2. Пра тое, як Мах і Шэбестава пабывалі на Паўночным полюсе


Аднойчы пад канец навучальнага года настаўніца выклікала Горачка з Пажоўтам на праверку хатняга задання, але Горачак яго не выканаў, а Пажоўт і пагатоў, тым не менш настаўніца амаль не раззлавалася, сказаўшы, што гэта ўжо ўсё адно нічога не вырашае, бо яны так ці інакш застануцца на другі год, і выклікала на тое заданне ўзорную вучаніцу Трэйбалаву.

Але ж ва ўзорнай вучаніцы Трэйбалавай таго задання таксама не было, а калі настаўніца выказала сваё здзіўленне, маўляў, як гэта так, Трэйбалава пачала плакаць, што ў іхняй сям'і гора, што татаў брат, дзядзечка Леапольд, які быў прафесарам у даследчым інстытуце, знік у палярных шыротах, што навуковая экспедыцыя, у якой ён удзельнічаў, учора вярнулася без яго, што тыя людзі тры месяцы марна шукалі яго непадалёк ад Паўночнага полюса, і таму ёсць сур'ёзнае падазрэнне, што дзядзечку Леапольда з'елі белыя мядзведзі; Трэйбалава заходзілася плачам і прычытала, што гэта быў самы добры дзядзечка на свеце, што са сваіх падарожжаў ён прывозіў падарункі для ўсёй сям'і і што яго ўсе вельмі любілі; так яна ўсё плакала і не магла супакоіцца, і настаўніца ёй тое заданне ўрэшце прабачыла; на перапынку ж Мах з Шэбеставай дамовіліся, што было б вельмі шкада, калі б такі добры чалавек вось так без нічога ніякага проста згубіўся, што яны гэтага добрага дзядзечку Леапольда паспрабуюць знайсці, а слухаўка, схаваная ў Маха ў тумбачцы, ім у гэтым абавязкова дапаможа, і што на Паўночны полюс яны выправяцца адразу ж пасля абеду.

Стоячы на школьным калідоры, яны нават не здагадваліся, што за рогам іх размову падслухоўваюць Горачак з Пажоўтам, а між тым пасля перапынку тыя двое ў клас ужо не вярнуліся — яны пайшлі ў недалёкі парк і прыселі на лавачцы, каб абмеркаваць наяўную сітуацыю; Пажоўт сказаў: «Чым на другі год, лепш уцячы ў Амерыку, паслухай, Горачак, мы ведаем, дзе Мах хавае чарадзейную слухаўку, скрадзем яе — і праз хвіліну мы ў Нью-Ёрку, там для пачатку папрацуем чысцільшчыкамі чаравікаў, зробімся мільянерамі і будзем інвеставаць у вытворчасць газы», — але Горачак, які быў меншы нягоднік, сказаў: «Каб ты ведаў, Пажоўт, у гэтым я табе не таварыш; Мах з Шэбеставай збіраюцца выратаваць нейкага прафесара, і калі мы ім у гэтым перашкодзім, гэты чалавек будзе на нашым сумленні», — на што Пажоўт задумаўся: «Эх ты, баязлівец, ну добра, паедзем тады з імі на Паўночны полюс, адтуль да Амерыкі рукой дастаць», — а калі Горачак вырачыў на Пажоўта вочы, як той збіраецца зрабіць так, каб Мах і Шэбестава ўзялі іх з сабой, той адказаў: «Ты не турбуйся, у мяне ўсё прадумана».

А калі потым Мах прыйшоў са школы дадому, спадарыня Махава сказала: «У тваім пакоі цябе чакаюць Горачак з Пажоўтам, я хацела іх выгнаць, але яны сказалі, што прынеслі табе важнае даручэнне ад спадара дырэктара», — а Мах сказаў: «Што за лухта», — і паспяшаўся ў свой пакой, але ж там ён ані Горачка, ані Пажоўта не знайшоў, спадарыня Махава абшукала ўсю кватэру, а потым сказала: «Вар'яцтва нейкае, куды гэтыя двое маглі падзецца?»

А пасля абеду, калі спадарыня Махава пайшла ў цырульню, Мах патэлефанаваў Шэбеставай і сказаў, што акцыя па выратаванні прафесара Трэйбала можа пачацца, і ўжо праз імгненне пачуўся званок у дзверы — гэта была Шэбестава, на ёй было маміна футра і татава футровая шапка-аблавушка, за сабой яна цягнула санкі, па якія схадзіла ў склеп, а побач з ёй сядзеў Джанатан, якога яна пазычыла ад спадарыні Кадрножкавай; Мах акінуў іх вокам і сказаў: «Трэба спяшацца, мне страшэнна горача», — што не дзіўна, бо на ім было чатыры швэдры, спачатку ён нават хацеў апрануць шэсць, аднак два загадкава зніклі, і Мах сказаў: «Ведаеш, Шэбестава, гэта проста дзіва нейкае: нібыта ў мяне нехта скраў два швэдры, а замест іх паклаў новенькія пальчаткі, вось, паглядзі», — а Шэбестава адказала: «Дык што ж, возьмем іх з сабой, запасныя нам не зашкодзяць», — і яны сунулі іх у заплечнік, яшчэ паклалі туды ежу і сякерку, потым Мах адшукаў у каморцы камлатую шапку, якую з Расеі прывёз дзядзька Карал, і вось нарэшце яны нешта сказалі ў слухаўку і разам з санкамі і Джанатанам расталі ў паветры.

Яны апынуліся сярод бясконцага снегу і лёду, вакол не было нікога, хто мог бы ім паказаць дарогу, мароз там быў такі жахлівы, што амаль немагчыма было ані дыхаць, ані гаварыць, і тым не менш Шэбестава сказала: «Гэй, Мах, вунь там нейкі цюлень, паспрабуем спытаць у яго?» — і папрасіла слухаўку ператварыць яе ў цюленя, пасля чаго яна з другім цюленем перакінулася парай словаў, а даведаўшыся, у якім баку Паўночны полюс, зноў зрабілася Шэбеставай і пераклала Маху цюленевы словы, а Мах сказаў: «Ну дык хадзем», — і папрасіў слухаўку ператварыць Джанатана ў сабачую запрэжку, Джанатан раптам размножыўся, з яго зрабілася шэсць Джанатанаў, запрэжаных у санкі, Мах з Шэбеставай на тыя санкі пагрузілі заплечнікі і селі самі, пасля чаго Джанатаны пабеглі, і санкі памчалі наперад, як на мазаных колах.

Так яны і ехалі — то па снезе, то па лёдзе, сям-там бачылі маржоў, цюленяў і белых мядзведзяў, ды ад хуткай язды неўзабаве адчулі пякельны холад, і яны вырашылі папрасіць у слухаўкі крыху гарачай гарбаты, але ўявіце сабе: са слухаўкі ніхто не азваўся, слухаўка ні на якія просьбы не рэагавала, і Мах сказаў: «Шэбестава, іду ў заклад, што гэтая слухаўка папросту замерзла, з ёй трэба ў цяпло, але ж куды?» — аднак Шэбестава ў гэты момант закрычала: «Мах, здаецца, мы ўжо прыехалі», — яны спыніліся, злезлі з санкаў, і Мах сказаў: «Ну вядома ж, Шэбестава, мы прыехалі, ты стаіш на саменькім Паўночным полюсе», — мароз там быў яшчэ большы, і Мах расшпіліў заплечнік, каб надзець яшчэ тыя запасныя пальчаткі, але ж толькі ён да іх дакрануўся, здарылася нешта зусім нечаканае: каля іх раптам з'явіліся Горачак з Пажоўтам, бо гэтыя двое, знайшоўшы ў Маха ў тумбачцы слухаўку, папрасілі ператварыць іх у пальчаткі на той час, пакуль яны не апынуцца на полюсе.

Мах выкрыкнуў: «Што вы тут робіце?» — а Пажоўт сказаў: «Што табе да таго, ёлупень», — але Горачак, які быў усё ж такі больш ветлівы, сказаў, што яны ўцякаюць у Амерыку, дзе зробяцца мільянерамі, бо будуць інвеставаць у вытворчасць газы, а між тым яны ўжо абодва пасінелі і дрыжалі ад холаду як асінавыя лісточкі, бо на іх былі толькі тыя два швэдры, якія яны сцягнулі з Махавай шафы, і Горачак сказаў: «Нам трэба крышку сагрэцца», — і яны з Пажоўтам пачалі вакол Маха з Шэбеставай бегаць, а Шэбестава сказала: «Вось няшчасце на нашую галаву, а што, калі яны тут змерзнуць», — і толькі яна гэта сказала, як пад Горачкам і Пажоўтам праламаўся свежы лёд, што на Паўночным полюсе бывае надзвычай рэдка, і абодва плюхнуліся ў ваду, а калі Мах з Шэбеставай да іх падбеглі, вада вакол Горачка з Пажоўтам зноў ператварылася ў лёд, так што Маху давялося сякеркай высякаць лядовы куб, а затым той куб, унутры якога былі замарожаныя Горачак з Пажоўтам, грузіць на сані, бо Шэбестава сказала: «Не пакідаць жа іх тут!»

А за працай Мах распавядаў Шэбеставай, што нічога страшнага не здарыцца, калі чалавека на нейкі час замарозіць, бо потым ён зноў растане і будзе сабе спакойна жыць далей, што навука сёння робіць цуды і некаторыя людзі аддалі б што заўгодна за тое, каб сто гадоў пабыць у лёдзе, а потым паглядзець, як будзе выглядаць свет у будучыні, і тут Шэбестава перапыніла Маха і сказала: «Паглядзі, Мах, сюды ідуць белыя мядзведзі», — і Мах убачыў, што да іх набліжаюцца пяць белых касмачоў, прычым адзін з іх быў у акулярах і махаў ім лапай, але перш чым Мах паспеў здзівіцца, той мядзведзь закрычаў: «Маладыя людзі, як вы тут апынуліся?» — а Мах з Шэбеставай вырачылі вочы: як гэта можа быць, каб мядзведзь размаўляў па-чэшску, але ж неўзабаве высветлілася, што гэта зусім не мядзведзь, а прафесар Леапольд Трэйбал, які згубіўся ў навуковай экспедыцыі пад час завірухі і з таго часу жыве ў адной мядзведжай сям'і, вывучыў іхнюю мову, разам з імі палюе на цюленяў і даследуе іхнія звычкі, ён сказаў, што ў яго цэлая куча навуковых занатовак, і калі ён вернецца ў інстытут, напіша пра белых мядзведзяў кнігу, якая зробіцца сусветнай сенсацыяй; ён прадставіў сваіх мядзведжых сяброў Маху і Шэбеставай: гэта былі бацька і маці з двума сынамі; іх цікавіла, што дзеці вывучаюць пра мядзведзяў у школе; прафесар перакладаў іхнія пытанні Маху і Шэбеставай, а потым пераказваў мядзведзям адказы дзяцей, пакуль нарэшце спадарыня Мядзведзіха не прапанавала зайсці куды-небудзь у цёплае месца, каб Мах з Шэбеставай на падхапілі прастуды.

І тады Мах даў каманду Джанатанам і ўсе накіраваліся да мядзведжага бярлогу, зробленага ў адным з ледавікоў, санкі з Горачкам і Пажоўтам туды не пралезлі, і іх вымушаны былі пакінуць знадворку, але тым дваім гэта не зашкодзіла, усё адно яны былі змерзлыя, як пламбір; прафесар у тым бярлогу меў свой куток, дзе ў яго вісеў фотаздымак спадарыні Трэйбалавай, але галоўнае там была безліч папераў з занатоўкамі; ён зняў свой белы кажух і спытаў у Маха і Шэбеставай, калі яны думаюць вяртацца, маўляў, ён бы паехаў з імі, а Мах сказаў, што ўсё залежыць ад таго, калі размарозіцца слухаўка, а Шэбестава дадала, што гэта, відаць, надоўга не зацягнецца, бо ў бярлогу было досыць цёпла, тады прафесар Трэйбал спакаваў свае навуковыя напрацоўкі і развітаўся з той сімпатычнай мядзведжай сям'ёй, паабяцаўшы, што вельмі хутка зноў іх наведае.

А потым перад домам Трэйбалаў адбылася радасная падзея: дзядзечка Леапольд нечакана вярнуўся, усе радаваліся і абдымалі яго, дзякавалі Маху і Шэбеставай, аднак над тым вялікім кавалкам лёду, у якім былі замарожаныя Горачак і Пажоўт, усе стаялі збянтэжаныя, ніхто не ведаў, што з імі рабіць, нарэшце паклікалі настаўніцу, якая сказала, што пагаворыць пра гэта з іх бацькамі, што яна і зрабіла, і ўрэшце было вырашана, што Горачка з Пажоўтам пакінуць у лёдзе яшчэ на вакацыі, каб яны не сваволілі, а пазней будзе відаць.


Загрузка...