15 гадзін

Сямён Карнюшка дастаў з торбачкі загорнутыя ў газету сала, хлеб і пачаў есці. Луп бачыў, як рухаліся ягоныя сківіцы, адчуў пах ежы, але нават не падаў выгляду, што хоча есці, што галодны. Ён не мог ведаць, чаму Гаспадар прывёў яго сюды, але адчуваў, што гэта прынясе яму неспадзяванасці, вось толькі якія? Зноў раздражненне пакрысе авалодала ім. Луп паспрабаваў, ці трымае яго ланцуг, таргануўся наперад, у бакі, але той трымаў моцна. Гаспадар, які стаяў побач, ад штуршка знянацку выпусціў з рук кавалак хлеба, але падбіраць не стаў, а нагой падсунуў да яго носа, кінуў яшчэ і скурку ад сала. Але Луп пагардліва адвярнуўся.

Карнюшка, між тым, думаў, як яму лічыць дзень, праведзены на птушыным рынку: удалым ці не? Непрададзены Луп прынёс яму амаль шэсцьдзесят рублёў, часу яшчэ хапала, каб да цемнаты вярнуцца дамоў, а калі Рыгор пад’едзе, як і абяцаў, а шаснаццатай гадзіне, то можна будзе забегчы ў краму і купіць тое-сёе. Значыць, меркаваў ён, усё не так ужо і дрэнна. Дзе які дурань згубіць, там ён, Карнюшка, знойдзе. А тое, што нагаварылі яму ўсякія дзівакі тут, на рынку, дык гэта ўсё лухта. Калі б ён жыў па-іхняму, дык даўно з торбай у свет пайшоў. Яны людзі вучоныя, у жыцці ўладкаваныя, а яму ў рот ніхто не пакладзе.

Ён праглынуў апошні кавалак, запіў малаком з бутэлькі, пералічыў і паклаў у пулярэс грошы і адчуў сябе зусім няблага. Карнюшка зноў агледзеў Лупа, парадзелы натоўп і зразумеў, што наўрад ці хто і купіў бы ў яго ваўка, што ўвогуле яго задума на мяжы глупства і, бадай, прыйдзецца вяртацца з ім назад, а ў лесе выпусціць на волю. Вось толькі выпусціць ці не? — упершыню з’явілася акрэсленая думка. А калі адвезці дамоў, ды ўсё-такі здаць у райзаг, яшчэ сто рублёў атрымаць? Прыстрэліць, вядома, спачатку, бо не павядзеш жа на ланцугу. Засмяюць потым. А што слова даў, дык гэта ж смеху варта: што ён, піянер? І што такое ўвогуле слова? Гук — не больш.

Малады хлопец, якога тут назвалі Шахоцькам, зноў падышоў да яго.

— А ты, дзядзька, зух. Хочаш яшчэ зарабіць?

Карнюшка недаверліва засоп.

— Як?

— Вось табе прэзент, — Шахоцька выцягнуў з кішэні і пакруціў Акцёравым гадзіннікам у яго пад носам. — Мне воўк, табе гадзіннік. Згода?

Луп адразу захваляваўся. Поўсць на спіне ўзнялася, вочы бліснулі. Ён моўчкі скокнуў, але ланцуг паваліў яго назад, на спіну, але ён зноў кінуўся, і зноў ланцуг спыніў яго.

— Адыдзі, нешта ён цябе не выносіць, — сказаў Карнюшка.

— Прадасі, не?

Карнюшка азірнуўся навокал, набраў у грудзі паветра і рашыўся.

— Давай пяцьдзесят рублёў і забірай.

— Нахабнік ты, дзядзька. А хто слова даў, што ў лесе ваўка свайго выпусціць, хто дармовыя грошы атрымаў?

— І яшчэ атрымаю.

— Ёлуп ты, дзядзька. Чацвяртны даю.

— Пяцьдзесят, — несла Карнюшку. — А не хочаш, не чапіся. Мне толькі за яго шкуру сто рублёў дадуць.

— Ну, то глядзі.

Шахоцька адышоў убок. Ён быў не з тых, хто лёгка адракаецца ад сваіх задумак, і таму, памеркаваўшы, стаў на пустую скрыню і абвёў рынак вачыма. За гандлёвымі радамі ён убачыў таго, каго меўся ўбачыць, — чалавека ў міліцэйскай форме. Шахоцька злез са скрыні і рушыў да яго.

— Участковы Мень, — прадставіўся малады круглатвары сяржант, калі Шахоцька крануў яго за плячо. Ён нават узняў руку да фуражкі.

— У чым справа, грамадзянін?

Шахоцька сціпла апусціў вочы.

— Таварыш Мень, — пачаў ён, — тут, на рынку, творыцца чорт ведае што. Прывёз адзін дурань ваўка і людзей палохае. Воўк без намордніка, на людзей кідаецца. Бяда можа здарыцца. Мяркую, ён увогуле шалёны. Чуеце, як сабакі брэшуць? Прыстрэліць яго трэба.

Сяржант агледзеў Шахоцьку з галавы да ног і задумліва ссунуў фуражку на патыліцу.

— Воўк? Не можа быць!

— Самы сапраўдны, — пацвердзіў Шахоцька.

Сяржант вагаўся.

— Ану пайшлі глянем, — урэшце згадзіўся ён.

Шахоцька кінуў цупкі позірк на кабуру і з надзеяй спытаў:

— А пісталет пры вас?

— Усё, што належыць, пры мне, — сказаў міліцыянер і зноў падазрона агледзеў Шахоцьку.

Яны праціснуліся праз рады кааператыўшчыкаў і апынуліся перад прывязаным ваўком і Карнюшкам, які стаяў побач. Сяржант прыклаў руку да фуражкі, прадставіўся, і адразу нехта сярод разявак, пачуўшы яго прозвішча, хіхікнуў.

— Як ён сказаў?

— Мень — рыба такая ёсць.

— Ха-ха, мень. Ану дай зірнуць!

Міліцыянер спахмурнеў.

— Чаму парушаеце? Хто такі будзеце?

Шахоцька глядзеў і ўсміхаўся танкагубым ротам.

Карнюшка сумеўся.

— Вось, прадаю, — сказаў ён.

— Чаму без намордніка? Гэта сапраўды воўк?

— Так, воўк.

Сяржант з непрыхаванай цікавасцю ўгледзеўся ў Лупа.

— Каго ён пакусаў?

— Нікога, — развёў рукамі Карнюшка. — Спытайце ў людзей, яны праўду скажуць.

— Не паспеў, дык яшчэ пакусае, — вытыркнуўся Шахоцька, і Луп адразу кінуўся. Жоўтыя вочы яго злосна бліснулі, а поўсць стала дубка.

— Бачыце, таварыш Мень, — сказаў Шахоцька.

Нехта зноў засмяяўся.

— Так, усё ясна, — адрэагаваў сяржант. — Адвязвайце яго і пайшлі.

Карнюшка спалохаўся.

— Куды ісці, навошта?

— Куды трэба. Хаця б у лясок за шашой. Там усё і вырашым.

І сяржант выпнуў грудзі і красамоўна пакратаў кабуру.

— Не маеце права, — сказаў Карнюшка. — Воўк прыручаны. Аб ім у газетах пісалі.

Сяржант задумаўся.

— Усё роўна трэба штрафаваць. Прашу за мной у падсобку, аформім пратакол. Пасля — ваўка адсюль прэч.

Карнюшка не на жарт спалохаўся.

— За што, даражэнькі? У мяне і грошай няма.

— А хто табе іх цэлы капялюш насыпаў? — кпіў Шахоцька.

— Навошта чапляешся? — спыталі Шахоцьку з натоўпу. — І Меня гэтага прывёў. Якая табе карысць?

— Што за Мень такі жвавы?

— Не Мень, а мент, — скаламбурыў нехта.

Навокал зноў засмяяліся. Сяржант зазлаваў.

— Даставім прымусова, калі сам не пойдзеш. Супраціўляцца не раю.

Як толькі міліцыянер з паніклым Карнюшкам пайшлі да службовага памяшкання ў глыбіні рынку і натоўп зноў парадзеў, Шахоцька пашукаў вачыма і ўрэшце заўважыў тое, што яму было і трэба: напаўсагнуты жалезны прэнт з метр даўжынёй. Прэнт ляжаў убаку, ля плота. Шахоцька падняў яго, прасунуў адзін канец у шчыліну між дошкамі і выправіў.

Луп з яўным хваляваннем сачыў за ім увесь час, і хваляванне яго прыкметна ператварылася ў лютасць. Ён адчуваў нянавісць да чужынца, якая ўзрастала ўсё больш, ведаў: тое, што той робіць, — не жарт і дзівіўся, чаму людзі, якія ходзяць ці стаяць побач, не кінуцца на яго і не пасадзяць на ланцуг. Луп адчуваў варожасць, якая здаецца, выпраменьвала ад чалавека з прэнтам, але ніхто з людзей быццам і не бачыў небяспекі, што было яму вельмі дзіўна і незразумела. З першага погляду на чужынца Луп беспамылкова адчуў, што той хоча яго смерці. Зразумеўшы гэта, Луп пачаў рыхтавацца да схваткі, якая, як ён ведаў, адбудзецца вельмі хутка.

Шахоцька агледзеў невялікі гурт людзей, якія стаялі побач. Некаторыя з іх, зірнуўшы на ваўка, пакрысе адыходзілі, другія затрымліваліся, абменьваліся думкамі. Пасля таго, як разышліся Акцёр, Студэнт, Філосаф і Мешчанін, размова, якая цікавіла многіх, увогуле, як кажуць, звялася на дуду, і доўга тут ніхто цяпер не заставаўся. Шахоцька ўпэўніўся, што нікога з яго непрыхільнікаў няма, і адчуў сябе значна вальней. Непрыкметна трымаючы прэнт у руцэ, ён наблізіўся да звера, дакладна разлічыўшы даўжыню ланцуга і рывок ваўка.

Луп пільна сачыў за ворагам і адразу кінуўся імкліва і люта, і тады Шахоцька ўдарыў. Удар прыпаў не ў галаву, як ён цэліў, а слізнуў па шыі і ўздоўж пысы. Луп адчуў моцны боль, зноў рынуў насустрач, але ланцуг адкінуў яго назад. Ён прамахнуўся і сцяміў, што ў нечым памыліўся, што трэба быць вельмі асцярожным, бо ўсё тут зараз супраць яго. Але сэрца яго білася холадна і разлікова, бо ён ведаў, што наступіла тое самае імгненне, калі толькі ён сам можа сябе ўратаваць. Не было побач ні Гаспадара, ні мажнога чалавека з капялюшам у руцэ, ні яго дзіцяці, ні тых некалькіх людзей, якія, як ён адчуваў, маглі б і здолелі абараніць яго. Ён бачыў ворага, руку, у якой быў заціснуты прэнт, маўклівы натоўп, ад якога не даходзіла да яго яўнай варожасці, але і спачування таксама.

Людзі навокал сапраўды стаялі нерухома, і ніхто з іх пакуль не памкнуўся спыніць Шахоцьку.

— Шалёны ён! Дзіцё ледзь не загрыз!

Падбухторыўшы іх такім абвінавачваннем, Шахоцька злаўчыся і торкнуў вастрыём у жывот звера.

Луп зноў кінуўся, і ланцуг, як і раней, затрымаў яго.

— На дзіцё напаў? — спыталі з гурту. — І што?

— Лухта, — сказаў нехта. — Я бачыў, нічога такога не было.

На гэты раз у натоўпе заварушыліся і пачуліся выкрыкі:

— Эй ты, звар’яцеў, ці што?

— Пакінь жывёлу, дурань!

— Хіба яна не яго?

— А то не ж!

— Што робіш, чалавеча?

Шахоцька спыніўся і кінуў позірк туды, дзе знік Карнюшка з сяржантам.

— Не ваша справа!

Ён заспяшаўся, бо абставіны мяняліся не на яго карысць. Яшчэ раз замахнуўся, і ўдар трапіў па галаве, зачапіў вока, але ўжо нехта схапіў ззаду за рукі, яго трымалі. Шахоцька засіпеў, напружыў рукі і вырваўся. Нехта ўчапіўся за прэнт і цягнуў да сябе.

— Адбярыце ў яго жалязяку!

— Самога б па пысе!

— Спусціць ваўка з ланцуга — тады б зведаў!

Шахоцька кінуў прэнт пад ногі і адышоў убок.

Загрузка...