14 гадзін

Ля будкі шаўца, дзе паўкругам тоўпіліся і з цікавасцю аглядалі Лупа людзі, з’явіўся аднекуль малады, зухаваты хлопец. Спачатку ён прыслухоўваўся. Гутарка навокал ішла шчырая, але бяссэнсавая. Хлопец быў апрануты ў цёплы спартыўны камбінезон. Вочы яго цупка ўглядаліся ў кожнага чарговага прамоўцу, але ўвесь час неяк кпліва. Асіметрычны твар са зрэзаным падбародкам і ямкай пасярэдзіне быў акуратна паголены. Даўгія рукі даставалі амаль да каленяў. Урэшце ён энергічна пасунуўся бліжэй да Карнюшкі і спытаў напаўголасу, але выдалася паўза і яго пачулі.

— Выліняў твой звер ці не? Памацаць я ж не магу.

Карнюшка няўцямна зірнуў на яго і адказаў няўпэўнена:

— Мусіць, ліняў.

Луп раптам захваляваўся, выскаліў іклы, поўсць на яго спіне стала дуба. Ланцуг нацягнуўся.

Хлопец адступіў на крок.

— Даю чацвяртак, і расход, — сказаў ён.

— Ага, уладальнік дачы з’явіўся. Так ці не? — спытаў хлопца Акцёр.

— Няма яшчэ дачы.

— А воўк навошта?

— Згадзіцца ў гаспадарцы. Немаўлятка і тое да сябе ўсё цягне. Чулі такую ісціну?

Мешчанін выступіў наперад. Ён прыкметна хваляваўся.

— Ведаю я тваю гаспадарку, — сказаў ён. — Злупіш шкуру і шапку пашыеш. Потым прадасі.

І ён звярнуўся да ўсіх, удакладніў:

— Сусед мой, па прозвішчу Шахоцька. Усіх сабак навокал пазводзіў, сабакар ты чортаў! Мой Пірат летась прапаў. Твая работа!

— Цьвэнькаеш абы-што, салавей стары! Надакучылі мне твае песні.

— Сабакар ты там ці хто, усё ж цішэй крыху, — уладна заўважыў яму Акцёр. — Бачыш, мы тут важную справу вырашаем. Замры!

І Шахоцька змоўк, хоць і не думаў пужацца. Ён не стаў пярэчыць, бо паважаў сілу, а Акцёр быў раза ў паўтара буйней за яго, да таго ж з ім былі ўсе гэтыя дзіўныя, на яго погляд, людзі: Студэнт, Філосаф, нават нягеглы сусед, якога тут празвалі Мешчанін.

— Мабыць, нешта не так? — спытаў ён. — Прадаюць, а я купляю. А ты, суседзе, яшчэ пашкадуеш.

— Грозен рак, ды вочы ў с… — буркнуў Студэнт.

Навокал засмяяліся.

Філосаф кіўнуў на Мешчаніна і паўшчуваў:

— Навошта суседа крыўдзіш?

— Ён паклёп на мяне ўзвёў!

— Годзе! — узвысіў голас Акцёр і махнуў капялюшам. — Хто яшчэ за свабоду?

Але грошай больш ніхто не ахвяраваў.

— О тэмпера, о морэс! — уздыхнуў Акцёр і зняў з рукі танны электронны гадзіннік.

— Прадаю!

— Колькі? — спытаў Шахоцька.

— Пятнаццаць!

— Чырвонец даю!

— Ну і таракан! — фыркнуў Студэнт. — І ён з майго пакалення?

— Забірай, — сказаў Акцёр. — Няхай звер жыве свабодны. За тое, што сына майго не крануў.

Ён кінуў у капялюш чырвонец.

Валерый Шахоцька паклаў гадзіннік у кішэню. Ён увогуле меў звычку прыбіраць да рук усё, што давала прыбытак. У яго сапраўды было своеасаблівае хобі, занятак, які прыносіў яму добрыя грошы. Ён лавіў беспрытульных сабак, забіваў іх, а з меху вырабляў кучумкі, унты, нават дублёнкі тыпу «аляска». Сабачы мех толькі дурням здаецца нічога не варты. У яго ж усё прыносіла грошы: сабакі, кошкі, тхары, краты, іншы раз і лясны звер. Але паляўнічым Шахоцька не быў. Дый навошта яму клопаты з ружжом, порахам, ліцэнзіямі? Цікуюць за паляўнічымі ўсе, нават піянеры, а за зверам трэба добра пабегаць. Час трэба. А час — гэта грошы. Куды зручней і мэтазгодней магутны матацыкл, добры мех, а ў кішэні дзесяцізарадны малакаліберны пісталет Марголіна з бязгучнай насадкай на ствале. Усё гэта ў яго было напагатове.

Сабакі з шэрай, карычневай ці рыжай поўсцю асабліва вабілі яго. Шкуру яму вырабляў сусед — стары інвалід, а вырабы з іх шыла жонка-краўчыха. Кожная шапка прыносіла яму не менш як сто рублёў, унты яшчэ больш, бо іх упадабалі жанчыны, а дублёнкі яны хапалі за любыя грошы. Жанчына ж нічога не пашкадуе, каб выглядаць лепш за сябровак. А што мех сабачы, хіба яна ведае? Кажы янотападобны сабака ці ўвогуле амерыканскі янот, і табе абавязкова павераць, бо хочуць верыць.

У кааператыў Шахоцька афармляцца не хацеў, баяўся падаткаў, таму «з понтам», як ён любіў гаварыць, уладкаваўся нарыхтоўшчыкам у прыгараднае сельпо. Ён меў не толькі матацыкл, а і дзевятую мадэль «Жыгулёў», кааператыўную кватэру і глядзеў далей. Яму яго хопіць. Убачыўшы ваўка, ён хутка сцяміў, што за ваўчыную шапку можна атрымаць не менш як дзве паперы — дзвесце рублёў.

Між тым у капялюш, які трымаў Акцёр, кінулі рубель, потым нехта яшчэ адзін. Акцёр патрос капялюш і пачаў лічыць.

— Сорак дзевяць рублёў, — сказаў ён і звярнуўся да Карнюшкі:

— Можа, досыць табе?

— Не. Шэсцьдзесят. Меней не аддам.

— Прагнасць цябе загубіць, — заўважыў Студэнт.

— Паменшацца статкі твае, і занядбае хата твая, — буркнуў Акцёр.

Мешчанін узняў руку, і вочкі яго бліснулі за шкельцамі акуляраў.

— Пачакайце, у мяне ідэя!

— Ну? — спытаў Філосаф паважліва.

— Я ж побач жыву. Зараз прынясу грошы. Вось і справа вырашыцца.

— Чуеш? — ціхенька сказаў Студэнт на вуха Карнюшку.

Той адсунуўся ад яго ўбок.

— Мне спяшацца няма куды.

— Бласлаўляю цябе! — узнёсла сказаў Акцёр Мешчаніну і жартоўна перахрысціў. — Ідзі, сын мой!

Радасны Мешчанін растварыўся ў натоўпе.

— А як сініца? — спытаў Акцёр у Філосафа. — Бадай, цяпер не купіш, — паспачуваў ён.

Той усміхнуўся.

— Каб тыя грошы! Скупіць усіх птушак ды на волю выпусціць! А дачцы пра ваўка раскажу — яна не пакрыўдзіцца. Кажуць, што дзеці жорсткія, але, мяркую, яны ўсё ж лепей за нас.

На кароткі час з-за хмары выслізнула сонца. Акцёр прыжмурыў вочы, Філосаф выпрастаў з-за каўняра няголеныя, з ранняй сівізной шчокі, Студэнт знерухомеў і задумаўся. Карнюшка зняў сваю «васьміклінку», і нават Луп уздрыгнуў, паварушыў вушамі — адчуў цяпло.

— Ідзе! — раптам сказаў Студэнт. — Я бачу.

Здалёк Мешчанін узняў руку. У яго кулаку былі заціснутыя грошы.

— Дзесяць. Больш няма, — сарамліва паведаміў ён.

Акцёр падставіў капялюш.

— Пяцьдзесят дзевяць.

— Чорт з вамі, — махнуў рукой Карнюшка. — Забірайце і рабіце з ім што хочаце. Давайце грошы!

Акцёр раптам задумаўся.

— Як забіраць? — спытаў ён. — А калі ён мяне пакусае? Куды, у які лес яго весці? Я ж не ведаю.

— Сапраўды, як нам яго прыдбаць, калі ён толькі свайго гаспадара прызнае? — разгубіўся і Філосаф.

— Няхай наморднік надзене, — параіў Студэнт.

— Адкуль той наморднік? — сказаў Карнюшка. — І ланцуг мне самому патрэбны! Давайце свой ці вяроўчыну якую.

— Чорт! — зазлаваў Акцёр. — Вось яшчэ не хапае клопату! Дзе мне ўзяць тут ланцуг і наморднік?

Усе пераглянуліся і паціснулі плячыма. Студэнт зашаптаў Карнюшку на вуха. Той зноў адхіснуўся.

Шахоцька, які ставіўся да Акцёра і асабліва да Студэнта варожа, тым не менш запабягаў і ліслівіў перад імі. Ён параіў Карнюшку:

— А ты прадай ім разам з аброжкам і ланцугом. Яны купяць.

— А за што? — спытаў Студэнт. — Купіла дзе? Купіў бы сяло, ды грошай гало. Узняць цябе дагары нагамі ды патрэсці як след, дык і грошы былі б.

Шахоцька не пакрыўдзіўся і не спужаўся.

— Грошы, як і вошы, — сказаў ён, — абы ў каго не заводзяцца.

Мешчанін усміхнуўся засмучана.

— У мяне сапраўды больш няма, — сказаў ён. — Хіба пазычыць у каго да пенсіі.

— Пяцёрку дабаўце, — не ўступаў Карнюшка.

— Пачакай, — прыгразіў яму Студэнт, — буду ў вашых месцах — я табе зраблю адведкі!

— Не падабаецца — ідзі. Я цябе не трымаю.

— Скнара! Тхор!

Філосаф, які задумліва смактаў чарговую цыгарэту, раптам узняў руку.

— Дарэчы, ёсць адна думка.

— Ну, гавары.

— Ён жа дамоў праз лес паедзе, — паказаў на Карнюшку Філосаф. — Няхай выпусціць жывёлу па дарозе. А нам слова дасць, што не падманіць, не схлусіць.

— Саламон! — крыкнуў Студэнт. — А я і не здагадаўся б ніколі!

Шахоцька скептычна ўсміхнуўся танкагубым шырокім ротам.

— А калі ён яго зноў дадому звязе?

— Не падумаў, — сказаў Філосаф і звярнуўся да Карнюшкі. — Што скажаш, чалавеча?

Карнюшка засоп.

— Мастаку б ваўка аддаць, ён жа ў запаведнік якраз кіраваў, — параіў Мешчанін, — няхай бы выпусціў у нерушы.

— Дзе ўжо той Мастак!

Акцёр пачухаў патыліцу.

— Вось грошы. Выпусціш яго ў лесе?

Карнюшка згодна кіўнуў галавой.

— Надакучыла ваша плявузгота, — сказаў ён. — Даю слова. Адпушчу. Вось толькі Рыгор мяне забярэ і вывезе адсюль.

— Які Рыгор? — спытаў Студэнт падазрона.

— Зямляк мой. Шафёр.

— Ну і добра, — сказаў Акцёр. — Чуеш, Ігар? Яго адпускаюць на волю!

— Ну, я пайшоў, — раптам сказаў Студэнт. — Бывайце!

Ён сарамяжліва ўсміхнуўся і паціснуў усім рукі. Следам за ім пачалі развітвацца і астатнія. Натоўп зноў парадзеў.

Рынак бачна пераступіў ужо свой пік, і людзі, якія з раніцы завіхаліся тут, нагледзелі, пэўна, тое, што ім было патрэбна, альбо разышліся да чарговага разу. Вецер адчувальна пачынаў працінаць плечы, халадзіў да чырвані твар. Карнюшка павярнуўся да яго спінай і ўтуліў галаву. Ён бачыў, як абыякава, амаль нерухома, толькі зрэдку пазвягваючы ланцугом, стаяў Луп, як поўсць на яго худой спіне калі-нікалі ўздымалася ад ветру, і ўпершыню нешта падобнае на слабае спачуванне варухнулася ў яго душы, але хутка знікла. Бо спачуваюць слабым, а Луп ніколі не быў такім.

Загрузка...