4

Я пахну табой наскрозь.

Са мной адбываецца штось...

Адзінота

Мая адзінота –

як банны ліст.

На душы павісла

і трымаецца.

Сваёй адзіноце

я танчу твіст.

І цела маё

з ёй абдымаецца.

Я ўсё чакаю, калі ТЫ

Зоймеш месца адзіноты…

* * *

Лупы тваіх вачэй

Павялічваюць маю душу.

Бясконцых сляпых начэй

Без цябе не перанашу.

Лупы тваіх вачэй

Бачаць мяне наскрозь.

Ты задыхаў гучней.

Са мной адбываецца штось...

* * *

Маю не праняць

уяву.

І нават на тваю

заяву

Я не звяртаю

ўвагі.

Табе не хапае

прагі.

Не стае імпэту!

Мусоліш пацалункі, як

фабрычную

катлету!

Я гэткую ж вярну

табе манету!

Мая абыякавасць

падробная

Няхай тваю натхнёнасць

раззлуе.

І, як абрабаваная

бабулька

гардэробная,

Ты зразумееш, што

чагосьці не стае.

* * *

Грэблівую шкадобу

Ў тваіх вачах абудзіла

Мая душа-кракадзіла...

Каб трапіўся…

А. А. прысвячаецца

Панурыя вочы

З-за цьмянага шкла.

У белыя ночы

Імкнулася мгла.

Усё беспрычынна.

І трэба паспець

Матыўчык малінна,

Цукрова напець.

Каб на развітанне

Ты трапіўся мне.

І псеўдаспатканне

Мачыў у віне.

Паліў цыгарэты,

Тушыў каганцы.

Благія макеты —

Аддайце канцы!

* * *

Ц. С.

Ты мой адзіны парок.

Я дарую табе ўсё на свеце.

Ты мой вялікі прарок –

Самы праўдзівы прарок на планеце.

І амбіцыйнасць табе дарую.

Гэта не адзіны твой грэх.

Я вобраз сабе не малюю.

І не спяшайся!.. Што за паспех!

У нас – наперадзе вечнасць,

Хоць і разам не будзем ніколі.

Я дарую табе сваю млечнасць.

Ну, а ты мне – карпускулу волі.

* * *

Майго жыцця

Тваё люстэрка –

Спісаная ўшчэнт паперка.

* * *

Ты стаў для мяне знакам –

У полі сярод лапухоў – макам.

* * *

Ці з выгоды, ці яшчэ з якой нагоды,

Але сёння ты абраў мяне.

Думала: падобныя прыроды.

Аказалася, што густы ў віне.

* * *

Маіх вачэй амбіцыі

Выклікаюць у тваёй паліцыі

Да сэрца даследчыя экспедыцыі.

І не здольны на камунікацыю,

Праз сардэчную правакацыю

Ты знікаеш у прастрацыю...

* * *

Твае вусны марудна скрывіліся

ў пакуце.

Ты пяеш для мяне.

Твае пальцы імпэтна гвалтуюць

Струны,

Быццам вусны мае цалуюць.

Ты – як полымя – недатыкальны,

як нарцыс у атруце.

А я побач з табою – як цюльпана

Бутон

У вясновую раніцу

прачынаюся.

* * *

Па мне – лепш слота,

чым мароз,

калі на шчаках ледзянеюць слёзы,

калі не паплачаш, каб нос не прырос

да самай сухой

выкшталцонай прозы.

Па мне – лепш мыла, вяроўка і

....бум!

чым намякаць на сваю нікчэмнасць.

Пакуль перманентны вецер

не здзьмуў

схаваны талент і

сэрца напеўнасць.

Па мне – лепш хоць раз на цябе

паглядзець

і больш ніколі цябе не ўбачыць,

чым сэрцу свайму дазваляць

халаднець

і ўласную смерць сасніць і прадбачыць.

* * *

Ю.К.

Я па спіне сцяны, што злучыла

Цябе і Мяне,

Папаўзу на поўдзень. І цябе не кране,

Што я моўчкі ды спакваля аддаляцца пачну.

І памяці шалі бясслоўна балюча качну.

Раўнавагу парушу. Саб’юся з пратоптанай сцежкі.

Па тваёй падсвядомасці буду прагульвацца пешкі.

Ты запомніш усё, ты запомніш мой

кожны адбітак.

Ты ў памяці будзеш захоўваць мяне,

як срэбраны злітак.

А я плакаць буду ў адказ

без дай прычыны.

Я душа-касмапаліт.

Без кала.

Без двара.

Без турмы.

Без айчыны.

Знакі прыпынку

Пуста без знакаў прыпынку

Проста зашмат прасторы

Думкі разгуляліся

і ўнікнулі задуманага сэнсу

Паміж бязродных і адзінокіх

словаў

радкоў

гуляюць твая і мая

думкі

і ніяк на агульны

клічнік ці кропку

натыкнуцца

не могуць

* * *

Аджадай у мяне частку маіх мараў-жаданняў.

А то я не пражыву з такім цяжарам няздзейсненага.

* * *

Ю.К.

І цябе чакаць трэба. Пастаянна.

Перманентнае паветра

вакол мяне задыхаецца.

Лісты восеньскія чыпсамі

рыфлёнымі пад нагамі крышацца.

Крок твой няўпэўнены

Блытаецца. Хістаецца. Вагаецца.

Ты спакой свой малаком п’еш

топленым.

Цішынёй упіваешся.

Я аб гаману вуліц разбіваюся

воплямі.

Ты галаўным болем перада мною

ламаешся.

Ты усмоктваеш, уцягваеш

мяне, маю душу бессаромную,

як каву са стала злізваеш.

Не прачытаеш потым – палянуешся –

Маю самоту шматтомную,

Нечытэльным почыркам няўмела напісаную.

Мне цалаваць цябе пастаянна хочацца,

Каб паветра затохлася ды

Час супакоіўся.

Спыніўся. Прыйшоў мне пальцы калоць ружамі

Ды дотыкамі раны лекаваць невылечныя.

Нашае каханне – песня адвечная.

* * *

Ю.К.

Ой, не парочная.

Ой, не маленькая.

Толькі табе аднаму.

Ды служба паўночная.

Ой, мнішка дурненькая

Малітву адправіла не таму.

Ой, ды парадуйся,

Ды пацалуй мяне.

Сорамна быць сабой.

Ой, ды да ладу ўсё.

Страх патануў у мане.

Кажаш пачуццям адбой.

Ой, не парочная.

Ой, не маленькая.

Толькі табе аднаму.

Ой, ды парадуйся,

Ды пацалуй мяне –

Я цябе абдыму.

Віцебску і … каханаму

Я сню цябе,

мой мілы,

мой каханы.

Я сню цябе нават

калі не сплю.

Я ў свой наган

засоўваю твае

каштаны.

Я толькі твой павеў

лаўлю.

Няхай згрызоты,

сваркі,

звадкі.

Усё – адстой!

Я разгадаю ўсе твае загадкі,

А ты мне – спой!

* * *

Ю.К.

Ніхто мяне не кахае.

Ніхто не кахае, як ты.

Мяне ніхто не кахае.

Не кахае ніхто, як ты.

Не кахае ніхто мяне.

Як ты, ніхто не кахае.

Ніхто не мяне кахае.

Як ты не кахае ніхто.

* * *

Ю.К.

Я зраслася з тваім целам,

Як снег белым.

Мне ўжо не страшна.

Я чакаю,

Калі ты таксама

Станеш смелым.

* * *

Ю.К.

Падчас шпацыру

па небе

я сустрэла

Вадалея.

Каб,

(я водная лілея )

мне такога Вадалея.

Нехрышчонага.

Ды свабодай адною

прыручонага.

Уладальнік смаку

незлічонага,

які дадумаць трэба.

Мне бы…

* * *

Ю.К.

Ты бязлітасна растаптаў мой аптымізм.

Крануў мой узрушаны дынамізм

І расчараваў.

Нешта незваротна парваў.

Светлае нешта.

Чаго наогул цалкам няма і не

будзе ніколі.

Толькі рэшта –

Волі.

* * *

Я толькі да шчасця дакранулася –

Яно ў бяду перакульнулася.

* * *

Ю.К.

Я буду тваёй Самай.

Найпрыгажэйшай Дамай.

Я буду тваім Сонцам

Цыганскім і дзённым.

Я буду тваім сонным

Летам.

На каленях перад усім

светам.

Ты толькі сваімі пальцамі

прамяністымі

У мае валасы выстралі.

* * *

Ю.К.

Каханне заклейвае рот.

Каханне выдзірае язык.

Я баюся сказаць табе тое,

Што ты чуць не прывык.

Таму я бяру асадку.

І старую спадніцу ў складку

На сябе марудна апранаю.

Каханне не звязвае рук.

І я табе адпраўляю

На паперы агучаны стук.

* * *

Ю.К.

Прагну прыроднай рэінкарнацыі.

Прагну растварыцца ў прастрацыі.

Прагну быць з табою тэт-а-тэт.

Я ў табе кахаю ўвесь сусвет!

* * *

Ю.К.

У плячук

калоціць

сэрца –

Акустыка Твайго Цела.

Загрузка...