Вежа

Агата і Яначка ўцякаюць ад паліцыі. Малады таўсматы японец у форме з самым радасным выглядам твару бяжыць за дзяўчатамі — “стоп, стоп, рашан просціт’юц!” Вось-вось адна з іх падверне нагу — як яны ўвогуле ўмудраюцца так хутка бегчы на сваіх высачэзных абцасах? — вось-вось ён іх дагоніць, ды пад белы ручанькі, ды ва ўчастак, а там, а там… Але радасць хутка знікае: пабегай па спёцы пры поўным парадзе, не трэба было запіваць у абед макс-чыкен колай, казала старая — адна шкода ад гэтых заходніх цацак, ну ды я з вамі разлічуся, і гамбургераў вам, і дайце мне толькі вас да ўчастка… Аднак куды гэта ж вы, не, не туды, у мяне інструкцыі, сюды толькі патруль ходзіць, вярніцеся, чуеце, вярніі-і-і-цеся-а, ну па-добраму прашу, там жа небяспечна, чуеце!..

Дзяўчаты чуюць, ды не тое: чуюць расчараванне пераследніка, чуюць, што ён застаецца ззаду, што ён толькі крычыць, а не бяжыць услед, але самі спыніцца не могуць. І толькі калі Яначка сапраўды падварочвае нагу — абцас па самую пятку вязне ў зямлі, — уцёкі нарэшце завяршаюцца. Вакол намёты, хаткі са смецця, і адусюль на ўцякачак зіркаюць нейкія валасатыя людзі. Хто б паверыў, што толькі хвіліны кульгавага бегу аддзяляюць іх ці не ад самай люднай і ажыўленай часткі горада. “Янка, — ледзь выдыхае Агата (ад такой прабежкі нават у алімпійскіх спартсменаў дыхалку сапрэ), — Янка, кідай туфлю, трэба цікаць!” Прапанова відавочна слушная і своечасовая, аднак — “Не магу!.. Ну, гэта ж… кензо!” Пакуль валасаты, барадаты і яўна даўно нямыты натоўп збіраецца вакол няпрошаных госцяў, Агата ліхаманкава пракручвае ў галаве падзеі гэтага ідыёцкага дня: ці ведае хоць нехта, дзе іх шукаць…

А дзень пачынаўся, як звычайна, у смогу і душнай гарачыні, ад якой на твары Яначкі плавілася касметыка, а валасы ліплі да голых лапатак. “Хораша табе, стрыжанай!..” — ныла Яначка. “А я табе казала, апрані тую, у гарохі, з закрытай спінай”, — адказвала Агата, якая дзякуючы сваёй хударлявасці і правільнаму адзенню спёку пераносіла няблага. — “Ды я ў ёй як бегемот!” — “І хто цябе прасіў яе купляць?” — “Ну дык жа на зніжцы была, уяві, макартні — і ўсяго за такую дробязь!..”

Як заўжды, Маса забіраў дзяўчат на паркінгу а палове дзявятай — каб даехаць на першы кастынг, трэба не трапіць хаця б у некаторыя з затораў. Па дарозе Яначка ўгаворвала Масу зрабіць кандыцыянер яшчэ халаднейшым, Агата — наадварот, цяплейшым (“Вось схопіш запаленне — а мне насі перадачы і за цябе кэтвокі адрабляй?!”), кіроўца смяяўся, дзяўчаты астывалі, прыводзілі сябе ў парадак, Яначка нават пазногцікі ўмудрылася падфарбаваць: “Ну, усё адно ж не едзем?.. Пахне? Каму пахне? А ты зацісні нос!” Потым, як заўжды, ішлі кастынгі — дзень пры дні, з ранку да вечара: рыхтаваўся вялікі фэшн-івент, дызайнеры рабіліся ўсё больш узвінчанымі, капрызнічалі, па сто разоў пераглядалі ўжо абраных дзяўчат, ганялі на прымеркі, фоткалі, здымалі на відэа, зноў і зноў кастынгавалі... Масаў мінівэн матаўся па Токіа, ды горада дзяўчаты так і не бачылі — толькі машыны ў заторах, а яшчэ матацыклістаў, старажытных бабулек на навюткіх роварах і зрэдку токіа-таўэр на даляглядзе. “Аднойчы я на яе падымуся”, — у чарговы раз уздыхала Агата. “Ага, як жа ж”, — пад’южвала Яначка, але і сама прагным вокам вежу мерала: з яе, напэўна, бачныя ўсе буцікі, вунь якая высозная…

“Наступны кастынг місі спадабаецца”, — Маса падміргнуў Агаце ў люстэрка і завярнуў на чарговы вузенькі правулак, запаркаваны так шчыльна, што даводзілася крыху пашморгаць па чужым транспарце, каб прасунуцца наперад. — “Ды я ж наступны прапускаю, там толькі Марціну чакаюць і тых, рудых, з яе агенцыі? Мы іх зараз падбіраем, так?” “Така-так”, — Маса ўсміхнуўся яшчэ шырэй і махнуў рукой наперад: “Лук, місі, куды едзем!”

А наперадзе красавалася тая самая вежа — як Эйфелева, толькі яшчэ больш недарэчная, у бела-чырвоных колерах. Кастынг быў у двух кварталах ад правай нагі вежы, Яначка з Агатай засталіся ў машыне чакаць…

— Давай мо збегаем? — не ўцярпела Агата. — Зірнем зблізку? А машына... Ды што машына, ты ж ведаеш, як тут транспарт кідаюць: з ключамі ў замку… Каму наш вэн трэба, такі старэнькі, пашорганы…

І дзяўчаты пабеглі глядзець вежу. А як дабеглі ды пабачылі, што на ўваход чаргі няма, то не ўтрымаліся і зайшлі ў сярэдзіну. А як зайшлі ды пабачылі, што і на ліфты асаблівай чаргі няма, і кошты цалкам прыстойныя… Залезлі дзеўкі на тую вежу, ды на самую макаўку. Паглядзіце налева, паглядзіце направа, вой, а вунь Фудзі, вой, а гэта, напэўна, наш парк, шкада, праз смог кепска бачна, але ж і далёка, ну аграменны горад! Пакуль на ўсе бакі агледзеліся — вой, мы тут ужо з паўгадзіны, трэба бегчы назад.

Прыбеглі — няма ані вэна, ані Масы, ані іншых дзяўчат. І знаку няма. Ну, усё, скралі, значыцца, мінівэн, а з ім і ўсе рэчы... Добра, што Агата ўважлівая — запомніла, у якія дзверы сяброўкі на кастынг уваходзілі, пацягнула разгубленую сяброўку туды. Але ж і там Масы няма, і нікога знаёмага, і ўвогуле хоць нейкая англамоўная цётка знайшлася з цяжкасцю. Цётухна, родная, любая, дай тэлефона пазваніць! Ну, вось вам тэлефон, а нумар які? Ды хто ж яго ўпомніць, усе нумары ў мабліцы, а мабілка ў мінівэне, а вэн недзе ў горадзе, а горад — на ўласныя вочы бачылі — аграменны. На шчасце, добрая жанчына сама распытала дзяўчат, з якой яны агенцыі, вызваніла кагосьці з тых, хто праводзіў кастынг, і здабыла нумар, які адразу падаўся Агаце знаёмым. Агата чакала чаго заўгодна (а яна, як больш англамоўная і больш вінаватая — спакусіла малую дурнічку на вежу залезці, — сама ўзялася з іхняй агенцыяй гутарыць) — што давядзецца доўга тлумачыць сітуацыю, што крычаць на яе будуць, што заробку пазбавяць на месяц наперад… Але спадарыня дырэктар была надзіва стрыманая: букер ёй ужо званіў, яго з іншымі мадэлькамі адправілі на наступны кастынг, і радуйцеся, што вы ў ім не ўдзельнічаеце, але калі не перахопіце Масу каля выхаду Е са станцыі метро, то прапусціце свой кастынг, і гэта падарве імідж нашай агенцыі ў вачах кліентаў, гэта будзе такая ганьба…

— Нам тэрмінова трэба ў метро, а то з краіны дэпартуюць, — рэзюмавала Агата для Яначкі непрыемную гутарку. — Ну, не плач, таварны выгляд сапсуеш, метро паблізу, памятаеш, мы там Марціных сябровак падбіралі, час яшчэ ёсць, дзякуй місіс за тэлефон…

Дзяўчаты пабеглі. І толькі калі ўбеглі на станцыю, выявілася, што грошай, якія яны маюць пры сабе, ледзь хапае на паўдарогі. Ім бы адразу турнікет пераскочыць, з натоўпам змяшацца, да цягніка дабегчы і потым паўтарыць гэтыя аперацыі на дзвюх зменах ліній, ды вось толькі натоўпу няма. А здавалася б, станцыя недалёка ад такой бачнай турыстычнай забаўкі, ад вежы той няшчаснай… Можа, у іх якое свята нацыянальнае, і ўсе японцы разам з турыстамі дома святкуюць?

Агата ў соты раз вывучала маршрут і шукала па кішэнях драбязу, калі Яначка пацягнула яе са станцыі назад у пераход, бо з будкі каля турнікетаў на іх усё больш строга глядзела дзяжурная ў белай фуражцы і пальчатках, вось ужо і рацыю дастала, і нешта там такое кажа, ну дакладна пра іх і дакладна штосьці нядобрае…

— Ты спяваць умееш? — пытае Яначка, раскладваючы Агаціну насоўку на бруднай падлозе пераходу. — Каб яшчэ нештачка круглае, форму задаць… Ага, вось, завязка, як добра, што ты мне ў машыне хвост была зрабіла… Ну, што глядзіш як баран на баранý, умееш ці не?

— Ці табе, дзеўка, у галаву напякло? Не да спеваў цяпер, і ўвогуле, што ты робіш?

— Як гэта не да спеваў? Самы час! Давай манеткі!

— На халеру табе тыя манеткі, хадзем хутчэй, мо спынам дабярэмся…

— Ага, спынам, па ўсіх гэтых заторах яна праз паўгорада немаведама з кім хоча даехаць, у самы розрух… Манеткі, кажу, давай! — зараўла Яначка: рэдкі выпадак, калі яе сяброўка разгубілася, як тут не скарыстацца момантам і крыху не пакамандаваць. — Бачыш — гэта гняздзечка, а ў ім павінны быць залатыя яечкі, я спяваць буду, а ты, як не ўмееш, во тут пры мне сядзь і глядзі як-небудзь пажаласлівей, каб мінакі шкадавалі…

І вось Агата і Яначка жабруюць у метро: Яначка крыху прытанцоўвае і выводзіць рулады, Агата сядзіць на пятках, як ёг, і выбівае на каленках рытм, а на рэдкіх мінакоў глядзіць так жаласліва, што яны спачатку спяшаюцца хутчэй прабегчы міма, потым на бяспечнай адлегласці спыняюцца, абарочваюцца, адзін нават на фоцік паспрабаваў зняць, ды дзяўчаты хутка навучылі хітруна, колькі каштуе фотасесія.

— Не, нешта не ідзе.

Яначка раптам перастала гукаць жавароначкаў і патрабаваць ад іх, каб прынеслі вясну-лецейка, і пералічыла грошы ў насоўцы: усяго на некалькі прыпынкаў па жоўтай лініі.

— Гэй, толькі не раскісаць! Зрэшты, раскісай, раскісні як след, яшчэ жаласлівей будзеш глядзецца. Ну, падумаеш, этна-фольк ім не смакуе… А калі я зараз вось гэтае, га, вы такога не чулі…

Тут Яначка зараўла калядны харал: “Не-ба ізЯм-ля, не-ба-ізЯмля ра-даа-сна-спя ваааа-юць!” — падміргваючы ў паўзах Агаце (якая ад здзіўлення перастала румзаць) і напаўжартам патрабуючы чытаць уголас усе вядомыя малітвы: а раптам нейкі анёлак залётны іх пачуе дый пашкадуе, прышле падмогу.

Ці то змена жанру падзейнічала, ці то сапраўды хтосьці наверсе, недзе там, далёка над гарачым асфальтам, смогам і туманнай Фудзі, злітасцівіўся з бядачак, але не паспела Яначка даспяваць “Дзіва-дзіваабвя-шча-юць!”, як насупраць дзяўчат спыніўся сярэдні японец: не высокі і не нізкі, у цёмным гарнітуры і пры гальштуку, чаравікі начышчаныя, чорныя валасы бобрыкам, з-пад бобрыка пот па невыразным твары так і цячэ. Уласна праз пот ён і спыніўся — абціраўся насоўкай ды выраніў, а пакуль падняў, пачуў тое Яначкіна “дзіва”. Пастаяў, даслухаў — а мо проста ад спёкі адпачываў, усё ж у пераходзе якая-ніякая прахалода. Калі Агата пачала сяброўцы пляскаць, ужо асабліва не зважаючы на слухача, — ну, сапраўды ж добра праспявала, вунь пераход даў цудоўнае рэха, не горш чым у якім саборы, — дзядзька падышоў і давай дзяўчат на добрай ангельскай распытваць, што, ды як, ды чаму. І тут ужо Агата салаўём запела…

Турнікеты яны прайшлі разам з дзядзькам-дабрадзеем, які набыў ім квіткі да патрэбнай станцыі, але сам ехаў у процілеглы бок. Строгая дзяжурная больш не здавалася такой строгай. Агаце нават здалося, што белая пальчатка памахала ім здалёк на развітанне.

— Ты, напэўна, спявала у нейкім хоры! — выпытвала Агата, пакуль цягнік скакаў з цемры ў святло і зноў у цемру. А Яначка трыумфальна адмоўчвалася, маўляў, ды так, усяго патроху, — нарэшце і ёй удалося здзівіць сяброўку, хай памучыцца… Але вытрымала нядоўга:

— …і не ў нейкім хоры, а ў самым што ні ёсць царкоўным!

Агата толькі пырснула: уявіць гэту заўзятую шоперку, модніцу і тусоўшчыцу на клірасе ды яшчэ з хустачкай на галаве не атрымлівалася нават пасля сённяшняга выступу ў пераходзе. — Дык ты, хіба, звечара на дыскатэку, а зранку на службу, грахі замольваць?..

— От ужо нічога табе не скажы, — Яначка перастала смяяцца і пакрыўдзілася. — Што ты разумееш? Дыскатэкі, тусоўкі ўсялякія — гэта ж вельмі карысна для мадэлінгу, для прафесійнага росту. Дзе, ты думаеш, дызайнеры з дзяўчатамі сяброўства завесці могуць, ну не на паказах жа, калі ўсё дагары нагамі, суцэльны вэрхал, і абы гэта цаца маляваная паспела ў калекцыі выйсці ды не звалілася, ды апратку не сапсула… Вось на афтапацях — тут табе і шампанскага, кактэйльчыкаў усялякіх, расслабіцца і пагаварыць троху можна, а ты думаеш, як я на паказ “Кензо” трапіла, як мне гэтыя туфлікі дасталіся? Ага, ага, вось і не крывіся на дыскатэку, яшчэ зморшчыны раннія накрывіш… Між іншага, мяняем лінію ці не?

Калі дзяўчаты выбіраліся з натоўпу, які нарэшце сабраўся і панёс іх — дзве каляровыя трэсачкі сярод чорна-белай, цёмна-карычневай, шэра-офіснай плыні, — у непатрэбным кірунку, Агата была надта занятая падземным арыентаваннем, а Яначка тым, каб не згубіцца. Калі ж новы цягнік загаварыў з імі салодкім дзявочым голасам і вандроўніцы разабралі ў ім назвы наступнай і канцавой станцый, Яначка пачала расказваць, карыстаючыся зацішшам прыпынкаў і моўчкі прыгадваючы нешта прыемнае, пакуль цягнік ляцеў праз тунель. Яна расказвала, што спявае столькі, колькі сябе памятае: “…баба кажа, што я нават у пялюшках не хныкала, а напявала. У школе ў нас хору не было, вядома, якія на раёне школы, не тое што ў іх, сталічных… Затое ў царкве быў, мяне туды часта цягалі, як малая была, дык я ўсе малітвы павывучвала і пачала хору падпяваць… І нешта так добра атрымлівалася, ажно самой падабалася, калі яшчэ сонца праз вокны б’ецца, струменіцца, а ў сонечным святле пыл лётае, міра і ладан курацца… Прыго-о-ожа… І ты сабе спяваеш, і здаецца, голас разам з водарамі наверх ляціць, і Госпад з іконкі ласкава так глядзіць, як па галаве цябе позіркам гладзіць… Мяне спярша бабулькі слухалі ды хвалілі, ну, тыя, што свечкі абгарэлыя падбіраюць і кветачкі на святах папраўляюць… а тады ці то яны сказалі, ці то што, ды неяк матушка-рэгентша да мяне пасля службы падышла, запрасіла, вось я і пачала з тамтэйшым хорам спяваць, у іх заўжды людзей не хапала… Але ж блазнюкі гэтыя маладыя царкоўнікі, я табе скажу… Ты, між іншага, не першая, каго мае спевы ўразілі, я неяк была з адным дызайнерам сустракалася… Ну як сустракалася, быў паказ, смелая такая калекцыя, не так апранае, як распранае… Потым ён мяне запрасіў у кавярню, я прапанавала пагуляць па горадзе, гуляем, ён мне ўсё нешта пра нейкіх філосафаў гаворыць, я ўголас “ага, ага”, а сама думаю, хто гэта, і ўсё баюся, чым усё скончыцца, ну, бо ж малая была, гадоў чатырнаццаць, хлопцаў у мяне да таго не было ніколі, што з імі рабіць, не ведала… Бацькі настрашылі, што ўсім хлопцам быццам бы аднаго толькі трэба… А тут якраз бачу — у кірунку царквы ідзем, і вечар, і пачынаюць званіць званы… Дык я яму і кажу, што мне, маўляў, на службу трэба, адспяваю і праз паўтары гадзінкі зноў з ім магу гуляць… Бедны хлопец з твару перамяніўся, вочы так неяк пагаслі, ён хуценька развітаўся і знік, і не званіў больш, так што калі ты выпадковых кавалераў не цярпіш, рэкамендую…”

Дзяўчаты ўсё яшчэ смяяліся і з Яначкі, і з беднага дызайнера, калі салодкі голас абвясціў іх станцыю. Хвалявацца наконт шляху да дзвярэй не прыйшлося — на гэтай станцыі выходзіў увесь бітком набіты вагон, трэба толькі знайсці патрэбны выхад Е, да сустрэчы з Масам час яшчэ ёсць, так што можна скарыстацца прыбіральняй, каб прывесці сябе ў парадак. На шчасце для дзяўчат, усе прыбіральні ў метро бясплатныя і поўныя ўсялякіх зручнасцяў накшталт люстэркаў, гарачай вады, мыла, папяровых ручнікоў, гігіенічных пракладак і калгот.

— Слухай, а ў цябе, калі ты сабралася сваю справу рабіць, таксама гук вады ўключыўся? — Яначка не магла схаваць здзіўленне нават тады, калі дзяўчаты ўжо выбраліся на паверхню і ўладкаваліся чакаць на лавачцы. — Ага, ну, я так і думала, гэта, напэўна, каб ніхто цябе не чуў, класна прыдумана… Я вось чула, што ў іх ва ўнітазах такі прыборчык усталяваны: ты на яго сходзіш, потым націскаеш патрэбную кнопку, а ён табе раздрукоўку з тваім, значыцца, аналізам… Дык была раз у Марціны ў гасцях, ну ты ведаеш, яны непадалёк ад нас на кватэры жывуць, і ў іх такііі ўнітаз — што твой касмічны карабель, столькі ўсялякіх кнопачак, і ўсе з рознымі іерогліфамі. Я націскаць пабаялася, а сяброўка Марціны, яна мне расказала, панаціскала, дык ёй проста ў твар струмень заляпіў — бідэ, аказваецца…

Гэткімі байкамі красуні бавіліся яшчэ з паўгадзіны, але цудоўны настрой — ну як жа ж, праз паўгорада без грошай і карты даехалі! — пакрысе зноў пачаў псавацца: ані Маса, ані знаёмы мінівэн на даляглядзе не з’яўляліся. Агата раз-пораз адыходзіла агледзець машыны, якія ехалі ва ўсіх кірунках, вярталася ўся мокрая — “Асфальт гарачы, ажно абцасы прыліпаюць!” — па сто разоў правярала, ці сапраўды яны чакаюць каля правільнага выхаду… Вялізны гадзіннік на будынку насупраць высвечваў 15 хвілін дарэмнага чакання, 20, 25…

— Напэўна, я нешта наблытала, — не вытрымала Агата. — Можа, час недачула ці літару выхаду? Трэба яшчэ раз пазваніць.

То быў час, калі ад мабільнікаў яшчэ і не думалі адмаўляцца — імі хваліліся, іх прагнулі, за іх хваляваліся. Таму дзяўчаты, якія даймалі мінакоў просьбамі даць пазваніць, адразу выклікалі падазрэнне. Прыгожыя і высокія — на галаву вышэйшыя ад іншых, ярка апранутыя і дзіўна нафарбаваныя (цяжка апісаць, як пачынае выглядаць самы мінімальны макіяж, калі пабегаць па спёцы, паплакаць, яшчэ пабегаць, а потым паспрабаваць нешта падправіць з дапамогай мыла, вады і сурвэтак), з блытанай мовай (а хто ж на мяжы істэрыкі не пачне мяшаць базавую ангельскую, японскія фразы ветлівасці і родныя праклёны?), — небаракі выклікалі ў дзяжурнага палісмена асацыяцыю вельмі канкрэтную, але, на жаль, для іх не надта спрыяльную. Агата спярша памкнулася да яго — ахоўнік грамадскага парадку ну дакладна ж павінен валодаць прыстойнай ангельскай і жаданым мабільнікам, — аднак пасля першых жа фраз падхапіла Яначку і прасвідравала натоўп, які валіў і валіў з выхаду Е… І вось куды іх завялі ўцёкі!

Недзе паблізу прагрымеў цягнік — напэўна, тут метро зноў выходзіць на паверхню, машынальна адзначыла Агата, ухапіла Яначку за пятку і нарэшце вызваліла яе абцас, а тады звярнулася да людзей са звераватымі поглядамі: “Хай, гайз, мы тут заблукалі крыху, вы толькі пакажыце, кудой выхад, і мы адразу пойдзем…”

“Гайзы”, аднак, нічога не адказвалі, а толькі падышлі бліжэй, асабліва шчыльна ззаду, таму Агата інстынктыўна рушыла наперад, падцягваючы зляканую Яначку і працягваючы гаварыць: журналісцкая практыка прывучыла яе верыць у словы, у магчымасць дамовіцца з кім заўгодна, трэба толькі знайсці хоць нейкія кропкі судакранання. “Ого, ды ў вас тут клёва, столькі шынаў аўтамабільных, вы з іх, напэўна, вогнішчы робіце, а мы таксама рабілі, ага, ды вы не турбуйцеся, не трэба ўставаць, мы толькі міма пройдзем і ўсё, не зважайце, нас дзядзька палісмэн сюды загнаў, усё бег і бег за намі…”

— Паліцыя? Нехта тут згадвае паліцыю? — нарэшце азваўся хтосьці наперадзе. Натоўп ашчэрыўся ўсмешкамі, не сказаць каб дужа добрымі і прыемнымі. — Ну, хто ад паліцыі ўцякае, той нам найпершы сябар! Сюды, сюды, дайце на вас паглядзець!

Лахманы расступіліся, і дзяўчаты ўбачылі спярша жоўты намёт, увесь у выцвілых стужках, а затым дзядзьку, які паўляжаў перад ім на сцёртым кіліме і корпаўся ў зямлі. Вязаная жоўтая шапачка сядзела на смалістых кудзерах рыхтык карона, на руках у дзіравых пальчатках паблісквалі пярсцёнкі, побач валяўся металёвы скіпетр з мудрагелістай разьбой — ні даць ні ўзяць кароль сметніцы, вырашыла Агата і павіншавала сябе: з адным і галоўным дамовіцца лягчэй. А вадзяністыя вочы “караля” вывучалі дзяўчат і смяяліся:

— Глянь, такія прыгожыя, такія маладзенькія, і ўжо ад паліцыі бегаем? Як кажаш, Фіч, да самых кучаў іх гнаў, што, таўсматы той? — дзядзька рассмяяўся, уявіўшы, відаць, уцёкі, і спытаў у згаданага Фіча нешта яшчэ на такім амерыкана-невамедама-якім дыялекце, што Агаце засталося толькі здагадвацца, якія “кучы” меліся на ўвазе і ці не абмяркоўваюць гаспадары, як лепей засмажыць сваіх хударлявых госцяў. Гэты самы Фіч паглядаў на дзяўчат галодным позіркам, аблізваў вусны і відавочна прапаноўваў нешта, што вельмі падабалася астатняму натоўпу і вельмі не падабалася Яначцы (яна часова страціла дар маўлення, затое ўсе яе пачуцці абвастрыліся). “Кароль”, аднак, прапанове рэзка запярэчыў і, відаць, аблаяў Фіча і астатніх. На чым бы ні трымаўся ягоны аўтарытэт сярод тутэйшых валацугаў, ён, на радасць дзяўчатам, трымаўся добра: натоўп нешта незадаволена прабурчаў і пачаў пакрысе распаўзацца па намётах і кардонках. Дзядзька таксама забраўся ў свой жоўты дамок, выцягнуў адтуль два кілімы, такія ж выцертыя, як той, на якім сядзеў сам, і нейкія старыя апраткі: “Вось, сядайце, а ты спіну голую прыкрый, не дражні гусакоў” — з гэтымі словамі ён накінуў Яначцы на плечы драны кажух (дакладней, драным кажухом ён быў гадоў дваццаць таму, а цяпер выглядаў хутчэй як мэтлахі нявызначанага колеру і з неперадавальным пахам). Яначка ўспомніла раніцу, калі спрачалася з Агатай наконт кофтачак, і расплакалася.

— Ну-ну, няма чаго такой красуні румзаць, ужо горай, чым было, не будзе, гэта я вам абяцаю… — тут дзядзька падняў тое, што Агата палічыла скіпетрам, раскруціў, узяў “ножку” і пачысціў яе нейкай адмысловай шчоткай (што з улікам навакольнага бруду здавалася калі не абсурдным, дык прынамсі збыткоўным), у круглую частку пляснуў з біклагі, скруціў усё назад, паставіў, зверху прымацаваў нешта падобнае да сподка з чаркай… Толькі калі да “скіпетра” дадаўся шланг з муштуком, Агата нарэшце прызнала ў ім кальян.

— Гэй, Фані! Фані! Ну, дзе гэтую бабу заўжды носіць? Фані!

— Спадару… — пачала Агата, але дзядзька яе не слухаў, а калі з-за бліжэйшай кучы смецця выбралася кабета дзікага выгляду, Агата забылася, чаго хацела спытаць. Гаспадар запатрабаваў у Фані чыгункоў і вады, і калі дзікунка пайшла, сеў раскладаць вогнішча. Калі яно добра ўзялося, калі на чыгунку пачалі абгараць наліплыя лісточкі і іншае смецце, дзядзька выдаў Агаце вялікую лыжку (“вось, можаш павылоўліваць плывунцоў, калі зварацца. А можаш пакінуць, ежа гусцейшая будзе”) і пачаў уважліва слухаць дзяўчат, зрэдчас рэагуючы на аповед рогатам, спачувальнымі “глянь!” і задумлівымі “гм-гм”. Сонца даўно пераваліла за поўдзень, гарачыня спадала, каля іншых намётаў таксама пачалі з’яўляцца вогнішчы.

— Гм, гэх, ммм… Ну, мабільніка ў мяне, канечне, няма, а калі б і быў, дык даўно б разрадзіўся… — дзядзька адліў кіпню ў меншы чыгунок, а ў большы закінуў локшыны, насыпаў солі і пачаў задумліва мяць у руках пакунак са спецыямі. — Хіба толькі падшыванца якога выправіць… На ноч вам тут заставацца нельга, гэта ясна… Фані! Гэй, Фані, хадзі сюды! Хадзі, кажу! Ну, што думаеш, куркумы ці размарыну? Не? А мо перцу з імберцам? А дзе бэйбус твой, га? Хай падыдзе, макароны вось возьме…

Неўзабаве з большага чыгунка пайшоў такі водар, што дзяўчаты б не здзівіліся, калі б на яго сабраліся ўсе навакольныя жыхары, а не толькі купка нямытых малых. “Глянь, во дзе хітрая баба! — засмяяўся дзядзька, палічыўшы бэйбусаў. — Ну, ды так нават лепей…” Ён наклаў кожнаму па поўнай місе, бляшанцы ці што там у каго было, а пакуль малыя хапатліва елі, абпальваючы пальцы і вусны, паабяцаў сто енаў таму, хто першы прынясе яму з горада працоўную мабілку. Калі ж падшыванцы разбегліся, прыйшла чарга дзяўчат пазнаёміцца з кулінарным майстэрствам гаспадара. Ці то ён сапраўды быў добры кухарам, ці то голад зрабіў страву смачнейшай, але дзяўчаты ўміналі тую макарону з тушонкай так, што насы гайдука скакалі. Яначка нават адразу падумала прасіць дабаўкі, але потым вылавіла ў сваёй місе вялізны кавалак тлушчу, праглынула яго (не на зямлю ж пляваць!), успомніла пры калорыі і перадумала. Тады ўзяліся за гарбату — яна якраз настаялася ў меншым чыгунку і таксама падалася ім смачнейшай за ўсе гарбаты, якія прадаюцца тут у спецыяльных крамах за вялікія грошы (гэта, відаць, плывунцы водару дадаюць, міжволі падумалася Агаце). Ужо і кальян як след раскурыўся, калі да жоўтага намёта шумным гуртам падбеглі малыя. Яны сварыліся, хто з іх першы, адбіралі адзін у аднаго і выкідвалі мабілкі канкурэнтаў, так што пераможцу давялося выбраць старэйшым, а іншым аддаць суцяшальны прыз — чыгун з рэштай вячэры. Агата без асаблівай надзеі пазваніла ў агенцыю: здавалася, што нічога не магло прымусіць іхных агентаў хоць на хвілінку застацца на працы пасля заканчэння працоўнага дня. Аднак раптам слухаўку зняў Маса, які трапіў у аварыю (быў землятрус, самы вялікі ў свеце затор, нейкі ідыёт саштурхнуў сваю машыну з моста і трапіў Масе на капот), не змог прыехаць у дамоўлены час, вельмі перажываў за сваіх дурненькіх місі і збіраўся дзяжурыць ля тэлефона ўсю ноч, а дзе ж яны, а як яны, а што… Дзяўчаты не маглі нічога патлумачыць. Пачуўшы голас Масы, яны абедзве расплакаліся, і тады дзядзька пераняў у іх слухаўку і пачаў нешта сыпаць па-японску.

Сонца вісела нізка-нізка — Яначцы здавалася, што хтосьці нябачны расхіствае яго туды-сюды на празрыстай нітцы, а зямля крыху пагойдваецца ў такт. Агата лічыла, што ім пасля ўсіх гэтых прыгодаў, хваляванняў і занадта сытнай вячэры не варта было курыць кальян, у яе разбалеўся страўнік і закружылася галава, але Яначка толькі глядзела на сонца-ківач і адчувала сябе бязважкай. Калі ж ад сонца застаўся толькі вузкі пас і гаспадар загадаў ім падымацца і ісці за ім, абедзве задачы падаліся дзяўчатам бадай што невыканальнымі. Яны як у сне цягнуліся за сваім правадніком па вялізным сметніку, які нагадваў адначасова выставу сучаснай скульптуры і сад камянёў, а потым па садзе камянёў, які нагадваў вялізны сметнік, затым аднекуль вынырнуў горад, і шаша, і Маса, і ў Яначкі перад вачыма ўсё шалёна завярцелася. Ужо ў машыне — яе лёгка пазнаць па кандыцыянаваным паветры — Яначка чула, як Агата апавядала Масу пра нейкія неверагодныя неверагоднасці, якія ніколі, ніколі не маглі з імі здарыцца, а Маса ўсё дзівіўся, што іх выратаванне з такога — ён рабіў вялікія вочы, — та-ко-га раёна каштавала яму ўсяго толькі сто енаў.

Ужо зусім сцямнела, а яны ўсё ехалі і ехалі. Праз вялікую колькасць аварыяў ім давялося перасячы ўвесь цэнтр, мінаючы хмарачосы Хібіі, знакамітую Гіндзу, з аднаго боку — імператарскі палац, з іншага — тэатр кабукі і крамы, крамы, крамы... Агата летуценна ўздыхнула: “Аднойчы я сюды траплю”. Пачуўшы гэта, Яначка ўмомант скінула сон, выхапіла з рукава дранага кажуха вялізную лыжку — тую самую, якой вылоўлівалі плывунцоў, — і пачала лічыць сяброўцы рэбры! Як яе толькі не забіла…



Загрузка...