Аксён Пракопавіч сядзеў на кухні i паглыблена чытаў кнігу на нямецкай мове з мноствам матэматычных формул. Не, не проста чытаў, як раман, a ўдумліва вывучаў, рашаў задачы, выпісваў ix у агульны сшытак. Час ад часу ў захапленні цмокаў языком, зрэдку хмурыўся, яўна дакараючы ці то аўтараў, ці то сябе, што не дайшоў да такога. Не лічыў, што ён авалодаў усімі таямніцамі навукі навук — вышэйшай матэматыкі — яны ж невычарпальныя. Нямала адкрыў сам i яго калегі — вучоныя іншых краін. I вось яшчэ адно цікавае адкрыццё зрабілі нямецкія вучоныя, муж i жонка, i, як сказана ў прадмове, паднеслі нечаканы сюрпрыз. Вельмі шкадаваў, што калега Гукавец даў яму кнігу на адну ноч. Жмот. Знарок, каб падражніць яго, раззадорыць, нагнаць зайздрасць: ты лічыў, што ты бог гэтых формул, а ты — усяго вучань, глядзі, што падносяць невядомыя немцы.
Злавіў формулы, па якіх з немцамі можна паспрачацца. Але для гэтага трэба мець кнігу ва ўласнай бібліятэцы, праверыць высновы яе на вучнях — аспірантах, дактарантах. Аднак чортаў Гукавец! Маніць жа, што кнігу яму далі на два дні. Быў нядаўна ў Гермаmi, адтуль прывёз. Але Гукавец усю вучоную дарогу зайздросціць яму, брыдкасці не робіць, але падражніць можа.
Аксён Пракопавіч падняўся з-за стала, пахадзіў па цеснай кухні, заглянуў у акно, за якім падалі рэдкія сняжынкі — першыя вестуны блізкай зімы. Ён некалі марыў вывесці закон крышталізацыі i падзення сняжынак. I вось гэтак жа адкрыў, што да яго гэта зрабілі шведскія фізікі. Спазніўся. I тут спазніўся: такую кнігу павінен быў напісаць ён, большасць формул — яго. Не напісаў. Чаму? Цяпер яго задача — аспрэчыць немцаў. Але гэта праца не адной ночы, на гэта спатрэбяцца месяцы.
Пакудлачыў свае рыжаватыя валасы, пагладзіў галаву там, дзе ўтвараліся ўжо залысіны. Аблысенне — прыкмета старасці. А яму ўсяго трыццаць шэсць, самы малады прафесар, ён у трыццаць абараніў доктарскую. Шырока крочыў. А цяпер як бы што прымусіла запаволіць хаду. Што?
Не мог сабе прызнацца, што яго працы пэўным чынам замінала жонка Ядвіга. Кахаў яе, песціў. I раптам прыйсці да высновы, што яна перашкаджае? Не!
Аднак вось i зараз. Магла б яна хоць трохі прыглушыць тэлевізар. Грыміць за сцяной. Перадавалі б класічную музыку — яна стымулюе творчы працэс, пад яе хораша думаецца, няхай не матэматычнымі формуламi, часцей за ўсё — філасофскімі катэгорыямі аб сэнсе жыцця. Але думкі ўзнёслыя, не бытавыя, не дробязныя. А тут нейкі джаз. А такая музыка раздражняе i прыніжае мысленне да «бренности всего земного», да «суеты сует», як казаў яшчэ цар Саламон. А ён, прафесар Крапіўка, ніколі не лічыў i не лічыць, што жыццё — мітусня. Не, жыццё чалавечае — найвышэйшы дар Божы, у такім вызначэнні ён, матэрыяліст, цалкам згодзен з біблейскім вызначэннем. Чалавек — найвышэйшая субстанцыя. I нарадзіўся ён, каб пераўтварыць свет. А для гэтага патрэбныя вось такія матэматычныя формулы, без ix не зробіш новыя механізмы, камп'ютэры, не паляціш у космас да суседніх планет.
Падумаў: «Заўтра загляну ў акадэмічную бібліятэку, можа, яны атрымалі гэтую кнігу. Але калі Гукавец узяў яе адтуль — не хутка яна вернецца назад. Не, трэба заказваць. Заўтра ж закажу праз расійскую «Міжнародную кнігу». Але які доўгі шлях! Мінск — Масква, Масква — Берлін. I назад. Ды i грошы — не па маім сучасным заробку. Ядзя заетогне. Ну, грошы дробязь. Дзеля навукі... Дзеля навукі жыцця не шкадавалі...»
Увайшла Ядвіга. У шаўковым кітайскім халаце з яркімі экзатычнымі кветкамі на ім. Высокая, статная, з распушчанымі, ненатуральнага колеру валасамі. Яна ix пафарбавала ў нейкі бэзавы колер. З-за гэтага ў ix была сутычка. Але ўрэшце ён змірыўся: i такая яна падабалася яму. Усё ў ёй падабалася: i вочы, i вусны, i трохі кірпаты нос — сялянскі твар, але прыгожы i прывабны. Праўда, калі ён сказаў, што ў яе сялянскі твар, Ядзя пакрыўдзілася i ўзлавалася, i бадай не ў жарт сказала:
— Не забывай, што я шляхцянка.
— Ах ты, мая шляхцяначка! Пані Ядвіга...
— Але, пані.
Ён ва ўсім патакаў ёй, а яна наадварот — усё рабіла як бы яму на злосць, але ніякія яе «конікі» пакрыўдзіць яго не маглі.
Спытала:
— Сушыш мазгі?
— Ад матэматыкі мазгі не сохнуць. Думаю, колькасць энергетычных клетак расце, множыцца.
— Хіба мала табе тых, што ёсць?
— Я не ведаю, колькі ix у мяне ёсць, ніхто яшчэ не палічыў. Але часам здаецца, што мала. Вось як зараз, калі ўчытваюся ў гэтыя формулы, — ён паказаў на разгорнутую кніжку.
Яна адным вокам заглянула ў кнігу, цяжка ўздыхнула.
— У вачах скачуць іксы i ігракі.
Аксён засмяяўся.
— Я не ведаю тваіх формул, але мне здаецца, што ў мяне залішне клетак. Калі ix было менш, людзі жылі шчаслівей. Мая маці была шчаслівая жанчына. Маладая. Нараджала дзяцей...
— Нараджай i ты, пра што я прашу. Табе дваццаць восем гадоў...
— Давай закрыем гэтую тэму, а то пасварымся зноў. Сёння я хачу зацягнуць цябе ў ложак да таго, як засну сном праведніцы. Ці ўся твая патэнцыя пайшла ў формулы? — Ядвіга засмяялася.
Аксён не адказаў. Ён, што юнак, саромеўся такіх адкрытых размоў.
Ядвіга шумна наліла з крана ў чайнік вады, як бы ca злосці чыркнула запалкай, запаліла канфорку газавай
пліты. Села ля стала:
— Каву будзеш піць?
— Вып'ю. Падкармлю свае клеткі кавай i цукрам.
— Каньяку выпі.
— Ды ты што! Знаеш жа, што я зарокся...
— Зарокся каньяк піць... Можа, i каханнем займацца зарокся?
— Жартуеш. Але ж я не хлапчук...
— Дзядуля ў трыццаць шэсць! Баішся, што секс забірае шмат энергіі? Але ж гэта іншая энергія, не тая, што трэба на формулы.
— Ты так думаеш?
— О Божа! Даў ты мне мужа...
— Дрэннага ён табе мужа даў?
— Ды не, добрага, усе сяброўкі мае зайздросцяць. ЧыЬтае золата. Скарб.
Ядвіга расчырванелася. Аксён ведаў гэтую чырвань: заводзіцца. Але з-за чаго — не ўцяміў. А мог бы ўцяміць, бо не першы раз такое здаралася, калі размова пераходзіла на тэму, якой ён пазбягаў. Мог бы здагадацца, што жонка кіпіць з-за яго няўвагі, абыякавасці да яе жаночай пекнасці, да яе жадання зацягнуць яго ў ложак.
Яна закусіла алую, што малініна, губу, i з карых вачэй яе пасыпаліся жоўтыя іскры. Да яе матэматык лічыў, што іскры з вачэй — выдумка паэтаў i раманістаў. Нічога з вачэй не сыплецца — звужаюцца, расшыраюцца... Ажно не: калі расшыраюцца, мяняюць колер i тады сапраўды здаецца, што з'яўляюцца іскры. Упершыню ўбачыў такое ў яе, у сваёй каханай, яшчэ да вяселля. Думаў, што гэта суб'ектыўнае ўспрыняцце: закаханаму як толькі не прадстаўляецца прадмет яго кахання, у якіх толькі паэтычных, менавіта паэтычных (тады ён ацаніў паэтычныя метафары i эпітэты), выявах не паўстае.
Ведаў, што гэтая яе расчырванеласць, закушванне губы — сімптомы гневу. Але з-за чаго яна гневаецца?
Чаго ёй не хапае? Сексу? Але ж хіба сэнс жыцця толькі ў гэтым? Такое жаданне ён лічыў паталогіяй, частае збліжэнне апраўдваў толькі ў тым разе, калі на мэце мець нараджэнне дзіцяці — невядома, калі адбудзецца зачацце. Але ж Ядвіга не хоча дзяцей: «Рана мне нюхаць пялюшкі».
Калі жонка распалялася, ён маўчаў. Яму нават часам падабалася, калі яна, што каменне, кідала ўніжальныя словы, лічыў, што ён ix заслужыў, бо не стаў Эйнштэйнам. Горш сябе адчуваў, калі Ядзя была — i нярэдка — добрая, лашчылася:
— Аксёнчык мой любы! Ты ж у мяне геній.
I «геній» гаварылася без іроніі; выходзіць, яна сапраўды лічыць яго геніяльным. Ад такога вызначэння любы прыстойны самакрытычны вучоны павінен збянтэжыцца.
Засвістаў чайнік.
Ядвіга не паварушылася.
Чайнік свістаў, што паравоз, брынчэла накрыўка, гатовая, здаецца, узляцець.
— Ты што, не чуеш? Аглох? Характар аднак! Як у тваёй маці.
— Не чапай, калі ласка, маёй маці, яна пяцярых дзяцей выгадавала. I зараз яшчэ кароў доіць, — Аксён Пракопавіч падхапіўся, выключыў газ пад чайнікам.
— Добрыя ж дзеткі... два прафесары!.. A маці вымушана кароў даіць!
«Заводзіцца, аднак, мая ненаглядная. Але мяне ёй не сарваць. Я — жалезабетонны, як яна аднойчы назвала мяне».
— Дык не хоча яна ні да каго ехаць. Hi да сыноў, ні дадачок. Уяўляю...
Хацеў сказаць: «Уяўляю, як бы яна жыла з табой», — але своечасова прыкусіў язык: не варта падліваць масла ў агонь.
— Будзеш каву?
— Буду. I каньяк.
— Не. I табе не раю. Уцягнешся... не дай Божа.
— Баішся жонкі-алкагалічкі? Не бойся. Я не ўцягнуся: я Богу малюся, у касцёл хаджу...
«Адзін-два разы схадзіла i прылічыла сябе да святых? Ці не паспешліва?» — хацеў сказаць, але зноў не сказаў — пабаяўся.
Ядвіга ўвішна паднялася, дастала з шафкі кубкі, насыпала ў ix растваральнай кавы.
— Колькі цукру пакласці?
— Больш.
— Нажывеш ты дыябет.
— Дыябет не ад цукру.
— Адзін Бог ведае — ад чаго.
— I вучоныя.
— Нічога твае вучоныя не знаюць.
— Невысокай ты думкі пра нашага брата.
— Я — пра медыкаў. Веру, што ты формулы знаеш. Столькі грызеш ix... Ляжам сёння раней спаць?
Аксён цяжка ўздыхнуў, перагарнуў непрачытаную частку кнігі.
— Гукавец даў мне кнігу на адну ноч.
— Кніга даражэй, чым жонка?
Ён бадай весела засмяяўся.
— Жонка заўсёды са мной.
— Значыць, ёю можна падціраць падлогу?
— Ну што ты! Хоць раз я сказаў табе дрэннае слова?
— Я перастала разумець, «што такое хорошо...». Дык не будзеш каньяк?
— Не. Трэці раз пытаеш.
— А я вып'ю.
Пайшла ў пакой. Вярнулася з пачатай пляшкай i з крышталёвай чаркай. Пляснула з бутэлькі ў кубак з кавай, наліла поўную чарку.
— За тваё здароўе, Аксён Пракопавіч.
— Будзь здаровая, Ядвіга Эдуардаўна.
Смачна адпіла паўчаркі, сёрбнула гарачую каву, падзьмухаўшы на чорную вадкасць.
Прафесар схіліўся над кнігай, пранікаючы ў сэнс новай формулы. Спяшаўся, бо ведаў: калі Богам дадзеная прымасцілася насупраць з пляшкай i чаркай — не да навукі будзе. Што зрабіць, каб яна хутчэй пайшла? Не, уселася грунтоўна! I схавацца яму няма дзе — два цесныя пакоі: у адным тэлевізар, у другім — двухспальны ложак. Тэлевізар яна ўключыць, у спальні прымусіць раздзецца.
— Слухай, што гэта ў цябе за прозвішча — Крапіўка? Курам на смех, — стары яе канёк. — Вазьмі мае. Прафесар Закрэўскі! Гучыць? Яшчэ як. А то — Крапіўка! Добра, што я не запісалася на тваё прозвішча. Смяяліся б усе сваякі — Ядвіга Крапіўка. Няхай ужо быў бы Крапіва. Думалі б, што ты сын таго Крапівы. Яго кнігі ўвесь свет ведае. А твае формулы? Дзесятак-два такіх жа апантаных шызікаў, як ты. Матэматыка, канешне, навука — прызнаю. Але ў ёй усё адкрыта яшчэ ў Старажытным Егіпце. Што вы адкрываеце? Што? Прасвяці мяне! Што ў гэтым «рамане» з формул, ад якога ты не можаш адарвацца?
— Я табе раскажу. Толькі дай мне, калі ласка, дачытаць.
— Выганяеш, дарагі мой Аксёнчык?
— Прашу.
— I імя табе падабралі пад прозвішча. Аксён! Калі ўпершыню пачула, то смяялася. Не думала, што Аксён стане маім Ксенем. Ксеня — бабскае штось... Не дзіва. Бацькі праектавалі не цябе, a дзяўчынку, але з-за нейкай генетычнай памылкі атрымалася... Што? Сумесь пеўня з дыназаўрам. Вунь якая дубіна вырасла!
— Якую лухту ты нясеш, мая ненаглядная. Каб хто паслухаў, то пэўна заключыў бы: у бабы крыша паехала.
— Я — баба?
— А хто ты? Трашчыш як сарока.
— Я табе бабу прыпомню! У ложак да мяне не лезь! Скіну! Будзеш спаць каля тэлевізара. Можа, паразумнееш.
Было ўжо, што, раз'юшаная, яна спіхвала яго з ложка. Вясёлае жыццё! Канапка ў зале — так яны гучна называл! пакой у дванаццаць квадратных метраў — была кароткай для яго росту i спаць на ёй нязручна. Аднак на гэты раз Аксён амаль узрадаваўся, што не трэба ісці ў спальню. Калі заседжваўся за працай, то ішоў туды з бояззю: не разбудзіць бы жонку. А яна кожны раз прачыналася. Часам цяжка ўздыхала:
— О Божа!
— Спі-спі.
— Каторая гадзіна?
— Поўнач.
— Манюка. Якая поўнач. Я ўжо выспалася.
Ведала, што ўжо тры гадзіны ночы.
Але яшчэ цяжэй было, калі яна, прачнуўшыся, абдымала яго, гарачая, пахучая, i пачынала лашчыцца, ласкаць яго. Ён саромеўся i вельмі перажываў, што ніякія ласкі яго не краналі, бо галава ўсё яшчэ забіта формуламі. У такія хвіліны ён праклінаў сваю навуку, а пасля перажываў з-за гэтага, быццам дазволіў сабе святатацтва ў адносінах да Матэматыкі. Дакараў філолагаў, якія вырашылі матэматыку пісаць з малой літары. Разумеў, што гэта заскок — так высока ставіць сваю навуку. А як жа іншыя? Фізіка, напрыклад. Фізіку ставіў побач, астатнія навукі — пад матэматыкай. Быў перакананы: нішто не з'явілася i не магло існаваць, развівацца без матэматыкі, — не толькі хімія, геалогія, архітэктура, але i гісторыя, філасофія, літаратура, мастацтва, музыка. Што такое рытм, рыфма, сюжэт, кампазіцыя? Ці задумваюцца паэты, ведаюць, што гэта матэматычныя катэгорыі? Каб ведалі, то пісалі б значна лепш.
На навуковых сімпозіумах такія ідэі не выказваў: палічаць калегі, што ён абагаўляе навуку навук, як ніхто з вялікіх; Ламаносаў i Кавалеўская гэтага не рабілі.
Расказаў сваю тэорыю Ядвізе. Яна выслухала ўважліва, без іроніі, што яго парадавала, але i спалохала, бо ўбачыў у вачах яе цень неразумення, здзіўлення, страху. Не яе прыгожай галоўцы, якую яна не забівала i сваімі юрыдычнымі пастулатамі, зразумець такое! Ён не знаходзіў у юрыспрудэнцыі матэматычнай стройнасці — суцэльнае бязладдзе. Між іншым, i сама Ядвіга невысокай думкі пра сваю навуку, хоць працуе ў навукова-аналітычным цэнтры Міністэрства юстыцыі. Гэтая работа нядрэнна карміла i корміць яе бацьку, суддзю, яго сям'ю i яе самую: цяпер аклад яе вышэйшы, чым у прафесара універсітэта. Аксён абураўся. А яна лічыла, што так i трэба: на юстыцыі i міліцыі трымаецца дзяржава.
...Ядвіга наліла трэцюю чарку i насыпала ў кубак ажно тры поўныя лыжачкі кавы.
— Можа, хопіць?
— Чаго хопіць?
— Кавы. I гэтай праклятай гары...
— Праклятай, але смачнай. Паспытай — за вушы не адцягнеш.
— Паспытаў.
— Ды ў цябе ж ніякага густу. Сухар ты. Засушыў ты маю маладосць.
— Чым я засушыў яе?
— Сваім занудствам. Такога зануды свет не бачыў.
— Дзякуй за высокую атэстацыю.
— Еш на здароўе.
Яна наліла кіпень i выліла каньяк з чаркі ў каву. Паднялася. Узяла ў адну руку кубак, у другую — бутэльку.
Аксён забраў у яе бутэльку, здзівіўся, што жонка пакорліва аддала яе.
— Не заснеш.
— Не засну. Пакуль ты не пагрэеш.
— Прабач. Але мне трэба дачытаць кнігу. Цікавыя думкі немцы выказваюць. Між іншым, муж i жонка. Гармонія!..
— Ну i чорт з табой! Cni са сваімі немцамі. Усе яны такія ж зануды, як ты. Яны не жывуць — робяць грошы.
— Грошы робяць амерыканцы.
— Гэтыя вывіхнуліся на далярах.
— З цябе мог бы выйсці добры палітолаг, каб ты не лянілася пісаць.
— Буду я сушыць галаву! Няма дурных. Хопіць цябе.
— Я палітыкай не займаюся.
— A казаў, твая навука — чысцейшая палітыка.
— У пэўным сэнсе гэта так. Без яе не існавалі б дзяржавы.
— Ох, як мне ўсё абрыдла! Гуд бай, дарагі мой. Гутэн нахт. Так?
Ён паглядзеў ёй услед, падумаў: «Прыгожая, чартоўка. Якая дасканаласць форм! Вывесці б формулу прапорцый чалавечага цела. Чаго не дарабіў Бог... Аднак чытаць, чытаць!..»
Але высновы немцаў не лезлі ў галаву. Узлаваўся на Ядвігу: расстроіла сваім глупствам творчы настрой.
Трапілася слова, якога не разумеў. Пашукаў у нямецка-рускім слоўніку, там не было: спецыфічна-навуковае. Ад незразумелага слова не разумеў цэлага сказу, думкі, а выснова яўна заключала новае — тое, пра што ён не мог здагадацца з логікі ўсяго доўгага, складанага разважання аўтараў. Хадзіў па кухні, кудлачыў парадзелыя валасы. Злаваўся на жонку: затуманіла мазгі. А яна ў дадатак уключыла гучней звычайнага тэлевізар. Слоў ён не разбіраў, чуў рогат залы. З чаго так іржуць? Папрасіць Ядзю выключыць? Можа, i выключыць, але колькі можа нагарадзіць новых глупстваў!
I думкі ад матэматыкі пераключыліся на жонку, на яе характар, на ix адносіны. Няўжо ўсе сем'і такія? Не, яго бацькі жылі зусім інакш: простыя сяляне, a колькі ў ix было цнатлівасці, павагі адзін да аднаго! Ядзя — дачка інтэлігентаў. Але ці ёсць у яе інтэлігентнасць? Была. Якой незвычайнай была дзяўчынай!
Яны пазнаёміліся на юбілейным універсітэцкім вечары. Танцавалі. Ён, малады, любіў танцаваць. Малады... A ці не рана ты запісаў сябе ў старыя? Не толькі любіў — шыкоўна танцаваў, бо калі яшчэ быў студэнтам, наведваў у клубе прафсаюзаў вечары бальных танцаў. Стары не стары, а жаданне танцаваць знікла. Не знікла — часу шкадаваў, калі засеў за дысертацыю, кандыдацкую, доктарскую. А дарэмна ён шкадуе часу, ад гэтага, можа, i ўзнікае непаразуменне паміж ім i жонкай. Яна не ведае, куды падзець свой час, шукае занятак, i, магчыма, мае задавальненне ад таго, што шпіляе свайго мужа. Спачатку вадзіў яе на танцы туды ж — у клуб. Але там падхоплівалі маладыя скакуны, i Ядзя больш ахвотна танцавала з імі, чым з ім, класным танцорам. I яму было непрыемна. Не хацеў называць гэта рэўнасцю, прыніжаць сябе такім банальным пачуццём, аднак дотык да яе чужых рук, якія абдымалі яе стан, непрыемна рэзаў па сэрцы. Сказаў ёй пра гэта, тлумачачы, чаму знікла жаданне наведвацца ў клуб. Ядзі гэта спадабалася. Яна весела смяялася.
— Раўнуеш?
— Раўную.
— Значыцца кахаеш. Лепшы доказ.
Гэта было ў дні ix агульнага шчасця. Куды яно дзелася, шчасце? Выходзіць, кароткі яго век. Ці бывае яно на ўсё жыццё?
...Аднак як было ў той першы вечар?
— Як ваша імя?
— Ядвіга.
— Прыгожа.
— А ваша?
— Аксён.
— Ёсць такое імя?
— Ёсць Аксёнаў. Ад Аксёна.
— А як вас малога называлі?
— Маці — Аксёнчык, сябрукі — Ксеня.
Яна засмяялася.
— Дык жаночае гэта імя — Ксеня. А хто вы?
— Я — дацэнт матэматычнага факультэта.
— Такі малады дацэнт? У нас на юрыдычным усе выкладчыкі — старыя апёнкі. Адзін з бародкай.
— У вашы дваццаць вам саракагадовыя здаюцца старымі.
— Адкуль вы знаеце, што мне дваццаць?
— Я ж матэматык. Я ўмею лічыць... Па вачах вашых. Па валасах. Па танцах. Падарыце мне усе вальсы, полькі, мазуркі...
— A рокі?
— Магу i рок.
— Вы ўсё ўмееце.
— Хачу ўсё ўмець, асабліва ў навуцы сваёй.
— Не сумна вам з матэматыкай?
— Яна — што каханая нявеста. Кожны дзень адкрываеш новае. Я i ў вас хачу адкрываць новае.
— Гэта прызнанне?
— Лічыце так. Дзе мы сустрэнемся?
— Тут. Будзе вечар сустрэчы былых студэнтаў.
— Праз тыдзень? Чакаць тыдзень? Я не магу.
— Усе матэматыкі такія нецярплівыя?
— Не знаю, як усе. А я такі.
Была позняя восень — холадна. Але на другі дзень сустрэліся на станцыі метро. Доўга хадзілі пад зямлёй, потым, па яго прапанове, падняліся ў сквер. Каля пад'езда яе дома пацалаваліся.
Пасля трох сустрэч Ядвіга запрасіла яго дадому.
Суддзя Эдуард Феліксавіч Закрэўскі i яго жонка Паліна Іванаўна сустрэлі прыветліва, па-бацькоўску, яўна задаволеныя такім жаніхом сваёй дачкі. Праз месяц — усяго праз месяц! — чамусьці вельмі спяшалася цешча — ён стаў ix зяцем, перабраўся з інтэрната ў прасторную кватэру.
Праз два месяцы ў Ядвігі здарыўся выкідыш, так растлумачыла цешча, калі ён вярнуўся з працы i не ўбачыў жонкі.
У люты мароз гадзінамі прастойваў пад вокнамі гінекалагічнага аддзялення клінікі, гутарыў з ёй праз двайныя рамы жэстамі. Чамусьці пасля гэтага няшчасця цешча як бы аддалілася ад яго. Праз што? Каб уткнула ў чым, то ён, можа, здагадаўся б, што ёй не падабаецца. Не, не сказала ніводнага слова. Але халадок у адносінах адчуваў. Між іншым, i да дачкі Паліна Іванаўна пачала ставіцца больш строга, часцей павышала голас на яе. Ды з Ядвігі — што з гускі вада, нікога яна не баялася, крыкі маці — пусты гук, тым больш што на яе баку былі i бацька, i муж. Ён, Аксён, праўда, ніколі нават не паспрачаўся з цешчай — залішне далікатны, але жонку абараняў сваёй падвоенай увагай i ласкай.
У хуткім часе ім пашанцавала — універсітэт даў маладому дацэнту вось гэтую кватэру. Далека, праўда, у мікрараёне. Але якія шчаслівыя яны былі ў першыя гады жыцця ў гэтай кватэры! Адно хіба непакоіла i хвалявала яго — што Ядзя не нараджала дзіця. Не хацела ці не магла? Гэта трагедыя, калі выкідыш зрабіў яе бясплоднаю.
— Схадзі да ўрача.
— Хаджу. Усё нармальна. Не бойся. Нараджаю я табе кучу дзяцей. Не падлічыш. Дай мне пажыць. Хіба маці твая жыла, маючы пяцярых?
А потым прызналася, што засцерагаецца, прымае таблеткі. Гэта яго бадай абразіла i напэўна паслабіла патэнцыю: дзеля чаго старацца? Дзеля ўласнага фізічнага задавальнення? Амаральна. Хацелася плявацца, калі Ядвіга смакавала бессаромныя фільмы. 3-за гэтага часам сварыліся:
— Сухар ты! Нічога цябе не хвалюе, акрамя формул. Няўжо ты думаеш, што Адам i Ева пазналі грэх толькі дзеля таго, каб пладзіць сабе падобных? Не! Яны далі жанчыне i мужчыне найвялікшую радасць — пазнанне адзін аднаго. A нічога ж у гэтым свеце не робіцца без Бога. Ты верыш у Бога? Не верыш. А я веру. I Бог не забараняе мне хацець цябе. Бог добры, шчодры. А ты абкрадваеш сам сябе. Пастарэеш — пашкадуеш. Жыццё — не ў формулах.
Пракруціў сваё сямейнае жыццё: каляровыя радасці перарываліся бляклымі, а то i зусім чорнымі расчараваннямі.
Глянуў на гадзіннік i схамянуўся: так позна, a кніга яшчэ недачытана. Чытаць, а не забіваць мозг бытавымі дробязямі! Надышоў лепшы час для творчасці: змоўк тэлевізар, Ядвіга пайшла спаць. Ці чытае «Знесеныя ветрам». Кажа, цікавы раман. Але яму шкада часу на двухтомны раман.
Чытаў немцаў да трох гадзін. Не адразу заснуў на кароткай канапцы — лезлі ў галаву формулы, якія можна i трэба аспрэчваць. А яшчэ стала крыўдна, што ва ўласнай кватэры ўласная жонка выжыла яго на нязручную канапу. Але крыўду адганяў: недастойна мужчины шкадаваць сябе, як маленькага.
Прачнуўся ў сем без будзільніка; «заведзены» быў на гэты час — у восем трыццаць лекцыя.
Яго даклад на сімпозіуме зрабіў сенсацыю. Аспрэчванне некаторых доказаў мужа i жонкі Шэйманаў чамусьці асабліва спадабалася немцам, амаль усе яны падтрымалі яго высновы i сказалі яму нямала кампліментаў, ад якіх Аксён часам чырванеў, як дзяўчына. Свае калегі ніколі яго гэтак не хвалілі, хоць прызнавалі яго заслугі ў матэматыцы не без зайздрасць Казалі, немцы скупыя на добрыя словы. Выходзіць наадварот: нашы, заціснутыя ў шоры афіцыйных ацэнак, як бы ставілі задачу: не дай Бог перабольшаць, перахваліць.
За немцамі раскаваліся i яны. I высокая ацэнка мэтраў, па кнігах якіх ён вучыўся, як ніколі раней, пацешыла яго самалюбства. Раней ён адносіўся да сваіх ведаў самакрытычна i амаль ніколі не ставіў сябе побач з вядомымі свяціламі. А тут раптам адчуў, што вырас да ix узроўню. I гэта напоўніла радасцю i ўдзячнасцю блізкім людзям — маме, звычайнай сялянцы, якая надзяліла яго такім розумам і... Ядзі. Яна ласкава праводзіла яго ў Маскву — як ніколі, — без шпілек i жартаў, з неўласцівай ёй сур'ёзнасцю, як ведала, што яго чакае. I ён упершыню не сумняваўся, што яго поспех парадуе жонку. А парадуецца — значыць, ацэніць навуку, з якой часам нядобра кпіла.
Захацелася прывесці жонцы добры падарунак. Масква завалена экзатычнымі таварамі. Але што выбраць? Па яго грашах. Акрамя рублёў, беларускіх i рускіх, меў дваццаць долараў — ажно дваццаць! — адной зялёнай паперкай, узяў з недатыкальнага запасу, які збіраў на выпадак камандзіроўкі ў далёкае замежжа (ездзіў туды i помніў, якое гэта брыдкае адчуванне — не мець магчымасці нават даць на чай у атэлі ці рэстаране).
Раіўся з жанчынамі — удзельніцамі сімпозіума, — што можна купіць у падарунак жонцы. Ды паношаныя «сінія панчохі» нічога карыснага параіць не маглі. Больш дасведчанымі ў гэтым былі дзяўчаты-сакратаркі, што абслугоўвалі сімпозіум, i якім яўна імпанавала ўвага да ix бадай самага маладога прафесара. Пачуў: даюць яму высокую атэстацыю — як мужчыну, але гэта яго не цешыла. I парады ix былі фантастычнымі: яны, пэўна, думалі, што вучоны багаты, i называлі рэчы, якія яўна не па яго кішэні. Дапамагла пакаёўка пасольскага атэля: ёй, немаладой ужо жанчыне, жонцы былога высокага партыйнага работніка, ён прызнаўся, якую суму мае.
На прыёме па завяршэнню сімпозіума выпіў чарак пяць гарэлкі, чаго ніколі не рабіў: абыходзіўся за вечар адной-двума. Але тут да яго падыходзілі калегі i на трох мовах — рускай, нямецкай, англійскай — ухвалялі яго здольнасці i чокаліся; ад салодкіх кампліментаў i горкая здавалася салодкай. A ўначы вылезла не слодыч, а гарката: непрыемна, палохаючы, сціскалася сэрца, балела галава, i ён ніяк не мог заснуць, варочаўся з боку на бок.
Сусед яго i сябра Алег Гукавец таксама не спаў, перажываў іншае: зайздрасць i асуджэнне свяціл — пра яго даклад не сказалі ніводнага добрага слова. Уедліва шпільнуў: V
— Не спіш, герой трох векапомных дзён?
— Ды не спіцца. Галава баліць.
— Перажоўваеш славу?
— Якая там слава! Што я, студэнт?
— Не скажы. Мы з табой горш за студэнтаў, у маладых менш славалюбства. Гэта хвароба старых.
— Мы з табой яшчэ не старыя.
— Ты — не. А мне — сорак пяць. Да таго ж цябе матэматыка закансервіравала. Самая брыдкая навука!
— Чаму? Навука не бывае брыдкая.
— Любіш свае формулы?
— Люблю.
— Ты не ix любіш — сябе ў ix. Але я зайздрошчу табе. Шчаслівы ты чалавек, Аксён, сын Пракопаў, пан Крапіўка.
— Уедлівы ты чалавек, Алег. Зайздрасць раз'ядае цябе, як іржа жалеза.
— Каб жа жалезны быў! А то — злеплены невядома з чаго. Не хацеў я ісці на матэматычны. Бацькі прымусілі, абодва школьныя матэматыкі. Я вершы пісаў.
— Ламаноеаву нішто не перашкаджала пісаць вершы.
— Уепомніў продка! Не вершы ён пісаў — оды імператрыцам i рыфмаваныя хімічна-геалагічныя формулы.
— Магу табе прызнацца. Я i цяпер яшчэ вершы пішу.
— Ну Ламаносаў! Здзівіў. Хоць чаму здзіўляцца? Канешне ж, елавіш сваю Ядвігу. Не дзіва. Такая жонка не толькі вершы прымусіць пісаць — праз галаву куляцца.
Немагчыма было зразумець: захапляецца Гукавец Ядзяй ці асуджае яе? Хацелася, каб захапляўся. У гэтую незвычайную ноч ён быў перапоўнены пяшчотай да яе, у бяссонніцу думкі пра сімпозіум, пра даклад спляталіся з думкамі пра Ядзю. I ўпершыню падумаў, што яго жыццё, яго любоў i каханне — навука i яна; кпіны яе, якія часам раздражнялі, здаліся праявай яе хітра схаванага захаплення ім i яго навукай.
— Давай будзем спаць, Алег. Заўтра многа спраў. А я яшчэ комплекс на Манежнай не бачыў...
— Комплекс паглядзі. Шэдэўр. Добрай ночы, пан Крапіўка.
— Дабранач.
Пасля дыялога з калегам нечакана заснуў i прысніў Ядзю, ад чаго яшчэ мацней пацягнула дадому. I яму пашанцавала: падчас снедання ў буфеце адзін мінчанін абвясціў:
— Хто хоча хутчэй апынуцца дома? У мяне білет на сёння. А справы прымушаюць застацца.
Аксён таксама браў білет туды i назад: так рабілі амаль усе — каб за беларускія грошы. Але назад заўтра. I вось сапраўды пашанцавала. Па-першае, на суткі раней будзе дома. Па-другое, сэканоміць грошы, каб купіць лепшы падарунак Ядзі. Гасцініца гэтая з прусакаMi шалёна дарагая, суткі — тыднёвая яго зарплата.
I ён з задавальненнем памяняўся білетамі.
Цягнік прыйшоў у шэсць гадзін раніцы. Аксён Пракопавіч узяў таксі i за пятнаццаць мінут быў дома.
Адчыніў дзверы як мага асцярожней, каб не разбудзіць жонку. Вось будзе для яе сюрпрыз! Ціхенька распрануўся, зняў чаравікі. На насочках прайшоў у пакой. Але дзверы ў спальню былі прыадчынены, i ён не ўтрымаўся, каб не заглянуць туды. Глянуў i... адхіснуўся. Галюцынацыя? Ад бяссоннай ночы? У вагоне бадай не спаў.
Побач з Ядвігінай галавой з раскіданымі па падушцы косамі з-пад коўдры вытыркалася другая галава — мужчынская, пляшывая.
Не адразу сцяміў што да чаго, спачатку падумаў, што ў яго нядобра з галавой. Не, галава яго на месцы, помніць усе формулы сенсацыйнага даклада. А разгадаць загадку гэтага нечаканага відовішча — чужы мужчына ў яго ложку — не можа? Ды не, што тут разгадаваць! Усё зразумела. Але да чаго дайшла яго каханая жонка! Усяго ад яе чакаў — любой абразы, але такога... А што рабіць яму? Крычаць? Кінуцца з кулакамі? Сцягнуць з ложка? Каго? Яго? Яе? Але ён няздатны на такі подзвіг, з самага маленства ён не біўся, ды i тады больш білі яго, аднак злосці ні на каго не меў, былыя забіякі ў сталым узросце — яго сябры. Нават Пецька Поклад, дяперашні трактарыст; у дзевятым класе Пецька моцна такі адлупіў яго — за тое, што ён правёў дадому з кіно Ганю Мурашову. Цяпер, калі сустракаюцца, смяюцца.
Аксён працягваў глядзець на ложак, як на дзівоснае відовішча. Забалела галава, кроў грукала ў скроні. А сэрца, здавалася, сарвалася ўніз i білася недзе ў жываце. Страшнае адчуванне — нязведанае ні на адных экзаменах, ні пры адной абароне. Усё зрушылася з месца. Яшчэ міг — i штосьці абарвецца ўсярэдзіне i... канец табе, Аксён. Ад чаго? Ад жончынай здрады? Ад гэтай пошласці? Не, зараз ён нешта зробіць гэткае ж брыдкае, бессаромнае і... наступіць развязка, сэрца вернецца на сваё месца. I ўсё забудзецца, як дурны сон. Ён пойдзе на кухню i згатуе сабе каву. Сабе і... Ядзі...
Яна, мабыць, адчула, што ён глядзіць на яе. Расплюшчыла вочы, убачыла мужа i войкнула. Любоўнік уміг падхапіўся — злоўлены злодзей. Скінуў коўдру, але ўбачыў, што абодва яны — у чым маці нарадзіла, i зноў упаў на падушку, нацягнуў коўдру на пляшывую галаву, мабыць, спалохаўся, што яго будуць біць.
I Аксён ледзь стрымаў сябе, каб не кінуцца i не даць яму кухталёў. Але чаму яму? Ёй!
Але ён не ўнізіцца, каб ударыць жанчыну! Hi ў якай сітуацыі!
I ён зачыніў дзверы, ціхенька адступіў i знясілена апусціўся на канапу. Стала крыху лягчэй: кроў распірала сасуды ў галаве, але сэрца трапятала на сваім месцы — у грудзях, не ў жываце. Дзіўна, ці чуў хто ўдары сэрца жыватом? Можа, таму яно там, што ўчора не вячэраў, патраціў на падарунак усе долары i рускія рублі. Захацелася есці. Яшчэ адна дзіўная рэакцыя. «У цябе ўсё не як у людзей», — смяялася з яго Ядзя. Сапраўды, не як у людзей. Пасміхнуўся i прамовіў:
— Анекдот.
Чуў, як яны шэпчуцца за дзвярамі. Ядзя засмяялася. Гэта ўзлавала: «Яна яшчэ здольная смяяцца! Гэтая...» Ён падшукваў важкае слова i тут жа засаромеўся, што збіраўся вылаяць жанчыну: ніколі не дазваляў сабе такога. А Ядзя ж яго жонка...
Падхапіўся, ступіў да дзвярэй спальні. Паўтарыў уголас:
— Мая жонка... Мая жонка... жонка...
Дзверы не адважыўся адчыніць. Зноў адступіў ад ix, але сеў не на канапу — на цвёрдае крэсла каля стала.
Дзверы чамусьці запішчалі; Аксён не дапускаў гэтага — акуратна змазваў петлі алеем.
Дзверы адчыніліся, i ён высунуў пляшывую галаву, праводзячы вачамі разведку. Убачыўшы, што гаспадар мірна сядзіць, уціснуў галаву ў каўнер пінжака, згорбіўся, чакаючы ўдару, на насочках пайшоў да дзвярэй у калідор.
— Стой! — загадна гукнуў Аксён.
Палюбоўнік паслухмяна спыніўся.
— Сядзь! Будзем знаёміцца!
Ён павярнуўся да канапы.
— Не сюды! Вунь на тое крэсла, каля дзвярэй.
Ён сеў.
Аксён убачыў, што рукі ў яго «госця» дрыжаць, вусны пасінелі. Апанавала злосць на Ядзю i крыўда, што яна пакахала такога пляшывага i плюгавага.
«Не, ён не плюгавы. Адкормлены, што парсюк. Касцюмчык — з іголачкі, замежны, гальштук модны. Не забыўся завязаць. I прычасаў свае парадзелыя патлы. Перад падначаленымі пэўна арол. Ды i перад жанчынамі. Аднак дзе бачыў яго? Як дзе! Аксён, з тваёй памяццю! Вядома ж там, на вечары, у міністэрстве. На афіцыйнай частцы сядзеў у прэзідыуме. Але на прыёме згубіўея. Не танцаваў... Глядзіць, гад, з-пад ілба. Што ты мяне вывучаеш? Я цябе павінен пазнаць! I... што? Пакараць? Які я да д'ябла карацель! У мяне нават слоў карацельных няма, не мастак я на ix, на словы. Адно магу сказаць: ты брыдкі мне... ты падонак. Табе няма на што энергію траціць? Сваю жонку маеш...»
Злодзей кашлянуў, як бы нагадваючы, што ён тут чакае... H I
— Муж вяртаецца з камандзіроўкі i застае ў спальні... цябе... Як там далей?
— Што далей?
— У анекдоце.
— Я не знаю анекдотаў.
— А што ты знаеш? — голас гаспадара пагрозліва павысіўся, неяк сам па сабе, нервы не вытрымалі. — Як залазіць у чужыя ложкі? Гад ты!
Злодзей баязліва падняўся з крэсла.
— Будзеш біць?
— Цябе? Трэба! Але не хачу пэцкаць рукі аб такую поскудзь. Калі біць, то трэба забіць. Але не сталовым жа нажом. Я выклікаю цябе на дуэль. На рапірах. Калі быў студэнтам, я занімаўся фехтаваннем.
Палюбоўнік смела i бадай здзекліва засмяяўся, адчуў, што біццё яму не пагражае. Падняўся, пайшоў да дзвярэй, адтуль сказаў:
— А ты гумарыст, рагаты рыцар.
Ах, сволач! Аксён схапіў цяжкую крышталёвую попельніцу (сам не курыў, але гасцям не забараняў, нават студэнтам, якія прыходзілі здаваць «хвасты»). Ды не кінуў. «Госць» ужо зачыніў за сабою дзверы. Не, не ў гэтым прычына. Ен убачыў, што праз шчыліну прыадчыненых дзвярэй за ім сочаць Ядвігіны вочы. Уніжаўся перад ёй не аднойчы. Але ў гэтай незвычайнай сітуацыі не мог зняважыць сябе кіданнем посуду, біццём шкла. Але не па-мужчынску баяўся яе выхаду са спальні. Што скажа яна? Што павінен сказаць ён?
Напружана чакаў.
Ядвіга не выходзіла.
Колькі ж можна сядзець у бяздзейнасці? Пайшоў у калідор. Убачыў, што «госць» не зачыніў добра за сабою дзверы. Вылаяў яго:
— Пляшывая свіння.
Узяў партфель. Вярнуўся ў «залу». Дастаў электрабрытву. Скінуў пінжак, світэр. Пачаў галіцца. Шум брытвы глушыў думкі. I зноў здалося, што ўсё, што ўбачыў, што сказаў за апошнюю чвэрць гадзіны, — кашмарны сон. Калі пагаліўся, вярнуўся да рэчаіснасці, i яна ўявілася такой горкай, што хацелася плакаць, як малому. Але зноў падумаў пра жонку. Каб яна ўбачыла яго слёзы! Ніколі не ўбачыць яго слёз роспачы, жалю да сябе. Бачыла яна слёзы ў яго вачах — замілавання да яе, захаплення ёю. Больш i гэтага не ўбачыць!
Пайшоў у ванну ўмывацца. Не здрадзіў даўняй звычцы расцерціся мокрым рушніком. Усе гэтыя звыклыя працэдуры занялі пэўны час. Не чуў, як Ядвіга прайшла на кухню, але пачуў пах смажанага. Нядоўга вагаўся: пайсці да яе, не пайсці? Пайшоў. Куды дзенешся!
Яна сядзела за сталом у халаце. Ненатуральнапрыгожая, толькі вочы яе патанулі ва ўпадзінах, пад імі залеглі цёмныя цені.
-Аксён павітаўся не без іроніі:
— Добрай раніцы, мая дарагая жонка.
— З прыездам, мой ненаглядны муж. Сядай. Я падсмажыла каўбасы.
Ён сеў на сваё звыклае месца.
— Як з'ездзіў?
— Добра.
— Як даклад?
— Фурор зрабіў.
— Шчасліўчык.
— Шчасліўчык! Ах, які шчасліўчык я! Жонка мяне ледзьве дачакалася. Сустрэла з абдымкамі.
— Не завадзіся.
— Хто ён?
— Хто?
— Ён. Госць твой.
— Наш чалавек.
— Геніяльна. «Наш чалавек у Гаване». Наш чалавек у маёй пасцелі. Гучыць!
— Каб яна не астывала, пасцель твая.
— Ты замярзала ў ёй?
— Замярзала.
— А ён нагрэў?
— Можа, i нагрэў. Але ж ты саромеўся пра гэта гаварыць. Ты такі цнатлівы! Анёльчык мой...
— Як яго прозвішча?
— Навошта табе? — i хоць бы вочы апусціла, нахабна глядзіць i ўсміхаецца.
— Павінен жа я ведаць, хто ляжаў у маёй пасцелі.
— Табе лепш не ведаць.
— Я павінен ведаць, каму я наб'ю морду.
— Чаго ж ты не набіў? Я чакала, што ты наб'еш. Які спектакль быў бы! Але i яго не атрымалася.
— Табе мала свайго спектаклю?
Яна апетытна жавала каўбасу. Адламывала ў хлебніцы хлеб.
Яму хацелася спытаць:
«Рукі ты хоць памыла?» — але пабаяўся: яна можа запусціць у твар яму гарачай каўбаскай, было ўжо аднойчы, калі яна плёхнула супам.
— Дык як яго імя?
— Ігар. Прыгожа, праўда? Не Аксён.
— Прозвішча? — раптам грымнуў ён.
Ядвіга спалохалася, вочы яе расшырыліся.
— Камяк.
— Камяк... Камяк чаго?
— Ты не можаш дараваць?
— Не магу.
— Развод? Навошта трапаць адзін аднаму нервы?
— Я падумаю.
— Думай, Чапай. Ты заўсёды хораша думаеш. Разумна. Такая галава не можа прыдумаць глупства, — твар яе пасвятлеў, у вачах загарэліся гарэзлівыя іскры.
I ў той дзень нічога не вырашылі. Яна паехала на працу. Ён лёг спаць на канапе. I дзіўна — заснуў. Прачнуўся, праўда, з галаўным болем, каўтнуў анальгін.
У час вячэры да адносін сваіх не вярталіся. Мірна i ляніва гутарылі на іншыя тэмы.
I на другі дзень змаўчалі. I на трэці. Ён спаў на кароткай канапе, яна — у двухспальным ложку.
I Аксён, ліберал, гуманіст, пачаў думаць, што такі грэх можна дараваць. Каралям, царам, нават шахам жонкі рогі настаўлялі. Ды i мужчыны далека не усе такія сухары, як ён. Такая пэўна прырода чалавечая — грэх ад Адама i Евы пайшоў.
Яго страшыў шлюбаразводны працэс. Але яшчэ больш ён баяўся застацца ў адзіноце. Што рабіць? Ажаніцца ў другі раз? З кім? I хто гарантуе, што тая, другая, будзе лепшая за Ядзю? Відаць, сапраўды вшаваты ён: не здольны даць жонцы ўсе радасці, якія яна хоча.
Аксён Пракопавіч на прыпынку прапусціў свой тралейбус: задумаўся, i спрытныя студэнткі чужога факультэта апярэдзілі яго, штурмам узялі ўваход. Ён не хацеў ціснуцца паміж імі, ды i не спяшаўся нікуды. Думаў аб сваім жыцці, аб сваіх адносінах з Ядзяй. Яшчэ ўначы ён, талстовец, непраціўленец, вырашыў дараваць жонцы, памірыцца і... наладзіць жыццё. Здаецца, яна паразумнела, стала добрая, гаварлівая, папракала, што ён занадта маўчыць.
— Прафесар! Развучышся гаварыць. Хоць навошта табе гаварыць! Ты можаш пісаць формулы. Напішы мне формулу жыцця.
— А ты не ведаеш яе?
— Не ведаю.
— Чытаеш раманы... Столькі класікаў папрацавалі, каб увесці ў нашы галовы формулу жыцця.
— Класікі напісалі Наташу i напісалі Элен, ідыёта Мышкіна і... як яе там, гераіню, з-за якой разгарэўся сыр-бор? З каго мне браць прыклад?
— Выбірай.
— Выбірала-выбірала i плюнула. Жыву як хачу. Свабода! Столькі вылілі чарніла i крыві на нашу эмансіпацыю.
— Разбэшчанасць не свабода.
— Занудлівы ты чалавек, Аксён. Але, як ні дзіўна, я люблю цябе.
I гэтым i словамі перавярнула яму душу.
Уначы цвёрда вырашыў: памірыцца; самае дарагое для чалавека — мір, мір у сям'і, у грамадстве, у дзяржаве.
З'явілася жаданне пайсці да яе ў спальню. Не сумняваўся, што Ядзя прыняла б. Але ён маральна не быў га-
товы. Баяўся. Самога сябе баяўся.
I вось цэлы дзень рыхтаваў сябе да прымірэння. Нават на лекцыі. Даў студэнтам задачу, яны рашалі, а ён думаў. I тут, на прыпынку, напружана думаў, што сказаць ёй, каб не ўнізіць свой мужчынскі гонар i каб яна паверыла не ў яго фізічнае жаданне, a ў душэўную шчырасць.
Не сумняваўся, што такое рашэнне ix праблемы адзіна правільнае — для жыцця, для працы, бо два тыдні не было ні жыцця, ні працы — адны адмоўныя эмоцыі; так можна давесці сябе да псіхбальніцы. Не дзіўна, што людзі ламаюцца ад такіх перажыванняў — i мужчыны, i жанчыны: страляюцца, глытаюць атруту. Дзікунства — пазбаўляць сябе жыцця. Але што зробіш! Бог нечага не дадаў чалавеку ці, наадварот, перадаў лішняе, непатрэбнае; чалавека варта скарэкціраваць.
«Не, ён сам сябе павінен карэкціраваць. Як я зараз. Толькі трэба ачысціцца ад перажыткаў, мабілізаваць волю...»
I — о жах! — убачыў яе, сваю няверную. Яна ехала ў машыне, за рулём, а побач... Кроў ударыла ў галаву ад таго, што побач з ёй сядзеў ён, пляшывы камяк, i морда яго блішчэла, што намаслены блінец.
Аксён адступіў за спіны пасажыраў, што стаялі ў чарзе. Спалохаўся? Чаго? Каб яны не ўбачылі яго? Не ўбачылі, вельмі занятыя дарогай i размовай. Яна смяялася. A ў яго зноў сэрца сарвалася са свайго месца, зноў... не, не загрукала — няроўна заплёхала неяк у жываце, распірала вантробы, бо разануў боль.
— Ну вось табе i мір! Вось табе i мір!
Мабыць, сказаў уголас, бо тыя, хто стаяў побач, паглядзелі на яго са здзіўленнем: што з чалавекам? Здаецца, не п'яны.
Адступіў да ганка універсітэта, як бы шукаючы абароны. Гаварыў сам з сабою:
— А што ты цяпер скажаш? Будзеш плакаць ці скакаць, раб Божы?
Не сумняваўся, куды Ядзя павезла свайго пляшывага. На бацькоўскую дачу. Ездзіла пазаўчора, у нядзелю. Вярнулася задаволеная, прапахлая яловым дымам.
Расказвала, што яны з маці добра прыбралі дачу i добра напалілі — абжылі пасля зімы.
— Хутка на палявыя работы!
Не любіла яна гародніх спраў, прызнавалася; маці ўсё рабіла, а тут — дзіва! — раптам выказала жаданне хутчэй закасаць рукавы. Аксён усё зразумеў.
Пакінуў чаргу i пайшоў пехатою ў свой мікрараён, кіламетраў шэсць. Хацеў стаміць сябе да знямогі.
Хада сапраўды супакоіла, вярнула сэрца на месца. А можа, не хада — цвёрдае рашэнне, супрацьлеглае таму, над якім пакутаваў уначы, у аўдыторыі, на стаянцы: «Так жыць далей нельга! Я не паважаю сябе. Яна здзекуецца з мяне».
Але дома стала шкада сябе, ажно вочы набрынялі слязамі. Хадзіў па цесным пакоі, як злоўлены звер. На кухню не заглянуў, не паабедаў. Але чамусьці часта заглядваў у спальню, перастаўляў на туалетным століку яе флакончыкі i каробачкі. Злавіў сябе на тым, што перастаўляе любоўна, без злосці, як бы надоўга наводзячы парадак. Узлаваўся на сябе.
I раптам прыгадаў сваю дружную сям'ю, з замілаваннем успомніў, як бацька ставіўся да яго званняў. Кандыдата прыняў як бы з разумением. Доктар яго здзівіў.
«Што ета — вышэй за кандыдата?»
«Што ты, бацька, самая высокая навуковая ступень!» — сказала сястра Таня, настаўніца.
«Ты глядзі! У каго ты ўдаўся. Я двойкі па матэматыцы меў ».
«А я толькі пяцёркі», — сказала маці.
Здзівіўся бацька непаважліва: «Няўжо ў цябе ўдаўся?»
А вось прафесар яго вельмі ўзрадаваў. На радасці добра абмыў сынава званне. Танцаваў з качаргою — п'яны ён быў пацешны, бацька яго. А ён толькі аднойчы ў жыцці быў п'яны — па завяршэнні першага курса.
Успамінамі глушыў трывогу. Не трывогу — страх, які нарастаў з набліжэннем вечара.
«А можа, яны заначуюць там? Не, прыедзе! I я скажу ёй!.. Я павінен сказаць. Далей так нельга! Але ці здолею сказаць?»
Баяўся, што з'явіцца яна — i знікне яго рашучасць, зноў будзе гарадзіць глупства, няхай i калючае, але ж безвыніковае. А трэба сказаць адно кароткае слова! Kiнуць яго, як камень. У твар ёй кінуць! У твар! Думаў так, але гневу ў душы распаліць не мог. Чагосьці было шкада. Чаго? Не яе, не! Кахання свайго. Восем гадоў жыў з ім, i яно грэла, давала натхненне! У працы, у жыцці. А цяпер трэба ўсё разбурыць! Адным ударам — словам адным. I застацца ў адзіноце. Зразумеў, што палохае: адзіноцтва. У вялікім горадзе. Яно горшае, чым у лесе. Аднак адступлення не можа быць. Ядвіга можа парушыць яго рашучасць, яна ўмее. Можа, выпіць для смеласці?
Выпіў чарку брэндзі, ёю недапітага. Сагрэла. Але праз колькі хвілін нагнала большага жалю да сябе, няшчаснага. Не бывае ў жыцці поўнага трыумфа. Поспех у адным ураўнаважваецца няўдачай у іншым. Радасць — горам...
«Але чаму я раблю з гэтага гора? Мільёны людзей разыходзяцца. Гэта ж не тое гора, што пахаваць блізкага, самага дарагога, развітацца назаўсёды. А якое гэта гора? Яна ведала, на што ішла. Аднак якая гэта брыдота — фізічная ненасытнасць! Якая недасканаласць розуму! Жывёльны інстынкт. Ды не, у жывёл такога няма, яны спарваюцца для дзетанараджэння. А яна не хоча дзяцей... Чаму? «Нараджу я табе, не спяшайся». Калі? Ужо ніколі... Ніколі».
Ён сядзеў ля стала, сціснуўшы галаву далонямі, калі яна ўляцела. Што вецер, вясёлая, мурлыкаючы незнаемы матыў, яна ведала процьму песень.
— Баліць галоўка? Гаротнічак мой! Пайшоў бы пагуляў. Такі вечар! Вішні зацвілі, — выдала, што была на дачы.
Нырнула ў спальню. Доўга адтуль не выходзіла. А ён не адважваўся зайсці туды: зноў узнікла нерашучасць, бадай страх. Перад ёй? Смешна.
Прымусіў сябе падняцца, увайшоў у спальню. Ядвіга стаяла ў адной сарочцы — не паспела пераапрануцца.
Яе прыгожае цела асляпіла яго, паламала рашучасць.
— Любуешся? Любуйся, любуйся. Можа, у табе абудзіцца мужчына, — яна засмяялася.
— Бачыў я цябе... з ім... у машыне...
— А-а, — застыла з салфеткай, потым хутка накінула халат. — I што?
— Так жыць нельга! — хрыплым голасам выгукнуў Аксён.
— Нельга, — згадзілася яна i рашуча спытала: — Развод?
— Развод!
Яна сцялася, памаўчала, падумала.
— Ну што ж, развод дык развод. Даўно наспяваў. Аксён знясілена прысеў на пуфік — растраціў усю энергію, але адчуваў задаволенасць: нарэшце ў яго хапіла волі! Але шкадаванне сябе не знікла. I ён раптам пашкадаваў неразумнае стварэнне. Так i падумаў: стварэнне, не жанчына, не баба.
— Я пераеду ў інтэрнат, — i тут жа ўпікнуў сябе за такі рашучы крок.
— Ты? О не! Такой ахвяры я ад цябе не прыму. Кватэру далі табе. I ты паедзеш да студэнтаў? Пан прафесар! Не гніся! Не будзь праведнікам. Паеду я да бацькоў. Навошта старым чатыры пакоі на дваіх? У жмуркі ганяць? — у яе дрыжэлі пасінелыя вусны, але яна спрабавала жартаваць.
Яе высакародства кранула ледзьве не да слёз. Памаўчалі.
— Гэта доўга — развод?
— Ты спяшаешся?
— Тры месяцы чакаць... Так, здаецца?
— Не бойся. Папрашу бацьку... ён дамовіцца з раённым суддзёй...
— Папрасі, калі ласка. Зноў памаўчалі.
— А знаеш, не будзем мы мазоліць адзін аднаму вочы. Я пераеду сёння. Неабходнае вазьму... адзенне... i астатняе — калі прыеду на сваёй машыне. Што аддасі...
— Я ўсё аддам. Акрамя хіба кніг...
— Які ты шчодры! Абы з вачэй прэч! Усяго мне не трэба. Я не голая. Вазьму сваё. Канапка твая мне без патрэбы. У бацькоў — італьянская мэбля.
Зноў стала амаль да слёз шкада сябе... I яе... яе, дурніцу.
«Пашкадуе... Яна пашкадуе? Супакойся, пан прафесар! Не з твайго яна цеста».
Сабралася Ядвіга хутка. Папрасіла Аксёна выклікаць таксі. Ён памог ёй знесці два цяжкія чамаданы.
Спускаліся па лесвіцы, яна ішла ззаду са сваёй сумачкай. Хмыкнула:
— Ашаламлю я сваіх старых.
— Магу зразумець ix.
— Але ім не прывыкаць. Упершыню я ашаламіла ix у дзесятым класе... калі зацяжарыла ад свайго аднакласніка.
Аксён спатыкнуўся. Спыніўся, павярнуўся, баязліва аглянуўся на чужыя дзверы: не пачуў бы хто! Шэптам папрасіў:
— Не трэба, Ядзя. Нашего табе раздзяваць сябе?
— А я хачу раздзецца перад табой. Зусім. Спектакль скончаны. Заўтра буду іграць другі. З другім партнёрам. Каго толькі сыграць? Афелію?
Не ведаў, што адказаць ёй. Толькі адчуў, што шкадуе яшчэ больш. Зламаны чалавек. Але i ўзлаваўся: а хіба яму яна не паламала жыццё?
Калі паклалі ў багажнік чамаданы, Ядвіга сумна ўсміхнулася i вінавата папрасіла:
— Можна цябе пацалаваць?
Моцна абхапіла за шыю, горача пацалавала ў вусны. У яго ажно заняло дыханне, i мацней загрукала сэрца.
Адкрыўшы дзверы машыны, сказала як бы не яму — шаферу:
— Ты добры чалавек, Аксён, я люблю цябе. Машына сарвалася з месца. А ён стаяў i бяздумна глядзеў ёй услед — спустошаны, разгублены. У Ядвігі шафёр спытаў:
— На вазкал?
— Не, на вуліцу Карла Маркса. Дадому, да бацькоў. Ад мужа...
— Развяліся?
— Разводзімся.
— I так цалаваліся?
— Мы — інтэлігентныя людзі.
— Яно i відаць. А я ўчора сваёй кухталёў надаваў — круціла хвастом перад сябрам маім. I яму даў па мордзе. Я, канешне, на моцным узводзе быў. Цвярозы я рахманы. Ваш піў?
— Не.
— I не біў вас?
— Што вы! Ён прафесар.
— I вы кінулі такога чалавека?
— Я пакахала другога.
— Я паказаў бы табе каханне! Неба ў аўчынку здалося б!
Шафёр павярнуў галаву, зірнуў на яе са злосцю, нахмурыўся i больш нічога не сказаў ні пра яе, ні пра сябе, толькі мацюкнуўся на няўмелага прыватніка:
— Развялося вас, раздалбаеў, маць вашу...
— Не распускай язык! Жанчыну вязеш...
— Я табе не муж, каб ты на мяне цыкала. Важу я такіх па дваццаць на дзень... I напляваць мне на вас.
«Хам», — падумала пасажырка, але сказаць гэта ўголас не адважылася: чаго добрага, высадзіць, ад такога ўсяго можна чакаць.
Маці не ахнула, не пляснула рукамі, не заплакала. Сумна сказала:
— Я лягла пасля абеду i сасніла нядобры сон.
— Сон твой у руку.
— Аксён даведаўся пра гэтага твайго... як яго?..
— Ігара, свет Пятровіча. Даведаўся! Як яшчэ даведаўся! Прыехаў на дзень раней з Масквы...
— О Божа! Адкуль у цябе столькі цынізму?
— Ад сытага жыцця.
— Ах, Ядзя, Ядзя! Калі ты за розум возьмешся? Што бацька?
Суддзя Закрэўскі быў яшчэ на працы. Сустракацца з бацькам Ядвізе не хацелася — хуткі на расправу, гарачы, няхай астыне. Бацька добры, яна любіла яго. Але рукі распускаў. I ў маленстве даставалася часта, i дарослай колькі разоў адвешваў звонкія аплявухі. Але кара не была для яе навукай, наадварот, пасля такога выхавання рабіла ўсё на злосць бацькам.
Пазваніла свайму каханаму. Рабочы дзень канчаўся, але ён знаходзіўся ў кабінеце: адпрацоўваў прапушчаныя для паездкі на дачу гадзіны.
Прапанавала сустрэцца. Адчула, што яму не хочацца сустракацца другі раз на дні. Моцна ўзлавалася, але злосці сваёй не выдала, уніжана папрасіла:
— Мне трэба табе такое расказаць! Такое... Ты парад уешся.
Расказала весела, са смехам, гуляючы па парку. Але радасці ў Камяка не пачула, убачыла, што ён пазмрачнеў. Гэта яе раззлавала яшчэ больш.
Вярнулася дадому як пабітая. I каб абяззброіць бацьку, зарыдала на яго плячы.
Разгублены Закрэўскі ласкава гладзіў плечы дачкі.
— Ну, супакойся, супакойся. Не ты першая, не ты апошняя. Разводзяцца сорак працэнтаў. А сярод маладых — кожны другі.
Суддзя спытала:
— Што вас прымушае, пан Крапіўка, разводзіцца?
— Не наладзілася жыццё. У мяне цяжкі характар. A Ядвіга адказала зусім інакш:
— Аксён Пракопавіч сказаў няпраўду. Вінаватая я. Я пакахала другога i жыву з ім.
У суддзі, сталай жанчыны, i ў сонных засядацеляў, якім абрыдлі такія працэсы, здзіўлена расшырыліся вочы. Пытанняў з ix ніхто болыы не задаў. Не раючыся, вынеслі вердыкт: развесці.
Разам спускаліся па лесвіцы з другога паверха. I Ядвіга ўзяла яго пад руку.
— Не пярэчыш? Апошні раз прайду пад ручку з табой. Ты ва універсітэт ці дадому?
— Дадому.
— Я падвязу цябе, у мяне машына.
— Не, не трэба. Дзякуй. Баюся.
— Чаго?
— Раптам завязеш на новую рэгістрацыю. Яна весела засмяялася.
— А ты авалодваеш гумарам. З цябе будзе чалавек.
— А цяпер — не чалавек?
— Цяпер — прафесар, набіты формуламі.
— Гэта я чуў.
— Больш не пачуеш, — адчыніла дзверы. — Сядай.
— Не.
— Ну i дурань.
— Дзякуй.
— Гуд бай, сонца васьмі гадоў майго жыцця.
— Будзь здаровая.
— I табе — новага шчасця.
— Ты не аднойчы ўспомніш мяне.
— Успамінаюць па-рознаму.
— Як хочаш, але ўспамінай, — i нырнула ў машыну, завяла матор.
Ён стомлена пакрочыў пад слякотным майскім сонцам.
Нейкі час Аксён Пракопавіч ішоў бяздумна, душэўна спустошаны. Развод не даў адчування вызвалення. Здавалася, што ён не вызваліўся, а наадварот заблытаўся. Што ў яго засталося? Матэматыка? Але з ёю можна легчы ў труну, а не ў мяккі ложак. З ёю можна паразмаўляць, рашаючы адмысловыя задачы, але да яе не прытулішся, не пацалуеш i не пагаворыш нават аб самым простым — аб жыцці.
Ядвіга ўмела пагаварыць пра жыццё, пра чужое — асабліва, ведала ўсе навіны, быццам мела прамую сувязь з добрай сотняй знаёмых; не толькі міністэрскія, але i універсітэцкія плёткі ведала такія, пра якія ён не чуў.
Спыніўся на скрыжаванні i як застыў; двойчы ці тройчы памяняліся «чалавечкі» на светафоры — зялёныя на чырвоныя i наадварот. Ці трэба яму пераходзіць на той бок? На бок чаго — праспекта ці жыцця? Можа, пайсці на чырвоны перад патокам іншамарак? Затармазілі б яны? Ці змялі б яго? I скончыліся б усе праблемы.
Схамянуўся. Дурныя думкі! Пасаромейся, прафесар! Лягчэй ад вяртання ў рэальны свет не стала. Зноў, як не аднойчы ў бяссонныя ночы пасля ад'езда Ядзі, агарнуў смутак адзіноцтва i жаль да сябе.
Абрабаваны, пакрыўджаны, з выбітым цвёрдым грунтам, на якім стаяў, здавалася, трывала. Але ён не быў, выходзіць, цвёрды, проста яму, аслепленаму сваёй навукай, так здавалася. А чалавек, на якога абапіраўся, бессаромна ашукваў яго.
«Будзь ты праклятая!» — сказаў уголас, ажно нейкая жанчына здзіўлена зірнула на яго, але тут жа дакарыў сябе: нядобра праклінаць чалавека. Не жадае ён Ядзі зла. «Будзь шчаслівая», — сказаў на развітанне без усялякай злосці, са шчырасцю.
Перабег шырокі праспект, калі светафор ужо маргаў, i машыны, што звяры, рвануліся на яго.
Пасміхнуўся: «А, баішся, фаталіст? — сказаў з іроніяй, як камусь чужому, а сябе ўзбадзёрыў: — Не раскісай, прафесар. Не на ёй свет клінам сышоўся. Вунь ix колькі, Ядзяў, i усе прыгожыя. У летніх кароткіх сукенках. Каралевы!» — i залюбаваўся ножкамі дзяўчат, што ішлі наперадзе, але тут жа папракнуў сябе: — Грэшнік ты, пан прафесар. Не засушылі цябе ні матэматыка, ні... Ядзя. О Ядзя! Яна рассушыла, размачыла. З ёй я быў мужчинам, нават калі яна шпіляла мяне, часам жартаўліва, а нярэдка i злосна. I ў судзе я застаўся мужчынам. Але ж яна. Во чортава адроддзе! Чаму адроддзе? Такая бязлітаснасць да сябе магла быць ад роспачы. Прызналася на лесвіцы, што зацяжарыла яшчэ ў дзесятым класе. I ў судзе — што жыве з другім».
Прыцягнула ўвагу шыльда з кароткім словам «Бар». Сто разоў праходзіў тут i не звяртаў увагі. А тут спыніўся. Паглядзеў, аблізнуў засмяглыя вусны. Адчуў, што хоча выпіць. Халоднай «пепсі-колы» i чагось з градусамі. Кажуць, алкаголь глушыць эмоцыі. Але эмоцыі бываюць розныя. Сёння алкаголь можа памагчы парадавацца, што ён нарэшце вызваліўся. Трэба стымуляваць радасць. Радасць! П'юць з гора, але п'юць i адзначаючы знамянальную падзею. A ў яго сёння такая падзея — паварот у жыцці. Круты паварот.
У бары панавала прыемная прахалода i гэтакі ж прыемны водар розных экзатычных напояў.
За стойкай стаяў малады чырванашчокі бармен, перад стойкай на высокіх кругляках сядзела пара — ён i яна, маладыя, абое ў шортах. Усяго i наведвальнікаў.
— Прашу вас, — прыветліва сказаў бармен i паказаў на правы кругляк воддаль ад маладых. — Калі ласка.
Аксён бар наведваў разы тры, не дома — у замежных камандзіроўках.
Ca спрытам заўсёдніка прымасціўся на кругляку.
— Вам што, прафесар?
На слова «прафесар» азірнуліся маладыя, i Аксёну Пракопавічу стала ніякавата. «Адкуль ведае? Падумаюць, што я сюды часта заглядваю».
— Каньяка.
— Каньяк у нас дарагі, французскі.
— Чорт з ім, — сказаў са злосцю. Грошы былі — учора атрымаў аванс, прафесарскі.
— Калі ласка, прафесар.
Наліў трэць высокай шклянкі з тоўстага шкла. Невялікая порцыя
— Лімона?
— Лімона.
Аксён угледзеўся ў бармена: знаёмая фізіяномія.
— Дзе я вас бачыў?
— Я ў вас вучыўся, прафесар.
— А-а, успомніў. Па-мойму, вы добра паспявалі па маім прадмеце.
— Я любіў матэматыку.
— Што ж вас прымусіла?..
— Скгды? Я тры гады рабіў у школе. Але вы ведаеце, якая зарплата ў настаўнікаў.
— Тут больш?
— Не параўнаць!
— А мне сумна, што вы не ў школе.
— Мы вас разумеем, — сказала дзяўчына, цягнучы праз саломінку нейкі кактэйль. — Але зрабіце, каб плацілі ў школе.
— На жаль, я не прэзідэнт.
— A хацелі б ім быць?
— Не, не хачу.
Усе трое весела засмяяліся.
— Піце, прафесар, а то вытхнецца.
Ведаў, што каньяк смакуюць, але выпляснуў усю порцыю ў рот. Абпаліла горла, страўнік; i ўміг ударыла ў галаву. Праз хвіліну-дзве, стала бадай весела, зніклі змрочныя фарбы жыцця.
«З чаго я рабіў праблемы? Усё трын-трава. Радасці, выходзіць, на дне гэтай шклянкі. Ядвіга цягнулася да пляшкі, i гэта трымала яе на высокай вясёлай ноце. Але да д'ябла Ядзю!»
— Налі яшчэ, мой добры вучань.
— Калі ласка.
Ад другой порцыі стала яшчэ весялей.
Суседзі разлічыліся, пажадалі яму прыемнага апетыту i пайшлі. I бармен знік за дзвярамі тылавога пакоя. Нейкі час Аксён сядзеў адзін, слухаючы «музыку каньяка» ў сваім арганізме. Прыемная «музыка» — адагнала ўсе перажыванні, ад якіх пакутваў ажно два месяцы. Жыць бы ў такім стане ўвесь час — ні матэматыкі, ні жончыных калючак.
«Да д'ябла жонак! Не ажанюся больш! Вунь калегу майму Мядзведскаму за пяцьдзесят, i ён дагэтуль халасцяк. I нічога — бадзёры, вясёлы, гумарыст, анекдотчык ».
Высмактаўшы лімон, з'еў горкія коркі. Паклікаў бармена.
— Плясні, браце, яшчэ гэтай праклятай гары.
Хлопец здзівіўся.
— Я сёння развёўся з жонкай. А ты жанаты?
— Развёўся таксама.
— Рана. Але, можа, правільна зрабіў. Дай што-небудзь пажаваць, а то я ап'янею.
— Ёсць крабавыя палачкі. I каўбаса.
— Давай i тое, i тое.
Ад трэцяй чаркі весялосць пачала як бы павольна патухаць. А на чацвёртай, якую ён не выпляснуў ужо, а павольна цадзіў праз зубы, раптам успыхнула злосць — на чорным папялішчы лагоды i весялосці. Спачатку нават спалохаўся: злосць на сябе? Услухаўся. Не. На яе i на яго, пляшывага. Сказаў уголас:
— Любое зло павінна быць пакарана.
Бармен не здзівіўся, мабыць, сам трымаўся такой жа думкі.
— А што, калі набіць яму морду?
— Правільна зробіце, — ухваліў бармен, здагадаўшыся каму.
Прафесар схамянуўся: «Што гэта я адкрываю душу перад гэтым хлюстом? Не трэба? Мая тайна — гэта мая тайна. А морду набіць трэба. Пасадзяць? Не пасадзяць. Я ж не збіраюся яго забіваць. Паглажу яму плеш, каб унізіць, як ён, гад, унізіў мяне, забраўшыся ў маю пасцель. Пайду да яго. У міністэрства?.. Не, дадому. Каб жонка бачыла...»
Неяк сядзеў у дэкана. На стале ляжаў тоўсты тэлефонны даведнік. Спачатку бадай машынальна адгарнуў прыватныя тэлефоны. Потым адлістаў літару «К». Хутка знайшоў: Камяк Ігар Пятровіч. Адрас, тэлефон. А памяць у яго на лічбы фенаменальная, запісваць не трэба. Нумар дома, кватэры трымаліся ў галаве, як забітыя цвікі.
«Не паб'ю, дык хоць напалохаю. Ён чакаў, што я паб'ю яго ў тую злашчасную раніцу. А я — размазня. Талстовец няшчасны».
Кароткія ўсходцы здаліся даўжэзнай лесвіцай, як у метро. У тралейбусе жанчыны адварочваліся ад яго. Гэта злавала. Хацелася кінуць ім абразлівае, але стрымаўся: злосць, як i радасць, трэба берагчы.
Доўга стаяў перад дзвярамі, не адважваючыся пазваніць. Слухаў, як тахкае сэрца, пульсуе кроў у скронях. Ад каньяка? Ці ад незвычайнасці сваёй задумы? Разумеў, што ўдарыць ён не здолее — п'яная фантазія. Не дарэмна п'яныя часам робяць нечаканыя, вар'яцкія ўчынкі.
Хацеў ужо спускацца назад. Але з суседняй кватэры выглянула жанчына, мабыць, сачыла ў «вочка», ветліва сказала:
— Пазваніце яшчэ раз. Ірына Уладзіміраўна дома, я нядаўна хадзіла да яе. Хіба заснула...
Адступаць няма як — пазваніў, хаця падумаў:
«А навошта мне Ірына Уладзіміраўна?» Але тут жа загарэлася цікаўнасць: якая ў яго жонка?
Яму без запытання «хто?» адчыніла прывабная, танклявая жанчына, смуглявая, што мулатка: чорныя валасы, модная завіўка, вялізныя карыя вочы, пад чорнымі, як намаляванымі, брывамі.
Не здзівілася, але ўважліва ўгледзелася, пэўна, пазнаючы. I ён пазнаў яе. Некалі звярнуўся ў паліклініку з болем у паясніцы, i хірург паслаў да неўрапатолага. I вось гэтыя мяккія ручкі мацалі i мялі яго паясніцу, ажно рабілася няёмка.
Дык вось якая яна, яго жонка! I ад такой ён бегае налева? I ён зазлаваў яшчэ больш.
«Я такі дам яму па мордзе. Не сёння — заўтра. У міністэрства пайду, знайду яго там».
Прыветліва i вінавата ўсміхнуўся гаспадыні:
— Я пазнаў вас, Ірына Уладзіміраўна.
— I я пазнала вас. У вас цікавае прозвішча — Моіжаўка. Так?
Ён засмяяуся.
— Не так. Крапіўка.
Шчокі яе запунцавелі, i ад гэтага яна стала яшчэ больш прывабная.
— Прабачце. Аднак праз парог... Праходзьце.
Аксён Пракопавіч нясмела пераступіў парог. Зняў капялюш. Яна запрасіла яго ў даволі прасторны пакой са знаёмым «Гарызонтам» i такой жа, як у яго, канапай. Але сервант стаяў шыкоўны, імпартны, за шклом — дарагія сервізы, кубкі, чаркі, фужэры, фарфоравыя фігуркі звяроў. Стол на такіх жа выгнутых ножках, два мяккія крэслы з таго ж камплекта. Як трапіла сюды прымітыўная бабруйская канапка?
Падумаў: на ёй спіць яна, калі даведалася пра здраду пляшывага. Яны — таварышы па няшчасцю. У вачах зашчыпала ад жалю да яе, гаротнай.
— Сядайце, — яна паказала на мяккае крэсла.
Ён сеў, паклаўшы рукі на калені, як вучань у настаўніцкай. Яна села на канапе, насупраць. Нейкі час глядзелі адзін на аднаго. Ён любаваўся ёю, раптам супакоены — перестала балець галава. Яна, бадай, вывучала яго, мабыць, жадаючы здагадацца, з якой нагоды з'явіўся гэты нечаканы госць.
— Вы да мяне?
Аксён Пракопавіч набраў паветра поўныя грудзі i баяўся яго выдыхнуць.
«Што сказаць? Як сказаць? Ганебна стаць даносчыкам. Але я скажу! Я скажу... Яна павінна ведаць... Няхай ведае, а то, можа, жыве ў няведанні i, можа, цешыцца».
Гучна выдыхнуў, узлаваўся на сваю нерашучасць:
— Я прыйшоў даць па мордзе вашаму... пляшываму кату. : УчйИ
Яе вочы расшырыліся ад здзіўлення, сталі яшчэ прыгажэйшымі, але ён убачыў у ix іскрынкі смеху.
— Вы можаце гэта зрабіць?
— Я не знаю. Можа, гэта такая п'яная фантазія. Я напіўся сёння, — i як бы апраўдаўся перад ёй: — Першы раз у жыцці.
— Я не пытаю — за што...
— А я скажу. Сёння я развёўся з жонкай.
— О Божа! — Ірына Уладзіміраўна панурыла галаву i апусціла вейкі.
А яго прабіла на шчырасць, на бязлітасную шчырасць: няхай ведае!
— Я застаў ix у ложку... у сваім... Прыехаў з Macквы.
Яна закрыла твар далонямі.
— Прашу вас. Не трэба. Я ведаю больш. О, колькі я ведаю!
— Ведаеце i церпіце? Жывяце з ім?
— Як мы жывем — адзін Бог ведае.
— Да плюньце вы на яго! Вы такая... — не сказаў, што прыгожая. — I вы маеце кавалак хлеба. У вас добрая прафесія.
— У вас ёсць дзеці?
— Не. Яна не хацела.
— Вам легка. A ў нас сынок. Я мусіла завезці да мамы, каб ён не бачыў п'янага бацьку. Ён нярэдка прыходзіць п'яны i куражыцца.
— Б'е вас?
— Не. Што вы! Хіба я дазволіла б. Я таксама з характерам. Быў чалавек як чалавек. Гады два назад што ашалеў. Загадчык аддзела... Атмасфера ў ix там такая ці што? Я, урач, хадзіла да варажбітак, суседка сказала, што гэта нейкая зладзейка заваражыла яго. Можа, ваша?.. Прабачце.
— Можа, i мая. Мяне яна заваражыла. Умела...
Ірына сумна пасміхнулася. Пасля слоў пра сынка
Аксён Пракопавіч пранікся да яе нейкай асаблівай павагай. Захацелася ўпасці на калені i пакланіцца. Разумеў, што на такое рыцарства штурхае выпіты каньяк; з намаганнем стрымаў нечаканае жаданне. На калені ён падаў перад маці, калі яна апынулася ў бальніцы, i аднойчы перад Ядзяй, кал i тая прырэўнавала яго да незнаёмай дзяўчыны, з якой пайшоў танцаваць, пакінуўшы жонку адну. Але калі тое было! Тады яны рэўнавалі адзін аднаго з-за любога неасцярожнага слова, з-за камплімента: яго — жанчыне, яе — мужчыне.
Нейкі міг яны сядзелі моўчкі, разгубленыя, не ведаючы, што яшчэ можна сказаць адзін аднаму, каб не вярэдзіць раны, а лячыць ix.
I раптам ён нечакана для сябе прапанаваў:
— А знаеце што, Ірына Уладзіміраўна?
Яна насцярожылася.
— Давайце махнём у рэстаран. Гульнём. Патанцуем. Я хораша танцую.
Яна спалохалася:
— Ну што вы! Як я магу? Я тры гады не была ў рэстаране. Я баюся ix. Цяпер — асабліва. Я не пераношу рэстараннай музыкі. У мяне баліць галава. Ды i вам... Вы ўжо выпілі. У вас бледны твар. Я напаю вас чаем. Хочаце?
— Хачу.
Ірына паднялася. Але каля дзвярэй спынілася, вінавата паглядзела на госця.
— Не. Прабачце. А раптам вернецца мой... канец жа дня. Рэдка так рана з'яўляецца. Але, як кажуць, чым чорт не жартуе... I вы можаце сапраўды пабіцца. Ён задзірысты. Не дай Бог. Ваша бойка даканае мяне.
— Не бойцеся. Я не буду біць яго. Не дазволю сабе паставіць вас у няёмкае становішча. Мужайцеся! Але не будзьце талстоўкай!
— Кім?
— Непраціўленкай злу... Ca злом трэба змагацца!
— Каб мне вашу рашучасць.
— Думаеце, мне легка далося?
— Разумею. Але i вы зразумейце...
Ён пацалаваў ёй рукі, адну i другую. А яна легка дакранулася вуснамі да яго ілба i сказала:
— Бог з вамі.
Аксён Пракопавіч выйшаў з пад'езда i ледзь не галёкнуў ад радасці. Парадаваўся за сябе, што i п'яны — не дурань. Парадаваўся вясне, цёпламу вечару, сонцу. Пацешыўся дзецьмі ў пясочніцы, пенсіянерамі, якія з вясёлым смехам забівалі «казла». Але стаяла перад вачамі Ірына, i сэрца сціснулася — за яе. Каб ён мог памагчы ёй! Ды як памагчы?..
У напружанай працы падчас экзаменацыйнай сесіі Аксён Пракопавіч забываўся на свае перажыванні. Удзень. Але ўначы яны наплывалі, што хмары, цёмныя, пагрозныя, i лёгкія, жаданыя. Думаў... думаў пра Ядзю, але яна была як бы ў далечыні, у тумане. Бліжэй стаяла мулатка, смуглейшая, чым была на самой справе, i ад гэтага яшчэ больш таямнічая i прывабная. Сніў яе, часам так, што, прачнуўшыся, чырванеў. Але вобраз Ірыны Уладзіміраўны быў цьмяны, таму i пераўтваралася яна ледзь не ў негрыцянку: нядоўга, вельмі нядоўга глядзеў на яе п'янымі вачамі. Варта глянуць цвяроза, і, можа, тады яна страціць сваю незвычайнасць i не будзе так вабіць; жанчына як жанчына, як тысячы іншых. Але не адразу адважыўся паглядзець на яе — баяўся разбурыць рамантычнае ўяўленне.
Узяў талончык на прыём да неўрапатолага, апраўдаў сябе тым, што ёсць прычына — бяссонніца. Але прынімала другая ўрач, сівая даўгатварая жанчына. На развітанне спытаў баязліва:
— A Ірына Уладзіміраўна дзе? Не працуе?
— А вам трэба Ірына Уладзіміраўна? — падазрона паглядзела на пацыента, i вочы яе сталі халодныя. — Яна была ў першай змене.
А потым i яе вобраз пачаў аддаляцца, як i вобраз былой жонкі.
Сам пазваніць не адважваўся: раптам адкажа пляшывы.
I жыццё яго пачало ўваходзіць у халасцяцкую каляіну.
Ды ў дзень апошняга экзамена, калі ён вярнуўся дадому, стомлены i расслаблены, i бяздумна сядзеў на канапе, Ірына пазваніла сама.
Ён неахвотна ўзяў трубку — ні з кім з калег ці са студэнтаў, што праваліліся на экзамене, гаварыць не хацелася. J
— Слухаю.
— Гэта вы? — голас прыглушаны, задыханы. — Аксён Пракопавіч?
— Ды я, уласнай персонай. А вы хто?
— Ірына Уладзіміраўна, — i, здалося, голас сарваўся.
Аксён уміг скінуў прафесарскі панцыр i быццам пракаўтнуў нешта вельмі смачнае. Закрычаў не сваім басавітым голасам — фальцэтам:
— Ірына? Ірына! Праўда, вы?
— Я... Я... Як вам жывецца, Аксён Пракопавіч?
— Ды жыву! Жыву! Сёння апошні экзамен прыняў.
— I цяпер адзін дома?
— Адзін! У гордай адзіноце. Пераварваю формулы i... лес свой...
Яна памаўчала, але ён чуў яе перарывістае дыханне.
«Чаму яна так хвалюецца?»
— Ірына! Ірына!
— Я слухаю, Аксён Пракопавіч.
— Не знікайце!
— Я не знікаю. Але мяне душаць слёзы. Я не находжу сабе месца. Пазаўчора я... я, — i зноў паўза, — развялася са сваім... Вы далі мне сілу волі...
— Дык чаму ж вы плачаце? Радуйцеся!
— Каб я магла радавацца... Вы радаваліся? Вы напіліся...
— Ад глупства свайго. Ірына! Алё, алё! Дзе вы там?
— Я слухаю.
— Ірына! Ірына! Давайце сустрэнемся!.. Зараз жа! Неадкладна. Я прыеду да вас... у Купалаўскі сквер.
Згодны?
— А не позна?
— Не позна! Глядзіце, яшчэ не сцямнела. Праз паўгадзіны буду каля вас. Выходзьце!..
— Каля лебедзя?
— Каля лебедзя!
Трубку паклаў не адразу, чакаў, што яна яшчэ скажа. Не, гудкі!
Ліхаманкава пачаў апранацца. Збег па лесвіцы што на пажар. Захваляваўся, што няма тралейбуса. А навошта тралейбус, які будзе цягнуцца больш за паўгадзіны! A Ірына чакае. Пачаў «галасаваць».
У машыне падумаў з вясёлым гумарам, што ніколі так не спяшаўся на спатканні — ні на першыя, у дзевятым класе, ні да Ядзі.
Ірыны не было каля хлопчыка з лебедзем. Гэта спалохала. Пажартавала? Не, не магла яна жартаваць!
Прагна ўдыхаў вільгаць ад пырскаў. Але праз колькі хвілін фантан выключылі. Цямнела, але ў цемры ярчэй гарэлі ліхтары. I ён пабег ёй насустрач.
Яна першая схапіла яго за дзве рукі.
— О Божа! Добра, што вы... — не адразу сказала: — Ёсць.
— Добра, што вы ёсць.
— Я не знаходзіла месца. Я мушу застацца ў кватэры... а куды пайсці?.. пакуль не размяняем... Ен паехаў на дачу. Але ў п'янага ў яго самыя нечаканыя фантазіі. Ён мог вярнуцца. А ён дурны п'яны.
— Цяпер ён не кране вас.
— Рукамі — не, хоць даваў волю i рукам. Але словаMi... Я перадрыжэла перад разводам. Мне стала лягчэй, калі ўсё скончылася, а ён вылаяў мяне, абразіў, i я ўвесь астатні дзень праплакала. О, каб вы ведалі, што я перажыла!..
— Я разумею... — i пачаў расказваць пра свой развод.
Яна маўчала, выпусціла адну яго руку i не выпускала другую, як выратавальны круг.
Яны прайшлі з цэнтральнай алеі на бакавую, дзе менш святла.
— Калі вы баіцеся, я магу пайсці да вас.
Ірына выпусціла яго руку i адхіснулася.
— Ды вы што! Як можна! Вы абражаеце мяне.
Аксён засмяяўся.
— Не бойцеся. Я не кусаюся. Я вельмі рахманы. А хочаце, пойдзем да мяне.
— Не, не! Што вы! Я не думала, што вы такі...
— Я не такі, я нармальны. Я нармальны чалавек. Давайце пяройдзем на «ты», i я скажу табе такое...
— Што? — яны стаялі пад ліхтаром, i ён убачыў у вачах яе цікаўнасць, а вусны дрыжэлі.
— Добра, я скажу... Давай заўтра пададзім заяву.
Ірына на міг як акамянела. Потым уткнулася тварам яму ў грудзі; ён асцярожна падтрымаў яе за плечы, якія не ўздрыгвалі ад плачу i не напружваліся ад радасць Доўга маўчала, потым уздыхнула, адхілілася, спытала:
— Вы сур'ёзна?
— Я жрэц сур'ёзнай навукі, — пажартаваў ён.
— Ты — жрэц, — згадзілася яна. — Але што скажуць мае калегі? Што падумаюць! Яны шкадавалі мяне. А я праз тры дні пасля развода зноў збіраюся замуж? Не, Аксён. Я заўтра аформлю адпачынак, паеду ў вёску да свайго сыночка, да мамы. Трэба перажыць. Трэба вынасіць сваё новае каханне... як дзіця.
— Не дзевяць жа месяцаў, — пажартаваў Аксён.
— Не, не дзевяць.
Яны доўга хадзілі, расказваючы адно аднаму чамусьці пра сваё маленства, пра свае студэнцкія гады, i быццам спатыкаліся, калі размова падыходзіла да шлюбаў, — не хацелі называць сваіх былых. Пераходзілі на размову пра матэматыку, пра медыцыну.
Стаміліся, селі на лаўку, i тут яна дазволіла пацалаваць сябе.
Цалаваліся да світання. I смяяліся, што яны — як упершыню закаханыя.
Вяселле адбылося ў жніўні, без шлюбных атрыбутаў. Толькі сведкі: у яго — Алег Гукавец, у Ірыны — яе стрыечная сястра Люда. Да яе ж i паехалі пасля рэгістрацыі, яе маці накрыла святочны стол. Выпілі ажио чатыры пляшкі шампанскага. I гэта было ix вяселле! А праз тры дні (пуцёўкі Аксён узяў загадзя) паехалі на Нарач. У ix быў незвычайны мядовы месяц: абое, перажыўшы крушэнне, не спадзяваліся, што жыццё можа падарыць столькі шчасця i радасці. Праўда, Аксён хваляваўся за Ірыну: яна плавала, што дэльфін, i заплывала ледзьве не на сярэдзіну возера. Хаця плавала не адна — з майстрам спорту, — рэўнасці ён не адчуваў, a толькі баяўся за яе. Дні два дрыжэў, сігаючы па мастках, узіраючыся ў бліскучую водную гладзь, на якой нырала чырвоная шапачка. Прасіў, маліў не заплываць так далека. Абяцала і... парушала слова, паддавалася азарту. Пабіць хацелася спартсмена, які падбухторваў.
— Паплывём, Ірына Уладзіміраўна?
— Мне муж не дазваляе.
— Аксён Пракопавіч, ды вы проста феадал. Не бойцеся. Жонка ваша выдатная плыўчыха. Каб гадоў на дзесяць раней, я зрабіў бы з яе рэкардсменку.
Мужа яна ні разу не ўпікнула, што перад людзьмі праяўляе сваю ўладу, хоць чула, што з яго пасміхаюцца. Яе цешыў такі яго клопат, страх за яе. Але, перапоўненая шчасцем, яна набыла сваю даўно забытую дзявочую гарэзлівасць. Ён уступіў ёй: шчодра ўзнагародзіў дзяжурнага чаўночніка, аматара чаркі Юзіка, каб той плыў за імі на чаўне.
Ірына сказала:
— Хітруган ты, пан прафесар. Але мне прыемна твая хітрасць, — i пацалавала.
Ёй амаль усе з адпачываючых былі знаёмыя, i яна арганізавала вясёлую валейбольную кампанію, якая ўвечары ператваралася ў «шашлычную»: ішлі на паляну, смажылі шашлыкі, пілі віно.
Да Ірыны жанчыны адносіліся прыветліва, але раўніва: яна была каралевай баляў, заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі. Загарэлая, яна сапраўды стала падобная на крэолку. Пасол лацінаамерыканскай краіны, які прыехаў адпачываць, звярнуўся да яе па-іспанску. З гэтага весела смяяліся, расказвалі, як анекдот.
Аксён пашкадаваў, што так хутка праляцеў тэрмін пуцёўкі — залатыя тры тыдні. Сапраўды залатыя, незабыўныя, як ні адзін адпачынак за яго жыццё — на Каўказе, у Крыме, у Балгарыі...
Ірына не шкадавала курорта, бо імкнулася ў новае падарожжа, якое хвалявала шмат мацней.
Паехалі ў вёску, да яе бацькоў. У аўтобусе Ірына сказала:
— Я хвалююся, Сеня. У мяне грубаваты бацька... не крыўдуй, калі ён скажа штось не так.
— Пра што ты кажаш, Іра! У мяне тоўстая скура, яе не прабіць словамі. I я не з паноў — з той жа вёскі, знаю я нашых людзей. У ix, бывае, вырываюцца крутыя словы, але ў ix добрая душа.
— Ты ўсё знаеш.
— Усяго не знаю. I людзей не знаю, інакш раскусіў бы...
— Не трэба, Сеня, — Ірына сціснула яго рукі — так кожны раз, калі ён з якой нагоды ўспамінаў былую жонку. — Не забывай: мы, бабы, хітрыя. Мы такое племя...
— Сябе не далучай да гэтага племя.
Яна засмяялася.
— Ты ідэалізуеш мяне. Глядзі, расчаруешся...
— О не! Ніколі!
— Які ты ўпэўнены!
— Я ўпэўнены? Ды я ў задачах сваіх сумняваюся. Толькі ў табе я ўпэўнены.
Бабуля, якая сядзела наперадзе, павярнула галаву, з добрай усмешкай сказала:
— Вы — як галубкі. А немаладыя ўжо. Ты татарка, бабанька?
Ірына засмяялася i сказала:
— Можа, i татарка. Да Любані даходзілі татары. Крымскія. Можа, які i ўпадабаў маю пра-пра-прабабулю. Але я беларуска. I прозвішча маё бацькоўскае беларускае — Шаплыка.
— Ва ўсіх нашых татар беларускія прозвішчы, — сказаў інтэлігентны мужчына цераз праход.
Паўсалона ўцягнулася ў размову: дакуль даходзілі татары, якія, дзе ix білі, дзе яны нашых білі. Дасведчана спрачаліся інтэлігент i хлапчына ў паношаным спартыўным касцюме, мабыць, студэнт, што ехаў памагчы капаць бульбу. Ix слухалі — гісторыкі! вучоныя!
— А я гэтага не ведаў, — прызнаўся жонцы Аксён Пракопавіч. — Які я невук! Вернемся — праштудзірую гісторыю. Не адзін падручнік...
— На ўсё не хопіць часу. Займайся сваёй матэматыкай.
— Не, ты не знаеш, які я зацяты. Калі чаго не ведаю — не засну. Пасярод ночы чытаю.
Ірына горача дыхнула мужу ў вуха, прашаптала:
— Не бойся, са мной ты будзеш спаць, — i зноў засмяялася, ажно інтэлігент цераз праход коса зірнуў на яе: не цікавіцца дамачка гісторыяй, пэўна падумаў: «Хіба такой красуні да гісторыі».
A Ірына сапраўды першая адключылася ад гісторыі i яго адарвала:
— Паглядзі, які бярозавы гай! Цуд! Як гарыць...
Паабапал шашы стаялі бялюткія бярозы — як нявесты. Ix кроны восень ужо пазалаціла, але яшчэ засталося i зялёнае лісце.
Ад захаплення ў Аксёна заняло дыханне: даўно яго не краналі гэтак родныя краявіды. Ірына дала яму адчуванне прыгажосці прыроды — там, на Нарачы, i тут, на яе зямлі. На яе... Недалёка i яго зямля: колькі засталося да Хойнікаў! Веска яго не выселена, але калі наведваў бацькоў, борам не захапляўся, думаў аб небяспецы, побач з якой жылі блізкія: нельга збіраць ягады i грыбы, лавіць рыбу.
Праблемы з бацькамі не было. Уладзімір Іванавіч прыняў зяця як свайго аднавяскоўца, адразу на «ты»... I маці... Не, Любоў Андрэеўна ў першыя хвіліны пільна разглядала зяця.
— Што ты так любуешся ім, мама? — засмяялася Ірына.
— Вы праўда прафесар?
— Прафесар, прафесар, мама.
— А я спалохалася, калі ты напісала. Падумала: стары, з сівой барадой... Як у кіно. А вы такі малады. I прыгожы.
— Дзякуй.
Пасмяяліся.
Цяжэй ішло знаёмства з Ірыніным сынам Уладзікам.
Яго не было дома. Ірына пайшла шукаць. Доўга не прыходзіла. I Аксён адчуў, што хвалюецца. Не разумеў чаму. Перад сустрэчай з прэзідэнтам так не хваляваўся, як перад сустрэчай з дзіцем. Урэшце Ірына прывяла сына — светлавалосага хлопчыка, зусім не падобнага на яе. Праз акно ён бачыў, як яна абтрасала хлопчыка, прыхарошвала.
Сказала ў хаце:
— Уладзік, гэта твой тата.
Пяцігадовы чалавек набычыўся, глянуў з-пад ілба i рашуча адказаў:
— Ета не мой тата.
Ірына пачырванела, у бабулі на вачах з’явіліся слёзы. А дзядуля сказаў:
— Ды не мучце вы яго, дайце чалавеку асвоіцца.
Уладзік пацяплеў, калі атрымаў цацкі — цэлую торбу: паравозы, аўтамабілі, ракеты, пісталеты i сур'ёзныя звяры — мядзведзь, леў, слон.
Выказаў сваё захапленне:
— Ух ты! Віцька лопне... Мама, а можна ляльку даць Зінцы?
— Можна, сынок, можна. Ты добры хлопчык.
На другі дзень, у суботу, выбіралі бульбу: да сарака сотак гарода ўзялі яшчэ паўгектара зямлі далека ў полі. Трэба жыць! I дзецям памагаць, якія ў гарадах, на зарплаце; трое інстытуты кончылі — урач, інжынер, настаўніца, а без бацькоўскай бульбы бадай галадалі б.
A ў нядзелю — нават Ірына не высветліла, па чыёй ініцыятыве — сабралася чалавек дваццаць сваякоў, суседзяў. Вяселле. Калі маці нагатавала? А можа, ёй няцяжка было, бо сваякі прыносілі сваё — вяндліну, пірагі, масла, смятану. Пілі, елі. Спачатку стрымана, мабыць, саромеліся новага зяця: прафесар! А пад хмелем разышліся. Ірыніна сястра крычала:
— Ірка! А ты добрага мужыка сабе ўхапіла! Той, пляшывы, мне не прыглянуўся... Цалавацца лез, слюнявы. Я чуць яму не заехала. Казалі, што ён міністр. Праўда? А прафесар — лепш! Калі не барадаты. Не люблю барадатых. Мой Косцік у дваццаць бараду адрасціў. Дурная мода! Хацела яго, соннага, абстрыгчы.
А мужчына, дзядзька Васіль, лез з іншым:
— А што ён у цябе п'е, як певень? Такі дуб, а п'е напарсткамі. У нас так не п'юць. Глушаць яе, заразу, стаканамі.
Ірына сарамліва пасміхалася, як Аксён весела смяяўся — ён любіў сялянскую шчырасць. I выпіўшыя сяляне не здаваліся яму такімі брыдкімі, як гарадскія заўсёднікі піўных павільёнаў.
На трэці дзень шчырай працы, падчас пагрузкі мяшкоў на трактарны прычэп у Аксёна скруціла паясніцу.
Лячылі: цешча клала гарачыя цагліны, Ірына рабіла масаж i ездзіла ў Любань за лекамі. Прымусіла сядзець дома.
У час гэтага «вялікага сядзення» ён паразумеўся з Уладзікам. Сам не ведаў пра свой талент выхавацеля. Але прыгадаў сваё школьнае захапленне: майстраваў цацкі, лялькі з усяго, што было пад рукой: з дрэва, бяросты, шышак, з паклі, саломы, анучак.
Уладзік любаваўся з яго ўмення, весела выгукваючы:
— Ух ты! Майстра ты, Аксён!
Паясніцу вылечылі.
Канчаліся адпачынкі. Цягнула ў аўдыторыі. Ірына прызналася, што яе не вельмі цягне ў паліклініку.
— Я люблю сваю працу. Але мне так спадабалася на курорце i тут, дома. Ніколі не думала, што чалавек можа мець столькі шчасця, колькі мела я ў гэтым незабыўным месяцы. Ці паўторым мы яго?
— Паўторым, Іра, паўторым. Цяпер яно заўсёды будзе з намі, наша шчасце.
Хацела забраць з сабою сына. Але бабуля гатова была легчы на парозе.
— Пакуль у школу не пойдзе — не аддам!
I дзядуля ажно праслязіўся.
Хлопчык разрываўся паміж маці i бабуляй. Пра горад у яго не захавалася ўспамінаў. А тут, у вёсцы, — казка. Але — мама...
— Мамачка, а ты не забудзеш мяне?
— Сыночак мой маленькі, як жа я забуду цябе? Крывіначка мая!
У аўтобусе ў пачатку дарогі Ірына часта даставала насоўку.
— Іра, не хлюпай носам, а то высаджу, — пажартаваў Аксён.
Яна прытулілася да яго пляча, адчула яго сілу, яго цеплыню i ажыла. Асцерагалася, каб не перадаць смутак яму: ён павінен быць вясёлы, бо яго весялосць, якую назірала ў санаторыі, у бацькоў, — яе шчасце. У ix жа зусім іншае жыццё, чым было ў яе з тым... I яна павінна зрабіць усё магчымае, каб яно заўсёды заставалася такім.
Спытала ў Аксёна:
— Хто сказаў: «Свята, якое заўсёды з намі»?
— Хемінгуэй.
— Ты ўсё знаеш! — i пацалавала яго ў шчаку, не саромеючыся пасажыраў.
У першы ж дзень працы Ірына прынесла навіну: у ix паліклініку сыходзяцца плёткі з усяго горада.
Яна прыйшла позна, калі Аксён працаваў пры святле настольнай лямпы. Заглянула ў пакой, уключыла люстру.
— Не сляпі вочы. У гэтым начніку трэба памяняць лямпачку. Эканоміць не будзем, — яна гэта часта паўтарала, аднак сама эканоміла — на сабе, на харчы i на адзенні, што было предметам ix любоўнай спрэчкі.
Нядоўга мыла рукі; звычайна даўжэй, як перад аперацыяй, з мылам i шчоткай; Аксён жартаваў з гэтай яе павышанай прагі да чысціні. Села з другога боку стала, хоць рэдка так садзілася, калі ён працаваў: старалася нічым — ні словам, ні рухам — не перашкодзіць яму.
Аксён глянуў на яе i па бляску вачэй, па ўзбуджанасці зразумеў, што ёй не церпіцца нешта расказаць.
— Хочаш, я здзіўлю цябе?
— Толькі не вельмі. Каб не пашкодзіла працы. Я пішу праграму для ВНУ.
Ірына нервова засмяялася:
— Дык слухай жа... Мой ажаніўся з тваёй...
— Цябе гэта здзівіла? Мяне — не. Як казала мая маці: два чобаты — пара. Здзівіла іншае: «мой», «твая»... Іра! Мая былая, твой былы. I Бог з імі. А цяпер ты мая...
— А ты мой. Не, мяне не здзівіла. Пацешыла. Камедыя! Памяняліся жонкамі. Ці, наадварот, мы памяняліся мужамі. Такога Мальер i Чэхаў не прыдумалі. Аднак чаго ў жыцці не бывае. Будуць яны верныя адзін аднаму, як думаеш? Няма з маіх калег нікога блізкага хоць да аднаго з ix...
— Цябе цікавіць, як яны будуць жыць?
— Цікавіць? Не, не цікавіць. Я знаю... Сумленне ў ix... у яго i ў яе...
— Кожны атрымаў, што заслужыў. Я — скарб, якога, можа, i не заслужыў...
— Што ты, Сеня! Ды i што я... прызнаю, што я скарб? Не лічы мяне скарбам!
— Лічу...
— Ты ўпарты.
— Я ўпарты толькі ў працы i ў каханні да цябе.
— Ты прымушаеш мяне чырванець.
— Давай забудзем ix.
— Давай, я забыла, я даўно забыла, — горача запэўніла Ірына. — Мне смешна стала. А смешнае заўсёды цікавае.
— Што ж, я таксама пасмяюся.
Больш яны не вярталіся да гэтай навіны ні ў той вечар, ні ў наступныя дні.
Надыходзіў Новы год. Але надвор'е было зусім не снежаньскае: у шыбы вокнаў барабаніў дождж.
Аксён Пракопавіч сядзеў у «зале» за прасторным сталом — не тое, што кухонны, — i пісаў, абклаўшыся кнігамі, часопісамі, рукапісамі, падручнік па вышэйшай матэматыцы. Праца захапляла, бо занатоўваў усе навейшыя адкрыцці ў гэтай галіне — вучоных свету i свае ўласныя.
Ірына сядзела ў мяккім крэсле i вязала. Яна любіла вязаць, нейкі час рабіла гэта на кухні ці ў спальні. Але прафесар адкрыў новую «формулу»: яму лепш думаецца, калі жонка побач. Яна ніводным словам не перапыняла яго думак, але ён чуў, як яна, зусім па-дзіцячаму, ціха сапіць сваім курносым носікам. У вогуле ёй хацелася, каб ён спыніў працу: занадта ўжо зацята сядзіць, стамляецца.
Ён ведаў, што яна чакае, калі ж нарэшце ён адарвецца ад сваіх формул. Дарэчы, яна цікавілася напісаным i шмат у чым разбіралася — на ўзроўні студэнтаў другога курса, i ён ахвотна тлумачыў ёй вялікія мудрасці сваёй навукі.
Ірына ніколі не дазволіла сабе ўключыць тэлевізар, нават калі муж чытаў газету. Але ён штодня абмяркоўваў з ёю праграму перадач, i яны разам выбіралі фільм ці канцэрт, які будуць глядзець. У ix аднолькавыя густы: любілі канцэрты, музыку i не любілі баевікі, хоць мусілі ix глядзець, бо яны часта ішлі па ўсіх праграмах. Што робяць бацькі, у якіх дзеці ва ўзросце, калі ўсё гэта захапляе? Ірына перажывала:
— Няўжо i там, дома, глядзяць гэта?
— Ты думаеш, для вёскі асобая праграма?
— Загубіць нас цывілізацыя.
— Разумныя людзі знойдуць сродкі абароны ад такой, з дазволу сказаць, цывілізацыі.
— Ты аптыміст. А я...
— Не скажы, што ты песімістка. Не дазволю!
— Новы муж — грозны муж.
Не цытавала Пушкіна дакладна, каб не ўспамінаць старога мужа; пасля таго як прынесла навіну, ні разу не ўспамінала, жыццё з ім — што дурны сон.
Аксён глянуў на гадзіннік.
— Прабач, Ірыначка, помню, што пачаўся канцэрт. Але хвіліначку. Я запішу некалькі думак, а то за ноч магу забыць.
— Пра што ты кажаш! Канцэрт можна глядзець i з сярэдзіны. Ды хіба ix мала яшчэ будзе, канцэртаў! Усе не пераслухаеш...
— Я зараз, я зараз...
Настойліва зазванілі ў дзверы. Ірына ажно ўздрыгнула.
— Хто гэта ў такі час?
Аксён хутка пайшоў да дзвярэй, паглядзеў у вочка. Убачыў выцягнуты твар аднаго чалавека. Не пазнаў — хто. Але аднаго не баяўся — адчыніў. I тут жа з трэскам зачыніў, не баючыся стукнуць дзвярамі па лысіне няпрошанага госця, які нахрапам лез у кватэру.
— Хто там? — гукнула Ірына.
У Аксёна перасохла ў горле i моцна загрукала сэрца.
— Памыліўся...
Але яна не чула ніякага дыялога паміж гаспадаром i тым, хто памыліўся кватэрамі, i выйшла ў прыхожую, уключыла святло. Глядзела на мужа з насцярогай i бадай са страхам. Здагадвалася. Позіркам спытала: «Ён?»
Аксён крутнуў галавой:
— Не.
«Не казаць ёй? Можа, няпрошаны госць зразумеў, што яго не пусцяць, i пойдзе...»
He, зноў доўгі званок i грукат кулаком у дзверы.
— Адчыні!
Аксён, моцна ўстрывожаны, глянуў на жонку. Яна стаяла, прытуліўшыся да касяка, i твар яе змярцвеў. Куды падзелася смуглявасць! Пасінелыя вусны прашапталі:
— Божа мойЁ
Аксён злосна крыкнуў:
— Што табе трэба?
— Аддай маю жонку, гад! Зладзюга! Ты ўкраў маю жонку!
— Ты памыліўся адрасам, Камяк! Няма тут тваёй жонкі! Твая жонка на Купалы. Дарэмна ты так далёка ехаў.
— То не мая жонка. То твая. Аддай маю!
Аксён крыкнуў са злосцю — такой, якую бадай ніколі не праяўляў за ўсё жыццё.
— Пайшоў прэч! А то спушчу цябе з лесвіцы! Стукнулі дзверы суседняй кватэры. Жанчына нешта сказала — не разабраць. Камяк мацюкнуў яе. Тады яна сказала выразна:
— П'яная свіння! — i ляпнула дзвярыма.
— Чуў, Камяк, як прыстойныя людзі цябе называюць? Пасаромейся! У міністры лезеш. Вучоны юрыст!
— Аддай, гад, маю жонку! А то я разнясу твае дзверы!
— Яшчэ раз грукнеш — я выклічу міліцыю. I ты вылеціш са свайго міністэрства без парашута!
— Дзе Ірка? Пакажы мне Ірку! Няхай яна скажа!.. На каго яна прамяняла мяне?.. Мяне! Ды ты знаеш, хто я?
— П'яны дурань.
— За абразу я на цябе падам у суд.
— Давай, давай. Найцікавейшы працэс будзе. Хвіліну «госць» перад дзвярыма бубніў нешта неразборлівае, потым сказаў плаксівым голасам:
— Ах, вы так? Дык я лягу перад вашымі дзвярамі i... памру. Памру! Няхай людзі скажуць...
Што скажуць людзі, Аксён Пракопавіч не пачуў, бо Ірына ўчапілася ў яго рукаў, адвяла ад дзвярэй, горача зашаптала:
— Сеня, ён сапраўды можа легчы, п'яны ён, што вар'ят... дурны. Калі ён ішоў ад тралейбуснага прыпынку, то прамок. A ў нас у пад'ездзе скразняк. A ў яго мінулай зімой было запаленне.
— Добрая душа. Дык, можа, адчыніць яму? I падставіць яму морду? Няхай б'е. Некалі хацеў пабіць яго... I ад гэтага п'янага жадання атрымаў шчасце — цябе.
— А што рабіць? Што?
Камяк змоўк, але гукі за дзвярамі засведчылі, што ён сапраўды лажыцца.
Тэлефонны апарат стаяў у прыхожай на палічцы. Аксён Пракопавіч набраў нумар i гучна крыкнуў:
— Міліцыя!
Ірына павісла на яго руце.
— Не трэба, Сеня, не трэба!
Ён прашаптаў:
— Не перашкаджай. Я набраў нумар сваёй кафедры.
У яе здзіўлена расшырыліся вочы. А ён зноў гукнуў:
— Міліцыя! Да нас у дзверы ломіцца п'яны хуліган. Пагражае. Хто гаворыць? Прафесар Крапіўка. Наш адрас... Выязджаеце? Прашу хутчэй! Я бяссільны даць яму адпор. I суседзі баяцца.
Ірына прытулілася да яго.
— Які ты вынаходлівы.
— Цішэй. Чуеш?
За дзвярыма пачулася крахценне, лаянка, а потым, сціхаючы, злыя крокі на лесвіцы — Камяк уцякаў.
— Нахабнік i трус!
Ірына нервова засмяялася.
— Перашкодзіў дапісаць старонку. Ну, ды Бог з ёю. Будзем слухаць музыку. Яна супакойвае. Пра яго забудзем.
Нейкі час глядзелі i слухалі канцэрт моўчкі.
Але Ірына не стрымалася, уздыхнула.
— Баязлівец i ... п'яны дурань. Але мне шкада яго. Несалодка, відаць, з Ядвігай...
— Выкінь з галавы, Іра! — бадай сурова загадаў Аксён.
Яна сцялася, захуталася ў пуховую хустку.
— Я даўно забылася. Даўно. I каб ён не з'явіўся...
— Не верадзі душу. Ты ж добра знаеш фантазію п'яных.
— Яго фантазіі я знаю. Перад суседзямі няёмка.
— Растлумачым. Няхай пасмяюцца. З нас смяяцца не будуць. Бачаць, як мы жывём.
— Дзякуй табе, Сеня.
— Табе дзякуй, Іра, — павярнуў галаву i пацалаваў яе шчаку, да якой вярнулася заўсёдная смуглявасць. Яна ўзяла яго руку i пацалавала, чым збянтэжыла яго, хоць цалавалі яны рукі адно аднаму сотні разоў. I столькі ж прызнаваліся ў каханні — як юныя. I на гэты раз Ірына не ўстрымалася:
— Я люблю цябе, Сеня.
— А я дзякую Богу, што ён падарыў мне тваё каханне.
Аксён Пракопавіч выйшаў з двара бальніцы i ўбачыў сваю былую жонку. Ядвіга спускалася з ганку прыёмнага пакоя з пакетам у руцэ.
У яго не было ніякага жадання сустракацца з ёй, але сутыкнуліся тварам у твар — не схаваешся.
— А, Аксён! — бадай радасна выгукнула жанчына. — Здароў, прафесар!
— А-а, ты, — ён як бы здзівіўся. — Наведвала кагось?
— Не. Сама выпісалася.
— Хварэла? Што з табой?
— Ты не ведаеш, з чым ляжаць у гэтай бальніцы? Калі была з табой, я двойчы аказвалася тут — у «камандзіроўках». Ад цябе тайна. Ты — карась-ідэаліст, не зразумеў бы. А ты чаго аціраешся каля бабскай бальніцы?
— Я? — на хвіліну завагаўся: казаць? не казаць? А чаму не сказаць пра радасць сваю! — Я... мне толькі што Іра праз акно паказала дочачку нашу, тры дні назад нарадзілася. Вылітая Ірачка.
Ядвіга пазелянела i як бы збянтэжылася. Але на міг. Тут жа саркастычна хмыкнула:
— Ты робішся бабай, пан прафесар. «Вылітая Ірачка!» Ірачка! Якая сентыментальнасць! Усе бацькі такія слюнцяі?
— Чаму ты такая злосная? Зайздросціш?
— А чаму мне радавацца?
— Табе нявесела жывецца?
— Вельмі весела.
— А весялосць i ёсць радасць.
— Зануда ты, Аксён. «Вылітая Ірачка»... Ха!
— Ірыну не чапай.
— Цаца-цаца. Парадзіха па-за падазрэннем, як каралева. Маўчу. Але пачастуй мяне.
— Чым?
— Я хачу выпіць. A ў мяне няма грошай. Мама не перадала. Мяне цягне выпіць!
— Не зрабіся алкагалічкай.
— А можа, я ўжо стала ёю. У пад'ездах, праўда, не валяюся. Дама рэспектабельная... Але выпіць люблю. Хіба пры табе я не піла? Святы адзін ты... Усе астатнія грэшныя.
Хацеў сказаць, што ў яго няма грошай, але пабаяўся, што яна можа вылаяць яго, сапсаваць радасны настрой. I трохі шкада яе стала. Ды i ўрэшце, чаму i яму не выпіць чарку каньяка ці бакал віна за сваю Славяначку... Імя прыдумала Ірына, але яму спадабалася.
Пайшлі ў бок Вяснянкі.
— У цябе не цяжкая торба? Дай я пранясу.
Аддала.
— На, нясі. Некалі ты мяне насіў на руках.
— Я — насіў?
— Забыўся? Кароткая ў цябе памяць, прафесар. Формулы не забываеш?
— Не забываю.
— А я думала, Ірачка зацьміла тваю памяць. «Вылітая Ірачка!» Чуеш, чайкі рагочуць?!
Ішлі па мосце праз Свіслач. Над вадасховіш^ім лятал! чайкі, як бы ўстрывожаныя нечым. Была другая палова дня, але чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока i пякло няшчадна.
Аксён пачуў, што Ядвіга цяжка дыхае.
— Дарэмна ты хочаш выпіць.
— Шкадуеш грошай?
— Грошай не шкадую. Цябе шкадую.
— Чаго мяне шкадаваць? Я яшчэ маладая. Ведай гэта, мой незабыўны. Павер: я цябе не забываю. Ты — чала-век!..
— Дзякуй. Такой атэстацыі я яшчэ не меў. Чалавек! Гучыць горда!
— Ты i з Ірачкай так размаўляеш?
— Не, не так.
— Здагадваюся, як ты сюсюкаеш. «Вылітая Ірачка!»
— Нам усё ж лепш развітацца.
— Не! Я хачу выпіць!
Не адразу знайшлі, дзе даюць у разліў. Ядвіга лаяла гандаль.
Спыніліся на вуліцы каля магазіна. На сонейку стаял! столікі.
— Табе што?
— Любой атруты, толькі мацнейшай.
Аксён заказаў ёй брэндзі, сабе — віна. Яна ўпікнула:
— Ты ўсё ж баба.
— Гэта мяне не абражае. Баба дык баба. Мая маці называе сябе бабай.
Пацешыўся, што рука ў яе не задрыжэла, калі яна падняла шклянку, i не выпіла залпам, як алкаголікі, піла маленькімі глыткамі — смакавала. З выпітым знікала бледнасць, смутак у вачах, яна набывала ранейшы выгляд прыгожай жанчыны.
— Як ты жывеш, Ядвіга?
— З кім?
— Ды з тым... Донжуанам...
— З пляшывым катом, хочаш сказаць...
— Я не абражаю i ворагаў...
— Які ён твой вораг! Лічы, сябра. Падарыў табе Ірачку.
— Кпі, але без злосці. Іру мне падарыў Бог.
— Во як! А мне хочацца падпаліць увесь свет.
— Не трэба, Ядзя. На каго ты злуеш?
— На сябе. А рыцар той... Я даўно дала яму выспятка пад зад.
— Прабач. Hi слова больш... Я не лезу ў тваю душу.
— Можаш лезці — у ёй пуста.
Аксён паклікаў бармена, каб разлічыцца.
— Закажы яшчэ.
— У мяне мала грошай. Усё патраціў на пасаг Славяначцы.
— Каму?
— Славяне. Нашай маленькай.
— Што за імя?
— Прыгожае імя.
— Прыгожае, — згадзілася Ядвіга. — Я хачу яшчэ выпіць.
— Не магу.
— Зануда ты i скупердзяй. Пялюшачкі купіў! Ды твая квактуха нагатавала ix на другі дзень пасля шлюбу. Знаю я такіх...
— Ты толькі сябе не знаеш.
— Сябе не знаю. Дык не закажаш яшчэ?
— Не.
— Ну i чорт з табой, — паднялася i, не развітаўшыся, пайшла ў бок прыпынку.
Аксён Пракопавіч нейкі час глядзеў ёй услед з усмешкай на твары. З палёгкай уздыхнуў, разлічыўся i пайшоў у другі бок — да сваёй аўтобуснай лініі. Ішоў павольна, але яму здавалася, што ляцеў. На Ядвігу забыўся. Перад вачыма стаяла Ірына з маленькім ружовенькім чалавечкам на руцэ. Яна смяялася. Ён шаптаў ix імёны:
— Ірынка, Славянка.
Прахожыя недаўменна азіраліся на яго.