Рэжысёр Мікалай Варвашэвіч


З заслужаным работнікам культуры Беларусі, тэатральным рэжысёрам Мікалаем Фёдаравічам Варвашэвічам я быў знаёмы шмат гадоў. Не раз пісаў пра яго сцэнічныя пастаноўкі яшчэ тады, калі ён узначальваў Слонімскі народны тэатр і пра ўсе прэм’еры Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Аднойчы, а гэта было ў 1992 годзе, ён узяў мяне на гомельскі фестываль “Драматычнае мастацтва Беларусі”. “Складвай чамадан, паедзем на тыдзень у Гомель. Трэба табе дасканала ведаць сённяшнюю тэатральную сітуацыю ў Беларусі. А таксама пазнаёмлю цябе са сваімі сябрамі”, -- сказаў Мікалай Фёдаравіч. І мы паехалі.

Менавіта там, у Гомелі, сярод беларускіх акцёраў, рэжысёраў і тэатральных крытыкаў я адчуў і ўбачыў, якім усё ж вялікім аўтарытэтам і павагай карыстаўся сярод творчай тэатральнай інтэлігенцыі гэты апантаны і ўлюбёны ў сваю справу чалавек.

Бацькоў сваіх Мікалай Варвашэвіч не памятаў. Іх знішчылі немцы ў гады Другой сусветнай вайны. Сіроцкі лёс закінуў яго спачатку ў Целяханскі дзіцячы дом, а затым да цёткі ў Ленінград. Шмат яны тады зведалі гора і бяды ў пасляваенным, разбураным горадзе на Няве. Але ўсе цяжкасці вытрымалі і перажылі.

У 1957 годзе беларускі юнак (нарадзіўся ў вёсцы Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна) Мікалай Варвашэвіч паступае ў Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Ён любіў успамінаць гады вучобы, сваіх аднакурснікаў і выкладчыкаў. Відаць, вучоба пайшла юнаку на карысць і яна прадвызначыла яго далейшы лёс.

Пасля заканчэння інстытута маладога рэжысёра накіравалі на працу ў Калінінскі абласны тэатр (цяпер гэта горад Цвер). Першай яго самастойнай пастаноўкай быў спектакль “На бойкім месцы” па п’есе А.Астроўскага. Пасля былі пастаўлены іншыя спектаклі па п’есах рускіх і савецкіх драматургаў.

Жывучы ў Калініне, Мікалай Варвашэвіч вельмі хацеў вярнуцца на Бацькаўшчыну. Але такой мажлівасці, на жаль, не было. І вось неяк ён сустракае свайго аднакласніка Эдуарда Усачова, які працаваў тады ў Горацкай беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Ён прапануе Мікалаю Варвашэвічу прыехаць на Беларусь. З радасцю прапанова была прынята, а ў 1964 годзе наш зямляк працуе ўжо дырэктарам Дома культуры ў Горках Магілёўскай вобласці, і адначасова ўзначальвае тэатральны калектыў мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі.

У пачатку 1968 года Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч прыязджае ў горад над Шчарай і пачынае кіраваць Слонімскім народным тэатрам. І тут яго першай самастойнай працай быў таксама спектакль “На бойкім месцы” А.Астроўскага. Памятаю, неяк спытаўся ў яго наконт любімага спектакля. Ён задумліва і з нейкай настальгіяй адказаў: “Ты пытаеш, ці ёсць у мяне любімыя спектаклі, якія я часта ўспамінаю. Вядома ж ёсць. Гэта ў першую чаргу, “На бойкім месцы” А.Астроўскага, “Барабаншчыца” А.Салынскага, першая пастаноўка “Паўлінкі” Янкі Купалы, “Ганка” У.Галубка, “Сабака з залатым зубам” У.Сауліча... Ды дзе ж іх усіх пералічыш”.

Так, сапраўды, спектакляў у Слоніме рэжысёрам М.Варвашэвічам было пастаўлена шмат. Але больш за ўсё майстар сцэны звяртаўся да беларускай драматургіі. За заслугі перад тэатральным мастацтвам рэспублікі яму ў 1975 годзе было прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Мікалай Варвашэвіч шмат працаваў. У яго было многа задумак, планаў, энергіі. Народны тэатр ён ператварыў у самастойную тэатральную студыю. А ў 1990 годзе на базе тэатра-студыі быў адкрыты прафесійны дзяржаўны беларускі драматычны тэатр. Шчыра кажучы, гэта быў беларускі тэатр Мікалая Варвашэвіча. Тэатр у асноўным працаваў на роднай мове. Ён шмат гастраляваў па Беларусі, а на прэм’ерах заўсёды былі аншлагі.

Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч стараўся сабраць у свой калектыў таленавітых людзей Слоніма, найперш тых, хто хоць трохі меў дачыненне да тэатральнага мастацтва, культуры, літаратуры. І людзі да яго ішлі, і ў яго вучыліся. Ён і мяне пастаянна клікаў да сябе, калі я працаваў у рэдакцыі газеты “Слонімскі веснік”. “У тэатры ты будзеш больш вальнейшы чалавек, у цябе будзе шмат часу пісаць тое, што ты хочаш”, -- казаў ён мне. І я паслухаў Мікалая Фёдаравіча, і прыйшоў у тэатр на пасаду загадчыка літаратурнай часткі. І аб гэтым зусім не шкадую.

Мы часта з ім размаўлялі пра жыццё, пра тэатр і драматургію. Неяк ён мне сказаў: “Даўно мару ажыццявіць пастаноўку п’есы Лопэ дэ Вэга “Сабака на сене”. Вельмі люблю гэты драматычны твор. Таксама хачу паставіць п’есу Шэкспіра “Рамэа і Джульета”. Хачу паказаць сённяшняму гледачу, як па-сапраўднаму можна кахаць, якія чыстыя і светлыя пачуцці ёсць у чалавека. Праўда, ёсць і ў беларускай літаратуры добрыя драматычныя творы. Але гэта не такія ўсё ж глыбокія, як, напрыклад, п’есы Шэкспіра, Мальера. Прычынай, відаць, застаецца той савецкі час, калі творы пісаліся амаль па заказу. Таму шмат згублена. Але тое, што напісана Янкам Купалам, Уладзіславам Галубком, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, -- гэта наш нацыянальны скарб. І да гэтага скарбу трэба нам часцей звяртацца. І мы гэта пастаянна будзем рабіць”.

Мікалай Варвашэвіч быў у Слоніме даволі вядомым чалавекам. Ён добра ведаў жыццё і людзей. Таму ў 1995 годзе мастацкі кіраўнік Слонімскага беларускага драмтэатра вырашыў вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. І шансы ў яго былі вялікія. Тым больш, што Мікалай Фёдаравіч не быў за сваё жыццё разбэшчаны пасадамі, хабарам, карупцыяй, а гэта быў культурны, адукаваны, працаздольны чалавек.

Але стаць дэпутатам Мікалаю Варвашэвічу не пашанцавала. Бо ён, па падліках камісіі, не набраў пэўную колькасць галасоў выбаршчыкаў. “Сфальсіфікавалі выбары”, -- казаў Мікалай Фёдаравіч. Але ён аб гэтым не шкадаваў, ён перажываў толькі аб тым, што былыя партыйныя камуністычныя функцыянеры і наменклатуршчыкі розных узроўняў не здольныя былі зразумець новы час і яго патрабаванні.

Наогул, Мікалай Варвашэвіч не любіў мясцовых чыноўнікаў і не хацеў з імі асабліва кантактаваць. Ён любіў тэатр, ён ім жыў і шанаваў свой калектыў, які яго паважаў і цаніў.

Летам 2000 года Мікалай Фёдаравіч Варвашэвіч звольніўся з тэатра па стану здароўя. А восенню 2001 года яго не стала. Пахавалі Мікалая Варвашэвіча ў Свіслачы на радзіме ягонай жонкі.


Загрузка...