«Слава в вышних Богу, и на земли
мир, в человецех благоволеніе!»
За два тыдні штодзённых экскурсыяў па сьвятых месцах Арабскае Палестыны паломнікам пашэнціла пабываць яшчэ ў многіх царквах, манастырох, капліцах на мясцох дзейнасьці самога Хрыста або ягоных вучняў, сьвятых эвангелістаў і апосталаў, прызнаных хрысьціянскімі царквамі падвіжнікаў і памнажальнікаў Хрыстовага сьвету. Ніколі не забудзецца наведаньне мясьцінаў народжаньня Хрыста ў Віфлееме, градзе Давідавым, дзе і цяпер пераважна хрысьціянскае насельніцтва. Яшчэ здалёку, пасьля сямікілямэтравага падарожжа з Ерусаліму, ён раптам узьнікае перад зьдзіўленымі вачыма высокай каланчой і вежамі сваёй базылікі Народжаньня Хрыста. Яна ў самым асяродку горада. Даўней, у біблейскія часы, батлейка знаходзілася на поўдзень ад тагачаснага Віфлеему. Тады там хаваліся ў благое надвор'е пастухі з скацінай. З усходу пячоры яна вяла ўніз. Скала прыхоўвала ўваход, закрываючы яго, як брылем, ад дажджоў і паводкі. Гэта была даўжынёю ў 12 мэтраў, ушыркі і вышыню нешта каля трох мэтраў. Тады ўваход знаходзіўся з заходняга боку. Цяпер ён закладзены каменьнямі. Каля ўсходняга канца ў таўстой скале была ніша. Там і адбылося Божае ўцелаўленьне ў чалавека.
У трох кроках ад яго ёсьць іншая ніша ніжэй з выдаўбленым камнем: яна была за кармушку для ягняткаў. Яна і сталася Божаю калыскай.
Здаўна жыхары Віфлеема пакланяліся таму месцу. Пачынаючы ад Першага Ерусалімскага япіскапа вяліся запісы аб ім. Першыя хрысьціяне пабудавалі там Царкву. Рымскі цэзар Адрыян разбурыў яе і паставіў быў там паганскае божышча Адоніса. Але ў 330 г., прызнаўшы Хрыста, цар Канстантын Вялікі паставіў над сьвятымі Ясьлямі цудоўную базыліку. Божым цудам ёй адзінай пашэнціла ўцалець ў разбуральных падзеях часу. У ёй вось ужо больш чымся 16 стагодзьдзяў моляцца хрысьціяне. Праўда, крыжаносцы пабудавалі вакол яе магутныя сьцены. Цяпер сама Царква Народжаньня Хрыстовага бадай што знадворку не бачна. Яна цалкам ўлучаная ў сьцены замку-крэпасьці, якая і ратавала яе неаднокраць ад разбойных наскокаў бэдуінаў. З трох уваходаў у Царкву два былі зусім замурованыя, а пакінуты ўваход у Царкву быў гэтаксама часткава замурованы. Чалавек можа ўвайсьці ў яго адно сагнуўшыся. Гэта каб не дазволіць ўехаць у Царкву бедуінскаму конніку, які і хацеў бы паграбіць у Храме, пазьдзеквацца з хрысьціянскае сьвятыні, ды яму не выпадала злазіць з каня. І цяпер можна бачыць там сьляды архітэктурнае формы высокіх дзьвярэй-уваходу ў Царкву, простакутны портык з перакрыцьцем з цясанага камня наверсе ды з двумя кансолямі-падпоркамі чыста Аттычнае прыгажосьці. Але ў мэтах бясьпечнасьці і пакінутая адтуліна замыкаецца магутнымі жалезнымі дзьвярыма.
Увайшоўшы праз тую адтуліну, наведвальнікі трапляюць адразу ў вялізарную даўгую царкву з высокімі калёнамі карынфскага стылю, што ў два рады ідуць па абодвых бакох, творачы шырачэзнейшыя крылы, крыху ніжэйшыя за цэнтральнае, вышынёю ў 15 мэтраў. Удаўжыню паломнікі ідуць аж 22 мэтры, пакуль дойдуць да ўзьнятага алтара і іконастаса над самім колішнім месцам батлейкі. Да яе вядуць два баковыя спускі па напоўкруглых лесьвіцах. Усярэдзіне хораму на падлозе яшчэ захаваліся рэшткі першапачатнай мазаікі, якія цяпер знаходзяцца пад адмысловай драўлянай накрыўкай, бо сучасная падлога пазьнейшага паходжаньня. Захавалася і старадаўняя купель з чырвонага парфіра.
Трох'ярусны іканастас адлучае высокай сьцяной вялікі алтар, упрыгожаны вялікім абразом Укрыжаваньня. На абразах дарагія рызы. Скрозь вісяць панікадзілы. На калёнах відаць рэшткі бізантычнага царкоўнага малярства. Па бакох галоўнага алтара - бочныя алтары сьв. Міколы (грэцкі) і па аднаму абісінскаму і армянскаму.
Месца Батлейкі ўнізе на ўзроўні мармуровае падлогі абазначана срэбранай зоркай і надпісам: «Тут ад дзяўчыны Марыі нарадзіўся Ісус Хрыстос». Над зоркаю - 15 срэбраных лампадаў. Вышэй - мармуровая дошка за прастол. Над ім зноў лампады. На сьценах - дарагія аксамітныя ткані. Тут праваслаўныя чыняць Літургію. Справа насупраць батлейкі прастол каталіцкі, прысьвечаны тром вяшчунам. Колькі малых панікадзіл і два падсьвечнікі асьвятляюць сярэдзіну першага жыльля Госпада. У заходняй частцы Батлейкі ёсьць колькі пячораў: сьв. Язэпа, дзе яму зьявіўся Анёл, пячора пахаваньня сьв. Ероніма і месца пахаваньня сьв. Паўлы і Еўстохіі. Яны належаць каталікам. Апошнія маюць манастыр, што мяжуе з Царквою Нараджэньня Хрыстовага. Сама ж Царква Нараджэньня належыць праваслаўным. З паўдня да яе прылягае грэцкі манастыр з рэшткамі вежы часоў Юстыніяна. Там жыве Япіскап Віфлеемскі. На падворышчы тога манастыра раскопкі выкрылі агромністыя падземныя магілы з безліччай дзіцяцых касьцей. Відаць, там было масавае забойства дзяцей ў часы Ірада.
Недалёка ад Віфлеема ляжыць поле, агалошанае нябеснымі сьпевамі - анёльскім абвешчаньнем пастухам аб нараджэньні Хрыстовым. На месцы былой Царквы Пастухоў Віфлеемскіх цяпер адно рэшткі вялізарнага фундаманту, фрагмэнты калёнаў і капітоліяў перад спускам у падземную капліцу. Белы Крыж з каменя значыць месца зьяўленьня Анёла. У алтары з бедным іканастасам штотыднёва моляцца арабы-хрысьціяне. На дарозе ў Віфлеем знаходзіцца і грабніца любімай жонкі Якава - Рахілі. Яе шануюць і жыды і магамэтане. Апошнім і належыць тое месца.
Вяртаючыся ў перадвячорны час з Віфлеему ў Ерусалім і праяжджаючы па Есафацкай даліне, падарожны міжвольна прыпадзе паглядам да залітых сонцам залатых купалоў праваслаўнае царквы сьв. Марыі Магдалены. Сем аграмадністых і звычных нашаму воку цыбуляпадобных купалоў аж зіхацяць, пераліваючыся, адбітым сонцам і ўжо здалёку прыгадваюць, што мы, праваслаўныя паломнікі, там, на Сьвятой Зямлі, фактычна ў сябе ў хаце, на роднай нам глебе, зь якою пародненыя агульным Сьвятым Духам, адзіным духовым настаўнікам і агульнымі для нас помнікамі - храмамі ў славу Хрыстовую. І тады мы зноў у думках наведваем сьвятую Магдаленаву царкву, ўзіраемся ў цудоўны іканастас з белага мармуру, арнаментаваны цёмнай бронзаю, прыгадваем такую прыгожую Царскую Браму, цалуем іконы пэндзаля Верашчагіна. Мы ў думках зноў стаім на рознаколернай мармуровай падлозе тае царквы і цешымся з яе багацьця і гульні колераў у гэтак заўсёды па-асабліваму сьветлай ад раскошы сонечнага сьвятла царкве. О, той сьветлы ўспамін ніколі не зьвядзецца ў уяўленьні кажнага чалавека, які яе хоць раз пабачыў у сваім жыцьці.
А хіба можна забыць суседнюю Царкву Ўсьпеньня Божай Маці зь яе шырокай лесьвіцай і ўпрыгожанымі ўрачыстым гарэньнем безьлічы сьвечаў на ступеньках, якія вядуць у падземны Храм, які ўважаецца не адно хрысьціянамі, але таксама і магамэтанамі, для якіх нават і адведзена адмысловае месца малітвы - так званы «міхраб» справа ад грабніцы. Над Гробам Прачыстай Багародзіцы тут у 754 годзе сьв. Іоанн Дамаскін трымаў натхнёную казань у прысутнасьці агромністае колькасьці архірэяў, манахаў і народу. Тут праваслаўные, сірыйцы, армяне, копты, католікі штодзённа служаць літургіі.
А вакол раськінуўся аліўкавы Гефсіманскі Сад, які штодня ўвечары купаецца ў зыркім сонцы і адпраменьвае яго сваёю пашарэлай зелянінай і гушчынёю стройна-высокіх кіпарысаў. За ім уздоўж дарогі зрок вядзе вышэй на Елеонскую гару, месца Ўзвышэньня Госпада Ісуса Хрыста. Там на тым месцы некалі стаяў пастаўлены царыцай Аленай вялікі Храм «Імвамон» без купала, каб маленьнікі сузіралі ў часе малітвы тое самае неба, куды ўзьнёсься Збаўца. Пэрсы яго разбурылі. Цяпер над камнем, зь якога адбылося Ўзьнясеньне, стаіць капліца. Камень з ступнёю Хрыстовай абведзены мармуровай рамкаю. У дзень Узьнясеньня цяперашнія ўласьнікі-магамэтане дазваляюць служыць у двары вакол капліцы ў шатрох. За невялікую плату дапушчаюць аглядаць Божую ступню, т.зв. «Стопачку». На месцы колішняга манастыра крыжаносцаў цяпер там побач з «стопачкай» - мінарэт. Але над усім гэтым на гары Елеонскай (масьлічнай) узвышаецца белай каланчой і праваслаўным крыжом над ёю Царква Ўзьнясеньня Гасподняга і жаночы манастыр пры ім. Каланча вышынёю аж у 64 мэтры. Там жа створаны археялягічны музэй працамі архімандрыта Антаніна. Царква перажыла цяжкія часы турэцкай акупацыі Палестыны, барбарскія зьдзекі над хрысьціянскімі сьвятынямі турэцкага салдацьця, што стаяла нейкі час у царкве ў часе Першае Сусьветнае вайны. Пасьля вызваленьня ад туркаў сёстры знайшлі панішчанымі крыжы, замазаныя вапнай абразы, паламаныя іконастасы. Працамі саміх сясьцёр Царква і манастыр былі адноўленыя, абразы зноў расьпісаныя ў бізантычным стылі. Цяпер вялікі абраз «Хуткапаслушніцы» ўважаецца цудатворным. Вялікія мастацкія каштоўнасьці ляжаць у мазаічных абразах Капліцы Знаходжаньня Галавы Іоанна Прадцечы. На Елеонскай жа гары ў 1907 годзе была распачатая пабудова Храма Страшнога Суду Гасподняга, але вайна і рэвалюцыя ў Расеі запынілі сродкі з Расеі, і Храм гэтак і застаўся пабудованым адно першым ніжнім храмам, які цяпер і носіць назоў Царквы сьв. Філарэта Міласьцівага. Наагул у Сьвятых Месцах можна бачыць шмат не даведзеных да канца пабудоваў цэркваў за кошт Колішняга Расейскага Палестынскага Аб'еднаньня, якое было зачыненае пасьля рэвалюцыі. Пры манастыры на Елеоне маецца малочная гаспадарка, садоўніцтва, золаташвэйная і іконапісная майстроўні, якія выконваюць заказы для ўсёй Эўропы і Амэрыкі. Разам з падаяньнем ахвярных паломнікаў гэта дае змогу эканамічна існаваць манашаскай браціі і сястрычаству, людзям, што шукаюць яднаньня з Богам на Сьвятой Зямлі і ахвяруюць усе свае адлічаныя гадзіны жыцьця Божай службе. Іхняю ахвярнаю працаю Сьвяты Елеон і ўсе сьвятыя мясьціны вакол Граду непарушна стаяць на варце Хрыстовага вучэньня і будуць заўсёды падтрымваць агонь, запалены тут бадай што дзьве тысячы гадоў таму назад.
Усеваладу Ціхановічу было соладка перабіраць у думках чыны тых ахвярных людзей, і ён удзячліва пастараўся мацней зацеміць іх у сваёй памяці.
Ад гэтых думак яго адцягнула пабачаная неўзабаве з вакна аўтабуса далёка ўперадзе насупраць Храма Ўсьпеньня Божай Маці невялікая капліца ў цені кіпарысавай. Гэта было месца пабіеньня каменьнямі сьв. першапакутніка Стафана. На адчыненым паветры стаялі колькі дзесяткаў людзей і маліліся ўкленчыўшы ў знак памяці пакутніка Стафана.
А насупраць Гары Елеонскай у мурох Ерусалімскай Сьцяны Ўсевалад ня ў стане быў і на гэты раз не адзначыць асобна Залатую Браму. Яго ўяўленьне заўсёды хвалявала ідэя Замураванае на доўга яшчэ, мабыць на тысячагодзьдзі, зачыненае для руху людзкога, каб не апаганьваць сябе сучаснаю Садомаю і Гамораю Брамы, каб некалі чыстай цудоўна расчыніцца ў часе другога прыйсьця Сына Божага, каб даць яму ўва ўсёй духовай раскошы зноў прайсьціся па старых шляхох і прынесьці канчальнае вызваленьне чалавеку ад ягонае грэшнае існасьці.
- Дай жа, Божа, каб хутчэй тое збылося! - прагаварыў сябе Ўсевалад і зноў аддаўся ружовым уяўленьням, як будзе з усяго сьвету народ вітаць зварот свайго Збаўцы і Залатая Брама будзе прамяніцца водбліскам вечнае славы Богачалавека.
З гэтымі прыцягальнымі ў думках абразамі яго і ўвозіў у Сьвяты Горад шумлівы звычайна, але на гэты раз неяк прыцішэўшы аўтабус. Сьвяты Град ужо напаўняўся зноў гаварлівым натоўпам загарэлае моладзі і заліваўся вечаровым сонцам.