У паходзе за пакупкамі яны заўсёды спрачаліся. Дарога ў дальні ад ix дома магазін, «чалавечы», як называла яго Галіна Пракопаўна, ішла міма шыкоўнага прыватнага супермаркета. Але сама Галіна ніколі не заходзіла туды. Адно расстройства — ад таго, што там прадавалі i чаго яна не магла купіць: мала ў кішэні месцілася грошай. Можна, канечне, спусціць адразу дзве пенсіі, парадаваць страўнікі. А пасля? Лажыся i памірай? Але паміраць яшчэ рана. На лепшае жыццё спадзявання няма. Аднак, пакуль ёсць хлеб i кефір, — жыві. I радуйся. Унукам яшчэ трэба памагчы. У дачкі яны добра накормленыя. А сын... Ды ўнучка Ленка прыбягае з універсітэта, каб пасёрбаць бабулінай капусты. А бабуля ўмее «з тапара» згатаваць наварысты боршч ці суп.
Адам Фадзеевіч, наадварот, амаль ніколі не прамінаў супермаркет.
Жонка здзіўлялася:
— Што цябе цягне туды?
— Для мяне гэта наглядны падручнік. Па ім я вывучаю палітэканомію капіталізму. Як ён рос...
— I расце.
— Ты знаеш, рос ён інакш. У нетрах феадалізму. У нас ён расце не паводле Маркса.
— Як не паводле Маркса? Усюды капіталізм рос на разбоі. На прыгнёце. На войнах. Хіба Маркс не пісаў пра гэта?
— Ты маеш рацыю. Але ж наш хатні капіталізм адметны. Крымінальная сутнасць яго іншая.
— Махінацыі падменены разбоем?
— А ты акуратна чытаеш газеты?
— Я усё чытаю. Раней — адны раманы. А цяпер гісторыю i эканоміку.
— Чысты тэарэтык. A практыкі не знаеш.
— Усё я знаю. Пахадзіў бы ты столькі па магазінах... Не дзеля таго каб паглядзець, а каб накарміць сям'ю.
Так было i ў той дзень.
— Зойдзем?
— Што ты там не бачыў?
— У такую кармушку трэба часта заходзіць. Наглытаешся сліны — i сыты. Нешта ўнучцы купім.
— У кашальку амаль нічога не засталося.
Галіна Пракопаўна ведала, што мужа не пераканаеш: пойдзе. У яе таксама была пэўная цікавасць, але яна страшэнна не любіла здаваць поўную торбу, a ў ёй апроч хлеба, малака ляжаў качан капусты. I на гэтым хацела схітраваць.
— Ты заходзь, а я пайду, — ведала, што пасля аперацыі ён не дазваляе ёй насіць цяжар.
— Не, так мы не дамаўляліся. Або ты чакаеш мяне на вунь той скамейцы, або я пайду з торбай. Не плаціць жа за яе ахову. ,
— Ну што за чалавек! Як малое дзіця.
Убачыў яго каля каўбаснага аддзела. Свайго былога намесніка па аддзеле Савета Міністраў — Прытоку 1вана Піліпавіча, ён займаўся матэрыяльным забяспечваннем прамысловых будоўляў. Добры работнік быў, вельмі спрытны, штодня «трусіў» Дзяржплан. Але зрэдку даходзіла да вушэй начальніка аддзела, што нячысты на руку. Стрыжэўскі не верыў: «Што ў нас украдзеш? Станок? Гарэлка i масла — не наша сфера».
З каляскай, напоўненай пакупкамі, Іван спыніўся каля віннага аддзела, вітрына якога шмат каго вабіла.
Музей. Адмысловыя імпартныя пляшкі. Яшчэ больш адмысловыя этыкеткі, па якіх можна было чытаць геаграфію свету — па руінах палацаў, жанчынах з амфарамі накшталт старажытнагрэчаскіх, вінаградніках, размаляваных бочках. Так, тут ёсць што выбіраць! Які піток ён, Адам, — дэгустатар, але i ён неаднойчы падоўгу стаяў перад гэтай выставай, але толькі аднойчы купіў пляшку сваёй беларускай гарэлкі «Два буслы». Буслы гэтыя краналі ўспамінам пра маленства. Вось гэтак яны стаялі на хаце суседа Макара: той усцягнуў на хату кола. Адась прачынаўся — адразу ў акно: ці стаяць буслы? два? адзін? Калі адзін — трывожыўся: як адпусціла бусліха свайго бусла? Але вось ён прылятаў, яна задаволена клекатала. A калі з'явіліся маленькія жаўтаватыя яшчэ бусляняткі, клёкату стала больш. Клёкат гучаў на ўсю вёску, бо гнёзды былі не толькі на Макаравай хаце. A паехаў, да Чарнобыля яшчэ, наведаць родныя мясціны i вельмі засмуціўся: ніводнага гнязда. Толькі на балоце за рэчкай убачыў адзінокага бусла. Парадаваўся — жывы вястун чалавечай радасці, але i засмуціўся — так мала ix засталося, буслоў. Куды падзеліся? Быў i пасля Чарнобыля. Вёска адселена, ніводнага чалавека не засталося, двары, гароды зараслі быльнікам. Але на балоце хадзілі буслы. Не адчуваюць, не разумеюць птушкі, як небяспечна лавіць тутэйшых жаб, хоць хто ведае: можа, жабы не набіраюць радыяцыі?
З такімі думкамі ён купляў «Двух буслоў», з такімі развагамі піў перад Галяй па чарцы перад вячэрай. Смакаваў. I здавалася горкая салодкай ад успамінаў пра буслоў. Што тое віскі са старажытным шатландскім палацам! Адна гарката.
Прытока купіў пузатую бутэльку французскага каньяку i дзве пляшкі віна. Не помніў цаны, але ведаў, што віны такія ў недасягальнай для пенсіянера цане.
«Аднак жыве мой былы намеснік!»
Расказвалі, што Прытока — адзін з багатых камерсантаў-прадпрымальнікаў, мае магазін сантэхнічнага абсталявання, бензакалонкі i яшчэ нешта.
Стрыжэўскі не зайздросціў, але яго грызла думка: няўжо накраў Іван яшчэ тады, калі быў яго намеснікам?
— Пад маім кіраўніцтвам краў, — сказаў ён неяк жонцы са злосцю на самога сябе, у вогуле быў злосны на ўсё былое кіраўніцтва. Кралі, зладзюгі! У некаторых пытаў: «Што краў? Як?»
Крыўдзіліся. Галя ту зал а яго:
— Не крыўдзі людзей. Вітацца ніхто не будзе.
— Няхай не вітаюцца — чорт з імі!
Але ўрэшце астыў да іншых. Цікавіў Прытока: пад яго кіраўніцтвам працаваў i актыўны камуніст быў! I на табе! Французскія каньякі жлукціць, паразіт. У яго карцела спытаць: адкуль багацце? Але за тры гады ні разу не давялося сустрэцца з былым намеснікам тварам у твар. Недалёка жывуць адзін ад аднаго. А вось жа не сустракаюцца. Заходзіў у яго магазін. Але ж хіба сам гаспадар гандлюе? Вымуштраваныя на заходні манер хлопцы. Чамусьці настойліва раілі купіць шведскі унітаз. Ён жартаваў: «На кран грошай няма. Я ўжо як-небудзь на старым...»
I вось ён, дарагі намеснік яго, Іван Піліпавіч, аматар камандзіровак, сябра ўсіх дырэктараў машынабудаўнічых заводаў, што добра памагала ў працы аддзела.
У Стрыжэўскага ажно затахкала сэрца. Падыходзіць ці знікнуць у натоўпе пакупнікоў? Прытока стаіць да яго спінай, не бачыць. Як будзе паводзіць сябе пры сустрэчы? Як глядзець будзе? Як багаты на бедняка — з вышыні? Але ж я не пасаромеюся i паслаць... Паду маеш, фігура!
A калі сустрэне па-чалавечы — ёсць прычына пагутарыць з даўняй шчырасцю. Падышоў. Стаў плячо ў плячо. -
Іван павярнуў галаву i, здаецца, шчыра ўзрадаваўся:
— Ба! Karo я бачу! Ці ты гэта, Адам Фадзеевіч? Малайцом глядзішся. Паправіўся. А я, глядзі, схуднеў...
Сапраўды, Прытока схуднеў у параўнанні з тым, калі сядзеў побач у кабінеце.
— Ад такога харчу схуднеў? — з саркастычнай усмешкай кінуў Стрыжэўскі на каляску. Прытока нават сумеўся трохі.
— Жонка імянінніца...
— А-а, — паверыў Адам у прычыну багатых пакупак. — Перадавай Яўгеніі Васільеўне... не забыўся я імя? маё віншаванне. Узрост не пытаю. Жонкі нашы заўсёды маладыя, хоць даўно бабулі.
— A схуднеў я, Адам Фадзеевіч, ад клопатаў. Людзі, далёкія ад рынку, думаюць, што жыццё прадпрымальніка — ляжы на запечку i разяўляй рот: піражкі ўпадуць, як таму герою Гогаля. Як яго? Пацюк? Ты так не думает?
— Я? — думаў ён горш, але сказаць — ускладніць адносіны. — Я пра людзей не думаю. Кожнаму сваё. Я пра сістэму думаю. Можаш пасмяяцца, але я па-ранейшаму перакананы, што будучыня ўнукаў нашых — у сацыялізме. Сацыялізм — у вучэнні Хрыста.
— У Бога паверыў?
— Не ведаю, ці паверыў. Але Біблію прачытаў. I тры тамы «Энцыклапедыі хрысціянства» праштудзіраваў. I, здаецца, паразумнеў трохі. Неўміручая філасофія!
— Значыцца, жывеш кнігамі? — адкаціўшы каляску да касы, спытаў Прытока, але не даехаў — спыніўся. — Але духам святым жывы не будзеш. Да яго трэба каўбаса. Пенсію тваю знаю. Сам такую атрымліваю...
— I за пенсію трымаеш магазін? — у Адама Фадзеевіча злосць стэнакардычным болем сціснула грудзіну.
Але загадаў сабе: «Не сарвацца. Не ўмею гаварыць з «новымі».
— Магазін корміць мяне. Не скарджуся. Маю за што каньяк купіць. Ты нідзе не падрабляеш?
— А дзе? Не трэба такія тэхнары. Нямецкіх хапае.
— Не вельмі ж ты жывеш на адной пенсіі.
— Жонка працуе яшчэ. Машыністкай на радыё.
— А вось я забыўся імя тваёй жонкі. Сорамна.
— Галіна Пракопаўна.
— Проста. Але чым прасцей, тым горш трымаецца ў памяці.
У касе Прытока разлічваўся доўга — шмат пакупак. Стрыжэўскі без торбы, з пустымі кішэнямі прайшоў без затрымкі, але перад выхадам спыніўся: чакаў былога калегу, каб развітацца. Той нагрузіў дзве ёмістыя торбы.
— Паднесці?
— Паднясі да машыны.
— Ты сам за рулём?
— Сам.
Да пляцоўкі, дзе стаялі машыны, было недалёка.
На паўдарозе Прытока спыніўся, пільна агледзеў даволі яшчэ дзябёлую постаць «пралетарыя», пасміхнуўся нейкай сваёй думцы.
— А знаеш што, Адам Фадзеевіч, ідзі да мяне на працу.
У Стрыжэўскага неяк дзіўна ўзляцелі на лоб кашлатыя сівыя бровы. Хвіліну маўчаў.
— Кім?
— Запраўшчыкам не пойдзеш?
— Не пайду!
— Забеспячэнцам... не тыя сілы. Паездак шмат. Адкінь свой гонар i ідзі... вартаўніком.
— Вартаўніком?
— Не магазін вартаваць. Не калонку. Дачу.
— У цябе такая дача, што патрэбны пастаянны вартаўнік?
— У наш час усё трэба вартаваць. Падумай. Плачу, як нікому, за такое дзяжурства сто долараў. Грошы ў наш час! Вось табе мая візітоўка. Хатняга тэлефона тут няма. I дачнага. Офіс. Але я там падоўгу не заседжваюся. Звані настойліва, калі надумаеш. Але не цягні. Пакуль што там дзеці жывуць. Але збіраюцца ў Грэцыю на адпачынак.
Паставіў торбу, працягнуў руку, паціснуў хораша, па-сяброўску, значна цяплей, чым пры сустрэчы. Не сумняваўся, што купіў работніка.
Адам Фадзеевіч, ашаломлены, стаяў i глядзеў Прытоку ўслед, пакуль ён не знік за таніраванымі шыбамі «аўдзі».
Не пачуў, як падышла жонка.
— Пацешыў душу?
— Не. Не пацешыў. Не ўдалося прайсці па аддзелах. Знаёмага сустрэў.
— Гэта той, што пайшоў з важкімі торбамі да машыны?
— Да « аўдзі».
— Я ў ix не разбіраюся.
— Не пазнала — хто?
— Нехта знаёмы, a ўспомніць не магу.
— Прытока.
— Той? Твой?
— Мой! Цяпер невядома, ён — мой, ці я — яго.
— Чым ты ад яго можаш залежаць?
— Ён прапанаваў мне працу.
— У камерцыю не пойдзеш. Ненавіджу.
— Ідэйная,аднак,ты.
— Ад цябе вучылася. Якую працу Прытока прапанаваў?
— Ніколі не адгадаеш. Пералічыш сто пасад...
— Ён мог прапанаваць тое, што прынізіць цябе. 1ншага зажэрны магнат не мог прапанаваць свайму былому начальніку. Во я, а во — ты, смецце за мной падмятай.
— Праца вартаўніка можа прынізіць?
— Вартаўніка? — Галіна Пракопаўна ажно адхіснулася.
— Дачы. Катэджа.
— О Божа! Дажылі!
— А чым дрэнная праца для пенсіянера? На прыродзе. Дзень cni. Уначы... думаю, са стрэльбай хадзіць не трэба. Сумна, канечне. Для маёй калектыўнай натуры. Але прыварак добры: сто долараў паабяцаў. Больш чым стаўка міністра. Валяюцца яны пад нагамі? У нас з табой ніводнага долара. А за Юркаву вучобу трэба шэсцьсот заплаціць. Насця не выцягне.
Галіна спынілася, вочы набрынялі слязамі.
— Адась, родны мой, не ідзі. Не прыніжайся. Няхай згарыць яго дача агнём.
Дарогаю дадому ўгаворвалі адно аднаго: Галіна ледзьве не са слязамі, ведаючы мужаву ўпартасць. Адам Фадзеевіч без знаёмай ёй катэгарычнасці, нібыта з гумарам, але яна адчувала: гумар невясёлы, хістаецца чалавек.
Дома Галіна сказала:
— Давай падключым дзяцей. Правядзём сямейную раду.
Стрыжэўскаму спадабалася ідэя: ёсць прычына сабрацца. Дачкі ён не бачыў месяцы тры: Насця апантана працуе ў праектным інстытуце, а жыве далека, ажно ў Серабранцы. Сына Хведара таксама бачыць хіба позна ўвечары, калі той спакушае i яго паглядзець чарговы бяздарны баявік, ці раніцою — разам голяцца, снедаюць. Пенсіянеру няма куды спяшацца, але ён не парушае хатні рэжым, не прымушае Галю гатаваць два снеданні. Хоць усё роўна абед прыходзіцца падаваць двойчы ды i вячэру нярэдка таксама: маці вельмі сачыла, каб сын быў заўсёды накормлены свежай хатняй стравай, не буфетнай.
Хведар не затрымаўся. Насця прыехала з мужам — маўклівым аўтамеханікам, разгаварыць якога ўмелі толькі жонка i цешча.
Шматслоўны Адам Фадзеевіч i скардзіўся, i абураўся, i смяяўся, што зяць за дзве гадзіны святочнага абеду ў гонар жонкі-імянінніцы ці сказаў два дзесяткі слоў. Апраўдвала яго хіба адно: глупства ніколі не гаварыў, словы ўзважваў, як на лабараторных вагах.
Размову па сутнасці пачалі за сталом у час вячэры. Хведар прымусіў:
— Давай, бацька, пачынай «савет у Філях». Здамо Маскву французам?
— Ен хоча здаць, — сумна сказала Галіна Пракопаўна.
— Дык, можа, у бацькі розум Кутузава? — сказала Насця, выклікаўшы добры смяшок.
— Ты заўсёды будзеш за бацьку, — быццам нават пакрыўджана ўпікнула дачку маці.
— Мама, я нічога яшчэ не ведаю.
— Не цягні, стары, вала за хвост.
Адам Фадзеевіч не без гумару расказаў пра сустрэчу з Прытокам i яго нечаканую прапанову. Змоўк, агледзеў дзяцей: што ў каго адбілася на тварах? Асаблівага нічога. Толькі Насця сцялася, як ад болю.
— Дык у чым праблема? — спытаў Валянцін.
— Маці катэгарычна супраць: гэта прынізіць мяне — вартаваць дачу былога падначаленага! Так, Галка, я перадаю твой пратэст?
— Так.
— Я таксама супраць, — сказала Насця.
— I ты, Брут? — не без расчаравання пажартаваў Адам. — На цябе я спадзяваўся.
— Не трэба прыніжацца, тата, перад такім хапугам.
— Не злоўлены — не дакажаш, што злодзей. Хоць для мяне ўсе Прытокі — загадка. Сапраўды, адкуль грошы?
— Няхай следчыя разбіраюцца. А нам што? — сказаў Валянцін. — Я таксама шукаю, у якую б фірму перайсці з гэтага гаража, каб атрымаць чалавечую зарплату. Колькі вам туз дае?
— Сто зялёных.
— Вартаваць — i больш нічога?
— На словах — так.
— Можна ісці. Гонар не ўкусіш. А ён кусаецца, наш гонар, нас жа i хапае за сцёгны.
Аднак разгаварыўся маўчун!
— Можна ісці, — сказаў Хведар. — Успомніш маладосць: вершы будзеш пісаць. Пісаў жа.
— Пісаў. Толькі ніхто ix не чытаў.
Жанчыны засталіся ў меншасці. Дэмакратыя. Галіна ўзлавалася:
— Ну, ідзі, сцеражы крадзенае дабро! Беспрынцыповы ты чалавек, Адам.
— Страціў я свае прынцыпы, — сумна згадзіўся Стрыжэўскі. У Насці ажно слёзы бліснулі ў вачах: так шкада ёй стала бацькі.
На дачу ехалі ў мікрааўтобусе «форд». Прытока паказваў сваю ўласнасць, хацеў, каб Стрыжэўскі пазайздросціў. Але Адам не выяўляў ніякай зайздрасці, бо яе не было. Яго хвалявала адно — уступленне ў высокую пасаду вартаўніка. З імі ехала Прытокава жонка — Яўгенія Васільеўна. Стрыжэўскі ведаў яе з часоў сумеснай службы з яе мужам: разоў колькі былі ў гасцях адзін у аднаго, часцей у Прытокі, ён любіў зборы. Стрыжэўскі не любіў ды i субардынацыі трымаўся: няма чаго запрашаць падначаленых! З імі ехаў яшчэ адзін чалавек, падобны да пратэстанцкага пастыра — кашуля чорная са стаячым каўнерыкам i капялюш чорны, адмысловы — з шырокімі палямі.
Прытока не пазнаёміў ix. Незнаемы сам адрэкамендаваўся:
— Архітэктар Курмеш Алег Іванавіч.
Адам злосна падумаў: лічыць, што раба рабу няма чаго адрэкамендоўваць.
Курмеш не з гаваркіх. Ды i гаспадар быў сёння нешматслоўны. Гаварыла Яўтенія — пра тое, што можна было пачуць у кампаніі жанчын пенсійнага ўзросту, — пра рынак, магазіны, цэны. Стрыжэўскаму падабалася прастата жанчыны, яна адганяла яго змрочныя думкі, ён любіў такіх непасрэдных красамоўных людзей.
Дачны пасёлак, у які Адам Фадзеевіч не наведваўся гады тры, уразіў новым выглядам. На месцы саракагадовых пачарнелых дач вырасталі катэджы, гаспадары якіх спаборнічалі ў адмысловасці архітэктуры i аб'ёмах будоўляў. Старыя дачы куплялі ў збяднелых уладальнікаў. Такіх дачных пасёлкаў тры ў ваколіцах сталіцы. Участкі — пятнаццаць сотак, электрычнасць, вада, нават газ падведзены. Што яшчэ патрэбна? Спыніліся на другім краі пасёлка, каля самага, бадай, вялікага катэджа. Палац! Нават вежа, як у старажытных палацах. Навошта? Тут Стрыжэўскі адчуў сябе не наймітам у былога падначаленага, не, больш нізкай i залежнай істотай, ледзьве не рабом, — упершыню прыйшло гэтае цяжкае, як валун, слова. Яго нават Галіна не прамовіла ні разу. Работнік называла, але работнікі ўсе мы былі i будзем — у дзяржавы, камерсанта, феадала, капіталіста, у Бога, д'ябла. Дзён колькі таму, будучы свабодным, ён, напэўна, пажартаваў бы з вежы.
— Ну вось i мая «хижина дяди Тома».
Архітэктар засмяяўся. Гаспадыня чамусьці пазмрачнела. Адам Фадзеевіч выскачыў i, засланіўшы далонню зыркае ліпеньскае сонца, найперш паглядзеў на вежу. З гумарам падумаў: «Можа, вежа — гняздо для вартаўніка». Але i гэты жарт не сказаў, бо бачыў, як пільна сочыць за ім гаспадар. Чакае рэакцыі. Не дачакаецца! Агледзеў дом. Архітэктура не ўразіла, акрамя вежы i арачных вокнаў другога паверха. Уразіў плот — цагляны, у два метры вышынёй i з працягам у лес. Хто дазволіў расшырыць участак? Грошы. Грошы ўсё могуць расшыраць.
Збоку ад жалезных варот — цагляны будан.
«Во гэта для вартаўніка, — падумаў Стрыжэўскі. — Мая сабачая будка. Што ж, не горшы варыянт для прытулку».
За варотамі груба гаўкаў ваўкадаў.
Прытока адчыніў калітку — сабака радасна заскуголіў. Гаспадар узяў вартаўніка пад руку i разам з ім наблізіўся да сабакі.
— Знаемся, Бокс, гэта твой кармілец. Сябруйце. Дома сабакі не маеш?
— Шмат клопату. I харчу.
— Не скажы! Але многа i пацехі.
— А я яго баюся і, калі прыязджаю, прашу Івана ўзяць на ланцуг, — сказала Яўгенія.
— Івана на ланцуг? — рагатнуў Прытока.
— Івана я не баюся, ён рахманы.
— Пашчасціла табе, што муж рахманы.
— Рахманы, але спрытны, — сказаў Адам Фадзеевіч. — Як то кажуць? Павароцісты.
— Спалучэнне — што трэба. Дзякуй за высокую ацэнку. Але хадзем пакажу, што табе вартаваць.
Увайшлі ў дом.
Пярэдняя, можа, цеснаватая. Але пакоі ўражвалі прасторнасцю, святлом, паркетам, шпалерамі, яўна зробленымі на заказ. Найбольш падабаўся другі паверх: у меншых, з ніжэйшай столлю пакоях, абабітых вагонкай, была асаблівая ўтульнасць i цеплыня, пахла сасной. A ў пакоі, дзе стаяў більярдны стол, пахла нявыветраным тытунём i каньяком.
Адам прыкінуўся не работнікам — калегам, сябрам.
— Іван, навошта табе столькі пакояў?
У Прытокі пахаладзелі вочы, без усмешкі звярнуўся да архітэктара:
— Курмеш! Навошта ты накурмешыў столькі пакояў?
Архітэктар засмяяўся:
— Такі заказ.
— Сацыяльны? — іранічна спытаў Стрыжэўскі.
— Не ўцягвай мяне ў палітыку. У маім становішчы меншая хата непрэстыжная.
«Аднак, — падумаў будучы вартаўнік. — Высока ён ставіць свой прэстыж».
З балкона другога паверха Прытока паказаў на другі дом у глыбіні ўчастка пад соснамі — на адхопленай тэрыторыі. Дом быў незвычайны. Першы паверх — два боксы гаража. A другі — з маленькімі вокнамі.
— А гэта што? — спытаў Стрыжэўскі.
— Здароўе.
— Што?
— Якія мы дапатопныя! Такі зубр, як Стрыжэўскі, не можа здагадацца аб функцыі гэтага збудавання. За гаражамі — сауна. Там жа — басейн. Яго яшчэ будуюць.
Сапраўды, з будынка, калі прыехалі, выглянулі тры рабочыя ў спецвопратцы.
Спусціліся, паглядзелі «здароўе». Сауна была гатова, у ёй «грэліся», бо з дзвярэй парыльні патыхнула распаранай бярозай.
Басейн авальнай формы рабочыя выкладалі блакітнай пліткай з узорамі казачных рыбак. Выключная плітка. Адам ніколі не бачыў такой, нават цяпер, у імпартны час.
— Плітка з твайго магазіна?
Не адказаў гаспадар, сказаў пра іншае:
— Тры дні назад укралі плітку i латунныя краны. I Бокса не пабаяліся, зладзюганы. Таму i бяру вартаўніка. Свайго. Тут ёсць, але адзін на ўвесь пасёлак. Ды хіба той угледзіць! I адказнасць яго ўмоўная, не спытаеш.
— Дык я буду ў адказе за кожны кран? У прарабы я не пайду, каб сачыць за рабочымі.
— Спалохаўся? Не бойся. Прарабам, каб ты i хацеў, цябе не ўзяў бы. Мы ўмелі кіраваць, але не ўмелі працаваць. За будоўлю адказвае Курмеш.
У Адама Фадзеевіча расла раздражнёнасць супраць гаспадара i яго багацця. Хацелася паслаць Прытоку... Але сто долараў утаймоўвалі ўсе адмоўныя эмоцыі. 3-за гэтага было горка, крыўдна.
— Накармі Бокса, каб ён прывык да цябе. Там яму прывезлі сабачы харч, рэкламны.
Гэта было ўжо занадта: загад карміць сабаку. Сам пасля здзіўляўся, як не сарваўся. Падумаў: «Пры чым тут сабака? Ён будзе маім памочнікам, i з ім, сапраўды, трэба ўстанавіць прыязныя адносіны». Узяў у гаспадыні кулёк, смела падышоў да будкі, насыпаў у вялікую цынкавую талерку знаёмых па рэкламе шарыкаў.
Бокс хапіў адзін, другі, захрустаў i падняў на таго, хто даў харч, вочы, як бы запамінаючы яго, i ў жоўтых вачах яго свяцілася ўдзячнасць.
— Ёсць стыкоўка! — весела гукнуў Прытока. — Лiчы — паразумеліся. Хто корміць, таго хутка разумеюць. I звяры, і людзі.
Зноў, што ўдар пад дыхавіцу. I зноў прыйшлося зматаць у клубок распушчаныя ніткі сваіх нерваў.
— Можа, па чарцы вып'еце? — спыталася наіўная Яўгенія. — Столькі працавалі разам.
Іван Піліпавіч кінуў на жонку жорсткі пагляд: не лезь, куды не просядь.
I гэта таксама крутнула, але па-іншаму — больш у бок добрай душы Яўгеніі.
«Пайшлі вы са сваёй выпіўкай».
— Вып'ем. Але не сёння. Сёння мне яшчэ ехаць у Бабруйск. Вось табе ключы. Ад каліткі, ад варот, ад сауны. Але сам не ўключай электранагравальнік. Я цябе навучу. Ад гаража...
— Ад дома?
— Ад дома табе не патрэбны.
— Не давяраеш? — пасміхнуўся Адам Фадзеевіч ужо без злосці.
— Каб не давяраў, то не запрасіў бы. Ну, шчасліва служыць. Я заўтра буду.
— Я хацеў бы з'ездзіць у горад. Зубную шчотку ўзяць.
— Эх, салдат! Ехаў на службу i анучы забыўся.
— Я да вечара вярнуся, — пайшоў, пагладзіў сабаку. — Чакай, Бокс. Я цябе не падвяду.
— Правільна! — рагатнуў Прытока. — Падвесці можна гаспадара, а не яго сабаку.
У машыне чамусьці працяглы час маўчалі. Усе. Нават гаварлівая гаспадыня. Урэшце Іван спытаў:
— Чаму маўчыш, Адам Фадзеевіч?
— Думаю.
— Пра што?
— Хіба няма пра што падумаць?
— Ёсць, канечне. Думай, думай. Гэта добра, калі думаецца. Чалавек актыўна жыве. I нешта можа прыдумаць.
Выскачыўшы з мікрааўтобуса, Адам Фадзеевіч, не азіраючыся, махнуў рукой: бывайце. A ўголас сказаў:
— Апошні раз я цябе бачу, дабрадзей! На халеру мне твой палац!
Але пахадзіў па двары, павітаўся з пенсіянерамі, з якімі праводзіў час. Сумуюць людзі без працы! А ёсць жа яшчэ здаровыя мужчыны. Намацаў у кішэні ключы на бірульцы, дастаў, пакруціў у руцэ i раптам вырашыў бадай з радасцю за тое, што воля ёсць.
— Не! Паеду! Паспытаю i такога хлеба!
Канапка была жорсткая, зробленая, як знарок, каб вартаўнік моцна не спаў. Да таго ж кароткая — ногі ўпіраліся ў сцяну. Павернешся — калені вісяць.
Адаму сапраўды не спалася. Першыя ночы гэтая «сабачая будка» так не абражала: натуральнае месца вартаўніка. A ў тую ноч у галаве грымела, як на небе. Набліжалася навальніца. Бліскала, грымела. Ад страху, пэўна, скуголіў у сваёй будцы Бокс.
Чалавек-вартаўнік таксама па-свойму скуголіў: стагнаў, уздыхаў, мацюкаўся, чаго амаль ніколі не рабіў. На гэтай усходцы, на якой апынуўся за сотню зялёных, выяўляць свае пачуцці дазволіў сабе адпаведна становішчу. Яго абурэнне супраць Прытокі, якое за тыдзень службы як бы сцішылася, набліжалася з хуткасцю i магутнасцю блізкай навальніцы. Тыя дні спакойна спаў, відаць, таму, што начавалі гаспадары: сам Прытока, Яўгенія, ix дачка Раіса з мужам i малымі дзецьмі. Учора маладыя паехалі ажно ў Грэцыю. Гэта было адзінае, чаму Адам пазайздросціў. «Пражыў жыццё, даслужыўся ажно да халуя, а мала куды з'ездзіў, мала што пабачыў, — але тут жа ўпікнуў сябе: — Не грашы, Адась, па Саюзе паездзіў, ва ўсіх рэспубліках не адзін раз быў. A хіба ў нас, у той жа Грузіі, Арменіі, менш экзотику чым у Грэцыі ці Іспаніі? I гісторыі не менш. Толькі ведаць яе трэба. Мы не ведалі. Цяпер, разваліўшы Саюз, пачалі цікавіцца, хто яны такія — чэчэнцы, напрыклад. Толькі чым захапіцца ў той жа Арменіі? Усе збяднелі — вінаградныя i тундравыя. Дзякуй Богу, мы без нафты i ўрану не бядней за іншых. Трымаемся. На чым? Апускаемся i мы, ідзём у батракі да Прытокаў».
Навальнічная ноч, маланкі як бы распалілі яго злосць на Прытоку. Менавіта ў гэтую ноч яго абурэнне дасягнула апагея. I ўласнае прыніжэнне яго прычыніла сардэчны боль. Боль гэты знаёмы, ён упершыню з'явіўся, калі загадчык аддзела пакідаў кабінет у Саўміне, не разумеючы, што здарылася ў краіне, магутнай, узброенай атамнымі бомбамі. Да каго пераходзіць улада? Праўда, у нас не глушылі абухом па галаве, ва ўладзе застаўся той жа добры Кебіч. Але ад старых, без дасягнення пенсіі, пазбаўляліся. У імя чаго? Дзеля каго?
Добра, што i прытокі пакідалі высокія паверхі. Але выявілася, што прытокі адыходзілі не з пустымі рукамі.
«Дзе накраў? Пад маім кіраўніцтвам!»
I гэта выклікала асаблівы гнеў. З такога пачуцця ў многіх людзей узнікае бунт. Хацелася гукнуць у навальнічную ноч:
— Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!
Каму гукнуць? Адкуль? З сабачай будкі? I хто ты такі? Вартаўнік украдзенага ў гэтых хлопчыкаў дабра?
Хіба ў такую ноч з такімі думкамі заснеш? Падняўся. Вобмацкам не знайшоў аднаго чаравіка. Уключыў святло. Дзіўна яно падзейнічала: асвятліла навальнічныя эмоцыі і... патушыла ix. Выходзіць, страсці палалі ў цемры пад успышкі бліскавіцы i грымоты. Катаецца Ілья на свяшчэннай калясніцы.
Вылез з будкі: Бокс радасна завішчаў, пэўна, яго палохала навальніца. Глянуў угору i ўбачыў, як дзівосна свеціцца «касмічная антэна» — пералівамі святла — белага i блакітнага.
Любуючыся антэнай, на нейкі момант забыўся, каму належаць тэлевізары. Некалі ён курыраваў тэлевізійны завод i трымаў у свядомасці катэгорыі народнай уласнасці. Тэлевізары, ix два ў доме — карэйскі, «Самсунг», — i ўсё ж...
Мацюкнуў гаспадара.
— Чаму ты баішся даць ключ ад дома? Што там у цябе, што я мог бы з'есці? Паглядзеў бы тэлевізар у ранні вечар. A ў такую навальніцу ix варта адключыць i ад электраэнергіі, i ад антэны.
Схамянуўся. Вылаяў сябе.
— Аднак у цябе нараджаецца халуйская псіхалогія. Ды няхай яны згараць гэтыя «самсунгі». Будзе ведаць бос, як не давяраць. Добры гасладар мог бы i пакойчык адвесці з ложкам, дзе можна было б па-чалавечы адпачыць. Уначы не спіш — няма на чым, удзень — машыны i бульдозеры гудуць побач...
Чаго захацеў. Якой увагі. Гэта табе не прафсаюз! Хочаш зарплату, якую мае цяперашні загадчык аддзела, — не так многа нашых родненькіх з балярынамі, сядзі ў сваім боксе разам з Боксам. Бяздарнае імя дал i добраму сабаку. Скажы дзякуй, што цябе не прывязваюць на ланцуг. Бокса — на дзень, цябе — на ноч каля плота ад лесу. Прыйдзе час — прывяжуць. Няхай «новыя» набяруць сілу i возьмуць уладу. Яны пакажуць нам дэмакратыю — у вачах пацямнее.
Бліснула над галавой, не праракатаў — ляснуў гром каротка i моцна, ажно па вушах ударыла. Упалі буйныя кроплі дажджу.
— Хавайся, Адась, ад прыроднай стыхіі. Ад сацыяльнай не схаваешся. Яна ўжо цябе паставіла на калені, сагнула.
Калі Стрыжэўскі заетупіў на варту, на дачы жыла дачка Прытокі з двума дзецьмі, хлопчыкам i дзяўчынкай, а на ноч прыязджаў сам гаспадар — часам адзін, іншы раз з жонкай. Гаспадар асаблівых інструкцый не даваў, асаблівай пільнасці не патрабаваў: спіш у сваёй будцы — cni. А потым сам некуды мусіў ехаць — рабіць бізнес. Тады сказаў вартаўніку:
— Галоўны твой аб'ект на гэтыя тры ночы — дзеці. За ix адказваеш галавой.
Баяўся багаты нападу. Адам хацеў сказаць: «Дзяцей сцерагчы я не наймаўся». Але стрымаўся: дзеці ёсць дзеці, ix заўсёды i ўсюды трэба сцерагчы, сваіх i чужых.
З Раісай жыццё было шыкоўнае: яна вартаўніка карміла тым, што ела сама i дзеці, а гэты харч, які ён еў у тыя даўнія часы, калі займаў пост, роўны міністру, з'яўляўся хіба на святочным яго стале. Не жыццё — маліна. Галіна спытала неяк па тэлефоне:
— Можа, табе ежы прывезці?
— Ды ты што! Мяне тут закормліваюць заморскімі прысмакамі. Жыву, як кот!
Раіса паехала купацца ў Міжземным моры. I на другі дзень гаспадар не прывёз яму нават хлеба. I на вячэру не запрасіў. Увогуле паводзіў сябе васалам. З машыны не вылез адчыніць вароты, сігналіў сярдзіта: адчыняй! Адам не адразу нават здагадаўся, што гэта ён; ці мала ў пасёлку машын! Па тры ў некаторых. Дзіўна, што ў Прытокі толькі дзве — «аўдзі» i «форд», мікрааўтобус; ездзіў Іван Піліпавіч на «аўдзі», сыну Вадзіму машыну не давяраў ні малую, ні вялікую. Стараста пасёлка Самарын Васіль сказаў па сакрэце, што ў Вадзіма, у п'янага, ДАІ забрала правы. Бацька пэўна вырашыў не выкупляць ix дзеля сынавай бяспекі. Разумна.
Дачка паехала, i бацька абвясціў, што едзе за мяжу.
— Адпачываць, Іван Піліпавіч?
— Які адпачынак. Рабіць справу. Я не адпачываў ужо гадоў восем, забыўся, што гэта такое — адпачынак. У гэтым сакрэт усяго, што я нажыў, чаму зайздросцяць людзі. Зайздросціш?
— Павер, што не. Няма ў мяне тваёй жылкі. I добра, што няма. Спакайней жыць. А так пагнаўся б за табой i, не дагнаўшы, спляжыўся б... Надарваў бы сэрца.
Прытока засмяяўся.
— Цяпер ты разумееш, як ён рос, капіталізм, які Маркс i Ленін хацелі знішчыць. Тонкая кішка. Прыватнаўласніцкія гены самыя жывучыя. I множацца яны па меры росту ўласнасці.
— Ісус выступаў супраць уласнасці. Помніш у Новым Запавеце? Ад Мацвея ці ад Лукі...
— Гэта толькі пацвярджае маю думку. Калі i вучэнне Хрыста за дзве тысячы гадоў не перарабіла прыроду чалавека...
Між іншым, гэта была, бадай, апошняя палітычная спрэчка. Больш Прытока не лічыў патрэбным спрачацца з вартаўніком — батраком сваім...
— Кал i я сігналю, адчыняй вароты.
«Які пан», — падумаў, a ўголас адказаў:
— Слухаюся, Іван Піліпавіч.
I пасля такога лакейскага адказу сам на сябе плюнуў: «Адам! Не прыніжайся!»
Толькі паставіўшы машыну ў гараж i ідучы ў дом, Прытока павітаўся ca сваім былым начальнікам: падаў руку, але не ўсю далонь, з поціскам, як звычайна вітаюцца людзі, a толькі два пальцы, бо на мезенцы віселі ключы ад машыны. Ведаў Адам Фадзеевіч гэтую хамскую манеру: быў у ix адзін намеснік старшыні, які так вітаўся з падначаленымі. Гэта ўсіх абурала. I ён нядоўга кіраваў; з'яднаўшыся, i ніжэйшыя могуць зваліць «высокага». Пры той, партыйнай дэмакратыі. Прытоку не зваліш, бо i аб'яднацца няма з кім.
Харчу Прытока зноў не прывёз, хоць вартаўнік прасіў прывезці хлеб, грошы прапаноўваў, ад чаго багач грэбліва скрывіўся. Але, будзе такі туз купляць хлеб для вартаўніка!
Прыйшлося ісці да суседа — старасты пасёлка —г пазычаць хлеб. Той пачаставаў, даўно запрашаў, ды Адам Фадзеевіч адмаўляўся, хоць пасля папракаў сябе: выходзіць, баіцца гаспадара. Ганьба!
На гэты раз выпіў — на злосць гаспадару. I позна ўвечары сутыкнуўся з Прытокам: пайшоў у лазню набраць вады, а туз стаяў голы, выціраўся ручніком, толькі што пакупаўся ў басейне ў непадагрэтай вадзе.
— Вытры мне спіну, Адам, чалавек першы.
У звычайнай лазні чаму не выцерці нават чужому. А тут... Што гэта — чарговы прыём прыніжэння? Завагаўся.
— Добра натры. Каб гарэла.
— Спаць не будзеш.
— Буду. Слухай, даўно хацеў сказаць: на людзях звяртайся да мяне на «вы». Госці мае не зразумелі, прыйшлоея тлумачыць. Смяяліся, як мы памяняліся ролямі.
— «Вы» дык «вы», мой дабрадзею. Давайце ручнік. Цёр — як толькі скуру не здзёр. Пад лёгкім жа «парам» быў. I пар гэты гаспадар пачуў.
— Адам Фадзеевіч, прабач, але я мушу... Яшчэ раз пачую такі дух ад цябе — размова ў нас будзе кароткая.
— У Самарына быў — ён чарку наліў, — i вылаяў сябе: «Перад кім я апраўдваюся?»
— У Самарына ці ў Куйбышава — не мае значэння. Ты на службе. Па начах не спіце! Можаце ўдзень адсыпацца...
Цэлы вечар пляваўся, што цёр нахабніку-злодзею задніцу.
«Яшчэ адно такое ўніжэнне — i будзь здароў, Іван Піліпаў. Згары ты разам ca сваім палацам!»
Раніцою, калі Прытока паехаў (тэлефон у будцы быў паралельны, але падключаны так, што ён размовы з палаца не чуў: адключаўся апарат у будцы, а яго, трэба думаць, слухалі), пазваніў Галіне:
— Хлеба мне прывязі.
— Што? Не корміць карміцель-паіцель? — нявесела засмяялася жонка.
— Таўсцею вельмі ад ix ежы.
— Дык, каб не таўсцеў, да хлеба трэба яшчэ нешта?
— Трэба.
— Так бы i казаў ад разу.
Прытока паехаў за мяжу, i ў той жа дзень пад вечар з'явіўся яго сын Вадзім з дзяўчынай. Пазнаёміў:
— Мая нявеста Валя. Праўда, я маю густ?
Валя зачырванелася, шчыра засаромелася.
— Калі ласка, Вадзім.
— А я не цябе хвалю. Я сябе хвалю, што з тысяч дзяўчат, якія шлындаюць па Мінску, выбраў цябе. Ганарыся!
Адаму Фадзеевічу дзяўчына спадабалася. Не з тых, што шлындаюць, як сказаў шматвопытны жаніх. Ён паважаў маладых людзей, не сапсаваных яшчэ амерыканскімі фільмамі — такімі, што вусцішна ix глядзець з уласнай жонкай.
Валя запрасіла вартаўніка на вячэру. Можа, таму, што адрэкамендоўваючы яе, Вадзім сказаў:
— Адам Фадзеевіч, былы міністр. Цяпер пенсіянер, адпаведна свайму званню знайшоў службу.
— Мяне знайшлі. Твой бацька. У мінулым — намеснік мой.
Вадзім сказаў нявесце:
— Вучы сацыялогію на асобах пераходнага часу. Валя — аспірантка i піша дысертацыю па сацыялогіі. Як яе называеш? «Асоба ў перыяд пераходнай эканомікі». Так?
— Інтэлігенцыя ў гэты перыяд, у пераходны.
— Сур'ёзная тэма.
I ўжо за сталом Стрыжэўскі спытаў:
— I як вы ацэньваеце яе — інтэлігенцыю?
— Па-рознаму. A хіба яна не розная? Навуковая, мастацкая i тая, што пайшла ў камерцыю. Мяне цікавіць апошняя. Матывы разрыву з былымі прафесіямі. I куды яна ідзе?
— У капіталізм.
— Не так проста. Калі прыняць такі тэзіс, тады няма чаго даказваць, няма чаго вывучаць. Я капаю глыбей. Як яна разлагаецца.
З галавой дзяўчына. Але чамусьці спрачацца з ёй не хацелася, можа, баяўся, што аспірантка загоніць яго ў кут.
Прапанавалі каньяк. Стрыжэўскі адмовіўся. Ці не дзейнічала папярэджанне старога Пратокі? Не! Пляваў ён на яго папярэджанне. Аднак сказаў:
— Мне вартаваць.
— Іван Піліпавіч баіцца, што ўкрадуць катэдж?
— Не катэдж, а нас з табой. А раней — Раю з дзецьмі. Палезе які дурань — напалохае.
— I вы цэлую ноч не спіце?
— Сплю. Але чуйна. У мяне ж ёсць памочнік — Бокс. Загаўкае — я на нагах.
— I што вы рабілі б, каб хто палез?
— У мяне ёсць стрэльба, я паляўнічы... зараджаная соллю.
— Чым?
— Вось ёю, — паказаў на сальніцу, — толькі буйнейшай. Некалі ў юнацтве я пакаштаваў солі, прабачце, мяккім месцам... за яблыкамі лез да суседа. Да гэтага часу помню. Успомню — баліць.
Валянціна i Вадзім зарагаталі.
Не спадабалася Стрыжэўскаму, што дзяўчына засталася начаваць. Але разважыў: a ці шмат цяперашніх нявест захоўваюць цнатлівасць да шлюбу? Вадзіму i Валі не па семнаццаць, год ужо сустракаюцца. Ён у якія часы — у патрыярхальныя! — у райцэнтры спакусіў Галіну да таго, як пажаніліся.
Ляжаў у будцы пасля добрай вячэры з дарагім віном (віна выпіў), i ў яго з'явіліся эратычныя пачуцці — ад успамінаў пра маладосць, пра блізкасць з жонкай, ад уяўлення, чым займаюцца побач у катэджы Вадзім i Валя. З гумарам падумаў: «Ёсць яшчэ порах, дзед. А што за дзіва! Шэсцьдзесят пяты год. Жэняцца ў семдзесят пяць, у восемдзесят нават. На ўсходзе, дзе ёсць магчымасць ажаніцца з маладой, дзяцей робяць. Гарманальная сфера не так хутка старэе».
Але хутка думкі ад саромнага пераключыліся на сур'ёзнае. Выпіўшы каньяку, Вадзім выдаў яшчэ адзін бацькаў бізнес. Пачалося з яго вадзіцельскіх правоў. Не без хітрасці Стрыжэўскі спытаў:
— Няўжо ўсемагутны Прытока не можа выкупіць тваё пасведчанне?
— Хочаце шчыра? Дык я вам скажу. А мне i не хочацца мець ix.
— Чаму?
— Я не хачу ездзіць у Германію. Спачатку цікава было, а потым я звяў, памятаю, як нас патрэслі пшэкі. Во гады! Пісталет каля вуха трымалі.
I Вадзім расказаў пра бізнес, якім бацька займаецца дагэтуль, але ўжо без сына. Яны ехалі ўтрох (i бацькаў шафёр) цягніком у Германію, добра схаваўшы долары.
Куплялі там патрыманыя машыны. I прыганялі ажно шэсць штук. Навар быў — дай Бог. Цяпер бацька ездзіць з Андрэем, нікога трэцяга браць не хоча, не давярае, таму i злосны на яго, Вадзіма, што ён «прапіў» правы свае.
— Во табе тэзіс, Валя, як нарошчваецца капітал. I як мяняецца псіхалогія ў людзей.
— A другі тэзіс — мой лес: з міністраў — у вартаўнікі, сцерагчы капітал, — сказаў Стрыжэўскі.
— Вас гэта моцна прыніжае, што вы на такой службе?
— Не, не прыніжае. Я зарабляю на хлеб.
Сказаў няпраўду: пачуццё прыніжэння астыла, але часам узгараецца, як з вугольчыка агонь.
Прыехала кампанія: тры хлопцы, тры дзяўчыны, Валі сярод ix не было. I дзяўчаты гэтыя, як кажуць, «пазнаваліся па паходцы»: тыя, што зарабляюць на жыццё сваім целам. Ад ix убрання, парфумы несла вульгарнасцю.
Стрыжэўскі разгубіўся: уявіў, якая вакханалія можа распачацца ў гэтым чысценькім яшчэ катэджы. Чысціню i парадак там, пасля ад'езду дзяцей, наводзіла сама гаспадыня Яўгенія Васільеўна. Гэтая высокая, з выгляду нязграбная жанчына ў працы паказала сябе надзвычай увішнай. Адаму ажно захацелася памагчы ёй. I памог. Так што, да парадку ў кухні, у сталоўцы, на тэрасе i ён прыклаў рукі; таму i сваёй працы было шкада. З'явілася думка: не пусціць такую падазроную кампанію. Але як ён не пусціць? Сын гаспадара — сам гаспадар. У яго ключ ад катэджа, а яму, вартаўніку, ключа не даверылі: ён — вартаўнік. I Стрыжэўскі чартыхнуўся: «Ды пайшлі вы! I старыя, i маладыя! Рабіце што хочаце!»
I маладыя рабілі што хацелі. Святло запал i лі амаль ва ўсіх пакоях першага i другога паверхаў. На ўсю ваколіцу грымела музыка — тая музыка, якую ён, стары кансерватар, ненавідзеў гэтак жа, як многае іншае, што падкідвалася праз акіян вось такім вадзімам, такім учарашнім школьнікам, якія пісалі сачыненні пра высокія матэрыі, класічных герояў, пра свае жыццёвыя мары. I вось ix мара...
Горка i брыдка было старому чалавеку. Плакаць хацелася. Пасадзіў сябе ў будку i чытаў «Тры сястры» Чэхава. Раней глядзеў у тэатры i асаблівага захаплення не меў, а тут папрасіў жонку прывезці што-небудзь пачытаць. Галіна прывезла том п'ес, бо лічыла «Чайку», «Тры сястры», «Вішнёвы сад» вяршыняй сусветнай драматургіі: Шэкспір, Мальер, нават Талстой — значна ніжэй; настаўніца не даказвала гэта вучням, але сваіх дзяцей, мужа, блізкіх пераканала.
— Сядзі, Адась, пад соснамі i чытай Чэхава. Смутак ix, сясцёр, i смутак мой зліваюцца, мне робіцца лягчэй.
Адам разгарнуў том i прачытаў словы Вяршыніна: «Через двести, триста лет жизнь на земле будет невообразимо прекрасной, изумительной».
«О Божа! Стала жыццё хоць трохі лягчэйшым праз сто гадоў? Ад гэтай лірыкі? А праз дзвесце? Што будзе праз дзвесце? Паляцім на Марс? Можа, i паляцім. Але ці стане чалавеку лягчэй жыць? Ці знікнуць боль i смутак? Войны, голад?»
Каб не гэтая дурная музыка, што аглушыла лес, пасёлак, з Чэхавым ён забыўся б на ўвесь бардак, які робіцца навокал i ўвогуле ў свеце. Вось яно — «изумительное» жыццё!
Вадзім званіў удзень з горада, прасіў напусціць у басейн вады. Вада была там, нагрэлася ад ліпеньскай спёкі, ён сам «умацоўваў нервы» — акунаўся раніцой.
Ведаў, што пасля музыкі i каньяку палезуць купацца.
Выглядваў у акенца. Убачыў: пайшлі ўсе разам. Купацца, безумоўна, будуць разам, церціся адно аб аднаго ў невялікім басейне, як карпы ў магазінным карыце.
«Няхай робяць што хочуць, мяне не датычыць».
Паглыбіўся ў чытанне, узрадаваны, што наступіла вязкая, што мёд, вячэрняя цішыня.
Але не вытрымаў.
«Трэба глянуць. Каб падагравальнік не ўключылі. Спаляць. Чужое дабро, а шкада».
Але не пайшоў праз дзверы памяшкання, дзе размяшчаўся басейн. Пайшоў праз гараж. Ад гаража ключ Прытока чамусьці даверыў.
З гаража дзверы вялі ў вузкі накой, які гаспадар, калі паказваў свае збудаванні, назваў чамусьці «сакрэтным». Хоць што ў ім сакрэтнага? Тут стаялі нізенькі столік i два старыя крэслы.
З «сакрэтнага» — ход у сауну, у парыльню з трохпрыступкавым «лежаком» з габляваных бярозавых дошак. Можаш — лезь на самы верх, не можаш — грэйся ўнізе.
З сауны — дзверы ў басейн. Дзверы былі адчынены. I Адам Фадзеевіч убачыў тое, чаго не бачыў ў самых амаральных фільмах — брыдкую сексуальную оргію.
Усё гэта было настолькі нечалавечае i так абразіла чалавечую сутнасць старога, што яму захацелася закрычаць на гэтых адзічэлых жывёл. Але інстынкт самааховы прымусіў падумаць, што ў сваім звярыным экстазе яны проста ўтопяць яго. Загінеш не за нюх табакі.
— Цьфу! Брыдота!
Чым жа скончыцца такая оргія?
Стаміліся «героі». Селі на бар'ер басейна ўсе шасцёра. Адна з путан яшчэ раней дастала з рыдыкюля доўгую, як бы самаробную, цыгарку. Запаліла, зацягнулася. Другая крыкнула:
— Эй, глядзі, не выцягні ўсю. Мы цябе ведаем.
Курыльшчыца перадала цыгарку ёй. Тая — Вадзіму. I так, седзячы, без слоў, жанчыны i мужчыны глыбока зацягваліся. I вочы ix пачыналі блішчэць, як у катоў. Наркотык!
Адкрыццё такое не толькі абурыла Адама Фадзеевіча — пэўным чынам спалохала. Не ведаў i не думаў, што нетолькі недзе там, у амерыках, але i ў нас так труцяць сябе наркотыкамі. Людзі з вышэйшай адукацыяй — Вадзім прынамсі.
Моцна ляпнуў дзвярамі. Спадзяваўся, што грук разгоніць гэты прытон. Дзе там! Яшчэ добрую гадзіну не выходзілі з басейна. А потым зноў аглушальная музыка з катэджа i жаночы віск. Адам пастукаў у дзверы:
— Спыніце музыку!
— Дзед! Не лезь не ў свае справы. I не падглядвай за маладымі. Зайздросціш? Сорамна старому!
Сапраўды, навошта яму лезці не ў свой агарод? Захацеў перавыхаваць тых, хто апынуўся ў балоце? Апусці рукі, дзед!
Раніцой дзяўчаты выскачылі чарадой не на вуліцу — у лес. Хлопцы выходзілі па адным, як пабітыя сaбакі. Вадзім пайшоў апошні. Заглянуў у будку, папярэдзіў:
— Дзед! Ты ж глядзі! Шануй сваё месца. Твая хата з краю.
— Мая хата з краю.
— На табе ключ, прыбяры там. Насвінячылі мы.
Але Адам Фадзеевіч не стаў прыбіраць. A ўдзень прыехала гаспадыня. Агледзела «парадачак», не стрымалася, прыйшла ў будку, паскардзілася:
— Вадзік пагуляў. Брыдка глядзець. Такі неарганізаваны хлопец. I дома ў яго ўсё раскідана.
«На што іншае — на брыдоту ён спрытны», — са злосцю на бацькоў падумаў Стрыжэўскі. Карцела расказаць, што свінства на кухні, у сталовай нішто ў параўнанні з тым, што ён бачыў у басейне. Але пашкадаваў маці, ды i саромеўся расказаць пра такое жанчыне. :
Памог ёй прыбраць. Пранікся павагай да багачкі, якая не цуралася ніякай бруднай працы i рабіла ўсё ўвішна, акуратна.
Дні праз два прыехаў Прытока. Сам на «аўдзі», а за ім — вялізны фургон. Фургон загналі ў двор, i двое цяжкавагавікоў разгрузілі з яго цяжкія скрынкі.
Стрыжэўскі стаяў, глядзеў. Прытока хадзіў міма, перакідваўся нязначнымі словамі накшталт: «Як ты тут? Нармальна? »
— Як вы з'ездзілі, Іван Піліпавіч?
— Ды вось, бачыш, што-нішто набыў.
Але што — не сказаў. Памагчы не папрасіў. I здалося Адаму: гаспадар сачыў, каб вартаўнік не пайшоў услед за грузчыкамі.
Скрынкі насілі ў катэдж, i па галасах было чуваць: спускаліся ў падвал, якога яму не паказалі. Што ў гэтых скрынках? Не унітазы ж. Сантэхніку бізнесмен завёз бы ў магазін. Навошта яму «перасадка»? Прытока ўмее лічыць грошы. Значыцца, нешта такое, чым ён адкрыта не гандлюе. Сакрэтны тавар. Невядома, што ён, Адам, сцеражэ тут. Пэўна ж, штосьці такое, што прыйшло кантрабандай ці будзе адаслана кантрабандай, неабавязкова на захад, можа, i на ўсход, у Расію, на мяжы з ёй мытні толькі на магістральных шляхах. Ды i груз яны правяраюць так сабе — дзеля заспакаення сумлення.
Скрынкі не давалі заснуць — хацеў адгадаць, што ў ix, якой яшчэ камерцыяй займаецца Прытока. Што i адкуль яму прыплывае? Вось ужо сапраўды прытока!
На наступны дзень гаспадар доўга спаў — змарыўся за тыдзень «камандзіроўкі». Прыехала Яўгенія Васільеўна. Не стаіла, расказала, мусіла расказаць, бо асушылі Іванаў бар — выжлукцілі марачны каньяк. Калі прыбірала, пра гэта не падумала, не магла падумаць, бо бар зачынены на ключ. Выходзіць, Вадзім меў свой ключ.
Стрыжэўскі чуў, як бос грымеў на жонку:
— Распусціла сукінага сына!
— Я распусціла? Сам ты i распусціў. Хто прывучыў яго да каньяку? Бацька. «Адна чарка не пашкодзіць». Во табе i чарка!
Увечары Прытока папрасіў вартаўніка пасцябаць яго венічкам у сауне. Адам узрадаваўся: ёсць магчымасць папарыцца i самому, даўно марыў, але ніхто не запрашаў, а сам не адважваўся ўключаць награвальнік: не па рылу такая раскоша! Прытоку не спадабалася б!
Голыя яны як бы сталі роўныя, у лазні ўсе роўныя. Акунуліся ў басейне, зноў палезлі на паліцы.
— Распарыць старыя косці, — сказаў Іван Піліпавіч. I размякчэлы, прыгадаў Вадзіма:
— Жонка кажа, што здорава насвінячылі... Сынок мой з гоп-кампаніяй. Што ты не ўгаманіў?
— Я? Яны з мяне мачалку зрабілі б.
— Колькі ix было?
— Трое. З Вадзімам, — i запнуўся: казаць, не казаць?
Здагадаўся Прытока:
— I... колькі з імі?
— Тры. Адпетыя прастытуткі.
— I ў басейне купаліся?
— Не проста купаліся. Такое выраблялі!.. — I Адам Фадзеевіч намаляваў жывапісную карціну таго, што бачыў. — I курылi адну цыгарку. Можаш здагадацца, што гэта.
Загарэлы распараны твар боса наліўся крывёю, а вочы зрабіліся жоўтыя, ён цяжка задыхаў.
— Сволачы! Яшчэ заразу занясуць. Ваду ты мяняў?
— Мяняў.
— Але не памыў з хлоркай. Спусціў ваду, напусціў вады, — у Прытокі гнеўна заторгаліся сківіцы.
— У басейн, можа, i не занясуць. А што Вадзіма могуць надзяліць СНІДам — дык гэта вельмі нават рэальна ў наш час. А яшчэ другая небяспека — прывыкне да наркотыкаў.
Твар Прытокі з чорнага стаў шэрым.
— Ідыёт! Трыбухі выпушчу!
— Да гэтага ён прыязджаў з нявестай. Культурная дзяўчына, Валя, аспірантка. Не думаю, што яны не жывуць. Мала яму? На ліха яму панельныя дзеўкі! Не семнаццаць гадоў. Жаніце яго хутчэй.
— Я яго ажаню! — i паставіў кропку, перапыніў непрыемную размову:
— Добра, Адам. Дзякуй за інфармацыю. У лазні мы можам i на «ты».
У басейн больш не пайшоў — пабаяўся заразы. Адам, аднак, з прыемнасцю акунуўся.
A дні праз два ўбачыў, як Прытока «жаніў» сына.
Вадзім прыехаў з раніцы з сябрам. Бацька ў гаражы корпаўся ў машыне. Вадзім крыкнуў яму:
— Прывітанне, бацька!
Не адказаўшы, Прытока выйшаў з гаража, падышоў i замасленай рукой уляпіў сыну гучнага «ляшча», раз, другі...
Хлопец адскочыў, крыкнуў:
— За што?
Сябра яго спалохана выскачыў за брамку.
— Не знаеш — за што? Пачну тлумачыць — горкі яблык з цябе будзе! Сукін сын! Падонак! З кім звязаўся! З прастытуткамі!
Вадзім гнеўна бліснуў вачамі на будку i, баязліва адступаючы ад бацькі, выскачыў на вуліцу.
— Не паказвайся мне на вочы! Няхай цябе прастытуткі кормяць!
Дапякло. Не баяўся, што пачуюць суседзі.
Праз тыдзень Вадзім, аднак, прыехаў на дачу. Выходзіць, ключы ў яго не забралі. Ca Стрыжэўскім размаўляў — як быццам нічога не здарылася. Запрасіў глядзець тэлевізар. Дэмакрат!
Адам Фадзеёвіч з хітрай наіўнасцю спытаў:
— Што гэта твой бацька ўсё давярае: гараж, сауну, а ў дом не пускае? Што я вартую?
— У бацькі майго шмат дзівацтваў. Ён чалавек непрадказальны.
— Калі разам працавалі, я не лічыў яго дзіваком. Разважлівы кіраўнік. Кантактны.
— Працаваць ён умее. I ладзіць з людзьмі.
На тэлевізар Адам спакусіўся. I ад чаркі каньяку не адмовіўся. У думках пахваліў Вадзіма, што той незлапамятлівы. Іншы не дараваў бы такога даносу.
Паглядзелі навіны. Вадзім каменціраваў падзеі даволі трапна, выказаў задавальненне, што епынілі бамбардзіроўкі Югаславіі. Такая гуманнасць хлопца, еалідарнасць з далёкімі сябрамі ўлагодзіла Адама Фадзеевіча ў адносінах да яго. Недурны хлопец. Дзіўна было б, калі б чалавек, які скончыў універеітэт, быў доўбня доўбняю. Аднак оргія ў басейне... Заносіць ix, ох заносіць!
Вадзім на вечар зменшыў узровень адзіноцтва, якое ўжо гняло Адама, хоць побач жылі людзі. Але некаторыя нават з тых, хто жыў у запляснелых старых дачах, ставіліся да яго як да добраахвотнага вартаўніка добрага капіталіста. Прытока ў пасёлку быў новы чалавек, купіў старую дачу ва ўдавы, разбурыў яе i першы збудаваў шыкоўны палац; з ім не збліжаліся, не хадзілі на паклон, ды i ён паводзіў сябе аднаасобнікам i мала з кім завёў знаёмства. Вітаўся, праўда, з усімі, хто ішоў пасёлкам, але вітаўся так, быццам рабіў ласку. A людзі былі з гонарам, выхаваныя ў іншых сацыяльных умовах, i на ўласніка катэджа глядзелі як на злодзея. Пра ўсіх багатых народ меў такую думку. А дзе можна было зарабіць грошы на такі палац? Не адна сотня тысяч долараў. Украсці. Можа, не ў прамым сэнсе, але падпольны бізнес (што ў скрынках?) — хіба не тое ж рабаўніцтва ў дзяржавы ці ў другога такога ж «удачніка».
Скрынкі Стрыжэўскага цікавілі больш, чым што іншае. Што ў ix? Але ix Прытока хутка вывез. Такім жа чынам, як прывёз: уначы, у закрытым фургоне. Што за матэрыял i куды яго павезлі — так i засталося таямніцай за сямю пячаткамі. Стрыжэўскаму толькі заставалася пасміхнуцца: «Дрэнны ты разведчык, Адам, сын Фадзееў».
У другі раз, зноў у такі дзень, калі старога Прытокі не было на дачы, Вадзім прыехаў з сябрам на яго машыне. Гэты сябра на дачы яшчэ ні разу не з'яўляўся, прынамсі, пры Стрыжэўскім; выглядаў ён значна старэйшым за Вадзіма: вусаты, мужчына гадоў пад сорак.
Вадзім цёпла павітаўся з вартаўніком, моцна паціснуў руку.
— Мы пагуляем на більярдзе.
Доўга стукалі шары. Адам Фадзеевіч разы два зайшоў, паглядзеў. Вадзім гуляў так сабе, па-аматарску, Юрый Вітальевіч (так звяртаўся да яго Вадзім) паказваў прафесійную гульню: лажыў шары ў лузу адзін за адным, партыя канчалася за пяць мінут. Гулялі на долары, Вадзім тут жа весела разлічваўся, расставаўся з зялёнымі без шкадавання.
Стук шароў сціх. З адчыненага акна кухні пацягнула смажаным мясам, у вартаўніка ажно сліну пагнала, бо другі дзень сядзеў на хлебе i аўсяным супе, запраўленым алеем, які варыў у сваім буданчыну на электраплітцы. Між іншым, плітка яго абурала найбольш: у доме такая газавая пліта, а ён мусіць кухарыць у «сабачай будцы», у якой няма дзе павярнуцца.
Вадзім выйшаў з катэджа, ветліва запрасіў, звярнуўшыся незвычайна:
— Дзядзька Адам, пайшлі перакусім. Паганяў шары — нагнаў апетыт.
Стол быў багаты: смажаныя катлеты, зялёны гарошак, ікра чырвоная, шпроты; маючы грошы, усё можна купіць.
Чырвонае віно было наліта ў бакалы. Каньяк — у чаркі. Адам Фадзеевіч не звярнуў увагі на гэтую, трохі незвычайную асаблівасць сервісу — папярэдні разліў.
— Вы што будзеце — віно, каньяк? — спытаў Юрый Вітальевіч. — Я адно віно. Нашы інспектары не ўнюхаюць добрае віно, бо не каштавалі...
— А вы не будзеце начаваць?
— Я — не. Перад жонкай не апраўдаюся. Вадзім заначу е. , V
— Думаю, што мне выпіць.
— Не пашкодзіць, калі i каньяк, i віно, — засмяяўся Вадзім.
— Ісціну гаворыш, сын мой, — згадзіўся Стрыжэўскі. — Вып'ю чарку каньяку, а потым віно. Каб не ап'янець. Вартую прыватную ўласнасць. Ганаровая ў мяне пасада, — сказаў з горкай іроніяй.
— У кожнага свой лес, — супакоіў Юрый. — I ад яго нікуды не падзенешся. Я працую шаферам, a скончыў інстытут.
Выпіў каньяк, закусіў, потым асушыў бакал віна.
— Чароўны напой.
— Бо грошы надзвычайныя, — засмяяўся вусаты.
Віно так спадабалася, што Адам Фадзеевіч наліў сабе другі бакал; не піў такога, можа, гадоў дзесяць. I каньяку яшчэ адну чарку перакуліў. Развесяліўся. Анекдоты расказваў, Вадзім i вусаты весела смяяліся. Але хутка вартаўнік звяў.
— Нешта мяне на сон хіліць. Я мінулую ноч дрэнна спаў, душна было, камары...
— Спаць захацелася з-за таго, што вы пілі «грымучую сумесь» — каньяк з віном.
— Але, вучылі ж мяне людзі добрыя, што мяшаць нельга... добрае з выдатным. Калі вы мяне не гоніце, то я сяду ў вунь тое мяккае крэсла i паўгадзінкі падрамлю. Мне паўгадзіны хопіць. Я ведаю сябе, са мною гэта здаралася.
Сеў у крэсла i адразу ж заснуў.
Для праверкі Вадзім паклікаў яго. Не адгукнуўся. Вусаты рагатнуў:
— Гатовы. Правераны сродак.
Мінут праз колькі Вадзім i вусаты паднялі Адама Фадзеевіча, акуратна, ласкава, пад пашкі, вынеслі на двор, пасадзілі ў машыну. Зачынілі катэдж, вароты i махнулі ў горад.
Стары спаў, толькі зрэдку нібы пляваўся.
Задума ў Вадзіма была злая i дурная: паказаць Стрыжэўскага бацьку, няхай паглядзіць, у якім стане бывае яго высокаадукаваны вартаўнік. Апраўдваўся ж перад бацькамі:
«Дзеўкі былі. А наркотык — гэта фантазія п'янага Адася».
«П'янага?»
«Языком не варочаў да нашага прыезду. Ды мы пачаставалі... У басейн у адзенні залез. Дзяўчат лавіў».
«Сачыні што-небудзь больш праўдападобнае», — не паверыў бацька.
Няхай жа пераканаецца. Пакажам гаспадару яго вартаўніка ва ўсёй красе.
Намер меў такі працяг: паказаўшы бацьку, не везці назад на дачу, палажыць каля манумента Мінскугерою, на мяккую траўку. Няхай прачнецца ў ганаровым месцы! Во здзівіцца. Доўга помніць будзе італьянскае віно. Са службы бацька яго выганіць. Няхай піша мемуары.
Ведаў, што бацька ў позні вечар будзе дома: на дачу не паехаў, быў на банкеце, які наладжвала блізкая яму фірма, яе алігарх Сарока. Шафера не стаў затрымліваць, а сам пасля чаркі за руль не садзіўся, трымаўся жалезнага правіла. Таму на дачу не паехаў.
Стрыжэўскага прывезлі ў двор дома, дзе жыў Прытока. Вадзім падняўся ў кватэру. Бацька яшчэ не спаў. Вярнуўся з банкета цёпленькі i, як заўсёды пад чаркай, расказваў маці, што адбывалася ў Сарокі, з кім i пра што ён гаварыў. Пазнаёміўся з літоўцам, з якім варта мець справу, дамовіліся заўтра правесці дзелавую сустрэчу.
— Нешта рана ты сёння, — змрочна сказаў Прытока сыну.
— Я табе прывёз падарунак.
— Які яшчэ падарунак?
— Хадзем — паглядзіш. У машыне ляжыць. Паднімаць цяжка.
— Не тлумі галаву. Бярыся нарэшце за розум. Маці вунь ссохла, чакаючы цябе кожную ноч да раніцы. Дзе ты грошы бярэш?
— Мне даюць крэдыт. A ў машыне — твой хвалены вартаўнік, праведны камуніст. Мы прыехалі з Вітальевічам, а ён не тое што языком не варочаў — у поўнай адключцы быў. I мы вырашылі такога вартаўніка паказаць гаспадару.
Устрывожаны, Прытока, як быў апрануты па-хатняму — у халаце, выйшаў за сынам. Спусціліся на ліфце.
Вусаты адчыніў дзверцы машыны. Загарэлася святло. Стрыжэўскі ляжаў на баку.
Прытока адразу схапіў яго руку, каб праверыць пульс, з палёгкай уздыхнуў: б'ецца. Гнеўна сказаў Вадзіму:
— Ніколі не думаў, што мой сын такі ідыёт. Чым вы яго напаілі?
— Нічым.
— А ты, вусатая гідра, памаўчы. Я цябе ведаю. Ведаю, якія заказы ты выконваеш...
— Ды вы што?!
— А вы не падумалі, што стары чалавек можа памерці? Зараз жа вязіце яго дадому, здайце жонцы. Няхай ратуе. Самі, ідыёты, не засвечвайцеся.
Бацькавы словы спалохалі Вадзіма. Пра трагічны фінал ён не думаў, хацеў сыграць камедыю.
— Дзе ён жыве, бацька?
Прытока помніў адрас, сказаў. Але i прыгразіў:
— Здарыцца горшае — на мае долары не спадзявайся. Сядзеш як міленькі. Будзеш ведаць пачым фунт ліха.
Ліфт у доме Стрыжэўскага не працаваў, i прыйшлося цягнуць пацяжэлае цела на чацвёрты паверх. Задыхался. Пачалі звярамі глядзець адзін на аднаго.
— Звязаўся я з табой, ідыётам. Трэба мне твая сотня. Цягні сам!
— Вітальевіч, мы ж з табой пуд солі з'елі. Не кідай мяне аднаго. Што я буду рабіць?
— Ідзі звані ў кватэру. Скажы, каб забралі свайго бацьку.
Вадзім узрадаваўся. Як яны не дадумаліся да гэтага на першым паверсе!
Вадзім скочыў на паверх, настойліва пазваніў. Не адразу за дзвярамі адгукнуліся — спалі.
— Хто?
— Там ваш бацька ляжыць п'яны. На лесвіцы.
— Які бацька? Чый? Не шукайце дурняў! — жаночы голас змяніў мужчынскі.
— Гэта кватэра Стрыжэўскага? Дык ён жа! Ён.
Вадзім пабег уніз, грукаючы чаравікамі.
Галіна Пракопаўна бачыла ў «вочка», што магчымы рабаўнік пабег ад дзвярэй. Маніць? Не, крокі заглухлі ўнізе. Грукнулі дзверы.
Галіна кінулася да тэлефона, набрала нумар дачы — яго нумар, Адасёў. Маўчыць.
Сын узброіўся кухонным малатком-сякерай, якім сякуць i адбіваюць мяса, i выйшаў на лесвічную пляцоўку. У гэты момант Стрыжэўскі застагнаў. Тады яны з маці кінуліся ўніз.
— Бацька!
Галіна загаласіла прыглушана:
— Адасік, родненькі. Дык ты ж ніколі так не напіваўся? Хто ж цябе напаіў?
— Не трэба, мама. Каб людзі не чулі, не бачылі. Заняслі п'янага ў кватэру.
Але што рабіць? Як памагчы?
— Трэба «хуткую», мама. Выклікалі «хуткую дапамогу».
Галіна толькі тады трохі супакоілася, калі Адам пачаў стагнаць, расплюшчыў вочы, але глядзеў непрытомна.
«Хуткая дапамога» зрабіла ўкол, каб падтрымаць сэрца. Урачы ўсё ж вырашылі забраць «хворага» ў бальніцу.
У бальніцы яму прамылі страўнік. Аднак свядомасць яго ўсё яшчэ была адключана.
A калі на другі дзень, позна, Адам Фадзеевіч прачнуўся ў поўнай свядомасці, да яго падышла ўрач-псіхіятр i спытала:
— Вы што, хацелі скончыць жыццё такім чынам?
— Я? Ды вы што! У мяне ніякай трагедыі, у мяне добрая сям'я. З чаго вы зрабілі такую выснову?
— Лабараторны аналіз паказаў конскую дозу клафеліну.
— Клафеліну? Божа! Яны хацелі мяне атруціць.
— Хто?
— Доўгая гісторыя, — ён паказаў вачамі на суседа па ложку.
— Добра, раскажаце пасля. Следчаму.
На трэці дзень жонка забрала яго з бальніцы.
— Званіў Прытока, пытаўся пра тваё здароўе.
— Пашкадаваў воўк кабылу: пакінуў хвост ды грыву. Хоць не думаю, што паганцы гэтыя труцілі мяне з яго бласлаўлення. Навошта яму?
Галіне ён расказаў сваю «эпапею» яшчэ ў бальніцы. Прытока пазваніў яму ў той жа вечар.
— Як адчуваеш сябе?
— Тваімі малітвамі.
— Слухай, давай забудзем дурны жарт майго сына. Адпачні дзень-два i выходзь на баявы пост. Я табе зарплату дабаўлю.
Стрыжэўскі не думаў пра гэта, а тут яго цюкнула:
— Навошта мне тваіх дваццаць долараў! Я ў цябе мільён вазьму.
Прытока цяжка задыхаў у трубку.
— Як гэта ты возьмеш мільён, якога, дарэчы, у мяне няма?
— Праз суд. За нанясенне шкоды майму здароўю, за маральнае зганьбаванне. Аналіз у «хуткай» паказаў наяўнаець клафеліну, іншай атруты... Не сам жа я глытаў яе.
Дыхание боса зрабілася частым i цяжкім.
— Піць не трэба на рабоце!
— Мая слабасць — не адмовіўся ад запрашэння. Хацеў паразумецца з Вадзімам, хацеў дапамагчы табе паставіць яго на правільны шлях.
— За гэта дзякую... Але... Ты хочаш падаваць у суд?
— Мне не да жартаў. Да таго ж ты ведаеш па рабоце: я слова на вецер ніколі не кідаў.
Доўгае маўчанне.
— Чуеш, Іван, сын Піліпаў?
— Чую. Чую. Ну то ж, паспрабуй судзіцца з Прытокам. Некаторыя судзіліся...
— I што?
— Выйшлі з суда апляваныя.
— Я не выйду так...
— Выйдзеш як міленькі. A калі i выйграеш працэс, радасці не нажывеш.
— Пагражаеш?
— Папярэджваю.
— A ў мяне прыстаўка, i размова наша запісваецца.
— Вунь ты як? З прыёмам мафіі.
— Ды не, з крымінальным вышукам. Каб вывесці сапраўдных мафіёзі на чыстую ваду.
— Давай! Давай! — Прытока зларадна рагатнуў. Размову слухаў увесь «савет у Філях», як Адам называў сваіх: жонку, сына, дачку, зяця, унукаў. Ухвалілі:
— Добра ты яго напалохаў.
— Няхай не спіць, злодзей.
— Думаеце, я проста палохаў? Я ўжо напісаў заяву ў суд. Во! — узяў са століка папку.
Заяву чыталі моўчкі, але ўсе разам — галава да галавы.
Першай «налажыла рэзалюцыю» Галіна Пракопаўна:
— Не трэба!
— Чаму не трэба?
— Не трэба нам яго брудныя грошы.
— Грошы не пахнуць.
— Ты можаш нешта адеудзіць. А ён цябе пасля са свету зжыве.
— Кілера нойме.
— Усяго мы баімся. Таму i працвітаюць прытокі. Дыскусія не была такой доўгай, як пры вырашэнні ісці яму вартаўніком ці не ісці. Тады галасы падзяліліся. Цяпер жа было аднагалоссе:
— Не судзіся, тата. Не прыніжай сябе. Будзь ён пракляты са сваімі мільёнамі!
— Паслухайся дзяцей, Адась.
— Змовіліся вы ці што?
— Як мы маглі змовіцца, не ведаючы, што ты надумаў. Судзяцца яны, багачы, вырываючы, як шакалы, кавалкі адзін у аднаго. Нам сабачы кавалак не трэба! Пражывём!
Адам Фадзеевіч слухаў, здавалася, незадаволена, а потым раптам весела засмяяўся.
— Дзівакі вы, мае родныя: ад мільёна зялёных адмаўляецеся! Сямейную фірму арганізавалі б.
— Не трэба нам фірмы, у нас ёсць больш надзейны калектыў — сям'я. Аснова грамадства, — глыбакадумна сказала Насця.
— Ну, ты лётаеш у аблоках. А ты, зяцёк?
— Я на гэты раз з тымі, хто бліжэй да філосафаў. У ix — уся мудрасць часу.
— Хопіць, філосафы, байкі баяць. Давайце на стол накрываць. Зробім свята. A хіба не свята? — маці адчувала сябе пераможцай.
— A выпіць дасі?
— А табе можна?
— Урачэбнай забароны не было.
— У такім разе вып'еш. Вішнёвай настойкі. Дамо бацьку?
— Дамо! — хорам адказалі i малыя, i дарослыя. Усім стала весела. Як на свята.
Адам Фадзеевіч глядзеў на дзяцей i смяяўся разам з імі, бо ганарыўся імі. Ганарыўся тым, што аднадушна яны адмовіліся ад перспектывы адсудзіць... мільён не мільён, а нейкую суму пэўна.
Такія дзеці — яго бацькоўскае шчасце!