ІV. Сьведкі крыжовых жарсьцяў


«Аще веруеши, узриши славу Божію».

Надпіс на абразе Хрыста ў цярновым вянку на месцы ўзьняцьця крыжа


Усьлед за іншымі паломнікамі Ўсевалад Ціхановіч падаўся ўперад. Удзячлівым паглядам ён зацеміў зьлева ад Камня Мірапамазаньня мармуровую плітку, акратаваную каўпаком. Там некалі стаялі засмучаная Богамаці і сьв. Марыя Магдалена, іншыя жанчыны ды апостал Іван Багаслоў, калі Збавіцеля здымалі з крыжа. Над ёю заўсёды гарыць лямпада.

Пачалі падымацца справа па сходах у змроку, адно пры сьвятле ледзь тлеючых лампадаў, на скалу - месца ўкрыжаваньня Госпада. Наверсе невялікая царква з купалападобнай стольлю скрозь у абразах Хрыстовых пакутаў. Месца ўзьняцьця крыжа належыць да грэкаў, а месца прыбіваньня да крыжа да каталікоў. Абодвы маюць прастолы для Божай Літургіі. У лацінскім аўтары багатая мазаіка: над распасьцертым і прыбіваным да крыжа Божым Сынам стаіць жалобная Божая Маці. Справа ад аўтара ў сьцяне вакно ў каталіцкую царкву Засмучанай Божай Маці. Некалі тут былі дзьверы, праз якія ўвайшоў імпэратар Іраклі, босы, у вопратцы ціхмянага і з Жыватворным Дрэвам Крыжа Гасподняга пасьля таго, як апошні быў адабраны ад Пэрсаў.

За месцам узьняцьця Крыжа вялікае Ўкрыжаваньне з укленчанымі перад ім Божай Маці і сьв. Алосталам Іааннам Багасловам. Перад Укрыжаваньнем - адчынены прастол у выглядзе пліты на чатырох мармуровых калёнах. Над ім мноства дарагіх лампадаў, сярод якіх ёсьць і зробленыя сваім часам за кошт ахвяраў нашых суродзічаў. Вялікая срэбраная зорка і ёсьць самым месцам узьняцьця Жыватворчага Крыжа. Гэта месца Збавеньня ўсяго чалавецтва, дзе з Крыжа прагучалі словы Ісуса Хрыста і пра якое царкоўная песьня кажа словамі: «Да молчит всякая плоть человеча и да стоит со страхом и трепетом...»

Над самай адтулінай у зорцы абраз Хрыста ў цярновым вянку з надпісам славянскай вязяй. Унізе словы: «Веруем, Господи, и благодарим Тя». Гэта месца найвялікшага ўніжэньня Сына Божага і тут нават Патрыярх і архірэі служаць без мітраў. У часе ночных Літургіяў каля Галгофы адбываецца агульнае гавеньне, паніхіда з памінаньнем нябожчыкаў. На месцы двух крыжоў разбойнікаў, абазначаных чорнымі коламі на мармуровым памосьце манахі сьпяваюць акафіст Хрыстовым пакутам і прыпевы разважнага разбойніка: «Іисусе, Сыне Божій, помяни нас егда пріидеши во Царствіи Твоем».

Справа ад Укрыжаваньня побач з грэцкім прастолам - вялікая расколіна ў скале, упрыгожаная срэбрам. Гэта ад землятрусу, калі Ўкрыжаваны Хрыстос прамовіў: «Совершишася» і «преклонь главу, предаде дух». Яна асабліва добра бачная з пячоры пад Галгофай, так званай «Капліцы Адама». Тут горы наламанага каменьня сьведчаць аб тым жаху, якім сама прырода выказалася ў часе сьмерці Богачалавека-Творцы.

На гэтым месцы некалі праведны патрыярх Ной пахаваў косьці прабацькі Адама, і яны ў часе ўкрыжаваньня былі палітыя Крывёю Хрыстовай, дзеля чаго і існуе традыцыя маляваць пад Крыжом Збаўцы чэрап Адамаў.

У Адамавай Капліцы адбываліся памінальныя маленьні. Там жа побач і Прыёмная Рызьніца, дзе паломнікі запісваюць імёны сваіх памёршых родзічаў дзеля памінання іх на Дамавіне Гасподняй. Адтуль можна трапіць у мошчазахавальніцу сьвятых. На Галгофе няма дзённага сьвятла: яно пагасла ў часы нялюдзкіх пакутаў Богачалавека і да сяньня адно мноства спушчаных з скляпеністае столі лампадаў крыху азараюць патаемны прыцемак.

У мошчазахавальніцы маецца і Крыж з вялікім кавалкам сапраўднага Жыватворчага Дрэва Хрыстовага Крыжа.

Пакідаючы Капліцу Адама, па абодвы бакі відаць каменныя лавы, пакрытыя дрэвам. Там у часы Крыжаносцаў і пазьней стаялі саркафагі першых Ерусалімскіх каралёў - Гатфрыда Бульёнскага і ягонага брата Балдуіна. Уся падлога была маставаная магільнымі плітамі памёрлых у Палестыне рыцараў, але ад іх мала што засталося.

Спусьціўшыся па 17 ступенях з Лобнага мейсца Галгофы і апынуўшыся зноў каля Камня Мірапамазаньня, паломнікі бачаць справа ў прыцемку калідор, які вядзе вакол Царквы Ўваскрошаньня. Уздоўж калідору разьмешчаныя малыя аўтары ў гонар Пакутаў Хрыстовых. Там калісьці захоўвалася і начыньне для катаваньня Сына Божага. Першым ёсьць Аўтар Ганьбаваньня або Капліца Цярновага Вянка. Яго Прастол знаходзіцца на абломку калёны, на якой некалі сядзеў Выратавальнік на двары Прэторыі, а воіны зьдзекваліся над ім, як над царом. Тут у сярэднія вякі яшчэ захоўваўся калючы вянок, якім злыя стражнікі ўвянчалі Госпада.

У колькіх кроках далей таксама справа лесьвіца вядзе ў падземны Храм царыцы Алены з купалам на паверхні зямлі. Ён ужо асьвятляецца праз вокны ў купале. Адтуль па сходах у правым куце можна спусьціцца ў пячору - старую цыстэрну, куды былі ськінутыя пасьля ўкрыжаваньня крыжы трох укрыжаваных. Пазьней з вялікімі цяжкасьцямі тыя крыжы былі адкапаныя пад асабістым кіраўніцтвам сьв. Царыцы Алены. Яна сама прысутнічала на раскопках тае цыстэрны і натхняла работнікаў-далакопаў капаць глыбей, кідаючы ім копы грошай. Цяпер тут стаіць бронзавая статуя сьв. Царыцы Алены, а побач у глыбіне - каменная пліта з мазаічным праваслаўным крыжом на месцы знаходкі Жыватворчага Дрэва. Яно доўга тут і захоўвалася. У знак Узьняцьця Крыжа тут адбываюцца ўрачыстыя службы з крыжовым ходам і чынам Узьнясеньня.

З царквы сьв. Алены па галярэі ідзём да Капліцы Распадзелу Рызаў Хрыстовых і бачым прыгожую ікону - абраз гэтага здарэньня. Тут некалі захоўвалася і частка рызы Хрыстовай. Далей будзе Капліца ў гонар сьв. Лонгіна, сотніка, які каля Хрыстовага Крыжа гатоў быў паверыць у Сына Божага, а каля Хрыстовага Гробу канчальна паверыў у час Уваскрошаньня. Паміж чацьвёртым і шостым стагодзьдзямі тут яшчэ можна было бачыць піку, што пракалола цела Хрыстовае. Напамінам пра тыя падзеі цяпер там на сьцяне вісіць ікона, на якой адлюстраваны сотнік, які каля Крыжа называе ўкрыжаванага Сынам Божым, а на іншай іконе ён ужо паказаны абезгалоўленым за тую веру і памагаючым жанчыне знайсьці ягоную галаву і вылячыцца ад сьлепаты.

На поўдзень ад аўтара сьв. Лонгіна - дзьве каплічкі ў мораку. У бліжэйшай - Капліцы Ланцугоў - знаходзіцца пліта з дзьвума шчылінамі для ног, куды саджалі асуджаных на сьмерць злачынцаў. З іконы над плітой відаць, што Ісус Хрыстос быў таксама закуты ў кандалы. У Капліцы Божай Маці на дасканалай іконе мы бачым яе ў тужлівай маліцьве ў акружэньні плачучых міраносіцаў у страшны дзень Укрыжаваньня і Сьмерці Госпада.

Простай скляпеністай галярэяй мы трапляем у Францісканскую Царкву, пабудаваную ў гонар зьяўленьня Ўваскрослага Збаўцы перад Сваёй Маці. Тут каля ўваходу направа на невялікім аўтару захоўваецца частка парфірнае калёны, да якое Збавіцель быў прывязаны на двары Пілата ў часе бічаваньня. Да тае калёны можна дакрануцца канцом даўгой трысьціны, што ляжыць тут жа, дарма, што яе адлучае ад наведвальнікаў агарожа. Пакланіцца ёй і пацалаваць магчыма ў Вялікую Сераду, калі ў часе каталіцкага Вялікага Тыдня яна адчыняецца для адведальнікаў.

У гэтай-жа царкве шануецца месца ўваскрошаньня памерлай жанчыны шляхам дакрананьня да Жыватворчага Крыжа Гасподняга, калі ён быў знойдзены. Нельга абыйсьці па дарозе на поўдзень каля вялікага слупа каталіцкі аўтар зьявішча Хрыста сьв. Марыі Магдалене. Таксама ёсьць там яшчэ і Капліца Сірыйцаў, якая мяжуе з падземнымі грабніцамі і пахавальнымі пячорамі Самавітага Язэпа і Нікадзіма, першых Сьвятагробцаў Хрыстовых, а таксама Коптская Капліца з прыроднай скалою пячоры сьв. Дамавіны. Амаль над уваходнымі «вратамі» ў Храм Гасподзен ёсьць Царква Багародзіцы, якая належыць армянам. Аднак бальшыня гатых прыдзелаў належыць грэцкай праваслаўнай царкве.

Гэтак вакол Саборнай Царквы Ўваскрошаньня ўздоўж галярэі ўсе названыя тут капліцы становяць сабою як бы наглядны «крыжовы шлях» для яго ўшанаваньня. Кажная з іх дапаўняе агульны абраз Хрыстовых Жарсьцяў і робіць уяўленьне аб іх больш канкрэтным і адчувальным.

Усевалад Ціхановіч, дарма, што змарыўся і ўжо ног пад сабою ня чуў, быў аднак, дужа ўзрадаваны, што тое, што ён дагэтуль знаў адно з словаў Сьвятое Кнігі, цяпер набыло гэткіх жыцьцёвых і рэальна-адчувальных фарбаў і рысаў, што яму ўжо часінамі пачало здавацца, што ён пабываў сучасьнікам тых вызначных на вякі падзеяў. Бліжэйшае азнаямленьне з падзеямі Хрыстовага часу гэтак уразілі яго, што, здавалася, зьляцеў ужо і напластаваны за стагодзьдзі пыл і пад ім яны зноў зазіхацелі, набылі новае вагі і вызначальнасьці на ўсю рэшту ягонага жыцьця.

Пановаму запраменіўся ягоны твар. На ім узыгралі сьляды той таемнай узвышанасьці і адухоўленасьці, якой значыліся твары ўсіх паломнікаў на гэтым сьвяцейшым з усіх сьвятых месцаў. І ён адно паскорваў свае крокі робячы іх шырэйшымі, каб ня быць апошнім у натоўпе паломнікаў, якія сьпяшаліся пасьпець за Ўладыкаю, каб пачуць ягоныя тлумачэньні і не прапусьціць ніводнага сказу. Ён прагна лавіў кажнае слова, стараючыся распазнаць за кажнай тлумачанай рэчай глыбейшы сэнс павучальнае гісторыі сьвятога жыцьця і вучэньня, якому гісторыя чалавецтва за вякі гэтак нічога роўнага ўжо і не стварыла. І Ўсевалад бязьмежна радаваўся і пачуваў сябе як ні трэба лепш шчасьлівым і поўным новых надзеяў.

Загрузка...