Аднойчы спадарыня Кадрножкава на месяц паляцела да сястры Бажэны ў Аўстралію і Джанатана ўзяла з сабой, а Мах з Шэбеставай цэлы месяц былі не ў гуморы і ўвесь час толькі падлічвалі дні, калі Джанатан вернецца, яны ўсё ніяк не маглі дачакацца, вы ж ведаеце, месяц — гэта вельмі доўга, асабліва калі чакаеш сябра, ды ўрэшце і той месяц мінуў, і Мах з Шэбеставай паехалі са спадаром Махам у аэрапорт сустракаць спадарыню Кадрножкаву, а цяпер уявіце сабе іх жах, калі яны ўбачылі, што спадарыня Кадрножкава выйшла з самалёта адна, а калі Шэбестава ў яе спытала, дзе падзеўся Джанатан, яна, гаротніца, расплакалася, што сабакі няма, што яна Джанатана больш ніколі не ўбачыць, бо яго нехта ў Аўстраліі скраў.
А Шэбестава сказала: «Гэта катастрофа, Мах, што мы будзем рабіць, я не ўяўляю, як буду жыць без Джанатана», — а калі яны з Махам засталіся адны, яна яшчэ доўга абуралася, што спадарыня Кадрножкава так дрэнна глядзела за Джанатанам, але Мах сказаў: «Шэбестава, злосцю тут не дапаможаш, проста трэба Джанатана знайсці — іншага рашэння няма, на шчасце, у нас ёсць слухаўка», — і тады яны сказалі сваім бацькам, што хацелі б правесці выходныя са спадарыняй Кадрножкавай на лецішчы, каб ёй без Джанатана не было так сумна, спадар Мах іх на тое лецішча адвёз, а калі ён з'ехаў, Шэбестава сказала спадарыні Кадрножкавай, што яны небараку Джанатана знойдуць, нават калі б ім давялося абшукаць усю Аўстралію, што пачнуць яны з ейнай сястры Бажэны і, магчыма, вернуцца толькі ў нядзелю, галоўнае, каб яна берагла сябе, а пасля Мах і Шэбестава дамовіліся са слухаўкай і ў тое ж імгненне зніклі.
Тая сястра Бажэна была вельмі добрая жанчына, Мах з Шэбеставай перадалі ёй прывітанні, яна падзякавала і сказала, што Марыя ў яе забыла тапачкі, а потым яны гаварылі толькі пра Джанатана, спадарыня Бажэна сказала, што ўчора ў газеце прачытала цікавы артыкул, як адзін аўстралійскі мільянер на сваёй ферме збірае сабак, быццам якія паштовыя маркі, і хоча сабраць усе пароды, якія толькі ёсць на свеце, і ў гэтым ён спаборнічае з адным амерыканцам з Тэхаса, але ў амерыканца справы лепшыя, бо ў таго няма толькі дзвюх самых рэдкіх пародаў, а менавіта балівійскага махнача і мангольскага вурка, у якога самы лепшы на свеце нюх, тым часам як спадару Марвэлу акрамя махнача і вурка трэба яшчэ прыдбаць ангельскага харта і нямецкага дога; пачуўшы ўсё гэта, Мах сказаў: «Шэбестава, іду ў заклад, што той злодзей, які скраў Джанатана, крадзе сабак для гэтага спадара Марвэла», — а Шэбестава сказала: «А я, Мах, іду ў заклад, што наш Джанатан знаходзіцца на ягонай ферме», — пасля чаго яны адно аднаму падміргнулі і вялікае следства распачалося.
Яны развіталіся са спадарыняй Бажэнай, узялі тапкі для спадарыні Кадрножкавай і папрасілі слухаўку ператварыць іх у тых двух самых рэдкіх сабак, прычым з Маха зрабіўся маленькі мангольскі вурк, а Шэбестава ператварылася ў балівійскага махнача — высокага барбоса з вялікімі вушамі, і ў такім выглядзе яны бегалі па вуліцах і чакалі, калі нарэшце з'явіцца той злодзей; чакаць ім доўга не давялося: каля іх спынілася машына, і не паспелі яны схамянуцца, як два мужчыны схапілі іх і сунулі на задняе сядзенне, дзе ўжо сядзелі ангельскі хорт і нямецкі дог — сабакі, скрадзеныя для спадара Марвэла; Мах з Шэбеставай сказалі: «Прывітанне», — вядома ж, на сабачай мове, аднак ангельскі хорт не адказаў зусім, а дог адно прабурчаў: «Толькі вас тут не хапала», — а потым яны проста моўчкі ехалі, напханыя на заднім сядзенні, як селядцы ў бочцы, ехалі і пазіралі ў акенца, бачылі статкі авечак і сям-там нейкага кенгуру, а праз нейкі час яны чуюць, як адзін злодзей кажа: «Але ж нам і пашанцавала, што мы акрамя дога з хартом злавілі і гэтых двух самых рэдкіх сабак, трэба падумаць, каму іх прадаць — спадару Марвэлу ці таму амерыканцу; кажуць, што амерыканец плаціць больш», — а другі злодзей адказвае: «Калі ён плаціць больш, дык адвязём іх у Амерыку, якія могуць быць сумненні, спачатку прадамо дога з хартом Марвэлу, а тады з вуркам і махначом заедзем у аэрапорт і гайда ў Тэхас».
А ў Маха і Шэбеставай унутры нешта ёкнула, яны падумалі: «Што ж цяпер рабіць, не ляцець жа нам у Амерыку, не можам жа мы пакінуць Джанатана ў Аўстраліі», — але яны маглі толькі чакаць, і вось калі тыя злодзеі прыехалі на запраўку, залілі поўны бак бензіну, зачынілі машыну і пайшлі выпіць кавы, Мах сказаў: «Шэбестава, наш час надышоў», — пасля чаго ўзяўся зубамі за ручку ад акенца, і пачаў круціць, а калі шыбіна была спушчаная, Шэбестава спытала ў іхніх двух спадарожнікаў, ці не хочуць яны ўцячы разам з імі, але ангельскі хорт прыкінуўся, быццам не чуе, а нямецкі дог сказаў: «Ідзіце вы да д'ябла», — таму Мах з Шэбеставай выскачылі з машыны толькі ўдваіх і кінуліся прэч; Шэбестава бегла лёгка, бо балівійскі махнач — вялікі сабака і ў яго доўгія ногі, горш давялося Маху, які быў маленькім сабачкам з караценькімі ножкамі; тады Шэбестава тройчы гаўкнула, што было ўмоўным знакам, і слухаўка ператварыла махнача ў Шэбеставу; зноў зрабіўшыся дзяўчынкай, яна сказала: «Вось што, Мах, так справа не пойдзе, ты ўвесь час адстаеш, так мы на гэту ферму ані за тыдзень не дабяжым», — і яна папрасіла слухаўку зрабіць з яе кенгуру; маленькі вурк улез у кішэню, якая ў кенгуру знаходзіцца на жываце, і Шэбестава паскакала наперад так хутка, як не змог бы, напэўна, ніводны сабака на свеце.
А тым часам як Шэбестава скакала, Мах сядзеў у кішэні і аглядаў наваколле: сярод галін эўкаліптаў ён заўважаў смешных мядзведзікаў каалаў, а паабапал дарогі бачыў цэлыя хмары дзікіх трусоў; раптам ён падняў нос, прынюхаўся і весела забрахаў: «Шэбестава, я адчуваю Джанатана, яшчэ кіламетраў пяць, і мы на месцы», — а Шэбестава, у якой ад скокаў ужо балелі ногі, падумала: «Ну, дзякуй богу», — але ж якраз у той момант сталася нешта жахлівае, чаго ніхто не чакаў: Шэбестава атрымала страшэнны ўдар палкай па галаве, упала ў траву і не варушылася, а Мах да смерці перапалохаўся і падумаў: «Як жа так, няўжо Шэбеставай канец?»
А тая палка, што ўдарыла Шэбеставу, была ніякая не палка, а бумеранг — паляўнічая прылада аўстралійскіх абарыгенаў, і два такія абарыгены якраз падбягалі да Шэбеставай і трыумфавалі: «Ура, мы ўпалявалі кенгуру, вось сёння пабалюем!» — адзін узяў Шэбеставу за пярэднія ногі, другі за заднія, і яны панеслі яе ў вёску; мангольскага вурка яны не заўважылі, бо Мах стаіўся на самым дне кенгурынай кішэні, але зубы ў яго ляскаталі ад страху, і ён ліхаманкава думаў: «Божачка мілы, што ж мне рабіць?»
Уся вёска слінай сцякала ў чаканні шыкоўнай вячэры, правадыр племені сказаў, што ў яго разыграўся апетыт на смажаныя кенгурыныя мазгі, чараўнік, які бесперастанку пыхкаў люлькай, папрасіў вэнджаных кенгурыных лапак, а кухар сказаў: «Як пажадаеце», — і пачаў тачыць вялізны нож, але ў гэты момант з кенгурынай кішэні вылез маленькі сабачка, тройчы гаўкнуў і ператварыўся ў Маха, які закрычаў: «Я вам дам смажаныя мазгі, я вам дам вэнджаныя лапкі, калі вы думаеце, што злопаеце Шэбеставу на вячэру, дык вы надта памыляецеся!» — і выцягнуў з кішэні слухаўку; з кенгуру зрабілася Шэбестава, а ў вёсцы настала вялікая сумятня: правадыр з пераляку абамлеў, чараўнік праглынуў люльку, астатнія ж разбегліся, як прусакі, а Шэбестава, хаця ў яе пасля таго ўдару галава страшэнна трашчала, вельмі прыгожа ўсміхнулася і сказала: «Дзякуй, Мах, ты выратаваў мне жыццё», — пасля чаго з дапамогай слухаўкі ператварылася ў балівійскага махнача, Мах ператварыўся ў мангольскага вурка, і яны пабеглі далей.
Да Джанатана ім заставалася ўжо зусім недалёка, і таму яны пабеглі па шашы, дзе было поўна машын; удалечыні яны ўбачылі ферму, і Мах радасна забрахаў, што гэта ферма спадара Марвэла, але ж тут здарылася нешта яшчэ горшае, чым перад тым: адна машына спынілася каля іх, з яе выйшлі двое мужчын, і не паспелі Мах і Шэбестава ачомацца, як зноў апынуліся на заднім сядзенні машыны, побач з ангельскім хартом і нямецкім догам, які грэбліва прамовіў: «Глядзі ты, зноў вы, не надта ж далёка вы ўцяклі», — а Мах сказаў: «Ах, Шэбестава, што ж нам сёння так не шанцуе!».
На шчасце, тым двум злодзеям ужо не хацелася везці махнача з вуркам у аэрапорт, і яны прадалі ўсіх чатырох сабак разам, але грошай мусілі пачакаць, бо спадар Марвэл быў у горадзе; Маха і Шэбеставу пасадзілі кожнага ў асобную клетку, тых клетак там была процьма, і ў адной з іх сядзеў небывала сумны Джанатан, Мах з Шэбеставай яму гаўкалі: «Гэй, Джанатан, гэта мы, твае сябры», — але Джанатан у гэта не верыў, нават не завіляў хвосцікам, і тады Мах з Шэбеставай тройчы гаўкнулі і ператварыліся ў дзяцей, а Джанатан ледзь не ашалеў ад радасці, аднак у той момант з'явіўся спадар Марвэл і пачаў на тых двух злодзеяў крычаць, што яны звар'яцелі, калі ўжо крадуць не толькі сабак, але і школьнікаў, і што ён ім ніякіх грошай не дасць, затое здасць іх у паліцыю, і пабег да тэлефона, але, вярнуўшыся, ён не знайшоў у клетцы ані Маха, ані Шэбеставай, ані Джанатана.
А тым часам далёка ад фермы калекцыянера Марвэла, далёка ад Аўстраліі, Махавы бацькі едуць на лецішча да спадарыні Кадрножкавай, каб забраць дзяцей пасля выходных дадому, яны ўжо здалёк чуюць брэх сабакі і смех, а калі пад'язджаюць бліжэй, не вераць сваім вачам: Мах і Шэбестава гуляюць з Джанатанам, а разам з імі шчаслівая спадарыня Кадрножкава, і ў яе на нагах ейныя ўлюбёныя тапкі; збіты з панталыку спадар Мах пытаецца: «Як такое магчыма, адкуль гэты звер узяўся?» — а спадарыня Кадрножкава не ведае, як усё патлумачыць, яна не хоча выдаваць Маха з Шэбеставай, а таму без усякага сораму хлусіць, што Джанатан прабег палову зямнога шара, каб да яе вярнуцца; спадарыня Махава надзвычай уражаная, яна выцірае хустачкай вочы і кажа: «Гэта проста неверагодна, на што сабака здольны дзеля таго, хто яго любіць», — а пасля яна паварочваецца да Маха і Шэбеставай і кажа: «Вы двое бярыце з яго прыклад».