1

Паэтаў вінавацяць у тым, што яны самі сабе ўскладняюць жыццё і робяць з сябе пакутнікаў. Цудоўна! Значыць, я - паэтка!

Шэдэўр

Сальвадору Далі прысвячаецца

Стварыць шэдэўр – даволі цяжка!

Праверана мною.

Ў фатэлі развалілася мяккая ляжка –

Прыхільніца болю.

Сядзіць, мясістая, усміхаецца.

Зубкі паказвае.

А ў мяне ў пакутах шэдэўр нараджаецца.

Назву заказвае.

Мой шэдэўр ужо месца забіў

У архіве мастацтваў.

І ўжо сцвярджае, сумленны, што ў свеце

Можна абысціся без блядстваў.

Ляжка ўжо пачынае зайздросціць,

Соплі пусціла, слімачка!

А мой шэдэўр голасу просіць,

Няважна, што маці – батрачка!

Новае

Шукаю форму, што

Па-за нормай.

У якой без словаў

Сэнсу хапае.

Нямодную, якую ніхто

Не купляе.

Каб уласную,

прыватную,

асабістую!

Ідэямі новымі

бруістую!

Каб каханнем

неўзаемным

натхнёную!

І нікім-нікім

не хвалёную!

Каб стварыць

ад канца

да пачатку

Па не складзеным шчэ

парадку –

Н О В А Е.

* * *

Прыйдзі да мяне, невядомае!

Я табе спяю калыханку!

А потым наладзім гулянку.

Прыйдзі да мяне, невядомае!

Прыйдзі да мяне, невядомае!

Мы з табой завядзем катрынку.

І справім па мне памінку.

Прыйдзі да мяне, невядомае!

Прыйдзі да мяне, невядомае!

Пакутую ад звычаёвасці.

Па пільнай сырой тэрміновасці.

Прыйдзі да мяне, невядомае!

* * *

Адмахваюся ад банальнасцяў, як ад мух,

Як толькі пачую банальнасцяў дух.

* * *

Я не такая, як вы!

Я – іншая!

Я формулу шчасця вынайшла!

Я не такая, як вы –

Штодзённыя!

Здзяйсняеце мары будзённыя.

Я не такая, як вы –

Зайздроснікі!

Збіраеце слёзы ў стосікі?

Я не такая, як вы!

Я здольная

На большае дабро

І на зло большае…

* * *

Розныя людзі, розныя лёсы.

Мыюцца ў небе дажджом хмарачосы.

Розныя думкі, розныя мары.

Неба, як рану, завесілі хмары.

Гойсаюць кроплі па дахах-цымбалах,

Як цягнікі, што па рэйках ды шпалах

Мкнуцца вачыма рассекчы туман –

Выкрыць сваіх пасажыраў падман.

Праз маіх думак шырокі бальшак

Пяціцца борзда спалоханы рак.

Гэта мая баязлівасць бяжыць

Іншым уладам аддана служыць.

* * *

І рыфму падабраць лянота,

І зоры назіраць.

Залезу я ў буду янота

І буду шчасцем гандляваць.

Купляйце, рыжыя лісіцы,

Адборнага кахання луст.

Адпійце свежанькай вадзіцы –

Аддам дарма найлепшы густ.

Тут знойдзеце ўсё на свеце

І вы, шаноўны паніч Лось.

Калі штось маеце на мэце

Альбо набыць не супраць штось.

Я прадаю чужыя лёсы,

Каб сродкаў назбіраць на свой.

І валасы аддам пад косы.

І рассакрэчу смерці крой.

* * *

Вершык не складаецца.

З думкамі змагаецца.

Дожджык лье.

Гэта я прадбачыла.

Толькі не ўбачыла –

Сонца п’е.

Спаталіла смагу.

Усмірыла прагу

Свету грэць.

Будзе ў нас халодна.

І душы галодна

Сэрцу пець.

* * *

Я спявачка.

Я спяваю дуэтам.

З дажджом...

* * *

Вусны, мілыя,

вы мяне пакінулі?

На каменне кінулі

ці загінулі?

Зніклі, родныя!

Нікуды не годныя.

Як душа – яскравыя.

Як француз – гугнявыя.

Недарэчныя,

як жыццё –

нявечныя.

Як радзіма – вартыя.

Як ідэя – ўпартыя.

Не пакіньце,

светлыя!

Як каханне –

ветлыя!

Як вада –

патрэбныя.

Як хлусня –

ганебныя…

Паэцішка

Ты не паэт – паэцішка!

Калі скардзішся, што

не пішаш нічога,

бо ўся людская знямога

апісаная ўжо другімі –

шчырасцямі нагімі.

І свой боль ты палегчыць

не можаш ні-ні,

ні на ноль палегчыць!

Не, бясслоўны паэцішка,

у цябе

танка кішка!

* * *

Зоры ў чорным небе —

вочы ночы.

Зерне на ўрадлівай глебе

сонца хоча.

Дзіўны верш

Мае думкі ўцякаюць, як павукі:

Я іх пужаю страхам-дыхлафосам.

Пры кожным да думак дотыку рукі,

Яны ў руку балюча торкаюцца носам.

Мне іх, відаць, не прыручыць ніколі.

Яны як дзікія ласі...

Ім колькі ты не сып драбнюткай солі,

Ім колькі цукру не насі…

Ваюе з імі шчэ зіхоткая надзея,

Што я змагу.

І як у дзень народзінаў завею,

Перамагу…

Неба

Запаленае.

Узрушанае.

Мною квітнець

прымушанае.

З аблокамі

і без.

Нібыта жыве ў ім

бес.

Ссівелае і жоўтае.

Аблокі ў промнях

коўтае.

Ружовае.

Фіялетавае.

Мажорна-мінорна-куплетавае.

І непрабіўны граніт!

І сіняе наўзрыд!

Русалка

Ты пашырыў мае зрэнкі

да памераў сонца.

І сонца мне, як сястры,

Пазалаціла вейкі-кастры,

Пазалаціла валасы –

галавы насы.

Лес пазеляніў раёк –

ідэі намёк.

І я стала чараўніца.

Цуд з вачэй бруіцца.

Я стала лясная вясталка –

Русалка.

* * *

Гляджу на чысты аркуш, коўтаю

ў руцэ аловак – чакаю, што

прыйдзе натхненне.

Мяне раптам заела сумненне,

што ўсё немэтазгодна,

бо часам здаецца (відаць, гэта

праўда), што думаць – для

легкаважкасці жыцця –

шкодна.

Што думаць – для немудра-

гелістага шчасця – дрэнна...

І я то думаю, то тупею

пазменна.

Зашклёнае кола,

Суцэльнае кодла.

Жыццёвая школа,

Чытаючы модлы

Я раптам дапяла,

Што ўсё бессэнсоўна...

* * *

Страх – цікавая фішка.

Я цудадзейка-мнішка –

Страхам

на ўсё адказваю,

Большага не паказваю.

У фужэр з кампотам

Апусціла мары –

Во! Боўтаюцца вішні,

Паказваючы

косткі-фары!

Зорам аддала

Думак сала –

наляцелі, як вараннё,

як зялёнае насланнё!

І ўсё мала!

Я – як бяздонная крыніца,

як знішчаная ўшчэнт капліца,

Знайсці апірышча спрабую –

Ваюю.

* * *

Паглядзіце! У натоўпе нарадзілася

Асоба!

Незаўважна расквітнела і

расце!

Можа, гэта Бога

спроба

Ўласны лёс накрэмзаць на

чужым

лісце?

* * *

Я зусім не прарок.

Жыццё празрыстае, як ручай.

Толькі найлепшы радок

Здольны прабіць адчай.

* * *

Віцебск прарос мною!

Настойліва. Як пшанічнае зерне.

Мне Віцебск за пакуты нараджэння,

Відаць, яшчэ натхненне верне...

Загрузка...