Першае каханне

1

Старая, як наш свет, i новая, як заўтрашні дзень, гісторыя — першае каханне. Усе людзі зведвалі i зведваюць гэтае найдаражэйшае чалавечае пачуццё, i на нікім яно не спыніцца, будзе вечна хваляваць усё новыя i новыя маладыя сэрцы, заўсёды цешыць душу людзей, якія шмат паспыталі, але сваё маладое ніколі не змогуць забыць, пакуль жывыя.

У Віці Шпака таксама было яно, першае ўзнёслае i ашаламляльнае каханне. Узнікла яно, праўда, цяжка сказаць калі, не з таго-сяго, як кажуць, а рыхтавалася ўсім яго маленствам. Спачатку ён чула, збянтэжана зведаў далікатнае, пяшчотнае пачуццё ў першым класе да маленькай, дробненькай дзяўчынкі Волечкі з суседняй вёскі. Яму падабаліся яе галоўка, хораша зачасаныя русявыя валасы, белыя банцікі на кароткіх косках, заўсёды чысценькія прыталеныя сукеначкі, белыя каўнерыкі i манжэцікі, а таксама яе прыгожы почырк. Пазней, у пятым класе (у новай школе, у васьмігодцы), ён адчуў хваляванне, калі заявілася ў ix новая вучаніца, Таня — дачка прыезджага калгаснага агранома. Таня зачаравала яго не хараством, акуратнасцю, як Волечка, a дзіўным бляскам велікаватых чорных, нібы ў цыганкі, вачэй, усмешкаю i нейкаю нечаканаю для дзяўчынкі гарэзнасцю: яна вольна паводзілася на уроках, не папускалася хлопчыкам, смела ўступала з імі ў сутычкі, была вялікаю ахвотніцаю да ўсякіх гульняў, паходаў ды экскурсій, здаецца, не могучы пабыць у спакоі ні хвіліны. I з Волечкаю, i з Таняю неўзабаве разышліся яго сцежкі-дарожкі: першая ў свой час, пасля чацвёртага класа, пачала хадзіць у іншую, чым ён, школу, а другая перестала яму падабацца. Ды пасля восьмага класа разышліся таксама: Таня пайшла ў дзевяты клас Вішнёўскай дзесяцігадовай школы, а ён — Драўлянскай.

Іншае, болей пяшчотнае, трывожнае ды глыбокае, адным словам, сталае, пачуццё нахлынула на яго ў дзесятым класе. Гэтае пачуццё ўжо смела можна назваць першым каханнем.

Звычайна, як чытаў Віця, пісьменнікі пішуць пра сваё ці нечае юначае каханне прыкладна так: ёсць у класе прыгожая «яна» i яе, красуню, кахаюць, лічы, усе хлопцы з класа. Кахае пакутліва i «ён» — ціхі, спакойны, няўклюдны, сарамлівы, але добры душою. «Яна» выбірае не «яго», a іншага — спрытнага, смелага, хоць у рэшце рэшт чытач ці не ведае, што далей, у сталым, ужо не вучнёўскім, жыцці адбываецца, ці дазнаецца, што праз які дзесятак гадоў «яна» ўжо не вабная, звычайная са звычайных, выклікае ў душы «яго», чалавека ўжо вядомага, сямейнага, толькі спачуванне ці шкадаванне, светлую журботную памяць пра маладыя гады.

Віця Шпак у дзесятым класе не быў ціхі ды сарамлівы. Наадварот, з усіх шаснаццаці хлопцаў-равеснікаў ён вызначаўся шустрасцю, рэзкасцю i нават, можа, яшчэ i шанцаваннем. Ён меў добрую памяць, кемнасць — вучоба давалася легка, без ніякай натугі, як некаторым зубрылам; на ўроках фізкультуры ён быў увогуле першы, бо спрыт, сіла памагалі хутчэй за ўсіх бегаць, скакаць, шпурляць цяжар ды ўвішней рабіць гімнастыку. Карацей, усё гэта ды яшчэ яго кампанейскі характар рабілі яго душою класа, школы. Па-другое, ні адна з дваццаці аднакласніц яму не падабалася. Hi да кога не адчуваў узнёслага пачуцця. Пра пачуццё ды каханне ён толькі марыў альбо чытаў у кнігах ды бачыў у кінафільмах. Праўда, па нейкай невядомай нават яму самому прычыне ён паводзіўся дзіўна: свае думкі пра каханне глыбока хаваў, а з чужога кахання пасміхоўваўся ды пакепліваў. Можа, i за гэта неўзабаве быў жорстка пакараны.

Можа, нават лёс адпомсціў яму i за Іру Ламаку. Тая, як ведаў ён, як бачыў увесь клас, была самааддана ў яго закахана. Яна з незвычайным здзіўленнем ды з зачараваннем пазірала, як ён хораша адказваў на ўроках, паказваў спрыт i ўмельства на фізкультуры, дужаў, усюды браў верх над аднакласнікамі, чырванела, калі ён загаворваў да яе, i на ўроках пісала яму запіскі, папікаючы, што ён зашмат пазірае на некаторых дзяўчат, ці запрашала яго на спатканне. Ён-то загаворваў часамі да яе, але не зусім ласкава, даводзіў яе сваімі словамі да плачу, а на яе запіскі адказваў рэзка i непачціва.

«Іра, выкінь лухту з галавы, — звычайна перадаваў ён ёй калі-нікалі запіску з аднымі i тымі ж словамі. — Па-першае, вось што, міленькая: на каго хачу, на таго i пазіраю. А па-другое, перш чым марнаваць свой час, вучы болей алгебру i трыганаметрыю, бо будзеш мець у атэстаце тройку…»

Іра, атрымаўшы такі адказ, заўсёды апускала галаву i ціха плакала. Ён не шкадаваў яе. Наадварот, нават цешыўся: так табе, таўстуля, i трэба. Але Іра не адступала. Hi ў класе, ні ўвечар у клубе, куды яны ўжо не тоячыся хадзілі ў кіно альбо i на танцы.

I вось неспадзявана пад самы канец навучальнага года, у красавіку, заявілася ў школе Даўгапол. Яна была ўжо не вучаніца, але яшчэ i не настаўніца: летась, як хутка ўсе ўведалі, скончыла непадалёку, за вёрст пятнаццаць, дзесяць класаў, паступіла на завочнае ў педінстытут. Сюды, у Драўлянскую дзесяцігодку, яе прыслалі піянерважатай, бо іхняя ранейшая піянерважатая выйшла замуж i паехала ў горад.

Калі яна ўпершыню зайшла па нейкай патрэбе ў іхні дзесяты клас, усе не толькі здзівіліся ці ўразіліся, але i анямелі. Дзяўчаты, мабыць, пазайздросцілі: перад імі была яшчэ, лічы, іхняя равесніца, але ўжо не вучаніца, не падлетак, як усё яшчэ лічыліся яны, а самастойны чалавек. Той, хто ўжо працуе разам з настаўнікамі, бывае з імі на педсаветах, слухае ўсіх i кажа сваю думку, хто атрымлівае ўжо зарплату, мае i іншыя перавагі. Яна не была вышэйшая па росту за Іру Ламаку ці іншых дзесяцікласніц, але, маючы на год болей, была станістая, на гордай яе галаве была прыгожая прычоска, плечы вабна акругліліся, грудзі паглядна ўзвышаліся, ногі былі стройныя i лёгкія. I ў дадатак да ўсяго яна мела ўжо адмысловую — рухавую, крышку гуллівую — хаду. Адным словам, яна ўжо больш, чым вучаніцы, набрала жаночага хараства. Хлопцы пры ёй таксама заціхлі, не маглі адвесці зачараваных позіркаў.

Даўгапол, чамусьці сумеўшыся ад іхніх вачэй, ад яго, Віцевага, настойлівага позірку, успыхнула чырванню. Мусіць, зусім не чакала такой сустрэчы, душою адчула, што цяпер адчувалі да яе дзесяцікласніцы, збянтэжылася ад сваёй перавагі і, добра нічога не сказаўшы, вышмыгнула з класа.

На новым уроку Віця быў разгублены, няўважлівы. Ён мала слухаў, пра што гаварылі вучні, настаўнік, a калі яго паднялі i пра нешта запыталі, дык ён i не ведаў, пра што ў яго пытаюць, i, канечне, толкам не адказаў.

«Я ўсё бачыла, — пісала ў запісцы ў гэты дзень Іра. — Яна цябе ўразіла. Ты з-за яе страціў развагу. I дарэмна. Яна нічым не лепшая за нашых дзяўчат. Можа, толькі табе аднаму здаецца, што яна незвычайная…»

Ён на гэты раз нічога Іры не адказаў. I гэта, здаецца, больш пакрыўдзіла, прынесла ёй пакут, чым тады, калі ён адказваў рэзка i непачціва.

Не вытрываўшы, на апошнім уроку Іра прыслала яшчэ адну запіску. У ёй было ўсяго адно слова: «Дурань!!!»

2

За некалькі дзён Віктар абсачыў i ўжо добра ведаў, у каго Даўгапол кватаруе, што яна робіць не толькі ўдзень, але i па вечарах.

Бадай увесь светлы дзень яна была ў школе, валтузілася-важдалася з вучнямі малодшых класаў. Здаецца, толькі i мільгалі па школьным калідоры, з класа ў клас яе сіняя спадніца, белая блузка i чырвоны гальштук на шыі, i няможна было запыніцца на ёй вокам. Тут была блізка, тут жа апынулася ўжо далека ці недзе нават схавалася. Увечар, да позняй ночы, яна была дома, нікуды не выходзіла, чытала i пісала за сталом — відаць, рыхтавалася да летняй студэнцкай сесіі.

Ён на другі ж дзень знаходжання Даўгапол у Драўляным, калі сцямнела, стаіўся каля гаспадынінага плота i праз шчыліну між дзвюма палавінкамі фіранак пазіраў на яе — на яе мочку вуха з задатою завушніцаю, на шчаку, на поўныя вусны, на кірпаты носік i высакаваты лоб, што часта зморшчваўся i нахмурваўся ў задуменні. Ён любаваўся, а яна чытала, пісала i, здаецца, адчувала, што нехта на яе пазірае: колькі разоў падымала галаву i пазірала ў акно, у шэры красавіцкі вечар, а пасля падымалася, падыходзіла да акна, адхінала фіранку i доўга ўгледжвалася ў красавіцкую цемень — ён тады мусіў з заміраннем сэрца адскокваць, хавацца за шуло i з трывогаю чакаць: выйдзе на двор ці не? Не, не выходзіла, вярталася i зноў садзілася за стол.

Хутка, праз нейкі тыдзень, ужо ўсе вучні старэйшых класаў ведалі, што ён закахаўся ў новую піянерважатую; мабыць, чуткі дайшлі i да Даўгапол, бо яна пачала рашуча пазбягаць яго. Ён жа, наадварот, пачаў хадзіць за ёю, як кажуць, следам — стараўся сустрэць яе на калідоры ці на дварэ, убачыць у якім-небудзь класе, загаварыць, папрасіць, каб яна дазволіла ёй у чым-небудзь памагчы. Яна, чырванеючы, коратка, адным-двума словамі, адказвала, адмаўлялася ад яго помачы i знікала з яго вачэй быццам па нейкай сваёй вельмі пільнай справе.

Ён спакутаваўся, змарнеў. Яго яшчэ не загартаванае сэрца не вытрымлівала нечаканай паводкі пачуццяў. Адчуваў: мусіць пагаварыць з Даўгапол. Не пагаворыць, не скажа, што ў яго на сэрцы, не ўведае яе думак — зусім зняможацца. Але не ведаў, як i з чаго пачаць. Пісаў ёй дома, на ўроках у школе процьму запісак, лістоў, але ўсё рваў: здавалася, піша то цьмяна, то кепска, зусім не тымі словамі. Ад разгубленасці, бяссілля аж страціў сваю былую дзёрзкасць ды рухавасць, стаў збянтэжаны, няўклюдны. Калі б хто яму сказаў раней, што ён будзе такі, дык ніколі не паверыў бы. А цяпер i сам пераканаўся: каханне — не толькі ўзнёсласць, але i вялікі цяжар, вялікая пакута. Яно ўсё пераварочвае ў душы, туманіць розум.

Аднакласнікі, канечне, бачачы яго пакуты, прыціхлі ў зацікаўленым чаканні, што ж будзе далей. Іра Ламака хадзіла ў школе i па-за школаю засмучаная, наплаканая. Яе, можа, не толькі прыгнечвала яго абыякавасць да яе, але i разгубіла, уразіла да роспачы яго нечаканая закаханасць да новай піянерважатай, падкошвала маладая рэўнасць.

Неўзабаве напружанне, пакуты выбухнулі болем. На школьным вечары, прысвечаным Першаму мая. Ужо тады, калі адбыліся ўрачыстая частка, невялікі канцэрт i пачаліся танцы.

У Драўлянскай школе настаўнікі не асцерагаліся рабіць для вучняў танцы, запрашаць на ix вясковую моладзь — сваіх выпускнікоў ці зусім незнаемых людзей. Яны лічылі, што трэба вучняў змалку вучыць танцаваць старыя i новыя танцы, культурна паводзіцца адно з адным, з гасцямі, а гасцям таксама трэба ўмець абыходзіцца з дзецьмі, з настаўнікамі. Ён, Віктар, заўсёды быў спакойны, што на школьныя вечары прыходзілі i пастароннія, але сёння адзін госць прыйшоўся яму не даспадобы. Лепш было б, каб той сюды не заявіўся, увогуле не ведаў у Драўлянае дарогі…

Танцавалі ў спартыўным зале. Іграў школьны аркестр, якім кіраваў настаўнік спеваў, танцавалі настаўнікі, вучні, госці. Падахвочаныя, асмялелыя, кружыліся ў вальсе ці вытупвалі танга, здаецца, самыя сарамлівыя i няўмелыя, а ён, Віктар, як усе кажуць, добры танцор, не весяліўся, стаяў у кутку зала каля складзеных матрацаў i з заміраннем сэрца, з рэўнасцю кідаў позіркі на непажаданага госця — высокага чарнявага хлопца ў куртачцы, з чорнымі вусікамі, — які ці стаяў каля Даўгапол, штосьці нашэптваў ёй на вуха, i тая радасна ўсміхалася, ці раз за разам запрашаў яе на танец. Адным словам, ад Даўгапол ні на крок не адыходзіўся. Ён, як казалі, быў яе аднавясковец i сёння прыехаў сюды на матацыкле. Можа, сам прынёсся, можа, i яна запрасіла.

Віктар ні на хвіліну не выпускаў ix ca свайго поля зроку. Даўгапол жа нават ні разу не зірнула на яго, нібы i не бачыла. Ці яму здавалася, ці так яно было i на самай справе, але сёння яна была казачна прыгожая — у белых туфліках, ліловай сукенцы, з завіўкаю, лёгкая, спрытная. Бянтэжачыся, ён не мог асмеліцца запрасіць яе на танец. Ды замінаў i яе даўганогі вусаты аднавясковец.

Калі зайгралі дамскі вальс, Даўгапол адна з першых у зале запрасіла партнёра на танец. I канечне ж яго, гэтага задаволенага шчасліўца. Ад рэўнасці, пакуты ў Віктара аж зайшлося сэрца. Каб не бачыць гзтую парачку, ён думаў ужо цішком пакінуць зал i пайсці дадому. Але, нібы адчуўшы толькі маленечкі яго pуx, тут жа да яго пакіравала Іра Ламака. Гэтае яе запрашэнне было яму зусім не мілае, недарэчнае, але нідзе не дзенешся, мусіў пайсці танцаваць. Заўважыў: кружачыся i ўсміхаючыся, Даўгапол упершыню затрымала на ім позірк, нібы зацікаўліваючыся, хто ж яго запрасіў на белы вальс. Але толькі на міг. Бо неўзабаве зноў стала да яго абыякавая, пазірала ў вочы свайму партнёру, пасміхалася i легка кружылася.

Віктар танцаваў моўчкі, стараючыся не пазіраць на Іру. А яна, відаць, рыхтавалася да гэтага вечара, бо была ў новай прыталенай блакітнай сукенцы, здаецца, з такою ж пышнаю, як i ў Даўгапол, завіўкаю, з жоўтымі завушніцамі, лёгкая, увішная. Яна зрэдзь падымала галаву, намагаючыся зазірнуць у вочы, але тут жа зноў апускала: ён не зважаў амаль на яе, быў побач у думках з іншай, бо выцікоўваў, дзе Даўгапол, што яна робіць, як паводзіцца.

— Віця, — мусіць, адчуваючы, што танец вось-вось скончыцца, першая загаварыла Іра, — прачніся! Хіба не бачыш: з цябе ўсе смяюцца. Ты з-за яе страціў не толькі розум, але ўжо зусім аслеп i аглух… А яна не вартая таго. Яна — ганарліўка, выскачка, але нічым не лепшая за іншых. Яна звычайная. Толькі што старэйшая за нас на год, ужо не вучаніца, дык ужо ўяўляе сабе… Ды, бачыш, у яе ёсць хлопец…

Ён маўчаў, адчуваючы, як гэтыя, можа, i слушныя, словы не прыносяць яму палёгкі, а, наадварот, яшчэ болей паддаюць болю.

— Хочаш, я пагавару з ёю? — нечакана ўжо не з папрокам, а са спачуваннем запытала Іра. Зноў зірнула яму ў вочы, вусны яе затрымцелі, вейкі часта заміргалі. — Ну, каб яна так не ганарылася, не паводзілася як багіня… Каб не пазірала на цябе, як на дзіця ці нейкага непаслухмянага i дзёрзкага хлапчука… Каб…

— Не трэба, — папрасіў ён, ужо не шукаючы вачыма той, што выбіла яго з раўнавагі, — не гаварыць з ёю, не… Разумееш…

— Ды ўсё разумею… — ціха прамовіла яна, i з куточка яе левага вока выплыла i пацякла па шчацэ слязіна. Іра не выцерла яе, каб ніхто не заўважыў яе разгубленасці ды адчаю, толькі дакранулася шчакою да яго плечука. — Толькі аднаго не ведаю: чаму ёсць шчаслівыя, удачлівыя i чаму ёсць нешчаслівыя, няўдачлівыя… Ды чаму вы, хлопцы, такія… Ці не бачыце нічога, ці нейкія дзіўныя…

Віктар нічога болей ёй не сказаў, бо асцерагаўся сёння яе пакрыўдзіць. Бадай, упершыню адчуў: Іра — не такая сумная ды надакучлівая, як ён лічыў дагэтуль, a зусім іншая, можа, нават больш разважлівая, чулая ды добрая, чым ён. Не яна перад ім, а якраз ён вінаваты перад ёю. Ды, на жаль, змяніць нешта цяжка, бо, відаць, няможна загадаць свайму сэрцу: змяніся, пакахай не гэтую, a іншую! Толькі моўчкі падакляраваў сабе: ніколі не будзе з сённяшняга вечара кпіць з Іры, будзе паважаць яе. Бо, як сам убачыў, нялёгка, нават цяжка, калі не толькі не паважаюць, не цэняць твае светлыя парывы, але i абыякавыя да ix ці, яшчэ горш, i пасміхоўваюцца з ix.

Болей ён не танцаваў. Болей не стараўся сачыць за Даўгапол, хоць усё роўна заўважыў, калі яна з даўганогім хлопцам падалася з залы. Неўзабаве выйшаў i ён. Не хацеў ісці ўслед, але нібы самі павялі ногі.

На школьным двары нікога ўжо не ўбачыў, пачуў толькі матацыклетны гул, што хутка аддаляўся ад школы, ды ўбачыў святло, што доўгім промнем урывалася ў цемень, асвятляла вуліцу, платы i таксама аддалялася, імкнулася наперад i наперад. Віктар трушком пабег следам за гукам i святлом, адчуваючы незвычайны адчай, а таксама i трывогу. Здавалася, у гэтыя начныя хвіліны ён траціць нешта самае дарагое ў сваёй душы, аддае яго без бою, увогуле, ён баязлівы, нікчэмны чалавек, варты толькі жалю.

Бегучы, ён ужо не чуў матацыкла, бо заглушваў яго сваім тупатам па бруку, але бачыў, што светлы прамень павярнуў з гэтай вуліцы, бліснуў у цёмнае неба, а пасля асвяціў іншую вуліцу, дзе кватаравала Даўгапол.

Там, на Пясках, неўзабаве святло i патухла. Значыць, хлопец давёз сваю зямлячку да яе кватэры i запыніў матацыкл. Віктар запаволіў бег i, аддыхваючыся, пайшоў павольней, каб у чуйнай цішыні тыя не пачулі яго крокаў.

Вялікая вёска, лічы, ужо спала. Толькі сям-там сіне — ад уключаных тэлевізараў — свяціліся вокны ды таксама там-сям гарэлі невялічкім агнём начныя настольныя лямпы — у гэтых хатах, як ведаў, ёсць маленькія дзеці.

Сэрца яго тахкала, аж, здаецца, ціснула ў горла. У вушах звінела ад напружання. Па знаёмых абрысах — дашчаным плоце, бетонных, пабеленых вапнаю слупах, па высокай хаце, паблізу якой стаяла высозная антэна, — пазнаў, што падыходзіць да суседавай хаты. Тут зусім запаволіў хаду, пайшоў на дыбачках.

Ля плота старой Альдоны стаяў матацыкл, паблізу яго, на лаўцы, сядзелі Даўгапол i гэты непажаданы госць. Размаўлялі. Віктар стаў, затаіўся.

Ведаў: падслухоўваць непрыгожа. Але ён не мог пакінуць госця сам-насам з Даўгапол, не ведаў, што трэба рабіць, дык запыніўся ў нерашучасці ды ў аняменні.

— Слухай, ды ты ўжо знайшла сабе паклонніка… — пачуў ён зневажальны, кплівы голас. — Сам бачыў: адзін белабрысы, з яўна ўжо вытыркнутым пушком пад носам увесь вечар не зводзіў з цябе сваіх луп, вожыкам пазіраў на мяне…

— Не выдумляй, — адказаў яму жаночы голас. — На вечары сёння былі адны дзеці…

— Той вожык — ужо не дзіця…

— Ты раўнуеш? — услед за словамі данёсся гарэзны смех.

— Не раўную, але… Ну, разумееш…

— Перастань, не зважай на дробязі… Ты ж прыехаў не папікаць мяне. Так? Тым больш што я перад табою ні ў чым не вінаватая.

Больш ён нічога не пачуў. Наступіла доўгае маўчанне. Але неўзабаве здагадаўся, што гэтая цішыня незвычайная: Даўгапол i хлопец цалаваліся.

«Значыць, яна яго кахае», — горка падумаў ён i ціха сышоў адгэтуль. Але дадому не падаўся, доўга блукаў па вёсцы, пакуль не пачуў, як з Пяскоў загудзеў матацыкл i пагнаў перад сабою святло па драўлянска-стаўбцоўскай шашы.

3

«Добры дзень, Ніна Адамаўна!

Вы, канечне, здзівіцеся, калі атрымаеце гэты ліст. Па-першае, ліст будзе не з далёкіх якіх мясцін, а з нашага Драўлянага, па-другое, Вам піша вучань той школы, дзе Вы працуеце цяпер.

Я не ведаю, Ніна Адамаўна, як усё Вам расказаць пра тое, што хачу. Ды асмельваюся прызнацца: я — Віктар Шпак з дзесятага класа. Мой бацька працуе на трактары, a маці — на ферме. Я вучуся яшчэ i вучуся няблага, троек i двоек не маю. Калі скончу школу, дык хачу паступаць вучыцца на агранома, каб зноў вярнуцца ў Драўлянае i жыць тут. Ды i наш дырэктар саўгаса, Валовіч, кажа: „Можаш ехаць у горад i вучыцца там, а можаш працаваць у нас i вучыцца завочна“. Як Вы, Ніна Адамаўна, параіце мне зрабіць?

Я, Ніна Адамаўна, ведаю, што Вы маеце сябра, таго, што прыязджаў да нас на вечар на матацыкле, але я хацеў бы пісаць Вам лісты. Ці згодны Вы будзеце на гэта? Адкажыце. Толькі не падпісвайцеся сваім сапраўдным прозвішчам, a назавіцеся, скажам, Мішам. Наша паштарка можа прачытаць употай ліст i расказаць усім, дык лепш няхай яна ўсяго не ведае.

Я вельмі чакаю Вашага адказу, як салавей лета. Буду вельмі рады, калі Вы мне напішаце. Усяго Вам добрага. В.Ш.».

4

«Віця!

Я атрымаў твой ліст, уважліва прачытаў. Праўда, я не зусім здзівіўся, што прыйшло гэтае пасланне, я яго нават нібы чакаў. Чаму? Ды многае было ўжо відаць. I не толькі мне аднаму.

Я не ведаю, што табе адказаць. Ты пытаешся, ці дам я згоду, каб мне пісаць, але я за гэтым пытаннем бачу іншае, большае. Я разумею, здаецца, чаму ты хочаш пісаць якраз мне.

Я ўжо ведаю: ты — добры вучань. Амаль выдатнік. Ты, як усе настаўнікі кажуць, вельмі здольны, абавязкова паступіш у ВНУ, будзеш добра вучыцца. Але цяпер ты — яшчэ вучань. Ты яшчэ не павінен адносіцца да мяне так, як адносішся цяпер. Мне той, каго вы называеце Бусел, даў ужо заўвагу: „Да нас дайшлі чуткі, што ў вас раман з вучнем. А гэта, разумееце, для нас усіх пляма, сорам. Вы павінны тут жа абарваць усё, спыніць i выкінуць з галавы“. Дык от я, Віця, прашу цябе: не пазірай больш так на мяне, не хадзі за мною ўслед i не пішы мне ніякіх лістоў: ты ставіш мяне ў няёмкае становішча, выбіваеш з раўнавагі.

Што датычыць сябра, пра якога ты пішаш, дык ведай: мы вучыліся з ім разам дзесяць гадоў, сябравалі. Нашы бацькі хочуць, каб мы пажаніліся. Але нам яшчэ рана пра гэта думаць: i яму i мне трэба яшчэ вучыцца. Ён, як i я, таксама завочнік, толькі я паступіў у педагагічны, а ён — у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.

Паслухай мяне, Віця. Ад сябе я табе раю больш зірнуць на Іру Ламаку з вашага класа. Яна — чулая, добрая дзяўчына. I, галоўнае, яна кахае цябе.

Усяго табе добрага. Не крыўдуй. Міша».

5

Мінуў цёплы май, a ўслед за ім прайшоў i гарачы чэрвень.

Віця Шпак быў разгублены, з парушаным спакоем ды з вялікім адчаем (Даўгапол рашуча загадала не пісаць ёй болей лістоў, не хадзіць услед, нават расказала пра яго залёты свайму сябру-земляку, i той аднойчы «па-мужчынску» пагаварыў з ім), але здолеў утрымацца i школьныя экзамены здаў амаль толькі на пяцёркі.

Праўда, паступаць вучыцца на агранома не збіраўся. Хацеў застацца працаваць у саўгасе на машыне (у школе здаў экзамен i на шафёрскія правы) i паспрабаваць паступіць пазней на завочнае, але не вытрываў матчыных слёз ды бацькавых строгіх вымоў, паехаў у горад i ўдала здаў экзамены ў інстытут.

I зарадаваўся неўзабаве, што не настаяў на сваім, паслухаў бацькоў ды настаўнікаў: у тое ж лета Даўгапол выйшла замуж за свайго земляка i выехала з Драўлянага. Верыць, што ён усё ж зможа дабіцца ад любімай ім дзяўчыны ўзаемнасці, ужо не выпадала. Засталося толькі глыбока ў сэрцы затаіць сваё каханне, перажываць ды вучыцца перамагаць сваю першую вялікую няўдачу.

Пазней, як часта бывае, іхнія сцежкі зусім разышліся: Даўгапол знікла, нібы растварылася ў гэтым вялікім свеце, a Іра Ламака, не паступіўшы, падалася ў раённы горад на будоўлю. З часам — з вучобаю, у паездках, у рабоце, адным словам, з новымі ўражаннямі i клопатамі — ягоны сардэчны боль пачаў слабець, быццам кудысьці западаць, а то i пакрыху забывацца, a калі ўспамінаўся, дык ужо са сталай усмешкаю. Як пра шчырае, але наіўнае сваё юнацтва.

Гады недзе праз чатыры былы аднакласнік у адным ca сваіх лістоў напісаў яму, што Іра Ламака выйшла замуж за вёрткага шафёра, атрымала ў горадзе кватэру, жыве заможна i не тужыць, а вось Даўгапол, як ён уведаў ад яе бацькоў, развялася, гадуе малога сына адна i каецца, што рана выйшла замуж i выбрала не таго за мужа.

Гэтыя навіны нічога ўжо не змянілі ў Віцевым жыцці: ён пакахаў сваю аднакурсніцу i меўся з ёю жаніцца. Толькі пазней, калі стаў сем’янінам, працаваў, набіраў цяжэйшую ношку гадоў, часамі зусім нечакана чамусьці ўспамінаў i Даўгапол, i Іру Ламака. Успамінаючы былую аднакласніцу, дакараў сябе, што ў свой час быў не зусім чулы, а думаючы пра маладую піянерважатую, адчуваў трапяткое хваляванне i пяшчоту ды шчыра лічыў: сапраўднае каханне зведаў якраз тады, калі быў малады.

1984

Загрузка...