Душа паэткі
Ў маёй душы жыве яшчэ адна душа,
Якая ў гэтым свеце не кеміць “ні шыша”.
* * *
Мая душа – старая майка
на брытэльках…
Вісіць і сушыцца на сонцавых руках.
Ах!
Час яе гайдае на нервах-арэльках.
За нітачкі-вейкі падцягвае жах…
Вось чэзне ў знямозе дурацкая майка,
Бо сушаць яе пад фармат…
Ды тут налятае ідэй новых зграйка.
І голага сонца даносіцца мат…
* * *
На цягнік –
і хутчэй.
Адсюль падалей.
Каб пазбегнуць страшнай кары.
Каб пазбавіцца ад мары.
Сесці ціха.
Да вакна прытуліцца
Й забыцца.
А прачнуцца –
Не варухнуцца –
Упасці.
Каб у свеце гэтым паскудным
Больш ні прыкрасці,
ні радасці,
ні “здрасці!”
* * *
Думак – калаўрот,
Лёс мой – абармот,
Хмара – дура.
Шчасце не знайшла,
Шчасце абышла,
Падманула.
Рэшту падлічыць,
Сутнасць улавіць
За хвіліну.
Пераблытаць час,
Ўлезці на Парнас.
Тут лавіну
Не заўважыў ты
І поўныя лухты
Душы.
Будзеш шкадаваць,
Мары марнаваць,
Есці сушы.
Падрахункі дню,
Мілага я сню...
рэдка.
То кахаю,
То люблю,
То губляю,
То лаўлю,
То пачуццямі
страляю метка.
Маці
Надзеленая зверху
трываннем
І абумоўленая спатканнем
з каханнем
Жыццё сваё амаль прынесла
ў ахвяру
Нам – жамярам,
Дзеткам-крывасмокам.
Нібыта па венах токам.
Нас нарадзіла,
напладзіла
І шчэ заплаціла
за гэта.
Манета
ў кішэні засталася.
Ад усяго адраклася,
каб нас гадаваць,
любоў аддаваць
і саграваць…
* * *
Сядзь,
блядзь!
Колькі грахоў?
Пяць…
Ну, блудніца!
Святая паскудніца!
Абшчапаная курыца!
Журыцца, яшчэ
Жаліцца, –
З усімі апосталамі
сварыцца!
Як не сорамна, шэльме,
За сябе заступацца вельмі!
І грахі слязьмі
абмываці
На руках у памерлай
маці…
* * *
Зборы хораў,
Востры нораў
Майго абаронцы.
Прасторы блакіт,
Душы неаліт –
Перамога ў гонцы.
Дзверы замкнёны,
Нож утрапёны
Крэмзае орган.
Адчыняю вакно,
Залатое руно:
Guten Morgan!
* * *
Маці і Т.Л.
Я не чую –
Я адчуваю.
Я намацваю –
Рукамі кранаю.
Я па позірку
Вызначаю
Долю адчаю.
* * *
З кожнай вясной
усё больш жыць хочацца
І ўсё менш застаецца
Часу.
Ну што за злая заканамернасць...
* * *
Серпень гультаяваты,
Як руплівы араты,
Пажынае зоры.
Зямлю абыходзіць-аблятае,
І нат дарога крутая
Не патрабуе форы.
Ён падарожнік са стажам,
Мы, як належыць, скажам
Праўду ў вочы.
Будзе душа бясконца
Глядзець на зямное донца.
Праўда, ўночы…
Клапатлівы анёл
Ва ўсіх Анёлы як Анёлы,
А мой падводзіў столькі раз:
Перакрываў ўсе альвеолы
І не дававў закончыць сказ.
Ва ўсіх Анёлы як Анёлы,
А мой – лайдак і абібок.
І задарма заўжды хвалёны,
І праляжаў да мяса бок.
Ва ўсіх Анёлы як Анёлы,
А мой нічым не дапамог.
Напэўна, каб мой розум кволы
І без яго што-небудзь змог.
* * *
Мае валасы –
пастка.
Віцебскі вецер
трапіў у яе.
Я завязу частку
віцебскага ветру
ў Менск.
* * *
Абсалютна бязвокія
вочы
Пазіраюць з неба
экрана…
І слязьмі
крываточа
рана…
Я стамлюся ад
жыцця
рана…
* * *
Мая душа –
старая сафістка,
Што хлуслівыя доказы
калнкцыянуе.
Мая душа –
цыркавая артыстка,
Што скокнуць без страхоўкі
спрабуе.
Мая душа –
галубка…
з падрэзанымі крыламі.
Мая душа –
без вёслаў
шлюпка…
З непатрэбнымі нікому
сіламі…
* * *
З вышыні майго росту
на асфальтавы брук
Звалілася сляза пякельная
з гукам, як з апраметнай
стук.
* * *
У маёй веры з’явіліся вочы –
Яна цяпер за матывацыяй надзеі
сочыць.
* * *
Звесіў нехта лесвіцу з неба.
Дзяўчынка падумала: “О! Клэба!” – І палезла.
На неба залезла.
Паблукала. Пашукала анёлаў там,
апосталаў, Бога.
Не знайшла нікога.
І назад знікла дарога.
Во нябога!