VI. Малітва перамогі над сьмерцю


«Чертог твой вижду, Спасе Мой, украшенный, и, одежды не имам да вниду в он. Просвети одеяніе души моея, Светодавче, и спаси мя».

З Малітвы Граду Іерусаліму


Чытач, аднак, ня меў бы поўнага абраза ўражаньняў, якое робіць на паломніка Храм Жываноснага Гробу Гасподняга ў Ерусаліме, калі б мы нічога не сказалі аб ночных богаслужбах у ім. Яны перажываюцца асобна і пра іх варта хаця-ж коратка нешта сказаць.

У суботу ўвечары а шостай паломнікі выяжджаюць з мейсцаў сваіх стаянак да Храму Жываноснага Гробу. Сэрцы стукочаць ад усхваляваньня. Прыбліжаючыся да Галгофы, чуецца грэцкае чытаньне Павячэрніцы і слых прыемна вырозьнівае сьпяваньне Канона «Хваляю Марскою». Гэта вучні Духоўнай школы магутным сугаласьсем маладога, зычнага хору вяшчаюць сьвету малітоўныя галашэньні перад Крыжом Богачалавека. Паломнікі займаюць месцы вакол Кувукліі, на Галгофе і іншых цэнтральных прыдзелах Храма. Неўзабаве іншыя вернікі пакідаюць паломнікаў адных. Урачыста зачыняюцца дзьверы, і паломнікі застаюцца сам-на-сам з вялікшымі ў сьвеце хрысьціянскімі помнікамі. Колькі гадзінаў яны могуць самі ціха маліцца, як каму на душу пакладзена. Ціха тады ўва ўсіх Божых куткох вялікае царквы, адно чуецца шапаценьне вуснаў - словы ўдзячнасьці Вялікаму Пакутніку. І кажны тады неаднокраць успомніць ўсё сваё жыцьцё і праэкзаменуе яго ў сьвятле Божае праўды. Недзе каля адзінаццатай гадзіны ўначы дзьверы Храма зноў урачыста адчыняцца. У прысутнасьці прадстаўнікоў трох веравызнаньняў тады прапушчаецца ў Храм служачы Архірэй. Прагучаць унутранныя званы перад пачаткам Богаслужбаў: праваслаўнай, каталіцкай, армянскай. Тры дыяканы абыйдуць увесь Храм з панікадзілам. Пачнецца ютрань, пасьля Божая Літургія, з крыжовым абходам Кувукліі ў часе Вялікага Ўваходу. Пасьля памінаньне запісаных імёнаў з чытаньнем асобай збаўчай («разрешительной») малітвы. Затым - Прычасьце. Дараваньне Вялікоднае дзеля таго, што Гроб Гасподні ёсьць штодзённы і Вечны Вялікадзень, Парогам да Раю, вакном у вечнасьць. Гэта ёсьць мейсца найбольш магчымага на ўсёй зямлі набліжэньня да вялікага выратаваўчага чыну Богачалавека.

Паломнікі моляцца далей, сьпяваюць сьвятыя песьні ў сваёй роднай мове. Чуюцца незнаёмыя словы сірыйскае, армянскае, грэцкае, арабскае мовы; у іхняе разнагалосьсе плаўна ўліваюцца латынскія псальмы. Для праваслаўнага вуха нашых суродзічаў наймілей гучыць медзь стараславянскае, звыклае ім, мовы. Усе разам урачыста сустракаюць нядзелю, як дзень вялікага Ўваскрошаньня. Нядзельны Трапар у вуснах нашых суродзічаў асабліва вылучаецца сілай слоўнае выразнасьці і надзвычай уразліва гучыць асаннаю ідэі перадоленьня сьмерці праз самую сьмерць. Вось прарэзьлівы жаночы голас высока ўзносіцца над іншымі:

«Христос воскресе из мертвых...

Дзесяткі і сотні розных галасоў магутна падцягваюць:

смертию смерть поправ...

І ўжо як у набат усе разам сьцьвярджаюць вялікі гуманістычны сэнс Хрыстовага чыну:

и сущим во гробех живот даровав».

Ніколі яшчэ ў жыцьці Ўсеваладу Ціхановічу не даводзілася гэтак глыбака прымаць да сэрца гэтыя простыя і разам з тым наймудрэйшыя словы, напоўненыя самым асэнсаваным і найбольш прачулым зьместам. Яны рабіліся тут гэтулькі многазначнымі і так прыпадалі да сэрца, будзячы ў ім што ёсьць найбольш добрадзейнага і закранаючы самыя патаемныя струны чалавечай існасьці.

Ён пачуваў, што ўжо ніколі тыя струны не замоўкнуць у ім на ўсю моц і што ўжо цяпер ён ведае, да каго будзе ляцець у парываньнях скранутая са здраньцьвеньня душа. Ён вяртаўся з Храма апусьцелым перадранішнім Ерусалімам і ўся ягоная ўсхваляваная істота сьпявала хвалу Сьвятому Гораду, які прасьвятляў ягоную збалелую душу, лячыў яе раны, надзяляў яе сьвятлом і ўздымаў увысь. Усевалад цяпер ведаў, што недарэмна ён абраў гэтае далёкае падарожжа. Ужо дзеля адной той трапяткой радасьці, якая агарнула яго цяпер і будзіць надзею на лепшае, больш набліжанае да ўзору Хрыстовага, жыцьцё, паўнейшае ахвярнасьцяй і добрымі справамі, варта было сюды ехаць. Ён пачуваў сябе на сваёй хрысьціянскай Бацькаўшчыне, тут у гэтым абраным месьце. Сьвяты горад уводзіў яго ў вечны Ерусалім Нябесны, даў змогу дакрануцца да яго духоўных палацаў і апаліць сэрца тым вечным нязгасным агнём любові Хрыстовай, за які Табе, Творца, вечная ўдзячнасьць і найвялікшы Дзякуй. І Ўсевалад прыкленчыў да Ерусалімскае зямлі каля Дамаскае Брамы на пляцу і ад усяго расчуленага сэрца пацалаваў яе. І адразу пачуўся яшчэ больш акрыленым і лёгкім.

Першыя праменьні ўзыходзячага сонца неяк раптам асьвятлілі тую плошчу і кінулі колькі пасмаў на ягоны твар. І ён засьвяціўся нязнаным дагэтуль, сукрытым раней сьвятлом, што рабілі тыя хвіліны хады па вуліцах Сьвятога Граду найбольш шчасьлівымі з усіх зазнаных у жыцьці. Пачуцьці самі сабою выліваліся нескладанымі радкамі вершу ў гонар Вечнага Сьвятога Места, на вялікі жаль незапісанымі!

Загрузка...