У нядзелю ён прышоў у наш інтэрнат. Я разгубілася, і ён зразумеў, што я нічога яшчэ не сказала дзяўчатам. Ён жартаваў, пра нешта расказваў, а я думала: што мне рабіць? Як непрытомная, я сноўдала па пакоі, потым пачала апранацца.
— Пачакайце, Вера, пойдзем разам. Вы ў горад? — Як праз сон, пачула я ягоны голас.
— Так, у горад.
Мы вышлі.
— Чаму вы бянтэжыцеся? Вы не любіце мяне?
Нейкі зусім другі чалавек адказаў за мяне:
— Люблю, але...
— Я ведаю гэта.
Потым у яго пакоі была невялікая вечарынка. Студэнтаў не было. Прышло пяцёра інстытуцкіх выкладчыкаў, людзей салідных, якія неяк адразу ўмела павялі размову, і я нават забылася, чаму сяджу побач з імі. Гадзін у адзінаццаць яны пайшлі. Я таксама пачала збірацца дамоў.
— Куды вы?
— Пайду ў інтэрнат.
Ён разгублена пазіраў на мяне. Потым падаў мне ключ ад свайго пакоя, сказаўшы:
— Спакойнай ночы, Вера.
Я не магла заснуць. Відаць, і ён таксама не спаў. Праз шчыліну з-пад дзвярэй прабівалася ў пакой вузкая стужка святла.
За акном гарэлі ліхтары, жоўтае, мёртвае святло іх тышчылася ў вочы. Потым ліхтары патухлі, і я ўбачыла шэрае перадсвітальнае пеба. Мне было вельмі маркотна. Невядомае палохала мяне.
Нарэшце зусім развіднела. Я пачула лёгкі стук у дзверы, але прамаўчала. Стук паўтарыўся. Я не магла вымавіць слова.
— Вера, — пачуўся яго голас. — Я пайду ў інстытут. Вы можаце сёння не ісці. Я гаварыў наконт гэтага з Іванам Інакенцьевічам. На стале вы знойдзеце падрабязны пералік усяго, што дзе ляжыць.
«Мне яно не патрэбна, — думала я. — Следам за табой пайду і я. Усё роўна адзін раз перажываць сорам, вялікі ён ці малы».
Я ляжала, закінуўшы рукі за галаву, глядзела ў акно. Ці доўга так было? Дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшоў чалавек, чорны і барадаты, як цыган.
— Хочаш, я пакажу табе фокус.
Я маўчала, страх прыкаваў мяне да ложка.
— Ха-ха-ха, — зарагатаў цыган, — ты баішся мяне. Я фокуснік Магамет Алі Бен-Бахар. Хочаш, я прадкажу табе лёс. Ен вось, тут, у мяне.
Фокуснік выцягнуў з-пад паліны доўгага халата чорную бліскучую скрынку.
— Хадзі бліжэй, дзяўчынка, не бойся.
Я падышла. Толькі цяпер я заўважыла, што фокуснік зусім сляпы. Яго ашклянелыя вочы глядзелі міма мяне, у іх адлюстроўваліся два збянтэжаныя маіх адбіткі. Ен адчыніў непрыкметную для мяне заслону. У скрынцы нічога не было.
«Фокус не ўдаўся», — падумала я і засмяялася. I раптам з адтуліны вылез дзед Баўціль. Гэты дзед жыў у нашай вёсцы. Шкодны такі стары. Займаўся чорнай магіяй і маліўся нейкаму свайму богу. Вось гэты Баўціль пачухаўся і сказаў мне:
— Дачка мая, прымі крыж свой і нясі яго, як святыя мучаніцы Вера, Надзея, Любоў і маці іх Сафія.
— Я не веру ў бога, дзед...
— Скарыся, не для жыцця зямнога, а нябеснага рыхтуе сябе кожны.
— Пакуль я тут, на зямлі, дык я думаю пра людзей.
— Пра душу сваю думай.
— Яе ў мяне няма, і я не веру, што яна ёсць.
— Можаш не верыць, а пра сябе ўсё ж думай. Кожны пра сябе. Кожны пра сябе. Адзін бог пра ўсіх думае. Чалавеку пра чалавека думаць не трэба. Пра сябе думай, дзіця маё.
— Ты абяцаў мне паказаць лёс мой, — сказала я цыгану, — а прымушаеш мяне слухаць вар’яцкія павучанні дзеда Баўціля.
Цыган дзьмухнуў — дзед знік. Нехта моцна пачаў калаціць у заслону. «Есць тут хто жывы, ці не?» — крычаў ён.
— Я тут, жывая,— адгукнулася я і прачнулася. Нехта стукаў у дзверы. Потым яны адчыніліся, і на парозе паявілася постаць высокага, хударлявага хлопца ў сінім, заляпаным фарбамі плашчы.
— I спіць царэўна маладая! — прадэкламаваў ён.
Мне здавалася, што сон усё прадаўжаецца.
— Хто вы?
— Я — Дух, — хлопец зарагатаў так моцна, што задрыжалі шыбкі.
— Вы да Льва Раманавіча?
— Магчыма. А дзе ён, гэты стары лавелас. Не блага! У яго ёсць густ. Ну і прытворшчык. Маралі чытае другім, а сам...
— Хто вы? Я буду крычаць.
— А мне напляваць. Давайце лепш пазнаёмімся, — ён падышоў, працягнуў мне руку. — Рамір, вольны мастак.
— Вера.
— Вера? Адкуль вы?
Я нічога не разумела.
— Я — жонка Льва Раманавіча.
— Жонка? А ну, паказвайце пашпарт.
Я паказала яму пашпарт.
— Сапраўды жонка. Вельмі прыемна пазнаёміцца. Я — даўні сябар Алексіча, вашага мужа. Мастак. Прыходзьце да мяне ў майстэрню. Я хачу намаляваць ваш партрэт. Паслухайце, навошта вы пайшлі замуж за гэтага сумнага і старога ўжо чалавека?
— Ён добры, — адказала я.
— Глупства. Няхай дурні ахвяруюць сабой для другіх. Я навучыў бы вас жыць. Скажыце шчыра: няўжо вам хочацца вось так безразважна змардаваць сваю маладосць? Уцякайце, уцякайце хутчэй. Ідзіце на вуліцу, шукайце маладых, прыгожых.
— Ён добры, — паўтарыла я.
— Можа і добры. Мая сястра кажа, што ён сумны. Ёй гэта вядома лепш. Цяпер, калі вы разам, і ў вас ёсць магчымасць упэўніцца, які ён...
Мяне нібы абліў хто варам. Ён быў жанаты? Але чаму ён не сказаў мне пра гэта? Праўда, я ў яго не пыталася. Але ж ён павінен быў сказаць сам. Пакуль я раздумвала над гэтым, незнаёмы ўзяў мяне за руку. Мне цяпер было ўсё роўна.
— Якія ў вас прыгожыя вочы.
Я ўзняла галаву. Ён глядзеў на мяне цёплым, пранізлівым позіркам. Яго твар, дагэтуль непрыемны, спраменьваў столькі цеплыні, ласкі і таварыскай спагадлівасці, што я мімаволі залюбавалася ім.
— Я страшэнна адзінокі, дарагая мая дзяўчына, — загаварыў ён ціхім голасам. — Я такі адзінокі, як і вы ў гэтым доме — сярод гэтых кніг. Таму мы зразумеем адзін другога. Я не прапаную вам сваю руку. Але я прапаную вам маё сэрца, сэрца сябра. Мы будзем сябраваць. Мы будзем слухаць адзін аднаго. Вы згодны? Нічога не трэба казаць. Схіліце толькі вашу галаву. Дзякую вам.
Ен паціснуў маю руку і пайшоў.
Спачатку следам за ім хацела пайсці і я. Некалькі разоў апранала я паліто, потым зноў здымала яго. Нарэшце я пачула крокі Льва Раманавіча. Мне было сорамна, і я пабегла ў свой пакой. Зачыніла дзверы, затаіла дыханне. Ен пастукаў і адразу ж адчыніў дзверы. Я закрыла твар рукамі, нібы чакала ўдару.
— Што з вамі, Вера?
Я маўчала, а калі ён паклаў руку, уздрыгнула.
— Я вас пакрыўдзіў?
Што я магла сказаць? Ён прайшоў па пакоі. Я чула, як парыпвае паркет ад яго цяжкіх крокаў. Нарэшце ён спыніўся.
— Мне хацелася б сказаць вам многа шчырых і цёплых слоў. Але замест іх вы пачуеце горкае прызнанне. Выслухайце яго, а далей рабіце так, як палічыце лепшым. Чаму я не сказаў вам пра ўсё раней? У мяне ёсць сын, была жонка.
— Я не хачу чуць пра гэта. Я ўжо ўсё ведаю.
Памаўчаўшы, ён сказаў:
— Разумею. Сюды прыходзіў брат маёй жонкі Ліліі Нікадзімаўны — Рамір. Тады я не буду апраўдвацца. Некалі я зрабіў найвялікшае ў жыцці глупства. Калі я зразумеў тую сваю памылку, дык думаў, што другой ніколі не будзе. Тая памылка была фатальнай для мяне. Новая прынесла яшчэ большае няшчасце. Я пакрыўдзіў вас. I таму мне балюча ўдвая. Адкажыце, Вера, толькі на адно пытанне: чаму вы такая спагадлівая?.. Вы маўчыцё. Калі б я пачуў хоць адно вашае слова, я ўсё зразумеў бы. Мне хацелася вялікага шчасця, таму я аслеп і аглух.
Я маўчала. Хоць мне было шкада яго.
— Усё яшчэ можна паправіць. Калі вы давяраеце мне, дык пажывіне ў гэтым пакоі яшчэ некалькі дзён. Мне гэтымі днямі была прапанавана работа ў адным з інстытутаў Мінска. Я тады сказаў, што падумаю. Цяпер я даю згоду. Вы застанецёся жыць тут. А потым, калі кончыце інстытут, мы абмяркуем, як быць далей. Цяпер развод і для вас і для мяне быў бы... Самі разумееце. Вядома, я не настойваю на такім варыянце. Але самі разумееце, што пойдуць размовы...
Я згадзілася. Помню, ён пабялеў увесь, заціснуў твар рукамі і вышаў.
Прайшоў месяц. Леў Раманавіч паехаў. Помню, я засталася адна і неяк абрадавалася гэтаму. Дзён дзесяць я цешылася свабодай. Здавалася, быццам зваліўся цяжар з маіх плеч.
Увечары аднаго дня я пайшла ў сквер над Дзвіной. Села на лаўку, любавалася ракой, заходам сонца. Нехта сеў побач. Я паглядзела. То быў Рамір.
— Глядзіце, як прыгожа заходзіць сонца. Колькі фарбаў, колькі гармоніі, дзіўнай і непераймальнай!..
— Вы вельмі любіце прыгожае, — сказала я.
— Мае мары яшчэ больш прыгожыя. У іх я ствараю такія малюнкі, якія не можа бачыць чалавек. Вас я таксама стварыў у сваіх марах. Я заўсёды бачыў вас такой, не падобнай на другіх. Мне хацелася б быць маленькім променем сонца, які прабівае вось гэтую найцудоўнейшую залатую пасму вашых валасоў. Вы, напэўна, у першую нашу сустрэчу падумалі дрэнна пра мяне. Я — не такі. Адзінокая душа шукае спагады.
Я паклала руку на спінку лаўкі, адчула пазы двух літар «К» і «В». Маім вачам уявілася маладая прыгожая пара, якая сядзела тут. Уявілася я сама, з найлепшым сябрам.
Рамір абняў мяне, прытуліў, але не пацалаваў. Каб ён пацалаваў, я ніколі з ім не сустрэлася б. Потым ён устаў і пайшоў. Рамір мне здаваўся такім шчырым і бескарыслівым сябрам.
Але я памылілася. Ён проста нягоднік. Леў Раманавіч хоць кахаў мяне. А гэты... Адным словам, з ім пакончана назаўсёды.
I вось тут, Машанька, пачынаецца другая кніга жыцця.
Я доўга пакутавала ў калгасе і, нарэшце, парашыла кінуць работу. Але так здарылася, што ў калгас я вярнулася. Прышла на поплаў і ўбачыла яго... Льва Раманавіча. У мяне падкасіліся ногі. Чаму ён тут? Няўжо дазнаўся пра мой адрас? Прыкрасць, злосць, сорам, — усё гэта адразу ахапіла мяне. Хацелася бегчы, пакуль хопіць сіл. Надта многа перажыванняў на аднаго чалавека!
I зноў я памылілася. Нешта вельмі часта я пачала памыляцца. Леў Раманавіч прывітаўся, назваў мяне сваёй студэнткай-цёзкай. Я зразумела, што ніхто нават не здагадваецца пра нашыя дзіўныя адносіны. Мне было ніякавата, але на сэрцы палегчала, і я пачала прыслухоўвацца да таго, пра што ён расказваў.
У нашым калгасе пачаўся паход за высокія надоі малака. Моладзь рушыла на фермы. А кармоў не хапае. Вось тут Леў Раманавіч і збіраецца вырашыць гэтую праблему. Хоча ён балоцістую, купкаватую пустошу Балонне пераараць, засеяць травамі, палепшыць паплавы, а пад яравыя падсеяць канюшыну. На яго думку, сена ў калгасе тады адразу павялічыцца ў чатыры разы.
Мабыць, вам не вельмі цікава слухаць пра яго планы і вы ў думках забягаеце наперад. Але не думайце, размовы ў нас яшчэ не было, хоць адчуваю, што не мінуць яе.
Учора (пасля гэтага я і парашыла напісаць вам гэты ліст) у нас быў сход. На ім выступаў Леў Раманавіч. Ён быў нейкі ўзнёслы, можа таму, што апавядаў пра паплавы, пералескі і проста замшэлыя пустошы, якія нават не вабяць вока... Ды так хораша!
Я, напэўна, не здолею перадаць яго прачулых слоў. А гэта вельмі важна. I ўсё ж паспрабую, тады вы лепш зразумееце мяне.
На зыходзе вайны, расказваў ён, салдацкі лёс прывёў яго ў Еўропу. Немцы, агрызаючыся, адступалі. Упартыя баі вяліся за кожны дом. У адным з начных баёў шалёная куля не абмінула і Льва Раманавіча. Ачнуўся ён пад раніцу. Над галавой вісела высокае вясновае неба. Яркае сонца ўставала адтуль, дзе засталася радзіма. На ім абсыпанымі кроплямі буйнай расы зелянеў куст. Павярнуўшыся са спіны на бок, Леў Раманавіч убачыў за кустом рачулку, маленькую і вельмі падобную на Пітамку, што цячэ ля нашага калгаса. Напіўся. Калі прайшла смага, зірнуў вакол сябе: за рэчкай ляжаў маленькі поплаў, такі, як наш, можа куды меншы, і ўвесь пакопаны чорнымі варонкамі. Сярод зялёнай травы яны былі, як свежыя воспіны на твары. Хацелася бегчы, зараўняць гэтыя ямы, але боль пранізаў усё цела. Тады Леў Раманавіч успомніў усё. Спачатку было жудасна: навокал цішыня, а ты адзін... Мусіць ён трызніў, але часта яму здавалася, што ляжыць ён у сваім Закружжы, адпачывае пасля касьбы. Тады наставала палёгка...
На поплаве цвілі кветкі, надта яркія — жоўтыя і сінія. Пахла сырой травой і прэлым лісцем. Пачынала прыпякаць сонца. Леў Раманавіч неяк адпоўз пад куст. Далей не мог: балелі рука і ногі. Там, дзе ён упаў, чарнела пляма, здавалася, нехта пафарбаваў траву. Раптам ён убачыў тры лісточкі зайцавай капусты. Прагнымі рукамі сарваў іх. Яны былі горкімі, як палын. Але Леў Раманавіч жаваў іх і ўвесь час бачыў сябе на поплаве ў Закружжы.
Пад вечар яго падабралі сяляне. У маленькай, на водшыбе, хацінцы пахла травамі, беларускім чаборам. Леў Раманавіч дыхаў ім і, здавалася, зноў вяртаюцца сілы. А ля печы чаравала бабуля, высахлая, згорбленая. Яна перабірала травы і, нешта шэпчучы сухімі вуснамі, кідала іх у гаршчок. ён доўга наглядаў за ёй, думаючы: «Піць нізавошта не буду». Астудзіўшы варыва, яна наліла кубак, паднесла яму. Ён адвёў яе руку, бабуля нешта сказала і зноў падала кубак. Тады ён выпіў настой. Бабуля прынесла яшчэ і пачала рабіць перавязку. «Што гэта?» — не вытрымаў ён. «Дзівасіл». Яму здалося, што зноў пачаў трызніць. Але бабулька дрэнна гаварыла па-нашаму.
«Рускі харошы сродак. О, рускі поле — лепшы аптэка. Усё ёсць: сэрца лячыць — ёсць, ногі баляць — ёсць трава. Усё, усё ёсць трава... Іван казаў — рускі поле не памрэш. Травы не знойдзеш — пах лечыць».
Ад дзівасілу, ці другой якой травы, але перастала яго трэсці ліхаманка.
«Адкуль ты, бабуля, ведаеш пра травы?»— запытаўся ён, калі назаўтра забіралі яго ў шпіталь.
«Муж мой, гаспадар, Іван Лабоха, расейскі быў. Дзвіна рака, чуў? Адтуль ён. Матросам быў, ад цара ўцякаў. Дзяцей меў. Паміраў, Дзвіну ўспамінаў... Плакаў, многа плакаў».
У шпіталі Леў Раманавіч думаў над лёсам паплавоў. Іх не так ужо і многа. А вайна іх, як той далёкі чужы лужок, знявечыла. Тады і нарадзілася ў яго думка вылечыць нашы паплавы, абнавіць іх, абмаладзіць. Няхай служаць чалавеку...
—Далёкі родзіч наш, — гаварыў ён далей, — адваёўваў у лясоў і балот зямліцу. Як маладая нявеста, паўставала яна перад ім: «твая навекі». А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму ды хціваму. Браў ён ад яе ўсё, знішчаючы маладую красу. Марнела зямля ды жорстка помсціла ненасытнаму.
Потым разбілі паплавы на палосы. Дачакаўся чалавек зямлі, убачыў — не маладуха дасталася яму, а высахлая старая. Ад лазы пасівела, кіслай стала ад шчаўя, парасла дурнап’янам, амежнікам, блёкатам. Не пра травы і прыгажосць думалася мужыку — пра хлеб і бульбу дбаў ён кожны новы дзень. Гавораць, божую скаціну бог накорміць... А бог карміў гучкамі ды саломай напалам з быльнягом.
Талакой чалавек моцны — адзін, як травіна, што застаецца на ўзмежку пасля касавіцы. Першы падарожнік сарве. Куды яму было ваяваць з прыродай. Паўзлі імхі на сенажаці, разуха-асака наступала з балот, зязюльчын лён ды мудронка адваёўвалі сабе прасторы. А за імі ішла лаза, сцялілася ніцма, быццам хацела дарэшты выпіць земляныя сокі.
Былі гады, калі ажывалі паплавы, а пасля зноў тачыла іх спрадвечная хвароба — зморанасць. Тады рэзка падалі накосы сена. Падпарадкаваная агульным законам, катастрафічна падала і пагалоўе жывёлы.
Не было жывёлы — не было гною, не было чым карміць зямлю. Замыкалася кола і, здавалася, не было з яго выйсця.
Вы запытаецеся, а як жа ў наш час? Няма цяпер межаў і палос. Дык чаму цяпер паплавы марнеюць?
Вы маладыя і таму не ведаеце, як цяжка было людзям у першыя гады калектыўнага жыцця. Людзям хацелася адразу многага: мець свой трактар і блюмінг, свае новыя гарады і сваіх вучоных, свае тэатры і армію, якая б абараніла іх ад ліхалецця. Не дзіўна, што пра тое-сёе забываліся. Таму і не звярталі ўвагі на падзвінскія ды прыдняпроўскія паплавы. I ўсё ж людзі думалі пра іх.
Першыя бомбы абарвалі мірную працу, боты чужынцаў стапталі кветкі, міны і снарады знявечылі зямлю, і яна чакае цяпер чалавекаўрача. Вам, маладым, і належыць вылечыць яе. Дапытлівы розум і працавітыя рукі — вось той цудоўны бальзам, што верне паплавам маладосць, што прымусіць пустошы квітнець краскамі.
Тады заквітнее і ўсё жыццё. Шчодрая зямля нічога не пашкадуе. Я сам адчуваю сябе маладым і хачу быць разам з вамі, у гэтай барацьбе за новую маладосць зямлі.
Дарагая Машанька, што рабілася сёння, вы не можаце ўявіць. Я не пазнаю тых людзей, якія яшчэ ўчора не хацелі ісці на сенакос. Сёння вышлі ўсе, нават жанчыны. Ва ўсіх адно — хутчэй кончыць сенакос, а потым пачаць пераворваць гэтае купкаватае Балонне. Аграном паехаў за нарадамі на насенне траў, Лёнька Зайчык — смешны такі хлопец — кожныя шэсць гадзін выпускае спецыяльны бюлетэнь. Маладзёжная брыгада косіць і сіласуе балотную траву, усе змораныя, але вясёлыя. I я таксама.
Адным словам, цяпер Закружжа не пазнаеш. Хіба толькі Даміра, наш старшыня, не ў гуморы. Кажуць, у яго вельмі хворая жонка, мо таму ён такі.
Вось, дарагая Машанька, я і падышла цяпер да таго, дзеля чаго развяла такую доўгую пісаніну. Што мне рабіць, калі ён зноў загаворыць пра... нашы адносіны... Парайце, што рабіць?
Вельмі позна, а я ўсё пішу. Не смейцеся з мяне. Я сама не ведаю, чаго хачу.
Шчырае прывітанне Івану Іванавічу. Застаюся чакаць адказу.
Вера Алексіч».
«Мілачка, добры дзень, дарагая!
Чытала тваё пісьмо і плакала. Няшчасныя мы людзі, жанчыны. Сэрца ў нас добрае, а ў цябе яно, да таго, жаласлівае. Паказала я пісьмо сваён сяброўцы, можа помніш, душачка, Лілечку Целяпнёву, такая беленькая, гэта яна ад перакісу такой стала. Дык Лілечка сказала, што такога і ў раманах не чытала. А з Ванечкам сваім паспрачалася і два дні не размаўляла. Але ж жаночае сэрца адходлівае: даравала яму благія яго словы. Ён хоча сам табе напісаць, а я не дазваляю. Ён цябе абавязкова саб’е. А што я параю, дык так і зрабі.
Не падабаёцца мне твой гэты Леў Раманавіч. Стары чалавек, а блазнуе. Няхай бы сядзеў у акадэміі. А яму варта перапрасіць цябе. Толькі ты адразу не згаджайся, паламайся, няхай ведае, што мы не абы хто. Цябе, Вера, душачка, на руках трэба насіць, а ён, дзівак гэтакі, нічога не зразумеў. Каб ён быў разумны, дык яшчэ тады прыласкаў бы, угаварыў. А то як мядзведзь: я яго так і ўяўляю...
I ты, Верачка, добранькая надта. Падумаеш, стары... Са старым яшчэ лепш жыць будзеш, хоць шанаваць стане. Я вось пагналася за Ванечкам, а ён мяне завёз у глухамань, толькі і чуеш, што пра новыя пароды кароў. А ты ж у сталіцы жыць будзеш. Хіба там маладых мала?
Дзіўная ты, Верачка... Гады ж бягуць. Спахопішся потым, ды позна будзе.
Маё табе слова простае: не цурайся яго. А як толькі ўладзіцца ўсё — бяры яго ў рукі так, каб кашлянуць без твайго дазволу не. мог.
Шкада, далёка да цябе ехаць, наладзіла б я вам вяселле па-свойму, блаславіла і наказ цвёрды дала б.
Навін у нас няма ніякіх, таму што глухамань страшэнная. Пашыла сабе цудоўны халацік, а надзяваць няма куды. Прайдуся па пакоі, пагляджу на сябе ў люстэрка ды і павешу ў шафу.
Калі вельмі засумуеш — прыязджай да нас. Прыму цябе, як родную.
Слухайся мяне, Верачка. Я благіх парад не даю.
Цалую цябе, душачка.
Верная табе Машанька».
«Паважаная Вера Антонаўна!
Асмеліўся напісаць вам, бо маўчаць не магу. Маша не давала мне вашага адрасу, дык я ўкраў у яе канверт і перапісаў адрас. Хочаце — чытайце далей, а не хочаце — парвіце, бо я буду няшчадна лаяць вас.
Сорам, Вера Антонаўна, не толькі пісаць так, але нават у галаве трымаць такія хворыя, ледзь не паталагічныя думкі. У вас вялікія справы робяцца, здаецца, паляцеў бы да вас на крылах, а вы расплакаліся. Нарабілі вы памылак — на дзесяць чалавек хопіць. Як жа вы, маладая савецкая дзяўчына, маглі без кахання замуж пайсці? Наша мужчынская справа ад роду такая — запытацца. А як жа? Ён вас палюбіў, ну і запытаўся, ці згодны вы?.. «Не, я вас не палюблю, Леў Раманавіч, і не пайду за вас замуж», — так павінны былі вы адказаць яму.
Кіньце, Вера Антонаўна, гэтае калупанне ў сваіх пачуццях. Калі прыдзе сапраўднае каханне, тады вы не будзеце задумвацца.
I яшчэ хачу палаяць вас. Такія цікавыя ў вас справы, а вы пра іх тры радкі напісалі. Мяне вельмі ўсхвалявала ўсё гэта. Калі вы не вельмі раззлуецеся, дык абавязкова напішыце мне пра ўсё.
Мы з вамі, Вера Антонаўна, скончылі адзін інстытут. Гэта — як адной маці дзеці. I я ваш старэйшы брат. Дык вось, як старэйшы, хачу вам параіць. Работа наша цікавая. Улазьце вы ў яе з галавой. Ды і людзі ў вас добрыя, а вы ім ярлыкі, як біркі цялятам, вешаеце. 3 такімі людзьмі можна горы перавярнуць. Працуйце і працуйце, тады ўсялякая бязглуздзіца ў галаву не палезе.
Хопіць, мусіць, лаяць. Не крыўдуйце на мяне — пішу па шчырасці.
Навін у нас шмат. Пабудавалі новы кароўнік, правялі вадаправод. Кароўнік у нас незвычайны: круглы, у сярэдзіне сіласная вежа. Надта зручны. Усё цяпер на месцы. Вось бы і ў вас такі хлеў пабудаваць!.. Хочаце, я вам вышлю праект?..
А яшчэ навіна: вывелі мы новую пароду кароў, вельмі малочную. За гэта я прэмію атрымаў.
Ды хіба ўсе навіны перакажаш? Яшчэ раз мой вам наказ — трымайце вышэй галаву і не, забывайце, што вы савецкі заатэхнік.
Шчыра жадаю вам поспехаў і сапраўднага шчасця ў жыцці.
I. I. Ашман.
Р. S. Дарэчы, Леў Раманавіч разумны чалавек і дарэмна вы баіцёся размовы. Яе не будзе.
I. I.».
Вера дачытала ліст, задумалася. Яна ніколі не чакала такога ад Івана Іванавіча. Няўжо зноў памылілася? Што ж рабіць цяпер? Лёгка сказаць, бярыся за работу. А ці лёгка заваяваць давер’е людзей?..
XI
Не колькасцю пражытых дзён і вёснаў вымярала Ніна Шумейка свой узрост, а тымі падзеямі, што адбыліся за яе кароткае, поўнае прыгод жыццё. I калі яна з вышыні сваіх дваццаці год азіралася назад, дык здавалася ёй, што жыве яна на зямлі даўным-даўно, напэўна, даўней за сваю старэнькую бабулю. Ад такіх думак на душы рабілася маркотна і вельмі неспакойна. Здавалася, што ніхто Ніну не разумее, нават дзяўчаты, пра якіх яна сказала Ліпанавай: «Яны любяць мяне».
Калі Ніне не было яшчэ і пяці год, яна разам з маці паехала ў Адэсу да цёткі ў госці. Ад таго першага падарожжа засталося ў Ніны нейкае дваістае пачуццё светлай радасці і прыгнётлівага страху. Паездка ўспаміналася, як бясконцы перастук колаў. Але яшчэ і цяпер, пачуўшы паравозны гудок, Ніна ўздрыгвала ўсім целам. Цьмяна, як праз далёкі неверагодны сон, прыпаміналіся кароткія, нязвычныя гудкі паравоза, глухія выбухі і чорныя слупы, што ўздымаліся ад зямлі. Маці ўяўлялася, як вялікая няўклюдная лялька, абматаная сляпуча-белай марляй.
Далей Ніна прыпамінала яшчэ адзін малюнак, невыразны, але страшны. Яна ляжыць на ложку побач з абстрыжанай нагала дзяўчынкай, худой і жоўтай. Дзяўчынка жаласліва скуголіць, аднастайна, як вецер за вялікім занавешаным акном. Кашчавая жанчына з доўгім носам, на якім вісяць вялізныя акуляры, прарэзліва крычыць на дзяўчынку. Ніна затыкае вушы, тады відаць толькі, як шавеляцца сінія вусны. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Ніна заплюшчыла вочы, заткнула вушы, але плач дзяўчынкі абмінае ўсе перашкоды, упіваецца ў галаву вострымі іголкамі. Нешта моцна грукоча. Ніна спалохана ўздрыгвае, расплюшчвае вочы. Кашчавая жанчына б’е маленькімі кулакамі па стале, нешта крычыць, а па яе твару цякуць слёзы. Адразу наступае цішыня, і ўжо не сварлівая жанчына, а маладзенькая, незнаёмая цётка вядзе яе па нейкім садзе з вялізнымі чырвонымі яблыкамі на голлі.
Дакладна прыпамінаецца Ніне мноства ложкаў і вусаты над ёю твар. Вусаты дзядзька шурпатай рукой гладзіць яе па шчацэ і гаворыць некаму, каго не відаць:
— Худзенькая вельмі, але будзем спадзявацца.
У дзесяць год — і гэта ўжо Ніна помніць добра — яна збегла з дзіцячага дому, цвёрда наважыўшыся шукаць сваіх бацькоў. Чамусьці яна была ўпэўнена, што абавязкова знойдзе іх, калі пойдзе паўз чыгунку. Трэба толькі доўга-доўга ісці.
Яна знайшла чыгунку.
Некалькі дзён ішла паўз яе, пакуль не заўважыла горад. Цяпер яна была ўпэўнена, што дом зусім блізка: з горада некалі бацька прывозіў ёй цукеркі. Але ў горадзе яе затрымалі. Зноў яна трапіла ў дзіцячы дом, але не пераставала думаць аб тым, як бы зноў уцячы. Ноччу, калі ўсе спалі, яна вылезла праз акно, пайшла на маленькую станцыю. Забралася ў пусты вагон, чакала. Хутка туды залезла тоўстая, друзлая жанчына. Чыркнула запалкай.
Угледзеўшы Ніну, села побач.
— Куды, мая кветачка, едзеш?— запыталася яна.
Ніна маўчала, баялася вымавіць слова: раптам бабуля адправіць яе ў дзіцячы дом. Старая дастала з торбы будку, разламала надвое, падала Ніне.
— Еш, котачка, не бойся. Ладуціха малых любіць...
Пакапаўшыся ў торбе, яна дастала кавалак цукру, выцерла яго аб світку, падала Ніне. Расчуленая яе дабратой, Ніна прызналася ва ўсім. Старая ківала галавой, спачувала:
— Дзіцятка маё дарагаё, паедзем да мяне. Не адшукаеш ты адна сваіх бацькоў. Я табе памагу, котачка. Толькі час для гэтага патрэбны, ой як многа часу патрэбна.
Ніна паехала са старой. Тая прывезла яе ў вялізны разбураны горад. Пасяліліся яны на ўскраіне ў старым заімшэлым бараку.
Старая аказалася жабрачкай. Пасылала яна Ніну па здабыткі на скрыжаванні людных вуліц і ў пад’езды дамоў. Часта сама хадзіла з ёю.
Мінула некалькі гадоў. Многа што змянілася ў горадзе: выраслі новыя дамы, раскінуліся прывольныя паркі, зазіхацелі асфальтам вуліцы — толькі Ніне даводзілася па-ранейшаму працягваць руку да кожнага сустрэчнага.
На яе цяпер паглядалі з недаверам, саромілі, а часам гналі прэч. Ды яна і сама разумела, што занадта вырасла. Але трэба было неяк жыць. Жабрачае жыццё дашчэнту вытравіла былую мару аб пошуках бацькоў. Ніна прывыкла швэндацца па вуліцах, бясплатна прабірацца ў кіно, у парк, жыць, ні пра што не думаючы.
Аднаго разу Ніна ўбачыла ў каморцы таўстамордага рыжага незнаёмца. Ён сядзеў на нізкім услоне, падбіваў паношаныя боты Ладуціхі.
— А, прышла,— прывітаў ён Ніну.— Паказвай, колькі назбірала.
— За паказ грошы плоцяць, — адрэзала Ніна. — Ты хто будзеш?
— Не звер.
— Бываюць і горш.
— Языкатая. Выўчыла цябе Ладуціха.
— Самі таксама не лыкам шытыя.
— Тады спынім дэбаты, — рыжы дастаў з кішэні грошы, не падымаючыся, дастаў з-пад лаўкі бутэльку. — Схадзі, падруга, у шалманку, прынясі паўлітра, каб можна было замачыць знаёмства.
— Не вельмі я рада знаёмству.
— Ды я па дружбе. Як мы з табой пад адным эксплуататарам у асобе Ладуціхі знаходзімся — значыць радня. Паслухаць трэба.
Потым, калі яна прынесла гарэлкі, ён наліў шклянку ледзь не да самага верху, выпіў. Адламаўшы кавалак хлеба, закусіў. За малаток ён больш не браўся. Сядзеў, апусціўшы галаву, думаў. Ніна стаяла, чамусьці баючыся сесці. Шавец наліў яшчэ, паклікаў Ніну:
— Хадзі, выпі.
— Не хачу.
— Эх ты, кабылка... Чорт з табой, сам вып’ю.
Выпіўшы, ён усміхнуўся.
— Хто мы з табой на сённяшні дзень ёсць? Не задумвалася над гэтым? Ага, бачыш, не думала. Мы — моль. Пасыпаць нас нафталінам — чых-чых і няма нас. А пакуль мы жывём, дык есці нам трэба? То-та ж, падруга!..
Раптам не па гадах спрытна ён ухапіў Ніну за руку. Прывыклая да ўсяго, яна ірванулася, але рука трымала яе насмерць.. Тады Ніна паспрабавала закрычаць. Другой рукой, жорсткай і смярдзючай, ён заціснуў ёй рот.
— Маўчы, дылда, а то... — ён скрыгатнуў зубамі, плюхнуўся на лаўку, але Нінінай рукі не выпускаў.
— Спалохалася? Мяне баяцца. I ты бойся. Я на ўсё гатовы.
Ён наліу гарэлкі, коратка скамандаваў:
— Пі!..
Шклянка бразгала аб зубы. Ніна адчувала, як гарачы, востры струмень пранікае ў цела. Рыжы пацягнуў Ніну за руку, і яна, як падкошаная, села ля яго.
— Будзеш слухаць мяне, ясна?..
— Буду, дзядзечка, — Ніна схітрыла.
— Тады вось што скажы, дзе гэтая вядзьмярка хавае грошы?
Ніна не ведала. Роспачліва паціснула плячыма.
— Не ведаеш? Яна хітрая. А красці ўмееш?
— Не, дзядзечка. — Ніна хлусіла. Навучылася яна і красці. Брала пакуль тое, што ляжала недалёка.
— Красці трэба! Трымайся мяне. Чула?.. I вось што, не ўздумай чаго... Біяграфія твая сапсаваная. Са мной будзеш працаваць. Грошы будуць. Вось бачыла, — ён выцягнуў з кішэні пачак грошай. — Хочаш — бяры. А старую мы абчысцім, у яе, чорта, тысячы ляжаць. Ну, вып’ем.
Увайшла жабрачка, залемантавала, убачыўшы побач з рыжым Ніну.
— А-а-а-а, поскудзь, нягодніца, прыгрэла цябе, адкарміла.
Рыжы з усяго размаху ўдарыў старую ў грудзі. Яна ўпала, але не крычала, толькі паўтарала адно і тое ж:
— 3 глузду з’ехаў, далібог, з глузду з’ехаў...
Ніна пашкадавала старую: яшчэ заб’е, — засталася. Удзвюх весялей, і не так боязна. Потым жабрачка прынесла гарэлкі. Яны пілі з рыжым і спявалі нудныя, слязлівыя песні.
Ноччу Ніна прачнулася ад дотыку чужых, закарузлых рук. Перад ложкам стаяла чорная здань. Ад яе патыхала цыбуляй і перагарам. Рыжы! Ніна падкурчыла ногі. На тапчане побач храпла старая. Ад гарэлачнага смуроду не было чым дыхаць. Бессаромныя далоні намацалі яе плечы, прыціснулі Ніну да ложка, слізганулі ніжэй. Яна выкаўзнулася. Рыжы зноў штурхануў яе. Падаючы, яна размахнула рукамі і раптам адчула пад далоняй бутэльку. Размахнулася з усяе сілы і ўдарыла па чорнай здані. Бутэлька шлёпнула, рукі таўстамордага аслаблі. Агідная здань пляснулася на падлогу.
Накінуўшы на плечы нейкую апранаху, Ніна выскачыла на вуліцу. Золкі вецер ударыў па твары калючым снегам. Не задумваючыся, яна пабегла пасярэдзіне бязлюднай, ціхай вуліцы. Толькі б далей ад страшнай хібары!..
На вакзале — зашылася ў куток, прыкархнула на цяжкай дубовай канапе. Не спала — драмала, гатовая ўцякаць ад першай небяспекі.
— Ну ты, пасунься, разляглася!..— чалавек у бруднай, зашмальцаванай фуфайцы злосна штурхнуў яе кулаком у бок. Яна, ашалелая са сну, ускочыла. — Спалохалася? Каго чакаеш?
— Цётку. Яна сёння прыязджае.
— Ну і дурніца, ясна? — і раптам, прыгнуўшыся, зашаптаў: — Назусім кінула Ладуціху?
Ніна зразумела: прыкідвацца далей няма патрэбы. Насцярожана, з-пад ілба пазірала на новага знаёмага. Ён падміргнуў, усміхнуўся.
— А я цябе не прызнаў спачатку. Дык куды ты сабралася?
— Сама не ведаю.
— Прыставай да мяне.
— А Ладуціха як?
— Баішся?.. Шкодная баба, ліха на яе. Сёння ж паедзем.
— Усё роўна ўжо.
— Не пакрыўджу. Работа чыстая, ясна?
Гэта была такая работа, якая ледзь не давяла Ніну да турмы. Прыкідвалася Ніна то студэнткай, то вясковай дзяўчынай, то дачкой вучонага або генерала. Падарожнічала ў прыгарадных цягніках, у мяккіх купэ хуткіх паяздоў. Ездзіла са студэнцкім абшарпаным чамаданам, з куфэркам або нянаскім баулам. Апранала вясковыя кажухі або модныя цыгейкавыя футры, паркалёвыя сарафаны ці модныя дарагія плацці. Заводзіла на станцыях знаёмствы, бралася сцерагчы рэчы, тут жа давала абабраць і сябе і даверлівую бабу. Адчыняла ноччу купэ, уваходзілі злодзеі, памагалі выносіць рэчы. Абласканыя Нінай праваднікі жадалі ёй шчаслівага шляху, а назаўтра маўчалі, дазнаўшыся, як іх правяла зусім яшчэ маладзенькая дзяўчына.
Аднаго разу не пашанцавала. Давялося ўцякаць. Скочыла на хаду з цягніка, пакацілася пад адхон, — апамяталася толькі ў бальніцы. За многія гады адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Чыстыя прасціны, цёпла. Не трэба хлусіць, слухаць плач і праклёны. Прыходзіў нейкі ўрач, цікавіўся яе жыццём, пытаўся пра гады дзяцінства. Ніна прызнавалася ва ўсім. Толькі ў пакражах баялася прызнацца, нават сабе.
Зрасліся неўзабаве маладыя косці ног. Перастала балець у грудзях, але яе чамусьці не выпісвалі.
Аднойчы паявілася ў калідоры зграбная, хоць і старая бабуля. Ішла яна бачком, як сарока, зазірала ў кожную палату.
— Да каго вы, бабуля? — запыталася ў яе Ніна.
— Унучачка тут ляжыць, унучачка... — і раптам яна пляснула далонямі, сашчапіла пальцы, прыціснула рукі да грудзей. — Дзіцятка маё!..
Бабуля залямантавала, потым кінулася да Ніны.
— Чаго вы? — адштурхнула яе Ніна: апякла думка пра Ладуціху.
— Дзіцятка ты маё залатое, зусім не помніш нічога. Маленечкая была, пяты гадок ішоў, калі павезла цябе маці ў Адэсу. Як жа ты адна дабралася? Божухна, літасцівы!.. Я ж фотакартку прынесла.
Дрыжачымі пальцамі яна дастала з-за пазухі фотакартку, сунула Ніне ў рукі. На фотакартцы — сядзеў мажны мужчына, трымаў на каленях дзяўчынку з пышным бантам у валасах. Побач стаяла жанчына, вельмі падобная на Ніну. Ніна ўгледзелася лепей. Так, гэта яе маці —такі ж маленькі нос, кароткія бровы, што зрасліся над пераноссем, пухлыя шчокі...
Аднекуль паявіўся ўрач. Толькі пад белым халатам, што накінуты быў на плечы, відаць быў гарнітур ваеннага крою і пагоны з чырвоным кантам.
— Ну вось і кончыліся твае блуканні, Ніна. Каб не апошні выпадак, нырнула б ты зноў у свет, як у сіняе мора. Ля дому ездзіла, а ў госці не зайшла. Затое цяпер не госцяй будзеш.
— Ды ўжо ж, ужо ж... — загаманіла бабуля.
Два дні не зачыняліся дзверы ў бабульчынай хаце. Усё Закружжа перабывала тут, хацела на свае вочы ўпэўніцца, што нарэшце вярнулася Шумейкава дачка з далёкага гасцявання.
Вёску Ніна не злюбіла. Здалася яна ёй соннай і надта хітрай. Глядзела на свет невялікімі, схаванымі за кустамі бэзу вокнамі. Хацелася паехаць у горад, але бабуля не пусціла.
Не спадабаліся Ніне і людзі. Здавалася, пакутуюць яны ад хваравітай цікаўнасці. Першай пакрыўдзіла Ева. Дала запоўніць анкету для паступлення ў камсамол, а потым з гадзіну задавала пытанні. Думала Ніна, што так і трэба. Камсамольскі сакратар павінен усё ведаць. Расказала ёй шчыра, як на споведзі. А потым, як пабыла ў райкоме камсамола на бюро, зразумела: Ева хацела толькі задаволіць сваю цікаўнасць. (У райкоме пра Нініна мінулае жыццё ніхто нават не ўспомніў, быццам яна заўсёды жыла ў Закружжы. Пыталіся больш пра работу, пра вучобу.)
Нянавісць да Евы адгарадзіла Ніну і ад другіх дзяўчат, хоць тыя і спрабавалі шчыра ўцягнуць яе ў сваю кампанію.
Потым неяк на цямку сустрэў Ніну Шняк і, дыхаючы гарэлкай, шапнуў:
— Выйдзі сёння да лазні.
— Чаго?
— Не ламайся, ведаеш. Яшчэ і другіх навучыць можаш.
Крыўду на Цняка Ніна перанесла на ўсіх хлопцаў, паглядала на іх коса, чакаючы ўсялякай агіднасці. Упадабала толькі Даміру. Той, месяцы праз тры пасля прыезду Ніны дамоў, зайшоў у хату, прывітаўся.
— Надакучаць раней не хацеў, народу ў вас перабыло шмат,— растлумачыў ён свой не па-суседску запознены прыход. — Людзі — дзівакі, ідуць, як на цуд, глядзець. Наогул, яно так, нібы з таго свету вярнулася. Толькі ў вайну ўсё бывае. Я сам з-пад расстрэлу ўцёк. Бітых ды знявечаных люблю. Такі чалавек сабе цану ведае. Няхай бы хто на нашым месцы пабыў — паглядзеў бы я на яго тады... А на тое, што брэшуць, плюнь. Калі ж назаляць будуць — мне скажы. Я з імі па-партызанску пагутару. У нас размова кароткая.— Ен плюнуў на далонь, моцна сціснуў кулак.
— Я і сама магу.
— Правільна. Гэта па-нашаму. Люблю такіх. Была ў мяне разведчыца, таксама Нінкай звалі. Агонь дзеўка. Масквічка. Злавілі яе аднойчы паліцаі, даверылі двум слюнцяям весці. Адышліся яны крыху. Яна як крыкне: «Рукі ўгору, бобікі!» Ды плясь аднаго па мордзе. Ён брык — і вінтоўка з рук. Тады яна другога. Вырвала вінтоўку ды ў атрад іх абодвух перад сабой прыгнала. Ну, часу мне няма доўга ў водведках быць. Заходзь да нас. Жонка зайшла б, ды дзіця малое.
Зачасціла Ніна да Даміраў. Падоўгу слухала Тарасавы расказы, і паўставаў ён перад ёй як непераможны волат. Стралялі ў чалавека не раз, а ён падымаўся зноў, быццам то былі не кулі, а сухія гарошыны з дзіцячай рагаткі. Яна ўвесь час думала пра яго, уяўляла сябе побач, такой жа смелай і ўпартай, як ён.
Ніхто не знаў пра Нініны пачуцці, нават сам Даміра. Заўважыла гэта толькі Анюта. Але і яна да часу маўчала. У яе да Ніны выспявала пачуццё замілаванасці і жалю. Была яна першым чалавекам, хто ўгледзеў, што ў Ніны добрае і чыстае, незаплямленае сэрца.
У поўдзень, падаіўшы кароў, Ніна забегла ў Даміраву хату. Пад сталом Коля майстраваў домік з паленняў. Волечка, нацягаўшы пяску, рабіла горку. Абодва былі мурзатыя, запэцканыя да самых вушэй. На стале, яшчэ непрыбраным, стаяў посуд. Усюды панавала запусценне, быццам і не было тут ніколі руплівай жаночай рукі. У Ніны заныла сэрца. Забегала, прынесла вады, вымыла дзецям тварыкі, перамянілэ адзежу.
— Ты, Волечка, — старэйшая, за Колем павінна глядзець. А ты. сама выпэцкалася.— Яна пасадзіла іх на ложак.
— А я палаход злаблю.
— Разам зробім.
Ніна пачала прыбіраць у хаце, увесь час гамонячы з дзецьмі.
— А ты шыць умееш?
— Умею, Волечка.
— Тані плацце трэба.
— А ў мяне неста ёсць. Ага, не сказу.
— У яго цвік ёсць.
— А вось і не, сулуба.
— Шуруба — гэта ўсё роўна цвік.
— А вось і не.
Ніна мітусілася, стараючыся хутчэй кончыць прыбіраць у хаце: не хацела сустракацца з Дамірам. Ен прышоў нечакана, адчыніў дзверы, замёр на парозе.
— Я табе што сказаў — не прыходзь!.. Сам абыйдуся,— голас яго дрыжаў.
Ён вырваў у яе венік, пачаў падмятаць смецце ад парога на кут. Ніна, апусціўшы рукі, глядзела, як ён мяце: шваркае венікам, уздымаючы слупы пылу. На шырокай спіне нацягнулася гімнасцёрка — вось-вось лопне.
— Куды вы мецяце? Там жа чыста.
Даміра са злосцю кінуў в'енік.
— Здурнеў зусім.
Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Згрэбла смецце, вынесла на двор. Пастаяла, падумала: заходзіць ў хату, ці не? Не вытрымала, зайшла. Даміра сядзеў, абняўшы дзяцей, гладзіў Колю па русявай галоўцы.
— Тата, пусці на вуліцу, — прасілася Волечка. — Мы далёка не пойдзем.
Даміра нібы не чуў. Потым моўчкі ссадзіў іх з ложка. Волечка выбегла першай, за ёй перакуліўся цераз парог Коля.
— На абед прышлі? — запыталася Ніна. Ей было да болю шкада Даміру, такога бездапаможнага ад свайго гора. Аблегчыла б яго пакуты, але не ведала як.
— Урачы сказалі, больш тыдня не пражыве.
Ніна, разгубленая, села. Тарас узняў вочы, поўныя невымоўнай пакуты.
— Не веру, не хачу паверыць. Сем гадоў пражылі. Словам не пакрыўдзіла.
— Можа яшчэ паправіцца?
— Што ты разумееш... Не, ужо не паправіцца. Толькі не кажы нікому. Каб ні адна душа не знала пра гэта. Урачоў таксама прасіў. Абяцалі маўчаць.
— Добра, ад мяне не пачуюць.
— Здымаць будуць. Сам Сяльчонак прыедзе.
— Як жа так?.. — у Ніны заняло дыханне. — Душы ў іх няма.
— А яны нічога і не ведаюць. Калі б зналі, Сяльчонак пашкадаваў бы. А я не хачу нічыёй жаласці. Вінаваты — біце. Мусіць, вінаваты. На Сяльчонка не крыўдую. Дземідзенка з гэтай заатэхнічкай даканалі. Горш за ўсё, што грошы ў яе пазычаў, а аддаць не змог. Усё роўна, гэта нібы за саломінку хапацца, калі тонеш.
Ніна, як скамянелая, не магла паварушыцца. «Калі ўсё расказаць, — думала яна, — не будуць вызваляць». Нібы адгадаўшы яе думкі, Даміра падышоў, паклаў руку на плячо.
— Дазнаюся, што хадзіла да каго, наб’ю. Нічыёй мне жаласці не трэба, чуеш? Тваёй таксама. Даміра не з такіх сетак вылузваўся.
У Ніны накружыліся слёзы. Ёй было шкада яго і радасна, што ён якраз такі, як і яна. I тады, незаўважна пераймаючы Анюцін тон, Ніна па-жаночаму ласкава пачала суцяшаць:
— Мала што з чалавекам бывае. Ну, зволяць. Не прападзеце. Вы ж усюды зможаце працаваць. Толькі ў рукі сябе вазьміце. Мне таксама цяжка было, а не прапала. А памылкі ў кожнага бываюць.
Даміра наяршыўся.
— Наконт памылак не вучы. Хопіць, наслухаўся. Ну, ідзі, адзін хачу пабыць. Ды пра ўгавор помні. Я такі — потым не дарую.
XII
Не спакойным летнім разлівам, а вірлівай веснавой паводкай зашумела Падзвінне. У разгар лета, калі нават на вечарынкі збіраў гармонік жменьку людзей, хваляй пракаціліся па калгасах гаманлівыя мнагалюдныя сходы. Збянтэжаныя старшыні разводзілі рукамі: прыдрацца нельга — назаўтра моладзь раней за ўсіх выходзіла на работу.
Зварот закружцаў ускалыхнуў, узбунтаваў моладзь. Чаму адсталыя, апетыя ўсімі раённымі пастановамі, як гультаі і абібокі, закружцы раптам так смела, упэўнена і нават задзірліва кідаюць свой выклік?.. Камсамольскія важакі, — падстрыжаныя пад бокс хлопцы, гаваркія, жвавыя дзяўчаты, — перабіваючы адзін аднаго, выказвалі сваё абурэнне Ліпанавай:
— Сказалі: мы даганяем Амерыку, а вы нас. А калі мы самі хочам Амерыку даганяць?
— Слабаваты яны з намі цягацца.
— Так, для прыгожага слова.
— Таварышы, гэта ўсё Ева. Яна якое хочаш абавязацельства возьме.
— Факт.
— Можа і на ферме ніхто не працуе. Пляскач умее легенды ствараць.
Ліпанава ўсміхалася, раз-пораз адкідвала з ілба надакучлівую пасмачку каштанавых валасоў.
— Хто не верыць — Закружжа недалёка... Павучыцца ў іх не блага. Падзазналіся вы, таму і наступаюць на пяты.
Юрка Сіроткін, камсамольскі сакратар з Пятроўскага, камечачы ў руках зашмальцаваную кепку (працаваў Юрка шафёрам), наступаў на Ліпанаву:
— Ды што яны нам! Даміра п’е. I яны ўслед глядзяць. Касілкі не адрамантавалі, дакладна ведаю. Косамі косяць. Гэта як, па-вашаму,— перадавыя? Нам што крыўдна: на ланцужок вы нас, таварыш Ліпанава, пасадзілі да адсталых. Як гэта разумець загадаеце?
Юркавай гарачнасці не адабралі, вельмі ён ужо напіраў на Ліпанаву, але пагаджаліся. Каму хочацца ісці за адсталымі?
— Колькі ў вас моладзі працуе на ферме? — запыталася Тамара і сама адказала: — Нуль.
Юрка, як і старшыня іх калгаса, не паддаваўся фактам.
— У нас, калі хочаце ведаць, і не трэба пасылаць моладзь на фермы.
— Ну і даганяйце Амерыку са старымі бабулямі.
Настрой адразу змяніўся, дзяўчаты пырснулі смехам. Нехта ўхапіў Юрку за штаны, пачаў адцягваць ад стала.
— Вы яшчэ пачакайце, — шумеў той, — Я вось зараз паеду і сам пра ўсё дазнаюся. Калі каму ў ахвоту — магу падвезці і назад у поўнай спраўнасці дастаўлю. Сваімі вачыма, а не чужымі пагляджу. А калі ўжо які падлог выяўлю, прабачце, толькі мы першыя зварот пісаць будзем. Ну, хто са мной?
Адгукнулася чалавек пяць — усё сакратары камсамольскіх камітэтаў перадавых у раёне калгасаў. Гуртам вышлі з райкома, селі на запыленую трохтонку.
Юрка злосна крутнуў ручку, ускочыў у кабіну і з месца ірвануў на трэцюю хуткасць.
Тамара паглядзела на ўзбуджаныя твары актывістаў, думала: «Ранавата яшчэ такая камісія. Знойдуць шмат недахопаў, у закружцаў настрой сапсуецца. Трэба было б усё ж узгадніць такую экскурсію з Сяльчонкам».
Сакратар райкома партыі толькі што прыехаў з калгаса, перабіраў пошту, стоячы ля стала.
— Ты што такая пахмурая? Радавацца трэба. Шуміць моладзь.
Ліпанава расказала пра сваю апаску. Сяльчонак адарваў позірк ад пісьма, прайшоўся па пакоі.
— Так адразу і паехалі?
— Адразу, Сяргей Паўлавіч.
Сяльчонак пагладзіў лысіну, усмешка расквеціла яго белаваты з сінізной на падбародку твар.
— Малайцы. Узяло, значыць, за жывое. Не, Ліпанава, ты, чэснае слова, сама не разумееш, якую добрую рысу ў іх выхавала. Самі, без указанняў зверху, селі і паехалі,— ён засмяяўся звонкім, маладым смехам. Тамара разгублена моршчыла лоб. — Яны паехалі, а ты да мяне ўзгадняць? А каб я цяпер загадаў: вярнуць іх назад!..
— Позна ўжо.
— Не вярнула б?
— Не.
— Правільна. Мысліш ты правільна. А не ўсякі выпадак застрахавалася — не кепска. Хутка адвыкнеш. Запомні адно, калі гэта на карысць партыі, народу ідзе, дык нічога не бойся. Хай нават які сучок знойдзецца, такі, што нічога не разумее, і палае цябе. А ты радуйся — зрабіла карыснае. Вось і ўся філасофія.
— Каб я ведала, што экскурсія прынясе карысць...
Сяльчонак перапыніў яе:
— Абавязкова прынясе: і закружцам, і экскурсантам. За дзяўчат не бойся: там адна Ева чаго вартая!.. Не бяда нават, калі знойдуць недахопы: падахвоцяць толькі лепей працаваць. А што самі паехалі, таксама вельмі добра. Тут усё без ашуканства. Будзе пятроўскім камсамольцам над чым падумаць. А то іх старшыня мохам пачынае абрастаць. Баюся, каб Дамірава гісторыя не паўтарылася. Збіраемся вось абмяркоўваць сітуацыю. Ёсць думка, што пры тых абставінах, якія склаліся — Даміра не зможа забяспечыць кіраўніцтва. Людзі там замахнуліся на вялікае, а старшыня і тыя здольнасці, што былі, страціў. Можна важную справу загубіць. Параімся, паспрачаемся, ды і вырашым, якую закружцам дапамогу аказаць.
Ліпанава ведала, што ў Сяльчонка ўжо гатовы план, але распытваць не стала. Пакуль пытанне на бюро не абмеркавана — з яго слова не выцягнеш.
— На бюро не застанешся?
— Мне ў «Прагрэс» трэба.
— Як думаеш дабірацца?
— Пехатою...
— Бяры райкомаўскі «газік».
У райком збіраліся члены бюро. Жартавалі: Сяргею Паўлавічу ні днём, ні ноччу спакою няма. Ліпанава забегла ў райком камсамола, захапіла новы эстрадны зборнік, некалькі лекцый, пайшла шукаць шафёра. Калі выязджала са двара — убачыла: у райком заходзіў Канькоў. Хацела гукнуць яго, але пасаромелася шафёра. Яшчэ ніхто добра не ведаў пра іх сардэчныя справы.
Дні са тры назад панесла яна ў рэдакцыю зварот закружскіх камсамольцаў. У двух першых пакоях нікога не было, у трэцім сядзеў адзін Канькоў, пісаў перадавіцу, паўтараючы ўголас кожнае слова. Заняты работай, ён не заўважыў, як зайшла Тамара. Як зачараваная, стаяла яна, назіраючы за ім. Скуласты твар з ледзь раскосымі вачыма — поўны напружання і думак. Чорны пакручасты чуб з’ехаў на вочы, рука таропка запісвае думкі, якія, здаецца, самі імкнуцца пакласціся на паперу. Спадабаўся Канькоў Тамары даўно. Ды і яна яму падабалася. За многія дні знаёмства паразмаўлялі яны шмат, кожны раз адкрываючы адзін у другім нешта новае і цікавае. Вось і цяпер Тамара захапілася яго сканцэнтраванасцю і нейкай узнёслай адарванасцю ад усяго на свеце, апрача ўласных думак. Хацелася падысці, адкінуць гэты чорны касмыль валасоў, прытуліцца шчакой да высокага, разумнага ілба. У грудзях страпянулася і замёрла сэрца, толькі ў скронях нібы застукалі малаточкі.
Хіба можна прытуліцца, калі яшчэ ніколі не было сказана запаветнага слова. Вечныя размовы пра літаратуру, пра розныя выпадкі...
Тамара пастукала па стале. Канькоў, не падымаючы вачэй, сказаў:
— Заходзьце.
Ліпанава зарагатала.
— Я ўжо даўно тут. Эх ты, пісьменнік!
— Усё для цябе стараюся. Паслухай перадавы артыкул пра пачын закружцаў.
Не чакаючы яе згоды, ён пачаў чытаць, укладаючы ў кожнае слова ўвесь свой імпэт. Тамара больш слухала яго голас, мяккі з ледзь улоўнай картавінкай.
— Ну, як?
Ён чакаў адказу, ужо сарамліва збянтэжаны ад немінучай пахвалы.
— А ты ведаеш, Вася, я, чэснае слова, нічога не чула.
Ад неспадзяванасці яго твар выцягнуўся, і ад таго касаваты разрэз вачэй абазначыўся вастрэй.
— Дапраўды. Слухала твой голас. Праўда, смешна, камсамольскі работнік, закліканы ў сэнс унікаць, а я чорт ведама што ў гэты час думала, — яна засмяялася.
Канькоў сядзеў прамы і строгі, як суддзя. Тамары зрабілася няёмка. Разбалбаталася, як мяшчанка. Узмахам рукі адкінула за вуха падвітую пасмачку валасоў, сказала строга:
— Вось зварот. Сяргей Паўлавіч прасіў у нумар паставіць.
Ён узяў зварот, але не стаў чытаць яго.
— Па сутнасці, я — дзівак.
— Віншую, — Тамара зноў павесялела. — Доўга табе давялося думаць над гэтым?
Канькоў адсунуў крэсла, устаў.
— А ведаеш, чаму дзівак?
— Адказ цяпер даваць, ці можа. спачатку з актывам параіцца?
— Не, сапраўды, сур'ёзна...
— Здагадваюся, — крыху няўпэўнена адказала Тамара.
— Без хітрыкаў скажу: таму што халасцяк ды яшчэ стары ў прыдачу.
I хоць Ліпанава ведала, куды пахілілася размова, адказала з наўмыснай смяшынкай у голасе:
— Нешта не ўцямлю, як і вылечыць цябе ад такой хваробы. Відаць, ад прыроды такі.
— Чаго мы з табой ходзім навокал, як кісейныя ўхажоры, сам не ўцямлю. Давай без літаратурнага штампа — прызнаемся адзін аднаму ў каханні. Ці абавязкова па пісаным трэба?..
Размова набывала жартаўлівы характар. Такія Ліпанава любіла, сама за словам у кішэню не лезла і ў другіх паважала красамоўства. Пажартавала:
— Праяўляй ініцыятыву, а заўтра зварот дамо ў газеце.
— Ты вось жартуеш, а ў мяне самыя сурезныя намеры. Не люблю гучных слоў, клятваў, уздыханняў. Каханне і без іх магло б абысціся. Усе гэтыя старыя любоўныя аксесуары замяняюць пустым людзям пачуццё.
— Мы з табой, вядома, перадавыя.
— Пачакай. Тыя ж паэты ды пісьменнікі не раз ужо даводзілі, што каханне — такое пачуццё, якое адчуваецца нават на адлегласці.
— Ты што мне хочаш лекцыю прачытаць?
— Тут і без лекцыі ўсё ясна. Мне здаецца, ты ведаеш маю да цябе прыхільнасць. Цяпер за табой слова.
— А ты — маю...
Яны стаялі зусім побач. Глядзелі адзін на аднаго са шчаслівай усмешкай, крыху збянтэжаныя і нялоўкія, як падросткі. Ён узяў Тамару за руку, яна адказала ледзь улоўным поціскам. Тады Канькоў прыцягнуў яе да сябе. Тамара прашаптала: «Што ты, Вася» і задыхнулася ад пачуцця.
У калідоры нехта моцна стукнуў дзвярыма. Яны адскочылі адзін ад другога. Стаялі разгубленыя, як злоўленыя за руку малалеткі. Канькоў збянтэжана пачаў гаварыць пра зварот, пра перадавы артыкул. У кабінет ніхто не заходзіў. Тады Тамара ўсміхнулася, пажартавала:
— А вось гэта і штамп, і маральнае разлажэнне...
Абое нястрымна пачалі смяяцца са свайго страху.
Увесь дзень з галавы ў Тамары не выходзіла гэтае смешнае сваёй недарэчнасцю прызнанне. Што гэта, жарт? Не, Канькоў не такі. А калі жарт? У Ліпанавай ад крыўды чырванеў твар.
Але ўвечары Канькоў прышоў да яе на кватэру. Быў ён у новым гарнітуры, чыста паголены, праз меру ўзбуджаны і ўзнёслы. У Тамары адлягло на сэрцы: значыць, то быў не жарт. У той вечар яны доўга сядзелі на вузенькай лавачцы пад вішняй, забыўшыся на дамоўленасць, гаварылі «штампамі», якія, напэўна, прыдумаў біблейскі Адам, збіраючыся сватацца да Евы.
Усё гэта Тамара ўспомніла, седзячы ў машыне. Злавала на сябе, што не асмелілася спыніць газік, хоць бы словам перакінуцца з любым чалавекам. Толькі тады, як абступіла яе калгасная камсамолія цесным гуртам, забылася Тамара на ўласныя пачуцці.
Да цямна абышла кашары, пагутарыла з дзяўчатамі, разабрала некалькі неадкладных спраў. На змярканні ў клубе сабралася моладзь. Пакуль чакалі старшыню, Ліпанава з дзяўчатамі пачала развучваць новую песню. Потым зрабіла кароценькі даклад — доўга гаварыць не было часу.
На сходах больш за ўсё яна любіла слухаць шчырыя прамовы, у якіх не было ні замыславатых сказаў, ні наўмыснай, паказной вучонасці, а адчувалася трапяткая, жывая думка, цвярозы погляд, непадкупнасць.
Калі сход канчаўся, бурныя воплескі моладзі, якая горача вітала адказ закружцам, былі перапынены лапатаннем матацыкла. Яркі промень асвятліў шыбы і стух.
— Нехта з раёна, мабыць, — шапнуў Ліпанавай сакратар камітэта камсамола. У гэты час якраз ішло галасаванне за ўзятыя абавязацельствы па надоях малака. Ліпанава абвяла вачыма лес узнятых рук і раптам адчула на сабе чыйсьці ўважлівы, пранізлівы позірк. Азірнулася — на парозе стаяў Канькоў. Іх вочы стрэліся. Адны спалохана запыталіся: што здарылася? Другія адказалі: не хвалюйся — нічога, але сказаць ёсць што.
Канькова заўважылі, запрасілі ў прэзідыум.
— А я падумаў, што добра даць справаздачу са сходу. Сеў на матацыкл і сюды. Бюро зацягнулася, — растлумачыў ён старшыні свой начны візіт.
Але Тамара ведала, што ён прыехаў толькі дзеля яе.
Праводзіць Ліпанаву камсамольцы вышлі вялікім гуртам. Разгарачаныя бурным сходам, дзяўчаты прадаўжалі даказваць сакратару, што закружцаў яны абавязкова дагоняць. Тамара жартавала:
— На словах, як на гуслях, а вось на справе паглядзім. Ну, сказана — зроблена. Такі наш дэвіз. Толькі спаборніцтва будзе ўпартым.
Думала яна ў гэты час над словамі, якія шапнуў ёй Канькоў: «Важная навіна ёсць». Камсамольцы храбрыліся, наперабой выказвалі свае думкі.
— Пабачыце, у каго найперш загарацца зоркі над фермамі.
— А што тут, дзяўчаты, казаць... Мы праз два месяцы ўжо запалім іх.
— Запаліш, калі Дар’я толькі пяцьсот літраў надаіла.
— Не падцягнецца — зменім.
— Хіба Дар’я вінавата? У яе не каровы, а козы.
— Дык жа не ад кожнай каровы па паўтары тысячы надаіць, а ў цэлым па ферме.
— Сказаў...
— Кароў мяняць трэба на пародзістых.
— То не наша справа.
— Цяпер усюды наша, а не дзядзькава.
— Не забывайце нас, таварыш Ліпанава, часцёй наведвайцеся.
Тамара села ў каляску матацыкла. Канькоў клапатліва захутаў дзяўчыну ў брызент, націснуў на старцёр — матацыкл залапатаў. Выехалі за вёску. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Здавалася, не промень, а дрэвы скачуць, трапіўшы ў непрывычную для ночы віднату. На дарогу ў некалькіх кроках выскачыў заяц, замёр, наставіўшы вушы, і даў стракача ўздоўж яркай палоскі святла. Ён бег доўга, пакуль матацыкл, абмінаючы каляіну, не шыбануў убок. Промень перастаў асвятляць зайца, і ён сігануў у лес. Тамара бачыла, як, скачучы з узгорка, заяц высока падкінуў доўгія шэрыя з падпалінамі. ногі, здаецца, перакуліўся цераз галаву.
— Напалохаўся, касы...
Канькоў, які, паддаўшыся хлапечаму азарту, на поўнай хуткасці гнаўся за зайцам, паволі суцішаў разгон.
— Як ты думаеш, чаго мяне выклікалі на бюро?
Тамара насцярожана адказала:
— Не ведаю.
— Абмяркоўвалі закружскія справы.
— Наконт паплавоў?
— Не толькі, — ён памаўчаў'і раптам выпаліў: — Мяне старшынёй будуць туды рэкамендаваць.
— Чаму цябе? — Ліпанава не схавала сваёй узрушанасці. — Больш хіба няма каго?
— Ты, бачу, не ўзрадавалася?
— Затое, ты вельмі. Нават не паляніўся прыехаць.
— Так атрымалася. Разумееш, Тамара, сабраліся, выслухалі Алексіча, ну, канешне, падтрымалі ўсе. Толькі Старыковіч устрымаўся. «Нічога, кажа, з гэтага не атрымаецца. Даміра нам не адзін раз пачыны завальваў. Паказальную кашару будавалі, грошы ўпякалі, а карысці — ніякай. За птушкаферму ўзяўся горача, а што атрымалася: канфуз на ўсю рэспубліку». А Даміра як ускоча. «Я цяпер, — крычыць, — і старшынёй не буду, калі вы яшчэ на маю шыю гэтыя паплавы павесіце». Слова за слова. Сама ведаеш Даміру — паклаў заяву аб вызвалённі на стол.
— Даўно трэба было, — буркнула Ліпанава.
— Не ведаеш ты Даміры. Можа адзін. Сяльчонак яго і разумее. А так усе супраць. Надта лёгка ты аб людзях думаеш.
— Чаго варты, так аб ім і думаюць.
— Варты ён лепшага. Ён — як гэты заяц. Асляпіла яго, бяжыць, а куды — не бачыць.
— Ну, ты, пакінь. Дагаварыўся: выходзіць, палітыка партыі яго асляпіла. Сам ты аслеп.
— Прыёмчык не новы, скажу табе шчыра, — Канькоў незаўважна крутнуў гумавую муфту, матор натужна зароў. Адрэгуляваўшы газ, Канькоў злосна адрэзаў: — Кан’юктурай ад цябе патыхае.
Ліпанава адкінула брызент, але, відаць, успомніўшы, што яна не ў сябе ў райкоме, а ў калясцы матацыкла, зноў прыкрылася, зацята змоўкла.
Абое ў першы раз так сур’ёзна былі незадаволены адзін другім. «Мог бы ён інакш сказаць», — думала Ліпанава. «I адкуль у яе такая чэрствасць», — ламаў галаву Канькоў.
Дарога рассякала лес. Матацыкл падскокваў на карэннях. У жаўтаватым святле фары вымалёўваліся то густы непралазны гушчар маладой пасады, то падгалістыя, стромкія яліны. Нязноснае маўчанне дапякала абаім. Ехалі, чакалі, пакуль нехта адзін уступіць другому.
— Пакрыўдзілася? — запытаўся Канькоў.
— Не.
— Дзівакі мы — спрачаемся, калі ўжо ўсё вырашана!.. Сход нават на заўтра прызначаны.
— Жадаю табе поспеху.
— I ўсё?
- Хопіць. Ты падумаў толькі пра сябе. Вядома, патрыятычна. Можа нават твой пачын падхопяць. У газетах партрэт змесцяць. А пра мяне ты падумаў, калі на бюро вытыркнуўся са сваёй прапановай? Падумаў?..
— Не.
— Ну, вось бачыш. А я чалавек. Я шчасця свайго дваццаць восем гадоў чакала.
— Ды ты паслухай, як атрымалася. Сяльчонак запытаўся: «Ну, а хто на месца Даміры? Туды чалавек моцны патрэбен». А сам глядзіць на ўсіх такімі пранізлівымі вачыма, быццам наскрозь цябе бачыць. I ўсе маўчаць. Бачу інструктар Снігіркоў за дырэктара МТС хаваецца. На трыбуне кашулю на сабе ірве — патрыёт... А тут схаваўся і голас утаіў, Сорамна мне стала, разумееш, сорамна. Сам некалі камісарам быў, на смерць людзей пасылаў. А тут жа не смерць, а такая справа, што ўсядзець нельга. А ён за спіну. Хіба ж я мог утрымацца. Ну, і сказаў, можа нават і не падумаўшы пра цябе ў той час: я паеду, Сяргей Паўлавіч. I разумееш, Снігіркоў адразу з-за спіны вынырнуў, нават у далоні запляскаў. Думаеш, мне пляскаў? Рад быў.
Канькоў змоўк. Матацыкл падскочыў на вялізным корані, страсянуў пасажыраў.
— I ўсё ж мог пра мяне падумаць. Як жа мы цяпер будзем? Я і налюбавацца табой не паспела, як ты ўжо бяжыш у калгас, а некаторыя і голасу не падалі.
— Чаму? Пасля мяне выказалі згоду ехаць у калгас яшчэ чалавек восем. Нават Старыковіч.
— Згадзіліся, а не паехалі.
— Паедуць. Сяльчонак, ведаеш, што сказаў: «Нам трэба многа дзе старшынь памяняць. Усіх пашлем, але зачын добры ў Канькова нікому не дазволім адняць». Ясна табе? — Тамара маўчала. Канькоў, пазіраючы на яе, запытаўся: — А што, калі ты кінеш райком?
— У дамашнія гаспадыні запісваеш?
— Чаму? Пагаворым з Сяльчонкам, перавядуць цябе ў зону МТС. Думаеш, мне лёгка без цябе жыць? Я, можа, болей як дваццаць восем гадоў цябе чакаў.
— А дачакаўшыся, збег.
— Няўжо ты мяне кахала б, калі б я такі быў, як Снігіркоў? За спіну і я мог схавацца. А не хачу. Трыццаць сем гадоў як адзін дзень быццам у катле кіпеў. На спакойнае жыццё не цягне. Ты вось зайздросціш такім, як Снігіркоў, а я такое кацінае жыццё ненавіджу. Пад’еў ды песенькі курняўкай. Не, Тамара, такая ўтульнасць не для мяне. Пройдзе год-два, і ў такіх, як Снігіркоў, зямля пад нагамі загарыцца. А чаму? Бо носу ён нікуды не выткне. Яго мяшчанскае мурло і цяпер Сяльчонак добра разгледзеў. Бачыў я, як Сяргей Паўлавіч паглядаў на яго ды ўсміхаўся.
Канькоў змоўк. Ліпанава паглядала на яго напружаную постаць, на пасуравелы твар і ўтароплены ўдалечыню позірк. У невыразнай шэрані ночы Канькоў здаўся ёй незнаёмы, быццам бачыла яго ўпершыню. I ў той жа час ён быў такі блізкі, зразумелы, родны.
Кволая цеплыня, што тулілася ў грудзях, раптам вырвалася, гарачым хмелем ударыла ў галаву. Вядома, такога, як Снігіркоў, яна ніколі не пакахала б. Натапырыўся і маўчыць. Мілы дурань, ды я цябе кахаць буду, хоць бы ты паехаў на Паўночны полюс. Няўжо ты не разумееш, што мне хочацца заўсёды быць побач з табою. Два вечары толькі было нашых. I вось ты ўжо некуды імкнешся. Любы мой, не злуйся. Калі б я цябе не кахала, дык ці ж нагаварыла б табе такога.
Свежы, чуйны вецярок біў у твар. Тамара яшчэ раз зірнула на Канькова, падумала: «Яму ж холадна».
— Вася, — ён павярнуў галаву, адчуўшы ў яе голасе нейкія новыя, цёплыя ноткі. — Захутайся лепш, каб не прастудзіўся часам.
— Я вынослівы. Мне сам чорт не страшны.
Гарадок спаў. Цішыню абуджалі толькі сабакі. Яны кідаліся на матацыкл з абураным брэхам, неўзабаве адставалі. Канькоў спыніў матацыкл ля веснічак Тамарынага дома. Яны доўга стаялі, узяўшыся за рукі, глядзелі адзін аднаму ў твар, маўчалі.
— Заўтра я скажу Сяльчонку.
Тамара пакруціла галавой.
— Не, Вася, не трэба. Не магу я. Нібы дэзерцірства. Заварыла кашу, а сама ў кусты. Не магу.
Ён прытуліў яе да грудзей, пагладзіў мяккія валасы.
— Вось і натрапіла каса на камень. А я чакаў гэтага. Адчуваў — не паедзеш ты са мной.
Тамара абвіла яго шыю рукамі.
XIII
— Пайшлі, дзеўкі, дадому,— Матрона Башукевіч павесіла на калок даёнку, зняла з галавы хусціну, прыгладзіла чорныя з сіняватым адлівам валасы. — Ну, хто са мной?
Дзяўчаты ў выгарцы мылі ногі, спявалі прыпеўкі. Вылучаўся звонкі голас Ліды Раковіч (гэтая высокая з кручкаватым носам дзяўчына ведала безліч прыпевак):
Мы з падружкай баявыя,
Баявей за нас няма.
Не прыходзіць мілы ў сваты,
Так і быць — пайду сама.
— Ліда, пра нас праспявай, — прыставала Тацяна Шахнюк. Тацяна любіла прыпеўкі, але сама не спявала.
— Давай, Лідка, — падахвочвалі дзяўчаты.
У Ліды і на гэты выпадак была прыпасена прыпеўка. Дзяўчына выпрасталася, уздыхнула на ўсе грудзі:
На гары расце бяроза,
Кара белая на ёй.
Заатэхнік патрабуе
Павышаць штодня надой.
— Ну вас, не падтрымліваеце... Не буду спяваць, — Ліда адышлася да Матроны Башукевіч. Тая стаяла ў цяньку, аберагала свой далікатнай ружовасці твар ад сонца. — Мы з Матронай Максімаўнай спяем.— I, не чакаючы згоды, зноў запела:
Мы з табой падружкі, Моця,
I ў рабоце, і ў гульні.
Я табе спяю прыпеўкі —
Ты палучыш працадні.
Матрона абхапіла Ліду, прыціснула да высокіх грудзей. Ліда вызвалілася, здзіўлена сказала:
— Сілы ў цябе на семярых.
— Праўда. Такіх мужыкі любяць, — і раптам зашаптала: — Ты нічога не чула? Заатэхнічка наша — добрая лялька. Муж да яе прыехаў, Зінчын дзядзька. Толькі ні шэп. Самой пад сакрэтам перадалі. Божачка, што пайшло на свеце: маладзенькая, а за старога замуж пайшла. Ды яшчэ ад жонкі адбіла.
— Хлусня, мусіць, — не паверыла Ліда.
— Верны чалавек казаў. Так што ты пры Зіне не вельмі выказвайся...
Падышлі дзяўчаты, перапынілі размову, У вёску рушылі гуртам, апрача Ніны Шумейка і Зіны Асташка. Абедзве ўсё яшчэ плёскаліся ў выгарцы.
— Адстанеш, — папярэдзіла Зіну Шумейка.
— А ты?
— Я, мабыць, не пайду.
— Чаму?
— Так,— Ніна выпрасталася, абтрэсла з далоняў ваду, памахала рукамі ў паветры, каб хутчэй высахлі. Зіна праз акуляры пазірала на яе.
— Тады і я не пайду.
— А табе што?
— Хачу на пашу да пастухоў заглянуць.
Цяпер ужо Шумейка здзіўлена паглядзела на Зіну і раптам засмяялася.
— Дык я таксама дзеля таго і засталася. Падкормка канчаецца, а далей як? Надумала адлучыць сваіх кароў ды папасвіць па ўзмежках.
— Хітрая, а мне — ні слова.
— Ты — не лепшая. Шчыра прызнацца, дык ёсць у мяне прапанова, толькі не ведаю, як ты на яе паглядзіш. Учора ішла я каля ільну: зарос пустазеллем — страх. Калі з гадзіну папалоць лён, дык ведаеш, колькі кашоў можна малачаю ды асоту назбіраць. Вось толькі сячкарні няма. А то такі пачастунак быў бы. Я ў Тараса Тарасавіча выпытала, што ў нас і мука на складзе ёсць. Калі добра папросім...
— Здорава прыдумала. Вядома, пустазелле — не авёс або канюшына, але ўсё ж лепш, чым нічога. У наступным годзе, дзядзька казаў, у нас будзе свой прыфермскі ўчастак. А пакуль будзем перабівацца. Не, ты проста выдатную ідэю падказала.
— Дык можна сёння пачаць.
— А чаму не. Я папрашу Лёньку прывезці нам сячкарню. Думаеш, не паслухае?
— Цябе паслухае. Ён для цябе што хочаш зробіць.
Зіна пачырванела, збянтэжылася.
— Не падумай чаго благога.
— Ды я так, к слову прышлося. Мне да чужых сакрэтаў няма справы.
— Чэснае слова, мы толькі дружым.
— Табе што...
Ніна раптам змоўкла. Зіна нічога не разумела, хоць адчувала: ёсць у Ніны свая, вялікая тайна. Але колькі ні ўспамінала, не магла прыгадаць, каб Ніна да каго-небудзь з хлопцаў адносілася прыхільна.
Калі ў поўдзень Дзямід прыгнаў кароў з поля, дык надта здзівіўся. Ля кашары пад паветкай стаяла сячкарня. Лёнька Зайчык разам з Нінай круцілі кола, а Зіна падавала ў жолаб траву. Ладная куча ўжо была нарэзана, ляжала зялёнай грудай.
Пакуль прышлі даяркі, корм быў разданы, а Дзямід расказваў моладзі пра свае вандраванні ў гады грамадзянскай вайны.
— Ну што, сарокі-белабокі, абхітрылі вас!.. — прывітаў ён дзяўчат.
— 3 такімі аднаасобнікамі і размаўляць не варта, — бразнула даёнкай Тацяна Шахнюк.
— А вы, сарокі, лепш далучайцеся да Зіны з Нінай.
— Ды ўжо ж... Я была сама падумала: не дрэнна падкармліваць кароў, як гэта мая маці дасюль робіць, ды неяк пасаромелася, — сказала Ліда. — Ну, як, дзеўкі, адразу ж пасля дойкі — на поле? Сярпы толькі захопім. На ўзмежках трава па пояс.
Усе згадзіліся, апрача Матроны Башукевіч. Абвёўшы дзяўчат сваімі прыгожымі светлага блакіту вачыма, яна пакрывіла вусны, нібы раздумваючы, сказала:
— Пайсці хіба? Дык жа не выпадае. I так, як у пекле, спачыну няма, а гэта ўжо ледзь не прыгон які.
Летні дзень бясконцы. Але дзяўчаты нават не заўважылі, калі пабольшалі цені, калі душная гарачыня змянілася лёгкай прахалодай. Можа яны так і збіралі б траву да самага вечара, каб не прыехаў Лёнька Зайчык. Саскочыўшы з драбін, ён гукнуў на ўсю моц:
— Шабаш, дзяўчаты. Камісія прыехала.
Дзяўчаты выпрасталі набалелыя спіны.
— Якая камісія?
— Хлусіць ён.
— Лёньку абы камісія...
Дзяўчаты абступілі Лёньку, тармасілі яго за вылінялую кашулю.
— Праўду кажу — прыехалі. Ева з Верай Антонаўнай там іх прымаюць. Пакуль абавязацельствамі цікавяцца. Вось-вось на ферму паедуць. Даміра загадаў Шняку мукі падкінуць.
— Ды ты па парадку, Лёня, — папрасіла Зіна Асташка.
— Можна і па парадку. Толькі спачатку пагрузку зробім, а па дарозе акурат усё далажу.
Нагрузілі травы поўныя драбіны. Ленька пагнаў каня.
— Цікавіцеся, якая камісія прыехала. Дык я і сам, дзяўчаты, не ведаю. Камсамольскія сакратары на пятроўскай трохтонцы прыімчалі. Кажуць, што хочуць пераняць наш вопыт. Я так думаю: мабыць, наш пачын многа шуму нарабіў. Былі адсталымі, ды раптам у перадавыя. Вось і хочуць тэмпы пераняць.
— Чаму яны навучацца... — хтосьці падаў нясмелы голас.
— Павучыцца ёсць чаму. Хоць бы наконт падкормкі. Важная справа... А хто ініцыятары? Камсамольцы. Цяпер усе тварам да Закружжа павярнуліся — таму і камісіі. Гэта яшчэ кветачкі. А пачакайце, як з-за мяжы пачнуць да нас ездзіць... Вось работы будзе!
Дзяўчаты загаманілі.
— Адна камісія перапуду нарабіла.
— Жартуе ён.
— А чаму? Возяць нас у адно месца.
— Я тры разы на нарадзе была ў раёне — тры разы ў Пятроўскае на экскурсію вазілі.
На кашары яшчэ нікога не было. Зноў дзяўчаты ўзнялі шум, пацяшаліся з Лёнькі. Смех, жарты і прыпеўкі абуджалі лясную цішыню. Хутка нарэзалі сечкі, заклалі зялёную, сакавітую траву ў кармушкі, пасыпалі мукой, соллю. Лёнька скамандаваў адбой, але дзяўчаты адпачываць не сталі. Навязалі бярозавых венікаў, чыста падмялі навокал: няхай бачыць камісія, што закружскія дзяўчаты руплівыя ды дбайныя.
А камісіі ўсё не было.
***
Ева сустрэла Веру Алексіч на вуліцы, усміхнулася загадкава, папрасіла зайсці ў клуб.
У клубе было душна і брудна. Сонца ўрывалася ў вокны, як нечаканая рэвізія, выкрывала ўсе хібы даўняга Евінага гаспадарання. Запыленыя плакаты, павуцінне, пакамечаныя паперкі і недакуркі, заліты чарнілам абрус, — усё выглядала несамавіта, хоць некалі, відаць, было новым і чыстым. Вера паморшчылася. Неяк не заўважала яна раней гэтай убоскасці, можа таму, што ўпершыню зайшла сюды не па справе.
Ева адкінула нагой з дарогі нейкую бляшанку, прайшла за сцэну. Тут у маленькай каморачцы, дзе размясцілася бібліятэка, парадак быў крыху лепшы. Мабыць, у Евы хапала цярпення толькі на тое, каб прыбраць гэты невялікі пакойчык.
— П’есу я новую атрымала, — пачала Ева, — надта цікавую. Пра каханне пішуць. Ды так здорава — я нават плакала. Можа вы прачытаеце яе, ды скажаце, каму лепш за ўсё ролі даручыць.
Вера адчувала, што Ева паклікала яе ў клуб не так сабе, што яна хоча паведаміць нешта важнае, якое мае прамыя адносіны да Верынага жыцця. Што, аднак? Няўжо хто даведаўся пра яе замужжа? Але як? Леў Раманавіч даў зразумець, што нікому нічога не гаварыў. Тады, што ёй трэба? Няўжо Рамір? Адкуль маглі даведацца пра яго? Магла сказаць Ліпанава. Але яна толькі здагадваецца.
Вера дрыготкім голасам запыталася:
— Ты мне нешта іншае хацела сказаць? Вельмі непрыемнае што-небудзь?
Тады Ева кінулася ёй на шыю, прытулілася да пляча. У Веры балюча забілася сэрца.
— Я зусім, ніколечкі не веру гэтым плёткам. Мала чаго ў нас не выдумаюць... — і ўжо шэптам дадала: — Кажуць, нібы Алексіч твой муж, і нібы ў горадзе ў цябе другі ёсць, і нядаўна ты да яго ездзіла...
Вера адчула, як чырвань апякла твар. Гарачынёй палалі шчокі, вушы, нават патыліца. «Хто мог такое сказаць? Хто?» Думка ліхаманкава шукала адказу. «Ліпанава? Не. Алексіч? Не. Тады хто?»
— Ад каго ты чула?
— Дзеўкі пляткарылі, — няўпэўнена адказала Ева.
Вера ведала, калі добра папрасіць, дык Ева скажа, але было надта няёмка ўсчынаць такую размову.
На вачах у Веры набеглі слёзы. Дзень за днём адны непрыемнасці. Вера адчувала, што Ева чакае адказу, але не магла адважыцца ні на тое, каб схлусіць, ні на тое, каб сказаць праўду.
— А вы не засмучайцеся, Вера, — пашкадавала Ева заатэхніка.— Па-мойму, вы Алексіча зусім дарэмна пакінулі. Падумаеш, быў жанаты!.. Хоць і гэты мастак Рамір не благі. Яго толькі трэба моцна ў руках трымаць.
У Веры адразу высахлі слёзы: такой дасведчанасці яна не чакала. Невядома, чым закончылася б размова, каб у гэты час ля клуба не спынілася машына. 3 кузава саскочылі на дарогу хлопцы, абтрэслі пыл, рушылі ў клуб.
Спачатку Вера ніяк не магла ўцяміць, чаму прыехалі камсамольскія сакратары, потым, калі зразумела, спалохалася. Давядзецца ехаць з імі на кашару, а Веры хацелася б зашыцца куды-небудзь у цёмны куток, далей ад чалавечых вачэй. Затое Ева адразу затараторыла. Было нават дзіўна, адкуль у яе бярэцца тое красамоўства.
— Не заўсёды гара да Магамета на паклон ходзіць, вось і вы да нас прышлі. Павучыцца хочаце? Гэта можна. Мы з дарагой душой вопыт перададзім. У нас рост камсамольскіх радоў прыкметны. Хібы таксама ёсць,
— Вы расцяцё і недахопы растуць. Вось мы і прыехалі іх вывучаць, каб у сябе не дапусціць.
Ева адразу ж наляцела на хлопца, які гэтак бесцырымонна паспрабаваў пажартаваць.
— Мы, калі хочаце ведаць, яшчэ і не пусцім вас на кашару. Даяркі супроць гэтага, бо каровы хвалююцца, надоі змяншаюцца, а карысці нам ніякай. Рабіце недахопы самі, ды і вывучайце іх. Нездарма вас на мінулым бюро за палітасвету білі. Архаісты вы!
— Хто?.. — Юрка ледзь стрымаўся. — Мы, канешне, не супраць, раз вы ініцыятыву праявілі. Вам гонар і слава. Але, канешне, цікаўнасць ёсць самім на ўсё паглядзець, як мы з вамі за гэтыя самыя зоркі змагацца сабраліся. Прабачце, канешне, а толькі ўсё паглядзець трэба. Тамара Аляксандраўна сама ў першую чаргу параіла з’ездзіць паглядзець работу, а ўжо затым слова сваё на ўвесь раён сказаць.
Юрка аж узапрэў ад такой далікатнай размовы. Па сваёй прафесіі прывык ён не надта падбіраць словы, але тут патрэбны быў такт. Ева між тым думала, што рабіць? Яна добра ведала, што калі збіраўся хто прыязджаць з вобласці ў калгас, дык Даміру выручаў заўсёды сябрук, былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі. Тады Даміра прыводзіў усё ў баявую гатоўнасць, так што нават самая прыдзірлівая камісія ў роспачы разводзіла рукамі.
Спачатку Ева прывяла камсамольскіх сакратароў у канцылярыю, дзе Даміра ўзнёсла і доўга расказваў ім пра новы пачын закружцаў. Адтуль экскурсантаў павялі на паплавы і Балонне. Разам з імі пайшоў і Леў Раманавіч.
Такую аўдыторыю Леў Раманавіч сустракаў у другі раз. Ён не ведаў сапраўднай прычыны экскурсіі і думаў, што камсамольцы прыехалі паслухаць толькі яго.
— Дапытлівыя сябры мае, сёння вас прыехала шасцёра, але тыя, хто не застаўся раўнадушным да лёсу паплавоў. Мы толькі яшчэ разгортваем наступленне: падлічваем сілы, рыхтуем рэзервы, ствараем матэрыяльную базу. Потым узаўецца чырвоная ракета, і сотні вось такіх цікаўных і працавітых рушаць у наступ. Злева ад нас старадаўняя пустоша Балонне. Як вяснушкі на твары, рассыпаны па ёй рудыя пляміны купін. Паспелы зязюльчын лён абсыпае на шызую зямлю мільёны спораў. Многія з іх загінуць, але многія дадуць парасткі, і зноў не прывабная зеляніна мяккай травы, а шорсткія, рудыя сцяблы зязюльчынага ільну будуць, як маўклівы дакор людзям, цягнуцца да сонца, высмоктваць сокі зямлі. Далей, ля самага лесу вы бачыце рыжа-зялёную сцяну. Гэта асака бутэльчатая, дрыгвяністая, дзіўная ды касач, хвошч, чарот, сітнік. Саксаул беларускіх балот. Яны такія ж, як і саксаул, непатрабавальныя, нахабныя ў сваім імкненні адваёўваць новую жыллёвую плошчу. Дзе вільгаць — там гэтыя травы; дзе паявіліся яны, там паявіцца вільгаць. Паволі, але няўхільна паўзуць яны па нізінах, ператвараючы зямлю ў пустыню. Зязюльчын лён і асака — запусценне. Ім спадарожнічае ніцая лаза і чарот, амежнік і мудронка, багун і чылібуха, мох і глухая альха. Мне не давялося пабачыць Балонне пасля вайны, калі тры гады ўзапар дарэмна чакалі травы касцоў. Цяжкі быў час. Фашысты забралі ўсю жывёлу, чалавеку не было неабходнасці касіць гэтую змардаваную, знявечаную барацьбой з дзікімі раслінамі траву. Для той жывёлы, што засталася, хапала паплавоў. Старыя людзі кажуць, што на чацвёрты год засталі яны на Балонні бярозкі таўшчынёй у палец. Кучаравіліся вольхі, у зарасніках лазы звівалі гнёзды салаўі. Там-сям хаваліся ў траве недарэчна кволыя елачкі і сасонкі, чакалі жыватворчага ценю, каб потым адразу вымахнуць пад неба, прыглушыць лісцёвыя дрэвы. У гэты, чацвёрты год каса чалавека перапыніла іх існаванне. А што б было, дарагія сябры, каб не чатыры гады, а сто ішла вайна, як гэта было некалі ў Еўропе? Лясы і балоты адваявалі б у чалавека зямлю, загналі б яго ў гушчары.
Я — не супраць лесу. Я люблю нашы бары і пушчы. Я — супраць таго драбналесся, тых масіваў зямлі, якія спусташаюцца карлікавымі елкамі і соснамі, лазой і асакой, зязюльчыным ільном і мохам. Я — за культуру людзей, а значыць і за культуру зямлі. Не можа культурны чалавек цярпець вакол сябе смецце і бруд. Мы вышлі на першае ў свеце месца па пісьменнасці, а дасюль церпім затхласць нашых рэк, церпім камарыныя балоты, спакойна пазіраем на асаку і чарот, быццам яны нам падабаюцца.
Дарагія мае сябры! Вам хочацца быць прыгожымі, таму вы вучыцеся, выхоўваеце ў сябе найлепшыя якасці чалавека. Вы не захочаце апрануць рызманы. Яны не пасуюць вам. А ці падумалі вы, што зямля, якая нарадзіла ўсё: травы, дрэвы, збажыну, гародніну, сады, не скінула яшчэ рызманоў старога ладу. I асака, і зязюльчын лён, і балоты, і куп’ё — усё гэта спадчына жабрачай панска-купецкай Расіі.
Я бачу, як загарэліся вашы вочы. Вы поўны рашучасці пачаць бітву за прыгажосць зямлі. Але аднае рашучасці мала. Як патрэбны густ, каб прыгожа апрануцца, так патрэбны веды, каб змяніць аблічча зямлі. Вы скажаце: яны ў вас ёсць. Так. Дзесяць класаў — салідная падрыхтоўка. Вы маеце такі запас ведаў, з якімі можна рухацца ў жыццё. Не папаўняючы яго, аднак, можна разгубіць усё, што маеш за душой. А многія ідуць і ніяк не могуць уцяміць — навошта ім веды. Кароў даіць можна і непісьменнаму. Веды, дарагія мае хлопцы, патрэбны для таго, каб пераўтварыць зямлю, зрабіць яе прыгожай і маладой.
Праз тыдзень-два мы пачнём складаць карту глеб калгаса «Маяк», каб можна было вырашыць, дзе ўпрыгожыць зямлю канюшынай і цімафееўкай, дзе пасеяць люцэрну ці кукурузу, а дзе такую траву, як канарэечнік і райграс. Калі ласка, прыходзьце да мянё. Будзем разам раіцца, у якое плацце нам лепш адзець нашы лугі, балоты, паплавы.
I яшчэ адно. Прыгажосць — з’ява незвычайная. Яна мае адну ўласцівасць — весці наперад, удасканальваць чалавека. Паляпшаючы зямлю, мы захочам быць яшчэ прыгажэйшымі і знешне, а галоўнае, духоўна. Не бойцеся, што ў вялікай гэтай рабоце можа хто захварэе нявер’ем ці якой другой хваробай. Старайцеся захапіць такога чалавека велічнасцю нашых планаў, удыхнуць у яго найвялікшую ідэю — заўсёды ўдасканальвацца. Помніце: доўгі прыпынак — смерць. Твань, асака, мох абрасце вас.
Наперад, мае сябры!
Леў Раманавіч кончыў і адразу збянтэжыўся: ён і забыўся, што выступае ўсяго перад васьмю чалавекамі. Хлопцы, узрушаныя прамовай, маўчалі. Даміра скептычна ўсміхаўся: сівы, а блазнуе. Вера думала: не ад яго пайшла гуляць па вёсцы чутка аб яе замужжы.
— Можна адно пытанне? — выступіў наперад Юрка. — А вось з жывёлагадоўляй як у вас?
— Пакуль што дрэнна,— Лёнька падміргнуў хлопцам.— Некалькі дзяўчат пайшлі на фермы, замянілі старых жанок, узялі абавязацельствы. Думаю, абавязацельствы яны выканаюць. Але што такое паўтары тысячы літраў малака за год? Дробязь. Калі ў наступным годзе мы будзем мець зялёны канвеер, сілас з кукурузы, сена з найлепшых гатункаў канюшыны і цімафееўкі — мы цвёрда скажам: тры, чатыры тысячы літраў малака ў год. А потым, калі палепшым пароду кароў, дадзім заяўку на пяць, шэсць тысяч літраў малака ў год. Вось чаму я кажу: пакуль дрэнна.
Хлопцы пашапталіся. Потым Юрка адказаў за ўсіх:
— Мы, канешне, просім прабачыць. Не паверылі адразу. Ажно ў вас сапраўды вялікія справы пачынаюцца, і давядзецца пацягацца сур’ёзна. Можа вы да нас прыехалі б. Моладзь даўно такіх лекцый не чула. Вельмі цікава паслухаць.
На тым і закончылася экскурсія ў «Маяк», за якую так баяліся Ліланава, Ева і Даміра.
Вера пайшла на кашару, хоць з гадзіну назад з жахам думала над тым, як яна сустрэнецца з людзьмі. Пацягнула да дзяўчат, да справы, якой даўно ўжо не займалася. Першай сустрэла яе Зіна Асташка. Прывіталася і, як здалося Веры, адвяла вочы ўбок, быццам злосная на яе. Матрона Башукевіч нешта шапнула Тацяне Шахнюк, і тая здзіўлена паглядзела на Веру. Паявілася Ніна, пачырванела ўся, але прывіталася.
У Веры пахаладзела ў грудзях: асуджаюць. Каму трэба было кратаць старую, незагоеную больку? I раптам прышла здагадка. Гэта Зіна Асташка! Леў Раманавіч расказаў сястры і пляменніцы пра сваю жаніцьбу, а Зіна — даяркам. Крыўды на Зіну не было — толькі здрадлівая жаласць да сябе казытала ў горле, выклікаючы слёзы. Стрымала сябе. Пайшла да Дзяміда Пракуды, каб дамовіцца аб новых пашах.
Пазней, калі даяркі закончылі даіць кароў, Вера сустрэла Ніну Шумейка.
— Вера Антонаўна, — паклікала яе Ніна, а калі Вера падышла, — доўга маўчала, капала пальцамі ў пяску равок. На Веру не глядзела, вочы былі апушчаны долу.
— Што табе?
— Прабачце мне за той выпадак.
— Я ўжо забылася,— заспяшалася Вера. Ёй самой было чамусьці надта няёмка.
— Прабачце ўжо. Іншы раз сама не ведаю, чаму такая. Нагаварыла вам...
— Сама я вінавата...
— Не, вы добрая. Толькі вы гордая. Як і я, да людзей не хочаце ісці.
Вера раптам падумала, што з Нінай можна пагаварыць па шчырасці.
Запыталася:
— Не чула, Ніна, што пра мяне гавораць?
— Чула. Бабы ўсё. Яны такія кашы сплятуць, што сябе не пазнаеш.
— Гэта не плётка. Толькі не зразумею, адкуль усё вядома стала? Няўжо Зіна сказала?
Ніна спалохана адхіснулася:
— Што вы, яна нічога не ведае нават.
Зноў Вера задумалася над тым, хто яшчэ мог ведадь пра яе няўдалае жыццё?
XIV
На паплавах звозілі сена. Да стога яго падцягвалі двума валакушамі — таўставатымі жардзінамі, якія былі прымацаваны да гужоў. Некалькі мужчын ускідвалі сена наверх. Там найлепшыя закружскія спецыялісты — дзяды Сілявей і Нічыпар — ахапак за ахапкам акуратна ўкладалі вакол шаста.
Дзяўчаты і жанчыны ў белых хусцінках і стракатых плаццях падграбалі поплаў следам за валакушамі. Поплаў агаляўся. Жаўтавата-зялёны, ён выглядаў бы вельмі панура, каб не аздаблялі яго конусы ўжо закончаных стагоў, каб не было гэтай увішнай, руплівай мітусні людзей.
Канькоў, як толькі вышаў на ўзгорак, спыніўся, зачараваны неабдымным прасторам. Справа на другім узгорку рассыпаліся, як авечкі на пашы, хаты калгаснікаў, не ўсе аднолькава дыхтоўныя, вялікія, але дагледжаныя дбайнымі рукамі. Ля многіх зелянелі дрэўцы, там-сям уздымаліся над вёскай старыя, выпрабаваныя вайной і пажарам таполі, ліпы і клёны. Налева, за поплавам, звівалася рэчка. Далей, у промнях сонца, купаўся сіне-зялёны лес. Прама перад вачыма быў поплаў. За ім, наколькі хапала зроку, пад павевам ветру гойдалася дробнай хваляй жыта. У Канькова завярцеліся ў галаве ўрыўкі сказаў да нейкай ненапісанай яшчэ аповесці ці мо паэмы. Хацелася прыдумаць нешта ўзнёслае, велічнае. Прыходзілі рыфмы і тут жа бясследна прападалі, бо зрок выхопліваў нешта больш значнае і прыгожае, што хацелася абавязкова ўціснуць у той першы сказ-падмурак, на якім будзе стаяць увесь паэтычны будынак. Вось у галаве выкрышталізавалася, абтачылася першая фраза. Прызвычаеным рухам Канькоў дастаў запісную кніжку, выцягнуў аловак і тут раптам успомніў, што прышоў ён у Закружжа зусім не за тым, каб пісаць нарыс ці крытычны артыкул, а назаўсёды — працаваць. Быць тым, пра каго пісаў не раз пасля заканчэння партыйнай школы. Успомніў свой невялічкі пакой, вялізны стол, заўсёды завалены гранкамі, пісьмамі, газетнымі палосамі, кнігамі. Напэўна, цяпер за сталом сядзіць адказны сакратар Валя Яшчэня, чытае свежыя палосы, ад якіх пахне вільготнай паперай і друкарскай фарбай. Валя чытае і шмыгае носам — прывычка, ад якой дзяўчына ніяк не можа сябе адвучыць. На вялізных палях з нядбайна абарванымі краямі яна піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Потым з наборнага цэха прыбяжыць стары, згорблены вярсталынчык Залман Ізраелевіч Цукерман, ці проста «цукровы чалавек», як яго клічуць за вочы. Ён возьме газетную паласу, ссуне акуляры з ілба на гарбаты нос, доўга будзе то падносіць газету да самых вачэй, то аддаляць яе на адлегласць выцягнутых рук. Урэшце, не вытрымае, пачне ўшчуваць сакратара.
— Стары Залман стаў нікуды не варты. Але навошта ў яго адбіраць апошні зрок. Хай ты будзеш здарова, Валечка, толькі не пішы такімі дробнымі знакамі. Нябожчык Іван Шаўцоў таксама пісаў каракулямі, дык ён жа быў ого які чалавек! Бывала, газета затрымліваецца, дык ён проста ля талера піша, бярэ літару за літарай з касы, глядзіш — артыкул.
Іван Шаўцоў — першы рэдактар у іхнім раёне, якога ніхто, апроч Цукермана, не помніць. Яго забілі зялёныя банды неяк адразу пасля грамадзянскай вайны. Для Цукермана — ён вяршыня газетнага мастацтва.
...Прыгадаў Канькоў і свае два незакончаныя нарысы, што пісаў для цэнтральных выданняў. Так і не дачакаюцца іх у рэдакцыях.
Ад успамінаў зрабілася маркотна. Крыху палохала і невядомасць.
Як усё пойдзе? Праўда, пасля вайны давялося працаваць на розных пасадах. Быў следчым пракуратуры, сакратаром па кадрах, інструктарам абкома. Там і пачаў пісаць. Спачатку крытычныя карэспандэнцыі — на большае не адважваўся, хоць з грудзей ірвалася штосьці велічнае, нейкія падобныя на музыку словы, прыгожыя і ўзнёслыя. Аднаго разу ў раённай гасцініцы паспрабаваў запісаць гэтыя нястрымныя крыкі душы. Атрымаўся верш, квяцісты, як і тая вясна, што нарадзіла яго. Доўга мучыўся, потым заклеіў у канверт і хутчэй кінуў у скрынку. Баяўся, калі не апусціць цяпер, дык ужо ніколі не адважыцца адаслаць. Пакутліва чакаў адказу. Нешта праз месяц атрымаў ліст. «Паважаны таварыш Канькоў, — пісаў літкансультант, — ваш верш «Майскі ранак» надзвычай слабы. Друкаваць яго не будзем. Чытайце больш Пушкіна, Маякоўскага і паэтаў нашага часу». Трыма радкамі былі нашчэнт разбураны спадзяванні і мары. Але пісаць цягнула. Здаецца, трапіў у зачарованы вір, хацеў бы вырвацца, выплысці на бераг, а цябе ўцягвае ўсё глыбей і глыбей. Доўга саромеўся паказаць каму-небудзь свае творы, потым неяк адважыўся, занёс у абласную газету. Невысокая, бялявая жанчына — загадчык аддзела — папрасіла зайсці праз тыдзень. А назаўтра, разгарнуўшы газету, ён убачыў сваё прозвішча, вынесенае ўверх: Васіль Канькоў. Пад загалоўкам буйнымі літарамі было напісана — «Нарыс». Упіўся вачыма ў тэкст: словы гучалі бадзёра і мілагучна. Не верылася, нават, што сам напісаў іх. Былі яны да таго прыгожыя і мілыя, што Канькоў, узрушаны, доўга бегаў па пакоі.
Некалькі наступных нарысаў вырашылі далейшы лёс Васіля Канькова. У партыйнай школе яго адразу залічылі на аддзяленне журналістыкі. Адтуль і паехаў рэдактарам газеты ў свой родны раён. Бліжэй да месца, дзе вырас, партызаніў, дзе так многа добрых сяброў і таварышаў. Рабіў газету і пісаў, пісаў, пісаў. Адсылаў у рэдакцыі толькі найлепшае, баючыся, каб зноў не параілі чытаць многа разоў перачытанага Пушкіна.
I вось настаў час, калі трэба забыць пра свае задумы, пра самую запаветную сваю мару — напісаць гераічную п’есу аб партызанах, аб тым, як тысячы людзей, розныя па характару, па асабістых якасцях, загінулі ў час блакады, аб іх мужнасці, якая застаецца невядомай той моладзі, што жыве, вучыцца сёння. Можа, ён зрабіў няправільна, паддаўшыся хвіліннаму парыву пачуццяў? Можа трэба было перачакаць? Знайшліся б людзі, якія паехалі б у Закружжа за старшыню і, напэўна, не горш яго здолелі б узняць гаспадарку калгаса «Маяк». Тады ён працаваў бы над тым, да чаго так настойліва яго цягне. Перачакаць? Канькоў шпурнуў недакураную папяросу. Рашуча пакрочыў на поплаў. А тых, што загінулі ў блакаду 1941 года, ці думалі яны над тым, каб перачакаць? Дваццаць адзін раз ішлі на прарыў, гінулі, а ішлі, і ніхто не сказаў — трэба чакаць. А ў сорак другім годзе, калі фашысцкія арміі рухаліся на Сталінград, людзі не чакалі, пакуль вырашыцца лёс Савецкай Расіі. Чаму ж ты цяпер задумаўся, камісар Канькоў? Тваё асабістае раптам зрабілася надта блізкім. Мо пачынаеш абрастаць мохам, як той поплаў? Дык жа не будзе гэтага!
Канькоў расправіў плечы, зняў кепку і ўжо як гаспадар, важка і шырока, пакрочыў да людзей.
— Спор ды лад у рабоце, — прывітаўся ён.
— Дзякуем, — хорам адказалі мужчыны, здзіўлена паглядаючы на лезнаёмага чалавека. — Ад дапамогі няма патрэбы адмаўляцца.
— Памагчы можна. Даўно вілы ў руцэ не трымаў.
— Фізкультура — першы гатунак.
— Прывыкнеш за дзень вілы высока падымаць, дык увечары лыжку ўсё вышэй ілба падымаеш.
Канькоў узяў на доўгім чаране вілы, падхапіў бярэмя сена, адным рухам ускінуў на стог. Адчуў, як забілася сэрца. Падумаў: «Даўно не займаўся фізічнай працай, нават фіззарадку занядбаў». Зноў падхапіў бярэмя, потым трэцяе, чацвёртае. Сэрца пачало біцца роўна, толькі ад непрывычкі выступіў на ілбе пот.
Праз хвілін сорак стог быў завершан. Дзяды спаўзлі зверху, абышлі стог навокал, падраўнялі яго граблямі, прымацаванымі да доўгіх грабільнаў. Аднекуль паявіўся Даміра, убачыўшы Канькова, паморшчыўся, быццам раскусіў няспелую журавіну.
— Пісаць прыехаў?
— Усё разам, — Канькоў дастаў пачак «Беламора». Да яго адразу пацягнуліся некалькі рук. Каструбаватыя, нягнуткія ад працы пальцы нязграбна хапалі папяросы, мялі крэпаны тытунём канец. Даміра выхапіў адразу дзве папяросы: адну паклаў за вуха, другую прыкурыў.
Сядзелі воддаль стагоў. Перакідваліся словамі.
— Каго ж нам рэкамендуюць? — не вытрымаў Даміра. — Я не сцярпеў і збег.
— Дарэмна збег. Некалі ты не бегаў.
— А якая карысць слухаць? Не здолеў ажыццявіць кіраўніцтва ўзбуйненай гаспадаркай, — у Даміравым голасе ясна пачуліся ноткі Старыковіча, — страціў пачуццё адказнасці, не павышаў ідэйна-тэарэтычнага ўзроўню... Сто грахоў навешаюць.
— П’янка таксама была?
— Ну, піў. Што я манах які? Ды ты маё становішча зразумей: старшыня я ці не? Запросіць хто на вяселле, як жа не выпіць?
— А калгас чаму запусціў?
— Сам паспрабуй. Вы ўсе надта разумныя. А калі да справы дойдзе — у кусты. Табе лёгка працаваць — пішы ды грошы палучай. А тут — катарга. Добраахвотна ніхто не пойдзе.
— Чаму, знайшліся і такія.
На Даміравым твары адбілася разгубленасць. Не раз ужо віселі над яго галавой навальнічныя хмары. Але навальніцы не было. Цяпер ад спакойных слоў Канькова павявала бурай.
— Скажы лепш другое: не па тваёй сіле воз. Быў некалі лягчэйшы — вёз. Дарога па роўнаму ішла, а цяпер угору завярнула. Вось і задыхнуўся. Злавацца тут няма на каго.
— Ага, адстаў, не вучыўся. Хто прасіўся паслаць на вучобу? Я. Што мне тады той жа Старыковіч адказваў? «Пачакай, Даміра, перыяд цяпер такі — аднаўленне». Чакаў, цярпліва чакаў, пакуль вы на курсах ведаў набіраліся. А Даміру ўсё часу не было. Скажуць — усё рабіў. Кашару будаваў, куранят з інкубатара ўсіх забраў — таго ж Старыковіча выручаў. Не я, а ён бы за іх вымову атрымаў, бо інкубатар гэты ў нашым раёне быў так патрэбны, як зайцу званок. А цяпер Даміра вінаваты. Ён жа невук — яго на сметнік. Справядліва, можа?
— Ты лепш у калгаснікаў і запытайся. Яны табе скажуць. Напэўнз, таксама несправядліва тое, што яны дасюль такі бедны працадзень маюць?
— Яны скажуць. Ты іх папяросачкамі частуеш, прыгожыя словы гаворыш, а я, як той заяц, — між двух агнёў. Куды ні кінь — клін!.. Не, ты сам паспрабуй, уведаеш, па чым фунт ліха.
— Паспрабую...
— А-а-а, дык чаго ты, — Даміра выхапіў з кішэні пячатку з расшчэпленым вечкам. — Прыехаў змяняць, вось табе, бяры.
Ён кінуў пячатку на зямлю, потым зноў ухапіў яе, моцна заціснуў у кулак.
— Дарэмна, Тарас, злуешся. Я яшчэ не старшыня. Пра такія справы спачатку ў народа пытаюць. Пячатку ты схавай. Буду прасіць сход намеснікам цябе пакінуць.
Даміра ўскочыў.
— У тваіх просьбах патрэбы не маю. Сам прывык выкручвацца. У арцель пайду, на смалакурню, журавіны буду нарыхтоўваць, а ў падначаленых хадзіць не хачу. Не хачу, чуеш?
- Гарачышся, Тарас...
Але Даміра ўжо не чуў яго слоў. Кульгаючы, як падстрэлены, ён бег праз поплаў, недарэчна размахваючы рукамі. Канькоў пазіраў яму ўслед, думаў: «Ад каго ты ўцякаеш, Тарас? Такіх, як ты, у тыраж не спісваюць. А што вызвалілі ад работы, дык сам жа вінаваты».
Думкі Канькова перабіў дзед Нічыпар.
— Кожнага чалавека шкада, — пачаў ён, — але ж як нам далей было жыць, скажы, таварыш новы старшыня?
***
Даміра бег, не заўважаючы нікога. Бязладныя думкі не давалі спакою, а адно слова, вострае і няўмольнае, балюча свідравала чалавека. Даміра нават не заўважыў, калі прышоў на двор сваёй сядзібы. У хату не пайшоў. Сеў пад паветкай на калоду, абхапіў далонямі галаву. «Вызвалілі... вызвалілі... вызвалілі», — стукала ў скронях, у кустах парэчак надакучліва трашчаў конік: вызвалілі, вызвалілі, вызвалілі... Падышоў певень, паглядзеў на гаспадара жоўтым вокам, спачувальна пахлопаў крыламі. Даміра шпурнуў камяком зямлі, певень спалохана падскочыў, пабег, лапочучы нешта крыўднае.
Думкі паступова набывалі пэўны кірунак. Даміра ўспомніў, як на пачатку мірнага жыцця ён разам з усімі ездзіў у лес, валіў высачэзныя сосны, траляваў іх, потым абцёсваў, складаў хаты — не сабе, людзям. «Тады патрэбен быў. Тады за мной ішлі,— думаў ён, і горыч сціскала грудзі. — Чаму ж цяпер не патрэбен стаў? Чаму?»
Даміра доўга думаў над гэтым, але пякучая крыўда перашкаджала правільна адказаць на пытанне. Раптам Даміра яскрава ўявіў сваё заўтрашняе адзіноцтва. Ужо ніхто не прыдзе да яго за парадай, ніхто не будзе надакучаць просьбамі, нават ніхто не пасварыцца на яго.
«Дык як жа жыць?» — услых падумаў ён, і зноў гэтае надакучлівае «чаму?» паўстала перад ім.
«Чаму ж адвярнуліся людзі, калі раней ішлі за мной? — думаў ён. — Ну, няхай бы сказалі: ты, Даміра, робіш не так. Дык жа маўчалі... Але ці маўчалі?.. Не, часам не маўчалі... Ну, добра, вінаваты я, але ж нельга так адразу...»
Даміра думаў, думаў і не заўважаў, што з-за плоту за ім пільна со чыць Ніна, што яна хоча і не можа падысці да яго.
Зоркі над фермамі
I
Леў Раманавіч атрымаў адразу два пісьмы. Першае было з акадэміі. Сакратар партыйнай арганізацыі Алег Пятровіч Макушок пытаўся пра тое, як ідзе работа, а ў канцы прасіў неадкладна прыехаць у Мінск. Слова «неадкладна» было падкрэслена двума рыскамі. Леў Раманавіч адчуў за гэтым нешта важнае і такое, што датычыцца яго работы. Падумаў: «Заўтра ж паеду...»
Скамечыўшы пісьмо, Леў Раманавіч засунуў яго ў кішэню. Другое было напісана чужым, незнаёмым почыркам. Леў РаманавІч асцярожна адарваў краёк і адразу пазнаў, хто піша. Што яна хоча? Паспешліва разгарнуў акуратна складзены ліст. 3 яго выпала на падлогу паштоўка, лягла к верху размаляваным бокам. На паштоўцы — кучаравы белагаловы хлапчук з непадробнай грымасай крыўды на твары і двума буйнымі слязінамі на шчоках. У Льва Раманавіча ад болю сціснулася сэрца. Нагнуўшыся, ён спрабаваў таропкай рукой падняць паштоўку, а яна нібы прыклеілася да падлогі. Нарэшце падняў. Рукі дрыжалі, і ад таго літары скакалі ў вачах.
«Дарагі татачка, — пісаў Вадзім буйнымі, нязграбнымі літарамі, — я слухаюся мамы. Але мне надта сумна. Прыязджай да нас. Я з мамай чакаю цябе. На маму не крыўдуй, бо яна добрая. Чакаю цябе, дарагі татачка. Твой сын Вадзім».
Леў Раманавіч углядаўся ў сынаў почырк. Ён быў падобны на бацькаў, такія ж вострыя з нахілам літары, крыху нязграбныя, хоць і адмыслова выпісаныя. За імі ён бачыў Вадзіма — русявага, як маці, з крутым вялікім ілбом, як ва ўсёй алексічаўскай пародзе. Здавалася, сын працягвае рукі, так, як было тады, калі Леў Раманавіч у апошні раз крадком зайшоў да Вадзіма.
Тады Вадзім сядзеў у яго на каленях, і Леў Раманавіч чуў, як ад дзіцяці нястрымным патокам уліваецца ў сэрца гарачыня, ад чаго сэрцу вельмі цесна ў грудзях. Рукі мімаволі прыціскаюць бялявую галоўку сына да грудзей, а яна ніяк не хоча спакойна паляжаць на іх.
— Мне так нязручна, — гаворыць Вадзім. — Хочаш, я табе нешта па сакрэту скажу.
— Цікава, якія ў цябе сакрэты?
— Толькі ты нікому не скажаш, добра?
— Вядома.
— Чэснае слова?
— Чэснае слова.
— Я цябе вельмі люблю, толькі ты не кажы мамцы...
Леў Раманавіч перапыняе хлапчука пытаннем, хоць яму вельмі хацелася б пагутарыць з сынам на гэтую тэму.
— А якія табе казкі падабаюцца?
— Пра хлопчыка, якога кінуў бацька.
Леў Раманавіч чырванее, адчуваючы ў сынавых словах дакор. «Навошта яна калечыць душу дзіцяці, — думае ён. — Падрасце, тады няхай разбіраецца сам».
— А якія яшчэ ты казкі ведаеш?
Замест адказу, Вадзім спалохана саскоквае з яго каленяў, пабялелы, шэпча:
— Мама загадала нічога не браць ад цябе, бо ты можаш атруціць. — Ён прагна даядае цукерку, але забывае выцерці рот, і гэта выдае яго з галавой.
Падышла Лілія Нікадзімаўна. Яе твар перасмыкнуўся, а вочы пагрозліва паглядзелі на Вадзіма. Хлапчук стаяў, выцягнуўшы рукі, як маленькі вымуштраваны салдат. Яго губы нешта шапталі. Льву Раманавічу здалося, што ён гаворыць: «Болей ніколі не вазьму цукерку».
— Вадзім, марш дамоў!..
Хлопчык паціху пайшоў у дом. Некалькі раз аглянуўся, і ў яго вачах быў зразумелы для бацькі сум. Новы загад прымусіў яго бегчы. Яшчэ раз азірнуўшыся, хлопчык неахвотна схаваўся ў змрочным пад’ездзе.
— Я меркавала, — крыху памаўчаўшы, сказала яна, — што вы нерастанеце турбаваць майго сына...
Лілія Нікадзімаўна спрабуе захаваць на твары спакой і нават абыякавасць. Голас у яе знарок халодны. А некалі ён быў іншы — ласкавы, цёплы.
— На сына я таксама маю права, — адказвае Леў Раманавіч спакойна, хоць гэта яму ўдаецца цяжка.
— Я аднаго разу прасіла ўжо вас не пачынаць гэтай нікчэмнай дыскусіі. Вы адмовіліся ад мяне, значыць, вы адмовіліся ад сына.
Льву Раманавічу хочацца сказаць, што ён таксама нясе адказнасць за сына, але добра ведае: гэта дарэмна. Лілія Нікадзімаўна выклікае ў яго душы буру пачуццяў і думак. Хочацца нагаварыць ёй мноства крыўдных, абразлівых слоў, і ў той жа час чужое, недарэчнае пачуццё хваравітай закаханасці нараджае бязглуздую ў такіх абставінах думку: «Якая яна прыгожая».
— Ад свайго сына я ніколі не адмаўляўся. Вы вінаваты самі.
Лілія Нікадзімаўна пачынае гучна смяяцца.
— Вы, здаецца, усё яшчэ раўнуеце мяне?.. Няўжо вы дасюль не зразумелі, што вы заўсёды былі смешныя са сваімі прыдзіркамі. Я прыгожая, хіба не так? — яна імгненна зрабілася другой: усмешка застыгла на поўных пунцовых вуснах, бровы разгладзіліся ў роўныя стрэлкі, вочы паглядалі з-пад доўгіх чорных веек прыхільна, грудзі злёгку падымаліся пад шаўковым плаццем, якое туга аблягала яе ладную, прыгожую постаць. — Хіба я вінаватая ў тым, што на мяне заглядаюцца мужчыны?.. Вядома, я не дазваляла нічога дрэннага. Потым мне, як і ўсякай жанчыне, падабаецца ўвага мужчын. Дарагі мой, а хіба вы не былі адным з такіх? Праўда, вы былі больш настойлівы...
Леў Раманавіч з абурэннем прыгадаў сваю «настойлівасць». Калі б ён быў тады настойлівы, дык не пайшоў бы піць чай, а пазней у сорак другім годзе, калі Лілія Нікадзімаўна знайшла яго ў шпіталі, хіба ён паддаўся б яе чароўнасці?..
— Пра старое ўспамінаць варта толькі для таго, каб не рабіць тых непапраўных і бязглуздых памылак, на якія часам здольны чалавек. Вы самі ўсё добра помніце і разумееце, што занадта перайначваеце падзеі. За гэта мы і нясём адказнасць. Але ваш і ў роўнай ступені мой сын ад гэтага не павінен цярпець.
У Ліліі Нікадзімаўны твар зноў зрабіўся злосным.
— Чаму вы так напіраеце на слова «ваш»? А калі гэта не так?
Льва Раманавіча нібы абдало варам. Непрыемная, наогул, размова, падфарбаваная нейкім бессаромным агідным намёкам, расшматала тое дваістае пачуццё да Ліліі Нікадзімаўны, якое дасюль не пакідала яго. Ён добра ведаў, што Вадзім яго сын. Навошта ж такім брыдкім, злосным намёкам пазбаўляць яго права на бацькоўства.
— Калі я ўбачу вас каля майго сына, я заяўлю ў міліцыю, што вы хацелі забіць яго. I паверце, што я здолею даказаць гэта.
Леў Раманавіч адчуў, што гэтая жанчына сапраўды здольна на ўсё. I хоць потым яна прыслала яму некалькі пісем, у якіх прасіла забыць тую «ідыёцкую» размову і нават клялася ў нязменнасці сваіх пачуццяў, Леў Раманавіч больш не бачыў ні яе, ні сына. Пачуццё любві да сына, якое было заглухла, цяпер узнавілаоя з болем і роспаччу.
Навошта ён спатрэбіўея ёй цяпер? У словах сына ён адчуваў яе словы, падказаныя з нейкай карыслівай мэтай.
Лілія Нікадзімаўна, па сваёй заўсёднай прывычцы, пераскоквала з думкі на думку, таму пісьмо яе чыталася з цяжкасцю. Неяк нельга было ўлавіць асноўнага: што ёй трэба? Затое ў самым канцы пісьма ўсё праяснілася.
«Вы заўсёды лічылі, што подласць — мая другая натура. Але я ніколі не зычыла вам дрэннага. Таму цяпер, калі над вамі навіслі чорныя хмары, я спяшаюся на выручку. Бо я ўсё яшчэ люблю вас. Прабачце за такое прызнанне. Мне не хапае вашай цеплыні, сур’ёзнасці, чыстаты пачуццяў і дзікай рэўнасці. Калі б вы нават маглі здагадацца, як не хапае мне вас, вашага голасу, вашага мілага позірку, усяго вас. Гэта прымушае мяне папярэдзіць вас аб небяспецы. На вас паступіла скарга, што вы кінулі сваю маладую жонку (пра гэта я ведала даўно). Мажэйка, даведаўшыся пра гэта, зноў патрабуе пакараць вас за абразу, якую вы яму нанеслі. Усё гэта нейкім чынам звязваецца з вашай работай. Ёсць нейкі ліст ад калгаснікаў, у якім яны просяць неадкладна адклікаць вас з калгаса.
Мне хочацца параіць вам адно. Вы можаце смела спасылацца, што ваша другая жонка з’яўляецца каханкай майго брата. Бачыце, я нават ахвярую добрым імем брата, каб толькі ўратаваць вас. Я добра зразумела, што далей выхоўваць сына без вас не магу. Ён робіцца дарослым і непаслухмяным, можа таму, што зблытаўся з нягоднымі хлапчукамі. Я пачынаю хвалявацца за яго лёс. Я спадзяюся, што вы заглянеце да мяне, як толькі прыедзеце ў Мінск».
Леў Раманавіч кончыў чытаць. Марына, якая ўвесь час сачыла за братам і адразу адчула, што той атрымаў нейкія непрыемныя пісьмы, падышла да яго, палажыла руку на плячо.
— Нялёгка і табе, Лявонка... А я думала, усяго дамогся — і ніякага гора, а ты вунь як лоб наморшчыў. — Яна шурпатымі пальцамі правяла па ілбе, потым па валасах: — Парадзела чупрына, нібы град выбіў. Ад каго пісьмо атрымаў?
Леў Раманавіч раптам адчуў сябе маленькім і бездапаможным. Хацелася прыгарнуцца, паскардзіцца на свой лёс, суровы, без матчынай і наогул жаночай ласкі. Ад даўняй ласкі засталіся толькі кволыя ўспаміны пра вось такія шурпатыя, як і ў Марыны, рукі, якія гладзілі яго, калі ён ляжаў хворы, некалькі спачувальных слоў ды поўны незразумелай тугі позірк матчыных вачэй. Ласкі другой жанчыны — Ліліі Нікадзімаўны — спусташалі, а не напаўнялі душу. Не было ў іх шчырасці і прываблівай жаночай цеплыні. Так, нейкі віхор нястрымнасці, пасля якога застаецца спусташэнне.
— Цяжка мне, Марына.
— А ты раскажы. Я даўно заўважаю, ды і чула... — Яна прысела побач, сама прыгарнулася да яго. — Чаму ж яна цябе кінула?
Леў Раманавіч насцярожыўся.
— Пра каго ты?
— Пра Веру. У мяне яшчэ тады, як яна прыехала, сэрца ёкнула. Спыталася ў яе; кажа, што яшчэ не замужняя. А цяпер ужо ўсе ведаюць, што яна твая жонка.
У голасе Марыны Леў Раманавіч пачуў знаёмыя ноткі: так калісьці гаварыла з ім маці, калі ён вяртаўся дахаты, пакрыўджаны хлапчукамі. Ад матчыных слоў тады набягалі на вачах гарачыя слёзы. Цяпер жа Льву Раманавічу было сорамна. I ён сядзеў, апусціўшы галаву, маўчаў. Ён разумеў, што шчырая размова з сястрой прынясе яму палёгку, але не разблытае складаны вузел, які быў завязаны даўно.
Марына не парушала маўчання. 3 кароткіх пісьмаў, якія яна атрымоўвала ад брата, Марына ведала пра яго першую няўдалую жаніцьбу. I хоць яна ніколі не бачыла братавай, моцна не любіла Лілію Нікадзімаўну. Пасля ж таго, як Леў Раманавіч напісаў сястры аб сваёй другой няўдалай жаніцьбе, Марына не ведала, што і падумаць. Ёй было шкада брата і ў той жа час нешта насцярожвала, скіроўвала думкі ў другі бок.
Надакучлівае, няёмкае маўчанне нечакана было перарвана Зінай. Яна, як толькі зайшла ў хату, пачала расказваць пра новыя парадкі на ферме, якія ўводзіць старшыня Канькоў.
— Гэта ж я таму і запазнілася, — збіраючы на стол, гаварыла Зіна, — што Канькоў быў на кашары. От жа дапытлівы чалавек — усё хоча ведаць!.. Цікавіўся, як мы бітоны мыем, як сечку каровам раздаём, як доім. Загадаў для кожнай даяркі халаты і касынкі купіць. Цяпер мы, як дактары, будзем у белым хадзіць. А пасля ўбачыў, што мы на кукішках пад каровай сядзім, дык наказаў Дзяжэвічу, каб той нам невялічкія табурэцікі зрабіў. Кажа, што цяпер сорамна так даіць кароў, як гэта рабілі нашы бабулі. А пасля паабяцаў спецыяльныя даільныя апараты набыць. Вось толькі хутчэй бы вы, дзядзька, паплавы нам падрамантавалі. Нам цяпер толькі кармы, дык тады ўбачылі б, на што мы здатныя!
— А я вось толькі збіраўся ў Мінск ехаць, — сказаў ён, ужо добра ведаючы, што ад’езд будзе адкладзены.
I сястра, і пляменніца былі вельмі здзіўлены. Леў Раманавіч падаў Марыне абодва лісты. Марына чытала і ўвесь час хмурыла бровы.
— А можа паехаў бы ўсё ж, — нясмела параіла яна, дачытаўшы ліст ад Ліліі Нікадзімаўны.
— А што Зіна скажа? — Зіна, збянтэжаная, маўчала. Леў Раманавіч зусім забыўся, што пляменніца нічога не ведае пра Веру.— Вось бачыш, маўчыць, значыць трэба ехаць.
— А мы так спадзяваліся на вас. Нават і сёння гаварылі пра паплавы...
Леў Раманавіч паклаў руку на Зініна плячо.
— Пакуль нікуды не паеду, так што не засмучайся. Няхай Мажэйка крыху пачакае.
II
Сярод рэчаў першай неабходнасці, якія прывёз у Закружжа новы старшыня, быў будзільнік — стары, яшчэ даваеннай маркі гадзіннік. Канькоў падабраў яго ў канаве на прускай зямлі. Мабыць нехта з нямецкіх уцекачоў выкінуў будзільнік у канаву, каб у выпадку непазбежнаіга палону не было ніякіх улік бессаромнага гаспадарання на савецкай зямлі.
— Ну, вось і першы рускі, якога я вызваліў з няволі на чужой зямлі, — сказаў тады Канькоў, выціраючы шкло крысом шыняля.
3 таго часу Канькоў не разлучаўся з будзільнікам. I ён ніколі не здраджваў гаспадару. Ішоў і ішоў без рамонту, акуратна адлічваючы мінуты. За дзесяць гадоў Канькоў так прывык да хрыплаватага звону будзільніка, што ўжо не давяраў сабе. Тым больш не давяраў, што ўжо не раз прасыпаў, калі часам забываўся завесці гадзіннік.
I ў Закружжа Канькоў прывёз будзільнік не толькі як дарагі напамінак аб даўніх днях вайны, але яшчэ больш, як пільнага вартавога свайго па-маладому моцнага сну.
Але ўжо ў першую раніцу Канькоў прачнуўся не ад звону будзільніка, а ад нейкай залішне насцярожанай цішыні. Было яшчэ вельмі рана. Гадзіннік размерана чэкаў, быццам угаворваў гаспадара не турбавацца: ён разбудзіць яго ў час. Канькоў хацеў прымжыць вочы, але тут на двары пачуўся голас закружскага брыгадзіра. Давялося ўставаць. Назаўтра Канькоў прахапіўся яшчэ раней.
У другім пакоі чуліся прыглушаныя перагародкай галасы жанчын:
— Дык жа прасіла, маліла — не дае.
— Здурнеў ён, ці што?
— Кажа, без старшыні не магу.
Канькоў вышаў у пакой, дзе сядзелі жанчыны.
— Да вас вось, — рукой паказала гаспадыня на старую, паўнаватую жанчыну.
Тая падхапілася з лаўкі, трымаючы напагатове перад вачыма ражок хусткі, пачала, спяшаючыся, расказваць пра сваё гора:
— Стары мой зусім занямог. Кашляе, кажа, у баку баліць і хадзіць не можа. Цераз хату ледзь пяройдзе. Хацела ў бальніцу звазіць, а брыгадзір каня не дае. Кажа, ваш дазвол патрэбны.
— Які дазвол? Коньмі ж не я распараджаюся, а брыгадзіры. Абавязкова трэба чалавека завезці ў бальніцу.
— Дык жа не дае каня.
— Напішыце вы ёй запіску, — умяшалася ў размову гаспадыня.— Гэта ж у нас такі парадак быў: на коней Даміра запіскі даваў.
Канькоў запіску напісаў. Жанчына падзякавала, подбегам вышла з хаты.
3 таго дня, кладучыся спаць, Канькоў больш не заводзіў будзільнік.
Той стаяў, асірацелы, на акне, паказваючы ў любы час дзесяць мінут трэцяй.
Цяпер Канькоў навучыўся вымяраць час па сонцу. Але дня ўсё роўна нё хапала. Даводзілася пазычаць у ночы роўна столькі, колькі патрэбна было для таго, каб разгрузіць сябе ад мноства неадкладных спраў.
Дзень звычайна пралятаў у раз’ездах. Раніцай Канькоў садзіўся на даўганогага варанога каня ды і гарцаваў на ім да позняга вечара. У брыгадах, на фермах было безліч спраў, большасць нязначцых, дробязных, якія б маглі вырашаць брыгадзіры. Але яны чамусьці чакалі старшыню. Гэта спачатку здзіўляла Канькова, потым пачало насцярожваць і нарэшце абураць.
Аднаго разу на праўленні было вырашана закласці ў трэцяй брыгадзе яшчэ чатыры ямы сіласу. Канькоў выпісаў нарад на капанне тых ям, а назаўтра паехаў праверыць, як ідзе работа. Брыгадзіра ён знайшоў за вёскай ля лесу. Той сядзеў на беразе старой, ваенных часоў траншэі ў акружэнні мужчын, курыў. На дне траншэі валяліся недакуркі цыгарак. Іх было многа, і Канькоў беспамылкова вызначыў, што «нарада» тут ідзе даўно.
— Чаму не працуеце? — накінуўся Канькоў на брыгадзіра.
Той прыўзняўся, патупаў на месцы, але прамаўчаў. Тады загаманілі калгаснікі:
— Працадні марна трацім.
— Агоркла ўжо такая работа.
— I навошта, таварыш старшыня, ямы капаць, вось жа гатовая траншэя.
— Чаму ж вы яе не чысціце?
— А ён кажа, што вы загадалі ямы капаць — і баста... — выступіў наперад малады ў ваеннай гімнасцёрцы хлопец.— Толькі ж у траншэі лепш сілас захаваць.
— А калі сапсуецца? — не вытрымаў брыгадзір. — Тады Цімоха да адказнасці... Брыгадзір вінаваты будзе?..
Канькоў залез у траншэю, добра агледзеў яе. Была яна глыбокая, з роўнымі берагамі, быццам і капалі яе для калгасных патрэб.
— Дык чаму вы сумняваліся? — здзівіўся Канькоў. — Вядома, сіласуйце тут.
— Цяпер усё ясна,—· ажывіўся брыгадзір. — А так, хто яго ведае... Мне абы цвёрдае ўказанне было.
Канькоў секануў рукой паветра.
— Вам не ўказанне, а нянька патрэбна. Мне ж — брыгадзіры, гаспадары, а не хлапчукі, якія ўсяго баяцца.
Раздумваючы пасля над гэтым і шмат якімі іншымі выпадкамі абураючай несамастойнасці сваіх памочнікаў, Канькоў зрабіў немалаважнае адкрыццё: бяда Даміры заключалася ў тым, што ён падмяніў кіраўніцтва калгасам нікчэмнай апекай, вырашэннем дробных спраў. За шмат гадоў работы Даміра адвучыў брыгадзіраў ад самастойнасці, і цяпер пазбавіцца такой спадчыны было не лёгка.
Не лёгка, але трэба!
Увечары Канькоў садзіўся за стол, вымаў з кіш'эні запісную кніжку, пачынаў планаваць, прыкідваць, вызначаць асноўныя вехі ўздыму арцельнай гаспадаркі. На паперы ўсё атрымлівалася добра. Ужо ў будучым годзе калгас мог мець паўтара —два мільёны прыбытку. Але каб здзейсніць задуманае, трэба было прывіць сваім бліжэйшым памочнікам тое дарагое пачуццё ініцыятывы, якога яны, нажаль, не імелі.
Перш-на-перш Канькоў адмяніў гэтыя штодзённыя нарады брыгадзіраў. Адзін раз на тыдні Канькоў садзіўся з брыгадзірам за складанне графіка работ. Намячалі толькі галоўныя работы, сумесна абмяркоўвалі, як іх лепш выканаць. Улічвалі ўсе нечаканасці, пасля чаго Канькоў звычайна пытаўся:
— Значыць, можна гэты графік выканаць?
— Можна, — упэўнена заяўляў брыгадзір. — Але ж і вы тут непадалёк будзеце. Калі што якое, запытаюся.
— Ну, не, брат, давай адразу дамовімся: па дробязях не турбаваць. А то што гэта за парадак: парваліся лейцы — прыбягаеце да старшыні, няма каламазі — зноў бяжыцё ў кантору. Прывучайцеся да самастойнага вырашэння такіх спраў. Пройдзе яшчэ год-два — кожная брыгада на гаспадарчы разлік пяройдзе, як тады вы будзеце працаваць?
Вядома, спачатку брыгадзіры не-не ды і прыбягалі да Канькова. Ён ехаў з імі ў брыгаду, на месцы дапамагаў у рабоце. Але рабіў ён гэта так, быццам брыгадзір сам дадумаўся, як трэба было зрабіць, каб не сарвалася работа.
Канькоў жа рыхтаваўся да наступу на Балонне. I вось, нарэшце, сабралася праўленне калгаса. Прышлі не толькі члены праўлення, але многія калгаснікі, асабліва моладзь. Леў Раманавіч трымаў перад сабой вялікія лісты паперы, разлінаваныя ўдоўж і ўпоперак. Вучоны крыху хваляваўся. Канькоў, як заўсёды, быў спакойны. Нехта з брыгадзіраў, прывучаных ужо да дакладных разлікаў, перад тым, як слова атрымаў Леў Раманавіч, запытаўся:
— А разлікі складзены? Такая справа без іх не пойдзе.
— Разлікі будуць. Дасюль мы гаварылі наогул, захапілі людзей лічбамі росту іх дабрабыту ў выніку пераўтварэння паплавоў. Цяпер настаў час пагаварыць пра тое, што трэба зрабіць, каб дамагчыся, напрыклад, чатырох-пяці тысяч літраў малака ад кожнай каровы. Пагаварыць не наогул, а канкрэтна, з алоўкам у руках. Кожная справа, таварышы, маленькая ці вялікая, павінна быць спачатку вырашана на паперы. Гэта — першы закон эканомікі, на які, нажаль, часта не звяртаюць увагі. Такія пагардлівыя адносіны да разлікаў прыводзяць людзей да таго, што нярэдка вырашаюцца справы, за якія не варта было б брацца. Для практыка — лічбы адыгрываюць такую ролю, як компас для падарожніка. Няма іх — саб’ешся з курсу. Дарэчы, Даміра быў іменна такім чалавекам. Ішоў наўпрост, а дарогі ў двух кроках перад сабой не бачыў. Прывыкайце да лічбаў, таварышы, без іх цяпер у такрй буйнай гаспадарцы не абысціся.
— Лічба не дойная карова — малака не дасць, — сказаў Дзяжэвіч.
— Малака не дасць, вядома, але падкажа, што рабіць. Вось першая лічба, навукова абгрунтаваная. Яна, як той маяк у порце, свеціць і шлях указвае. Каб задаволіць людзей малаком і малочнымі прадуктамі, нам цяпер неабходна мець у сярэднім па Савецкаму Саюзу на кожныя сто гектараў зямлі — не менш дзесяці кароў.
— Дык гэта ж зусім мала, — здзівілася Ева.
— I зусім не мала.
Леў Раманавіч прыслухоўваўся да таго, як разважалі калгаснікі,
— Як бачыце, лічбы прыводзяць да павучальных разваг. У закружскім калгасе дзве тысячы шэсцьсот восемдзесят гектараў зямлі, а дойных кароў — сто дзевяноста восем. Няцяжка падлічыць, што ў вашым статку не хапаё яшчэ сямідзесяці кароў.
— Ды і тыя непаўнацэнныя, — падказала Ніна Шумейка. — Трыццаць чатыры перадойкі. Лепш казу карміць, чым такую карову.
— Вось-вось... — Леў Раманавіч на белым аркушы паперы напісаў лічбу «1». — Першая задача, якая стаіць перад вамі: папоўніць статак жывёлы.
На хвіліну ўсе змоўклі. Потым Канькоў запытаўся ў заатэхніка:
— Што вы, Вера Антонаўна, скажаце? Як мы будзем папаўняць грамадскі статак?
— Сёлета і ў першыя месяцы наступнага года статак дойных кароў папоўніцца за лік першага ацёлу.
— На многа?
— На сорак дзве галавы.
— Астатнія, таварышы, трэба купіць,— сказаў Леў Раманавіч.— Я раіў бы набыць кароў бура-латвійскай пароды. Крыху далікатная скаціна,затое малочная.
— А грошы дзе ўзяць? — не вытрымаў Даміра.
Следам зашумелі брыгадзіры:
— I так па вушы ў пазыках.
— Іх жа трэба аддаваць.
— Браць — лёгка, аддаваць — цяжка.
Леў Раманавіч спакойна адказаў:
— Пазыка на набыццё кароў патрэбная. Яна дапаможа вам узняць гаспадарку. Аднак вялікі статак можа з’явіцца тым грузам, які толькі пацягне вас на дно, калі вы не здолееце дамагчыся павышэння надояў малака. Я лічу, што ў наступным годзе вы павінны змагацца за дзве з паловай тысячы літраў малака ад кожнай каровы.
— Будзе корм такі, як сёлета, дык не разлічвайце на многае, — азвалася Ліда Раковіч.
- I не праўду ты, Ліда, кажаш. Калі сёлета па дзве тысячы надоім, дык налета па тры — не менш, — заспрачалася з Лідай Зіна Асташка.
Дзяўчаты пажартавалі: бач, як дзядзьку выручае. Леў Раманавіч супакоіў дзяўчат.