— Менавіта... Калі ты прымеш... Хоць на колькі дзён...
— Якраз ёсць вольны ложак. Малады аспірант паехаў у камандзіроўку, а я таксама еду да сваіх на які тыдзень, так што можаш заставацца. Я дамоўлюся з нашым камендантам. Як ты?
— Буду рады, браце. Ты мяне выручыў з бяды,— Рамейка стаў распранацца, а потым спахапіўся: — Я схаджу ў магазін, нічога з сабою не ўзяў.
— Перастань, Алесь, — спыніў яго Арсень. — У мяне ўсё ёсць, галодныя не будзем. Нават пярцоўка знойдзецца...
Рамейка супакоіўся: у добры час ён трапіў да Арсеня.
У хуткім часе яны сядзелі за столікам, на якім было вунь як шмат усяго смачнага: сялянскае сала, доктарская кілбаса, кіслыя гуркі, бляшанка трасковай печані, яшчэ сёе-тое. Арсень усё гэта даставаў з невялічкага халадзільніка, які быў разлічаны на дзве асобы. А ў цэнтр паставіў пляшку пярцоўкі, яшчэ нават не пачынаную.
— Вось нядаўна купіў, думаю, раптам хто зойдзе, — тлумачыў Арсень. — А тут якраз і ты... Хоць і не надта ўдалы момант у тваім жыцці, але што зробіш? Дык за сустрэчу! — узняў сваю шклянку Арсень.
Чокнуліся, абодва скрывіліся ад пякучае пярцоўкі і сталі закусваць. Рамейка быў галодны, адразу захмялеў. Хацелася гаварыць пра набалелае, але стрымліваў сябе, чакаў, як бы ўступаючы першую скрыпку гаспадару. Рамейка ведаў Арсеня як чалавека далікатнага, тактоўнага, які не можа дазволіць сабе ніякай грубасці. Памаўчаўшы хвілін колькі, першы пачаў Арсень:
— Няёмка пытацца, але здзіўляе, што жонка папрасіла цябе з дому. Здаецца, ты быў чалавекам не такім ужо і благім, і тут раптам... — і замоўк, нібы чакаючы, што Рамейка працягне яго думку.
— Ну, гэта не так і раптам, — азваўся Рамейка. — У нас ужо былі канфлікты. Чамусьці яна падазравала мяне ў нявернасці... Я даказваў, што яна памыляецца, але дзе там! Як на тое, мне дарогу перайшла адна мадама, ты яе, напэўна, ведаеш — Варанчак, якая не так даўно загінула.
— Трохі ведаў яе, чуў пра няшчасце, чуў, — удакладніў Арсень.
— Дык вось, гэта стала вядома маёй жонцы. Яна ўзняла такі хай... Якраз ранічкай было. Я прыехаў з аэрапорта, мяне ў Ерэван пасылалі, мы армянскія апавяданні запланавалі. Але я не паехаў: адкладвалі вылет ажно тры разы... I ведаеш, якраз тады ў Арменіі землятрус быў, хоць і невялікі.
— Гэта было месяцы тры назад, здаецца, — зноў удакладніў Арсень.
— Менавіта. Прыходжу дадому — і ў мяне землятрус. Жонка крычыць: «У курвы начаваў, прызнавайся!» I пачала... Я ёй нават па шчацэ заляпіў... Першы раз за ўсе дваццаць гадоў... I тут жа пакаяўся, бо ў яе праз некалькі хвілін пачаўся сардэчны прыступ... Ну, выклікалі «хуткую», адкачалі, далі ўколы, супакоілася... Пасля мы памірыліся, прызналі свае памылкі... Але хутка зноў усё паўтарылася...
— Што, зноў з сэрцам? — не зразумеў Арсень.
— Не з сэрцам, а з галавою. Зноў яна пачала ка́паць на мяне. I вось сёння... Прыходжу дадому — на стале запіска. Ты сякі-такі, не хачу цябе бачыць, сыдзі з вачэй, бо за сябе не ручаюся... Што заставалася рабіць? Сабраў манаткі — і пайшоў з хаткі.
— А мо варта было неяк згладзіць сітуацыю... папрасіць прабачэння? — глянуў на яго вялікімі шэрымі вачыма Арсень.
— Я думаў... Але дарэмна... тут у мяне завязаўся вузельчык з адною кабетаю, зямлячкаю, некалі канчалі адну школу... Яна разведзеная, мае двух сыноў... Але цяпер збіраецца ехаць у Польшчу, там у яе нейкія сувязі...
— I ты спадзяешся, што яна не з'едзе? А мо дарэмна? — разважліва пытаўся Арсень. — Ты гавары, але еш, а то склаў рукі, як апошняе ў печ укінуў.
— Дзякую, браце, я ўжо сыты-наеты, хоць гані мяне дадому, ды, бачыш, няма ў мяне дому. Гадзіну назад быў, і тут раптам... Ведаеш, раскажу табе баечку... Я ў народныя прыкметы-прыметы і веру, і не веру... Як пад настрой... А то летась у канцы года ў нас, як і ўсюды, падпіска на газеты. Пайшоў, падпісаўся, квіток атрымаў. Па новым годзе газетаў няма. Што за бяда? Іду туды, дзе падпісваўся, пытаюся, чаму няма газетаў. Жанчына тая паглядзела ў сваю картатэку, зверыла з маім квітком ды кажа: «У вас усё правільна запісана: кватэра дваццаць адзін». Як гэта дваццаць адзін, калі ў мяне 211, — кажу. А яна адказвае: «Вашай рукою напісана, вось паглядзіце». Вось так, я згубіў адзінку. Пераправіла яна, я заплаціў за пераадрасоўку, газеты пайшлі... А я сабе думаю: кепскі знак, нехта ад нас выбудзе. А хто — тут цяжка адгадаць. Жонка, дзеці, я? Як быццам усё ў норме. У жонкі з сэрцам не ў парадку... Мо яна?.. Валасы дыбам устаюць, як пачнеш думаць. Потым плюнеш: што будзе, тое будзе. А тут год канчаецца, усё ў парадку, і вер пасля гэтага ў нейкія прыкметы... Ажно вось як, браце, усё абярнулася. Згубіўся я сам, а два плюс адзін-адна засталіся. Выходзіць, што прыкметы не так сабе складваюцца-вымалёўваюцца. А тое, што ты пытаўся на пачатку... скажу табе шчыра, што ў мяне вельмі мала надзеі... Вельмі мала... Але трэба пачакаць. Яна дала мне два тыдні...
— Ну так, надзея ёсць, а якая — ніхто не ведае, мо і яна сама. У яе там нехта ёсць, ці што? Не казала? — трохі разварушыўся Арсень.
— Не сказала больш нічога, мо і сама, як ты кажаш, не ведае... А мо ад яе самое ўсё залежыць — я так улавіў з яе слоў. Нібы так: або яна згаджаецца, значыць — едзе, або не згаджаецца — і ўсё застаецца як было. Вось такая задачка з адным невядомым атрымліваецца, — адказаў Рамейка на Арсенева пытанне.
— Атрымліваецца так, браце: калі яна цябе любіць-кахае, дык застаецца, калі не — едзе. Ты думаў пра такі варыянт?
— А вось і не думаў, — паківаў галавою Рамейка. — І тут ты правільна зазначыў, што ад мяне больш залежыць, чым ад яе... Як я нуль, дык такім і застануся...
— Ну, ты ж не нуль, ты адзінка, якая згубілася і цяпер сядзіць вось тут перада мною, — пажартаваў Арсень.
I яны ўпершыню за ўвесь час зарагаталі: Арсень больш весела, пералівіста, Рамейка — трохі прыглушана, з адценнем суму.
— I калі ўжо далей пра гэтую адзінку, — весела працягваў Арсень, — дык яна не павінна сядзець склаўшы рукі, а ўвівацца ля яе, ціснуць на ўсе педалі, каб яна ацаніла яе як след, каб яна паказалася нават лепшаю, чым на самай справе.
— Відаць, у тваіх словах ёсць рацыя, — пагадзіўся з сябрам Рамейка, — але я трохі не такі, каб навязваць сябе некаму, выстаўляць нават у нерэальным асвятленні...
— А дарэмна! Успомні некалешніх сватоў. Як сват маляваў свайго наваспечанага маладога? Гэта быў герой з герояў: і прыгожы, і разумны, і багаты, і гаспадарлівы, і спагадлівы, і абыходлівы. А ўжо як любіць-кахаць будзе, дык толькі падзівіцца можна: на руках насіць будзе, у пасцель крупнік прыносіць, ад ветру затуляць будзе, камароў-мухаў да яе і блізка не падпусціць, а сабак — тым болей. А дзетак колькі наробіць-наплодзіць — дык не пералічыць. I ўсе будуць разумныя, здаровыя і шчаслівыя — на радасць бацькам сваім.
— Вось хіба цябе сватам узяць, дык выйгрыш быў бы, ты ўжо не выпусціў бы з палону шызую галубку, так бы і трапіла ў тваё сіло з хітрых і разумных слоў, азірнуцца не паспела б. Нездарма ты дысертацыю па фальклоры абараніў, усю народную мудрасць спасцігнуў... А я не тое што далёкі ад гэтага, але неяк больш у сучаснасць акунаюся, а яна нейкая такая празаічная, жорсткая, без сантыментаў.
— Ну, у сучаснасці ўсяго знойдзеш, мо ты і праўду кажаш, як у твае зямлячкі, у жонкі ўрэшце. У цябе такі трохкутнік, што не пазайздросціш. Але ж якая ні была б складаная сітуацыя, яна ўрэшце спрашчаецца, вострыя вуглы прытупляюцца, наступае штыль. Ці не так?
— Безумоўна, войны і канфлікты — гэта як дробныя эпізоды ў гісторыі, але яны надта дорага абыходзяцца чалавецтву. А сямейныя канфлікты — гэта як адгалоскі, з меншымі стратамі, аднак жа каго яны ўцягваюць у сваю арбіту, тым не пазайздросціш, як ты сказаў.
— Ты маеш на ўвазе сябе? — як бы не зразумеў Арсень.
— Сябе і да сябе падобных. Але ў нашым, у маім выпадку, я лічу, што вінаваты перш за ўсё мы самі, груба кажучы, самі сабе капаем яму, у якую і падаем. Як вось я, як мая жонка Марына. Як гаворыцца, не бераглі тое, што мелі. I вось вынік... плачэўны...
— Ведаеш, як казалі разумныя рымляне: Nemo sine vitiis est — ніхто не родзіцца без заганаў. Гэта я к таму, што не будзь ты мазахістам, а па-нашаму — самаедам. Усе мы не без граху.
— Ты мяне супакоіў, браце Арсень. I дзякуй табе за гэта... А для размінкі хачу загадаць табе загадку, нам некалі малым дзед загадваў: што бяжыць без повада, што гарыць без полымя, што расце без кораня?
— Чуў, чуў такую загадку, і ў нас на Смаргоншчыне яна бытуе, ды і не толькі, а па ўсёй Беларусі: вада бяжыць без повада, сонца гарыць без полымя, а камень расце без кораня. Як табе наконт каменя?
— Ведаеш, простыя людзі вераць, што камяні растуць. У нас на Ляхаўшчыне гэтулькі камянёў! Іх збіраюць кожны год па некалькі разоў, а яны на другі год зноў вылазяць з зямлі, нібы нараслі за зіму, — патлумачыў Рамейка.
— Так і ўсюды, дзе камяністая глеба. Каменя не любяць, але паважаюць. Без яго не абыдзешся, будаўнічы матэрыял, дармовы...
Яны гаварылі да позняй ночы. Арсень шмат расказваў пра сябе, пра сваю працу па збіранні фальклору, гэтых скарбаў народнай творчасці, якіх у нас шмат, як тых камянёў, што можна будзе, сабраўшы, выдаць не менш як пяцьдзесят тоўстых тамоў, чаго, між іншым, не маюць іншыя народы, нават нашы суседзі.
Назаўтра ранічкай пасля мыцця-брыцця і лёгкага сняданку разышліся кожны на сваю працу. Праз дзень ці два Арсень ад’язджаў да сваіх, хутка яму павінны даць кватэру, і тады забярэ сям’ю. А Рамейка пайшоў у свой Дом друку, у выдавецтва. Здаецца, усё як было... Аднак нешта ўжо не так, нейкі шашаль точыць Рамейку з сярэдзіны, настрой пагаршаецца, нібы падае атмасферны ціск, а кожны тэлефонны званок адзываецца ў сэрцы ледзь не сапраўдным болем: мо ад Марыны, мо там што з дзецьмі ці ад Ларысы — мо што змянілася ў яе планах... Але ўсё ідзе нармальна, звоняць аўтары, пытаюць, як работа, ці хутка ў набор, ці хутка карэктура — звычайнае выдавецкае жыццё, яго ні паскорыш, ні замарудзіш, у яго свой рытм.
Рамейка трохі супакойваецца, бо зачытваецца, улазіць з галавою ў свой рукапіс і забывае пра ўсё на свеце: ён ужо там, недзе далёка, ідзе побач з героем, з нечым згаджаецца, нешта не падабаецца, ён пратэстуе, бо адчувае фальш ці недарэчнасць сітуацыі. Вось пра гэта трэба будзе пагаварыць з аўтарам — робіць сабе заўвагу алоўкам на полі рукапісу.
Да абеду ўсё прайшло спакойна, а па абедзе яго паклікалі ў бухгалтэрыю, дзе галоўбух сказаў, што ёсць выканаўчы ліст на яго імя: будуць вылічваць аліменты на дзяцей. I паколькі старэйшая дачка студэнтка, то і на яе таксама — да канца вучобы.
Рамейка пра гэта чуў здалёк, а вось цяпер давялось пачуць зблізку. Тут нічога не папішаш, хай вылічваюць, колькі трэба. «Ну і з ганарараў за пераклады — таксама», — дадаў галоўбух. На яго цяпер пазіралі нейкімі цікаўнымі вачыма, як на нягодніка і здрадніка, чалавека з падмочанаю рэпутацыяй. А мо яму так толькі здавалася? Хоць, як правіла, людзі асуджаюць усіх, хто пакідае сваю сям’ю, стварае другую. I вось Рамейка трапіў у гэтую катэгорыю аліментшчыкаў, з яго будуць вылічваць там нейкую чвэрць ці колькі з зарплаты на карысць дзецям: усё па законе.
Вось і першы камень на яго дарозе, а колькі іх яшчэ будзе — невядома, але што без іх не абыдзецца, Рамейка ўпэўнены. Марына ў крыўду сябе не дасць, яна ўсе яго радасці, калі яны будуць, ператворыць у жахлівыя непрыемнасці, і ён забудзе, што такое спакойнае жыццё. А мо не такі страшны чорт, як яго малююць? А потым усё ўляжацца, пойдзе раўней, прападзе навізна і нязвыкласць новага стану жыцця? Ці ён першы, ці ён апошні? Колькі сёння такіх сем’яў, дзе няма ладу, дзе муж уцякае ад жонкі ці жонка ад мужа? Дзеляць дзяцей, дзеляць кватэры, судзяцца... Жахоцце! Не, відаць, Рамейка да такога не прывыкне ніколі!
Ледзь даседзеў да канца рабочага дня, ужо не чыталася, думкі разляталіся, як спалоханыя птушкі, пераскоквалі з аднаго на другое... А што, калі схадзіць дадому? Нібы забыўся чаго-небудзь узяць, пашпарт ці яшчэ што? Не, проста няма сілы, каб зноў бачыць іх, жонку і дачку, якія яшчэ ўчора былі блізкія, а сёння аддаліліся на сто вёрст: жонка мо падасць на развод, дочкам ён будзе плаціць аліменты... Гэта такая перагародка, цераз якую не проста пералезці... Ларысе таксама не пазваніў, хоць спакуса была вялікая — спытаць, як там з паездкаю: калі, надоўга ці назаўсёды? Не, лепей не чапаць балючага месца, лепей пачакаць — хоць бы з тыдзень. Ці хопіць у яго цярпення? Дзіўна, што, калі ён быў яшчэ сем’янінам, хацелася там быць, яго туды цягнула, як магнітам, а цяпер, калі вольны, чамусьці тое жаданне ўляглося. Няўжо тое, што яна дала яму два тыдні тэрміну, так супакоіла? Хутчэй тое, што не трэба наступаць чалавеку на мазоль, няхай ён там робіць, што яму трэба, не замінаць, не паказваць, што табе цікава ведаць усе дробязі: у які бок усё ідзе і ці ў той, што трэба?
Адным словам, усякае такое глупства лезла ў галаву, не давала спакою, хацелася нешта рабіць, некуды ісці, а што рабіць — невядома, а куды ісці, у які бок — таксама няясна. Каб гэта дзе ў вёсцы, дык узяўся б секчы дровы, насіць ваду ці яшчэ што — і усё стала б на месца. А тут мо хіба паехаць за горад, у лес? Лес вельмі добра адцягвае ўсякія сардэчныя болі, уціхамірвае сваім аднастайным шумам верхавін, лечыць як найлепшы доктар.
Не, трэба пачакаць. Як добра, што ён застаў Арсеня Лісоўскага ў сваім інтэрнаце, тут Рамейку проста пашэнціла. Дзе б ён сёння быў, каб не ў Арсеня? Бадзяўся б па горадзе, думаў бы дзе пераначаваць? Пайшоў бы да якой добра знаёмай? Як ні дзіўна, у яго такіх не было... З другога боку, а чаго ён уцёк, спалохаўся тае запіскі? Сказаў бы Марыне: калі ты не можаш мяне бачыць, дык не глядзі, а не — дык ідзі ты адгэтуль, а мне тут добра, і нікуды я не пайду. Але... Ці трэба выпрабоўваць чалавечае цярпенне? Яна і так, як напятая струна, — адзін неасцярожны рух — і пэнкне, парвецца са звонам. Сёння ён ужо менш яе шкадаваў як жонку, а больш як матку іх дзяцей, за якіх яны абое адказваюць перад людзьмі і перад Богам. Але калі і з ёю нешта здарыцца, яны таксама будуць пакутаваць, перажываць, а гэта ўжо будзе вялікім папрокам яму, бацьку, які давёў іх матку да такога становішча. Ён не быў упэўнены, што дочкі будуць вельмі перажываць іхні разрыў, успрымуць гэта як нейкі дробны эпізод у іх жыцці, а тыя словы, якія сказала старэйшая, што, «як пойдзеш, дык толькі не вяртайся», былі сказаны пад настрой, з лёту, як адказ на няўдалы яго жарцік.
Яму здавалася, што дочкі адносяцца да яго больш спагадліва, чым іх маці, але гэта таму, што не ведаюць усёй складанасці адносін паміж бацькамі, іх вочы ці сэрцы яшчэ не бачылі таго, што яны ўбачылі б, каб былі дарослыя, хоць старэйшай ужо хутка дваццаць. Старэйшая мела больш мужчынскі характар, яе ў школе называлі Салдатам, была далёкая ад дзявочых сантыментаў, закрытая ў сабе, у той час як малодшая больш хінулася да бацькоў, моцна перажывала ўсякія сямейныя спрэчкі і сваркі, старалася прымірыць матку і бацьку, не прымаючы ні аднаго, ні другога боку, а як бы застаючыся пасярэдзіне, як той амартызатар. I часам яе дзіцячыя слёзы дапамагалі затушыць той вогнік, які разгараўся паміж бацькамі і пагражаў перакінуцца ў вялікі пажар.
Толькі цяпер да яго даходзіла, што самымі большымі ахвярамі у канфлікце паміж бацькамі становяцца дзеці, і што тыя траўмы, якія ім наносяць бацькі сваімі разводамі, застаюцца на ўсё жыццё і мо нават робяць іх нешчаслівымі назаўсёды. А бацькі ў большасці выпадкаў, аслепленыя злосцю і сваімі крыўдамі, мала дбаюць пра сваіх дзяцей, хочуць і іх падключыць да сваіх разборак, зрабіць сваімі саюзнікамі, часцей за ўсё — матчынымі.
21
Час, які быў спыніўся для Рамейкі на некалькі дзён, скрануўся з месца і пайшоў шпарчэй. Тыдзень скаціўся, як яго і не было, пачынаўся новы. Рамейку карцела пазваніць Ларысе дадому, але ён апошнім намаганнем волі стрымліваў сябе. Хоць потым разважаў: а навошта такая ахвяра? Хіба не можа ён падаць сігнал, што засумаваў па ёй, замаркоціўся і хоча бачыць яе? Але гэта было б нармальным пры іншай хадзе падзей, а тут сітуацыя нагадвала аварыйную: і ў яго, і ў яе ўсё ішло не так, як у добрых людзей, а неяк наўскасяк.
Сёння раніцай Рамейка развітаўся з Арсенем Лісоўскім — той паехаў да сваіх на які тыдзень, а ён застаецца адзін. Неяк нават нязвычна і сумна, у чужым месцы — і ты адзін. З Арсенем яму паводзілася добра, ён чалавек далікатны, з ім можна гаварыць на балючыя тэмы, ён не дражніць, а супакойвае. Сённяшнюю Рамейкаву сітуацыю ён раскладае па палічках у такім парадку: магчыма, жонка пагарачылася ў сваім учынку, яна можа адумацца і папрасіць у яго прабачэння, а што рабіць яму, Рамейку, — тут ужо няхай ён вырашае сам. Калі ў яго не зайшло ўсё глыбока з Ларысай, дык можна вярнуцца ў сваю сям’ю, а калі ў яго самыя лепшыя пачуцці да Ларысы, — можна падумаць. Але гэта ў тым выпадку, калі яна застаецца ў Мінску, а не едзе ў Польшчу, як збіралася. Добра, калі ў чалавека ёсць выбар, але горш, калі ён не ведае, што выбраць: і гэта добра, а тое яшчэ лепш. Няйначай, такая праблема цяпер паўстала перад Ларысай: там у яе нехта ёсць, яны дамовіліся — і яна павінна ехаць. Вось цяпер яна і ўзважвае, выбірае: ці гэта, ці тое? Што пераважыць? Застаецца цярпліва чакаць.
Менавіта застаецца цярпліва чакаць — і спадзявацца. I як вырашыцца — ён не ведае. Мо яна ведае больш, мо яна адчувае глыбей, як жанчына? У жанчыны больш чулае сэрца, чым у мужчыны, яна ловіць такія нюансы, пра якія мужчына нават не здагадваецца, думае, што такога нават няма ў чалавечай прыродзе.
...Рамейка толькі распрануўся, сеў за свой рабочы стол, як зазваніў тэлефон — ён ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці, зняў трубку.
— Алё, добрай раніцы, ці ёсць Рамейка? — спытаўся ўсхваляваны жаночы голас, і Рамейка адразу пазнаў: гэта Ларыса. Проста цуд!
— Добрай раніцы, Ларыса, Рамейка слухае, гаварыце, — ён называў яе на «вы», а чаму — і сам не ведаў. Проста даўно не бачыліся.
Была вялікая паўза, там нешта бразнула, скрыпнула, і Ларысін голас, такі ж усхваляваны, сказаў:
— Я прыйшла з начное змены, хацела нават зайсці да вас, у Дом друку, але пасаромелася. I вось званю. Можа, вы зайшлі б у абед? Мне трэба вам нешта сказаць...
— А што? — паспяшаўся Рамейка з пытаннем.
— Ну, трэба параіцца, — вільнула ўбок Ларыса. — Дык зойдзеце?
— Зайду, а як жа? Чакайце, у трынаццаць з хвілінамі. Добра?
— Дамовіліся, чакаю. — І яна паклала трубку.
«Ну вось, чакай, што яна скажа, чаго хоча параіцца. Нешта не так выходзіць. Трэба было пагаварыць яшчэ, больш распытаць. Але ты няўклюда, Рамейка, не ўмееш гаварыць з жанчынамі. Не ўмееш!» — закончыў свой унутраны гнеўны маналог Рамейка, захадзіў па пакоі.
Сёння ён быў адзін у рэдакцыі, чамусьці Ван Ваныч не прыйшоў, мо захварэў, што з ім рэдка здаралася. Мо перапіў у нядзелю, гэта часцей здараецца. Адлежыцца — і заўтра будзе як агурочак, толькі газіроўку падавай. Панядзелак у яго — цяжкі дзень. Ды і аўторак таксама. Але што табе да яго? Ты сябе глядзі. І ў цябе, Рамейка, цяжкі панядзелак вымалёўваецца, і што ён табе прынясе, яшчэ вунь як невядома. Пачакай, памучся, пакайся ў сваіх грахах перад Усявышнім, мо і злітуецца над табою, мо пашле якую палёгку. Хто мог падумаць, што ты кінеш сям’ю, завядзеш нейкіх палюбоўніц — адну, другую... Ці наадварот: спачатку завядзеш палюбоўніц, потым кінеш сям’ю. Праўда, у цябе ўсё ідзе неяк стыхійна, паміма твае волі, ты як зачараваны ці загіпнатызаваны, робіш нешта такое, што не залежыць ад твае волі, ты не супраціўляешся: плывеш па цячэнні, як тое бервяно ў рацэ. Вось і цяпер: адна цябе выгнала з хаты — і ты пайшоў; другая, сёння, цябе кліча да сябе, і ты пабяжыш — і будзеш вунь які рады, што яна абяцае табе нешта сказаць... Ты чакаеш, што яна падасць табе руку і аддасць сэрца, а як будзе зусім-зусім не тое? Што тады? Як той казаў: загнаў аднаго каня, перасеў на другога — і памчаўся далей? А як фігу з макам? Як гарбуз у рукі — і ідзі туды, адкуль прыйшоў?
Такія недарэчныя думкі тоўпіліся ў галаве, пакуль ён чакаў, як манны нябеснай, таго абеду.
Зноў званок разануў яму па нервах: няўжо Ларыса? Не, нейкая жанчына папрасіла паклікаць Ван Ваныча. «Яго няма», — коратка адказаў Рамейка. «А дзе ён і калі будзе?» — дапытвалася жанчына. «Ён мне не дакладваў», — адказаў казённаю фразаю. «Грубіян», — сказала яна таксама коратка і паклала трубку. Як трапна пацэліла!
Ван Ваныча пыталіся яшчэ некалькі разоў, яго больш ніхто не турбаваў. Смешна неяк бывае, нават не смешна, а як на злосць: калі сядзіш, як прывязаны, за рабочым сталом, ты нікому не патрэбны, а варта выйсці ў туалет ці яшчэ куды на якую хвіліну, як ужо некаму спатрэбіўся. А як няма, крый Божа, гадзіну, дык ужо цэлая драма: цябе гатовы шукаць праз крымінальны вышук. I як на злосць, ты начальству патрэбен, нейкая там важная справа заварылася, звязаная з табою, і начальства аж кіпіць са злосці: што за работнічкі ў штаце, якіх не знайсці тады, як патрэбны, а патрэбны яны заўсёды. За што ім зарплату налічвюць? Запісаць прагул, каб другі раз ведалі, як парушаць дысцыпліну!
За дзесяць хвілін да абеду ён ужо сабраўся ісці, як зноў зазваніў тэлефон, зноў жанчына пыталася Ван Ваныча. «Не паказваўся. Мо хіба па абедзе», — супакоіў яе Рамейка. Яна папрасіла прабачэння за турботы і паклала трубку: стала ветліваю. Ён ведаў, што гэта не жонка Ван Ваныча, а вось жа нечага ёй трэба. Але што тут дзіўнага? Сэ ля ві, — як кажуць французы.
Рамейка замкнуў пакой, глянуў: па калідоры ўжо сям-там краталіся фігуры — людзі ішлі палуднаваць.
На прыпынку ў кіёску ён купіў шакаладку і стаў чакаць транспарту. Тут ішлі ажно тры тралейбусы і пара аўтобусаў, ён ужо ведаў, але цяпер не было ні аднаго. Вось ужо роўна трынаццаць... Урэшце нешта ідзе-едзе, за ім яшчэ. Тралейбусы і аўтобусы ходзяць неяк статкамі, адзін за другім, як сланы на вадапой. Адзін за другім ідуць амаль што пустыя, толькі пярэдні перапоўнены, аж трашчыць па швах. А потым іх хвілін дваццаць, а то і болей, не будзе, людзі пачнуць нервавацца і лаяцца. Добра яшчэ, як людскае надвор’е, а як дождж, як халадэча? Але што? Трэба прывыкаць да гарадскіх парадкаў, нідзе не дзенешся.
На чацвёртым прыпынку ён выйшаў з тралейбуса, пакіраваў да «кітайскай сцяны», завярнуў у чацвёрты пад’езд. Чамусьці хваляваўся, а чаго — і сам не ведаў. Чаго чакаў? Колькі ні гадай — не адгадаеш... Хутчэй за ўсё, што дарма хвалюешся, хлопча, нічога табе не свеціць. Для яе Польшча — гэта перспектыва выйсці замуж за якога-небудзь туза, боса, прадпрымальніка. Гэта не тое, што тут яна медсястра, маці-адзіночка, гадавала двух сыноў адна, аднаго ўжо ажаніла, другі становіцца на свае ногі, працуе, вучыцца завочна. Тут яна за работаю свету божага не бачыць, на яе месцы ён, Рамейка, паехаў бы і не азірнуўся б, нават не памахаў бы ручкаю: жывіце, як знаеце, а я вам не памочнік, не слуга, не рабсіла, у якой не пытаюць думкі, а толькі кажуць, што рабіць: капаць ці засыпаць. I плацяць так, каб ты толькі ног не выцягнуў, каб мог вярнуць затрачаныя сілы і прыйсці заўтра на працу. I так з дня ў дзень, з году ў год — вось такі кругазварот. Так і яна разважае, не дурнейшая за цябе, жыццём бітая, разбіраецца, дзе лева, дзе права, тым болей — яна там была не раз і не два, ужо цяпер, не толькі да вайны, яшчэ дзіцем...
Сёмы паверх. Націснуў на кнопку званка, прыслухаўся. Пачуліся крокі, брахнуў пару разоў сабака, пстрыкнулі нейкія зашчапкі, дзверы з рыпам адчыніліся — у праёме стаяла Ларыса ў светлай лёгкай кофце і доўгай клятчастай спадніцы, стройная, прычасаная і свежая.
— Заходзьце, — сказала ветліва.
— Дзякуй за запрашэнне, — адказаў Рамейка і ўжо ў кватэры дадаў: — Добры дзень у хату. — I зняў свой пляскаты шэры берэт.
— Распранайцеся... Добры дзень... Я нават не павіталася, прабачце...
— Прабачаю, але мне здаецца, што я зайшоў адзін, а ты гаворыш у множным ліку, нібы нас вунь колькі...
— Гэта ад таго, што мы доўга не бачыліся, — патлумачыла яна.
Чорная сучка-даберманка абнюхала яго калені, сцёгны, пакруцілася
і пайшла на сваё месца ў кутку вітальні, дзе ў яе быў лежачок. Рамейка скінуў плашч, павесіў на вешалку, і яны абое пайшлі ў пакой направа, туды, дзе ён ужо быў некалькі разоў. Тут, яму здалося, нічога не змянілася за гэты час, з’явіўся толькі невялікі столік, як для газетаў-часопісаў, але на ім стаяла вялікая талерка з бутэрбродамі і дзве шклянкі кавы на сподках, а пах яе Рамейка ўлавіў яшчэ зайшоўшы.
Рамейка дастаў з партфеля шакаладку і паклаў на талерку побач з бутэрбродамі.
— Гэта для цябе, пані Ларыса, — сказаў з паклонам.
— Я не ведала, што пан такі выкшталцоны, — усміхнулася яна.
— А выкшталцоны — ці адпавядае нашаму адукаваны? — спытаўся Рамейка. — Ці яно шырэй? Нешта як выхаваны, інтэлігентны?
— Ой, не ведаю такіх тонкасцяў, — адмахнулася Ларыса. — Вы... Ты лепш бяры бутэрброд... у рот, мо не палуднаваў?
— Прызнаюся, што не паспеў, спяшаўся да пані на спаткане, — як знарок, Рамейка ўжываў паланізмы, каб падкрэсліць, нагадаць ёй сувязь з Польшчай, якая... Не хацелася больш гаварыць...
Сеў пры століку, узяў шклянку з каваю, што стаяла бліжэй да яго, глянуў на бутэрброды — які выбраць, хоць яны былі, здаецца, усе аднолькавыя. А вось гэты...
Яны пілі каву, кусалі бутэрброды, гаварылі абы пра што, адкладваючы ці баючыся пачаць пра галоўнае, з-за чаго яны тут разам. Але колькі можна цягнуць? I хто пачне першы? Ясна, што яна, інакш навошта было агарод гарадзіць?
Урэшце размова затухла, нібы той касцёр, у які перасталі падкідваць ламачча, ён паглядваў на Ларысу, і яна здавалася яму нейкаю скаванаю, як схаванаю сама ў сабе, як у нейкім футарале — і не хацела з яго вылазіць.
— Дык што з паездкаю? — спытаўся ўрэшце Рамейка. — Я думаў, што ты ўжо там. I здзівіўся, пачуўшы твой голас...
— Ты думаў, што я званю адтуль? — ажывілася ўрэшце Ларыса.
— Не, міжгародны сігнал я адрозню ад мясцовага, гэта проста. Я зразумеў, што званок з горада... Дык што? Ты не цягні... — сказаў Рамейка, не скончыўшы фразы словамі «ката за хвост».
— Нейкая я як звязаная... Як муха ў павуціне, аблытаная... Не ведаю, што сказаць... А калі коратка, дык так: я паехала б, калі ты мяне адпускаеш...
— Выходзіць, усё залежыць ад мяне? — здзівіўся Рамейка і ўскочыў на ногі, але тут жа сеў на месца, паставіўшы шклянку на сподачак. — Ты сур’ёзна? Ці гэта нейкая гульня ў хованкі?
— Ніякая не гульня... Усё залежыць ад цябе, — паўтарыла яго словы зусім сур’ёзна і зірнула яму ў вочы.
Усяго чакаў Рамейка, толькі не такога шалёнага віражу. Выходзіць, што яна сама ўсё вырашыла, застаецца ён?
— Калі ад мяне, дык я скажу: нікуды цябе не пушчу! Ясна? Не пушчу — ні на дзень, ні на тыдзень. Ты згодна ці не? Кажы!
— Згодна, — сказала, падумаўшы. — Я гэтага чакала...
— I я чакаў, — загарэўся Рамейка, — але баяўся, што ты ўцячэш і нават не памахаеш мне ручкаю... Я проста шчаслівы, што так памыліўся. Я проста шчаслівы, што цябе бачу! — Ён узяў яе руку і прыклаў да вуснаў, пацалаваў.
Здаецца, пасля такіх, калі не гучных, то шчырых слоў і жэста з цалаваннем рукі Ларыса не ведала, што рабіць і што гаварыць: Рамейка яе проста ашаламіў. Ён цяпер чакаў, што яна скажа, што адкажа, як прыме яго прапанову. А яна зноў стала сур’ёзная, задумалася ці проста шукала патрэбных слоў, каб выказаць тое галоўнае, важнае, мо нават галоўнае з таго, што ён чакаў пачуць.
— Ведаеш, што мяне грызе, не дае спакою? — спыталася Ларыса ў Рамейкі і тут жа адказала сама: — Што ты крыўдзіш сваіх... сваю сям’ю: жонку, дзяцей... Я ведаю, што і табе баліць... Бо не так проста кінуць тое, што збіралася гадамі, мацавалася, а тут раптам... — запнулася, апусціла галаву.
— Я згодзен, мне баліць і будзе балець яшчэ доўга... Але не забывай, што не я першы сказаў: «Я вас пакідаю»... Сказала першая яна, мая жонка, мо ўжо нават былая...
— Няўжо ты кажаш праўду? — здзівілася Ларыса і чакала тлумачэння.
— Кажу, як было: яна напісала мне запіску, каб я сышоў з сям’і, інакш яна не ручаецца за сябе...
— I ты пайшоў? — не зводзіла вачэй з яго твару.
— Але, я пайшоў у свет... Бо што мне заставалася рабіць? Ужыць сілу? З жанчынаю я не ваюю...
— Дык ты цяпер бяздомны? — ужо неяк зусім інакш паглядзела на яго Ларыса: з шкадаваннем, з жалем, як на нейкага няшчаснага бежанца, які страціў усё і застаўся ў тым, у чым стаіць. Калі спачатку яна пашкадавала яго сям’ю, дык цяпер цэнтрам увагі быў ён, бо не яны былі ахвяры, а ён, Рамейка.
— Выходзіць, што так яно і ёсць: я бяздомны, бомж, як цяпер кажуць.
У галаве ў Ларысы ўжо, відаць, нешта складвалася, яна ўжо рабіла там нейкія аперацыі-камбінацыі, — так здалося Рамейку, і ён чакаў, што яна нешта прыдумае, выдасць цікавы варыянт.
— Прабач, і колькі ты ўжо... такі? — спыталася Ларыса.
— Усяго другі тыдзень, — абыякава, як яму здалося, адказаў ён.
— Божа мой, чалавек ужо другі тыдзень на вуліцы! I маўчыць, нічога не кажа, голасу не падае! Што гэта такое, я ў цябе пытаюся? — ужо зазлавала Ларыса і глянула на яго суровымі вачыма.
— А што? — скрывіўся Рамейка. — Плакаць, крычаць «ратуйце»? Што гэта дасць? Ды я і не на вуліцы. У свайго сябра, у аспіранцкім інтэрнаце. Яшчэ які тыдзень магу там пажыць.
Ларыса трохі паспакайнела, але сэрца яе было не на месцы — так палічыў Рамейка, гледзячы на яе заклапочаны твар.
— Прабач, табе ўжо трэба на працу, — перайшла на другое Ларыса. — Але давай дамовімся: ты заўтра пазвані мне ў канцы рабочага дня, недзе ў пяць. I мы дамовімся канчаткова...
— Што значыць — канчаткова? — не зусім зразумеў Рамейка.
— А тое і значыць... Ідзі, — падагнала яго Ларыса. — Не трэба гнявіць начальства, яно нас хлебам корміць, — сказала як са шпількаю: мусіць, не так яна думае, як гаворыць.
Узяла два бутэрброды, якія яшчэ заставаліся на талерцы, загарнула іх у некалькі папяровых сурвэтак і падала яму:
— Табе на вячэру, не адмаўляйся. Не галадай, купі сабе што каларыйнае. Добра?
Абняла яго за шыю і пацалавала ў шчаку. Ад такое нечаканае жаночае пяшчоты ён ледзь не заплакаў, але выгляду не падаў, сунуў бутэрброды ў свой пакоўны партфель.
— Дзякую. Зраблю так, як ты кажаш. I заўтра пазваню. Чакай.
Яны развіталіся ў прыхожай. Рамейка на працу трохі прыпазніўся, да таго ж у пакоі ён быў адзін, Ван Ваныч так і не заявіўся. На ўсе яго званкі даводзілася адказваць Рамейку, тлумачыць, чаму няма Ван Ваныча, а ён і сам не ведаў, што сталася з чалавекам. Мо хіба адпрасіўся ў начальства, а яму не сказаў. Бывае і такое.
Адным словам, усё ішло сваім парадкам. Рамейка заглыбляўся ў рукапіс, свет нібы прападаў для яго, ён быў недзе там, сярод герояў аповесці, і таму час ішоў непрыкметна. У перапынках, якія даваў сабе Рамейка для адпачынку, ён вяртаўся да сённяшняй гутаркі з Ларысаю, усміхаўся сам сабе: выйшла неяк так, што ён выставіў сябе нібы пакутнікам, ахвяраю, а не кепскім мужам і бацькам, якім яго можна палічыць. Не ён пакінуў сям’ю, а яго вымусіла пакінуць жонка. Вось толькі невядома, чаго яна такая злая — былі ж, відаць, нейкія «заслугі» ў яе мужа, каб так рэзка секануць: выбірайся! I гэта ж, відаць, не нейкі там часовы ўсплеск эмоцый, а ўсё тое, што збіралася, капілася, каб у нейкі крытычны момант вырвацца з набалелых грудзей: хопіць! «Чаша с краями полна!» Не можа быць, каб такія думкі не ўзнікалі ў Ларысінай галаве, аднак жа яна не вінаваціць яго на ўсе сто працэнтаў, яна робіць яму вялікую скідку, шкадуе яго. Нават гэтыя бутэрброды, пацалунак — ужо шмат пра што гавораць. Менавіта, што ў яе да яго не толькі цікавасць як да мужчыны, а як да чалавека, якога можна пакахаць... Ці нават ужо каханага? — пытаўся ў сябе Рамейка. Калі ён паспеў пакахаць яе за гэты кароткі час іх збліжэння, дык чаму яна, жанчына эмацыянальная, уражлівая, не можа прайсці такое дарогі — і мо яшчэ хутчэй за яго? Калі яна фактычна адмовілася ехаць у свет, значыць, у яе былі для такога кроку важкія довады, а першым з іх, напэўна, сталі яе пачуцці да яго. Вось што галоўнае, што рашыла, што пераважыла на шалях вагі ў жаночым сэрцы. Па ўсім відаць, што яны — закаханая пара, а такое ў іх узросце не так лёгка можна сустрэць...
Рамейка, прыйшоўшы да такое высновы, гатовы быў скакаць ад радасці, а потым зноў стаў сумнявацца, нізка цаніць свае шанцы на поспех. Як маятнік — то ў адзін бок, то ў другі, увесь час прамінаючы сярэдзіну. А якраз на сярэдзіне і трэба было б спыніцца.
Яшчэ што? Не было таго дня, каб ён не думаў пра сваю сям’ю: як яны там без яго? Лепей ім ці горай? Хай нацешацца свабодаю, калі ён іх прыгнятаў, замінаў, не даваў волі... Смех дый годзе! Ніколі ён іх не прыгнятаў, рабіў усё тое, што павінен рабіць гаспадар у хаце. Але ж вось любіў бегаць за чужымі спадніцамі, адной было мала... Выпадкова збочыў на крывую дарожку, і каб не яе, Марыніна, катэгарычнасць, зацятасць, усё можна было вырашыць мірна, не ламаць коп’яў. I сям’я засталася б, хоць, мажліва, калі-небудзь нешта падобнае магло б паўтарыцца...
Было шкада дзяцей, па іх балела сэрца: яны спадзяваліся на яго дапамогу, на абарону ад усякіх удараў лёсу, ад усяго, чым поўніцца цяпер наша неспакойнае жыццё. Цяпер у іх такое апоры няма, адны застаюцца ў гэтым бетонным горадзе, у бетонных джунглях, дзе на кожным кроку можа чакаць бяда, няшчасце ці яшчэ што з гэтай катэгорыі. I за іх сёння няма каму заступіцца, затуліць ад халоднага ветру, выручыць з бяды.
Пра такое Марына, відаць, не надта думала, калі рашала не толькі свой далейшы лёс, але і іхні. А мо памыляецца? Мо не адна яна рашала, мо яе дзеці якраз і падтрымалі? Але што дзеці? Хіба яны ведалі ўсе за і супраць у іх адносінах? Яны ведалі тое, што сказала маці, цяпер яны глядзяць на свайго бацьку яе вачыма, у якіх відны недавер, злосць, нават пагарда: як ты мог апусціцца да такой подласці, бацька, якога мы любілі, лічылі сумленным і шчырым чалавекам, а ты аказаўся такою нікчэмнасцю, што нам сорамна насіць тваё прозвішча. Не прыходзь да нас, не паказвайся нам на вочы, мы больш не любім цябе, таму што ты разлюбіў нашу маму, здрадзіў ёй і нам, растаптаў усе нашы святыя пачуцці да цябе. Мы цябе ненавідзім!..
Вельмі верагодна, што дзеці цяпер так думалі пра свайго бацьку, а мо нават і горш. Усё залежала ад таго, якую порцыю яду пусціла маці ў іхнюю кроў, як моцна яна затлуміла ім мазгі. Усе абвінавачванні гучаць з аднаго боку вельмі праўдападобна і пераканаўча, пакуль не пачуеш другі бок. I тады шмат што ў канструкцыі пачынае развальвацца, малюнак траціць сваю стройнасць і доказнасць.
Калі б яны пачулі бацькавы апраўданні і аргументы, іх погляд на ўвесь сямейны канфлікт мог бы змяніцца, і чорная фарба на яго партрэце магла быць заменена нейкаю іншаю, святлейшаю, і змяніла б усю танальнасць малюнка. Але ад яго цяпер нічога не залежала, яго боку ніхто не хацеў слухаць, на яго асобу падаў чорны цень недаверу.
Рамейка выходзіў з гэтага злавеснага ценю толькі тады, калі пачынаў думаць пра Ларысу. Яна адна ратавала яго, падавала надзею, падавала руку дапамогі ў цяжкую часіну яго жыцця. Што яму было цяжка, ведаў толькі ён адзін, мо здагадваўся яшчэ Арсень Лісоўскі, якому ён расказаў пра свой сямейны разлад, а больш — ніхто. Мужчына не павінен даваць волю пачуццям, тым больш скардзіцца на лёс, на неўладкаванасць. Хто табе паспачувае? Могуць толькі пасмяяцца з твае шчырасці, прыняўшы яе за звычайную прастату.
...Дзень цягнуўся доўга, як знарок. Работа ніяк не лезла ў галаву, думкі круціліся вакол аднаго: што там робіць Ларыса? Куды пайшла, з кім гаворыць, з кім раіцца ці спрачаецца? Разумеў, што такое пытанне, як сысціся з новым чалавекам, прывесці яго ў сваю сям’ю да дарослых дзяцей, да нявесткі — гэта няпроста рашаецца. Нехта ды скажа: што ты, маці, яшчэ раз захацела быць маладою? Мала табе было аднаго, дык яшчэ хочаш другога, мо яшчэ горшага? Адкуль ты яго ведаеш? Кінуў родных дзяцей, а думаеш, будзе любіць няродных? Памыляешся! Той, хто кінуў раз, можа кінуць і два разы, і тры...
I з кожным такім голасам трэба паспрачацца, пераканаць яго, даказаць, што ён памыляецца, што гэта чалавек, які... Трэба знайсці важкія словы, моцныя доказы, каб табе паверылі, каб ухвалілі твой новы выбар...
За дзень было шмат званкоў, пыталіся то яго, Рамейку, то Ван Ваныча, а пад канец дня, недзе перад пяццю гадзінамі, Рамейка гатовы быў крычаць, каб Ван Ваныч не здымаў трубку, а перадаваў яму. Чамусьці чакаў, што пазвоніць першая яна, не вытрымае.
Дзіўная ўсё ж такі істота чалавек — не навучыцца да старасці адрозніваць малое ад вялікага, добрае ад кепскага, а здаецца, што ўсё так проста, усё на паверхні, а вось жа...
Якраз Ларыса і пазваніла, і трубку зняў ён, Рамейка, бо Ван Ваныч на шчасце выйшаў з пакоя.
— Мне Рамейку! — пачуў ён катэгарычнае патрабаванне Ларысінага голасу, што яго ажно здзівіла.
— Добры дзень, я вас слухаю, — усхвалявана адказаў Рамейка.
— Нейкі ў цябе голас, як чужы... Скажы шчыра, да чаго ты сябе рыхтаваў? — чамусьці спыталася яна.
— Да ўсяго, — адказаў не думаючы і паўтарыў: — Да ўсяго.
Яна памаўчала, нібы абдумваючы яго адказ, і сказала таксама нейкім як змененым голасам:
— Мы тут параіліся і вырашылі... Ты можаш пераходзіць да нас.
— Да вас? — здзівіўся ён, нібы пачуўшы нешта неверагоднае. — Я хацеў бы да цябе...
— Ну, мы тут паглядзім, — сказала больш спакойна і, відаць, з усмешкаю. — Але бяры тое, што з табою, і прыходзь. Я чакаю.
— Калі ты мяне чакаеш? — яму хацелася смяяцца з яе фразы «бяры тое, што з табою», бо тут быў і нейкі падтэкст, які мог чытацца як хочаш.
— Вось зараз, — сказала яна. — І варушыся, пакуль вароты адчынены.
— Добра. У мяне выраслі крылы — і я лячу! Чакай! — сказаў весела.
— Добра, чакаю... Не апалі толькі крылаў, — і яна паклала трубку.
Рамейка ўздыхнуў з палёгкай, адлягло ад сэрца, нібы з яго скаціўся цяжкі камень. Божа, дзякуй табе за гэты момант у жыцці! Ён яго ніколі не забудзе. Ніколі! А яшчэ добра, што ў такі момант ён адзін у пакоі. У такія часіны нікога не хочацца бачыць...
Ён сеў за свой стол, супакоіўся, паклаў рукапіс і аловак у шуфляду стала, акуляры таксама пакінуў — свае рабочыя акуляры. Цяпер можна ісці. Ван Ваныч павінен заявіцца, канчаецца рабочы дзень. Усе прагульшчыкі так робяць — галоўнае пакінуць кабінет у належны час, хай начальства бачыць... Ці той, што дакладвае начальству. Так яно і атрымалася: Рамейка выходзіў, Ван Ваныч заходзіў. Развіталіся ўзняццем рук — да заўтра!
Рамейка пакіраваў у глухі акадэмічны магазінчык, узяў бохан украінскага хлеба, кілбасы, пачак масла, клінковага сыру, а ў аддзеле напояў купіў на ўсякі выпадак партугальскага віна, цукерак. Партфель прыкметна пацяжэў. Цяпер дарога ляжала ў інтэрнат-гатэль. Шкада, што няма Арсеня, развітанне будзе папяровае. Напісаў запіску, пакінуў яе на стале, яшчэ раз прачытаў, каб не было памылак: «Браце Арсень, дзякую шчыра, што даў мне прытулак у цяжкую часіну майго жыцця. Цяпер я мяняю адрас на той, пра які табе гаварыў. Думаю, што мы застанёмся сябрамі і будзем сустракацца. Жадаю табе поспехаў і здароўя. Моцна цісну руку. Алесь Рамейка». I паставіў дату. Бывай, утульны куточак!..
22
Што старыя дрэвы не перасаджваюць, Рамейка ведаў даўно. А вось дрэва сярэдняга веку, яшчэ не надта тоўстае, садовае, часам даводзіцца перасаджваць. Ён памятае, як бацька перавозіў сад з-пад Ляхавічаў, дзе яны жылі, на Клецкую зямлю, куды пераехалі перад вайною трыццаць дзевятага на гаспадарку матчынай маткі Ганны, якая засталася адна, бо яе апошняга сына ўзялі у польскую турму «за палітыку».
Яблыні яны з бацькам выкопвалі, стараючыся пакінуць карані трохі даўжэйшыя, чым пры звычайным карчаванні, а крону, галіны бацька нажоўкаю спілоўваў не шкадуючы, пакідаў толькі разгаты калючы вожык. Іх было не так і шмат, недзе з тузін, яны перасадзілі іх у загадзя падрыхтаваныя і ўгноеныя яшкі-ямкі, і дрэвы ўсе прыняліся, а праз два-тры гады разрасліся і далі неблагі ўраджай яблыкаў. А праз дзесяць гадоў сталі вунь якімі яблынямі, ды век іх на гэтым скончыўся — калгасны бульдозер выкарчаваў сад, калі зносілі хутары...
А «старое дрэва» Рамейку, які пражыў палову адведзенай прыродаю пары, жыццё ўзяло ды «перасадзіла» зусім у новую «зямлю», у незнаёмае асяроддзе. Толькі па чыёй волі — цяжка сказаць, хутчэй па волі абставін, якія склаліся менавіта так, а не інакш. Нездарма кажуць, што абставіны бываюць мацнейшыя за чалавека.
Бо працэс увесь аказаўся нялёгкі, такі крок быў вымушаны, а лепш сказаць — вымучаны. З аднаго боку, ён ішоў да любімай жанчыны, з другога — ірваў па жывым, ірваў карані, якія ўжо дваццаць гадоў мацавалі яго да той глебы, таго асяроддзя, якое стала родным, без якога сябе не ўяўляў, без якога засох бы, як тое дрэва з падсечанымі каранямі. Ён адчуваў сябе як чалавек з адкрытаю ранаю, якая крывавіць і баліць, і на гэтую рану трэба накласці нейкі гаючы пластыр, каб спыніць адток крыві, суцішыць боль і вярнуць душэўную раўнавагу. Мо гэта і грубае, недакладнае параўнанне, але Рамейка менавіта так уяўляў, адчуваў свой сённяшні дзень і свой стан: не было поўнага шчасця, але не было і трагізму моманту, адно як бы ўраўнаважвала другое, шалі вагаў не хісталіся, не пераважвалі ні ў адзін, ні ў другі бок, а застылі на месцы.
Рамейка знайшоў жанчыну, якую падсвядома шукаў усё сваё дарослае жыццё, якую песціў у марах і сніў у снах, шчасце яго было высокім, як горы, і шырокім, як мора, але ён не мог цешыцца ім, як мог бы гэта рабіць, каб яму было трыццаць гадоў, калі чалавек адчувае сябе вольным, поўным сілы і надзеі на будучае, якое яшчэ ўсё наперадзе. Рамейка быў рэалістам і разумеў, што яго шчасце мо нават нядоўгае, мо нават няпэўнае, мо яно будзе разбівацца і парушацца тымі нягодамі і перашкодамі, якімі поўніцца наша жыццё, а яго асабістае — тым болей. Яго шчасце — ці не на няшчасці другіх: яго дзяцей, яго былой жонкі, якія сёння... Не хацелася думаць, што там з імі сёння, бо пачынала балець сэрца...
I разам з тым нельга было выкінуць іх з галавы, не думаць пра іх, перажываць за іх, бо яны ўжо сталі як бы часткаю яго свядомасці, яго самога.
Вось такая раздвоенасць не давала яму спакою... Мо нават растроенасць — ад слова «тры»: у Ларысы таксама была сям’я. I хоць яна заняла пазіцыю прыязную, спачувала матцы, усё роўна для Рамейкі яны ўсе, апроч самой Ларысы, заставаліся чужымі людзьмі, да якіх яшчэ трэба прывыкаць, у пэўнай меры прынароўлівацца, прыстасоўвацца, а не выстаўляць сябе нейкім там насарогам. Ён апынуўся ў незайздроснай ролі прымака, а прымак у жыцці, асабліва ў мінулым, быў чалавекам падуладным, прыгнечаным, залежным як ад жонкі, так і ад яе бацькоў, ад усёй сям’і. Нездарма гэтулькі песень складзена пра бедакоў-прымакоў, казак і прымавак. Прымачы хлеб сабачы, — даволі непрыязна сведчыць адна з іх.
Два Ларысіны сыны, старэйшы жанаты, нявестка і ўнучка прынялі яго якраз прыязна, хоць Рамейка ведаў, што варта яму паказаць свой характар, які будзе парушаць нармальнае цячэнне іх жыцця, як ён тут жа стане дрэнным, на яго ўжо глянуць як на чужака, непажаданага прымака, і хоць іх маці прымае яго за свайго мужа, гэта не зменшыць непрыязнасці да яго персоны. Чужому вельмі цяжка стаць сваім, ужыцца ў новую сям’ю, як таму дрэву, перасаджанаму ў новае месца.
Не яны, а ён павінен будзе прыстасоўвацца да іхніх парадкаў, да раскладу іх жыцця, не выказваючы таго, што ў яго сэрцы. Так можа цягнуцца і доўга, а можа прарвацца нечакана з аднаго ці з другога боку, як нехта некаму па неасцярожнасці наступіць на мазоль. Дай Бог, каб такога не здарылася...
З надзеяй на добры лад гаварыла і Ларыса, знаёмячы яго са сваімі блізкімі: «Я вельмі спадзяюся, што Алесь Рамейка, мой цяперашні муж, мякка ўпішацца ў нашу сям’ю і будзе прыязна сустрэты ўсімі намі. Я спадзяюся, што ён палюбіць вас, а вы адкажаце ўзаемнасцю. А я, што ад мяне залежыць, буду старацца, каб мы сталі адною дружнаю сям’ёю».
На што яе старэйшы сын Віталь сказаў: «Маму сваю я паважаю і паважаю яе выбар. Я вельмі спадзяюся, што яна не памылілася, і ў нашу сям’ю прыйшоў спагадлівы і разумны чалавек, не здольны на нейкія негуманныя ўчынкі. Я ей веру і спадзяюся на дабро».
Нічога не сказаў малодшы Ларысін сын Змітрок, прамаўчала і нявестка, якая была занята малою дачкою і рабіла выгляд, што размовы за сталом яе мала цікавяць. Мо і не ўхваляла выбару сваёй свекрыві, як яе сын, а яе муж Віталь, і яна яму скажа пра гэта ноччу на іх сямейным ложку.
Сам Рамейка таксама ўзняў чарку за моцны саюз і згоду ў іх сям’і, якая з гэтага дня папоўнілася яшчэ адным чалавекам, і чалавек гэты не застанецца для іх чужым, а яны не стануць шкадаваць, што прынялі яго да сябе як роўнага.
Вячэра цягнулася мо з гадзіну ці больш, яны ўсе кідалі па слове-другім у гутарку за сталом, як паленцы ў агонь, ім цікава было ведаць зблізку чалавека, якога сёння прымалі ў сваю сям’ю, а Рамейка, як мог, стараўся паказаць сябе тактоўным, не пазбаўленым пачуцця гумару, простым і адкрытым, з якім можна гаварыць, спрачацца, не згаджацца, і ён прымае гэта натуральна, не лічыць сваю думку адзіна правільнай, як і належыць разважліваму чалавеку.
Спаць клаліся позна, пасля дванаццаці. Ужо ў пасцелі, прытуліўшыся адно да аднаго, гаварылі пра свой новы саюз, пра тое, як ішлі насустрач, як разміналіся не раз, а вось жа ўрэшце дарогі іхнія скрыжаваліся. А той момант блізкасці, ужо не першы, які адбыўся між імі, без лішніх слоў даказваў, што і па тэмпераменце яны падыходзяць адно другому, і іх сямейнае шчасце абяцае быць трывалым.
Ларыса, ужо супакоіўшыся, гаварыла: «Ведаеш, Алесік, я адчувала сябе з табою ну зусім маладою, нібы мне дваццаць гадоў».
«Я таксама... Мне ты здалася зусім маладою», — адказаў ён.
«Я думаю, ты будзеш шчаслівы са мною», — казала Ларыса.
«Я ўжо шчаслівы чалавек, і гэткім буду цэлы век, сказаў адзін паэт».
«Будзем маліцца Богу за наша шчасце».
Дыялог перарываўся на кароткі час, узнікалі новыя думкі, нечаканыя пытанні, мо і не зусім тактоўныя. Рамейка спытаўся ў Ларысы:
«Мяне ўвесь час цікавіла, хто цябе чакае ў Польшчы?»
«Я даўно табе хацела сказаць, але неяк саромелася... Што ты будзеш смяяцца...»
«З каго, з чаго?»
«З мяне... Што я... авантурная ці, як тут сказаць... Каб ты ведаў... Я магла стаць жонкаю старога чалавека, ён калісьці быў сябрам маіх бацькоў, таксама настаўнік, ветэран вайны, заслужаны чалавек... Каб пераехаць у Польшчу, мне трэба было ўзяць шлюб з ім... фіктыўны, канечне...»
«У цябе была такая перспектыва!»
«Якая перспектыва? Што ты гаворыш?»
«А такая... Як у палякаў бывае? Стары кавалер, багаты і т.д., бярэ замуж маладую жонку, бедную, як правіла, бо што ёй застаецца? Пажывуць так гадоў дзесяць ці болей, стары муж памірае, а маладая ўдава бярэ сабе ў прымы нашмат маладзейшага за сябе хлопца, таксама з бядноты... Так што ты дарэмна адмовілася...»
«Дык мо мне адумацца? Пакінуць цябе?»
«Не ўжо, не пушчу, і не вырывайся».
Яны пасмяяліся, потым замоўклі, гледзячы ў белую столь.
«Але ж ён будзе страшэнна крыўдаваць на мяне», — падала голас Ларыса.
«Хто? Той стары настаўнік? Канечне, будзе. I мае падставы».
«А чаму на мяне? Трэба, каб на цябе».
«А ты скажы, хто яму дарогу перайшоў, мо яму і палягчэе».
«Не ўжо, вазьму грэх на сябе. Хай ён думае пра мяне, што хоча...»
«Бачыш, якія мы грэшныя... I ты, і я тым болей... Мо твае хлопцы чакалі нейкай перамены ў лепшы бок — у сэнсе матэрыяльным, а ты пакінула іх на старых пазіцыях...»
«Яны мне казалі не раз: што выйграю, а што прайграю — у сэнсе матэрыяльным. Як медсястра, я там мела б у тры разы больш, як тут. Нават у пяць... Гэта ім важна... Бо што ім да мае душы? Хоць потым згадзіліся, што мой выбар правільны, як сказаў мой старэйшы. Думаю, што з ім згодзен і маладзейшы. Хоць там перспектыва ў яго была б лепшая...»
«Яшчэ невядома. Усё залежыць, якая ў яго галава. Як добра варыць, то і тут не прападзе».
«Там у яго быў бы багаты айчым... »
«А тут бедны — ты так хочаш сказаць?»
«Хачу, ды не скажу... Ты не бедны... Як будзеш варушыцца, дык усё ў нас будзе, як у добрых людзей...»
«Варушыцца... ля цябе?»
«І ля мяне, і наўкол... Калі толькі ля мяне, мы далёка не заедзем».
«А ты хочаш... далёка? Як у Польшчу ці яшчэ далей?»
«Ты мяне надта не пад’ядай, а то я магу выдаць такое, што будзеш каяцца».
«Гэта было б цікава!»
«Ой, не надта... Лепш не трэба будзіць у сабе звера. Хай ён спіць».
«Найлепш, дык яго выгнаць адтуль — і жыць спакойна».
«Каб жа так... Гэта наш цэрбер, які ведае, што можна, а што не. I дае нам сігнал»...
«Неяк я пра гэта не думаў... Але таго цэрбера, як ты кажаш, адчуваў не раз. Мо і не варта яго будзіць»...
Яна прамаўчала, відаць, згадзілася, што Рамейка разважае правільна, ідзе ў тым кірунку, які яна паказвае. А яму хацелася зрабіць нейкі выбрык, каб яна раскрылася больш, каб нават зазлавала. Але навошта будзіць таго звера?
Абудзіць таго звера можна было лёгка, успомніўшы пра сваю — ужо былую — жонку, пра дзяцей, якія страцілі бацьку, а ён стаў бацькам-айчымам у другой сям’і. Але пра тое, што надта баліць, ён не хацеў нават успамінаць, гаварыць у гэтую ноч, якую яны праводзяць тут, як маладажоны, хай яна застаецца для іх светлая, цёплая, пра якую потым будуць разам і паасобна ўспамінаць і радавацца, што адкрылі ў сваіх душах нейкі схаваны ад іх саміх скарб, які ляжаў пад сямю замкамі і невядома яшчэ колькі праляжаў бы, каб яны не сышліся разам. Мо каб не сышліся, яны і не ведалі б нават, што ў іх душах, у іх глыбінях, схаваны той скарб, якога нельга памацаць рукамі, але які свеціць і саграе, які дае сілу і натхняе жыць, працаваць, спадзявацца на лепшае. Гэта як тая святочная вопратка, якую рэдка дастаюць з куфра ці шафы, і толькі часам, у самыя вялікія святы і гадавіны-ўгодкі яе бяруць у рукі, аглядаюць — ці добра ж хаця захавалася? — і апранаюць, адчуваючы сябе абноўленымі не толькі знешне, але і ў душы, нібы той нябачны дух сышоў з яе і засвяціўся ў душы, сагрэўшы яе незямным нетутэйшым цяплом, што збіралася гадамі і не знікала, не выветрывалася, а яшчэ больш мацавалася, ператвараючыся ледзь не ў рэальную сілу.
Ва ўсякім разе, той першы вечар у іх сям’і і тая першая ноч з Ларысай засталіся ў яго душы тым гаючым пластырам, якім ён прыкрыў сваю балючую рану, і яму стала лягчэй, і свет перамяніўся, набыўшы ўсе колеры вясёлкі. Пачатак быў шчаслівы, і ён дзякаваў Усявышняму, што так усё адбылося, так склалася... Хіба мог ён думаць яшчэ тыдзень назад, што менавіта так скончыцца яго адзінота? Што ён адчуе сябе чалавекам, мужчынам урэшце, у якога ўсё ёсць, хоць ён дагэтуль быў бяздомным бадзягам, які не ведаў, што яго чакае заўтра, не ведаў, дзе прытуліць сваю галаву.
Пасля доўгай паўзы Рамейка сказаў нейкім як жартоўным тонам:
«А ты ведаеш, Ларыска-Ірыска-Рыска, калі я стану цябе так называць, ты не пакрыўдзішся?»
«Трохі смешна, мяне так ніхто не называў».
«Так я буду называць цябе ў пасцелі, каб ніхто не чуў. Згодна?»
«Згодна... — і яна пагладзіла яго па шчацэ. — Ты калючы...»
«Буду галіцца кожны дзень. Нанач, каб цябе не калоць».
«Ух, які ты далікатны!»
«Я калючы, ты правільна сказала, бо як не будзеш калючы, дык праглынуць, а як будзеш салодкі — зліжуць».
«А я не ведала такое прамудрасці. Шкода, што ты мне позна сказаў».
«Яшчэ не позна, чаго там... Як ты на працы? На добрым рахунку?»
«Не стану хваліцца, але і не на благім. Вымоваў ніколі не мела, а падзякі сяды-тады былі. Прэміі там розныя...»
«Дык ты малайчына... А я серадняк, прадстаўнік масы. Як яна, так і я. Хоць часам хочацца выбрыкнуць. Але гэта рэдка».
«А ведаеш, я ўвесь час думала, што ты ў гэтых органах, якія тут на праспекце ў вялізным доме. I нават баялася з табою сустракацца. Часам бокам абыходзіла, як заўважала здалёк. Але гэта рэдка здаралася. I то каля Дома друку».
«Ха, у органах! Я нават беспартыйны. У маладосці хацелася дапяць высока, а цяпер гляджу на гэта спакойна, кар’ера мяне не калыша. Хоць каб быў у іх партыі, дык не сядзеў бы, як праўдзівік у гушчары, знайшлі б цяплейшае месца... А цяпер яшчэ буду... як гэта? Развадны? Сапсутая анкета, канчаткова!»
«Шкадуеш? Яшчэ не позна...»
«Позна, Ларыска-Ірыска-Рыска, давай не будзем пра гэта і ўспамінаць. За гэты тыдзень, што я жыў у Арсеня Лісоўскага, я ўсё цвяроза абдумаў і ўзважыў. Займуся перакладам. Вазьму што-небудзь з польскай класікі: з Сянкевіча ці Пруса, а мо нават з Элізы Ажэшкі, нашае зямлячкі».
«Ты вельмі добра прыдумаў. А я табе буду дапамагаць. Я польскую мову ведаю калі не на «пяць», то на «чатыры»...
«А я на «тры»... Але ёсць слоўнікі. Выдатна! Ты будзеш маёю сакратаркай, куплю друкарскую машынку, будзеш друкаваць».
«Я згодна. Толькі палову ганарару — мне, інакш ні з месца».
«Пагляджу. Мо і ўвесь аддам, як заслужыш».
Яны зноў засмяяліся, памаўчалі. Рамейка спытаўся ў Ларысы:
«А колькі часу? Ты не ведаеш?»
«Як гэта там? «Счастливые часов не наблюдают». А хто сказаў — не помню».
«Грыбаедаў, з яго «Гора...» Але каб пеўні ноч не разабралі. Каму заўтра на працу? Мне. А табе, Ларыска-Ірыска-Рыска?»
«У мяне адгул...»
«Тады я... спакойна не сплю. I прачнуся тады, як трэба. А ты сабе спі, колькі ўлезе. Можаш і за мяне».
«Так я і зраблю. Дзякуй за давер. Адасплюся за мінулы тыдзень...»
Яны пагаварылі пра сон, замоўклі, але абое не спалі. Загаварыў Рамейка:
«Пра што я ў цябе ніяк не спытаўся... Як твая матка, ці ведае яна, што я з табою? Мо яна супраць?»
«Ведае... Сказала, што, калі ён табе падыходзіць, дык рашай сама... Дае поўную свабоду».
«Вельмі правільна робіць. Мы ўжо даўно дарослыя... Пра сваю матку я не кажу. Яна таксама згодзіцца са мною».
«А сёстры?»
«Што мне сёстры? У іх свае сем’і, свае клопаты. Я ім нікога не выбіраў, яны мне таксама не будуць».
«Мне хацелася б, каб яны...»
«Каб яны цябе палюбілі? Гэта будзе залежаць ад цябе больш, як ад іх».
«У цябе неяк усё проста. А ў мяне...»
«У жыцці ўсяк бывае... I ў мяне няпроста... Хіба я думаў, што ўсё так закруціцца? Ніколі... Ды і ў цябе... Ды і ў кожнага — пятага, дзесятага...»
«Ты ўмееш супакойваць, проста малайчына!»
«А навошта людзям душу труціць? Яны і так ірвуць нервы на кожным кроку. Трэба людзей ашчаджаць, лагодзіць».
«Ты як наша савецкае радыё: усё ў нас добра, усё гладка, як на патэльні. Нават пагода ў нас лепшая, як у другіх».
«Я не чапаю палітыкі. Гэта іншая рэч. У ёй шмат дрэннага, што трэба мяняць, перарабляць. Пра гэта павінны думаць партыя, урад і нашы родныя чыноўнікі-службоўцы. Вось як яны не справяцца са сваімі абавязкамі, тады давядзецца папраўляць нам, простаму люду».
«Ты залічаеш сябе да простага люду? Дзіўна неяк чуць».
«А што? Я — просты люд, нікуды ад яго не адыходзіў, не адрываўся, як некаторыя. Чула вершык: «Вышли мы все из народа. Как нам вернуться в него?» Здаецца, Акуджава склаў... Тонкі намёк на многіх: выйшлі з народа, узняліся высока, пра народ забыліся, ап’янелі ад улады, растлусцелі... Што ім народ? Хоць яго імем гатовы гэты народ трымаць у яжовых, а лепш сказаць, яжоўскіх рукавіцах, ад прозвішча наркама Яжова. Праўда, ён «вярнуўся ў народ», хоць і пасля смерці, Сталін яго расстраляў за перагібы. Нішто сабе перагібы: адправіў на той свет тысячы, калі не мільёны — народа!»
«Але ж не па сваёй волі ён гэта рабіў?»
«Канечне, не па сваёй, Сталін камандаваў, але, бачыш, вінаватым застаўся Яжоў. Дарэчы, з Віцебшчыны, такі недаростак... Але давай не будзем залазіць у гэтае... месіва».
«Не будзем, не будзем... Пара спаць. Табе рана ўставаць».
Праз хвіліну Ларыса ўжо спала, пасвістваючы носам. Рамейка выцягнуў руку, узяў са століка свой гадзіннік, прыгледзеўся: было дзесяць на чацвёртую! Даў сабе заданне: паспаць чатыры гадзіны. Гэта нямала для чалавека, каб заставацца ў норме.
Але як хочаш заснуць, дык не вельмі той сон і прыйдзе. Яшчэ шмат думалася, а ў вачах, у галаве ажывалі малюнкі сённяшняга, праўдзівей, учарашняга дня: яго прыход у чужую кватэру, у чужую сям’ю са сваім партфелем і худым мяшком-заплечнікам, сваім бедным «пасагам». Як насцярожана прымалі яго Ларысіны сыны, а асабліва нявестка, худзенькая, бледная, але густа нафарбаваная, якая трымала на руках сваю маленькую дачушку і неяк з-пад ілба паглядвала на яго, Рамейку. А яе муж, Ларысін старэйшы сын, быў рослы, прыгожы мужчына з чорнымі вусамі і маленькаю барадою-эспаньёлкаю, і цяжка было чамусьці паверыць, што яны — муж і жонка: адчувалася нейкая неадпаведнасць. Але што да іх было Рамейку? У яго хапала сваіх клопатаў, і прыемных, і непрыемных.
Зноў і зноў вяртаўся туды, на Усходнюю, дзе засталася яго сям’я. Выходзіць, у яго ўжо дзве сям’і? I ён цяпер будзе разрывацца на дзве палавіны, ці аддасца ўвесь ужо гэтай, новай, яшчэ чужой сям’і? Хутчэй за ўсё, што спатрэбіцца час, каб ён прырос да яе, стаў яе часткаю, а яна стала часткаю яго душы, свядомасці, паўсядзённага жыцця. Як некалі пасля працы яго цягнула дадому, на Усходнюю, так цяпер яго будзе цягнуць сюды, бо тут яго жонка, яе дзеці і ўнучка. Паступова ён перастане лічыць іхні кут чужым. Але гэта будзе не хутка.
Трэба перахварэць — душою і целам, каб чужое стала сваім, а сваё, роднае — чужым. Як няпроста, як балюча...
23
Паверыць у тое, што Рамейка знайшоў сабе новую сям’ю, новую жонку, новую кватэру, было немагчыма. То нічога — і раптам усё... Атрымалася неяк нават будзённа проста і нечакана. А ў яго былі вунь якія вялікія страхі: што з усяго яго заляцання да Ларысы нічога не атрымаецца, што яна ўсё-такі паедзе ў Польшчу, бо там у яе нешта значнае, не параўнаць з тым, што мае тут, што будзе мець, калі звяжа свой лёс з развядзёнцам, у якога адны аліменты. Бо грошы, якія ён зарабляў, аддаваў жонцы, а яна клала на ашчадную кніжку, на сваё імя. Іх не так ужо і шмат, але на першым часе яму трэба мець нейкі грош, каб набыць хоць бы самае патрэбнае для сябе і жонкі, для яе малодшага сына Змітрака, які яшчэ толькі выходзіць у людзі і яму трэба дапамагаць.
А ці верне яму Марына хоць траціну тых грошай — яшчэ невядома, можа паказаць фігу, а праз суд — справа доўгая і мазольная, нашы суды ён трохі ведаў. Цяпер з яго будуць браць аліменты, так што яму няма на што разганяцца, каб жыць лепш — хутчэй за ўсё будзе горш.
Адсюль выцякае важнае пытанне: каго ты, Ларыса, сабе ўзяла ў прымакі? Памочніка ці нахлебніка? Каханне, пасцель — немалы фактар, але мо не галоўны, калі ён не стане падмацоўвацца нейкімі матэрыяльнымі стымуламі. А што ў яго? На адну чвэрць паменшае зарплата, а трэба ж пракарміць траіх чалавека. Не надта разгонішся, не надта здзівіш сваю новую жонку нечым такім, ад чаго разбягаюцца жаночыя вочы і цяплее на сэрцы. Калі перыядычна такі эфект не будзе паўтарацца, каханне стане затухаць, змяншацца яго зыркасць, а потым і зусім патухне. Прыкладаў навокал — колькі хочаш...
Да таго ж у яе сэрцы будзе тлець шкадаванне: а чаму я не паехала ў Польшчу, няўжо я там не знайшла б сабе шчасця — і большага, чым гэтае мізэрнае, вымучанае, падзеленае, што прынёс ёй развядзёнец па прозвішчы Рамейка? Калі такая думка калі-небудзь завітае ў Ларысіну галаву, прыйдзе канец іхняму каханню, і нічым ужо яго не выратуеш, акрамя як важкаю сумаю ганарару, які трэба неяк здабываць. А як? Проста закасваць рукавы і садзіцца за стол, капацца ў слоўніках, шліфаваць стыль, ды так, каб здавалася, што кніга, хоць і польскага пісьменніка, чытаецца на нашай мове так, нібы яна і была на ёй напісана. Але ўсё гэта тэорыя, усё тое будзе пасля, а грошы патрэбны сёння, цяпер.
А званіць так не хацелася, ну проста хоць плач. Аднак набраў нумар, пачакаў. Зняла трубку жанчына.
— Добры дзень. Калі можна, паклічце Марыну Паўлаўну.
— Зараз паклічу... — кароткая паўза, пытанне: — А хто просіць?
— Яе знаёмы, — бадзёрым голасам адказаў Рамейка.
Праз якую хвіліну ў трубцы пачуўся Марынін голас:
— Хто пытае? Каму я патрэбна?
— Мне, Марына, каму ж яшчэ? — адказаў Рамейка.
— Ах, гэта ты, мой мілы-дарагі, што ты хочаш? — спыталася рэзка.
— Хачу пабачыць цябе. Ёсць адно пытанне.
— Пытанне? Можаш гаварыць па тэлефоне.
— Па тэлефоне такія рэчы не гавораць. Ты мне патрэбна сама, — неяк паволі Рамейка скідаў з сябе скаванасць, смялеў, ці што. — Давай у канцы работы сустрэнемся ля вашага выдавецтва. Як ты?
— Прыходзь, буду чакаць, — адказала абыякава і паклала трубку.
Яе выдавецтва размяшчалася ў двухпавярховым невялікім будынку, за два прыпынкі аўтобусам ад іх Дому друку, і ён прыйшоў трохі са спазненнем, яна ўжо чакала. У тым жа знаёмым бардовым паліто, у лёгкай шэрай хустцы, завязанай так, што адкрывала ўвесь лоб і палову светлай галавы, у чорных туфлях-танкетках, з трыма сумкамі і сумачкамі ў руках, як большасць нашых жанчын.
Павіталіся, але твары ў абаіх былі халодныя і непрыветлівыя, нібы яны і не былі нядаўна мужам і жонкай, а вось толькі спаткаліся і пазнаёміліся — таму што трэба ісці ў адну дарогу. Рамейка нават падумаў: яны абое яшчэ не ведаюць, як сябе паводзіць, гэта іх першы сеанс, так сказаць, сустрэчы жонкі і беглага мужа, яшчэ няма ніякіх правілаў, ніякіх рамак — поўная імправізацыя.
— Як жа вам жывецца... без мяне? — першы спытаўся Рамейка.
Яна не спяшалася адказваць, думаў, што яна ўвогуле не стане з ім гаварыць, скажа толькі: «Ты прыйшоў, каб даведацца, як нам жывецца? Што табе да нашага жыцця? Трэба было думаць раней». Урэшце сказала:
— Не бядуй па нас, пражывём і без твае ласкі. — I больш нічога не дадала, не спыталася, што яму трэба.
— А я думаў... — Рамейка асекся і тут жа выдаў: — Я хацеў бы пазычыць у цябе грошай. Рублёў дзвесце... Потым аддам.
— Шмат хочаш... Прагуляўся, прапіўся, праб...ся? — спыталася з’едліва.
— Усё было так, як ты кажаш, — адказаў, каб не сказануць грубага на яе грубасць.
Яны ішлі і гаварылі адрывістымі фразамі. Ішлі па вуліцах, якімі хадзілі разам, хадзілі па адным. Па тых вуліцах, якія сталі ўжо як сваімі, і ты адчуваў сябе як дома, як каля свайго дома — утульна і спакойна.
Вось і іх высокі новы дом каля бульвара, апошні пад’езд. Яны ўзняліся на ліфце на дзевяты паверх.
— Адмыкай, — кажа яму Марына, і Рамейка сваім ключом адмыкае кватэру, упускае яе першую, заходзіць сам... Адчувае пах роднага жытла — такі свойскі, такі незабыўны. У кватэры ціха, дачкі не чуваць, мо сядзіць у якім пакоі, а мо заснула, прыйшоўшы са школы.
— Дзе Геня? — спытаўся знарок.
— Мо яшчэ няма са школы, часам позна прыходзіць, — адказала нехаця.
— А што ў студэнткі?
— Што? Вучыцца, здае сесію.
— А ведае, што мяне ўжо няма?
— Ведае... Менавіта — добра сказаў, што цябе ўжо няма... Цябе і не было. Ты быў невядома дзе, але не з намі...
— Ты перабольшваеш, як і раней. Я заўсёды быў з вамі. Душою і целам.
— Кажы, я так табе і паверу. — Марына распраналася, паклала на табурэтку свае сумкі, яго далей не запрашала. — Дык кажаш, дзвесце рублёў табе трэба? На прапой ці на бл..?
— На патрэбы, дарагая Марына, на расходы. З мяне ж вылічваюць аліменты, ты ведаеш. — У яго ў грудзях нядобра варухнулася сэрца, кроў прыліла да твару. Так і прасілася на язык што-небудзь рэзкае, крыўднае, каб яе ажно скаланула ад злосці, але стрымаўся: навошта скандал? А мо яна і хоча, каб вывесці яго з цярпення, а потым паклікаць сведак?
Яна зайшла ў іх спальню і вярнулася з грашыма ў руцэ, аддала яму, сказаўшы:
— Думала, нам прынясеш, ажно ён забірае апошняе.
— Апошняе? Здымі з кніжкі.
— Пра кніжку забудзь. Як яе і няма. Для цябе...
— Ведаеш, неяк не забываецца. Нават сніў нядаўна, — рашыў падражніць сваю нядаўнюю жонку.
— Галоднай куме хлеб наўме... Як знойдзеш сабе раскідуху, такую, як сам, дык будзеце голымі азадкамі свяціць.
Хацелася сказаць у адказ, што большай раскідухі, як яна, можа, і не знойдзецца, але навошта ўзнімаць вялікі шум?
— Ты хоць ужо не ламі сабе галавы, як я буду жыць без цябе. Не для гэтага ты мяне выставіла, каб потым шкадаваць, пару мне выбіраць, каб хаця не ўзяў раскідуху.
— Чым горш будзеш жыць, тым і мне будзе цяжэй — яшчэ табе пасабляць давядзецца. Вось чаго я баюся...
— Не гэтага ты баішся, а што я табе менш буду даваць на дзяцей, як стану менш зарабляць.
— Тут ты адгадаў, тут ты не памыліўся, яшчэ нешта кумекаеш, — падвяла яна вынік гутаркі. — То не забудзься паліто ўзяць, зіма на носе. Мо і шапку цёплую забяры, тут яна лішняя.
— Ай, дзякую, якая ты спагадлівая стала, — пахваліў яе Рамейка. — Мо ўжо злосць адлягла?
— Яшчэ не, пачакай трохі, — адказала адрывіста, але без ранейшай злосці, як з прыхаваным шкадаваннем.
Ён забраў у шафе паліто, спытаўся, ці былі яму лісты. Яна ў адказ падала стос газетаў за апошні час, ён пераглядзеў іх, забраў ЛіМ, маскоўскую Літгазету, астатнія пакінуў. Затым скінуў плашч, апрануў паліто, а плашч скруціў у трубачу і паклаў у партфель, туды ж запіхнуў і шапку-вушанку рыжаватага колеру, пад андатру.
Раптам дзверы з лесвіцы ціха рыпнулі, адчыніліся — і зайшла Геня ў лёгкім плашчыку цёмнага колеру травы, з напакаванаю сумкаю ў руцэ, зайшла і спынілася, не ведаючы, што рабіць далей. Здаецца, што яна нават падрасла...
— Ты вярнуўся? — спыталася неяк ціха, няўпэўнена.
— Зайшоў у госці, — адказаў Рамейка, аглядаючы дачку з ног да галавы. — Даўно вас не бачыў. — Сэрцу яго раптам стала цесна ў грудзях.
Марына, якая стаяла тут жа, гатовая зачыніць за ім дзверы, загаварыла рэзка, з прыціскам:
— Дарагі, жаданы госць! Даўно нас не бачыў! I мы яго! Пасаромеўся б!
— Ну чаго ты, мама? Навошта крычаць? Не забывайся пра сваё сэрца.
— Праўда, дачушка, праўда. Не буду... Але і не стрымацца...
Узнікла няёмкая паўза, і Рамейка падаўся да дзвярэй, размінуўшыся з дачкою, якая са спагадай глянула на яго, і сказаў на развітанне:
— Бывайце здаровы... Не забывайце, што мы не чужыя. I я буду да вас заходзіць.
Ён выйшаў, зачыніў за сабою дзверы, пастаяў, прыслухаўся. У кватэры загаварылі, але спакойна, мірна, і ён супакоіўся, стаў спускацца па сходках, без усякага ліфта.
Было адчуванне палёгкі: пагаварыў, хоць і не вельмі прыемныя рэчы пачуў пра сябе, але ўсё ж не было ніякай істэрыкі, лаянкі, якой ён не любіў і не пераносіў спакойна, а сам пачынаў гарачыцца, мог нагаварыць непатрэбнага. Дзіўна, што Марына нават не пацікавілася, дзе ён атабарыўся. Па гэтым можна меркаваць, што яна яшчэ не ведае пра свайго Рамейку нічога пэўнага, інакш тон размовы быў бы зусім іншы, «цёплых» слоў было б сказана шмат больш, чым паўгадзіны назад. Добра, што ўдалося пабачыць дачку, якая нават заступілася за яго перад маткаю, падаўшы гэта як клопат пра яе здароўе, і Марына прыняла словы дачкі даволі памяркоўна для свае натуры.
А яшчэ ў душы ён пасмяяўся над сабою, што пазычыў грошы ў свае былое жонкі, бо ў самога не аказалася ніякага запасу, бо не падумаў, што нешта падобнае з ім можа здарыцца. Тое ж самае і з ашчаднаю кніжкаю: трэба было класці грошы не на яе імя, а на сваё ці, у крайнім выпадку, падзяліць на дваіх. Не трэба класці яйкі ў адну карзіну, — кажа народная мудрасць. Але ж узняўся б вунь які вэрхал: як можна дзяліць, як можна не верыць, як увогуле можна падумаць пра нейкі перадзел? Хто ты пасля гэтага? Вораг сваім дзецям, сваей жонцы! Дык навошта такі бацька, такі муж? Тут усё вядзе да аднаго... Успомніў сваю падпіску на газеты, крыва ўсміхнуўся: ламаў галаву, гадаў, хто выбудзе з сям’і, пра сябе мала думаў чамусьці. А вось жа як выйшла нечакана-негадана: лёс выпаў яму...
Зноў ішоў па той дарозе, што і раней, а сёння адчуванні яго былі зусім іншыя, нібы ішоў не ён, а зусім іншы чалавек: думкі і пачуцці памяняліся, а вось каб перадаць іх, занатаваць на паперы, у яго не хапіла б майстэрства, бо тое нешта, што адчуваў у сабе, заставалася няўлоўным, тонкім, як гук, які яшчэ нядаўна гучаў, а ў наступны момант ужо растаў, растварыўся і прапаў, зліўшыся з рознымі гукамі, што звінелі, шумелі, гулі навокал — ад крокаў людзей, іх галасоў, шуму машын, ад ледзь улоўнай для вуха музыкі гарадскога жыцця, дзе галасы прыроды заглушаюцца штучнымі гукамі чалавечай дзейнасці. Дзіўнае, дзіўнае адчуванне — мо яго можна было б перадаць толькі гукамі музыкі, а словамі — ні за што... Хоць мо хто іншы змог бы ўлавіць і зафіксаваць тое жыццё ў гуках і фарбах, што для яго было за мяжою магчымасці, і ён мог толькі пашкадаваць, што гэтая таямніца для яго закрыта.
Мог бы сесці на аўтобус ці тралейбус, але не захацеў, прайшоўся па вуліцы міма таго інтэрната, у якім жыў некалькі дзён назад, нават заманулася зайсці туды, спытаць у дзяжурнай, ці вярнуўся Арсень Лісоўскі, але нешта стрымала яго, як бы падказаўшы, што ён яшчэ не прыехаў. А нават каб і быў... Сёння ён адчуваў сябе зусім інакш, чым тыя разы, калі заходзіў сюды, жыў цэлы тыдзень, але не мог пазбавіцца думкі, што ён тут лішні, зусім чужы і непатрэбны, аднак жа воляю выпадку ці свайго ўласнага жадання ходзіць сюды, жыве, калі такое марнаванне можна назваць жыццём. Проста ён бавіў тут час, чакаў, што вырашыць Ларыса, нават не хадзіў шукаць сабе якога новага прытулку — на больш працяглы час, а не на тыдзень, на два.
I ўсё ж тут быў для яго іншы свет, бо месціўся па той бок праспекта, дзе ў яго засталося старое жытло і жыццё, а цяпер пачынаецца зусім новае, адлік якому даў менавіта Арсенеў пакой у інтэрнаце — як пачатак новага часу, новай эры. Смех дый годзе — новай эры!
Няпэўнасць робіць чалавека слабым і бездапаможным, ён нагадвае бяздомнага сабаку, якіх шмат туляецца па горадзе і не мае свайго прыстанішча, на іх балюча глядзець. А сёння ён ужо адчуваў грунт пад нагамі, адчуў у сабе новыя сілы. Вось чаму ён сёння зусім іншы, чым быў тыдзень назад. Выходзіць, што Ларыса паставіла яго на ногі, а дагэтуль ён стаяў на галаве. Смешна, але так яно і ёсць...
Калі Рамейка дабраўся да свайго яшчэ зусім чужога дома, стала ўжо цёмна. Адамкнуў дзверы ключом, які ўручыла Ларыса ў першы дзень яго перасялення. У кватэры панавала цішыня, ён уключыў святло ў прыхожай. Насустрач яму ўстала са свайго лежака чорная сучка-даберман. Ткнулася носам у паліто, як бы правяраючы, што за новая вопратка на ім. Рамейка пагладзіў яе па цёплай шыі, сказаў ісці на месца, і яна паслухмяна адышлася і лягла. Відаць, прыняла ўжо яго за свайго чалавека, хутчэй нават прызнала важаком, бо, калі яны сядзелі ўсе за сталом на кухні, Магда ляжала каля яго ног...
У свой пакой — Ларысін і яго — яны хадзілі праз Змітракоў, і сёння ён прайшоў, але спыніўся на паўдарозе: за сваім столікам сядзеў Змітрок і чытаў нейкі канспект, паглядваў у раскрытую кнігу.
— Ты вячэраў, Змітрок? — спытаўся Рамейка ў пасынка.
— Вячэраў... Там у халадзільніку знізу вам на сподку катлета, каша ў малой каструльцы і кефір у бутэльцы, — адрапартаваў Змітрок.
— Дзякую. А калі мама абяцала прыйсці? — спытаўся, хоць і ведаў.
— Заўтра ў восем раніцы. Змена канчаецца ў сем, пакуль перадасць пост...
— Добра... А дзе Віталь, жонка, чаму ў іх ціха?
— Яны паехалі... Яна з малою ў Маладзечна, а ён іх праводзіць... Нешта пасварыліся. Але гэта не першы раз, памірацца, — запэўніў Змітрок.
Рамейка не стаў распытваць, зайшоў у свой пакой, уключыў святло. Потым дастаў плашч з партфеля, шапку, занёс на вешалку. Вось ён ужо і гатовы да зімы. На Усходняй у яго яшчэ засталіся зімовыя чаравікі, але паспеецца...
Не любіў пераапранацца, ды што зробіш — трэба. Скінуў сваю рабочавыхадную форму — пінжак і штаны, апрануў кашулю і вельветавыя сінія штаны, у якіх ужо абазначыліся калені. Захацелася прылегчы, і ён бухнуўся на пасцель, паўтарачны матрас на ножках, засланы перабіранаю дзяружкаю, як у вёсцы. Цела адпачывала ад дзённых клопатаў, а галава не магла супакоіцца, шмат усяго назбіралася: на працы, у гасцях у роднае жонкі, якая ўжо робіцца чужою... Усё неяк стала мяняцца ў яго жыцці. А ўзрост ужо такі, што мо і не трэба было ламаць старое і распачынаць новае... Хоць і не сам пачаў... А калі падумаць, то мо ён першы, а Марына ўжо ішла па яго следзе...
Ды вось і тут... Яго зацікавіла, а што з гэтымі маладымі? Чаго не падзялілі? Мо якраз і ён нашкодзіў, уварваўся ў чужы куток — няпрошаны, непатрэбны. Чаго яму тут якраз давялося апынуцца? Але зноў жа — не так яму, як гаспадыні, Ларысе, перш за ўсё. Ён жа не прыйшоў сюды так сабе, у госці...
Але што яму да маладых? Разбяруцца самі. А вось як яны, старэйшыя? Ці разбяруцца? Здаецца, усё ідзе ў патрэбным кірунку. Устаў, пайшоў на кухню — трэба павячэраць. Нязвыкла толькі, што вячэраць даводзіцца аднаму. Для пачатку яшчэ нічога, але потым трэба нешта мяняць...
У ванным пакоі памыў рукі, твар, паглядзеў на сябе ў люстэрка: не такі ўжо і стары, хоць залысіны вялікія, на лбе маршчыны, асабліва як падыме бровы, нос вялікі, дзюбаты, але цярпець можна, чалавеку пад пяцьдзесят, так яно і ёсць. Апошнія перамены адбіліся моцна: выгляд стомлены, пад вачыма цёмныя паўдугі... Пазнавата надумаў амаладзіцца, але што зробіш? Мо такі яго лёс. Апошнім часам ён усё больш і больш пераконваецца, што ў кожнага чалавека свой лёс. I нездарма ў народзе кажуць: яму на раду напісана — як жыць, як і дзе памерці. I ад гэтага нікуды не дзенешся...
Вячэраў без апетыту, хацелася выпіць кілішак чаго моцнага, але ў яго тут нічога не было, дарэмна не захапіў па дарозе. Там у яго ў халадзільніку стаяла пляшка з чым-небудзь, часам яны ўдваіх бралі па кілішку, калі быў добры настрой. А часам — калі і кепскі. Тут, відаць, такога не будзе, бо Ларыса да спіртнога ставіцца проста варожа, першы муж і бацька яе сыноў зрабіўся яго ахвяраю, ды яна сама і дзеці нямала вынеслі ад гэтага пакутаў. Цяпер пачынае ўжо баяцца за сыноў, каб часам не пайшлі па бацькавай дарожцы, а дарожка гэтая вунь якая коўзкая...
Рамейка толькі пачаў вячэраць, як на кухню зазірнула Магда, пакруцілася каля яго, нібы не ведаючы што рабіць: сесці ці легчы? Села, не зводзіла вачэй з яго рук, чакала пачастунку.
Але вось пачулася лёгкае характэрнае скрыгітанне ключа ў замку, рыпнулі дзверы — і Магда з кароткім віскам кінулася туды: ясна, што ўвайшоў свой чалавек.
— Не прыставай, — сказаў Віталь. — Месца, Магда, месца! — загадаў сабаку — і ўсё сціхла.
Чуваць толькі было, як ён распранаўся, разуваўся, потым мыў рукі. Зайшоў на кухню, сказаў «добры вечар» і паставіў на стол пляшку піва.
— Купіў па дарозе, — патлумачыў. — Налівайце шклянку, пакуль не позна, у сэнсе — пакуль я не выпіў.
— А я якраз думаў: вось бы прамачыць чым горла перад вячэраю. Вельмі дарэчы, — сказаў Рамейка і канцом нажа за якую хвіліну адкрыў пляшку з півам.
Віталь у гэты час дастаў з вісячай шафкі дзве чыстыя шклянкі і паставіў на стол.
— Ну, дзякую, — сказаў на гэта Рамейка і стаў наліваць піва, якое добра пенілася — як свежае. — Піва — карысны прадукт, каларыйны і багаты вітамінамі. Але да яго можна хутка прывыкнуць. Так ці не?
— Прывыкнуць можна, толькі дай сабе волю, — па-філасофску зазначыў Віталь, дастаючы з халадзільніка кілбасу, кетчуп, масла і кефір. — А вось адвыкнуць не кожны можа. Як мой бацька. Моцная натура, з казакоў, а супраць зялёнага змея не ўстаяў... А як вы самі? — спытаўся проста, як у свайго чалавека.
— Я так: як даюць, дык п’ю, а як няма — цярплю, — адказаў з усмешкаю Рамейка. — Галоўнае, я так лічу, не пахмяляцца. Калі ты сёння моцна выпіў, а заўтра пахмяліўся, каб галава не трашчала, пойдзеш пад адкос: пахмяліўся, потом трохі паправіўся, потым яшчэ трохі... Пачалася віцца вяровачка, а канец ёй вядомы... А я так: дапусцім, сёння перабраў меру, заўтра галава баліць... Што рабіць? А няхай баліць, ты гэта заслужыў, цярпі, пакутуй за сваю дурноту. Дзень-два пахварэеш — і ты ўжо ў норме.
— Дзень-два гэта шмат. Цяпер няма часу на такія маштабы. Трэба, каб заўтра галава працавала як хранометр, — не згадзіўся Віталь. — Пахмяліўся, і ты ўжо ў норме.
— Гэта не норма. Гэта дарога туды, уніз. Як мой дырэктар Ладыжын любіў казаць: спорт — сіла, спірт — магіла. Або, як кажа наша прымаўка: мяне бацька не за тое біў, што я піў, а за тое, што пахмяляўся.
— А што, вельмі правільныя пастулаты. Каб мой бацька імі карыстаўся, ён яшчэ жыў бы... А так — ужо даўно там...
— Адсюль мараль: піць можна, пахмяляцца — катэгарычна забаронена. Ці, як казаў вялікі доктар Гіпакрат, алкаголь у малых дозах — гэта лекі, у вялікіх — яд, атрута.
Віталь слухаў, усміхаўся, потым сказаў:
— Я бачу, што вы ў гэтым пытанні моцна падкуты.
— Жыццё мучыць, жыццё вучыць. Мне хутка пяцьдзесят, трэба сёе-тое мець у галаве. Інакш — навошта жыў?
Вячэра ішла сваім парадкам, яны скончылі алкагольную тэму, узяліся за нацыянальную, і Віталь здзівіў Рамейку сваёю ацэнкаю нашай гісторыі. Ён даказваў, што мы носім чужое найменне, навязанае нам Кацярынаю ІІ.
— Ніякія мы не бела-русы, мы не русы, мы ліцьвіны, якімі былі пяцьсот гадоў і болей. Нас знарок перахрысцілі беларусамі, каб казаць, што мы сваякі расейцаў, што нас трэба спачатку вызваляць ад ляхаў-палякаў, а потым далучыць да Расіі, таму што мы адзін народ, толькі мы «северозападные» расіяне, гаворым на сваім дыялекце, які заснаваны на расейскай мове. I што мы не павінны і думаць аб нейкай аўтахтоннасці, тым больш — незалежнасці. Мы павінны зліцца з Расіяй, бо ў нас агульныя карані... Карані мо і агульныя, але мы асобнае дрэва ў славянскім лесе, як тыя палякі, украінцы, чэхі, сербы і іншыя славянскія народы. Як вы на гэта гледзіце?
— Я магу вас падтрымаць па ўсіх вашых пазіцыях. Але... Заўсёды ёсць «але», якія перакрэсліваюць усе самыя моцныя і лагічныя высновы. Скажыце, хто сёння там, наверсе, падтрымае такую пазіцыю? Нават больш — хто яе зразумее? Ды ніхто! Аб’явяць вас крамольнікам, а то яшчэ і горш. I на тым усё скончыцца, а вас возьмуць на заметку: хто такі, адкуль, што яму трэба?
— Па-мойму, вы згушчаеце фарбы, — не згадзіўся Віталь. — Мяне шмат хто падтрымае, толькі патрэбна рэклама: каб людзі ведалі, што да чаго. Тут жа ўсё проста, як на далоні, дурню зразумела, а вы кажаце, што мяне не падтрымаюць наверсе. Там таксама ёсць разумныя людзі, патрыёты...
— Ёсць, я з вамі згодзен, але яны сядзяць і маўчаць, і робяць тое, што ім скажуць. Сваіх думак не выказваюць, а пераказваюць толькі чужыя, гэта значыць, афіцыйныя. А яны вам вядомыя, і іх ніхто мяняць не будзе з-за нейкага там дзівака, якім вы паўстанеце ў іхніх вачах, — адказаў Рамейка.
— Значыць, і ўсім нам трэба сядзець і маўчаць, чакаць пакуль саспее рэвалюцыйная сітуацыя? А вы ведаеце, што на гэты конт казаў Фідэль Кастра? Ён нават Леніна паправіў, сказаўшы, што не трэба чакаць рэвалюцыйнай сітуацыі, а трэба яе ствараць.
— А што, тут ён мае рацыю: чакаць можна доўга, пакуль яна там саспее, а вось ствараць, набліжаць — гэта тое, што трэба... Але не думайце, што тыя, супраць каго ствараецца рэвалюцыйная сітуацыя, будуць спаць у шапку... Яны разумеюць, чым гэта пахне. Таму зробяць усё, каб гэтую сітуацыю змяніць на сваю карысць, гэта значыць, ліквідаваць у зародку, на самым пачатку. I тады будзе зноў усё ціха і спакойна.
— Так, абы ціха — гэта лозунг не толькі нашага абывацеля, але і высокага чынавенства, таму яшчэ з большым імпэтам трэба сеяць новыя, а лепш сказаць, забытыя ідэі, каб яны хутчэй «авалодвалі масамі».
— Я бачу, што вы добра разбіраецеся ў марксізме, нібы нядаўна здавалі экзамен па гэтай дысцыпліне, — здзівіўся Рамейка такой дасведчанасці свайго пасынка.
— Вы адгадалі, менавіта я нядаўна здаваў марксізм за пяты курс геафака. А цяпер я «вольноопределяющийся», як раней казалі па-расейску. А як будзе па-беларуску? — спытаўся ў Рамейкі проста ў лоб.
— Хутчэй за ўсё як вольнаазначаны, ці вольнапісаны, а я сказаў бы лепш вольнапрыпісаны. Гэтае слова ўжо састарэла канчаткова. Дык кажаце, вольны дыплом? Шукай працу сам?
— Вось я і шукаю... цэлага паўгода, а воз ні з месца... Што рабіць далей — не ведаю. Жонка пагражае разводам, мала атрымліваю, толькі мізэрную пенсію за рукі... вось гэтыя...
Ён успляснуў сваімі ўкарочанымі амаль на ўсе пальцы далонямі, і гук быў зусім не такі, як бывае, калі пляскаеш у здаровыя далоні: нейкі сухі, кароткі, глухі.
Рамейку ад гэтага стала ажно млосна, хоць сам Віталь ужо асвоіўся са сваёю бядою і глядзеў на яе спакойна.
— Як гэта здарылася? — міжвольна спытаўся Рамейка. Яму і раней карцела спытаць пра яго няшчасце, але неяк не выпадала.
— Гісторыя невясёлая... Я служыў на Таймыры, ля Дыксана, у ракетных войсках. Аднойчы, у моцную пургу, парвала правады, мы на ўсюдыходзе адправіліся шукаць парыў. Вадзіцель трапіўся нявопытны, вывеў машыну не туды, куды трэба, перакуліў у нейкі яр. Мы загрымелі, ледзь не разбіліся... А потым сталі патроху замярзаць... Нас знайшлі толькі днём, некаторыя ўжо звінелі ледзяным звонам. Мяне адкачалі, але кісці рук страціў, цэлы месяц адпадалі фалангі. Думаў, што не вытрымаю...
Ён яшчэ расказваў, як потым ехаў дадому з забінтаванымі рукамі, адзін, без правадніка, як не хацелася бачыць свету і вяртацца да маткі, бо ведаў, як яна цяжка будзе перажываць яго няшчасце... Як паступова прыходзіла ўпэўненасць, што жыццё не скончана, што яго чакае яшчэ шмат няпройдзеных дарог і новых даляглядаў...
Спаць клаліся позна, Рамейка не мог доўга заснуць. Чужыя аповеды моцна ўражвалі, ён потым іх доўга перабіраў у галаве, уяўляў пачутае, дамалёўваў сваёю фантазіяй, шукаў прычыны няшчасця. I прыходзіў да думкі, што ніколі не трэба лезці чорту ў зубы, не траціць развагі і кіравацца адным: чалавечае жыццё — найвышэйшая каштоўнасць.
24
Неяк вельмі нечакана наблізіўся Новы год. Звычайна Рамейка сустракаў яго больш-менш спакойна, галоўныя клопаты клаліся на жаночыя плечы, а яго абавязак быў «сілавы» — тое купіць, тое дастаць, тое прывезці ці прынесці. А на новым месцы Рамейка адчуваў сябе зусім па-іншаму. I мо таму, што ў яго новай сям’і было шмат мужчынаў, а калі добра палічыць, дык выходзіла тры на тры. Нявестка з малою паехала да бацькоў, туды на Новы год збіраецца паехаць і Віталь, яны застаюцца тут утраіх, але перавага за мужчынамі. Значыць, гэта яшчэ павялічвае яго адказнасць за падрыхтоўку да святаў. А ў чым тая падрыхтоўка была-значылася? Закупіць пэўны прадукт, каб з яго можна было згатаваць стравы да святочнага стала, сякія-такія падарункі, каб потым пакласці іх пад ялінку на Новы год, ну і галоўнае — самую ялінку. Але цяпер Рамейка ўжо не думаў пра ялінку, купіць яе і Змітрок, абы ў яго былі грошы. А грошы яму дасць новы бацька-айчым, і ўсё стане на месца.
Толькі тут ён даведаўся, што Ларыса — каталічка, і сыны яе таксама, хрышчаныя ў касцёле. Выходзіць, і ўсе Каляды трэба святкаваць па каталіцкім календары. А сам Рамейка праваслаўны, як трохі падрос, стаў атэістам-бязбожнікам, хоць маці была вельмі набожнаю і некалі вучыла малога Алеся ўсім праваслаўным малітвам, як «Ойча наш», «Верую» і іншыя, і перад сном і раніцаю ён гаварыў пацеры, часам нават стоячы на каленьках і склаўшы рукі далоняй да далоні...
Але піянерска-камсамольскі разгул у яго жыцці мінуўся, як і прыйшоў, у галаве ўсё станавілася на месца, і Рамейка непрыкметна адчуў у сваёй душы нейкае боства, якое пачало займаць там усё большае месца, а потым і выцесніла адтуль усю бязбожную лухту. Відаць, тое самае было і з яго Марынаю, якая таксама прайшла піянерска-камсамольскае ліхалецце, а потым вярнулася да таго, чаму яе вучылі матка і бацька, і ўжо сваіх дочак хрысціла ў царкве, хоць гэта і лічылася вунь якою крамолаю ў вачах начальства. За гэта маглі калі не звольніць з працы, дык даць вымову або нават панізіць у пасадзе.
А тут рэлігія і Бог былі ў пашане, святы святкавалі, Ларыса хадзіла ў касцёл, часам ездзіла нават у Вільню, у Вострую Браму, апетую Багдановічам у знакамітым вершы «Пагоня». Нават — казала яму потым — марыла, што Рамейка перахрысціцца на католіка, і не будзе, як у той прымаўцы: няма горшай халеры, як на адной падушцы дзве веры. Калі тое свята будзе, невядома, пра гэта Рамейка не надта думаў, былі больш важныя клопаты, але Новы год — на першым месцы. Нават не Новы год, а само Нараджэнне Хрыстова — 25 снежня, 1 студзеня — Новы год, свята Маці Боскай, 6 студзеня — Тры каралі: Каспар, Мельхіёр, Бальтазар. Тыя каралі, што ішлі прывітаць Пана, ішлі за зоркаю, якая іх вяла ў Віфлеем.
Рамейка акунуўся ва ўсё гэта, для яго новае, з галавою, проста стаў бачыць далей і разумець болей, чым дагэтуль. Адчуў сябе не толькі абноўленым, але і абмалоджаным, нейкім нават незнаёмым, якім сябе не ведаў дагэтуль. Усё тут было для яго новае, нязвыклае, да чаго павінен быў прывыкаць, адно прымаў адразу, нешта зусім не падабалася, але спадзяваўся, што з цягам часу ўсё адрэгулюецца і стане сваім.
Бо хіба думаў ён месяц назад, што так усё пакоціцца з гары ў яго жыцці, што апынецца ў зусім новым для сябе асяроддзі, паміж чужых і нават незнаёмых людзей, якія мо потым стануць яму блізкія. Сёння адна толькі Ларыса была тым чалавекам, які трымаў яго тут, саграваў душу і цела, не даваў упасці ў адчай з-за таго, што страціў нядаўна. Яна адна яго анёл-ахоўнік...
...У кватэры густа пахла ялінкаю, Змітрок ездзіў недзе на плошчу, дзе іх прадаюць, і купіў невялікую, мо на метр у вышыню, але купчастую лясную красуню, паставіў у сваім пакоі на спецыяльную падстаўку-трыногу і патрохі стаў вешаць на яе ўсякія цацкі, якія ляжалі запакаваныя ў скрынках і чакалі свайго часу.
Рамейка падумаў, што трэба купіць добрых цукерак, каб можна было павесіць на ялінку, каб і яны радавалі вока, а яшчэ будзілі апетыт. Трэба купіць чаго і пад ялінку. Хлопцу — цёплыя шкарпэткі ці пальчаткі, а мо нават шалік ці яшчэ што хлапечае. Нават якую цікавую кніжку або штук колькі кружэлак, бо ў іх ёсць прайгравальнік.
А вось што купіць Ларысе, дык і сам не ведаў. Неяк не было ў іх сям’і завядзёнкі закідваць падарункамі адно другога, бо тое, што трэба, куплялася на працягу года, а купляць што непатрэбнае — адна трата грошай, якіх не заўсёды хапае і на самае патрэбнае. Куплялася нешта такое недарагое, але патрэбнае сёння ці заўтра, а не так, каб яно потым валялася і пылілася.
Ларыса, наколькі разумеў Рамейка, была прыхільніцаю адзначаць святы шырока, захоўваць і працягваць традыцыі дзядоў і прадзедаў і не скупіцца на падарункі, на застолле: каб стол гнуўся ад усякіх страваў, купленых і сваёй работы, каб святочная вячэра засталася ў памяці надоўга, каб потым застаўся і нейкі ўспамін-падарунак, няхай і не такі ўжо каштоўны. А калі каштоўны — дык яшчэ лепш. Так што, Рамейка, рыхтуй грошыкі, пакажы, што ты беражлівы, але не скупы, бо скупых людзей звычайна не любяць, хоць і раскідухаў таксама. Трымайся залатое сярэдзіны!
Трэба пахадзіць па магазінах, хоць перад Новым годам у тым магазіне не прайсці, не размінуцца, як у мурашніку, дзе кожны цягне нейкае сваё паленца ці трэску. Купляюць усё, што трапляе пад руку, спяшаюцца, бо потым не будзе зусім. А Рамейка не любіў ажыятажу, калі недзе нешта прадавалі нават патрэбнае, але стаяла вялікая калейка, ён абыходзіў тое месца, яго проста адтуль выштурхоўвала. А тут давядзецца пацярпець, адужаць сваю боязь натоўпу.
Далей. З напояў трэба ўзяць пляшку горкай — на ўсякі выпадак, потым пляшку добрага віна, марачнага, пажадана крымскага, масандраўскага, яго любяць жанчыны, некалькі пляшак піва і ўсякіх безалкагольных напояў. Вось і ўсё... Але гэта калі на сваю сям’ю. А як хто надарыцца, зойдзе да Ларысы ў госці з яе старых сяброў, мо з працы? Усякае бывае! Значыць, усё трэба падвоіць, як мінімум. Да таго ж Каляды цягнуцца тры тыдні, тут і праваслаўныя на носе. Як кажуць, запас бяды не чыніць. Адлічы чырвонцаў пяць на ўсе дробныя і нядробныя расходы, а тады сядзі сабе спакойна.
Ну, з закускай прасцей: кілбаса двух гатункаў, цвёрдая і мяккая, мо сасіскі, селядзец, можа, і сала кавалак на аматара сялянскага складу, якім і сам Рамейка сябе лічыў, пару бляшанак шпротаў, трасковай печані, курачку ці качку, кавалак мясное свініны, каб падсмажыць на патэльні, пару дзесяткаў яек — вось, здаецца, і ўсё. На гэта пойдзе не менш грошай, як на напоі, май на ўвазе...
Яшчэ што? Трэба будзе купіць пірог, пару бабак з разынкамі, там якога марозіва і не забыць цукерак, шакаладак, ну там батонаў, хлеба. Набіраецца і тут. Добра, як дадуць зарплату перад Новым годам. А як не? Дык і Новы год будзе не новым...
Яшчэ нотабэна: схадзіць на Усходнюю, занесці што дзецям, мо нават і былой — ніяк не прывыкнуць да гэтага слоўца! — жонцы, бо яшчэ пакрыўдзіцца, скажа, што Ларыса не дае і гроша на былую сям’ю, усё сабе заграбае. Яна ўжо ведае, што Рамейка пайшоў у прымы, але шуму пакуль што не падымае, да Рамейкавага дырэктара яшчэ не прыходзіла, папераў ніякіх не пісала, апроч выканаўчага ліста на аліменты. А можа, нічога і не стане вычвараць, час пакажа. Калі, праўда, дазнаецца, што яму тут добра, то пастараецца сапсаваць хоць настрой...
Склаўшы спіс патрэбных прадуктаў, Рамейка задумаўся: тых грошай, што пазычыў у Марыны, надоўга не хопіць. Трэба будзе неяк выкручвацца, а вось як? Хоць верць-круць, хоць круць-верць, ці жыццё, ці смерць... Давядзецца ўводзіць строгі рэжым эканоміі, які так абрыднуў-агоркнуў — толькі і ведаў, што эканоміў. А працавалі два чалавекі з вышэйшаю адукацыяй — і не маглі як след гадаваць двое дзяцей, усё чагосьці не хапала. Дзіва, што хабарніцтва ў нашай дзяржаве! Бо, як не падмажаш, дык не паедзеш. А падмазка — гэта якраз тое, чаго не хапае чалавеку да зарплаты, каб неяк пражыць больш-менш нармальна. Бо адна зарплата — гэта пражытачны мінімум, каб ты не памёр з голаду і заўтра прыйшоў на працу.
Але што твае скаргі, каму яны патрэбны, хто іх пачуе? Больш працуй — больш будзеш мець. Як той адзін кіраўнік казаў: каб добра жыць, трэба дзіка працаваць. Ну проста лепш не скажаш: тут відна ўся сістэма з яе дзікасцю.
Прыйшоўшы з працы, Рамейка ўзяў вялікую гаспадарчую сумку карычневага колеру і адправіўся па магазінах, бо добра ведаў, што ў адным не купіш усяго, што трэба. Зайшоў у адзін — чэргі да касы вялікія, тут самаабслугоўванне, яно яшчэ не паспела ўкараніцца, людзі да яго не прывыклі, але гэта лепш, чым стаяць перад прадаўцом і гаварыць: «Дай гэта, дай тое». Цяпер кожны набірае ў карзіну ўсё, што яму трэба, і потым аплачвае ля касы. Працэдура хоць і непрыемная, бо цягнецца марудна, аднак жа выходзіць хутчэй, чым заказваць у прадаўца. Трэба ўрэшце больш адкрываць касаў. Сёння ўсе, хто перад ім стаяў, мелі наладаваныя карзіны, бралі больш, чым звычайна бярэ чалавек на вячэру ці заўтра на сняданне. Выходзіць, што католікаў у нас не так і мала, хоць па знешнасці не скажаш, якому Богу ён моліцца — каталіцкаму ці праваслаўнаму, хоць Бог адзін, а вось жа падзяліліся...
Звычайна ля касы пачынаюцца спрэчкі — нехта некаму не дагадзіў, той прэцца без чаргі, ён інвалід ці заслужаны чалавек — і пайшло-паехала, а час ідзе, і нервы напружваюцца, як струны, гатовыя лопнуць.
За адзін раз Рамейка не купіў мо і паловы таго, што хацеў, давялося разгрузіцца і пайсці яшчэ, зазірнуць у іншыя крамы, каб увесь свой спіс рэалізаваць да апошняга прадмета. Прызнацца, даўно ён так не шчыраваў і сам здзіўляўся, што яму гэта нават цікава, — і стаяць у калейцы і разглядаць людзей, такіх розных-розных — па ўзросце, па вопратцы, па полу; ён прыглядаўся да іх твараў, вызначаў для сябе іх узрост, якой яны нацыянальнасці, вывучаў ці, лепш сказаць, хацеў вызначыць іх светапогляд па тых рэпліках, якімі яны перакідваліся з суседзямі.
Гаварылі пераважна па-расейску, але далёка да той нормы, якая патрэбна, каб цябе палічылі расейцам, бо тут большасць была беларуская, яшчэ нават вясковая, яшчэ не звычная да гарадскога ладу жыцця, не толькі да «гарадское» мовы. I ў душы Рамейка спачуваў тым, хто гаворыць не на чыстай расейскай мове, а хутчэй на трасянцы, перамешваючы словы, блытаючы склоны, парушаючы канчаткі, не там ставячы націскі ў словах. Мо ўсе яны, тыя, што сёння таўкліся тут, як камары на пагоду, апынуліся не па добрай волі, а вымушаны былі пакінуць абжыты куток і паехалі шукаць шчасце ў вялікі горад, каб мець надзейную працу і атрымаць кожны месяц цвёрдую плату, а не пустыя працадні ў калгасе. I для яго больш чужымі здаваліся тыя, што былі надта модна апранутыя: у паліто з каракулевымі каўнярамі, у пыжыкавых шапках, з рукамі, упрыгожанымі дарагімі пярсцёнкамі, ад іх зыходзіў заморскі водар парфумы. Рамейка заставаўся вясковым чалавекам, якім і быў дагэтуль, пакуль не скончыў вучобы і не застаўся на гарадской працы. Фактычна, ён памяняў толькі вопратку, а душа засталася тая, з якою нарадзіўся і вырас: ад плуга і касы, ад працы з цямна да цямна, ад водару спелага збожжа і саду, ад брэху вясковых сабак і мычання кароў, што ідуць з пашы. I такіх тут, у гэтым разварушаным мурашніку, была большасць...
За другім разам Рамейка амаль скончыў свой доўгі спіс, заставалася яшчэ сёе-тое: не купіў піва, бо яго трэба ўзяць пляшак тры, яшчэ — безалкагольных напояў, пляшку алею, мо яшчэ кілаграмаў колькі бульбы — і будзе досыць. Ну, мо яшчэ трапіцца што экзатычнае, каб здзівіць Ларысу. Яна павінна ўзрадавацца, што яе Рамейка пастараўся папоўніць сямейныя запасы-прыпасы, што на святы яны забяспечаны.
У чарзе, пасоўваючыся павольна да касы, Рамейка ўжо думаў пра тое, як яны правядуць святы, як потым будуць сустракаць Новы год. Гэта будзе іх першы сумесны Новы год, яны павінны сустрэць яго дружна і радасна, каб запомніўся назаўсёды і стаў прыкладам, як трэба цаніць і шанаваць сяброўства, дружбу і каханне... Што і казаць, яго першая жонка была такая, як і ён сам, яны раслі ў аднолькавым асяроддзі, хадзілі босыя ў школу, пасвілі кароў, рабілі ўсю сялянскую працу. Нават думалі падобнымі катэгорыямі, таму разумелі адно аднаго з паўслова...
А Ларыса расла ў іншым асяроддзі, яна дачка настаўнікаў, якія мелі багатых бацькоў, і таму не ведала, што такое нястача да самай вайны, калі беднасць і страх адчулі амаль усе, хто трапіў пад цяжкі ваенны каток. Другая палова яе жыцця аказалася цяжэйшая, горшая, яна хацела вучыцца, але, выйшаўшы замуж, павінна была кінуць вучобу і гадаваць сыноў. Пасля развод з мужам, медыцынскае вучылішча — і праца, і сыны... А потым драма са старэйшым — адмарожаныя рукі... Усё гэта адбілася на яе здароўі, на характары.
Таму Рамейка разумеў, што ключык да сэрца Ларысы падабраць няпроста, вельмі лёгка можна памыліцца — павярнуць не ў той бок. Яшчэ трэба ўлічыць, што ў сям’і яна замяняла сынам і бацьку, на ёй адной ляжала адказнасць за іх выхаванне, і яна ўжывала дзе ласку, дзе злосць, а мо нават і сілу, каб сыны раслі паслухмянымі, працавітымі, сумленнымі, каб не кідаліся ў цянёты распусты, каб абыходзілі нялюдскія кампаніі, не сябравалі абы з кім, а ўмелі выбіраць такіх, якія не пойдуць рабіць нешта дрэннае, але і спыняць тых, хто спакушае іншых. Яна выхоўвала, рабіла з іх сумленных, шчырых людзей, здольных быць апораю грамадства.
Рамейка адчуваў, што Ларыса не адразу перадасць яму ўсе тыя правы і абавязкі, якія за ёй лічыліся, калі была ў сям’і і маткаю і бацькам адначасова. На гэта патрэбен час, пакуль зразумее, што абавязкі бацькі ў сям’і можа перадаць Рамейку, што хопіць ёй і сваіх, жаночых.
Якраз тое, чаго асцерагаўся Рамейка, хутка пацвердзілася. Ларыса прыйшла з працы недзе ў гадзін дзевяць вечара, стомленая, нечым як знерваваная, зусім не ўзрадавалася ад усіх закупаў, а зрабіла выгляд, што дарэмна ён стараўся, навошта ўсё гэта трэба было пачынаць?
Цікава тое, што сучка Магда не кінулася да гаспадыні, нават не ўстала са свайго лежака, як рабіла заўсёды, няйначай адчувала гаспадынін настрой яшчэ з парога.
На кухні Ларыса села на табурэтку, а Рамейка стаяў ля халадзільніка, расчыніўшы насцеж дзверы, і расказваў, што купіў. Яна перабіла яго, махнуўшы рукою:
— Ну хоць бы параіўся, хоць бы слова сказаў...
— Ты пра што? — зрабіў выгляд, што не зразумеў, Рамейка.
— Ты як маленькі, яшчэ і не разумееш. Хоць бы спытаўся...
— Калі, як? Па тэлефоне? Мо ты там занятая, а я буду пытацца, што купіць да святаў? Смешна... — ужо заводзіўся Рамейка, а гэтым заводзіў і Ларысу, якая тут жа выдала:
— Табе смешна, а мне нічуць. Гэтулькі грошай патраціў, а навошта? Зачыні халадзільнік, што ты мне паказваеш?
— Я ж не сабе купляў, а нам усім... А святаў шмат — тваіх і маіх.
— Я і забылася, што ў нас розныя святы. Вось што! Дык ты будзеш святкаваць праваслаўныя?
— Чаму? Я буду святкаваць разам з табою каталіцкія, а потым ты са мною праваслаўныя. Хіба так не робяць? — тлумачыў Рамейка. — У нас жа поўна такіх сем’яў, дзе жонка каталічка, а муж праваслаўны, і наадварот. I ніякіх праблемаў няма. Думаю, што і ў нас так будзе.
— Дык ты накупіў гэтулькі ўсяго спецыяльна? — нібы толькі цяпер дайшло да Ларысы, чаму ён так стараўся.
— Спецыяльна для нас усіх, на ўсю сям’ю, — пацвердзіў Рамейка.
— Нешта я не прывыкла так раскідацца, у мяне не такі вялікі кашалёк... Дарэчы, адкуль ты ўзяў столькі грошай? Вам далі зарплату?
— Не далі, але абяцаюць. А я... пазычыў у аднаго чалавека, — не захацеў прызнавацца Рамейка, у каго ён перахапіў грошай.
— Я цярпець не магу пазычаць, каб ты ведаў. Трэба вучыцца жыць на свае, а не на чужыя. Ведаеш, як стары яўрэй казаў маладому? Пазычаеш чужыя і на кароткі час, а аддаеш — свае і назаўсёды. Ёсць розніца? Яшчэ якая. Запомні.
— А я пазычаў, і не раз. I ў мяне пазычалі. Што тут такога? Не ўсе людзі аднолькава жывуць. I ў нас ёсць бедныя і багатыя, хоць мы крычым, што ў нас усе роўныя, — перахапіў ініцыятыву Рамейка.
— Ну, калі ты і далей так будзеш, то мы не перастанем сварыцца, — сказала суха Ларыса і ўстала з табурэткі. — Ідзі ў наш пакой, трохі астынь, а то ўвесь гарыш, а я тут пагляджу, чаго ты накупляў. Мо яшчэ пахвалю цябе...
Рамейка нехаця пайшоў у іхні пакой, сеў за столік. Было над чым задумацца. Хто ён у гэтай хаце? Прышлы, госць? Чаму ён павінен пытацца, што купляць у краме, тым больш — на святы? На святы закупляюць як мага больш — потым хоць не трэба бегчы ў магазін па кожную дробязь, усё ёсць. Спакой забяспечаны! А тут... Але мо гэта ў яе пад настрой, часова? Як часова і ў яго, што ён надта разагнаўся з закупамі? Былая жонка якраз папракала, што ў яго заўсёды пусты халадзільнік, і каб не яна, дык не было б чым і зуба працерабіць. А тут ён проста хацеў дагадзіць новай гаспадыні, паказаць, які ён рухавы. Ды, відаць, перастараўся, трэба даваць задні ход.
На кухні пачуліся галасы, няйначай, вярнуўся з працы Змітрок. Заскавытала ад радасці Магда, яна чакала яго заўсёды, каб выйсці на пагулянку. Вось бразнулі дзверы, Змітрок вывеў сабаку.
Рамейка не вытрымаў, пайшоў на кухню. Ларыса ўжо як быццам супакоілася, рыхтавала вячэру, кухонны стол быў засланы белым настольнікам, расстаўлены талеркі, сподкі, не хапала толькі хлеба.
— Добра, што ты прыйшоў, — сказала лагодна Ларыса, — нарэж хлеба, але не такімі тоўстымі лустамі, як ты любіш.
— Калі ласка, я ўмею і тонкімі, — весела адгукнуўся Рамейка. — Як гаспадыня скажа.
— Аднак ты дыпламат... Я тут паглядзела нашы прыпасы. На тыдні два, як мінімум, мы забяспечаны. Ты зняў клопат з маіх плячэй... Даруй, што я была з табою надта строгая. Сёння ў мяне настрой сапсаваны, на рабоце пасварылася з санітаркаю...
— Я адразу заўважыў, а яшчэ лепш — Магда. Яна нават не скранулася з месца, як ты зайшла, а так яна цябе заўсёды вітае з радасцю.
— Праўда? — здзівілася Ларыса. — Я нават не паглядзела ў той бок. О, гэта барометр! Яна мне плакаць не давала, як мне цяжка рабілася, калі Віталік вярнуўся... Я плачу, а яна вые, скавыча, кідаецца да мяне, нібы просіць, каб я перастала. I я часам слухала яе, мне лягчэй станавілася...
— Вось бачыш, які ў цябе прыяцель у хаце. I абароніць, і супакоіць... І я яшчэ напрошваюся ў абаронцы! Мо дазволіш?
— Ну, як вы аб’яднаецеся, дык абарона будзе надзейная, згаджаюся, — з усмешкаю сказала Ларыса. — А хто ёлку купіў?
— Наш Змітрок купляў, я яму толькі грошы даў.
— Харошая ялінка, нічога не скажаш. А колькі каштуе?
— Не ведаю, не пытаўся. Зараз вернецца Змітрок, то скажа.
— Няважна, гэта я так... Звычка ўсё правяраць, не давяраць.
— А трэба давяраць, але правяраць. А ў цябе — наадварот.
— Ну, я жыла адна, сама сабе начальнік. Хто мяне правяраў? Дзеці не ў лік...
— А вось як я стану цябе правяраць, што ты на гэта запяеш?
— Хутчэй наадварот, я цябе буду, даражэнькі мой. А то дай табе волю... Як вось сёння... Але не трэба, хопіць і таго, што нагаварылі...
Вярнуўся Змітрок з Магдаю, сучка адразу кінулася на кухню, весела завіляла сваім надта ўкарочаным хвастом, тыцнулася пысай у падол гаспадыні, відаць, радая, што тая стала такою, як трэба, як заўсёды, прамармытала-прапішчала, нібы нешта хацела сказаць, а мо нават папрасіць, бо на стале ўжо было раскладзена ўсяго смачнага і вельмі пахкага для чуйнага носа, якім яна паводзіла ва ўсе бакі.
— Дай шкурку ад кілбасы, хай паласуецца, — сказала Ларыса Рамейку. — Хоць гэта ёй як слану камар.
Рамейка ўзяў са сподачка шкуркі, але даваў іх з рукі. Яна не хапала, як галодны сабака, а брала далікатна, асцярожна, каб не параніць рукі гаспадара.
— Малайчына, Магда, малайчына, — пахваліў яе Рамейка і пагладзіў па карку. — Пачакай трохі, яшчэ нешта атрымаеш...
Змітрок памыў рукі, зайшоў на кухню і сказаў:
— Мо вам што памагчы? — І глянуў на матку, на айчыма.
— Нічога не трэба, ты ўжо там прыбірай нашу ёлачку, вельмі ж харошая табе трапілася, — сказала маці сыну.
Рамейка зашапацеў папяровым мяшэчкам, аддаў Змітраку.
— Вось цукеркі, спецыяльна для ёлкі, развешвай. Можаш і сам пакаштаваць, — сказаў хлопцу, і той неяк сарамліва ўсміхнуўся.
— I гэта ўсе цукеркі? — спыталася Ларыса.
— Чаму ўсе? Вось яшчэ адзін пакет. Тут усякія-розныя, і лепшыя, і горшыя. Ведаеш, як купляў? Ззаду напіраюць, крычаць: што ты там валаводзішся? Ты не на рынку! Часу і так мала, а ён перабірае-выбірае! А самі потым тое ж самае робяць. Але ім можна, а мне — не...
— Ах, як ты, бедны, напакутаваўся, — жартам паспачувала Ларыса. — Будзеш мець ад мяне спецыяльную падзяку.
— О, рады старацца, — так жа жартоўна адказаў Рамейка і абняў Ларысу за талію, моцна прыціснуў да сябе.
— Ой, што ты робіш? У мяне яшчэ клопату гэтулькі, а ён са сваімі сантыментамі. Пусці, а то сыну паскарджуся, — вызваляючыся, са смехам гаварыла Ларыса. — Бярыся за што-небудзь, дапамагай, а не...
Яна недагаварыла, пачала парадкаваць на стале, даводзячы ўсё да аднаго, ёй патрэбнага ладу.
— Ведаеш, хацела спячы які-небудзь пірог ці што лепшае, але раз ты купіў і пірог, дык ужо не буду, — сказала прымірэнча Ларыса. — Дарэмна я на цябе нашумела спачатку. А як паглядзела, дык ты накупіў якраз таго, што трэба. I мо нават нічога лішняга, калі не лічыць гарэлкі. Але хай будзе, раптам які госць у хату...
— Вось бачыш, — акрыяў Рамейка ад яе пахвалы. — Хоць я таксама сыходжу з прынцыпу, што лепш недадаць, чым перадаць, лепш недаесці, чым пераесці...
— Лепш недапіць, чым перапіць? — прадоўжыла Ларыса.
— Менавіта. Вось паслухай, што кажа на гэты конт вялікі лекар Гіпакрат, твой настаўнік, дарэчы: працуй у меру, еш у меру, спі ў меру, пі ў меру і кахай у меру — ды даўгавечны ты будзеш на зямлі.
— А я і не ведала. Мудра сказана, — згадзілася Ларыса. — Хоць, падумаўшы, дык у кожнага свая мера.
— Але ёсць жа нейкая агульначалавечая мера, — не згадзіўся Рамейка. — Вось гэтыя талеркі, міскі — яны разлічаны на сярэдняга чалавека, каб ён з’еў гэтую мерку і больш не прасіў.
— Але ж ёсць і такія, што яны з’ядуць тры такія меркі, і ім будзе мала.
— Дык яны аб’ядаюцца, укарочваюць сабе жыццё. Іншая рэч, што іх не навучылі правільна карыстацца дарамі прыроды. Ім хочацца як мага больш, як мага смачней.
— А наконт кахання што ты скажаш? — спыталася Ларыса як з нейкім падтэкстам.
— I з каханнем тое самае. Як кажуць, з калодзезя ўсёй вады за адзін раз не вып’еш. Некаторыя хочуць узяць ад прыроды ўсё адразу, і як найбольш, і надрываюцца. А хто памяркоўны, той будзе ў выйгрышы.
— Гэта ты з тэорыі бярэш ці больш з практыкі?
— Хутчэй з практыкі... Скажу шчыра, што я цягну, але не надрываюся. Мо таму і бедны...
— Ты лічыш, што ты бедны? — Ларыса паглядзела на яго з недаверам.
— А што, хіба па мне не відаць? — Рамейка стаў у позу: вось глядзі. Ён быў апрануты ў сваю рабоча-выхадную форму — касцюм цёмна-шэрага колеру, у якім хадзіў на працу.
— Можна сказаць, што ты серадняк, як раней гаварылі.
— Можа й так, я серадняк, гавару пад рыфму.
— А чаму ты не паэт? — спыталася раптам Ларыса. — Ты нейкі трохі паэтычны, мог бы пісаць і вершы.
— Паэтам стаць не так проста, як здаецца. Для гэтага трэба мець талент, а яго ў мяне няма.
— Адкуль ты ведаеш? Мо ён у табе сядзіць, — заспрачалася Ларыса.
— Каб сядзеў, дык ужо даўно вылез бы наверх... Вось і ўсё. Не поп — не ўбірайся ў рызы, як раней казалі.
— Шкада, — уздыхнула Ларыса. — Я толькі думала, што ты навучыш мяне пісаць вершы. Я сама трохі папісваю, мо гэта і смешна.
— Што тут смешнага? Калі-небудзь мне пакажаш. Я ў вершах разбіраюся, добры ад кепскага магу адрозніць.
— Буду мець на ўвазе, — зазначыла як сама сабе Ларыса. — Але нешта мы доўга гаворым, а вячэра чакае. Сёння трэба было сустрэць першую зорку на небе і садзіцца за святочны стол. А мы дацягнулі да позняга вечара. I ўсё з-за каго? З-за цябе, мой пане...
Яна зняла са сцяны абразок Маткі Боскай з Сынам на руках і паставіла яго ў цэнтры стала, рассунуўшы талеркі з ежай. Потым знайшла свечку з падсвечнікам, якая стаяла на падаконні, а Рамейка ўзяў запалкі і запаліў свечку. Ларыса паставіла яе перад абразом Маткі Боскай, агледзела ўвесь малюнак і кіўнула сабе галавою, як ухваляючы: добра-добра.
— Ідзі кліч Змітрачка, як ты яго называеш. Мо сядзіць дагэтуль галодны, а бацька нават не пацікавіцца, — паўшчувала лёгка Рамейку.
Змітрачок усе яшчэ танцаваў ля ялінкі, падвешваў цацкі і цукеркі, тут круцілася і Магда, глядзела, што ён вырабляе і нібы хацела дапамагчы — хадзіла за ім следам, а калі ён спыняўся, сядала на свой кароткі хвост і чакала.
— Ну, хлопча, пойдзем, мама кліча. Калі што і недарабіў, дык пасля паправіш.
Пайшлі на кухню, следам, а потым першая, трухала Магда. Яна сёння была надта ўзбуджаная, як ведала, што ў хаце свята, бо так пахла рознымі прысмакамі, аб якіх яна ведала толькі па паху, а пакаштаваць мо і не давядзецца.
Ларыса стаяла перад абразом Маці Боскай з Сынам на руках нейкая ўрачыстая, мо яна тут ужо малілася без іх. А як яны зайшлі, узяла кніжачку-малітоўнік, разгарнула на патрэбным месцы і сказала, што хоча прачытаць верш-малітву, якую чытаюць вернікі ў часе Божага Нараджэння. Яна чытала па-польску, выразна, прачула, а яны стаялі, глядзелі на абраз Маці Божай і слухалі:
Spiеwajac Bogu hymn radoś
Pasterzom się ukazał Pasterz,
Kturego mocą ś
Wszystkim rodzinom udziel, Сhryste,
Pokoju, zgody i wesela;
W Tobie niech znajdą jedność serca
I pomoc w ciężkich chwilach próby.
Малітва была доўгая, Ларыса прачытала яе да канца, перахрысцілася па-каталіцку, усёю далоняю, а Рамейка хрысціўся трыма пальцамі.
— А цяпер можна садзіцца за стол. Пераломім аплатак і пакаштуем, — сказала Ларыса. — Вось гэта наша куцця. Трэба пачынаць з яе. А потым — хто што хоча.
— А ў нас на куццю пад настольнік падсцілалі сена, потым выцягвалі і мералі: у каго даўжэйшая травіна, таму лепшы лён зародзіць. Хоць мы яшчэ нічога не сеялі, малыя былі. За сталом мне запомніўся смажаны селядзец і сушаныя тараны на ражэнчыку. А ў школе — танец укругавую вакол ёлкі, я тады ў першы ці другі клас хадзіў, у польскую школу, — з ходу, неяк нечакана для сябе, загаварыў Рамейка, хоць, здаецца, дарэмна, бо момант быў не такі, каб расказваць пра дробязі са свайго маленства.
Вячэра працягвалася, усе добра прагаладаліся і елі дружна, хвалілі гаспадыню за смачныя стравы. Рамейка ўспомніў пра сваю прамашку, што забыўся купіць торцік, і ўсе — Ларыса і Змітрок — дружна запляскалі ў ладкі: як так магло здарыцца, што гэтулькі ўсяго накупляў, а пра самае смачнае-салодкае забыўся? Проста ганьба гаспадару!
Рамейка апраўдваўся як мог, прыдумляў розныя прычыны — там разабралі, там яшчэ не прывезлі, а там чарга на вярсту, але нічога не памагло: мінус у яго працы аказаўся вялікі.
Пра напоі зусім забыліся, Рамейка ўспомніў пра піва і прапанаваў прамачыць горла гэтым дэмакратычным трункам, і яго сямейнікі згадзіліся. Піва аказалася смачным, хоць было «Жыгулёўскае», а не якое сваё, барысаўскае ці брэсцкае.
— А торцікам усё-такі не шкодзіла б закусіць, — падкалола Рамейку Ларыса.
I Рамейка абяцаў, што сваю памылку паправіць заўтра.
У канцы яны яшчэ спявалі калядныя песні, сярод іх была і такая, са школьных гадоў:
Wśród nocnej ciszy głos się roschodzi:cie, pasterzе, Bóg się wam rodzi, Pana. I Рамейку зноў успаміналася ўжо такое далёкае маленства.
Wstań
Czem pręndzej się wybierajcie,
Do Betlejem pospieszajcie przуwitać
25
За дзень да Новага года Рамейка вырашыў схадзіць да сваіх дзяцей, жонкі, хоць ужо і былое. Пасля працы зазірнуў у краму, узяў пляшку віна, цукерак, пару шакаладак, у газетным кіёску кінулася у вочы кніжка пад назваю «Як быць прыгожай», і ён яе купіў — якраз тое, што трэба для школьніцы, для студэнткі, а нават і для Марыны, цяпер яна вольная, хай думае, як падабацца мужчынам, мо яшчэ хто і прылашчыць.
Вось жа ён знайшоў сабе пару, хоць і пазнавата. Але мо так і лепш — дзеці ўжо амаль сталі на свае ногі, адна канчае школу, другая — інстытут. Ужо не так будзе балець душа, калі б яны былі малыя. Ды і Марыне з такімі дзецьмі не так цяжка, як было б з малымі: самі могуць і згатаваць сабе, і пад’есці, і што ў кватэры зрабіць, навесці хоць парадак.
Сёння ў галаве ў яго было неяк пуста, на сэрцы спакойна, нібы вяртаўся, як тады, раней, калі жыў тут і лічыўся гаспадаром. Але як зайшоў у пад’езд, стаў на ліфце ўзнімацца на дзевяты паверх, сэрца страпянулася, нібы ачнуўшыся ад нейкае свае спячкі ці раўнавагі: паскорылася дыханне, ён адчуў сябе нібы перад экзаменамі, які будзе рашаць яго лёс. Што за чалавек! — лаяў сябе. Кожны раз ты нейкага д’ябла перажываеш усю гісторыю так, нібы яна вось толькі з табою адбылася. Але ж час ужо прывыкнуць, абабіцца, не камплексаваць, як цяпер кажуць. А ты ідзеш, нібы хочаш невядома чаго: каб табе сказалі вярнуцца, папрасілі прабачэння за душэўны парыў, выкліканы рэўнасцю, якая мае вялікую сілу над чалавекам і часам даводзіць да бяды. Што ж, бяда адбылася мо і не такая страшная, усе засталіся цэлыя, але развалілася сям’я, затое ўтварылася новая. Як быццам усё ўраўнаважылася, будуць толькі перажыванні: у адной сям’і — горкія, балючыя, у другой — мо нават прыемныя, мо з надзеяй на лепшае, чым тое, што было дагэтуль.
Не, сэрцу не скажаш: супакойся, замры! Гэта незалежны апарат, яно само ведае, што рабіць — калі заміраць, маўчаць, калі хвалявацца, вырывацца з грудное клеткі. I праграму яму задаеш не ты сам, хоць гэта і твой орган, а нехта нябачны, які ёсць і якога няма, і ты не можаш пэўна сказаць, што гэта ці хто гэта. Хоць хутчэй скажаш: не нешта, а нехта. Нехта ім кіруе незалежна ад цябе...
Рамейка хацеў пазваніць у дзверы, але ў апошні момант перадумаў і адамкнуў сваім ключом. Зноў такі знаёмы, такі свойскі пах жытла, які не выветрываецца, які жыве і будзе жыць тут доўга, хоць яго самога тут няма, і ўжо не ён робіць тут атмасферу, а яна існуе і ствараецца без яго...
— Хто дома? — спытаўся гучна, бо ніхто не выйшаў у прыхожую.
З кухні выскачыла старэйшая дачка Лена — у доўгім матчыным халаце, з кароткаю прычоскаю, з грыўкаю амаль да вачэй.
— Бацька прыйшоў! — крыкнула яна, павярнуўшы галаву да кухні. — Даўно не бачыліся. Вітаю! — Гаварыла такім тонам, што не разабраць: ці то жаратам, ці сур’ёзна? — Мы якраз абедаем ці вячэраем. Мама толькі з работы. Распранайся, ці што? Мама, ідзі прымай госця! — зноў крыкнула на кухню Лена.
Выйшла Марына — у сіняй трыкатажнай сукенцы з кароткім белым фартушком паўзверх яе, гладка прычасаная, як здалося Рамейку, пахудзелая з твару.
— Ах, які важны госць, — сказала замест вітання і дадала: — Як галодны, то ідзі да стала, дам талерку супу. — І схавалася на кухню.