Бездапаможныя зоркі ідэй
разбіваюцца аб
неразуменне вачэй.
Як мухі аб шкло ў
цемры начэй.
* * *
Я не забуду ніколі
Таго, чаго не было.
Самае каштоўнае тое,
Што не адбілася.
Тое, што ў верагоднасць
Адно безнадзейна сышло.
Ці белай ноччу скрозь трызну
Нахабна прыснілася.
· · · · · ·
Людзям шкада ілюзорнага,
А не рэальнага.
Самага запаветнага.
Неба зялёнага зорнага.
Кахання стохвальнага.
Ўласнага!
Неверагодна адметнага…
* * *
Мне для зменаў
Хаця б штуршок –
Можна
кароткі электрашок.
Можна
запіску з чужой
планеты.
Можна
пылок з залатой
каметы.
Можна
каханага першыя
слёзы
Ці Маргарыты
мімозы.
Ці падарожжа на
субмарыне.
Ці хаця б зашмаргу на
галіне…
Мне для зменаў
Хаця б штуршок –
Пакаштаваць першы раз
арцішок…
Фатограф
Да страху смерці
хачу спакою.
Сама свае пачуцці мыю
і сартырую.
Душэўныя станы малюю
І складаю ў
альбомы.
(Ад стомы?)
Ў маёй галаве
Забабоны-сомы
Паядаюць
ідэі-малькі.
(Матылькі?)
І не бачна з вудай рукі…
* * *
Джону Ленану і Андрэ Брэтону
Я напалову разрэзаная вакном.
Як глухі, успрымаю фразы.
Я пабеленая чорным сукном.
Мне што зоркі, што стразы!
Паштовымі знакамі думак
Тэлеграфую сваёй штодзённасці.
Праз вены гульнёвых лунак
Шукаю шлях да сваёй натхнёнасці.
Абкружаная колам бяспекі,
Як кветка ў старым палісадніку.
Вакол – парэчкі-калекі
Ды зграя агрэстаў-здраднікаў.
* * *
Т.Л.
Я спустошаная,
нібы голеная галава вар’ята.
Трава скошаная.
На ёй – маленькія кураняты.
Шпарка гойсаюць,
імпульсуюць.
Гучна квокаюць,
пратэстуюць.
І пытаннямі душу псуюць.
· · · · · · ·
Я нямоглая.
Я калечаная.
Я нібыта адчалавечаная.
Я з узорчыку выбіваюся.
Кіпцюрамі ў глотку ўпіваюся
· · · · · · · ·
Я змагаюся…
* * *
Навошта
ў шчырасць
гуляць?
Калі яна ёсць –
Яе не адняць.
А спаборнічаць
у гэтым
смешна!
Я б нават
сказала –
грэшна!
Хто згуляе
шчыра
ў слова,
Каб кранула
вуха
мова?
Хто складзе
найлепшы
верш?
Хто аддзячыць
шчыра
найперш?
Не, ну што за
недарэчнасць?
Я амаль-амаль
пераканалася:
Хто шчыруе,
Той, на жаль,
не вечнасць.
Вось і шчырасць
ўжо
няшчырая
Засталася…
* * *
Безасабовая асоба,
Персона нон-грата.
Таварышы, даю
гарант,
Што ён транжыр і мот,
і франт!
Ну, сатрап, я выкрыла
Ўсю чорнасць
тваіх думак!
Я ведаю: хаваеш
кампрамат
Пад выглядам
цывільных клунак –
Цудоўны шчасця апарат!
Ты ведаеш, што я
мацнейшая
І што душа мая
сачнейшая
За твой крывавенькі
сухар!
Ты да таго ж яшчэ
глухар!
І нарцысіст.
Педагагіст
недавучаны!
Прагматызмам
засмучаны.
Каханнем маім
скручаны і …
Перавучаны.
* * *
Крохкім шарошам
па хлюпкай вадзе
цягнем-пацягнем
пачуцці.
Смелыя вобразы
новых ідэй
ёсць на якой
валюце?
Смелыя вобразы
новых ідэй
ёсць на якой
валюце?
Крохкім шарошам
па хлюпкай вадзе
цягнем-пацягнем
пачуцці…
* * *
Сярэдзіна красавіка, лічы.
Яшчэ вясны ні ў водным
воку ў надвор’я.
І людзі клопат праяўляюць,
І раюцца сузор’і.
І снег ідзе, не даючы
вясне падняцца.
Адкуль вясну яшчэ чакаць?
Адкуль ёй ўзяцца?
· · · · · · ·
З народжанага намі…
* * *
Штучнае сонца прабегла па вокнах трамвая.
Ён за натоўпам вочы свае хавае.
Круглыя сінія вочы няўмела хавае.
Я адчуваю бязлітасны пошчак дыхання.
Як утрапёная, сціпла чакаю спаткання.
Мілага, яснага, доўгага цудаспаткання.
Я канчаткова губляю надзею.
Ціха кладуся, няўмела балдзею.
Дзе я? Нідзе! Я чакаць не ўмею...
* * *
Я сабе яшчэ не веру.
І даўно не веру вам.
Я не бачу меры меру,
Я знішчаю бруд і хлам.
Я адчула рыфму рыфмы.
Я паслухала ўсход.
Мне сказалі праўду:”Міф – мы”.
Я заткнула хлусу рот.
Я – як ружы чайнай кветка,
Адчуваеш стогн і пах.
Мне мая патрэбна клетка.
Толькі мой патрэбны страх.
* * *
З любога вакна можна крыкнуць: ”Вярніся!”
Ў любым люстэрку можна ўбачыць сябе.
Любой вадой можна змыць зайздрасць.
І толькі сваім святлом – ажывіць.
Любымі нагамі можна дайсці да мэты.
Любымі крыламі можна даляцець да неба.
Любымі вуснамі можна сказаць праўду.
І толькі сваімі словамі – шчыра.
Любым глытком можна спаталіць смагу.
Любой рукой можна спыніць забойства.
Любым штрыхом можна шэдэўр закончыць.
Але толькі – калі ты сам яго пачынаў.
Там…
натхнёная Барадуліным
Мы ўсё імчымся.
Спяшаемся некуды.
І толькі відны
Сляды на раллі.
Мы марым аб цудзе.
І строга судзім.
І ўсе мы там будзем.
Ці ўжо былі…
* * *
Мой настрой хістаецца так,
Як хістаецца FM-хваля,
калі шукаю радыё-Свабоду.
Ні выйсця няма, ні броду.
Разагнацца трэба і скокнуць
у ...
прахалоду.