Вельмі тактоўна і вельмі разумна паводзіў сябе цесць Паўлюк, каб не ён, невядома чым усё скончылася б. Ва ўсякім разе, быў бы сапраўдны цырк на дроце, як цяпер кажуць. А так усё неяк згладзілася, закруглілася і пад канец стала на месца, і разышліся яны спакойна і мірна, як культурныя людзі. Малайчына, стары Петрыкевіч, аўтарытэт у яго ёсць, і галава варыць таксама адпаведна. Мо і дачка Марына ў яго ўдалася, толькі з твару яна была больш падобна да маткі Юстыны, і скупаватая такая, хай даруе нябожчыца. Ці мо лепш сказаць — ашчадная. Каб не раскідаць, каб не перадаць, каб зэканоміць, пакінуць назаўтра...

Што яшчэ ўсплыло яму ў памяці? Мо мала ён даў грошай на ўсе расходы? Палову той сумы, якую яму адвалілі на дапамогу, як ведалі, што грошы яму прыдадуцца... Усёй не асмеліўся, а што потым самому? Лапу смактаць? Паколькі ён былы, дык што з яго возьмеш? Што дасць, тое і возьмеш... Мо і пакрыўдзяцца Петрыкевічы, але няхай, усё роўна іх крыўда на яго не паменшае, колькі ні дай, хутчэй пабольшае...

Вось і яго дом... Толькі цяпер яму стукнула у галаву, што ён не думаў пра яго гэтыя два дні, а сёння нават ні разу ў думках не заляцеў сюды, не ўспомніў пра Ларысу: дзе яна, што з ёю? Ці думае яна пра яго? Напэўна ж, яна перажывае, хвалюецца і чакае, а яму проста не было вольнай часіны, ні вольнага месца ў галаве, каб пабыць з ёю, яна нібы выветрылася з галавы, а ўсё вольнае месца засланіла тое, што рабілася перад вачыма: могілкі, дамавіна адкрытая, з Марыніным целам, а потым засыпаная магіла, магілка, уся закрытая вянкамі і кветкамі, хоць у канцы другога месяца вясны іх яшчэ не выгадавалі ў агародах і клумбах... Цёплы, з прыхаванаю ўсмешкаю на вуснах, развітальны позірк з партрэта, які застаецца вартаваць яе магілку... Бывай, дарагая Марына, я Цябе не забуду ніколі... Мала я Цябе шкадаваў...

А жалобная вячэра выглядала такою тлумнаю, што пра Ларысу яму не давялося нават успомніць, нібы яе наогул не існавала на свеце. Ён там быў — і жыў тым, чым жыў яшчэ нядаўна, паўгода назад, калі яго душа і цела поўнасцю належала гэтаму месцу, яно адно яго цікавіла, і прыцягвала, і больш нічога не існавала. Так і сёння: былі такія свойскія сцены, паліцы з кнігамі, сталы, за якімі сядзелі знаёмыя і незнаёмыя людзі, якія пілі, елі, гаварылі, плакалі, але зноў жа былі прывязаныя да гэтага месца, да той трагічнай падзеі, якая тут адбылася, а яе адгалоскі гучаць няспынна, як працяглая музыка арганаў, у якой, здаецца, не было пачатку і не будзе канца, а застануцца гучаць толькі пералівы мелодыі.

I нават калі ён выйшаў са свайго былога дома і правёў Таццяну, ён не падумаў, куды ідзе і чаго: галава поўнілася тым, што адбывалася хвіліну назад. Толькі ўбачыўшы дом, ён як нехаця, памяняў кірунак сваіх думак, нібы памяняў кружэлку на дыску. Нават здзівіўся: як так можна? Усё рабілася само сабою, нібы ён стаў на момант якім аўтаматам.

Вось і яго новы — як яго цяпер называць? — дом, тут трэба ісці асцярожна, каб не сутыкнуцца з якім п’яным, якіх вечарам шмат, нібы яны п’янеюць проста ад цемры, хоць і не такой густой, як у вёсцы. Яны могуць папрасіць закурыць, могуць папрасіць рубель-два на чарніла, могуць і палезці цалавацца ці біцца — ім усё роўна, абы разладаваць сваю нерастрачаную энергію.

Але ён сваю дарогу да пад’езда прайшоў спакойна, ні з кім не сутыкнуўся, у вестыбюлі было, як заўсёды, насмечана за працоўны — сёння суботні — дзень, у ліфце таксама валяліся недакуркі і луска ад сланечкікаў. Засмечаны ліфт узнімае яго на сёмы паверх. Ключы ён пераблытаў, доўга важдаўся, пакуль знайшоў памылку. Там ключ адзін, тут — другі, нешта падобнае як з чалавечымі сэрцамі: не да кожнага хутка знойдзеш патрэбны ключык, мо каб хіба залаты...

Ён увайшоў у прыхожую, да яго першай кінулася Магда, ткнулася носам у калена. Тут жа паказалася Ларыса ў халаце, устрывожаная, як спалоханая, засыпала яго пытаннямі:

— Чаму так доўга? Як жа ты? Як там усё прайшло? Расказвай! Я цябе так чакала...

Рамейка распранаўся, быў нейкі запаволены, як сонны.

— Пахавалі чалавека... Нічога новага і цікавага... Усё прайшло ў рамках, хоць часам і выходзіла за іх... Была вячэра, усе хвалілі нябожчыцу... Трохі плакалі... Трохі сварыліся...

— Неяк ты гаворыш, як п’яны: пахавалі чалавека, нічога тут новага... Ад цябе такое пачуць — неяк нязвычна... Гэта ж твая жонка. Як ты так гаворыш? — здзівілася Ларыса.

— Ну і што, калі жонка? У мяне ўсё ўжо адбалела, слёз няма. Пустата... Ведаеш, як з калодзезя вычарпаюць усю ваду? Патрэбен час, каб яна найшла зноў...

— Можа, твая праўда, не ведаю. Хадзем на кухню. Ты мо галодны?

— З памінкаў галоднымі не вяртаюцца, гэта не з вяселля, — адказаў Рамейка. — Мо ты не вячэрала, тады пайшлі.

— Не, мы вячэралі. Змітрок ужо спіць. А я ўсё цябе чакала, не магла заснуць, аж галава разбалелася.

— I ў мяне цяжкая галава, як чыгун з вадою. Піў у жывот, а пайшло ў галаву.

Ён разумеў, што гаворыць абы-што, зусім не тое, чаго чакала ад яго Ларыса. Але чамусьці патрэбных слоў не знаходзіў, была нейкая верхаводка, а мо проста не хапала сілы вярнуцца ў тое асяроддзе, у тую атмасферу, у якой ён нядаўна варыўся. А мо нават быў нейкі падсвядомы пратэст арганізма — не націскаць на балючую кропку, а ўцячы ад яе як мага далей, выкінуць з галавы тыя думкі і вобразы, якія панавалі ў ім тады, — балючыя, цяжкія, нават невыносныя, на мяжы цярпення, каб яны не мучылі болей, хоць ён разумеў, што патрэбен час, каб нешта новае выцесніла, сцерла малюнкі былога. Але тое, што нядаўна адбылося, што там засела глыбока, набыло надта цяжкую масу, трывалую аснову, каб ад яго нельга было пазбыцца так лёгка...

— Ты даруй, Ларыса, што я гавару не тое, і не таму, што п’яны, а таму, што цяжка ўзнаўляць тое, што балела, што яшчэ баліць. А баліць мне, апрача ўсяго іншага, тое, што дзеці застаюцца адны, ім дадзена вольная воля...

— Будуць жыць адны, без нікога болей? — здзівілася Ларыса. — Нешта не надта разумна вы прыдумалі.

— Ты кажаш «вы»... I я так лічу, але мяне і слухаць не сталі. I дзеці прынялі іх варыянт, хоць мо і пад ціскам усіх Петрыкевічаў, іх там шмат... Праўда, бацька Петрыкевічаў разумны чалавек, ён прымірыў абодва бакі, сказаў так: няхай будуць покуль што адны, а там будзе відаць — у сэнсе, што не трэба далёка загадваць. Лічу, што з такім меркаваннем можна згадзіцца. Паглядзім, як дзеці змогуць карыстацца сваёю вольнаю воляй. Калі што не так, — будзем прымаць меры. Як ты на гэта глядзіш?

— Можа, так і добра. Час пакажа, — коратка сказала Ларыса.

Яны пасядзелі яшчэ на кухні, пагаварылі, пабедавалі разам і пайшлі спаць. Была гадзіна ночы.


30

Чамусьці да Рамейкі ў галаву ўбілася адно параўнанне, якое ну ніяк не хацела адтуль выбавіцца.

Ёсць у кожнага чалавека, а нават народа, нейкая важная кропка адліку, нейкая мяжа, нейкая печка, ад якое ён пачынае свае скокі. Звычайна гэта землятрусы, патопы, войны, якія пакідаюць на зямлі і ў свядомасці людзей глыбокія ці менш глыбокія змены, бо, як правіла, не абыходзіцца без ахвяраў: сям’я можа страціць сваіх сямейнікаў — бацьку, сыноў, нават малых дзяцей, а дзяржава, народ часам траціць тысячы і нават мільёны сваіх грамадзян, доўта залечвае раны, аднаўляе страты, а людзі, што перажылі ліхалецце, ужо не могуць яго забыць ніколі, перадаючы памяць пра яго сваім дзецям і ўнукам. Таму народ ніколі не забудзе войнаў, што агнём пажараў і разбурэнняў пракочваюцца па зямлі, пакідаючы руіны і папялішчы. А людзі не забудуць тых сваіх сыноў і дачок, што сталі на дарозе гэтай бесчалавечнай стыхіі, а кожная сям’я доўга яшчэ будзе аплакваць сваіх сямейнікаў, што загінулі самі, ратуючы жывых. «Гэта было да вайны, я толькі пайшла ў школу», — скажа якая цётка, апавядаючы ўнуку нейкую гісторыю са свайго жыцця. «Гэта было пасля вайны, я вярнуўся дадому інвалідам, хата згарэла, усё трэба было пачынаць на голым месцы», — скажа барадаты дзед сваёй унучцы, успамінаючы цяжкі і галодны пасляваенны час і пастукваючы пучкамі пальцаў па сваёй драўлянай назе...

Цяпер сам Рамейка, успамінаючы што-небудзь, гаварыў сабе: «Гэта было да разводу» або «Гэта было пасля смерці Марыны»... Усё неяк змясцілася ў адно непарыўнае, яго «хатняя вайна» стала той кропкаю адліку, які ў яго памяці і свядомасці застанецца да канца, пакуль ён жывы. Застанецца калі не ваенным асколкам, то цвіком, тым цвіком, які забівалі ў Марыніну дамавіну.

I чым большы адрэзак часу аддзяляў яго ад тое чорнае даты, тым больш ён усведамляў, што страціў і каго страціў. Дзіўная рэч! Калі жыў побач, калі разам гадавалі дзяцей, хадзіў на працу, прыносіў у хату нейкія грошы, купляў у краме хлеб, малако і іншыя патрэбныя рэчы, усё здавалася надта звычайным, шэрым і будзённым, ад чаго часам хацелася ўцячы. Ён мо толькі цяпер зразумеў, што Марына таксама хавалася ад будзённасці свайго жыцця ў працу, што яна ўвесь свой вольны час траціла на нейкі занятак, замест таго каб схадзіць у кіно ці ў тэатр, у госці да сяброў па працы, да суседзяў па пляцоўцы. Нельга сказаць, што яна, што яны гэтага не рабілі, але то была кропля ў моры іхняга жыцця, яна не рабіла пагоды, не афарбоўвала яго ў светлыя фарбы, а заставалася шэрым і будзённым. А трэба было, каб яно засвяцілася ўсімі колерамі вясёлкі — можа, тады ў іх не ўзнікла б гэтая «хатняя вайна», якая прывяла да ахвяраў, праўдзівей, да ахвяры. I як вялікая вайна яшчэ доўга адбіваецца на лёсах людскіх, як яшчэ доўга не знікаюць беды і пакуты, так і ў Рамейкі — яшчэ гэтая вайна не скончылася, бо яе адгалоскі яшчэ чуваць, яшчэ адбіваюцца нават на ім, а яшчэ больш — на яго дзецях, і ўскосна — на яго новай сям’і, асабліва на Ларысе.

Паступова, але няўхільна, Ларыса ўцягвалася ў гэтую кругаверць, у яе свядомасці ўжо напэўна ўзнік асобны куток, які збіраў разам усе Рамейкавы сямейныя дзеі таго часу, калі ён жыў да разводу, і ўжо новыя, пасля смерці першай жонкі, сартавала іх, раскладвала па палічках, рабіла нейкія свае высновы і нават прагнозы на будучае. Яна пра гэта яму не скажа, мо некалі пасля, ці, як не зможа ўтрымацца — параіць, папярэдзіць ад памылкі, сказаць, што так няможна рабіць, бо гэта грэх, ці яшчэ нешта падобнае.

Рамейка рабіўся маўклівым, менш гаварыў, мала смяяўся, на лбе, над пераносіцай, прарэзалася маршчына, падобная на клічнік, і стала нібы працягам яго і так доўгага носа, а вочы яшчэ больш пахаладнелі. Май выдаўся непрыветлівы, з нізкаю тэмператураю і начнымі замаразкамі, што турбавала вясковага па натуры Рамейку, які хоць і жыў даўно ў горадзе, а не забываўся, як важна для селяніна, для зямлі і прыроды цяпло ў час, дождж у пару, — каб і трава вырасла, і грады не засушыла, каб і збажына не палегла, і ўмалотная была. Жыў ён у горадзе, а душою хварэў за вёску, за яе працавітых і цярплівых людзей. Здавалася б, што для яго халодны май? А вось жа на сэрцы было неспакойна. Яшчэ было неспакойна за дзяцей. У малодшай пачаліся канікулы, вясёлая пара, а для яе весялосці не было, яна перажывала за матку мацней за старэйшую, якая цяпер здавала экзамены, канчала трэці курс і павінна была пераводзіцца ў сталіцу. Калі яны стануць жыць разам, тады Рамейка ўздыхне вальней, хоць па гадах яны не гадзяцца ў адну кампанію — розніца ў пяць гадоў нешта ды значыць як у фізічным сэнсе, так і ў духоўным, сябраваць яны будуць як сёстры, як дзеці адной маткі, а духоўнага, душэўнага яднання можа не адбыцца...

К сярэдзіне май-травень выраўняўся, пацяплеў, а другая палова набліжалася ўжо да лета — тэмпература за дваццаць, сонца грэе па-летняму, часам пройдзе дождж, а то ліне і спорны — любата.

Тым часам старэйшая дачка здала сесію паспяхова, на «чатыры» і «пяць», стыпендыю сабе зарабіла. Дзядзька Яўген Петрыкевіч пастараўся з пераводам, аказалася, што трэба стос усякіх даведак, асабліва тут, у Мінску. Добра, што знайшлося вольнае месца на чацвёртым курсе, бо, як правіла, студэнты адсяваюцца па розным прычынах, часта па сямейных, як вось Рамейкава Алена адсеялася з Віцебска.

У Рамейкі лета прайшло ў горадзе, толькі на тыдзень паехаў да сваіх у вёску, і то адзін, бо Ларысе адпачынак абяцалі даць у верасні ці пазней, покуль адпачнуць усе іншыя, сямейныя, а яе яшчэ па інерцыі лічылі адзіночкаю, маткаю, у якое дарослыя дзеці, яна можа і пачакаць.

Неяк у канцы жніўня Рамейка рашыў зайсці да дзяцей, паглядзець, што ў іх там робіцца, як яны — ці гатовы да новага навучальнага года. Выбраў суботу, раніцу, мо яшчэ будуць дома, да таго ж да іх далучылася і іх стрыечная сястра Светка, дачка дзядзькі Яўгена Петрыкевіча, яна стала студэнткаю Інстытута замежных моў. Сапраўды, падумаў Рамейка, лішні чалавек, ды яшчэ сваяк, ім не зашкодзіць, будзе і весялей, і смялей.

Калі ён адамкнуў дзверы і зайшоў у кватэру, яны ўсе трое папалохаліся, выскачылі з кухні і глядзелі на яго як на нечаканае дзіва, у іх, відаць, узніклі нейкія асацыяцыі, нешта звязанае з матчынаю асобай — нібы яе дух адамкнуў дзверы і асцярожна-далікатна зайшоў да іх, каб паглядзець, як яны тут жывуць без маткі.

— Добрай раніцы, — спакойна і роўна, без усякай рысоўкі і лішніх эмоцый павітаўся Рамейка з дзецьмі, якія ўжо трохі асмялелі і заўсміхаліся, як свайму чалавеку. Яны былі ў лёгкіх халаціках, загарэлыя, басаногія, з ускудлачанымі русымі прычоскамі, усе трое рослыя і хударлявыя, трошкі падобныя між сабою.

— Добрай раніцы, — адказала за ўсіх старэйшая дачка, — ты нас напалохаў. Мы ўжо падумалі...

— Што якія дамушнікі? — апярэдзіў яе Рамейка. — Не бойцеся, ключ толькі ў мяне.

— Добра, але ты лепш звані, як будзеш заходзіць. Так неяк смялей — спытаеш хто там, і ўжо ведаеш — свой ці не свой.

— Трэба ўлічыць тваю заўвагу, — згадзіўся Рамейка. — Як ідзе падрыхтоўка да новага вучэбнага года?

— Ідзе поўным ходам, — адказала з усмешкаю старэйшая, малодшыя маўчалі. — Гатовыя хоць сёння...

— Малайчыны дзяўчаты, віншую з пачаткам, каб добры быў і канчатак... Вось вам падмацунак: бананы, памідоры, вінаград...

— Ой, дзякуем! Хадзем на кухню, мы якраз снедаем, — сказала старэйшая. — Можа, ты з намі прысядзеш?

Яны расселіся за столікам, перад кожнаю стаяла талерка, філіжанка з каваю, побач каўбаса, сыр, вараныя яйкі. У вазе на высокай ножцы ляжалі ружова-паласатыя яблыкі.

— Я паснедаў, дзякую, — адказаў Рамейка. — Вы давайце без мяне. Я на хвіліну, паглядзець... Як фінансы? Пяюць рамансы? — спытаўся жартам.

— Ты адгадаў, бацька, — падхапіла яго жарт старэйшая. — Нейкія яны вельмі галасістыя. Чуць што — і пяюць...

— Нам спаць не даюць, — дадала малодшая, першыя яе словы пачуў сёння Рамейка, нейкая яна яшчэ маркотная, маўклівая.

— Неяк мы ўсе ў рыфму гаворым, — заўважыў Рамейка. — А што спаць не даюць, дык гэта і добра. Больш будзеце варушыцца. Пад ляжачы камень вада не цячэ, — супакоіў іх Рамейка. Ён ведаў, што яны будуць мець нейкую дапамогу — са стратай карміцеля, але што яна значыць? — Стыпендыя будзе? I ў цябе, Света?

— Будзе і ў мяне, і ў яе, — адказала старэйшая, а Света кіўнула галавою. — Але хіба гэта грошы? Капейкі...

— Усё ж такі... Бацькі падкінуць, галодныя не будзеце...

Раптоўна азваўся званок у дзвярах. Усе насцярожыліся, старэйшая Лена ўстала, глянула на бацьку і пайшла ў прыхожую, за ёю падаўся і Рамейка.

Пазванілі яшчэ раз, даўжэй, чым першы.

— Хто там? — спыталася Лена ўстрывожана.

— Гэта Наташа, ад цёткі Вольгі, з Оршы. Памятаеш, мы дамаўляліся пра кватэру? — сказаў малады голас з-за дзвярэй.

— Памятаю, — і Лена адамкнула дзверы: — Заходзь...

Ля парога стаяла высокая маладая дзяўчына ў светлай сукенцы, з пышнаю прычоскай, чарнявая, няйначай, студэнтка.

— Не, я зараз схаджу па маму, бацька прывёз мяне на машыне, забяром рэчы. Добра? — яна ўсміхнулася, як бы чакаючы згоды.

— Добра, — сказала Лена, — дзверы будуць адамкнёныя, мы чакаем.

— Баявое папаўненне? — спытаўся жартам Рамейка ў дачкі. — Нешта хутка яны вас абсядаюць...

— А што? Нам будзе весялей. I плата сякая-такая. А месца хопіць. Як ты лічыш?

— Яно так... Але каб толькі яны вас у кут не загналі. Помніш казачку пра лісу, якая папрасілася яе хвост падвезці? Каб і ў вас так не атрымалася.

— Нічога, яны ў мяне не разгуляюцца, пабачыш.

— Пажывём — пабачым, — адказаў Рамейка з недаверам. I як успомніў, спытаўся: — Ну як Віцебск, спадабаўся?

— Спадабаўся лепш за Мінск. Я па ім буду сумаваць.

— Бач ты! Можа, сэрца там пакінула?

— Ты, бацька, адгадаў, пакінула, — прызналася дачка, сумная ўсмешка заблукала ў яе на вуснах.

Пакуль яны гаварылі і чакалі, ліфт спыніўся на іхнім паверсе, пачуліся крокі некалькіх чалавек. Рамейка адчыніў дзверы. Ля парога стаялі трое: першая ўжо знаёмая студэнтка, а ў яе за плячыма жанчына гадоў сарака, няйначай маці, таксама высокая і мажная, і мужчына ў паласатым цельніку з кароткім рукавом, з магутнымі біцэпсамі, ружавашчокі, з каротка стрыжанаю галавою мацак, трохі ніжэйшы за жанчыну.

— Заходзьце, — запрасіў іх Рамейка.

— Добры дзень у хату, — павіталася жанчына. I звярнулася да Рамейкі: — Вы бацька Лены і Гені? Я так і падумала. Вы ўжо прабачце, што мы ў вас не спыталіся, толькі з Вольгаю Петрыкевічаваю і вось з імі перагаварылі... Мо вы і супраць?

— Ведаеце, яны цяпер павінны рашаць самі свае праблемы. А я... ну, як сказаць? Буду глядзець, каб усё ішло ў рамках... Вы згодны са мною? — адказаў Рамейка.

Жанчына паклала на падлогу зялёны рэчмяшок, мацак паставіў вялікі карычневы чамадан, іх дачка Наташа скінула з пляча ёмкую шэрую сумку з мноствам усякіх кішэняў і кішэнек — усё вольнае месца адразу прапала.

— Я згодна, што тут казаць? Дзеці, хоць ужо і дарослыя, але павінны азірацца на бацькоў, раіцца з імі, слухаць. Але ж якія цяперашнія дзеці?

— Як некалешнія чэрці, — адказаў на гэта мацак. — Але падрастуць, то паразумеюць... Як свая вош укусіць — казаў мой дзед.

Рамейка здзівіўся, што яшчэ даволі малады мужчына так добра засвоіў народную мудрасць. I не стрымаўся, каб не спытаць, хто ён па прафесіі.

— Ды я настаўнік, фізкультуру і спорт праводжу ў масы, а яны не надта да яго ласы, — адказаў пад рыфму госць. — Маё прозвішча Жучкевіч, да вашых паслугаў. А жонка мая таксама настаўніца, біялогію і хімію выкладае, Галінаю зваць. — І ён моцна паціснуў Рамейкаву руку. — Вы ўжо прабачце, што нас тут шмат аказалася.

— Мо якраз гэта і добра, — адказаў Рамейка. — Дык я пайду... З вашага дазволу. Віншую вас усіх з новым навучальным годам, жадаю поспехаў, сказаў ён да нечакана шматлікай публікі, што заставалася ў кватэры.

— Шчыра дзякуем, — адказаў за ўсіх настаўнік фізкультуры. — Будзем старацца, каб дарма хлеб не пераводзіць.

Рамейка развітаўся. Дзяўчаты заўсміхаліся, памахалі яму рукамі, запрашалі заходзіць. Трэба сказаць, што яго не надта шакіравала тое, што ён убачыў і пачуў на сваёй былой кватэры. Можа, так і лепш, адны дзеці проста засохлі б ад адзіноты, ад страху, ад цяжкіх успамінаў, а тут сабралася такая капэла! Чатыры дзеўкі! Тут можна арганізаваць што хочаш: і добры квартэт, і несусветны балаган. Трэба будзе вока з іх не спускаць, шмон рабіць нечакана і перыядычна, каб яны не заставаліся без кантролю. Вось забыўся сказаць, каб зарубілі сабе на носе: ніякіх хлопцаў сюды не вадзіць!

Хоць яны не надта цябе, Рамейка, паслухаюць, і свае, і чужыя. Яны тут будуць як дома, дай толькі час. Але пабачым! «Я вас прыцісну, козы-стракозы, вы ў мяне не раз пакаштуеце бярозавай кашы!» — страшыў у думках Рамейка і сваіх дочак, і наезджых студэнтак.

Чым далей адыходзіла назад тая чорная дата, тым хутчэй пачынаў ісці час для Рамейкі, а ён паступова рабіўся сам сабою, праўдзівей, тым, кім быў заўсёды. На працы ўсё як быццам ладзілася, сутычак з начальствам ён не меў, з аўтарамі — тым болей, якраз з аўтарамі ў яго часта завязваліся сяброўскія стасункі, і мо таму, што Рамейка, як правіла, станавіўся на іх бок, абараняў ад крытыкі высокага начальства, якое часам бачыла крамолу там, дзе яе зусім не было. Так званая крамола для начальства была страшней, чым для Рамейкі, бо яно магло ў выпадку чаго страціць свае мяккае, цёплае і выгаднае крэсла. А страціць крэсла — гэта страціць усё, загубіць кар’еру, на якую патрачана гэтулькі сіл і здароўя. Ды з-за чаго, ды з-за каго? З-за нейкага там аўтара, які напісаў нейкую ахінею, а рэдактар яго яшчэ і абараняе. Можна падумаць, што яны сааўтары і потым будуць дзяліць ганарар, калі выйдзе кніжка, пасмейвацца са свайго начальства, якое яны абвялі вакол пальца. То добра, як усё пройдзе ціха і гладка, а як пільны пенсіянер прачытае тую кніжку ды напіша ліст у форме даносу самому сакратару вышэйшай установы, а той дасць каманду свайму рэферэнту разабрацца і далажыць? А разбірацца яны ўмеюць, на гэтым зубы з’елі, пастараюцца да сёмага поту, каб дагадзіць высокаму начальству. I завараць такую кашу, што вунь як доўга давядзецца яе расхлёбваць. I добра яшчэ, як усё скончыцца вымоваю, гэта паўбяды, можна жыць і цярпець, а вось як з працы папросяць? Вось дзе загвоздка! Так што тут лепш перабраць, чым недабраць — і каб тае крамолы і следу не засталося! А рэдактару, што недагледзеў — вымову, каб ведаў другім разам, як глядзець...

Гэта што датычыць працы... А ў жыцці Рамейка нечакана атрымаў удар пад дых. Не так ён, як яго Ларыса. У яе старэйшага сына пачалася сямейная драма: нявестка падала на развод. Мала гэтага, яна адсудзіла ў мужа той пакойчык, у якім яны жылі дагэтуль. Але жыць там не стала, перабралася ў Маладзечна, знайшла там жанчыну і абмяняла свой мінскі пакой на кватэру ў Маладзечне. I цяпер у іх кватэры пасялілася незнаёмая жанчына, а старэйшы сын перабраўся ў пакой да малодшага.

Лёгка падзеі пераказваць, а ўсё ішло доўга, пакутліва, са сваркамі і слязьмі, жаночаю істэрыкай, заняло не менш як паўгода, і Ларыса перажыла новую драму сына мо нават цяжэй, чым ён сам, Віталь. Як здалося Рамейку, ён не надта шкадаваў сваю жонку, мо нават радаваўся, што яе тут няма, а вось за дачушку перажываў моцна і каб пабачыць яе, павінен быў ездзіць у тое Маладзечна.

У дзяцей на Усходняй усё ішло добра і гладка, студэнткі слухалі лекцыі, здавалі сесіі, вучаніца Геня хадзіла ў восьмы клас, старалася, але з матэматыкай спраўлялася туга, студэнткі часам памагалі, іншы раз займалася з ёю школьная сяброўка.

Але адразу пасля Новага года спакой іх быў парушаны, прыехала з Оршы дачка цёткі Вольгі Нэля, якая нядаўна кінула школу, а сюды прыехала радзіць, бо была ўжо на апошнім месяцы цяжарнасці. Такога сюрпрызу дзяўчаты не чакалі, але што заставалася рабіць? Рашылі памагчы дзяўчыне ў цяжкую часіну, да таго ж ім было цікава і нават карысна паглядзець на ўласныя вочы, як гэта няпроста выношваць дзіцятка, калі яшчэ і ўзрост твой не дабраў да нормы, калі ты не замужам, а ужо станеш маткаю, ды яшчэ адзіночкаю, а хто табе аліменты стане плаціць на дзіця, калі той, што яго пусціў на свет разам з табою, такі ж самы вучань, які са страху перад караю можа адмовіцца ад свайго бацькоўства і сказаць, што ён тут ні пры чым.

Наглядная агітацыя сама сабою атрымалася выключная!

Адзінага, чаго не хапала, — гэта вольнага ложка, і яе паклалі на раскладушку, але потым пашкадавалі, і яе сястра Светка з Жодзіна аддала ёй свой ложак.

Роды прайшлі нармальна, нарадзіўся хлопчык, і маладая мама прабыла ў гасцях яшчэ цэлы месяц, пакуль малы набраўся сілы і яго можна было везці ў вагоне да свае Оршы.

Не паспелі дзяўчаткі аддыхацца ад госці з дзіцем, як прыехала яшчэ адна, таксама з Оршы, ад цёткі Волькі, і таксама з дзіцем, але ўжо на сваіх ножках, на гады два, і папрасілася пажыць у іх па нейкай важнай прычыне, а якой — ніхто не ведаў.

Дазнаўшыся пра ўсё гэта, Рамейка горка ўсміхнуўся сам сабе: вось чаго ты, Волька, так крычала на свайго мужа, калі ён сказаў, што бацька павінен жыць з дзецьмі. Каб ён, Рамейка, тут застаўся, не было б табе тут прахаднога двара, дарагая швагерка.

...Аднойчы Рамейку спатрэбілася па рабоце адна кніжка, ён ведаў, дзе яна ляжыць, на якой паліцы, доўга не думаючы, у абед адправіўся на Усходнюю. Не званіў, бо падумаў, што дзяцей няма дома, усе на занятках. Але памыліўся: у кватэры аказалася Геня. Яна апраўдвалася, што праспала, учора позна сядзелі, круцілі прайгравальнік, спявалі і танцавалі, пілі піва...

Рамейку хацелася накрычаць на яе, але стрымаўся, сказаў толькі, што танцы — рэч карысная, але на ўсё трэба мера і свой час, і калі яны і далей будуць працягваць у такім кірунку, то далёка зойдуць і дрэнна скончаць, з чым яна не магла не згадзіцца. Ён знайшоў патрэбную кніжку, якая стаяла на верхняй паліцы трэцяе секцыі, і заўважыў, што побач, у другой секцыі, дзе ўверсе стаяла рэпрадукцыя карціны «Апошні дзень Пампеі», нешта як бы няма апоры, і рэпрадукцыя прагнулася ўсярэдзіну. Ён пасунуў табурэтку, стаў і праверыў: сапраўды, там была пустата, кніжак дваццаць, а то і болей, прапалі невядома калі і куды. Ва ўсякім разе, гэта адбылося нядаўна, так палічыў Рамейка. Цікава, чыя гэта псота? Хутчэй за ўсё, што не студэнтак. Можа, гэтая, што з дзіцем? Недзе яна ўвесь час прападае, нейкія ў яе падазроныя справы...

Геня была здзіўлена таксама, сказала, што першы раз бачыць. Рамейка зрабіў ёй вымову, што ў кватэры беспарадак: ложкі не засланыя, параскідана вопратка, падлога засмечана, на пісьмовых сталах кавардак, на кухні таксама. У канцы сказаў: «Аказваецца, волю вам даваць яшчэ рана».

Ехаў на працу з невясёлымі думкамі. Нешта трэба рабіць, але што? Сварыцца, часцей правяраць? Гэта так, але пойдзеш, а яны за сваё... Трэба будзіць у іх душах сумленне, інакш недалёка да бяды. Каб яны бралі на сябе адказнасць за будучае: што з іх вырасце, хто з іх выйдзе, што яны будуць вартыя і як іх ацэніць грамадства?

Неяк казённа выходзіла, але сэнс ясны: чалавек — аснова, на якой трымаецца ўсё жывое на зямлі, значыць, ён павінен быць моцны і разумны, homo sapiens, інакш — не пазбегнуць катастрофы. Дзеці — наша будучыня, і дрэнна, калі яна ўцякае з нашых рук. А яшчэ лепш сказаў адзін дасціпнік: дзеці — кветкі жыцця, але кепска, як яны распускаюцца. I смехам, і жартам, а сур’ёзна...

Такімі думкамі ён жыў некалькі дзён, пакуль нешта новае не наплывала, не адсоўвала далей, а потым вяртаўся зноў. Часам яны гаварылі пра гэта з Ларысаю, і паступова ў іх складваўся план: кватэру, у якой цяпер жывуць яго дочкі, трэба размяняць, даць ім два пакоі, а сабе ўзяць пакой — ды абмяняць яго з гэтаю вось жанчынаю, што стала іх суседкаю, Антанінаю Пятроўнай, цяпер ужо пенсіянеркаю, а да пенсіі — настаўніцай рускай мовы. Паступова яны больш і больш збліжаліся, яна была, як усе настаўнікі, камунікабельнаю, любіла пагаварыць, абмеркаваць якую падзею, разбіралася ў палітыцы, чытала газеты, глядзела тэлевізар.

Адным словам, яны хутка паразумеліся і сталі добрымі суседзямі. А ўжо калі далей, то высветлілася, што яе бацька быў рэпрэсіраваны, а маці адна гадавала іх, траіх дачок, і іх маладое жыццё было беднае і цяжкае, аднак яны, усе тры сястры, вывучыліся і выйшлі ў людзі. I што здзіўляла: яна, Антаніна Пятроўна, неяк надта спакойна гаварыла пра тое, што яе бацька загінуў недзе ў сталінскім лагеры ў далёкай Сібіры, і ні разу з яе вуснаў яны не пачулі слова, каб яна асуджала той час і тую бесчалавечную сістэму. Можна было падумаць, што яна баялася гаварыць такое, помнячы той страх, які вісеў над ёю гадамі. А з другога боку, дакуль баяцца гаварыць праўду, калі яе ўжо гавораць усе? А мо яна проста не хацела пускаць у сваю душу чужых людзей: гэта маё, і, як я хачу, так і буду ім карыстацца. Мая вось такая думка, а якая — вам не скажу...

I вось Антаніна Пятроўна ўключылася ў кампанію па абмене-размене.

Паколькі часу ў яе было больш, чым у Рамейкі і Ларысы, яна даволі хутка падабрала каманду зацікаўленых асобаў, якія могуць дабіцца патрэбных для сябе выгодаў.

Паскорыў працэс яшчэ адзін выпадак на Усходняй: дзяўчаты з іх кватэры на дзевятым паверсе залілі вадою кватэру на восьмым, і нават на сёмым. Тут іх віна была адноснай, бо ў той вечар адключылі ваду, ці проста яна не дайшла да дзевятага паверха. Кран на кухні застаўся адкрыты, ваду падалі недзе ноччу — і здарыўся цэлы патоп, а маладыя спалі моцна і нічога не пачулі...

Рамейка дамовіўся з пацярпелымі суседзямі, заплаціў за рамонт, а з сёмага паверха ў яго грошай нават не ўзялі, сляды там аказаліся нязначныя.

Відаць, гэта і было тою кропляю, якая перапоўніла чашу Рамейкавага цярпення. Ён аб’явіў студэнткам з правінцыі, каб яны, як скончаць сесію, шукалі сабе месца ў інтэрнаце ці дзе, а ён вернецца да дзяцей, бо бачыць, што так далей жыць нельга.

Студэнткі не пратэставалі і не прасіліся застацца, яны, відаць, і самі разумелі, што іхняе прыстанішча надта перагружана, да таго ж стала неспакойным і нават небяспечным. I свае дочкі згадзіліся з яго планам, бо за год такога, як у цыганскім табары, жыцця, яны сталі да сябе не падобныя: тут ужо можна было звіхнуцца, дайсці да чорцікаў.

Далей усё разыгралася як па нотах. За лета, калі госці ачысцілі кватэру на Усходняй, пачаўся размен. Рамейка атрымаў пакой ад Антаніны Пятроўны, яна атрымала аднапакаёуку ад нейкага там чалавека, дочкі займалі двухпакаёўку-хрушчоўку зусім недалёка ад таго месца, дзе жылі, на трэцім паверсе ў блочным доме, з вокнамі на ўсход. Іхняя трохпакаёўка перайшла да маладой сям’і, якая брала яшчэ матку і бацьку з нейкай там аднапакаёўкі.

Пераезд заняў не так шмат часу, як каштаваў нерваў. Што ўзяць, а што аддаць, Рамейка ўжо вырашыў: пісьмовы стол, дзве кніжныя шафы-этажэркі, дыван на сценку, кніжак, хоць і дзецям пакіне нямала — поўную шафу. Халадзільнік, кухонны гарнітур, швейную машынку, канапу, ложак забіраюць сабе дзеці. Так што яны не павінны крыўдаваць на бацьку, на мачыху таксама.

Пераезд — працэс па-свойму цікавы, хоць і турботны: на свае вочы бачыш, як усталёўваецца новае жытло, новае жыццё. Увачавідкі з твае душы спадае вялізны груз, развязваюцца вузлы, якія здаваліся вунь як цесна завязаныя і моцна заблытаныя.

Антаніна Пятроўна рассталася з імі, як з добрымі прыяцелямі. Рамейка і Ларыса ўрачыста вярнулі сыну Віталю яго страчаны пакой. У іх сям’і аб’явіліся два халасцякі — адзін бывалы, другі малады. У Рамейкі былі, можна сказаць, дзве дачкі на выданні.

Пройдзе некалькі гадоў — і адны пажэняцца, другія выйдуць замуж. Жыццё, як імклівая рака, не спыняецца. Яно дае новыя і новыя сюжэты. Ды яшчэ якія...


1981—82, 2006 гг.


"Полымя", 2007, №№ 4-7

Загрузка...