У нашай старой, нядаўна перацягнутай з хутара хаце, днямі вымытай, паклеенай шпалерамі, была вялікая радасць: жаніўся мой старэйшы брат Казік. Праўда, з намі ён цяпер не жыў, давучваўся, прыйшоўшы з войска, але тата папрасіў яго справіць вяселле дома, а не ў горадзе, згуляць па старых законах, па-людску. Бацька сказаў, што ў касцёл шлюб браць ні яго, ні яе не гоніць i не будзе злавацца, калі не паедуць: цяпер усе маладыя без шлюбу жывуць.
Я болей радаваўся б, каб жаніўся наш сусед, Янак. Да яго я прывык болей, як да Казіка. I не таму, што Казік, закончыўшы васьмігодку, рэдка бываў дома, блытаўся недзе па свеце i я да яго не прывык. Не. Казікам чамусьці найболей ганарыліся ў сям’і, хвалілі яго, хацелі вывучыць на «вялікага чалавека». I ён пыжыўся, задзіраў высока нос, рос трутнем, звальваючы ўсю дамашнюю работу на нас, меншых, а то i ўпотай крыўдзіў нас. Яго перасталі хваліць, калі ён не пайшоў у дзевяты клас, a паехаў у горад вучыцца на шафёра, пазлаваліся, калі бацьку выклікалі ў вучылішча — Казік адпусціў доўгія валасы, стаў курыць, піць, запусціў вучобу. Былі рады, калі яго забралі служыць: думалі, што ў арміі ён паразумнее. Але не вельмі ён паразумнеў. Ад яго i цяпер рэдка калі пачуеш добрае слова, Янака ён абзывае «рабацягам», мяне — «старым» ці «шпінгалетам», а то i яшчэ горш — «салагаю». Калі бывае ласкавы, дык ведай: трэба хуценька збегаць у краму па віно ці цыгарэты.
Тады зрання пачалі збірацца госці. Добрая палавіна прыехала з горада. Павыходзіўшы з аўтобуса, сябры Казіка цмокалі: «Славное местечко. Еще бы жинку с хорошей тещей, домик, деньжат!..» I смяяліся. Ціснулі да болю маю руку: «Здароў, здароў, стары!», траслі бацькаву: «Привет, хозяин!» Шмат гасцей прыкаціла на матацыклах i на вазах, напакаваных сенам, з блізкіх мястэчак.
Гарадскія госці, у дарагіх чорных касцюмах, у модных туфлях i пры гальштуках, не саромеліся прызнацца, што прыехалі нашча, i адразу паселі за стол, пілі, елі, без супынку хвалілі катлеты, галубцы, піва.
Іншыя — нашы, янкавіцкія i з Налібак, у зашпіленых на ўсе гузікі кашулях, без гальштукаў, падстрыжаныя пад польку, таксама на вяселлі шмат пілі, чарка за чаркаю, мала закусвалі, толькі выціралі губы рукою. Яны быццам адчувалі сябе лішнімі на гэтым вяселлі, найболей паглядалі на сваіх жонак з пазатыканымі ў рукавы хустачкамі. Негаваркія яшчэ жанчыны каштавалі катлеты, булкі, сухарыкі, ківалі сваім мужчынам на яду, шапталі на вуха: «Закусвай, закусвай, каб не давялося валачы цябе дадому!»
Я стаяў са сваімі аднагодкамі за стаяком i цікаваў за вясельнікамі. Мяне таксама пасадзілі б за стол, можа, ля маладых, але было мала месца. Бацька сказаў, што я не такі вялікі госць, a Казік загадаў мне пільнаваць, каб «падшыванцы», гэта значыць мае сябры, не палазілі па кішэнях скінутага гасцямі адзення. Мне было брыдка перад сваімі хлопцамі, i я сказаў, што не буду пільнаваць. Казік зазлаваў, а потым махнуў рукою, толькі прыстрашыў, што адлупцуе.
Я не зводзіў вачэй з будучай братавай — Олі. Яна моўчкі, апусціўшы вочы, сядзела на покуці ля Казіка, які раз-пораз чокаўся чаркай з усімі праз стол, піў, лічы, не закусваючы. Ён, здаецца, не зважаў на Олю — тая не піла i не ела, а нечага плакала, выціраючы вочы i нос белай хустачкаю.
Олю я ўжо крыху ведаў, яна рабіла на прудскім медпункце, i мяне туды вазілі летась, калі я парэзаў палец. Бачыў яшчэ, як раз у нядзелю катаў яе на «Яве» Казік. Ён амаль кожную нядзелю катаў новых дзяўчат, маладых i ў гадах, а пасля на вечар кудысьці прападаў. Варочаўся толькі раніцай, сонны, з прыпухлымі вачыма. Хапаў сваю сумку i, папрасіўшы ў бацькі грошай, бег на аўтобус.
Я прывык да гэтага, думаў, што ўсе дзяўчаты закаханы ў майго старэйшага брата.
Я ўяўляў, што, падцягнуўшыся ў росце, таксама буду вазіць дзяўчат, можа, на «Яве» ці на «Іжы», а то i на легкавой: Казік заробіць на машыну грошай i купіць мне. Аднойчы суседскую ганарлівую Стасю я правёз на веласіпедзе з горкі, але ў шасцярню ўкруцілася калашына, i мы паваліліся. Стася абабіла нагу, заплакала, сыпанула на мяне пяском i ўцякла. Я быў кінуўся наўздагон, але не дагнаў.
Я ўбачыў, што мяне шукае вачыма Янак. Калі я падышоў да яго, ён паказаў мне пальцам на Олю. Яна рабіла знакі: маўляў, ёсць месца. Пасля неяк дзіўна зірнула на Янака, а ён на яе, i абое ў адну хвіліну апусцілі вочы.
Я выйшаў на двор i праз адчыненае акно ўлез у хату, Оля крышачку пасунулася да Казіка, вяла ўсміхаючыся, пасадзіла мяне ля сябе.
— Чаму ты схаваўся i не хочаш паказацца? — шапнула яна мне на вуха. — Мне гэтак сумна… Давай з табой вып’ем крышачку. Добра?
— Ды ён — здаровы малец! — мусіць, першы раз навёў на Олю п’яныя, бліскучыя вочы Казік. — Блатняга! Ён i шклянку кульне. I не зморшчыцца.
— От, не абгаворвай мне хлопца! — не паднімаючы на яго вачэй, мусіць, наўмысна зласнавата сказала яму Оля i пагладзіла мяне па галаве, а пасля палажыла на плячо сваю лёгкую, шорсткую ад шоўку руку. Я, мусіць, зачырванеўся, бо ўсе вясельныя зірнулі на мяне, падміргнулі, a адзін з вусікамі пажартаваў: «Бач ты яго, дзе прымасціўся! Ты, Казік, глядзі…»
— Музыканцікі! — усміхнуўшыся, Казік ляснуў далонямі.— Не паснулі яшчэ?
— Січас, січас, — выціраючы губы хустачкаю, падняў з каленяў скрыпку дзядзька Валюсь.
Маладыя хлопцы i дзяўчаты, не слухаючыся ўгавораў старэйшых, пачалі вылазіць. Хлопцы далікатна прапускалі дзяўчат, падтрымліваючы ix за локці. Палез да дзвярэй i Казік, махнуў рукою Олі: «Пайшлі, чаго расселася!»
Старэйшыя мужчыны засталіся за сталамі, уволю цяпер курылі, наперабой гаварылі пра вайну, палітыку, дымілі на ўсю хату.
Танцавалі на вымеценым дварэ — нешта знаёмае, павольна, як кожную нядзелю ў клубе пасля кіно. Але калі да музыкантаў падышоў Казік, дык яны разанулі штосьці хуткае i такое вясёлае.
— Глядзі, чарлістон!
— Гэта ліпсі, ліпсі, цётка.
— А, каб вы пагарэлі са сваімі танцамі!
— I маладая дае! Вось папалася Янукевічу танцорка! — кабеты паказвалі пальцамі, смяяліся.
— Mo i ты, Манька, пусцілася б! — таўханула ў бок сваю суседку Пётрыкава Зося. — Далібог, сумееш так круціць. Ці баішся рассыпацца? Не ведаю, як яны зжывуцца! Ты чула, Манька?.. — Зося нагнулася да яе i зашаптала, што сусед наш, Янак, да Олі хадзіў.
— A Казік сілаю яе… Дык i бярэ цяпер. Мо судом прыстрашыла: цяпер сама знаеш, з гэтым дзелам надта… А Янак… Любіць яе. Моцна любіць: мая Яня мне гаварыла. Ой, i будзе ў Янукевічаў вайна! Хіба стары як супакоіць… Але хіба ўпільнуе ён? Казік то ў горад паедзе, а яна з Янакам… Цяпер не разбярэш, што на свеце робіцца…
— Э, не тое! — выбег раптам на круг і махнуў рукою сват Міхал, палажыў баяністу руку на баян. — Не тыя танцы! Калі вы, маладыя, хочаце такіх, то, проша прабачыць, пачакайце. Паспееце — нагуляецеся. Эй, Валюсь! Браток, сыпні полечку! Ды нашу, беларускую! Нашу, браток…
Дзядзька Міхал падхапіў Олю (Казік нават не паспеў нічога сказаць), выскачыў на сярэдзіну:
Эх, дзевачка,
Чаму ты тоненькая?
Пагуляй са мной,
Будзеш ры-рай-рай-рай…
Эх, ха-ха-ха!
— Ну і таўсцюк! Што падмецены скача! — засмяялася Зося. — Так, здаецца, ледзь жывот свой валачэ, а на танцы — спец, каб ты праваліўся.
Зося не паспела дагаварыць: яе падхапіў i закруціў другі сват, дзядзька Антон.
— Танцы знайшлі! Цьфу! — плюнуў Казік. — Цэлы вечар цяпер сваімі полькамі ды падыспанамі зоймуць. I гэты скача, рад вельмі! — гэта сказаў ён, мусіць, пра Янака.
Я ўвесь вечар не зводзіў з Олі вачэй. Тое, што яна будзе жыць з сённяшняй ночы з намі, радавала мяне i крыху палохала.
…Казіка ў горад праводзіў з Оляю i я. Калі паказаўся чырвоны з белымі фіранкамі на вокнах аўтобус, Казік сунуў мне ў кішэню тры рублі.
— Цукеркі купляй, — прашаптаў.— А то ты на мяне гэтакі злосны… Калі Янак сыдзецца з Оляй, то ты не адыходзь, будзь з імі. Добра?
Я радасна кіўнуў галавою.
Казік ускочыў у перапоўнены аўтобус, махнуў мне рукою, потым прыклаў руку да вуснаў — для Олі.
Мы павярнуліся i пайшлі. Оля была нейкая сумная, не смяялася i не хацела жартаваць са мной.
Вяселле адшумела, адзвінела, аб ім ужо i не ўспаміналі. Спярша мне здавалася, што ў нашай хаце нічога не перамянілася: бацька па-ранейшаму паднімаўся на світанку — даіў сам карову, працэджваў малако, карміў свіней. Рана раскатурхваў i мяне выганяць на пашу карову.
Калі я вяртаўся дахаты, хадзіў па сваім дварэ i Янак. Ён з’язджаў на цэлы дзень — карчаваў недзе за Налібакамі алешнік i зарабляў няблага. Я пасля Янакавай палучкі набіваў кішэні цукеркамі i пернікамі.
З Оляю Янак бачыўся рэдка. Павітаецца i стараецца адысці. Оля вечарамі штосьці чытала ці пісала Казіку лісты — з хаты не выходзіла.
На другі тыдзень пасля вяселля я прачнуўся раней, чым звычайна. Брынчалі вёдры, лілася вада: упаў з лавы кубак. Канечне, там гаспадарыла Оля. Я чуў, як яна ўчора расказвала бацьку, што сама таксама з вёскі, скончыла медвучылішча, хацела падавацца вучыцца далей, але не ўдалося.
— Тата, тата?.. Гэта ты пабудзіў Олю? — шэптам спытаў я ў бацькі — ён ляжаў побач.
— Уга! Сама, — таксама ціха прашаптаў ён. — Кажа: «Спіце, тата. Хіба ваша гэта работа з каровамі i свіннямі пэцкацца? I карову сама падганю, хай падрэмле яшчэ Пецька». Далібог, так i сказала. Кажа, што падніме нас, калі снеданне згатуецца.
Бацька мігам схаваў галаву, стаіўся i я: сюды ішла Оля. Я чуў — сцягнула з маёй галавы коўдру, дыхнула цяплом, мусіць, ад печы, i сціснула мой нос. Я не ўтрымаўся, каб не ўсміхнуцца.
— Спіш, швагрусёк? — прашаптала яна i прыгарнула мяне да сябе, прыткнуўшы сваю шчаку да маёй. — Ну, паспі яшчэ трошачкі,— накрыла мяне i адышла.
Мне стала лёгка-лёгка i радасна, здаецца, намнога вальней забілася сэрца.
Калі мы паснедалі, Оля паехала на бацькавым веласіпедзе ў медпункт. Панеслася што віхор.
— От галаву яшчэ дзе скруціць! — усміхнуўся сабе пад нос бацька. — Хоць бы цішэй крыху…
«Во! — падумалася мне. — Каб я так насіўся на тваім веласіпедзе, то скора забраў бы i накруціў бы вушы. I на Казіка насварыўся б. А на Олю — не…»
Заўважыў я, што раней звычайнага пачаў прыязджаць з работы Янак. Ён несся на «Яве» што чорт, аж крычалі i ляцелі ў свае двары куры, a бабулькі спалохана падбіралі ca сцежак малых дзяцей.
— Слухай, Оля ўжо вярнулася? — спытаў ён аднаго дня, нечага чырванеючы.
— Не, — шчыра прызнаўся я. — A які ў цябе да Олі інтарэс?
— Дваякі! — ён даў мне ў лоб пстрычку i засмяяўся. — Менш старайся ў свае гады ведаць! Слухай, — Янак пацішэў,— хадзі сюды. Ну, не бойся. Гэта во — табе. А гэты кулёк аддасі Олі. Скажаш, што ты купіў за свае грошы, — ён прыплюшчыў вока. — Я чуў, што бразгаюць капейкі ў цябе. Ці не Казік раздабрухаўся?
— Не, — зманіў я i адчуў, што запалалі шчокі.— Тата даў. А чаму ты сам ёй не хочаш даць? Чаго ты яе баішся? Вось я…
— Ну, аддасі?
Не паспеў я пакаштаваць i першай цукеркі, як на веласіпедзе ўляцела ў двор Оля. Саскочыла з яго, падбегла да мяне. Бегла босая i таму на пятках — калоўся пясок. Яна падхапіла мяне пад пахі i памчала ў хату. Я не бараніўся i адчуваў сябе неяк няёмка, саромеўся. Відаць, ад таго, што я гэтак мала пазнаў цяпла i ласкі матчыных рук: яна памерла, калі мне не было i года.
— Ведаеш што, Пецька? — Оля прыціснула мяне да грудзей. — Зараз пабяжым купацца. Спацела я! Запылела! Ой! — яна апусціла мяне на падлогу. — I ногі ж у цябе! Хоць рэпу сей. Каб бачыла раней, то не захацела б сябраваць з табой.
— Я памыюся сёння, — мне стала сорамна перад Оляю. — На, — не паднімаючы вачэй, падаў ёй кулёк з цукеркамі.
— Цукеркі? — яна засмяялася, разарваўшы кулёк, усыпала мне за пазуху цэлую жменю. — А табе хто даў?
— Янак.
— Янак?
— Ну, — я раптам адчуў, што прагаварыўся. — Гэта я пасмяяўся. Я сам купіў.
— Ты? А дзе ж ты гэтулькі грошай узяў?
— Казік даў.
— Ой, Пецька, любанькі, не мані,— яна паківала галавою. — Няможна. Ну, скажы праўду. Янак купіў, га?
— Ага, — матнуў я галавою, ведаючы, што давядзецца ўжо з тыдзень не падысці да Янакавай «Явы».
Оля шпарка падбегла да акна, расчыніла яго, перагнулася:
— Янак?
— У-У, — пачуўся яго голас.
— Дзякуй за падарунак! Не забыўся: сёння ў мяне дзень нараджэння!
— За які падарунак? — Янакаў голас пачуўся бліжэй. — Нічога не разумею.
— Ой, не ведаеш! — Оля паківала галавою. — От хлусы сабраліся! I малы, i вялікі.
Не дачакаўшыся Янакавага адказу, Оля падбегла да мяне, падняла мой падбародак i цмокнула ў шчаку.
Калі мы з ёю выходзілі з хаты, я ўбачыў, што Янак сядзеў у сваім дварэ i корпаўся ў матацыкле.
«I што ён там робіць? Нядаўна хваліўся, што „Ява“ спраўная».
— Пайшлі на рэчку, хлус! — пазвала яго Оля.
— Я памыўся ўжо, — сказаў Янак, не паварочваючыся.
— Памыўся! Калі ты паспеў! — засмяялася Оля.
Яна зайшла ў суседскі двор, да Янака, паваліла яго на спіну.
— Пайшлі!
— Я ж быў…— расплыўся нарэшце ва ўсмешцы i Янак.
— Ах ты манюка! — Оля нагнулася, валасы апалі на Янакаву галаву. Я ўбачыў, што яна пацалавала суседа.
«I Янаку цяпер добра».
Оля ўскочыла, схапіла маю руку, i мы пабеглі. Я азірнуўся. Янак стаяў i глядзеў нам услед.
Рэчка ў нас неглыбокая. Некалі не было відаць i дна, гаварыў мой бацька, але як пракапалі, каб асушыць балота, вада спала, звялася i рыба.
— Пецік, ты купайся за тым кустом, а я тут буду. Усё ж ты хлопец, — пажартавала Оля.
Праз лісце алешніку я зірнуў i ўбачыў, як яна сцягвала цераз галаву світэр. Апускаючы на ногі спадніцу, яна цікнула на мяне.
— Швагра! Не глядзі!
«Што маленькая… Саромеецца».
Я хуценька распрануўся, скокнуў у ваду, на хвіліну ад задавальнення заплюшчыў вочы, пасля пачаў плюскацца. Гонячы перад сабою вялікія, адзін за адным кругі, падплыла i Оля, моцна б’ючы па вадзе.
«I плаваць добра не ўмее. Я лепей…»
Оля апырскала мой твар вадой, пачала біць па вадзе далонню. I пакуль я засланяў рукамі твар ад пырскаў, яна прыцягнула мяне да сябе. Я пачаў адхінацца, але Оля трымала моцна. Тады я ўшчыпнуў яе за жывот, яна войкнула i села ў ваду. А я выскачыў на бераг.
— Няможна так, — паскардзілася яна. — Пецік, не ўцякай… Я жартам…
Пасля яна вылезла з вады, прыкрыла грудзі рукамi. Прысела. Папрасіла, каб я расчэсваў ёй валасы. Доўгія, на ўсю спіну, мяккія-мяккія, прыгожыя. Калі я працягваў зверху грэбенем, Оля зажмурвалася. На яе спіну зляталі з грэбня кроплі вады, ад ix Оля аж выгінала спіну.
— Пецька, ты любіш мяне?
— Не ведаю, — засаромеўся я.
— Як гэта ты не ведаеш? Не любіш, значыць, — яна, мусіць, пакрыўдзілася. — А скажы, Янак любіць мяне?
Я паціснуў плячыма.
— А ты Янака любіш? — зірнула на мяне неяк з не цярплівасцю.
— Люблю, — адразу адказаў я.
— A Казіка? Любіш ты Казіка?
— Не ведаю, — паціснуў я плячыма.
— I я не ведаю, ці люблю Казіка, — Оля сказала i змоўкла, пасля прытуліла мяне да сябе, пачала гладзіць па мокрай галаве. — I я Янака больш люблю, мне за яго трэба было замуж ісці, але, — яна ўздыхнула, — ты гэтага яшчэ не зразумееш! А цябе я, дурненькі, вельмі люблю. Больш, як Казіка, як Янака, як тату. Сіротка мая… Ты добры, Пецька, толькі нешта хаваеш ад мяне, недагаворваеш. Чаго ты ўчора за мною ішоў, калі я да Ані вечарам выходзіла?
Я апусціў галаву i маўчаў, мне стала сорамна, што Оля здагадалася, што я за ёй трохі падпільноўваю.
— Сама цяжка, калі бачыш, што нехта табе не верыць. Значыць, не любіць цябе, зневажае… Цяжка, аж плакаць хочацца…
— Я, я… люблю цябе…
— Я не пра цябе, Пецька. Я пра яго, пра свайго… — Яна стала бокам да мяне, пачала адзявацца. — Ужо i ў школу хутка табе. Заўтра мы, можа, паедзем у раён. Касцюмчык, туфелькі новыя табе пастараемся…
Ідучы дамоў, мы згледзелі Казіка. Оля кінула мяне i пабегла да яго, высокага, з пышнымі бакенбардамі. Кінулася на грудзіну, абхапіла шыю рукамі.
— Пачакай, — адштурхнуў яе Казік, — дай штаны ачысціць, а то — як вахлак хаджу.
Оля адскочыла ад яго, адвярнулася i закрыла твар рукамі.
— Ладна, кінь крыўды. Будзь прасцей, — абняў яе Казік, зірнуў на мяне. — А ты тут чаго? Кыш адсюль…
Я адбегся i азірнуўся. Казік i Оля цалаваліся.
«I Казіку цяпер добра. Бач, як доўга цалуюцца, хочуць, каб паболей хораша было».
…Вечарам, сустрэўшы на вуліцы хмурага Янака, я пацягнуў яго за руку ў наш двор. Ён здзіўлена пазіраў на мяие. Я паказаў яму на высокую яблыню: пад ёю на разасланай дзяружцы ляжала Оля, а збоку сядзеў ля яе Казік.
— Мазалі на тваіх руках… — гаварыў Казік. — Вёдры цягаеш? Не цягай.
— Шкода твайго бацькі,— прашаптала Оля, — мужчына, а…
— Шкода, шкода… Падумаеш, мне вялікі гонар, што мая жонка свіныя вёдры носіць… Паедзем са мной. А то здзічэеш тут, сярод свіней. Сорам будзе людзям паказаць.
— Глядзі, глядзі! — тузануў я Янака за рукаў.
— От! Другі раз вушы абарву, калі будзеш лезці не ў сваё, — адпіхнуў мяне злосна Янак i пайшоў.
— Ну, як? — злавіў мяне пасля вячэры аднаго на дварэ Казік. — Яны, гэтага… не цмокаліся?
— Не, — утаіў я.
— Ты, пацан, праўду гавары!
— Далібог, не бачыў,— сказаў я.
— Ціх! — сыкнуў на мяне Казік. — Яна, можа, стаіць дзе i падслухоўвае. Ты мо i не думаў глядзець за імі?
— Дальбог, глядзеў…
— Ну, ладна. Малайчына! — пагладзіў Казік па маёй галаве. — А касцюмчык табе Оля купіць. Ведай маю дабрату! Ты, брат, пільнуй. Ты мала каму вер на гэтым свеце. Пацан, салага ты яшчэ, некалі ўбачыш…
Я так i не зразумеў тады, што ён мне хацеў сказаць, але толькі не паслухаўся яго, па-колішняму верыў тату, Янаку, Олі, а яму… Сапраўды, чамусьці Казіку мне не хацелася верыць.
Нядзелі я ніяк не мог прычакаць. У гэты дзень медпункт не працаваў, i Оля мелася быць дома. Яна падакляравала мне касцюм, а яшчэ сказала, што пачастуе марожаным, якога я дагэтуль i ў вочы ніколі не бачыў.
Устаў я раненька, раней за ўсіх. Дапамог Олі падмесці двор, знёс кошыкамі ў поле смецце, а пасля прынёс сырога, жоўтага пяску i густа высыпаў сцежку.
Пазней мужчыны, што прыходзілі падстрыгацца да майго бацькі, страшылі мяне, што я адаб’юся ў горадзе ад Олі, буду бегаць i плакаць адзін. Але я не баяўся: ведаў, што яны жартуюць.
Калі мы з Оляй выскачылі з хаты, то ледзь не збілі на ганку з ног нашага брыгадзіра.
— Куды вы, Янукевічы? — запытаў ён.
Я паспяшыў пахваліцца.
— Канечне, яно трэба, — брыгадзір пачухаў патыліцу. — А можа, вы, Вольга Васільеўна, выратавалі б мяне сёння. Ведаеце, жыта за рэчкаю асыпаецца. А як дождж? З’есць тады мяне старшыня! Нядзельнік во зрабіць надумалі, падабраць за жняяркаю валкі.
— Як, Пецька? — тузанула мяне за нос Оля.
— Ай, — пацягнуў я яе за руку. — Паехалі… Тата сходзіць.
— Не, мусіць, трэба памагчы, — затрымала мяне Оля. — Дзядзьку Мікіту могуць з брыгадзірства скінуць.
— Ну, не скінуць, — усміхнуўся брыгадзір, — але будзе грызні…
У Стоўбцы мы не паехалі. Выбралі лягчэйшыя граблі, падышоў Янак з драўлянымі вілкамі, i мы пайшлі вуліцаю за рэчку. Янак i Оля ішлі побач, а я трумсаў другім бокам вуліцы, перабіраў грабільнам штыкеціны платоў.
Недалёка ля моста, ужо за вёскаю, Оля войкнула i прысела. Я быў злосны i не падбег да яе — злаваўся. Дакляравала-дакляравала i — на табе! А Янак нагнуўся i пачаў шукаць у назе стрэмку, але нагі Олінай у рукі не браў. Яна засмяялася, пабегла. Дагнаўшы мяне, падхапіла на рукі.
Я ж цябе падманула,
Я ж цябе падвяла,
Я ж цябе, маладога,
З розуму звяла…
Я нехаця зграбаў жыта, не зважаў на Оліны жарты, адварочваўся, калі яна хацела зазірнуць мне ў твар.
— Злуе! — ківала яна на мяне галавою Янаку. — Ну, Пецік, у гэтую нядзелю. Далібог, ужо ў гэтую…
Мы не пайшлі да ўсіх за рэчку, бо Олі захацелася грэбці ля лесу, нашаю групкаю.
— Мы — ударнікі,— смяялася яна. — Перадавікі. Змагаемся за… Янак, не адставай, бяры прыклад з Пеці. Ён лепш за нас усіх працуе.
Я не хацеў з ёю размаўляць ці жартаваць. Калі я сабраўся кінуць граблі i марсянуць дамоў, пацямнела, прапала сонца, адразу пасвяжэла, застыў на спіне i на твары пот. Над вёскаю чарнела вялікая, на палавіну неба, хмара. Хутка аднекуль наляцеў вецер, закруціў, панёс хапкі жыта, чапляў за кусты. Гэтак жа хутка пырснулі халодныя кроплі. Потым зашумела, завесіла вёску: лінуў спорны-спорны, цёплы дождж.
Янак i Оля схаваліся ад дажджу ў раскіданай ветрам нечай капе сена, а я залез у другую, што была збоку іхняй.
Стрэліла, аж трасянуліся ля вушэй жылкі.
— Ідзі сюды, хопіць дзьмуць губы, гэй! — гукнула Оля. — Адзін баяцца будзеш.
— Не будзе, — заспакоіў яе Янак.
— Злосны i помслівы ты, мусіць, Пецька, як i твой брат…
Я маўчаў. Маўчалі i яны. Усё, мусіць, паглядалі на поле, на тое, як да дзяўчат перабягалі хлопцы, як вісеў над іржышчам дождж. Пасля я бачыў, што Оля высоўвала з капы руку, збірала на яе ваду i пырскала ёю на Янака — кідала яму на грудзіну, відаць, на гарачы, яшчэ не астылы твар.
— Чаго ты такі, Янак? — пачуў я, хоць Оля i ціха гаварыла. — Ты ж не такі ўжо быў ціхоня. Не раз бараніцца трэба было…
— Не быў,— Янак высунуў босую нагу на дождж.
— Ты яшчэ любіш мяне?
— Чаму ты так думаеш?
— Ты ж… Не мог ты ўжо ўсё забыць… — ціха гаварыла Оля.
— Я хацеў таго, чаго хлопцы хочуць…
— Няпраўда. Не мані. Ты не такі. Гэта Казік тады з першага вечара не паважаў мяне, нахабнічаў… Ты дарэмна тады ўцёк, пакінуўшы Казіка ca мною… Haшто ты яго прыводзіў? Чаму злаваўся, раўнаваў? Дзяўчатам падабаюцца вясёлыя хлопцы, вось я i… Далібог, у той вечар была я з Казікам строгая… Можа, ён, вярнуўшыся, табе абы-чаго нагаварыў… Яначак, скажы, ты любіш мяне?
Янак маўчаў.
— Маўчыш. Ну, i не кажы. I не трэба… Сваркі баішся. А я ўбачыла, што Казік мяне не любіць, што яму трэба было даказаць, што за ім любая…
— А чаго ж ты ішла тады за яго? — ледзь не закрычаў Янак.
— Табе назло. Як пакінуў тады мяне, падумаў брыдкое, не паверыў мне, то я i вырашыла адпомсціць…
— Адпомсціць, адпомсціць! — Янак гаварыў злосна. — Помста! Скажы: баялася, што буду бензінам пахці i ты за мною горада не ўбачыш, прападзеш ля свіней… Здзічэеш!
— Змоўкні!
— Праўда вочы коле… Янак цябе толькі можа на трактары пакатаць… На трактары? Сорам! Вось сусед — гараджанін…
Янак гаварыў, крычаў, а Оля маўчала i, мусіць, плакала, а пасля змоўк i ён.
— Янак, я вазьму развод? Усё роўна прыйдзецца…
— Як хочаш, — Янак апусціў вочы i пачаў капаць пяткаю зямлю, — раз ужо людзей насмяшылі…
— Ты ж любіш мяне, счарнеў вунь…
— Ну i што?
— Як — што! — Оля нахілілаея, упала яму на грудзіну. — Навошта мы губім сябе?
Янак падняў яе галаву, зірнуў у вочы, а пасля пачаў цалаваць. Оля не баранілася.
«Думаюць, што я не бачу. Скажу тату…»
— Янак, — яна адхінулася ад яго, — як сёння прыедзе Казік, то адразу сама i скажу… Не будзе ў нас з ім жыцця… Мы з’едзем куды — хоць у Сібір, хоць у Казахстан, — а пасля, калі ўсе забудуць, можам i вярнуцца. Чаго маўчыш? Скажы што…
— Думаеш, мне легка? — ціха сказаў Янак. — Як падумаю, што ты ўжо…
— Ну, якая? — не дачакаўшыся, нецярпліва запытала Оля.
— Якая! Чужая…
— Чужая… — перакрывіла Оля. — Вось як… Ды ты ні кропелькі мяне не кахаў. Кахаў бы — усё зразумеў…
Оля яшчэ шмат папікала, а пасля нечакана падхапілася i пабегла ў густы дождж.
— Янак, — перабегшы да свайго суседа, усклікнуў я, — пакатаеш мяне сёння? Вунь як будуць ляцець з-пад колаў пырскі!
— Адчапіся ты! — буркнуў той. — Не да цябе…
Казік прыехаў дамоў пад вечар, прывёз мне ўсялякіх ласункаў. Сам не разумею, як усё здарылася, але ён змусіў мяне расказаць пра сённяшні дзень. Слухаў, кусаў вусны.
— А ты хоць, асёл, з імі ў адной капе сядзеў ці воддаль дзе? — закрычаў на мяне.
— Воддаль.
— Эх ты, дубіна!
— Чаго ты так на Пецьку крычыш? — аднекуль нахапілася Оля.
— Ну, хадзі, хадзі сюды, галубка… — паківаў пальцам Казік. — Раскажы, падзяліся шчыра, як сумна адной без мужа, як… Усё-ўсё раскажы.
Оля стрэльнула позіркам на мяне — я не міргнуў i вокам: ведай, як хлусіць.
— Ну, расказвай, мадам…
— Казік, нам з табой…
— Што — нам?.. — закрычаў Казік i хапіў яе за плячо. — Сволач ты! Абы толькі пакінуў адну, то… Варту ставіць да цябе?
— Казік, ты не любіш мяне, ты мяне ўзяў, каб толькі…
— Гэта як я захачу! — перабіў яе Казік. — Калі ўзяў, то ты — мая.
— Мы павінны ўзяць развод! I чым хутчэй, тым лепш.
— Я табе дам развод! Я табе… — Казік замахнуўся i ўдарыў Олю па шчацэ. — Ну, я не люблю цябе i не любіў, я памыліўся, паспяшаўся, мне не такая баба, як ты, патрэбна…
Ён замахнуўся яшчэ раз, але я не стрываў, падбег i павіс на яго руцэ.
— Не бі Олю! Яна харошая! Оля добрая! Скажу тату!..
— Усе вы добрыя, — адкінуў мяне брат. — Усе вы абманваеце мяне: робіце адно, а гаворыце другое.
Оля вырвалася, уцякла да суседзяў. Пакінуўшы брата, услед за ёю пабег i я.
Сёння зноў прыязджае дамоў Казік. Я не ведаю: ажаніўся ён з «дачкой якога-небудзь туза» ці не. Але я рашыў, што не пакажу яму, нізашто не пакажу ліст, што прыслалі Янак i Оля з цаліны. Я не скажу яму, што атрымаў учора першую пяцёрку, што настаўніца мяне пахваліла, не прагаваруся Казіку i пра тое, што калі навучуся пісаць, дык абавязкова напішу Олі ліст. Раскажу, як яе я любіў, папрашу ў яе прабачэння за тую віну перад ёю. Я ёй усё-ўсё апішу, пажадаю шчасця…