IX


Вуліца плыла і пагойдвалася. Касавурыліся, як у зламанай ветрам вадзе, шчыкетнікі, цьмяныя хаткі, што ўлезлі ў зеляніну садоў. Асабліва нетрывалымі ў гэтай зялёнай і бэзавай вадзе здаваліся спарахнелыя, латка на латцы, хлявы. Яны беглі ад хат, як у бездань, у глыб агародаў, у бульбоўнік, у раскошу садоў. І з вуліцы немагчыма было вокам адразу і поўнасцю згледзець іх. Хлявы, здавалася, то рассыпаліся на часткі створкамі расхлябаных ветрам дзвярэй, латкамі стрэхаў, то якімсьці цудам аднаўляліся зноў, сцягваліся па бервяну, драначцы, прывязваліся, як да прычальных тумбаў, да каменна-шэрых «шпаковень», якія тырчалі побач з імі. І зноў распадаліся, рушыліся. Рушылася непарушнае, што стагоддзямі ўчэпіста трывала, стаяла на зямлі. А цяпер зямля нічога не хацела трымаць з таго, што было пастаўлена чалавекам. Зямля гарбацілася, успушвалася і імкнулася пазбавіцца, стрэсці з сябе і самога чалавека.

Лецечка ішоў пасярэдзіне вуліцы, па асфальце, і асфальт плыў пад яго нагамі. Паўдзённае сонца ўжо распарыла да бэзавай глыбіннай сіні асфальт, і бэзавае лёгкае мроіва сыходзіла з асфальту, пагойдвалася і вілося вяроўчынай, нібыта асфальт не ляжаў на зямлі, а сплываў, цёк ракою. Каровы, якія лена ішлі побач, нібыта адчувалі гэтую нетрывалую цякучасць асфальту, ціснуліся да платоў, баяліся ступаць на асфальт, падымалі пыл і ішлі сваёй спрадвечнай дарогай, па пяску, тужліва і скоса пазіралі на дзёгатную, створаную чалавекам, ім на пагібель, раку. Яны, пэўна, разумелі і прадчувалі, што са з'яўленнем такой ракі зыбкае і нядоўгае і іх існаванне, іх жыццё ў Слабадзе: ужо задумваліся, чухалі патыліцы іх гаспадары – што рабіць з каровамі, калі навокал асфальт. Скруха, паўдзённая развітальная песня чулася ў задуменна-адчужанай хадзе кароў, а ў іх сытым, затуманеным жвачкай воку прывідам уставалі то гаспадар, то іх незайздросная і блізкая ўжо будучыня. І яны раз-пораз пароўвалі, угіналі галовы, нібыта імкнуліся стаць нябачнымі, непрыкметнымі. Не, не так, не так хадзілі яны раней гэтай вуліцай. Былі яны яе гаспадынямі, карміцелямі, былі яны тады не каровамі нават, а псейкамі: Мілкамі, Ягадкамі, Малінкамі, неслі ў сабе не развітальную песню, а калыханку. Водгукі гэтай былой калыханкі часам чуліся Лецечку і цяпер. Але дарога, якая ўвесь час знікала, замінала яму аддацца гэтай песні, замінала абуджэнню ў памяці таго, аб чым спявалася ў гэтай песні, а пелася ў ёй аб пясках, аб старым вясковым шляху, аб мурожным сене, аб тым, як цыркае аб край даёнкі малако, як цвыркае, падцягвае песні ў шчыліне цвыркун, як сакочуць у канюшыне конікі... Бясконцая гэта была песня, спрадвечная, як само жыццё. Таму так і ліп цяпер чаравікамі да асфальту Лецечка, пёкся на самым санцапёку. Ён не зусім выразна разумеў гэта, але асфальт быў чужы яго душы, адно толькі добра: не абуджаў, не вярэдзіў яго памяць асфальт. Не было асфальту ў той жудаснай ночы, і можна было крочыць па ім, не баючыся, што спатыкнешся аб дзеда са шклянымі, звернутымі да неба вачыма, што мерцвякі зноў возьмуць цябе ў кальцо і пагоняць у тую ноч. Новая гэта была дарога, пракладзеная на яго, Лецечкавых, вачах. Асфальт надзейна схаваў былое, былому не прабіцца скрозь яго, не прабіцца дрэву, не прыжыцца травінцы, не прыжыцца і карове, але і былому, як ні курчыцца яно ў родавых схватках, не адрадзіцца зноўку на асфальце – толькі пара, сінія завеі. Але і гэта хутка абдзьмуць свежы вецер і прахалода, хай толькі ніжэй стане сонца.

Чакаючы гэтай бадзёрасці і прахалоды вечара, і брыў Лецечка немаведама куды. Невядомасць і нейкая прыгнечанасць адчуваліся асабліва востра, калі раптам знікала паветра і ён лавіў яго не толькі ротам, але і рукамі, з кашлем заглытваў яго. І тады Лецечку здавалася ўсё незнаёмым і ачужэлым, штосьці рвалася і абвальвалася там, у грудзях. Ён забываў сябе, дзе ён і што ён, нібыта сон нейкі сніў наяву, так усё вакол яго было прывідна і нерэальна. Але ногі звыкла неслі яго да дзетдома. Ногі былі як бы асобна ад яго, і нібыта яны пабольшалі, патаўсцелі. За нагамі цяпер трэба было ўжо цікаваць, пільнаваць іх трэба было, каб яны не нарабілі шкоды, бяды, не праламалі асфальт, не ўцяклі ад яго, не пакінулі на асфальце адно толькі тулава.

І ён узрадаваўся неймаверна, калі ўбачыў сябе на дзетдомаўскім ганку. Як ён на яго трапіў, ужо не памятаў, і спачатку падумаў, што ўсё ўбачанае і пачутае на судзе, у Палацы культуры, – сон, што ён яшчэ спіць, толькі на хвілінку адплюшчыў вочы. Трэба зноў заплюшчыць іх і паспрабаваць заснуць, тады сон, які ён сніў да гэтага, забудзецца і прыгадаецца штосьці новае, добрае, вялікая рыбіна, напрыклад, сасніцца, яна ж яму часта сніцца. Баба Зося, праўда, гаворыць, што рыба – гэта не к дабру. Але якое зло мае быць ад той рыбы? А яшчэ часта сніць ён якіясьці дзверы. Бачыць у сне сцяну жывой зелені, ці то хмелю, ці то плюшчу, а мо нават і вінаграду. І ў гэтай сонечнай зялёнай сцяне непрыкметныя дзверы – блакітная пляміна. Да гэтай сцяны, да гэтых дзвярэй ён кожны раз выходзіць пасля доўгага блукання ў якімсьці змроку, у цемры, тумане, зняможаны, знясілены, падае і, здаецца, правальваецца кудысьці, як ні то памірае. Вокамгненна ўсё асвятлялася сонечным пранізлівым святлом – і з'яўляліся блакітныя дзверцы. У сне ён нават ведаў, куды яны вядуць. Сцяна з хмелю, вінаграду ці то плюшчу падзяляла свет на дзве часткі. У той, у якой заставаўся ён, – цемрадзь і туман, за сцяной, за дзверцамі, – свет, радасны, яркі, шчаслівы, які ён так прагна і марна шукаў, які толькі можна сасніць, але ён ёсць, ён рэальны, там усё вакол блакітнае і зялёнае, пяшчотнае і лагоднае, добрае. Там ужо ёсць адзін Лецечка, такі ж, як ён, толькі не недаробак, а нармальны, шчаслівы. Усе там шчаслівыя, усе бестурботныя і даўно чакаюць яго. Яму трэба толькі ўстаць і штурхануць дзверы. Ён уставаў, падыходзіў да дзвярэй і тут звычайна прачынаўся.

Сон гэты заўсёды быў салодкі і жаданы. Лецечка быў улюбёны ў яго, ён унадзіўся яго глядзець амаль што кожную ноч, навастрыўся паказваць сабе яго па заказу. І цяпер ён пажадаў паглядзець яго. Але дарэмна Лецечка мружыў і заплюшчваў вочы – не было зялёнай жывой сцяны, не было прываротных блакітных дзвярэй. Не спаў ён, явай былі і суд і дарога. І Лецечка на чым свет стаіць кляў і лаяў сябе, што пайшоў на гэты суд, але, праклінаючы і лаючы сябе, ведаў, што пойдзе туды зноў, пойдзе заўтра і паслязаўтра. Будзе хадзіць кожны дзень, покуль суд не скончыцца, покуль не вызнае ўсё пра сябе і паліцэйскіх. Там, на плошчы, тая сцяна і тыя дзверы, за якія ён раней, у сне, не мог трапіць, якія не здолеў расчыніць у сне. Яны расчыніліся яму наяву. Няма за ёй шчасця, няма бестурботнасці. Але трэба ісці праз сцяну, трэба ісці ў той іншы, незнаёмы яму і страшны свет, каб нічога не баяцца ў гэтым свеце. Спазнаць усё да рэшты. Мо менавіта да гэтага, а не да якіх-небудзь міфічных блакітных дзвярэй імкнуўся ён усё жыццё, менавіта гэта ён шукаў у зямлі, а трэба было прайсці ўсяго толькі сотню-другую метраў да плошчы. І там схавана яго тайна з'яўлення на свет. Там ён спазнае, навошта і чаму, як ён стаў недаробкам. Ён жа не заўсёды быў такім, як цяпер, не заўсёды. Акрамя палацяў, дарогі, ён яшчэ тое-сёе ўспомніў са свайго мінулага жыцця. Да таго, як ён трапіў на палаці, быў у яго і бацька, і маці была, і дом у яго быў, як ва ўсіх. Ён поўзаў па падлозе, а потым ужо і хадзіў сваімі нагамі па жоўтых смалістых дошках. Першага ж свайго кроку не памятае, не памятае прысутнасці бацькоў, іх, здаецца, і не было. Спачатку. Толькі жоўтая падлога, на ёй кроплі жоўтай смалы, ліпучыя, счарнелыя далоні ад гэтай смалы. Два акенцы высока над галавой. Хтосьці ўвесь час падглядваў за ім з гэтых акенцаў, цягнуўся да яго, кратаў, пяшчотна гладзіў па галоўцы і сляпіў вочы. І яксьці яму закарцела даведацца, хто там стаіўся, нябачны, добры, і ўвесь час дражніць яго, пацвельвае. Ён дапоўз, датупаў да акенца, ускараскаўся на лаву, падцягнуўся за падаконнікі і ўстаў, прыклаў вочы і губы да шкла. Нікога ў акне не было, і за акном пуста. Зялёны падворак, трава-мурава, кура на ёй. Ён спачатку і падумаў на куру: яна яго чапала. Але тая глядзела сабе пад ногі, штосьці дзяўбла раз-пораз, незадаволена сакатала, а потым і зусім знікла. Кура знікла, а чыёсьці вока ляжала на ім. Ён круціў галавой, ішоў на розныя хітрыкі, заплюшчваў вочы, хаваўся за падаконнік, а потым нечакана выглядваў, каб захапіць знянацку гэтага нябачнага. Але ўсё было, як і раней, як і раней; цёплая далонь на яго галаве, чыёсьці цёплае вока на яго твары – нікога. Тады ён узяўся за тое, што стаяла на падаконніку. А стаяла там пузатая бутэлька, закаркаваная коркам з паперы. Яму ніхто не перашкодзіў адкаркаваць гэтую бутэльку – бацькоў дома не было, здаецца, іх як бы і зусім не было. Яны з'явіліся ў наступную хвіліну, выраслі нібыта з-пад зямлі, ён каўтнуў з бутэлькі чагосьці нядобрага, злога, пякучага. Ён выпусціў з рук бутэльку і зароў, што было моцы, як бугай, і апынуўся на руках жанчыны з чорнымі косамі, якая плакала амаль што так, як і ён. А каля іх бегаў, мітусіўся вялізнага росту, вышэй за Захар'ю, вышэй за ўсіх, каго яму даводзілася бачыць потым, мужчына. І дзіўна, мужчына таксама плакаў. І ўвесь час прыгаворваў: «Балюча, балюча, балюча... Мужчыны не плачуць, мужчыны не плачуць...» – і слёзы беглі па яго твары. Лецечка цягнуўся да яго запэцканай у смале, вільготнай ад слёз і поту рукой, другой рукой абдымаў за шыю жанчыну і ўгаворваў іх абаіх: «Не плач, татачку, не плач, мама...» – і плакаў за іх дваіх і за сябе, таму што не мог трываць ад болю і агню. Жанчына і мужчына былі яго бацькам і маткаю. Ён быў іх сынам. І хапіў на акне з пузатай бутэлькі воцату. Воцату, таму што, акрамя бацькі і маці, быў яшчэ хтосьці трэці, які ўсплёскваў далонь аб далонь і галасіў: «Ой п'яніца будзе, ой горкі, запойны, з малых год ужо да бутэлькі, да таго, што найгарчэй, за воцат, за воцат».

І ўсе трое з'явіліся і зніклі, як расталі. Маці знікла імгненна, нібыта яго выхапілі ў яе. Была – і няма ні следу, ні памяці, чорная бездань. А мужчына як трапіў усё роўна ў туман і плыў кудысьці ў густым тумане, туман хаваў яго. І вось што зусім незразумела: туман ахутаў толькі мужчыну, ён, Лецечка, быў побач з мужчынам, бег за ім, але яму сляпілі вочы сонца, пясок, і трава была пад нагамі, і карэнне якіхсьці дрэў. Ён бачыў сябе, высвечанага на пяску сонцам, у белай стракаценькай кашульцы, у чорных з лямкамі кароткіх штоніках, басанож, бачыў свой спатнелы твар з дзвюма сцяжынкамі ад слёз, пазбіваныя аб карэнні дрэў і не вельмі чыстыя ногі. А бацькавых ног, што на іх было – чаравікі ці боты, – што на ім было надзета да пояса, не бачыў, не памятае. Да пояса бацька быў паглынуты туманам, а вышэй пояса – ахоўнага колеру гімнасцёрка і вінтоўка на шэрым рамяні цераз плячо. Твару няма – парослая светлымі мяккімі валасамі загарэлая шыя. Гімнасцёрка, вінтоўка, шыя таксама часам знікалі з вачэй. Пасмамі наплываў туман, і ўсё патанала ў гэтым тумане. Толькі востры штык не хаваўся ў тумане, ён пранізваў, праколваў туман вострым джалам, рэзаў, успорваў яго лязом і рухаўся – нібыта не чалавек нёс яго, а ён сам па сабе вырваўся, вырас з зямлі, з туману і сам сябе нёс над зямлёй і туманам. Так ён увайшоў, так і застаўся ў вачах Лецечкі, калі бацька знік ужо зусім. І цяпер гэты штык у яго вачах. У яго вачах набывае нейкую пэўнасць, рэальнасць і той, трэці: «Ой п'яніца будзе, ой горкі, запойны...» Старая гэта, бабулька, і, здаецца, як ні то баба Зося?

– Баба Зося, ты была заўсёды? Колькі табе гадоў, баба Зося?

Баба Зося сядзіць на крэсле каля белай, засланай белай сурвэткай, казённай, на два аддзяленні тумбачкі. У яе пакоі паўзмрок, акенца глядзіць на поўнач. Паўднёвы пакой аддалі ім: Лецечку, Козелу, Марусевічу.

– Заўсёды я была, Лецечка, заўсёды. Я старэй за зямлю ўжо, зажылася.

Лецечка прапускае гэтыя яе словы, не, не гэта ён хоча пачуць ад яе: ці была яна ў тым дні, калі ён апёкся воцатам? Ці не яго яна бабулька, а мо і маці? Ці не сын ён яе, той самы, якога ў бочку? А ён з бочкі вылез потым. Выбіў дно і выйшаў...

– Чаго гэта цябе на воцат пацягнула, Лецечка? П'яніца да бутэлькі цягнецца. Ой п'яніца будзеш, ой горкі...

Была, была... Дык чаго ж яна тоіцца ад яго, чаму не прызнаецца, што яна яго бабулька, а мо і маці.

Забыла яго. І цяпер не памятае, а мо і памятае, ды баіцца, што іх абаіх з дзетдома выганяць і яна не здолее пракарміць яго. Дык яму ж так мала трэба. І ёй ужо мала трэба. Пойдуць у вёску, купяць карову, карова іх пракорміць, пражывуць, не прападуць. Недарма ж на базары гаварылі, што жыццё цяпер іншае пайшло, лягчэйшае. Даюць сёння жыць усім. Ды і Захар'я ім не чужы, дапаможа, ён добры, добры... Аднак калі яна не адкрыецца яму – ён ёй не адкрыецца. Ён толькі вызнае, неўпрыкметку выпытае, што было з ім потым, потым...

– А што стала потым? – ахвотна ўцягваецца ў гаворку баба Зося. – Усім вядома, вайна...

– А далей, далей, бабуля? – Лецечка пільна ўглядаецца ў твар бабы Зосі, шукае падабенства з сабой. І не знаходзіць яго: яна старая, ён малады. Згадвае, што ведаў бабу Зосю раней, ведаў гэтыя ўсохлыя немітуслівыя рукі, чуў гэты добры ціхі голас, глядзеў у гэтыя добрыя блакітныя вочы.

– І далей, вядома, унучак, немец прыйшоў... І далей, унучак, вядома. Усе з тваёй бутэлечкі воцату каўтанулі. Хто болей, хто меней, каму колькі наканавана. Ты дык і ўсю бутэльку выпіў да дна. І я добра прылажылася. Чалавек мой загінуў, сыноў выправіла ваяваць... Бацька твой выправіўся на вайну... Хата згарэла... А дзяцей маіх меншых... – Баба Зося змаўкае, пазірае ў акно, глядзіць на Лецечку і ківае галавой. А галава ў яе белая-белая, сівая-сівая, вочы белыя, выплаканыя. Наўрад ці яна яго бачыць цяпер.

– Маці мая таксама згарэла? – палохаецца яе невідушчых вачэй, яе сівізны і цішыні Лецечка.

– Усе на вайне згарэлі, хто душой, хто целам, як каму наканавана. Усе мы пасля вайны пагарэльцы, Лецечка. Пасля вайны пайшлі па свеце, Лецечка, сіраты, дзетдомы, жабракі.

– А дзе я быў да шпіталя, да палацяў, баба Зося? Як я трапіў у тую хату на палаці? Ты што, кінула мяне?

– Што ты, Лецечка, чаўпеш абы-што, што ты на мяне напрасліну ўзводзіш? Як гэта я магла цябе кінуць? Прыбіўся да мяне ў вайну хлопчык адзін гадкоў васьмі, дык я яго даглядала, па старцах з ім хадзіла да апошніх яго дзён. Сама для сябе не стала б прасіць, а як пагляджу на яго, што яму яшчэ жыць трэба... А ты мне такое вярзеш, папракаеш мяне. Як мне ад цябе такое слухаць. Колька... – і баба Зося заплакала. – Я са шпіталя сюды прыйшла, каб за табой прыгледзець. Прыкіпела я сэрцам да цябе, ты мне ўжо – як свой. Былі ў мяне і сыны, унук тваіх гадкоў. Мо гэта ты і ёсць...

– Дык ты не ведала мяне раней, да шпіталя, бацьку і маці маю не ведала? – Лецечка спытаў бабу Зосю, ужо ведаючы адказ, разумеючы, што пытаць аб гэтым не варта, няхай бы заставалася падманлівая, але такая прывабная надзея не толькі яму, але і бабе Зосі: як бы яна не адна на гэтым свеце, як бы ў яе ёсць хтосьці родны, кроўны, ці то сын, ці то ўнук. Але штосьці і абуралася ў ім, патрабавала праўды, страшнай, горкай, ды праўды, якая яна ні ёсць. Праўды ён праг усё жыццё, сам гаварыў усім толькі праўду. Спачатку саромеўся: цяжка гаварыць праўду, калі яна датычыць не цябе. Але мужчыны не толькі не плачуць, але і не лгуць. А на тую часіну яму ўсё ж карцела і схлусіць, схітраваць не дзеля сябе, а дзеля бабы Зосі. Патрэбна бабе Зосі, каб ён быў яе сынам ці то ўнукам, няхай, яго не ўбудзе. Баба Зося сядзела перад ім маленькая, маўчала і маўклівасцю сваёй прасіла аб літасці. І ён не стаў чакаць яе адказу, толькі злосна ляпнуў дзвярыма. Ляпаннем гэтым выказаў нязгоду з хлуснёй, якая толькі закалыхвала, але нічога не паляпшала. Ён разумеў, што з гэтым нявыказаным, недагавораным жыць яму далей будзе больш цяжка. Трэба будзе працягваць хлусіць, памнажаць хлусню, жыць у хлусні. А навошта, каму гэта трэба? Навошта існуе хлусня, нават добрая? Яму ад яе няма дабра.

І гэтае адчуванне няпэўнасці перашкодзіла яго радасці, калі ён убачыў на дзетдомаўскім падворку каля калодзежа Лену Лазу. Лена піла ваду з вядра, паставіла яго на край зруба і піла, і сонца, якое было ўжо на схіле, ужо амаль што схавалася за макаўкамі ліп, цікавала за ёю чырвоным вокам, падглядвала, як яна п'е. Вада вылівалася з вядра, трапляла за выраз сукенкі, на босыя, падпаленыя сонцам ногі. Лена, як застоенае жарабё, перабірала нагамі, нібыта апякалася вадой, падымала галаву, устрэсвала валасамі і зноўку прыпадала да вядра, і зноў вада гулліва струменіла за выраз сукенкі, пырскала на босыя ногі, і Лецечка здзіўляўся: колькі ж гэта можна піць! Вось ужо і сонца схавалася за ліпамі, і яму, Лецечку, ужо самому карцела прыпасці да вядра, каб аж заламала зубы. Вада ў дзетдомаўскім калодзежы была на дзіва сцюдзёная. У глыбіні на зрубе, каля самай вады, яшчэ да гэтай пары трымаўся лёд. І Лецечка накіраваўся да Лены, каб следам за ёю з такой жа асалодай прыпасці да вядра. Але тут да калодзежа на веласіпедзе падруліў Грыб, штосьці сказаў Лене – Лецечка нічога не чуў. Лена пырснула смехам, як сцюдзёнай вадой, і падала Грыбу вядро. І Грыб піў таксама прагна, як толькі што Лена, нібыта высмяг ён увесь. Потым яны, смеючыся ўжо разам, плёхнулі ваду на зямлю, кінулі вядро ў калодзеж: набіраючы хуткасць, усё хутчэй мільгаючы, проста б'ючы па вачах бліскучымі ручкамі, закруціўся калаўрот, і пакрыўджанае вядро пайшло гуляць па зрубе. Ланцуг яшчэ працягваў раскручвацца, дзілінькаў, тоненька і таксама пакрыўджана, як выгаворваў, за штосьці, а Лена скочыла на раму веласіпеда, Грыб абняў яе, ашчаперыў рукамі руль, прыціснуўся да Лены грудзінай і пакаціў, паварочваючы на ліпавую алею, на якой дзень ці то два назад Лецечка цалаваў Лазу. І тое, што яны абралі менавіта гэтую алею, балюча абразіла Лецечку, абурыла яго. Ён не вытрываў, пабег за імі, каб выказаць усё Лене, хто яна такая ёсць.

Але выказваць яму нічога не давялося. Не даязджаючы некалькіх метраў да чырвонай цаглянай сцяны, тупіка, Грыб і Лаза ўпалі з веласіпедам у траву і не падымаліся. Папаўзлі ад веласіпеда. Лецечка яшчэ нейкі час паглядаў, як круціцца задняе кола веласіпеда, чырвона ўзбліскваюць у заходзячым сонцы нікеляваныя спіцы. Было ў іх узбліскванні штосьці аголена-сараматлівае, што балюча джаліла вочы. Лецечка хапатліва адвярнуўся і пабрыў прэч, разважаючы, як гэта ўсяго толькі якіхсьці пару дзён назад яму магло прыйсці ў галаву, што ў яго з Ленай Лазой будуць дзеці. 3 Ленай Лазой у яго ніколі не будзе дзяцей. «А вось у цябе будуць, будуць дзеці, і вельмі хутка нават, – сказаў ён помсліва, адрасуючы свае словы Лене. – Вось будуць у цябе дзеці, тады спазнаеш...» Але што павінна спазнаць Лена тады, ён не ведаў і не хацеў думаць аб гэтым далей, не хацеў тлуміць галавы. Зашчымела, зашчымела на душы, агарнулі маркота і тужлівасць, яго яшчэ не пакідала, жыла яшчэ ў ім хлусня, што нарадзілася ў пакоі бабы Зосі. І не было куды сысці, не было нікога, з кім можна было падзяліцца гэтаю крыўдаю, не было каму пажаліцца, паказаць свае раны. А яны ўжо смылелі, крывавілі, і кашлем ірваўся вонку боль, ён уціскаў у сябе гэты кашаль, каб яго, не дай бог, не пачулі Лена з Грыбам. Навошта ім там, у траве, чуць, як хтосьці, дзесьці зняможана і надсадна кашляе, кашляе ён, Лецечка, той самы Лецечка, які колісь цалаваў Лену, цалаваў тымі самымі губамі, на якія цяпер набягае кроў. Няхай яны ніколі не дазнаюцца аб гэтым. Няхай ёй, Лене, будзе хораша з Грыбам, як яму, Лецечку, было хораша, калі ён цалаваў яе ў прызначаныя Грыбу вусны. Хай Лена ніколі не зведае яго пакут, не будзе памятаць, што і ў яго на гэтай алеі...

Тут кагосьці прарвала тым самым пранізлівым, яго, Лецечкавым, крыкам, які ён душыў у сабе разам з кашлем і ўжо быў прыдушыў. Лецечка ад нечаканасці нават прысеў: каго гэта так разбірае, хто гэта так раўнуў за яго? Раўнула машына, узняла ўсю Слабаду – новенькі, зялёненькі, што жабянё, «газік». Дзетдомаўскі шафёр, малады і шалапутны хлопец, выправіўся па гэты «газік» яшчэ на тым тыдні і вось прыгнаў. І як звар'яцеў ад радасці, заклікаў дзетдомаўцаў парадавацца разам з ім. І дзетдомаўцы абмацвалі, абхаджвалі «газік» з усіх бакоў, як тыя цыганы кабылу. Машына, нічога не скажаш, як лялька, і блізка не радня той, якая была да яе, палутарцы, ці, як звалі яе дзетдомаўцы, палундры. І менавіта з-за сваёй прыгажосці, з-за сваёй лялечнасці новая машына і не спадабался Лецечку, яму было шкада тую сваю, родную палундру, якую на тым тыдні звялі з падворка. Звялі ў літаральным сэнсе, як зводзяць на салатопку з'езджаную клячу. Перад гэтым шафёр выдраў з яе чэрава якіясьці трубкі і патрубкі, адкруціў люстэрка, выкруціў якіясьці прыборы:

– Нічога, новая будзе. Усё роўна хана, адбегала сваё, старэнькая...

А Лецечка парадніўся ўжо з той, старэнькай. Яна была яму – як сястра, яна была яму дзетдомаўкай, такой, як і ён сам, яна прыйшла ў дзетдом нават раней за яго, зрэдку бабулька-палундра падвозіла і яго, вазіла ў вобласць і тут, па Слабадзе, катала. Вазіла не толькі Лецечку, але і гасцінцы дзетдомаўцам з вялікага горада, прысмакі розныя, ласункі. Калі Лецечка збіраўся ў вялікі горад, ён пытаў у Козела ці Стася, што ім прывезці. Тыя звычайна адказвалі: батончык. І ўсе іншыя дзетдомаўцы давалі яму такі наказ: прывезці батончык. І давалі на батончык грошыкі. На цукеркі не хапала, а белая гарадская булка-батон была не меншым ласункам і дзівам, чым тыя ж цукеркі. Колькі гэтых батончыкаў на бабульцы-палундры перавазіў Лецечка? Да чаго ж разумная была бабулька і паслухмяная! Колькі ж у яго, Лецечкі, і іншых дзетдомаўцаў радасці і горычы ад успамінаў аб той бабульцы! Яна такая зычлівая, столькі добрага зрабіла яму, так дбала, так рупілася, як мурашка з дня на дзень, не ведала аддышкі. Нізенькая, няўклюдная, не вельмі і ходкая, але колькі вытрывала на сваіх плячах усяго, колькі перавезла і прадуктаў, і адзення, і сена, і дроў, і пяску, і гліны, і ўсялякага іншага дабра! Хрыпела і кашляла, але цягнула, усё цягнула. Яна прайшла фронт, самае пекла, бачыла вайну не здалёку, а, як радавы пехацінец, ваявала, толькі мо поўзаць не ўмела па-пластунску, а мо і ўмела, бачыла забітых і параненых, і сама не раз была параненая, знявечаная вярнулася з вайны і адразу без адпачынку пачала дагаджаць дзетдомаўцам, бачыла яшчэ першых дзетдомаўцаў, галодных і абадраных, іх слёзы, раны і вошы. Яна адолела такое, што і згадаць цяжка, прайшла, перамагла слабадзянскія гліны і пяскі, навакольныя гаці і броды – бездарожжа. Яна была як салдат, рабочы, калгаснік, тутэйшая, мясцовая. І вось цяпер, калі няма ні вайны, ні голаду, калі і да іх мясцін дацягнуўся асфальт, няма таго бездарожжа–няма і палундры. Лішняй, непатрэбнай стала і палундра, як недарэчнасць нейкая. Замест яе нахабны, сыты і моцнагалосы «газік». І Лецечка касавурыўся, разглядаючы яго, адчуваў, як выспявае ў ім нейкае нечаканае пачуццё віны і суму, як бы ён штосьці зрабіў не так, дзесьці пакрывіў душой, таму і не стала палундры. Добрая, нічога не скажаш, добрая новая машына. Але што з таго, што яна добрая, новая і сэрца-матор у яе не спрацаванае яшчэ, куды дужэйшае за сэрца палутаркі, што з таго, што яна можа больш вазіць грузу. Так, яна абыдзе, перагоніць палутарку, а калі яе спытаць, дзе яна была, калі палундра ваявала, гразла ў балоце, вось што яна адкажа на гэта? Не, ніколі не стане гэтая новая машына такой жа роднай Лецечку, як і палундра, ніколі не зойме ў яго сэрцы такога месца. Разам з ёю, мроілася яму, пагналі, выкінулі на звалку і яго, аднолькава абышліся з палундрай і з ім...

А ўсе вакол як звар'яцелі разам з шафёрам. А пра тое не думаюць, дурні, што ў іх ніколі-ніколі не будзе такой еднасці і роднасці з гэтай новай машынай. Не будзе, таму што яна новая, новая не машына, а істота, што яна гэтай сваёй новасцю і дужасцю адасоблена ад іх, існуе самастойна. Не думаюць... варта было іх толькі паманіць новай прыгожай цацкай, пра ўсё на свеце забылі. Вось так зусім скора яны забудуць і яго. Козел і цяпер не хоча яго заўважаць...

– Атанда, хлопцы, шухер, шухер... – па двары, вочы навылупку, бег Ванька – Бурачок-малодшы. – Бурачка-старэйшага б'юць. Усіх Бурачкоў забіваюць... Капцы... Вера Канстанцінаўна ў канцылярыі... За хлеб, за хлеб... Гэта ты, Лецечка, ты, Лецечка, вінаваты...

Лецечка з Козелам, а разам з імі і астатнія хлопцы рынуліся да канцылярыі.

Цяжка сказаць, біла ці не Вера Канстанцінаўна Бурачка-старэйшага. На той час, калі Лецечка ўварваўся ў канцылярыю, Бурачок, закрыўшы далонямі твар, ціснуўся ў куток, а Вера Канстанцінаўна абаперлася адной рукой на стол, а другой раз-пораз узмахвала і пры гэтым штосьці злоснае выгаворвала Бурачку. На падлозе каля яе ног ляжала лінейка, магазінны метр, якім мераюць матэрыю. Прыкмеціўшы Лецечку, Вера Канстанцінаўна адарвала руку ад стала і пацягнулася па лічыльнікі, якія ляжалі каля яе рукі на стале. Навошта спатрэбіліся выхавацельніцы гэтыя лічыльнікі, пацягнулася яна па іх інстынктыўна, са спалоху ці абараніцца імі хацела – Лецечка не разважаў, што да чаго. Ён вырваў з рук выхавацельніцы лічыльнікі, хутчэй нават яна сама адпусціла іх. Вера Канстанцінаўна глядзела на яго спалоханымі рудымі вачыма і маўчала. І жах выспяваў у яе вачах, жуда, таму што там, за спіной у Лецечкі, ужо стаяў амаль у поўным зборы ўвесь дзетдом. Хлопцы і дзяўчаты стаялі моўчкі, і маўчанне было зацятае.

Закрыўшы твар і вочы рукамі, нібыта імкнучыся схавацца і схаваць ад Бурачка, Лецечкі, ад усіх дзетдомаўцаў жах і жуду сваю, Вера Канстанцінаўна кінулася да парога. І пабегла. Пабегла з канцылярыі. 3 дзетдома. Назаўсёды. І што з ёй стала потым, Лецечка не ведаў і не хацеў ведаць. Гаварылі пасля, што яна прымала ўдзел у начной аблаве на дзетдомаўцаў, якія прыйшлі ў дзетдом з калоній і ўзламвалі ноччу ларок. Але аблава гэтая знамянальная адбылася потым ужо. Потым... калі Лецечка ўжо не мог нічога аб ёй ведаць. Не стаў ён сябрам і Бурачку-большаму, хаця той хадзіў за ім ледзь не па пятах, гатовы быў лізаць яму, як той Асталоп, рукі. Лецечка ж пазбягаў гэтага сяброўства. Ён хацеў забыць, зусім-зусім забыць і Веру Канстанцінаўну. Іншае цяпер хвалявала яго, іншым ён быў заняты. І занадта мала на гэтае іншае заставалася ў яго часу. І наўрад ці быў ён у гэтыя дні дзетдомаўцам. Дзетдом пачаў адыходзіць ад яго ў мінулае амаль што ў тое імгненне, калі ён абараніў ад выхавацельніцы Бурачка, калі ён... так, выратаваў ад дзетдомаўцаў Веру Канстанцінаўну.

І меней за ўсё яму патрэбны былі чые б там ні былі падзякі. Яны нават абражалі яго, было ніякавата, калі яму дзякавалі. Дурні, нічога яны не разумелі. Нічога...

Вочы ў вочы, пакорлівая ўнуранасць аднаго, жах і жуда ў вачах другога. Што можа быць больш страшнае за гэта? Што?


Загрузка...