З агню ды ў полымя: 1939-ы

Если на Запад — русская армия заслуживает колонии...

А. Жданов (из «Черновых записей» к договору о ненападении между СССР и Германией)

В интересах СССР — Родины трудящихся, чтобы война разразилась между Рейхом и капиталистическим блоком. Нужно сделать все, чтобы эта война длилась как можно дольше в целях изнурения двух сторон. Именно по этой причине мы должны согласиться на заключение пакта, предложенного Германией, и работать над тем, чтобы эта война, объявленная однажды, продлилась максимальное количество времени. <…> Что плохого было бы, если в результате разгрома Польши мы распространим социалистическую систему на новые территории и население.

И. Сталин

Мы с Германией разделили Польшу… Если есть лица виноватые, то мы тоже виноваты.

И. Сталин

У гэтай частцы працы, бадай самай складанай і заблытнай, хацелася б даць па магчымасці аб'ектыўную характарыстыку палітычных падзей 1939 г. і іх паслявераснёўскага лёсу, а таксама адлюстраваць рэальны стан гісторыі аб'яднання Беларусі. Да таго ж даць прававую ацэнку верасню 1939 г. з улікам беларускай пазіцыі, не здраджваючы пры гэтым факталогіі.


Традыцыйны агляд гістарыяграфічных здабыткаў, якіх вельмі шмат — у сэнсе колькасным, але, на жаль, не абавязкова якасным, паспрабуем рэпрэзентаваць у выглядзе наступных рэфлексій[29].


Савецкая гістарычная навука — ад сталінскай да гарбачоўскай эпохі — адназначна ацэньвала паход Чырвонай Арміі як вызваленчы (пералік прыкладаў ператварыўся б у аб'ёмны, сёння нікому не патрэбны гістарыяграфічны даведнік). Сучасная беларуская гістарыяграфія, за выключэннямі, якія не ўплываюць на агульны дыскурс, не адмовілася ад савецкай дэфініцыі[30] адносна гістарычнай справядлівасці аб'яднання. Тыповымі для старэйшага пакалення беларускіх гісторыкаў з'яўляюцца словы з сучаснага энцыклапедычнага выдання: «Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР — акт гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі гвалтоўнага і грабежніцкага падзелу Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 г.»; «Важнейшым вынікам» савецка-германскага дагавора ад 23 жніўня 1939 г. для Беларусі ёсць «гістарычна справядлівая ў жыцці беларускага народа падзея — уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР». Не пазбеглі гэтага штампу і аўтары (у прыватнасці С. Хоміч, М. Касцюк, А. Літвін) адносна ліберальнай, дэмакратычнай і дэпалітызаванай сінтэзы па гісторыі Беларусі. Тут таксама можна згадваць бясконцы шэраг прыкладаў.

Найперш неабходна зазначыць, што гэты тэзіс запачаткаваны палітычным дыскурсам Другой сусветнай вайны і належыць ён менавіта савецкім ідэолагам. Нават Саюз Польскіх Патрыётаў, створаны з ініцыятывы непасрэдна І. Сталіна, заявіў пра законнасць «жаданняў беларусаў і ўкраінцаў да нацыянальнага ўз'яднання». Натуральна, кіраўніцтва аб'яднанай Савецкае Беларусі таксама штораз паўтарала словы пра «гістарычныя правы», «справядлівасць як у гістарычных, так і этнаграфічных адносінах», «законнае і справядлівае жаданне беларускага народа» еtс[31]. Як бачым, такая таўталагізацыя дала плён: савецкая гістарычная навука з лёгкасцю падхапіла палітычнае абгрунтаванне, зрабіла яго настолькі моцным стэрэатыпам, ад якога і сёння не можа пазбавіцца гістарыяграфічны афіцыёз Рэспублікі Беларусь (бадай, ён ужо ператварыўся ў псіхічны комплекс). Многія навукоўцы-гісторыкі ці то забываюць, ці то не разумеюць (а мо і не хочуць разумець), што гістарычная навука не павінна залежаць ад палітычнай кан'юнктуры, што гістарычная навука і паклікана дзеля таго, каб прааналізаваць працэсы бесстаронна ды непрадузята. І ў той жа час нонканфармісцкія даследаванні такімі гісторыкамі чамусьці расцэньваюцца як палітызаваны погляд на падзеі верасня 1939 г. (у чым беспасярэдне вінавацілі аўтара гэтых радкоў прадстаўнікі старэйшага пакалення, у прыватнасці У. Ладысеў). Толькі хто ж той погляд палітызаваў? Банальны адказ: аналіз дэтэрмінізму падзей і фактаў, што мелі месца ў гісторыі — вось галоўны чыннік такой пазіцыі (у адрозненне ад заангажаванасці маскоўскай галаслоўнасцю савецкіх і пост- ці неасавецкіх квазігістарычных меркаванняў). Іншая справа, што палітызаванасць у такіх даследаваннях сапраўды прысутнічае, але з прычын спецыфікі самога гістарычнага перыяду, калі ў Савецкім Саюзе больш, чым у любой іншай дзяржаве, кожны момант жыцця не толькі грамадства, але і індывідуума, падпарадкоўваўся ідэалагічным устаноўкам Крамля. Таму навуковы аналіз такіх працэсаў немагчыма цалкам дэпалітызаваць — выключыць з іх палітыку. Але галоўнае для навукі — не дамешваць да даследавання праблематыку дня сённяшняга, што ператварыла б яе ў публіцыстыку, а гісторыкаў — у канфармістаў альбо дысідэнтаў — у залежнасці ад іх грамадскіх поглядаў (апошнімі, праўда, становяцца часцей за ўсё незалежныя ад палітычных актуалій і спекуляцый даследчыкі, бо любым палітыкам гісторыя калі і неабходна, дык у тым ці іншым, але заўсёды адназначным, а не полівалентным варыянце).


У сувязі са слоганам «гістарычная справядлівасць» хацелася б таксама заакцэнтаваць адзін парадаксальны момант. Аднак тут наперад варта зрабіць пэўнае філасафічнае адступленне.


Паняцце гістарычнай справядлівасці, калі ў яго не ўдумвацца, не выклікае пытанняў для разумення. Хаця, відавочна, разуменне гэтага паняцця цалкам суб'ектыўнае — аб чым сведчыць хаця б яго адсутнасць у навуковых энцыклапедыях па гісторыі (у тым ліку і толькі што згаданай). Яно (разуменне) будзе цалкам залежаць

1) ад прыватнай пазіцыі таго ці іншага аўтара (палітычнай, метадалагічнай),

2) ад кан'юнктуры (сацыяльнай, навуковай), прычым яна, безумоўна, будзе пэўным чынам уплываць і на прыватную пазіцыю.

Менавіта ад прыватнай пазіцыі пэўнага суб'екта і актуальнай кан'юнктуры будзе залежаць вызначэнне таго гістарычнага моманту, якому як быццам справядліва было б вярнуць колішні status quo. Але ж як вызначыць той момант і каму яго вызначаць? У свой час, яшчэ ў 1906 г., вядомы польскі вучоны І. Бадуэн дэ Куртэнэ з нагоды «гістарычных праў» (у прыватнасці польскіх памешчыкаў на Беларусь, але нам важны сам прынцып) пісаў: «Историческим правам отдельных национальностей место в архиве истории. Ссылками на исторические права можно, если угодно, обосновать восстановление людоедства, рабства, крепостничества, самодержавия и т. д. Нельзя, конечно, отрицать историю, но источником для практического решения политических вопросов может быть один только современный исторический момент».


Прыхільнікі паняцця «гістарычная справядлівасць» (стасоўна падзей 1939 г. у тым ліку) міжволі не заўважаюць іншых «відаў» справядлівасці, акрамя гістарычнай (якая да таго ж не з'яўляецца навуковай[32]), а іх жа можа быць процьма. Такім чынам прыхільнікі існавання ў гістарычным працэсе такой з'явы як гістарычная справядлівасць самі найлепей выяўляюць сапраўдную несправядлівасць, бо з іх боку адсутнічаюць прыклады іншых відаў справядлівасці.


Генеза паняцця «гістарычная справядлівасць» упіраецца ў «логіку здаровага розуму», з якой тэарэтычны дыскурс перакладаецца «ў сферу практычнага розуму, дзе сам тэарэтычны дыскурс губляе свае прывілеі выказваць ісціны розуму», а ён (практычны розум) з'яўляецца ні чым іншым, як звычайнай так званай жыцейскай мудрасцю, якая выяўляе сітуацыйную полі- ці нават амбівалентнасць, г. зн. прымеркавана да ўсіх выпадкаў жыцця пры наяўнасці тэзаў-антыномій, якія прымяняюцца ў залежнасці ад перакананняў суб'екта — але не даследчыка-навукоўца.


Тым не менш, было б несправядліва не заўважыць, што ў гісторыі палітычнай думкі існуе такое паняцце, як справядлівасць (аднак — не з эпітэтам «гістарычная»!). «Осмысление справедливости в истории политической мысли дает нам два принципиально разных подхода к решению этой проблемы. Первый подход сформировался в рамках классической (античной) парадигмы[33] политической философии, и связан прежде всего с именами Платона и Аристотеля. Классическая мысль понимает под справедливостью такой социальный и политический порядок, который ориентирован телеологически — на обретение блага в рамках совместного существования людей. Прямо противоположную трактовку справедливости дает политическая философия классического либерализма, представленная в первую очередь именами Гоббса, Локка, Руссо и Канта. В трудах этих мыслителей справедливость начинает трактоваться как функция индивидуальной свободы, причем свободы, понимаемой формально — как защита неотчуждаемых прав.


Иначе говоря, классическая мысль дает нам этическую трактовку справедливости (в основе которой — идея блага), а современная мысль — правовую трактовку (основанную на свободе)»[34].


Відавочна, што ў нашым выпадку мы маем справу з анахранічнай этычнай трактоўкай, а не з прававой. Наяўнасць міжнародных правапарушэнняў з боку Масквы і Берліна (а таксама Лондана і Парыжа, але гэта адыход у бок) сёння ўжо нікім не аспрэчваецца. Аднак рэалізацыя савецкім бокам «гістарычнай справядлівасці», паводле ягонага ж разумення, не вытрымлівае крытыкі (гэтаму аспекту ў дадзенай працы ўдзяляецца канцэптуальная ўвага). Прычыны часткова бачацца ў непасрэдных адносінах савецкага кіраўніцтва да справядлівасці ў гістарычным развіцці: «Вопрос о борьбе… нужно рассматривать не под углом зрения справедливости, а под углом зрения политического момента, под углом зрения политической потребности партии в каждый данный момент» (з выступлення І. Сталіна на паседжанні выканкама Камінтэрна 22 студзеня 1926 г.).


З іншага боку, кіраўніцтва міжваеннай Польскай Рэспублікі лічыла этнічныя беларускія землі за Бугам арганічнай часткай Польшчы і тлумачыла неабходнасць іх далучэння «гістарычным правам». Як бачым, гэтая пазіцыя метадалагічна тоесная савецкай, — разыходжанне заключаецца адно ў змесце таго, што кожнаму з бакоў хацелася б гістарычна «ўсправядлівіць». А пастуліраванне савецкай пазіцыі адбылося толькі дзякуючы далучэнню Заходняй Беларусі да БССР. У адваротным выпадку (прынамсі пры захаванні Польшчай міжваеннага status quo) існавала верагоднасць фігуравання тоеснага погляду на беларускую праблему ў польскай гістарыяграфіі. Якраз да яе цяпер і звернемся.


Польская гістарычная навука цягам усяго «пээнэраўскага» перыяду нібыта набірала паветра ў лёгкія, каб выгукнуць: «Агрэсія! Акупацыя!» Небеспадстаўна, аднак занадта эмацыянальна, што таксама перашкаджае цвяроза аналізаваць праблему. Яе даследаванне часцей за ўсё спыняецца на падзеях 1939 г. без пашырэння храналагічных межаў за выключэннем, канечне, апелявання да Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. (аднак, як правіла, без згадкі пра ўдзел Польшчы ў Мюнхенскім дагаворы і далейшым падзеле Чэхаславакіі, што фактычна стала прэцэдэнтам для вырашэння лёсу і самой Польскай Рэспублікі, а таксама без паглыблення ў беларусацэнтрычны аспект аналізу праблемы, г. зн. без увагі на тое, што можа быць яшчэ адна пазіцыя адносна падзей і 1921 і 1939 гг., пазіцыя, прадстаўнікі якой пры ўсім сваім жаданні не ўдзельнічалі ў прыняцці рашэнняў ні ў першым, ні ў другім выпадку). А гэтая пазіцыя, як бы там каму не хацелася, усё-такі была. І ёсць.


Тут таксама не варта займацца пералікам, бо можна загрузнуць у процьме прац на гэтую тэму. Тым не менш трэба адзначыць, што польская гістарычная навука за савецкім часам усё ж была нашмат больш плюралістычнай за грамадскія навукі ў Савецкім Саюзе. І калі самі даследчыкі не маглі рабіць высноў пра агрэсію дзвюх імперскіх дзяржаў супраць Польскай Рэспублікі, дык права трансліраваць плюралізм пазіцый (у тым ліку і стасоўна гэтай падзеі) у іх было. Да таго ж даследаваннямі гісторыі Польшчы займаліся і яе шматлікія эмігранты, паднімаючы тэмы, на якія ў «сацыялістычным лагеры» было накладзена табу.


Неабходна таксама заўважыць, як эвалюцыянавала польская гістарычная навука адносна беларускага пытання. У часы ПНР дадзеная праблема або абыходзілася ўвагай, або даследчыкі дыпламатычна шукалі кампрамісную інтэрпрэтацыю падзей, што пакідала нявырашанымі многія пытанні. Аднак пасля польскацэнтрычнага выбуху ў 1990-х гг., абумоўленага эмацыяльнымі чыннікамі, працы польскіх даследчыкаў набылі большую разважлівасць і абсяг іх даследаванняў значна пашырыўся.


Нельга не абмінуць яшчэ адну — не лепшую — рысу сучаснай польскай гістарыяграфіі — яе неахайную, як для навукі, увагу да здабыткаў беларускіх гістарычных даследаванняў (за рэдкім выключэннем прадстаўнікоў беластоцкай школы). А дарма. Думаецца, гэта падкарэктавала б рэфлексіі польскіх гісторыкаў, асабліва з боку шматстайнасці навуковых поглядаў саміх беларусаў адносна гісторыі сваёй радзімы.


Трэцюю пазіцыю стасоўна дадзенай праблемы транслявалі беларускія эмігранты, у большасці сваёй гэта дзеячы БНР ці іх паслядоўнікі[35]. Яны важка і абгрунтавана даводзілі, што беларускі народ мае не толькі нейкае віртуальна гістарычнае права на самавызначэнне і дзяржаўную суверэннасць, але і зважалі на той момант, што, нягледзячы на неспрыяльныя акалічнасці нацыянальнага развіцця і перманентны[36] ціск з боку, бадай, усіх суседзяў, беларускія палітычныя сілы прымусілі лічыцца з сабой, сталі фактам гісторыі і немалаважным чыннікам таго, што Беларусь здабыла сабе хоць і намінальную, але дзяржаўнасць, якая ўрэшце рэшт ператварылася ў рэальную. Нават не беручы пад увагу дэклараванні інстытутаў і дзеячаў БНР (што магло б у іншым выпадку застацца адно на паперы), мы бачым у той ці іншай (але дужа канкрэтнай, каб праігнараваць) ступені рэакцыю тых жа суседзяў на беларускі рух і ў першую чаргу — Расіі ды Польшчы, ва ўзаемадачыненнях якіх беларуская карта стала адной з казырных (калі не самай казырнай)[37]. Лепшых доказаў патэнцыялу нацыянальнай і дзяржаўнай самадастатковасці Беларусі не патрэбна. Таму ўсе розыгрышы беларускай карты выяўляліся як брутальны гвалт дужэйшага (дужэйшых) над слабейшым. Аднак гэтая пазіцыя ў гістарыяграфіі не заняла належнага месца, бо моцна муляла гісторыкам ад палітыкі і палітыкам ад гісторыі. Яна і сёння не выглядае лішне моцнай.

Дарэчы, антысавецкія беларускія палітыкі падчас Другой сусветнай вайны праявілі розныя пазіцыі адносна савецкага варыянту аб'яднання Беларусі. У гэтай сувязі, выбіваючыся з агульнага шэрагу, звяртае на сябе ўвагу фігура гісторыка і палітыка М. Шкялёнка, які на такім палітычна заангажаваным мерапрыемстве як Другі Усебеларускі Кангрэс (27 чэрвеня 1944 г.) здолеў падняцца над парадыгмай голых эмоцый стасоўна праблемы Беларусі ў польска-расійскіх дачыненнях і звярнуцца да іх разгляду праз навукова-гістарычную прызму, сам разумеючы фрустрацыйнасць[38] такога кроку:

«У часе вайны, калі грымяць гарматы і льецца навакол кроў, а адзіным прадстаўніком права зьяўляецца меч, можа выдавацца справай малаважнай займацца ўмовамі і пастановамі, хоць бы і з галіны міжнародных дачыненняў, але якія не страцілі сваю актуальнасць, значэньне і праўную сілу, дзякуючы зьменам, што прынясла вайна. Бо гэта, звычайна, ужо дакуманты, якім месца ў архіве і якія могуць быць у большай ці меншай меры цікавымі перадусім толькі для гісторыка. З нашага гледзішча гэткімі архіўнымі дакумантамі зьўляюцца розныя польска-бальшавіцкія дагаворы, аб'ектам якіх была тэрыторыя Беларусі і яе народа. І гэта з дзьвюх прычынаў:

І. Гэткія дагаворы былі зробленыя без нашага ўдзелу, накіненыя гвалтам і ўжо бадай таму мы ня можам прызнаць ім у дачыненьні да нас праўнае сілы. Практычна, зразумела, мы змушаныя былі мець іх на ўвазе, бо выкананьне іх гарантавала сіла, але па сваёй істоце яны былі разгляданыя намі заўсёды — як акты гвалту, і ніколі — як акты, у васнове якіх ляжала права».

Далей у выступленні М. Шкялёнак кажа пра чарговы розыгрыш беларускай карты палякамі і бальшавікамі, выступаючы супраць яго. Сваю пазіцыю ён базіруе на гістарычнай аргументацыі, сягаючы ў часы ВКЛ, даводзячы, што «гісторыя не дае ніякага абаснаваньня іхным прэтэнзіям да Беларусі». «Рыскі трактат 1921 г.» называецца ім «найвялікшым злачынствам бальшавіцкай Масквы ў дачыненьні да Беларусі». Пастанова аб уключэнні Заходняй Беларусі праз далучэнне да БССР таксама прызнаецца незаконнай, юрыдычна неабгрунтаванай.


Але гэта было ўжо напрыканцы Другой сусветнай вайны, калі вяртанне савецкай ўлады на Беларусь стала непазбежным і відавочным. А ў самым яе пачатку многія заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы (у прыватнасці Беларуская хрысціянская дэмакратыя і яе друкаваны орган «Кrуniса») падзеі савецкага аб'яднання расцанілі як гістарычную справядлівасць. Аднак неабходна пры гэтым заўважыць колькі прынцыповых і канцэптуальных момантаў:


1) ацэньваўся не юрыдычны, а перадусім палітычны (што, як паказана вышэй, адэкватна гісторыі палітычнай думкі) і этнічны аспекты (да таго ж, нагадаем, былі і контрвізіі беларускіх палітыкаў, якія ў справе дасягнення незалежнасці разлічвалі на дапамогу Германіі; тут варта дадаць, што на першым этапе Другой сусветнай вайны палітыка III Райха на акупаваных тэрыторыях значна адрознівалася ад дзеянняў у перыяд германа-савецкай вайны, да таго ж і задумкі Берліна стасоўна Беларусі спачатку для яе выглядалі параўнаўча авантажнымі і перспектыўнымі ў плане развіцця дзяржаўнасці);


2) генеза паняцця «гістарычная справядлівасць» у савецкіх і сучасных гісторыкаў узыходзіць да савецка-сталінскага палітычнага дыскурсу і да меркаванняў нацыянальных сіл Беларусі дачынення не мае.

Усё гэта разам азначае, што наша асэнсаванне падзей якасна не трансфармуецца.


Вераснёўскія наступствы пакта Молатава-Рыбентропа, прызнанага сусветнай супольнасцю злачынным, стасоўна Беларусі як гістарычнага краю многімі лічацца справядлівымі[39]. Такімі гісторыкамі амаль не звяртаецца ўвага на тое, што вераснёўская акцыя Савецкага Саюза супярэчыла падпісаным ім жа міжнародным дакументам, у тым ліку дэкларацыі аб ненападзе з Польшчай. Дый заключэнне самога пакта Молатава-Рыбентропа пярэчыла папярэднім савецка-польскім дамоўленасцям «не принимать участия ни в каких соглашениях, с агрессивной точки зрения явно враждебных другой стороне». Масква, аргументуючы сваю інтэрвенцыю тым, што Польшча ўжо не існуе, а яе ўрад не падае прыкмет жыцця, карысталася недастаткова правамоцнымі аргументамі для спынення савецка-польскіх дагавораў. Паводле міжнарожнага права, «государство продолжает существовать в смысле международного права даже тогда, когда оно временно не обладает центральной властью, поскольку оно представляемо не только своим центральным правительством, но и всеми его органами. …Даже захват противником всей его территории («debellation») сам по себе не прекращает существования побежденного государства…». Да таго ж СССР трапляў пад дэфініцыю агрэсара паводле Лонданскай канвенцыі 1933 г., якую сам жа падпісваў (больш таго: менавіта праект Савецкага Саюза быў пакладзены ў аснову вызначэння агрэсіі). Масквой парушаўся шэраг дакументаў.


Тады ўзнікаюць лагічныя пытанні, ці захавалася б справядлівасць, каб уз'яднанне Беларусі адбылося праз захоп міжваеннай Польскай Рэспублікай БССР? Ці, можа, захавалася б справядлівасць тады, калі б Сталін, просячы перадыху ў Гітлера (снежань 1941 г.), аддаў III Райху заходнюю частку сваёй імперыі, у тым ліку Беларусь? У апошнім выпадку наша краіна таксама была б «аб'яднанай» — у Lebensraum'e. Але Гітлер не пайшоў на такі крок. Нельга скідваць з рахунку, што ў III Райха адносна Беларусі напярэдадні яе акупацыі былі планы не толькі элімінацыі, але і стварэння «вольных ад Сталіна рэспублік», што, як справядліва заўважае Юры Туронак, мала чым адрознівалася ад саюзнага status quo з гледзішча нацыянальных інтарэсаў, папросту адбылася б «замена распараджальнага цэнтра — з Масквы на Берлін». Ці рэалізацыю тых планаў можна было б назваць аб'яднаннем? Справядлівасць гэткіх аб'яднанняў не ўкладваецца ў галаве. Менавіта на фоне гэтых пытанняў бачыцца абсурднасць той справядлівасці, адэптамі якой з'яўляюцца і сёння многія беларускія гісторыкі.


Трэба заўважыць, што «афіцыйная» гістарычная навука беларускай дзяржавы на дадзены момант месцамі ўсё ж трохі адыходзіць ад такой пазіцыі, кажучы ўжо наступнае: «Дзеянні савецкага кіраўніцтва калі нельга апраўдаць, то можна правільна зразумець, зыходзячы са склаўшайся рэальнай палітычнай сітуацыі» (курсіў наш. — А. Т.). Як паказваюць закітаваныя словы, аўтар ужо дапускае магчымасць неапраўдання дзеянняў савецкага кіраўніцтва. (Неапраўдання «гістарычнай справядлівасці»?!) Аднак, спрабуючы «выкруціцца», кажа пра разуменне палітычна-гістарычнай логікі тых дзеянняў («можна правільна разумець»!). А што, усе іншыя моманты гістарычнага працэсу можна разумець і няправільна? Ці можна правільна не разумець? Ці нельга правільна разумець? Думаецца, аўтар цытаты сафістычна заганяе сябе ў тупік квазінавуковых разважанняў, яўна завужаючы магчымасці выбару правядзення палітычнага курса кіраўніцтвам Савецкага Саюза і не ўлічваючы меркаванні стасоўна развіцця тых падзей аднаго з яго кіраўнікоў — Сталіна. Ех fontibus[40], вайна адкрывае перад СССР «широкое поле деятельности для развития мировой революции. <…> В интересах СССР — Родины трудящихся, чтобы война разразилась между Рейхом и капиталистическим блоком. Нужно сделать все, чтобы эта война длилась как можно дольше в целях изнурения двух сторон. Именно по этой причине мы должны согласиться на заключение пакта, предложенного Германией, и работать над тем, чтобы эта война, объявленная однажды, продлилась максимальное количество времени. <…> Что плохого было бы, если в результате разгрома Польши мы распространили социалистическую систему на новые территории и население». Сам Сталін добра разумеў значэнне «мірных» дагавораў, бо сам яшчэ ў 1925 г. успамінаў прэцэдэнты заключэння падобных у Новай гісторыі, напрыклад, паміж Германіяй ды Аўстрыяй, паміж Францыяй ды Расіяй, што прывяло да развязання Першай сусветнай вайны; апошні да таго ж меў і сакрэтны пратакол (!!!), паводле якога прадугледжвалася ваенная ўзаемадапамога супраць Германіі[41].


Яшчэ адным нібыта безумоўна важкім аргументам у спробе апраўдання ўзаемадачыненняў СССР з нацысцкай Германіяй з'яўляецца той факт, што апошняй ужо быў падрыхтаваны план «Белы» — напад на Польшчу, таму ў такой сітуацыі рашэнне Масквы ісці на шчыльны кантакт з ідэйным ворагам было прагматычным і адэкватным. Аднак хто сказаў, што Германія тады абавязкова б здзейсніла агрэсію? Пазней Берлін рыхтаваў аперацыю «Марскі леў» (напад на Англію), але ж не рэалізаваў яе, павярнуўшы вектар сваёй агрэсіі на ўсход. Як сцвярджаецца ў польскай гістарыяграфіі, ужо вядома, што Гітлер не распачаў бы вайны ў 1939 г., калі б англа-французска-савецкая кааліцыя склалася. Але сёння даказана, што Крэмль не імкнуўся да канструктыўнага выніку тых перамоў, бо яны патрэбны былі толькі каб паскорыць паразуменне Берліна з Масквой. Да ўсяго трэба ўспомніць міжваенныя меркаванні савецкага кіраўніцтва наконт заходняга суседа, у іх яўна дамінавалі матывы змены межаў тагачаснай Польскай Рэспублікі на карысць СССР. А Гітлеру пакт Молатава-Рыбентропа, як кажуць, «развязваў рукі».


Аргументы прыхільнікаў тэзы, паводле якой СССР, нягледзячы на дагавор аб дружбе з Германіяй, нельга лічыць яе саюзнікам, тым больш стасоўна падзелу Польскай Рэспублікі, разбіваюцца словамі Сталіна пра «дружбу, скрепленную кровью» (Телеграмма И. В. Сталина министру иностранных дел Германии г. Иоахиму фон Риббентропу. Правда, 1939, 25 дек.) і Молатава пра «общую» (Германіі і СССР) перамогу над Польшчай, дзеля чаго, як ён выславіўся, «оказалось достаточно короткого удара по Польше со стороны германской армии, а затем — Красной Армии, чтобы ничего не осталось от этого уродливого детища Версальского договора» (О внешней политике Советского Союза. Известия, 1939, 1 нояб.). Да таго ж яшчэ згадаем сумесныя германа-савецкія заявы (Правда, 1939, 29 сент.), цалкам вытрыманыя ў саюзніцкай рыторыцы. Як трапна заўважае на аснове дакументаў савецка-германскіх стасункаў расійскі даследчык Сяргей Случ, існавалі нават планы сумесных баявых дзеянняў у Польшчы; у тым дакуменце аўтарства Молатава казалася аб «непосредственной реализации намеченного плана» адносна захопу Польшчы[42]. Дый простае садзейнічанне баявым дзеянням Германіі было — з Мінска падаваліся радыёсігналы для дапамогі пры арыентацыі нямецкай авіяцыі ў ходзе атак на польскія аб'екты, існавала таксама дамоўленасць аб агульных дзеяннях супраць польскага супраціву. З гэтай мэтай у канцы 1939 г. у Закапаным (горад у нямецкай зоне акупацыі) быў створаны сумесны вучэбны цэнтр для падрыхтоўкі афіцэраў нямецкай і савецкай спецслужбаў (СД і НКВД) для барацьбы з польскім Супраціўленнем.


Зрэшты, нават без увагі на вышэйсказанае, няўжо так цяжка ўсвядоміць, што любая агрэсія, да таго ж з ярка выражанымі імперскімі амбіцыямі, не можа несці нейкае дабро як народнай масе (нацыянальнай у тым ліку), так і асобе ў прыватнасці.


Раней ужо згадвалася, што перад інкарпарацыяй зямель Польскай дзяржавы існавала задума стварэння трох «дзяржаўных» фарміраванняў у выглядзе савецкіх рэспублік: Польшчы, Заходняй Украіны ды Заходняй Беларусі. У такім выпадку савецкая польская рэспубліка стварыла б падставы для эвентуальнага аб'яднання яе з астатнімі польскімі тэрыторыямі, што траплялі пад германскую акупацыю. Задума падобная да меркавання аднаго з дзеячаў ІІІ Райха Арно Шыкеданца, які займаўся германскімі планамі на ўсходзе. Ён не выключаў, «што ў выпадку нямецка-польскага канфлікту Саветы пад выглядам узброенай дапамогі Польшчы зоймуць» заходнебеларускія і заходнеўкраінскія абшары, у выніку чаго «Германія страціла б, напэўна, найбольш абяцальныя перспектывы расчлянення Расіі, тады як адцягнуўшы ўвагу Саветаў на пэўны час ад сумежных дзяржаў, Германія атрымала б немалую карысць… Землі з беларускім і заходнеўкраінскім насельніцтвам мелі б неацэннае значэнне як асяродкі і базы для глыбокага расколу Расіі». Як бачым, Крэмль змяніў толькі матыў сваіх дзеянняў, але не сутнасць. Праз прызму працытаванага меркавання відавочна, што падзел міжваеннай Польскай Рэспублікі, які адбыўся, быў выгадны не столькі Германіі, колькі СССР[43]. Савецкі Саюз атрымаў стратэгічную ініцыятыву. Германія мусіла весці вайну супраць Англіі і Францыі, бо эвентуальнасць заключэння міру ўпіралася б у праблему, з якой вайна распачалася, гэта значыць у так званую справу польскую, што нельга было б вырашыць без удзелу Масквы. Як выказаўся І. Сталін, Гітлер, сам таго не разумеючы і не жадаючы, падрывае капіталістычную сістэму, мы ж можам манеўраваць, падштурхоўваючы адзін бок супраць другога, абы мацней пабіліся.


Крэмль выбраў іншы варыянт развіцця падзей, прапанаваўшы Рэйхстагу перагледзець дэмаркацыйную лінію, якая спярша даходзіла да самай Варшавы, каб, па словах Сталіна, не мець праблем з польскай аўтаноміяй. СССР прадставіў свае ваенныя дзеянні як дапамогу і вызваленне кроўных братоў у Заходніх Беларусі і Украіне, што, паводле ленінскай тэорыі, фармальна апраўдвала гэтыя дзеянні, бо яны нібыта не траплялі пад паняцце анексіі[44] але што не перашкодзіла СССР захапіць 51,4 % тэрыторыі Польскай Рэспублікі. Дарэчы, звернем увагу на выказванне Сталіна 17 красавіка 1940 г. з выступлення на нарадзе начальніцкага складу па абагульненні досведу баявых дзеянняў супраць Фінляндыі: «Война в Польше (курсіў наш. — А. Т.) это была военная прогулка»[45]. А таксама на яшчэ адно: «Мы с Германией (курсіў наш. - А. Т.) разделили Польшу… (Ці трэба нейкія большыя прызнанні ў канстатацыі status bеІІі[46]?! — А. Т.) Если есть лица виноватые, то мы тоже виноваты — не предвидели мы этого». I пасля гэтых слоў — фактычнага прызнання самога Сталіна — ці ж можна сцвярджаць, што «нельга таксама ставіць знак роўнасці паміж СССР і Германіяй як агрэсарамі»? Для Крамля ж насамрэч тыя падзеі братэрскім вызваленнем і аб'яднаннем падзеленай Беларусі (і Украіны) зусім не з'яўляліся. Як справядліва і трапна заўважае А. П. Салькоў, «воссоединение белорусского и украинского этносов в рамках национальных государств» з'явілася «побочным, хотя и необыкновенно важным результатом реализации советских геополитических целей». Пра такія адносіны савецкага кіраўніцтва да аб'яднання Беларусі сведчыць далучэнне Заходняй Беларусі з вялікімі зменамі адносна яе першапачатковага тэрытарыяльнага абазначэння, а таксама іншыя факты:


1) Савецкі Саюз захапіў тэрыторыі, якія ніколі не лічыліся Заходняй Беларуссю (Ломжыншчына) і дзе не дзейнічала КПЗБ (першапачаткова планавалася ўвогуле заняць землі амаль да Варшавы!). (У той жа час беларуска-ўкраінскі тэрытарыяльны падзел па Заходнім Палессі быў праведзены адпаведна з зонамі дзеяння КПЗБ і КПЗУ.) Самі бальшавікі пасля Рыжскага дагавора вызначалі этнаграфічную тэрыторыю Беларусі, якая апынулася пад Польшчай, у 98 815 км2 з 3,2 млн насельніцтва; беларусы Заходняй Беларусі ацэньвалі яе абшар у 107 000 км2; цікава, што савецкая акадэмічная навука кіравалася ўжо пасляваенным станам і дэкларавала тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 82 тысячы км2, аднак побач жа ўключала ў яе склад усе чатыры ваяводствы «крэсаў паўночна-ўсходніх», якія займалі нашмат большую плошчу; сённяшняя акадэмічная навука Беларусі ў склад Заходняй Беларусі не ўключае тэрыторыю на захад ад Беластока (так званы Ломжынскі рэгіён) і раён Каменя-Кашырскага. Нейкай трывалай канстанты стасоўна геаграфіі гэтай геапалітычнай назвы не было і дасюль няма. Пазіцыя, выкладзеная У. Міхнюком падаецца найбольш абгрунтаванай і аб'ектыўнай, аднак мае істотны недахоп: з поля зроку аўтара выпадае пазіцыя дзеячаў БНР адносна Рыжскага дагавора. Зрэшты ў любым выпадку Ломжыншчына не трапляе пад панятак Заходняй Беларусі;


2) да чарговага падпісання савецка-германскага дагавора, на гэты раз аб дружбе, не было нават канкрэтных планаў адносна долі Заходняй Беларусі і іншых зямель тагачаснай Польскай Рэспублікі, якія апынуліся занятымі вермахтам і Чырвонай Арміяй;


3) пры правядзенні і ўдакладненні дэмаркацыйнай савецка-германскай мяжы тэрыторыя, уключаная ў БССР, разглядалася па-ранейшаму як разменная ў кантэксце палітыкі еўрапейскага маштабу — пасол у Маскве Шуленбург прызнаваўся: «Господин Сталин лично говорил мне в то время, что он готов сделать уступки на севере пограничной линии, там, где она проходит через Белоруссию»;


4) Віленшчына, заходнебеларускасць якой у гульнях з беларусамі з 1923 па 1939 гг. не ставілася Масквою пад сумнеў, была ў якасці траянскага каня прэзентаваная Літве[47] (дарэчы, у стасунках СССР з Літвою двухаблічны Крэмль тым часам прызнаваў савецка-літоўскую мяжу, устаноўленую мірным дагаворам паміж Расіяй і Літвой у 1920 г., паводле чаго паўночна-заходняя частка Беларусі разам з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы і інш. адносіліся да Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі, гэта значыць, каб бальшавікі былі тут цалкам паслядоўнымі, яны павінны былі б аддаць нашмат большую частку Беларусі, адабранай у Польскай Рэспублікі; да таго ж паводле Рыжскага дагавора, пытанне пра прыналежнасць спрэчных паміж Польшчай і Літвой тэрыторый падлягала вырашэнню выключна паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, г. зн. Масква не мела да таго пытання ніякага дачынення);


5) Л. Кагановіч, не тоячы намераў СССР, казаў, што адной з першачарговых задач Крамля было «прибрать к рукам» дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Германіяй да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза (успомнім і вышэй прыведзеныя словы Сталіна пра распаўсюджванне сацыялістычнай сістэмы на новыя тэрыторыі і насельніцтва). Тым больш, што калі б савецкі бок сапраўды кіраваўся тым, што Рыжскі мірны дагавор несправядлівы, дык аўтаматычна рэанімаваў бы лінію Керзана — этнаграфічную польска-беларускую мяжу, устаноўленую незадоўга да Рыгі міжнароднай палітычнай супольнасцю, што ў такім выпадку з'яўлялася б вельмі карэктным (тое, што да лініі Керзана ўсё ж вярнуліся пры вырашэнні пасляваенных межаў ва Усходняй Еўропе, у пэўнай меры пацвярджае нашу думку[48]). Аднак на першым месцы тут знаходзілася ленінска-сталінская дактрына распаўсюджвання рэвалюцыі. Бальшавіцкая Расія разам з фашысцкай Германіяй у 1939 г. зрабіла тое самае, што здзейсніла яна ў 1921 г. у «дыялектычным» (адзінства і барацьба супрацьлегласцей) хаўрусе з адроджанай польскай дзяржавай, а менавіта — падзяліла землі суседа[49](тым больш, што незадоўга да «чацвёртага[50] падзелу Рэчы Паспалітай» яе кіруючыя колы самі стварылі падобны прэцэдэнт, пайшоўшы фактычна (у юрыдычным сэнсе гэта нідзе не замацавана) на хаўрусніцтва з той жа нацысцкай Германіяй стасоўна лёсу Чэхаславакіі[51]). Аднак калі ў 1921 г. заключаўся мірны дагавор, дык у 1939 г. распачыналася Другая сусветная вайна. Скажыце, што лепш для людзей, мір ці вайна? На Беларусі дагэтуль існуе падставовы крытэрый жыцця — «абы вайны не было»[52].


6) сёння ўжо вядома, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны меркавалася стварыць польскую адміністрацыйную адзінку, да якой эвентуальна маглі б быць далучаны захопленыя Германіяй землі Польскай Рэспублікі (з гэтай мэтай нават пачалася падрыхтоўка да стварэння польскіх «чырвоных легіёнаў»), — такім чынам, ізноў Беларусь разглядалася як аб'ект палітычных маніпуляцый, як сродак чарговай савецкай стратэгічнай кампаніі.


Разам з тым, аб'яднанне Беларусі, хоць і з'яўлялася, можна сказаць, ускосным ці другасным вынікам у кантэксце міжнародных падзей, усё ж было імі дэтэрмінавана. Як ужо было згадана вышэй, кансалідацыя беларускага народа, нацыянальная ідэя эвалюцыянавала насуперак, а часам нават дзякуючы падзелу краіны. Але гэтая кансалідацыя была абумоўлена не столькі высілкамі саміх беларусаў, колькі знешнепалітычнай імперскай сілай. Таму злучэнне дзвюх частак аднаго народа не ёсць плёнам іманентнай[53] нацыянальнай эвалюцыі (хоць і гэты фактар тут адыграў сваю ролю, падрыхтаваўшы адпаведную глебу, па-марксістку кажучы, базіс), а абумоўленае логікай працэсу гісторыі. Вынікі Першай сусветнай вайны (версальска-вашынгтонская сістэма), былі відавочна няўстойлівымі, і многія дзяржавы (у першую чаргу Германія ды СССР) імкнуліся да перабудовы свету паводле сваіх геапалітычных меркаванняў. Аднак імі не былі адэкватна засвоены ўрокі 1914–1918 гг., галоўны з якіх засведчыў, што сусветная вайна бурыць імперыі, а не мацуе. Таму дзяржаватворчы працэс Беларусі, перапынены ў міжваенны перыяд, заканамерна меў працяг падчас чарговай глабальнай вайны (трэба заўважыць, што акрамя нацыянальнай кансалідацыі Беларуская Рэспубліка стала адной з заснавальніц ААН), а вынікам «халоднага» капіталістычна-сацыялістычнага супрацьстаяння, названага трэцяй сусветнай вайной, з'явілася ўтварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь.


Еrgо[54]: для Беларусі аб'яднанне 1939 г. з'яўляецца цалкам адэкватным дыялектыцы гісторыі. Таму можна адказаць на запытальныя словы Ю. Туронка — «ці ў выніку ўсіх міжваенных і пасьляваенных выпрабаваньняў існавала б сёньня беларуская нацыя, калі б не адбылося яе ўзьяднаньне, калі б Заходняя Беларусь працягвала заставацца ў межах Польшчы?» — наступнае: згодна з дыялектыкай гісторыі, Беларусь павінна была аб'яднацца, а вось акалічнасці гэтага аб'яднання склаліся такія, што з гэтага самі беларусы пацярпелі больш, чым які іншы народ Еўропы ў Другой сусветнай вайне. І яшчэ: аб'яднанне адбылося, бо адбылося раз'яднанне ў 1921 г. Гісторыя толькі ўстанавіла status quo сваіх законаў. І ў абодвух выпадках (і ў 1921, і ў 1939 гг.) да падзей наўпрост спрычыніўся савецка-расійскі імперыялізм, спярша ў хаўрусе з тагачаснай Польскай Рэспублікай, затым — з III Райхам.


Дарэчна таксама будзе згадаць, што 17 верасня 1939 г. з'яўляецца толькі датай вызвалення, паводле савецкай тэрміналогіі, але ні ў якім разе не аб'яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць «крэсы паўночна-ўсходнія» ў адной рэспубліцы. De iure паварот да варыянта, праз які Беларусь урэшце аб'ядналася, пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Германіяй быў падпісаны чарговы дагавор аб дружбе і мяжы, які прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай, пакуль тады яшчэ суверэннай, дзяржавы. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю аб далучэнні яе да БССР. 2 лістапада 1939 г. Крэмль афіцыйна задаволіў тую «просьбу», што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубліраваў Вярхоўны Савет БССР. Нелігітымнасць, недэмакратычнасць таго сходу, пра што сведчаць многія сёння лёгка даступныя матэрыялы[55], як і потым выбары у саветы розных ўзроўняў, выклікаюць сумненні сёння хіба адно ў тых беларускіх гісторыкаў, што засталіся ў палоне савецкіх ідэалагічных установак. Дзіўна слухаць такіх навукоўцаў, якія з аднаго боку сцвярджаюць пра мала ні 100-адсоткавую актыўнасць электарату, а з іншага (жадаючы паказаць катастрафічна нізкі ўзровень адукацыі «заходнікаў») — кажуць (у дадзеным выпадку цалкам слушна), што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70 % (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмеюць? Адказ навідавоку: іх рукою ўпэўнена вадзіла ўлада.


У свой час У. Ленін таму і задумваў палітыку ліквідацыі непісьменнасці, бо разумеў, што іначай масы не ахапіць бальшавіцкім уплывам і тым больш не дабіцца татальнай падтрымкі. Але ён жа і папярэджваў, што «скачками здесь завоевать можно меньше всего, особенно среди масс, стоящих на низком культурном уровне», «мы ни в коем случае не должны спешно нести коммунистические идеи напрямую в деревню», «поспешность и размашистость наиболее вредны». Такім чынам, нават логіка савецкага правадыра абвяргае магчымасць створаных на паперы паказчыкаў падтрымкі савецкай улады на выбарах у Заходняй Беларусі. Відавочнасць гэтага пачынаюць ужо прызнаваць і некаторыя афіцыёзныя гісторыкі Беларусі. Адзначаецца, напрыклад, што каля 400 тысяч чалавек выказаліся супраць дэпутатаў або не прынялі ўдзел у галасаванні ў Народны сход. Але само па сабе выказванне супраць або няўдзел у галасаванні не становіцца сведчаннем адсутнасці дэмакратыі. Можа варта, сказаўшы «А», мовіць і «Б» — прызнаць адсутнасць дэмакратыі на тых савецкіх выбарах?


Карацей кажучы, фармальна аб'яднанне Беларусі адбылося лічы праз два месяцы пасля «вызвалення», post actum[56]. А фактычна sic![57] яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо праз старую мяжу не зрабілі вольнага перамяшчэння. «На старой границе имелись свои погранотряды. Это была большая сила». Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу адно пры германскай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан з жорсткім кантролем той мяжы. Летам 1941 г., ужо пасля нападу Германіі на СССР, мясцовае насельніцтва, якое рушыла на ўцёкі, не прапускалася савецкімі памежнікамі! Нельга стрымацца, каб не працытаваць у гэтай сувязі дзённік аднаго габрэя, які, відаць, разумеючы эвентуальнасць развіцця падзей стасоўна сваёй долі, пісаў: «Как велико было горе тех, кто все же достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу. Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропусков нигде нельзя было получить — в воскресенье все учрежденья были закрыты, а в понедельник всюду уже была суматоха, — то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно. Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска…» І яшчэ адно сведчанне: «Пока была Советская власть, Западная Беларусь была изолирована от всего мира. Даже граница между Восточной и Западной Белоруссией была закрыта и местным жителям запрещалось пересекать ее. <…> Только после захвата Белоруссии немцы открыли границы и мы могли навестить родственников — как на востоке, так и на западе». Ад такой інфармацыі ствараецца ўражанне, што былая савецка-польская мяжа ахоўвалася нашмат больш пільна за «першымі Саветамі», чым да іх прыходу, калі яна перасякалася адносна немалой (як для мяжы паміж дзяржавамі-антаганістамі) колькасцю цікаўных паглядзець на «светлую будучыню», якая нерэдка абарочвалася для іх турмой ці нечым яшчэ горшым. (NВ, ахоўвалі былую мяжу, калі верыць крыніцам, менавіта памежныя войскі. Дык хто ж нас, беларусаў, насамрэч аб'яднаў пасля Рыгі?!)


Цікава прасачыць рэакцыю насельніцтва на вераснёўскія падзеі 1939 г. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, беларусы чакалі перамен да лепшага і чырвонаармейцаў называлі не інакш як «нашымі». Бадай, толькі польская частка насельніцтва была па азначэнні настроена варожа да савецкай улады, што праяўлялася як у актыўным супраціве (падпольная барацьба), так і ў пасіўным (так званая ўнутраная эміграцыя). Але ў хуткім часе і беларусы разгледзелі сутнасць вызваліцеляў і бальшавікі ў іх вуснах не без іроніі трансфармаваліся ў «башлыкоў»[58]. Дый пасляваеннае перасяленне беларусаў у Беларусь (ізноў перадзеленую бальшавікамі), а палякаў у Польшчу паказала сапраўдныя адносіны насельніцтва да савецкай улады. Яе ўжо не прызнавалі сваёй, хоць да 1939 г. многія і чакалі Саветаў. Пры магчымасці сяляне імкнуліся застацца па заходні бок мяжы, нягледзячы, што і там існавалі праблемы экзістэнцыйнага характару (напрыклад, нацыянальная нецярпімасць, бандытызм). І наадварот, значная частка кансерватыўных па ладзе жыцця сялян, якія лічыліся палякамі і апынуліся на тэрыторыі, што далучалася да БССР, старалася ўцячы ад калгасаў, непамерных падаткаў, хамскай улады, што неслі нэндзу, паўсядзённы неспакой ды рэпрэсіі.


Такім чынам, ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Акт 17 верасня — 14 лістапада 1939 г. неабходна прызнаць фармальна аб'яднаўчым для Беларусі (калі не браць пад увагу беларускія этнаграфічныя ўскрайкі на поўначы і на ўсходзе). Таму варта скарэктаваць канатацыю[59] дэфініцыі[60] «аб'яднанне», што паводле савецкай інтэрпрэтацыі атрымала безапеляцыйна станоўчую афарбоўку.

Па-першае, аб'яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў ІІІ Рыма і ІІІ Райха.

Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя, хто аб'ядноўваўся: іх аб'ядналі, не пытаючыся, і толькі потым post factum правялі інсцэніроўку «Народнага» схода.

Як і ў 1921 г. пры падзеле Беларусі, яе прадстаўнікі былі не проста праігнараваныя пры рэалізацыі нібыта аб'яднаўчага працэсу (а насамрэч каланіяльнага захопу) — яны нават не ведалі пра яго падрыхтоўку і маглі толькі меркаваць пра далейшае развіццё лёсу Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 г., бо ў Крамля было некалькі варыянтаў (многія інтэлектуалы-«заходнікі», хто б мог стацца тымі прадстаўнікамі, неўзабаве апынуліся за кратамі, а нацыянальная эліта ўсходняй часткі Беларусі практычна ўжо была элімінавана бальшавікамі). Такім чынам, акт, здзейснены кіраўніцтвам Савецкага Саюза ў 1939 г., па форме можна маркіраваць тэрмінам «аб'яднанне», аднак нельга забываць пра яго зместавую напоўненасць: інтэграцыя адбылася шляхам далучэння заходняй часткі беларускіх зямель, аншлюсам на капыл «перад- і ваколмюнхенскіх» дзеянняў фашысцкай Нямеччыны 1937–1938 гг. Думаецца, што менавіта выкарыстанне ў дадзеным выпадку тэрміна «далучэнне» дазваляе канкрэтызаваць гістарычную сутнасць гэтай шматграннай і неадназначнай падзеі як для беларускага народа, так і яго суседзяў. 17 верасня яшчэ не было аб'яднання. Яно такім сталася праз шэраг самых розных падзей, разгорнутых у часе.


Дарэчна будзе давесці, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі, кажучы пра «насильницькі методи» «приэднання західноі частини украінських земель до Великоі Украіни в рамках Радянського Союзу», пры гэтым слушна заўважаюць, што аб'яднанне «було найважливішим кроком у формуванні украінськоі соборності». «Однак ця подія, — цытуем іншага ўкраінскага гісторыка, — принесла украінцям не менші страждання, ніж полякам». Карэктна бачыць такое ж (і нават большае) значэнне тых падзей і для распалавіненай перад 1939 г. Беларусі. Яе тагачасная драма заключалася яшчэ і ў тым, што на далучанай частцы адразу пачалася рэалізацыя сцэнара, апрабаванага амаль за два дзясяткі гадоў у БССР. Канечне, са сваёй спецыфікай, самай галоўнай рысай якой з'яўлялася аператыўнасць, а вынік тоесны — саветызацыя і русіфікацыя.


Прызнаючы аб'яднаўчы для Беларусі момант у падзеях 1939 г., недапушчальна казаць пра «вызваленне Чырвонай Арміяй» і тым больш пра нейкую справядлівасць таго акта, тым самым прызнаючы справядлівасць агрэсіі. Падзеі 1939 г. былі справядлівымі гэтак жа, як і дзяльба Беларусі ў 1918–1921 гг. І падзеі 1939 г. не дадалі ў гісторыі справядлівасці, бо зло нельга выкараніць злом. Ад гэтага яго толькі пабольшае. А наданне тым і іншым сацыльна-палітычным з'явам ацэнак (што так любяць рабіць многія даследчыкі-грамадазнаўцы) павінна быць адэкватным сістэме каштоўнасцей сучаснай цывілізацыі і імкнуцца не трапляць у цянёты кан'юнктуры і залежнасці ад палітычных сілаў ці асабістых перакананняў даследчыка. Расійскім філосафам Аляксандрам Дзьякавым заўважана, што «науки о человеке, какими мы их знаем сегодня, постарались «забыть» о своем происхождении. <…> Гуманитарные науки «забывают» о том, что в их основании лежит рационалистическая метафизика субъекта» (курсіў наш. — А. Т.), якім з'яўляецца менавіта чалавек, homo. Англійскі мысляр Н. Дэвіс заўважыў, што гісторыкі расказваюць «абстрактную» гісторыю — мінулае дзяржаў, народаў, у якой мала месца індывіду. Перафразаваўшы вядомы выраз палітычнай культуры сацыялізму, ён стварыў свой тэзіс, які лаканічна і ясна выказвае сутнасць жаданага падыходу да гістарычных канструкцый: «historia z ludzka twarza».


Канечне, з гледзішча метадалогіі гістарычных даследаванняў у дадзеным выпадку мы маем спрэчку прынцыпаў: з аднаго боку нацыянальнага ды, калі можна так сказаць, антрапацэнтрысцкага ў іх спалучэнні, а з іншага — класавага (пра апошні гл. вышэй хаця б меркаванні Леніна адносна паняцця анексіі). І стасоўна кожнага з іх знойдзецца важкая аргументацыя (класавасць жа таксама прадугледжвала прагрэсіўнасць дзеянняў у імя вышэйшай мэты — устанаўлення камуністычнага ладу па ўсёй зямлі, і толькі потым нацыянальныя інтарэсы, якія ўрэшце павінны былі б нівелявацца). Аднак тэорыі цягам развіцця чалавецтва трансфармуюцца, змяняюцца. А такая мера ўсіх рэчаў як чалавек — застаецца спрадвеку. Практыка ж паказала, што «сацыялістычная/камуністычная праўда» зусім ігнаравала чалавека, асобу (як вобразна мовіў рупар рэвалюцыі У. Маякоўскі, «единица — ноль»), а значыць, не з'яўлялася гуманнай — у адрозненне ад дэмакратызаваных нацыянальных ідэй. Нацыянальных элементаў не пазбегнуў, дарэчы, і сталінскі таталітарны імперыялізм, урэшце сінтэзаваўшы сацыяльную ідэю «светлай будучыні» з велікарасійскім шавінізмам (маўляў, народы «сплотила навеки великая Русь», як пазней канстатавалася ў савецкім гімне): «Вещь неслыханная, невозможная вчера: в СССР «родина» объявлена священным словом. Родина склоняется во всех падежах, комсомольцы учатся патриотизму по классическим прописям: то есть, прежде всего, национальной гордости. <…> И враги — это даже не мировая буржуазия, а конкретно: Япония, Германия. Нельзя думать, что все это пишется и говорится по заказу. Естественнее предполагать, что власть только открыла шлюзы, долго сдерживающие поток бурной национальной стихии».


Аўтар гэтай работы змог не толькі абгрунтаваць правамоцнасць аб'яднання Беларусі ў 1939 г., але і зірнуць на падзею адрозна ад заідэлагізаваных сучасных даследчыкаў (асабліва на Беларусі. Да таго ж не трэба забываць, што, паводле Ж.-М… Дамэнака, «гісторыя… гэта перадусім спосаб, згодна зь якім культура трактуе прошлыя падзеі, каб на гэтай падставе аналізаваць сваю цяпершчыну і плянаваць будучыню», таму і асэнсаванне палітычных працэсаў на і вакол Беларусі наўпрост выяўляе культуру аўтараў, іх адносіны да норм міжнароднага права, да права народа на нацыянальнае самавызначэнне, да гісторыі беларускай дзяржаўнасці, да таго, на якія ж гістарычныя ідэалы варта арыентавацца нацыі ў сваім развіцці, еtс.


Ne quid falsi audeat, ne quid veri non audeat historia![61]

Загрузка...