«Внидем в селеніе Его, поклонимся
на место, идеже стоясте нозе Его».
З сьв. Пісьма
Сьвяты горад Ерусалім ведамы яшчэ з старажытных часоў як Уру-Салім, горад Міру. Пад гэтым назовам яго згадваюць эгіпецкія і бабілёнскія пісьмёны. Ім доўга ўладалі дзікія плямёны Іевусеяў, а за тысячу гадоў да Народжаньня Хрыстовага там запанавалі юдэі. Давід здабыў гару Сіён і ператварыў яе ў моцную крэпасьць супраць іевусеяў з усходу. Туды ж Давід перанёс быў тагачасную народную сьвятыню - каўчэг Запавету. З таго часу Сіён стаў Сьвятою Гарою. На Сіёне Давід і быў пахаваны. Цяпер ягоная магіла апынулася з другога боку мяжы паміж Іарнаніяй і Ізраілем. Ерусалім дасягнуў асаблівага росквіту пры цары Саламоне. На бліжэйшай да Сіёну гары Морыя быў пабудаваны Храм і Палац. Даліну паміж імі засыпалі і новы квартал абнесьлі высокай сьцяной. Пазьней, у VІІІ стагодзьдзі да Нараджэньня Хрыстовага цар Юдэйскі Іёфан прылучыў да гораду і абнёс сьцяной прадмесьце вакол узвышша Офель. У тым жа стагодзьдзі цар Езекія, баючыся аблогі з боку бабілёнцаў, адвёў у горад воды крыніцы Гіхона і побудаваў для іх у цэнтры гораду вялікі басейн, вядомы да сяньня пад ягоным імем. З мэтай бясьпекі той жа цар пабудаваў на поўнач ад Сіёну сьцяну і Рыбную Браму. Былі ўзьнятыя моцныя вежы Хананаіла і Біра, будучая вежа Антонія, дзе зьмяшчалася ў Рымскія часы і прэторыя Пілата. Крэпасьць Давіда пасьля 170 году да Нараджэньня Хрыстовага была пашыраная аж да ўзвышша Акра, адкуль Маттафія павёў ізраільскі народ паўстаньнем супраць тырана Антыёха. Прадмесьце Гарэб з Галгофаю і Гробам Госпада і суседняе ўзвышша Везефа ўвайшлі ў межы гораду адно ў 43-м годзе пасьля Народжаньня Хрыста. За паўстаньне супраць рымлянаў пры імпэратары Веспасіяне ў 70-м годзе Храм быў спалены, а сам горад дашчэнту быў зруйнаваны ў 133-м годзе. Паміж ІV і VІІ стагодзьдзямі ў Ерусаліме панавала Хрысьціянства. Горад рос і забудоўваўся, хрысьціянскія сьвятыні аднаўляліся, забудоўваліся Храмамі, пакуль Ерусалім не захапілі і не зруйнавалі пэрсы пры цары Хозроі. А праз 30 гадоў яго захапіў арабскі халіф Омар, які, праўда, не чапаў хрысьціянскіх сьвятыняў. Затое адзін з наступны халіфаў - Хакім, уявіўшы сябе Богам на зямлі, загадаў разбурыць усе хрысьціянскія храмы, спаліць Храм Гасподняга Гробу, зруйнаваць Галгофу і шмат іншых месцаў, дарагіх хрысьціянскім сэрцам. Гэта і выклікала т.зв. Крыжовыя паходы з Эўропы. Крыжаносьць валодалі Палестынай 90 гадоў, пакуль іх ня выгнаў адтуль Саладзін. Іхнія пабудовы, акрамя Сьвятога Гробу, былі панішчаныя. А ў 1517 годзе Палестыну захапілі Оттаманскія туркі і панавалі там аж 400 гадоў. Хрысьціянскія сьвятыні пацярпелі ў часе салдацкіх пастояў у Першую Сусьветную вайну. Ад 1917 г. да 1948 Палестына з сьвятымі месцамі знаходзілася пад аховай ангельскага мандату. Пазьней была падзеленая паміж Ізраілям і Іарданіяй, частка дасталася Эгіпту (Газа). Ерусалім таксама быў падзелены: найбольшая, мадэрная частка яго, адышла да Ізраіля. Але стары горад, у якім знаходзіцца бальшыня важнейшых святых месцаў Ерусаліму, належыць арабам, як ім жа належыць бальшыня і іншых, за межамі гораду, Эвангельскіх месцаў. У межах Ізраіля знаходзіліся Галілейскае возера, Назарэт, гара Сіён, гара Фавор, Канна Галілейская, Іоппія (Яффа), Кармільская гара. Пабачыць іх можна адно будучы ў Ізраілі і ўжо хіба толькі пасьля наведаньня ўсіх Сьвятых месцаў у Іарданіі. Гэта дзеля таго, што Іарданія ня пушчала ніводнага чалавека з боку Ізраіля, незалежна ад таго, чыім грамадзянінам ён ёсьць. Сам факт прабываньня на тэрыторыі варожага ім народу разглядаўся як няпрыязны да арабаў ўчынак. Такіх людзей яны не дапушчалі да сябе і ім не выдавалі візы на права наведаньня Іарданіі. З старога гораду (арабскага) ў Новы Ерусалім (ізраільскі) можна было трапіць без звароту назад. Карацей, рух паломнікаў дазваляўся адно ў адным кірунку. Але калі паломнікі зьвязаныя агульным білетам і групавымі, згары аплочанымі, абслугоўваньнямі, гатэлямі і транспартам, прыходзілася адмаўляцца ад спакусы зьезьдзіць яшчэ і на сьвятыя мясьціны па другі бок дэмаркацыйнае дзяржаўнае мяжы па жывым целе адзінага сьвятога гораду. І ніхто ня стане гарантаваць Вам жыцьця ў часе праходу так званой «Но мэн» зямлі - вузкай абязлюдненай зоны паміж двумя варожымі і ўзброенымі да зубоў табарамі.
Таму, калі на сьхіле дня паломнік сьхіляў свае вочы на заліты захадам сонца Ерусалім, які ўвесь непадзельна па абодвы бакі штучнае мяжы аднолькава зіхацеў і пераліваўся ружаватай бялізною сваіх бязьлічных камяніцаў, міжвольна зрок шукаў і сярод іх знаныя і гэтак блізкія сэрцу велічныя Храмы, душа падказвала шукаць і пазнаваць іх і па той бок сьвятога граду. А іх нямала можна адцеміць вокам і з узвышшаў арабскае часткі гораду. Аднолькава радуе сэрца бачаньне такіх хрысьціянскіх сьвятыняў, як цэрквы на т.зв. Рускіх пабудовах, арабская пратэстанцкая царква, Дом Тайнай Вячэры і Манастыр на Сіёне, колькі іншых храмаў, вызначных для гісторыі хрысьціянства ў Палестыне.
Аднак, добра, што і арабы атрымалі сваю долю Ерусаліма, бо і ім гэты горад выдаецца сьвятым. Мусульмане кажуць, што Магамэт, дарма, што жыў і дзейнічаў пераважна ў Арабіі і Сырыі, сказаў некалі: «Ерусалім - самае сьвяшчэннае месца ў сьвеце». Паводле магамэтанскага паданьня, Магамэт маліўся на Божым камяні, дзе цяпер стаіць мячэць. Магамэтане вераць, што адгэтуль Магамэт узносіўся ў неба, пакінуўшы адбітак свае рукі на камні. Яны таксама паважаюць зямлю Морыа, падзяляючы з жыдамі веру, што менавіта туды паслаў Госпадзь Аўраама з сынам, як і веру ў Аўраамава ахвяра-прынашэньне.
Паводле ж талмудавых кнігаў, выгнаныя з раю першыя людзі пасьля колькісотгодняга вандраваньня і пакаяньня па волі Божай сустрэліся зноў на тым самым узвышшы, дзе пазьней быў закладзены Ерусалім. Калі Адам памёр, ён быў пахаваны сынам Сіфам на Сіёне. Ной, знайшоўшы размытыя косьці і чэрап прабацькі, пахаваў іх пад скалою на Лобным месьце, пазьнейшай Галгофе, месцы пакутаў абяцанага Збаўцы сьвету. Гэтак Ерусалім становіцца сьвятым месцам, паважаным трымя веравызнаньнямі, аднолькава дарагім месцам як для хрысьціянаў, гэтак і для жыдоў, і для магамэтанаў. Ужо на працягу многіх стагодзьдзяў апошнія з фанатычнай заўзятасьцяй і нячуванай сілай бароняць яго супраць неаднаразовых наскокаў крыжаносцаў і іншых ваяўнічых і мірных абаронцаў Хрысьціянства і Юдэйства. Відаць, што ў тых Юдэйскіх узвышшах - Елеоне, Сіёне і Морыа - хаваецца нейкая асобная сіла прыцяганьня, што з непераадольнай сілай цягне да сябе розум, увагу, пачуцьці, душы і сэрцы многіх народаў сьвету. Ад часоў прабацькі Адама і да сёньняшняга дынамічнага, навукай і культурай пасунутага далёка ўперад, сьвету чалавек заўсёды сваімі самымі інтымнымі і сардэчнымі марамі цягнуўся і будзе цягнуцца да тых Божых пунктаў на зямной кулі. Нейкая незямная, няведамая сіла падказвае яму вечна імкнуцца да Сьвятога Гораду, як крыніцы духовага жыцьця, сьвятла праўды і ўзору дасканаласьці, як месца ачышчэньня і Збавеньня. Ужо адно імя Эль-Кудс, або Эль-Шэрыф, як завуць гэты горад арабы і што азначае «сьвятасьць» або «сьвяцільня», выклікае ў кажнага араба асабліва ўмільнае і набожнае пачуцьце. Гэта для яго імя места, якое ягоныя вусны прамовяць як нешта асабліва правялебнае.
І запраўды, варта было Ўсеваладу Ціхановічу наведаць мячэць Омара на гары Морыа, каб пераканацца ў бязьмежнай сьвятасьці Ерусаліма і для магамэтанскага сэрца. Неаднаразова мінаючы месца Залатой Брамы, кажны раз ягоны позірк затрымваўся на агромністым залатым купале гэтай арабскай Бажніцы. На яго цяперашнім месцы калісьці стаяў Храм Саламона. Крыжаносцы ператваралі мячэць Омара ў хрысыцянскую царкву, але пры першай нагодзе яна была зьвернутая магамэтанам, як Эль-Акса, г.зн. «аддаленая» ад Мэккі. Яна захоўвае памяць і аб месцах малітвы Давіда, Саламона і прарокаў адмысловымі паказальнікамі на сьценах. Пасярэдзіне і ўзвышаецца камень Ўзвышэньня Магамэта. Залатая Брама для арабаў мае падобны нашаму сэнс: магамэтане вераць, што праз іх войдзе ў Сьвяты Горад ісламскі Пераможца.
На Ўсевалада зрабіла асаблівае ўражаньне велічнасьць трох колаў калёнаў, пазалочаныя балюстрады, стаўпы і аркі калёнаў у мармуровых аздобах і кафлявых узорах, з прыгожай мазаікай і барэльефамі. І варта было пабачыць малельшчыкаў на скрозь разасланых пэрсыцкіх дыванох, іх фанатычныя твары, цалкам перайначаныя малітвай ад самага нутра, каб адчуць, што тут, па суседзтву з Сьцяной Плачу, дзе шмат стагодзьдзяў жыды аплаквалі былую моц і страчаную веліч, моцна ўкараніўся народ іншае веры, але які ў сваіх малітвах зьвяртаецца з просьбамі па сутнасьці да таго ж адзінага для ўсіх Бога. Нездарма, магаметане таксама паважаюць Ісуса Хрыста, вызнаюць яго адным з прарокаў, але над усімі, ведама, ставяць свайго Магамэта, які, калі разабрацца, шмат пераняў з вучэньня Хрыста, асабліва што да добрых справаў, дапамогі бедным і ўстрыманьня ад празьмернасьці.
«І як добра, што кажнае раніцы муэдзін прыгадвае кажнаму масульманіну аб існаваньні ягоных абавязкаў перад Богам», - думаў Усевалад, знаходзячы выяў мудрасьці ў тым, што калі каторы зь іх яшчэ і сьпіць, дык рупны муэдзін падбае за яго і дапільнуе законнага часу, каб аддаць патрэбную даніну Божае пашаны. «І калі недзе ў шырокім сьвеце начныя гулякі ў шынкох яшчэ ўздымаюць чарговыя чаркі шкоднай гары і пазяхаюць іхныя наперсьніцы ад дарэмнай стомы, - далей цягнуў свае развагі Ўсевалад пра сучасны сьвет, - дык у Сьвятым Горадзе дбайны манах ўжо адчыняе браму царкоўнага двара, уваходзіць у Храм, каб там за момант напоўніць ягоную прастору гукамі нямоўчнага псальма на патрэбу духовага голаду, каб высака ўзьняцца ў неба душою і разам з нябеснымі анёламі прасіць Госпада Бога, Сына Божага і Сьвятую Маці, каб даравалі грэшным людзям на зямлі адпушчэньне іхніх грахоў, перасьцераглі ад дурных учынкаў, далі сілаў і змогі несьці свой крыж далей, заслужыць на тым сьвеце Царства Божае. І ніякія атамовыя хітрыкі веку, ніякія спакусы прыцягальных сілаў грэшнага жыцьця не адцягнуць тога падзьвіжніка ў манашскай сутане ад абавязку тае Службы. Так адбываецца штодзённае дакрананьне да тае вечнасьці, якая адна толькі і ў стане ўратаваць нас ад поўнае духовае звыраднеласьці. Адна сьведамасьць гэтага ўжо ратуе чалавека, надае яму моцы ператрываць лягчэй бачаную скрозь распусту. Дзякую табе, Госпадзі, што ты захоўваеш такую скарбніцу высокага духу і крыніцу жыцьця Сьвятога Слова, якой нам уяўляецца Сьвяты Горад. Дзякуй табе, Вялікі Ерусаліме, нізкі паклон табе, места, дзе стаяла нага жывога Госпада, які жыў сярод нас, тварыў цуды, вучыў нас дабру, прыняў пакорліва пакуты і дзеля нас памёр, каб уваскроснуць!»
Ціхановіч казаў у голас і сам зьдзівіўся, што ён якраз у Сьвятым городзе цяпер.