3 гэтага часу пачынаецца наша датаваная гісторыя. Праўда, крыніцы пра падзеі гэтага перыяду — адзінкавыя і, што асабліва дрэнна, супярэчлівыя і невыразныя. Яны і з’яўляюцца тымі «костачкамі», па якіх мы і павінны хоць болынменш прыблізна ўзнаўляць нашу пачатковую гісторыю. Вядома, што пры такім стане крыніц нельга чакаць цвёрдых станоўчых сцверджанняў пра гэты час. Мы можам задавольвацца толькі гіпотэзамі.
Пяройдзем да разгляду гэтых пісьмовых паведамленняў. У летапісе пад 859 г. адзначана, што ў той час, як варагі, якія прыходзілі зза мора, бралі даніну з чудзі, славенаў, меры і крывічоў, хазары спаганялі яе з палянаў, севяранаў, вяцічаў. Найболыная каштоўнасць гэтага паведамлення ў тым, што яно сведчыць пра існаванне ў той час двух саюзаў плямёнаў: паўночнага і паўднёвага. Падобна на тое, што летапіс раскрывав і прычыну ўзнікнення гэтых аб’яднанняў, якая заключалася ў неабходнасці барацьбы са знешнімі ворагамі: для першага — з варагамі, для другога — з хазарамі.
Летапіс яскрава паказаў, што крывічы належалі да паўночнага саюза. Блізкасць крывічоў да славенаў была ўжо адзначана, як мы гаварылі вышэй, дакументам 834 г. пра Ансгарыя — папскага легата ў паўночных народаў, у тым ліку ў славенаў і крывічоў. Дарэчы будзе звярнуць увагу і вось на што. Калі ў летапісе ўпамінаюцца уграфінскія плямёны, сярод якіх жылі славене — чудзь і мера, — балцкія плямёны (літва, латыгола, лотва), сярод якіх і побач з якімі жылі крывічы, — не ўпамінаюцца. Магчыма, гэта можна растлумачыць тым, што названыя плямёны да сярэдзіны IX ст. былі ўжо ў цэлым асіміляваны і страцілі самастойнае значэнне. Але не так даўно было выказана меркаванне, якое грунтуецца на паказаннях Наўгародскага I летапісу, што пад упомненымі ў запісе 859 г. славенамі, крывічамі і мерай трэба разумець не плямёны, а толькі выхадцаў з іх, якія былі першымі насельнікамі Ноўгарада151. У такім выпадку, вядома, балцкія плямёны не маглі ўпамінацца. Але выказанае меркаванне даволі спрэчнае. ГІаколькі ў запісе 859 г. называюцца паўднёвыя плямёны, то ім маглі супрацьпастаўляцца таксама толькі цэлыя плямёны, а не часткі іх.
Дрыгавічы ні ў першай, ні ў другой групе плямёнаў не названы. Толькі Іаакімаўскі летапіс, як убачым далей, дае намёк на ўваходжанне дрыгавічоў у паўночны саюз.
Радзімічы таксама не ўпомнены ў запісе пад 859 г. Але з паведамлення 885 г. пра тое, што гэта племя плаціла даніну хазарам, можна зрабіць вывад, што яно ўваходзіла ў паўднёвую групу.
Многія гісторыкі бачаць галоўную прычыну ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы ў развіцці феадалізму. Але наўрад ці можна гэту прычыну лічыць сур’ёзнай. Цяжка гаварыць пра наяўнасдь феадалізму нават у сярэдзіне X ст., калі кіеўскія князі хадзілі на зіму ў гіалюддзе ў залежныя землі, дзе і карміліся са сваімі дружынамі і забіралі даніну. Які ж гэта феадалізм? Хутчэй за ўсё ў гэты час існавала яшчэ ваенная дэмакратыя, прыстасаваная перш за ўсё для арганізадыі набегаў на іншыя, звычайна больш багатыя, землі з мэтай захопу здабычы. Мы, вядома, не адмаўляем. наяўнасці ў той час знаці, але яна не была феадальная, бо не жыла за кошт эксплуатацыі сялянства, якое заставалася ў асноўнай масе свабоднае152. Нават некаторыя сучасныя даследчыкі сумняваюцца ў тым, што да IX ст. маглі быць класы і эксплуатацыя153. Праўда, земляробства было галоўным заняткам насельніцтва, але яно стаяла яшчэ на нізкім узроўні і задавольвала толькі мінімальныя патрэбы сялянства і, відаць, не магло даваць яшчэ прыбавачнага прадукту. Нездарма ж заваяваныя землі абкладваліся данінай у выглядзе пушніны. А гэта гаворыць пра тое, што, нягледзячы на развіццё земляробства, у той час не трацілі свайго даволі прыкметнага значэння паляванне, бортніцтва, рыбалоўства.
I сапраўды, калі лясы кішэлі зверыною і пчоламі, а рэкі — рыбай, не мела ніякага практычнага значэння закідваць паляванне, рыбалоўства і бортніцтва. Яны і давалі прыбавачны прадукт насельніцтву і забяспечвалі пушнінай, мёдам, воскам гандаль, у першую чаргу замежны.
Вызначальную ролю ў гістарычнай плыні як гэтага, так і пазнейшага часу меў водны шлях, які атрымаў у летапісе назву «з варагаў у грэкі», бо злучаў сабою цераз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава Скандынавію і Візантыю. Уздоўж яго была сканцэнтравана асноўная маса ўсходнеславянскага насельніцтва. Таму зусім заканамерна, што гэта важная водная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся ваенныя паходы на Візантыю, і стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу. Менавіта імкненне племянной знаці да валодання гэтым шляхам і было грунтам для ўзнікнення Усходнеславянскай дзяржавы, якая атрымала ў гістарычных даследаваниях не зусім правільную назву Кіеўскай (у крыніцах яе няма). Нездарма ж яе ўтварэнне супадае з канчатковым сфармаваннем гэтага шляху ў канцы IX ст., гэтак жа як і яе канчатковы распад у пачатку XII ст. супадае з канчатковай стратай ім свайго эканамічнага значэння.
Дзеля таго і заваёўваліся прылеглыя да воднага шляху землі, каб трымаць у сваіх руках гандаль па ім. Дзеля таго і збіралася з заваяваных земляў шматлікае і шматплямённае войска, каб рабіць з ім паходы на Візантыю. Дасяшенне ўказаных мэт і вызначала галоўныя функцыі гэтай дзяржавы.
К. Маркс называў Кіеўскую дзяржаву «імперыяй Рурыкавічаў», якая была «недарэчнай» («несообразной»), «нязграбнай» («нескладной»), «скараспелай» і «шматковай» («лоскутной»)154. На жаль, у апошні час гэтая выключна глыбокая і трапная характарыстыка чамусьці забылася нашымі гісторыкамімарксістамі, і яны пачалі паказваць Кіеўскую дзяржаву як цэнтралізаваную і адзіную. У сапраўднасці ж, як і імперыя Карла Вялікага, яна была штучным і таму нетрывалым ваеннаадміністрацыйным аб’яднаннем. У яе наспех і насуперак іх волі і інтарэсам уключаліся племянныя землі, і таму яна не мела агульнай эканамічнай базы.
У такіх гістарычных абставінах становіцца праблематычным узнікненне старажытнарускай народнасці, існаванне якой сцвярджаецца шэрагам нашых даследчыкаў. Вядома, нельга адмаўляць пэўных тэндэнцый у яе складванні, аднак наўрад ці мог мець сваё завяршэнне гэты гістарычны працэс у «скараспелай» і «шматковай» дзяржаве. Сцверджанню аб існаванні старажытнарускай народнасці найперш супярэчыць той яскравы гістарычны факт, што Кіеўская дзяржава распалася канчаткова ў пачатку XII ст. на часткі, адпаведныя ранейшым племянным тэрыторыям. А гэта паказвае, што ўсходнеславянскія плямёны прадаўжалі існаваць. Так, напрыклад, у Лаўрэнцьеўскім летапісе крывічы ўпаміналіся ятпчэ пад 1162 г., дрыгавічы — пад 1149 г., радзімічы — пад 1169 г. Хочацца спадзявацца, што наша гістарычная навука яшчэ раз звернецца да пытання аб старажытнарускай народнасці і ў ходзе плённай дыскусіі будуць вызначаны разнастайныя погляды на гэту праблему.
К. Маркс адзначаў, што ў склад кіеўскіх дружын уліваліся новыя элементы, «прагнучыя славы і здабычы», якія пазней сфармавалі пануючы эксплуататарскі клас і былі тымі, чыім інтарэсам у першую чаргу служыла гэтая дзяржава.
Мы ўжо бачылі, што найперш дзякуючы рачной гандлёвай магістралі, у дадзеным выпадку Заходняй Дзвіне, узвысіўся Полацк. Гэтак жа і шлях з «варагаў у грэкі» вызначыў значэнне як важных палітычных цэнтраў Усходняй Еўропы Кіева і Ноўгарада. Калі Ноўгарад засланяў яго з поўначы, то Кіеў — з поўдня. Паміж імі і ўзнікла суперніцтва ў аб’яднаўчай палітыцы. У фокусе гэтай барацьбы адразу апынуліся і беларускія землі. Менавіта ў той час і выявілася выключнасць іх становішча: размяшчэнне на скрыжаванні водных шляхоў і ўкліньванне паміж землямі Паўночнай і Паўднёвай Русі. Абшары крывічоў і дрыгавічоў ляжалі ўздоўж вялікай воднай магістралі, і цераз іх праходзілі яе важнейшыя адрэзкі. Полацк знаходзіўся на Заходняй Дзвіне, па якой ішоў галоўным чынам міжнародны гандаль з краінамі Прыбалтыкі155, а праз дрыгавіцкую зямлю пралёг прыпяцкабугскі шлях, што вёў у Заходнюю Еўропу. Маючы важнае эканамічнае і стратэгічнае значэнне, крывіцкая і дрыгавіцкая землі адразу сталі прадметам барацьбы паміж Кіевам і Ноўгарадам. Без падначалення іх нельга было ўпэўнена валодаць усім шляхам з «варагаў у грэкі», а гэтым самым і мець першынство ў справе аб’яднання ўсходнеславянскіх земляў.
Летапіснае паведамленне 862 г. і выяўляе адзін з момантаў барацьбы за беларускія землі, у першую чаргу за Полацк. Гэты запіс паведамляе гісторыю аб так званым «прызванні» варажскіх князёў Рурыка, Сінявуса і Трувара, кожны з якіх сеў княжыць у Ноўгарадзе, Белавозеры і Ізборску156. Як бачым, летапіс з’яўленне першых рускіх князёў звязвае з дзейнасцю т. зв. варагаў, пад якімі разумеліся выхадцы са Скандынавіі — нарманы. Як у Заходняй, так і ва Усходняй Еўропе нарманская экспансія насіла розныя формы: пошукі новых земляў і перасяленні, грабежніцкія напады і пірацтва, буйныя ваенныя паходы і гандлёвыя паездкі. Мы не схільны адмаўляць пэўнага значэння варагаў ва ўсходнеславянскай гісторыі, у тым ліку і ў полацкай, паколькі найперш па Заходняй Дзвіне яны пранікалі на ўсход і на поўдзень, пра што сведчаць скандынаўскія сагі. Варагам, бясспрэчна, належыць пэўная роля ва ўтварэнні нашага ваеннафеадальнага класа і купецтва. Аднак яны не мелі і не маглі мець вырашальнага значэння ва ўтварэнні ўсходнеславянскіх дзяржаў, хоць нават і стаялі пэўны час на чале іх. Працэс дзяржаваўтварэння пачаўся задоўга да сярэдзіны IX ст., але паколькі завяршэнне яго супала са з’яўленнем варагаў, то гэта і дало повад летапісцу паказаць апошніх як першых усходнеславянскіх князёў. Трэба таксама ўлічваць, што шэраг гісторыкаў (С. Гедэонаў, I. Забелін і інш.) адмаўлялі нарманскае паходжанне варагаў і лічылі іх выхадцамі з балтыйскіх славянаў. А сучасны гісторык А. Г. Кузьмін паказвае іх як славянізаваных кельтаў157. Мы не надаём значэння паходжанню варажскіх князёў. Галоўнае не паходжанне, а тое, чыімі інтарэсамі яны кіраваліся ў сваёй дзейнасці. А кіраваліся яны, бясспрэчна, інтарэсамі той мясцовасці, дзе яны княжылі, інакш бы яны так доўга не сядзелі там. Нават калі ўказаныя князі былі і скандынаўскага паходжання, гэта ніколькі не паўплывала на славянскі характар першых усходнеславянскіх палітычных утварэнняў.
У адносінах да Рурыка і яго братоў хочацца звярнуць увагу на адну акалічнасць. Яны, як сведчыць летапіс пад 862 г., прыйшлі «с роды своими». Нам здаецца, што ў гэтым схавана разгадка таго, чаму трохі раней паўночныя плямёны прагналі варагаў за мора і адмовіліся плаціць ім даніну. Бо тыя варагі былі тыповымі «находнікамі», якія болын клапаціліся пра свае інтарэсы і інтарэсы сваіх родаў, што жылі ў Скандынавіі. Таму прадстаўнікі паўночных плямёнаў, трэба думаць, і паставілі адной з умоў новым варажскім князям ісці з усімі сваімі родамі, чым забяспечвалася хутчэйшае ўкараненне іх у новых землях, а разам з тым і зрашчэнне іх інтарэсаў з інтарэсамі апошніх. Але мы трохі адхілімся ўбок.
Для нас самым важным з летапіснага запісу 862 г. з’яўляецца паведамленне пра тое, што Рурык пасля смерці сваіх братоў зрабіўся адзінадзяржаўцам, стаў раздаваць сваім мужам гарады, у тым ліку аднаму з іх Полацк158. Нам здаецца, што ў гэтым запісе, незалежна ад таго, наколькі ён праўдзівы ў дэталях, вельмі добра выявілася тэндэнцыя Ноўгарада да ператварэння саюза паўночных плямёнаў, магчыма, добраахвотнага, выкліканага неабходнасцю барацьбы з варагамі, у больш аб’яднаную дзяржаву. Калі ўлічыць, што Рурык пасадзіў сваіх «мужоў», апроч Полацка, у Растове і Белавозеры, то можна лёгка ўбачыць, на якую вялізную тэрыторыю пашырыў сваю ўладу Ноўгарад. Асаблівым поспехам для яго было падначаленне Полацка, што не магло не ўстрывожыць Кіеў і не выклікаць неадкладных мер з боку яго князёў Аскольда і Дзіра. Мы дазволім сабе крыху больш падрабязна спыніцца на наступнай гістарычнай падзеі, паколькі яна пакуль што недастаткова асветлена ў літаратуры, хоць і мела, як убачым, важныя вынікі для лёсу беларускіх земляў.
Дзеля гэтага звернемся да Ніканаўскага летапісу. Трэба зазначыць, што ў ім падзеі, пра якія апавядаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г., разбіты на некалькі гадоў. I ў гэтых адносінах Ніканаўскі летапіс хоць і пазнейшая, але болынкаштоўная крыніца, чым «Аповесць…». Сапраўды, усе гэтыя падзеі: і выгнанне варагаў, і прызнанне Рурыка і яго братоў, і смерць Трувара і Сінявуса і інці.— не маглі адбыцца ў адзін год. Дык вось у Ніканаўскім летапісе паведамленне пра раздачу Рурыкам гарадоў дадзена пад 865 г. I пад гэтай жа датай мы чытаем далей: «Ваявалі Аскольд і Дзір палачанаў і многа зла натварылі»159. Запіс гэты вельмі кароткі і цьмяны, і таму даследчыкі імкнуліся да яго расшыфроўкі. Некаторыя ж, як М. Карамзін, лічылі гэты факт выдумкай пазнейшага летапісца160. Але з ім пагадзіцца нельга, бо пра гэту падзею паведамляецца і ў іншых крыніцах. У «Гісторыі Расійскай» В. Тацішчава, напісанай на падставе крыніц, некаторыя з якіх не дайшлі да нас, гаворыцца, але ўжо пад 867 г. (разбежка ў датах тут не мае істотнага значэння, бо, як паказаў В. Ключэўскі, усе першыя летапісныя даты ўмоўныя161): Аскольд і Дзір хадзілі і на крывічоў і тых перамаглі162. У адноўленым Троіцкім летапісе і ва «Уладзімірскім летапісцы» амаль слова ў слова гаворыцца пра тое, як Аскольд і Дзір, застаўшыся ў Кіеве, «много Варяги совокуписта и начаста владети Пол отескою землею. Рюрику же княжаще в Новегороде»163. Праўда, ва ўсіх іншых летапісах, дзе ўпамінаецца гэта падзея, замест слова «Полотескою» стаіць 4Полянского», г. зн. Кіеўскаю, што, на першы погляд, здаецца болын лагічным, бо гэтыя князі, паводле летапіснай легенды, заняўшы Кіеў, сапраўды сталі ўладарамі і Палянскай зямлі, сталіцай якой ён быў. Аднак, прачытаўшы гэтае месца ў такой рэдакцыі болын уважліва, мы ўбачым у ім адну супярэчнасць. Сапраўды, ва ўсіх летапісах без выключэння гаворыцца, што Аскольд і Дзір без ніякага супраціўлення з боку кіяўлянаў засталіся княжыць у Кіеве, тым болей што там не было ў той час князя. Паводле звычаяў таго часу, авалоданне стольным горадам азначала адначасова і авалоданне ўсёй зямлёй164. Такім чынам, Аскольду і Дзіру, укняжыўшыся ў Кіеве, не было патрэбы збіраць шмат варагаў, каб авалодваць Палянскаю зямлёю. Гэта патрэбна было для заваявання іншай зямлі, а менавіта Полацкай. Вось чаму мы лічым правільнай рэдакцыю запісу гэтай падзеі ў Троіцкім і Уладзімірскім летапісах. Відаць, пазнейшыя перапісчыкі, якім ужо не быў зразумелы сэнс гэтай падзеі, і падмянілі Полацкую зямлю Палянскай.
Сказанае высвятляе і сутнасць заключнай фразы разгледжанага намі летапіснага паведамлення: «Рюрику же княжаще в Новегороде». Гэта значыць, што Полацк быў адабраны ад Рурыка і апошні павінен быў задаволіцца толькі Ноўгарадам. Як бачым, Полацк быў уключаны ў сферу ўплыву Кіева яшчэ Аскольдам і Дзірам. Гэтым і тлумачыцца, чаму нічога не гаворыцца аб заваяванні Полацка ў пазнейшы час, у прыватнасці Алегам у 882 г.
Такім чынам, кароткі запіс Ніканаўскага летапісу, пацверджаны і ўдакладнены іншымі крыніцамі, паказаў, што ўжо ў сярэдзіне IX ст. склаўся палітычны трохкутнік Кіеў — Ноўгарад — Полацк.
Але сказаным не вычэрпваецца ўсё значэнне разгляданай намі падзеі. 3 ёю, відаць, быў звязаны і далейшы лёс дрыгавічоў. Яшчэ С. Салаўёў звярнуў увагу на тое, што ў Іаакімаўскім летапісе (у іншых крыніцах пра гэта нічога не сказана) дрыгавічы разам з крывічамі ўспомнены ў ліку тых плямёнаў, якія ўдзельнічалі ў прызванні Рурыка165, што можа сведчыць пра іх уваходжанне ў саюз паўночных плямёнаў і іх даўнія шчыльныя сувязі з крывічамі, пра што мы ўжо гаварылі. Відаць, у сярэдзіне IX ст., пасля таго як у ім быў пасаджаны «муж» Рурыка, Полацк, абапіраючыся на Ноўгарад, мог далучыць да сваіх уладанняў і прыпяцкую частку дрыгавічоў. Гэта не магло не стварыць непасрэднай пагрозы Кіеву і, трэба думаць, з’явілася непасрэднай падставай для паходу Аскольда і Дзіра на Полацк і даволі жорсткай расправы іх менавіта з палачанамі («шмат зла зрабілі», зазначыў летапісец). Тацішчаўскі тэкст сведчыць, што Аскольд і Дзір перамаглі палачанаў, а гэта значыць, што апошнія аказалі моцнае супраціўленне кіеўскім князям.
А. Грушэўскі тлумачыў адсутнасць сведчанняў летапісаў аб уключэнні дрыгавічоў у склад кіеўскіх уладанняў тым, што гэта прайшло параўнальна спакойна, без вялікага напружання сіл з боку Кіева і без упартага супраціўлення дрыгавічоў166. Але спакойна адбылося і заваяванне Алегам радзімічаў, аднак яно ўсё ж адзначана ў летапісе, гэтак жа як і пазней другое, ужо зусім не спакойнае заваяванне іх Уладзімірам. Як бачым, летапісы адзначалі і спакойныя (калі яны толькі былі такія) і неспакойныя заваяванні, і таму думка А. Грушэўскага не можа быць прынята ў разлік. Лепш будзе пагадзіцца з У. Завітневічам, які бачыў прычыну адсутнасці звестак у летапісе пра падначаленне Кіевам дрыгавічоў у тым, што іх заваяванне адбылося разам з палачанамі. Думка гэта тым болей слушная, што без заваявання дрыгавічоў нельга было б і заваёўваць палачанаў. Той жа акалічнасцю У. Завітневіч тлумачыў, чаму дрыгавічы наогул зніклі на доўгі час з летапісаў, і лічыў, што іх трэба падразумяваць у сюды, дзе ўпамінаюцца крывічы11'7. Сапраўды, шырока рассяляючыся па Дрыгавіцкай зямлі, крывічы фактычна станавіліся пануючым племем, і іх назва магла абдымаць і дрыгавічоў. Але трэба прымаць пад увагу і магчымасць таго, што Дрыгавіцкая зямля была адарвана ад Полацка і ўключана ў непасрэдныя ўладанні Кіева і яго летапісцы палічылі непатрэбным прымаць дрыгавічоў за асобнае племя.
Такім чынам, паход Аскольда і Дзіра не быў «нязначнай падзеяй», як лічаць некаторыя даследчыкі І68. Апроч усяго іншага, тэта падзея дэталізуе працэс утварэння Кіеўскай дзяржавы. Мы бачым, што Аскольд і Дзір, заваяваўшы Полацкую і Дрыгавіцкую землі, гэтым самым намнога ўмацавалі пазіцыю Кіева ў яго збіральніцкай дзейнасці. Звяртаем увагу і на тое, што Полацкая і Дрыгавіцкая землі, як і Палянская і Драўлянская, знаходзіліся на правым беразе Дняпра. А гэта паказвае, што Кіеў спачатку падначальваў сабе правабярэжныя тэрыторыі. Нездарма ж пасля Лісцвіцкай бітвы 1023 г. Кіеўская дзяржава часова распалася на левабярэжную і правабярэжную часткі. А з гэтага, на думку некаторых даследчыкаў, і пачаўся распад «імперыі Рурыкавічаў».
Паход Аскольда і Дзіра на Полацк і заваяванне імі палачанаў і дрыгавічоў не толькі пашырылі ўладанні Кіева, але і намнога ўзмацнілі яго, што і дало магчымасць кіеўскім князям у 866 г. (гэта дата ўказана ў «Аповесці…» і ў Ніканаўскім летапісе, што прымушае даверліва аднесціся і да яе і да самой падзеі) зрабіць паход на Візантыю. Ужо гэты прыклад красамоўна паказвае, што падначаленне племянных тэрыторый для Кіева найперш было патрэбна для таго, каб прадпрымаць свае ваенныя паходы на Візантыю, якія, як ужо зазначалася вышэй, былі бадай што галоўнай мэтай першых кіеўскіх князёў.
Даследчыкамі адзначалася, што той раздзел «Аповесці…», які апавядае пра падзеі IX ст. да з’яўлення варагаў, моцна скарочаны і перароблены. Многія часткі аказаліся проста выкінутыя, а замест іх была ўстаўлена рэдактарамі XII ст. наўгародская легенда аб прызванні князёўварагаў у Ноўгарад. Нам здаецца, што з гісторыяй утварэння Кіеўскай дзяржавы адбылося тое, што пазней адбылося з гісторыяй утварэння Вялікага княства Літоўскага: яна была пастаўлена з ног на галаву. Як жамойцкія феадалы прыдумалі ў XVI ст. байку пра заваяванне іх князямі ў сярэдзіне XIII ст. Новагародка, які яны нібыта зрабілі сваёй сталіцай, так і наўгародскія феадалы ў XII ст. прыдумалі байку пра заваяванне іх князямі Кіева ў 882 г., у якім яны і аселі, зрабіўшы яго сваёй сталіцай. На вялікі жаль, дзве гэтыя грубыя фальсіфікацыі пакуль што прымаюцца нашай гістарыяграфіяй за праўдзівыя факты. Вельмі добра, што ў апошні час даследчыкамі бярэцца пад сумненне летапіснае сцверджанне, што Ігар быў сынам Рурыка і такім чынам паходзіць з Ноўгарада. Мы, з свайго боку, падтрымліваем такую думку і выказваем свае меркаванні наконт гэтага. На наш погляд, Аскольд і Дзір таксама не былі варагамі па паходжанні, а з’яўляліся князямі карэннай кіеўскай дынастыі. Ва ўсякім выпадку, у Ніканаўскім летапісе, у якім утрымліваецца найболыд звестак пра гэтых князёў, нічога не гаворыцца пра тое, што яны былі ў дружыне Рурыка і прыйшлі ў Кіеў з Ноўгарада, а ў Наўгародскім летапісе сказана, што яны прыйшлі з Ноўгарада, але перад «прызваннем» Рурыка і яго братоў 172. Такія супярэчнасці — паказчык таго, што гэтыя факты маюць на сабе адбітак тэндэнцыйнай апрацоўкі.
Магчыма, што Ігар па паходжанні быў кіеўскім князем, пасаджаным у Ноўгарадзе ў малалетнім узросце, і таму знаходзіўся пад апякунствам свайго блізкага родзіча Алега, накшталт таго, як пазней Уладзімір Святаславіч, таксама малалетні, княжыў у Ноўгарадзе пад апякунствам свайго дзядзькі Дабрыні. Цалкам дапушчальна, што каля 882 г. узнікла барацьба паміж кіеўскім і наўгародскім князямі, як у 70-х гадах X ст. паміж Яраполкам і Уладзімірам Святаславічамі, і яна закончылася перамогай наўгародскага князя Ігара і яго апекуна Алега над кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам. Гэтак жа сама пазней перамогай закончылася барацьба наўгародскага князя Уладзіміра над яго братам кіеўскім князем Яраполкам. А яшчэ пазней мела пераможны зыход барацьба Яраслава Уладзіміравіча, што княжыў у Ноўгарадзе, над Святаполкам Акаянным, які захапіў у ладу ў Кіеве. Усе гэтыя прыклады могуць гаварыць пра першаступеннае значэнне Ноўгарада ў вызначэнні гістарычнага лёсу дзяржавы, якая па праву павінна была б называцца КіеўскаНаўгародскай. Толькі тады, калі ў Кіеве садзіўся ранейшы наўгародскі князь і гэтым самым ствараліся ўмовы для забеспячэння ў Кіеве інтарэсаў Ноўгарада, у краіне ўсталёўваліся палітычная раўнавага і мір.
Цалкам магчыма, што Ігар быў роданачальнікам новай дынастыі. Нездарма ж у шэрагу летапісаў пералік кіеўскіх князёў пачынаўся з яго, якога называлі Старым173. Не выключана таксама і тое, што Ігар і Алег з самага пачатку былі ў Кіеве і ім удалося ў міжусобнай барацьбе перамагчы і забіць Аскольда і Дзіра, і толькі пазней наўгародскія летапісцы прыпісаді ім варажскае паходжанне, пра што мы будзем гаварыць ніжэй. Як бачым, у пытанні ўтварэння КіеўскаНаўгародскай дзяржавы і дасюль шмат незразумелага і нявысветленага. Адзначанае намі хоць у нейкай ступені можа вытлумачьщь, чаму такое супярэчлівае паве дам ленне пра захоп Алегам Смаленска ў 882 г.
Паводле летапісу, Алег, які пасля смерці Рурыка (879 г.) стаў апекуном малалетняга Рурыкавіча — Ігара і гэтым самым фактычна зрабіўся паўнаўладным гаспадаром, у 882 г. пайшоў з Ноўгарада ў Кіеў з войскам, якое сабраў з варагаў, чудзі, славенаў, меры, весі і крывічоў (відаць, пскоўскіх, бо, будучы ў Ноўгарадзе, не мог ён набраць поладкіх крывічоў, што знаходзіліся пад уладай Кіева). I першым яго заваяваннем у гэтым паходзе быў Смаленск (зноўтакі незразумела, навошта было заваёўваць Смаленск з Ноўгарада, якому ён верагодней за ўсё належаў. Болын лагічным было б, каб ён заваёўваў Смаленск з Кіева, што, магчыма, так і было). Дзіўна і тое, чаму Алег, маючы шматплямённае войска, да Смаленска падышоў толькі з крывічамі: «и прййде к Смоленьску с кривичи»174. Праўда, С. Салаўёў лічыў, што замест «с кривичи» трэба чытаць «в кривичи», бо, маўляў, пазнейшы перапісчык не зразумеў, што значыць «в кривичи», паколькі раней было сказана, што Алег ужо ішоў з крывічамі, і таму напісаў «с кривичи». Паколькі лепшага тлумачэння паку ль што няма, з гэтай думкай С. Салаўёва можна пагадзіцца. «Прия град», як сказана ў летапісе, Алег пасадзіў у ім «муж свои». Вось гэта акалічнасць асабліва важная для нас. У працэсе рассялення дняпроўскія крывічы далёка адышлі ад сваёй полацкай метраполіі і таму з цягам часу ўсё менш адчувалі сувязь з ёй. Мы добра ведаем, якое значэнне ў жыцці старажытнага насельніцтва мелі рэкі. Менавіта Дняпро і стаў вызначадь свой кірунак жыцця крывічоў, што пасяліліся ў яго басейне. Смаленск і з’явіўся тым цэнтрам, які стаў гуртаваць іх у асобную адзінку. Пасля заваявання Полацка Аскольдам і Дзірам адасобленасць Смаленска атрымала і знешняе выяўленне: ён быў палітычна адрэзаны ад Полацка. Становішча, як бачым, не змянілася і пасля падзей 882 г. У Смаленску быў пасаджаны свой «муж», г. зн., што кіраванне ім з Кіева ажыццяўлялася асобна ад кіравання Полацкам.
Але не толькі геаграфічныя ўмовы вызначылі адметнасць дняпроўскіх (смаленскіх) крывічоў. Даследчыкі ўказваюць на шэраг рысаў, якія адрозніваюць іх ад палачанаў. Калі фармаванне апошніх ішло ў працэсе збліжэння крывічоў з дрыгавічамі на балцкім субстраце, то смаленскія крывічы з’яўляюцца вынікам мяшання крывічоў з радзімічамі на балдкім і часткова уграфінскім субстраце. Усё гэта вызначыла і іх некаторую адметнасць у дыялекце (мяккаэрасць, цоканне), звычаях (стаўбавы абрад), у матэрыяльнай культуры (аднакамерная хата) і інш.1. Раён Віцебска адносіцца да арэалу пашырэння гэтых асаблівасцяў, і таму цалкам апраўдана назва ўсходніх крывічоў як смаленскавіцебскіх1.
Звяртае на сябе ўвагу і вось яшчэ што. Чаму Алег, які, паводле летапісу, ідучы з Ноўгарада ў Кіеў, заваяваў толькі адзін Смаленск? Няўжо на такім доўгім шляху не было іншых гарадоў (Любеч, які з’яўляецца ў паасобных летапісах, — пазнейшая ўстаўка)?178 Тут могуць быць два тлумачэнні. Магчыма, што былі заваяваны 1 іншыя гарады, але летапісец, робячы асаблівы націск на Смаленску, іх не называв. 3 другога боку, магчыма і тое, што толькі Смаленск і быў заваяваны тады, асабліва калі прытрымлівацца думкі, што гэта было зроблена не з Ноўгарада, а з Кіева. Сапраўды, калі ў складзе кіеўскіх уладанняў былі дрыгавіцкія і полацкія землі, то Смаленск заставаўся тым адзіным звяном, якое магло канчаткова звязаць Паўднёвую (Кіеўскую) і Паўночную (Наўгародскую) Русь. Трэба памятаць, што Смаленск к канцу IX ст. набыў выключна важнае значэнне як месца, дзе скрыжоўваліся гандлёвыя шляхі як з у сходу на захад, так і з поўдня на поўнач. Авалоданне Смаленскам азначала для таго часу — поўнасцю ўзяць у свае рукі шлях «з варагаў у грэкі» з усімі яго адгалінаваннямі. Такім чынам, заваяванне Смаленска з’явілася апошнім этапам у працэсе ўтварэння КіеўскаНаўгародскай дзяржавы. Як убачым пасля, ключавое значэнне Смаленск меў не толькі ў барацьбе Поўдня і Поўначы, але і пазней — у барацьбе Захаду і Усходу. Захоп Смаленска Алегам азначаў уключэнне пад уладу кіеўсканаўгародскіх князёў усіх крывічоў.
Сеўшы ў Кіеве, Алег, паводле летапісу, «устави дани словенам, кривичем и мери»179. Зноўтакі незразумела, чаму Алег, які прыйшоў з славенскай сталіцы Ноўгарада і заваяваў Кіеў, абкладвае данінай славенаў, а не палянаўкіяўлянаў? Гэта дэталь таксама можа сведчыць пра заваяванне Алегам славенаў і крывічоў (смаленскіх) з Кіева. Праўда, даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што Алег «устави дани», а не «возложи» іх, што тэрмін «устави» ўжываецца ў сэнсе ўпарадкавання, узаконения пэўнага парадку, тады як «возложи» ўжываецца ў сэнсе накладання даніны на пакароныя народы 180. Значыць, у адносінах да славенаў і крывічоў Алег дзейнічае не як заваёўнік, а як дзяржаўны дзеяч, які вызначае павіннасці сваіх падданых. Але чамусьці ў летапісе пад 885 г. у пераліку плямёнаў, якімі «обладая» Алег, няма ні славенаў, ні крывічоў. 3 гэтай супярэчнасці можна выйсці толькі пры ўмове, калі лічыць, што тут указаны тыя плямёны, якія былі пакораны Алегам з Кіева і на якія ён «возложи» даніну.
Але мы не павінны выключаць і таго, што ў той час, калі Алег быў заняты заваяваннем паўднёвых плямёнаў, славене і крывічы маглі выйсці зпад яго ўлады. 3 летапісу вядома, што кіеўскія князі неаднаразова падначальвалі адны і тыя ж плямёны. Няма падстаў думаць, што такія моцныя плямёны, як крывічы і славене, маглі адразу змірыцца з сваім паду ладным становішчам. Магчыма, што запіс 885 г. засведчыў гэта.
У 885 г. Алег падначаліў сабе радзімічаў. Паводле летапісу, адбылося гэта вельмі проста. Алег спытаўся ў радзімічаў: «Каму даніну даеце?» Яны адказалі: «Казарам». I сказаў ім тады Алег: «Не давайце казарам, а мне дайде». Яны стал! даваць Алегу па шэлегу, як і казарам. Ідылічнасць гэтай гісторыі абверг пазнейшы факт непакорнасці радзімічаў. Трэба думаць, што не толькі ў 984-м, але і ў 885 г. не адбылося без гвалту і крыві. Падобна на тое, што з заваяваннем радзімічаў закончылася падначаленне Кіевам усіх беларускіх земляў.
Крывічоў і радзімічаў (пэўна ж, былі і дрыгавічы, але яны не ўпаміналіся ў летапісе) мы бачым у ліку шматплямённага войска, з якім Алег у 907 г. пайшоў на Царград. У адрозненне ад паходу Аскольда і Дзіра ў 866 г. паход Алега быў удалы, і кіеўскі князь атрымаў вялікую кантрыбуцыю, у тым ліку і для Полацка, які аднесены да тых гарадоў, дзе «сядяху велиции князи, под Олго суще»181. У сё гэта як быццам сведчыць пра ўваходжанне Полацка гэтым часам у склад Кіеўскай дзяржавы. Але, папершае, многія даследчыкі аспрэчваюць факт паходу Алега ў 907 г. на Царград, а таксама даказваюць, што дагавор пад гэтым годам з’яўляецца часткай дагавору 911–912 гг.182. Падругое, і што самае важнае для нас, яны лічаць упамінанне ў гэтым дагаворы Полацка, Растова і Любеча пазнейшай устаўкай183, паколькі ў ім, дзе гаворыцца аб атрыманні месячнага рускімі купцамі, гэтыя гарады не ўпамінаюцца, а называюцца толькі Кіеў, Чарнігаў і Пераяслаўль. Усё гэта робіць пытанне пра падначаленне Полацка Кіеву ў гэты час праблематычным. Ва ўсякім выпадку гэты факт можна прымаць толькі з пэўнымі агаворкамі. Усё тое ж самае можам сказаць і аб паведамленні пра паход кіеўскага князя Ігара на Візантыю ў 944 г. і пра заключаны ім дагавор у 945 г. У паходзе ўдзельнічалі крывічы, але ў дагаворы не ўпамінаецца Полацк. Апошняе і дае падставу даследчыкам выказваць меркаванне аб магчымасці ўжо ў гэты час выхаду Полацка зпад улады Кіева184. I ўсё ж гэтаму як быццам супярэчыць паведамленне пра ўдзел у паходзе крывічоў, а таксама і сведчанні візантыйскага імператара Канстанціна VII Парфірароднага. Прыкладна каля 949 г. ім быў напісаны вялікі па памеры трактат «Пра кіраванне дзяржавай». У ім меліся і важныя звесткі пра Кіеўскую дзяржаву. Так, пералічваючы плямёны, у землі якіх кіеўскія князі ходзяць у палюддзе і якія плацяць даніну русам, ён называе дрыгавічоў (другувітаў) і крывічоў. Фактычна, тут мы маем адзінае непасрэднае сведчацне пра знаходжанне дрыгавічоў пад уладай Кіева ў X ст.
Варта ўвагі тое, што радзімічы ў паходзе Ігара ўжо не ўдзельнічалі. Усё гэта дае падставу думаць, што яны разам з севяранамі і вяцічамі (тыя таксама ў паходзе Ігара адсутнічалі, хоць былі ў паходзе Алега) дзесьці ў прамежку 911–944 гг. адкалоліся ад Кіева.
Зразумела, што гэтыя вельмі скупыя пісьмовыя звесткі не могуць выявіць багатага зместу нашай гісторыі за цэлае стагоддзе с сярэдзіны IX да сярэдзіны X, асаоліва ў дачыненні да Полацкай зямлі. Аб ім мы можам болей здагадвацца, улічваючы той вялікі вынік, які ён даў, а менавіта вызваленне Полацка зпад улады Кіева і аднаўленне ім сваёй палітычнай самастойнасці.
Як старая, так і новая гістарыяграфія ў адзін гола с гавораць аб бясспрэчным факце таго, што Полацкае княства было першае, якое выйшла зпад улады Кіева.
Вядома, гэтаму нямала спрыяла геаграфічнае становішча зямлі, якая знаходзілася на паўночназаходняй ускраіне кіеўскіх уладанняў, а ўскраінныя землі хутчэй за ўсё ўспрымаюць працэс дэцэнтралізацыі. Звяртаецца ўвага і на тое, што, калі многія ўсходнеславянскія землі падупалі разбуральным набегам розных заваёўнікаў, у Полацка адносіны з іншаплямённымі суседзямі былі ў асноўным мірныя, што мела немалое значэнне ў яго ўнутраным умацаванні186.
Ранняе адасабленне Полацкай зямлі шэрагам даследчыкаў тлумачыцца найперш тым, што ў ёй хутчэй, чым у іншых усходнеславянскіх землях, ішло развіццё феадальных адносін. Цалкам адмаўляць гэтага нельга, аднак у той час феадальныя адносіны былі фактычна ў зародкавым стане і таму не маглі мець рашаючага значэння для палітычнага адасаблення Полаччыны, Болын важнай прычынай было тое, што Полаччына размяшчалася на важных гандлёвых шляхах, і гэта дало магчымасць умацавацца эканоміцы Полацка, што, у сваю чаргу, адчыніла яму шлях да палітычнай самастойнасці. Але не трэба забывацца, што Полацкая зямля як самастойная адзінка са сваімі эканамічнымі інтарэсамі і палітычнымі мэтамі сфармавалася яшчэ да сярэдзіны IX ст. I хоць Полацк вымушаны быў плаціць даніну Кіеву і ўдзельнічаць у паходах на Візантыю (а апошняе прыносіла і яму пэўную карысць, як, напрыклад, у 911 г.), у сё ж гэта не магло спыніць яго далейшага палітычнага і эканамічнага развіцця. Сілы, магчымасці і значэнне Полацкай зямлі не ўкладваліся ў цесныя рамкі залежнасці, і таму яе знаходжанне ў складзе КіеўскаНаўгародскай дзяржавы было кароткатэрміновым у параўнанні з іншымі землямі.
Разгледжанае стагоддзе прынесла для Полацка і страты. Адной з іх у гэты час было палітычнае раз’яднанне крывіцкіх земляў, у першую чаргу полацкіх і смаленскіх, а таксама дзвінскіх і прыпяцкіх. Аднавілі сваю самастойнасць у X ст. толькі заходнія (полацкія) крывічы, у той час як дняпроўскія (смаленскія) засталіся над уладай кіеўскіх князёў. Болын за тое, апошнія, страціўшы Полацкую зямлю, сталі яшчэ болей умацоўваць уладу над Смаленскам і Віцебскам, бо толькі дзякуючы валоданню імі Кіеўская і Наўгародская землі маглі быць злучаны ў адзінае цэлае.
Вядома, Полацк не мог з гэтым прымірыцца. Ён паранейшаму лічыў Смаленск сваім уладаннем. Відаць, у гэты час і сфармаваўся выяўлены ў Цвярскім летапісе погляд на Смаленск і іншыя тэрыторыі, заселеныя крывічамі, як «іюлотскйе власти». Праўда, і Смаленск у сваю чаргу таксама не забываўся пра сваё крывіцкае паходжанне і пазней, у XII–XIII стст., глядзеў на сябе як сталіцу крывічоў і выступаў сапернікам Полацка ў аб’яднанні крывіцкіх. земляў.
Імкненне Полацка да ўз’яднання дзвінскіх і дняпроўскіх крывічоў, а таксама да канчатковага аб’яднання крывіцкіх і дрыгавіцкіх земляў і вызначыць галоўны кірунак дзейнасці полацкіх князёў, першым з якіх быў Рагвалод.
Новы перыяд нашай гісторыі, які прыпадае на другую палову X ст., з поўным правам можа быць названы рагвалодаўскім, бо ён непарыўна звязаны з імем і дзейнасцю першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода. Паказальна тое, што імя яго заззяла ў нашай гісторыі не адзінокім, а ў цэлым сузор’і выдатных імёнаў. З’яўленне першых гістарычных асоб — факт выключна важнага значэння ў працэсе станаўлення народа. 3 ім народ як бы выходзіць са змроку сваёй перадгісторыі на шлях сапраўднай гісторыі, асветленай славутымі імёнамі і падзеямі.
У цэлым усе звесткі пра нашых першых гістарычных асоб знаходзяцца ў летапісных апавяданнях, якія дайшлі да нас у «Аповесці мінулых гадоў» пад 980 г., у Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 г. і ў Цвярскім і Густынскім летапісах пад 988 г. Найперш разгледзім запісы 980 і 1128 гг.
Змест першага такі. Уладзімір Святаславіч, які княжыў у Ноўгарадзе, перад паходам на свайго брата, кіеўскага князя Яраполка, паслаў да полацкага князя Рагвалода сказаць: «Хачу дачку тваю ўзяць за жонку». Рагвалод спытаўся ў дачкі: «Ці хочаш ісці за Уладзіміра?» Яна адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, а хачу за Яраполка». Гэты Рагвалод прыйшоў зза мора, маючы сваю воласць у Полацку, а Тур — у Тураве, па ім і празваліся тураўцы… I прыйшлі слугі Уладзіміра і паведамілі яму словы Рагнеды. Уладзімір жа сабраў шмат воінаў — варагаў, славенаў, чудзі і крывічоў — і пайшоў на Рагвалода. А ў гэты час ужо сабраліся везці Рагнеду да Яраполка. I напаў Уладзімір на Полацк і забіў Рагвалода і яго двух сыноў, а дачку яго змусіў быць сваёй жонкай і пасля гэтага пайшоў на Яраполка.
А. Шахматаў лічыў, што апавяданне 1128 г. захавала ў сабе першапачатковую версію. I сапраўды, хоць яно мае шэраг агульных месцаў з апавяданнем 980 г., але ў ім ёсць і істотныя адрозненні. Так, паводле яго, Уладзімір не сам сватаецца да Рагнеды, бо быў яшчэ зусім малалетні, а яго сватае ягоны дзядзька Дабрыня. Менавіта апошні і падгаварыў Уладзіміра на дзікі гвалт над Рагнедай і на забойства яе бацькі. Тут жа гаворыцца, што Уладзімір даў Рагнедзе новае імя — Гарыслава. У гэтых дэталях і захаваны тыя вельмі важныя падрабязнасці, што былі апушчаны ў «Аповесці мінулых гадоу».
Пасля запіс 1128 г. паведамляе пра далейшы лёс Рагнеды. Яна пачала ненавідзець Уладзіміра за тое, што ён, беручы сабе іншых жонак, забыўся пра яе. I вось аднойчы, калі ён, заехаўшы да яе, заснуў, яна рашыла яго зарэзаць. Але Уладзімір абудзіўся і схапіў яе за руку. Рагнеда без страху сказала Уладзіміру, чаму яна хацела яго забіць: «За тое, што бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў і не любіш мяне з гэтым дзіцянём» (маецца на ўвазе сын Ізяслаў). Уладзімір загадаў ёй апрануцца ў царскае адзенне, у якім яна была ў час шлюбу, і сесці на пасцелі. Чакаючы расправы, Рагнеда дала голы меч сыну Ізяславу, пры гэтым дадаўшы: «Калі бацька прыйдзе сюды, скажы яму: «Ты не адзін тут» (у некаторых летапісах іншыя словы). Ізяслаў так і зрабіў; Уладзімір, пачуўшы гэта і прамовіўшы: «А хто ведаў, што ты тут», — апусціў меч, склікаў баяр і паведаміў ім аб усім. I яны сказалі: «Ужо не забі яе дзе ля дзіцяці гэтага, але аднаві айчыну яе і дай ёй з сынам сваім». Уладзімір так і зрабіў. Ён збудаваў горад, які назваў Ізяслаўлем, і паслаў туды Рагнеду з сынам. I з гэтага часу меч узнімаюць Рагвалодавы ўнукі (г. зн. полацкія князі) супроць унукаў Яраслава (г. зн. кіеўскіх князёў) — такімі словамі заканчваецца летапіснае апавяданне.
У Цвярскім і Густынскім летапісах пад 988 г. апавядаецца пра рашучую адмову Рагнеды на прапанову Уладзіміра выйсці замуж за якоганебудзь з яго вяльможаў, паколькі ён, гірыняўшы хрысціянства, павінен жыць цяпер з жонкайхрысціянкай. Рагнеда рашыла далейшае сваё жыццё прысвяціць Хрысту. I як толькі яна сказала аб гэтым, сын яе (Яраслаў), калека, адразу пачаў хадзіць. Рагнеда стала манашкай, прыняўшы імя Анастасіі.
Кожны з гэтых запісаў мае пэўную палітычную тэндэнцыю, якая і вызначае яго змест. У рэдакцыі 980 г. полацкія падзеі выступаюць толькі як адзін з эпізодаў барацьбы наўгародскага князя Уладзіміра са сваім братам, кіеўскім князем Яраполкам, і пра іх гаворыцца як бы мімаходзь. Таму гэтае апавяданне вельмі сціслае па сваім змесце. У запісе 1128 г. галоўнае месца займае апавяданне пра помету Рагнеды Уладзіміру. Гэтай пометай і тлумачыцца, чаму Уладзімір аднавіў айчыну Рагнеды і чаму ў варожых адносінах знаходзіліся полацкія і кіеўскія князі. Апавяданні Цвярскога і Густынскага летапісаў найбольш тэндэнцыйныя. Іх галоўнай задачай было паказаць цудадзейную сілу новапрынятай хрысціянскай веры.
Як бачым, у гэтых летапісных апавяданнях гісторыя выступае не сама па сабе, а як бы праходзіць скрозь поўны драматизму лёс полацкай князёўны Рагнеды. Але гэта ніколькі не зніжае гістарычную каштоўнасць запісаў. Наадварот, гэта на дало ім каларытнасць і пераканаўчасць жывых чалавечых дакументаў, якія адначасова нясуць у сабе і багатую гістарычную інфармацыю. Бясспрэчна, што з цягам часу, перадаючыся з аднаго пакалення ў другое, паку ль не былі занесены ў летапіс, апавяданні пра Рагнеду ўвабралі ў сябе і нямала легендарнага, на што будзе ўказана далей. Аднак, аддзяляючы легендарнае ад праўдзівага, мы тым самым ніколькі не хочам абясцэніць яго. У легендарным народ асэнсоўваў сваё гістарычнае быццё. Бадай, не знойдзецца ніводнага народа, які б пачатак сваёй гісторыі не звязваў з той ці іншай легендай.
Тое, што ў «Аповесці мінулых гадоў» разгляданыя намі падзеі пададзены над 980 г., яшчэ не значыць, што яны сапраўды мелі месца ў гэты год. Зразу мела, што яны не маглі адбыцца так хутка і толькі ўмоўна былі занесены летапісам пад 980 г. Дарэчы зазначым, што ўся гісторыя, звязаная з барацьбой Уладзіміра з Рагвалодам, а пасля і з Яраполкам, вельмі заблытаная, асабліва ў адносінах храналогіі, і таму зразумелая спроба даследчыкаў унесці яснасць у гата пытанне. А. Шахматаў даводзіў, што Уладзімір пайшоў на Полацк адразу пасля таго, як стаў наўгародскім князем, г. зн. у 970 г. Аднак у той час былі вельмі малалетнія і Уладзімір, і Рагнеда, і Яраполк, і тэту дату можна прыняць толькі як крайнюю, раней якой не мог адбыцца паход Уладзіміра на Полацк. 3 другога боку, не магло тое адбыцца і пазней 11 чэрвеня 978 г., бо пад гэтай датай у «Пахвале» Якава адзначана заняцце Уладзімірам кіеўскага пасада. Іаакімаўскі летапіс і Летапісныя зводы 1497 і 1518 гг. датуюць полацкія падзеі 977 г. 3 гэтым можна было б і пагадзіцца, але вядома, што Яраслаў Мудры памёр у 1054 г. у 76-гадовым узросце. Значыць, ён нарадзіўся ў 978 г. Паколькі Яраслаў быў другім сынам Рагнеды, то першы — Ізяслаў — мог нарадзіцца не пазней 977 г., і, такім чынам, напад Уладзіміра на Полацк і яго жаніцьба з Рагнедай маглі адбыцца не пазней 976 г. А гэта паказвае, што вайна Уладзіміра з Рагвалодам была самастойнай гістарычнай падзеяй, незалежнай ад яго барацьбы з Яраполкам, якая бярэ свой пачатак з 977 г.187.
Перш за ўсё ўвагу прыцягвае Рагвалод. Ен першы полацкі князь, імя якога ўпомнена ў гістарычных крыніцах. Ці былі да яго князі ў Полацку? Бясспрэчна, што былі, бо ў летапісе пад 907 г. пра гарады, сярод якіх быў і Полацк, сказана, што ў іх «седяху велиции князи под Ольгом сущи».
Найболыд спрэчным з’яўляецца пытанне: адкуль з’явіўся Рагвалод у Полацку і хто ён па паходжанні? У летапісе сказана, што Рагвалод прыйшоў «зза мора». Для гісторыкаўнарманістаў гэтага было дастаткова, каб аб’явіць яго нарманам, якому ўдалося ў канцы X ст. падначаліць сабе Полацк і стаць у ім князем. 1мя яго, як і яго дачкі Рагнеды, стала выводзіцца са скандынаўскіх моваў. Але з гэтым пагадзіцца нельга. 1мя Рагвалод (у некаторых варыянтах Рагаварод) — чыста славянские, яно азначае «ўладар рога», г. зн. мыса, і пашырана ў іншых славянскіх народаў, у прыватнасці ў чэхаў188, да якіх нарманы не даходзілі. Славянскім з’яўляецца і імя Рагнеда, правільней Рагнедзь. Яно таксама мае свае варыянты ў чэхаў. I ў Наўгародскім летапісе пад 1135 г. упамінаецца княгіня Рагнедзь. У карысць славянскага паходжання Рагвалода гавораць і словы Рагнеды, што яна не хоча разуць свайго жаніха. А разувание жаніха нявестай — славянскі звычай, яго не было ў германцаў, у якіх, наадварот, жаніх абуваў нявесту ці дарыў ёй абутак189. А. Насонаў не без падстаў гаварыў аб вялікай долі верагоднасці таго, што Рагвалод паходзіў з мясцовага княскага роду і што яго заморские паходжанне было данінай пазнейшай модзе — абавязкова выводзіць род значных асоб зза мяжы.
Але і прыход «зза мора» не можа яшчэ сведчыць пра нарМанскае паходжанне. Полацк па Заходняй Дзвіне падтрымліваў сувязі з паморскімі славянамі, якія жылі на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. Як вядома, у пачатку XIII ст. полацкі князь Барыс быў жанаты з паморскай князёўнай Святохнай, і таму не выключана, што адтуль у свой час мог прыйсці і Рагвалод. Заморские паходжанне, як лічыў А. Насонаў, магло быць прыпісана Рагвалоду пазней. Гісторык I. Галубоўскі выказаў меркаванне, што гэта адбылося ў XII ст., калі ўзаемная барацьба кіеўскіх і полацкіх князёў дасягнула найвышэйшага напалу. Паколькі ў гэты час склалася ўяўленне аб прызванні зза мора Рурыка, ад якога кіеўскія князі вялі свой род, то і ў Полацку была складзена легенда аб заморскім паходжанні самастойнай княскай дынастыі, што ставіла яе па годнасці роўнай кіеўскай 190. Сапраўды, у адным з летапісаў сказана, што продак Рагвалода прыйшоў з варагаў разам з Рурыкам191.
Мы, са свайго боку, хочам звярнуць увагу на адну акалічнасць. Нам здаецца, што даследчыкі не раскрылі надежным чынам змест летапіснага паведамлення: «Бе бо Роговолод пришёл (а ў Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім «перешёл». — М. Е.) і — заморья, имяше свою волость в Полотьске». 3 яго можна зрабіць вывад, што Рагвалод прыйшоў (ці перайшоў, што яшчэ болын паказальна) зза мора ў Полацк, маючы тут сваю воласць, г. зн. сваё законнае ўладанне. Відаць, у гэты час Полацк застаўся без князя, хутчэй за ўсё з прычыны яго смерці, і яго месца як наследны ўладар і заняў Рагвалод. Хто ж мог быць перад ім у Полацку? У гэтых адносінах нашу ўвагу прыцягвае ўпомненая ў дагаворы кіеўскага князя Ігара з Візантыяй у 945 г. Прадслава, якая ў ліку іншых прадстаўнікоў вышэйшай знаці мела свайго пасла192. Магчыма, што яна і княжыла ў той час у Полацку, а пасля яе смерці сын Рагвалод, які па звычаю таго часу мог княжыць і дзесьці ў замор’і, у тых жа паморскіх славянаў, вярнуўся ў Полацк як у сваю воласць. Зазначым, што імя Прадслава — адно з тых імёнаў, што шырока бытавалі ў Полаччыне. Відаць, нездарма ж дачка Ратвалода Рагнеда дала сваёй дачдэ гэта імя, магчыма, у гонар сваёй бабкі. Імя Прадслава насіла да пастрыжэння ў манашкі і вядомая Ефрасіння Полацкая. Як бачым, адзначаны ў летапісе прыход ці, магчыма, пераход, што больш верагодна, «зза мора» Рагвалода цяжка ўкладваецца ў канцэпцыю пра яго нарманскую прыналежнасць. Хутчэй за ўсё ён паходзіў з мясцовага княскага роду. Аднак, зрэшты, не паходжанне самае важнае. Важней тое, што Рагвалод выступав як гістарычны дзеяч, поўнасцю аддадзены інтарэсам Полацка.
Калі ж ён з’явіўся у Полацку? На гэтае пытанне дае адказ Маскоўскі летапісны звод канца XV ст.: «…во дни Святослава Игоревича» '93. Апошні быў вялікім кіеўскім князем з 945 па 972 гг. Ён амаль усё жыццё правёў у ваенных паходах, што адцягвала яго ўвагу ад унутраных спраў дзяржавы. Ен нават меў намер перанесці сталіцу з Кіева на Дунай. Me навіта аслабленне цэнтральнай улады ў гэты час і выкарыстаў Рагвалод у мэтах вызвалення Полацка зпад улады Кіева. Але як канкрэтна адбылося адасабленне Полацкай зямлі, мы не ведаем, летапіс пра гэта маўчыць. Паколькі момант Рагвалодам быў выбраны ўдала, то не выключана, што ўсё адбылося без крыві.
Як адзначалася ў літаратуры, Полаччына раней за іншыя землі пачала пашыраць сваю абласную тэрыторыю194. Відаць, першым крокам Рагвалода ў гэтым напрамку і было аднаўленне адзійства Полацкай і Дрыгавіцкай земляў. Летапіс на гэта дае толькі намёк, паставіўшы побач з Рагвалодам тураўскага князя Тура. Больш дэталёва гэта раскрыта ў паданні, запісаным у 70-х гадах XIX ст. Паводле яго, Рагвалод накіраваўся на поўдзень па цячэнні Дняпра і, прыйшоўшы да вусця Прыпяці, выслаў уверх па гэтай рацэ адну з сваіх дружын на чале з Турам, і апошні, выбраўшы выгаднае месца, пасяліўся на ім і збудаваў пасля горад 195. У нас няма падстаў адмаўляць гістарычную праўдзівасць гэтага падання. Рагвалод мог ісці толькі ўздоўж Дняпра, тады іншых дарог, як па рэках і паўз іх, не было. Спыніцца ён мог толькі пры ўпадзенні Прыпяці ў Дняпро, каб гэтым самым, загарадзіўшы дарогу кіеўскаму войску, якое магло толькі тут ісці, даць магчымасць Туру замацавацца ў Дрыгавіцкай зямлі. Падначаліўшы яе і гэтым самым намнога ўмацаваўшыся, Рагвалод перавёў свой позірк на поўнач.
Мы ўжо ведаем летапісную легенду аб прычыне нападу Уладзіміра на Полацк. Сапраўдная ж прычына гэтага раскрыта ў Іаакімаўскім летапісе, у якім сказана, што Рагвалод напаў на наўгародскія воласці196. Гэта гаворыць пра тое, што ўжо ў 70-х гадах X ст. інтарэсы Полацка прыйшлі ў супярэчнасць з інтарэсамі Ноўгарада. На жаль, Іаакімаўскі летапіс не ўказвае, на якія менавіта наўгародскія воласці напаў Рагвалод, і пра гэта мы можам толькі здагадвацца. Наўрад ці правільна, што ўсе валокі ў міжрэччы Дняпра і Дзвіны ў той час належалі Полацку197. Гэта, як мы ўбачым, абвяргаюць падзеі 1021 г. Але яшчэ задоўга да гэтага разбагацелыя полацкія купцы імкнуліся выйсці да Дняпра і гэтым самым мець у сваіх руках ключавыя пазіцыі на водным шляху «з варагаў у грэкі», які ў канцы X ст. набывае асабліва вялікае значэнне. А яны былі ў руках Ноўгарада, і таму Рагвалод і напаў хутчэй за ўсё на ўладанне апошняга. Гэта супрацьпастаўленне інтарэсаў Полацка і Ноўгарада асабліва добра выяўлена ў Лаўрэнцьеўскім летапісе: «Рогволоду держащю и владеющю и княжащю Полотьскую землю, а Володимиру сугцю в Новегороде».
Аб вялікай сіле Полацка ў гэты час сведчыць тое, што Уладзімір для паходу супроць яго збірае «вой многи» з варагаў, славенаў, чудзі, крывічоў (відаць, ізборскіх і смаленскіх). Фактычна супроць Полацка былі кінуты ўсе сілы Паўночнай Русі. Рагвалод выйшаў насустрач небяспецы, але, пацярпеўшы паражэнне, адступіў у Полацк, за сценамі якога мужна абараняўся са сваім войскам. Узяты ў палон, ён быў забіты разам з жонкай і двума сынамі. У апошнім учынку нельга не бачыць імкненне Уладзіміра знішчыць дынастыю полацкіх князёў, якая, магчыма, ішла яшчэ з роду племянных старэйшын. Сляды пажарышча, якое археолагі датуюць канцом X ст., сведчаць аб разбурэнні Уладзімірам Полацка199.
Такім чынам, першая спроба Полацка вырвацца па Заходняй Дзвіне да Дняпра аказалася беспаспяховай і трагічнай як для Рагвалода, так і для ўсёй зямлі, Аднак гэта не закрэслівае значэння Рагвалода ў нашай гісторыі. Ен першы ўбачыў і пасапраўднаму ацаніў вялікія магчымасці Полацкай зямлі як асобнай дзяржавы са сваімі мэтамі і інтарэсамі, супрацьлеглымі мэтам і інтарэсам Кіева, і аднавіў яе самастойнасць. Пачаўшы барацьбу за ўз’яднанне дзвінскіх і дняпроўскіх крывічоў і канчатковае аб’яднанне Полацкай і Дрыгавіцкай земляў, ён аднавіў таксама наступальны характар Полаччыны, часова страчаны ёю ў гіерыяд залежнасці. Усё гэта выяўляе ў асобе Рагвалода выдатнага гістарычнага дзеяча. Невыпадкова таму, што менавіта ён і быў першы з полацкіх князёў, занесеных у аналы сусветнай гісторыі.
Калі факт існавання Рагвалода як гістарычнай асобы ўсімі даследчыкамі прызнаецца, то ў адносінах Тура такой адзінай думкі няма. Шэраг гісторыкаў (А. Шахматаў, М. ДоўнарЗапольскі, А. Грушэўскі, Д. Ліхачоў) сцвярджаюць, што Тур — асоба выдуманая. Іншыя (В. Тацішчаў, В. Ключэўскі, У. Завітневіч, М. Ціхаміраў) не адмаўлялі гістарычнай сапраўдйасці Тура. Праўда, усе яны лічылі яго нарманам, але гэтага прыняць нельга. Не маюць рацыі і тыя, хто сцвярджае, што ў старажытных славянаў адсутнічала імя Тур. Яно зарэгістравана ў рускіх летапісах, было і ў іншых славянскіх народаў 200.
Прычынай рознагалосіцы даследчыкаў аб Туры з’яўляецца выключна бедная інфармацыя пра яго. Летапісец, паведаміўшы пра Рагвалода, што ён меў воласць у Полацку, дадаў: «…а Туры Турове, от него же и туровцы прозвашася» (ва Усцюжскім летапісе Тур названы братам Рагвалода). I ўсё. Гэта кароткая фраза, сказаная летапісцам пра Тура як бы мімаходзь, дала падставу некаторым гісторыкам лічыць яе пазнейшай штучнай устаўкай. I. Галубоўскі даводзіў, што яна была ўнесена ў летапіс у разгар барацьбы кіеўскіх і полацкіх князёў у 20-х гадах XII ст., якая быццам бы вялася галоўным чынам за Дрыгавіцкую зямлю, і што ў гэты час у Полацку складваецца ўяўленне пра даўнія сувязі Полацка з ёю, і гэта ў традыцыях таго часу падмацоўвалася ўказаннем на дынастычную сувязь Рагвалода і Тура201. Але справа ў тым, што менавіта ў запісе Лаўрэнцьеўскага летаnicy пад 1128 г., перад якім ставілася галоўнай задачай абгрунтаванне прычыны варожасці Рагвалодавічаў і Яраславічаў, і адсутнічае паведамленне пра Тура. I таму думка I. Галубоўскага не з’яўляецца пераканаўчай. Мы бачылі, што адзінства Полацкай і Дрыгавіцкай земляў вызначылася ўжо ў даўнія часы, што і адзначана яшчэ ў запісе пад 980 г. Летапісец тут выявіў сапраўды праніклівае бачанне гістарычнай тэндэнцыі.
Непрымальнае таксама сцверджанне, што імя Тура было прыдумана для таго, каб вытлумачыць назву Турава і тураўцаў. Аднак мы лічым, што сапраўды летапісны Тур быў заснавальнікам гора да Турава. Гэтаму не супярэчаць і дадзеныя археалогіі, якія паказваюць, што ніжні культурны пласт тураўскага гарадзішча адносіцца да канца X ст.202, г. зн. да часу, калі, паводле летапісу, пачаў княжыць Тур. Такім чынам, Тураў узнік як палітычны цэнтр княства, і таму ён не мог быць племянным цэнтрам дрыгавічоў. Ім, відаць, быў якісьці іншы горад, які ў адрозненне ад Полацка па нейкіх прычынах не змог стаць сталіцаю княства. Тур палічыў патрэбным узвесці новы горад, што па імені заснавальніка і атрымаў сваю назву. У карысць гэтага як праўдзівага гістарычнага факта сведчыць, апроч упомненага вышэй, і народнае паданне, запісанае ў 20-я гады нашага стагоддзя. У ім таксама гаворыцца аб прыходзе Тура сюды з вялікім войскам і збудаванні ім Турава ў дадзеным месцы таму, што тут «былі вялікія выгоды — звяры, рыба і рознае птаства»2М. Вядома, побач з гэтым больш важнае значэнне мела геаграфічнае становішча Турава, які быў закладзены ў самым цэнтры Дрыгавіцкай зямлі. Перад ім Прыпяць прымала свае буйнейшыя прытокі Піну, Ясельду, Случ, Гарынь і Убарць, што звязвалі Тураў з басейнамі Нёмана, Заходняга Буга і гэтым самым рабілі яго вузлом важных водных шляхоў204. У свой час лічыўся легендарным і Кій як заснавальнік Кіева. Зараз даказана, што гэта сапраўды так і было205. Зусім верагодна, што і князь Тур — таксама заснавальнік Турава. Усё сказанае можа пацвердзіць слушную думку У. Завітневіча: «Калі гістарычнае існаванне Рагвалода апраўдана пазнейшымі падзеямі, дык, застаючыся паслядоўнымі, мы павінны прызнаць і Тура за сапраўдную гістарычную асобу»206.
Заняцце Полаччыны з’явілася для Ноўгарада трохі пазней важным козырам у барацьбе з Кіевам. Нездарма ж Іаакімаўскі летапіс сведчыць, што пасля нападу наўгародскага Уладзіміра на кіеўскага Яраполка апошні «посла же и воинство во кривичи да воспретят Владимиру воевать»207. Тэкст гэты вельмі цьмяны. Калі прытрымлівацца граматыкі, то крывічы павінны былі перашкодзіць ваяваць Уладзіміру, а калі прытрымлівацца сэнсу, то гэта павінна было зрабіць войска, бо для чаго ж тады яно пасылалася. Але, як бы там ні было, і ў першым і ў другім выпадках падкрэсліваецца вялікае значэнне Крывіцкай зямлі ў барацьбе Кіева і Ноўгарада. Болын за тое, паводле таго ж летапісу, нават вырашальная бітва паміж Уладзімірам і Яраполкам адбылася не каля Кіева, а на р. Дручы (г. зн. Друці) у трох днях ад Смаленска208. Апошняе ўдакладненне выклікае асаблівы давер да гэтага паве дамлення. На жаль, гістарычная навука паку ль што не прымае яго пад увагу, гэтак жа як і дакладную дату ўкняжання Уладзіміра ў Кіеве — 11 чэрвеня 978 г., указаную ў «Пахвале» Якава. А дарэмна. Уважлівы разгляд гэтых паведамленняў мог бы праліць святло на вельмі заблытаную гісторыю падзей, звязаных з барацьбой Уладзіміра і Яраполка.
3 уступленнем Уладзіміра на велікакняскі пасад аднаўлялася (але зноў толькі часова) адзінства і палітычная раўнавага КіеўскаНаўгародскай дзяржавы. Гэта і дало ёй магчымасць аднавіць зноў вайсковую палітыку. У 981 г. Уладзімір хадзіў на ляхаў, у гэтым жа і наступных гадах — на вяцічаў. У 983 г. быў зроблены паход на яцвягаў (гэта першае ўпамінанне іх у летапісе) і ўзята іх зямля. На жаль, у крыніцы не ўдакладняецца месца паходу. Яцвягі займалі, як мы ведаем, значную тэрыторыю, і таму не выключана, што гэты паход мог быць прадпрыняты на тэрыторыю Беларусі, у раёны Папрыпяцця, ці Панямоння, ці Пабужжа.
Але для нас асаблівую цікавасць складае паведамленне летапісу над 984 г. пра заваяванне радзімічаў. Зразумела, што з пакарэннем вяцічаў лёс радзімічаў быў прадвырашаны. Уладзімір, робячы паход на іх, наперадзе сябе паслаў ваяводу па празванню Воўчы Хвост, які сустрэў радзімічаў на рацэ Пяшчане і перамог іх. 3 таго часу і з’явілася прымаўка, якой дражняць радзімічаў: «Пяшчанцы воўчага хваста бегаюць». У заключэнне летапісец яшчэ раз паўтарыў, што радзімічы ад роду ляхаў і аселі тут, а таксама дадаў, што яны «плацяць даніну Русі, павоз вязуць і дагэтуль»209.
Розныя даследчыкі парознаму адносіліся да гэтай падзеі. Адны бачылі ў ёй карную экспедыцыю супроць радзімічаў, якія паўсталі ці адклаліся, другія — сутычку Уладзіміра і яго дружыннікаў у час збору даніны, трэція лічылі, што гэта падзея перанесена з часоў Алега, а чацвёртыя наогул прымалі яе за легенду, створаную для тлумачэння народнай прымаўкі210. Hi з воднай з гэтых думак нельга пагадзіцца. Для правільнай ацэнкі гэтай падзеі трэба прыгадаць, што яшчэ ў прамежку 912–944 гг. радзімічы разам з вяцічамі і севяранамі выйшлі зпад у лады Кіева. Таксама паказальны факт, калі ўспомніць, што летапісец паказваў гэтыя тры плямёны блізкімі па сваіх звычаях. I гэта невыпадкова. Мы ўжо бачылі, што шлях севяранаў ішоў з Полынчы, а радзімічы і вяцічы таксама вялі свой род з ляхаў. Нездарма ж і пасяліліся яны побач адзін аднаго. Ці не ўтварылі гэтыя тры плямёны, аддзяліўшыся ад Кіева, нейкую асобную палітычную адзінку, магчыма, нешта накшталт федэрацыі? Гэта тым болын верагодна, бо ў далейшым з іх тэрыторыі поўнасцю склалася Чарнігаўскае княства. Сцверджанне пра заваяванне радзімічаў Святаславам не пацвярджаецца крыніцамі211. Зыходзячы з гэтага, паход Уладзіміра ў 984 г. трэба лічыць заваёўчым паходам з мэтай вярнуць радзімічаў пад уладу Кіева. Гэта пацвярджаецца і тым, што сутычка адбылася на рацэ Пяшчане (правым прытоку Проні), якая была рубяжом радзіміцкіх паселішчаў, і таму натуральна, што радзімічы менавіта тут сустрэлі праціўніка212. Але паўторнае заваяванне радзімічаў апроч даніны давала Кіеву яшчэ адну эканамічную выгоду. Справа ў тым, што тэрыторыя радзімічаў, як і сумежных з ёю раёнаў, была багатая балотнымі рудамі, нават вядомая ўжо нам рака Пяшчана ме ла другую назву — Рудніца. Са шматлікіх радзіміцкіх балотаў здабываўся сырэц для выпрацоўкі металу213. Калі гэтая рака не страціла свайго прамысловага значэння яшчэ на рубяжы XVIII–XIX стст.214, то няцяжка ўявіць, як яна цанілася ў канцы X ст. Не можа быць су мнения, што авалоданне радзіміцкімі руднымі багаццямі было адной з важнейшых мэт пакарання радзімічаў Уладзімірам. Нездарма ж таму Воўчы Хвост найперш накіраваўся на Пяшчану, асабліва багатую рудамі, і нездарма ж радзімічы тут сканцэнтравалі сваю абарону: тут знаходзілася іх найбольшае багацце.
Вяртаючыся да Полацка, мы звернем увагу зноў на Рагнеду, якая, па сутнасці, з’яўляецца галоўным героем летапісных апавяданнаў 980, 988 і 1128 гадоў і з якой звязаны далейшы лёс яе радзімы. Вобраз яе найболын успрыняў легендарный рысы, але гэта, вядома, не значыць, што яе не было ў сапраўднасці. Пра яе неаднаразова ўпамінаюць летапісы, называюцца яе дзеці, указаны год яе смерці (1000), пра яе ў народнай памяці таксама засталіся паданні.
Асоба яе прыцягвала да сябе асабліва пільную ўвагу даследчыкаў. I гэта тлумачыцца ў значнай меры яе легендарнасцю, выяўленне якой і выклікала найболын спрэчак. Некаторыя вучоныя, зыходзячы з тэорыі запазычання сюжэтаў у народным эпасе, даходзілі да крайнасцяў. Б. Сакалоў аб’яўляў Рагнеду злепкам з тыпу «дзевыасілка» са старанямецкага эпасу. Адзначалася таксама падабенства лёсу Рагнеды з лёсам гераінь скандынаўскіх сагаў. Сапраўды, у адной з іх апавядаецца пра сватанне нарвежскага конунга да дачкі другога, якую звалі Асай. Атрымаўшы адмову, ён гэтак жа, як і Уладзімір, ідзе вайной. У баі гінуць і бацька і брат Асы, а яе самую пераможца бярэ сабе за жонку, але праз гады два гіне ад рукі падасланага ёй забойцы. У Асы, як і ў Рагнеды, ёсць сын ад мужазахопніка, і гэтак жа, як Рагнеда пасля разрыву з Уладзімірам атрымлівае з Ізяславам сваю вотчыну, Аса таксама па смерці мужа ідзе ў тое княства, якім валодаў яе бацька, і там выхоўваецца яе сын216.
Ёсць агульнае ў Рагнеды і з гераіняй сагі аб Алаве — Гудрун217. Указваючы на гэтыя факты, Е. А. Рыдзеўская не выключала магчымасці пранікнення летапіснага сказания пра Рагнеду ў нарвежскі эпас218, асабліва ў сагу пра Алава. Амерыканскі вучоны Крое у 1931 г. выказаў думку, што ў жонцы Уладзіміра, якая апекавалася над юным Алавам у час яго знаходжання на Русі, трэба бачыць нікога іншага, як Рагнеду, хоць яна і ўведзена ў сагу пад імем Алогіі (Вольгі).
Аднак вывады пра запазычанне сюжэтаў трэба рабіць вельмі асцярожна. Нельга забывацца, што ў тыя старадаўнія часы паміж шматлікімі ўдзельнымі князямі вельмі частымі былі войны, у якіх маглі паўтарацца або вар’іравацца аднолькавыя жыццёвыя сітуацыі, такія, напрыклад, як жаніцьба пераможцы на дачцэ пераможанага ці забітага князя, за чым, натуральна, паколькі шлюб быў гвалтоўны, магла ісці помета маладой жонкі нялюбаму мужу, ад’езд яе на радзіму і інш. Менавіта гэтым найперш (а не выключна запазычаннем) і трэба тлумачыць падабенства і ўстойлівасць сюжэтаў народ нага эпасу.
I ў той жа час кожная жыццёвая сітуацыя, што адбівалася ў тым ці іншым творы, нягледзячы на падабенства, захоўвае ў сабе і шэраг непаўторных момантаў. I сапраўды, як ні нагадвае летапіснае апавяданне пра Рагнеду некаторыя скандынаўскія сагі, усё ж ніводная з іх гераінь не адмаўляе свайму жаніху з прычыны яго нізкага паходжання. Ніводная сага не гаворыць пра заступніцтва за маці малалетняга сына, як гэта мы бачым у апавяданні аб Рагнедзе. Не адзначана ў іх і заступніцтва за гераіню баяраў, што мела месца ў выпадку з полацкай князёўнай. Гэтыя і іншыя дэталі паказваюць, што апавяданне аб Рагнедзе мае больш праўдзівыя гістарычныя вытокі і яго нельга цалкам аб’яўляць летапіснай легендай, як гэта назіраецца ў некаторых даследаваннях. Тое, што асоба Рагнеды з цягам часу аздобілася легендамі, толькі падкрэслівае яе незвычайнасць, а не адмаўляе яе сапраўднасці.
Кожнае летапіснае апавяданне раскрывав паасобныя рысы характару Рагнеды, і ўсе яны даюць цэласнае ўяўленне пра яе. У запісе 980 г. мы бачым Рагнеду гордай князёўнай, што не пажадала выйсці замуж за сына рабыні (маці Уладзіміра была ключніцай), сказаўшы пры гэтым: «Не хачу разуць рабычыча». Мы ўжо гаварылі, што не гэтыя словы з’явіліся прычынай нападу Уладзіміра на Полацк. Магчыма, яна іх не гаварыла і яны прыпісаны ёй паданнем. Думаем, што гэтыя словы былі хутчэй за ўсё сказаны Уладзіміру пасля захопу Полацка, калі ён самохаць захацеў узяць яе за жонку. Яны і былі прычынай жорсткай расправы з яе бацькам, маці і братамі. У адным з летапісаў ёсць такія словы Рагнеды, звернутыя да Уладзіміра: «Ты, озлобясь за одно моё слово, отца моего убил, землёю его овладел, меня, яко пленницу, в жёны взял…»219 Можна думаць, што ў иазнейшы час зняважлівыя словы Рагнеды пра Уладзіміра, згодна з фалыслорнымі традыцыямі, былі ўспрыняты як галоўная прычына нападу апошняга на Полацк.
У гістарычнай літаратуры словы Рагнеды «хачу за Яраполка», сказаныя ёю пасля адмовы Уладзіміру, тлумачацца як паказчык таго, што Рагвалод быў у саюзе з Кіевам, дзе княжыў Яраполк. Зразумела, што Полацк, знаходзячыся паміж Кіевам і Ноўгарадам, якія супернічалі між сабою, і будучы пакуль што слабейшим за кожны з іх, павшей быў весці вельмі складаную і тонкую дыпламатыю, якая заключалася галоўным чынам у выкарыстанні супярэчнасцяў паміж імі і перацягненні на свой бок то Кіева для барацьбы з Ноўгарадам, то Ноўгарада для барацьбы з Кіевам. Таму цалкам магчыма, што Рагвалод, збіраючыся нападаць на Ноўгарад, мог увайсці ў саюз з Яраполкам, замацаваўшы гэта ў звычаях таго часу шлюбнымі адносінамі. I ўсё ж ёсць падставы лічыць гэтыя словы за пазнейшую ўстаўку ў летапісе. Папершае, добра вядома, што Яраполк быў ужо жанаты з палоннай грэчаскай манашкай. Праўда, Яраполк быў язычнікам і таму мог мець некалькі жонак. Але трэба ўлічваць, што ён выхоўваўся яго бабкай хрысціянкай Вольгай. У адным летапісе сказана, што Яраполк «любіў хрысціян і калі сам не ахрысціўся, баючыся народа, то, прынамсі, другім не перашкаджаў»220. Некаторьщ гісторыкі (В. Тацішчаў, С. Салаўёў) схільны былі бачыць яго паражэнне ў барацьбе з Уладзімірам яго прыязнасцю да хрысціянства. Але нават калі б Яраполк і пасватаўся да Рагнеды, то гэта гордая князёўна наўрад ці задаволілася б роляю другой жонкі. 3 усяго гэтага можна зрабіць дапушчэнне, што словы «Яраполка хачу» з’яўляюцца тэндэнцыйнай устаўкай летапісцакіяўляніна, каб гэтым самым падкрэсліць прыхільнасць Полацка да Кіева. Увядзенне Яраполка ў гэта летапіснае апавяданне стварыла асабісты трохкутнік, у якім нельга не бачыць увасабленне палітычнага трохкутніка. Наогул, у легендарнай гісторыі сватання наўгародскага і кіеўскага князёў да дачкі полацкага князя летапісцам асэнсаваны тагачасныя палітычныя ўзаемаадносіны, і ў першую чаргу барацьба Ноўгарада і Кіева за ўплыў у Полацку.
Запіс 1128 г. высвятляе нам новыя выдатныя якасці Рагнеды: яе бязмежную адданасць айчыне і пякучую нянавісць да яе ворагаў, высокі жаночы гонар і мужную мацярынскую любоў. Усё гэта і штурхае яе на гераічны ўчынак — помсту Уладзіміру. I калі ёй не ўдаецца забіць яго, яна бясстрашна чакае смерці, ад якой выратоўвае яе сын Ізяслаў. Што гэта: легенда, якая ўспрымаецца як праўда, ці праўда, якая з цягам часу стала легендай? Хутчэй за ўсё адно і другое тут знітаваліся ў арганічнае цэлае, каб не толькі праўдзіва перадаць, але і ўзвялічыць высакародную непаўторную постаць Рагнеды. Цвярскі і Густынскі летапісы таксама пацвердзілі ў традыцыях свайго часу яе духоўнае хараство і яе мара льную перавагу над Уладзімірам.
У свой час беларускі гісторык Д. Леанардаў адзначыў, што горды воблік Рагнеды навечна адбіўся ў памяці народа як «зыходная падзея»221 яго гісторыі. I сапраўды, вобраз Рагнеды ўвасабляе сабой канчатковае заваяванне Полацкам сваёй незалежнасці і непрымірымасці яго да Кіева. Вобраз палымянай непакорнай палачанкі прайшоў скрозь тоўшчу стагоддзяў і заззяў новым нязгаслым святлом у мастацкіх палотнах, у музычных творах, у паэмах такіх рэвалюцыйных паэтаў, як К. Рылееў, Т. ІПаўчэнка і Я. Купала. I трэба толькі здзіўляцца, што ў апошні час выявілася тэндэнцыя прынізіць вобраз Рагнеды і ўзвысіць вобраз Уладзіміра. I ўжо не крывавым дэспатамзабойцам Рагвалода і яго сыноў выступав Уладзімір у аднайменным рамане С. Склярэнкі, а гуманным князем, і ўжо не гордай, а пакорнай мы бачым Рагнеду, якая сама разувае Уладзіміра, дарэчы, называючы яго конунгам Вальдэмарам (відаць, С. Склярэнка гэтым хацеў сказаць, што яна была нарманкай). Болынага здзеку над гістарычнай праўдай прыдумаць нельга.
Рагнеда, як мы ўжо бачылі, прычынілася і да пашырэння хрысціянства ў Полаччыне. Прыняцце новай веры было адной з найважнейшых падзей у нашай гісторыі. Хоць і бясспрэчна, што хрысціянства як масавая з’ява ішло да нас з Кіева, аднак яно зусім новым фактам для насельніцтва Беларусі не магло быць. Нельга забывацца, што ўпомнены намі вышэй Ансгарый у 30-я гады IX ст. рабіў пэўныя спробы пашырэння хрысціянства ў славенаў і крывічоў. ГІаколькі полацкія воіны ўдзельнічалі ў паходах на Візантыю і некаторыя з іх маглі прыняць новую веру яшчэ да масавага хрышчэння, не выключана ранейшае існаванне ў Полацку хрысціянскай абшчыны, як гэта было ў Кіеве.
Афіцыйна хрысціянства прынята Кіевам у 988 г. па ініцыятыве вялікага князя Уладзіміра, які за гэта атрымаў тытул Святога. Хрышчэнне ўсходнеславянскага насельніцтва, было гвалтоўным актам. У Ноўгарадзе, напрыклад, як сведчыць прыказка, хрысцілі «мячом і агнём»222. Народ нялёгка адракаецца ад сваіх ранейшых поглядаў, вераванняў і звычаяў.
Навукай устаноўлена, што прынятае хрысціянства доўгі час было толькі знешняй фармальнасцю, што новая вера павінна была ўжывацца з старой верай і прыстасоўвацца да яе. У выніку гэтага ўтварылася своеасаблівае двухвер’е. Каб зразумець прычыну жывучасці язычніцтва, трэба нагадаць тое, што хрысціянства спачатку пашыралася толькі сярод славянскага насельніцтва, у той час як неславянскае пакідалася ў старой веры223. Трэба думаць, што доўгі час на тэрыторыі Беларусі заставаліся астравы балцкага насельніцтва, якія таксама жывілі сабою язычніцкія перажыткі ў славянскага насельніцтва. Магчыма, гэтым і трэба тлумачыць позняе хрышчэнне радзімічаў224, на тэрыторыі якіх, як лічаць даследчыкі, было досыць густое балцкае насельніцтва, позна аславяненае225. Пра тое, што неславянскае насельніцтва доўгі час не падпадала хрысціянізацыі, ніяк нельга забывацца. Гэта акалічнасць давала сябе знаць яшчэ ў сярэдзіне XIII ст., нават у канцы XIV ст. і растлумачвае некаторыя незразумелыя на першы погляд факты нашай гісторыі, пра што мы будзем гаварыць пазней.
Паводле летапісу, Уладзімір, хрысціўшыся сам, ахрысціў і сваіх сыноў, якіх пасля разаслаў па гарадах, у тым ліку Ізяслава ў Полацк, а Святаполка ў Тураў. Даследчыкі ўжо даўно ўсумніліся ў магчымасці таго, што ўсе сыны Уладзіміра ў 988 г. маглі быць разасланы па гарадах, бо многія з іх былі зусім малалетнія, а некаторыя, магчыма, яшчэ не нарадзіліся227. Таму зразу мела, што гэты запіс можа толькі праўдзіва сведчыць, куды быў пасланы той ці іншы сын Уладзіміра, а не дату гэтых падзей. Як мы бачылі, аб разасланні сыноў Уладзіміра гаворыцца непасрэдна ўслед за паведамленнем пра іх хрышчэнне. Відаць, гэтым падкрэслівалася, што хоць разам з імі пасылаліся епіскапы, на іх таксама ўскладаліся і абавязкі па пашырэнні хрысціянства ў іх абласцях. Нягледзячы на адсутнасць непасрэдных сведчанняў, даследчыкі ўсё ж з вялікай доляй упэўненасці мяркуюць, што епіскапствы ў Полацку і Тураве былі ўтвораны аднымі з першых, недзе ў 991–992 гг.
Пра падзеі, звязаныя з увядзеннем хрысціянства ў Тураве, захаваліся некаторыя паданні, якія адначасова могуць праліць святло і на далейшы лёс Тура. Ці сядзеў ён у Тураве пасля забойства Рагвалода? Нам здаецца, што Тур знаходзіўся ў Тураве, прынамсі, да таго часу, пакуль туды не быу пасланы пасля прыняцця хрысціянства сын Уладзіміра — Святаполк. Падставай для такога меркавання з’яўляецца паданне, паводле якога Тураў аказаў супраціўленне прыняццю хрысціянства229. На крывавыя падзеі, звязаныя з хрышчэннем тураўцаў, указвае і паданне пра каменныя крыжы (яны ёсць і цяпер у Тураве), якія нібыта самі некалі прыплылі з Кіева па вадзе да горада, і рака пачырванела ад крыві231. Відаць, у тэты час і быў знішчаны Тур, і расправа з ім была не менш жорсткай, чым з Рагвалодам, а яго месца заняў Святаполк, які пазней за сваю жорсткасць атрымаў ганебны тытул Акаяннага. Ускосна гэта можа пацвердзіць паданне, якое гаворыць, што пасля Тура ў Тураве стаў князем Уладыка 232. Як вядома, апошняе — тытул епіскапа. Як бачым, легенда дакладна перадае сутнасць справы. Тура ў Тураве не стала пасля насаджэння хрысціянства і з’яўлення там епіскапа («уладыкі»), Уяўленне народа аб уладыку як тураўскім князю магло скласціся і таму, што Святаполк быў яшчэ малалетні (10–12 гадоў) і ім мог апекавацца епіскап — уладыка.
Першым і найболын важным станоўчым вынікам прыняцця хрысціянства з’явілася ўвядзенне і пашырэнне пісьменства, а разам з ім і развіццё асветы і культуры. Не толькі дзяржаўным дзеячам, але і першаасветнікам Полаччыны быў князь Ізяслаў. Вобраз яго таксама ўвабраў у сябе нямала легендарнага, што знайшло сваё выяўленне ў вельмі супярэчлівых летапісных звестках пра яго. Запіс 1128 г. гаворыць, што ён пасля свайго заступніцтва за маці быў разам з ёю адасланы ў Полаччыну ў збудаваны для іх горад Ізяслаўль (сучаснае Заслаўе, недалёка ад Мінска). А ў «Аповесці мінулых гадоў», як мы ведаем, сказана, што ён пасля хрышчэння быў адасланы ў Полацк у 988 г. без указания на тое, адзін ці з маці. 3 другога боку, паводле Цвярскога і Густынскага летапісаў, разам з Рагнедай быў не Ізяслаў, а Яраслаў (праўда, тут не названа месца, дзе яны жылі і куды пасылаў Уладзімір сваіх паслоў). Але наколькі б ні былі заблытаныя летапісныя звесткі, усё ж адно, і гэта галоўнае, бясспрэчна: Ізяслаў быў князем у Полацку.
У апавяданні 1128 г. сказана, што Уладзімір на параду сваіх баяраў вырашыў аднавіць айчыну Рагнеды і паслаць яе туды разам з сынам Ізяславам. Вядома, што гэта легендарнае тлумачэнне бясспрэчнага факта аднаўлення Полаччыны, якое магло быць вынікам добрай волі Уладзіміра і яго баяраў. Яны не маглі не бачыць, што разбурэнне Полаччыны не спыніла яе эканамічнага і палітычнага развіцця і што толькі сілай яе нельга было ўтрымаць. Апроч таго, Уладзімір не мог не бачыць варожасці Ноўгарада да Кіева. Вось чаму была важная для яго прыхільнасць Полацка і прымірэнне з ім. Даючы Полацку ў князі старэйшага сына Рагнеды 1зяслава, ён як бы ўзнаўляў род полацкіх князёў, а гэтым самым і княства.
I. Бяляеў лічыў, што Уладзімір заснаваў Ізяслаўль для таго, каб вызваліць полацкага князя ад усемагутнага ўплыву полацкага веча233. Тым самым ён, па сутдасці, меў намер перанесці сталіцу зямлі, што не выключана, бо ў такім выпадку кіеўскаму князю лягчэй было б трымаць полацкага князя пад сваім наглядам. Але трэба думаць, што ўзнікненне Ізяслаўля дыктавалася найперш эканамічнымі прычынамі, паколькі горад быў збудаваны ў вярхоўі Свіслачы, дзе сутыкаліся Дняпроўскі і Нёманскі басейны. Магчыма, гэта і было першай спробай асваення важнага гандлёвага шляху і замацавання на ім. Новазбудаваны Ізяслаўль хутчэй за ўсё стаў уладаннем Рагнеды (некаторыя даследчыкі лічаць яго першым феадальным уладаннем ва Усходняй Еўропе234). Калі паданне пра тое, што тут Рагнеда, стаўшы манашкай Анастасіяй, заснавала манастыр, мае нейкую падставу, то тады Ізяслаўль трэба лічыць адным з першых, а то і першым важным асяродкам хрысціянства, а разам з гэтым і асветы на Беларусі.
Ізяслаў жа жыў у Полацку, які пасля разбурэння Уладзімірам к гэтаму часу ўжо быў адбудаваны, і замест ранейшага, разбуранага таксама, дзядзінца ўзведзены новы і на новым месцы235. На жаль, пісьмовыя крыніцы нам нічога не гавораць пра Ізяслава як дзяржаўнага дзеяча. Затое ў пазнейшым Ніканаўскім летапісе дадзена высокая пахвала Ізяславу як чалавеку і хрысціяніну: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Як супярэчаць словы гэтага летапісу аб ціхім Ізяславе нашаму ўяўленню пра таго рашучага з мечам у руках малалетка 1зяслава, заступніка за сваю маці, якога так спалохаўся Уладзімір і адрокся ад свайго намеру забіць Рагнеду. Аднак гэтая супярэчнасць цалкам зразумелая. Складальнік Ніканаўскага летапісу хацеў бачыць у асобе Ізяслава ўвасабленне лепшых хрысціянскіх дабрачыннасцяў, а аўтар полацкай легенды хацеў бачыць у Ізяславе пачынальніка векавой крывавай барацьбы Полацка з Кіевам. I хоць і ў першым і ў другім выпадках Ізяслаў, бясспрэчна, ідэалізаваны, гэта ніколькі не значыць, што ўказаныя дзве крыніцы не заслугоўваюць ніякага даверу. У аснове як адной, так і другой ляжыць бясспрэчная гістарычная праўда. Ізяслаў, стаўшы полацкім князем, гэтым самым прыняў ад сваёй маці Рагнеды эстафету барацьбы, пачатую яе бацькам, і перадаў сваім нашчадкам, якія працягвалі яе. I ўжо зусім не пазбаўлены праўдзівасці Ніканаўскі летапіс, які дае падставу гаварыць пра Ізяслава як першаасветніка Полаччыны, які, бясспрэчна, увёў у ёй пісьменства. Што пры ім пісаліся ў Полацку граматы, пацвярджаецца яго пячаткай з надпісам, які з’яўляецца першым помнікам у сходнее лавян- скага пісьменства. Гэта вельмі красамоўны факт, ён гаворыць за тое, што Полаччына ішла ў авангардзе культурнага развіцця Усходняй Еўропы. I нездарма ж Ізяслаў з’явіўся першым з усходнеславянскіх князёў, ахарактарызаваных у летаnice як кніжнік. Памёр ён у 1001 г. (годам пазней за сваю маці), пражыўшы не болей 25–26 гадоў.
Пасля смерці Ізяслава ніхто з яго братоў не сеў у Полацку, і таму не адбылося чарговага перамяшчэння іх з месца на месца, як гэта, напрыклад, было пасля смерці Вышаслава ў Ноўгарадзе, калі ў гэты горад быў прысланы Яраслаў, што да таго сядзеў у Растове, а ў апошні быў пасланы Барыс237. У Полацку стаў княжыць хутчэй за ўсё сын Ізяслава Усяслаў. Праўда, у адным з тацішчаўскіх тэкстаў сказана, што па Ізяславу «наследаваў яго сын Брачыслаў». Але наўрад ці паведаміў бы летапісец пад 1003 г. пра смерць Усяслава, калі б ён не быў князем. Дарэчы, той жа тацішчаўскі тэкст прыпісвае Усяславу амаль усё тое239, што гаварыў ніканаўскі летапісец пра Ізяслава. Аднак гэта яўнае непаразуменне: Усяслаў для гэтага быў зусім малалетні. Такім жа, трэба думаць, быў і яго брат Брачыслаў, калі заняў полацкі пасад пасля Усяслава.
Усё гэта выяўляе бясспрэчны факт аднаўлення полацкай княскай дынастыі. Такім чынам, Полаччына канчаткова аформілася як самастойная. I гэта было галоўным вынікам нашага гістарычнага развіцця ў другой палове X ст. Таксама важна і тое, што ўжо ў час Тура Дрыгавіцкая зямля, стаўшы Тураўскім княствам, набыла значэнне палітычнага ўтварэння. Такой жа яна засталася і пры Святаполку.