Сямён

Новы дзень пачаўся так, як i ўчора ці пазаўчора.

Сямён прачнуўся з першым сонечным прасветкам i вераб’іным чырыканнем. Паволі споўз з цёплай ляжанкі, вобмацкам знайшоў пад лаўкай старыя валёнкі. Абуўся i яшчэ крыху пасядзеў — адыходзіў ад сну i болю ў галаве. З гэтым, цяжкім, са звонам у вуху ды з рэззю ў вачах болем, ён кожную раніцу падымаўся i кожны вечар клаўся спаць. Знікаў альбо забываўся боль удзень — у рабоце, у клопатах. Яго, гэты боль, як сказалі ўрачы, ужо не вылечыш: ён застарэлы, яшчэ ад некалішняй, франтавой, кантузіі.

Боль не паслабеў — наадварот, узмацняўся. Але Сямён болей не прыслухоўваўся да яго, падняўся i патупаў з хаты. На ганку запыніўся, акінуў позіркам наваколле. Здаецца, усё на дварэ такое, якое было i ўсе гэтыя дні: стары плот, грады, тоўстая разлапістая яблыня i гонкая маладая груша за ім, пахілены, накрыты яшчэ саломаю хлеў. Аж не, ёсць i такія-сякія змены: відавочна парудзелі ўжо грады, пабольшала на дрэвах жоўтага лісця, а неба ўжо не лёгкае, не вясёлае, як улетку, а цяжкаватае ад павільгатнелых ды пацямнелых воблакаў, няяркага сонца, патужэлага паветра — увысі i тут, на зямлі, пачала ўбірацца ў сілу ранняя воеень.

Пасля Сямён падаіў сваю Лысую — лічы, спрэс белую карову; даёнку з малаком паставіў у сенцах, а карову выгнаў з двара, пачаў прыпасваць каля бульбянога поля, на лапінцы зялёнага маладога дзяцельніку. Стаяў i слухаў, што робіцца ў вёсцы.

Вёска ўжо прачнулася: паблізу i воддаль спявалі апошнія пабуджальныя воклічы старыя пеўні, абзываліся асіплыя за ноч сабакі, рыпелі дзверы, вароты, гудзелі матацыклы i машыны, a ў далёкім канцы ў некага звінела цыркулярка. Вось тут, у Засценку, пачуўся ражок. Значыць, Андрэй, стары яго сябрук, пайшоў займаць каровы.

Неўзабаве той быў ужо тут, каля Сямёнавай хаты, ca статкам. Сямён сілком адагнаў Лысую ад дзяцельніку, далучыў да гурту.

— Здароў,— падышоўшы, павітаўся аднавокі Андрэй. — Ну што: восеніцца пакрыху?

— Ды час ужо, — адказаў Сямён. — Хутка будзеш на ўвесь дзень каровы ганяць.

— Прыйдзецца. Як i прыйдзецца пастарэць яшчэ на адну восень…

Андрэй — у кірзавых ботах, у выцвілым, шэрым плашчы — паляскваючы даўжэзнай пугай, пакрочыў услед за каровамі, а Сямён — у свой двор. Працадзіў малако, выпаласкаў марлю i павесіў яе на частаколіну, пасля падпаліў у печы. Паставіў цяжкія цаганы з вадой i бульбаю, закурыў, сеў на лаве i пазіраў, як угараюцца дровы, цягнецца ў комін сівы дым.

«Ці не збыць карову, свінні? — падумаў.— Нашто мне, адзінокаму, гаспадарка? Як ні зірні, дык адны клопаты толькі з ёю. Трэба сена, подсціл карове, трэба чым карміць i свіней. Расстараешся — тады думай, дзе дзець малако, сала…»

Але i сёння не хапіла рашучасці апаражніць хлеў.

«Як жа жыць у вёсцы без гаспадарскіх хлопатаў? Не, пакуль буду магчы хадзіць, датуль буду як i кожны вясковы чалавек. Іначай ссохну без ніякага занятку».

Паснедаўшы, Сямён падаўся ў гарод. Выбіраць цыбулю.

Здзівіўся: лічы, не відадь той цыбулі. Нядаўна яшчэ зялёны, буйны, як малады лес, цыбульнік ссох, а на градзе за некалькі апошніх дзён разлапушылася дзікая трава, амерыканка, як яе тут называюць, схавала цыбулю. Прыйшлося спачатку выпалаць пустазелле, а пасля ўжо, бачачы рудыя хвосцікі, пачаць выбіраць галоўкі. Побач — градкі морквы, укропу, маку, буракоў i гуркоў; некалькі гурочнікаў запаўзлі аж сюды, на цыбулю, i на гэтых адростках выраслі ў сырасці буйныя, зялёныя, спаднізу белаватыя гуркі.

«Трэба зноў аддаць ix каму, — падумаў.— Сабе насаліў ужо бочачку, хопіць. Андрэю ды суседцы даў; цяпер, можа, Адаму сказаць, каб прыходзілі i бралі сабе на пасол: чуў, што ў ix сёлета гуркі не ўрадзілі».

— Дзень добры, дзядзька, — перапыніў яго думкі малады жаночы голас.

Разагнуўся, азірнуўся.

— А-а, гэта ты, Волька! Дзень добры, — усміхнуўся. — Я нават i не пачуў, як ты падышла. Відаць, глушэю на старасці.

Волька — старэйшая Андрэева дачка. Малодшыя дзеці, сын i дочкі, у горадзе, а Волька жыве з бацькамі. Яна — даярка, а яе муж, Пятро, — трактарыст.

— Добрая ў вас цыбуля, — пазайздросціла, пазіраючы на поўны ўжо кошык. — Лепшая, чым у якіх гаспадынь.

— Вырасла такая, — усміхнуўся. — У вас, пэўне, яшчэ i лепшая.

— Горшая, дзядзька, — прамовіла i абаперлася грудзьмі на плот. — Можа, i таму, што мы, кабеты, столькі не глядзелі грады, як вы, мужчына. Праўда, сорам мне, кабеце, пра гэта гаварыць, але праўда ёсць праўда. Вы — адмысловы гаспадар i адмысловая гаспадыня.

— Які там адмысловы… — прамовіў. I замаўчаў.

Ды што ён мог сказаць болей? Жыла б гаспадыня ці сястра, былі б дочкі ці пляменніцы — займаліся б жаночаю работаю, а яму хапіла б сваіх, мужчынскіх, клопатаў. Але ні жонкі, ні сястры, дачок ці пляменніц няма, дык прыходзіцца ўсюды гаспадарыць самому. Нашто ж, каб пуставала, дзічэла зямля, зводзілася гаспадарка?! Ды як сядзець седзьма склаўшы рукі?!

— Будзе мала сваёй цыбулі, дык возьмеце ў мяне, — пасля дадаў.

— Мама i тата зайздросцяць вам, — сказала Вольга. — Хоць адны, але жывяце ў спакоі, без калатні…— Пасля, адчуўшы, што гаворыць не тое, варушыць у яго сэрцы даўні, усё яшчэ незарубцаваны боль, уздыхнула, паскардзілася: — А мой… Самі ведаеце, які ён… Вось i ўчора напіўся, прыпоўз дадому, сказалі мы з мамаю няласкавае слова — разбушаваўся, усё ў хаце перавярнуў, да нас біцца лез. Сёння мама i тата сказалі: будзеш, прымак, далей гэтакая свіння — выганім з хаты. Ідзі куды хочаш, хоць у лес, хоць у чыстае поле.

— Залішне ўлягае твой чалавек да гарэлкі,— паківаў галавою Сямён. — Я яму колькі разоў ужо казаў: Пятро, не пі гэтулькі, гарэлка нікога да дабра не даводзіла i не давядзе.

— Каб жа яны слухаліся, дзядзька. Проста аж млеюць за гэтаю гаркотаю, вар’яцеюць. З-за яе, можна сказаць, свету не бачаць.

— Жылі бядней — шанавалі капейку, здароўе. Цяпер мала шануюць. I капейкі, i здароўя. I не бачаць: гэта ж на згубу самім сабе. Мне не раз страшна робіцца, што i каторыя кабеты пачулі смак у гарэлцы… Улягуць яны — разап’ецца вёска…

— Мяняецца вёска… — згадзілася Волька. — Багацеюць людзі, але распускаюцца… Я дык думаю папрасіць міліцыю, каб майго лячыцца паслалі. Будзе i далей гэтак піць — прападзе ж. Чацвёра дзяцей без бацькі застануцца… А вы, відаць, зараз грады выбераце, картофлю выбіраць пачнеце?

— Можа, i пачну, можа, i пачакаю. Мне ж, пенсіянеру, часу хапае.

— Чулі: да Верчынай Іркі Васька ўчора ў сваты прыходзіў? — загаварыла пра вясковыя навіны Волька, нібы жанчына з жанчынаю.

— Не, не чуў.

— Адвярнулася. Лічы, за стол нават не села. За трактарыста не хоча ісці: бялізны яго баіцца. Яна ж, бачыце, у бібліятэцы робіць. Прафесарка! Жаніхоў, як прынцэса, выбірае, не зважае, што трыццаты год ужо ідзе, хутка спадзе краса…

— Іхняя i матка ганарлівая была, некалі нашаму Адаму адмовіла. З багатай сям’і была, а мы з беднай.

— Суседка наша зноў грубая, — сказала яшчэ адну навіну Волька.

— Дай божа, — прамовіў.— У яе ж толькі двое. Можна i яшчэ адно, два, а то i болей дзяцей мець. Цяпер усяго ж усім хапае. Калі малыя дзеці, дык ix, здаецца, поўна, шмат клопатаў з імі, вырастуць — разыдуцца, нікога не ўгледзіш, адзін застанешся. Цяпер мала ў вёсцы дзяцей, лічы, усё людзі сярэдняга i пажылога веку. A калі мала дзяцей, маладых — старэе веска.

— Можа, i праўду вы, дзядзька, кажаце. I хапае ўсім усяго, i веска без дзяцей ды маладых старэе. Але ж маладыя цяпер не хочуць многа дзяцей. Адно, два завядуць — i ўсё. Баяцца лішніх клопатаў.

— I дарэмна. Без клопатаў псуецца чалавек.

— Можа, каб меліся яслі, садзік, дык яшчэ смялейшыя былі б. А то, у каго няма бабы ці дзеда, не маюць з кім дзяцей пакінуць, калі абое на рабоце. Учора да нас новыя настаўнікі прыходзілі, прасілі маму паглядзець іхняе дзіця колькі гадзін, пакуль самі з работы прыйдуць.

— Пойдзе маці?

— Дзіця ж іхняе зусім яшчэ малое, месяцаў шэсць ці сем толькі. Вучыліся разам, пажаніліся… A ў мамы, самі ведаеце, якія рукі. Дзе ж яна вынасіць на ix малое? Ды i сваіх бэйбусаў чацвёра.

— Можа, нехта ўсё ж падрадзіцца паглядзець?

— Не ведаю, — паціснула плячыма Волька. — Наўрад хто захоча цяпер глядзець чужыя дзеці. Хто сваіх унукаў гадуе, хто, пагадаваўшы ўжо, не хоча лішняй марокі. Пенсію атрымалі — можна i ўздыхнуць лягчэй…

— Трэба ўсё ж маладым памагчы, — сказаў Сямён. — Яны прыехалі вучыць нашых дзяцей, выводзіць у людзі — а мы адварочваемся ад ix. Хіба не гэта добра? Хіба гонар — не ўважыць настаўніка?

— Канечне ж, трэба памагчы, — згадзілася Волька. — Можа, хто i падсобіць.

— Грэх вялікі, калі не хочаш памагчы чалавеку ў бядзе, — прамовіў.— Дабра тады на свеце меншае. Зашмат, як пустазелля, сеецца зла. А зло губіць усё людское ў чалавеку.

Вольцы стала няёмка. Яна падтакнула яму i пастаралася сысці з двара. Ён жа са шкадаваннем доўга пазіраў ёй услед — невысокай, тоненькай, гаротнай, але, здаецца, не зусім чулай да чужой бяды. На словах спачувае, але далей свайго спачуваыня ступіць не хоча. Не такая ўжо хворая яе маці, магла б i паглядзець гадзіну-другую тое настаўніцкае дзіця.

Не ведаў прыезджых маладых настаўнікаў, не бачыў ix сына ці дачку, але трывожыўся ўвесь дзень: як яны будуць жыць? Што ім рабіць? Ісці на працу i браць з сабою шасцімесячнае ці сямімесячнае дзіця? Якая ж у ix тады будзе работа i якое маленства будзе ў дзіцяці? Трывожыўся яшчэ i таму, што, як можна смела сказаць, паглушэлі вясковыя людзі да чужых непрыемнасцей i нягод, не кідаюцца, як некалі кідаліся, памагчы небараку, таму, каму часова цяжкавата. Ці ён нешта перабольшвае, перажывае за настаўнікаў іменна таму, што некалі i яго жонка, Маруся, Марыя Палікарпаўна, была настаўніцаю, гэтаксама мела нямала клопатаў з чужымі i ca сваімі дзецьмі? Можа, іншыя людзі абыякавыя да чужой бяды, каб навучыць людзей умець найперш самім клапаціцца пра сябе, пераадольваць усякія — малыя ды вялікія — цяжкасці?

Па тэлевізары паказвалі кіно. Пра калгас, пра вясковы люд, пра клопат аб кожным чалавеку. Сямён, начапіўшы аісуляры, сядзеў на канапцы, глядзеў гэтае кіно, не толькі здзіўляўся, але аж ківаў галавою: як спрытна i хораша ўсе гавораць! Вось каб так усё i было! Ды тут, у Міланьках!

Пачуў: у хату зайшоў чалавек. Знаёма затупаў сюды, у лепшы пакой. Андрэіха — Андрэева жонка, Вольчына маці. Невысокая, поўная, як капа.

Здзівіўся: чаго яна зайшла? Пад вечар, калі ледзь не сустрэліся каля яго хаты, яна надзіва жвава шуснула ад яго, нібы не заўважыўшы. A цяпер вось, увечар, сама зайшла.

— Сямён, ці е ў цябе перац? — сказала тая адразу, нават не павіталася. — Хочам закатаць гуркі, памідоры, а перцу няма. Перавёў зяцёк, любіць дужа вострае.

— Ды е. Сядзь, пашукаю. Паглядзі кіно. Пра вёску. Дужа хораша гавораць, — адказаў Сямён i падаўся на кухню.

— Няма калі кіны глядзець. Кажу ж, работы багата, — прамовіла Андрэіха i затупала за ім. Калі падаў пакецік чорнага перцу, дык адразу, хаваючы позірк, хацела вымкнуцца з хаты.

— Пачакай, дзеўка, — ён затрымаў неспадзяваную госцю. — Е да цябе пару слоў. Скажы: ты зусім не захацела паглядзець настаўнікам дзіця?

— Нашто мне чужыя дзеці? — адказала, запыніўшыся каля парогa. — Сваіх унукаў няма? Не, е. Грошай мала? Не, хапае.

Ён уключыў тут, на кухні, святло. Андрэіха не толькі прыплюшчыла ад яркасці вочы, але i сумелася. Сэрцам адчуў: на душы яе разгубленасць, неспакой.

— Яно так, — прамовіў.— Але як. будуць жыць маладыя настаўнікі, калі ўсе так, як ты, будуць думаць?

— Ну, i адзін увесь свет не абагрэеш.

— Адзін, канечне, свет вялікі не абагрэеш. Але чалавеку якому можна ж памагчы.

— Узяў бы i памог, калі такі добры, — адказала. I, лічы, са злосцю. — Дзяцей жа любіш. Свістулькі ім робіш, гародніну i садавіну сваю аддаеш, цукеркі купляеш.

— Быў бы кабетаю, дык i памог бы. A любіць i сваіх, i чужых дзяцей, дзеўка, — не вялікая загана… Ды калі яшчэ… — недагаварыў, бо здушыў нейкі горкі камяк. — Ды што гаварыць?! Змяніліся мы. Лепей, багацей жыць пачалі, дык меней думаем пра другіх. Не зважаем, як хто жыве, клапоцімся, каб толькі нам добра было… A хіба ж так трэба жыць? Хіба так мы некалі жылі? Да вайны i пасля вайны апошнім дзяліліся, спачувалі, памагалі адно аднаму. I, можа, толькі таму i выжылі, на ногі сталі, пабагацелі…

— Ніяк не разбяруся, што ты, Сямён, за чалавек, — з нездавальненнем паківала галавою Андрэіха. — Ды цяпер мала хто, як ты хочаш, жыве. Што было, тое прайшло. Цяпер іншы час, іншыя людзі…

— Не, дзеўка. I часы, i людзі мяняюцца, але нешта не павінна мяняцца, a мусіць заставацца. Без яго цяжка жыць. Калі цяпер гэтага не бачаць, дык хутка ўбачаць… Мы ж, старыя людзі, ведаем гэта добра. I нам трэба добры запавет, наказ пакідаць. A хіба мы не павінны наказаць: мей сэрца, мей душу — будзеш чалавек ва ўсе часы?!

— Дзівак-чалавек… — паківала галавою Андрэіха. — Памрэш, i дабрыню тваю ўсе забудуць.

— Такой бяды, дзеўка, што забудуць іменна мяне. Абы сама дабрыня не звялася, а жыла, грэла людскія сэрцы.

— Гэта яна, Маруся твая, яшчэ i цяпер кіруе табою…

— Не чапай яе… — папрасіў.— Яна… — зноў замоўк ад даўкага камяку ў горле.

— Хіба я кепска пра яе гавару? Я ж кажу, што яна, як ніхто з нашых настаўнікаў, для людзей жыла. Сябравала ж з ёю, ведаю. Усе так, відаць, жыць не могуць. Нейкія асаблівыя вы…

— Якія там асаблівыя. Людзі як людзі.

— Гэта ж сёлета дваццаць восьмы год, як яе, беднай, i дзяцей, Іны i Тоніка, няма… — адышла, расчулілася i Андрэіха. — Я дык i не веру, што яна, як i я, старая была б. Яна засталася ў маёй памяці маладая, вясёлая, са светлымі валасамі. Як i цяпер чую яе голас… Каб ix, ірадаў, i на тым свеце паліла, як яны спалілі яе з дзетачкамі… Сястры тваёй трэці год ужо няма. Зусім ты адзін застаўся на свеце. Як колас на полі.

— Што ж зробіш, — прамовіў.— Хоць i не такі ўжо я адзінокі. Пляменнікі ж е. Бяруць мяне ў горад, да сябе. Едзь толькі.

— Ну, я пайду, — ціха прамовіла Андрэіха. — Дзякую табе за перац.

I, развітаўшыся, пайшла.

Назаўтра Сямён пачуў ад суседкі, што Андрэіха падрадзілася паняньчыць настаўніцкае дзіця.

1970

Загрузка...