13 гадзін

База «Райаграпрамзаб», дзе Рыгор павінен быў атрымаць па абменнаму фонду рухавік, знаходзілася ўбаку ад птушынага рынку. Такім чынам ідыёцкая, на погляд Рыгора, выдумка Сямёна Карнюшкі з ваўком абяцала і яму лішні клопат. Каб Карнюшка не быў з ім з адной вёскі, Рыгор увогуле не паехаў бы на рынак, не паліў бы дарэмна бензін.

Тое, што «Райсельгастэхніка» днямі перагрупавалася ў «Райаграпрамзаб» і «Аграпрамтэхніку», было яму даспадобы. Каб адрамантаваць рухавік, ужо не трэба чакаць тыдні, а то і месяцы. Варта здаць яго, і адразу атрымаеш новы па абменнаму фонду.

Але Рыгору не шанцавала. На базе доўгі час не было ні загадчыка майстэрні, ні начальніка. Рыгор пабадзяўся па тэрыторыі, пасядзеў у кабіне, пакорпаўся ў рухавіку і паціху зазлаваў. Урэшце загадчык з’явіўся, але на Рыгора, які адразу падляцеў да яго, глянуў няўважліва, сказаў:

— Згода, твой рухавік забіраем, але ж новы не выдаём.

— Абгрунтуйце мне ўсё пісьмова, каб я свайму старшыні прад’явіў, — патрабаваў Рыгор.

— Ты, хлопец, не крыўдуй, але без подпісу начальніка не магу. Справа нязвыклая. Аддам табе за тваё ламачча новы рухавік, а потым, калі што не так, дык мне адказваць. А Фядосавіч хварэе.

— Марудна нешта перабудоўваецеся, — злосна ўпікнуў Рыгор.

— У мяне адна галава! — незалюбіў загадчык.

— Без рухавіка дамоў не паеду, — зацята сказаў Рыгор. — Аднаго бензіну спаліў колькі. Грошы ж калгасныя!

Загадчык падумаў і параіў:

— А ты з’ездзі да Фядосавіча дамоў. Падпішы паперу, і мы цябе ўлагодзім.

Рыгор павесялеў.

— Давайце адрас.

…Ён неўзабаве знайшоў дом і кватэру, дзе жыў начальнік, але доўга прастаяў ля парога, усё ціснуў на званок, які, пэўна, быў няспраўны. Потым дзверы адчыніліся, але замест Івана Фядосавіча, начальніка базы, якога Рыгор бачыў раней, перад ім узнік малады хлопец, яшчэ падлетак. З рухавага скуластага твару на Рыгора падазрона ўталопіліся заспаныя вочы. Пафарбаваныя валасы пасмамі тырчэлі ўгору.

— Што трэба? — спытаў ён.

— Івана Фядосавіча, — сказаў Рыгор.

— А, да пахана, — паспакайнеў хлопец. — Ну, заходзь.

Гаспадар, рухавы, вельмі ўвішны мужчына гадоў сарака, але таўсматы, апрануты ў махровы халат, сустрэў яго незадаволена.

— Няма і дома спакою, — роблена забурчэў ён. — Ну, што ў цябе?

Рыгор растлумачыў.

— Як ты думаеш, гэта добра, што яны без мяне і дробязь вырашыць не могуць?

«Дарослы мужчына, а какетнічае, як баба», — мільганула ў галаве ў Рыгора, але ён сказаў:

— Гаспадар, як стырнавы ў моры, пэўна ж, за ўсё адказвае.

Іван Фядосавіч уважліва ўгледзеўся ў Рыгораў твар і не паверыў:

— Ты, бачу, жук, — урэшце сказаў ён. — У арміі служыў ці не?

— Анягож, — пацвердзіў Рыгор.

— Тады жыццё разумееш. А то зараз моладзь. Унь мой яшчэ саплямі булькае, а паспрабуй што сказаць супраць — глядзіць скоса. У арміі, мяркую, навучаць.

Рыгор неакрэслена паціснуў плячыма.

— Хм. Ну, згода. Не буду цябе затрымліваць, такога нецярплівага, — сказаў Іван Фядосавіч і дастаў ручку. — Вось пішу табе цыдульку, і кіруйся да майго намесніка. Хоць, — ён глянуў на гадзіннік, — наўрад ці да абеду паспееш, а з двух да трох там нікога не будзе.

— Нічога — сказаў Рыгор, — гадзіну якую пачакаю.

Іван Фядосавіч аддаў яму паперку.

— Машына твая ўнізе? — спытаў ён. — Ты адзін?

— Але.

Іван Фядосавіч гукнуў:

— Арцём!

— Ну чаго табе? — усунуў галаву ў пакой пасматы.

— Вось што, — сказаў Іван Фядосавіч Рыгору, — у цябе ўсё роўна амаль гадзіна ў запасе, дык зрабі і мне ласку, адвязі з маім бэйбусам — ён ведае, куды ехаць, — майму сябру Пятру Данілавічу адну невялікую рэч. Я зараз прынясу.

— Гэта недалёка, — пацвердзіў Арцём. Ён, здаецца, быў не супраць ехаць, абы з хаты. — Пракацімся і па сваіх справах што-небудзь зробім.

Іван Фядосавіч неўзабаве вярнуўся і паказаў Рыгору чорную скрыначку памерам з хлебны акраец, ад якой адыходзілі два тонкія блакітныя дроцікі з клемамі на канцах.

— Звычайны супрацьбалявы электрастымулятар, — растлумачыў ён. — Калі ў цябе радыкуліт, то лепшай рэчы ў гаспадарцы не знойдзеш. Прыклеіў клемы пластырам, уключыў і — лячыся. Але ж паспрабуй купі — нідзе няма. А я дастаў. Цяпер з Пятром Данілавічам ратуем адзін аднаго. Ён мне чым дапаможа, а я яму. Тэлефанаваў вось з раніцы, што ўчора спіну прастрэліла, не магу, кажа, распраміцца. Ну, трэба адвезці. Зразумеў, хлопча?

— Адвязу, — сказаў Рыгор, — чаму не дапамагчы чалавеку?

Арцём забраў у бацькі скрыначку, а Рыгор старанна схаваў паперку ў кішэню, і яны пайшлі ўніз.

— Слухай, — сказаў Рыгор, заводзячы рухавік, — мне галоўнае — на базе ўсё вырашыць, дык я цябе да таго Данілавіча завязу, а назад ты ўжо сам дабірайся. Згода?

Арцём пакрыўдзіўся.

— Быццам дамовіліся. Заедзем спачатку ў бюро паслуг, што ў Доме быту, — касеты мае забяром. Там у мяне «кент» працуе. Калі хочаш, ён і табе класную музыку перапіша. «Дэпэшэ Мод», «Металіка», «Круіз». Ну, заплоціш, колькі там каштуе, і на лапу дасі. І яму жыць трэба. Касеты толькі давай.

— Мне яшчэ на птушыны рынак заехаць, — растлумачыў Рыгор. — Там ваўка аднавясковец прадае. Прадаў ці не, а забраць яго трэба, дамоў абяцаў завезці. А рок я наш люблю, беларускі.

Арцём страпянуўся.

— Ваўка?

Рыгор неахвотна расказаў пра Карнюшку, пра Лупа, пра тое, што ў вёсцы і дасюль спрачаюцца: быць ці не быць ваўку.

— Кажаш, штодня вые? — не паверыў Арцём.

— Тройчы ў суткі, — абыякава сказаў Рыгор і дадаў: — Ты ж гавары, куды ехаць.

— Прама, потым улева. А колькі той пэйзан хоча за яго?

— Хто?

— Пэйзан. Ну, селянін.

— А-а, — усміхнуўся Рыгор. — Казаў, рублёў семдзесят.

Арцём захваляваўся.

— Дык едзем разам. Я куплю!

— А грошы?

— Скінемся. У мяне трохі ёсць і з сяброў па чырвонцу.

Рыгор здзівіўся.

— Навошта ён табе?

— У пахана ж дача. А ён там амаль і не бывае. А я таго Лупа туды б адвёз. Карміць адзін стары будзе, сусед. Мне і трэба, каб выў! Уяўляеш, Новы год хутка, збяромся там з дзяўчатамі, а ён завые. Вось будзе ўсім страху! Кайф, га?

Рыгор толькі ўсміхнуўся:

— Дзе разумны гаруе, там дурны весяліцца.

— Хто дурны, я? — удакладніў Арцём.

— Ну, не я ж, — нявесела сказаў Рыгор. Арцём спахмурнеў. Яго маленькія чорныя раскосыя вочкі злосна бліснулі.

— Плявузгота твая мне не ў масць.

Пусты грузавік лёгка каціўся па асфальце. Рыгор пільна ўглядаўся ў знакі: у цэнтр горада грузавому транспарту ўезд звычайна забаронены і ён баяўся як-небудзь прапусціць. «Праб’юць дзірку ці ўвогуле правы адбяруць», — падумаў ён.

— Ды што ты разумееш, дзярэўня, — зноў помсліва пачаў Арцём, — вось у мяне раней таксама падарунак для гасцей жыў на дачы. Птушка. Раўла ноччу. А сама невялікая, ну з кілаграм важыла. Рыбай у асноўным харчавалася. А голас — быццам бык раве. Толькі паснуць усе, а яна як раўне! От хіпеж узнімаўся!

— Бугай балотны, ці хто? — спытаў Рыгор.

— Чорт яе ведае. А зараве — поўны балдзёж!

— Ну і дзе яна зараз?

— Здохла. Стары, што карміў, запіў.

— І ваўка туды ж перавядзеш, — сказаў Рыгор.

Але Арцём раптам спыніў яго.

— Стой, пачакай тут трохі.

Рыгор затармазіў ля звычайнага пяціпавярховага дома і выключыў матор. «Што з яго возьмеш, — думаў ён пра Арцёма. — Крыўдаваць на такога няма чаго. Так яго выхавалі. Шчанюк яшчэ. Сапраўды, пасталее, пройдзе армію, тады і жыццё пачне разумець».

Арцём вярнуўся хвілін праз дзесяць. Ён быў не адзін. Разам з ім падышлі да машыны двое: рыжы змрочны хлопец з вострым падбародкам і прыўзнятым левым плячом і высокі пафарбаваны пад бландзіна вельмі худы, апрануты ў джынсавы касцюм-камбінезон.

— Прывітанне! — сказаў бландзін, пазяхаючы.

Рыгор кіўнуў яму і ўбачыў, што з Арцёмавай нагруднай кішэні, як і раней, выторкваліся блакітныя дроцікі — значыць, здагадаўся ён, не ў гэтым месцы жыў Данілавіч. Павёз, шпачок настырны, спачатку ўсё-такі да сваіх сяброў. Рыгор узлаваўся. Ён крануў ключ запальвання.

— Да пабачэння! Няма калі з вамі, хлопцы, у мяне работа чакае.

Але Арцём апярэдзіў яго, затрымаў руку.

— Падкінь нас на птушыны, — папрасіў ён і як ні ў чым не бывала падміргнуў сваімі незразумелымі раскосымі вачыма.

— Ты сур’ёзна? — спытаў Рыгор.

— Анягож, — адказаў за Арцёма Бландзін. — Купім ваўка і назад. Бо, як кажа мой бацька, не адкладай работу на суботу, а… на старасць.

— Не паеду, — рашуча буркнуў Рыгор. — Прадалі даўно таго ваўка.

— А вось гэта невядома, — сказаў Арцём.

— Вам забава, а людзям клопат, — стаяў на сваім Рыгор.

— Што ты за «кента» нам падсунуў? — зневажальна спытаў у Арцёма Рыжы.

— Я табе не «кент», — абурыўся Рыгор. — Шукай таксі і едзь куды хочаш, а мне з табой не па дарозе.

— Можам і на таксі, — спакойна заўважыў Рыжы. — У нас грошай не лічаць. Гэта ты жабрак.

— І без цябе, гандзюля, дабяромся, — засмяяўся і Бландзін.

Ён плюнуў, і сліна трапіла на крыло машыны. Чамусьці гэта ўзвар’явала Рыгора больш за ўсё, і ён выскачыў з кабіны.

— Ану вытры!

Але Рыжы, які стаяў да яго бліжэй за ўсіх, спрактыкавана і хутка, так, што Рыгор не паспеў і падумаць, без размаху стукнуў яму бакавым злева, і ён абсунуўся долу, не ўпаў, паспеў ухапіцца за ручку кабіны, але ў галаве загуло і фігуры ўсіх траіх на імгненне расплыліся перад ім. Ён патрос галавой.

— Не трэба больш, — сказаў ляніва Арцём. — Досыць яму!

— Ну што? — спытаў Бландзін здзекліва. — Як свінг[1]? Ведай, цябе чэмпіён вобласці пачаставаў, не хто-небудзь!

Рыгор ірвануўся да яго і з усёй сілы ўдарыў яму галавой у твар. Усё-такі і ён нешта кеміў у бойцы. Бландзін рохкнуў, нібы япрук, і пачаў асядаць на зямлю. З носа ў яго пырснула кроў. Але Арцём трымаў ужо яго за рукі, а Рыжы зноў ударыў, спакойна, нібы па мяху ў спартыўнай зале, і Рыгор зразумеў, што яго адолеюць.

— Бі!

— Па пысе яму!

— Вытры сам, пралетарый вясковы! Ёлуп!

Яго таропка білі хвіліны дзве, пакуль не закрычалі прахожыя. Потым хлопцы лагодна і не спяшаючыся пайшлі прэч. Рыгор кінуўся за манціроўкай, але інструменты былі схаваны далёка пад сядзеннем — пакуль дастанеш. «Ды што манціроўка, — падумаў ён раптоўна. — Хіба ёй навучыш такіх?»

Ён зірнуў у бакавое люстэрка і пакратаў сківіцу. Пад вокам імкліва распухала чырвань. «Дажыўся — падлеткі падмаладзілі».

Бландзін азірнуўся і крыкнуў амаль весела:

— Калхознік!

Але гэты зусім дурны вокрык чамусьці наадварот супакоіў Рыгора. Ён прыклаў да вока ключы ад запальвання і палез у кабіну.

Загрузка...