X


Паступова Лецечка рабіўся сваім чалавекам на судзе. У яго там ужо вызначалася сваё пастаяннае месца, сваё крэсла на апошнім радзе, адкуль яго не маглі згледзець ні суддзі, ні гады-паліцэйскія, а сам ён бачыў добра ўсіх. Яго ўжо вылучалі сярод натоўпу, пазнавалі, затрымлівалі на ім вока. І ён ужо навучыўся пазнаваць людзей у натоўпе, разумеў, для каго суд быў тэатрам, відовішчам, вылучаў тых, хто выпадкова трапіў на суд, і тых, якія не маглі не прысутнічаць на гэтым працэсе, такіх, як Нічыпар, Захар'я. Такіх, праўда, набіралася ў зале не шмат, і з кожным днём іх рабілася ўсё меней і меней. Стаяла лета, клопатны час, і трэба было ўжо думаць і пра восень, зіму, клапаціцца аб хлебе надзённым. Паліцэйскія для многіх з іх ужо амаль як памерлі. Яны расстралялі іх сваёй нянавісцю яшчэ ў першыя дні працэсу, таму, пэўна, не з'яўляўся больш на суд і Захар'я.

– А што на нябожчыкаў глядзець, Лецечка... – адказаў ён на пытанне Колькі, чаму ён, Захар'я, не ходзіць больш на суд. – Не варты, не варты яны таго, каб глядзець на іх. Пакрыўджу, абразіць магу тых, хто на тым свеце, не, не варта. Сабакам сабачая смерць...

Лецечка падумаў: праўду сказаў Захар'я, але штосьці перашкаджала яму пагадзіцца з гэтай яго праўдай.

– Чаму ж ты тады нават з цаглінай першы раз на суд пайшоў? Ты што, дараваў ужо ім? А што б сказалі сыны твае, а дзеці бабы Зосі, а дзед Гуляй?

– А што сыны, Лецечка, што дзед Гуляй, дзеці бабы Зосі... Нельга жыць чымсьці адзіным, жыццё шырокае. Усё трэба ў памяці трымаць: і адчай, і надзею, і веру. Шырэй жыць – больш святла ў акне. Дык вось пра тое, аб чым ты пытаеш: дзеці, дзед Гуляй, таму і не хаджу туды – як ні круці, як ні вярці, а іх ужо не падымеш. А я жыву, я чалавек. І боязна мне жыць і ведаць, што іх няма. Чаму іх, а не мяне? Чаму я перажыў дзяцей сваіх? Мо гэта пакаранне мне, мо недагледзеў чагосьці... Сум на сэрцы маім, таму і не хаджу, каб не вярэдзіць раны.

– Чаго ты недагледзеў, вайна ж?

– Так, Лецечка, так, ды толькі ж людзі ваявалі.

– Але ж, выходзіць, ты забыў пра іх, Захар'я, закрыў вушы і вочы – нічога не ведаю, нічога не бачу, нічога не чую. Я не я і хата не мая. А з бабай Зосяй ты да гэтага часу так і не памірыўся?

– Грэх глядзець, Лецечка, чалавеку на смерць. Смерць таксама паважаць трэба. Не варта цвяліць яе, без дай прычыны вочы ёй муляць. І табе раю, Лецечка, не хадзі ты больш туды.

– Гэта чаму ж і мне не хадзіць? Ты сам гаворыш: мне ўжо хутка... Ды і сам ты толькі да спаса...

– Вось таму не хаджу і табе не раю. Глядзі на сонейка, там яго не будзе, не будзе, Лецечка. Глядзі, як птушкі лётаюць, як людзі радуюцца, жывуць. Вось нам з табой што трэба – на жывых глядзець, аб жывых дбаць, жыццё ж шырокае. Хораша ж жыць, вельмі хораша, Лецечка, прайсціся сонейкам па зямельцы. Узяць яшчэ ў руку сякеру. І па халадку, покуль не ўгрэла, не прыпякло, памахаць ёю. Возьмеш ты яе ў рукі – інакшыя думкі ў галаве, вясёлыя, аб тым, як жыць-быць, як ляжа тваё бервяно ў дом, зайграе на сонейку, абальецца смолкай жывой, зазвініць, заспявае.

– Ты ж ужо не для сябе ладзіш дом, табе ж ужо не жыць у тым доме.

– А якая розніца, якая розніца, Лецечка? Усе мы жывём, і нікому з нас на тым свеце нічога не трэба. Але ж усе мы, хто розумам жыве, хто аб жыцці дбае, да апошняга часу не ведаем аддышкі. Гэтым нашым клопатам, мяркую я, і жыццё наперад рухаецца, хоць і разумеем, што там нікому нічога не спатрэбіцца – усе аднолькавыя і ўсіх аднолькава страчаюць-прывячаюць...

– І паліцэйскіх?!

– Не, вось ужо гэта ты не кажы. Тут ужо ад чалавека ўсё ідзе, ад таго, як ён сам прызначыў сябе на зямлі, пры жыцці. Вось як яно выходзіць-атрымоўваецца. Баіцца чалавек памерці чалавекам – памірае сабакам. А я чалавекам хачу памерці. Жыў, смерці не цураўся, паміраю – смерці не шукаю. На хаду, у рабоце прыму яе... А ў зале той яна мяне нечакана можа прыдушыць...

– А што мне рабіць, Захар'я? Які мне будаваць дом, калі я ўсё жыццё дзетдомаўскі, казённы. І сякерай я не здольны.

– А пойдзем са мной, я цябе навучу, паглядзіш, як я жыву.

– А далей, Захар'я?

– А што далей?

– У тым і справа, што там, далей, далей?

– Гэта ж дзе, Лецечка?

– І там, – Лецечка паказаў пальцам на зямлю і махнуў рукой за плячо, – і там, Захар'я. І там і там нуда мая, туга мая, душыць, цісне, што не ведаю я нічога: адкуль прыйшоў і куды пайду.

– 3 зямлі, Лецечка, з зямлі. Усё з зямлі. Зямля дае, зямля бярэ.

– А я не веру, што я з зямлі, не веру: мо я з агню, з полымя, і хачу ў агонь, зноў у полымя. Я хачу ведаць сябе, хачу пераступіць цераз тваю і маю нуду.

– Вось чаго чалавеку не дадзена, таго ўжо не дадзена.

– Чаму не дадзена? Хто не даў, Захар'я, хто не дае, хто трымае?

– Жыццё, – сказаў Захар'я. – Жыццё, Лецечка, трымае нас і не пускае, куды не след пускаць жывога. Заўсёды наперадзе ў чалавека павінна быць загадка нейкая, таямніца. Няхай невялікая, па чалавеку, па яго розуму, але павінна быць у жыцці кожнага загадка, як і справа неадкладная заўсёды павінна быць у яго. Як жа, навошта жыць, калі няма наперадзе ні справы ніякай, ні таямніцы, чым жыццё тады трымаць, калі ўсё пароблена ўжо, калі ўсё ўжо разгадана, калі ён ведае свой дзень і час, зазірнуў у той дзень...

– А ты, ты ж зазірнуў. Ці хлусіш, што зазірнуў?

– Бывае ў чалавека мінута, надараецца, выпадае яму мінута. Праклёны ён потым шле сабе за гэтую мінуту. І я кляну сябе, Лецечка... Не аб усім трэба гаварыць, што ведаеш, не ўсё бачыць, што на вачах. Усё б пераказаць каму, Лецечка, што я бачыў, што я ведаю, што ў гэту мінуту адчуваю, дык і веры ніхто не дасць, і слоў у мяне такіх не хопіць. І пры сабе трэба штосьці пакінуць. І забываць, зжываць з памяці шмат чаго трэба, да дабра не давядзе ўсё аб усім памятаць і ведаць. Не хадзі, Лецечка, не хадзі больш туды.

Лецечка не паслухаўся Захар'і. Яго цяпер, бадай, ніхто не здолеў бы спыніць. Не было такой сілы, якая б змагла перашкодзіць яму трапіць на працэс. Таму што нябачны воку працэс ішоў і ў ім, і перашкодзіць, спыніць тое, што адбывалася з ім, было немагчыма. Ён бачыў перад сабою на лаве падсудных твары паліцэйскіх і радаваўся, што як яны ні імкнуліся, але не змаглі яго знішчыць. Не забіць, не дапаможа ім тактыка спаленай зямлі, татальнага знішчэння. Не яго яны паляць, не па ім яны страляюць, а па сабе, па сабе, сябе падсмажваюць на запаволеным, пажыццёвым для іх агні. А ён, Лецечка, негаручы, ён загавораны ад кулі, няхай страляюць, няхай паляць, ён усё верне ім: іх агонь, іх кулі, за ўсё адплоціць. Разам з тымі, загубленымі, знішчанымі імі, ён знойдзе іх на тым свеце. На тым свеце ён збярэ ўсіх. Адшукае дзеда Гуляя, белабрысых Сучкоў, ад якіх пахне малаком, ён прыйдзе пад Азарычы ў той хмызняк, у тое балота, абгароджанае калючым дротам, і падніме, узбудзіць трыццаць сем тысяч тыфозных, змарнелых – жанчын, дзяцей, – ён пройдзе зноў вясковым начным гаротным шляхам, скліча ўсіх, хто там ляжыць, гукне дзесяць тысяч яўрэяў, пагукае вязняў мінскай турмы, абыдзе ўсе вёскі, усе папялішчы, пагукае тых, хто згарэў. І ўсе яны, тысячы тысяч, кожны чацвёрты з яго радзімы, рушаць на тых, хто паліў, забіваў іх. І ніводзін з катаў не схаваецца, нідзе не схаваецца і на тым свеце. На тым, на гэтым свеце няма такога кутка, няма такой схоўні, дзе яны маглі б прыхавацца, прытаіцца. А ідзе суд справядлівы і бязлітасны. Страх за страх, боль за боль. Няхай скаланаюцца яны, жывыя і мёртвыя, ад іх страху і болю. Ідзе расплата. Ідзе, таму ён, Лецечка, і ўбірае цяпер у сябе чужы боль і болькі, набрыньвае чужымі болем і болькамі, таму і валочыць кожны дзень такія цяжкія, набрынялыя вадой ногі на плошчу, на суд, на лобнае месца. Невялікая дарога ад дзетдома да гэтага месца. Ды яму яна амаль што ўжо не пад сілу. Але ён усё роўна двойчы на дзень ідзе і ідзе, таму што дарога і жывіць яго. Не было б у яго гэтай дарогі, яго і самога ўжо... Не, рана яму пакуль аб гэтым, рана. Вялікая справа яму даручана. Кім? А ён і сам не ведае – кім, бацькам, маці ці тымі забітымі, рускімі, беларусамі, яўрэямі, яго равеснікамі, дзецьмі, якіх спалілі, расстралялі, закапалі жывымі ў зямлю, утапілі ў калодзежах, якім патрушчылі галовы аб дрэвы, колы машын. Ім ён павінен панесці з гэтага свету праўду аб жывых, як жывыя разлічваюцца за іх пакуты і смерць.

Ад гэтай плошчы і павядзе ён знявечаных, расстраляных, спаленых, тых, хто не дажыў да гэтага светлага, ужо зямнога, суда. Павядзе асфальтам. Гэта для іх кладзецца асфальт, для іх пракладаюцца роўныя, прамыя дарогі, каб яны не збіліся, каб ім ямчэй крочылася, таму што іх шлях доўгі, бясконцая іх дарога. Няхай хутчэй, хутчэй сцелюць асфальт. Няхай хутчэй ставіць на зямлі новыя хаты Захар'я, каб было дзе ім адпачыць, заначаваць, каб яны, як і Лецечка, убачылі і засведчылі, што зямля і пасля іх смерці зямлёй засталася, такой, як і была. Стаяць хаты, пазвоньваюць смалістым звонкім бярвеннем. Яшчэ лепей, яшчэ прыгажэй стала зямля, каб яны, здзейсніўшы тое, што задумалі, справядлівы свой суд, зноў супакоіліся ў зямлі. Не турбаваліся, не журыліся за зямлю, не думалі, што на ёй толькі папялішчы ды вецер. Вечная зямля. Яе не забіць, не спаліць, якімі б спрактыкаванымі ні былі гэтыя падпальшчыкі і забойцы. На зямлі ёсць і іншыя майстры. І яны і ў смяротны час не разлучаюцца з сякерай і касой, да апошняга ўздыху глядзяць на сонейка, колькі яго яшчэ даравана ім да сканчэння іх працы. Вечнае жыццё. Яно не ведае ні супынку, ні аддышкі. Звіняць над зямлёй сякеры.

Лецечка, хоць ён быў дужа заняты і няможылася яму, усё ж выбраў час, пагасцяваў у Захар'і. Не ў хаце, у якой ён жыў, а ў той хаце, якую ладзіў на папялішчы былой вёскі Сучкі. Ад шасцідзесяці двароў вёскі Сучкі засталася адна толькі кузня, закураны хляўчук з маленькімі, на адну шыбку, закуранымі акенцамі-байніцамі. Яны, акенцы гэтыя, нібыта і на самай справе байніцы, увесь час уздрыгвалі ад гулкіх удараў молата аб кавадла, у акенцы ўвесь час біліся, трымцелі і мітусіліся сполахі ад полымя горна. І сам хляўчук быў падобны на дзот: столькі каля яго было абгарэлага чорнага металу, што сцягнулі з палёў, якія тры гады засявала вайна. Асобна ад гэтага гарэлля ляжалі, як сведчыла аб тым свежая і вясёлая чырвань іржы, плугі і бароны, якія былі гэтай вясной у рабоце. Паўсюдна купкі попелу, адпрацаванага драўлянага вугалю, а каля дзвярэй – ладная гара вугалю свежага. Хапала работы кавалю ў мінулым, па самыя вушы яе і ў будучым. Каля горна ў самой кузні правілі гэтую работу двое: мужчына, падобны на Захар'ю, грудзі, што мяхі, і плечы, што мяхі, так аднолькава неабдымныя і выпнутыя грудзі і плечы; дапамагаў кавалю хлапчук-падлетак, ужо на яго падобны больш, на Лецечку. Каваль нібыта забаўляўся, туды-сюды круціў-вярцеў у доўгіх кавальскіх клешчах нагрэтай да белай чырвані стужкай металу ў палаючым горне. І жалезныя клешчы ў яго чорных руках выглядалі звычайным кіёчкам, той самай каменькай, рабіць якую – вялікія майстры вясковыя ды і слабадзянскія хлопцы. Яны выразаюць яе з кустоўя воўчых ягад, узорліва абкорваюць, а потым абпальваюць над агнём, дык вось у рукі кавалю, здавалася, трапілі дзве такія каменькі, з такой лёгкасцю і ўвішнасцю падпарадкоўваліся яны хаценню каваля, з такой лёгкасцю ўздымаліся яны і ападалі над горнам, кружылі, вадзілі карагод у хісткім і хапатлівым полымі, нібыта былі працягам рук самога каваля. Было ў гэтых клешчах нешта вельмі чалавечае, жывое нецярпенне, палкасць жывая. Каваль адным імклівым хапком выхопліваў з полымя клешчамі, як рукой, металічную стужку, нёс яе ад горна, як па нітцы вёў. І паглядаў у той жа час не на метал, не на стужку, а кудысьці ўбок. Але, і не гледзячы, бачыў штосьці, а мо адчуваў па тым, як яму прыпякала, як жарам дыхала ў твар стужка, меркаваў, гатовая яна легчы пад молат ці не. Хітаў, хітаў хлапчуку галавой, хапаўся свабоднай рукой за ручку мяхоў і зноў нёс метал у горан. Дапамагаў хлапчуку качаць мяхі. Мяхі гэтыя ўжо былі вельмі старыя, лапленыя, пакарабачаныя, але рабілі спраўна. Там, за сценамі кузні, хапалі чыстае паветра, хапалі з глухім і скрушлівым прыхлёбам, нібыта рвалі, адрывалі яго і ўціскаліся, хавалі лапіны, пакарабачанасць, весела выдзьмухвалі. Улівалі гэтае паветра ў раз'юшанае, неўтаймоўнае полымя горна.

Стужка металу, нібыта вышпурнутая з горна агнём, апісаўшы паўкола, легла на кавадла, у рукі кавалю скочыў на доўгай ручцы малаток, ён цюкнуў ім па метале, гахнуў молат, апушчаны падлеткам-памагатым, вясёлы перазвон металу захадзіў, загойсаў па цёмных кутках кузні, гулліва павялі, пацягнулі гаману малаток і молат: цюк-перацюк-мацюк. Закурчылася разагрэтая стужка металу, ператвараючыся на вачах у Лецечкі ў серп. Каваль паклаў малаток на кавадла плазам, молат сціх, каваль кінуў нарыхтоўку ў цэбар з вадой, выцер спатнелы лоб і толькі пасля гэтага паглядзеў у бок Захар'і і Лецечкі.

– Хто гэта да нас завітаў, Міша, падкажы мне?

«Ён што, сляпы? – падумаў Лецечка. – Сляпы каваль, ды як жа ён...»

– Захар'я прыйшоў, – адказаў падлетак. – А з ім хлопец чужы.

– Сякеру, – сказаў Захар'я. – Сякеру ты мне адцягнуў, Уллян?

– Гаварыце мацней, ён недачувае, – зноў азваўся падлетак. І бацьку: – Па сякеру, бацька, Захар'я прыйшоў.

Ды ён і глухі яшчэ, сляпы і глухі каваль... Лецечка глядзеў на каваля на ўсе вочы.

– Некалі мне, Захар'я, з сякерамі, – сказаў каваль. – Сярпы раблю. Урадзіла на дзіва, а хутка ўжо і жаць. – Прысеў на яшчэ цёплае кавадла, дастаў з кішэні капшук, газету гармонікам. Закурыў.

– Абязручыў ты мяне, Уллян, – зніякавеў Захар'я і наладзіўся пайсці ўжо з кузні. Каваль, як адчуў гэта, нібыта толькі і клопату ў яго было, што цікаваць за Захар'ем, каб падлавіць яго ў гэтую хвіліну, пасміхнуўся.

– Адцягнуў я тваю сякеру, з сынам вось і направіў. Не хацеў, па праўдзе кажучы, а ўзяў яе ў рукі, адчуваю – жалеза, сталь, гаваркая сякера...

– Яшчэ даваенная, тваёй, Уллян, коўкі...

– Вось я і чую, – каваль глыбока зацягнуўся. – Жалеза шмат – і няма жалеза, Захар'я. Гарыць, як палка, жалеза тое. Ні сякеры з яго, ні нажа, ні сярпа...

– Захар'я, ён што, зусім-зусім сляпы? – спытаў Лецечка Захар'ю, калі яны пакінулі ўжо кузню.

– Бачыць... Бачыць дзень-ноч, адрознівае святло ад змроку.

– А як жа... як жа ён... – У Лецечкі перахапіла дых.

– Грукае, грукае, – адказаў Захар'я. – Рукамі бачыць, усе мы так сёння. Вочы палахлівыя, вочы баяцца, а рукі робяць.

– Ды як жа рукі мусяць рабіць, калі вочы нічога не бачаць?

– Вось гэтага я ўжо не ведаю, Лецечка, толькі па сабе меркаваць магу. Толькі ў рукі мне сякера – і вочы не патрэбны. Сякера лепей за мяне бачыць, што рабіць. Я яшчэ вагаюся, думаю: тут бы цішэй, асцярожней, тут бы з пляча – камлюк, асмолле кручанае-верчанае... А сякера ўжо і ўправілася, я яшчэ і дадумаць не паспеў, а яна ўжо справіла ўсё, цюк-перацюк-мацюк – і абышла заганнае месца, выбрала яго. Вось так, Лецечка, паглядзіш, убачыш сам.

І Лецечка паглядзеў. Спачатку на Захар'ю. Захар'я, яшчэ на падыходзе да цесляроў, скінуў з плячэй свой вечны бушлат, сцягнуў і гімнасцёрку і паўстаў перад Лецечкам сам – як дрэва, камлюкаватае, але апрацаванае руплівай і дбайнай сякерай. Нічога ў яго целе не было старэчага і лішняга, было яно ў меру прасмаленае сонцам і высушанае, як тапарышча, звонкае, рабі ім справу і не давай яму спакою. І Захар'я нагамі, як слупамі, абхапіў з двух бакоў бервяно, каб яно не збегла ад яго незнарок, папляваў на далоні, папляваў не надта з якой вялікае патрэбы, а хутчэй за ўсё па звычцы, адганяючы ад сябе ўсё, што было да гэтага, каб нічога не замінала нават і ў думках. Дзвенькнула, каўзанулася па суку на першым пробным узмаху, сякера. Здзіўленая, хто гэта асмеліўся з ёй сваволіць, узляцела пад неба, разваліла, распляжыла надвае ранак: адну яго бліскучую, зіхаткую палову кінула на твар, пад ногі Лецечку, другую – у прахалоду зруба, які ўжо вышэй за чалавечы рост узнімаўся над зямлёй, кінула і пайшла гуляць, пайшла пісаць па бервяне, адсякаючы, збаўляючы яго ад усяго лішняга, непатрэбнага, ад таго, што яшчэ ўчора было адзначана, асуджана на адсячэнне чорным, мазаным вугалем, шнурам. І прасохлае, прахопленае ветрыкам, загадзя акоранае бервяно пачало набываць адпаведную форму, каб легчы побач з іншымі бярвёнамі ў зруб, ператварыцца ў хату. Працы было бездань, але сякера не ведала маркоты, як гнаная гэтай безданню працы, нясцерпна, усмешліва паблісквала на сонцы, ведала сваю справу. Узнімалася, падала, брала спрытам, сполахам, асцярожнасцю і дужасцю, вастрынёю і сталлю. У палёце бачыла, дзе падсекчы, дзе надсекчы, дзе падчасаць, падсклюдаваць, прайсціся як склюдам, без хапатлівасці, спеху, з двух бакоў абціснуць кручанае асмоле, неўпрыкметку, крадком, падкрасціся да сучка і, неўпрыкметку, скрасці гэты сучок, пляжыла плахамі чыстае, адвальвала лустамі выспелае і выстаенае, роўнае, але не патрэбнае хаце, толькі для печы, і гэтага, патрэбнага толькі печы, адходаў – трэсак, струганіны, – набіралася процьма. Нават дзіўна было, колькі ў дрэве, такім дасканалым на выгляд, якое вырасла на сонцы і ветры, не прымала і ніколі не прагла больш таго, што яму патрэбна было ўзяць, больш таго, што яму неабходна, колькі ж у ім адходаў, колькі ў ім для агню, для развейветру, зямлі. Колькі клопату і турбот сякеры, колькі працы і поту, каб надаць адпаведны выгляд звычайнаму бервяну, абчасаць яго, каб можна было потым пакласці ў хату. Колькі працы потым, калі яно абчасана. Потым, як вынікала з усяго, толькі і пачыналася праца: прагонка пазоў, падгонка вуглоў. І сякера то падзёўбвала дзюбкамі, верхняй, ніжняй, то ўпівалася ў дрэва ўсім лязом, джаліла сонца і вока. Абстуквала, слухала бервяно. Гаварыла з ім, выпытвала, дзе балюча, а дзе можна і патрываць, і пераказвала ўсё, што пачула, вызнала, гаспадару, нагаворвала то таропкай вясёлай гаманой, то басам, то звонкім дыскантам, выгаворвала за штосьці гаспадару і дрэву адначасова. І бегла, бегла наперад, ірвалася з рук, вяла за сабой гаспадара, разумела і гаспадара і дрэва, скаралася гаспадару, але памятала, што той сляпы і бездапаможны без яе. Яна спазнала ўжо дрэва, вызнала яго яўныя і прыхаваныя заганы і радавалася, што праз яе аб іх даведаецца і гаспадар. Радавалася светламу ранку, таму, што ёй гэтым ранкам ёсць праца, што яна так лёгка, гуляючы, спраўляецца з ёй, была задаволена, што трапіла ў добрыя і дужыя рукі. А гэта ж заўсёды прыемна, калі ты ў добрых руках. Была яна задаволеная яшчэ і тым, што Лецечка, старонні чалавек, усё гэта бачыць і зачараваны, замілаваны ёю. У суладнай гамане працы яна не забывала, што за ёй наглядаюць, яе слухаюць, і заклікала слухаць уважліва, цнатліва ўсміхалася, сваволіла, гарэзіла, пацвельвала бервяно, гаспадара, Лецечку, ранак, сыпала смехам, трэскамі і святлом. Пацвельвала нават сонца, секла яго промні, сляпіла імі Лецечку, Захар'ю, бервяно. Вывяргала смех і з дрэва, і ў сваім сваволлі, дураслівасці, у вясёлай сваёй працы не ведала ні зморанасці, ні межаў, покуль не ўвагнала ў пот гаспадара.

І, як толькі што каваль у кузні на кавадла, Захар'я прысеў на бервяно і соладка зацягнуўся махоркай. Злезлі са зруба, падселі да яго дзяды, таксама задымілі.

– Ну як, хлопец, як наша праца?

– Нічога праца... сякеры добрыя... – Лецечка не ведаў, што гаварыць, але патрапіў, сказаў тое, што трэба.

– Разборлівы, так, так усё. Ай да хлопец! Мы ўжо ні на што не гожыя, а сякеры свае яшчэ ўнукам перададзім... А твая, Захар'я, сякера, дык і ўкрасці такую не грэх. Дзе ты яе нанач кладзеш, куды ты яе спаць укладаеш?

– Дзе ноччу ляжыць, там днём няма. Ноччу яна за мной следам ходзіць. Не ўзяць чужому чалавеку маёй сякеры. Быў адзін. Сеў я так раненькім-раненька за стол, снедаю. Бачу ў акно: крадком шух хтосьці па двары і да павеці. Снедаю. Думаю: што ж ты, голубе, украдзеш у мяне? Самога цікаўнасць бярэ. Але снедаю...

– Ведаем ужо, што снедаеш, – сказаў дзед, што сядзеў па правую руку ад Захар'і. – Покуль чыгун паронкі не апрастаеш, не падымешся.

– Чыгун не чыгун, але вядро добрае... Снедаю. Паснедаў, выходжу з хаты – сякера мая вось гэтая ў голуба ў руках. Стаіць ён з ёй, калоціцца. «Ты чаго, – кажу яму, – украў, дык бяжы...» – «Ох дзядзечка, ох родненькі, аслабані ты мяне, пусці, век чужога не вазьму». Я яму: «Не трымаю я цябе, голуб ты мой, адкуль прыйшоў, туды і ідзі». – «Не здолею, не здолею, – моліць ён мяне. – Сякера твая трымае мяне, не здолею і кроку зрабіць. Вазьмі, пазбаў, век на чужое вока не пакладу». Я яго і не біў, так, трэсачкай толькі, для навукі. Сякеру ў яго забраў. Як шыбануў ён на вуліцу ды па вуліцы, самалётам не ўгонішся. Вось мая сякера якая...

– І збрэшаш, не дорага возьмеш, – сказаў дзед, які сядзеў злева ад Захар'і.

– Не скажы, не скажы, – не падтрымаў яго напарнік, – старыя людзі слова ведалі. Вось мой дзед пчолы разводзіў. Дваццаць калод у яго ў лесе. У другіх то звер, то чалавек спакусіцца, спустошыць. А дзедавых пчол ніхто не мог узяць. На заклад, ведаю, лазілі. Я і сам малым быў і лазіў, паспавядаюся ўжо вам. Да палавіны хвоі ці то дуба яшчэ так-сяк. А далей – вось як усё роўна не пускае хтосьці, трымае штосьці, хоць ты ўбіся. Я ўверх, мяне ўніз, я ўверх, мяне ўніз, і ўваччу ўжо цёмна...

Захар'я ўсміхаўся, дыміў самакруткай, падміргваў Лецечку. А Лецечка слухаў і не хацеў заўважаць яго падміргванняў. Ён верыў таму, што апавядаў дзед пра пчолы, верыў таму, што расказаў Захар'я пра сваю сякеру. Ён сам бачыў гэтую сякеру. Яна такая, яна здольная на ўсё. Яна не такое яшчэ можа выкінуць. А дзяды ўжо разгаварыліся, плялі аб тым, што было і чаго не было, і ні слова аб судзе, аб вайне. Усё пра пчолы, пра сякеры, пра дрэвы, пра тое, колькі і як стаяць гэтай хаце, што будуюць яны цяпер, ці будзе ў ёй сырасць, ці завядзецца шашаль, як будавалі яны свае хаты, як выбіралі дрэвы ў лесе, глядзелі, колькі ім дасталося сонца, як выбіралі месца пад хату, як добра спіцца, калі пад вуха б'е цвыркун. Аб тым, да чаго ж добрая і спагадлівая зямля, на якой яны жывуць, – кругом недароды, засухі, сухавеі, а то і горш за тое: дажджы, вымакае, гіне іншы раз усё на чарназёме – чарназём добра, але яму трэба, каб і сонца ў меру, і дожджык у меру, то густа, то пуста бывае на зямлі і цёплай, урадлівай, блаславёнай богам. А на іх зямлі, здаецца, пустой, гібельнай, багністай, забытай богам, хай ці то засуха, хай ці то дажджы праліўныя, а зернятка ці бульбачка не прападаюць, кормяць. Родзіць іх зямля, корміць, які б год ні ўдаўся, а паесці і на насенне захаваць ёсць што. Добрая зямля, добрая. Адна яна, адна такая на ўсім белым свеце. Бачылі дзяды, ведалі і Рым, і Прусію, Венгрыю, Балгарыю – але не зайздросцілі... Пастух там і пугу не так трымае, спрыту не мае таго, каб трубануць у рог, дык трубануць, каб не толькі Ягадцы ці Сіўку на пашу, у лес захацелася, а і самому туды закарцела – не, не... І сонца там іншае, і вецер не той. Гарбузы не растуць. А хаты, дык, прабачайце, людзі добрыя, з таго самага, што каровы нашчыруюць, з таго іх і лепяць...

Дзеці, а не старыя. Нібыта не зведалі яны і вайны, нібыта яны ўсё жыццё вось так ціха-мірна прасядзелі на бярвенні, нарадзіліся тут і знікнуць, лягуць бярвеннем у зрубы, хаты, якія яны ж самі ставілі.

І Лецечку ўжо цяжка было пакінуць іх, век бы сядзеў так, дыхаў бы горкім дымам махоркі і слухаў пра тое, што было і чаго не было. Але не сядзелася. Ён адчуваў, што ўжо атручаны судом. Зацягнуў яго суд, і не здольны ён быў ужо вырвацца з гэтага суда. Нібыта трапіў у вір і павінен ісці за плынню вады, ісці па спіралі да дна, намацаць нагамі дно, займець пад нагамі грунт і толькі тады, як ён адпіхнецца ад гэтай цвердзі, усплыць, вынырнуць на паверхню, да паветра. Размовы дзядоў, наведванне кузні толькі шкодзілі яму цяпер, заміналі, адцягвалі яго ад таго галоўнага, што адбывалася на судзе, што адбывалася ў ім. А з ім, Лецечкам, адбывалася штосьці незразумелае. Ён ужо неаднойчы сам лавіў сябе на тым, што раптам знікае з сённяшняга дня, кудысьці прападае, трапляе ў нейкае іншае жыццё. І доўга-доўга не вяртаецца ў сёння. У першыню з Лецечкам такое адбылося тады, калі ішоў допыт брывастага, суседа Калягіна. Лецечка да таго часу, здаецца, ужо асвойтаўся на судзе. Звыкся з тым, што ўсе паліцэйскія не тояць, гавораць праўду аб сабе, жахлівую, нечалавечую праўду, на якую наўрад ці здольны нармальны чалавек, жахаўся ад гэтай праўды, ад той бездані, якая стаяла за ёй. Але дзесь глыбока ён ужо ціха, неўпрыкметку звыкаўся, рабіўся абыякавым да таго, што чуў, што адбывалася на судзе, таму што для тых, хто знаходзіўся цяпер за бар'ерам, гэта быў звычайны, нармальны побыт. Яны гаварылі аб ім, як старыя пра пчолы, спакойна, без дрыжыкаў усялякіх, расказвалі аб тым, чым яны жылі, што рабілі, што бачылі. А жыццё, уражанні іх былі аднастайныя: агонь, агонь, агонь. Агонь па загаду, агонь без загаду, у часы адпачынку. І агонь гэты ўжо закалыхваў, усыпляў, здавалася, нічога асаблівага ў ім ужо і няма. Але брывасты раптам адхіліў усе ўласныя паказанні, якія даваў на папярэднім следстве.

– Ёсць там трошкі, ёсць, але гэта няважна, няважна, – так адказваў ён на пытанне суддзі аб папярэднім следстве, з гэтых слоў пачаў ён свае паказанні на судзе. І яго востры, як шабля, твар палаў ад абурэння і нецярплівасці, палалі, гарэлі вуголлем глыбока схаваныя ў вачніцах чырвоныя вочкі. Лецечка з усіх яго слоў пачуў толькі адно, апошняе: «неважно» – так бестурботна і весела, нават з нейкім выклікам суддзі, зале і яму, Лецечку, было выпушчана гэтае слова на волю, кінута ўсім. Няважна, чым ён займаўся, што ён вытвараў у сорак трэцім і ў сорак чацвёртым, што ён да гэтага гаварыў, што гаварылі аб ім. Усё няважна, важна, што ён скажа цяпер. Слухайце яго, што ён скажа цяпер.

І ён увагнуўся, выставіў галаву за бар'ер і сказаў:

– На то ж вайна, то ж вайна, немцы... Я адмаўляю, адмаўляюся я...

Гэтае «я адмаўляюся» з вуснаў паліцэйскага дагнала, заспела Лецечку, злілося з тым «я адмаўляю», якое гучала і ў ім. Ён, Лецечка, даўно ўжо адмаўляў, адвяргаў усё, аб чым гаварылі паліцэйскія, хаця і ведаў, што яны гавораць праўду, вымушаныя гаварыць праўду, але ён не хацеў верыць гэтай праўдзе, не хацеў верыць сваёй памяці, ён і сам жыў у тым сорак трэцім і сорак чацвёртым, але не хацеў верыць і таму жыццю. Ён адмаўляўся, адракаўся ад яго. Імкненне спазнаць да рэшты тое жыццё і адмаўленне ад таго, што такое можа быць, адначасова жылі ў ім, але існавалі як бы асобна адно ад другога. 3 такой дваістасцю чалавек здольны глядзець толькі сон, здольны толькі ў сне так верыць і не верыць у яго прывідную, нерэальную рэальнасць. І Лецечка нібыта сніў наяву, прыкархнуў на судзе, адначасова знаходзіўся тут, у зале, і далёка ад яе, у хаце, якую пабудавалі старыя з Захар'ем, верыў, успрымаў усё, што адбывалася тут, і таксама верыў, успрымаў тое, што адбывалася ў хаце.

Чалавек з вострым шабельным тварам і неймаверна важкай, нібыта ўкрадзенай з другога твару, сківіцай ірваўся з-за бар'ера, парываліся, цягнуліся да аўтамата з-за бар'ера яго рукі. Ён выкручваўся, хітраваў, поўзаў, вытаргоўваў сваё жыццё і, здаецца, не надта дорага запрошваў за гэтае жыццё, маліў толькі аб адным: каб ён, Лецечка, спаў, працягваў спаць, каб ён шчыльна зачыніў дзверы і аканіцы ў новай хаце, сніў свае летуценныя, прывідныя сны. І яны абодва застануцца жыць, будуць жыць, паліцэйскі і Лецечка, жыць і не ведаць нічога адзін аб адным, не падазраваць нават аб існаванні адзін аднаго. І Лецечка шчыльна зачыніў дзверы, зачыніў аканіцы, загарадзіў дарогу сонцу і святлу, шэпту жытніх каласоў, што выспявалі ў полі, паху кветак у агародчыку, і стала яму раздольна і лёгка ад утульнай прахалоды паўзмроку. І забілі, заспявалі каля печы цвыркуны, што крадком пранеслі ў хату ў сваіх ватоўках старыя. Добрую хату адбудавалі яму старыя. Усяго ў ёй хапала для жытла – і цяпло, і вада, і столік для гаспадарчых патрэб, каля акенца, дбайна засцелены цыратай, і ложак пастаўлены, мяккі, з панцырнай сеткай, гарадскі, і радыё праведзена. Дзяды са слабадзянскай гліны, з цэглы, што накраў Захар'я, калі рабіў на цагельні, зляпілі печ. Са Слабады працягнулі ў хату, на былое папялішча, водаправод, і ў трубах буркацела, спружыніла вада, падпявала цвыркунам, капала з краніка. І электрычнасць прыйшла да яго са Слабады. І ў падполе стаяў кубел з салам, і бульбачка леташняя не прарасла яшчэ, ляжала ў падполе. І чыгунок бульбачкі з салам управаў за засланкай у печы. Лецечка зняў засланку, дастаў з печы хлеб, паглядзеў яго спадыспаду, пастукаў пазногцем: добра дайшоў. Папырскаў вадой і паклаў каравай на ручнік і захінуў ручніком, каб адышоў хлеб.

Залез у падпол, зняў з кубла вечка, мружачы аж вочы ад паху часнаку і кмену, пластануў добры кус сала, дастаў з печы чыгунок з бульбаю і сеў есці. І, як Захар'я ці то, хутчэй, як Бурачок, не адваліўся ад стала, покуль не апрастаў чыгунок, не выскраб яго да дна. Крутнуў гузік радыё, і стала весела, хата запоўнілася грукатам і громам – жыві, раскашуй, еш, пі, гуляй, а маеш ахвоту, дык і на бакавую, на ложак, мяккі, гарадскі, з панцырнай сеткай. І Лецечка выключыў радыё, залез на ложак. І хораша было яму палежваць на баку ў новай хаце на мяккай пасцелі. Там, за акном, прыпякала сонца, сушыла зямлю, тут прахалода – кап-кап-кап, але не над галавой, а ў металічную ракавіну. І цюк-перацюк сляпога каваля губляўся ў спевах цвыркуна, які ўгрэўся каля цёплае печы. Зняможаная дрымота песціла не хворае, не недаробленае, а зусім-зусім прыдатнае для жыцця і для таго, каб ляжаць на ложку, цела. Якіясьці цені блукалі ў паўзмроку па сцяне, ціха лёталі, як апітыя, у прыцемку мухі, але яны не раздражнялі Лецечку. І ў сне, у дрымоце сасніў Лецечка ў новай хаце яшчэ адзін, новы сон. Хата адышла, рассунуліся, як расталі, сцены, і светла-светла зрабілася навокал. Бетонным шматлюдным тратуарам, знаёмай вуліцай спяшаліся насустрач адзін аднаму двое знаёмых і незнаёмых Лецечку людзей. Была гэта, здаецца, Слабада, а ў той жа час – як і не Слабада. Дамы высокія, мураваныя, тратуар жа зноў – бетонны, каштанамі абсаджаны. Але адбітак Слабады, жоўты водсвет яе ляжаў на бетоне, каштанах, дамах. Водсвет былой беднасці, галечы і асуджанасці, які імкнуўся, ды так і не здолеў ператварыцца ў колер весялосці і бестурботнасці. Гэты ж водсвет быў і на тварах тых двух, якія спяшаліся насустрач адзін аднаму, толькі адзін з іх быў непрыступны, паважны, а другі... Лецечка не адразу прызнаў у гэтым другім сябе. Быў ён такога ж аблічча, нават у тым жа самым каверкотавым шэрым касцюме, у якім ляжаў Лецечка на ложку. Другі, дарослы, паважны, глядзеў на Лецечку-падлетка непрыступна, строга. І Лецечка таксама прызнаў у ім сябе. Сустрэліся два Лецечкі, два Колькі. І Колька Лецечка, які палежваў на ложку і наглядаў гэтую сустрэчу, спалохаўся: няма нічога горшага за тое, чым сустрэць самога сябе ў сне. А два Лецечкі, два Колькі на тратуары знаёмага і незнаёмага горада параўняліся адзін з другім і разышліся, не пазнаўшы і не прызнаўшы адзін аднаго.

– Стойце, стойце!.. – закрычаў ім Лецечка з ложка. Падлетак і дзяцюк недаўменна спыніліся, азірнуліся, сустрэліся адзін з адным вачыма. – Вазьміцеся за рукі, за рукі! Вы ж родныя.

Дзяцюк сцепануў плячыма і пакрочыў сабе далей, туды, дзе за высокімі камяніцамі стаялі камяніцы яшчэ вышэйшыя, дзе бегалі якіясьці дзівосныя рознакаляровыя машыны, дзе раскінулася плошча, на якой вясёлкава білі фантаны, дзе стаялі ў цяні каштанаў лаўкі, а на лаўках сядзелі прыбраныя, у святочным адзенні, жанчыны, нібыта нават і Лена Лаза была сярод іх. Яна... яна ўжо ўставала насустрач дзецюку, уставала, адводзіла ад вачэй каляровую вадзяную вясёлку. А хлопчык збочыў з тратуара. Тратуар перад ім скончыўся, як абарваўся, нібыта бетон выцягнулі з-пад яго ног, ён пяском пайшоў да гарадка, які, нібыта мроіва, стаяў удалечыні, пайшоў да гарадка драўлянага і натуральна жоўтага. І Лецечка заплакаў, паглядаючы, як у розныя бакі разышліся два Колькі. І, плачучы, у гэтым сваім сне, ён ведаў, што мужчыны не плачуць, і загадваў сабе не плакаць. А слёзы цяклі...

І зноў ссунуліся сцены, і зноў запанаваў паўзмрок.

Лецечка быў у той жа самай хаце, якую паставілі дзяды. Білі цвыркуны за печчу, кап-кап-так – капала вада з крана. Трэба было ўскочыць з ложка, грукнуць нагой па падлозе, і цвыркуны змоўклі б, перастала б капаць вада, рассыпаўся б дом, пабудаваны дзядамі. І ён зноўку апынуўся б у зале, на судзе. Лецечка ўжо не здолеў і не хацеў кратацца. І яму трэба было намагацца, прымушаць сябе сілай, каб узняць нагу, каб тупнуць ёю па падлозе. Так угрэўся ён у хаце, так не хацелася яму на суд. І самога суда гэтага як бы і не было, ён адмаўляўся і адракаўся ад яго, і ўсё ж Лецечка перамог сябе, узняўся, тупнуў нагой і адплюшчыў вочы. Каля яго сядзела старая. Не, не адна, з усіх бакоў былі людзі. Лецечка ж бачыў толькі адну старую. Нядобрая, страшная гэта была старая. Жахам скавала цела, калі Лецечка зазірнуў ёй у твар. Чорным, як з таго свету, быў гэты твар. Шчокі ўваліліся. Чорныя-чорныя, хаця і нечакана поўныя для старой, запечаныя, асмяглыя губы. Старэчыя мышцы ўжо не здолелі ўтрымаць гэтых губ, яны адвальваліся, паказваючы чырвоныя з адзіным чорным зубам дзясны; не свяцілі ўжо на зморшчаным твары, хоць ледзь прыкметна і ўздрыгвалі, жылі, вочы, як два згаслыя вугольчыкі, і ўсё гэта, адмерлае, скрушліва падвязана пад падбародак белай хусцінкай.

– Адмаўляюся, абвяргаю! – крычаў за бар'ерам эсэсавец-паліцыянт, сёк шабельным тварам паветра перад сабой.

– Выракаюся, выракаюся, праклінаю... – шапацела запёклымі губамі, пахітвала, як у неймавернай роспачы, з боку ў бок востры твар з цяжкой, амаль ужо адваленай сківіцай старая. А той, за бар'ерам, усё цягнуўся, цягнуўся да старой. Працягваў цягнуцца, калі яму ўжо і загадалі сесці і яго месца заняў другі, якога больш за іншых з тых, што сядзелі на лаве падсудных, зненавідзеў Лецечка, чалавек у чорным, у чорнай тэнісцы, з процьмай чорных наколак на голых дужых руках, з чорнымі ўчэпістымі і жорсткімі вачыма. Аб чым ён гаварыў, Лецечка не чуў, таму што хаваўся ад старой. Не звычайная старая гэта была для яго – сама смерць. Смерць, аб якой гаварыў Захар'я, смерць, якую ён шукаў там, за спінамі тых, што за бар'ерам. А яна сядзела поруч з ім, даўно, напэўна, сядзела. Лецечка ўжо бачыў за яе спіной іржавую касу і дрыжаў увесь, чакаючы ўзмаху гэтай касы. Але старая – смерць ці то пашкадавала яго на гэты раз, ці то пабаялася пры народзе махнуць касой. Устала і, ціха пагрукваючы да глянцу наваксаванымі чаравікамі, блытаючыся ў доўгай, да падлогі, чорнай спадніцы, пацягнулася да выхаду. І ўсе, хто прысутнічаў у зале, і суд, і тыя, за бар'ерам, праводзілі яе да самых дзвярэй маўклівым паглядам. Гэта была хвіліна анямення. У зацятай, здранцвелай цішы залы невыносна доўга шэргалі, з сарочыным прыстукам ірвалі цішыню неразношаныя хлапчуковы чаравікі. Потым гэты сарочын стук і шэргат перайшлі ў тупаток. Каля самых дзвярэй старая не вытрымала зацятай цішыні, якой выправаджвалі яе з залы, пабегла, паляцела, трапіўшы на лапік святла, што біла з расчыненых дзвярэй, паляцела, як чорная вялізная птушка, распрастаўшы вялізныя чорныя крылы. Цішыня стаяла яшчэ з хвіліну і пасля таго, як аціх тупаток яе хапатлівых крокаў. Маўчала зала, маўчаў, апусціўшы вочы, чалавек у чорным, маўчаў суддзя цяжкім каменным маўчаннем, нібыта і сапраўды раптам скамянеў. І ён, суддзя, так і не наважыўся парушыць цішыню. Гэта зрабіў чалавек у чорным. Суддзя ледзь прыкметна хітнуў яму галавой, і той загаварыў нечакана прыемным, звонкім голасам:

– Мне споўнілася шаснаццаць гадоў, калі прыйшлі немцы. Марыў быць аграномам, таму што мой бацька аграном, яго забілі кулакі. Захапляўся сельскай гаспадаркай і музыкай, любіў сабак і пчол. Старэйшы брат быў прызваны ў Чырвоную Армію. Я, калі прыйшлі немцы, рабіў пры доме, на гаспадарцы. Састаяў у падпольнай групе, збіраў зброю, тры скрынкі патронаў сабраў, тры вінтоўкі, гранаты, наган. У 1943 годзе мяне арыштавалі...

– Аднаго вас арыштавалі?

– Не, разам са мной была арыштавана яшчэ адна сям'я: бацька і сын. Утрымоўваліся разам, у адной турме. Білі...

– Чым можаце растлумачыць, што вас аддзялілі ад той сям'і, разам з якой вас арыштоўвалі?

– Не магу ведаць.

– Не можаце ведаць... Бацька і сын сведчаць, што ў той час, калі іх катавалі, вы ўжо разгульвалі па двары без аховы.

– Так, было такое, сустракаліся.

– Чым вытлумачваеце?

– Не магу ведаць. СД выпусціла мяне.

– За прыгожыя вочы...

– Не магу ведаць.

– Не можаце ведаць, як з вязня ператварыліся ў ваўкалака, сталі эсэсаўцам? – Стаміўся, відавочна, ужо стаміўся суддзя. Здаецца, і не важкая ў яго праца, сядзі сабе, задавай пытанні і слухай. Але ўжо не сядзіцца яму на высокім судзейскім крэсле. Ўвесь час угінаецца, угінаецца суддзя, нібыта пад ціскам якім, і торгаецца ў суддзі ўжо вока адно, пытанне задасць – вока торгнецца, нібыта ён з гэтага вока пытанні свае выцягвае, торгаецца вока і ў Лецечкі, не адужаць, не ўцяміць яму з яго галавой, як гэта чалавек з падпольшчыка можа ператварыцца ў эсэсаўца. Суддзя расстаўляе вехі гэтага шляху, забівае тычкі па дарозе здрады. Лецечка разумее гэта, ён ужо навучыўся разумець суддзю, ён бачыць і вехі і тычкі, забітыя ім. Але гэтыя ўказальнікі нічога не праясняюць яму. Мо яны зразумелыя дарослым, а яму – не. Не і не. Няма і не можа быць указальнікаў на шляху здрады. Але як жа ўсё-ткі яно адбываецца-вершыцца, як прыходзяць да яе, што за крывулістая такая дарога вядзе да яе?

Вось ён, Колька Лецечка, яму семнаццаць гадоў, ён любіць пчол, сабак і музыку. Але прыйшлі немцы, у яго ёсць скрынка патронаў, тры вінтоўкі, гранаты і наган. Ён падпольшчык, разносіць лістоўкі. Немцы прыходзяць, каб арыштаваць яго. Ён адстрэльваецца да апошняга. Але яго ўсё ж забіраюць, раненага. Яго б'юць, катуюць... Не, не, лепей смерць, чым нечакана наступным днём сустрэць, трапіць на вочы тых, бацькі і сына. Лепей смерць... Але чаму ён, Лецечка, абраў смерць, а гэты ў чорным, – жыццё? Чаму? Ці ёсць на гэтае «чаму» адказ?

– Як вы ўяўлялі сабе сваё далейшае жыццё? – вось яно, яго, Лецечкава, пытанне.

– У душы я быў адзін. Але форма прадстаўляла мяне другім. Я быў ужо ў другой шкуры, у другой форме.

Не той адказ, не той. Гэта пасля ўжо форма, пасля форма, а да яе?

– Што вы адчувалі, калі ішлі на здраду? Нас не цікавіць, што вы перажывалі, мы пытаем: што вы перажывалі?

– Я хацеў выжыць, выжыць любой цаной.

– Дзеля чаго?

– Фізічная патрэбнасць жыць.

Вось яно, вось – «фізічная патрэбнасць жыць», гранічна дакладна фармулюе свае адчуванні чалавек у чорным. Фізічная патрэбнасць жыць, ці, іншымі словамі, жывёльная прага жыцця. У хаце з зачыненымі аканіцамі, у нары, у воўчым логавішчы, у будцы сабачай, у сабачай шкуры, у шкуры вужакі, гадзюкі, у адзіноце, страху – усё роўна жыць. «Баіцца чалавек памерці чалавекам – памірае сабакам...»

– А ці думалі вы аб тым, што ваш брат у Чырвонай Арміі, бацька забіты кулакамі?

– Думаў, але дзейнічаў па-іншаму, так атрымоўвалася...

– Ваша замілаванасць да жывёл, ваша схільнасць да музыкі?

– Гэта ўсё было забыта.

– Ваша духоўнае жыццё, чым яно напаўнялася?

– Крывёю. Мне страшна. Жах які...

– Зараз вам страшна?

– Зараз і тады, заўсёды.

– Чаго вам страшна, страшна пазбавіцца жыцця?

– Усяго, усяго мне страшна. Жах які... Мне не верыцца, што гэта я...

– Не бойцеся, не палохайцеся сябе, унтэр-капрал зондэркаманды 7 «А». Вы не жахаліся, расстрэльваючы і палячы жыўцом дзяцей, старых, жанчын. За гэта вам і прысвоілі званне, унтэр-капрал. За што вы расстрэльвалі, забівалі, палілі ні ў чым не вінаватых, нішчылі савецкіх людзей?

– За тое, што яны савецкія людзі, за тое, што яны патрыёты сваёй Радзімы.

– Гэта як разумець? Вы ўжо помсцілі і за сваю здраду?

– Так, так гэта і трэба разумець.

– У вас была яшчэ магчымасць уцячы з СД, калі ўжо былі без аховы, калі вашы рукі былі яшчэ не так у крыві. Савецкая Армія была ўжо на подступах да вашага горада. Чаму вы не ўцякалі?

– Не зарыентаваўся...

Нават бывалага суддзю скаланула ад гэтага шчырага, непрыхавана-жывёльнага «не зарыентаваўся», скалануўся і Лецечка, але зусім па іншай прычыне, ад радасці, што той, за бар'ерам, не зарыентаваўся. Зарыентуйся ён, хто яго ведае, мог бы перажыць і Лецечку. Перажыў бы, маючы такую заалагічна-фізічную патрэбу жыць. Вось ён стаіць за бар'ерам, дагледжаны, да сіняга паголены, без адзінай зморшчынкі на твары, трэніраванае, як адлітае з металу, цела спартсмена. Жыў бы, хадзіў сабе, як бомба, нашпігаваная толам, чакаў бы свайго часу, калі можна грымнуць, выбухнуць, не тоячыся, на ўсю моц, поўным зарадам. А цяпер ужо не выбухне. Старая – смерць чакае яго за гэтымі сценамі. Яна не ўпусціць яго.

– Том справы пятнаццаты, старонка... Тут з вашых слоў занатавана, што ў Мар'інай Горцы ўтрымоўваліся дзеці, у якіх немцы бралі кроў для параненых нямецкіх афіцэраў і салдат... Актам дзяржаўнай камісіі ўстаноўлена, што такіх дзяцей-донараў у спецыяльным лагеры ў Мар'інай Горцы было восемдзесят... Восемдзесят дзяцей ад васьмі да дванаццаці год, ссінелых, якія ледзь трымаліся на нагах, было вызвалена і гаспіталізавана наступаючымі часцямі Савецкай Арміі. Растлумачце суду, што вы ведаеце аб гэтых дзецях.

Чалавек у чорным схаваўся ад залы, ад суддзі за салдата аховы і маўчаў. Маўчанне яго было доўгае і жахлівае.

– Суд чакае!

Чакаў не толькі суд, падаліся наперад і замерлі, як адзін чалавек, усе, хто быў у зале.

– Суд чакае!

– Я ведаю, што ў сорак трэцім годзе да нас у Бабруйск прыходзілі транспарты з жанчынамі, дзецьмі. Мы бралі дзяцей у мацярок, грузілі іх на машыны.

– Бралі ў мацярок дзяцей... яны што, добраахвотна вам аддавалі дзяцей?

– Якое – добраахвотна? Але жанчыны не мужчыны. Мы вырывалі...

– Мы? Гаварыце за сябе. Што рабілі вы?

– Я вырываў дзяцей з рук маці. Маці драпаліся і плакалі, іх заганялі за калючы дрот, расстрэльвалі ці адпраўлялі ў Германію. Дзяцей грузілі на машыну і везлі – куды, я не ведаю. Іх далейшы лёс мне невядомы.

– Хто, акрамя вас, з тых, што знаходзяцца на лаве падсудных, удзельнічаў у гэтых акцыях?

– Усе... Я, Калягін, Бягун, – чалавек у чорным хітнуў галавою ў бок свайго брывастага суседа з вострым шабельным тварам.

– Падсудны Калягін, прызнаяце паказанні...

– Нічога не магу сказаць, не памятаю.

– Не памятаеце такога?!

– Не, не памятаю...

– Падсудны Бягун.

– Не, не! Не было такога!

– Было, было! – гэта крычаў, і плакаў, і хаваўся за бар'ер чалавек у чорным.

– Было! – гэта крычаў, захлынаўся слязьмі Лецечка. Ён усё ўспомніў, адкуль ён ёсць і пайшоў.

– Мама, ратуй мяне... Ратуй мяне, мама, – крычаў ён на ўсю залу, як крычаў на ўсю зямлю ў тым далёкім сорак трэцім, як крычалі тысячы і тысячы яго равеснікаў.


Загрузка...