Дадому

Агата і Яначка збіраюцца дадому.

Яначка ўжо трэці раз пакуе рэчы, але прыціснуты зверху чамадан усё ніяк не можа зашчоўкнуць пашчу. Дзяўчаты і так, і гэтак, і нават дабівалі яго локцем, як дабіваюць у кіношках ворага. Агата ўжо займела добры гузак — нейкі абцас трапіўся ці мо прас. І ўжо здавалася, вось зараз замочкі сустрэнуцца, ну яшчэ крышачку… А яны ўжжжык — і разбегліся, і чаравічак з шампуняй выплюнулі, злыдні. Пасля хвіліны роспачнага роздуму Яначка рашуча выцягвае з чамадана пас, прас і кантрабас — “куплю татку банджа”, — і пад апладысменты Агаты зашчоўквае замочкі. Потым з пераможным выглядам узбіраецца на шалі. Шалі думаюць, вагаюцца, яны ўжо адвыклі ад чагосьці цяжэйшага за 46 кіло, а потым абвяшчаюць вырак.

— О не, — стогне Яначка, — у мяне перабор на трыццаць пяць кіло!

— Няўжо? Казала я табе, што не трэба купляць падарункі кожнаму, каго ты бачыла хоць раз ў жыцці?

Яначка і слухаць не хоча. Пакінуць былых аднакласніц без ружовых парасонаў, а былога бойфрэнда без калекцыі кальсонаў? Яна пачынае ў соты раз перабіраць чамаданныя вантробы. “Так, гэтыя чаравічкі… Яны ўжо старыя, можаш забраць сабе, калі хочаш, не? Ну, тады выкідаю… Што ж яшчэ… Не, піжамку не магу, гэта ўлюбёная…” Калі праз гадзіну Яначкіны рэчы зноў распаўзліся па пакоі, Агата ў чарговы раз запарыла гарбату і села на падлогу побач з пачварнай чамаданнай гарой.

— Мо яшчэ што вышлі поштай? Усё ж танней будзе, чым у аэрапорце за лішнюю вагу плаціць.

— А давай нікуды не паедзем!

Кубачак дзінькае аб сподак — гэта затрэсліся Агаціны рукі. Тут Яначка мусіла б прыціхнуць, а нават і з галавой схавацца ў якую торбу ад такога жахлівага позірку. Бо Агата не проста глядзіць — яна спапяляе. Не кажа, а апускае на галовы ворагаў гільяціну:

— Ты. Зараз жа. Збярэш. Гэтыя. Чортавы. Рэчы. Бо. Мы. Едзем. Дадому.

Дадому, дадому!

Пачуццё абсалютна ірацыянальнае. Нібыта хтосьці завязаў твае кішкі шаўковай ніткай, і доўгі час ты яе быццам не адчуваеш, але раптам хтосьці пачынае змотваць клубок і паволі выцягваць твае вантробы. Розум падказвае Агаце, што вяртацца няма куды, што вяртацца ўвогуле немагчыма, што кінутая радзіма — гэта як кватэра, з якой ты з’ехаў, забраўшы карцінку са сцяны. Туды даўно ўсяліўся новы жыхар, прыпёр смярдзючую лядоўню і тэлевізійнага бажка, і ўсё, што насамрэч цябе там чакае і помніць, — гэта кавалак шпалеры, які пакуль не выгарэў пад карцінай. Але памяць маніць, хлусіць, падсвечвае шпалеры залатымі промнямі, каб бачнае было адно ззянне. І ты круцішся, як вугор, шукаеш, як саскочыць з чужынскай патэльні і паплыць туды супраць плыні. Што там, у гэтым туды, няважна, важна толькі тое, што трэба плыць.

***

А Яначцы дамоў не хочацца, нават на святы. Так, яна засумавала па матулі, і па Баксіку — гэта іхны стары сабака, — і нават крыху па школе. Чаму б не выпісаць іх сюды? Мама, сабака, тры-чатыры сябры, ну, ці з тузін, — яна б пацягала іх па горадзе, па крамах-кавярнях. Маме мусяць спадабацца тутэйшыя кошты на жэмчуг, яна так любіць жэмчуг, Яначка ёй цэлую торбу перлаў накупляла. Але ехаць туды? Слухаць, як яны з айчымам лаюцца? Чыё дзіцё, чый дом… Глядзець на гэтыя шэрыя вуліцы, на гэтых нудных людзей, на гэтых прышчавых здыхляў… “Там жа нават “Старбакса” няма!” — думка гэтая так палохае дзяўчыну, што яна тут жа ўголас жахаецца. Але сяброўка глядзіць змрочна і ўрачыста, як ерэтык перад спаленнем, і Яначка спяшаецца схавацца за сукенкай. Сукенку падарыў на развітанне сам дырэктар агенцыі, ну нельга ж яе тут пакінуць.

— Слу-ухай! — голас шчаслівы, яўна нейкая ідэя. — У цябе ж нічога няма! Адзін заплечнік. Вазьмі мае торбы, а? Толькі да самалёта? Чым мне аэрапорту плаціць, дык я лепей табе заплачу, а то яны, баюся, грошай не возьмуць, скажуць, лішняе выкідай, а ў мяне няма лішняга…

Агата не супраць і клункі цягаць, і саму паганятую ўсадзіць на плечы і бегма бегчы да самалёта — абы паехаць.

— Дзякуй, дзякуй, дзяяякуй! Я цябе люблю! — Яначка скача, як вясёлы шчанюк, што хлопае вушамі і мерыцца лізнуць гаспадара ў нос. — Вось, бяры тады торбу з гарбатай, і гэтую, дзе боты, і… О, а можаш узяць майго Сэма? Я ведаю, ты яго добра дагледзіш, вунь як галаву прышыла — дасюль трымаецца! А мытнікі ўбачаць у цябе цацачнага трусіка, адразу ўсміхнуцца і не будуць доўга трымаць, вось!

Калі прыехаў Маса, каб падкінуць іх да маршруткі, абедзве былі цалкам сабраныя. Яны нагадвалі дзве стромкія ёлкі, здзеклівай рукой увешаныя завялікімі цацкамі, але Маса святкуе не тыя святы, таму ён проста шкадуе, што “місям” столькі ўсяго несці.

Маршрутка забярэ дзяўчат з цэнтра горада, і па дарозе яны апошні раз азіраюцца — бывайце, пульхныя мафіны “Старбакса”, самотныя горныя пячоры, бывай, букберы, бывай, эспрыт! І ты, Маса, дзіцё ты малое, хопіць ужо хныкаць, бяжы да каханай, от шчаслівая будзе — мадэлькі з’ехалі. Нічога, яна ўсё адно знойдзе, да каго раўнаваць.

Загрузіўшыся ў маршрутку, Агата і Яначка абмяркоўваюць новыя правілы перавозу рэчаў, пра якія толькі што пачулі. Прыкідваюць, ці адбяруць у іх усе шампуні, слухаюць байкі спадарожнікаў пра тое, як самалёты гадзінамі не могуць узляцець, бо пасажыраў усё правяраюць і правяраюць.

— Яны цябе і разуюць, і распрануць, а потым… — але канец гэтай жахлівай гісторыі Агаце давядзецца дадумваць самой, бо яны акурат пад’ехалі да ганконгскай мяжы, і цяпер у іх правяраюць пашпарты. І канечне ж, Агаціна віза не ў парадку, нягледзячы на ўсе запэўніванні спадара Кука і ўсе шчыраванні добрага Масы.

— Пусціце яе, яна дамоў вяртаецца, яна са мной! — ды гэтым разам усе Яначкіны хітрыкі нічым не дапамогуць. Памежнікі затрымліваюць Агату. Маршрутчык чакаць не згодзен, хай сабе і ўзяў з пасажыркі плату — хто ж цябе прасіў плаціць адразу, калі можна было і пасля? А цяпер у такой сумятні ніхто табе тыя грошы вяртаць не будзе.

Яначка ў слязах ад’язджае да аэрапорта, пакуль Агату, абвешаную Яначкінымі рэчамі, цягнуць у аддзяленне паліцыі. Справа торба, злева торба, у зубах яшчэ адна, а з заплечніка доўгія вушы тырчаць — у такім выглядзе нелегалка і з’яўляецца на вочы супрацоўніка эміграцыйнай службы.

Ветлівы, як псіхіятр з серыйным забойцам, дзядок пачынае допыт і догляд: перабірае рэчы, згодна ківае галавой і відавочна не верыць, што ў гэтай бутэлечцы ўсяго толькі кроплі для вачэй. Няшчаснаму Сэму зноў адчыкваюць галаву: а чаго гэта ў вашай цацкі галава прышытая? А мо вы схавалі там какаін? Трусік трапляе на белы стол, там яму без наркозу рэжуць бруха, потым ахвяру чвартуюць і калесуюць. Не, няма какаіну. Шкада. Ну, то трымайце назад, бярыце рэчы ды ідзіце за афіцэрам, вось за ёй. Ёй патлумачыце, каму пазваніць, і раскажаце, чым вы тут не займаліся.

Шматнацыянальная пачакальня гаворыць адной гістэрычна-слязлівай мовай. Адзіны спакойны чалавек — вялікая афрыканка, яна выглядае так, нібыта даўно пусціла тут карані і хутка дасць ураджай. Спявае сабе штосьці пад нос, вяжа кручком аранжавы шалік. Тут Агата нарэшце даведваецца, што за злоўжыванне мясцовай гасціннасцю трэба ўсяго толькі заплаціць штраф. А тады шырокае поле — ідзі, куды воля.

Пазмагаўшыся з рознымі валютамі і курсамі, дзеўка разумее, што аддаць трэба ўсё да капейкі. Але тады не хопіць на новую маршрутку і потым — на цягнік ад сталіцы імперыі да роднай калюгі. Вось каб яна не заплаціла за тую маршрутку наперад… Але ўсё гэта дробязі, нястрашна, галоўнае — вырвацца адсюль, яшчэ паспею, яшчэ толькі рэгістрацыю пачалі, а там можна і спынам… Хто не ведае, што такое падлікі ў шокавым стане, хай залезе ў душ, урубіць халодную ваду і паспрабуе вылічваць інтэгралы. Канечне, яна памылілася, грошай усё адно не хапіла.

— Не бядуй, — голас азваўся аднекуль з-пад аранжавых хваляў. — Пасядзіш тут, языкі пачэшам, а потым яны пабачаць, што ўзяць з цябе няма чаго, і самі дэпартуюць. Ну, мо зіму якую тут пабудзеш, усё мне весялей… Вось акурат шалік давяжу, накрыешся, тут зімы сцюдзёныя.

Спагадлівая цётка нешта яшчэ балбатала, ды так жыццярадасна зацягвала атупелую Агату ў свае каляровыя цянёты, што тая ледзь дзякаваць за параду не пачала. Але не паспела дзеўка скляваць прапанаванае зярнятка і зацягнуць сумны паланез на развітанне з радзімай, як пакой раздаўся ўшыркі. Спярша забліскала знаёмая ўсмешка, а за ёй з-пад рук афіцэркі вынырнуў такі родны, такі неймаверна свой Дэйв.

— Што, старая, трапіла, як мыш у пастку? Ведаю, усё ведаю, мне Яначка пазваніла адразу, як вы рассталіся. Давай, збірайся, нам трэба яшчэ паспець… Грошы? Акей, колькі і куды плаціць? Сюды?..

***

І вось яны імчаць па сустрэчнай, шчаслівыя птушкі. Дарога да самага аэрапорта вольная — усе сёння глядзяць фінал чэмпіянату свету па футболе, і на шашы, апроч іхняга мінівэну, няма ніводнай машыны.

Маса руліць, а Дэйв назвоньвае Яначцы — рэгістрацыя вось-вось завершыцца, трэба нешта рабіць. Агатка, бедная, толькі нервова ўсхліпвае на заднім сядзенні, абдымае падранага трусіка і спрабуе пальцам запхаць яму назад вантробы. Будзе пальцам пханы трус, новая міжнацыянальная страва.

— Ты лепей торбы назад пазбірай, — раіць Дэйв, на хвілю адарваўшыся ад мабілкі. — Мы хутка пад’едзем, і часу пакавацца не будзе.

Торбы і праўда ў жалю вартым стане — пасля догляду Агата закідвала рэчы назад абы-як, замок зашчоўквала дрыготкімі рукамі, адзін такой недалікатнасці не вытрываў, разышоўся. Так што рэчы тырчаць на ўсе бакі. Агатка ніяк не можа сабрацца, рукі трасуцца, рэчы разбягаюцца, урэшце яна вырашае пакінуць тут тры шампуні і цудоўны алей для валасоў, сервіз для гарбаты, пяць кіло салодкага рамбутану і восем цацак рознага калібру. Яначка, пэўна, не пакрыўдзіцца, улічваючы абставіны. Цікава, каго яна ратуе — мяне ці свае рэчы?

Агатка, ты не справядлівая да сяброўкі! Паглядзі, як яна стаіць на ўзлётнай паласе, раскінуўшы перад носам самалёта рукі. Гэта табе не каня спыніць, тут і загрэбці як тэрарыстку могуць. Аж яна цябе вырашыла дачакацца, і ўсе! Хай іншыя рэйсы затрымаюцца, хай зямля хоць у іншы бок завернецца, а яна ўгаварыла пілотаў ды ўсё кіраўніцтва аэрапорта з імі разам. Вунь табе нават строгі палісмен не кайданы нясе, а ручку працягвае, хоча дапамагчы з тваімі валізамі.

— Дзякуй, я сама! — Агатка больш ніколі ў жыцці не зможа спакойна ставіцца да людзей у форме, таму пыхціць і цягне клункі, валізы і торбы сама.

Але ж іх павінны дагледзець. Што, калі гэта спланаваная тэрарыстычная акцыя? Што, калі ў кожным меху — па тры кілаграмы трацілу?

Торбы зноў выварочваюцца, валізы раскідваюцца проста па ўзлётным асфальце. І пакуль дзядзечкі ў чорным прасвечваюць дзявочыя рэчы ды саму дзеўку нейкімі загадкавымі прыборамі, увесь салон борта нумар 925 прыпадае да ілюмінатараў. Глядзіце, якая піжамка! Вось дык банджа! А навошта ёй гумовы алігатар у натуральную велічыню?

Нарэшце чарговы догляд завершаны, палісмены дапамагаюць Агаце пакавацца — Яначку і блізка не падпускаюць, а раптам яна ўсё ж тэрарыстка, эх, шкада, што палова аэрапорта гэты спектакль здымае на мабілкі, і таму нельга гэтых прыгажунь адсюль умыкнуць і як след дапытаць. Паліцыянты ў спешцы псуюць яшчэ некалькі замкоў. А калі валіза, бесталкова напханая, не жадае закрывацца, адзін з бугаёў падае на яе локцем, нібы ворага дабівае, і вось у яго ўжо таксама вялізарны гузак. А Яначка дзесьці ўдалечыні лямантуе, шкадуе свой прас …

Подбегам, похапкам загружаюць Агату і ўсе рэчы на спецтрап, коцяць да носа боінга, а там і Яначка, аблапаная і прасвечаная, караскаецца наверх. Дзяўчаты нарэшце са слязьмі абдымаюцца, махаюць на развітанне праважатым, забіраюцца ў чэрава самалёта і падаюць у крэслы.

Пакінем іх тут, на ўзлёце. Ім так шмат трэба адна адной сказаць, а потым, пасля ўсіх хваляванняў, яшчэ і падрамаць. Усё ў іх цяпер будзе добра, і ўвесь іхны багаж шчасліва дабярэцца да месца прызначэння, і сустрэць іх не забудуць. А нават калі і багаж згубіцца, і сустрэць не сустрэнуць, тае бяды. Паедуць аўтаспынам, а мо які добры чалавек саступіць цэлае купэ, Яначцы заўжды саступаюць. Ці Агатка чаго прыдумае.

Разам не прападуць, гэта я вам зуб даю. Самы сапраўдны зуб мудрасці, забірайце, ён мне ўжо ўсю шчаку ад’еў.

Загрузка...