РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI У ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫЦЫ

Мы прызямляемся на экватары. — Праблема бальзавых дрэў. — На самалёце ў Кіта. — Паляўнічыя за галовамі і «бандыдас». — Па Андах на «вілісе». — У нетрах джунгляў. — У Ківеда. — Мы сячэм бальзавыя дрэвы. — Уніз па рацэ Паленке на плыце. — Прывабны ваенны порт. — У марскога міністра ў Ліме. — Сустрэча з прэзідэнтам Перу. — З’яўленне Даніельсона. — Вяртанне ў Вашынгтон. — Дванаццаць кілаграмаў дакументаў. — Баявое хрышчэнне Германа. — Мы будуем плыт у ваенным порце. — Перасцярогі. — Напярэдадні адплыцця. — Плыт назвалі «Кон-Цікі». — Бывай, Паўднёвая Амерыка!


Як толькі самалёт пераляцеў экватар, пачаўся паступовы спуск скрозь малочна-белыя воблакі, якія раней распасціраліся пад намі, нібы асляпляльная снегавая пустыня ў зіхатлівых праменнях сонца. Касмыкаваты туман ліпнуў да вокнаў самалёта, потым ён разышоўся і павіс над нашымі галовамі ў выглядзе воблакаў, а ўнізе паказалася ярка-зялёная хвалістая паверхня джунгляў. Мы ляцелі над паўднёваамерыканскай рэспублікай Эквадор і прызямліліся ў трапічным аэрапорце Гуаякіль. З курткамі, камізэлькамі і паліто на руцэ, такімі неабходнымі толькі што, мы вылезлі з самалёта і апынуліся ў атмасферы цяпліцы; адказваючы на прывітанні гаваркіх жыхароў Поўдня ў трапічным убранні, мы адчувалі, як нашы кашулі прыліпаюць да спіны, нібы мокрая папера. Таможныя і іміграцыйныя чыноўнікі абнімалі нас і ледзь не на руках данеслі да таксі, на якім мы даехалі да лепшай у горадзе, адзінай добрай гасцініцы. Там кожны з нас хуценька знайшоў сваю ванну і, напусціўшы халоднай вады, залез у яе.

Мы знаходзіліся ў краіне, дзе растуць бальзавыя дрэвы, і цяпер нам трэба было купіць бярвенні для пабудовы плыта.

Першы дзень мы прысвяцілі вывучэнню грашовай сістэмы і некалькіх іспанскіх слоў, з дапамогай якіх мы маглі б знайсці дарогу назад у гасцініцу.

На другі дзень мы асмеліліся разлучыцца з ваннамі і зрабілі некалькі прагулак, з кожным разам усё далей адыходзячы ад дома, дзе мы спыніліся. I калі Герман задаволіў сваё дзіцячае жаданне дакрануцца рукою да сапраўднай пальмы, а я ўволю наеўся трапічнай садавіны, мы вырашылі заняцца купляй бальзавых дрэў.

На наша няшчасце, гэта было лягчэй сказаць, чым зрабіць. Вядома, мы маглі набыць колькі хочаш бальзавай драўніны, але не ў выглядзе неабходных нам цэлых бярвенняў. Мінулі часы, калі бальзавыя дрэвы секлі тут жа на ўзбярэжжы. Пасля апошняй вайны іх нідзе паблізу не засталося; бальзавыя дрэвы высякалі тысячамі і адсылалі на авіяцыйныя заводы, паколькі гэта вельмі порыстая і лёгкая драўніна. Нам расказалі, што цяпер вялікія бальзавыя дрэвы растуць толькі ў джунглях унутры краіны.

— У такім разе мы павінны паехаць унутр краіны і самі насячы іх, — сказалі мы.

— Ніяк нельга, — запярэчылі нам аўтарытэтныя людзі. — Пачаўся перыяд дажджоў, усе дарогі ў джунглях сталі непраходнымі — разліліся рэкі, і ўсюды непралазная гразь. Калі вам патрэбны бальзавыя дрэвы, вяртайцеся ў Эквадор праз паўгода; тады дажджы скончацца і дарогі ў джунглях прасохнуць.

Апынуўшыся ў бязвыхадным становішчы, мы пайшлі да дона Густава фон Бухвальд, бальзавага караля Эквадора, і Герман разгарнуў перад ім эскіз плыта, на якім былі паказаны памеры неабходных нам бярвенняў. Шчуплы, невысокага росту бальзавы кароль, не трацячы часу, схапіўся за тэлефонную трубку і паслаў сваіх агентаў на пошукі. На любым лесапільным заводзе былі дошкі рознай таўшчыні і асобныя кароткія бярвенні, але ніводнага бервяна, якое адпавядала б нашым патрабаванням, яны не змаглі адшукаць. На звалцы ў самога дона Густава знайшліся два вялікія бервяны, сухія, як порах, але на іх мы далёка не заехалі б. Было ясна, што пошукі бескарысны.

— У майго брата вялікая плантацыя бальзавых дрэў, — сказаў дон Густава. — Яго завуць дон Федарыка, і ён жыве ў Ківеда, невялікім пасёлку сярод джунгляў. Ён забяспечыць вас усім, што вам патрэбна, як толькі мы здолеем наладзіць з ім сувязь пасля дажджоў. Цяпер нічога не выйдзе, бо ў джунглях ідуць дажджы.

Калі дон Густава сказаў, што нічога не выйдзе, то і ўсе спецыялісты Эквадора па бальзавых дрэвах таксама скажуць, што нічога не выйдзе. Такім чынам, мы былі ў Гуаякіле без ніводнага бервяна для плыта і не мелі магчымасці паехаць і самім ссячы дрэвы; такая магчымасць з’явіцца толькі праз некалькі месяцаў, калі будзе ўжо занадта позна.

— Час не чакае, — сказаў Герман.

— I мы павінны дастаць бальзавыя дрэвы, — сказаў я. — Трэба, каб плыт быў дакладнай копіяй, інакш мы наўрад ці застанемся ў жывых.

Маленькая школьная карта, якую мы дасталі ў гасцініцы, з зялёнымі джунглямі, карычневымі гарамі і чырвонымі кружочкамі населеных пунктаў расказала нам, што джунглі няспынна цягнуцца ад берагоў Ціхага акіяна да самага падножжа магутных Андаў. У мяне з’явілася думка. Зараз было зусім відавочна, што дабрацца з узбярэжнага раёна праз джунглі да Ківеда, дзе растуць бальзавыя дрэвы, немагчыма. Але што, калі мы паспрабуем дабрацца да іх з супрацьлеглага боку, спусціўшыся ў гушчар джунгляў з аголеных снегавых ланцугоў Андаў? Гэта было выйсце, адзінае выйсце ў нашым становішчы.

На аэрадроме меўся невялікі грузавы самалёт, на якім нас згадзіліся адвезці ў Кіта, сталіцу гэтай своеасаблівай краіны, размешчанай на горным плато ў Андах на вышыні 3 000 метраў над узроўнем мора. Сяк-так прымасціўшыся сярод скрынак і самалётнага абсталявання, мы раз-по-раз паглядалі на зялёныя джунглі і зіхатлівыя рэкі, пакуль самалёт не ўвайшоў у воблакі. Калі мы вынырнулі з іх, бязмежнае мора туману, што клубіўся пад намі, закрыла даліны ад нашых вачэй, але наперадзе на фоне асляпляльна блакітнага неба з воблакаў паказаліся суровыя схілы гор і голыя скалы.

Самалёт лез проста ўверх уздоўж схілу гор, быццам па нябачнаму фунікулёру, і хоць мы знаходзіліся над самым экватарам, перад намі цягнуліся зіхатлівыя снегавыя палі. Потым мы нырнулі між скал і апынуліся над высакагорным плато, пакрытым багатай веснавой расліннасцю; там мы прызямліліся паблізу ад самай своеасаблівай на свеце сталіцы.

Са ста пяцідзесяці тысяч жыхароў Кіта большасць з’яўлялася чыстакроўнымі горнымі індзейцамі і метысамі, паколькі гэта была сталіца іх продкаў яшчэ задоўга да таго, як Калумб і паўночнаеўрапейцы адкрылі Амерыку. Горад меў сваё адметнае аблічча дзякуючы старадаўнім манастырам, дзе захоўваліся вельмі каштоўныя скарбы мастацтва, і іншым велічным будынкам эпохі іспанскага панавання, якія ўзвышаліся над дахамі нізкіх дамоў індзейцаў, пабудаваных з неабпаленай цэглы. Цэлы лабірынт вузкіх вуліц цягнуўся сярод гліняных сцен; вулачкі кішэлі горнымі індзейцамі ў спярэшчаных чырвонымі плямамі плашчах і высокіх самаробных капелюшах. Адны, паганяючы нагружаных аслоў, ішлі на рынак, другія сядзелі, згорбіўшыся, уздоўж глінабітных сцен і драмалі на сонцы. Некалькі аўтамабіляў з арыстакратамі іспанскага паходжання, апранутымі ў трапічныя касцюмы, праехалі адзін за адным, павольна рухаючыся і няспынна сігналячы, каб пракласці сабе дарогу сярод дзяцей, аслоў і басаногіх індзейцаў. Паветра тут, на высокім плато, было такое празрыстае, што навакольныя горы здаваліся часткай вулічнага пейзажу і рабілі яго яшчэ больш казачным. Наш прыяцель па самалёту Хорхе, па мянушцы «шалёны лётчык», быў па паходжанню са старадаўняй іспанскай сям’і ў Кіта. Ён знайшоў для нас месца ў пацешнай старамоднай гасцініцы, а потым пачаў гойсаць па гораду, то з намі, то адзін, шукаючы які-небудзь транспарт, каб мы маглі на ім пераваліць цераз горы, а потым, па джунглях, дабрацца да Ківеда. Увечары мы сустрэліся ў старадаўнім іспанскім кафэ, і Хорхе расказаў нам кепскія навіны: мы павінны выкінуць з галавы нават думку аб паездцы ў Ківеда. Нельга знайсці ні экіпажа, ні праваднікоў для пераезду цераз горы; і, тым больш, вядома, не можа быць і гаворкі аб падарожжы ў джунглі, дзе пачаліся дажджы і дзе падарожнікі маглі апынуцца пад пагрозай нападу, калі яны засядуць у гразі. Усяго толькі год назад дзесяць амерыканскіх інжынераў-нафтавікоў былі забіты атручанымі стрэламі ва ўсходняй частцы Эквадора. Тут і цяпер жыве шмат лясных індзейцаў, якія бадзяюцца зусім голыя па джунглях і палююць з дапамогай атручаных стрэл.

— Некаторыя з гэтых індзейцаў палююць і на галовы, — замагільным голасам паведаміў Хорхе, бачачы, што Герман не выказвае ніякіх адзнак трывогі і спакойна аплятае смажаніну, запіваючы яе чырвоным віном.

— Вы думаеце, што я перабольшваю, — шэптам гаварыў ён далей. — Але хоць гэта строга забаронена, у нас ёсць яшчэ людзі, якія зарабляюць на жыццё тым, што прадаюць высушаныя чалавечыя галовы. Гэтаму гандлю няма як пакласці канец, бо і зараз лясныя індзейцы адсякаюць галовы ў сваіх ворагаў з іншых вандроўных плямёнаў. Яны разбіваюць і дастаюць косці чэрапа, а пустую скуру галавы напаўняюць гарачым пяском; галава зморшчваецца і робіцца не большай за кашэчую, але форма застаецца ранейшай, і рысы твару захоўваюцца. Гэтыя зморшчаныя галовы ворагаў калісьці былі каштоўнымі трафеямі, цяпер яны з’яўляюцца дэфіцытным таварам на чорным рынку. Метысы-пасрэднікі прывозяць іх гандлярам на ўзбярэжжа, а тыя перапрадаюць турыстам па нечуваных цэнах.

Хорхе пераможна паглядзеў на нас. Ён і не здагадваўся, што днём Германа і мяне зацягнулі ў пакой швейцара і прапанавалі купіць дзве такія галавы па тысячы сукрэ[16] за штуку. Гэтыя галовы цяпер часта падрабляюць, пускаючы ў ход галовы малпаў, але тыя, што нам паказалі, былі самыя сапраўдныя галовы чыстакроўных індзейцаў. Яны так добра захаваліся, што можна было разгледзець найдрабнейшыя рысы твару. Гэта былі галовы мужчыны і жанчыны, кожная велічынёй з апельсін; жанчына была вельмі прыгожанькая, хоць толькі вейкі і доўгія чорныя валасы захавалі свае натуральныя памеры. Я скалануўся ад гэтага ўспаміну, але выказаў сумненне, што наўрад каб паляўнічыя за галовамі сустракаліся на захад ад гор.

— Ніхто не можа гэтага ведаць, — панура сказаў Хорхе. — А што вы скажаце, калі ваш сябар знікне, а потым на рынку з’явіцца яго галава ў мініятуры? Аднойчы так здарылася з маім сябрам, — дадаў ён, пільна пазіраючы на мяне.

— Раскажыце нам пра гэта, — папрасіў Герман, павольна і без асаблівай прыемнасці жуючы смажаніну.

Я акуратна адклаў убок відэлец, і Хорхе распачаў свой расказ. Калісьці ён разам з жонкай жыў у маленькім пасёлку сярод джунгляў, займаўся прамыўкай золата і скупліваў здабычу ў іншых старацеляў. У іх быў сябар, мясцовы жыхар, які рэгулярна прыносіў ім золата і мяняў яго на тавары. I вось гэтага сябра забілі ў джунглях. Хорхе высачыў забойцу і прыгразіў, што застрэліць яго. Забойца быў адным з тых, што гандлююць зморшчанымі чалавечымі галовамі. Ва ўсякім разе на яго мелі падазрэнне. Хорхе паабяцаў яму, што даруе жыццё, калі ён зараз жа аддасць галаву. Забойца як бачыш прынёс галаву сябра Хорхе, якая зрабілася цяпер велічынёй з кулак мужчыны. Хорхе страшэнна расхваляваўся, калі зноў убачыў свайго сябра, бо той зусім не змяніўся, калі не лічыць таго, што ён стаў такім маленькім. Вельмі ўзрушаны, ён прынёс маленькую галаву дадому жонцы. Убачыўшы яе, жонка страціла прытомнасць, і Хорхе прыйшлося схаваць свайго сябра ў чамадан. Але ў джунглях была такая сырасць, што галава пакрывалася цэлымі нарасцямі зялёнай плесні, і Хорхе вымушаны быў час-ад-часу даставаць яе і сушыць на сонцы. Яна вельмі міла пагойдвалася, прывязаная за валасы да вяроўкі, на якой сушылі бялізну, а жонка Хорхе кожны раз траціла прытомнасць, як толькі бачыла яе. Але аднойчы мыш прагрызла дзірку ў чамадане і досыць моцна папсавала галаву. Хорхе быў вельмі засмучаны і пахаваў свайго сябра з усімі цырымоніямі ў маленькай ямцы на аэрадроме.

— Гэта ж усё-такі быў чалавек, — так закончыў свой расказ Хорхе.

— Цудоўны абед, — сказаў я, каб перавесці размову на іншую тэму.

Калі мы ішлі ў цемры дадому, мне было чамусьці непрыемна глядзець на Германа ў нізка насунутым на вушы капелюшы. Між іншым, ён нацягнуў яго так глыбока для таго, каб хоць крыху закрыцца ад халоднага начнога ветру, што дзьмуў з гор.

На другі дзень мы сядзелі з нашым генеральным консулам Брунам і яго жонкай у іх вялікім загарадным маёнтку пад высокімі эўкаліптамі. Брун лічыў малаверагодным, што праектуемае намі падарожжа праз джунглі ў Ківеда можа прывесці да колькі-небудзь значных змен у памеры нашых капелюшоў, але... у тых раёнах, якія мы збіраліся наведаць, вадзіліся разбойнікі. Ён дастаў выразкі з мясцовых газет; у іх паведамлялася, што пасля таго як настане сухі сезон, неабходна будзе паслаць атрады салдат для знішчэння «бандыдас», якіх многа развялося ў сумежных з Ківеда раёнах. Выбірацца ў падарожжа туды цяпер было б сапраўдным вар’яцтвам, і мы ні ў якім разе не дастанем ні праваднікоў, ні сродкаў перасоўвання. Калі мы з ім размаўлялі, па дарозе прамчаўся «віліс» амерыканскага ваеннага аташэ, і гэта падало нам новую ідэю. У суправаджэнні генеральнага консула мы паехалі ў амерыканскае пасольства, і нам удалося пабачыць самога ваеннага аташэ. Гэта быў падцягнуты жыццярадасны малады чалавек у хакі і высокіх ботах; смеючыся, ён спытаў у нас, чаго мы швэндаемся на вяршынях Андаў у той час, як мясцовыя газеты пішуць, што мы павінны рушыць у плаванне па акіяну на драўляным плыце.

Мы растлумачылі, што дрэвы стаяць яшчэ на корані ў ківедскіх джунглях. А мы залезлі сюды, на дах мацерыка, і не можам дабрацца да іх. Мы папрасілі ваеннага аташэ пазычыць нам або а) самалёт і два парашуты, або б) «віліс» з шафёрам, які ведае краіну.

Нейкі момант ваенны аташэ, уражаны нашым нахабствам, не мог вымавіць ні слова; потым ён безнадзейна паківаў галавой і, усміхаючыся, сказаў: «Добра, калі трэцяй магчымасці няма, лічу за лепшае другую».

Назаўтра раніцай а пятай з чвэрткай гадзіне да дзвярэй гасцініцы пад’ехаў «віліс»; з яго выскачыў капітан інжынерных войск эквадорскай арміі і далажыў, што ён з’явіўся ў наша распараджэнне. Ён меў загад прывезці нас у Ківеда, не зважаючы ні на якую гразь. «Віліс» быў застаўлены каністрамі з бензінам, бо на дарозе, што чакала нас наперадзе, не было ні бензінавых калонак, ні нават следу колаў. У сувязі з паведамленнямі аб «бандыдас» наш новы сябар капітан Агурта Алексіс Альварэс быў узброены да зубоў нажамі і вогнестрэльнай зброяй. Мы ж прыехалі ў Эквадор з самымі мірнымі намерамі, у куртках і гальштуках, каб купіць на ўзбярэжжы бярвенняў для плыта, і ўся наша маёмасць на «вілісе» складалася з мяшка з бляшанкамі кансерваў, калі не лічыць наспех купленых намі брызентавых штаноў колеру хакі — па пары на кожнага — і старэнькага фотаапарата. Апрача таго, генеральны консул прымусіў нас узяць яго вялізны парабелум з поўным запасам патронаў, каб мы маглі знішчыць кожнага, хто надумаецца стаць нам на дарозе. «Віліс» са свістам прамчаўся па пустых вулачках, дзе прывіднае святло месяца залівала пабеленыя гліняныя сцены, мы выехалі за горад і хутка памчаліся па добрай пясчанай дарозе на поўдзень цераз горы.

Добрая дарога ўздоўж хрыбта вяла да горнай вёскі Латакунга, дзе індзейскія домікі без вокнаў цесна стаялі вакол белай вясковай царквы з пальмамі на плошчы перад ёю. Тут мы звярнулі на дарогу для мулаў, якая, то падымаючыся, то апускаючыся, вілася на захад па ўзгорках і далінах Андаў. Мы апынуліся ў свеце, які нам ніколі не сніўся. Гэта быў свет горных індзейцаў — на ўсход ад сонца і на захад ад месяца[17], размешчаны па-за часам і па-за прасторай. За ўсю дарогу мы не бачылі ніводнай фурманкі, ніводнага кола. Нам трапляліся толькі басаногія пастухі ў стракатых панчо, якія гналі перад сабой бязладныя статкі павольных лам, ды зрэдку па дарозе праходзілі цэлыя сем’і індзейцаў. Муж звычайна ехаў наперадзе на муле, між тым як яго маленькая жонка, дробна перабіраючы нагамі, бегла ззаду з цэлай калекцыяй капелюшоў на галаве і малым дзіцем у кашолцы за спінай. I ўвесь час яна на хаду прала воўну. Ззаду, без усякіх паганятых, цягнуліся аслы і мулы, нагружаныя сухім ламаччам, чаротам і глінянай пасудай.

Чым далей мы рухаліся, тым больш рэдка сустракаліся нам індзейцы, якія ўмелі гаварыць па-іспанску, і неўзабаве лінгвістычныя веды Агурта сталі такімі ж бескарыснымі, як і нашы. Тут і там былі відаць кучкі хацін, што ляпіліся на схілах гор; гліняныя пабудовы трапляліся ўсё радзей і радзей, усё часцей і часцей сустракаліся хаціны з галін і сухой травы. Здавалася, што і гэтыя халупы, і карычневыя ад сонца людзі, з пакрытымі сеткай маршчын тварамі, выраслі з самой зямлі пад праменнямі спякотнага сонца Андаў. Яны з’яўляліся такой жа неад’емнаю часткаю скал, каменных восыпаў і горных паш, як і сама трава горных лугоў. Не маючы амаль ніякай маёмасці, нізкарослыя горныя індзейцы вызначаюцца жалезнай вынослівасцю дзікіх жывёл і дзіцячай непасрэднасцю першабытнага народа; і чым менш яны размаўляюць, тым больш смяюцца. Мы ўсюды сустракалі ззяючыя твары з беласнежнымі зубамі. Белы чалавек наўрад ці здолеў бы патраціць або зарабіць у гэтых мясцінах хоць адзін шылінг. Тут не было ні афіш, ні дарожных знакаў, і калі на дарогу падала якая-небудзь бляшанка або абрывак паперы, іх зараз жа падбіралі як карысную для гаспадаркі рэч.

Мы падымаліся ўгару па выпаленых сонцам схілах без ніводнага кусціка або дрэва і спускаліся ў даліны, пакрытыя голымі пяскамі, зарослыя толькі кактусамі, пакуль не ўзабраліся, нарэшце, на самы грэбень гор; вакол слаліся снегавыя палі ў дзьмуў такі пранозлівы халодны вецер, што мы вымушаны былі запаволіць хуткасць, каб не ператварыцца ў ледзяшы; мерзнучы ў сваіх лёгкіх кашулях, мы марылі аб спякоце джунгляў. Нам давялося доўга кружыць сярод гор па камяністых восыпах і травяністых схілах, шукаючы дарогу далей. Але калі мы дасягнулі заходняга схілу, дзе Анды крута абрываюцца да падножжа, сцежка, разлічаная на язду верхам, па якой мы рухаліся дагэтуль, далей пайшла па навіслых над бяздоннем карнізах, і з усіх бакоў нас акружалі толькі стромкія скалы і вузкія цясніны. Усе нашы надзеі былі цяпер на Агурта, які, скурчыўшыся, сядзеў за рулём і ледзь паспяваў своечасова звярнуць кожны раз, як толькі мы набліжаліся да краю прадоння. Раптам рэзкі парыў ветру ўдарыў нам у твар; мы дасягнулі краю грэбеня, адкуль Анды радам абрывістых уступаў крута спускаліся да джунгляў, якія ляжалі далёка ўнізе, на дне прадоння глыбінёй каля 4 000 метраў. Але нам не давялося адчуць галавакружэння ад позірку на гэтае далёкае мора джунгляў: як толькі мы дасягнулі краю грэбня, нас ахуталі густыя воблакі, непраглядныя, як дым з катла ведзьмы. Але цяпер дарога пайшла крута ўніз без усякіх перашкод. Увесь час уніз, уздоўж цяснін, скал і грэбеняў, а паветра рабілася ўсё больш вільготным і цёплым і ўсё больш напаўнялася цяжкім душным водарам цяпліц, які падымаўся з джунгляў, што рассцілаліся ўнізе.

А потым пачаўся дождж. Спачатку невялікі, ён неўзабаве забарабаніў па нашым «вілісе» з усяе сілы; адусюль з гор імчаліся патокі вады шакаладнага колеру. Мы таксама амаль што плылі, спускаючыся з сухога горнага плато ў зусім іншы свет, у якім усё — і камень, і дрэва, і гліна — было захутана ў мяккае, насычанае вільгаццю пакрывала з дзірвану і моху. Навокал раслі вялікія лісты; часам яны дасягалі гіганцкіх памераў і звісалі, нібы зялёныя парасоны. Пасля з’явіліся першыя рэдкія ганцы трапічнага лесу, з якіх, быццам доўгія махры, звешваліся ліяны і мох. Усюды чуваць было цурчанне і плёскат вады. I чым больш спадзістым рабіўся спуск, тым усё цясней абступалі нас джунглі; нарэшце армія зялёных асілкаў праглынула наш маленькі «віліс», які павольна рухаўся, узнімаючы фантаны пырскаў, па зусім размоклай гліністай дарозе. Паветра было вільготнае і цёплае, напоенае цяжкім водарам трапічных раслін.

Было ўжо цёмна, калі мы на схіле хрыбта дабраліся да купкі хацін, накрытых пальмавым лісцем. Прамоклыя да апошняй ніткі пад цёплым дажджом, мы вылезлі з машыны, каб правесці ноч пад дахам. Незлічоныя полчышчы блох, што напалі на нас у хаціне, мы назаўтра ўтапілі ў дажджы. Нагружаны бананамі і іншай паўднёвай садавінай, наш «віліс» імчаўся далей праз джунглі, усё ніжэй і ніжэй, хоць нам здавалася, што мы ўжо даўно дабраліся да канца спуску. Дарога рабілася ўсё больш гразкай, але мы рухаліся без перашкод, а разбойнікі пакуль што нічым не выяўлялі сваёй прысутнасці.

«Віліс» спыніўся толькі тады, калі дарогу нам перагарадзіла шырокая каламутная рака, што каціла свае воды праз джунглі. Мы моцна загразлі, бо і ўверх і ўніз па рацэ бераг быў зусім непраходны. На невялікай прагаліне стаяла хаціна, каля якой некалькі метысаў развешвалі на залітай сонцам сцяне шкуру ягуара; побач скакалі сабакі і грэбліся ў гразі куры; і тыя і другія забаўляліся тым, што караскаліся на кучы бабоў какава, рассыпаных для прасушкі на сонцы. Калі «віліс», раз-по-раз гразнучы ў балоце, наблізіўся да хаціны, усе сарваліся са сваіх месц; метысы, якія гаварылі па-іспанску, расказалі, што гэтая рака называецца Паленке, а Ківеда знаходзіцца на тым беразе, якраз насупраць. Ніякага моста тут не было, рака быстрая і глыбокая, але яны гатовы пераправіць нас разам з аўтамабілем на плыце. Гэтае кур’ёзнае збудаванне ляжала на беразе ля самай вады. Крывыя бярвенні — таўшчынёй некаторыя з руку, а некаторыя з нагу — былі змацаваны паміж сабой валокнамі раслін і парасткамі бамбуку і ўтваралі хісткі плыт, у два разы даўжэйшы і ў два разы шырэйшы за наш «віліс». Падклаўшы па дошцы пад кожнае кола і з хваляваннем чакаючы, што з гэтага выйдзе, мы ўсцягнулі машыну на бярвенні; хоць большая частка іх схавалася ў каламутнай вадзе, усё-такі плыт трымаў на сабе «віліс», і нас, і чатырох амаль голых мужчын шакаладнага колеру, якія доўгімі жэрдкамі адпіхвалі плыт ад берага.

— Бальза? — у адзін голас спыталі Герман і я.

— Бальза, — пацвердзіў адзін з хлапцоў, без усякай павагі тупнуўшы нагой па бервяну.

Плынь падхапіла нас і панесла ўніз па рацэ; час-ад-часу мужчыны налягалі на свае жэрдкі і накіроўвалі плыт у патрэбным напрамку; мы пераплылі раку наўскасяк і апынуліся ў больш спакойнай вадзе ля другога берага. Такой вось была наша першая сустрэча з бальзавым дрэвам і першае плаванне на бальзавым плыце. Мы шчасліва прычалілі да працілеглага берага і ўрачыста ўехалі ў Ківеда. Два рады дамоў з прасмоленых бярвенняў, з пальмавымі дахамі, на якіх нерухома сядзелі грыфы, утваралі штосьці накшталт вуліцы, і гэта быў увесь пасёлак. Жыхары кінулі свае заняткі, і ўсе, чорныя і карычневыя, маладыя і старыя, высыпалі хто з дзвярэй, хто з вокнаў. Яны імчаліся насустрач «вілісу» — грозная шумная чалавечая хваля. Яны акружылі аўтамабіль з усіх бакоў, карабкаліся ў яго і падлазілі пад яго. Мы моцна трымалі свае пажыткі, між тым як Агурта шалёна круціў руль. Потым адна шына на нешта пракалолася, і «віліс» апусціўся на адно кола. Мы прыехалі ў Ківеда і павінны былі зведаць цырымонію прывітальных абдымкаў.

Плантацыя дона Федарыка знаходзілася крыху далей уніз па рацэ. Калі «віліс» з Агурта, Германам і мною з’явіўся, ныраючы на выбоінах, на дарожцы сярод мангавых дрэў, сухарлявы стары жыхар джунгляў шпарка закрочыў нам насустрач. Яго суправаджаў пляменнік, Анхела, юнак, які жыў разам з ім у лесе. Мы перадалі пісьмо ад дона Густава, і неўзабаве наш «віліс» стаяў адзін на двары. Тым часам паліў асвяжальны трапічны дождж. У доме дона Федарыка нас чакаў святочны абед. Кураняты і малочныя парасяты, патрэскваючы, смажыліся на адкрытым агні, а мы сядзелі вакол стала, заваленага трапічнай садавінай, і расказвалі, чаго мы прыехалі.

Праз зацягнутыя сеткай вокны чуўся шум трапічнага ліўню і далятаў цёплы салодкі пах раслін, што цвілі наўкола.

Дон Федарыка ажывіўся, як хлапчук. Ну, вядома, ён бачыў бальзавыя плыты, калі быў яшчэ дзіцем. Пяцьдзесят гадоў назад, калі ён жыў унізе, на ўзбярэжжы, індзейцы з Перу даволі часта прыплывалі ў Гуаякіль прадаваць рыбу на вялікіх бальзавых плытах, якія ішлі пад парусам уздоўж берага. Яны прывозілі па некалькі тон сушанай рыбы, загружаючы ёю бамбукавую каюту, што стаяла пасярэдзіне плыта. З імі часам прыплывалі жонкі, і дзеці, і сабакі, і свойскія птушкі. Такія вялікія бальзавыя дрэвы, якія яны выкарыстоўвалі для пабудовы плытоў, цяпер у час дажджоў знайсці будзе цяжка, бо дабрацца нават верхам на кані да бальзавых плантацый, што знаходзяцца наверсе ў лясах, немагчыма з прычыны паводкі і непралазнай гразі. Але дон Федарыка зробіць усё, што ў яго сілах; магчыма, знойдзецца некалькі дрэў у лесе недалёка ад бунгала, а нам жа патрэбна не так ужо многа.

Позна ўвечары дождж на нейкі час перастаў ліць, і мы прагуляліся пад мангавымі дрэвамі вакол бунгала. Тут у дона Федарыка раслі ўсялякія гатункі дзікіх архідэй, што звісалі з галін; яны раслі ў палавінках какосавых арэхаў. У адрозненне ад культурных гатункаў архідэй, гэтыя рэдкія расліны маюць цудоўны пах. Калі Герман нагнуўся, каб панюхаць адну з кветак, з лісця над яго галавой высунулася штосьці падобнае на доўгага тонкага бліскучага вугра. Маланкавы ўдар бізуна Анхела — і на зямлю, звіваючыся, упала змяя. Яшчэ секунда, і юнак моцна прыціснуў шыю змяі да зямлі раздвоенай на канцы палкай, а потым размажджэрыў ёй галаву.

— Укус смяртэльны, — прамовіў ён і для доказу паказаў нам два выгнутыя ядавітыя зубы.

Нам здавалася, што скрозь і ўсюды мы бачым ядавітых змей, якія прытаіліся ў лісці, і мы паспяшаліся хутчэй увайсці ў дом, забраўшы з сабою трафей Анхела, што нежывым скуратком звісаў з палкі. Герман сеў здымаць скуру з зялёнай пачвары, а дон Федарыка пачаў расказваць фантастычныя гісторыі пра ядавітых змей і ўдаваў таўшчынёй з талерку, як раптам мы, ўбачылі на сцяне цені двух вялізных скарпіёнаў, велічынёй з амараў. Кідаючыся адзін на аднаго, яны вялі бой не на жыццё, а на смерць. Вось яны сашчапіліся клюшнямі і, выгінаючы заднюю частку тулава, рыхтуюцца нанесці рашаючы ўдар ядавітым джалам на хвасце. Гэта было жудаснае відовішча; толькі пасля таго, як хтосьці з нас пераставіў лямпу, мы зразумелі, што гэта яна адкідвала ненатуральна вялізны цень двух самых звычайных скарпіёнаў велічынёю з палец, якія біліся на краі стала.

— Няхай сабе б’юцца, — смеючыся, сказаў дон Федарыка. — Адзін знішчыць другога, а той, хто выжыве, спатрэбіцца нам, каб у доме не вадзіліся прусакі. Трэба толькі шчыльна завешваць ложак маскітнай сеткай і вытрасаць адзенне перад тым як надзяваць яго, і ўсё будзе ў парадку. Мяне не раз кусалі скарпіёны, а я ўсё яшчэ жывы, — са смехам дадаў стары.

Я спаў добра, калі не лічыць таго, што кожны раз, прачынаючыся ад занадта гучнага піску яшчаркі ці шолаху кажана ў мяне над вухам, я перш за ўсё ўспамінаў аб ядавітых стварэннях.

Мы ўсталі на досвітку, каб як мага раней рушыць на пошукі бальзавых дрэў.

— Вытрасем як след адзенне, — сказаў Агурта, і пры гэтых словах скарпіён выпаў з рукава яго кашулі і знік у шчыліне падлогі.

Адразу ж, як толькі ўзышло сонца, дон Федарыка паслаў сваіх рабочых верхам на конях ва ўсіх напрамках, каб агледзець, ці не знойдзецца дзе-небудзь паблізу ад сцежак бальзавых дрэў, да якіх можна было б падступіцца. Самі мы, дон Федарыка, Герман і я, неўзабаве дабраліся да паляны, на якой, як ведаў дон Федарыка, расло гіганцкае старое дрэва. Яно намнога ўзвышалася над усімі навакольнымі дрэвамі, а ствол яго быў амаль з метр таўшчынёю. Згодна з палінезійскім звычаем, перш чым пачаць сячы дрэва, мы далі яму імя; мы назвалі яго Ку ў гонар палінезійскага бога амерыканскага паходжання. Потым я ўзмахнуў сякерай і ўсадзіў яе ў ствол бальзавага дрэва. Неўзабаве сякеры застукалі па ўсім лесе. Але сячы бальзавую драўніну — гэта ўсё роўна, што сячы корак тупой сякерай; сякера проста адскаквала, і, зрабіўшы некалькі ўдараў, я вымушаны быў пусціць на сваё месца Германа. Сякера пераходзіла з рук у рукі, ляцелі трэскі, а мы — у духаце джунгляў — абліваліся потам. Пад канец дня Ку стаяў, быццам певень, на адной назе, трасучыся пад нашымі ўдарамі. Потым ён захістаўся і, чапляючыся за суседнія дрэвы, ламаючы тоўстыя галіны і невялікія дрэўцы, цяжка грымнуўся на зямлю. Мы ацерабілі ствол ад сукоў і пачалі здзіраць кару, робячы зігзагападобныя надрэзы па спосабу індзейцаў. Раптам Герман выпусціў з рук сякеру і, схапіўшыся за нагу, шалёна заскакаў, нібы сабраўся прадэманстраваць перад намі ваенны танец палінезійцаў. Са штаніны ў яго выпала бліскучая мурашка, велічынёю не меншая за скарпіёна і з доўгім джалам на хвасце. Галава ў яе была цвёрдая, як клюшня амара. Мы ледзь раздушылі мурашку на зямлі абцасам.

— Конга[18], — спачувальна растлумачыў дон Федарыка. — Гэтае маленькае стварэнне горш за скарпіёна, але для здаровага чалавека яго ўкус не вельмі небяспечны.

Нага ў Германа ныла і балела некалькі дзён, але, не зважаючы на гэта, ён не адставаў ад нас і гойсаў на кані па лясных сцежках, шукаючы новыя гіганцкія бальзавыя дрэвы. Час-ад-часу мы чулі ў глухім, некранутым лесе скрып і трэск і глухі шум падзення. Дон Федарыка задаволена ківаў галавой. Гэта азначала, што яго рабочыя-метысы павалілі яшчэ адно вялізнае бальзавае дрэва для плыта. На працягу тыдня да Ку далучыліся Канэ, Кама, Іла, Мауры, Ра, Рангі, Папа, Таранга, Кура, Кукара і Хіці — усіх разам дванаццаць магутных бальзавых дрэў, названых у гонар легендарных палінезійскіх герояў, чые імёны былі калісьці прывезены адначасова з іменем Цікі з-за акіяна з Перу. Бліскучыя ад соку бярвенні былі вывезены з лесу спачатку на конях, а потым трактар дона Федарыка прыцягнуў іх на бераг ракі перад бунгала.

Бярвенні, поўныя драўніннага соку, былі зусім не такія лёгкія, як корак. Яны важылі, напэўна, па тоне кожнае, і нас вельмі непакоіла думка аб тым, як яны будуць трымацца на вадзе. Адно за другім мы падкацілі іх да краю берага; там мы да канца кожнага бервяна прывязалі вяроўку з моцных сцяблоў ліян, каб яго не панесла з вадою, калі яно будзе спушчана ў раку. Потым мы скацілі бярвенні па адным з берага. Падаючы, кожнае бервяно ўзнімала вялізныя фантаны пырскаў. Бярвенні кружыліся і плавалі, апусціўшыся ў ваду да палавіны; яны не асядалі, калі мы хадзілі па іх. Звязаўшы бярвенні моцнымі ліянамі, якія скрозь і ўсюды звісалі з верхавін дрэў у джунглях, мы зрабілі два часовыя плыты; адзін з іх павінен быў весці другога на буксіры. Затым мы пагрузілі на плыты запас бамбукавых ствалоў і ліян — яны павінны былі спатрэбіцца нам пазней, — і я з Германам перайшоў на плыт у суправаджэнні двух мужчын невядомай змешанай расы, якія не разумелі нас і якіх мы не разумелі таксама.

Калі мы адплылі ад берага, бурлівы паток вады падхапіў нас і шпарка панёс уніз па плыні. Абмінаючы першы мыс, мы кінулі развітальны позірк назад і скрозь пырскі вады ўбачылі нашых сяброў, якія стаялі на краі берагавога выступу перад бунгала і махалі нам услед. Потым мы залезлі пад маленькую паветку з зялёнага бананавага лісця, даверыўшы усе кіраванне плытом двум карычневым спецыялістам, якія, кожны з вялікім вяслом у руках, прымасціліся адзін на носе, а другі на карме. Спакойнымі рухамі без усякіх намаганняў яны трымалі плыт на самай быстрыні, і мы, пагойдваючыся, імчаліся ўніз па рацэ, раз-по-раз мяняючы курс, каб абмінуць затопленыя ствалы дрэў і пясчаныя водмелі.

Джунглі стаялі суцэльнай сцяной уздоўж абодвух берагоў; папугаі і іншыя птушкі з яркім апярэннем выпырхвалі з густой лістоты, калі мы праплывалі міма. Некалькі разоў мы бачылі, як пры нашым набліжэнні то тут, то там кідаўся ў раку алігатар і адразу знікаў у каламутнай вадзе. Неўзабаве, між іншым, мы ўбачылі яшчэ больш цікавую пачвару. Гэта была ігуана[19], або гіганцкая яшчарка велічынёй з кракадзіла, але з вялікім гарлавым мяшком і грэбенем уздоўж спіны. Яна драмала на гліністым беразе, быццам спала тут з дагістарычных часоў, і не паварушылася, калі мы бясшумна праплылі паўз яе. Весляры рабілі нам знакі, каб мы не стралялі. Праз некаторы час мы ўбачылі другую ігуану, амаль з метр даўжынёю. Яна ўцякала па тоўстым суку, які звешваўся над самым плытом. Апынуўшыся ў бяспечным месцы, ігуана спынілася, ззяючы на сонцы сваёй сіне-зялёнай скурай, і ўтаропілася на нас халоднымі змяінымі вачыма. Потым мы плылі міма зарослага папараццю ўзгорка, і на яго вяршыні ўбачылі яшчэ адну ігуану, самую вялікую з усіх. Нерухома стоячы з узнятымі грудзьмі і галавой, яна вырысоўвалася на фоне неба, нагадваючы высечаны з каменя сілуэт паласатага дракона. Яна нават не павярнула галавы, калі мы міналі ўзгорак, а пасля знікла ў джунглях.

Плывучы далей, мы адчулі пах дыму і ўбачылі на прагалінах уздоўж берага некалькі хацін з саламянымі стрэхамі. За нашым плытом пільна сачылі, стоячы на беразе, злавесныя з выгляду людзі, вычварная помесь індзейцаў, неграў і іспанцаў. Іхнія лодкі, вялізныя выдаўбаныя чаўны, ляжалі на беразе, перакуленыя дагары дном.

Калі настаў час абеду, мы падмянілі нашых прыяцеляў ля рулявых вёслаў, пакуль тыя смажылі рыбу і плады хлебнага дрэва на невялікім агні, раскладзеным на пласце мокрай гліны. Смажаныя кураняты, яйкі і трапічная садавіна таксама ўваходзілі ў наша меню. А плыт тым часам шпарка плыў і плыў, несучы нас праз джунглі да акіяна. Якая нам цяпер справа да таго, што дажджы затапілі ўсю краіну? Чым большыя дажджы, тым шпарчэй цячэ рака.

Калі цемра ахутала раку, на беразе пачаўся аглушальны канцэрт. Жабы і рапухі, маскіты і цвыркуны квакалі, гулі і стракаталі, нібы шматгалосы хор. Час-ад-часу ў цемры чуўся прарэзлівы віск дзікай кошкі, то тут, то там пішчалі спуджаныя са сваіх месц начнымі марадзёрамі джунгляў птушкі. Некалькі разоў мы бачылі цьмянае святло агню ў хацінах лясных жыхароў і чулі крыкі людзей і брэх сабак, калі мы праплывалі ў цемры міма. Але часцей за ўсё цішыня ночы парушалася толькі лясным канцэртам, і мы моўчкі сядзелі, любуючыся зорным небам, пакуль дрымота і дождж не загналі нас у каюту з лісця, дзе мы палеглі спаць, не забыўшы папярэдне паставіць на баявы ўзвод рэвальверы.

Чым далей плылі мы ўніз па рацэ, тым часцей трапляліся нам хаціны і плантацыі туземцаў, і неўзабаве з абодвух бакоў на берагах з’явіліся сапраўдныя вёскі. Рух на рацэ падтрымліваўся тут з дапамогай чаўноў, на якіх плылі, адпіхваючыся доўгімі жэрдкамі; тут і там мы бачылі маленькія бальзавыя плыты, нагружаныя кучамі зялёных бананаў.

Там, дзе Паленке злівалася з Рыё Гуаяс, рака была ўжо такая глыбокая, што паміж горадам Вінсес і ўзбярэжным портам Гуаякіль дзелавіта курсіраваў колавы параход. Каб сэканоміць час, Герман і я пераселі на параход і паплылі на ім міма густа населеных роўных берагоў да акіяна. Нашы карычневыя прыяцелі павінны былі, застаючыся ўдвух на плыце, плысці следам за намі.

У Гуаякіле Герман і я развіталіся. Ён застаўся ля вусця ракі Гуаяс, каб чакаць бальзавыя бярвенні. Ён павінен быў пагрузіць іх на параход кабатажнага плавання і прывезці ў Перу, а там распачаць будаўніцтва плыта і прасачыць за тым, каб ён быў дакладнай копіяй старадаўніх індзейскіх плытоў. А я на рэйсавым самалёце вылецеў на поўдзень у сталіцу Перу, Ліму, каб пашукаць адпаведнае месца для будаўніцтва плыта.

Самалёт ляцеў на вялікай вышыні ўздоўж берага Ціхага акіяна; з аднаго боку цягнуліся пустэльныя горы Перу, а з другога далёка ўнізе слаўся зіхатлівы акіян. Там мы мелі намер распачаць сваё плаванне на плыце. Калі я глядзеў з вышыні на акіян, ён здаваўся мне бязмежным. Неба і мора зліваліся ў няўлоўнай рысцы небасхілу далёка-далёка на захадзе, і я не мог пазбавіцца ад думкі, што і за небасхілам распасціраюцца многія сотні такіх марскіх раўнін, якія агінаюць адну пятую зямнога шара, перш чым зноў дасягаюць зямлі — астравоў Палінезіі. Я спрабаваў сканцэнтраваць свае думкі на тым, што чакае нас праз некалькі тыдняў, калі мы паплывём на малюсенькім плыце па гэтым блакітным бязмежным прасторы, але паспяшаўся хутчэй прагнаць і гэтую думку, бо яна выклікала ў мяне непрыемнае адчуванне, якое ахоплівае звычайна чалавека, калі ён збіраецца вось-вось скочыць з парашутам.

Дабраўшыся да Лімы, я паехаў на трамваі ў порт Кальяо пашукаць месца, дзе мы маглі б заняцца будаўніцтвам плыта. Я адразу ж убачыў, што ўсе прычалы былі забіты суднамі і ўздоўж усяго берага стаялі краны і пакгаузы, таможныя склады, дамы партовага кіраўніцтва і іншыя будынкі. Крыху далей ад гавані бераг не быў забудаваны, але там было столькі купальшчыкаў, што гэтая цікаўная публіка як бачыш расцягнула б плыт з усім рыштункам, варта было б нам толькі на момант адвярнуцца ад яго. Кальяо з’яўляецца зараз самым вялікім портам краіны з сямімільённым белым і карычневым насельніцтвам. Для тых, хто будуе плыты, час у Перу змяніўся яшчэ больш, чым у Эквадоры, і я бачыў толькі адзін выхад — трэба прабрацца за высокую агарожу, што акружае ваенны порт, ля чыгунных варот якога стаяла варта са зброяй у руках; вартавыя злосна і падазрона кідалі позіркі на мяне і іншых пабочных людзей, што праходзілі міма агарожы. Той, хто здолее трапіць туды, будзе знаходзіцца ў поўнай бяспецы.

У Вашынгтоне я сустрэўся з перуанскім марскім аташэ і меў ад яго рэкамендацыйнае пісьмо. Назаўтра я пайшоў з гэтым пісьмом у марское міністэрства і папрасіў, каб мяне прыняў марскі міністр Мануэль Ніета. Ён прымаў наведвальнікаў раніцой у прыгожай, абстаўленай у стылі ампір зале міністэрства, дзе ўсё зіхацела люстрамі і пазалотай. Я крыху пачакаў, а потым увайшоў міністр у параднай форме, нізкі прысадзісты афіцэр; няўмольны, як Напалеон, ён гаварыў коратка і дакладна. Ён запытаў, што мне трэба, і я адказаў, што прашу, каб мяне дапусцілі ў ваенны порт для будаўніцтва драўлянага плыта.

— Малады чалавек, — сказаў міністр, сярдзіта барабанячы пальцамі па стале. — Вы стукаецеся не ў тыя дзверы. Я з прыемнасцю дапамагу вам, але мне неабходна мець дазвол міністра замежных спраў; само сабой зразумела, што я не магу пусціць чужаземцаў на ваенную тэрыторыю і дазволіць ім карыстацца ваеннымі майстэрнямі. Звярніцеся ў пісьмовай форме да міністра замежных спраў. Жадаю поспеху.

Я з жахам падумаў аб паперках, што перасылаюцца з месца на месца і знікаюць у нетрах канцылярый. Якое шчасце было жыць у грубую эпоху Кон-Цікі, калі не існавала такіх перашкод, як пісьмовая заява! Трапіць асабіста да міністра замежных спраў было куды цяжэй. Нарвегія не мела дыпламатычнага прадстаўніка ў Перу, і наш генеральны консул Бар, які заўсёды гатоў быў услужыць мне, мог дапамагчы мне сустрэцца толькі з саветнікам міністэрства замежных спраў. Я баяўся, што далей гэтага справа не пойдзе. Цяпер магло спатрэбіцца пісьмо доктара Коена прэзідэнту рэспублікі. I я звярнуўся да ад’ютанта прэзідэнта Перу з просьбай аб аудыенцыі ў яго правасхадзіцельства дона Хосе Бустаментэ і Рывера. Праз некалькі дзён мне паведамілі, што я павінен быць у палацы а дванаццатай гадзіне.

Ліма — сучасны горад з паўмільённым насельніцтвам; ён раскінуўся на зялёнай раўніне ля падножжа пустэльных гор. Па сваёй архітэктуры, а таксама, бадай што, не ў меншай ступені, дзякуючы сваім садам і бульварам ён, бясспрэчна, з’яўляецца адной з самых прыгожых сталіц у свеце — кутком сучаснай Рыўеры або Каліфорніі, ажыўленым маляўнічымі будынкамі ў старадаўнім іспанскім стылі. Палац прэзідэнта знаходзіцца ў цэнтры горада і ўзмоцнена ахоўваецца ўзброенымі вартавымі ў яркай форме. Атрымаць аудыенцыю ў Перу — справа сур’ёзная, і пераважная большасць жыхароў бачыла прэзідэнта толькі на экране кіно. Салдаты з бліскучымі патранташамі правялі мяне ўгору па лесвіцы, а потым па доўгім калідоры; у канцы яго трое ў цывільным праверылі мае дакументы і запісалі мяне ў кнігу; перада мною адчынілі масіўныя дубовыя дзверы, і я апынуўся ў пакоі, дзе стаяў доўгі стол і некалькі радоў крэслаў. Там мяне сустрэў нейкі мужчына ў белым касцюме, папрасіў мяне сесці, а сам знік. Праз некалькі секунд расчыніліся шырокія дзверы, і мяне папрасілі зайсці ў наступны пакой, абстаўлены з куды большай раскошай. Нейкая важная фігура ў бездакорным мундзіры рушыла насустрач мне.

«Прэзідэнт», — падумаў я і выцягнуўся ў струнку. Але не. Чалавек у расшытым золатам мундзіры прапанаваў мне сесці ў старадаўняе крэсла з прамой спінкай і знік. Я не праседзеў на краёчку крэсла і мінуты, як расчыніліся яшчэ адны дзверы і слуга з паклонам запрасіў мяне ў вялікі, багата ўпрыгожаны, пазалочаны пакой з пазалочанай мэбляй. Слуга знік гэтак жа нечакана, як і з’явіўся, і я ў адзіноце застаўся сядзець на старадаўняй канапе, разглядаючы анфіладу пустых пакояў з насцеж расчыненымі дзвярыма. Было так ціха, што я чуў, як хтосьці прыглушана кашляў за некалькі пакояў ад мяне. Потым пачуліся цвёрдыя крокі, яны ўсё набліжаліся; я ўсхапіўся з канапы і нерашуча пакланіўся важнаму пану ў форме. Але не, гэта таксама быў не ён. З таго, што сказаў гэты пан, я зразумеў, што прэзідэнт шле мне свае прывітанні і што ён хутка вызваліцца, як толькі закончыцца пасяджэнне савета міністраў. Праз дзесяць хвілін цвёрдыя крокі зноў парушылі цішыню, і на гэты раз у пакой увайшоў чалавек з залатымі аксельбантамі і эпалетамі. Я імкліва ўсхапіўся з канапы і нізка пакланіўся. Чалавек пакланіўся яшчэ ніжэй і павёў мяне праз некалькі пакояў і ўгору па лесвіцы, засланай тоўстымі дыванамі. Ён пакінуў мяне ў малюсенькім пакойчыку, у якім стаялі канапа і скураное крэсла Увайшоў мужчына невысокага росту, у белым касцюме; я пакорліва стаяў, чакаючы, што ён зноў мяне куды-небудзь павядзе. Але ён нікуды мяне не павёў, толькі ветліва прывітаўся і застаўся на месцы. Гэта быў прэзідэнт Бустаментэ Рывера.

Прэзідэнт ведаў па-англійску ў два разы больш, чым я па-іспанску; пасля таго як мы абмяняліся прывітаннямі і ён жэстам запрасіў мяне сесці, наш сумесны запас слоў быў вычарпаны. Знакамі і жэстамі можна сказаць шмат што, але нельга з іх дапамогай атрымаць дазвол на будаўніцтва плыта ў перуанскім ваенным порце. Я здагадаўся, што прэзідэнт мяне не разумее, а сам ён здагадаўся аб гэтым яшчэ раней, бо праз некаторы час ён выйшаў, а потым вярнуўся ў суправаджэнні міністра авіяцыі. Міністр авіяцыі генерал Рэверэда быў энергічны, атлетычнага складу мужчына ў форме ваенна-паветраных сіл з крыльцамі на грудзях. Ён добра гаварыў па-англійску з амерыканскім акцэнтам.

Я папрасіў прабачыць мне за непаразуменне і сказаў, што хацеў бы, каб мне далі дазвол прайсці не на аэрадром, а ў ваенны порт. Генерал засмяяўся і растлумачыў, што яго запрасілі сюды толькі як перакладчыка. Крок за крокам мая тэорыя была выкладзена прэзідэнту, які ўважліва слухаў і задаваў пры дапамозе генерала Рэверэда слушныя пытанні. Пад канец ён сказаў:

— Калі існуе думка, што астравы Ціхага акіяна былі ўпершыню адкрыты людзьмі з Перу, то Перу зацікаўлена ў гэтай экспедыцыі. Скажыце, чым мы можам вам дапамагчы.

Я папрасіў выдзеліць нам месца на тэрыторыі ваеннага порта для будаўніцтва плыта, даць нам магчымасць карыстацца флоцкімі майстэрнямі, забяспечыць памяшканнем, дзе мы маглі б захоўваць рыштунак, і даць дазвол на ўвоз яго ў краіну, дазволіць карыстацца сухім докам і паслугамі рабочых порта для дапамогі нам у рабоце, а таксама даць судна, якое адбуксіравала б нас ад берага. калі мы рушым у дарогу.

— Чаго ён просіць? — нецярпліва спытаў прэзідэнт такім тонам, што нават я зразумеў.

— Нічога асаблівага, — коратка адказаў Рэверэда. I прэзідэнт, задаволены такім адказам, кіўнуў у знак згоды.

Перш чым аудыенцыя была закончана, Рэверэда паабяцаў, што міністр замежных спраў атрымае асабістае ўказанне ад прэзідэнта, а марскому міністру Ніета будзе дадзена поўная свабода дзеянняў для аказання нам неабходнай дапамогі.

— Хай беражэ ўсіх вас бог! — сказаў на развітанне генерал, смеючыся і ківаючы галавой. Увайшоў ад’ютант і правёў мяне да дзяжурнага.

У той жа дзень у газетах Лімы быў надрукаваны артыкул аб нарвежскай экспедыцыі, якая павінна адплыць на плыце ад берагоў Перу; адначасова газеты паведамлялі, што шведска-фінская навуковая экспедыцыя закончыла свае работы па вывучэнню жыцця індзейцаў у джунглях на берагах Амазонкі. Два шведы, удзельнікі гэтай экспедыцыі на Амазонку, падняліся ў чоўне ўверх па рацэ ў Перу і толькі што прыехалі ў Ліму. Адзін з іх быў Бенгт Даніельсон з Упсальскага ўніверсітэта, ён збіраўся цяпер заняцца вывучэннем горных індзейцаў у Перу.

Я выразаў артыкул. Седзячы ў сябе ў нумары, я пісаў пісьмо Герману адносна месца для будаўніцтва плыта, як раптам да мяне пастукалі ў дзверы. Увайшоў высокі загарэлы хлапец у трапічным касцюме; калі ён зняў белы шлем, мне кінулася ў вочы ярка-рыжая барада, якая, здавалася, асмаліла яго твар і выпаліла частку валасоў на галаве. Гэты хлапец з’явіўся з нетраў джунгляў, але адразу можна было здагадацца, што яго месца ва ўніверсітэцкай аўдыторыі.

«Бенгт Даніельсон», — падумаў я.

— Бенгт Даніельсон, — адрэкамендаваўся наведвальнік.

«Ён даведаўся пра плыт», — падумаў я і запрасіў яго прысесці.

— Я толькі што даведаўся пра вашы планы наконт плыта, — прамовіў швед.

«I вось ён прыйшоў, каб разграміць маю тэорыю, паколькі ён этнограф», — падумаў я.

— I вось я прыйшоў, каб высветліць, ці не магу я стаць вашым спадарожнікам на плыце, — міралюбна сказаў швед. — Я цікаўлюся тэорыяй міграцыі.

Я нічога не ведаў пра гэтага чалавека; мне было вядома толькі, што ён вучоны і што ён з’явіўся проста з джунгляў. Але калі швед вырашыў падарожнічаць на плыце адзін з пяццю нарвежцамі, яны не павінны адмаўляцца прыняць яго ў кампанію. Апрача таго, не зважаючы на пышную бараду Бенгта, было відаць, што ён мае вясёлы характар.

Бенгт стаў шостым удзельнікам экспедыцыі, паколькі месца яшчэ было не занята. I, як выявілася, ён з’яўляўся адзіным сярод нас, хто ўмеў гаварыць па-іспанску.

Калі праз некалькі дзён пасажырскі самалёт, роўна гудучы сваімі маторамі, ляцеў уздоўж узбярэжжа на поўнач, я зноў пачціва глядзеў на бязмежны сіні акіян, што рассцілаўся пад намі. Здавалася, што ён павіс і плыве ў самім небе. Неўзабаве мы ўшасцёх саб’емся ў кучу, як мікробы ў пылінцы, недзе там унізе, дзе столькі вады, што ўвесь небасхіл на захадзе здаецца перапоўненым ёю. Мы будзем адны ў акіяне, не маючы магчымасці адысці адзін ад аднаго далей чым на некалькі крокаў. Зрэшты, пакуль што між намі была досыць вялікая адлегласць. Герман знаходзіўся ў Эквадоры і чакаў бярвенняў. Кнут Хаугланд і Тарстэйн Рабю толькі што прыляцелі ў Нью-Йорк. Эрык Хесельберг быў на борце карабля, што плыў з Осла ў Панаму. Сам я ляцеў у Вашынгтон, а Бенгт, гатовы рушыць у дарогу, застаўся ў гасцініцы ў Ліме і чакаў прыезду астатніх.

Усе мае спадарожнікі не ведалі раней адзін аднаго, і ўсе яны былі зусім рознымі людзьмі. Таму на працягу некалькіх тыдняў на плыце мы будзем гарантаваны ад таго, што надакучым адзін аднаму сваімі расказамі. Навальнічныя хмары, нізкі ціск і непагадзь будуць для нас менш небяспечны, чым пагроза сутыкнення характараў шасці чалавек, якім давядзецца некалькі месяцаў знаходзіцца разам на дрэйфуючым плыце. У гэтым выпадку добры жарт часта бывае такім жа карысным, як выратавальны пояс.

У Вашынгтоне ўсё яшчэ стаяла суровая зіма, халодная і снежная. Я вярнуўся туды ў лютым. Бёрн энергічна ўзяўся за праблему радыё, і яму ўдалося зацікавіць амерыканскае таварыства радыё-аматараў і дамовіцца, што яго члены будуць прымаць паведамленні з плыта. Кнут і Тарстэйн займаліся арганізацыяй сувязі, якая павінна была ажыццяўляцца з дапамогай караткахвалевых перадатчыкаў, сканструяваных спецыяльна для гэтай мэты, а часткова з дапамогай партатыўных радыёстанцый, якімі карысталіся ў час вайны ўдзельнікі Супраціўлення. Трэба было вырашыць тысячу пытанняў, вялікіх і маленькіх, калі мы хацелі выканаць у час падарожжа ўсё, што было задумана. А горы паперак у папках усё раслі і раслі. Ваенныя і цывільныя дакументы, белыя, жоўтыя і сінія, на англійскай, іспанскай, французскай і нарвежскай мовах. У наш практычны век нават падарожжа на плыце павінна было абысціся папяровай прамысловасці ледзь не цэлай піхтай. Законы і абмежаванні звязвалі нас па руках і нагах; мы вымушаны былі разблытваць адзін вузел за другім.

— Гатоў біцца аб заклад, што ўся гэтая перапіска важыць дзесяць кілаграм, — сказаў неяк у роспачы Кнут, згінаючыся над пішучай машынкай.

— Дванаццаць, — спакойна ўдакладніў Тарстэйн. — Я ўзважыў.

Мая маці, відаць, добра разумела наша становішча, калі пісала ў гэтыя драматычныя дні апошніх падрыхтаванняў: «Мне хочацца аднаго — ведаць, што вы ўсе шасцёра ўжо шчасліва знаходзіцеся на плыце!»

Потым аднойчы прыйшла спешная тэлеграма з Лімы аб тым, што Герман быў перакулены ў час купання магутнай хваляй і выкінуты на бераг, моцна пабіты і з вывіхнутай шыяй. Ён знаходзіўся на лячэнні ў адной з бальніц Лімы.

Да яго адразу ж вылецелі Тарстэйн Рабю і Герд Волд, якая ў час вайны была прадстаўніцай у Лондане адной з груп нарвежскага руху Супраціўлення, а цяпер дапамагала нам у Вашынгтоне. Герман ужо ачуньваў. Яго паўгадзіны пратрымалі падвешаным на рамнях, сцягнутых вакол галавы, пакуль дактары ставілі яму на месца першы шыйны пазванок. Рэнтгенаўскі здымак паказаў, што пазванок меў трэшчыну і перавярнуўся задам наперад. Германа выратавала ад смерці яго цудоўнае здароўе; неўзабаве ён выпісаўся з бальніцы і, увесь у сіняках, не могучы павярнуць шыі, з рэўматычнымі болямі, зноў з’явіўся ў ваенным порце, куды былі прывезены бальзавыя бярвенні, і ўзяўся за работу. Ён павінен быў на працягу некалькіх тыдняў знаходзіцца пад наглядам дактароў, і мы не былі ўпэўнены, ці здолее ён плысці разам з намі. Але сам ён ні на хвіліну не сумняваўся ў гэтым, нягледзячы на першае горкае выпрабаванне ў абдымках Ціхага акіяна.

Праз некаторы час прыляцеў з Панамы Эрык, а Кнут і я — з Вашынгтона, і цяпер мы ўсе сабраліся ў нашым зыходным пункце — Ліме.

На беразе на тэрыторыі ваеннага порта ляжалі вялізныя бальзавыя бярвенні з лясоў Ківеда. Усе мы былі расчулены гэтай сустрэчай. Свежассечаныя круглыя бярвенні, жоўтыя ствалы бамбуку, чарот і зялёнае бананавае лісце — увесь наш будаўнічы матэрыял — ляжалі зваленыя ў кучы сярод грозных падводных лодак і эсмінцаў. Шэсць светласкурых ураджэнцаў Поўначы і дваццаць карычневых «матросаў», у венах якіх цякла кроў інкаў, махалі сякерамі і доўгімі нажамі — мачэце[20], упрагаліся ў канаты і вязалі вузлы. Падцягнутыя марскія афіцэры ў сіняй з золатам форме хадзілі міма і здзіўлена пазіралі на гэтых бледных чужаземцаў і на гэтыя раслінныя матэрыялы, што так нечакана з’явіліся ў іх у порце.

Першы раз за апошнія стагоддзі бальзавы плыт будаваўся ў бухце Кальяо. Легенды інкаў сцвярджаюць, што ў гэтых берагавых водах іх продкі ўпершыню навучыліся плаваць на такіх плытах ад знікшага племені Кон-Цікі, а гістарычныя даныя сведчаць аб тым, што ў больш познія часы еўрапейцы забаранілі індзейцам карыстацца плытамі. Плаваючы на адкрытым плыце, чалавек рызыкуе жыццём. Патомкі інкаў ішлі ў нагу з часам; як і мы, яны носяць штаны са складкай і матроскі. Бамбук і бальза належаць першабытнаму мінуламу; тут таксама ўсё рухаецца наперад — да брані і сталі.

Ультрасучасны порт рабіў для нас цудоўныя паслугі. З Бенгтам як перакладчыкам і з Германам як галоўным канструктарам мы адчувалі сябе ў шматлікіх цяслярскіх і парусных майстэрнях нібы дома; для захоўвання нашага рыштунку мы мелі ў сваім распараджэнні палову пакгауза; нам выдзелілі невялікі плывучы пірс, ля якога мы спусцілі бярвенні ў ваду, калі распачалося будаўніцтва.

Мы выбралі дзевяць самых тоўстых бярвенняў, лічачы, што іх хопіць на плыт. Для таго каб вяроўкі, якія павінны былі злучыць між сабой бярвенні і змацаваць увесь плыт, не маглі саслізнуць, у бярвеннях былі выразаны глыбокія пазы. Ва ўсім збудаванні не было ні аднаго кастыля або цвіка, ні аднаго кавалка стальнога троса. Перш за ўсё мы спусцілі дзевяць вялікіх бярвенняў у ваду, адно ля другога, пачакалі, колькі трэба, каб яны набылі тое становішча, у якім яны плавалі б у натуральных умовах, а потым моцна звязалі іх паміж сабой. Самае доўгае бервяно, чатырнаццаціметровае, было пакладзена пасярэдзіне і даволі намнога вытыркалася з абодвух канцоў. Абапал яго былі сіметрычна ўкладзены астатнія бярвенні, чым далей ад сярэдняга, тым усё карацейшыя, так што па баках плыт меў у даўжыню каля дзесяці метраў, а нос вытыркаўся нібы навугольнік снегаачышчальніка. Карма плыта была абрэзана па прамой, за выключэннем трох сярэдніх бярвенняў, якія крыху тырчалі назад; на гэтым выступе была ўмацавана кароткая тоўстая калода з бальзавага дрэва, якая ляжала ўпоперак плыта і мела гнёзды для ўключыны рулявога вясла. Калі дзевяць бальзавых бярвенняў былі моцна звязаны асобнымі кавалкамі пяньковай вяроўкі таўшчынёй трыццаць міліметраў, зверху, упоперак іх, прыблізна праз кожны метр, мы ўмацавалі тонкія бальзавыя бярвенні — ранжыны[21]. Сам плыт быў цяпер гатовы, старанна змацаваны трыма сотнямі вяровак рознай даўжыні, кожную з якіх мы завязалі моцным вузлом. Наверсе мы наслалі палубу з расшчэпленых бамбукавых ствалоў, прымацаваных да ранжын; палуба была заслана цыноўкамі, сплеценымі з маладых парасткаў бамбуку. Пасярэдзіне плыта, крыху бліжэй да кармы, мы пабудавалі невялікую адкрытую каюту з бамбукавых жэрдак; сцены яе былі сплецены з бамбукавых парасткаў, а дах зроблены з бамбукавых планак і глянцавітых бананавых лісцяў, укладзеных адзін на адзін, нібы чарапіца. Перад каютай мы паставілі адну ля другой дзве мачты. Яны былі высечаны з цвёрдага, як жалеза, мангравага дрэва; яны стаялі нахільна адна да адной, і верхавіны іх былі звязаны разам крыж-накрыж. Вялікі чатырохкутны парус быў умацаваны на рэі, якую мы зрабілі з двух бамбукавых ствалоў, папярэдне звязаўшы іх для большай трываласці разам.

Дзевяць вялікіх бярвенняў, на якіх мы збіраліся пераплыць акіян, былі спераду завостраны, як у плытах індзейцаў, каб яны маглі лепш слізгаць у вадзе, а на носе над самай паверхняй вады мы зрабілі вельмі нізкі фальшборт для абароны ад хваль.

У некалькіх месцах, дзе паміж бярвеннямі былі вялікія шчыліны, мы прасунулі тоўстыя сасновыя дошкі, — пяць штук, якія ішлі ў ваду на паўтара метра папярочным кантам уніз пад прамым вуглом да плыта. Яны былі размешчаны без усякай сістэмы, мелі ў таўшчыню дваццаць пяць міліметраў, а ў шырыню шэсцьдзесят сантыметраў. Яны трымаліся на месцы з дапамогай кліноў і вяровак і з’яўляліся, уласна кажучы, маленькімі паралельнымі кілямі, або швертамі. Такія кілі меліся на ўсіх бальзавых плытах у часы інкаў задоўга да адкрыцця Амерыкі і прызначаліся для таго, каб не даваць ветру і плыні зносіць плоскія драўляныя плыты з вызначанага напрамку. Ніякіх парэнчаў або агарожы вакол плыта мы не рабілі, але ўздоўж кожнага борта было пакладзена доўгае тонкае бальзавае бервяно, якое давала цвёрдую апору для ног.

Уся пабудова з’яўлялася дакладнай копіяй старадаўніх перуанскіх і эквадорскіх суднаў, калі не лічыць нізкага фальшборта на носе, які, як потым высветлілася, быў зусім непатрэбны. Што датычыць розных дэталей абсталявання, то мы, вядома, маглі выбіраць усё адпаведна свайму густу, калі толькі гэта не адбівалася на мараходных якасцях нашага судна. Мы ведалі, што ў недалёкім будучым плыт будзе для нас усім светам і што таму кожная дробязь у тым, як мы ўладкуемся, з кожным тыднем, праведзеным на плыце, будзе набываць усё большае значэнне.

Таму мы пастараліся надаць нашай маленькай палубе па магчымасці больш разнастайны выгляд. Бамбукавы насціл пакрываў не ўвесь плыт: ён цягнуўся толькі перад бамбукавай каютай і ўздоўж правага адкрытага боку яе. Злева ад каюты было штосьці накшталт задняга двара, застаўленага моцна прывязанымі скрынкамі і прадметамі рыштунку; паміж імі і краем плыта заставаўся толькі вузкі праход. Спераду на носе і на карме, аж да задняй сцяны каюты, дзевяць вялізных бярвенняў не мелі ніякага насцілу. Такім чынам, калі мы хацелі абысці вакол бамбукавай каюты, мы павінны былі з жоўтага бамбукавага насцілу і плеценых цыновак перашагнуць на круглыя шэрыя бярвенні на карме, а потым зноў падняцца на кучы грузу, што ляжалі з другога боку. Адлегласць была невялікая, але псіхалагічны эфект ад пераадолення нейкіх перашкод ствараў уражанне разнастайнасці і кампенсаваў абмежаванасць прасторы, па якой мы маглі рухацца. На верхавіне мачты мы зрабілі драўляную пляцоўку — не так для таго, каб мець назіральны пункт, калі мы будзем, нарэшце, набліжацца да зямлі, як для таго, каб можна было залезці на яе ў час плавання і глядзець на акіян пад іншым вуглом.

Калі плыт пачаў набываць больш-менш закончаны выгляд і пагойдваўся ўжо на вадзе сярод ваенных караблёў, ззяючы залацістымі стваламі спелага бамбуку і зелянінай лісця, сам марскі міністр прыехаў агледзець нашу работу. Мы бязмерна ганарыліся сваім суднам — жывым успамінам аб часах інкаў, — якое стаяла тут, у акружэнні страшных ваенных караблёў. Але марскога міністра ахапіў невыказны жах, калі ён убачыў наш плыт. Мяне выклікалі ў кіраўніцтва ваеннага порта, і я павінен быў падпісаць дакумент, які здымаў з марскога міністэрства ўсякую адказнасць за тое, што мы пабудавалі ў яго порце. Потым я быў выкліканы таксама да начальніка порта Кальяо і падпісаў там другі дакумент, у якім гаварылася, што ў выпадку, калі я з людзьмі і грузам пакіну порт на плыце, адказнасць за гэта будзе ляжаць цалкам на мне. Праз некаторы час ваенны порт дазволілі наведаць групе замежных марскіх спецыялістаў і дыпламатаў. Іх меркаванні таксама пакідалі мала надзей на шчаслівы зыход нашай задумы. Яшчэ праз некалькі дзён мяне запрасіў да сябе пасол адной з вялікіх дзяржаў.

— Вашы бацькі жывыя? — запытаў ён. I калі я адказаў сцвярджальна, ён паглядзеў мне проста ў вочы і прамовіў злавесным, замагільным голасам: — Вашы маці і бацька будуць вельмі засмучаны, атрымаўшы вестку аб вашай смерці.

Як прыватная асоба, ён прасіў мяне адмовіцца ад падарожжа, пакуль яшчэ не позна. Адзін адмірал, які аглядаў плыт, сказаў яму, што мы ні ў якім разе не застанемся жывымі. Перш за ўсё, памеры плыта няправільныя. Ён такі малы, што пры моцных хвалях перакуліцца дагары дном; у той жа час ён мае такую даўжыню, што нос і карма будуць знаходзіцца на дзвюх розных хвалях, і бальзавыя бярвенні плыта з людзьмі і грузам зломяцца, як саломінка, не вытрымаўшы напружання. I што яшчэ горш, буйнейшы ў краіне экспарцёр бальзавых дрэў сказаў яму, што порыстыя бальзавыя бярвенні здолеюць праплыць па акіяну толькі чацвёртую частку патрэбнай адлегласці, а потым яны набрыняюць вадой і патонуць пад намі.

Усё гэта гучала нявесела, але паколькі мы ўпарта стаялі на сваім, то нам падарылі біблію, каб мы абавязкова ўзялі яе з сабою ў плаванне. Адным словам, спецыялісты, якія аглядалі плыт, мала абнадзейвалі нас. Штормы, а магчыма і ўраганы змыюць нас за борт і знішчаць адкрытае, з нізкай асадкай судна, якое бездапаможна будзе кружыць па акіяне па волі ветру і хваль. Нават пры звычайным, спакойным надвор’і нас увесь час будзе заліваць салёнай вадой, якая раз’есць скуру на нагах і папсуе ўсё, што будзе знаходзіцца на плыце. Калі падсумаваць усё, што нагаварылі нам па чарзе розныя спецыялісты, дык выходзіла, што кожная вяроўка, кожны вузел, кожны памер, кожны кавалак дрэва на плыце павінны былі з’явіцца прычынай нашай пагібелі ў акіяне. Ішлі ў заклад на вялікія сумы аб тым, колькі дзён пратрымаецца плыт, а адзін лёгкадумны марскі аташэ пабіўся аб заклад на ўсё віскі, якое змогуць выпіць удзельнікі экспедыцыі да канца свайго жыцця, калі яны шчасліва даплывуць да якога-небудзь вострава ў Паўднёвым моры.

Горш за ўсё было, калі ў гавань зайшло нарвежскае судна і мы прывялі капітана і некалькі яго самых вопытных маракоў у ваенны порт. Мы нецярпліва чакалі іх крытычных заўваг, і наша расчараванне было вельмі вялікае, калі ўсе яны сышліся на тым, што тупаносаму нязграбнаму плыту парус не прынясе ніякай карысці; капітан, апрача таго, лічыў, што ў тым выпадку, калі мы будзем трымацца на вадзе, спатрэбіцца год або і два для таго, каб наш плыт, падхоплены плынню Гумбольдта, дабраўся да працілеглага берага акіяна. Боцман глядзеў на нашы мацаванні і ківаў галавой. Мы можам не хвалявацца. Не міне і двух тыдняў, як усе вяроўкі ператруцца і плыт разваліцца, бо ў моры вялікія бярвенні будуць увесь час рухацца ўверх і ўніз і церціся адно аб адно. Калі мы не заменім нашы вяроўкі стальнымі тросамі або ланцугамі, можам спакойна складваць чамаданы і ехаць дадому.

Гэтыя довады цяжка было абвергнуць. Калі хоць адзін з іх будзе правільны, дык у нас няма ніякіх шанцаў на поспех. Шчыра кажучы, я не раз пытаўся сам у сябе, ці ведаем мы, што робім. Сам я не мог нічога адказаць на гэтыя перасцярогі, бо не быў мараком. Але ў мяне заставаўся адзіны козыр на руках, на якім грунтавалася ўся наша задума. У глыбіні душы я ўвесь час быў упэўнены, што дагістарычная цывілізацыя распаўсюдзілася з Перу на астравы Ціхага акіяна ў тую эпоху, калі плыты, такія як наш, былі адзінымі суднамі на тутэйшым узбярэжжы. З гэтага я зрабіў вывад, што калі бальзавыя дрэвы плавалі і мацаванні трымаліся ў Кон-Цікі ў 500 годзе нашай эры, та яны будуць гэтак жа паводзіць сябе і цяпер, калі мы, не мудруючы, пабудавалі свой плыт дакладна па ўзору яго плыта. Бенгт і Герман цалкам прынялі маю тэорыю, і пакуль спецыялісты аплаквалі нас, хлопцы ставіліся да ўсяго зусім спакойна і цудоўна праводзілі час у Ліме. Аднойчы ўвечары Тарстэйн з трывогай запытаўся ў мяне, ці ўпэўнены я, што акіянская плынь ідзе ў патрэбным напрамку. Мы знаходзіліся ў гэты час у кіно і любаваліся на Дароці Ламур, якая разам з гавайскімі дзяўчатамі танцавала ў саламянай спаднічцы сярод пальмаў на маляўнічым астраўку Паўднёвага мора.

— Сюды мы і павінны накіравацца, — сказаў Тарстэйн. — I мне шкада вас, калі плынь ідзе не так, як вы сцвярджаеце!

Калі да дня адплыцця засталося не так ужо многа, мы пайшлі ў звычайнае пашпартнае бюро, каб атрымаць дазвол на выезд з краіны. Бенгт, як перакладчык, стаяў у чарзе першым.

— Ваша прозвішча? — запытаў цырымонны маленькі чыноўнік, падазрона пазіраючы паўзверх акуляраў на вялізную бараду Бенгта.

— Бенгт Эмерык Даніельсон, — пачціва адказаў Бенгт.

Чыноўнік заклаў у пішучую машынку доўгі бланк.

— На якім параходзе вы прыехалі ў Перу?

— Ведаеце, — пачаў тлумачыць Бенгт, нагнуўшыся да перапалоханага маленькага чалавечка, — я прыехаў не на параходзе, я прыплыў у Перу на чоўне.

Анямеўшы ад здзіўлення, чыноўнік зірнуў на Бенгта і надрукаваў «човен» у адпаведнай графе бланка.

— А на якім параходзе вы пакідаеце Перу?

— Зноў жа, ведаеце, — ветліва прамовіў Бенгт, — я пакідаю Перу не на параходзе, а на плыце.

— Яшчэ што выдумайце! — сярдзіта ўсклікнуў чыноўнік і злосна выцягнуў з машынкі бланк. — Вы будзеце адказваць на мае пытанні як належыць ці не?

За некалькі дзён да адплыцця харчы, вада і ўвесь наш рыштунак былі пагружаны на плыт. Мы ўзялі прадуктаў на шэсць чалавек на чатыры месяцы; гэта былі армейскія рацыёны, упакаваныя ў невялікія моцныя кардонныя каробкі. Герману прыйшло ў галаву разагрэць асфальт і абліць роўным слоем кожную каробку з усіх бакоў. Пасля гэтага мы пасыпалі каробкі пяском, каб яны не зліпліся, і цесна злажылі іх пад бамбукавай палубай, дзе яны занялі ўсё месца паміж дзевяццю тонкімі ранжынамі, што падтрымлівалі палубу.

З крыштальна чыстай крыніцы, што знаходзілася высока ў гарах, мы напоўнілі пяцьдзесят шэсць маленькіх бітонаў, у якія ўвайшло каля 1 100 літраў вады для піцця. Бітоны мы таксама замацавалі паміж ранжынамі так, каб іх увесь час абмывала вада акіяна. На бамбукавай палубе мы прывязалі астатні рыштунак і вялікія плеценыя кашы, поўныя садавіны і какосавых арэхаў.

Адзін кут бамбукавай каюты Кнут і Тарстэйн занялі пад радыёстанцыю. У глыбіні каюты ўнізе паміж ранжынамі мы паставілі, добра прымацаваўшы да бярвенняў, восем скрынь.

У дзвюх скрынях знаходзіліся навуковыя інструменты і кінаплёнка, астатнія шэсць былі аддадзены ў наша распараджэнне, па адной на кожнага; гэта быў намёк на тое, што кожны можа ўзяць з сабою столькі асабістых рэчаў, колькі змесціцца ў яго скрыні. Эрык прывалок некалькі рулонаў паперы для малявання і гітару, і так напакаваў сваю скрыню, што вымушаны быў трымаць свае шкарпэткі ў скрыні Тарстэйна. Потым з’явіліся чатыры матросы са скрыняй Бенгта. Ён не ўзяў з сабою нічога, апрача кніг, але затое ўмудрыўся ўціснуць у яе 73 творы па сацыялогіі і этнаграфіі. Зверху на скрыні мы паклалі плеценыя цыноўкі і саламяныя матрацы. Цяпер мы былі гатовы ў дарогу.

Перш за ўсё плыт вывелі на буксіры за межы ваеннага порта і працягнулі крыху вакол гавані, каб праверыць, ці правільна размешчаны груз; потым яго адбуксіравалі цераз усю гавань да яхт-клуба. Там напярэдадні нашага адплыцця ў прысутнасці запрошаных і іншых зацікаўленых асоб павінна было адбыцца «хрышчэнне» плыта.

27 красавіка быў узняты нарвежскі флаг, а на рэі развяваліся флагі замежных дзяржаў, якія аказалі экспедыцыі практычную падтрымку. Набярэжная была запоўнена людзьмі, што хацелі паглядзець на цырымонію «хрышчэння» незвычайнага судна. Колер скуры і рысы твару многіх гледачоў сведчылі аб тым, што іх далёкія продкі плавалі на бальзавых плытах уздоўж гэтага берага. Але былі тут і патомкі старадаўніх іспанскіх сем’яў на чале з прадстаўнікамі марскога ведамства і ўрада, а таксама паслы Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, Аргенціны і Кубы, былы губернатар англійскіх калоній у Ціхім акіяне, шведскі і бельгійскі пасланнікі і, нарэшце, нашы сябры-землякі, супрацоўнікі нарвежскага консульства, на чале з генеральным консулам Барам. Мітусіўся натоўп журналістаў, пстрыкалі кіноапараты; не хапала толькі духавога аркестра і вялікага барабана. Нам усім было зразумела толькі адно: калі плыт рассыплецца на часткі пасля выхаду з гавані, мы лепей паплывем у Палінезію кожны на асобным бервяне, чым асмелімся вярнуцца назад.

На долю Герд Волд, сакратара экспедыцыі і сувязной паміж намі і мацерыком, выпала «ахрысціць» плыт малаком какосавага арэха часткова таму, што гэта гарманіравала з каменным векам, а часткова таму, што шампанскае па памылцы было схавана на дне асабістай скрыні Тарстэйна. Пасля таго як усім, хто сабраўся нас праводзіць, было аб’яўлена па-англійску і па-іспанску, што плыту даецца імя вялікага папярэдніка інкаў — сонца-караля, які паўтары тысячы год назад знік з Перу і, паплыўшы па акіяну на захад, пазней з’явіўся ў Палінезіі, — Герд Волд распачала цырымонію «хрышчэння» плыта «Кон-Цікі». Яна так моцна ўдарыла какосавым арэхам (шкарлупіна якога была ўжо наколана) аб нос плыта, што малако і кавалачкі ядра трапілі ажно на валасы бліжэйшых гледачоў, што пачціва стаялі навокал.

Потым мы падцягнулі ўгору бамбукавую рэю і паднялі парус, у цэнтры якога наш мастак Эрык намаляваў чырвонай фарбай барадаты твар Кон-Цікі. Гэта была дакладная копія галавы сонца-караля з высечанай з чырвонага каменя статуі, якую знайшлі у разбураным горадзе Ціахуанака.

— Ах, сеньёр Даніельсон! — у захапленні ўсклікнуў старшы рабочы з партовай майстэрні, убачыўшы барадаты твар на парусе.

Ён называў Бенгта сеньёрам Кон-Цікі на працягу двух месяцаў пасля таго, як мы паказалі яму барадаты твар Кон-Цікі на лісце паперы. I толькі цяпер ён, нарэшце, зразумеў, што сапраўднае прозвішча Бенгта было Даніельсон.

Перад адплыццём мы ўсе былі запрошаны да прэзідэнта на развітальную аудыенцыю, а пасля яе зрабілі прагулку высока ў горы, каб уволю наглядзецца на скалы і камяністыя восыпы, перш чым мы рушым у дарогу па бязмежным акіяне. Пакуль ішла работа па будаўніцтву плыта на беразе, мы жылі ў пансіёне сярод пальмавага гаю ў аколіцах Лімы; у порт Кальяо і назад мы ездзілі на аўтамабілі міністэрства авіяцыі з шафёрам, якога Герд удалося наняць на час падрыхтоўкі экспедыцыі. Цяпер мы папрасілі шафёра завезці нас проста ў горы як мага далей, але з такім разлікам, каб можна было вярнуцца ў той жа дзень. I вось мы кацілі па пустэльных дарогах уздоўж старажытных арашальных каналаў часоў інкаў, пакуль не дасягнулі галавакружнай вышыні 4 000 метраў над мачтай нашага плыта. Тут мы проста елі вачыма скалы, і горныя вяршыні, і зялёную траву, стараючыся наглядзецца на спакойныя горныя кручы Андаў, якія рассцілаліся перад намі. Мы імкнуліся пераканаць саміх сябе, што нам страшэнна абрыдлі каменні і цвёрдая зямля і што мы прагнем хутчэй падняць свой парус і пазнаёміцца з акіянам.


Загрузка...