Аднойчы ўлетку Мах з Шэбеставай паклалі ў торбу ласты і пайшлі купацца на раку, дарогай яшчэ зайшлі па Джанатана, але спадарыня Кадрножкава, якая акурат выходзіла з кватэры, сказала: «Што вы, Джанатан сябе дрэнна паводзіў і нікуды не пойдзе, я зачыніла яго на гаўбцы і ён там прабудзе да самага вечара», — і пайшла па лесвіцы ўніз, але ж Мах выцягнуў слухаўку, сказаў у яе пару словаў, і ў яго на далоні раптам з'явіўся маленечкі Джанатан, зменшаны да двух сантыметраў, Мах пасадзіў яго ў торбу з ластамі, і яны пайшлі, а спадарыня Кадрножкава, якая стаяла перад домам са спадарыняй Крупічкавай, нават не здагадалася, каго яны нясуць у той чырвонай торбе.
А Мах з Шэбеставай адно аднаму весела падміргвалі і ўяўлялі, як яны будуць плёскацца ў вадзе з Джанатанам; дома ім трэба быць толькі а шостай, часу ў іх досыць, і яны вырашылі пайсці праз парк, каб паглядзець на фантан, а калі яны да яго падышлі, то ўбачылі, што вакол фантана поўзае нейкая тоўстая жанчына, а Мах сказаў: «Я яе ведаю, гэта спадарыня Крэчкава, што жыве на Стамбульскай вуліцы, у спадара Крэчка — ейнага мужа — ёсць грузавік, на якім ён дапамагае людзям перавозіць розныя рэчы», — а спадарыня Крэчкава ўбачыла Маха і пачала скардзіцца, што згубіла залаты пярсцёнак і што муж яе за гэта аблае, выцягнула з сіняй торбы з прадуктамі насоўку і расплакалася, а Мах нешта прашаптаў Шэбеставай, выцягнуў слухаўку і папрасіў у яе залаты пярсцёнак, наўмысна павярнуўшыся спінай, каб спадарыня Крэчкава не ўбачыла слухаўкі, тым не менш тая яе заўважыла і падумала: «Паглядзіце толькі, у гэтых дзяцей чарадзейная слухаўка, мне б яна вельмі нават прыдалася», — але калі Мах падаў ёй той залаты пярсцёнак, спадарыня Крэчкава ўзяць яго не схацела, сказаўшы, што ейны быў з сэрцайкам і муж пазнае, што гэта не той, і плакала бесперастанку, пасля чаго Шэбестава адвяла Маха ўбок і сказала яму: «Паслухай, Мах, я чытала, што недзе ў Перу ёсць пячора, пра якую ніхто не ведае, яна называецца Эльдарада, і кажуць, што некалі даўно інкі схавалі ў ёй аграмадную колькасць залатых рэчаў, каб яны не дасталіся гішпанскім заваёўнікам, думаю, там спадарыня Крэчкава змагла б сабе выбраць які-небудзь пярсцёнак», — а Мах сказаў: «Ну дык давай туды злётаем», — і адразу ж пра гэта папрасіў слухаўку, і ніхто войкнуць не паспеў, як яны ўсе разам з торбамі апынуліся ў Паўднёвай Амерыцы, пасярод той перуанскай пячоры.
І ва ўсіх ад здзіўлення адразу ж паадвісалі сківіцы, бо ў гэтай вялізнай пячоры паўз усе сцены былі паліцы, запоўненыя залатымі талеркамі і міскамі, накрыўкамі і конаўкамі, апалонікамі і мяшалкамі, на самым версе стаялі залатыя начоўкі, а ў самым нізе ляжалі горы пярсцёнкаў, Шэбестава адразу выбрала адзін з сэрцайкам, але ж спадарыня Крэчкава страціла да пярсцёнкаў усякую цікавасць: з сіняй торбы яна павыкідала ўсё, што купіла на вячэру, з чырвонай выкінула ласты, абедзве торбы напоўніла залатымі апалонікамі і мяшалкамі, вырвала ў Маха з рук слухаўку, сказала, што зараз жа хоча быць на Стамбульскай вуліцы, і знікла.
Слухаўка сказала: «На стамбульскай вуліцы, дык на стамбульскай вуліцы», — і так спадарыня Крэчкава апынулася на вуліцы ў Стамбуле, найвялікшым горадзе Турцыі; яна паставіла торбы на зямлю, слухаўку паклала ў сінюю, потым агледзелася, дзе, уласна, яна знаходзіцца, і ў тую ж секунду торбы зніклі — нейкі хлопец уцякаў з імі па вуліцы; спадарыня Крэчкава дзіка завішчала, потым убачыла, што за злодзеем пабег паліцыянт, але вішчаць не перастала, вакол яе ўжо сабраўся ладны натоўп, нейкі мужчына, які трохі размаўляў па-чэшску, узяўся ёй дапамагчы, але калі яна сказала яму, што яшчэ дзве хвіліны таму была ў Паўднёвай Амерыцы і нават не ўяўляе, дзе яна зараз знаходзіцца, а таксама што ў яе скралі дваццаць залатых мяшалак і трыццаць залатых апалонікаў, ён падумаў: «Божачкі, гэтая жанчына, пэўна, звар'яцела», — выклікаў хуткую дапамогу, і не паспела спадарыня Крэчкава вокам міргнуць, як апынулася ў вар'ятні.
А Мах з Шэбеставай сядзелі ў перуанскай пячоры і чакалі, ці вернецца па іх спадарыня Крэчкава; гэтак сабе сядзелі і сумавалі, пакуль Шэбестава ўрэшце не сказала: «А ну годзе, мне гэта ўжо надакучыла, мы хацелі купацца, дык і пойдзем купацца», — а Мах сказаў: «Праўда што», — пасля чаго яны ўзялі ласты, выбраліся з пячоры і пайшлі, вакол былі джунглі, што кішэлі малпамі і папугаямі, над вялікімі кветкамі лёталі маленечкія калібры, а Мах з Шэбеставай ішлі ўсё далей і далей; нарэшце Мах кажа: «Цікава, як мы да шасці трапім дадому, мы ў Паўднёвай Амерыцы, а слухаўка ў нас бог ведае дзе», — а Шэбестава кажа: «А мне цікава, як мы вернем Джанатана спадарыні Кадрножкавай, калі мы нават не ведаем, дзе ён, небарака, знаходзіцца», — і толькі яна гэта сказала, як убачыла за дрэвамі раку шырынёй не менш за пяць кіламетраў і сказала: «Гэй, Мах, гэта ж Амазонка, калі б спадарыня Крэчкава з намі засталася, яна б магла выкупацца ў найвялікшай рацэ свету», — на што Мах кіўнуў галавой і сказаў: «Цікава, што яна зараз робіць?»
А няшчасная спадарыня Крэчкава была ў вар'ятні, апякаў яе доктар Цюблек — дробны мужчына ў белым халаце і з доўгаю барадой, клапаціўся ён пра яе проста ўзорна: даў ёй халат, тапачкі і нават выклікаў перакладчыка, і той перакладчык якраз казаў: «Паслухайце, спадарыня, доктар Цюблек у вас пытаецца, як вы трапілі да нас у Турцыю?» — і тады спадарыня Крэчкава пачала распавядаць пра чарадзейную слухаўку, аднак доктар Цюблек яе адразу ж перапыніў і сказаў: «Так, пачакайце, калі вы будзеце вярзці такую лухту, дык адсюль ніколі ў жыцці не выберацеся», — але ў той міг з'явіўся паліцыянт, што бег за рабаўніком, і прынёс спадарыні Кадрножкавай торбы, якія той нягоднік, уцякаючы, кінуў, золата ў іх, натуральна, ужо не было, але слухаўка ў сіняй торбе, на шчасце, засталася, а ў чырвонай сядзеў зусім малюпасенькі Джанатан, і спадарыня Крэчкава падумала: «Ну, зараз я гэтаму доктару пакажу, хто вярзе лухту», — пасля чаго сказала пару словаў у слухаўку, і ў той самы момант доктар Цюблек са спадарыняй Крэчкавай і абедзвюма торбамі апынуліся ў залатой пячоры ў Перу.
Няшчасны доктар стаяў, бы саляны слуп, столькі золата ў адным месцы ён у жыцці не бачыў; таму ён стаяў і тарашчыў вочы на тую раскошу, затое спадарыня Крэчкава дзейнічала: яна сказала ў слухаўку, што зараз жа хоча мужаў грузавік, а калі той грузавік з'явіўся ў пячоры, кінула слухаўку ў чырвоную торбу і пачала загружаць у машыну золата з усіх паліцаў: талеркі, міскі, рондалі і накрыўкі, пры гэтым яна крычала на доктара, каб ён не стаяў, як статуй, а трохі ёй дапамог, і тады яны пачалі грузіць разам, а працуючы, зусім не заўважылі, што малюсенькі Джанатан у чырвонай торбе гаўкнуў у слухаўку, пасля чаго тая торба нечакана знікла.
А Мах з Шэбеставай, якія разам купаліся ў Амазонцы, убачылі на беразе чырвоную торбу і кінуліся з вады на бераг, у сваіх ластах яны спатыкаліся і падалі, ледзь насы сабе не парасквашвалі, але ўрэшце да той торбы дабеглі і знайшлі ў ёй слухаўку і маленечкага Джанатана — таго разумненькага сабачку, які хвілю таму прагаўкаў у слухаўку, што хоча быць разам з Махам і Шэбеставай, а слухаўка Джанатанаву просьбу без праблемаў задаволіла, бо яна разумее кожную мову, нават жывёльную; пасля гэтага Мах павялічыў Джанатана да нармальных памераў, і яны ўсе трое зноў пабеглі купацца і плёскацца ў вадзе, але не надта доўга, бо Шэбестава раптам зірнула на гадзіннік і крыкнула: «Божа Ісусе, Мах, без хвіліны шэсць, трэба зараз жа дадому».
Дзякуючы слухаўцы яны паспелі ў апошні момант, вярнулі Джанатана якраз учас, спадарыня Кадрножкава якраз ішла на гаўбец па цыбулю, і, убачыўшы Джанатана, сказала: «Вось бачыш, а калі б ты сябе добра паводзіў, мог бы пасля абеду схадзіць на рэчку з Махам і Шэбеставай», — а Мах і Шэбестава сядзелі дома за вячэрай, Мах еў хлеб з маслам і каўбасой, і ў той момант, калі ён тую каўбасу адкусваў, зазваніў тэлефон, на другім канцы азвалася Шэбестава: «Паслухай, Мах, асліныя мы галовы, мы ж зусім забылі пра спадарыню Крэчкаву, нават не ведаем, дзе яна знаходзіцца; слухаўка ў цябе, таму, калі ласка, паклапаціся пра гэта», — на што Мах сказаў: «Гэй, Шэбестава, супакойся, зараз павячэраю, вазьму слухаўку і вярну яе дадому хоць з-пад зямлі».
А тым часам спадарыня Крэчкава і доктар Цюблек напоўнілі золатам грузавік спадара Крэчка аж да верху, пячора амаль апусцела, хіба што на верхняй паліцы, куды спадарыня Крэчкава не даставала, засталіся яшчэ залатыя начоўкі; спадарыня Крэчкава падумала: «Не пакідаць жа іх тут, папрашу доктара Цюблека, каб сеў мне на плечы, ён дробны, я яго спакойна падыму, і ён мне тыя ночвы паздымае», — аднак ледзь толькі доктар Цюблек уладкаваўся ў спадарыні Крэчкавай на карку, як абое раптоўна зніклі і ў наступнае імгненне з'явіліся ў кухні ў Крэчкаў; спадар Крэчак гатаваў на вячэру яечню, у яго быў надзвычай паганы дзень, пасля абеду ў яго ні села ні пала знік грузавік, потым ён марна прачакаў спадарыню Крэчкаву, калі яна прынясе што-небудзь на вячэру, і ў выніку ён цяпер мяшаў на пліце яечню і паўтараў: «Трасца, дзе гэтая баба цягаецца!» — і оп-ля — раптам яна з'явілася ў кухні — на плячах чужы халат, на нагах чужыя тапкі, а на карку чужы барадаты мужчына; спадар Крэчак спачатку не разумее, сон гэта ці ява, а затым як закрычыць немым голасам: «Бажэна, што гэта значыць, што гэта за мужык, ды я з яго катлету зраблю, і з цябе таксама», — і бяжыць да серванта, дзе ляжыць сякач на мяса; доктар Цюблек, вядома ж, расправы не чакае і што духу ўцякае прэч, спадар Крэчак гоніцца за ім з секачом у руцэ, але ж Мах з Шэбеставай пра гэта нават не здагадваюцца, яны глядзяць сабе дома калыханку і думаюць: «Добра ж мы сёння пакупаліся!»