Карфаген мусіць быць разбураным — казалі рымляне, калі думалі пра інтарэсы ўласнай дзяржавы. Створаны ў БССР гістарыяграфічны міф пра ўзгадаванне беларускай дзяржаўнасці з дапамогай Леніна і Сталіна, пра бальшавіцкую місіянернасць як ласку для беларускай нацыі таксама мусіць быць разбураны, калі маладая Беларусь думае пра ўласны імідж, а яе грамадзяне маюць нацыянальную годнасць. Міф гэты будаваўся на стагоддзі. Выглядае фундаментальна, як будынкі ў стылі сталінскага класіцызму на галоўнай вуліцы Мінска. Можа таму за яго разбурэнне гісторыкам сталага веку так страшна брацца. Але гэтага не скажаш пра маладога аўтара дадзенай манаграфіі. Ён узяўся за справу. І гэта радуе.
Існуе погляд, што разбурэннем гістрыяграфічнай савецкай спадчыны займацца бессэнсоўна. І так відавочна — абсурд. Навошта пэцкаць рукі. Хай сабе гэтыя савецкія міфы-будынкі стаяць. Самі абрынуцца. Ёсць больш актуальныя праблемы…
У тым і справа, што хутка не абрынуцца. Прыдаецца доўга чакаць, бо робяцца спробы рэстаўрацыі. Ачышчаць нацыянальную гісторыю ад бальшавіцкай ідэалогіі неабходна па ўсіх накірунках. Прыклад дадзенай працы паказвае, што пачынаць трэба з галоўнага. Аўтар звярнуўся да твораў Леніна і Сталіна, зайшоў у створаны савецкімі гісторыкамі дом-міф пра беларускую савецкую дзяржаўнасць і пачаў расказваць пра ўбачанае. Хаця ўвайсці туды было не так проста. Змрочная атмасфера. Смурод палітычных мерцвякоў. Патрабавалася пэўная мужнасць і адвага. Але аўтар зрабіў гэта і атрымаў станоўчы вынік. Нельга сказаць, што яго намаганнямі міф-будынак разбураны. Але сталася відавочна, што за знешняй рэспектабельнасцю ўнутры яго — спрэс фальсіфікацыя. Цяпер іншыя стануць смялейшымі.
Фактычна аўтар пачаў перапісванне гісторыі партыі расійскіх бальшавікоў з пазіцый сучаснай беларускай суверэннасці і паказаў мэтазгоднасць гэтай справы. Даўно — пара!
Не з усімі поглядамі аўтара можна пагадзіцца. Але я не выступаю тут рэцэнзентам. Хачу толькі падтрымаць майго калегу, які дэманструе высокую дасведчанасць у праблеме і прафесіяналізм. Лічу сваім абавязкам даць яго арыгінальнаму даследаванню, як кажуць, «пуцёўку ў жыццё». Ён апраўдвае мае надзеі на маладых навукоўцаў, якія ў стане стварыць праўдзівую гісторыю ўласнай краіны.
Прафесар Захар Шыбека