Дыета

Агата і Яначка худзеюць. Агату з рэдакцыі звольнілі, бо крызіс, няма як сваім плаціць, не кажучы ўжо пра ўсялякіх нелегалаў з немаведама якой краіны. Няма такой краіны, на захад ад Расіі, гэта табе прыснілася. На захад ад Расіі толькі Еўропа. На гэтай глебе і пацапаліся, Яначка потым сяброўку ва ўчастку знайшла, сяржанта вакол пальца абвяла, Агату выкупіла. Яна такая, Яначка, яна сяброў у бядзе не кідае. Асабліва калі сябры ёй дзеля чагосьці патрэбныя. А цяпер яна ўдумала худзець, дык з кампаніяй — весялей.

Есці Агаце няма на што — рэдакцыйныя грошы скончыліся, нават тыя, што на дарогу дамоў збірала, кастынгаў пакуль няма, не сезон, святы тут. Трохтыднёвыя. А Яначка больш ежы не купляе, у яе дыета. Купляе ваду, а раз на два дні — кавун. Ды які з кавуна наедак, асабліва калі ўлічыць нагрузкі, якія Яначка прыдумала. Хочаш, кажа, жыць са мной і кавун есці — дык штовечар са мной бегай.

Бег у субтропіках нават увечары больш нагадвае мыццё ў лазні, чым спартыўныя практыкаванні. Наш бы лазнік у такой задусе хутка скапыціўся, а дзеўкі нішто сабе, пацеюць і знай сабе бегаюць. Іх маршрут пралягае ўздоўж шашы, потым праз парк эксгібіцыяністаў — Агаце падабаецца іх дражніць, бедакоў, хай паглядзяць, як мокрыя майкі цела абліпаюць, — потым на гару, міма возера і назад па шашы. Цалкам маршрут атрымліваецца недзе шэсць кіламетраў, хвілін каля сарака. Яны першым разам ледзь не забіліся — кожная перад іншай хацела спартыўнейшай выставіцца, дык амаль гадзіну бегалі, а потым, на шчасце, Агата падвярнула нагу. А мо выгляд зрабіла, што падвярнула, няма дурных. Колькі дадому клыпалі, столькі аддыхацца не маглі, пульс у два разы секундную стрэлку абганяў, вочы на лоб лезлі. Нармальныя гараджане зранку цыгунам сваім займаюцца, і старыя, і маладыя, стануць усе разам на якім вольным лапіку ў зацені, усялякіх жураўлёў рукамі ды нагамі робяць, сінхронна, зладжана, прыгожа. Дык не ж, трэба дзеўкам бегаць увечары, калі смогу ў паветры болей, чым кіслароду, калі ўсё за дзень разагрэлася, што твой саган пякельны. Яначка лічыць, што так эфекту будзе болей— пацееш, выплаўляеш з сябе дзённыя калорыі. А хто плаціць, той і музыку замаўляе. Адзінае, што Агатка сабе вытаргавала, — гэта нядзельны “Старбакс”. Тут Яначку доўга спакушаць не трэба, Яначка сама за моку з карамеллю душу выме і з сябе, і з каго заўгодна.

Таму ў нядзелю дзяўчаты ядуць кавун і выпраўляюцца ў кавярню. І гэтае месца апраўдвае сваё імя — тут падаюць, хай сабе ўтрая даражэй, чым дзе, найлепшую каву ў свеце. Яначка іншай і не піла — маўляў, праз хлеб хлеба шукаць не трэба. Агаце ж даводзілася піць з туркамі такую каву, ад якой сэрца скача вонкі, была ў яе і салёная кава, быў і кіпень, хлебам фарбаваны. Але гэты цуд пад пластыкавай накрыўкай з саломкай — зусім не кава, а напраўду цуд. Хто не верыць, хай кавуновай дыеты паспытае.

Да мокі або латэ дзяўчаты бяруць па мафіну. Агата ўпарта абзывае іх кексамі, Яначка рагоча і замаўляе ёй яшчэ адзін — спецыяльна каб паглядзець, як Агатчын твар перакрывіцца, калі касірка прамовіць: ё маффінз пліз. У гэты дзень яны не бегаюць, затое пад кіношку катаюцца па чарзе на велатрэнажоры. Яначка скрупулёзна пралічвае колькасць старбаксавых калорый, выстаўляе на трэнажоры праграму і бязлітасна сочыць, каб сяброўка яе таксама выканала. Агата і раней шкілецінай была, а цяпер на яе рэбрах можа граць, як на арфе.

А Яначка ўсё нешта не худнее. Яна ўжо не “дэ”, гэта праўда, але да памеру “а” ёй яшчэ далёка, як Агаце да радзімы.

— Ты сабе ўвесь абмен рэчываў сапсуеш, — кажа ёй Агата і паказвае каляровыя малюнкі з сайта анарэксічак. — Глядзі, спачатку ў цябе сапсуецца скура, потым вылезуць валасы, а там і зубы хістацца пачнуць…

— Усё ты маніш, усё прыдумляеш! — Яначка і чуць не хоча, і глядзець не збіраецца, адно круціць і круціць педалі. — Гэта ты хочаш, каб я засталася тоўстай і табе ўсе мае працы адышлі. Дык жа не дачакаешся!

Як дзеўцы ўдаецца зрабіць рукой такі выкрунтас і пры гэтым не збіцца з рытму, застаецца загадкай.

— Нельга нічога не есці і даваць сэрцу такія нагрузкі, — працягвае мудрая, а насамрэч галодная Агата і тыцкае табліцай разлікаў сяброўцы пад нос. Гэта нарэшце прыйшоў адказ на яе запыт, яна звярталася да аднаго знаёмага лекара. Ён доўга думаў, а мо доўга пошту не правяраў, але нарэшце вось адказаў, на яе просьбу выклаў пра абмен рэчываў мовай пачатковай школы. — Зірні, у арганізме вунь колькі працэсаў ідзе, тут трэба рэчывы. А ты з потам усе мінералы павыганяеш. Хто табе без калію і натрыю будзе ў клетках электрычнасць выпрацоўваць?

— Ну дык. Мы купім, — Яначка ўжо змарылася і задыхаецца, але ўпарта круціць: да канца праграмы яшчэ тры хвіліны. — Заўтра, мінералаў, будзем есці.

— Мінералы і вітаміны ў таблетках вельмі блага засвойваюцца, сто разоў табе ўжо казала. Мы так сканструяваныя, што мусім есці, каб не памерці.

— Еш. Не еш, — Яначка круціць на апошнім дыханні, завяршыць думку не паспявае.

— Еш, пакуль жывеш, бо як памрэш — дык калом не ўвапрэш, — перайначвае яе Агата. — Вось жа і народная мудрасць за мяне. Усё, ты як хочаш, а я замаўляю піцу.

Пакуль Яначка падае на падлогу і аддыхваецца, яна не можа ўхапіць Агатку за пятку. Толькі слухае бездапаможна, як дзеўка просіць пакласці паболей цыбулі і таматаў, кетчупу ды маянэзу. Яначка сцякае потам, Агата нервова ходзіць па пакоі і грызе пазногці — трэба ж прынамсі нешта пагрызці, так у страўніку вуркоча. Ходзіць і Яначкіны рэчы трасе — збірае грашовую драбязу, каб з дастаўшчыкам разлічыцца. Нарэшце прывозяць піцу, і пах ад яе такі, што можна забыцца на ўласнае імя. Яначка хоча ўстаць і выкінуць скрынку ў акно, але яе цягліцы зведзены сутаргай, таму яна можа толькі стагнаць і хапаць ротам смачнае паветра. Агата з’ядае кавалачак, прымушаючы сябе старанна жаваць, хоць і хочацца праглынуць усё разам — кольцы цыбулькі, тры грыбкі, луску вяндліны. Потым падносіць спакутаванай Яначцы вады — поіць яе і палівае, каб астыла крышачку. Пакуль яна ідзе набраць з кулера яшчэ вады, Яначка дапаўзае да скрынкі з піцай і кавалак за кавалкам глытае. Пасля тыдня кавуноў смаку не адчуваецца. Затое імгненна пачынае страшна балець страўнік. Калі Агата вяртаецца з шклянкай вады, піцы ўжо няма, а Яначка, скурчыўшыся, ледзь сядзіць.

— Ідыётка! Нельга ж так адразу! З голаду акуратна выходзіць трэба! — Агаце і самой нядобра. Страўніку на самоце ўжо быццам падабаецца, і ён з усіх сіл супраціўляецца таварыству, спрабуючы выпхнуць няпрошаную піцу. — Пі, давай!

Але позна: Яначку ванітуе. Усёй непражаванай піцай акурат у скрыню, якую Агата паспела ёй падсунуць.

І пакуль Агата прыбірае, Яначка цалкам шчаслівая. Не, ёй усё яшчэ блага і яе ўсё яшчэ ванітуе. Але ёй вельмі даспадобы такі шлях — можна есці колькі хочаш, а потым казлы драць, і ніякіх табе лішніх калорыяў! Так што паміж сутаргамі Яначка шчасліва пасміхаецца. Убачыўшы гэта, Агата пачынае лаяцца яшчэ больш.

* * *

Рысавая дыета заключаецца ў тым, што вы варыце цэлы рондаль рысу і ўвесь тыдзень ясце толькі гэты несалёны рыс. Два-тры разы на дзень, дзень пры дні. Ступень эфектыўнасці? Высокая. Спытайце ў Агаткі, яна вунь на рысавай дыеце месяц сядзела. Праўда, не па сваёй ахвоце — проста грошы скончыліся, і ежа скончылася, тады яна зрабіла вылазку на старую мадэльную кватэру, якую дзяўчаты ласкава саступілі прусакам і пацукам, і адваявала ў новых гаспадароў цэлы мех рысу.

* * *

Арганізм у Яначкі малады і моцны, некалі добра ўкормлены — ён не збіраецца здавацца без бою. Булімія развівацца не жадае, таму пасля ежы трэба сунуць пальцы ў рот. Прытым сунуць глыбока, каб крануць корань языка ці заднюю сценку горла, і тое атрымліваецца далёка не заўсёды. А тут яшчэ часам налятае Агата і спрабуе трымаць за руку. Яначка злуецца, крычыць, але вырвацца сіл не мае. Праз колькі дзён прымусовага кармлення, калі ў галаве ў дзеўкі крыху пасвятлела, яна здагадалася, што можна проста не глытаць. Прымусіць кагосьці нешта праглынуць вельмі цяжка.

Агата больш ні на хвілю не пакідае сяброўку адну, чым вельмі злуе яе і даводзіць сябе да знямогі. Нават у прыбіральню разам цягаюцца. Ёгурты і мёд ім прывёз Маса, але больш нікога з агенцыі вызваніць не ўдалося — а Масе Яначка не верыць. Вось каб дырэктар аўтарытэтна заявіў, што яна не тоўстая… Яначка пакрысе тае, нарэшце вычарпаўся нейкі запас трываласці. Агата пільна сочыць за яе вагой. О, гэта цэлая гісторыя — зацягнуць Яначку на шалі! Маса бярэ яе на рукі, і калі яна зморыцца і кіне брыкацца, яны разам ўзважваюцца. Калі дзеўка пад метр восемдзесят важыць сорак кіло, выглядае гэта страшна. І тады Агата выбіраецца да Ёні Кука.

Гэтых важных людзей вельмі цяжка вызваніць. У іх заўжды поўна асістэнтаў і сакратарак, якія будуць абяцаць, што запісалі і перададуць, а насамрэч пакруцяць каля скроні, слухаўку паклаўшы, — і тае гаворкі. Да важных людзей не дабрацца, бо нават ведаючы адрас ты не пройдзеш праз усіх гэтых швейцараў, вартавых, целаахоўнікаў ды іншых цэрбераў. Колішняе інтэрв’ю? Ну дык калі гэта было, даўно вадой сплыло, ён цяпер і не згадае, што за газета, што за журналістка. З-за фіранкі высоўваецца галодны промень, абшарвае падушкі, абмацвае Яначкін твар. Ды які твар — адны скулы засталіся. Трэба паспрабаваць, вырашае Агата. Ну пашлюць, тае бяды. Ва ўчастку мы ўжо былі, а што яны могуць страшнейшае прыдумаць?

Вось так разважыўшы, Агата апранаецца ў сваё найлепшае. Убачыўшы гэтае пудзіла, Яначка хмыкае: як не ўмела сяброўка апранацца, так хіба труна гарбатага і выпрастае. Маса напалоханы, яму не да вопраткі: як жа гэта — сядзець тут, пры вар’ятцы, а ў мяне ж каханая, мне дадому трэба! Але Агата цвёрда стаіць на сваім: сядзі тут, пакуль не вярнуся, ванітаваць не давай, на трэнажор не пушчай, раз на дзве гадзіны залівай ёгурт.

Яна сыходзіць браць у аблогу імперыю містэра Кука. Ад Марціны Грос дазнаўшыся, што згаданы містэр мае звычку абедаць у адным фешэнебельным месцы, Агата прыязджае туды апоўдні — хто іх ведае, калі гэты абед пачнецца. Выручае добрая журналісцкая звычка забалбатаць каго заўгодна — з адной афіцыянткай словам перакінулася, з іншай. Неўзабаве ўся рэстарацыя ў курсе, усе прасякнуліся да беднай Яначкі сімпатыяй — які ж талент закапала ты, Агатка, у зямлю! Магла б калі не зрабіцца журналістам, дык хоць прамовы пераканаўчыя пісаць. Не было ў бабы клопату, купіла парася. Вунь ужо едзе той Кук, а на двары — амаль ноч.

Містэр Кук гожую дзеўку заўважыць нават у строях пудзіла і нават за спінамі ахоўнікаў. На тое ён і дызайнерскі геній, каб умець заўважаць прыгожае.

— О, міс Ага-та! Сюды! — шаноўны спадар не толькі ўспомніў дзеўку і яе імя, ён нават успомніў, як перакручваў гэтае імя на свой капыл, ставячы націск на першы склад. — Ваша краіна дасюль застаецца без вашай прыгажосці? О так, памятаю — Эра-усь, так?

Напалеон, кажуць, кожнага салдата ў сваім войску ведаў па імені. І гэты, бач, дробязі ўсялякія памятае, а яна ж столькі вучыла сваю прамову “Вы-мяне-напэўна-не-памятаеце-гэта-я-…”

— Ці міс зноў хоча ў мяне інтэрв’ю? Гэтага нельга, пра новую калекцыю, пакуль яна не гатовая. Але прапанову сваю я паўтару, міс дарэмна не хоча ўдзельнічаць у маім паказе. Вы можаце яго ўпрыгожыць.

Агата чырванее і бляднее, да таго ж у кішэні шалёна вібруе мабільнік — напэўна, Маса зусім здурэў ад страху. А мо здарылася што — назвоньвае тройчы на хвілю.

— Я мушу прасіць у містэра яшчэ большай ласкі.

— Як? — мабыць, для таго, каб гэты чалавек сцяміў, што ў свеце ёсць рэчы, важнейшыя за ягоны паказ, зямны шар павінен пачаць круціцца ў іншы бок.

Доўга, доўга будзе Агата тлумачыць яму, хто такая Яначка, пакуль дызайнеру гэта не надакучыць: “Калі гэта адзіная ўмова ўдзелу міс у паказе, то я проста паеду туды, куды міс просіць”. І вось яны едуць на шыкоўным аўто — Агата не ведае, што гэта за марка, а адчувае толькі прыемны пах светлай скуры, якой зацягнуты салон, і не заўважае ямінаў, на якіх зазвычай падскоквае Масаў мінівэн. Не, іхная машына ідзе, як субмарына, як нож па цёплым масле, у кішэні нарэшце перастае вібраваць Маса, і можна проста гаварыць пра сваю радзіму. Містэр Кук, можа, і лічыць яе балбатню забаўным фон, але ўдае цікаўнасць, і Агата можа выгаварыць душу камусьці, у каго не манітор, а твар.

Дарога марудная, на мосце даводзіцца і зусім стаць — праз шэрагі ім насустрач прабіваецца хуткая, усе ліхтары мігцяць, сірэна ажно захліпваецца, але машыны ўсё адно не саступаюць дарогу, а толькі крышачку адсоўваюцца, каб хуткая магла, драпаючы суседзяў, праціснуцца.

Уявім, што ў той хуткай — Яначка разам з Масам, які выпадкова забіў яе ёгуртам: так хацеў, каб дзеўка каўтнула, што і не заўважыў, як яна падавілася, не пабачыў, што не можа адкашляцца, бо балбатаў з каханай, і не змог сам адкачаць, калі пасінела, бо ў школе прагульваў заняткі па грамадскай абароне і медыцынскай падрыхтоўцы, каб цалавацца на задворках з дзеўкамі. А мо ў іх і не выкладаюць медпадрыхтоўку, хто іх, гэтых азіятаў, ведае.

Ляжыць сабе Яначка і глядзіць адсутным позіркам у столь. Але не бойцеся, усё скончыцца добра — зараз у белым макінтошы з’явіцца Ёні Кук, скажа, што Яначка, на яго погляд, зусім не тоўстая, а калі яна ад радасці ачуняе, паабяцае ўзяць яе на свой паказ, нават разам з Агаткай, канечне, але Яначка будзе яго адкрываць-закрываць і з ім пад ручку па подыуме шпацыраваць.

Але ўсё гэта, натуральна, адбудзецца ў нейкім іншым свеце, бо шыкоўная субмарына звалілася з моста. Хуткая драпала суседзяў, ну, і нейкі дэбіл газ з тормазам пераблытаў, а побач шчыльна стаялі машыны, атрымаўся добры цягнічок, які лексус Ёны і цюкнуў. Агароджу на мосце за даўнім часам нейкія гастарбайтары рабілі, вось яна і не вытрымала. Уявіце, колькі ёгуртаў і шмотак дастанецца каханцы Масы!

Ці яшчэ прасцей. Усё ў Масы добра, гэта ён са страху назвоньваў, проста так. І ў Агаты ўсё добра, яна сяброўцы паратунак вязе. А тут раз — і землятрус! Маса выратаваўся, а на Яначку кандыцыянер упаў. Ёні Кука целаахоўнікі з-пад абломкаў моста выцягнулі, а пра Агатку забыліся. Таксама здараецца. А ўсё таму, што не трэба бавіцца дыетамі! Елі б Яначка з Агаткай на сняданак кашу “Геркулес”, дык ані кандыцыянер, ані сталёвая арматура ім бы не зашкодзілі.

Загрузка...