2

Я зачапілася за родную зямлю,

Як якар захлынуўся жвірам.

Краіна беларусаў

краіна зялёных вачэй і сініх

краіна натхнення і душаў-красак

дзе ўсе пяшчоты – па сэрцах-скрынях

дзе ўсе прыгоды – паводле казак

краіна ўпартых і працавітых

краіна лёсам зашмальцаваных

дзе сярод думак няма прапітых

ды шмат пачуццямі расстраляных

краіна соннага летуцення

краіна гідкага рэалізму

дзе кожны чуе душы трымценне

дзе кожны схільны да …

* * *

ворагу

Найпрыгажэйшая краіна ў свеце мая Беларусь!

Толькі пакрыўдзь, толькі сунься! Я — кусь!

* * *

я лепш ТУТ

прападаць

застануся

ва ўлюбёным месцы

з сябрамі

й каханымі,

чым ТАМ –

кожны дзень –

па лесцы –

наросхрыст з адкрытымі

ранамі

* * *

Магутныя

Светлыя

Смелыя

думкі.

І вочы

сумленныя.

Жыццё –

недарэмнае.

І шчырыя

Зыркія

Белыя

зоры.

Душа

працавітая.

Кашуля

нямытая.

Рэвалюцыйная

Сенсацыйная

Жыццёвая

музыка.

Гарачая

Вартая

гітара.

І чорна-жоўтая

Сумная

сансара.

Вольны свет рапухі

Спі і сні, мая рапуха, вольны свет.

Дзе ў рот палезе муха на абед.

Дзе няспынна будзе сонца прыграваць.

Кожны за капейку шчасце набываць.

Спіш і верыш у ператварэнне.

У стварэнне цудапакалення.

У чаканы скон спрадвечнай багны.

У вагонь кахання ненаўмысна прагны.

Будзем спадзявацца, што твой сон

Спраўдзіцца калісь, як колісь скон.

А пакуль даводзіцца чакаць –

Па гаях цвілымі думкамі блукаць.

* * *

Вы сталі лаўрэатам конкурсу

“Чырвоныя гваздзікі!”

Віншую! І дарую гэтыя бяздушныя

цвікі,

Якія заганяюць пад пазногці

савецкія ўлады.

Як Барадуліна “Вочы Вады”

Мяне кранае карціна.

І я крычу:

“Руціна!

Зацягвае, як багна!”

І адчуваю прагна:

цягнуся да сонца,

Што мне зазірнула ў ваконца.

* * *

Маё неба – в-а-л-о-ш-к-і...

І жвавыя думкі-ножкі

Збіраюць кветкі неба –

валошкі.

Верш, напісаны са слоў чалавека,

які нічога не зразумеў.

* * *

Гмахі

дахаў.

Зорак –

норы.

Крок прарока

ў бездань –

Бездар!

Ну, напрарочыў,

сука!

Мука,

Глядзець на такое

“стоя”.

І не вынесці

напасці –

Ўпасці.

Потым прачнуцца

ціха,

Каб не пачула

ліха.

У каноплях схавацца –

разрыдацца.

Працверазець,

Прачнуцца.

Вочы рукой працерці.

І больш не

варухнуцца.

Маўчаць да самае

смерці.

* * *

Маё вока не заўважае ўжо,

што навокал.

Мы бяздумна ўвесь час

адно апісваем кола.

Мы на досвітку плачам:

“Ну, чаму новы дзень нас

цвеліць штодзённым прыходам?”

А на захадзе разам з магчымасцю

самі сыходзім.

І ні сонца святло

не сагрэе,

Ні мароз

не астудзіць,

Покуль ў сэрцы самота,

і спадзеву няма.

Покуль новае нам –

толькі лішняй турботай.

І галоўная несвабода –

у галовах турма.

* * *

Я зачапілася за родную зямлю,

Як якар захлынуўся жвірам.

Яна мяне і я яе кармлю.

Мы кормімся абедзве мірам.

Загрузка...