V. Ля гробу гасподняга


«Яко живописец, яко рая краснейшій, воистину и чертога всякаго царскаго показася, Светлейшій Христе, гроб твой, источник нашего Воскресенія».

З Трапара Іоанна Дамаскіна на сьценах Пячоры над Гробам Гасподнім


І вось нарэшце паломнікі ськіроўваюцца да самага сьвятога месца на ўсёй зямлі. Аб гэтым сьведчаць нават мусульманы-гіды, якія бясконцаю чарадою ўводзяць усё новых і новых наведвальнікаў, як паломнікаў, гэтак і звычайных турыстаў. Гэта КУВУКЛІЯ, што значыць «Малая Царква» над самай пячорай Гробу Гасподняга. Яна разьмешчана пад самым высокім купалам абшырнага Храму Ўваскрошаньня. Калі пасьля апошняга пажару яна аднаўлялася ў 1810 г., будаўнікі пастараліся выкарыстаць увесь уцалелы ад агню матар'ял, як рабілі ўсе ранейшыя будаўнікі. Таму яна пабудаваная ў васноўным з каменьняў-сьведкаў Уваскрошаньня Хрыстовага. Пры гэтым ад сапраўднай пячоры Жываноснага Гробу захавалася само ложа Хрыстовае і частка сьценаў.

Паводле гістарычных дадзеных, першапачатная пячора, як і бальшыня жыдоўскіх пахавальных пячор пачатку нашай эры, была двухскладовая: малая пячора з ложам для покойніка і вялікая пячора для наведвальнікаў, каб памаліцца. Вось у вялікай пячоры якраз і адбылося зьяўленьне Анёла, які адваліў камень, чаму яна і завецца Аўтаром Анёла. Ён быў зьнішчаны яшчэ за часаў Канстантына і адноўлены адно ў 1810 годзе.

Цяпер КУВУКЛІЯ (Малая Царква) уяўляе сабою чатырохкантовую капліцу ў 8 мэтраў даўжыною і каля 5 мэтраў і 30 сантымэтраў ушыркі. З заходняга боку яна заканчаваецца пяцікутнікам. Уверсе над плоскім дахам узвышаецца цыбулепадобны купал.

Знадворку Капліца КУВУКЛІЯ прываблівае сваім прыгожым ружовым мармурам. Ейная балюстрада ўздоўж усяго даху падтрымваецца шаснаццацю пілястрамі. Фасад капліцы ўпрыгожаны чатырмя вітымі калёнамі. Мноства ікон вісіць там пад колькімі ярусамі залатых і срэбраных лампадаў трох веравызнаньняў, праваслаўных у тым ліку. Перад уваходам - высокія падсьвечнікі з агромністымі сьвечамі. Над уваходам - мармуровая пліта з мазаічным абразом Уваскрошаньня.

Паломнікі ў ціхім задуменьні ўзыходзяць на нізкі ганак, па абодвы бакі якога - два авальныя вакны для раздачы сьв. агню багамольцам ў Вялікую Суботу.

У квадратовым Аўтары Анёла пасярэдзіне - высокая мармуровая ваза, у якой ляжыць частка камня, які некалі зачыняў уваход у пячору Гасподняга Гробу. Калі архірэй адпраўляе тут Боскую Літургію, тады ваза пакрываецца дошкаю і служыць як прастол, а ахвярнікам служыць сама Дамавіна Хрыстовая. Калі ж Боскую Літургію адпраўляе іерей, то ахвярнікам і прастолам служыць Гасподні Гроб, а сьвятар адбывае проскамідыю ўкленчыўшы. І тады сапраўды голас сьвятара, што даносіцца з Боскай Пячоры, нагадвае голас Анёла, абвесьціўшага сьвету пра перамогу Хрыстовую над апошнім ворагам - сьмерцяй.

Яшчэ ў чацьвёртым, пятым і шостым стагодзьдзях можна было бачыць перад уваходам у Пячору Гробу адвалены камень, завялікі, каб яго лёгка можна было зьнесьці, «бе бо велій зело». Адно пры цары Хакіме камень той быў разьбіты на часткі і раскрадзены. Толькі малая частка яго была захаваная да нашага часу і цяпер зьяўляецца няўміручым сымбалем перамогі Хрыстовай.

З столі зьвешваюцца дзесяткі грэцкіх, каталіцкіх, армянскіх і адна коптская лампада. З нявычэрпнай пакорай і ўціхаміраньнем старыя і маладыя, жанчыны і мужчыны рознага веку і ў рознай нацыянальнай і эўрапэйскай вопратцы, з адменнымі рысамі ў тварах, людзі розных расаў і колераў аднолькава ціхмяна сьхіляюцца ўкленчыўшы да Боскай вазы. Пасьля сагнуўшыся, ледзьве не паўзучы, хрысьцячыся і шэпчучы словы малітвы на розных мовах, яны праз нізкі праход праходзяць у Пячору Гробу. Праход той першапачатнага паходжаньня. Над дзьвярыма Пячоры два мармуровыя Анёлы трымаюць вянок, а вышэй над імі - мармуровы образ Сашэсьця Хрыста ў пекла. Бальшыня людзей ўваходзіць, як і выходзіць, укленчыўшы.

Магільня Хрыстовая - невялікая. Там ледзь здолеюць адначасна ўціснуцца 3-4 чалавекі. Палову пячоры займае справа ад уваходу высечанае ў скале ложа Хрыстовае, даўжынёю ў два мэтры і 80 сантымэтраў, вышынёю ў 60 сантымэтраў. Яно пакрытае мармуровай плітою, якая нястолькі ўпрыгожвае, як ратуе ложа ад руплівых паломнікаў, што стараюцца адламаць частку ложа як рэліквію. Цяпер ідуць перамовы аб аднаўленьні пліты, якая ўжо часткава пацярпела ад часу і бязупынных пацалункаў мільёнаў паломнікаў праз стагодзьдзі. Аднак вымена паглядаў паміж рознымі веравызнаньнямі пакуль што не дала станоўчага адказу, адкуль прывезьці мармур - з Грэцыі ці з Італіі.

Сорак тры лампадкі, спушчаючыся з гары, асьвятляюць пячору. Вакол пячоры на сьценах словы трапара сьв. Іоанна Дамаскіна, што глыбока западаюць у сэрцы непарушнаю сілай пераконаньня.

Над самім ложам абраз Госпада, які паўстае з мёртвых. Божая Маці пільнуе спакой зь сьцяны. Усё тут сьведчыць аб вялізарнейшай перамозе Хрыстовай. Ёй пасьвячаюцца ня менш трох штодзённых Божых Літургіяў: апоўначы - праваслаўная, папярэджаная грэцкай, ад трэцяй гадзіны ночы да шасьці раніцы - армянская служба, ад шостай раніцы да дзевятай гадзіны - каталіцкая, а таксама грэцкая ютрань у Царстве Ўваскрошаньня, у г.зв. Кафоліконе. Каталікі і іншыя веравызнаньні таксама часта служаць у іншых капліцах Храму Гасподняга.

Нядзелямі тут часта чуецца адначасна ўрачыстае сьпяваньне адразу на колькіх мовах; грэцкія, армянскія, коптскія псальмы мяшаюцца з каталіцкім арганам. Магутны хор розных песьняпсальмаў высока ў неба ўзносіць словы праслаўленьня Адзінага для ўсіх хрысьціянаў Збавіцеля. Асобна прыцягвае ўвагу сырыйскі хор, які сьпявае па-армейску - на мове Хрыста. Грэцкая мова для праваслаўнага вуха гучыць старажытняй прыгажосьцяй, дарма, што часам выдаецца чужынцу аднастайнай. Каля сьвятых месцаў ейная прыгажосьць неяк асабліва глыбока западае ў сэрца і будзіць салодкія водгукі рэлігійнага пачуцьця. І як добра тады ўсьведамляць добрадзейнасьць таго факту, што Гасподні Гроб не належыць аднаму якому-небудзь вызнаньню ці царкве. Месца Пахаваньня і на трэці дзень Уваскрослага Госпада, Сына Божага, ёсьць здабыткам усіх веруючых, незалежна ад якое-колечы рэлігіі. І сапраўды, у вачох кажнага хрысьціяніна гэтая Пячора ёсьць неацэннай крыніцай Божай Раскошы: тут спачыў ад усіх сваіх цудоўных дзеяньняў, твораных дзеля нас грэшных, дзеля нашага выратаваньня, сам Госпадзь і, спачыўшы, уваскрос трыдзённа. Менавіта сюды перш-наперш кажны паломнік прыносіць малітоўныя парывы і тут у доўгім укленчаньні над ложам Госпада гарачымі сьлязамі амываецца і ачышчаецца кажная грэшная чалавечая душа.

Сюды паломнікі нясуць і ўскладаюць на Гроб Госпада для асьвячэньня крыжыкі, іконы, лампады, сьвечы і іншыя рэлігійныя рэчы. Гэта адзінае ў сьвеце месца, дзе без сьвятара і адмысловай малітвы, адным дакрананьнем рэчы набываюць духовай раскошы і як-бы апрамяняюцца ў праменяваньні Божага цела і духу.

Сюды і прынёс Усевалад усе свае набытыя ў Сьвятым Горадзе рэлігійныя рэліквіі. Усклаўшы іх на бліскучы мармур Гробу, ён доўга ўкленчыўшы адчуваў ілбом халодны камень Боскай пліты, адчуваючы, як праз гэтае даткненьне ў яго ўлівалася, нібыта токам па правадох, таемная Божая Раскоша, напаўняла яго адчуваньнем нязвычнае сілы абнаўленьня і вялікага ачышчэньня ад штодзённае скрухі жыцьцёвай. Разам з тым ён цешыўся, што і ўскладзеныя крыжыкі і мэдальёны з абразамі сьвятых месцаў панясуць далёка з сабою тую ж ачышчальную сілу і надораць ёю ягоных сяброў, родзічаў і знаёмых, якім яшчэ не пашчасьціла, як яму, наведаць Сьвятыя Месцы. Ён употай радаваўся, што праз тыя маленькія знакі ўдзячлівай памяці ён павязе ў шырокі сьвет і распаўсюдзіць далей цудоўную сілу Хрыстовага Сьвятла і тым прычыніцца да ўзрастаньня людзкога дабрадзейства і агульнага дабра.

З гэтым радасным адчуваньнем ён на каленях, увесь час тварам да Божага Ложа, павольна і асьцярожна выбраўся з Сьвятое Пячоры. Жагнаючыся і на разьвітаньне яшчэ колькі разоў цалуючы сьвятыя абразы ў Аўтары Анёла, Усевалад выйшаў з Кувукліі. Тут яго яшчэ чакаў агляд Грэцкай саборнай Царквы Ўваскрошаньня - г.зв. КАФОЛІКОНА, якую завуць «маткаю ўсіх цэркваў». Апошняя адлучана ад галоўнае Ратонды Храма Ўваскрошаньня дзьвума лёгкімі перагародкамі і аркаю, г.зв. «Царскаю Брамаю», справа каля Аўтара - трон патрыярха, па левую - трон дл Архірэя,які ў адсутнасьць Патрыярха ўзначальвае Божую Службу. У Кафоліконе ўсюды відаць іконы, некалі падараваныя нашымі суродзічамі з Колішняе Расейскае Імпэрыі. Багата Плашчаніцаў, вышытых на нашай Бацькаўшчыне, часам з беларускім гэаметрычным арнамэнтам. Па сярэдзіне мармуровай падлогі - мармуровая урна з вытачаным яблыкам уверсе. Гэтае месца завуць асноўным цэнтрам зямлі, як бы ў пацьверджаньне царкоўнай песьні: «Спасеніе соделал еси посреде земли, Хрысте Боже». Тут некалі стаялі жанкі-міраносіцы, калі Госпада Ісуса клалі ў Гроб. Над памостам у чатыры ступені ўзвышаецца Аўтар. Іканастас мармуровы з іконаў цалкам падараваных нашымі суродзічамі. Над сярэдняю аркаю вылучаецца амбона, зь якое чытаецца Эвангельле. У аўтары за іконастасам у шафах захоўваецца і вялікі крыж, які ўлучае часткі сапраўднага Жыватворчага Дрэва. У дзень Узьнясеньня ён выносіцца на паклон Богамольцам. Іншая частка Хрыстовага Крыжа, як ужо гаварылася, захоўваецца разам з вартаснейшымі мошчамі ў Прыёмнай Рызьнічага Сьв. Гробу.

Калі Ўсевалад Ціхановіч апынуўся зноў на майдане перад Храмам Жываноснага Гробу Госпада, яму прыгадаліся словы Хрыста, калі той уваходзіў у Ерусалім перад сваімі пакутамі: «Калі яны замоўкнуць, дык каменьні загалосяць» (Лука, 19, 40). І Ціхановіч пакідаў той Храм з непераадольным адчуваньнем, што тут сапраўды кажны камень гаворыць нашаму сэрцу пра ягоную гісторыю, кажная пясчынка нясе ў сабе доказ Хрыстовае Праўды, а кажнае беспасярэдняе сутыкненьне з імі пакідае такі непазбыўны сьлед у душы чалавека, што тых уражаньняў выстарчыць на ўсё жыцьцё.

Загрузка...