12 гадзін

— Пара.

Мастак апрануў на світэр куртку, зверху штармоўку і ўскінуў за плечы рукзак.

Рыта таксама пачала апранацца.

— Правяду цябе крыху, усё роўна ў магазін трэба.

Мастак паморшчыўся, але кіўнуў у знак згоды — ён не любіў праводзін.

Яны выйшлі на вуліцу, і халодны паўночны вецер адразу накінуўся на іх, разлахмаціў валасы. Між дамоў, нібы ў аэрадынамічнай трубе, ён быў асабліва дакучлівы і ўчэпісты.

— Што, пойдзеш праз рынак?

— Рынак не яма — пайду прама…

Яны спыніліся ля таго месца ў агароджы, дзе жалезны прут быў выламаны і да дзіркі вяла сцежка. Туды і назад пралазілі час ад часу людзі.

— Так бліжэй, адразу на прыпынак выйду. Мастак прыхіліў да сябе жонку. Яе нос даставаў якраз да верхняга гузіка яго штармоўкі.

— Мужчыны не ведаюць, што такое чакаць, — сказала Рыта. — Я баюся чамусьці.

— Прымхі, — усміхнуўся Мастак. — А калі б ты была жонкай марака, бортправадніка ці футбаліста?

Ён махнуў рукой і палез у дзірку. Амаль праз дзесятак крокаў плынь рынку праглынула яго. Нейкі маладзецкага выгляду дзяцюк адразу прапанаваў яму ношаныя боты за пяць рублёў і ватоўку за чырвонец; пацягнуліся рады гандляроў-кааператараў, падлеткі са шчанюкамі, дзядзька з вавёркай у дротавай клетцы. Таксама ў клетцы, толькі драўлянай, прадавалі ястраба з падразанымі крыламі. З кардонных скрынак вытыркаліся трусіныя вушы. З другога канца рынку чутны быў енк — прывезлі свіней.

Мастак ямчэй ускінуў рукзак і пайшоў праз натоўп, часам спыняючыся і ўглядаючыся ў тое, што міжволі цікавіла яго. Спачатку, як толькі яны з Рытай атрымалі ў гэтым раёне кватэру, ён часта заходзіў сюды — паназіраць. Але выгляд жывёл, якіх пазбавілі волі, быў яму непрыемны. Тым не менш Мастак скіраваў у той бок, дзе была пакінутая будка шаўца — там ён убачыў людзей, якія схлупіліся разам, і пацікавіўся: што прадаюць? Ён ужо некалькі разоў пачуў слова «воўк». Мастак праціснуўся бліжэй і сапраўды ўбачыў на ланцугу ваўка. Ён згледзеў, што гэта быў даволі буйны экземпляр. Блукаючы ў запаведніку, ён бачыў аднойчы такіх жа, толькі вольных, якія прамільгнулі на ўскрайку лесу і зніклі бязгучна, як цені. Ён успомніў, што, здаецца, чуў ад некага пра тое, быццам у адной з навакольных вёсак трымаюць ваўка, але ж такія выпадкі былі нярэдкія. Здаралася, ваўкоў гадавалі леснікі.

Мастак пачуў: людзі вакол жывёліны ўсхвалявана спрачаюцца. Ён прыслухаўся.

— Ты б, дзядзька, выпусціў свайго звера ў лес, — гаварыў высокі ўсмешлівы хлопец, якога тут звалі Студэнтам, — а мы цябе ўхвалілі б.

— Тата, — падтрымаў Студэнта Ігар, — няхай яго адпусцяць!

Карнюшка спахмурнеў.

— Калі не прадам, ён і далей мне замест сабакі будзе.

Мешчанін абурыўся.

— На ланцугу ён усё роўна загіне. Прырода свайго патрабуе.

Акцёр велічна падняў руку.

— Ты ведаеш, лабідуда, на што ты яго пасадзіў? — спытаў ён.

— Ведаю, — разгубіўся Карнюшка. — На ланцуг.

— На сумленне сваё!

У натоўпе загаманілі.

— Не разумею я сучаснай вёскі, — працягваў Акцёр, — і што за людзі там жывуць — невядома! Там усе такія, як ты?

Карнюшка засоп.

— Ды не, — сказаў Студэнт, — ён выключэнне.

— Спецыяльнасць нават ёсць — забойшчык жывёлы, — гнуў сваё Мешчанін. — Днямі ў мясцовай газеце вычытаў: патрабуюцца вучні.

— Вясёлага мала, — згадзіўся Філосаф, — але ж, мяркую, некалі чалавецтва не стане есці жывёл.

— Каго ж яно будзе есці?

— Генная інжынерыя. Уплываючы на гены, можна вырошчваць, напрыклад, спецыяльных мясных чарвякоў. Завёў сабе дома такога і адсякай па кавалку. А ён будзе рэгенерыраваць, аднаўляцца. Кармі толькі. Пазбавімся ад зброі, зоймемся медыцынай, і людзі, магчыма, будуць жыць па трыста ці пяцьсот гадоў.

Студэнт не згадзіўся.

— Малаверагодна, — сказаў ён. — Я вось чытаў, што Сусвет увогуле імкнецца да неарганічнага стану. І мы не ведаем нашых аналагаў, ці ж гэта не дзіўна?

Філосаф аспрэчыў:

— Розум прывядзе нас да братоў. Існуюць жа недзе іншыя цывілізацыі.

— А я не веру ў розум, не гаворачы аб цывілізацыях, — сказаў Акцёр. — Ці такі ўжо ён мэтазгодны? Пакуль што розум толькі разбурае. А калі менавіта ён прыводзіць від, які ім надзелены, да экалагічнага тупіка? Існуюць жа думкі, што працягласць жыцця чалавека як віду максімум некалькі стагоддзяў — з пачатку работы першага радыёперадатчыка.

— Чаму радыёперадатчыка?

— Радыёхвалі. Іх можна слухаць за сотні светавых гадоў. Але ж мы нікога не чуем. Пустэча. Можа, хто і быў, пакаўкаў крыху, як мы, і — гамон!

Навокал зноў засмяяліся.

— Усё залежыць ад нас, — запярэчыў Філосаф.

— Лухта! — сказаў Акцёр. — Чалавек — гэта не гучыць горда! Занадта паўсюдна гора, каб спяваць сабе асанну!

— Мо ўсякае арганічнае інстынктыўна мадэлюе варожасць у адносінах да розуму, бо адчувае, што ён у рэшце рэшт прынясе яму пагібель? Чаму ў блажэнных, у юродаў няма ворагаў?

— А раптам усё яшчэ больш складана? Мо сатанінскія сілы змагаюцца з намі? А поле бітвы — наша Зямля?

Навокал загаманілі. Гутарка цікавіла многіх. Карнюшка слухаў з разяўленым ротам. Крыху ўбаку маўкліва стаяў Мастак.

— Я падтрымліваю, — раптам сказаў Мешчанін. — Вось знікне азонавае покрыва, загінуць жывёлы, дык ці доўга і мы працягнем пад купаламі са штучнага шкла?

— У свеце, можа, няма мэты і сэнсу, а жыццё выпадковае, — буркнуў Студэнт.

— А калі яно не выпадковае?

— На што намякаеш?

— На тое, што і ты.

— Бадай. Але як праверыць?

— Праверыць то і нельга! Але ж якая малая імавернасць падзей, які ланцуг паслядоўны!

— Можа, тэхнакраты хаваюць ад нас нешта, нібы старажытныя жрацы? — спытаў Філосаф і зноў пакратаў адзін з пярэдніх зубоў. Зуб хістаўся.

— Ёсць шмат, Гарацыо, на свеце таямніц, — уздыхнуў Акцёр.

— Хто многа ведае, той дрэнна спіць…

Спрэчка працягвалася.

— Кажаш, генная інжынерыя? — зноў узвысіў голас Акцёр. — Але ж гэта выраджэнне ўсяго і ўся! Адны яе сумленна прымяняць будуць, другія — на зло!

— Сітуацыя не безнадзейная, — стаяў на сваім Філосаф. — Усё будзе можна кантраляваць.

— А СНІД? Яго як кантраляваць? А землятрусы, азонныя дзіркі, смог?

— Мяркую, пачатак ёсць, — змрочна ўсміхнуўся Студэнт. — Фініш ужо блізкі. Садом і Гамора.

— Так, — сказаў Акцёр. — Мо Страшны Суд ужо даўно пачаўся, а мы не ведаем.

— Калі — даўно? — спытаў Мешчанін.

— А вось калі ўключыўся першы радыёперадатчык. Калі першае балота асушылі.

— Містыка, — сказаў Філосаф.

— І ўсё-такі жыць цудоўна, — вырвалася раптам у Студэнта. — Нават ваўком на ланцугу. Але я супраць усіх ланцугоў у свеце.

— Ціха! — Акцёр узняў руку. — Вернемся да справы. Студэнт мае рацыю: гэта жывёла павінна стаць вольная!

— Так, так, вольная, — загаманілі, заківалі навокал, толькі Карнюшка маўчаў.

Філосаф падтрымаў Акцёра.

— Адпусці ваўка, — звярнуўся ён да Карнюшкі.

— Я яго адпушчу, а ён дзіцё сустрэне дзе-небудзь ля вёскі ды загрызе — што тады? — спытаў Карнюшка.

У натоўпе прыціхлі.

— Ды ён ад аднаго выгляду чалавека ўцячэ, — тыцнуў на Лупа Акцёр. — Мы абрыдлі яму горш за ўсё!

Ігар, які слухаў размову і адначасова назіраў за Лупам, раптам так хутка, што ніхто не здолеў яму перашкодзіць, кінуўся да ваўка і апынуўся перад ім. Луп уздрыгнуў ад нечаканасці і прыўзняў сваю цяжкую галаву. Усе раптам прыціхлі, а Акцёр сутаргава сціснуў рукі. Ён памкнуўся следам за сынам, але інтуітыўна адчуў, што яго дапамога можа скончыцца дрэнна, бо напад звера можа быць некантралюемы, а яго словы проста глупства, і спыніўся.

— Ігар, назад! — выдыхнуў ён.

Але хлопчык працягнуў пачырванелую на холадзе далонь да галавы звера, вось ён дакрануўся да кончыкаў ваўчыных вушэй і па скуры Лупа хвалямі прайшла дрыготка, і вось далонь апусцілася на ваўчыную галаву.

Луп, вядома, зразумеў, што чалавечае дзіця не пагражае яму, але ж усялякі напад, свядомы ці не, усялякае ўварванне на яго тэрыторыю заўсёды лічыў як замах на яго, які ён павінен быў адбіваць. Луп адчуваў усё гэта вельмі акрэслена і дакладна. Ён адчуваў бы сябе значна лепш, каб яму на галаву паклалі галавешку, чым гэта дзіцячая далонь, пяшчотнае цяпло якой пякло яго зараз больш за агонь. Ён увесь дрыжэў, верхняя губа прыўзнялася, і паказаліся вострыя белыя іклы, і ўсе чакалі са страхам, але ён раптам, нібы ад спакусы, адвярнуў галаву ўбок і заплюшчыў вочы. Хлопчык перамог.

Карнюшка, які спачатку стаяў як слуп, кінуўся да іх, але хлопчык ужо зняў руку з галавы ваўка, павярнуўся, ішоў назад і ўсміхаўся пераможна. Акцёр падхапіў сына на рукі.

Людзі загаманілі, заварушыліся, пачуўся нават смех. Напружанне спала.

— Ну што, пераканаўся? — з вышыні спытаў Ігар. — Чаму ж ён мяне не ўкусіў?

— Смелы малец, малайчына.

— А калі б кінуўся — ды за горла?

— Усё-такі звер.

— Якія тут жарты, дзягу зняць ды аперазаць…

— А воўк несапраўдны, не…

— Замест вартаўніка не пакінеш.

— З яго карысці, што ад свечкі цяпла.

— Лепш тую шаўку, што пад нагамі бегае. Яна хоць гаўкаць умее!

Акцёр, які толькі апрытомнеў і перамог немалую боязь, раптам адчуў гонар за сына.

— Ну што, — спытаў ён у Карнюшкі, — чаму твой звер не кусае?

Карнюшка ссунуў шапку са змакрэлага лоба.

— Дзіўна, — сказаў ён. — Цуд!

Мастак, які назіраў увесь час за ваўком, зрабіў крок наперад і скінуў рукзак.

— Больш не раю нікому падыходзіць, — сказаў ён змрочна. — Я іх звычкі крыху ведаю. Папярэджваю — не рабіце глупства!

— Чаму? — спытаў Акцёр.

— Ваўкі незвычайна чуллівыя і нервовыя істоты, — растлумачыў Мастак. — Пра іх мне шмат парасказвалі. Па-першае, яны беспамылкова вызначаюць небяспечных для сябе людзей, а па-другое — ён дзіцё пашкадаваў, а даросламу не даруе.

Мастак хацеў ісці далей, але раптам перадумаў. Ён выцягнуў з рукзака вялікі блакнот, з бакавой кішэні дастаў аловак і пачаў маляваць. З’явіліся лабатая галава, моцныя лапы, падгалістае тулава, ланцуг.

Студэнт з цікаўнасцю зазірнуў яму ў блакнот жоўтымі вачыма.

— А вось і Мастак з’явіўся, — з павагай сказаў ён.

Акцёр апусціў на зямлю сына і ўсхвалявана агледзеў купку людзей.

— Людзі! — сказаў ён. — Людзі мы ці не? Чаму пакутуе жывёла на ланцугу? Што мы збіліся, як авечкі ў дождж?

— Волю ваўку! — падтрымаў яго Студэнт. — Ён дастойны яе!

— Так, — ажывіўся Філосаф. — Волю яму!

— Адпусці звера!

— Няхай жыве!

— У лес яго!

— Яшчэ чаго, — сказаў Карнюшка. — Карміў колькі, а цяпер адпусціць? Няма дурных!

— Досыць! — ускіпеў Акцёр. Ён зняў з галавы капялюш (галава аказалася вялікая, а на макаўцы была лысіна), выцягнуў з кішэні чырвонец і кінуў туды. — Вось усё, што маю! Падтрымайце! Выкупім жывёліну, і няхай яна будзе вольная! Навошта яму ненавідзець нас, а нам яго!

У натоўпе заварушыліся.

— Я дам, — раптам сказаў Мешчанін. — У мяне восем рублёў.

Філосаф дастаў і паклаў у капялюш грошы.

— І я даю пяцёрку.

— А я траяк, — сказаў Студэнт. — Больш няма.

— Вось дык дзівакі! — крыкнуў нехта.

— І я дам, — сказаў Мастак і палез у кішэню. — Прымаеце ў кампанію?

— Брава! — крыкнуў Акцёр. — Хто яшчэ, чалавекі?

Купка людзей пачала прыкметна радчэць. Вецер узмацніўся, па небе ўвесь час беглі хмары. Самотная варона, седзячы на слупе, аглядала з вышыні рынак. Яна зрэдку каркала металічным голасам і чысціла дзюбу аб бетон.

Мастак дастаў з кішэні грошы, аддзяліў пяцёрку і паклаў Акцёру ў капялюш. Ён зноў ускінуў рукзак на плечы і хацеў рушыць прэч, але Акцёр спыніў яго і таропка паціснуў яму руку сваёй невялікай, пухлай даланёй.

— Дзякуй, малады чалавек!

— Слава Мастаку! — крыкнуў Студэнт.

Загрузка...