4. Пра тое, як Мах і Шэбестава сустрэліся ў Афрыцы з чараўніком


Аднойчы ўвосень у Махаў у гасцях была цётачка Маня, і яна пачала скардзіцца на дзядзечку Карла, маўляў, ён увесь час толькі бурчыць, што яму абрыдла сядзець на пенсіі, проста слухаць яго немагчыма, і ўсё жалілася і жалілася, пакуль спадар Мах ёй не сказаў: «Эх, дзеўка, ды ты ж зразумей: Карал — былы пілот, ён дваццаць гадоў лётаў з Эўропы ў Афрыку, вядома ж, цяпер яму гэтага не стае», — а спадарыня Махава ўздыхнула: «Старасць — жахлівая рэч, яна чакае ўсіх і кожны з ёй павінен змірыцца, Карлу ўжо час забыць пра палёты», — але цётачка Маня яе перапыніла: «Ды што ты такое гаворыш, як ён можа забыць пра палёты, калі ён толькі пра гэта і думае, па начах бачыць пра гэта сны, а колькі грошай ён змарнаваў на розныя там латарэі — усё мне даводзіць, што аднойчы ён проста абавязаны выйграць, і тады ён зможа сабе купіць спартовы самалёт, зусім звар'яцеў стары».

Але калі Мах пераказваў гэта Шэбеставай па дарозе ў школу, Шэбестава сказала: «Ведаеш, Мах, я не думаю, што твой дзядзька зусім звар'яцеў, наадварот, мне вельмі сімпатычна, што яго дагэтуль цягне ў неба, дык давай яму як-небудзь дапаможам?»

Мах быў за, і яны адразу ж вырашылі зайсці да дзядзечкі Карла; той вельмі парадаваўся гасцям і распавёў Шэбеставай, як ён гуляў з малым Махам і нават навучыў яго азбуцы Морзэ, а Мах сказаў: «Дзядзечка Карал, мы з Шэбеставай падумалі, што калі табе так не стае тых палётаў, дык мы цябе можам ператварыць у стрыжа або ў бусла, і тады ты зможаш лётаць ад раніцы да ночы, што скажаш?» — і запэўніў дзядзечку, што для іхняй слухаўкі гэта не складзе праблемы, а дзядзька Карал ад такой прапановы трохі збянтэжыўся, але хутка авалодаў сабой і сказаў, што ён прапанову з радасцю прымае, якраз буслы адлятаюць у вырай, і ён разам з імі паўторыць доўгі пералёт у Афрыку; цётачка Маня не пярэчыла, яна была радая, што пару месяцаў зможа ад Карла адпачыць, сказала толькі: «Ляці», — і тады дзядзечка ёй сказаў: «Калі што якое, я буду ля возера Вікторыя, туды штогод злятаюцца буслы з усёй Эўропы», — пасля чаго Мах з Шэбеставай з дапамогай слухаўкі ператварылі яго ў прыгожага вялікага бусла з чырвонымі нагамі і доўгай дзюбай, і ён, задаволены, паляцеў.

Але тыдні праз два да Маха і Шэбеставай прыбегла цётачка Маня і паведаміла, што дзядзька Карал выйграў у латарэю вялікія грошы, а яна доўга вагалася, але ўрэшце купіла яму спартовы самалёт, і добра зрабіла, бо ён быў апошні, а цяпер той самалёт будзе стаяць у дрывотні і чакаць, пакуль Карал вернецца, што будзе яшчэ немаведама калі, і Мах з Шэбеставай пагадзіліся, што, безумоўна, недарэчна, калі прыгожы новы самалёт будзе дарма прастойваць, і паабяцалі цётачцы Мані, што заўтра ж выправяцца па дзядзьку, і як сказалі, так і зрабілі.

Ля возера Вікторыя быў жахлівы хаос, буслоў там было мо паўмільёна, і ўсе яны ляскалі дзюбамі, ад чаго ўтвараўся страшэнны гам; Мах паглядзеў на гэта і пакруціў галавой: «Ведаеш, Шэбестава, хай мяне разарве, калі дзядзька Карал сапраўды знаходзіцца ў гэтым дурдоме, ён ужо не малады і любіць спакой, а тут за пяць хвілінаў звар'яцець можна, іду ў заклад, што ён асеў недзе паблізу, дзе не так шумна», — Шэбестава з ім пагадзілася, і тут яны ўбачылі, што да іх набліжаецца мурынскі хлопчык з мяхом на спіне, тады Шэбестава папрасіла слухаўку зрабіць так, каб яна ўмела размаўляць на суахілі, і калі хлопчык падышоў бліжэй, спытала ў яго, ці няма ў наваколлі нейкага меншага азярца, дзе не так шумна.

На шчасце, хлопчык трапіўся вельмі прыязны, звалі яго Тумба, і ён сказаў, што якраз такое азярцо знаходзіцца адразу за вёскай, і ён іх да яго з радасцю завядзе, як толькі аддасць матулі гэты мех з тэрмітамі, якіх ён збіраў для курэй цэлы дзень; так яны пайшлі разам з ім, было невыносна горача, паабапал дарогі пасвіліся антылопы і зебры, трохі воддаль прабягаў статак жырафаў, а Тумба выпытваў, адкуль яны ўзяліся і чаму яны белыя, а тады пахваліўся, што ўжо бачыў белых людзей на малюнку ў школе, але ён баяўся, што ў вёсцы будзе вялікі пярэпалах, калі ён іх туды прывядзе, сказаў, што старыя бабы і малыя дзеці дакладна пачнуць дзіка енчыць, а калі Шэбестава ў яго спытала, ці не было б лепш, каб яны былі чорныя, Тумба задумаўся і сказаў, што, відаць, так, таму Мах папрасіў слухаўку зрабіць з іх дваіх мурынскіх школьнікаў; слухаўка з радасцю выканала просьбу, але Тумбу гэта так напалохала што, калі яны прыйшлі ў вёску, ён адразу ж пабег да чараўніка і закрычаў, што той хлопчык і тая дзяўчынка, якія з ім прыйшлі, — два магутныя чарадзеі, якія могуць рабіцца то белымі, то чорнымі, і гэта прынесла Маху і Шэбеставай нечаканыя праблемы.

Усё цела чараўніка было пакрыта нейкімі ўзорамі, нібыта яго абмалявалі спрэеры, быў ён высокі, тоўсты і дужа ганарысты, уяўляў, быццам ён найвялікшы чараўнік ва ўсёй Афрыцы, а калі пачуў, што нейкія двое дзяцей лезуць у ягоны гарод, адразу ж раззлаваўся і загадаў іх паклікаць; ён выйшаў са сваёй хаціны, сеў на скрыню з-пад кока-колы, выцягнуў з носа чарадзейную палачку і сказаў: «Дык вось, смаркачы, глядзіце, што можа вялікі чараўнік», — ён нешта замармытаў, махнуў палачкай і ў тое імгненне ні села ні пала пайшоў дождж, што ў такой гарачыні было досыць прыемна, але ж чараўнік махнуў палачкай зноў, і дажджу як не было, а гэты тоўсты задавака засмяяўся: «Што, не чакалі?.. а цяпер вы», — і Шэбестава прамармытала нешта ў слухаўку, Мах махнуў рукой і ў тое імгненне пайшоў снег; вяскоўцы, якія стаялі вакол, завішчалі, бо ніколі ў жыцці нічога падобнага не бачылі, а чараўнік, зразумеўшы, што лік адзін нуль на карысць гэтых дваіх самазванцаў, зноў раздражнёна замармытаў, махнуў палачкай і ператварыў курыцу ў казу, а Шэбестава таксама нешта хуценька прамармытала, Мах зноўку махнуў рукой, і тая каза ператварылася ў белага мядзведзя; людзі завішчалі як ашалелыя, бо пра такога звера чуць не чулі, пасля чаго чараўнік страшэнна разгневаўся, вырваў у Шэбеставай слухаўку, нешта ў яе прамармытаў, і Мах з Шэбеставай раптоўна ператварыліся ў двух чорных афрыканскіх буйвалаў; чараўнік выгнаў іх за вёску, а калі яны зніклі з вачэй, засунуў сабе слухаўку ў нос, палачку выкінуў, а Тумбу сказаў: «Больш мне сюды нікога не прыводзь, інакш схопіш па карку».

А Мах з Шэбеставай ішлі па дарозе, цяжка перастаўляючы ногі, бо кожны з іх важыў не менш за тры цэнтнеры, а каб пагаварыць, ім даводзілася мычаць, і калі яны гэтак ішлі да маленькага азярца за вёскай, Шэбестава мычала сумным голасам: «Ну мы й папаліся, Мах, цяпер нам да смерці не выбрацца з Афрыкі, рэч вядомая — нам канец, цяпер ужо нас ніхто не зможа выратаваць, нават дзядзечка Карал, ён нас проста не зразумее», — а Мах у адказ прамычаў: «Шэбестава, не ный, што за паніка, вось пабачыш: усё ўладкуецца, глядзі, мы ўжо прыйшлі», — і сапраўды, перад імі было невялікае азярцо, дзе быў толькі адзін бусел; як можна было меркаваць, гэта быў дзядзечка Карал, ён стаяў на адной назе, і калі яны да яго падышлі, Мах раптам пачаў мычаць: два працяглыя му і адно кароткае, затым тры кароткія і адно працяглае, і гэтак далей, карацей кажучы, ён мычаў на азбуцы Морзэ, а дзядзька Карал пачаў ляскаць дзюбай, чатыры кароткія шчаўчкі і два доўгія, так яны на азбуцы Морзэ перамаўляліся, а Шэбестава, якая азбукі Морзэ не ведала, магла хіба што маўчаць, і гэта яе нямала злавала, бо яна не разумела, пра што гаворка, а між тым Мах расказаў дзядзечку пра спартовы самалёт і пра тое, як яны з Шэбеставай засталіся без слухаўкі, пасля чаго дзядзька Карал заляскаў дзюбай, каб яны нікуды не хадзілі, што ён праз хвілінку вернецца, а тады ўзняўся ў паветра і паляцеў, а Шэбестава раздражнёна замычала: «Што такое, гэты твой дзядзька паляцеў дадому, а нас тут кінуў на волю лёсу», — а Мах замычаў: «Шэбестава, не панікуй, пачакай і ўсё ўбачыш», — пасля чаго пайшоў пасвіцца, бо быў галодны.

А дзядзька Карал тым часам ляціць у тую мурынскую вёску, апускаецца на зямлю перад самай хацінай чараўніка і пачынае ляскаць дзюбай, чараўнік праз дзверы бачыць бусла і думае: «Гэты птах паводзіць сябе неяк дзіўна, нібыта ад мяне нечага хоча», — ён выходзіць на двор, бусел падыходзіць да яго бліжэй і ляскае дзюбай перад самым ягоным носам — два працяглыя шчаўчкі і адзін кароткі, а чараўніку і няўцям, што бусел на азбуцы Морзэ гаворыць у самую слухаўку, у чарадзейную слухаўку, якая разумее ўсе чалавечыя і ўсе звярыныя мовы, і азбуку Морзэ, вядома ж, таксама; і так слухаўка выслухоўвае пажаданне дзядзечкі Карла, а затым гэтае пажаданне неадкладна выконвае і чараўнік ператвараецца ў конаўку з вялікай ручкай, праз якую прасунута слухаўка, дзядзька тую слухаўку бярэ ў дзюбу і ляціць з ёю прэч, а вяскоўцы, якія ўсё гэта бачаць, пачынаюць вішчаць так дзіка, як яшчэ ніколі ў жыцці не вішчалі.

А далей усё ішло як па масле, ні з кім больш нічога благога не здарылася, хіба што цётачка Маня страшэнна спалохалася, калі абірала слівы, і ў садзе — быццам з неба спалі — з'явіліся дзядзька Карал, Мах і Шэбестава; дзядзька хацеў хутчэй пабачыць свой новы самалёт, і калі цётачка адчыніла дрывотню, стары ледзь не ашалеў ад радасці; самалёт быў зусім маленькі і ўвесь серабрысты, і дзядзечка адразу ж пачаў да ўсіх чапляцца з прапановамі пакатаць, але Мах з Шэбеставай ветліва падзякавалі і сказалі, што калі-небудзь іншым разам, бо зараз яны спяшаюцца дадому на вячэру, а па дарозе дамоў яны згадалі пра ганарыстага чараўніка, які ператварыўся ў конаўку з вялікай ручкай, і папрасілі слухаўку вярнуць яму людское аблічча, а слухаўка сказала: «Без праблемаў», — і нават іх пахваліла, што яны пра таго чалавека не забылі, хоць ён да іх паставіўся не вельмі прыгожа.


Загрузка...