Колькі памятае сябе Лецечка-Ліхалецечка, ён ніколі не жыў, а ўвесь час паміраў. Паміраў летам, калі яго равеснікі ад ночы да ночы гойсалі па вуліцах, да крыві разбівалі галовы і ногі. Паміраў, калі ўсе спалі, восенню і зімой, і ў жыццё гэтае ён з'явіўся са смерці – так яму гаварылі дарослыя. Але аб гэтым ён нічога не ведаў і не памятаў і асабліва не задумваўся, нікога не распытваў. З'явіўся і з'явіўся. Вася Козел, Стась Дзыбаты, Ваня, Маня і Андрэй Бурачкі – часовыя недаробкі, якіх час ад часу з-за той ці іншай хваробы заганялі ў ізалятар, таксама не ведалі і ніколі не ламалі галавы, адкуль яны ўзяліся, з'явіліся такімі на белы свет.
Першая памяць Лецечкі аб сабе – гэта ляжыць ён на палацях каля печы, дзе, у якім месцы, у якім годзе – невядома. Палаці з негабляваных дошак, у шчылінах, чорныя, у чорным куце каля чорнай печы. Пад ім, пад Лецечкам, дзяружка, пад дзяружкай сена ці салома, тое, што было калісьці сенам ці саломай, а цяпер пацяруха, збітая ў камякі, змолатая ў муку, закінутая дзяружкай. Дзяружкай накрыты і Колька Лецечка. Над ім рой мух і блохі. Столь заседжана мухамі да чорнага крапянога бляску. Мухі лезуць на Лецечку нахрапам. Ён душыць іх і лаецца, таму што больш нічога яму і не застаецца рабіць, нічым іншым ён не можа дапамагчы сабе. Ногі ў яго мёртвыя, нерухомыя. Час ад часу Лецечка адкідвае дзяружку і разглядае свае ногі. Не з цікаўнасці і жалю да іх, з нуды. Пад дзяружкай ён голы, і ногі ў яго ўсіх адценняў, рознай масці: і сінія, і блакітныя, і жоўтыя, і рудыя. Мо ад гразі, мо ад хваробы, а мо яны такія павінны быць, ногі ў чалавека. А ён – чалавек, гэта Лецечка ведае. Ды калі б ён быў зверам, ці ўлежаў бы ён цяпер у гэтай хаце? Чорта лысага...
Людзей вакол сябе не памятае, ніводнага чалавечага твару, постаці. Былі якіясьці постаці, хтосьці хадзіў, валюхаўся. Але Колька з імі не гаварыў і ад іх нічога, акрамя лаянкі, не чуў. Не памятае ён і змены дня і ночы. Здаецца, і не спаў ён у той час: вочы заўсёды адплюшчаны былі, як чакалася чагосьці, а чаго – невядома. Але ад гэтага спрадвечнага чакання вочы ў яго ўжо тады сталі пукатымі. Можа, і не ад чакання, магчыма, ад голаду. Хаця асаблівага голаду ён таксама не памятае. Увогуле не памятае патрэбы есці. Калі спіць чалавек, ці да яды яму? А гэта якраз быў час яго сну. I колькі сон той цягнуўся, цяжка адказаць: год, два, век? Для яго, для Лецечкі, пэўна, век, а для іншых... няхай іншыя самі і лічаць, калі ім трэба.
Праляжаў ён той век, імглісты, цёмны, на палацях. Не сатлеў, не спрах, не распаўся. Потым пачаўся век другі, сярэбраны, светлы, але, бадай што, больш цяжкі і доўгі, чым той, імглісты, цёмны, таму што быў ён ужо з памяццю. Пачалася гэтая памяць вясновым ясным днём з болю, страху і жаху. Уварваліся людзі ў шэрых доўгіх шынялях, разам з дзяружкай зграблі яго ў ахапак і панеслі з хаты на паветра. I што перажыў Лецечка ў тую хвіліну, калі спатыкнуўся позіркам першы раз аб снег, калі першы раз на ўсю моц хапіў свежага паветра і захлынуўся, абурыўся, што нідзе няма паратунку ад гэтага снегу і паветра... Ён і выў, і прасіўся, умольваў пашкадаваць яго, і пляваўся, і драпаўся. А што ўжо лаяўся, дык наўрад ці гэтым людзям у шынялях, апаленых порахам, даводзілася і чуць такое.
Адзін з іх нават узяўся запісваць за ім. А Лецечку сутаргава выварочвала адчаем, болем і мацюкамі. Больш тады ў ім нічога і не было: адчай, скура, косці, вочы, боль і мацюкі. Апошнія –дзвюх моў: па-руску і па-нямецку.
Але пакуты Лецечкі толькі пачыналіся. Яго доўга кудысьці везлі на белым у яблыках кані, па белай дарозе. Потым зноў неслі на руках. I прынеслі ў бялюткі, такі бялюткі, што выдзірала вочы, пакой. А перад гэтым зноў быў страх гасподні. 3 яго садралі дзяружку і, як у мора, кінулі ў ванну з вадой. Дзве медсястры і салдат ледзь саўладалі з ім, памылі яго. Медсёстры абяцалі яму цукру, салдат зацікаўліваў аўтаматам. Але што той цукар, што той аўтамат, калі вас жыўцом абварваюць у вары, калі вы дажылі ўжо да розуму, а не зведалі, што такое цёплая вада, калі вы баіцеся гэтай вады больш, чым агню.
– Здоров, ефрейтор, – сказаў салдат, калі ўжо нёс яго з ваннай у палату. – Женить тебя надо, а не в госпиталь.
Што адказаў яму Лецечка на гэта, якімі словамі аддзякаваў, нельга тут і перадаць, і з гэтых яго гарачых слоў і пачаўся новы Лецечкаў век, век жахліва доўгі, які і сёння ўганяе яго ў халодны пот. Не злічыць, колькі разоў ён збягаў, а дакладней, поўз са шпіталя з надзеяю адшукаць тую хаціну, з якой яго выцягнулі чырвона-армейцы, знайсці тыя палаці. Яго лавілі, спачатку ў калідоры, а потым ужо на лесвіцы: Лецечка ляжаў у палаце на другім паверсе, – потым на двары, непадалёку ад шпіталя. Замілавана здзіўляліся: «До чего же упрям пацанище, как он стремится быстрее стать на ноги». А ён зусім не хацеў на ногі. Ён ужо звык на карачках, яму ўжо зручней было на карачках. Але Лецечка маўчаў. Прыгадваў дарогу, па якой яго везлі. Днямі адчужана глядзеў у акно, за якім ужо ружавеў бэз, а ноччу на карачках наладжваўся ў дарогу. Яшчаркай шмыгаў з палаты, і чуйныя няні і сёстры і цяжкараненыя, што не спалі начамі, не маглі прысачыць за ім.
Запаветнай марай Лецечкі было выпаўзці са шпіталя, а там, там ён ужо ведаў, што рабіць. I ён выпаўз ужо на сходзе лета, выпаўз за агароджу. I ад радасці, што здзейснілася, не прыкмеціў таго і сам, як ухапіўся за слупок і стаў на ногі. Так, не ўсведамляючы таго, што адбылося, ён усе ж адчуў не столькі ў сабе, як навокал, нейкую дзіўную нязвыкласць.
Усё стала раптам далёкім і маленькім. То, калі ён поўз, на вочы яму трапляліся ўсялякія казяўкі, чарвякі, павукі, ліст лопуху быў як прасціна – засціў белы свет, сцяблінка кураслепу, жытняя саломіна выглядалі з калоду. А цяпер... Навалач нейкая. Усё жывое як вымерла, усе рэчы зніклі – дрэў жа, будынкаў з-за іх вялізнасці ён не браў у разлік і раней.
I вось, стаіўшыся за агароджай шпіталя, са здзіўленнем разглядваючы гэты новы, невядомы яму свет, Лецечка зразумеў, што нікуды ён болей не пойдзе ад гэтых добрых людзей. Больш таго, ён ніколі і не імкнуўся збягаць ад іх. Проста вучыўся хадзіць. I пайшоў.
Лецечка адняў рукі ад слупка і грымнуўся вобзем. I знаёмы свет, свет казявак, чарвякоў, павукоў, сцяблінак і лісцікаў, зноў знаёма расчыніўся перад ім. Але Лецечка цяпер ужо адрынуў яго. Ён адрынуў ад сябе ўсё гэта, што поўзала, смактала. Ён хацеў хадзіць. Глядзець на дамы, заглядаць у іх вокны, бачыць дрэвы і птушак.
I ў дзетдом Лецечка прыйшоў сваімі нагамі. Без прозвішча, без імя, але сваімі нагамі. Ніхто, праўда, не адзначыў, не заўважыў гэтага, і Колька звяў. Яму столькі напелі пра дзетдом: і свабода там, і хлопцы ёсць, і есці тры разы гарачае даюць, і чацвёрты раз даюць – полудзень, і выхавацельніцы добрыя, уважлівыя. Ён наслухаўся гэтых песень і як падарунак таму цудоўнаму дзетдому нёс свае ногі. А ў яго патрабавалі прозвішча і імя, і імя па бацьку, і год нараджэння. А хвароба яго ведае, дзе гэта ўсё ўзяць, хоць красці ідзі. Ды ці ўкрадзеш яшчэ ўсё гэта: бацьку, матку, прозвішча? Колька разгубіўся і засумаваў. Дапамагла яму нянька, што прыйшла разам з ім са шпіталя.
– Лецечкам гэтым ён на ногі ўстаў, хай і будзе Лецечка. А імя напішыце па майму сыну. Мікалай, Мікалай Мікалаевіч, царства яму нябеснае. Яно хоць і нягожа, што загінуўшага імя бярэ, ды можаце спакойненькія быць. Род наш крэпкі...
– Згодзен ты быць Лецечкам Мікалаем Мікалаевічам? – перапыніла няньку дырэктарыха дзіцячага дома, маладая жанчына, белая і кучаравая. – Не згодзен – можаш іншае прозвішча падабраць: Няпомняшчых, Салдатаў...
– А Маршалаў нельга? – спытаў Лецечка з падкалупкай.
Дырэктарыха разгадала гэтую яго падкалупку і ўсміхнулася.
– Нельга, – сказала яна. – Маршалаў у нас мала, а вось генералаў многа. У нас ужо ёсць адзін Генералаў, хочаш – можаш і ты запісацца Генералавым.
Кольку спадабаліся ўсмешлівасць, памяркоўнасць, і голас дырэктарыхі спадабаўся. Але другім Генералавым ён не пажадаў стаць. Калі ўжо ёсць адзін, навошта другі. Ды, можа, яшчэ той, першы Генералаў смаркаты які. Радуйся потым, гледзячы на гэтага смаркатага Генералава нумар адзін.
– Дык як цябе пісаць? – дырэктарыха падняла ад папер галаву і паклала на стол ручку, нібыта перадумала пісаць, хацела пакінуць яго без прозвішча. – Можа ты сваё прозвішча ўспомніш? Рука ў мяне не ідзе запісваць гэтыя прыдуманыя прозвішчы.
Лецечка бачыў па вачах дырэктарыхі, што сапраўды не падымаецца ў яе рука пісаць, што вельмі проста ён можа застацца без прозвішча. А без прозвішча яму цяпер ужо не хацелася.
– Пішыце, чаго ўжо там, чарніл няма? Паплюйце на пяро: Лецечка пішыце.
– Вось і добра, вось і добра, – усміхнулася зноў дырэктарыха. – А то адразу Маршалаў. Вырасцеш – станеш маршалам. Маршал Савецкага Саюза Лецечка! А то што за маршал – Няпомняшчых, Салдатаў. Маршал Лецечка – іншая справа. Гучыць?
Колька прымераў толькі што атрыманае прозвішча да сябе і адчуў, што і на самай справе гучыць. I зліўся, зросся са сваім прозвішчам, не аддзерці, сякерай не адсекчы ўжо гэтае прозвішча ад яго. Нарадзіўся ён з гэтым прозвішчам, рос з ім. I было яно яму ўжо дарагое, сваё, роднае, цёплае, якраз па ім, як чаравікі, што ў самы раз: не ціснуць, не хлябаюць, для ўсякай дарогі падыходзяць, і для будняў, і на выхад у святы. Вось што значыць добрае прозвішча, вось што значыць – па табе прозвішча. I крыўды ніякай, што не заўважылі, як ён трывала стаіць на нагах.
Запісалі Кольку Мікалаем Мікалаевічам Лецечкам, руку паціснулі і адправілі ў ізалятар, як бы каранцін прайсці, а выйшла – навек. I век гэты стаў самым доўгім, і самым кароткім, і самым шчаслівым у жыцці Лецечкі. Самым шчаслівым і... самым нешчаслівым.
Самым доўгім, таму што ўвабраў ён у сябе цэлых дзесяць гадоў. I гады гэтыя прамільгнулі для Лецечкі – як адно лета. Паспеў толькі зайсці ў ізалятар і пабіцца адзін раз са Стасем Дзыбатым, а ўжо года і няма. Сеў за парту – і ўсе дзесяць праляцелі самалётам. А выйшаў на дзетдомаўскі двор, адзін толькі раз разбегся, урэзаў па скураным, набітым тырсой мячыку і войкнуў, упаў пад векавую ліпу. Дзень стаў векам, стагоддзем. I ўсё гэтае бясконцае, цяглівае стагоддзе хлопцы ганялі мячык, купаліся ў сажалцы, лазілі па садах, білі кагосьці з гарадскіх, а ён, Лецечка, ляжаў пад ліпай. Для дзетдома, каб пражыць у ім толькі дзень, нічога не значыць, што ў цябе ёсць прозвішча, што ў цябе ёсць ногі, каб пражыць дзяцінства, гэтага недастаткова, трэба яшчэ і сэрца, а сэрца ў яго было нікуды не вартае. Нават Маня, Ваня і Андрэй Буракі былі шчаслівейшыя за яго.
Але гэта сваё асабістае няшчасце, сваю хваравітасць, Лецечка не падкрэсліваў, не насіўся з ім, як з пісанай торбай, як, зрэшты, не насіліся і Стась Дзыбаты, і Васька Козел. Больш таго, яны зубамі і кулакамі біліся, каб быць такімі, як і ўсе. Біліся, змагаліся да пасінення, часам страчваючы прытомнасць ад непамернасці таго, што ўсклалі на сябе. I выбілі, адстаялі сябе і ў ізалятары. Пра іх гаварылі ў дзетдоме: «псіхі», але гаварылі з аглядкай, шэптам. Пра іх гаварылі і «недаробкі», але заўсёды толькі за вуглом і ніколі ў вочы: што з псіхаў возьмеш? А ім было напляваць, яны ганарыліся, што гэта пра іх так гавораць, што іх баяцца. Яны адгарадзіліся ад усіх устойлівай хваляй бальнічнага паху і за гэтай хваляй у сваім ізалятары і сваёй ізаляванасцю набылі такую свабоду і самастойнасць, аб якой усе дзетдомаўцы могуць толькі марыць і, марачы, уздыхаць: недасягальна.
Недасягальна ў дзетдоме, каб ты не быў падпарадкаваны рэжыму. Недасягальна, каб на трох было паўкрыла вялізнага будынка. Паўкрыла, куды амаль што не заглядваюць выхавацельніцы. На кожнага радыёнавушнікі. I ты можаш слухаць гэтае радыё, пакуль не пасінееш, пакуль там, на станцыі, не выключаць яго. Тумбачка на аднаго чалавека. I мноства-мноства іншых дробязных паслабленняў, тых самых дробязных паслабленняў, з якіх якраз і складваецца шчаслівы, неказённы побыт, дзіцячы, не загрувашчаны дысцыплінай, распарадкам свет.
I гэтым сваім светам, неказённым побытам Васька і Стась выхваляліся штодзённа і шточасна, як умелі, фарсілі ім і, не прызнаючыся, тоячыся нават адзін ад аднаго, пакутавалі ад яго, як пакутуе зімой пад ільдом нябачная рэчка. I не для прыгожага слова тут гаворана, што дзесяць гадоў, якія пражылі яны ў дзетдоме, у ізалятары, сцягнуліся ім як век. За дзесяць гадоў Васька Козел паспеў не толькі адрасціць горб, але і састарыцца. Гэта быў маленькі, сухенькі дзядок-каракаціца з маршчынамі на дзіцячым чыстым твары, з сухотнымі старэча-дзіцячымі крохкімі і кволымі костачкамі на гэтым жа твары, з цененькім і пісклявым голасам, зацяты і хітры. Калі Васька ішоў дзетдомаўскім садам, уяўлялася, што гэта ідзе гном, што ён з'явіўся з-пад дрэва, упаў з галінкі разам з яблыкам. I карцела падбегчы да яго, пашукаць у траве, знайсці і даць яму ў рукі кіёк, які ён згубіў.
Гном-Козел быў у дзетдоме першым матэматыкам і чэмпіёнам па шашках. Але ніхто не ведаў, з якой шалёнай лютасцю ён ненавідзеў гэтыя шашкі, як, тоячыся начамі, краўся да ленінскага пакоя, выдзіраў з рамы шыбку і, абдзіраючы горб, лез у акно, збіраў там шашкі і шахматы, паліў іх у грубцы. I з асалодай сачыў, як ахопліваюцца агнём чорная і белая фарбы на фігурах, асабліва любіў ён паліць коней. Быў радасны і потым, калі хапаліся гэтых коней, шашак і шахмат. Так помсціў ён у першую чаргу, пэўна, самому сабе, свайму гарбу за абдзеленасць дзяцінствам, за сваю абяздоленасць. За тое, што кожны год у школе за добрую вучобу, у дзетдоме – за перамогу ў шашачным турніры яго прэміявалі дошкай і шашкамі. Але гэтыя свае ўласныя дошкі і шашкі Козел бярог як вока, і ніхто дакладна не мог сказаць, колькі ён ужо іх назапасіў.
Стась Дзыбаты быў адкрыты ўсім, але на гэтую яго адкрытасць ніхто не мог глядзець без дрыжыкаў. Ніхто не мог пахваліцца, што да канца вытрымаў, разгледзеў твар Дзыбатага. Гэта быў не твар, а адзіная жывая рана, якая крычала і галасіла ўголас, рана з чырванню і сінню, нібы кветка, нейкая дзівосная і жахлівая, на якой усімі адценнямі вясёлкі палалі струпы, рубцы, ягадзіны і ледзякі даўніх апёкаў. I на гэтым жа, што ўганяў у дрыжыкі, твары – дзівоснай сілы і прывабнасці вочы, вочы спрацаванага, з’езджанага каня, які ведае ўжо ўсё аб тым, што яго чакае і пакорліва, але з жывёльным спрадвечным смуткам глядзіць, прыслухоўваецца да таго, як пакідае, выходзіць з яго жыццё. З’езджанасць каня была ў яго скразная, яна смугой лягла не толькі на твар, але і на новы, ды на ім, здаецца, ужо зношаны шэры каверкотавы касцюм, на грудзі, ногі, рукі – усё гэта ценька, празрыста, але без звону, з усхліпамі звонку і ўнутры. Яму, пэўна, было цяжка насіць не толькі свае сто дзевяноста сантыметраў, але і касцюм. I касцюм яму быў не толькі адзеннем, а і абручом, сашчэпкай, якая сашчапіла, з'яднала ў адзінае цэлае разладжанае, расхістанае цела. I пры ўсім гэтым Стась Дзыбаты быў улюбёны ў футбол, любіў яго да апантанасці, як, дарэчы, усе мы, чалавекі, любім тое, што забаронена нам і недасягальна.
Колька Лецечка... Што любіў ён, як выглядаў ён, якім ён быў... Увогуле, самым звычайным. Гарба ў яго не было, апёкаў і, крый бог, струпоў на твары таксама не было. Але і вельмі ўжо прыгожым ён сябе не лічыў і крыху нават шкадаваў аб гэтым, калі цішком разглядваў у люстэрка свой звычайны твар. Хацелася яму крыху больш і пунсовасці на твары, больш прывабнасці, носа іншага, вастрэйшага, точанага, рымскага, а не бульбачкай. Так, нос, здавалася яму, мог зрабіць яго прыгажуном. Але дзе ты тут возьмеш гэты рымскі нос, калі і вачэй змяніць нельга! Да рымскага носа, зразумела, патрэбны і вочы іншыя, цыганскія, а ў яго... паляшуцкія вочы: калі яшчэ не ўкраў чаго, дык абавязкова ўкрадзе. Да чорных вачэй пасавалі б і валасы кучаравыя, чорныя, з бляскам, цыганскія, а ў яго... Хату ці то хлеў саломай крылі, засталося трохі ад страхі, не доўга ламалі галаву, куды дзець, прызначылі яму рэшткі на валасы.
Але гэтую вонкавую непрываблівасць Лецечка надумаў запоўніць трываласцю духу, характарам, унутраным зместам. Ён выпрацоўваў у сабе волю, гаварыў усім толькі праўду і стойка зносіў усе крыўды, якія выпадалі на яго з-за гэтай праўды, не плакаў. «Мужчыны не плачуць» – гэта быў яго дэвіз. Трэба сказаць, што плакаць-то ён не плакаў, але слёзы іншы раз цяклі. Ніхто не ведаў, што ён выпрацоўвае ў сабе волю, рэжа ўсім праўду ў вочы не таму, што злы, а прынцып у яго такі.
3 гэтым прынцыпам яму асабліва нязручна стала жыць апошнім часам. Апошнім часам у дзетдом прыйшло шмат навічкоў, і некаторыя з іх прыйшлі ў дзетдом з калоній.
Стогне горад, стогне дзетдом ад гэтых хлопцаў, якія так нечакана для сябе атрымалі свабоду і вольніцу, звычкі ў іх ужо зусім іншыя, чым у дзетдомаўцаў, і спяшаюцца яны, спяшаюцца нацешыцца гэтай свабодай і вольніцай. Ідуць па горадзе чуткі, што на плошчы абакралі ларок: «I во дзіва, анічагусенькі не ўзялі, адны толькі запалкі...» Запалкі гэтыя патрэбны для «падпеканаў» – самаробных пісталетаў. Гарадскі цір у парку закрыўся на рамонт, а ў лесе страляюць з гэтых самых «падпеканаў» дзетдомаўцы, спаборніцтва ідзе там: чый б'е мацней. Дзень і ноч не пакідаюць дзетдом дырэктар і выхавацелі. Прыйшла новая выхавацельніца ў Лецечкаву групу. Не паспела ступіць на парог, пастроіла групу, абвясціла:
– Я сама папрасіла групу самых адпетых. Я іх зраблю людзьмі. Я прыйшла навесці парадак. I навяду яго. Занадта мякка тут да вас адносяцца, вось і развялі распусту. 3 гэтага часу ўсё будзе па-іншаму. Гэта я вам цвёрда заяўляю. Завуць мяне Вера Канстанцінаўна!
– Не, – сказаў Лецечка, – не.
Не даспадобы прыйшлася яму прамова новай выхавацельніцы.
– Што значыць тваё «не»? – спытала яго Вера Канстанцінаўна.
– Не веру я вам, – сказаў Лецечка. – Я тут даўно ўжо, даўно, Лецечка я. «И кто с мечом к нам входил, тот от меча и погибал». Так будзе і з вамі, гэта я вам гавару без падману, таму што заўсёды гавару толькі праўду.
– Вось з цябе і пачну, – сказала Вера Канстанцінаўна і нядобра зіркнула на яго цыганскім вокам і бліснула залатым зубам, зморшчыла рымскі нос, як усё роўна прынюхалася да яго гэтым рымскім точаным носам. I пачалася ў Лецечкі з новай выхавацельніцай-васпеткай – самая сапраўдная вайна. 3 дня ў дзень невядома за што цягае яго Вера Канстанцінаўна ў кабінет да дырэктарыхі. Парушана вольніца ізалятара. Парушана ў той самы дзень, калі Лецечка сказаў праўду, сказаў тое, што думаў аб новай «васпетцы». I шлюць праклёны Лецечку Козел з Дзыбатым. Яны, зноў жа па праўдзе кажучы, і ваююць з Верай Канстанцінаўнай, Козел ваюе, а ён, Лецечка, пакутуе ад гэтай вайны. У той жа самы дзень пасля сваей заявы Вера Канстанцінаўна пакінула на стале ў пакоі хлопцаў старэйшай групы капейкі. Як быццам забыла. Хлопцы зразумелі яе, раскусілі імгненна. Сабралі нараду, паклікалі Лецечку, Козела з Марусевічам. Козел толькі даведаўся, у чым справа, падбег да стала і з асалодай плюнуў на гэтыя капейкі – на дзесяць, а то і больш карабкоў запалак, на дзесятак, а то і два дзесяткі зарадаў для самапалаў. Следам за ім пачалі падыходзіць і рабіць тое ж самае іншыя. Усе, кожны па разу, як дамовіліся.
I толькі ўправіліся яны, як у пакой, бы ўсё роўна за дзвярыма стаяла, увайшла Вера Канстанцінаўна. I загрымеў Лецечка, як, пэўна, больш ненавісны Веры Канстанцінаўне, як чалавек, прозвішча якога яна ўжо ведала, у кабінет дырэктарыхі.
– Нядобра, Лецечка, нядобра, – з сумам у голасе сказала дырэктарыха.
– Звяр'ё! – крыкнула Вера Канстанцінаўна.
– Сама звяр'ё! – крыкнуў ёй Лецечка.
– Хто пляваў? – улезла паміж ім і выхавацельніцай дырэктарыха.
– Я пляваў, – і не падумаў адпірацца Лецечка. – I трэба – яшчэ раз плюну на тыя грошы.
– Вось бачыце, – павярнулася да дырэктарыхі Вера Канстанцінаўна. – Вось да чаго даводзіць ваш лібералізм.
– Хто яшчэ пляваў, Лецечка? Я ведаю, ты заўсёды гаворыш праўду і скажаш нам, хто яшчэ пляваў на тыя капейкі, – дырэктарыха зноў звярнулася да Лецечкі.
– Я гавару праўду, – пацвердзіў Лецечка, – Я пляваў, а хто яшчэ – пытайце ў іншых. Я не даносчык і нічога вам болей не скажу.
– Вось бачыце, вось бачыце, да чаго дайшлі... – усхапілася была зноў Вера Канстанцінаўна.
– Ідзі, Лецечка, ступай, – перабіла яе дырэктарыха.
– Я прымушу цябе гаварыць, – крыкнула яму ў спіну выхавацельніца.
Лецечка выйшаў з кабінета і стаіўся за дзвярыма, каб паслухаць, што там будзе пець пра яго Вера Канстанцінаўна. А тая «пела»:
– Не разумею я вас, не разумею. Занадта вы ўжо далікатнічаеце з імі, вось і вынікі. Гэта ж... гэта ж... Маўглі...
Слоўца спадабалася Лецечку, хоць ён і не ведаў, што гэта ці хто гэты Маўглі, але здагадваўся: нядобры чалавек, прозвішча абразлівае нейкае. I ўсміхнуўся сам сабе: хай абражае, хай плюецца, хай пальцы грызе, так ёй і трэба.
Лаянка новай выхавацельніцы не кранула яго, прыкра толькі зрабілася на душы ад таго, што яна даведалася штосьці аб ім, ведае ўжо, што ён увесь час хварэе, а ён хацеў быць перад ёй моцным і здаровым. Аднак Лецечка падумаў, што ў яго з новай выхавацельніцай усё на гэтым і скончыцца. А ўсё толькі пачыналася. Канца не відно было. Зайшоў Лецечка со сваёй праўдай у такія нетры, з якіх і выйсця няма. 3 аднаго боку праўда, з другога – Вера Канстанцінаўна, якая патрабавала ад яго праўды, той, якой яму не хацелася гаварыць. А тут яшчэ хлопцы, не толькі Стась і Козел, уся група ўжо коса паглядала на яго: з якой гэта нагоды яго кожны дзень водзяць да дырэктарыхі, у чым ён спавядаецца ёй? Вось якім бокам вылазіла Лецечку яго праўда. I круць-верць, і верць-круць – усяк нядобра...
Вось так выпрацоўваў Лецечка ў сабе волю. А яшчэ марыў ён аб тайне, аб тым, як знайсці яе і адкрыць. Аб тайне, як аб кашальку з грашыма, марылі ўсе дзетдомаўцы. Але Лецечку патрэбна была не просценькая, не звычайная, а самая галоўная, самая вялікая тайна. Праўда, дзе яна таілася, гэтая вялікая тайна, ён яшчэ не ведаў. Але добра ведаў, што яна існуе. Дабярэшся да яе, разгадаеш, і расчыняцца перад табой усе дзверы, расчыняцца неба і зямля. I ты зможаш стаць птушкай, завіруеш па небе, зможаш стаць рыбай – паплывеш у цёплае мора. Ты зробішся моцным, зможаш ірваць, як быллё, векавыя дубы, з карэннем, ламаць іх, як голле. Будуць у цябе рымскі нос, цыганскія вочы і чорныя валасы. Будзеш ты сам зямлёй, небам, будуць табе ўслугоўваць птушкі і звяры, ты будзеш разумець іх мову. Не будзе табе перашкоды ні ў часе, ні ў прасторы. Будзеш ты ветрам, будзеш марской хваляй, мамантам і зубрам, наведаеш Марс і Месяц.
Вось аб якой таямніцы марыў Лецечка. I не толькі марыў, ён увесь час адчуваў яе прысутнасць каля сябе, адчуваў, як яна горача, агнём дыхае. Выпростваў насустрач ёй руку і як апякаўся. Але кожны раз штосьці перашкаджала яму ўхапіць гэтую тайну, нібыта птушанё, за хвост. Коўзкая была тайна, не ішла ў рукі. Не хапала якойсьці драбязы, давароту якогасьці калёсіка, і тайна была побач, і тайна была далёка. Побач – гэта дзверы-невідзімкі, схаваныя яркім святлом дня, дзверы, каля якіх усе ходзяць і якіх ніхто не бачыць, а мо не ведаюць таго хітрага слова, якім можна адамкнуць гэтыя дзверы, ад якога яны загарацца агнём і расчыняцца самі. «Аўсень, таўсень, ал лал бел!..» – не, не тое, не тое слова...
Тайна далёка – гэта там, на краі зямлі, дзе зямлі канец, дзе яна абрываецца ўступам, на які яшчэ не ступала нага чалавека. Толькі паткнецца ён туды нагой і – расхінецца новы, невядомы свет. Блакітны і ружовы, шчаслівы. Але як, як да яго дабрысці, да гэтага краю зямлі? Як даведацца таго запаветнага слова: прыдумаць яго самому, падслухаць дзесьці, прысніць? Што для гэтага трэба рабіць? Жадаць? Дык ён і так жадае, што больш нельга: памерці можна. Лецечка прыслухоўваецца да сябе і адчувае: можна, можна памерці ад непамернага жадання. Што ж рабіць, што ж рабіць? Прасіць кагосьці? Ведаць бы – каго. Капаць у зямлі? Зноў жа, дзе? Не спаць ноччу? Спрабаваў. Спаць дзень і ноч? Спрабаваў. Біць каменне, шукаць у каменні? Біў, нічога не выбіў. Магчыма, гэтае слова і тайна ў сэрцы якой-небудзь птушкі, а мо ў яго ўласным сэрцы, а мо ў старым замшэлым пні, у карэнні ці ў вершаліне векавой хвоі. Не ўгадаеш, не ўгадаеш – дзе. Думаць трэба, думаць і ўяўляць.
I яму падабалася думаць і ўяўляць. Мо хто лічыць, што гэта адно і тое ж: уяўляць і думаць, для Лецечкі ж гэта ўсё па-другому. Ён яшчэ не ведаў як трэба нічога на свеце, а ўжо ўяўляў сабе ўсё. Глядзеў на неба, бачыў у небе самалёт і ўяўляў, як і сам ён, нібы птушка, у небе, уяўляў сябе лётчыкам. А думаць і ўяўляць адначасова навучыўся зусім нядаўна, мо тады, калі Сучок сказаў яму пра смерць. Вось тады Лецечка ўявіў сабе спачатку дзетдом, усе тры карпусы, канюшню, сажалку, Лену Лазу, хлопцаў на дзетдомаўскім падвор'і, сонца ў небе. I асобна, крыху наводдаль ад усяго гэтага, тайну. Тайна нагадалася яму на гэты раз у выглядзе звычайнага ляснога арэха.
Была тайна, усё было, а яго, Лецечкі, ужо не было. I яшчэ Лецечка ўспомніў, што ў яго з Ленай Лазой калі-небудзь там, у будучым, павінны быць дзеці. А адкуль яны возьмуцца, калі цябе ўжо не існуе. Вось узяць, напрыклад, яго самога...
I тут у яго закалодзіла: ну і што – узяць яго. Адкуль ён сам узяўся? Наогул, ясна адкуль, не маленькі. Зразумела, не з капусты, зразумела, не бусел яго ў дзюбе прынёс... А ўсё ж адкуль ён такі – як ёсць, і яшчэ – навошта, дзеля чаго? Нарадзіла яго на свет маці. А што гэта такое – маці? Цішыня, пустэча была яму за гэтым словам, якісьці туман: бацька, матка... 3 чаго гэта толькі ён сам? Па батаніцы праходзілі, памятае ён яшчэ і сёння пытанне Ваські Козела аб тычынках, песціках і рыльцах... Памятае пунсовую разгубленасць маладой выкладчыцы. Сорам і брыдота. I з гэтага сораму, з гэтай брыдоты, так выходзіць, з'явіўся і ён. Чаму ж яму не сорамна было з'яўляцца, чаму не сорамна было бацькам? Ну, адсеклі б яны сабе на руцэ па пальцу, усё ясна, балюча, а не сорамна. Прыгожа нават. А так...
Але менавіта так, праз гэта ідуць усе на белы свет, праз «сорам, брыдоту». Урэшце, што тут зробіш, калі такая завядзёнка. Урэшце, з гэтым можна, не, не звыкнуцца, – гэта можна вытрываць. Справа тут у іншым.
Усё на зямлі разумна, усё па ланцужку ідзе, і ва ўсім сваё прызначэнне, свая мэта: каровы даюць малако, мяса, бык... бык патрэбен для таго, каб былі каровы, жыта – каб было пад бок гэтым каровам, каб людзі не галадалі, і г. д. Нічога лішняга, непатрэбнага. I загадзя вядома: што, навошта. А ён, Лецечка, не ведае аб сабе нічога: ні хто ён, ні адкуль, ні навошта. Аб чым думалі бацькі, калі пускалі яго на белы свет, і ці былі яны, мо ён ад пальца пайшоў, мо ад палацяў у той чорнай хаце нарадзіўся – хто яму адкажа на гэта?
I стала Лецечку да немагчымасці няўтульна і сумна жыць на свеце. Адышлі крыўды, што нанесла яму выхавацельніца, глупства, дробязь. Больш крыўдна было іншае: не паспеў нарадзіцца, а ўжо нібыта пракляты кімсьці, за якія грахі? Не паспеў нарадзіцца, не паспеў нічога спазнаць аб сабе, а ўжо, гавораць, час паміраць: дзень добры, дрэва, я дзед-мароз. Яму адкрытыя ўсе дарогі, ён малады гаспадар жыцця, а ён не ведае такой драбніцы, драбязы: што ён такое ўрэшце. Выхавацельніца ахрысціла яго Маўглі, і мянушка ўжо прыляпілася да яго, а ён не ведае нават, што за звер такі гэты Маўглі. Тэлеграфнаму слупу і то лягчэй, стой сабе, як слуп, талерачкі ўніз, трымай дрот, гудзі. А яму, Лецечку, загадана шырока крочыць па жыцці і не быць абыякавым. Адкуль пачынаць жа, у чый крок лучыць? Дзе і ў каго шукаць адказу на гэтыя пытанні? Хто той чалавек, які аслабаніць яго памяць ад мінулага? Чаму ён памятае ад мінулага толькі палаці? Бязглуздзіца, але ж ён увесь у палацях, і да таго, як прыйшлі салдаты ў чорную, курную хату, памяць яго – белы ліст паперы, таму яна, як сведчыць характарыстыка, якую ён атрымаў разам з атэстатам, і такая багатая – няма ў ёй мінулага. Няма ў ёй Колькі Лецечкі. I з яго такі Лецечка, як з таго ж тэлеграфнага слупа хвоя. Няма і ніколі не было на свеце ніякага Мікалая Мікалаевіча Лецечкі. I якім здзекам гучаць словы з той жа школьнай характарыстыкі аб багатай памяці. 3 чым можна тады параўнаць бедную памяць?
«Хто ж я такі ёсць?»–звярнуўся да сябе Лецечка. Аціх, прыслухаўся да сябе, чакаючы адказу, напінаючы, ірвучы памяць, як конь ірве настроні. Але надрыўна толькі тахкала ў грудзях сэрца. I ні ў сэрцы, ні ў памяці адказу на гэтае пытанне не было. Тады ён звярнуўся да зямлі, якая, па словах Сучка, клікала яго да сябе і якой ён пабойваўся ўжо:
– Адкажы ж мне, зямля, адкуль я ёсць і пайшоў? – крыкнуў ён і тупнуў нагой, увагрэў зямлю чаравікам, таму што яна маўчала, не жадала адказваць.
– Фігу ж ты мяне дачакаешся тады, зямля, – сказаў Колька. – Пакуль аб усім не даведаюся, не ўбачыш ты мяне. Крычы цяпер, кліч мяне... – I Лецечка пайшоў у ізалятар, да бадзёрых ужо і свежых Козела і Дзыбатага. I сам ён быў бадзёры і свежы. Рана яму яшчэ было думаць аб смерці, хаця ўжо і прыйшоў Іван Купельнік, і паспелі суніцы ў лесе па ўзгорках, і вытыркнуліся першыя грыбы-каласавікі.
Ён ведаў пра гэта, хаця яму ніколі не даводзілася ў сваім жыцці збіраць тыя суніцы і грыбы. Ведаў шмат пра тое, аб чым не павінен быў ведаць, з чым да гэтага часу не прыходзілася яму сустракацца. Іншы раз сам з сябе дзівіўся: адкуль толькі што бярэцца ў галаве? Чаму яна на адно такая пустая, а на другое... I пад зямлёй не схаваць ад яго гэтае другое. Дзівіўся, пакуль выпадкова не падслухаў размову ўрачыхі і бабы Зосі. Баба Зося скардзілася ўрачысе, што ён, Лецечка, апошнім часам зрабіўся якісьці нетакі, праніклівы, бачыць нябачнае, чуе нячутнае. I яшчэ яна сказала, што гэта прыкмета нейкая нядобрая. Урачыха пацвердзіла, што так, нядобра гэта.
– Але што зробіш... Усе яны адтуль такія ў шаснаццаць-семнаццаць гадоў... Век іх такі, шаснаццаць-семнаццаць гадоў...
У прыкметы Лецечка не вельмі верыў, а ў тым, што ён не такі, як усе, асаблівай навіны не было. I яго не вельмі засмуцілі словы ўрачыхі пра век, не былі ўжо і яны ў навіну. Але ён спадзяваўся, спадзяваўся... Да таго ж яму спадабалася гэта – чуць нячутнае, бачыць нябачнае. Ён жадаў гэтага, праг незвычайнага, магчыма, дзесьці за гэтым незвычайным ёсць і паратунак. I цяпер Лецечка спяшаўся ў ізалятар: мо там, пакуль яго не было, адбылося што-небудзь незвычайнае.