Лёс тэатра — клопат усіх


Побач з той творчай радасцю, з тым добрым настроем, з якім працуе калектыў Слонімскага драматычнага тэатра, існуе сёння і засмучэнне. На працягу 18 гадоў тэатр не мае свайго ўласнага памяшкання. Хаця з адкрыццём тэатра планавалася і хуткая пабудова памяшкання пад яго. А месца ў Слоніме выбрана цудоўнае: у самым цэнтры горада, на месцы былога Дома культуры (былога Народнага дома).

Тут і распачалося у самым пачатку 1990-х будаўніцтва тэатра. Будаўніцтва тады вяло малое прадпрыемства “Слонімрэстаўрацыя”. Але, на жаль, з чэрвеня 1993 года там ужо, як кажуць, не забілі ні воднага цвіка. З таго часу да сённяшніх дзён тэатр у Слоніме не мае свайго ўласнага памяшкання, а арэндуе непрыстасаваную залу РДК, якая прызначалася для выстаў карцін мастакоў. Ніхто тады з работнікаў тэатра нават не мог падумаць, што пройдзе ажно 18 гадоў, а калектыў тэатра па-ранейшаму будзе знаходзіцца ў цеснай, непрыстасаванай зале раённага Дома культуры. А тут умовы для працы незайздросныя. Некалькі разоў па выніках праверкі дзяржпажнагляду, тэатру выносіліся вердыкты: памяшканне наогул непрыстасаванае для працы тэатра, таму што яно пераабсталявана з пэўнымі парушэннямі патрабаванняў пажарнай бяспекі. Як тады быць? Як выратаваць культурную ўстанову Гродзеншчыны? Калектыў верыў, шчыра спадзяваўся, што ў цэнтры Слоніма, на развалінах старога Дома культуры будзе пабудаваны тэатр. Добрае і зручнае месца, ці не так?! Згодна з архітэктурным праектам, будынак, несумненна, упрыгожыў бы старажытны горад, які мае шматвякавую гісторыю.

Вядома, усе гэтыя гады кіраўніцтва тэатра склаўшы рукі не сядзела без справы. Усё рабіла, каб неяк пачаць будоўлю, ды і абяцалі тэатру дапамагчы: і мясцовы райвыканкам, і Гродзенскі аблвыканкам, і Міністэрства культуры і нават Савет Міністраў. Але толькі ўсе абяцалі, а тэатр па-ранейшаму не будуецца. Кажуць, няма грошай. Вось і ўсё.

У 2002 годзе на імя былога міністра культуры Леаніда Гулякі з пісьмом звярнуліся старшыня Слонімскага гарвыканкама А.Лакцюшын і старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Л.Гаркавая з просьбаю: “У 2002 годзе горад Слонім будзе адзначаць сваё 750 –годдзе. У сувязі з гэтай знамянальнай датай зацверджаны мерапрыемствы па будаўніцтву, рэканструкцыі, рамонту аб’ектаў, добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый горада. Згодна з гэтымі мерапрыемствамі прадугледжваецца рэканструкцыя народнага дома па вул. В.Крайняга, 18, пабудаванага ў 1900 годзе. Плошча забудовы 790 кв.м. У 1990 годзе па заданню упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама быў распрацаваны праект рэстаўрацыі будынка з прыстасаваннем яго пад тэатр. У 1991 годзе пачаты работы па рэстаўрацыі, пабудаваны падвальны паверх, трансфарматарная падстанцыя. Але, з-за адсутнасці фінансавання ў 1993 годзе ўся праца была спынена. Пад уздзеяннем атмасферных асадкаў пачалі інтэнсіўна разрушацца вонкавыя сцены, перакрыцці. Каштарысны кошт будаўніча-мантажных работ у цэнах 1991 года склаў 960 тысяч рублёў. Выкананне склала 120 тысяч рублёў. Слонімскі гарадскі Савет дэпутатаў і гарадскі выканаўчы камітэт просяць вас разглядзець пытанне фінансавання рэканструкцыі помніка архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя”. Гэта просьба і справа былі 6 гадоў таму. А тэатр так і не будуецца.

У дырэктара тэатра Мікалая Васільевіча Лішыка ляжыць на стале цэлая папка адказаў і абяцанняў з розных інстанцый, што тэатр вось-вось пачнуць будаваць. Ды дзе там. Праўда, на сённяшні дзень падрыхтаваны ўжо новы праект пабудовы тэатра, гэты праект прайшоў ужо экспертызу. Падрыхтаваны і будаўнічы праект тэатра, кошт якога складае ажно 188 мільёнаў 625 рублёў, а аплочана за яго толькі 91 мільён рублёў. Больш грошай няма і ніхто іх не дае. Паўстае пытанне: хто будзе нясці адказнасць за тое, што ўжо другі раз у зямлю закопваюцца немалыя дзяржаўныя грошы за выкананне пректаў, а будоўля зноў не пачынаецца? А мы з вамі кожны дзень чуем пра беражлівасць і эканомію сродкаў. Вось вам жывы прыклад эканоміі і беражлівасці народных сродкаў.

Поўны кошт пабудовы тэатра ў Слоніме сёння будзе каштаваць каля 5 мільярдаў рублёў. Для нашай дзяржавы гэта дробязныя грошы, толькі чамусьці і іх няма. Хаця ў 2006 годзе старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка на сустрэчы з кіраўнікамі нашага горада і раёна спытаўся: ці патрэбны ў Слоніме тэатр? Усе адказалі, што вельмі патрэбны. Тады Уладзімір Ягоравіч цвёрда запэўніў: “Губернатар слоў на вецер не кідае. У снежні 2007 года тэатр у Слоніме будзе пабудаваны”. Але прайшоў і снежань, а тэатра няма.

Ёсць і пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 604 “Аб зацвярджэнні праграмы рэканструкцыі і тэхнічнага пераабсталявання дзяржаўных тэатраў Рэспублікі Беларусь на 2004-2010 гады”, дзе пад пуктам 12 згадваецца і Слонімскі драмтэатр, які павінен быць прафінансаваны і пабудаваны. Таму прыйдзецца пачакаць яшчэ да 2010 года, каб ужо на сто працэнтаў упэўніцца, ці будзе да канца выкананая пастанова Савета Міністраў.


Загрузка...