Уступ

Многія пытанні станаўлення беларускай дзяржаўнасці па-ранейшаму не знаходзяць адказаў, або тыя адказы гучаць вельмі няпэўна. Таму гэтыя пытанні, нягледзячы на гурбы спісанай паперы, застаюцца адкрытымі. Цікава, што найбольш увагі па гэтай тэме заўсёды ўдзялялася аспекту, вынесенаму намі ў загаловак. Цалкам лагічна, што навукоўцы адмыслова абіралі для грунтоўных даследаванняў «крамлёўскі ракурс», бо менавіта меркаванні бальшавіцкіх палітыкаў з'яўляліся лёсавызначальнымі для Беларусі. І тым не менш менавіта гэты аспект у гістарыяграфіі застаецца найбольш полівалентным[1].


Якімі ж яны былі, тыя меркаванні — і сапраўдныя, і дэкларатыўныя? Якой была іх рэалізацыя? Вось пытанні, на якія гістарычная навука пакуль не дае пэўнага адказу. З гэтага грамадства мае дамінаванне міфа пра ленінска-сталінскую дапамогу ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. А за мяжой калі і былі антытэзы, то

1) не ў патрэбнай колькасці (што важна як для міфастварэння, так і для разбурэння міфаў),

2) яны фактычна знаходзіліся пад забаронай у «сацыялістычным лагеры» і таму заставаліся там невядомымі.

Дэмантаж посткастрычніцкага эксперыменту спарадзіў плюралістычную атмасферу ва Усходняй Еўропе, у тым ліку ў гуманітарных дысцыплінах. Аднак афіцыйная беларуская навука, якая мусіла быць флагманам у даследаванні дзяржаўнасці сваёй краіны, практычна засталася ў палоне савецкай гістарыяграфічнай традыцыі. Новым жа даследаванням пакуль не хапае грунтоўнасці. Разам з тым, у навуковы зварот, нават у беларускім гістарыяграфічным дыскурсе, ужо ўведзена столькі матэрыялу, што даць канкрэтнае абазначэнне пазіцый расійскіх бальшавікоў і абгрунтаваць дэтэрмінізм[2] тых пазіцый цалкам магчыма. Гэта і робіцца ў рэпрэзентуемым даследаванні, якое, тым не менш, ні ў якім разе не канцуе праблему. Наадварот яго трэба расцэньваць як прапанову да больш шырокага і актыўнага асэнсавання праблемы.


Гэты нарыс фактычна з'яўляецца гістарыяграфічным. Аднак ён не мае на мэце ахапіць усё тое, што ўжо напрацавана гістарычнай навукай. Найперш акцэнтаваліся тыя кантэксты, што адпавядалі зададзенай тэме. З гэтага па-за належнай увагай застаўся шэраг высакаякасных даследаванняў (напрыклад, В. Круталевіча, С. Рудовіча).


Важна было б даследаваць паасобку і адносіны да беларускай дзяржаўнасці іншых суб'ектаў міжнароднай палітыкі. Бо пра іх як у навукоўцаў, так і ў грамадства ўяўленне часта досыць ўтрыраванае. Але спачатку неабходна як мага больш поўна праясніць ролю Масквы ў станаўленні і развіцці дзяржаўнасці на Беларусі ў першай палове XX ст. як найбольш важкую, так і найбольш скажоную. І хаця шматлікія матэрыялы гэтай гісторыі ляжаць, здавалася б, навідавоку, многія даследчыкі ўпарта не жадаюць імі карыстацца. А колькі яшчэ дакументаў марнее ў архівах (перадусім расійскіх) і чакае сваіх аналітыкаў, можна толькі здагадвацца.


Калі вынікі рэпрэзентацыі гэтых навуковых пошукаў выклічуць дадатковую ўвагу да тэмы і хоць трохі актывізуюць працу ў дадзеным накірунку, то аўтар палічыць задачу-мінімум выкананай. З удзячнасцю прыму крытыку і ўдакладненні, бо складанасць задачы, канечне, не магла не абумовіць пэўных памылак і хібаў. Тым больш, што гэта фактычна толькі пачатак распрацоўкі тэмы, якая ў будучым павінна перарасці ў фундаментальнае даследаванне.


Загадзя дзякую чытачу за ўвагу да маёй сціплай манаграфіі.

Загрузка...