Ад мірнага дагавора да мірнага дагавора (міжваенны перыяд)

…Лучше пересолить в сторону уступчивости и мягкости к национальным меньшинствам, чем недосолить

В. Ленин

Игра в независимость

И. Сталин

Гістарыяграфія гэтай тэмы не такая стракатая, як стасоўна падзей 1917–1921 гг., хоць у многім наследуе тэндэнцыі папярэдняга перыяду. Савецкія гісторыкі стваралі вобраз клапатлівай Масквы, якая не толькі абараніла беларускую дзяржаўнасць, на што пасягала капіталістычнае суседства, але і праводзіла беларусізацыю ды каранізацыю паралельна з павелічэннем («узбуйненнем») тэрыторыі Савецкай Беларусі. Зразумела, абгрунтаванне дэтэрмінізму тых дзеянняў таксама кшталтавалася ў парадыгме савецкай ідэалогіі. А вось сапраўдныя прычыны не агалошваліся. Замоўчваліся і многія дзеянні, якія характарызавалі маскоўскае кіраўніцтва не з лепшага для беларускай дзяржаўнасці боку. Усё канцавалася высновай, што дзеянні Саветаў прагрэсіўныя для Беларусі, а шавіністычныя палітыкі Польскай Рэспублікі і нацыяналістычна-буржуазныя дзеячы БНР адно і думаюць, як іх спляжыць. Контрверсійныя меркаванні прадстаўлялі беларускія эмігранты, аднак іх пазіцыі характарызаваліся

1) запалітызаванасцю (як правіла, яны былі палітычна заангажаванымі),

2) ярка выражанай палярнасцю, антынамічнасцю адносна пазіцый савецкіх даследчыкаў, што часта прыводзіла да прынцыпова супрацьлеглых высноў без дастатковых абгрунтаванняў,

3) малалікасцю даследчыкаў і слабай трансляцыяй веды: вынікі іх працы не сягалі за межы эмігранцкага асяродка (палітыкаў і навукоўцаў капіталістычнага свету беларускія праблемы амаль не цікавілі).

Рэальная фактычнасць міжваеннага перыяду пачала праясняцца толькі ў канцы 1980-х гг. Гэта датычыцца і параўнаўча больш плюралістычнай гістарычнай навукі ПНР, якой былі навязаныя выгадныя Крамлю інтэрпрэтацыі. Тым не менш і сёння гэтая праблема пакуль што знаходзіцца на ўзроўні фрагментарнай рэпрэзентацыі, хоць у навуковы зварот уведзена ўжо даволі матэрыялаў. Таму варта вярнуцца да гэтай праблемы, па магчымасці пераадолеўшы аднабокасць некаторых ранейшых гістарычных даследаванняў.


Рыжскі дагавор фармальна прадугледжваў не такія ўжо і малыя правы для беларусаў Польскай Рэспублікі. Зрэшты, de iure і ССРБ мела суверэннасць — яе юрыдычны статус, безумоўна, павышаўся з утварэннем СССР, у чым Савецкая Беларусь прымала непасрэдны ўдзел як юрыдычна самастойны суб'ект права. Верагодна, тым самым Масква распачала палітыку задабрэння беларускіх нацыянальных сіл па абодва бакі мяжы з мэтай выклікаць сімпатыю да сябе, якая да таго часу была страчана нават у асяродку пракамуністычнага беларускага руху, з боку якога трохі раней гучалі прапановы стварыць узорную Савецкую Беларусь, у тым ліку і як аргумент супраць папрокаў Польшчы ды інтрыг «белорусских националистов і социал-патриотов». Беларускі філосаф І. Бабкоў не беспадстаўна выказвае думку, што «БССР найбольш адэкватна можа быць зразумета не як поўны правал нацыянальнага беларускага руху, а як посткаляніяльны кампраміс», выкліканы збегам шэрагу фактараў, да таго ж, нагадвае мысляр, «беларуская савецкая дзяржаўнасьць выклікала напачатку дастаткова аптымістычныя пачуцьці». Больш таго, А. Луцкевіч у сваёй кнізе «За 25 гадоў», выдадзенай у Вільні ў 1928 г., разглядае Савецкую Беларусь як часткова здзейснены «наш (дзеячаў БНР. — А. Т.) дзяржаўны ідэал, абвешчаны перад гэтым актам рады Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г.». Між іншым, самі дзеячы БНР пры адступленні немцаў лічылі магчымым ступіць на шлях перагавораў з урадам РСФСР напярэдадні стварэння Савецкай Беларусі з мэтай арганізацыі кааліцыйнага ўрада апошняй. Гэта дало падставы яшчэ аднаму беларускаму філосафу Валянціну Акудовічу назваць БНР і БССР ледзь не блізнюкамі, ва ўсялякім разе да 1929 г. Сапраўды, прынамсі юрыдычна Беларусь перастала быць безаблічным «Северо-Западным краем» і набыла пэўную кадыфікацыю на міжнародна-прававым полі — і гэта ўжо, безумоўна, прагрэс, які ў гісторыі з гледзішча нацыянальнага развіцця мог бы застацца, бадай, неаспрэчным, калі б не далейшы брутальны разгром дасягенняў у справе беларушчыны.

Пры рэалізацыі правоў паводле Рыжскага дагавора беларусы як нацыя па абодва бакі меліся адбыцца. Але планы метраполій былі інакшыя.


Крэмль спачатку не меў тут агульнай пазіцыі. 22 верасня 1922 г. І. Сталін у пасланні У. Леніну называе ўтварэнне БССР ды іншых рэспублік «игрой в независимость»: «За четыре года гражданской войны, когда мы ввиду интервенции вынуждены были демонстрировать либерализм Москвы в национальном вопросе, мы успели воспитать среди коммунистов, помимо своей воли, настоящих и последовательных социал-независимцев, требующих настоящей независимости во всех смыслах. <…> Мы переживаем такую полосу развития… когда молодое поколение коммунистов на окраинах игру в независимость отказывается понимать как игру, упорно признавая слова о независимости за чистую монету и также упорно требуя от нас проведения в жизнь буквы конституции независимых республик». Але У. Ленін вырашэнне праблемы бачыў інакш (прынамсі на паперы, бо практычная рэалізацыя, што закраналася намі вышэй, у яго магла адрознівацца ад тэарэтызавання). У сувязі з утварэннем СССР і з нагоды канфлікту ў Грузіі ўжо хворы лідэр бальшавікоў у апошнія дні 1922 г. піша пісьмо «К вопросу о национальностях или об «автономизации»», у якім абвінавачвае І. Сталіна ў велікарасійскім нацыяналізме і змест якога агульным сваім палажэннем наўпрост датычыцца беларускага народа. Аб'ём цытаты варты таго.


«Я, кажется, сильно виноват перед рабочими России за то, что не вмешался достаточно энергично и достаточно резко в пресловутый вопрос об автономизации, официально называемый, кажется, вопросом о Союзе Советских Социалистических Республик. <…>


…«Свобода выхода из Союза», которой мы оправдываем себя, окажется пустою бумажкой, неспособной защитить российских инородцев от нашествия того истинно русского человека, великоросса-шовиниста, в сущности, подлеца и насильника, каким является типичный русский бюрократ. <…>


Я уже писал в своих произведениях по национальному вопросу, что никуда не годится абстрактная постановка вопроса о национализме вообще. Необходимо отличать национализм у нации угнетающей и национализм нации угнетенной, национализм большой нации и национализм нации маленькой.


По отношению ко второму национализму почти всегда в исторической практике мы, националы большой нации, оказываемся виноватыми в бесконечном количестве насилия, и даже больше того — незаметно для себя совершаем бесконечное количество насилий и оскорблений…<…>


Поэтому интернационализм со стороны угнетающей или так называемой «великой» нации (хотя великой только своими насилиями, великой только так, как велик Держиморда) должен состоять не только в соблюдении формального равенства наций, но и в таком неравенстве, которое возмещало бы со стороны нации угнетающей, нации большой, то неравенство, которое складывается в жизни фактически. <…>

…Лучше пересолить в сторону уступчивости и мягкости к национальным меньшинствам, чем недосолить».


У Савецкім Саюзе, а значыць і ССРБ, у 1920-х гг. закінулі падманку каранізацыі і беларусізацыі: маўляў, правы беларусаў і меншасцей у Савецкай Беларусі аберагаюцца. Аднак гэта было толькі прынадай для акумуляцыі, кансалідацыі пад адным дахам беларускіх нацыянальных сіл розных палітычных поглядаў з мэтай іх далейшай элімінацыі[23]. Як сведчаць сучасныя даследаванні, беларусізацыя была толькі спосабам для выяўлення і ліквідацыі яе перадумоў і праваднікоў, гэта быў сродак для вырашэння «шэрагу вельмі важных задач унутранай і знешняй палітыкі», выкарыстанне якога пасля выканання адпаведнай функцыі было згорнута. У прыватнасці мелася на мэце не толькі інспіраванне будучага аб'яднання з Заходняй Беларуссю шляхам стварэння лепшых (асабліва знешне, па форме) варункаў і перадумоў для нацыянальнага развіцця ў Савецкай Беларусі, але і імкненне ліквідаваць урад БНР, які і надалей праводзіў актыўную палітычную дзейнасць (што з'яўлялася адным з чыннікаў беларусізацыі і каранізацыі ў ССРБ). Дарэчы, імкненне да ліквідацыі ўрада БНР найлепшым чынам сведчыць, па-першае, пра прызнанне гэтага суб'екта міжнароднага палітычнага поля, па-другое, пра выніковую дзейснасць таго суб'екта, якая ўплывала на савецкую палітыку — як знешнюю, так і ўнутраную. Бальшавікі змаглі арганізаваць спыненне дзейнасці некаторых чальцоў урада БНР ад імя ўсёй рэспублікі (што было юрыдычна неправамоцна, але гэта іншае пытанне). У гэтай акцыі не было забыта і будучае аб'яднанне Беларусі, якое ўжо падавалася як ментальна сфарміраванае па абодва бакі краіны меркаванне: «У сьвядомасьці таго, што ўлада сялян і работнікаў, замацаваная ў Менску — сталіцы Радавай (Савецкай. — А. Т.) Беларусі, запраўдна імкнецца адрадзіць Беларускі Народ культурна, эканамічна і дзяржаўна, што Радавая Беларусь ёсьць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага іга, пастанавілі: спыніць існаваньне Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі»

Пасля роспуску ўрада БНР, арганізаванага Аляксандрам Цвікевічам, нават шчыра прабальшавіцкі паэт Міхась Чарот, сустрэўшыся з ім у Германіі, рэзка папракаў яго за здзейснены акт: «Гэта памылка! Пакуль вы былі тут, за мяжой, нам лягчэй было там весці нацыянальную палітыку». І ён меў рацыю, бо напярэдадні савецкія палітыкі, распрацоўваючы праграму стаўлення да беларускага пытання, хацелі высветліць, што можна зрабіць, каб выклікаць сімпатыі беларусаў у Заходняй Беларусі да БССР. У прыватнасці ў 1923 г. А. Луцкевіч праз С. Рак-Міхайлоўскага атрымаў просьбу распрацаваць кароткі даклад пра тое, якія мерапрыемствы былі б пажаданыя ў БССР з гледзішча заходніх беларусаў, перадусім ставілася пытанне пра павелічэнне БССР, пра культурную працу, пра амністыю дзеячам БНР. Бальшавікі мелі канкрэтныя планы па ліквідацыі замежнага нацыянальнага актыву беларусаў, дзеля чаго выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх мэтах і выбітных прадстаўнікоў з Савецкай Беларусі. Так, пад канец 1925 г. арганізавалі замежную паездку з удзелам Цішкі Гартнага, Янкі Купалы і Міхася Чарота пад прыглядам «дыпламата» ад адпаведных органаў Аляксандра Ульянава. Мяркуючы па ўсім, беларускія літаратары разумелі ў якой якасці яны служаць таталітарнай машыне, што тады толькі набірала абароты. А А. Ульянаў жа потым засведчыў: «Когда меня послали на работу в Польшу, основной момент был раскол… За границей имелся целый ряд белорусских эмигрантских групп… Эти группы противопоставляли себя Советскому правительству, везде выставляя себя как «представителей народа». Наша задача была обезглавить, обезвредить эти группы. Надо было связаться с этими группами, поставить перед ними вопрос, что если они явятся, вернутся сюда и будут честно работать, здесь им будет дана амнистия. Это было проделано».

Заўважым, што падобныя тэндэнцыі яшчэ нейкі час працягваліся. Аб чым сведчаць, напрыклад, матэрыялы пра значэнне Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 г., адной з галоўных мэт якой было засведчыць, як сказана ў назве публікацыі, бурнае нацыянальнае адраджэнне ў Савецкай Беларусі пад уплывам камуністаў. Таму форуму імкнуліся надаць міжнародны рэзананс.


Зрэшты, улічваючы выразаныя савецкай цэнзурай словы аднаго з герояў рамана М. Зарэцкага «Крывічы» (1929) Сьляпня, сэнс беларусізацыі як толькі тактычнага кроку савецкай ўлады, некаторымі пісьменнікамі разумелася ўжо і тады (перапрашаю за аб'ёмную цытату — яна тут да месца):

«А вы ведаеце, што такое бела-русі-зацыя? Га? Хо-хо-хо… Гэта, брат, хітрая, ой, хітрая штука… Гэта стаўка на форму… Так, так, на форму… Аўладаць формай, адлучыць яе ад зьместу, вылягчыць яе, выкруціць, высушыць… і выкінуць вон… Ха-ха-ха… Што — хітра, га? Тонка? <…> Навучыцца аўладаць беларускай мовай, каб лягчэй было згаварыцца зь сялянамі, скажам, пры зьбіранні падатку, гэта ня будзе разьвязаньне нацыянальнага пытаньня. Гэта будзе толькі ўсяго замена калёніяльнай палітыкі — «салдацкай» на калёніяльную палітыку — «езуіцкую». Гэта страшэнна шкоднае звужаньне праблемы нацыянальнай культуры. Гэта палітыка гандляроў з рынку, якія (я спэцыяльна гэта назіраў) зьвяртаюцца заўсёды да сялян у роднай іхняй мове, каб… лягчэй абдурыць іх».

А трохі раней пра манапалізацыю бальшавікамі беларускага руху як тактычны крок, знаходзячыся ў Празе, казаў паэт Уладзімір Жылка.

Такім чынам, сапраўдная стратэгічная мэта бальшавіцкага Крамля адносна лаяльнай нацыянальнай палітыкі на Савецкай Беларусі ў 1920-я гг. (прад)бачылася многімі (але не ўсімі) актывістамі беларускага руху (прычым па розныя бакі мяжы) яшчэ задоўга да дасягнення бальшавікамі канчатковага выніку.


Тым не менш, намінальная суверэннасць рэспублікі ўжо адразу дазволіла казаць пра яе уніфікацыйнае для беларускіх тэрыторый значэнне; і ў пацверджанне Масква пасля знікнення актуальнасці значэння ССРБ як буфернай зоны ад капіталістычнага атачэння правяла два так званыя ўзбуйненні рэспублікі, хоць у канцы 1920 г. бальшавікі зусім не збіраліся «ўзбуйняць»[24] Беларусь з-за адсутнасці прагматычнага для сябе сэнсу. Народны камісарыят замежных спраў РСФСР, як паведамляецца ў яго цыдулцы ад 6 лістапада 1920 г., лічыў «нежаданым далучэнне да Беларусі якіх бы там ні было частак Віцебскай або Магілёўскай губерняў». 17 лістапада 1920 г. кіраўніцтва Расійскай Кампартыі на нарадзе адзначала, што вырашэнне пытання пра тэрыторыю Савецкай Беларусі на дадзены момант з'яўляецца заўчасным, бо, як напярэдадні заявіў наркам замежных спраў Р. Чычэрын, было яшчэ невядома, «праз якія перыпетыі можа прайсці лёс Беларусі». Гэтыя словы дазваляюць меркаваць, што планы так званага ўзбуйнення Савецкай Беларусі існавалі ўжо на той час, хаця намеру іх рэалізоўваць не было. Але ўжо неўзабаве бальшавікі былі вымушаныя яго рэалізоўваць, каб зрабіць Савецкую Беларусь большай і па тэрыторыі, і па насельніцтве за заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы[25]. (Перад так званым узбуйненнем, у 1923 г., як меркаваў агент дэфензівы, нават існаваў план хаўрусніцтва з яшчэ слабой Нямеччынай, каб выступіць супраць Польскай Рэспублікі, свае разважанні на гэты конт у Берліна меліся і ў сярэдзіне 1920-х гг., а трохі пазней, у 1932 г., М. Тухачэўскі, запрошаны на манеўры германскага войска, размаўляў пра сумесныя дзеянні Чырвонай Арміі і Райхсвера супраць Польшчы). У 1923 г. менавіта з ініцыятывы Крамля была створана Кампартыя Заходняй Беларусі і такім чынам «крэсы паўночна-ўсходнія» ўпершыню атрымалі (пра)савецкую інтэрпрэтацыю, у якой да таго ж падкрэслівалася этнічная беларускасць зямель[26]. Праз гэтую дзею савецкае кіраўніцтва пакрысе выкрышталізавала сваё разуменне гэтых зямель як тэрыторыі, якая павінна належаць Савецкай Беларусі, а значыць СССР. Сэнс стварэння КПЗБ быў у інспіраванні справядлівасці эвентуальнага аб'яднання Беларусі (першапачаткова праз узброенае паўстанне, якое, аднак, не перарасло маштабаў партызанскай барацьбы, і таму яго ідэя неўпрыкметна была згорнутая). Але разам з тым Крэмль не адкінуў назву «Заходняя Беларусь», якую нацыянальныя сілы пачалі ўжываць самае позняе з 1918 г.[27]


Цікава нагадаць, што, паводле Антона Адамовіча, на пачатку 1920-х гг. распрацоўвалася і зусім неардынарная задума ўз'яднання Беларусі (так званы «мангольскі праект»).

«Меркавалася трансфармаваць БССР у тэарэтычна незалежную дзяржаву пад пратэктаратам Савецкага Саюзу накшталт Мангольскай Народнай Рэспублікі. Плянавалася, што пры падтрымцы Саветаў беларускі нацыянальны рух у Польшчы ўзьніме «паўстаньне» за аддзяленьне беларускай тэрыторыі. У той жа час адбудзецца «паўстаньне» і ў Савецкай Беларусі, якая рэалізуе сваё права на «аддзяленьне» і дзьве часткі Беларусі аформяць тэарэтычна незалежную дзяржаву, фактычна пад савецкім пратэктаратам, як і Мангольская Народная Рэспубліка. Сам СССР пры гэтым не выглядае агрэсарам, а наадварот, — такім самым (калі яшчэ і ня больш) «пацярпелым» як і Польшча.

Цяжка сказаць, ці меў «мангольскі праект» у сваёй аснове пэўныя рэальныя намеры, ці з самага пачатку быў задуманы як чыстая правакацыя, якой у далейшым абярнуліся і «нацыянальны НЭП», і «беларусизация», і ўся бальшавіцкая дзейнасьць у Заходняй Беларусі. Ува ўсялякім выпадку, у свой час матываваньне яго выглядала праўдападобным».

А згодна польскай крыніцы, падчас існавання Сярэдняй Літвы (1920–1922 гг.) быў яшчэ адзін варыянт паўстання. «Калі б пачалася ўзброеная барацьба Ковенскай Літвы і Беларусі з Польшчай, павінна было пачацца антыпольскае паўстанне ў той частцы Беларусі, якая, згодна з Рыскай дамовай, належала Польшчы. У гэтым выпадку на дапамогу Літве і Беларусі прыйшлі б савецкія войскі». Пасля выбараў у Сойм і Сенат Польскай Рэспублікі, адносна паспяховых для беларусаў і іншых нацыянальных меншасцей, па паведамленні той жа крыніцы, паўстанне на «крэсах усходніх» павінна было праявіць ініцыятыву ў паслабленні вайсковых сілаў польскай дзяржавы, з чаго «мелася скарыстаць Савецкая Расія, прайсьці праз Польшчу і злучыцца зь Нямеччынай. Пасьля гэтага мусіла быць утвораная незалежная Беларусь, магчыма, сфэдэраваная зь Літвой ці Савецкай Расіяй». Аднак гістарычныя варункі сталіся неспрыяльнымі для далучэння заходніх зямель Беларусі пасродкам паўстання, таму Масква вымушана была шукаць іншыя шляхі. У той жа час кіраўніцтва СССР спрабавала падрыхтаваць глебу для павелічэння тэрыторыі краіны за кошт вяртання зямель, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Дзеля гэтага яна шукала дыпламатычнага кансенсусу[28] стасоўна гэтага пытання з вядучымі дзяржавамі. Праўда, тут поспехі былі яшчэ меншымі. Аднак сам гэты факт казаў пра няспынную зацікаўленасць Савецкага Саюза ў аднаўленні межаў колішняй імперыі.


Досвед гістарыяграфіі сведчыць, што і да сённяшняга часу многія не ведаюць асноўных чыннікаў павелічэння Савецкай Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гг. Як было сказана ў пункце 3-м сакрэтнага дакумента «В комиссию политбюро ЦК ВКП(б) по вопросу о расширении границ БССР», «основной решающий аргумент за расширение границ БССР — в ближайшее время — определяется политикой Польши»: меліся звесткі, што там збіраліся правесці шэраг рэформаў адносна нацыянальных меншасцей, у тым ліку беларусаў. У сувязі з гэтым Крамлю неабходна было прэвентыўна рабіць пэўныя захады, і — як паказаў час — «вяртанне у склад БССР шэрагу ўсходнебеларускіх паветаў мела вялікі рэзананс у Польшчы і Заходняй Беларусі». А наперадзе ж была яшчэ і перспектыва вяртання самой Заходняй Беларусі.

І хаця савецкі ўрад устрымліваўся ад публічных заяў пра неабходнасць перагляду савецка-польскай мяжы (у адрозненне ад прадстаўнікоў саюзных рэспублік, да прыкладу старшыні ўрада Украінскай ССР у 1924 г.), аднак у сакрэтнай перапісцы народнага камісарыята замежных спраў дагавор з Польшчай аб ненападзе разглядаўся як не больш чым тактычны ход. Усходнія межы Польшчы і Румыніі сталі картай для маніпуляцый у дыпламатычных гульнях паміж Масквой і Захадам яшчэ з часоў У. Леніна, які рэкамендаваў камісару замежных спраў Г. Чычэрыну «всемерно использовать постановку Ллойд Джоржем вопроса о восточных границах Польши и Румынии, указывая, что эти границы — препятствуют установлению мира, но делать это осторожно, дабы не навлечь нареканий об отступлении от Рижского договора». У сваю чаргу на Генуэзскай канферэнцыі Г. Чычэрыным было заяўлена, што «уважение (территориального статус-кво. — А. Т.) не должно рассматриваться как равнозначащее признанию этого статус-кво… Малады расійскі даследчык А. Пронін заўважае, «что и советское руководство, заключив мирный договор с Польшей в 1921 году и тем формально признав восточную польскую границу, неизменно подчеркивало свое недовольство сложившейся ситуацией. Так, посол Германии в СССР в 20-х — начале 30-х годов фон Дирксен 17 октября 1931 г. писал из Москвы о своей встрече с Ворошиловым, утверждая, что границы с Польшей Ворошилов считает, как это он подчеркивал в разговоре с начальником Генерального штаба рейхсвера Адамом, «неокончательными». <…> 12 декабря 1931 года Ворошиловым в беседе с фон Дирксеном были сказаны следующие слова: «ни при каких обстоятельствах, разумеется, не может быть и речи о какой-либо гарантии польской западной границы; советское правительство — принципиальный противник Версальского договора»». Дый сам Сталін публічна праз нямецкага пісьменніка Эміля Людвіга ў гутарцы 13 снежня 1931 г. выказваўся пра непрызнанне межаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы, у тым ліку і ў першую чаргу Польшчы. Нягледзячы на гатоўнасць падпісаць з ёй пакт аб ненападзе, ён акцэнтаваў бы не прызнанне яе межаў, а непрымяненне «насілля, нападу для таго, каб змяніць граніцы Польшчы, СССР або парушыць іх». Напэўна, нездарма казытлівая для Масквы тэма Польшчы ўсплыла ў размовах савецкіх кіраўнікоў менавіта ў канцы 1931 г.: сёння ўжо вядома, што ў 1932 г. супраць Польшчы М. Тухачэўскі распрацоўваў планы кампаніі «глыбокіх аперацый» (цікава, што паведамляюць пра гэта менавіта расійскія гісторыкі). Урэшце ўжо 4 кастрычніка 1938 г. намеснік камісара замежных спраў Уладзімір Пацёмкін у размове з французскім паслом Рабэрам Кулёндрам выказаў меркаванне, што не бачыць для СССР іншага выйсця, акрамя чацвёртага падзелу Польшчы. У такім кантэксце праўдападобна гучаць развагі І. Сталіна (аўтэнтычнасць якіх ставіцца пад сумнеў), пра тое, што справа вайны і міру на той час (19 жніўня 1939 г.) залежыць ад кіраўніцтва СССР. Калі заключыць дагавор з Англіяй і Францыяй, немцы будуць вымушаны адступіць ад планаў агрэсіі адносна Польшчы і стануць шукаць стасункаў з заходнімі дзяржавамі, а такое разгортванне падзей Маскве не пасуе. І наадварот, падпісанне дагавора аб ненападзенні з Германіяй умажлівіць яе інтэрвенцыю Польшчы і ўцягне ў вайну Англію і Францыю, што якраз для Савецкага Саюза было б прымальна, бо тады можна было б дачакацца спрыяльнага для сябе моманту ўступлення ў канфлікт. З гэтага была зроблена выснова, што патрэбна прыняць прапанову немцаў, адмовіўшы англічанам і французам.


Дарэчы, на Украіне такой вострай праблемы падзелу, якую мела Беларусь, не існавала. «Ядро» Украіны разам з Кіевам знаходзілася ў складзе Саюза, а на распалавіненай паміж Мекаю (Вільняю) і Медынаю (Менскам) Беларуссю яшчэ трэба было ствараць «свой» беларускі («гравітацыйны» — Томаш Стрыек) цэнтр, надаваць яму кансалідуючае значэнне, якое затым нельга было б падвергнуць сумневу. Думаецца, што пасля няўдалай спробы агрэсіі прыкладна такім самым метадам планавалася ўключыць у склад СССР Фінляндыю, далучыўшы яе да Карэла-Фінскай ССР, якую заканстытуявалі ў 1940 г. адразу пасля заключэння з Фінляндыяй міра. А менавіта аб'яднаць нібыта кроўных братоў аднаго народа, палова якога ўсё яшчэ «стагнала пад капіталістычным гнётам». Таму і пасля вайны СССР лічыў фінскае пытанне нявырашаным, бо па-ранейшаму бачыў Фінляндыю ў сферы сваіх інтарэсаў. Дарэчы, германскі бок гэтаму і не пярэчыў, хоць і меў пэўныя ўмовы. Сам Гітлер казаў: «Это не затрагивает законных притязаний России <…> эта страна входит в русскую зону влияния». Праўда, ён настойваў на мірнай рэалізацыі пакта, з чаго Молатаў выявіў пэўнае нерваванне. Рэч у тым, што з восені 1940 г. з боку Савецкага Саюза рыхтавалася другая фінская вайна з планамі поўнага захопу Фінляндыі за 45 дзён. У 1956 г., пасля смерці Сталіна і асуджэння культу асобы, ідэя таго аб'яднання, відаць, канчаткова знікла — і Карэла-Фінская ССР была пераўтворана ў Карэльскую Аўтаномную ССР (NВ без Фінскай!).


У Польскай Рэспубліцы беларусы афіцыйна былі нацменшасцю, і гэта таксама паспрыяла таму, каб нават некамуністычныя нацыянальныя дзеячы на ніве беларушчыны пачалі даваць веры бальшавікам. Асабліва пасля таго, як дамаганні Б. Тарашкевіча і яго хаўруснікаў у палітыцы здабыць для беларусаў аўтаномію не рэалізаваліся. Тая аўтаномія (хаця б фармальная) у вялікай ступені пазбавіла б Маскву падстаў для інспіравання эвентуальнага аб'яднання Беларусі. Думаецца, менавіта сепаратысцкія памкненні Б. Тарашкевіча, якія (пры ўмове іх рэалізацыі) маглі б прынесці нямала шкоды Крамлю, пазней падштурхнулі бальшавікоў спярша наладзіць яму эміграцыю ў БССР, а затым рэпрасаваць яго (як і многіх іншых нацыянальных дзеячаў заходняй часткі Беларусі). У гэтай сувязі вартае ўвагі небеспадстаўнае меркаванне Р. Лазька пра разгром Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (ачольваў Б. Тарашкевіч), якая стала ахвярай дзвюх дыктатур — варшаўскай ды маскоўскай. «Савецкае кіраўніцтва прыкладала актыўныя намаганні, каб не дапусціць стварэння і ўмацавання нацыянальных аб'яднанняў, гатовых да супрацоўніцтва з польскім урадам». Канечне, крамлёўскім бальшавікам было непамысна бачыць 8-тысячную Кампартыю Савецкай Беларусі на фоне больш чым 100-тысячнай (!) Грамады (дарэчы, у Кампартыі Заходняй Беларусі мелася не больш чатырох тысяч сяброў і недзе столькі ж належала да Камуністычнага Саюза моладзі). Варта заўважыць, што пасля разгрому Грамады яе сябры не пайшлі ў КПЗБ — саюзніка па антыпольскай барацьбе. Дык можа і не такое шчыльнае супрацоўніцтва ў іх было, як спрабуюць запэўніць многія, у тым ліку і сучасныя, гісторыкі? Тым больш, што радыкальныя метады барацьбы КПЗБ (бывала, праўда, іх правакавалі агенты дэфензівы), якія выклікалі рэпрэсіі польскіх уладаў, нярэдка толькі шкодзілі ўздыму беларускага нацыянальнага руху. Між іншым, сапраўдныя намеры стасоўна Грамады Крэмль выявіў адно пазней, абвінаваціўшы ўдзельнікаў руху ў спробе ўтварэння ў межах Польшчы буржуазнай беларускай дзяржавы. Тым не менш, відавочна, што бальшавікі прымалі ўдзел у стварэнні Грамады, імкнучыся праз яе ўзвесці «мосьцік да камунізму».


З іншага боку, неабходна адзначыць, што пасля ліквідацыі Грамады на выбарах у Сейм за камуністаў прагаласавала 26 % — амаль у 2,5 разы больш чым за іншых беларускіх палітыкаў. Відаць, што палітычныя прыхільнікі ліквідаванай Грамады часткова пераарыентаваліся на КПЗБ — параўнаўча з іншымі найбольш блізкую ідэйна арганізацыю. Разам з тым, у адрозненне ад БСРГ (нават пасля яе разгому) КПЗБ пры наяўнасці большых, чым мела тая ж Грамада, субсідый так і не стала народным палітычным рухам, што, напэўна, кампраментавала камуністаў увогуле.

У выніку ўсіх гэтых падзей да 1939 г. па абодва бакі мяжы ўсталяваўся стэрэатып пра будучае аб'яднанне як далучэнне Заходняй Беларусі да Беларусі Савецкай, чым быў створаны для яго рэальны грунт. Усталяванню гэтага стэрэатыпу садзейнічала сваёй няўмелай палітыкай і кіраўніцтва Польскай Рэспублікі. Польская ўлада ясна разумела, што здзейсніла захоп Заходняй Беларусі, «крэсаў паўночна-ўсходніх». Разам з тым, імкненне стварыць унітарную дзяржаву дыктавала Варшаве праводзіць асіміляцыю нацменшасцей (што, дарэчы, нівелявала б факт захопу «крэсаў»), і ў гэтым бачыцца стратэгічна-гістарычны пралік міжваеннай Польшчы: беларусы ў ёй сталі маргіналамі, тады, калі па ўсходні бок мяжы яны былі нібыта роўнымі сярод роўных і мелі свой «цэнтр», сваю сталіцу. У многім дзякуючы таму праліку Савецкі Саюз і змог з лёгкасцю стварыць грунт для аб'яднання Беларусі пад саюзным дахам. У сувязі з гэтым нельга не пагадзіцца з акадэмікам М. Касцюком, што «ў тагачасных ваенна-палітычных абставінах аб'яднанне магло адбыцца толькі на савецкай аснове» (праўда, думаецца, не абавязкова ў межах Беларускай ССР: спачатку нават падумвалі пра арганізацыю такіх савецкіх рэспублік, як Польшча, Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь — гл. далей).


Якія ж галоўныя высновы можна вылучыць стасоўна развіцця беларускай праблемы ў святле імкненняў маскоўскіх палітыкаў? Найперш неабходна адзначыць, што ва ўмовах тагачаснай міжнароднай ды ўнутранай сітуацыі бальшавіцкі Крэмль вымушаны быў не толькі не ігнараваць беларускую праблему, але і ісці на канструктыўнае для беларускага народа яе вырашэнне (спачатку). Аднак, як прадказвалася некаторымі, гэта быў толькі меркантыльны крок для бальшавікоў (як, напрыклад, НЭП у савецкай эканоміцы). Беларусізацыя і так званае ўзбуйненне выконвалі адно тактычную ролю:

1) давалі магчымасць раскрыцца нацыянальнаму патэнцыялу ў Савецкай Беларусі,

2) кшталтавалі сімпатыю ў «заходнікаў», перацягваючы іх на бок саветаў, — у выніку па абодвух гэтых пазіцыях беларускі нацыянальны рух чакала элімінацыя, як духоўная (знішчэнне гістарычна-культурнай спадчыны), так і фізічная (рэпрэсіі супраць інтэлектуальнай і эканамічнай эліты).

Галоўнай мэтай крамлёўскіх палітыкаў з'яўлялася пашырэнне межаў савецкай дзяржавы, і Заходняя Беларусь разглядалася страчанай толькі на пэўны, але нядоўгі, час. У першай палове 1920-х гг. далучыць гэтую тэрыторыю не дазволілі неспрыяльныя абставіны. І калі стала відавочна, што далучэнне Заходняй Беларусі — справа не аднаго дня, то Масква пачала перацягваць з Польскай Рэспублікі ды іншых краін у БССР нацыянальных дзеячаў, каб

1) яны не шчыравалі над арганізацыяй «беларускага П'емонта», каб

2) увогуле элімінаваць беларускі нацыянальны рух на абедзвюх частках Беларусі, зрабіўшы яе абсалютнай марыянеткай бальшавіцкай палітыкі шляхам ліквідацыі перадусім актывістаў БНР.

Часткова задума атрымалася. Масква сама падрыхтавала для сябе ўмовы (перадусім замацавала на розных узроўнях палітыкі думку пра адзіна магчымы савецкі варыянт аб'яднання Беларусі), каб у 1939 г. ужо аб'яднаная Беларусь апынулася ў межах імперска-таталітарнай дзяржавы.

Загрузка...