Агата і Яна прымяраюць станікі. Гэта іх улюбёны занятак. І хаця прычыны ў іх для гэтага розныя, дзеўкі разам рухаюцца паўз даўгія шэрагі вешалак, заўзята мацаюць, пагардліва адсоўваюць, абіраюць нарэшце два-тры варыянты і пад хіханькі гандлярак зашываюцца ў прымяральню.
Яначка пазіруе нават у прымяральні. Паварочваецца да люстэрка, напружвае жывот, выгінае спіну і на імгненне замірае, гледзячы сабе ў вочы. У такія моманты яна шчыра сабой уражаная і гэтак жа шчыра ўсёй сваёй фігурай запрашае Агату, дый каго заўгодна, падзівіцца, якое ў яе вабнае маладое цела, якая пругкая скура, як выпіраюць з навюткага станіка грудзі.
— Ды не цягні так! — Раптам Яначка разбурае ідылію і пачынае вучыць Агату, што лінія ад грудзей да лапатак мусіць бегчы роўна, а не касіць уніз да спіны. — Вось глядзі, так, а то зараз зацягнеш, а тады спераду правісне. Ну, як?
— Проста шыкоўна, — з Агатай не пагадзіўся б хіба Ёні Кук, але ўсе яны, мадэльеры, крыху таго.
— Слухай, прынясі мне той блакітны, але “цэ”. І гэты, гэты таксама! — крычыць Яначка наўздагон і, разам з патрэбным станікам высоўваючыся з-за фіранкі, тыцкае сабе пальцам ў грудзі.
Яначкін лямант разрывае цішу гандлёвага цэнтра. Гандляркі, якія ў чужой мове не разумеюць ані слоўца, кідаюцца да прымяральні. Але неўзабаве зразумеўшы, што матузкі і не думаюць пакупніцу душыць, а косткі не ўпіваюцца ахвяры ў рэбры, пырскаюць смехам і адыходзяць, каб праз якую хвілю вярнуцца з неверагодна ідыёцкімі мадэлямі.
— Ноў, ноў, — спрабуе адбіцца ад гандлярак паўголая Яначка і нават закручваецца ў фіранку, але тыя ўпарта прыкладваюць да яе захутанай фігуры амарантавы пеньюар у блякла-жоўтыя гарохі не менш як з тонай карунак.
— Ес, ес, соў прыці! — Адна з гандлярак спрабуе прычапіць вешалку з гэтым панкаўскім саванам да верху прымяральні, каб той апынуўся як мага бліжэй да Яначкі, а другая падсоўвае люстэрка, каб пакупніца магла сябе як след разгледзець, і прыцмоквае. — Ўаў, соў прыці!
Нарэшце карнавал разганяе Агата, адну назолу адпіхнуўшы, другой усміхнуўшыся і прыхапіўшы пры гэтым вар’яцкі пеньюар — усё, маўляў, памераем, дайце толькі волю.
— У іх няма “цэ”, вось узяла табе 75 замест 70, паспрабуй.
У Агаты свой інтарэс. Яначка ўводзіць яе ў свет моды: вучыць любіць крамы замест бібліятэк і вопратку замест кніг, любіць выбіраць, падбіраць, спалучаць, упрыгожваць пацеркамі і атрымліваць асалоду ад самога працэсу прымерак. У Яначкі дзве крэдыткі, татава і маміна, плюс працэнт з паказаў і здымак, які штотыдзень выдае на рукі агенцыя, таму дзяўчына купляе што ёй заманецца і калі ёй цюкне ў галаву: трэба ж неяк пазбаўляцца ад усіх гэтых грошай. У Агаты сціплыя ганарары са спазненнем у два месяцы, ніякіх картак і звычка нацягваць раніцай тое, што трапіцца пад руку.
— Во напхалі паралону! Глядзі, тут кішэнькі, каб можна было яшчэ падкласці… — Яначка аглядае новы станік недаверліва, быццам прыкідвае, ці бяспечна на ім пераплыць акіян.
— Ну, я іх добра разумею, у іх жа не грудзі, а прышчыкі. Паглядзі, мы ўжо ў чацвёртай краме запар не можам “цэ” знайсці, усё “а” ды “а”. І навошта на “а” яшчэ станік чапляць?
— Ну, не ўсе ж маюць столькі нахабства, як некаторыя, — Яначка хітра глядзіць на Агату.
— Пры чым тут нахабства, гэта ж элементарная зручнасць! Нашто чапляць на сябе гэтую збрую, калі і цягліц дастаткова? — Агата ніколі не носіць станікаў, але Яначка не губляе надзеі штосьці падабраць і ёй. Паводле яе ідэалу шчасця кожны выхад з дому ў краму мусіць завяршацца кучай пакупак, а сваёй сяброўцы яна, натуральна, зычыць шчасця. Як, безумоўна, і ўсяму свету.
Агата перавыхаванню не надта паддаецца. Вопратку мяняе, толькі каб выпраць і нацягнуць назад, кіношак купляе па адной і пераглядае потым сто разоў, ды і што гэта за кіношкі, там жа ніводнага пацалуначка, не тое каб сапраўднай сцэны ў ложку. Замест ласункаў грызе моркву, а замест начных клубаў завальваецца дрыхнуць ды яшчэ і Яначку з сабой цягне, пагражае ў іншым выпадку выдаць агенцыі, бо “трэба спаць, арганізм не падманеш”.
— Гэта не збруя, — крыўдзіцца Яначка за свае прыўкрасныя станікі. — Я ведаю, для цябе гэта проста анучкі, але ты толькі памерай, ну, давай, ад гэтага ж плямамі не пакрыешся!
Яначка так глядзіць, так надзімае свае пульхныя вусны, што тут бы і Ёні Кук не стрываў, хоць ён адмарозак, вычварэнец і так далей па спісе.
— Ладна, ладна, давай сюды, які мне надзець? — Як бы Агата ад гэтага пачуцця ні хавалася, ёй прыемны дотык халаднаватага шоўку, прыемная мяккасць цюлю, якім убраны верх станіка, ну, і гэтыя колеры... Так і граюць, так і ідуць рэфлексамі: блакіт на бледнай скуры, малако на блакіце, хоць ты бяры пэндзлікі і замалёўвай, што гэтая балаболка казала там пра плямы?..
— Так, тут крыху падцягнем, — Яначка з веданнем справы папраўляе на Агаце станік. — Зараз ты ведаеш як зрабі, я на сабе пакажу, вось так іх рукой знізу падпраў, каб вышэй ляглі, так, ага, малайчына, ну, бачыш?
— Нічога сабе! — Агата здзіўлена глядзіцца ў люстэрка — а там у шкілета і праўда з’явіліся грудзі!
— А я табе кажу! Зараз давай майткі прынясу з гэтай жа калекцыі, зробім з цябе дзяўчыну, — Яначка знікае раней, чым Агата адкрывае рот, каб адмовіцца.
Не паспявае Агата высунуць з-за фіранкі галаву, як да яе з абодвух бакоў з новымі неверагоднымі камплектамі падбягаюць прадавачкі. Гэтым разам у іх гарсэты з браніраванымі чашачкамі, адзін атрутна-салатавы, другі летуценна-паласаты, як закаханая п’яная зебра, а да іх у камплект — дзіцячых памераў панталоны, пра якія прадавачкі ўвесь час нешта стракочуць ды ўсё тыкаюць у каталогі: там прыўкрасная Яначка выгінае спіну і гуляе доўгай нізкай брутальных кіслотнага колеру караляў.
— Ноў, яны ж для мяне замалыя! — спрабуе адбіцца Агата, тлумачыць на пальцах, але жэсты атрымліваюцца збольшага непрыстойнымі. — Ту тайт, ту смол!
— Ноў смол, ноў смол, — смяюцца і вуркочуць прадавачкі і тыцкаюць пальцамі ў каталог, а каталогам Агаце пад нос, але там толькі іерогліфы і вабная Яначка з чароўнай усмешкай, адначасова спалоханай і зазыўной. — Ноў смол, лук, лук, місі!
Тут адна з прадавачак пачынае напінаць атрутныя панталоны на сябе, паказваючы, як цудоўна яны расцягваюцца, і ўсе яе дванаццаць рознакаляровых і рознафактурных спаднічак задзіраюцца ўверх — але чаго добры гандляр не зробіць для свайго пакупніка?
— Вой, нагавічкі з нашай рэкламы! — Яначка падплывае акурат у час і ратуе Агату ад неабходнасці прымераць скуру п’янай зебры. — У нас пад гэтую лінію было цэлае шоу, яна ад цэлюліту, дык надта цісне, спачатку нічога, але потым як паходзіш, дык усё пачынае нямець, і падумай толькі, калі мне цісне, як жа ўсім гэтым цэлюлітным цёткам будзе! На, вось гэтыя паспрабуй.
— Не, гэта ж стрынгі! — пратэстуе Агата, ашчэрыўшыся калючкамі, як дзікабраз.
— Ну так, стрынгі, і я хачу, каб ты іх проста надзела, а не разводзіла мне тут анцімоніі! Глядзець не магу на гэтыя твае… сямейнікі! — Страшнейшай абразы ў яначкіным слоўніку проста няма. Непаразуменне ў прымяральні вось-вось перарасце ў ваенны канфлікт, дзеўкі адна на адну вырачыліся і таго глядзі паб’юцца. Агата ўжо бачыць, як на люстэрку за яначкінай спінай усплывае загаловак “Забойства ў прымяральні”, побач з наэлектрызаванага жарсцямі паветра матэрыялізуецца рэдактар, у якога гараць вочы і драпежна раздзьмухваюцца ноздры, са столі сыплюцца газетныя старонкі з каляровымі здымкамі ахвяры, задушанай стрынгамі… Зрэшты, прыкінуўшы мізэрнасць ганарару ў параўнанні з даўжынёй турэмнага тэрміну, Агата бярэ сябе ў рукі, праганяе відма і кліча на дапамогу занядбаных багоў мудрасці і цярплівасці:
— Сто разоў табе казала: стрынгі шкодныя для дзявочага здароўя, — Агата намагаецца зрабіць нудную прамову аўтарытэтнай. — Яны ствараюць благі мікраклімат, ну, ты, памятаеш, мы з табой карцінкі ў інтэрнэце разглядалі, што там бывае? Можаш потым мець праблемы з хлопцамі…
Гэты аргумент для Яначкі вырашальны. Яе інтарэс да Агаты — апроч жадання зрабіць увесь свет разам з гэтай занудай шчаслівым, — яшчэ і ў тым, каб як мага болей дазнацца пра хлапцоў, і пра сэкс, і пра ўсё-ўсё, пра што Агата ў свае дваццаць тры ведае, а Яначка ў свае шаснаццаць — не. Таму яна хуценька капітулюе і мяняе гнеўны тон на ліслівы:
— Я ж не кажу хадзіць так цалюткі дзень, ну проста прымерай, зрабі ласку, ну я хачу на цябе паглядзець, ну, калі ласка, ну няўжо табе так цяяаажка…
— Акей, толькі не ный, давай сюды і схадзі прынясі мне штосьці нармальнае, а не з дзвюх нітак!
Пакуль Яначка, задаволеная сваёй малой перамогай, знікае за фіранкай, Агата лае ўсё на свеце, правярае, ці прыляпілася пракладка, саромеецца ўласнага адлюстравання, нарэшце паказвае яму язык, а там і свой хударлявы азадак з дзвюма блакітнымі пасачкамі.
— Адпа-ад! — выдыхае Яначка з-за фіранкі, бо крыху пабойваецца ўвайсці, не зірнуўшы Агаце ў твар — ці не ўкусіць? Але Агата смяецца — надта ўжо нягеглы атрымліваецца адбітак: косткі, некалькі блакітных ліній, зноў косткі, над імі немаведама адкуль — грудзі, і далей зноў пляската і вуглавата...
— Ну што, мо і мне на подыум? — Агата выскаляецца і прымае адну з манерных поз, якім вучыла надоечы Яначка, але тут жа хмурнее. — Гэй, і не думай нават, ты што, якая з мяне мадэля!
Але Яначка думае. І бачыць, што гэтая беласкурая шкілеціна будзе вой як даспадобы паскудзе Ёні. У Агаты, канечне, ані грацыі, ані каліўца какецтва, але ж тут свой шарм, анарэксічныя пруцікі акурат у модзе, ды і азіяты заўжды шукаюць светлую скуру…
— Так, адшчапі там, будзь ласкавая, і кінь на залу, у мяне ўсё адно няма грошай, дык чаго тут маскарад разводзіць, — Агата наўмысна бярэ строгі тон, каб хутчэй вярнуць Яначку да станікаў з пазнакай “бэ”. — Дык на якім ты спынілася?
І гэта ў соты раз спрацоўвае. Каляровыя мае вы змоўшчыкі, анучкі вы мае выратавальныя, хай яна не думае нічога, гэтая прыгажуня з каровінымі вачыма.
— Ну, можа, гэты…
— Надзень яшчэ раз, не памятаю ўжо, як сядзеў. — Агата адзін за другім прыкладае да Яначкі станікі, і неўзабаве шаўковага блакітнага з цюлевым верхам ужо і не бачна. На ім ляжыць смарагдавы з залатымі вышыванымі лісточкамі, затым амарантавы з барвовымі бісернымі ружамі, затым паласаты чорна-белы з тонкім паскам карунак. Персікавы са званочкам — м-м-м, смаката, носіцца як абярэг ад непрыемных думак.
— Ведаеш што, я, мабыць, вазьму ўсе, мне ўсе падабаюцца, — Яначка падхоплівае кучу бялізны і цягне яе да касы. Дзяўчына вельмі справядлівая і напраўду хоча зрабіць свет лепшым, а таму мужна не выкідае блакітны камплект з кучы і нават сама за яго плаціць, пакуль Агата адбіваецца ад крамных гаспадынь.
— Місі, місі, лук! — шчаслівыя гандляркі не ведаюць, што б яшчэ прапанаваць экзатычным пакупніцам, цягнуць за рукі, і Агата пакрысе робіцца падобнай да папугая і дзяўбе “ноў”, “ноў”, забываючы ўжо на тое “сэнк’ю”, бо яшчэ палічаць, што яна згодная.
— Бяры і не спрачайся, а не тое пакрыўджуся, — на ўсялякі выпадак Яначка глядзіць на Агату сярдзітымі вачыма, кусае вусны і моршчыць лобік. — У нас заўтра цэлы дзень кастынгі, паедзеш з намі і будзеш адпрацоўваць, казкі расказваць.
— Але ў мяне ж праца! — дзень з мадэлькамі Агаце нават страшна ўявіць, а іх казкі — тым больш! Пра першыя сто пацалункаў, ды як яно бывае, ды якія ў каго былі хлопцы, ды што з тымі хлопцамі ўвогуле рабіць, а як…
— Будзе табе праца, там прыязджае сам спадар Кук, возьмеш у яго інцярв’ю, табе ж трэба эксклюзіў? За эксклюзіў добра заплацяць.
Потым, уначы, Яначка ляжыць у адным з сваіх новых станікаў і горка плача, і робіць кандыцыянер на два градусы халаднейшым, каб пабачыць, як Агата, мярзлявая шкілеціна, скурчыцца пад коўдрай, няўдзячная Агата, для якой яна столькі зрабіла і столькі яшчэ заўтра зробіць… А Агата лічыць ад тысячы назад, лічыць дні, калі ў яе накопіцца дастаткова грошай, каб выплаціць штраф за пратэрмінаваную візу, сямсот семдзесят тры, каб вярнуцца дамоў, сямсот семдзесят два, каб купіць гэтай дурнічцы ляльку, сямсот семдзесят адзін, бабу з во такімі цыцкамі, сямсот семдзесят, бабу, якая не ведае, што такое станік, сямсот шэсцьдзесят дзевяць, бабу, сямсот, дамоў, сямсот пецьдзесят тры, грошы, сямсот пяцьдзесят тры, збілася, баба, сямсот семдзесят тры, станікі, сямсот, холадна як, сямсот семсят два, трэба вярнуць ёй сямсот.
Яначка пільна сочыць за Агаціным дыханнем, чакае, пакуль яно зробіцца роўным і запаволеным. У руках Яначка мне новы станік, шаўковы, блакітны. Усе на свеце павінны быць шчаслівыя, гэта праўда. Але праца ёсць праца, а наперадзе — яшчэ цэлы тыдзень, Тыдзень моды, а Агатка такая худзенькая і бледная (цюль халодзіць шыю — можа, крыху вышэй, вось так, трэба ўсё зрабіць хутка)... Шкада Агатку, але нашто яна такая худзенькая і бледная (не, лепей вось так, каб матузкі слізгалі праз спражку)? Так, так — шчоўкае кандыцыянер.
Агатка у блакітным шоўку дыхае каротка і хутка, потым усхліпвае і заціхае.
Тады Яначка ідзе ў ванну. От жа, пазногаць зламала! І станік расцягнуўся… Ну дык можа, я прымераю, во. Прыгажуня з люстэрка ашчэрваецца усмешкай — блакітны станік пасуе і ёй. Цяпер можна спакойна спаць.
Таўстуха
Яначка і Агата едуць на фотасесію. Дакладней, на фотасесію едзе Яначка, а Агатка карыстаецца нагодай хутчэй дабрацца да метро. Яначкін букер вельмі задаволены і пазвоньвае ў пробцы сваёй каханай — напэўна, хваліцца, што многа заробіць. Яму дастаюцца адсоткі ад кожнай работы, якую ўдаецца займець Яначцы. А гэтым разам так пашэнціла — дзеўку ўпадабала галоўная дызайнерка тэкстыльнай фабрыкі, ды не абы-якой, а самой… Але каханую гэта не цікавіць, цікавіць яе толькі, калі ён вернецца і якіх прысмакаў прывязе. Прынамсі, так дзеўкі расчытваюць тыя мімічныя эцюды, якія адбываюцца на пярэднім сядзенні іхнага вэна, бо мовы дасюль не ведаюць. Вучылі-вучылі з раніцы, пакуль Масу чакалі, нават дырэктара агенцыі да колікаў давялі. А цяпер усё забыліся, хітрая такая мова, яна то з табой, то з кімсьці здраджвае. “Трэба будзе заняцца сур’ёзна, калі ўжо тут загразла”, — чарговы раз дае сабе загад Агата, але думкі сплываюць ад вучобы да разважанняў, ці выпадзе ёй хоць калі вярнуцца дадому. Мо разбіць якую вітрыну, каб яе дэпартавалі разам з пратэрмінаванай візай?.. “Ці зробяць яны мне педыкюр?” — прыкідвае Яначка і разглядае свае ладныя пальчыкі, якія сціпла выглядаюць з-пад рамянёў сандаляў. А потым спрабуе згадаць кастынг для фабрыкі. Гэта важна — згадаць, якую халеру яны прыносілі мераць для снэп-шотаў. Калі класныя рэчы, дык мо і праца будзе вясёлая, і падораць чаго-небудзь, Яначцы заўжды дораць рэчы, вось, напрыклад, гэтыя акуляры “Шанэль”, ці гэтыя майкі, што цяпер на іх з Агаткай. Нават калі самі не прапануюць, заўжды можна ўхапіць аблюбаваную рэч і хваліць яе, пакуль гаспадароў не пройме. Дык што ж там былі за рэчы? Не, не згадваецца, так шмат кастынгаў было апошнім часам, што ўсё ў памяці блытаецца.
— Спыні, калі ласка, тут, — далей шляхі Агаты і мінівэна разыходзяцца, фабрыка за горадам, рэдакцыя ў самым цэнтры, а метро адсюль усяго ў некалькіх прыпынках, можна дайсці. — Дзякуй, што дакінулі.
— Місі, падумай, там дожджа будзе, — Маса, як заўжды, непакоіцца.
— Застааанься, ну застааанься, яны без цябе абыдуцца, ты мне сама казала… — Яначка завяла катрынку з учорашняга вечара і паспела Агаце ўжо добра надакучыць. — Паглядзіш, як ды што, можа, пра фабрыку гэную напішаш, а не, ну ці знудзішся там, дык я табе таксі выклічу, умэнт завязуць, ну застааанься, ну лапуня, ну красуня…
Агатка рашуча вызваляецца з абдымкаў, адсоўвае дзверы вэна — яны, як заўжды, слізгаюць вельмі лёгка. Хапае торбу, прапускае машыну, выскоквае — і на яе абрынаецца сцяна дажджу. У гэтым клімаце так заўсёды: толькі што былі сонца і задуха, аж вось вам, трымайце, дарунак нябёсаў, каб тым субтропікам ікалася! І рубца сухога не засталося. А гэтыя сабе рагочуць, аж машына ходырам ходзіць.
— Місі, сюдэю! — заліваецца Маса і махае рукамі.
Каб табе махала абламалася, сурочыў, гад! Што паробіш, трэба лезці назад, пакуль аб’ектыў не змок: торбачка доўга гэткай залевы не вытрымае.
— Як добра, што я халат прыхапіла, зараз, — Яначка ўцягвае мокрую курыцу назад, загадвае Масе адвярнуцца і не падглядаць. — От зараз, ды не глядзіць ніхто, здымай (Маса, а ну адвярнуўся, каму сказала!), здымай, нельга ў мокрым сядзець, застудзішся, унь ужо зуб зуба кліча, Маса, кандыцыянер ноў! Давай, і майткі таксама, зараз, у мяне дзесьці тут купальнік быў…
Дождж, канечне ж, перастаў, як толькі дзяўчаты зацягнулі халаціку пасак.
— Неее, — Яначка перахапіла Агацін позірк і хуценька прыбрала мокрыя рэчы ў сумку, дзе раней жыў халат. Мокрыя, брыдкія Агаціны шмоткі. Анучы дый годзе. Што яна за лахманы ўсялякія носіць, вечна ў яе якаясь філя-за-фíя. Трэба ёй яшчэ спадніцу падарыць. — Усё, паедзеш з намі, на, тэлефануй у рэдакцыю.
Потым яны гадзіны дзве ехалі чвэрць мілі да платнай шашы, паўгадзіны да самой фабрыкі, яшчэ паўгадзіны Маса перапрашаў, што спазніліся…
Супрацоўніцы фабрыкі вельмі хочуць паглядзець на гасцей — з работай у руках яны высыпалі на лесвічныя маршы, пальчыкам тыцкаюць ды смешачкі правяць. Хай сабе дызайнерка паперадзе ідзе ды пагырквае, а ім што, ім свята. Так бы і шыбавалі ў фотапавільёны ўсёй грамадой, уверх, уніз, на грузавым ліфце, налева, направа, яшчэ направа… Не, самі мы адсюль не выйдзем, вырашыла Агата і кінула лічыць павароты. Фотапавільёны займалі два сумежныя паверхі — там ужо ішла праца, Марціна Грос з канкурэнтнай агенцыі ляжала на падлозе ў рассыпаных яблыках. Збоку яна нагадвала прыстрэленую качку, да якой збегліся галодныя сабакі — фатограф, стылісты, асістэнты розныя. Не, хутчэй нябожчыца, вакол — паліцыянты, і вось галоўны следчы, дызайнерка, усіх адным зіркам паразганяла і схілілася да ахвяры.
— О-го, — прысвіснуў Маса, агледзеўшыся. — Місі, глядзі!
Дзяўчат запрашаць не трэба — як скінуць вокам, павільён поўны ўсемажлівых і немажлівых прадметаў. Але Яначцы не даюць нават крануць цацачнага труса. Ганчакі атачылі свежую ахвяру, стылісты ўчапіліся за валасы, манікюрша за рукі, педзікюрша за ногі, візажыст ледзь прабіўся да твару, так што Яначкі і не бачна.
Агата з Масам выпраўляюцца на экскурсію. Яны мінаюць безліч столікаў, сталоў і сталішчаў, круглых, драўляных, металічных, этнічных, фарбаваных, двойчы рэпараваных, лакава-блішчастых і матава-падрапаных, цыбатых і бязногіх, зробленых з дыназаўравага шкілету і з матора вэ-восем. На сталах стаяць штучныя і жывыя букеты. Шкляныя слёзы на тканай лістоце — штучны букет змарыўся ад сваёй штучнасці і несмяротнасці і з зайздрасцю паглядае на жывога суседа. А той таксама паглядае ўбок — шкадуе свой кароткі ды марна загублены век, прагне вечнага жыцця, сумуе па далёкім лузе і тонях, на якія не вернецца аніводзін пялёстак…
“І вось так заўжды”, — уздыхне Агатка і згадае, як яны з Яначкай марылі абмяняцца валасамі, бо кучаравыя бландзінкі зазвычай хочуць быць прамавалосымі брунеткамі і наадварот. І толькі рыжыя-кароткастрыжыя заўжды самі пры сабе. Але падзівімся на вось той вялізны кантрабас — Маса ці то ростам з ім мераецца, ці то ўлезці ў сярэдзіну спрабуе, нібы кантрабас — гэта човен, а струны — так, павуцінне наліплае.
— Куды ж ты, бака! — дзеўка ледзь за вушы адцягвае яго ад інструмента, от жа, нават слоўца якоесь усплыло, ну ды лаянка заўжды лепей запамінаецца. Унь як гэты дылда выгаворвае “ёлуп”, куды лепей, чымся іхныя з Яначкай імёны. Выходзіць “йіорупп”, але пазнаць можна. — Хадзем лепш, я табе сыграю.
На другім паверсе разлеглася вялізная чорная раяля, сытая пантэра, што ва ўсе зубы ашчэрылася на Агату. Але варта было сунуць ёй у пашчу руку, як адразу пачаліся скаргі на здароўе дый адсутнасць партнёра. Некалькі клавішаў западала, струна на сі першай актавы парвалася і чапляла суседнія, так што пераход з першай актавы на другую быў падобны да сутаргавага ўсхліпу ўсёй квінты. Некалі аксамітны, нават пародны і, пэўна ж, спакушальны голас гэтай пані цяпер гучаў так, быццам яна ўсе трыццаць гадоў за нялюбым мужам. Так што Агата крыху пабахала Баха, успеніла Шапэна ды кінула. Яшчэ Яначка заплачацца, што ёй галава ад такой музыкі баліць. Яна вунь і сапраўды нешта надзьмулася, вой жа і смешная ў гэтых трох спаднічках. Ну, мо глядзець сычом ёй загадаў фатограф, які так і скача вакол яе з экспанометрам, так і бліскае ўспышкай, не, праўда, і без музыкі хапае, адпачні, старэнькая.
Далейшае бадзянне ды бяздзеянне прывяло нашых турыстаў да стосу парыкоў — Маса ў залатых кудзерах глядзеўся так, што Агата расчахліла аб’ектыў. Праўда, літаральна праз хвіліну давялося яго скручваць назад і ставіць кітавы — тыя самыя кудзеры ператварылі Агату ў французскую каралеўскую балонку, і дзеля гэтага варта было спярша пакурчыцца ад смеху перад люстэркам, а потым патлумачыць Масу, на што ціснуць, бо трэба ж захаваць для вечнасці такую страшную прыгажосць. Ну а там абое разыграліся, пачалі перакідвацца ролямі мадэлі і фатографа ды так захапіліся, што не заўважылі, як да іх падышла дызайнерка. Яна і так ужо пэўны час бадзялася па павільёне, быццам штосьці шукаючы, але што менавіта — забылася. За ёю падцягнулася паглядзець, як тыя двое дурэюць, і ўся студыя. Ачомалася Агата тады, калі да звыклага “цмока” роднага затвора далучыўся яшчэ адзін — студыйны фатограф, аказваецца, таксама прыладзіўся побач з Масам! Дызайнерка ў нейкім парыве падляцела да Агаты, ускудлачыла на ёй парык, накінула на шыю гірлянду кветак і адышла ў задуменні, быццам мастак, які паклаў на палатно ўдалы мазок, змяніўшы ім усю карціну.
Не паспела дзеўка распытаць Масу, чаго гэта яны, як аказалася на крэслах, і вось яе ўжо чэшуць, мажуць, педыкюраць ды манікюраць, прычым усё адначасова, якія ўжо тут роспыты.
— Маса, скажы ім, што я не мадэль! — Агата адбіваецца ад дзеўкі з пудрай і адчайна чапляецца за халат, з якога яе спрабуюць выцягнуць. — Яначка! Памажы!
Неўзабаве букер з’яўляецца побач і просіць прыкінуцца мадэллю, бо дызайнерка ў гэтым вобразе хоча менавіта яе, Агату, дык каб яначкінай агенцыі грошы не губляць, хай місі паспрабуе, ну вось гэтак жа, як яны толькі што рабілі з парыкамі, а там разбярэмся, калі добра пойдзе — дык і заробак неблагі, сто даляраў за гадзіну здымак... О, за сто даляраў місі, канечне, паспрабуе! За сто даляраў місі нават дазволіць завіць сабе валасы на дробную плойку, потым завязаць у два хвасты і схаваць пад нечым хусткападобным а-ля майткі на галаве, і нават дасць нацягнуць на сябе тры спадніцы і чатыры кофтачкі адна паверх іншай, і нават стане туды, дзе наклеены зялёны крыжык, і нават зробіць ім, як просяць, смайл.
Праз тры гадзіны Агата пра працу мадэлі думала ўжо без пагарды. Ёй аж да млосці надакучыў фен, якім ёй дзьмулі ў твар, — валасы ўсё адно не хацелі лётаць, затое вочы тут жа пухлі, чырванелі і слязіліся, так што ўсё цяжэй было рэагаваць на дызайнерку, якая стаяла побач з фатографам і ўвесь час трымала палец ля вуснаў ды перад кожным кадрам прыгаворвала — смайл, смайл. Усміхнуся, каб табе чэрці ў пекле ўсміхаліся! Паскачу, каб табе на патэльні паскакаць! Але ж трэба, трэба, і хай Яначка паглядзіць, як яна спраўляецца, не ўсё ж ёй адной прыгажуняй быць. Можа і яна, Агата, зусім нават нічога, хай гэтая багацейка не думае, што яна нейкі недачалавек ці як, от зараз зараблю і сама ёй майку куплю ды падарую…
А Яначка плача за кантрабасам ля дальняга кута павільёна. Маса доўга не мог дабіцца ад яе чагось большага, чым пара кухталёў і пажаданняў трасцы. Ён нават прыцягнуў ёй з другога паверха цацачнага труса і разыграў з ім адцінанне галавы. На жаль, нават жорсткае абыходжанне з цацкай Яначку не суцешыла, таму хлопец вырашыў скарыстаць сакрэтную зброю: у валізе між кампазітак на ўсялякі выпадак хавалася шакаладка. Вялікая, чорная, з разынкамі ды міндалем, твая ўлюбёная, ну, бяры! Але дзеўка адпіхнула яго руку ды яшчэ горай завяла:
— Ы-ы-ы, ыдыёт! Мне нельга — я то-о-оўстая! Так яны мне сказалі, унь тыя твае, ы-ы-ы, кляенты!
Для мадэлі няма страшнейшай ганьбы, тут нават дасведчаны Маса разгубіцца.
Дарога дадому быццам тая ж, што і раніцай, але зусім не тая. Дзеўкі сядзяць па сваіх кутах, маўчаць. Адна змораная і ўжо не шчаслівая — пабачыла, якая ў Яначкі бяда, дык нават сорамна за сваю колішнюю радасць зрабілася. Другая пакрыўджаная да самага нутра, быццам сяброўка наўмысна яе з-пад камераў адпіхнула, у-у-у, змяюка, у давер уцерлася, а гэта ж я сама яе ўгаварыла ехаць, забавіць хацела, парадаваць…
— Нічога ты не тоўстая, — Агата нарэшце кідаецца прабіваць сцяну непрыязнага маўчання. — Яны проста самі не ведаюць, чаго хочуць. Ты ж бачыла ў іх на кампутары — яны ўжо чалавек дзесяць перабралі.
— Ай, маўчы ўжо лепей! — У Яначкі няма ахвоты не толькі гаварыць, але і слухаць гэтую здыхлю. — Хіба не бачна?
Яначка кладзе руку побач з Агацінай. Смуглая рука вылепленая гожа, ладна, і побач з ёй Агацін дроцік глядзіцца страх як негарманічна — локаць выпірае, праз бледную скуру ўсе жылкі відаць, не рука, а дапаможнік па анатоміі. І каму такое можа падабацца?
— Яначка, я табе сто разоў казала і вось сто першы кажу — ты вельмі прыгожая! А гэтая дызайнерка проста ненармальная. Яна мне прапаноўвала іхныя гэтыя спадніцы і ўсё майно, калі я буду з ёй гёрлфрэнд, — далібог, яна ненармальная! Так, так, прапаноўвала, і не глядзі на мяне, ну канечне, я не згаджуся… Ну, хочаш, угаворым Масу, зараз жа пазвонім ім ды скажам, што я не буду здымацца далей? Глядзі, я папрасіла ў іх для цябе таго труса, у яго, праўда, галава адвальваецца, але я падшыю…
Вось так пакрысе настае мір і спакой. Агата яшчэ не ведае, што яе чакае замест чыпсаў і чарговага кіна ў ложку.
А Яначка ў акно глядзіць, маршрут прыкідвае і абдумвае. Дзверы ў бусіку адкрываюцца лёгка, нават вельмі лёгка. Маса неяк казаў, што трэба ўпор паставіць, на ўсялякі выпадак, а то яшчэ адкрыюцца самі на якім павароце. А там жа трафік, жах проста, гэты вялікі горад — самая сапраўдная мясарубка. Агатка, не абапірайся так на дзверы! Вой, мушу цябе папярэдзіць, там паварот наперадзе, рэзкі!
Шчоўк. Ускрык. Візгат тармазоў. Удаём жах. Супакойваем Масу.
Ах, місі, які страшны выпадак! Ах, місі, так шкада тваю сяброўку! Доўбня ты доўбня, Маса, трэба было ўпор паставіць. Але мы нікому не скажам, што ты вінаваты, праўда? Ну, хто яе будзе шукаць, яе ж, нелегалку, ніхто не ведае. Кладзі яе хутчэй і едзем, пакуль паліцыю не прынесла. Скажы таму чмыру, што ў бальніцу, — і едзем хутчэй, пакуль яна мне тут усе апраткі сваімі мазгамі не запэцкала. Я ведаю добрую гару, там глыбокую нару. Не-не, там ніхто не ходзіць, толькі я на прабежкі выбіраюся. Ну, канечне, ведаю. Не бывае, кажу табе, нікога, ужо месяц бегаю, прыглядаюся, нікога не сустракаю. І пазвані каханай, яна, напэўна, злуецца. Давай купім ёй тофу, тут на рагу вуліцы. М-м, смачна.
Але больш нельга, я цяпер на дыеце.