Заключэнне

Рускія вызвалялі ад палякаў.

Палякі вызвалялі ад рускіх.

Вызвалялі шведы,

Вызвалялі французы,

Вызвалялі немцы.

І хто нас толькі не вызваляў?

А мы як былі нявольнікамі,

Так і засталіся.

І. Чыгрын

Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця — гэта мы самі. І калі не хочам загінуць, калі не хочам быць вечнымі рабамі, — павінны пакінуць мы благую прывычку думаць, што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. Гэта ж не можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам да нас, як мы самі да сябе.

Янка Купала, 22.10.1919

Падсумуем: Беларусь займела дзяржаўнасць не дзякуючы расійскім бальшавікам, а насуперак ім. Кіраўніцтва Савецкай Расіі мела за мэту толькі сусветную рэвалюцыю. У канцэпцыі іх дзеянняў беларуская дзяржаўнасць фігуравала адно як тактычны сродак, які не ў якім разе не меў стратэгічнага значэння. Але (геа)палітычная кан'юнктура перманентна падтрымлівала актуальнасць гэтага сродку і абумовіла яго актыўнае выкарыстанне крамлёўскімі бальшавікамі, што стварыла ўражанне пра іхні клопат над «малодшымі братамі» — своеасаблівы нацыянальны патэрналізм. Хаця, як вышэй было прадэманстравана, вельмі часта яны не хавалі сваіх сапраўдных намераў, не кажучы ўжо пра тое, колькі імі рабілася ўпотай. Цікава, што нягледзячы на даволі шырокую рэпрэзентаванасць матэрыялаў па тэме (нават у беларускай гістарыяграфіі), гэтае пытанне распрацавана далёка недастаткова і часта неадэкватна: для польскай гістарычнай навукі яно не вельмі актуальнае, як і для расійскай, а беларуская — скрозь засмечаная выпешчанымі савецкім часам стэрэатыпамі пра «добрых» бальшавікоў. Пры сённяшняй наяўнасці і даступнасці антынамічных матэрыялаў гэта выглядае элементарным нонсенсам.


У якасці асноўных вынікаў праведзенага аналізу палітычнай сітуацыі вакол Беларусі перыяду 1917–1939 гг. можна вылучыць наступныя тэзісы:


1. Бальшавікі ні ў самым пачатку, ні ў пазнейшыя часы не збіраліся даваць беларусам дзяржаўнась, але былі вымушаныя гэта зрабіць пад ціскам геапалітычнай сітуацыі. Спачатку Беларусь мусіла быць адным са звёнаў буфернай зоны, а пасля — фарпостам па распаўсюджанні бальшавіцкай рэвалюцыі на Захад, пачынаючы з Польшчы.


2. Беларусь заўсёды разглядалася Крамлём як разменная манета, якой можна скарыстацца, зыходзячы з тактычных меркаванняў у кантэксце актуальных палітычных падзей, перш за ўсё ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Палітыка Крамля адносна Беларусі вызначалася інтарэсамі СССР на міжнароднай арэне і польскім фактарам, але ніяк не інтарэсамі ўласна Беларусі. З іншага боку, у нацыянальнай палітыцы бальшавікі дэкларавалі сваё місіянерства на Беларусі, актыўна прапагандуючы гэтую сваю ролю як унутры краіны, так і за яе межамі.


3. Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы кіраўніцтва СССР не адмаўлялася ад планаў вяртання ў склад сваёй дзяржавы зямель былой Расійскай імперыі. Таму у міжваенны перыяд Польшча ніколі не выпадала з поля зроку савецкага кіраўніцтва. У сувязі з гэтым па абодва бакі мяжы працавала ўзмоцненая прапаганда ідэі аб'яднання Беларусі на савецкай аснове.


4. Спрыяльны момант настаў летам 1939 г., калі Германія і СССР дамовіліся аб сферах уплыву. Праз падзел тэрыторыі Польскай Рэспублікі да БССР была далучаная Заходняя Беларусь (але ў абсечаным варыянце). Гэтая акцыя сталася шырмай для рэалізацыі чарговых экспансіянісцкіх планаў Крамля. Адразу пасля далучэння на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалася аператыўная саветызацыя, спехам арганізоўваліся асноўныя сацыяльныя інстытуты савецкай улады, неўзабаве даволі зладжана запрацавалі ўсе рэпрэсіўныя механізмы таталітарнай машыны.


5. Нягледзячы на папярэднія тэзісы, належыць прызнаць, што падзеі 1939 г. былі крокам наперад у развіцці дзяржаўнасці Беларусі і яе цэласнасці, аднак за гэта беларускі народ заплаціў надта вялікую цану.


Напрыканцы хацелася б засцерагчы чытача ад меркавання, што гэтую працу можна расцэньваць як рэверанс тагачасным дзеянням міжваеннай Польскай Рэспублікі. Яе палітыка стасоўна Беларусі патрабуе асобнага даследавання.

Загрузка...