Ада

У пачатку снежня стаіліся, заціхлі дажджы, неба пасвятлела, выяснілася i калюча запальвала далёкія маленькія зоркі. Падзьмулі халодныя сухія вятры, паціснулі марозікам: вада (а яе шмат налілося за восень) пакрывалася на ноч тонкім лёдзікам; начны вецер шумеў не гарэзліва, як гуляў летам у цёплым лісці, а нудна i злосна хістаў голае голле, прычэпліваўся да адзінокага ўцалелага ліста, ірваў яго, i той вечарамі адчайна хліпаў, спяваў развітальную песню…

Ада душою адчула, што настала часіна, калі ўжо не будзе ні цяпла, ні дажджоў, але не пойдзе яшчэ i снег, яго нагоніць, насыпле, калі аднаго дня зніжэе i пашарэе неба. Але да гэтай белай радасці было не хутка: зіма апошнія гады ўсталёўваецца позна, i Ада затрывожылася ад асенняй нудоты, суму; вечарамі яна падоўгу пазірала ў запацелае, ужо даўно закітаванае акно, на чырвоныя ягады за дубэльтамі i бачыла ў глыбіні толькі сябе, адзінокую, здаецца, непрыгожую, не па гадах папаўнелую. I страшна было выйсці на двор, на пякучы холад, ды i не хацелася выходзіць: ніхто яе там не чакаў. I не таму, што яна была ў гэтай вёсцы новы чалавек, нядаўна прыехала рабіць у школу настаўніцаю, не. Вунь ад Элы i Тані, што, як i яна, толькі пачалі вучыць дзяцей, лічы, не выбіраюцца хлопцы, ледзь толькі паспеюць прыехаць з горада ці прыйсці з работы, як бягуць да ix… I Ада, як i ўся вёска, ведала, чаму шчаслівейшыя тыя дзяўчаты: маладзейшыя, прыгожыя…

Не хацелася ісці ў клуб, дзе штовечара круцяць знаёмыя пласцінкі, танцуюць, гуляюць у даміно ці хлопцы млеюць за хакеем па тэлевізары, ніколі не дадуць паглядзець кіно. Яна заракалася хадзіць у гэты клуб, на вечары, вяселлі, дзе скачуць, пяюць, шмат жартуюць; яе хлопцы не запрашалі на танцы, не праводзілі дахаты, на яе толькі ахвотна зыркалі ды абгаворвалі вясковыя языкатыя кабеты. Нават маладыя мужчыны (з імі дзяўчаты не вельмі хочуць знацца) не падыходзілі да яе, i яна, адзінокая, сядзела ў якім кутку i адчувала сябе лішняй тут.

Ада бачыла i раней, што яе не чапалі, не пісалі запісак аднакласнікі ў школе, не падалі за ёю ў інстытуце хлопцы, гаварылі толькі пра кнігі, экзамены, прасілі даць перапісаць канспект. Раней яна не баялася гэтага, але цяпер, калі ёй падбіралася пад трыццаць, яна востра адчула, што яна нямала нечага страціла i шмат чаго не знайшла ў жыцці. Ёй прыпаміналася, каго яна кахала i каму ніколі не сказала пра гэта, хоць цяпер адчувала, каб прызналася, была смялейшая, можа, была б шчаслівейшая…

Ада позна сядзела вечарамі, правярала сшыткі, пісала вялікія планы, хадзіла на ферму чытаць лекцыі, складала сваім сяброўкам доўгія лісты, чытала ўсе газеты, аднойчы нават сама напісала ў газету пра тое, як трэба цяпер кахаць. Але не надрукавалі, толькі падзякавалі з рэдакцыі за ліст, папрасілі напісаць пра тутэйшы калгас, пра калгаснікаў, пра моладзь i іхнюю працу, але Ада не пісала ды баялася: прыедзе яшчэ журналіст, зірне на яе ды скажа: мілая, табе, такой маладусе ды красуні, толькі i застаецца пісаць пра шчырасць, дабрыню, сціпласць… Яна часцей стала ўзірацца ў люстэрка i пужацца за маршчынкі ля вачэй, за твар, што не быў ужо такі белы, пяшчотны, як у юнацтве, a пацямнеў i пачаў старэць. Яна востра адчула, што адыходзіць маладосць i спяшаецца, падступаецца сталасць. I гэтага ўжо няможна схаваць, як няможна ўтрымаць цяпло, калі гоняць вятры холад, сівер, прыганяюць, укрываюць снегам, i стаіць тады суцэльная халадэча.

Калі аднойчы яна заўважыла ля скроні сівы волас, дык зусім растрывожылася, задумалася, што будзе з ёю далей, a ўночы ціха плакала, хоць i плакаць не вельмі хацелася, было толькі страшнавата.

…Растрывожыў яе сусед Пеця, высокі, прыгожы, які гэтай восенню вярнуўся з войска. Прыйшоў ён, як помніцца, у чацвер, быў такі сур’ёзны, як i яна, сарамлівы, негаваркі i спадабаўся ёй. Ён называў яе Адай Іванаўнай, хоць яна i прасіла быць прасцейшым, клікаць Адай, спрабавала жартаваць з ім.

Прыйшоў Пеця i ў пятніцу: яна нават не паспела пераапрануцца, паправіць прычоску. Цэлы вечар ён расказваў пра войска, калі змаўкаў, тады Ада паказвала яму свой студэнцкі альбом, сшыткі дзяцей, расказвала, як яны не хочуць вучыць алгебру i геаметрыю, пасля яны хадзілі ў кіно, хоць яна i абяцала сабе не хадзіць болей у клуб.

Назаўтра раніцай, калі Ада яшчэ спала, прыбегла Пецева маці i пачала шаптацца з гаспадыняй.

— Учора позна наш вярнуўся, — расказвала суседка, — спытала сёння, дзе быў, сказаў, што ў кіно з вашай настаўніцай хадзіў.

— I наша позна вярнулася, — сказала гаспадыня. — Была такая вясёлая, аж я парадавалася, падумала: маё ты дзіця, хай бы пашчаслівіла табе. I добрая i разумная, але вось не надарыцца добры чалавек… Можа, з тваім як згаворацца…

«Як яны, вясковыя кабеты, усё бачаць», — здзівілася Ада.

— A колькі яна палучае?

— Ды лэпска, — сказала гаспадыня, — цяпер дабавілі яшч, дык на кніжку паўзарплаты носіць.

— Хай бы жылі,— згадзілася госця, — кароўку, свінню, курэй дадзім. Ён можа шафёрам рабіць, у дом саўгасны могуць пайсці, калі з намі жыць не захочуць. Цяпер дзеці з бацькамі не заўсёды ўжываюцца.

— Чаму ж не, жыць можна, — сказала гаспадыня. — Цяпер станавіцца на ногі лягчэй, як некалі.

— Дзеўка яна сталая, — гаварыла госця, — з дыпломам, пры добрых, як ты кажаш, грошах. Толькі вось крыху паўнаватая для нашага Пеці i старэйшая.

— Гэта не бяда, — сказала гаспадыня, — затое жыць умее: сталая, сур’ёзная, працавітая.

— Яно так. Я таксама старэйшая за свайго Міколу, паўнейшая, — госця стала гаварыць цішэй, — ты ж, Алена, пагавары з ёю як-небудзь пра гэта, распытай, ці пойдзе за нашага хлопца.

— Добра. Пагаманю.

Ада заплюшчыла вочы i накрыла галаву коўдрай, ёй стала сорамна, што вось так гавораць пра яе, робяць па-даўнейшаму, што да яе па-вясковаму прыйдуць у сваты, а ёй неяк няёмка i сорамна напісаць бацькам, што ў Пеці толькі восем класаў.

Яна не ўзрадавалася, не пашчаслівела, бо думала, што гэта ўсё не так, як у іншых дзяўчат. Пасля падумала: ці варта ў яе гады спадзявацца на ўзвышанае пачуццё, жыць выдумкаю? У жыцці яно, мусіць, усё прасцей i цвярозей. Яна часамі не бачыць гэта — таму i не ўладкаваная яшчэ.

…У школе, відаць, пра ўсё ведалі: на яе, усміхаючыся, пазіралі настаўнікі, калі выходзіла на калідор, відаць, гаварылі пра яе. Пачала загаворваць з ёю i гаспадыня, хваліць Пецю.

Пеця ў суботу не прыйшоў. Ада палічыла, што ён стрымліваецца, думае, калі ўжо прыйдзе, то i папросіць яе выйсці за яго замуж. Калі ж яго не было i ў нядзелю, яна захвалявалася, засмуцілася, што не пакахае яе Пеця, пабяжыць маладзейшых шукаць.

Гаспадыня, мусіць, угадала, што Ада пакутуе, заспакоіла, што сусед паехаў у горад купляць сабе касцюм.

Назаўтра Ада, калі ішла са школы, убачыла Пецю ў новым касцюме. Сусед стаяў з сябрукамі ля магазіна i курыў. Яна прывіталася і, не азіраючыся, падалася дамоў.

— Твая? — пачула яна.

— Ай, — сказаў Пеця, — яна такая ж цікавая, як i яе алгебра.

Хлопцы пырснулі смехам, яшчэ штосьці сказалі, але яна не пачула, прыспешыла крок. У галаве яе стукала, звінела.

«Пустадомкі вы! Вам яшчэ далёка да мяне з маёй матэматыкай», — суцешыла сябе, пайшла спакойней, але не вытрымала i заплакала.

…Зіма па-ранейшаму стаяла бясснежная. Увесь снежань плыло нізкае шэрае неба, па-асенняму цабанілі дажджы. Лінула было ў адзін дзень шэрай вадзяной хлюпанкай, паляжала яна колькі хвілін на цёплых стрэхах i знікла.

У самым канцы снежня высокае i светлае стала неба, густа высыпалася ноччу зоркамі — цяпло згарнулася, узяўся іней i ўбяліў зямлю. Вада высушылася, выдзьмулася, схапілася лядком. Зямля стала цвёрдая i звонкая, гулі на моцныя маразы драты, але зімы, снежнай, з гарэзнымі, шалёнымі мяцеліцамі, не было.

Адзе зноў было адзінока, сумна i холадна на душы, яна нават здзіўлялася, чаму так нервуецца, злуецца часта на дзяцей. Яна чакала снегу, надумалася: настане снежная пара — штосьці новае, блізкае i радаснае народзіцца ў яе душы, i сама яна стане весялейшая, убачыць тое, чаго дасюль не магла разгледзець. Тады больш ахвотней i радасней здасца работа, лягчэй будзе пераносіць кпіны фізіка i літаратара, маладых жанатых настаўнікаў: яны ўвесь час пацвельваліся з яе, жартавалі, што ёй трэба выходзіць замуж — усю яе нудоту як рукой здыме. «Можна быць нешчаслівай з мужам, але нельга быць шчаслівай без мужа», — гаварылi яны.

«Вой, вельмі!» — адмахвалася Ада, але адчувала, што ёй тут больш не варта заставацца, варта паехаць адсюль i папрасіцца ў другую школу.

Так думала яна, пакуль зноў не прыйшоў Пеця. Аднойчы ён дагнаў яе па дарозе ў школу i сказаў, што будзе вечарам, ля шасці гадзін, чакаць яе за школьным садам.

«Я ж такая цікавая, як мая алгебра…» — хацела папракнуць яна, але не паспела: Пеця абмінуў яе i хутка-хутка пайшоў, не аглядаючыся.

«Што гэта з ім? — здзівілася яна. — Можа, ён тады толькі пажартаваў? Можа, ён калі не кахае, дык хоць захапіўся мною?»

Дома Ада падышла да люстэрка. Зірнула ў яго — i прыпынілася: якая яна поўная, мажная, як замужняя кабета.

«Трэба меней есці,— падумала, — я павінна пахудзець i пастрайнець».

Яна, галодная, вярнулася ў свой пакойчык, падумала пра Пецю. Пасля прылегла, але заснуць не магла, пазірала ў акно, на аб’інелы двор. Снегу там яшчэ не было, але платы, вецце так намерзлі, што былі белыя, як студзенем у вялікі мароз.

Звечарэла. Хоць i да шасці было яшчэ далёка, але неба ўжо выцемнілася, стала густа-шэрае, i ў ім не бачылася ні сонца, ні светлай палоскі ад яго. У гэты час Ада звычайна садзілася правяраць сшыткі, але сёння за ix не ўзялася.

Сёння, мусіць, Пеця, нечакана надумала яна, захоча пацалаваць яе, але трэба яму не дазволіць, сказаць: «Няхораша вы тады сказалі» ці «Пацяшаць сяброў абразамі другіх несумленна». Яна паднялася, доўга вычэсвалася i круцілася ля люстэрка.

«Не трэба так гаварыць, — перадумала яна. — Лепш памаўчаць. Але, божа мой, якая я непрыгожая! Лепш у мяне розуму напалавіну менш было б, а красы ўдвая болей… Можа, добра, што хоць Пеця звярнуў на мяне ўвагу…»

Яна яшчэ падумала, ці можна дазволіць Пецю пацалаваць яе, пра што яны будуць гаварыць. Што ён невывучаны — не бяда, яна паможа яму паступіць у які тэхнікум.

Ада апранула лепшую сукенку, новае паліто i, хвалюючыся, выйшла з хаты, пайшла хутка, каб ніхто не мог убачыць яе.

Супакоілася толькі за вёскай, суцішыла крок. Яе дагнаў на веласіпедзе школьнік, пазваніў, але, пазнаўшы, аб’ехаў, хітра ўсміхнуўся, як усё ведаў, i панёсся віхрам наперад па дарозе.

Сцямнела; Ада ўзіралася i старалася разгледзець сярод слупоў, ствалоў дрэў чалавека. Мусіць, i не ўбачыла б, каб не іскры ад цыгарэты. Калі яна падышла на агеньчык, чалавек кінуў недакурак на зямлю — ускінуліся іскры.

Гэта быў Пеця; цяпер ён нервова таптаўся, прыкурваў новую цыгарэту.

«Ён таксама, мусіць, такі смяльчак, як i я».

Ада падышла i нічога не сказала, падумала: няхай загаворыць ён; зняла з рук рукавіцы, паправіла хустку на галаве.

— Ада Іванаўна, — сапраўды першы загаварыў Пеця, — у вёсцы ўсе гавораць, i маці мая хоча… Але лепш вы пачытайце… — i ён хутка дастаў з кішэні паперку i падаў ёй.

Ада захвалявалася, ведала, што гэта прызнанне ў каханні, хацела сказаць, што цёмна, але Пеця дастаў з кішэні ліхтарык i пасвяціў ёй. Яна пачала чытаць i бачыла, як ён непісьменна піша; ірвануў халодны вецер, працяў яе, ажно ў яе пакацілася сляза. А можа, яна i заплакала, бо не дачытала гэтага ліста — нечакана зашумела ў галаве, забалелі скроні: у Пеці, выходзіць, была дзяўчына, i ён сябраваў з ёю колькі гадоў, пісаў з войска, i гэтая Таня ўвесь час пісала яму.

— Што вы, Пеця, — Ада ніяк не магла знайсці патрэбных слоў,— ні ваша Таня, ні вы не павінны адчуваць перада мною ніякай сарамлівасці i маральнага абавязку, — пасля яна адчула, што не тое гаворыць. — Гэта вам трэба перад Таняй апраўдвацца, а не перада мною…

Пеця стаяў i маўчаў.

— Ідзіце цяпер да яе i супакойце, — сказала Ада, захінулася хусткаю ад ветру, што калюча біў у твар, слязіў вочы, але яна старалася не заплакаць. Пасля адчула, што слёз не было, вырываўся толькі боль, яна адкінула на спіну галаву, чула, як апякае шыю холад. Адплюшчыўшы вочы, заўважыла: на небе высвецілася маленькая ранняя зорка i адзінока замігцела ў далёкім небе.

«Ёй там, у небе, гэтак жа, мусіць, холадна, як i мне цяпер тут, на зямлі?»

Пахадзіла за вёскаю, паслухала, як шуміць вецер, парыпвае частакол, рыпяць недзе далека вароты. Паглядзела, як знаёмая кабета скубла са стога сена, скубла i прыпынялася, дзьмула сабе на адубянелыя рукі. Дома Ада не правярала сшыткаў, не пісала планаў: рашыла быць такой, як ёсць. Пасля напісала на імя дырэктара заяву, прасілася адпусціць яе ca школы. Яна не ведала, куды паедзе, дзе будзе рабіць, але рашыла выехаць з гэтай вёскі.

Назаўтра дырэктар чытаў яе заяву i здзіўляўся:

— Чаму, Ада Іванаўна? Хто вас пакрыўдзіў?

— Ніхто мяне не крыўдзіў,— адказала яна.

— Паслухайце, — сказаў дырэктар, — дзе вы ў нашым раёне знойдзеце лепшую школу? Да горада блізенька, умовы працаваць выдатныя, гадзін, зарплаты павінна ж хапаць. Што вам у нас не спадабалася?

«Усё гэта добра, — падумала яна, — але ж я не толькi настаўнік, але i чалавек, дзяўчына… А гэтага ў заяве не напішаш».

— Падумайце яшчэ, Ада Іванаўна, — гаварыў дырэктар, — мы вас можам адпусціць, але не зможам затым назад узяць. Хоць хто будзе вучыць дзяцей, пакуль каго на ваша месца знойдуць?

Ада маўчала.

— Мы да вас прывыклі, Ада Іванаўна, — падышоў да яе дырэктар, усміхнуўся, — i дзеці, бацькі ix вас любяць i паважаюць. Вы тут патрэбны чалавек. Неўзабаве калгас у новым доме дасць вам кватэру, купіце сабе «Масквіч»… Праз год пяць мы вас заслужанай настаўніцай зробім… Чаго вам яшчэ лепшага шукаць, хацець?!

Ада не ўтрымалася i ўсміхнулася: так заспакойваюць маленькіх дзяцей, расказваючы ім «добрыя» казкі. Нечакана яна (аж дырэктар здзівіўся) падалася да акна, за ім было шэра, нават цемнавата: навісла густое неба. Яно цямнела, а пасля пачало выбельвацца. Ада аж скаланулася: на дварэ ціха i павольна сыпаўся сухі лёгкі сняжок, якога яна столькі чакала.

Прыціх вецер, пакінуў у спакоі адзінокі лісток, які дасюль хістаў, ірваў з клёна, але так i не сарваў i не зразумеў упартасці ці жывучасці лістка. Вецер збег, каб вярнуцца ўжо са злымі мяцеліцамі.

Зямля ўвачавідкі рабілася белая: яна стала ўжо халодная, выдзьмутая вятрамі, змацаваная лёдам i не магла распусціць снег i нарабіць хлёпанкі — ужо доўга, да вясны, будзе на зямлі снежна, чыста i бела.

Загрузка...