяроддзі каталіцкай моладзі, да якой раней кожную нядзелю прыходзіў ксёндз і чытаў лекцыі на тэмы: "Найсвяцейшая панна Марыя – як узор жанчыны", "Святы Язэп – узор цноты маўчання", "Значэнне малітвы і святога прычасця для здароўя і фізічнага жыцця", "Каранацыя святой Маткі Боскай Вастрабрамскай і значэнне гэтага акта", "Галоўныя каталіцкія запаведзі і іх уплыў на наша жыццё" і г. д. і г. д.
Запытаўся ў М., як яна жыве. Чуў ад Паўла Адынца, што яна выйшла замуж за яго друга. Раней, здаецца, Павел да яе заляцаўся.
– Помніш, як разам хадзілі на дэманстрацыю, пратэстуючы супроць закрыцця школ нацыянальных меншасцей? Помніш, як на першамайскім мітынгу ў Малой гарадской зале Павел са сваімі сябрамі хацелі праз акно выкінуць шпіка Пясецкага на брук, ды перашкодзіла паліцыя? Помніш сустрэчы пад Нова-Вілейкай? А потым – на Навагрудчыне?
Усё помніла. Відаць, не была шчаслівай. I ў словах, і ў смеху не чулася ранейшай весялосці. Нешта зблажэла. На развітанне падала руку, як нейкую непатрэбную рэч. Трэба будзе пацікавіцца яе жыццём. Можа, у чым ёй трэба было б нам памагчы.
Наведаў 3. Аднёс ёй пазычаныя кнігі. Была яшчэ ў папільётках. Не дзіва, што ў некаторых каталіцкіх краінах жанчынам загадваюць прыкрываць свае галовы хусткамі, каб чорт, які можа схавацца ў кудзерках валос, не спакушаў верных. 3 Варшавы прывезла яна акрамя гадавікоў "Звротніцы", дзе я знайшоў нашумеўшы ў свой час вядомы артыкул Т. Пайпера "Горад, маса, машына", з кнігарні Ф. Фрухмана апошнія навінкі савецкай літаратуры. У Польшчы, як ні дзіва, не зважаючы на антыўсходнюю палітыку ўрада, шмат выдаецца кніг савецкіх пісьменнікаў. Відаць, гэта – прыбыльная справа для выдаўцоў, бо кнігі пра краіну Кастрычніцкай рэвалюцыі і яе народ карыстаюцца папулярнасцю. У бібліятэцы Сыркіна, Зана і іншых – заўсёды за імі чарга. Праўда, пераважна іх чытае мяшчанства, інтэлігенцыя, бо для шырокага чытача яны дарагія, амаль недаступныя.
Ужо некалькі дзён не браўся за вершы. Тапчуся на месцы. То прызямлю сваю паэзію, то ўздымаю на рамантычныя вышыні. А што, каб адкінуць уяўную прыгажосць, прызнаную, апрабаваную аўтарытэтамі ўмоўнасці? Відаць, трэба было б забыць усё, што напластавалася і адклалася ў памяці, – нанава нарадзіцца. А пакуль што воз сваей паэзіі цягну па старой прасёлачнай дарозе, пракладзенай нашымі папярэднікамі, па дарозе, дзе акрамя пылу ды калдобін мала чаго можна сустрэць цікавага. Пошукі новага ў мастацтве не менш небяспечныя, як падарожжы ў невядомае, асабліва ў наш час, калі трэба мінаць не адну Сцылу і Харыбду. Не знаю, ці ўдасца мне калі сфармуляваць свае эстэтычныя тэзісы і прыбіць іх да лукішскіх сцен ці да муроў нейкага Вітэмбергскага сабора, які я яшчэ толькі пачаў будаваць.
Атрымаў павестку з’явіцца да следчага на допыт. Каб можна было памяняць сваю памяць на памяць вар’ята – было б лягчэй. У галаву лезуць розныя тэмы: пра голад, пра архітэктуру Вільні, поўную своеасаблівай і непаўторнай музыкі, а то зусім несамавітыя сюжэты. Т. Буйніцкі расказаў мне цікавы факт пра Сандра, які за шмат год прадбачыў прыход чырвонага Хрыста рускай рэвалюцыі. Ці не ад яго потым прыйшоў гэты Хрыстос да Блока? Запісваю, каб не забыць, словы Марынеці з яго паслання да Мусаліні, пасля бітвы пад Тэмбенам: "Каб кожны набой італьянскі меў сёння вартасць забітага чалавека". Як гэта апалагеты нашай сучаснасці – Гётэль, Кадан – падчас пацыфікацыі Заходняй Беларусі і Украіны не паспелі нешта падобнае згарадзіць?
На мурах турмы, што на Панарскай вуліцы, стражнікі саскаблівалі некім напісаныя народнафрантавыя лозунгі:
"Хто змагаецца супроць вайны – змагаецца супроць фашызму".
"Хто змагаецца супроць…"
– Не затрымлівацца! Прахадзіць! Прахадзіць!
23/ІІ
Настаў сапраўдны голад. Напісаў дамоў, каб што падаслалі. Ніяк не магу знайсці работу. Чуў, што быццам ёсць пасада кантралёра білетаў на катку, але каб і яе атрымаць – трэба мець пратэкцыю ў магістраце. Пачаў чытаць К. Гамсуна, ды разбалелася галава і кнігу мусіў адкласці. Незакончанымі ляжаць на стале вершы пра катаргу шарварачных дарог і пра жыццё "халупнікаў" – пра жыццё самых забітых і бяспраўных рабочых у Польшчы.
Голад. Горшы, як у астрозе. Там, калі і бывае галадоўка, дык галадаем усе разам. Так галадаць весялей. Помню, аднойчы на Лукішках, пасля чарговай галадоўкі, прыйшоў пракурор і пытае ў палітвязня Лагуна з Лужкоў: "Якія маеце просьбы?" А той, згодна з пастановай турэмнага камітэта, адказаў: "Просьбаў не маем, маем пастуляты". А пракурор, бачачы, што перад ім просты вясковы хлопец, пытае: "А што такое – пастуляты?" – "Я вам не буду тлумачыць, – адказаў той, – у нас ёсць агульны прадстаўнік палітвязняў – вы ў яго і пытайцеся…".
Толькі калі выйшаў пракурор, Лагун звярнуўся да нас: "Сапраўды, што такое "пастуляты"?"
Бяда, што я са сваімі "пастулятамі" нават не маю да каго звяртацца. Каб не марнаваць сіл, да мінімуму скараціў свае вандроўкі па Вільні. За апошнюю галодную дэкаду прачытаў каля дваццаці кніг: А. Якімовіча "Вершы", Дудара "Сонечнымі сцежкамі" і "Беларусь бунтарская", Дубоўкі "Сredо", Зарэцкага "Сцежкі-дарожкі", Хурсіка "Першы паўстанак", Чорнага "Срэбра жыцця" і "Апавяданні", Бабарэкі "Апавяданні". Да гэтага яшчэ: А. Васілеўскага, А. Фарэля, Давідова, М. Прэво, Аскара Уайльда. Вось колькі спажыў духоўнай стравы! Можа, і грэх называць гэту дэкаду "галоднай"?
2/IIІ
У віленскай газеце "Слова" змешчана рэцэнзія на маю паэму "Нарач". У рэцэнзіі Ян Мацкевіч піша, што ён перасцерагаў польскі ўрад, калі пісаў у сваёй кнізе "Бунт ройстаў": "…бунт над берагамі возера (Нарач) пяройдзе як факт у гісторыю людзей, якія баранілі свае слушныя правы… і ці легенда рыбацкіх пакаленняў не ўвянчае яго лаўрам эпасу…", і таму дужа быў здзіўлены гэты абшарніцкі зубр, што ён спазніўся са сваім прароцтвам, бо паэма аб нарачанскіх падзеях была ўжо даўно напісана.
На Замкавай заўважыў, што нейкі тып неадступна крочыць за мною. Прыйшлося змяніць маршрут, каб збіць яго са следу. Зайшоў у студэнцкі інтэрнат на Бакшце, потым накіраваўся пад базыльянскія муры, падаўся на Нямецкую – самы шумны праспект яўрэйскіх гандляроў, дзе цябе на кожным кроку затрымліваюць і цягнуць за рукавы:
– Пану патрэбны штаны?
– Я, пане, прашу толькі паглядзець на мой тавар…
– Самыя модныя капелюшы і кашулі!.. Ратуючыся ад свайго анёла-хавальніка і ад назойлівых гандляроў, нырнуў у нейкі ціхі і брудны завулак, які раптам вывеў мяне да яўрэйскага шпіталя, дзе калісьці, у 1932 годзе, адбылося першае рэдакцыйнае пасяджэнне супрацоўнікаў "Часопіса для ўсіх". Тады тут працаваў наш рэдактар – доктар Усевалад Шыран. Мала прывабнага ў гэтых сярэднявечных лабірынтах. Хіба толькі тое, што дакладна не ведаеш, куды цябе можа вывесці той ці іншы завулак, праходны двор ці нейкі лаз, вядомы толькі дзецям, сабакам ды катам.
Дома застаў пісьмо ад Лю. Перапісаў з газеты ў блакнот – можа, калі прыдадуцца – гістарычныя словы пана міністра асветы Скульскага (якое прозвішча!):
"Запэўняю вас, што праз дзесяць год у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса…".
Запісаў яшчэ з памяці чутую ад майго школьнага друга Аляксандра Роўды цудоўную народную беларускую песню:
Ой, узышлі, ўзышлі тры месяцы ясны.
Ой, пілі, пілі тры малойцы красны.
Вось адзін брат піў – сто рублёў прапіў,
А другі брат піў – і каня прапіў,
А трэці брат піў – жоначку прапіў.
ПІто грошы прапіў – выйшаў і топнуў,
Што каня прапіў – выйшаў і свіснуў,
Што жонку прапіў – ручкі сашчапіў.
Прыйшоў ён дамоў, дзеткі пытаюць:
– Ой, татка, татка, дзе наша матка?
– Цішаце, дзеткі, пагнала цяляткі…
Пабеглі дзеткі ў поле скачучы,
А адтуль бягуць плачучы:
– Ой, татка, татка, дзе ж наша матка?
– Цішаце, дзеткі, прададзём хатку,
Прададзём хатку мы навюсеньку,
А купім матку маладзюсеньку.
– Хай згарыць хатка ды навенькая,
Хай памрэ матка маладзенькая.
4/IIІ
Быў на канцэрце студэнцкага хору Рыгора Шырмы. У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А. Орса-Чарняўская. Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? I не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала – "Паднімайся з нізін, сакаліна сям’я…". I яе праводзілі бурнымі апладысментамі; студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага "Казюка".
Творчасць мая зноў апынулася ў паласе нейкіх сейсмічных зрухаў, пасля якіх, не знаю, ці ацалее што з маіх ранейшых будынін. Узяўся за новую паэму. Раблю розныя накіды, збіраю неабходны слоўны матэрыял, каб папоўніць і аднавіць свой паэтычны арсенал.
6/III
Забракаваў некалькі пачаткаў свае паэмы "Сілаш". Перапісваю апошні варыянт, на якім пакуль што спыніўся.
Над кучаравым багуннікам вецер калышацца п’яны.
Імжыць над стагамі вячэрняя сінь.
3 крылаў страсаючы сонца, стада чыранак
Шыпаўкай ціха плыве.
Недзе далёка ласі
Пласкаюць звонкай вадою, мінаючы выган,
Кругом камары талакою начлежнай звіняць.
Капаюць сонныя зоры
ў затоплены выгар.
Пільна Сцяпан углядаецца ў цёмны хмызняк.
Сам – на паляванні,
а думкамі бродзіць у хаце:
"Сёння збіраюцца дзеці ехаць у дальні край;
Хворага сына калыша нявестка, а маці
Топае ля качарэжніка.
Весела дровы гараць,
Цёплым святлом заліваючы шыбы і сцены.
Пухне на нізкіх крыжах з жытняй рашчынай дзяжа.
Асірацеюць палосы з аўсом ды ячменем,
Некаму ж трэба будзе, асірацелыя, жаць…"
Раптам зашасталі хвояў дрымучыя лапы,
Выйшаў памалу сахаты на вадапой.
Піў асцярожна, і дыхалі мокрыя храпы
На зорнае неба, што ўніз адплывала ракой.
"Глёту не ўсыпаў",– успомніў Сцяпан і з паспехам
Стрэльбіну ўскінуў, плячом прысланіўся да пня…
Глуха за Сіняю Гаццю грому далёкага рэхам
Фронт адазваўся…
Насцеражыўся, падняў
Лось галаву ў расахатай кароне і ветрыў,
Ветрыў і слухаў… Аж выстрал раптоўны, сухі
Спудзіў, пагнаўшы навослеп сахатага ў нетры,
Дзе павадкам сінім імгла залівала стагі.
Свяжэла.
Сцяпан ахінуўся жакетам кароткім.
Высака Сітца было, калі выйшаў на буй.
Чуваць, у суседа не спалі, за рэдкім замётам
Моладзь у пуні наладзіла жарты-гульбу.
– Спаць не пара вам?!
Сена шкада маладога…
Сцішыліся спуджаныя галасы.
А потым зноў быў чуваць напоены травамі рогат.
На вішнях ужо даспявалі паўночныя кроплі расы.
Чамусьці сягоння сон доўга Сцяпана не хмарыў.
Слухаў, як вецер шумеў неспакойнымі кронамі ліп,
Як доўга старая шаптала малітвы на нарах
Пад аднастайны калыскі раскалыханай скрып.
Скрып гэты часам здаваўся напевам абозаў,
Стогнам раненых на бездарожжы калюг…
Бачыў расстайныя сосны, бярозы, бярозы…
I думаў пра асірацелую маці-зямлю…
17/III
Польшча накіравала ультыматум Літве. Цэлы дзень па вуліцах Пагулянцы і Легіяновай, дарогай на Каўнас, ідуць ваенныя часці – пяхота, артылерыя, кавалерыя. Каля скульптурнай фігуры Святога Яцка і гаража "Арбон" стаяць натоўпы школьнікаў, пенсіянераў, нейкіх ачумелых дэвотак, якія, надрываючыся, крычаць: "Віват!.. На Літву, на Літву, на Літву!.."
Прызнацца, мне не верыцца, што тут можа разгарэцца сапраўдная вайна. Хутчэй усяго кончацца на дэманстрацыі "сілы", "гатоўнасці" польскай ваеншчыны. Бачыў сёння Рэгу (Л. Янкоўская). Прыблізна і яна такой думкі. Кажу "прыблізна", бо дужа складаны гэты чалавек, які ніколі не любіць адкрыта выказваць свае думкі. Дамовіліся з ёй, што я пад’еду ў Крывічы, Даўгінава і ў сваё Мядзела. Апошнімі часамі ўсё ў нашай рабоце неяк ускладняецца. Але гаварыць з Рэгай на гэту тэму не хацелася. Яна была стрыманая ў сваёй інфармацыі, і я не выходзіў за межы пытанняў, якія яе цікавілі.
Сёння адпісаў С. Крыўцу, ад якога атрымаў некалькі цікавых вершаў. Арыгінальны і самабытны паэт. Трэба будзе паказаць яго вершы Кастусю і распытацца пра яго ў дзядзькі Рыгора, які, здаецца, добра яго ведае па працы ў ТБШ.
На стале – цэлая гурба лістоў і вершаў Чорнага, Падбярэста, Овада, Гуля, Расы, Зоркі… Усіх ахапіла псеўдаманія, на якую і я калісьці перахварэў. Помню, тады ў мяне было больш псеўданімаў, чым вершаў…
20/III
Ад Ёнаса Каросаса даведаўся аб вяртанні Ёзаса Кекштаса з канцлагера. 3 Кекштасам у 1932 годзе я разам сядзеў на Лукішках, калі ён быў арыштаваны з вялікай групай літоўскіх гімназістаў-камсамольцаў. На працягу некалькіх месяцаў мы кожны дзень сустракаліся на астрожнай прагулцы, перастукваліся праз сцяну, дзяліліся хлебам і надзеямі. Потым доўга я з ім не бачыўся. Чуў толькі, што ён стаў адным з вядомых літоўскіх паэтаў. Шмат добрага чуў пра яго і ад Каросаса, і ад другіх маіх літоўскіх сяброў. Шкада было, калі яго вырвалі з ыашых радоў. Ён стаіць перад маімі вачамі – прыгожы і непахісны, з нейкай не па гадах і гаркаватай і мудрай усмешкай на вуснах – усмешкай чалавека. які бачыць далей, чым іншыя. Зноў у мяне насталі цяжкія дні. За апошнія грошы купіў на базары кілбасных абрэзкаў. Чуў там, як адзін селянін гавары’ў другому:
– Зямля бедная, толькі падаткі на ёй растуць…
Вельмі хацелася б выпісаць народна-франтавую газету "Пшэкруй тыгодня". Хоць грошай няма, але на ўсякі выпадак трэба запісаць адрас рэдакцыі: Варшава, пляц Жалязнай Брамы, 4, кв. 2, нумар рахунка ў ПКО (Польска Каса Ошчэндносьці) – 5006.
Прачытаў творы Карскага, Вікі Баўма, Тувіма, Фрэйнета, Меражкоўскага, а з беларускіх – Крапівы і Александровіча.
Зараз не помню, у каго з пісьменнікаў я знайшоў гэта хвалюючае апісанне ўражання ад Маўзалея Леніна:
"Здалося ёй, што будыніна гэта магла быць яшчэ прыгажэйшай, калі б яна была вышэйшай, але раптам спыніліся ўсе яе крытычныя заўвагі, калі ўбачыла простае, кароткае слова, у якім яны хацелі сказаць усё, што маюць сказаць: Ленін – і больш нічога".
10/IV
Са спазненнем прачытаў цікавую газетную нататку Выш.(амірскага) пра часопіс "Калоссе", дзе вельмі прыхільна ён адзываецца аб маёй паэме "Нарач", піша пра беларускае літаратурнае жыццё ў Вільні, аб патрэбе больш цесных кантактаў паміж польскімі і беларускімі пісьменнікамі. Нататка невялікая, але закранае шмат істотных і вельмі важных спраў.
Трэба будзе паказаць яе Кастусю, абмеркаваць яе. Мне здаецца, у гэтыя прыадчыненыя дзверы варта было б увайсці, хоць бы для абмену думак, хоць бы для таго, каб вынесці нашы набалелыя справы на большы форум, зацікавіць імі шырэйшыя кругі польскай грамадскасці, якая хіба знае больш пра амерыканскіх індзейцаў, чым пра нас. За гады існавання панскай Польшчы вырасла пакаленне, атручанае вялікадзяржаўным, каталіцкім і шавіністычным духам. I яно, апроч "польскай рацыі", не бачыла нічога. Толькі трагічныя падзеі ў самой Польшчы, у Германіі, у Іспаніі змусілі многіх задумацца і зрабіць пераацэнкі ўсяму, чаму іх вучылі, і больш цвяроза паглядзець на рэчаіснасць, на жыццё.
Некаторыя з іх – з палітычных працэсаў і скупых звестак аб пацыфікацыях – упершыню даведаліся, што пад адной страхой з імі, толькі за закратаванымі вокнамі, жывуць мільёны людзей іншых нацыянальнасцей – людзей, пазбаўленых усіх чалавечых правоў…
Я, здаецца, парушыў стыль дзённіка і пачаў пісаць перадавую ў даўно закрытую газету ці ў нейкую пракламацыю.
У Студэнцкім саюзе Г. папрасіла, каб я ёй напісаў што на сваім зборніку "На этапах". Я пацікавіўся, дзе яна яго набыла. Аказваецца, ёй прадаў друкар Багаткевіч. Гэты стары і хітры воўк, відаць, прыхаваў сабе нейкую сотню экземпляраў і цяпер іх распрадае. Потым Г., упэўненая, што ёй – прыгожай жанчыне – усё можна, пачала задаваць вельмі неразумныя пытанні на літаратурныя тэмы, якія быццам яе дужа цікавяць. Добра, што мяне паклікалі ў рэдакцыю "Калосся", бо, праз сваю нерашучасць, не так хутка мне ўдалося б вызваліцца ад гэтай прыхільніцы паэзіі.
15/ІV
Газеты прынеслі ў жалобнай рамцы вестку аб смерці Ф. Шаляпіна. Цяпер сяджу і праклінаю сваё хранічнае безграшоўе, праз якое не змог я пабыць на яго апошнім канцэрце ў Вільні. Ніяк тады не наскроб у сваіх дзіравых кішэнях двух злотых на самы танны білет. Так я і не пабачыў гэтага ўжо легендарнага артыста.
Пішу далей свайго "Сілаша":
Вёска асверамі перш пачынала будзіцца.
Стужкамі дыму вярхі каміноў зацвілі.
Раніцы шум – сырадой бабы цадзілі з дайніцаў.
Сонца ўзняўшы рагамі,
каровы на выган ішлі.
Сцяпан ля драбінаў, снасць правяраючы, топаў.
Побач ляжалі: хамут, падсядзёлак, дуга.
Дыхалі хаты вясковыя хлебам, укропам,
Калі ён пачаў у аглоблі каня запрагаць.
Конь цёрся, ад аваднёў бараніўся і фыркаў.
Сышліся суседзі: Янук, Пераброд і Юстын.
Хто – ў шаппы салдацкай,
хто – ў зрэбнай кашулі з біркай.
Стаялі, курылі, плячамі падпіраючы тын.
– Пасцілкай кашэль засцялі ды садзіся, Раіна!
Села нявестка, грудзьмі дзіцячы сцішаючы плач.
Памалу Сцяпан лейцы пяньковыя ўскінуў.
Хоць рупіў другіх, але сам не спяшаў выязджаць.
– Крануліся!
– Не забывайце, пішыце!..
Салдатка Марыля
Нехаця ўсхліпнула, вочы тручы падалом.
I, як па нябожчыку, загаласіла,
Ды змоўкла.
Не злазячы з воза, Сцяпан пагразіў пугаўём.
– Тата, а тата!
Сцяпан, з задумаю нейкай
На твары, з’араным гадамі, вятрамі, бядой,
Брыдзе і ледзь чуе, як чайнік звініць аб ляжэйкі,
Глушачы словы Раініны…
– Куфар пасажны мой
Недзе схавайце ў гушчары, ламы і вяршалле.
Мо прыдадуцца ў жыцці маім зноў
I ручнікі й дываны, што ў дзявоцтве наткала.
Вернемся ж некалі, пэўна, дамоў…
– Вернемся, кажаш…
Раптам Сцяпан ажывіўся.
Быццам рой дум разагналі паўстанка гудкі.
– Сына глядзі вось. Спіць? Не будзі!..
Нахіліўся
Сумам вачэй сваіх.
Цягнікі.
Недзе зблудзіўшы ў палёх ярыны ўсхваляванай,
Пераклікаліся гулка басам густым.
Вецер дыміў на валатоўках пясчаных,
I нылі-гудзелі слупоў тэлеграфных драты.
16/ІV
Па дарозе ў сваю Пількаўшчыну спыніўся ў сястры Веры ў Сэрвачах. Прысеўшы ля нейкай вывараці, накідаў верш "Лірнік". Хацеў схадзіць паглядзець магілу паўстанцаў 1863 года, але дарога гразкая, а цераз рэчку перабрацца не было на чым. Усе чоўны зімавалі яшчэ воддаль ад ракі, перавернутыя ўгару днішчамі, ды і рака яшчэ не ўвайшла ў сваё рэчышча. Над затопленымі сенажацямі праносіліся дзікія качкі.
Вечарам за сталом стары Летка расказваў пра сваё жыццё-быццё ў Амерыцы. Потым я пачаў пераглядаць захопленыя з сабою літаратурныя часопісы – польскія, чэшскія і беларускія. I неяк сумна стала. Бедна мы выглядаем у параўнанні з нашымі суседзямі. Нейкая сустрэча за шклянкай чаю двух-трох беларусаў, нейкая вечарынка ці самадзейны спектакль, нейкая малазначная брашура ці зборнічак слабенькіх вершаў – усё гэта адзначаецца ў нашым жабрацкім друку як гістарычная падзея… У літаратуры амаль ніхто не клапоціцца аб форме, хоць абыякавыя адносіны да яе сведчаць і аб несур’ёзных адносінах да любой ідэі – нават самай перадавой.
"Я прачнуўся аднойчы раніцай, – пісаў Байран, – і ўбачыў сябе выдатным". Я ўпэўнены, што некаторыя нашы "выдатныя" некалі прачнуцца раніцай і ўбачаць, якія яны пасрэдныя. А можа, такія людзі ніколі і не прачынаюцца?
7/V
Сачу за развіццём сучаснай польскай і заходняй паэзіі. Хоць цяжка нешта меркаваць аб апошняй па перакладах, але мне здаецца, што нараджаецца
нейкая паэзія – паэзія без радзімы. Баюся, што будучым археолагам і іншым вучоным лягчэй будзе акрэсліць культуру і жыццё народа па старажытных асірыйскіх гліняных таблічках ці егіпецкіх папірусах, як па некаторых сучасных зборніках.
Учора, будучы ў музеі, ад нашага мастака Драздовіча даведаўся, дзе знаходзіцца дом, у якім загінулі віленскія камунары. Сёння знайшоў і здзівіўся: столькі разоў праходзіў міма гэтага трохпавярховага гмаху і не знаў, што на яго цэгле запісаны кулямі слаўныя старонкі новай гісторыі горада.
А Драздовіча сустрэў я ў святочнымл настроі. Ён прызнаўся, што крыху выпіў са сваімі сябрамі. "Сёння, – смяяўся, – атрымаў ганарар за прададзеныя наведвальнікам музея кійкі". Я бачыў адну калекцыю яго кійкоў, упрыгожаных арыгінальнай разьбой гэтага таленавітага дамарослага мастака. Іх вельмі ахвотна купляюць усе наведвальнікі музея, асабліва – замежныя. Падараваў ён мне сваю кнігу "Нябесныя бегі", прысвечаную сваім бацькам. Не знаю, які з яго астраном. Мне здаецца, што ён не праз тэлескоп, а праз бутэльку глядзеў на нябесныя бегі планет. I ўсё ж гэта надзвычай арыгінальны, цікавы і таленавіты чалавек, які ў нашых умовах жыцця сланяецца, не знаходзячы сабе месца. Арыгінальныя яго карціны, напісаныя тушшу, акварэльнымі і маслянымі фарбамі, на гістарычныя і касмічныя тэмs/
Не толькі здзіўляюць сваім новым бачаннем свету, але змушаюць задумацца над тым яшчэ неразгаданым, што акружае чалавека. Зарысоўкі ж яго народных тканін, дываноў, паясоў, зробленыя падчас яго бясконцых вандровак па Заходняй Беларусі і падараваныя музею, – рэдкі скарб, якому некалі і цаны не будзе.
8/V
Прыйшла вестка, што 4/V памёр непахісны змагар за мір – Карл Асецкі. Не стала чалавека, які быў не толькі выдатным публіцыстам і крытыкам, але – самае галоўнае – у нашы часы пагарды быў сумленнем свайго народа. Трэба пайсці ды падштурхнуць нашых дзеячаў, каб у друку адзначылі добрым словам яго памяць.
Знаю, што некаторыя з іх спытаюць: "А ён не быў камуністам?" Хадэкам трэба будзе сказаць, што ён быў больш святы, чым іх Папа рымскі. Ужо трэці дзень хаджу і не магу сустрэцца з Рэгай і Міколам Бурсевічам. Няўжо іх арыштавалі? Пытаўся пра іх у Кастуся, але і ён нічога не ведае. Чуў толькі, што перад святам у горадзе былі правалы…
18/V
Учора позна прыцягнуўся дамоў з Літоўскага таварыства літаратуры і мастацтва, дзе адбыўся вечар, прысвечаны беларускай літаратуры. Нашы літоўскія сябры прадумана і хораша ўсё арганізавалі. Было шмат народу, асабліва моладзі. Вершы чыталіся на беларускай і літоўскай мовах. Пераклады ў большасці былі зроблены А. Жукаўскасам і О. Міцютэ. I хоць я, на жаль, не знаю літоўскай мовы, але некаторыя вершы так прыгожа на ёй гучалі і так іх горача прымалі слухачы, што мне яны здаліся куды лепшымі, чым я іх знаў. 3 Ёнасам Каросасам дамовіліся аб выпуску спецыяльных нумароў часопісаў, прысвечаных літоўскай і беларускай літаратурам. У нас, здаецца, такім нумарам будзе адзін з нумароў часопіса "Калоссе", рэдактар якога – Янка Шутовіч – вельмі горача падтрымаў нашу ідэю. Ды як яму было не падтрымаць, калі Амур сваёй стралой даўно прыгваздзіў яго сэрца да адной харошай дзяўчыны-літвінкі, ад якой ён зараз ні на крок не адступае.
25/V
Пісьмо і цэлы жмут вершаў ад С. Амаль усё – на астрожныя тэмы. Сярод іх асабліва вылучаюцца вершы, вынесеныя ім з Картуз-Бярозы. Але дзе і як іх надрукаваць? Трэба паказаць іх "Кастусю". Можа, ён што параіць. Дакуль пыл музеяў і судовых архіваў будзе напластоўвацца на нашай рэвалюцыйнай паэзіі? А што, калі б выдаць усё гэта – без цэнзурных белых плям – за мяжой? Выдавалі ж такія рэчы раней у Мінску, Празе. Чамусьці ніхто ў нас не цікавіцца нашай рабочай эміграцыяй у Францыі, Бельгіі, Аргенціне, Уругваі…
5/VІ
3 захаду памалу паўзе хмара. Часам успыхваюць маланкі, быццам нехта ўзмахвае ліхтаром, азараючы ёй дарогу. Каля кандзіцерскай Рудніцкага сустрэў інжынера У. Ён працуе ў кіраўніцтве Фонда дапамогі віленскага таварыства прыяцеляў навукі. Чуў, што ён, як і многія з віленскай інтэлігенцыі, належыць да нейкай масонскай ложы. 3 гэтай арганізацыяй звязаны і некаторыя са старэйшых беларускіх санацыйных дзеячаў. Чорт ведае якая блытаніна! Не хапала яшчэ ў віленскім каўчэгу і масонаў. I ў той жа час я ў яго бачыў нямецкія антыфашысцкія газеты "Freihait", "Suddeutsche arbeiter Zaitung". Між іншым віленскае таварыства прыяцеляў навукі за апошнія гады выдала шмат вартых увагі публікацый і кніг па гісторыі і тэорыі літаратуры. У. цікавіўся і маім зборнікам "Пад мачтай".
Яшчэ раз перачытваю свой рукапіс. Правяраю вершы на слых, на колер, на смех. Апошняе – самае цяжкае выпрабаванне. I яго не кожны верш вытрымлівае. Не кожны верш, калі ўзважваю яго на далонях, мае цяжар зямлі, жыцця. Арыгінальнасць і антытрадыцыйнасць, якімі я захапляўся раней, – не ўсемагутныя багі. Лягчэй дабіцца, каб словы мелі бляск дарагога металу, але цяжэй – каб яны мелі яго і вагу, і звон, і вартасць.
Узяўся за пазычаны ў Путраманта зборнік вершаў Пентака "3 вясновых аблокаў". Перад гэтым прачытаў яго цікавую аповесць "Маладосць Яся Кунафала", за якую аўтар атрымаў прэмію Польскай Акадэміі навук. Да таго ж як пазнаёміў мяне Путрамант з Пентакам, я ўяўляў яго чалавекам ад зямлі, больш мужыкаватым, а ён у нечым падобны да Ясеніна – таго чулага лірыка – не "Масквы кабацкай", а лістоў да маці, да сястры, аўтара адной з самых светлых і лірычных паэм – "Анны Снегінай". Пентак прачытаў нам некалькі сваіх вершаў. Чытаў ён у захапленні, у забыцці. Свежай і арыгінальнай здалася мне яго эпіка. У кожным выпадку яму ўдалося знайсці свой шлях – адменны, непадобны да іншых. Я яшчэ не знаю, у чым абаяльнасць яго твораў. Мне, як нявернаму Тамашу, хочацца да кожнага яго радка дакрануцца сваімі пальцамі, адчуць, зразумець. Таму, прыйшоўшы дамоў, яшчэ раз перачытваю некаторыя фрагменты яго паэм. Паэзія – вечназялёнае дрэва. Толькі адны бачаць яго вяршыню, а другія – ніжэйшыя галіны, якія, як у кожнага дрэва, адміраюць і адпадаюць, даючы месца маладым.
У Студэнцкім саюзе Д. пыталася ў мяне: ці знаю я яе суседа Васіля Ражко? Я ніяк нікога не мог успомніць пад гэтым прозвішчам. Яна апісала яго выгляд. Няўжо гэта адзін з маіх старых таварышаў, з якім калісьці мы сустракаліся ў Кальчыцах у занесенай хаце Карлюкоў, куды прыйшоў я і спытаў у гаспадароў: "Ці можна купіць у вас два кілаграмы яблыкаў?" Потым былі бяссонныя ночы ў Пагірах, Тудараве, Вірышчах, Сянежыцкім лесе, Асташыне. Прыезд з літаратурай Шуры, якая захварэла ў хаце Васіля Каляды і ледзь праз сваю хваробу не падвяла нас усіх. Усё ж я рад быў, што яна тады акрамя адозваў прывезла нам каля 500 нумароў другога нумара "Пралому", дзе быў змешчаны адзін з маіх першых твораў. У хаце Карлюкоў, набраўшыся адвагі і не прызнаючыся ў аўтарстве, я чытаў на вечарынцы свае вершы. I так, першае публічнае маё літаратурнае выступленне – каб, як казаў Ю. Тувім, не спрачаліся гісторыкі – адбылося тут, на Навагрудчыне, пры святле цьмянай лямпы, пад аховай нашых камсамольскіх вартавых.
Сёння Я. Шутовіч перадаў мне некалькі фатаграфій: адна – любіцельская – зробленая на казюкаўскім фэсце, дзе мы зняліся са спявачкай А. Чарняўскай, другая – зробленая 13/ІІІ у Зданоўскіх. На апошняй – А. Жукаўскас, П. Каросас, Я. Шутовіч і я. У рэдактара "Калосся" ёсць адна слабасць – увекавечваць на фатаграфіях усе "гістарычныя" сустрэчы. А паколькі здымкі з’яўляюцца адзіным ганарарам, які ён выплачвае за нашы творы, мы і не адмаўляемся, калі ён угаворвае нас зняцца.
20/VІ
Выйшаў з друку мой новы зборнік вершаў "Пад мачтай". Аж не верыцца, што гэты вярблюд прайшоў праз ігольнае вуха цэнзуры. Праўда, у ім няма адкрытых заклікаў да бунту, але трэба быць сляпым, каб не бачыць, што выбуховы зарад паэзіі ў гэтым зборніку лепш спрасаваны і значна большы, чым у "На этапах".
Атрымаў ад I. Кекштаса яго першы зборнік вершаў на літоўскай мове – "Такое жыццё" і ад 0. Міцютэ – кнігу яе лірыкі "Агні на плёсах".
26/VІ
Ад Ё. Каросаса атрымаў часопіс "Пювіс". Увесь нумар прысвечаны заходняй беларускай літаратуры. У перакладах В. Жвайгждаса, I. Кекштаса і А. Жукаўскаса надрукавана вялікая падборка вершаў, артыкул В. Русакайтэ аб маёй творчасці і нарыс У. Дрэмы пра беларускае мастацтва, некалькі рэцэнзій I. Кекштаса і Ё. Каросаса. На апошніх старонках – хроніка і некралог пра А. Асецкага. Агулам, нумар "Пювіса" – харошы братэрскі падарунак ад нашых літоўскіх сяброў і яшчэ адна прабоіна ў свет – прабоіна ў сценах нашай адзіночкі.
У бібліятэцы Урублеўскіх дастаў стэнаграму пленума праўлення СП СССР, выдадзеную асобнай кнігай "Савецкая літаратура на новым этапе". Дамоў узяць не даюць. Трэба хоць збольшага пазнаёміцца з ёю. Праз Зялёны мост цягнуўся цэлы абоз фурманак з фашынай. Відаць, недзе ўмацоўваюць берагі Віллі, якая кожны год іх падчас павадка размывае.
Запісваю тэму верша, навеяную фільмам "Бетховен". Клавішы – як белыя крыгі. На іх апускаюцца пальцы, як чайкі, пад якімі западаюць крыгі і стогне мора…
Нейкія хаатычныя і далёкія асацыяцыі. Зараз мне нават цяжка іх прывесці ў нейкі лад.
Рыхтуюся да выступлення ў студэнтаў. Палітыка фашызацыі прывяла да таго, што зараз універсітэт усё больш становіцца прыстанішчам самых рэакцыйных элементаў. Мотіпа вшіі осііоза.
Праграма-мінімум на заўтрашні дзень: дачытаць А. Палеўку і раздабыць апошнія творы В. Васілеўскай, Э. Зэгадловіча, М. Данброўскай.
27/VІ
Раніцай, наладаваўшы чамадан сваімі зборнікамі ды іншай літаратурай, на рамізніку дабраўся да пляца Ажэшковай, адкуль аўтобусам выехаў у Мядзела. Дарога гэта – з Вільні да маёй Пількаўшчыны – была мне добра знаёма. Некалькі раз я яе вымераў сваімі нагамі. Але толькі цяпер, калі ехаў, як усе нармальныя людзі, з білетам у кішэні, я заўважыў, якая яна прыгожая і маляўнічая. На прыпынку ў Міхайлішках у аўтобус улез нейкі шляхціц са сваёй, гадоў пад трыццаць, здаровай і рослай краляй, апранутай у шырокую, як звон, фальбоністую, бронзавага колеру спадніцу. Убачыўшы, што аўтобус перапоўнены, ён уголас пачаў разважаць:
– Мне здаецца, Галенка, што сярод пасажыраў павінен знайсціся нехта культурны і ўступіць табе месца… Гм, нешта не бачу, што тут ёсць такія. Дзіўна, вельмі дзіўна, што мы трапілі ў нягжэчную кампанію…
Напэўна б, нехта, ды і я сам, уступіў бы сваё месца, але пасля слоў гэтага боўдзілы ўсе пасажыры сядзелі моўчкі, ніхто не рупіўся быць для яго "гжэчным". Ды і патрэбы такой не было. Пані Галенка вельмі добра размясцілася на адным са сваіх хатулёў, у якім ці не пярыну толькі везла, і так даехала да Кабыльніка.
3 Кабыльніка аўтобус ішоў праз невялічкую, але прыгожую ў буйнай зеляніне садоў і таполяў Купу. На хвілін дзесяць спыніліся каля рэстарана яхт-клуба. Разам з усімі і я выйшаў палюбавацца на хвалі Нарачы, на далёкія белыя ветразі, што танулі ў сіняй далечыні.
Толькі блізасць фермы серабрыстых лісіц, калі дзьмуў усходні вецер, атручвала сваім смуродам паветра. Відаць, таму гэты бераг быў менш, як Гатаўскі, забудаваны рознымі дачнымі дамамі. Недалёка ад аўтобуснага паўстанка ўзвышаецца высачэзны драўляны крыж над магілай адной настаўніцы з Варшавы, якая падчас навальніцы ўтапілася ў Нарачы, а ля самай дарогі – невялічкі абеліск з прымацаваным да яго бліскучым штыком. Абеліск, відаць, быў пастаўлены з мэтай напамінаць кожнаму, што гэта зямля назаўсёды польскай зброяй заваёвана… Праўда, "ідэя" нашмат перарасла памеры і форму абеліска, падобнага да рэпера, на якім адзначаюць вышыню над узроўнем мора. Ды і штык быў мініяцюрны, падобны да нейкай брошкі-"мечыка" – адзнакі эндэкаў. I таму помнік гэты быў настолькі абстрактны, настолькі недарэчны на беразе возера, дзе яшчэ не так даўно шумелі хвалі рыбацкага бунту, што рабіў не большае ўражанне, чым прыдарожны слуп, пастаўлены для прывязі коней.
29/VІ
Солтыс Піліпок прынёс пошту. Сярод розных звычайных лістоў – невялічкі ліст ад М. Прачытаў і здзівіўся, бо зусім быў не падрыхтаваны атрымаць ад яе гэтае болыы як сяброўскае пасланне. Трэба будзе мабілізаваць усе свае паэтычныя і дыпламатычныя здольнасці, каб адпісаць ёй і не пакрыўдзіць. У пісьме сваім М. успамінае пра надакучаўшага ёй аднаго нашага супольнага знаёмага I., які амаль кожны дзень яе наведвае. Ну, што я тут магу параіць? Каб не тыя рэдакцыйныя справы, якія мушу з ім абмяркоўваць, узгадняць, я, напэўна, з ім не сустракаўся б.
Так што апроч гэтага пісьма трэба будзе паслаць пісьмо Г. і яшчэ раз напомніць, каб прыслаў пару вершаў Клячко, падшукаў для мяне ў сваёй каталіцкай прэсе матэрыялы пра кананізацыю ў Рыме езуіта Баболі. Трэба будзе не забыцца купіць "Малы рочнік статыстычны". Трэба…
А зараз трэба ісці з бацькам і ўпарадкаваць навалены за лазняй бураломны ельнік. Наваліла, накрыжыняла яго столькі, што на цэлы дзень хопіць работы.
7/VІІ
3-за павароту дарогі паказалася нейкая фурманка. Цішыня. Над старой крушняй ля сажалкі мітусяцца пліскі. Напэўна, яны тут гняздуюць над гэтымі абкуранымі вятрамі, пасівелымі ад часу валунамі. Маруднай хадой цягнецца ранак. Як жораў, ківаецца над студняй асвер. Над страхой Мікалаевай хаты – парасон дыму. Відаць, паляць нейкімі стрыжнямі або асмалкамі. Неба, здаецца, згубіла сваю вышыню і ніжэй апусцілася на зямлю. Прыпомніліся радкі I. Буніна: "А калі ўжо зводы неба блізка…". Хіба на змену пагоды так душна, і каровы, панакрываўшы свае крыжы хвастамі, ляніва плятуцца ў Дрывасек.
Узабраўшыся на прыстаўлены да тыну аполак, на ўсю Шлькаўшчыну галёкае стары чорны певень, якога ўчора так напалохаў, а можа, і "пагладзіў" каршун, што ён цэлы дзень праседзеў у каноплях.
Быў Макар Хацяновіч. Нагрузіў я яго прывезенай з Вільні літаратурай. Расказаў ён пра сваю гутарку з войтам, які скардзіўся, што разагітаваныя камуністамі сяляне не выходзяць на шарварачныя работы. Крывіцкі ксёндз і той зняверыўся ў сваіх парафіянах, якія перастаюць хадзіць у касцёл і чытаюць падпольныя лістоўкі. У адной са сваіх нядзельных пропаведзяў пагражаў вялебны, што бог, узлаваўшыся, некалі прасее на вялікім рэшаце гэту зямлю і аддзеліць дабро ад зла, праведнікаў ад грэшнікаў…
Ратуючыся ад аваднёў, прыскакаў з пашы Лысы. 3 карыта, з якога паілі скаціну, пчолы прагна п’юць ваду. Аж звон стаіць над студняй, над дварышчам.
Перапісваю са старой запісной кніжкі: "Адно дрэва – не лес, адзін чалавек – не народ". Словы дзядзькі Лявона Банькоўскага, які падвозіў мяне да Порплішча (1932).
"Ой, маці, маці, не журыся ты намі,
Падрастуць крылы – паразлятаемся самі".
(Запісаў ад цёткі Полі ў Азерцах, вясна, 1933 г.)
"Усё там знішчылі?" – "Усё, акрамя нянавісці да нас".
(Словы пацыфікатараў Асташына, якія чуў С., лістапад, 1932 г.)
9/VІІ
Сягоння свята ў маёй
Каханай – дваццаць вёсен ёй.
Таму з усёй зямлі Саветаў
Прыйшлі злажыць свае дары
Заводаў, ніў гаспадары,
I музыканты, і паэты.
Адзін – падараваў клінок,
Другі – сталёвага каня,
А трэці – бочак сто віна,
3 калосся залаты вянок.
Усіх, як маладосць, вясна,
3 усмешкай радаснай яна
За стол прыветліва прасіла.
– А ты,– спыталася ў мяне,–
Далёкі зарубежны госць –
Маўчыш, задумаўся чаго?
Замала полымя ў віне?
Гэты верш я пісаў да дваццацігоддзя БССР, але ён мне не ўдаўся, і я яго пакінуў незакончаным. Некалі вярнуся да гэтай тэмы, бо ў апошняй страфе ёсць адзін цікавы ход, які можна, як у шахматнай партыі, бліскуча выкарыстаць. Я яго яшчэ не зусім выразна бачу, але бачу. Мяне не непакоіць тое, што гэтую тэму пісалі іншыя. Важна напісаць па-свойму. I ўсё ж цяжка адарвацца ад старога і пісаць не так, як пісалі раней і як сам пісаў. Часамі думаю: можа, не зусім справядліва мы наракаем на наш час, бо заўсёды можна выбраць, хай сабе і цяжкі, але пачэсны шлях у жыцці.
15/VII
Па кладках, правальваючыся па пояс у балота, з бацькам ледзь дабраліся да свае пунькі ў Нявераўскім. Раніца сцюдзёная і такая росная, быццам толькі што яе акрапіў буйны дождж. Прыйшлося раскласці агонь, каб крыху абагрэцца. Потым пракасілі сцежку, каб не таптаць травы, а там – пайшлі класці пакосы ўздоўж Езупавай мяжы. Праўда, у нявераўскіх пакосах цяжка разабрацца, бо тут столькі курганоў, што, каб чыста выкасіць, касой прыходзіцца вырабляць сапраўдныя цыркавыя выкрутасы. Але трава – духмяная, лугавая, едкая. Некалі тут быў велізарны лес. А зараз дажываюць свій век пні-веліканы, аброслыя розным атожылкам, маліннікам, касцянікай, смародзінай. На высокай вершаліне елкі гудуць дзікія галубы. Пачуўшы блізкі звон касы, узняліся і недзе зашыліся ў гушчары алешніку. Дзён сем-дзесяць будзем касіць у Нявераўскім. У абед дзед прынёс нам падсілкаванне. На Дуброве, казаў, сустрэў сваткаўскіх паліцэйскіх, якія на Высокім Востраве высачылі нечы самагонны апарат. Арыштаваць нікога з самагоншчыкаў не ўдалося. Паўцякалі. Толькі забралі ўсе прылады – кацёл, халадзільнік, два цэбры з разведзенай брагай, – якія на кані павезлі ў пастарунак.
19/VII
Накідаў яшчэ адзін фрагмент свае паэмы. Пішацца марудна, цяжка. Ды і пішу толькі пасля захаду сонца, вярнуўшыся з сенажаці, з працы.
"…Салавей, салавей…" –
песня калыша перонам
I вечарам, пашарэлым ад шынялёў салдат,
Захліпваючыся слязамі, пайшлі эшалоны
Чырвонага Крыжа, крывёю заліўшы плакат, –
Маніфест, і людскі муравейнік, і рэйкі.
Ды зноўку пачулася песня. Гармонік яе падтрымаў.
Чапляецца дым паравозны за хусткі, павекі.
Бразгаючы буферамі, крануўся таварны састаў.
– Далека сама? 3 малым у такую дарогу?
Засні. Да мяхоў прытулі галаву.
Вось бандаж натужу і пабаўлю малога.
Як завецца? Сілаш? Без білета ў Маскву?
Са спагадай салдат галавою ківае.
I смяецца Сілаш, з мундштука яго лозячы дым.
I мацней сына туліць Раіна.
– Нічога. Самая я.
Як не спіць, дзень і ноч забаўлялася з ім…
3 гулам, скрыпам кудысьці шалёна нясуцца
вагоны
Толькі думы-ўспаміны заснуць не даюць.
А Раіна глядзіць на незнаёмыя нівы-загоны,
На аблокі, што ўдаль чарадою плывуць.
Часам бліснуць імшары, укрытыя плесняй,
I цяклічын зялёных, крыніц матузы,
Ранняй вохрай апырсканы цяглы бярэзнік;
Прамільгнуць астравы пералескаў, лаздл,
Ператканыя верасам цёплым.
21/VII
Некалькі разоў заглядаў на сваю старую кватэру, дзе павінен быў сутрэцца з Я-скай. А яна ўсё не прыходзіць. Гэта пачынае непакоіць і Кастуся і мяне, асабліва цяпер, калі зямля поўніцца рознымі трывожнымі чуткамі аб становішчы ў рэвалюцыйным руху ў Польшчы. Ад Макара Хацяновіча прывёз некалькі злотых. Калі не пабачу Я-скай, перадам гэтыя грошы Кастусю. Ён зараз астаўся без ніякіх сродкаў для жыцця і без кватэры.