РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ ПА ЦІХІМ АКІЯНЕ. I

Драматычнае адплыцце. — Мы выходзім на буксіры ў адкрытае мора. — Узнімаецца вецер. — Змаганне з хвалямі. — Жыццё ў плыні Гумбольдта. — Самалёт не знаходзіць нас. — Бярвенні ўбіраюць у сябе ваду. — Дрэва і вяроўкі. — Мы харчуемся лятучымі рыбамі. — Незвычайны сусед па ложку. — Змяіная макрэль трапляе ў няёмкае становішча. — Вочы ў акіяне. — Расказ пра марскую здань. — Мы сустракаем самую вялікую на свеце рыбу. — Пагоня за марской чарапахай.


У той дзень, калі буксір павінен быў вывесці «Кон-Цікі» ў адкрыты акіян, у гавані Кальяо было надзвычай ажыўлена і людна. Марскі міністр даў распараджэнне партоваму буксіру «Гуардзіян Рыас» вывесці нас з бухты і далей у адкрытае мора за паласу кабатажнага плавання — туды, куды ў даўно мінулыя часы выходзілі на рыбную лоўлю індзейцы на сваіх плытах. Газеты прысвяцілі гэтай сенсацыі артыкулы пад чырвонымі і чорнымі шапкамі, і 28 красавіка натоўпы народу з самай рашцы запоўнілі набярэжныя.

Мы павінны былі ўсе сабрацца на плыце ў пачатку адзінаццатай гадзіны раніцы, а да таго часу ў кожнага з нас знайшліся розныя справы ў горадзе. Калі я з’явіўся на набярэжнай, на плыце знаходзіўся адзін Герман. Я знарок спыніў машыну даволі далекавата і прайшоўся па ўсім моле, каб як след размяць ногі напаследак перад плаваннем, аб працягласці якога ніхто не мог бы сказаць нічога пэўнага. Я скочыў на плыт, завалены без усякага парадку кучамі бананаў, кашамі і мяшкамі з садавінай, якія былі скінуты на палубу ў самую апошнюю хвіліну і якія мы павінны былі прывесці да ладу і папрывязваць, як толькі хоць крыху апамятаемся пасля адплыцця. Пасярод гэтай гары пакорліва сядзеў Герман; яго рука ляжала на клетцы з зялёным папугаем — развітальным падарунку нейкай сяброўскай душы ў Ліме.

— Папільнуйце хвілінку папугая, — сказаў Герман. — Я павінен сысці на бераг і выпіць апошнюю шклянку піва. Буксір прыйдзе не так хутка.

Толькі ён знік у натоўпе на набярэжнай, як людзі пачалі махаць рукамі і на штосьці паказваць. З-за краю мола, плывучы на поўнай хуткасці, паказаўся буксір «Гуардзіян Рыас». Ён стаў на якар на тым баку цэлага лесу мачтаў, якія заміналі яму падысці да «Кон-Цікі», і ад яго адплыў вялікі маторны кацер, каб правесці нас між яхтамі. Кацер быў увесь запоўнены ваеннымі маракамі — матросамі і афіцэрамі — і кінааператарамі; пакуль аддаваліся загады і пстрыкалі камеры, моцны буксірны канат быў прывязаны на носе плыта.

— Un momento![22] — закрычаў я спалохана, не ўстаючы з месца, дзе я сядзеў з папугаем. — Яшчэ занадта рана. Трэба пачакаць астатніх — los expedicionarios[23], — спрабаваў я растлумачыць, паказваючы ў бок горада.

Але ніхто не разумеў мяне. Афіцэры толькі ветліва ўсміхаліся, і канат на носе плыта быў замацаваны паводле ўсіх правілаў. Я адвязаў канат і скінуў яго ў ваду, суправаджаючы свае дзеянні ўсякімі, знакамі і жэстамі. Папугай, скарыстаўшы зручны момант у агульнай мітусні, высунуў дзюбу з клеткі і павярнуў зашчапку ў дзверцах; калі я азірнуўся, ён ужо весела пахаджваў па бамбукавай палубе. Я паспрабаваў злавіць яго, але ён, крыкнуўшы некалькі слоў па-іспанску, якія не маглі азначаць нічога іншага, апрача лаянкі, — гэта я ведаў, — пераляцеў на кучу бананаў. Сочачы адным вокам за матросамі, якія стараліся зноў накінуць канат на нос, я пачаў ганяцца за папугаем. Ён з крыкам уляцеў у бамбукавую каюту, і там я загнаў яго ў кут і схапіў за нагу ў той самы момант, калі ён хацеў пераляцець цераз мяне. Калі я зноў з’явіўся на палубе і запіхнуў маю трапяткую здабычу ў клетку, матросы на беразе паспелі ўжо зняць прычалы плыта, і ён бездапаможна танцаваў на доўгай хвалі, што дакацілася да нас з-за мола. У роспачы я схапіў кароткае вясло, дарэмна стараючыся не даць плыту ўдарыцца аб пáлі набярэжнай. Потым маторны кацер рушыў з месца; адзін рывок — і «Кон-Цікі» пачаў свой далёкі шлях. Адзіным маім спадарожнікам быў папугай, які ўмеў гаварыць па-іспанску; ён сядзеў, надзьмуўшыся, у клетцы. Натоўп на беразе радасна крычаў і махаў рукамі, а смуглявыя кінааператары ў маторным кацеры ледзь не падалі ў мора, як мага стараючыся зняць кожную дэталь драматычнага адплыцця экспедыцыі з Перу. У адчаі я адзінока стаяў на плыце, выглядаючы знікшых спадарожнікаў, але ніхто не з’яўляўся. Так мы падплылі да «Гуардзіян Рыас», які чакаў нас пад парай, гатовы зняцца з якара і рушыць у дарогу. Як згледзець вокам, я ўскарабкаўся па вяровачнаму трапу і нарабіў на параходзе такога шуму, што адплыццё было адкладзена і маторны кацер рушыў назад да набярэжнай. Яго не было досыць доўга, а потым ён вярнуўся, поўны прыгожанькіх сеньярыт, але без ніводнага члена экіпажа «Кон-Цікі». Усё гэта было вельмі прыемна, але ніколькі не рабіла лягчэйшым маё становішча; чароўныя сеньярыты стоўпіліся на плыце, а кацер паплыў зноў на пошукі los expedicionarios noruegos[24].

Тым часам Эрык і Бенгт, не спяшаючыся, спускаліся да набярэжнай з ахапкам газет і часопісаў і рознай дробяззю ў руках. Насустрач ім ішоў натоўп людзей, якія разыходзіліся па хатах; нарэшце ля паліцэйскай заставы іх спыніў нейкі паслужлівы чын, які паведаміў ім, што глядзець больш няма на што. Бенгт, грацыёзна размахваючы цыгарай, запярэчыў паліцэйскаму, што яны прыйшлі не як гледачы; яны самі павінны плысці на плыце.

— Гэта немагчыма, — спагадліва сказаў паліцэйскі. — «Кон-Цікі» адплыў гадзіну таму назад.

— Гэтага не можа быць! — усклікнуў Эрык, дастаючы адзін з пакетаў. — У мяне тут ліхтар!

— А вось гэта штурман, — дадаў Бенгт, — а я суднавы аканом.

Яны прарваліся праз ланцуг, але плыта сапраўды не было.

У роспачы яны хадзілі сюды-туды па молу, дзе і сустрэліся з астатнімі ўдзельнікамі экспедыцыі, якія таксама нецярпліва шукалі свой знікшы плыт. Тут яны ўбачылі кацер, які падыходзіў да берага, і неўзабаве мы ўсе былі, нарэшце, разам, і вада вакол плыта запенілася, калі «Гуардзіян Рыас» павёў нас на буксіры да адкрытага акіяна.

Было ўжо далёка за поўдзень, калі мы рушылі ў дарогу. «Гуардзіян Рыас» павінен быў буксіраваць нас да раніцы, пакуль мы не выйдзем за межы берагавых водаў. Як толькі мы мінулі мол, насустрач нам пакаціліся вялізныя хвалі, і ўсе маленькія лодкі, якія суправаджалі нас, адна за адной павярнулі назад. Толькі некалькі вялікіх яхт правялі нас да выхаду з бухты, каб паглядзець, як пойдуць нашы справы далей.

«Кон-Цікі» рухаўся ўслед за буксірам, нібы сярдзіты казёл, якога цягнуць на вяроўцы, і зарываўся носам у сустрэчныя хвалі так, што вада залівала палубу. Гэта не абяцала нічога добрага — хвалі на моры былі зусім невялікія ў параўнанні з тымі, якія чакалі нас у будучым. Пасярод бухты буксірны канат лопнуў, і наш канец яго спакойна апусціўся на дно, між тым як «Гуардзіян Рыас» плыў усё далей і далей.

Мы кінуліся да борта плыта, каб вылавіць канец каната, а яхты памчаліся наперад, спрабуючы спыніць параход. Пякучыя мядузы велічынёй з добры цабэрак падымаліся і апускаліся разам з хвалямі ўздоўж плыта і абляпілі ўсе вяроўкі слізкім слоем пякучага студзеню. Калі плыт хіліўся на адзін бок, мы, лежачы ніцма, перагіналіся цераз борт і стараліся дацягнуцца рукой да паверхні вады, але нашы пальцы толькі закраналі слізкі канат. Потым плыт зноў хіліўся ў другі бок, і нашы галовы акуналіся ў хвалю, а салёная вада і вялізныя мядузы перакочваліся цераз нашы спіны. Мы пляваліся, лаяліся, выцягвалі з валасоў клейкія часцінкі мядуз, але калі буксір вярнуўся, канец каната быў выцягнуты і падрыхтаваны, каб злучыць нас з параходам.

Мы збіралігя закінуць яго на борт буксіра, як раптам нас нечакана панесла пад тырчаўшую карму парахода. Плыт магло вось-вось прыціснуць хвалямі да кармы і раздушыць. Забыўшы пра ўсё на свеце, мы схапілі бамбукавыя жэрдкі і вёслы і стараліся, пакуль не позна, адпіхнуцца. Але гэта нам ніяк не ўдавалася: калі плыт знаходзіўся ў яміне паміж дзвюма хвалямі, мы не маглі дацягнуцца да кармы, што навісла над намі, а як толькі плыт узнімаўся на хвалі, уся карма «Гуардзіян Рыас» апускалася ў ваду і адразу расплюшчыла б нас, калі б плыт зацягнула пад яе. Наверсе, на палубе буксіра, людзі мітусіліся і крычалі; нарэшце вінт запрацаваў ля самага борта плыта, і ў апошнюю хвіліну ўзнятая вінтом хваля адкінула нас убок. Нос плыта атрымаў некалькі моцных удараў і крыху змяніў сваю форму, але потым паступова выраўняўся.

— Калі такі кепскі пачатак, дык канец затое павінен быць добрым, — сказаў Герман. — Хутчэй бы кончылася гэтая валтузня: ад такой трасяніны плыт можа кожную хвіліну разваліцца.

«Гуардзіян Рыас» вёў нас на буксіры ўсю ноч; мы плылі павольна і амаль без затрымак. Яхты даўно развіталіся з намі, апошнія берагавыя агні зніклі ў нас за кармой. Зрэдку ў цемры праплывалі агні караблёў, што перасякалі нашу дарогу. Мы падзялілі ноч на вахты, каб сачыць за буксірным канатам, і ўсім удалося някепска выспацца. Назаўтра раніцай, калі пачало днець, густы туман вісеў над берагам Перу, між тым як перад намі на захадзе было зусім чыстае блакітнае неба. Па акіяну каціліся доўгія спакойныя хвалі з невялікімі грабянямі; наша адзенне, бярвенні і ўсё, за што мы ні браліся, намокла ад расы. Было халаднавата, і зялёная вада вакол нас была на дзіва сцюдзёнай для 12° паўднёвай шырыні. Мы знаходзіліся ў плыні Гумбольдта, якая несла халодныя масы вады з Антарктыкі на поўнач уздоўж берагоў Перу, а потым паварочвала на захад і перасякала акіян, ідучы пад самым экватарам. Якраз у гэтых водах Пісара[25], Сараце[26] і іншыя старажытныя іспанцы ўпершыню сустрэлі вялікія парусныя плыты індзейцаў-інкаў, якія заплывалі звычайна на 50 — 60 міль ад берага для лоўлі тунцоў і залатой макрэлі ў самой плыні Гумбольдта. Увесь дзень тут дзьмуў вецер з берага, але пад вечар ён пачынаў дзьмуць у працілеглы бок і дапамагаў рыбакам вярнуцца дамоў, калі яны гэтага хацелі.

Буксір стаяў зусім побач з намі, і мы ўсяляк стараліся ўтрымаць плыт як мага далей ад яго носа, пакуль спускалі на ваду маленькую гумавую лодку. Яна плавала на хвалях, як футбольны мяч, і, танцуючы, наблізілася да «Гуардзіян Рыас»; Эрык, Бенгт і я ўхапіліся за вяровачны трап і ўскарабкаліся на борт.

З дапамогай Бенгта, які быў нашым перакладчыкам, нам паказалі на нашай карце дакладнае месцазнаходжанне плыта. Мы былі за 50 марскіх міль ад берага на паўночны захад ад Кальяо; для таго каб нас не патапілі кабатажныя судны, мы павінны будзем на працягу некалькіх першых начэй запальваць агні. Далей мы не сустрэнем ніводнага судна, бо ў гэтай частцы Ціхага акіяна не праходзіць ні адна параходная лінія.

Мы ўрачыста развіталіся з усімі, хто быў на борце буксіра; нейкімі дзіўнымі позіркамі праводзілі нас, калі мы спускаліся ў нашу лодачку і, пагойдваючыся на хвалях, плылі назад да «Кон-Цікі». Потым буксірны канат адвязалі, і плыт быў пакінуты на волю лёсу. Трыццаць пяць чалавек на «Гуардзіян Рыас» выстраіліся ўздоўж борта і махалі нам да таго часу, пакуль мы маглі распазнаваць іх абрысы. А шэсць чалавек сядзелі на скрынях на плыце і праводзілі буксір вачыма, пакуль ён не схаваўся ўдалечыні. Толькі пасля таго, як чорны слуп дыму развеяўся і знік за небасхілам, мы паківалі галавой і зірнулі адзін на аднаго.

— Да пабачэння, да пабачэння, — сказаў Тарстэйн. — Цяпер, хлопцы, пара пускаць у ход нашу машыну!

Мы засмяяліся і, наслініўшы пальцы, пачалі вызначаць напрамак ветру. Дзьмуў даволі лёгкі брыз, які мяняўся з паўднёвага на паўднёва-ўсходні. Мы паднялі бамбукавую рэю з вялікім прамавугольным парусам. Ён расслаблена звісаў, і гэта надавала твару Кон-Цікі зморшчаны, нездаволены выгляд.

— Старому не падабаецца, — прамовіў Эрык, — калі ён быў маладым, вятры дзьмулі мацней.

— Ага, здорава мы імчымся, — сказаў Герман і кінуў кавалак бальзавага дрэва ў ваду ля носа плыта.

— Адзін, два, тры... трыццаць дзевяць, сорак, сорак адзін.

Кавалак дрэва ўсё яшчэ спакойна ляжаў у вадзе побач з плытом; ён не прайшоў і палавіны шляху ўздоўж борта.

— Цудоўна! — сказаў Тарстэйн. — Чаго добрага, гэтая трэска будзе суправаджаць нас усю дарогу.

— Спадзяюся, што вячэрнім брызам нас не аднясе назад, —сказаў Бенгт. — Развітанне з Кальяо было вельмі вясёлым, але я не хацеў бы, каб нас віталі там з такім хуткім зваротам!

Але вось кавалак дрэва мінуў канец плыта. Мы крыкнулі «ўра» і пачалі ўкладваць і замацоўваць усё, што было скінута на палубу ў апошнюю хвіліну. Бенгт распаліў прымус унутры пустой скрыні, і неўзабаве мы смакавалі гарачае какава з галетамі і прабівалі дзіркі ў свежых какосавых арэхах. Бананы, як выявілася, былі яшчэ не зусім спелыя.

— Адносна аднаго цяпер можна сказаць, што ўсё ў парадку, — здаволена смеючыся, прамовіў Эрык.

У шырокіх штанах з авечай шкуры, у высокай індзейскай шапцы на галаве, з папугаем на плячы, ён пахаджваў па палубе.

— Толькі вось адно мне не падабаецца, — дадаў Эрык, — калі мы будзем і надалей нерухома тырчаць тут, дык усе гэтыя маладаследаваныя сустрэчныя плыні могуць аднесці нас якраз да ўзбярэжных скал.

Мы пагаварылі аб тым, ці не ўзяцца нам за вёслы, але вырашылі пачакаць ветру.

I вецер узняўся. Ён падзьмуў з паўднёвага ўсходу роўна і моцна. Неўзабаве наш парус выпнуўся наперад, нібы грудзі пры магутным уздыху, а твар Кон-Цікі весела заззяў. I «Кон-Цікі» пачаў рухацца.

— Эгэй! — радасна закрычалі мы, павярнуўшыся на захад, і ўзяліся падцягваць штагі і ванты. Рулявое вясло было апушчана ў ваду, і расклад вахт набыў сілу. Мы кідалі папяровыя шарыкі і трэскі за борт ля носа плыта і перабягалі на карму, адлічваючы з гадзіннікам у руках:

— Раз, два, тры... восемнаццаць, дзевятнаццаць — ёсць!

Паперкі і трэсачкі праплывалі міма рулявога вясла і неўзабаве выстройваліся, нібы нанізаныя на нітку пацеркі, пагойдваючыся ўверх і ўніз сярод хваль, за кармой. Мы плылі наперад метр за метрам. «Кон-Цікі» не разразаў ваду, як вастраносыя гоначныя яхты. Нязграбны і шырокі, цяжкі і грувасткі, ён спаважна рухаўся наперад, перавальваючыся з хвалі на хвалю. Ён не спяшаўся, але, рушыўшы з месца, упарта і настойліва плыў усё далей і далей.

Цяпер уся наша ўвага была звернута на рулявое прыстасаванне. Плыт быў пабудаваны дакладна так, як яго апісвалі іспанцы, але ў наш час сярод жывых не засталося нікога, хто б мог даць нам практычны ўрок кіравання індзейскім плытом. Гэтае пытанне мы падрабязна абмяркоўвалі на беразе са спецыялістамі, але вынікі былі зусім нездавальняючыя. Спецыялісты ведалі не больш за нас. Як толькі паўднёва-ўсходні вецер узмацніўся, мы павінны былі ўтрымліваць плыт у такім становішчы, каб вецер надзімаў парус з боку кармы. Калі плыт занадта многа паварочваўся бокам да ветру, парус адразу ж пачынаў паласкацца і біў па грузу, па людзях і бамбукавай каюце, а ўвесь плыт паварочваўся і плыў далей кармою наперад. Гэта было цяжкае змаганне; тры з нас ваявалі з парусам, а астатнія тры з усяе сілы навальваліся на доўгае рулявое вясло, каб павярнуць нос драўлянага плыта і адвесці яго ад ветру. А пасля таго як нам удавалася павярнуць плыт, рулявы павінен быў пільна сачыць, каб праз хвіліну не паўтарылася ўсё спачатку.

Рулявое вясло даўжынёю шэсць метраў свабодна ляжала паміж шпянькамі-ўключынамі, што былі ўбіты ў вялізную калоду, прымацаваную да кармы. Гэта было тое самае рулявое вясло, якім карысталіся нашы туземныя сябры, калі мы сплаўлялі бярвенні ўніз па рацэ Паленке ў Эквадоры. Доўгая жэрдка з мангравага дрэва была моцная, як сталь, але такая цяжкая, што адразу ж патанула б, калі б мы ўпусцілі яе за борт. Да канца жэрдкі была прывязана вяроўкамі вялікая лопасць з сасны. Патрабавалася ўся наша сіла, каб нерухома ўтрымліваць доўгае рулявое вясло, калі хвалі ўдаралі ў яго. Нашы пальцы вельмі хутка таміліся, бо мы вымушаны былі сюд-туд сутаргава сціскаць вясло, каб павярнуць яго і надаць яму такое становішча, пры якім лопасць стаяла б у вадзе зусім прама. Тут нас выручыла тое, што мы здагадаліся прывязаць да дзяржальна рулявога вясла папярочны брусок, які служыў нам цяпер рычагом. А тым часам вецер мацнеў.

А другой палове дня пасат дзьмуў ужо на ўсю сілу. Акіян хутка пакрыўся раўлівымі хвалямі, якія набягалі на нас ззаду. Цяпер мы ўпершыню па-сапраўднаму зразумелі, што знаходзімся ў палоне ў самога акіяна. Цяпер ён з’яўляўся суровай рэчаіснасцю; сувязі са светам, у якім мы жылі дагэтуль, больш не было. Шчасліва ўсё абыдзецца ці не, будзе цяпер цалкам залежаць ад мараходных якасцей бальзавага плыта ў адкрытым акіяне. Мы ведалі, што з гэтага часу няма ніякай надзеі на сустрэчны вецер, ніякіх шанцаў вярнуцца назад. Мы ўвайшлі ў сапраўдны пасат, і з кожным днём нас будзе гнаць усё далей і далей у акіян. Нам заставалася толькі плыць наперад з надзьмутым ветрам парусам; калі мы паспрабуем павярнуць назад, нас усё роўна панясе далей у мора кармой наперад. Перад намі быў толькі адзін выхад — плыць з ветрам, кіруючы нос плыта у той бок, дзе заходзіць сонца. Але ж гэта і з’яўлялася якраз мэтай нашага падарожжа — плыць па шляху сонца, так, як гэта рабіў, паводле нашых меркаванняў, Кон-Цікі са сваімі старажытнымі сонцапаклоннікамі, калі іх выгналі з Перу за акіян.

З радасцю і палёгкай мы ўбачылі, як наш драўляны плыт падняўся на першы грозны грэбень хвалі, які, пенячыся, накаціўся на нас. Але рулявы зусім не меў сілы ўтрымліваць вясло ў нерухомым становішчы, калі раўлівыя хвалі накочваліся на вясло і ледзь не вырывалі яго з уключын або адносілі яго ўбок, і рулявы, бездапаможна павісшы на ім, круціўся, як акрабат. Нават удвух не ўдавалася ўтрымаць вясла, калі хвалі ўзнімаліся побач і навальваліся на рулявых, якія стаялі на карме. Нам прыйшла ў галаву думка працягнуць вяроўкі ад лопасці вясла да абодвух бартоў плыта і з дапамогай іншых вяровак замацаваць вясло на месцы ва ўключынах так, каб яно было абмежавана ў сваім руху і магло супраціўляцца нават найвялікшым хвалям, пакуль мы самі будзем у стане трымацца.

Яміны між хвалямі паступова рабіліся ўсё глыбейшымі, і мы зразумелі, што знаходзімся ў самай імклівай частцы плыні Гумбольдта. Было відавочна, што хвалі выкліканы плынню, а не проста ўзняты ветрам. Зялёная халодная вада акружала нас з усіх бакоў, і зубчастыя горы Перу зніклі ў градзе густых воблакаў за кармой. Калі цемра ахутала акіян, пачалася наша першая стычка са стыхіямі. Мы ўсё яшчэ не былі ўпэўнены ў акіяне, усё яшчэ не ведалі, будзе ён нашым сябрам ці ворагам, калі мы апынемся з ім адзін на адзін, да чаго мы, уласна кажучы, самі імкнуліся. Сярод цемры мы чулі, як шум хваляў вакол нас раптам заглушаўся свістам вала, што насоўваўся на плыт, і бачылі белы грэбень, які падкрадваўся да нас упоравень з дахам каюты. Мы хапаліся за што папала і з трывогай чакалі, калі маса вады рыне на нас і на плыт. Але кожны раз нас ахоплівала ўсё тое ж пачуццё здзіўлення і палёгкі. «Кон-Цікі» спакойна ўзнімаў карму і падымаўся ўгору, не звяртаючы ўвагі на горы вады, што бурліла абапал яго бартоў. Потым ён зноў апускаўся ўніз і чакаў наступнай вялікай хвалі. Самыя высозныя валы часта каціліся па два або па тры запар, а паміж імі ішоў доўгі рад больш дробных хваляў. У тым выпадку, калі два вялікія валы рухаліся адзін за адным на занадта блізкай адлегласці, другі вал падаў на карму ў той час, як першы ўсё яшчэ трымаў нос плыта высока ў паветры. Таму мы пастанавілі, паколькі фальшборта на карме не было, каб рулявы, стоячы на вахце, абавязкова абвязаў сябе вакол пояса вяроўкай, другі канец якой моцна прывязваўся да плыта. Задача рулявых заключалася ў тым, каб трымаць парус заўсёды надзьмутым, не даючы носу лодкі ўхіліцца ўбок ад хваляў і ветру. Мы замацавалі на скрыні на карме стары карабельны компас, каб Эрык мог правяраць курс і вылічваць наша месцазнаходжанне і хуткасць руху. Зараз мы не ведалі дакладна, дзе мы знаходзімся, бо ўсё неба было заслана непрагляднымі хмарамі, а да самага гарызонту слаўся толькі хаос валаў. Вахту ля руля даводзілася весці двум чалавекам адразу; стоячы адзін каля аднаго, яны павінны былі з усяе сілы змагацца з вяслом, якое імкнулася вырвацца з рук, між тым як астатнія, залезшы ў сярэдзіну адкрытай каюты, спрабавалі хоць крыху падрамаць. Калі насоўвалася сапраўды вялізная хваля, рулявыя пакідалі вясло. на адны вяроўкі і, выбегшы на палубу, хапаліся за бамбукавую жэрдку, што тырчала з-пад даху каюты, а масы вады з грукатам навальваліся на іх з боку кармы і знікалі між бярвеннямі або скочваліся за борт плыта. Тады вахтавыя зноў кідаліся да вясла, пакуль плыт не паспеў павярнуцца, а парус не пачаў паласкацца. Варта было плыту апынуцца бокам да хваляў, і яны лёгка маглі б затапіць бамбукавую каюту. Калі ж хвалі набягалі на плыт ззаду, яны адразу ж знікалі між тырчаўшымі бярвеннямі і рэдка дасягалі сцяны каюты. Круглыя бярвенні на карме прапускалі ваду, як зубцы відэльцаў. У гэтым была яўная перавага плыта: чым болей шчылін, тым лепей — праз дзіркі пад намі вада сцякала, але ніколі не падымалася.

Прыблізна а палове ночы ў паўночным напрамку мы заўважылі агні карабля. У тры гадзіны раніцы тым жа курсам праплыў яшчэ адзін. Мы махалі маленькім парафінавым ліхтаром і давалі сігналы ўспышкамі электрычнага ліхтара, але з караблёў нас не ўбачылі; агні павольна прайшлі на поўнач і зніклі ў цемры. Наўрад, каб хто-небудзь на борце парахода мог нават падумаць, што паблізу ад іх гайдаецца на хвалях сапраўдны індзейскі плыт. I мы ўсе, хто знаходзіўся на гэтым плыце, таксама не думалі, што гэта быў апошні карабель і апошні след людзей, якіх мы бачылі па гэты бок акіяна.

Нібы мухі, мы чапляліся ў цемры па двое за рулявое вясло і адчувалі, як нас з галавы да ног залівае халаднаватай марской вадой; вясло тузала так, што ў нас усё балела і спераду і ззаду, а рукі здрантвелі ад напружання. Выпрабаванні гэтых першых дзён і начэй былі для нас добрай школай; з навічкоў, дзякуючы ім, мы зрабіліся сапраўднымі маракамі. На працягу першых сутак кожны з нас, строга па чарзе, дзве гадзіны стаяў ля руля, а потым тры гадзіны адпачываў. Мы пастанавілі, каб праз кожную гадзіну свежы чалавек падмяняў аднаго з двух рулявых, які прабыў ужо на вахце дзве гадзіны. Каб справіцца з рулявым вяслом, у час вахты прыходзілася страшэнна напружваць усе мышцы цела. Калі рулявы стамляўся адпіхваць вясло, ён пераходзіў на другі бок і пачынаў цягнуць. Калі рукі і грудзі пачыналі нясцерпна балець ад штуршкоў, мы паварочваліся спінай, так што сінякі ад удараў вяслом пакрывалі нас і спераду і ззаду. Змораныя і знясіленыя, мы запаўзалі ў каюту, як толькі прыходзіла змена, і, абвязаўшы ногі вяроўкай, засыналі ў сваім прасоленым адзенні раней, чым паспявалі залезці ў спальны мяшок. Амаль у тую ж хвіліну хтосьці груба тузаў за вяроўку: тры гадзіны прайшлі, і трэба было зноў выходзіць і змяняць аднаго з двух таварышаў, што стаялі на вахце ля рулявога вясла.

Наступная ноч была яшчэ горшай; замест таго каб супакоіцца, мора разгулялася яшчэмацней. Змагацца па дзве гадзіны запар з рулявым вяслом стала не пад сілу; у другую палову вахты ад чалавека ўжо было мала карысці, і хвалі бралі верх над намі, круцілі нас, адпіхалі ўбок, а вада залівала плыт. Тады мы перайшлі на гадзінныя вахты ля руля і паўтарагадзінны адпачынак. Так першыя шэсцьдзесят гадзін прайшлі ў няспыннай барацьбе з хаосам хваляў, якія бесперастанку навальваліся на нас адна за другой. Высокія хвалі і нізкія, спічастыя і круглыя, косыя хвалі і хвалі паўзверх другіх хваль. Горш за ўсіх сярод нас адчуваў сябе Кнут. Ён быў вызвалены ад вахтаў ля руля, але ўзамен гэтага прыносіў ахвяры Нептуну і моўчкі пакутаваў у кутку каюты. Звесіўшы галаву, папугай панура сядзеў у сваёй клетцы і пачынаў лопаць крыламі кожны раз, як толькі плыт атрымліваў нечаканы штуршок і вада з шумам стукалася ў заднюю сцяну каюты. «Кон-Цікі» гайдала не надта моцна. Ён трымаўся на хвалях куды больш устойліва, чым любое судна такіх жа памераў; але было немагчыма ўгадаць наперад, у які бок нахіліцца палуба ў наступны раз, і мы так і не авалодалі майстэрствам смела рухацца па плыце, паколькі яго не толькі гайдала, але і ўвесь час кідала з боку ў бок.

На трэцюю ноч мора крыху супакоілася, хоць усё яшчэ дзьмуў моцны вецер. Прыблізна ў чатыры гадзіны раніцы з цемры нечакана з’явіўся ўспенены вал, які дагнаў плыт і павярнуў яго на 180°, перш чым рулявыя паспелі сцяміць, што адбылося. Парус пачаў стукаць па бамбукавай каюце, пагражаючы разбіць яе ўшчэнт і разарвацца сам. Прыйшлося ўсім выскачыць на палубу ратаваць груз і паццягваць шкоты, для таго каб паспрабаваць вярнуць плыт на правільны курс і каб парус мог зноў надзьмуцца і мірна выпнуцца ўперад. Але плыт не паварочваўся. Ён ішоў наперад кармой, што мы ні рабілі. Адзіным вынікам усёй валтузні са снасцямі і рулявым вяслом было толькі тое, што двое з нас траха не зваліліся за борт, калі іх у цемры накрыла парусам. Мора прыкметна рабілася ўсё больш спакойным. З анямелымі ад стомы рукамі і нагамі, усе ў сіняках, з абдзёртай скурай на далонях і вачыма, якія самі зліпаліся ад пастаяннага недасыпання, мы былі ні на што не здатны. Лепш было захаваць сілы на выпадак, калі надвор’е пагоршыцца і патрэбна будзе ўся наша энергія — ніколі ж нельга загадзя ведаць, што цябе чакае. Таму мы апусцілі парус і абкруцілі яго вакол бамбукавай рэі. «Кон-Цікі» ляжаў бокам да хваляў і падскакваў на іх, нібы корак. Усе рэчы на плыце былі моцна прывязаны, а мы ўшасцёх залезлі ў маленькую бамбукавую каюту, леглі ўпокат і заснулі як забітыя, сціснутыя, нібы сардыны ў бляшанцы кансерваў.

Мы і не думалі, што змаганне са стыхіяй, якое давялося нам вытрымаць, было самае цяжкае за ўвесь час падарожжа. Толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы знайшлі просты і дасціпны спосаб кіравання плытом, спосаб, якім карысталіся калісьці інкі.

Мы прачнуліся позна раніцай, калі папугай пачаў свістаць, крычаць і скакаць узад і ўперад па жэрдачцы. Хвалі ўзнімаліся яшчэ высока, але цяпер яны каціліся доўгімі роўнымі валамі і не налазілі гэтак дзіка і бязладна адна на адну, як напярэдадні. Першае, што мы ўбачылі, было сонца, якое ярка асвятляла жоўтую бамбукавую палубу і надавала акіяну вакол нас вясёлы і дружалюбны выгляд. Якая нам справа да таго, што хвалі пеняцца і высока ўзнімаюцца, калі яны пакідаюць наш плыт у спакоі? Якая нам справа да таго, што яны ўзнімаюцца проста перад намі, калі мы ведаем, што праз секунду плыт ускарабкаецца наверх і, быццам паравы каток, прыгладзіць успенены вал, а цяжкая грозная гара вады толькі прыўзніме нас у паветра і будзе вурчаць і цурчаць, перакочваючыся пад намі? Старыя майстры з Перу ведалі, што яны рабілі, калі адмаўляліся ад лодак з пустацелым корпусам, які мог напаўняцца вадой, і ад занадта доўгіх плытоў, якія не маглі б пераходзіць з адной хвалі на другую. Коркавы паравы каток — вось чым з’яўляўся бальзавы плыт.

У поўдзень Эрык вызначыў наша месцазнаходжанне; выявілася, што пасля таго як мы прынялі парус, нас значна аднесла на поўнач уздоўж берага. Мы ўсё яшчэ знаходзіліся ў паласе плыні Гумбольдта, на адлегласці роўна сто марскіх міль ад сушы. Цяпер паўставала сур’ёзнае пытанне, ці не аднясе нас да здрадлівых плыняў, што праходзяць крыху на поўдзень ад астравоў Галапагос. Гэта магло б кепска скончыцца, бо там моцныя акіянскія плыні, якія рухаюцца ў напрамку Цэнтральнай Амерыкі, цягалі б нас на сабе то ў адзін, то ў другі бок. Але калі ўсё будзе добра, як мы разлічвалі, галоўная плынь панясе нас на захад цераз акіян, раней чым мы паспеем забрацца далёка на поўнач, да астравоў Галапагос. Вецер па-ранейшаму дзьмуў проста з паўднёвага ўсходу. Мы паднялі парус, павярнулі плыт кармой у бок ветру і аднавілі вахты ля руля.

Кнут паправіўся пасля пакутлівай марской хваробы; ён і Тарстэйн залезлі на хісткую верхавіну мачты і распачалі эксперыменты з нейкімі таямнічымі антэнамі, якія яны пускалі ўгору, прывязваючы да паветранага шара або змея. Раптам адзін з іх крыкнуў з радыёрубкі, што ён чуе марскую радыёстанцыю Лімы, якая выклікае нас. Нам паведамілі, што самалёт амерыканскага пасольства вылецеў з узбярэжжа, каб перадаць нам апошняе развітальнае прывітанне і паглядзець, які выгляд мы маем сярод акіяна. Неўзабаве мы наладзілі прамую сувязь з радыстам самалёта, а потым зусім нечакана для ўсіх нас нам удалося пагутарыць з сакратаром экспедыцыі Герд Волд, якая знаходзілася на борце самалёта. Мы дакладна, як толькі маглі вызначыць, перадалі каардынаты свайго месцазнаходжання і на працягу некалькіх гадзін падавалі радыёпеленгацыйныя сігналы. Голас з эфіру гучаў то мацней, то слабей, адпаведна таму, набліжаўся ці аддаляўся АРМІ-119, які, у пошуках нашага плыта, апісваў кругі над акіянам. Але мы так і не пачулі гулу матораў і не ўбачылі самога самалёта. Не так лёгка было заўважыць нізкі плыт унізе сярод хваляў, а з плыта бачнасць была вельмі абмежаваная. Нарэшце самалёт адмовіўся ад пошукаў і вярнуўся на бераг. Гэта была апошняя спроба адшукаць нас.

У наступныя дні мора было бурным, але шумлівыя хвалі беглі з паўднёвага ўсходу з роўнымі інтэрваламі, і кіраваць плытом было куды лягчэй. Вецер і хвалі ўдаралі ў плыт з левай задняй чвэрці, так што рулявога менш залівалі хвалі, а плыт трымаўся на вадзе больш устойліва і не круціўся. Мы з трывогай прыкмячалі, што паўднёва-ўсходні пасат і плынь Гумбольдта з кожным днём адносяць плыт якраз у той бок, дзе нас падпільноўваюць сустрэчныя плыні, што агінаюць астравы Галапагос. Мы рухаліся на паўночны захад так шпарка, што ў сярэднім праплывалі ў тыя дні па 55—60 марскіх міль, а рэкордная хуткасць дасягнула ажно 71 мілі.

— А як на астравах Галапагос, нішто жывецца? — заклапочана спытаў аднойчы Кнут і паглядзеў на карту, дзе ланцужок кружочкаў, што абазначалі месцазнаходжанне нашага плыта ў розны час, нагадваў палец, які злавесна паказваў у бок праклятых астравоў Галапагос.

— Наўрад, — адказаў я. — Расказваюць, што інка Тупак

Юпанкі незадоўга да эпохі Калумба адплыў з Эквадора і дасягнуў астравоў Галапагос, але ні ён сам і ніхто з яго спадарожнікаў не пасяліліся там, бо там няма вады.

— О’кэй, — сказаў Кнут. — Дык якога д’ябла нам плыць туды! Спадзяюся, мы туды і не трапім.

Цяпер мы так прывыклі бачыць вакол сябе танцуючыя хвалі, што перасталі звяртаць на іх увагу. Якая нам справа да таго, што мы крышачку патанцуем, маючы пад сабой тысячы метраў вады, калі мы і плыт увесь час трымаемся на паверхні? Няцяжка было заўважыць, што бальзавыя бярвенні ўбіраюць у сябе ваду. Горш за ўсё было з кармавымі ранжынамі; засунуўшы кончык пальца ў іх размоклую драўніну, можна было пачуць, як пад ім хлюпала вада. Нічога не кажучы спадарожнікам, я адламаў кавалак намоклага дрэва і кінуў яго за борт. Ён спакойна апусціўся ў ваду і павольна знік у глыбіні. Пазней мне давялося бачыць, як некаторыя з маіх таварышаў рабілі тое ж самае, выбраўшы для гэтага час, калі ім здавалася, што на іх ніхто не глядзіць. Яны стаялі, засяроджана назіраючы за тым, як набраклы вадой кавалак драўніны паступова знікаў у глыбіні зялёнай вады. Перад адплыццём мы адзначылі асадку плыта, але пры неспакойным моры было немагчыма ўстанавіць, як глыбока ён сядзеў цяпер, бо бярвенні то на нейкі момант узнімаліся з вады, то зноў глыбока апускаліся ў яе. Але калі мы ўтыкалі ў бервяно нож, то з вялікай радасцю пераконваліся, што на глыбіні прыблізна 25 міліметраў ад паверхні дрэва было сухое. Мы падлічылі, што ў выпадку, калі вада будзе пранікаць у бярвенні такімі ж тэмпамі і надалей, то да таго часу, як мы пачнем, паводле нашых меркаванняў, набліжацца да зямлі, плыт ужо не здолее трымацца на вадзе. Але мы спадзяваліся, што ў больш глыбокіх слаях, бліжэй да асяродка, драўнінны сок будзе выконваць ролю засцерагальнага ад прамочвання саставу і не дасць бярвенням набрыняць яшчэ больш.

Было і яшчэ адно, што непакоіла нас на працягу першых тыдняў, — гэта вяроўкі. Удзень мы былі так заняты, што мала думалі аб іх; але з надыходам ночы, калі мы залазілі ў спальныя мяшкі на падлозе каюты, у нас было больш часу на тое, каб думаць, адчуваць і прыслухоўвацца. Лежачы там, кожны на сваім саламяным сенніку, мы адчувалі, як плеценыя цыноўкі пад намі прыўзнімаюцца разам з бярвеннямі. Не толькі ўвесь плыт няспынна пагойдваўся, але і ўсе дзевяць бярвенняў змянялі сваё становішча ў адносінах адно да аднаго. Калі адно прыўзнімалася, другое апускалася, і гэтыя лёгкія хістальныя рухі не спыняліся ні на хвіліну. Яны былі не дужа моцныя, але ўсё ж чалавек адчуваў сябе так, нібы ён ляжаў на спіне вялізнай цяжка дыхаючай жывёліны, і мы лічылі за лепшае лажыцца ўздоўж бярвенняў. Мацней чым калі гэтае пагойдванне адчувалася ў першыя дзве ночы, але тады мы былі занадта стомленыя, каб звяртаць на яго ўвагу. Потым вяроўкі крыху набрынялі ў вадзе, і бярвенні пачалі паводзіць сябе больш спакойна. Але ўсё ж бярвенні, якія з’яўляліся касцяком плыта, ніколі не ўтваралі роўнай паверхні, ніколі не былі зусім нерухомымі ў адносінах адно да аднаго. А паколькі гэтыя бярвенні рухаліся ўгору і ўніз і паварочваліся на кожным стыку, дык і ўсё рухалася разам з імі. Бамбукавая палуба, падвойная мачта, чатыры плеценыя сцяны каюты і дах з планак і лісця былі замацаваны канатамі і ўсё-такі пагойдваліся, прыўзнімаючыся ў адным месцы і апускаючыся ў другім. Гэта быў ледзь прыкметны рух, але ўсё ж мы добра бачылі яго. Калі адзін вугал каюты ўзнімаўся, другі апускаўся, калі бамбукавыя жэрдкі на адной палавіне даху выгіналіся ў адзін бок, то на другой палавіне яны выгіналіся ў працілеглы бок. А калі мы глядзелі з каюты праз адкрытую сцяну, усё здавалася нам яшчэ больш рухомым і няўстойлівым, бо купал неба апісваў павольныя кругі над намі, а хвалі высока падскаквалі яму насустрач.

На вяроўкі прыпадала ўся нагрузка. Цэлымі начамі мы чулі, як яны рыпелі, стагналі, цёрліся аб бярвенні і шасталі. У цемры ўсе гэтыя гукі зліваліся ў адну жаласную сімфонію, у якой кожная вяроўка цягнула асобную ноту, у залежнасці ад сваёй таўшчыні і ад таго, як моцна яна была напята. Кожную раніцу мы старанна аглядалі вяроўкі. Хто-небудзь з нас лажыўся нават на край плыта, звешваў галаву ў ваду і, пакуль два таварышы моцна трымалі яго за ногі, стараўся разгледзець, ці ў парадку вяроўкі на падводнай частцы плыта.

Але вяроўкі трымаліся. Два тыдні, казалі нам маракі, потым усе вяроўкі ператруцца. I ўсё ж, насуперак гэтай агульнай думцы, мы пакуль што не знаходзілі ніякіх адзнак перацірання. I толькі апынуўшыся далёка ў акіяне, мы зразумелі, у чым справа. Бальзавая драўніна была такая мяккая, што вяроўкі паступова ўрэзваліся ў дрэва, і бярвенні ахоўвалі іх, замест таго каб пераціраць.

Пасля таго як мінуў прыкладна тыдзень, акіян паспакайнеў, і мы заўважылі, што ён быў сіні, а не зялёны. Мы цяпер плылі на захад-паўночны захад, а не на паўночны захад і палічылі гэта за першую нясмелую адзнаку таго, што мы выбраліся з берагавой плыні і з гэтага часу будзем рухацца ў бок адкрытага акіяна.

У першы ж дзень, як мы засталіся адны сярод акіяна, мы заўважылі вакол плыта рыб, але тады мы былі занадта заняты рулявым вяслом, каб думаць пра рыбную лоўлю. На другі дзень мы натрапілі на цэлы касяк сардын, а крыху пазней з’явілася двухмятровая блакітная акула і, сюд-туд паварочваючыся сваім белым брухам угору, паплыла за самай кармой плыта, дзе Герман і Бенгт, стоячы басанож у вадзе, працавалі рулявым вяслом. Нейкі час яна гуляла вакол нас, але знікла, як толькі мы ўзброіліся ручным гарпуном.

Назаўтра нас наведалі тунцы, баніты[27] і залатыя макрэлі; а калі буйная лятучая рыбіна пляснулася на палубу плыта, мы скарысталі яе замест прынады і адразу ж выцягнулі дзве вялізныя залатыя макрэлі вагой па 10 і 15 кілаграмаў. Гэта быў правіянт на некалькі дзён. Стоячы на вахце ля руля, мы часта бачылі зусім незнаёмых нам рыб, а аднойчы сустрэлі чараду дэльфінаў, якая, здавалася, не мела канца. Чорныя спіны, што тырчалі з вады адна ля адной каля самага плыта, куляліся і падскаквалі тут і там; з верхавіны мачты мы ўбачылі, што ўвесь акіян, як згледзець вокам, быў пакрыты імі. Чым больш набліжаліся мы да экватара і чым далей адплывалі ад берага, тым часцей пачалі з’яўляцца лятучыя рыбы. Калі мы, нарэшце, увайшлі ў сінюю ваду, дзе велічна перакочваліся залітыя сонцам спакойныя хвалі, пакрытыя рабізной ад парываў ветру, лятучыя рыбы праносіліся перад намі, як град снарадаў; яны выскаквалі з вады, ляцелі па прамой лініі і зноў знікалі пад вадой, калі энергія палёту канчалася.

Варта было нам выставіць уночы маленькі парафінавы ліхтар, як яго святло адразу ж прыцягвала да сябе лятучых рыб, вялікіх і маленькіх, і яны пераляталі цераз плыт. Даволі часта яны стукаліся аб бамбукавую каюту або аб парус і бездапаможна падалі на палубу. Адпіхнуцца ад яе, як яны адпіхваюцца на хаду ад вады, рыбы не маглі і заставаліся ляжаць, бездапаможна звіваючыся, падобныя на лупатых селядцоў з вялікімі груднымі плаўнікамі. Часам нам даводзілася чуць лаянку, калі халодная лятучая рыба, несучыся з даволі вялікай хуткасцю, ударала па твары каго-небудзь на палубе. Яны заўсёды ляцелі шпарка, галавой уперад, і калі яны ўдаралі проста ў твар, то ён пачынаў гарэць, як ад добрай аплявухі. Але пацярпеўшы хутка забываў гэтую несправакаваную агрэсію; пры ўсіх сваіх недахопах гэта была марская краіна цудаў, дзе рыбныя стравы-далікатэсы са свістам прыляталі да нас па паветры. Звычайна мы смажылі лятучых рыб на снеданне, і — залежала гэта ад рыбы, ці ад кухара, ці ад нашага апетыту — яны нагадвалі нам, калі мы саскрабалі з іх луску, смажаную фарэль.

Першы абавязак кока, як толькі ён прачынаўся раніцай, заключаўся ў тым, што ён выходзіў на палубу і збіраў усіх лятучых рыб, якія зрабілі ўночы пасадку на плыце. Кожны раз, як правіла, іх было не менш за паўтузіна, а аднойчы раніцай мы знайшлі на плыце дваццаць шэсць тлустых лятучых рыб. Неяк раз, калі кухарыў Кнут, лятучая рыба ўдарыла яго па руцэ; ён быў вельмі засмучаны, што яна не шлёпнулася проста на патэльню ў кіпячы тлушч.

Тарстэйн толькі тады па-сапраўднаму адчуў, у якім цесным суседстве з акіянам мы жывём, калі, прачнуўшыся, убачыў на сваёй падушцы сардыну. У каюце было так цесна, што Тарстэйн вымушаны быў ляжаць галавою ў дзвярах; і калі хто-небудзь, выходзячы ўночы, выпадкова закранаў яго па твары, ён кусаў таго за нагу. Ён схапіў сардыну за хвост і недвухсэнсава даў ёй зразумець, што шчыра любіць усе сардыны. На другую ноч мы прадбачліва падкурчылі пад сябе ногі, каб пакінуць Тарстэйну як мага больш месца; але неўзабаве адбылася падзея, якая прымусіла Тарстэйна перабрацца спаць на скрыню з кухоннай пасудай, што стаяла ў радыёрубцы.

Гэта здарылася праз некалькі начэй. Хмары завалаклі ўсё неба, і было вельмі цёмна; для таго каб таварышы ў час змены вахты бачылі, куды яны ступаюць, пералазячы цераз яго, Тарстэйн паставіў парафінавы ліхтар каля самай сваёй галавы... А чацвёртай гадзіне ночы Тарстэйн прачнуўся, бо ліхтар перакуліўся і штосьці халоднае і мокрае пачало біцца каля яго твару. «Лятучая рыба», — падумаў ён і стаў мацаць у цемры вакол сябе, каб выкінуць яе. Ён дакрануўся да чагосьці доўгага і мокрага, што звівалася, як змяя, і адразу ж адхапіў руку, нібы апёкшыся. Пакуль Тарстэйн спрабаваў запаліць ліхтар, нябачны наведвальнік перапоўз цераз яго да Германа. Герман таксама падхапіўся, ад гэтага прачнуўся і я, думаючы, што гэта кальмар, якія часам з’яўляюцца ўночы ў гэтых водах. Калі нам удалося запаліць ліхтар, мы ўбачылі, што Герман сядзіць з выглядам пераможца, моцна сціскаючы адной рукой шыю доўгай вузкай рыбіны, якая звіваецца, нібы вугор. Рыба мела ў даўжыню каля метра і нагадвала сваім тонкім тулавам змяю; у яе былі вялікія чорныя вочы і доўгая галава з драпежнай зяпай, поўнай доўгіх вострых зубоў. Зубы былі вострыя, як нажы, і маглі адгінацца назад да паднябення, каб прапусціць у горла схопленую ежу. Герман усё яшчэ сціскаў у руках сваю здабычу, як раптам з рота драпежніка выскачыла лупатая белая рыбка даўжынёй каля дваццаці сантыметраў. А ўслед за ёю з’явілася і другая такая самая. Было зусім відавочна, што яны абедзве з’яўляліся глыбакаводнымі рыбамі, якім давялося пабываць на зубах у змяінай рыбы. Тонкая скура змяінай рыбы мела сінявата-фіялетавы колер на спіне і блакітнавата-стальны знізу; яна лёгка здымалася цэлымі шматкамі пад нашымі пальцамі.

Ад усяго шуму прачнуўся, нарэшце, і Бенгт, і мы падсунулі яму пад нос ліхтар і доўгую рыбіну. Ён спрасонку прыўзняўся ў сваім спальным мяшку і ўрачыста прамовіў:

— Не, такой рыбы не бывае.

I, сказаўшы так, спакойна павярнуўся і зноў заснуў.

Бенгт не вельмі памыляўся, гаворачы так. Пазней высветлілася, што мы ўшасцёх, седзячы вакол ліхтара ў бамбукавай каюце, былі першымі людзьмі, якія ўбачылі гэтую рыбіну жывою. На ўзбярэжжы Паўднёвай Амерыкі і астравоў Галапагос некалькі разоў знаходзілі толькі шкілеты такой рыбіны; іхтыёлагі назвалі яе Gempylus, або змяінай макрэллю, і думалі, што яна жыве на дне акіяна на вялікай глыбіні, бо ніхто не бачыў яе жывою. Але калі яна і трымалася на вялікай глыбіні, то ва ўсякім разе толькі ўдзень, калі сонца сляпіла яе вялікія вочы. Таму што цёмнымі начамі змяіная макрэль разгульвала па хвалях; знаходзячыся на плыце, мы мелі магчымасць у гэтым пераканацца.

Праз тыдзень пасля таго, як гэтая рэдкая рыбіна трапіла ў спальны мяшок Тарстэйна, да нас з’явіўся другі наведвальнік. Зноў было чатыры гадзіны раніцы, і маладзік ужо зайшоў, так што навокал панавала цемра, але зоркі зіхацелі. Плыт лёгка слухаўся руля, і калі мая вахта скончылася, я вырашыў прайсціся ўздоўж борта да носа, каб, перадаўшы змену, паглядзець, ці ўсё ў парадку. Як заўсёды ў вахтавых, у мяне вакол пояса была абвязана вяроўка; з парафінавым ліхтаром у руцэ я асцярожна ішоў уздоўж крайняга бервяна, каб абмінуць мачту. Бервяно было мокрае і слізкае, і я страшэнна раззлаваўся, калі хтосьці зусім нечакана схапіўся ззаду за маю вяроўку і пачаў так тузаць, што я ледзь не страціў раўнавагі. Я раз’юшана азірнуўся і пасвяціў ліхтаром, але нікога не ўбачыў. Потым зноў тузанулі за вяроўку, і я заўважыў, што на палубе нешта блішчыць і звіваецца. Гэта была яшчэ адна змяіная макрэль; на гэты раз яна так глыбока ўпілася сваімі зубамі ў вяроўку, што некалькі зубоў зламалася, перш чым мне ўдалося вызваліць яе. Відаць, святло ліхтара падала на белую вяроўку, якая звівалася за мною, і наша госця з глыбіні акіяна схапіла яе, спадзеючыся пажывіцца вельмі доўгім і, напэўна, надзвычай смачным кавалачкам. Яна закончыла свае дні ў слоіку з фармалінам.

Акіян падносіць шмат сюрпрызаў таму, хто жыве ў кватэры, размешчанай на адным узроўні з яго паверхняй, і рухаецца па ім павольна і бясшумна.

Бывае часам, што паляўнічы, які прадзіраўся праз гушчар лесу, вяртаецца і кажа, што не бачыў ніякай дзічыны. А другі паляўнічы сядзіць на пні і чакае, і часта вакол яго пачынаюць чуцца шолахі і трэск, і цікаўныя вочы выглядваюць з зарасніку. Тое самае можна сказаць і пра акіян.

Звычайна мы плаваем па ім, грукаючы машынамі і стукаючы поршнямі, успеньваючы ваду вакол носа карабля. Потым мы вяртаемся і гаворым, што нават сярод акіяна няма на што глядзець.

Калі мы плылі па акіяне, седзячы ля самай вады, не было дня, каб нас не наведвалі цікаўныя госці, якія шнырылі наўкол; некаторыя, як, напрыклад, залатыя макрэлі і лоцманы, так прывыклі да нас, што суправаджалі плыт па акіяну, дзень і ноч круцячыся каля яго.

Калі надыходзіла ноч і зоркі мігцелі ў цёмным трапічным небе, вада вакол нас пачынала фасфарэсцыраваць, спаборнічаючы сваім зіхаценнем з зоркамі. Кожны зіхатлівы планктонны арганізм так нагадваў круглы распалены вугольчык, што мы міжвольна падкурчвалі свае босыя ногі, калі зіхатлівыя шарыкі выкідвала хвалямі на карму плыта. Беручы іх у рукі, мы маглі распазнаць, што гэта былі ярка святлівыя гарнелі[28]. У такія ночы мы часам палохаліся, убачыўшы два круглыя святлівыя вокі, што раптоўна з’яўляліся з вады зусім побач з плытом і пазіралі на нас, не маргаючы, жудасным позіркам, які міжвольна гіпнатызаваў чалавека, — можа, гэта выплыў сам дух мора. Часта гэта былі вялікія кальмары, што з’яўляліся з глыбіні і плавалі на паверхні, ззяючы ў цемры д’ябальскі зялёнымі вачыма, якія нагадвалі сваім бляскам фосфар. А іншы раз гэта былі святлівыя вочы глыбакаводных рыб, якія падымаліся на паверхню толькі ўночы і нерухома ляжалі, утаропіўшыся на нас, зачараваныя цьмяным святлом ліхтара. Некалькі разоў, калі акіян быў спакойны, у чорнай вадзе вакол плыта раптам з’яўляліся круглыя, па 60—90 сантыметраў у дыяметры, галовы, якія, не варушачыся, глядзелі на нас вялікімі бліскучымі вачыма. Іншы раз мы бачылі ноччу ў вадзе святлівыя шары дыяметрам амаль з метр; яны загараліся праз няправільныя прамежкі часу і нагадвалі электрычныя лямпачкі, што ўспыхваюць на адно імгненне.

З цягам часу мы прывыклі да гэтых падземных, ці, правільней кажучы, падводных, істот, што жылі пад намі, і ўсё-такі кожны раз здзіўляліся, калі з’яўлялася новая разнавіднасць. Аднойчы а другой гадзіне ночы, калі неба было зацягнута хмарамі і рулявы ледзь мог адрозніць чорную ваду ад чорнага неба, ён заўважыў слабае святло пад вадой, якое паступова набыло форму вялізнай жывёлы. Нельга было вызначыць, свяціўся гэта планктон на яе целе, ці фасфарэсцыравала сама жывёла, але гэтае мігценне ў чорнай вадзе надавала прывіднай істоце невыразныя зменлівыя абрысы. Яна здавалася то круглай, то авальнай або трохкутнай, а потым раптам падзялілася на дзве часткі, кожная з якіх пачала самастойна плаваць узад і ўперад пад плытом. Урэшце гэтых святлівых зданяў стала тры, і яны апісвалі пад намі павольныя кругі. Гэта былі сапраўдныя страшыдлы, бо толькі бачная частка іх цела мела ў даўжыню 6—8 метраў. Мы ўсе хутчэй выбеглі на палубу і пачалі сачыць за прывідным танцам. Страшыдлы плылі за плытом, і гэтае відовішча працягвалася некалькі гадзін. Таямнічыя і бясшумныя, нашы святлівыя спадарожнікі трымаліся даволі глыбока пад вадой, часцей за ўсё з боку правага борта, дзе гарэў ліхтар, але іншы раз яны праплывалі проста пад плытом або з’яўляліся з левага боку. Мяркуючы па мігценню святла на іх спінах, можна было думаць, што жывёлы гэтыя па памерах большыя за сланоў, але гэта былі не кігы, бо яны ні разу не падняліся на паверхню, каб падыхаць паветрам. Магчыма, мы сустрэліся з гіганцкімі скатамі, якія змяняюць сваю форму, калі паварочваюцца набок? Яны не звярталі ніякай увагі, калі мы падносілі ліхтар да самай паверхні вады, стараючыся выбавіць наверх, каб можна было як след іх разгледзець.

I, як усе сапраўдныя дамавікі і здані, яны зніклі ў глыбіні, як толькі пачало брацца на досвітак.

Нам ніколі не ўдалося б атрымаць правільнае тлумачэнне гэтага начнога наведвання трох святлівых страшыдлаў, каб рашэнне загадкі не прыйшло само па сабе, калі праз паўтара дня пры яркім сснцы да нас з’явіўся яшчэ адзін наведвальнік. Гэта адбылося 24 мая, калі мы дрэйфавалі на лёгкім зыбу, якраз на 95° заходняй даўжыні і 7° паўднёвай шырыні. Было каля паўдня, і мы толькі што выкінулі за борт вантробы дзвюх вялікіх залатых макрэлей, якіх злавілі раніцой. Для таго каб асвяжыцца, я саскочыў з носа плыта ў акіян і, прывязаны да канца вяроўкі, ляжаў у вадзе, гатовы кожную хвіліну пры першай небяспецы вылезці на бярвенні плыта. Раптам я заўважыў тоўстую бурую рыбіну даўжынёй каля двух метраў, якая павольна падплывала ў празрыстай вадзе з яўным намерам бліжэй пазнаёміцца са мною. Я хуценька ўскарабкаўся на край плыта і, седзячы пад гарачымі праменнямі сонца, пачаў назіраць за рыбай; у гэты момант пачуўся дзікі крык Кнута, які сядзеў на карме за бамбукавай каютай. Ён крычаў з усяе сілы «акула!», пакуль голас яго не сарваўся і не перайшоў у фальцэт. Паколькі акулы з’яўляліся ля плыта амаль штодзень, не выклікаючы такога хвалявання, мы ўсе зразумелі, што адбылося нешта зусім асаблівае, і кінуліся на карму, каб ратаваць Кнута.

Кнут сядзеў там на кукішках і мыў у вадзе свае штаны; калі ён на нейкі момант узняў вочы, перад ім была пачварная морда, якой ніхто з нас не бачыў за ўсё сваё жыццё, галава сапраўднага марскота страшыдла — такая вялізная і такая агідная, што калі б нават з’явіўся перад намі сам дух мора, ён не зрабіў бы на нас такога моцнага ўражання. Абапал шырокай і пляскатай, як у жабы, галавы сядзелі два маленькія вокі, а вакол жабінай пашчы, шырынёй траха не паўметра, цягнуліся, звісаючы ля куткоў рота, доўгія складкі.

Галава пераходзіла ў вялізнае тулава, якое заканчвалася доўгім тонкім хвастом са спічастым хваставым плаўніком; плаўнік гэты стаяў зусім прама і сведчыў, што марское страшыдла не належыць да атрада кітоў. Тулава здавалася ў вадзе бураватым, але і галава і цела былі густа ўсыпаны маленькімі белымі плямамі. Страшыдла павольна рухалася, ляніва плывучы за нашай кармой. Яно ашчэрылася, нібы бульдог, і злёгку біла хвастом. Вялікі круглы плаўнік на спіне тырчаў з вады, часам высоўваўся і хваставы плаўнік; а калі страшыдлу здаралася апынуцца ў яміне паміж хвалямі, вада перакочвалася цераз яго шырокую спіну, быццам абмывала нейкі падводны рыф. Перад яго шырокай пашчай веерападобным строем плыла цэлая чарада паласатых, як зебра, лоцманаў, а вялікія прыліпалы і іншыя паразіты сядзелі, моцна ўчапіўшыся ў вялізнае тулава, і падарожнічалі з ім у вадзе; усе разам яны з’яўляліся цікавай калекцыяй, якая размясцілася вакол чагосьці падобнага на плывучую скалу, што глыбока сядзела ў вадзе.

Залатая макрэль, кілаграмаў дзесяць вагой, насаджаная на шэсць самых вялікіх рыбалоўных кручкоў, вісела ззаду плыта як прынада для акул; лоцманы натрапілі на залатую макрэль, патыкаліся носам, не чапаючы яе, а потым заспяшаліся назад да свайго гаспадара і ўладара, марскога цара. Нібы механічная пачвара, ён пусціў у ход сваю машыну і, лёгка слізгаючы ў вадзе, наблізіўся да залатой макрэлі, якая ляжала перад яго пашчай. Мы асцярожна падцягнулі прынаду да самага краю плыта, і марское страшыдла павольна рушыла за ёю. Яно не разяўляла рота, быццам лічачы, што не варта расчыняць насцеж дзверы дзеля такой нікчэмнай дробязі, як макрэль, што стукалася аб яго пашчу. Калі гігант падсунуўся да самага плыта, ён пацёрся спіною аб цяжкае рулявое вясло, і яно адразу выскачыла з вады. Цяпер мы мелі поўную магчымасць разгледзець страшыдла з самай блізкай адлегласці — з такой блізкай адлегласці, што, убачыўшы гэтае невыказна фантастычнае відовішча, мы ўсе нібы звар’яцелі і, недарэчна рагочучы, пачалі штосьці ўзбуджана крычаць. Сам Уолт Дзісней[29], пры ўсёй сіле сваёй фантазіі, не мог бы стварыць больш пачварнае марское страшыдла, чым тое, што раптам апынулася каля нас, варушачы жахлівымі сківіцамі ля краю плыта.

Страшыдла было, як выявілася, кітовай акулай, самай вялікай акулай і самай вялікай рыбай у свеце, якая толькі вядома ў нашы дні.

Яна сустракаецца выключна рэдка, але асобныя экземпляры сям-там трапляліся ў акіянах пад тропікамі. Кітовая акула ў сярэднім мае ў даўжыню 15 метраў і важыць, як сцвярджаюць заолагі, 15 тон. Кажуць, што буйныя экземпляры іншы раз дасягаюць у даўжыню 20 метраў; у забітага з дапамогай гарпуна дзіцяняці печань важыла 300 кілаграмаў, а ў шырокай пашчы налічвалася каля 3 тысяч зубоў.

Страшыдла было такое вялізнае, што, калі яно пачало апісваць кругі вакол плыта і пад ім, яго галава відаць была з аднаго боку, а ўвесь хвост тырчаў з другога. А спераду яго морда здавалася такой непраўдападобна вычварнаю, флегматычнаю і дурною, што мы не маглі ўтрымацца ад смеху, хоць добра разумелі, што хвост страшыдла меў дастаткова сілы, каб у выпадку нападу разматлашыць на кавалкі і бальзавыя бярвенні, і вяроўкі, што звязвалі іх. Зноў і зноў апісвала кітовая акула ўсё вузейшыя кругі пад самым плытом, а мы маглі толькі назіраць і чакаць, што будзе далей. Праплываючы міма кармы, акула мірна і плаўна праходзіла пад рулявым вяслом і прыўзнімала яго ў паветра, між тым як лопасць вясла слізгала ўздоўж яе спіны. Мы стаялі з усіх бакоў палубы з ручнымі гарпунамі напагатове, але яны здаваліся нам чымсьці накшталт зубачыстак у параўнанні з вялізнай жывёлінай, з якой нам трэба было вытрымаць бой. Не было ніякіх адзнак таго, што кітовая акула збіраецца пакінуць нас; яна кружыла вакол плыта і плыла ўслед за намі, нібы верны сабака. Ніхто з нас ніколі дагэтуль не адчуваў і нават не думаў, што яму давядзецца адчуць штосьці падобнае; уся гэтая прыгода з марскім страшыдлам, якое плавала ззаду плыта і пад ім, здавалася нам да такой ступені незвычайнай, што мы сапраўды не маглі паставіцца да яе сур’ёзна.


Кітовая акула кружыла вакол нас каля гадзіны, але нам здавалася, што яе візіт працягваўся цэлы дзень. Нарэшце Эрык, які стаяў з двухмятровым гарпуном на рагу плыта, не вытрымаў і, падбадзёраны нашымі недарэчнымі крыкамі, замахнуўся гарпуном. Кітовая акула павольна слізгала ў напрамку да яго і высунула сваю шырокую галаву якраз ля самага рога плыта. Эрык — сапраўдны асілак — на ўсю моц узмахнуў гарпуном і ўсадзіў яго ў кашчавую галаву акулы.

Прайшло некалькі секунд, перш чым страшыдла як след зразумела, што адбылося. I тады, як згледзець вокам, мірная прыдуркаватая жывёліна ператварылася ў гару стальных мускулаў. Мы пачулі, як са свістам праляцела над бортам вяроўка гарпуна, і ўбачылі фантан вады, калі страшыдла галавой уніз нырнула ў глыбіню. Тры чалавекі, што стаялі бліжэй за іншых, былі збіты з ног; пралятаючы ў паветры, вяроўка балюча сцебанула дваіх з іх. Тоўсты канат, дастаткова моцны, каб утрымаць шлюпку, зачапіўся за край плыта, але адразу ж лопнуў, нібы кавалак шпагату, а праз некалькі секунд выкінутае дрэўка гарпуна паказалася на паверхні вады за дзвесце метраў ад нас. Чарада напалоханых лоцманаў прамільгнула ў вадзе, з усяе сілы стараючыся дагнаць свайго старога гаспадара і ўладара.

Мы доўга чакалі, што страшыдла, нібы падводная лодка, прымчыцца назад; але нам больш не давялося ўбачыць кітовую акулу.

Цяпер мы знаходзіліся ў Паўднёвай экватарыяльнай плыні і рухаліся ў заходнім напрамку роўна за 400 міль на поўдзень ад астравоў Галапагос. Пагроза таго, што нас аднясе да галапагоскіх плыняў, мінула; усё наша знаёмства з гэтым архіпелагам абмежавалася паклонамі, якія нам перадавалі вялікія марскія чарапахі, што заплывалі так далёка ў акіян, несумненна, з гэтых астравоў. Аднойчы мы ўбачылі вялізную марскую чарапаху зусім блізка ад плыта. Яна плюхалася ў вадзе, высунуўшы на паверхню галаву і адну нагу. Калі ўзняўся зыб, мы заўважылі ў вадзе пад чарапахай зялёныя, сінія і залацістыя цені і зразумелі, што чарапаха змагаецца не на жыццё, а на смерць з залатымі макрэлямі. Бой вёўся яўна адным бокам: 12—15 вялікагаловых, ярка афарбаваных макрэлей атакавалі шыю і ногі чарапахі, відаць, спрабуючы даканаць яе зморам, паколькі чарапаха не можа праляжаць цэлы дзень на бруху, уцягнуўшы галаву і ногі пад шчыт.

Як толькі чарапаха заўважыла плыт, яна нырнула і паплыла проста да нас, а ўслед за ёю, даганяючы яе, рушылі зіхатлівыя залатыя макрэлі. Чарапаха падплыла да самага краю плыта і, напэўна, мела намер ускараскацца на бярвенні, як раптам убачыла нас. Калі б мы былі больш спрактыкаваныя, мы лёгка маглі б злавіць яе вяроўкамі, пакуль яе вялікі шчыт пазольна праплываў уздоўж плыта. Але мы прапусцілі зручны момант, занадта доўга разглядаючы яе, і калі пятля была гатова, гіганцкая чарапаха ўжо мінула нос плыта. Мы спусцілі на ваду маленькую гумавую лодку, і Герман, Бенгт і Тарстэйн кінуліся наўздагон у круглай шкарлупіне, якая была толькі крыху большай за тую, што плыла наперадзе. Бенгт як наш аканом у думках ужо смакаваў розныя мясныя стравы і цудоўны суп з чарапахі. Але чым мацней веславалі нашы таварышы, тым хутчэй рухалася пад вадой, амаль на самай паверхні, і чарапаха; не паспелі яны адплыць ад плыта на сотню метраў, як чарапаха раптам бясследна знікла. Што б там ні было, але хлопцы зрабілі адну добрую справу. Калі маленькая жоўтая гумавая лодка, танцуючы на хвалях, накіравалася назад, уся чарада зіхатлівых залатых макрэлей рынулася за ёю. Яны кружыліся вакол новай чарапахі, і самыя смелыя спрабавалі схапіць лопасці вёслаў, што апускаліся ў ваду, нібы ногі чарапахі, за якой яны дагэтуль гналіся. Тым часам мірная чарапаха шчасліва збавілася ад усіх сваіх нахабных ворагаў.


Загрузка...