Мастак дабіраўся на спадарожнай машыне, але мусіў пакінуць яе, падзякаваў шафёру — той паехаў у іншы бок — і зноў апынуўся ў бязлюдным месцы. Сутонела. Ён доўга стаяў на дарозе ля драўлянага шчыта — хаваўся ад ветру, пакуль яго не падабраў аўтобус.
У аўтобусе ехалі вясельнікі. Пасля таго, як шлюб быў зарэгістраваны ў сельсавеце, маладыя накіроўваліся ў вёску, дзе жылі бацькі нявесты і дзе іх даўно чакала застолле.
Наперадзе, справа ад вадзіцеля, сядзеў жаніх. Таўсматы, з нізкім пад цёмным чубком, лобікам, брывасты і з платаядным шырокім ротам, ён амаль не прымаў удзелу ва ўсеагульным гармідары, трымаўся паважна, нібы Буда. Побач з ім уладкаваліся сябры, сваякі, знаёмыя. Ззаду чуўся дзявочы віск, смех, успыхвалі песні — там сядзела нявеста. Гэта была звычайная дзяўчына з круглым, крыху кірпатым тварам, які прыхарошвалі шэрыя вочы. Яна часта ўсміхалася, і тады на пярэднім зубе цьмяна бліскала залатая каронка.
Каб дарога не была сумная, усе пасажыры акрамя маладых паспелі прысмактацца з бутэлек і весяліліся, як хто мог. Мужчыны ўключылі магнітафон, і заліхвацкая песня грымнула моцнымі маладымі галасамі: «Мой адрес не дом и не улица — мой адрес Советский Союз…» Сват, каржакаваты дзядзька гадоў трыццаці пяці, з ручніком праз плячо, ускочыў і хацеў нават станцаваць, але пахіснуўся і пад агульны рогат упаў на сядзенне. Усіх хістала і трэсла на палявой дарозе.
За вокнамі ў святле фар цягнулася ўвесь час адно і тое ж: кустоўе вербалозу абапал дарогі, часам пабеленыя бетонныя слупкі ці пні абы-як спілаваных дрэў — па нечым вар’яцкім загадзе паўсюдна нішчылі прысады.
Раптам праз гудзенне рухавіка, шолах шын, музыку і шумную гамонку ў аўтобус прасачыўся яшчэ адзін гук. Спачатку ледзь чутны, ён спакваля мацнеў, узнімаўся ўсё вышэй і прымусіў усіх прыслухацца.
Уладальнік магнітафона выключыў музыку.
— Што за канцэрт і хто спявае?
Шафёр, малады прышчаваты дзяцюк, якога ўсе звалі Пеця, спыніў аўтобус, але фары не выключыў, і ўсе ўбачылі, як на драўляным мастку бліснулі ім насустрач два агеньчыкі — вочы, а ў вушы выразна ўварвалася працяглае, ніколі раней не чутае жудаснае выццё.
— Сабака сядзіць і вые, — сказаў Пеця.
— Чаму, навошта, што здарылася? — пыталіся ззаду дзяўчаты і выцягвалі шыі.
Потым усе сцішыліся, і запанавала маўчанне, у якім існаваў толькі адзін працяглы жудасны гук.
— Калі на дарозе так завылі — не да дабра!
— І праўда, нядобра!
— А тут вяселле — дрэнная ж прыкмета!
Сват устаў са свайго месца.
— Ціха, — сказаў ён, — чым забабоны разводзіць, пайшлі паглядзім, што там.
Пеця адчыніў дзверы, і мужчыны падаліся наперад. Мастак выйшаў разам з усімі. Вылезлі і дзяўчаты, а за імі і жаніх з нявестай.
— Глядзіце ўсе сюды, — сказаў сват. — Сабака зачапіўся ланцугом. А то ўжо прымхі розныя збіраеце!
— Іш, небарака.
Пеця апынуўся бліжэй за ўсіх да жывёлы і пацягнуўся да ланцуга. Ён быў спрытны, і да таго ж свабодная частка ланцуга была з які метр–паўтара, — толькі таму ён паспеў адскочыць, бо Луп моўчкі кінуўся на яго.
— Цьфу ты, чорт!
— Бач, колькі злосці.
— Ну і стварэнне!
— А чаму ён не брэша?
— Шалёны, пэўна.
Пакрысе перад мастком сабралася ўсё вяселле. Да Лупа падыходзіць ніхто, аднак жа, не адважваўся.
— Калі шалёны, то чаму на ланцугу?
— Сарваўся і бегае.
— Прыстрэліць трэба!
— Чым жа яго прыстрэліш?
Мастак падышоў бліжэй і спыніўся разгублены. Але ж бывае, што і бык лятае. Перад ім, несумненна, быў той самы воўк, якога, ён бачыў, раніцой прадавалі на рынку. Тая ж вялікая, лабатая галава, падгалісты жывот, нават ланцуг з аброжкам тыя ж. Мастак меў добрую зрокавую памяць і не мог памыліцца. Але як апынуўся воўк тут і ў гэты час? Збіралі ж грошы на рынку, каб выкупіць жывёлу, і ён таксама даў, але цяжка зразумець, чаму ўсё скончылася тут, на мастку праз канаву. Хаця можна і здагадацца: выпусцілі на дарозе, а ланцуг не знялі — вось і вынік. Эх, каб спытаць жывёлу. Але ж гэта немагчыма. Мастак нават успомніў, што мянушка ваўка — Луп, і хацеў паклікаць яго, але мусіў спыніцца. Невядома, як стане паводзіць сябе вяселле, калі даведаецца праўду.
— І я кажу, шалёны, — пачулася з гурту.
— А як праехаць? Ён жа замінае.
— Што ён — перашкода?
— Мне нешта ніякавата, — сказала нявеста і дадала няўпэўнена: — Па-мойму, гэта воўк. Я ў дзяцінстве бачыла забітага. Бацька прывёз аднойчы.
Жаніх засмяяўся.
— Ці ж ваўкі на ланцугах бегаюць?
Нявеста пацепнула плячыма і сказала:
— Вусцішна нешта. Пайду ў машыну.
— Чаго мы стаім? — спыталі з гурту.
— Паехалі. Нас чакаюць.
— А ён? Мост жа вузкі.
— А ты адчапі паспрабуй!
— Спазняемся, паехалі!
Мастак асцярожна заўважыў:
— Не трэба з пляча сячы — жывое ўсё-такі.
— Ідзі і вызваляй!
— Пакусае, унь які злосны! І маўчыць увесь час, а такія знянацку і кусаюць.
Пеця зачапіў нагой каменьчык і шпульнуў у жывёлу.
— Праз яго не паеду.
— Сітуацыя.
— Не да дабра гэта.
— Каркаеш абы-што!
— Вып’ем пакуль.
— Дай і мне.
Нехта нахіліўся долу, і зноў каменьчык паляцеў у жывёлу. Луп кінуўся, і ланцуг зноў не пусціў яго.
— Эйш, не спадабалася!
— Сарвецца — дык каго-небудзь добра абдзярэ.
— Чаго на яго глядзець, вунь камення колькі!
— Зброя пралетарыяту!
— Ану дай!
Убаку ад мастка сапраўды ўзвышалася куча камення: дробнага і вялікага — усё, што вясной пазбіралі з палеткаў. Да камення пасунуліся некаторыя з хлопцаў.
— Патраплю ці не?
— Г-э-х-х!
— Замятаўся, як Марка па пеклу!
— Бі!
Мастак стаў на масток.
— Досыць, хлопцы! Не ганьбіце сябе!
— Шалёны ж!
— Канчай яго!
— Не трэба, — сказаў няўпэўнена жаніх. — Як-небудзь аб’едзем.
— Праскачу, — падтрымаў яго ўжо і Пеця.
— Будзьце людзьмі, — сказаў Мастак.
— А мы што, не людзі?
Мастак адразу зразумеў, што зрабіў памылку. Пэўна, ва ўсякім зборышчы малазнаёмых людзей трапляюцца істэрычныя і злосныя. І вяселле не абышлося без такіх. Той, хто выкрыкнуў яму пра людзей, быў даволі высокі, але вузкаплечы хлопец гадоў дваццаці. Сальныя пасмы спаўзалі на яго вузкі лоб, вочы ён адводзіў, а рот быў шырокі, як у ментуза.
Мастак прамаўчаў.
— Сеў на халяву і камандуе! — выкрыкнуў зноў велікароты. Ён кінуўся да кучы, дзе выхапіў важкі камень.
— Я яго!
Ён не трапіў у Лупа, але цяпер нібы прарвалася нябачная плаціна, і каменне паляцела з усіх бакоў. Азартна, з віскам, кідалі і дзяўчаты.
Мастак схапіў велікаротага за рукі.
— Спыніся! Крыві захацеў?
Той істэрычна завішчаў, вырываючыся. Некалькі рук ухапілі Мастака за штармоўку, адцягнулі ўбок.
— Адпусціце, дурні! Звар’яцелі, ці што?
— Трымайце яго! — вішчаў велікароты. — Трымайце, а то я за сябе не адказваю!
Луп кідаўся на ланцугу, і дыханне яго з хрыпам вырывалася з горла. Адзін камень трапіў убок, другі — у грудзі, трэці — у спіну. Ён не ведаў, чаму людзі напалі на яго з такой варожасцю. І зноў на нейкае кароткае імгненне яго ахапіла пачуццё адзіноты і вялікай тугі, як і тады, калі ён ляжаў збіты аўчаркай і Рэкс рыхтаваўся перагрызці яму горла.
Камень перабіў яму пярэднюю лапу, другі трапіў у галаву, і пацэліць у яго стала зусім лёгка.
Мастак вырываўся, але яго трымалі моцна. Ён бачыў, як велікароты збегаў да аўтобуса і выскачыў адтуль з рыдлёўкай. У баку раўнадушна назіраў за ўсім сват і раз-пораз, як астраном, задзіраў галаву і падносіў да рота бутэльку. Велікароты адпіхнуў аднаго, другога, прарваўся праз гурт і з размаху секануў рыдлёўкай. Праз хвіліну ўсё было скончана. Не гледзячы адзін на другога, усе пацягнуліся да аўтобуса. Засталіся велікароты і шафёр Пеця. Мастака адпусцілі.
— Трэба ехаць, — вінавата сказаў яму Пеця.
— З вамі не па дарозе.
— Я ж не хацеў, казаў, што не варта.
— І як цяпер у вочы будзеце адзін аднаму глядзець?
— Палайцеся, і паедзем!
— Праз яго? — спытаў Мастак і кіўнуў на Лупа.
З машыны засігналілі, замігалі фарамі, а потым святло пагасла.
— Адцягнем убок, — згадзіўся Пеця. — У мяне ліхтарык ёсць, зараз запалю.
Велікароты не адыходзіў, прыслухоўваўся.
— Не ў канаву ж яго, — сказаў Мастак. — Закапаць трэба. Жорсткасць якая нялюдская. Гады вы!
— Дык мы яшчэ і гады! — зноў узвіўся велікароты. — Чуеце, мужыкі? — крыкнуў ён.
Тыя, хто яшчэ не паспеў залезці ў аўтобус, спыніліся.
Луп ляжаў на баку. Ён быў яшчэ жывы, калі мужчыны асвяцілі яго ліхтарыкам. Мастак расшпіліў тугі аброжак, такі тугі, што поўсць на шыі была выцертая да скуры, і зняў яго. Разам з ім упаў і ланцуг. І Луп, правальваючыся ў бездань, праз боль, які выцякаў з яго разам з жыццём, усё-такі краем падсвядомасці адчуў, як ланцуг упаў з яго, і падзівіўся таму, што воля і смерць прыйшлі адначасова.
Мастак распраміўся і зрабіў крок да велікаротага.
— Пагляджу на цябе. Можа, дзе сустрэнемся!
Нехта кінуў яму пад ногі рукзак, і Мастак усцягнуў лямкі на плечы.
— Абражаць? Мяне? — велікароты піхнуў яго ў твар.
Мастак зрабіў крок наперад, і рука яго ўзляцела ў паветра. Кулак трапіў велікаротаму ў сківіцу, і той, ікнуўшы, паклаўся на зямлю.
— Нашых б’юць!
Мастака зноў схапілі за рукі, скруцілі ззаду. Велікароты падхапіўся, патрос галавой, прыходзячы ў сябе, і ўдарыў яму нагой раз, другі. Вакол завіхаліся, перашкаджалі адзін другому. Нехта ўвесь час тыцкаў Мастаку збоку кулаком у твар.
— На ланцуг яго!
— Вяжы рукі!
Неслі ўжо ланцуг, накінулі на шыю аброжак, зашпілілі. Ад аброжка пахла псінай. З аўтобуса выскачыў Пеця, за ім вылез і жаніх.
— Вам прыгод мала?
— Пакіньце яго!
— Не, — сказаў велікароты. — Ён нас усіх абразіў. — Няхай на ланцугу паскача!
Мастака пацягнулі да аўтобуса. Канец ланцуга прывязалі да фаркопа, а рукі сцягнулі ззаду вяроўкай.
— Завадзі! — велікароты махнуў рукой.
— Я на волі не занудзіўся, — сказаў Пеця. — Не хачу з вамі за краты.
— Змоўкні ты, гнілы! — накінуўся на яго велікароты. — А то і цябе на ланцуг, разам пойдзеце! А я машыну павяду, ды не на першай перадачы, а на трэцяй. Пабегаеш, сука!
Пеця прыкметна разгубіўся.
— Што вы надумалі? — спытаў трывожна жаніх. — Якія гэта жарты — чалавека на ланцугу цягаць?
Але яго ўжо вялі ў аўтобус, паляпвалі па плячах, угаворвалі не хвалявацца.
— Няхай ахалодзіцца крыху, — падтрымаў велікаротага сват. — Правязём крыху, як сабаку, каб не абражаў вяселле, а потым адпусцім.
— Паехалі!
Яны паўскоквалі ў машыну. Панура палез туды і Пеця. Дзверы зачыніліся. Аўтобус крануўся з месца, і Мастак адчуў, як рыўком яго тарганула ўперад, ланцуг нацягнуўся, і ён міжволі ступіў услед. Прама перад сабой, за шклом, ён убачыў усмешлівыя твары, і дзяўчаты таксама смяяліся і глядзелі на яго. Яны там нешта казалі адзін аднаму, але ён не мог чуць.
Пачынаўся дождж са снегам, раптоўна знікаў, і неба ачышчалася ад хмар, але набягалі новыя, і зноў твар яму асыпала дробнай імжой. Напаўпусты рукзак з’ехаў са спіны і біў па нагах. Мастак уявіў, што, пэўна, мае дзікі і недарэчны выгляд са звязанымі рукамі, на ланцугу і рукзак зваліўся з плеч. Але ж ён зрабіў усё, што мог, і не яго віна ў тым зневажальным становішчы, у якім ён зараз апынуўся. Не, не яго.
З асветленага аўтобуса нехта ўключыў ліхтарык і накіраваў на яго. Усе яны там, за шклом, здаваліся Мастаку бязглуздымі рыбамі ў акварыуме. Аброжак сціскаў яму шыю, але дыхаць ён мог. Вось толькі каб яны сапраўды не прыбавілі ў хуткасці, бо яго пацягне волакам.
Ён стараўся думаць аб іншым. Аб тым, напрыклад, ці такія ўжо бязглуздыя рыбы? Ці можа быць бязглузды кіт, які хаця і не рыба, а плавае дзе-небудзь у далёкім акіяне? А коршак у небе ці крот у зямлі? Дзерсу казаў на жывёл: людзі. Так, яны таксама народы, якія па трагічнай выпадковасці трапілі разам з намі ў нерат жыцця, зямных пакутаў, у нерат часу.
З-за шкла на яго больш ніхто не глядзеў. Аўтобус пайшоў хутчэй, там зноў уключылі магнітафон, і яму нагадалася, што пра яго ўвогуле забыліся. Мастак падумаў, што калі б ён здолеў вызваліць рукі, то лёгка расшпіліў бы і ашыйнік, але яго звязалі грунтоўна, а рук ён ужо амаль і не адчуваў. Вось каб ланцуг аказаўся стары, то ён мог бы і парвацца.
Ён раптам успомніў бацьку, які памёр у далёкім дзяцінстве, і як яны ішлі аднойчы летам да цягніка і ён усё енчыў: «Хачу піць». Бацька падвёў яго да студні і апусціў вядро, але, калі стаў падымаць, ланцуг нечакана парваўся. І тады бацька сказаў яму, што ніводны ланцуг не бывае мацнейшы за самае слабае сваё звяно. Толькі пасля Мастак зразумеў сэнс яго слоў, якія ўспомніў цяпер.
Яго ўжо цягнулі волакам, і ён задыхаўся. Некалькі разоў ён крыкнуў, але яго не чулі. Дым з выхлапной трубы трапляў яму ў твар, кроў штуршкамі біла ў скроні. Яго нудзіла. Часам на тым кавалку неба, якое скакала перад вачыма, ён бачыў буйную, самотную зорку, і яна таксама скакала ў далёкай вышыні і, здавалася, рабілася ўсё больш яркая, і хмары адступалі перад ёй, пакуль не адышлі зусім.
1988 г.